Як Эдвард Кінан выбіў Богу вокны

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Як Эдвард Кінан выбіў Богу вокны. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-27

АВТОР: Юры Пацюпа

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №6 2001 ГОД


Часопіс “ARCHE” (2001/2) узрадаваў чытачоў новаю спробаю зьняпраўдзіць аўтэнтычнасьць “Слова пра паход Ігараў”. Падобна да таго, што слава Шэрлака Голмза (з прысмакам славы Герастрата) не дае спакою шмат якім навукоўцам. На гэты раз у якасьці новага скептыка выступіў амэрыканскі славіст, прафэсар Гарвардзкага ўнівэрсытэту Эдвард Кінан.

Трэба сказаць, што сп. Кінан ня нудзіць чытача доўгімі подступамі да праблемы, а агаломшвае яго зь першае старонкі, абвясьціўшы тэкст “Слова пра паход Ігараў” падробкаю канца ХVІІІ стагодзьдзя. І, пакуль чытач не пасьпеў апом­ніцца ды засумнявацца, прапаноўвае яшчэ пару-другую зьнішчальных аргумэнтаў з галіны псыхіятрыі. А тады ўжо -- пераходзіць да тонкасьцяў філялёгіі.

Не праз крыўду, а дзеля справядлівасьці па­спрабую і я ў сваім запярэчаньні пакарыстацца ягонымі мэтадамі. І пачну з таго, што назаву артыкул сп. Кінана разьлічаным ня больш як на сэнсацыю. А пасьля паспрабую гэта давесьці. Гучныя заявы пры слабой аргумэнтацыі больш разьлічаныя на масавую, чым на навуковую аўдыторыю. Сумняюся, ці захочуць знаўцы “Слова...” нават аспрэчваць той артыкул. Але, раз ён зьявіўся ў мастацкім часопісе, на яго варта адрэагаваць. Хаця б дзеля таго, каб нагадаць чытачу, што адваротная думка ўсё ж існуе і някепска пачуваецца. Зрэшты, яно і добра, скептычныя артыкулы мусяць час ад часу зьяўляцца. Іначай нас чакае застой і заняпад мысьленьня.

У гісторыі філялёгіі праблема “Слова” ня першая і не апошняя. Здаўна існуюць праблемы Гамэра, Шэксьпіра, Шолахава і да т.п. Кожная зь іх адметная -- выкліканая адмысловымі абставінамі, абгрунтаваная аргумэнтамі рознае вагі, забясьпечаная рознаю ступеньню разьвязальнасьці.

Каб разьвязаць усе існыя пытаньні “Слова”, трэба прысьвяціць гэтаму большую частку чалавечага жыцьця. На жаль, у беларускай навуцы на сёньняшні дзень мала адмыслоўцаў у гэтай галіне. Што да мяне, то я не прэтэндую на арыгінальнасьць, а спрабую толькі нагадаць і прывесьці ў сыстэму, дапоўніўшы ўласнымі заўвагамі, тыя факты і доказы, якія не дазваляюць лічыць “Слова пра паход Ігараў” падробкаю.

Ідэя фальшывасьці “Слова” вылучаецца не ўпершыню і не ўпершыню аспрэчваецца. Што новага тут дадае Э. Кінан? У канчатковым вы­ніку, ён падае толькі дзьве рэчы: 1) прапаноўвае канкрэтную асобу фальсыфікатара -- Ёзафа Добраўскага і 2) прыточвае невялікі шэраг гістарычна-этымалягічных тлумачэньняў тэксту “Слова” дзеля падтрыманьня свае гіпотэзы. За гіпотэзу ён уважае першы момант, а другі -- за сур’­ёзныя доказы. Насамрэч, заява пра Ё. До­браўскага ёсьць не гіпотэзаю, а хутчэй маніфэстацыяй ці нават правакацыяй, а яе філялягічныя пацьверджаньні, сваім парадкам, усяго толькі прыватнымі гіпотэзамі ў зьясьненьні складанага масіву тэксту. Бальшыня аргумэнтаў сп. Кінана сумнеўная, а месцамі нават кур’ёзная. Прынамсі, на маю думку, сур’ёзнае крытыкі варты толькі апошні, пяты, разьдзел артыкулу. Але пачнем па парадку.

1.

Адкуль наагул зьявілася ідэя падробленасьці “Слова пра паход Ігараў”? Чаму менавіта гэты, а не які іншы помнік стаў аб’ектам крытыкі? Важкаю падставаю для скептыкаў паслужылі дзьве рэчы: страта арыгіналу тэксту і яго надзвычайныя мастацкія вартасьці, гучная слава. Зразумела, што малавартага тэксту ніхто падрабляць ня будзе, а калі і падробіць, дык той нікому не спатрэбіцца. Але ж ці мала ёсьць высокамастацкіх тэкстаў, у якіх страчаны арыгінал і якія не выклікаюць татальнае крытыкі? Галоўнаю, прыхаванаю прычынаю сумнеўнасьці “Слова”, на маю думку, ёсьць яго жанравая вылучнасьць у кантэксьце ХІІ стагодзьдзя. Гераічны эпас, які захаваўся з тае пары, -- зьява рэдкая, вартая асаблівае ўвагі ды пашаны. А ліра-эпічная паэма, ды яшчэ, згодна з агульным меркаваньнем, геніяльная -- і наагул нешта неверагоднае. Прасьцей дапусьціць, што гэтае паэмы не існавала, што зьявілася яна тады, калі эпас і лірыку паэты штампавалі ў масавым маштабе. Але ці там мы шукаем падробку?

Нічога асабліва сумнеўнага ні ў мове, ні ў зьмесьце “Слова пра паход Ігараў” няма. Гэта ўжо сто разоў даводзілася і можа быць даве­дзена ў сто першы раз. Давайце задумаемся вось над чым: найбольшы скепсыс у нас выклі­кае ня сам тэкст, а ягоная жанравая прыналежнасьць. Усё ж астатняе падганяецца пад гэты агульны сумнеў.

А цяпер абстрагуемся ад “Слова” і паразважаем над жанравым мысьленьнем канца XVIII -- пачатку XIX стагодзьдзя. Мяжа стагодзьдзяў -- гэта час заняпаду клясыцызму, зьяўленьня рамантызму. Час суіснаваньня абедзьвюх парадыгмаў. Найбольш пашыраным жанрам у клясыцызьме была трагедыя. А самым паважаным -- эпічная паэма. У рамантызьме на першы плян выступае лірыка. Але найбольшы аўтарытэт па-ранейшаму мае паэма, якая да таго ж напаўняецца лірычным зьместам.

Галоўны канфлікт эпохі адбываецца ня ў жанрах, дзе захоўваецца значная доля паступовасьці, а ў ідэалёгіі. Унівэрсальнасьці клясыцызму рамантызм супрацьстаўляе нацыянальную ідэю. Пачынаецца пераможнае шэсьце фальклёру. І вось на гэтым тле асаблівую вагу набываюць эпічныя творы з нацыянальнае даўніны. Менавіта ў іх бачыцца гонар і веліч народу. Ме­навіта іх апантана шукаюць і бессаромна падрабляюць. Нястача нацыянальнага эпасу выклі­кае агульную скруху ды нараканьне, а таксама пагарду шчасьлівейшых суседзяў.

І калі зьявілася “Слова пра паход Ігараў”, ніхто не сумняваўся: вось, нарэшце, прыгожы эпас, які ратуе гонар усіх славянаў, ратуе і засьцерагае ад спаконвечнае крыўды і паняверкі ў галіне духу. Але рана ці позна мусілі загучаць галасы скептыкаў. Якраз для гэтага знайшлася дастатковая падстава: зьнікла першакрыніца.

Пэўна, невыпадкова, што скептыкамі вельмі часта выступаюць замежныя славісты. Хаця, ведама, было б сьмешна думаць, быццам замежнікі тояць якую-колечы непрыязнасьць да “ўсходніх славянаў”, ці наадварот, апошніх асьляпляе іх патрыятычная заангажаванасьць. Прычына скептыцызму ў іншым. Кожны, хто адчувае рускае1 слова як роднае, хто ведае смак яго старадаўніх формаў, можа толькі атрымаць асалоду, чытаючы “Слова”. Усякія думкі пра падробку тут адпадаюць самі сабою. Помніцца, на першым курсе ўнівэрсытэту “Слова пра паход Ігараў” мяне настолькі захапіла, што я яго чытаў і перачытваў шматкроць. Прабягаў то да канца, то да сярэдзіны, вяртаўся да пачатку -- і зноў перачытваў. Да гэтае пары ўступную частку “Слова” я ведаю на памяць. І дасюль мне не трапляўся ніводзін тэкст, дзе паэтычнасьцю былі б прасякнутыя і граматыка, і лексыка, і вобразнасьць, і агульны зьмест. Хараство мовы ў “Слове пра паход Ігараў” арганічна пераходзіць у хараство апісаньняў і хараство думак. “Задоншчына”, у якой скептыкі бачаць прататып “Слова”, побач з “Словам” выглядае толькі бяздарным і прымітыўным насьледаваньнем. Ад яе застаецца ўражаньне спрошчанасьці й просталінейнасьці. Але як гэта ўсё давесьці дасьведчанаму славісту?

Я разумею, суб’ектыўнае захапленьне ня можа быць аргумэнтам у навуковай спрэчцы. Таму запытаймася ў сябе: а можа, якраз замілаванасьць хараством “Слова” нас і падводзіць? Пэўна, так яно і ёсьць. І скептыкі нездарма капаюць? Толькі капаюць ня там.

Ёсьць усе падставы думаць, што ніякі фальсыфікатар нас не падманваў. Мы самі, усе, хто захапіўся “Словам”, падмануліся. Падвяло жанравае мысьленьне -- на пераломе ад клясыцызму да рамантызму. І ў той парадыгме мы да гэтае пары чытаем тэкст. Сам ён зусім не фальшывы -- наскрозь фальшывае ягонае прачытаньне. Ніякага гераічнага эпасу такога кшталту ніколі не існавала і не існуе. Сытуацыя парадаксальная, вартая пяра Х.Л. Борхеса. Дарэчы, Борхес наўпрост заўважаў, што чытачы ўспрымаюць тэкст такім, якім хочуць яго бачыць. А ў свой час усім славянам вельмі хацелася мець аўтэнтычны эпас.

Трагедыя “Слова пра паход Ігараў” у тым, што яно стала “сьвятою кароваю” расейска-савецкага імпэрыялізму. Да вывучэньня і тлумачэньня гэтага выдатнага помніку была дапушчаная элітная каста расейскіх навукоўцаў. Скептыкаў ды беларуска-ўкраінскіх “нацыяналістаў”, якія прагнулі адкусіць панскага пірага, гналі ў плечы. Іх усіх абвяшчалі фальсыфікатарамі ці дылетантамі. Хаця добрая плойма дробных дылетантаў пасьвілася вакол “Слова” ўвесь час, зьбіраючы крыхі ад чужога балю.

Але і ў асяродзьдзі “выбраных” навукоўцаў калі-нікалі паўставалі крамольныя ідэі. У 1943 годзе прафэсар Ленінградзкага ўнівэрсытэту І.П. Яромін упершыню выступіў зь нетрадыцыйным разглядам жанравае прыроды “Слова”2. Гэта была пара, глухая да лягічных аргумэнтаў, што таксама, відаць, спрычынілася да неажыцьцяўленьня новага прачытаньня. Пры ўсёй пашане да асобы прафэсара яго ідэі так і засталіся на пэрыфэрыі савецкае навукі. Іх праігнаравалі і ўнівэрсытэцкія курсы, і школьныя праграмы. Зьмест працаў І.П. Яроміна сёньня ведаюць толькі адмыслоўцы-філёлягі. Я раіў бы ўсім перачытаць тыя працы -- як скептыкам, так і апалягетам. І варта было б тут нагадаць іх асноўныя моманты.

Ад пачатку публікацыі “Слова” ўсе гаварылі пра яго як пра “песьню”, “паэму”, “ліра-эпічную паэму”, “гераічны эпас”. Але да гэтае пары ніхто ня ведаў і ня ведае, якая сыстэма вершаваньня ўжытая ў той паэме. І як належыць яе чытаць? За два стагодзьдзі ня толькі не знайшлося адказу на гэтыя пытаньні, але й страцілася ўсялякая надзея на адшуканьне станоўчага выніку. Напачатку, ад 1822 году, М. Грамацін, М. Палявой, М. Максімовіч бачылі ў “Слове” народны верш. Пазьней, з 70-х гадоў XIX стагодзьдзя, В. Антановіч, М. Драгаманаў, П. Жыцецкі і Ю. Ціхоўскі рытміку “Слова” прымяркоўвалі да ўкраінскіх народных думаў. У XX стагодзьдзі выдатны нямецкі славіст, беларусіст Р. Абіхт спрабаваў вычытаць у “Слове” алітэрацыйны верш скандынаўскіх скальдаў, а В. Бірчак выводзіў ягоны тэкст зь бізантыйскіх сьпеваў-канонаў. Але й гэтыя намаганьні нічога не далі. Ні Ф. Корш, ні Е. Сіверс, ні М. Штокмар, ні У. Стэлецкі так і ня здолелі давесьці вершаваную прыроду “Слова пра паход Ігараў”. У наш час спрабуюць гаварыць пра вэрлібр3, але гэта ўжо канчатковы заняпад самой ідэі паэмы. Бо свабодны верш як эстэтычны фэномэн можа існаваць толькі на тле канвэнцыйнае паэтычнае сыстэмы, а не на пачатковым этапе нацыянальнае літаратуры.

Яшчэ з 60-х гадоў XIX стагодзьдзя ў якасьці альтэрнатывы пачынае разьвівацца жанравае вызначэньне “Слова” як “вайсковае аповесьці”. У гэтым рэчышчы разважалі М. Ціханраваў, В. Мі­лер, Е. Барсаў і У. Перац. Аднак непадобнасьць “Слова” ні да летапісаў, ні да “Гісторыі юдэйскае вайны” Флявія, брак у ім разьвітае сюжэтнасьці адпрэчылі і гэтае меркаваньне. І, як тое ні сумна, але запанавала тупіковая ідэя “залатой сярэдзіны”. Першым такую эклектычную пазыцыю ў дачыненьні да “Слова”, як сьведчыць І.П. Яромін, заняў Е. Барсаў. З гэтае пары ў жанравых азначэньнях пачынае панаваць дылетанцкая прыблізнасьць: тэрміны “вайсковая аповесьць” і “гераічная паэма” ўжываюцца як сынонімы.

І.П. Яромін піша: “Такая фармулёўка пярэчыць усяму, што нам ведама ў сусьветным гістарычна-літаратурным працэсе: нідзе, ні ў адной літаратуры гераічны эпас і гістарычная аповесьць не спалучаліся... пэўнаю адзнакаю гераічнага эпасу, эўрапейскага прынамсі, заўсёды была вершаваная форма”4. Адказ, які прапанаваў праф. Яромін ў вызначэньні жанру “Слова пра паход Ігараў”, геніяльна просты. Ён лічыць “Слова” творам рытарычнага мастацтва. “Слова” -- ня што іншае, як выдатны ўзор сьвецкае эпі­дэйктычнае (хвальнае) прамовы. Усе жанравыя тэрміны, якія сустракаюцца ў тэксьце славутае прамовы, дасьледнік удала прымяркоўвае да адпаведных грэцкіх тэрмінаў: слово -- гэта элінскае ????? “прамова”; песьнь -- ????????? “рытарычны ўступ”, повесть -- ???????? “асноўная частка прамовы”, якая часьцей за ўсё мела апавядальны характар, а завяршае тэкст слава -- ???????? “заключэньне”. Усе лірычныя адступы, што неверагодныя ў іншых жанрах, усе парушэньні храналёгіі -- цалкам апраўданыя і натуральныя ў рытарычнай прамове.

Паралелі “Слова” з тэкстамі славутага паганскага рытара IV ст. н.э. Лібанія, якія прыточвае І.П. Яромін, уражваюць.

“Слова”: Не лепо ли ны бяшетъ братие, начяти старыми словесы трудныхъ повестий о пълку Игореве, Игоря Святъславлича? Начати же ся тъй песни по былинамь сего времени, а не по замышлению Бояню.

Лібані: Ці ня ў час будзе, гаспадар, пачаць нам мову на чэсьць твайго слаўнага прыйсьця -- словамі лесбосца Алкея: “Ты зьявіўся ад крэсу зямлі”.

“Слова”: О Бояне, соловию стараго времени! Абы ты сиа плъкы ущекоталъ... /.../ Пети было песнь Игореви того внуку: “Не буря соколы занесе чрезъ поля широкая -- галицы стады бежать къ Дону великому”.

Лібані: О, боскі Гамэр! Дайшоўшы да гэтага месца ў казані, ты мовіў бы так: “Скажэце цяпер мне, музы, жыхаркі алімпійскіх харомаў...”

Кампазыцыйныя адметнасьці “Слова”, натуральныя для рытарычнае прамовы і досыць дзіўныя для гераічнае паэмы, вайсковае аповесьці, ужо задоўга да І.П. Яроміна зьвярталі на сябе ўвагу пільных чытачоў і дасьледнікаў. Д.І. Празароўскі ў 1882 годзе нават спрабаваў “узнавіць” храналягічную пасьлядоўнасьць тэксту, бачачы ў ім хібнасьць пісцоў. Але гэта быў марны занятак. Украінскі паэт І. Франко глядзеў на кампазыцыю славутага помніку крыху зь іншага боку: на яго думку, “Слова” -- лапікавы твор, які ня мае мастацкае цэльнасьці і складаецца з кавалкаў рознае вартасьці. Ідэі І. Франка ахвотна падхапіў яго беларускі калега М. Багдановіч. Усё гэта таксама можна лічыць подступамі да адкрыцьця рытарычнае прыроды “Слова пра паход Ігараў”, бо рытарычны тэкст, калі мераць яго меркаю мастацкае літаратуры, і праўда, выглядае нейкім неаднародным.

Зрэшты, яшчэ ў XVIII стагодзьдзі расейскі гісторык І.П. Ялагін пісаў: “Слово сие преизполнено все-можныя риторския красоты”5. Ужо тады забракла нейкага маленькага нюансу, каб стаць на слушную пазыцыю. У наш час ідэю рытарычнае жанравасьці “Слова пра паход Ігараў” падтрымаў былы дырэктар Віленскае беларускае гімназіі М. Анцукевіч. Не зважаючы на тое, што свае працы М. Анцукевіч напісаў па-расейску, ён больш, чым хто іншы, прыцягнуў беларускага матэрыялу для вывучэньня помніка. Здавалася б, якая розьніца, на якім матэрыяле дасьледаваць тэкст. Галоўнае, каб гэта было на карысьць навукі. Аж не! Расейская курыя доўга не давала ходу ягоным дасьледаваньням. Вось жа сярод іншага Анцукевіч прапанаваў зьвярнуць больш пільную ўвагу на кампазыцыю “Слова” і ўважліва дасьледаваць яго рытмічныя кляўзулы6.

Можна запытацца, як жа так сталася, што гэтулькі людзей не патрапілі адрозьніць рытарычнага тэксту ад паэтычнага? Але ў гэтым няма нічога дзіўнага. “Традыцыйная прамоўніцкая проза, успрыманая як галіна рыторыкі par excellence, -- піша Ю.М. Лотман, -- можа быць апісаная як вынік уварваньня паэзіі ў абсягі прозы і перакладу паэтычнае структуры на мову празаічных сродкаў. А адначасна і ўварваньне мовы прозы ў паэзію стварае рытарычны эфэкт”7.

Думка Ю.М. Лотмана выдатна ілюструецца як гісторыяй рыторыкі, так і гісторыяй паэзіі. Айцом рыторыкі Арыстотэль лічыў Эмпэдокля. Гэты філёзаф з Акраганту (бадай што, найбольшы эстэт антычнасьці) ніколі не пісаў ні прамоваў, ні падручнікаў па рыторыцы. Затое ствараў філязофскія працы ў вершах і выхаваў першага рытара -- Горгія. На Эмпэдокля, сваім парадкам, нямала паўплывала творчасьць найславуцейшага лірыка Эляды Піндара8.

У Сярэднявечнай Эўропе, наадварот, верш як зьява паэзіі нараджаўся “ў нетрах красамоўніцкае прозы”. “У такой прозе, -- піша В.І. Халшэўнікаў, -- спарадычна зьяўляліся ў якасьці фігур вымоўнасьці шэрагі сказаў, сынтаксычна паралельных, якія можна лічыць зародкамі вершаў”9. Праўда, былі адрозьненьні ў тэмпах працяканьня гэтага працэсу на розных абшарах. Калі ў польскай літаратуры ён адбываўся больш-менш арганічна, дык у беларускай і асабліва расейскай быў моцна прысьпешаны ўварваньнем польскае сылябікі. У дачыненьні да “Слова пра паход Ігараў” азначаны працэс быў заўважаны яшчэ М. Багдановічам, які пісаў: “Пад наплывам чуцьця зьнікае звычайнае сцапленьне слоў, усюды прабіваецца хоць і зьмяняючыйся, але напружаны рытм, выклад робіцца сьціснутым, мова моцнай, і ўжо пачынаюць фарміравацца пекныя вобразы”10.

Пры такім жанравым падыходзе да тэксту, які тарнавалі Яромін ды Анцукевіч, “Слова пра паход Ігараў” перастае дзіўна вылучацца ў рускім пісьменстве XII стагодзьдзя. Так, яно ўзвышаецца сваімі вартасьцямі. Яно вылучаецца сьвецкім зьместам і паганскаю сымболікай. Але -- не настолькі, каб выглядаць неверагодным. Паганскія ўяўленьні перахаваліся ў беларускім сялянстве да нашых дзён. Пэўныя ўсплёскі паганства назіраліся і ў Эўропе XII стагодзьдзя. Досыць толькі прыгадаць полацкага князя Ўся­слава Чарадзея, якому ў “Слове” адводзіцца нямала месца. Дык чаму ж паганскія элемэнты не маглі назірацца ў княскім асяродзьдзі ўсяго праз 200 гадоў пасьля прыняцьця хрысьціянства? Паганскія боствы, як было ня раз заўважана, выступаюць тут толькі ў якасьці мастацкіх вобразаў. А таксама, што вельмі натуральна, як продкі князёў: “Даждьбози внуци”, “Велесовъ внуче” і г.д. Антычная арыстакратыя некалі таксама ўважала багоў за сваіх продкаў. Прыкладам, лічылася, што род філёзафа Плятона мае Пасэйдонавы карані.

Пра вышыню рытарычнае культуры тае пары сьведчаць хаця б такія імёны казаньнікаў, як кіеўскі мітрапаліт Іларыён, Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч. Варта зьвярнуць увагу на тое, што зьмест іх нецаркоўных, сьвецкіх прамоваў, якія да нас не дайшлі, быў значна вальнейшы, чым гэта можа падацца на першы пагляд.

Кліменту Смаляцічу даводзілася нават апраўдвацца перад залішне стараннымі гарліўцамі веры: “Аз писах от Омира и от Аристоля и от Платона, иж во елиньскых нырЅх славнЅ бЅша, аще и писах но не к тебЅ но ко княzю, и к тому ж не скоро” (“Я пісаў паводле Гамэра, і паводле Арыстотэля, і паводле Плятона, што ў элінскіх абсягах славіліся, але ж калі й пісаў, то не да цябе, а да князя, дый да таго ня часта”)11. Ёсьць меркаваньне, што Смаляціч атрымаў унівэрсытэцкую адукацыю12. У гэты час Русь мела “акно” ў Бізантыю, празь якое добра былі бачныя элінскія далягляды. Рускай культуры тае пары, можа, бракавала нацыянальных адметнасьцяў, яна моцна залежала ад бізантыйскіх уплываў, але найлепшыя творы рускіх кніжнікаў не саступалі сваёй вартасьцю бізантыйскім узорам.

У памангольскай Расеі ізаляцыянізм фактычна стаў дзяржаўнай ідэалёгіяй. “Акно” ў Бізантыю і тое, фігуральна кажучы, было забітае негабляванымі дошкамі. Тым часам Беларусь і Ўкраіна пераарыентаваліся на заходнеэўрапейскую традыцыю. Расейскія ж цары, каб унікнуць эўрапейскіх уплываў, забаранілі ўсякія кантакты сваіх падданых з замежнікамі, у тым ліку зь беларусамі. Нават праваслаўны хрост, учынены ў Літве, лічыўся ня “ісьцінным”. А звычайныя кнігі па арытмэтыцы, астраноміі, геаграфіі, музыцы часам забараняліся13.

Г.Г. Шпэт у сваёй “скандальнай” гісторыі расейскае філязофіі зьедліва цытуе аднаго з тагачасных маскоўскіх інтэлектуалаў: “Аз -- сельский человек, учился буквам, а еллинских борзостей не текох, а риторских астроном не читах, ни с мудрыми философы в беседе не бывал, -- учуся книгам благодатного закона, аще бы мощно моя грешная душа очистити от греха”14. І гэта -- пастыр, заўважае Г. Шпэт. А што ўжо казаць пра паству. “Ня толькі сьвятары, самыя япіскапы ня ведалі нічога, нават Сьвятога Пісьма”, -- вымушаны прызнацца гісторык царквы, мітрапаліт Макары15.

Дзіўна было б сумнявацца ў стваральных здольнасьцях Русі XII стагодзьдзя і верыць у творчыя сілы Расеі XІVXVII стагодзьдзяў. Дзіўна ня верыць у аўтэнтычнасьць “Слова пра паход Ігараў”, але быць упэўненым у першароднасьці тэксту “Задоншчыны”. Аўтар гэтага помніка, як мне падаецца, шмат чаго не зразумеў у чужой і заскладанай для яго мове “Слова”. І гэта варта было б дасьледаваць асобна. Ён нават блытаў жанры прамовы і летапісу. Калі “Слова” не падрабілі ў XVIII стагодзьдзі, дык гэтага тым больш не маглі зрабіць раней, бо для таго не было ні патрэбы, ні інтэлектуальнага рэсурсу, ні багацьця мовы. Зрэшты, мова ў XVIII стагодзьдзі яшчэ больш зьбяднілася.

З гэтае нагоды хацелася б прыгадаць словы А.К. Талстоя, якія пазьней з горыччу цытаваў І. Бунін у “Праклятых днёх”: “І калі я думаю пра красу нашае гісторыі да праклятых манголаў і да праклятае Масквы, яшчэ ганебнейшае за саміх манголаў, мне хочацца кінуцца вобзем і качацца ў роспачы ад таго, што мы ўчынілі з талентамі, дадзенымі нам Богам!”16. А выбар асноўнага тэксту тут -- гэта яшчэ і выбар часу. Бо даўно ведама: або “Слова” першае, або “Задоншчына” -- tertium non datur.

Яшчэ больш недарэчнасьцяў ува ўспрыняцьці “Слова пра паход Ігараў” выклікала яго ідэаля­гічнае тлумачэньне. Мы ўсе паверылі ў байку расейскіх паўпрэдаў ад культуры кшталту акадэміка Дз.С. Ліхачова, што “Слова” -- гэта рупар руска-патрыятычных ідэяў, што заклікае яно славянскія народы да яднаньня і зьместам сваім вельмі спрыяе расейскаму імпэрыялізму. Адныя пра гэта сьведчаць з радасьцю, другія -- са скрухаю. Але, у існасьці, усе думаюць аднолькава. Што тут можна запярэчыць?

Такое ідэалягічнае аднадумства толькі даводзіць праўдзівасьць словаў Ф. Энгельса (словаў, якія з ахвотаю цытаваў Р. Барт), што думкі пануючых клясаў рана ці позна становяцца думкамі ўсяго народу. Гэтаксама, пэўна, ідэі імпэрскіх нацыяў становяцца спакваля ідэямі іхных васалаў, ды толькі ў перакручаным вы­глядзе. У пэўным сэнсе, ахвяраю расейскае ідэалёгіі стаў і сп. Э. Кінан. Ён паверыў у застарэлыя догмы дасьледчыкаў “Слова” і скіраваў сваю крытыку не на іхныя хімэры, а на рэч куды больш матэрыяльную -- тэкст помніку. Ідэалёгія -- гэта нешта надакучлівае, няўхільна-начэпнае, накшталт галаўнога болю. І ўсё ж, каб зь ёю змагацца, ня варта сьцінаць галавы.

Не забываймася, ідэалёгія ня ёсьць фактам тэксту. Ідэалёгія -- факт нашага мысьленьня. Яна можа матэрыялізавацца ў тэксьце, але гэта зусім ня значыць, што тэкст, трапіўшы ў іншыя гістарычныя абставіны, іншыя ідэалягічныя абсягі, будзе ўспрымацца адэкватна. Я зусім не сумняюся, што аўтар “Слова пра паход Ігараў” быў носьбітам тых ці іншых ідэяў. І ідэі тыя паўплывалі на ход стварэньня тэксту. Але гэта зусім ня значыць, што ён разважаў нашымі катэгорыямі. Мы можам як заўгодна тлумачыць тэкст дзеля нашых сучасных інтарэсаў. Мы можам прапаноўваць якія заўгодна вэрсіі яго гістарычнага тлумачэньня. Але ні адно, ні другое ня ёсьць фактам самога тэксту. Зьмест заўсёды менш устойлівы за форму. А ідэалёгія -- найэфэмэрнейшы крытэр зьместу. Абапірацца на яго -- значыць будаваць дом на пяску.

Калі верыць догмам расейскіх інтэрпрэтатараў, то “Слова пра паход Ігараў” і праўда выглядае як твор у абарону імпэрска-патрыятычных плянаў Кацярыны ІІ. Але ў XII стагодзьдзі людзі мысьлілі іншымі катэгорыямі. Тады не было патрыятызму, выхаванага на ідэалах абсалютызму ды ідэях прускіх філёзафаў. Што рухала аўтарам “Слова”? Навуковы, гістарычна-імаверны адказ на гэтае пытаньне прапаноўвае Ю.М. Лотман17. Ягонае тлумачэньне этычнага падмурку “Слова” зьявілася параўнальна нядаўна. Згубленае сярод агульна-тэарэтычных парадоксаў тартускага прафэсара, яно наўрад ці прыцягнула ўвагу гісторыкаў літаратуры. Больш за тое, гэтае тлумачэньне, відаць, наагул ніколі ня стане пашыраным -- бо не дазваляе выкарыстоўваць “Слова” як падручны матэрыял для выхаваньня расейскіх патрыётаў.

Ключом да зьместу “Слова пра паход Ігараў” ёсьць словы, дзе гаворыцца пра дружыну Ігара: “Сами скачють, акы сЅрыи влъци въ полЅ, ищучи себе чти, а князю славе”. Тэрміны слава і чэсьць -- гэта дакладны адпаведнік лацінскіх gloria i honor, у іх закадаваная максымалісцкая рыцарская этыка Сярэднявечча.

Рыцарскі этычны кодэкс вельмі нагадваў сабою кодэкс рамантычнага героя літаратуры Новага часу. Але падабенства гэтае толькі вонкавае. Мэтаю рамантычнага героя ёсьць парушэньне абрыдлых нормаў філістэрскага, буржуазнага грамадзтва, імкненьне па-за абсягі мажлівага. Сярэднявечны чалавек таксама імкнецца да немажлівага, але яго паводзіны ня ёсьць парушэньнем нормы. Наадварот, немажлівае -- гэта якраз норма тагачасных паводзінаў. Норма палягае ў самім імкненьні, а яе поўнае спраў­джаньне -- у недасяжнасьці, па-за пабытоваю будзённасьцю.

Ігар, які ідзе ў паход з малою дружынаю, максымальна адпавядае рыцарскаму ідэалу. Ён імкнецца зьдзейсьніць немажлівае. Але адначасна князь парушае рыцарскую этыку, бо распачынае свой паход насуперак волі вялікага князя. Як васал ён парушае законы рыцарскае гіерархіі. Адсюль -- дваістае стаўленьне аўтара да асобы галоўнага героя.

Тэрміны чэсьць і слава разьмяжоўваюць правы васала і сэньёра. Васал у вайне атрымлівае толькі чэсьць, пад якой перш-наперш мяркуецца матэрыяльная частка здабычы. Чэсьць, як зазначае Ю.М. Лотман, заўсёды даюць, бяруць, надаюць, зьяўляюць і г.д. Гэта матэрыяльны знак, які зыходзіць толькі зьверху ўніз. Калі васал уступае пад вяршэнства сэньёра, ён аддае яму сябе і сваю маёмасьць адно дзеля таго, каб атрымаць усё назад у якасьці вышэйшае ўзнагароды -- чэсьці, зьяўленай сэньёрам.

Слава -- знак слоўны, не матэрыяльны. Яна належыць вылучна сэньёру. А калі васалу, дык адно таму, які гераічна загінуў у змаганьні. Слава гучыць, яе вяшчуюць, чуюць, яна даходзіць да нашчадкаў і чужых краёў. Слава заўсёды ўзвышаецца над чэсьцю. І калі чэсьць вымяраецца прастораваю меркаю, велічынёю, то слава -- меркаю часаваю, даўгавечнасьцю. Толькі ўплыў хрысьціянскае этыкі ператварыў словы чэсьць і слава ў таўталягічнае спалучэньне. Хрысьціянства выпрацавала іншае супрацьстаяньне, заснаванае на розьніцы славы зямное і славы нябеснае.

Такім парадкам, гаворка ў “Слове пра паход Ігараў” ідзе не пра патрыятызм у сучасным разуменьні гэтага слова, а пра вернасьць рыцарскаму этычнаму кодэксу. Нельга гаварыць пра нацыянальны патрыятызм там, дзе няма нацыянальнае дзяржавы. Сярэднявечная дзяржава магла супадаць, а магла і не супадаць з этнічнымі межамі, але ў цэлым яна разбурала традыцыйныя рода-племявыя зьвязкі. А наўзамен нічога, апрача фэўдальнай гіерархіі й хрысьціянскага касмапалітызму, не прапаноўвалася. Сучаснай сьвядомасьці цяжка спасьцігнуць гэтую рэальнасьць. Адсюль і многія парадоксы гістарычнае навукі. Прыкладам, падыходзячы зь меркаю сучаснага патрыятызму да Вялікага Княства Літоўскага, мы да гэтае пары марна спрабуем разабрацца, каму яно больш належала -- беларусам ці літоўцам. Або, ізноў жа, ня можам дацеміць, што станавіла сабою Русь да XIII стагодзьдзя. “Слова пра паход Ігараў” таксама ператварылася для нас у аб’ект разумаваньня, што насамрэч ёсьць фатальным неразуменьнем.

2.

Ніякае падазрэньне не ўзьнікае на пустым месцы. А ўсякая сьледчая вэрсія павінна мець хоць мізэрную матывацыю. Усё вышэй сказанае амаль не датыкае артыкулу Э. Кінана наўпрост. Але агульнае пазытыўнае ўяўленьне аб “Слове пра паход Ігараў” у нашай палеміцы важнейшае за ўсе довады “супраць”. Бо яно зражвае падазрэньні. Цяпер, выклаўшы пазытыў, мы можам са спакойным сэрцам перайсьці да канкрэтнае палемікі. Хоць спрачацца практычна няма з чым.

На пачатку дзеля справядлівасьці трэба сказаць, што выбар фігуры Ё. Добраўскага ў якасьці прэтэндэнта на фальсыфікатарства больш чым удалы. Цяжка знайсьці прыдатнейшую кандыдатуру на гэтую ролю. Прынамсі, яго асоба тут значна больш імаверная за тагачасных расейскіх філёлягаў, якія наўрад ці валодалі і дзясятаю доляю аказанага ў тэксьце матэрыялу.

Ё. Добраўскі, як ведама, адзін з тых найбуйнейшых філёлягаў, якія мелі беспасярэдні доступ да збораў А.І. Мусіна?Пушкіна і якія маглі адныя зь першых прачытаць “Слова” ў арыгінале. Больш за тое, чэскі славіст зрабіў для сябе копію гэтага помніку лацінскімі літарамі. Вы­трымка зь ягонае копіі захавалася ў лісьце да польскага філёляга С. Бандтке: “Odievasa jego teplymi mglami ot velikago Donu do malago Donca Igor kniaz poskoci gornostajem pretrgosta bo svoia brzaja komonia”18. Запіс Ё. Добраўскага, як і вы­трымка І.П. Ялагіна, запісы М.М. Карамзіна, ­А.Ф. Маліноўскага, -- гэта тыя рэдкія цытаваньні арыгіналу помніку да яго публікацыі, якія захаваліся.

Ё. Добраўскі чынна цікавіўся “Словам пра паход Ігараў”. Ён нават скардзіўся славенскаму славісту В. Копітару на павярхоўнае разуменьне тэксту расейцамі: “Ігарава песьня, якую я атрымаў з Расеі, захапіла б Вас. Дзе?якія мясьціны расейцы зусім не зразумелі”19. З гэтага выказу вынікае важная для нас інфармацыя: Ё. Добраўскі, як і ўсе ягоныя сучасьнікі, не зразумеў жанравае прыроды “Слова”. Дзіўна было б думаць, што сам фальсыфікатар у хаўрусе з пасьлядоўнікамі?памагатымі (калі верыць Э. Кінану) так ствараў гераічную паэму, што, урэшце, забыўся надаць ёй хоць нейкае падабенства вершавае формы.

У артыкуле Э. Кінан ня ўсё паведамляе пра Ё. Добраўскага. Ён ведае больш і спасылаецца на сваю будучую кнігу. Але з усяго вынікае, што ён ня ведае галоўнага, патрэбнага для яго вэрсіі. І таму сьціпла, як бы між іншым, вымушаны прызнацца: “Сытуацыя ўскладняецца адсутнасьцю скразных дакумэнтальных доказаў...” Ужо аднаго гэтага досыць, каб усе дасьціпныя пабудовы Э. Кінана назваць блефам.

Шчыра кажучы, нават шкада, калі б “Слова” было падробкаю, а аўтар яе -- ня Ё. Добраўскі. Але падобна на тое, калі даць веры гісторыкам У.П. Казлову і У.А. Кучкіну, што Ё. Добраўскі ня толькі не падрабляў, але і ня мог падрабіць тэксту помніку. Першы з навукоўцаў прыходзіць да высновы, што І.П. Ялагін працытаваў “Слова” ўжо ў пэрыяд з сакавіка 1788 да траўня 1790 году20. Другі ў якасьці пэрыяду цытаваньня называе гады 1790 -- 26 ліпеня 179121. У выніку мы атрымліваем амаль дакладны час: першая палова 1790 году. Тым часам Ё. Добраўскі прыехаў у Расею і пачаў працаваць адно зь 17 жніўня 1792 году22.

Многае ў сваім артыкуле Э. Кінан толькі гала­слоўна маніфэстуе. Сярод усяго ён цьвердзіць пра супярэчнасьці ў сьведчаньнях сучасьнікаў, пра багемізмы, палянізмы і калямбуры ў тэксьце “Слова”. Але амаль нічога з усяго гэтага не паказвае. Таму пакінем падобныя заявы ў якасьці “цьмяных мясьцінаў” у тэксьце самога крытыка і пяройдзем да больш ясных выракаў.

Найбольш забаўляюць мяне цьверджаньні Э. Кінана пра тое, што Ё. Добраўскі і К. Калайдовіч былі вар’ятамі. Ня ведаю, што з таго вы­нікае, але падазраю, што ўвага да натуралістычных фактаў ёсьць нацыянальнаю асаблівасьцю амэрыканскага мысьленьня. Мне ж падаецца, што ўсялякія фізіялягічныя, псыхалягічныя, псыхааналітычныя і да таго падобныя штучкі зусім не датычаць існасьці рэчы. “Заглыбленьне ў ахутаныя цемрай сутарэньні індывідуальнай псыхалёгіі”, канечне, патрэбнае ў гістарычных раманах, у жоўтай прэсе, але зусім лішняе ў гэтай тэме. Калі б нават уся тагачасная расейская Акадэмія навук, у супольнасьці з заежджымі славістамі, лячылася ў “жоўтым доме”, з гэтага зусім не вынікала б, што тэкст “Слова пра паход Ігараў” падроблены. І, наагул, трэба яшчэ давесьці, быццам вар’яты больш схільныя да падробак і фальсыфікацыяў, чым нармальныя людзі. Мне здаецца, яны проста наіўней хлусяць. А таксама -- шчырэй вераць ува ўласную хлусьню.

Не зусім карэктная заява і пра тое, што “да 1792 ці 1793 году не было аніводнага вартага даверу апісаньня тэксту “Слова”. Тут я спашлюся на М. Гудзія, які гэты факт падае больш карэктна: “Палеаграфічнага апісаньня выдаваных старых тэкстаў мы не знаходзім ні ў адным апі­саньні помнікаў, зробленым у XVIІІ ст.”23. Да падобнага ж роду довадаў Э. Кінана адносіцца таксама сьцьверджаньне, быццам бы да 1815 ці 1818 году ніхто не гаварыў пра страту рукапісу. Калі б нават Э. Кінан жыў у першай палове XIX стагодзьдзя, ён і тады ня меў бы права заяўляць пра гэта з такой пэўнасьцю. Прынамсі, трэба хаця б давесьці, што А.І. Мусін?Пушкін і людзі зь яго найбліжэйшага атачэньня лічылі рукапіс нястрачаным пасьля 1812 году.

Найбольшай хібай у довадах Э. Кінана ёсьць заява пра Дунай. Яна наагул падрывае ўсякі давер да выракаў амэрыканскага славіста. Можа, і ўвесь астатні ягоны скепсыс тае самае прыроды вынікае зь недасьведчанасьці? “Чаму ў гэтым нібыта эпасе XII стагодзьдзя пра паход чарнігаўскага князя ў раён Дону так многа гаворыцца пра Дунай?” -- пытаецца Э. Кінан. І прапануе адказ, быццам Дунай ёсьць алюзіяй на паўднёвыя войны, якія вяла Расея ў канцы XVIII стагодзьдзя. Ён нават дапускае думку, што ў паасобных месцах “Слова” выдаўцы замянілі Дунай на Дон. Няўжо Э. Кінан ня ведае тае простае рэчы, што слова Дунай -- гэта агульнае месца з славянскага фальклёру? Няўжо ўвесь славянскі фальклёр таксама ёсьць алюзіяй на палітычную заклапочанасьць Расеі ў той ці іншы пэрыяд яе гісторыі?

Найменьне Дунай на славянскіх абшарах су­стракаецца не аднойчы. Але ня гэта галоўнае. Да ведама сп. Кінана (і ўсё ж дзіўна, што ён таго ня ведае!), у фальклёры слова Дунай ёсьць абазначэньнем усякае вады наагул: і рэчкі, і возера, і мора. Часьцей жа за ўсё Дунай -- гэта вялікая вада, вялікая рэчка, нешта большае, чым простая рэчка. Да апошняе высновы прыходзіць В. Ластоўскі ў адмысловым этна?лінгвістычным дасьледаваньні гэтага найменьня, апублікаваным некалі ў часопісе “Крывіч”. Пра тое ж, што Дунай -- проста песенны штамп, ведае, бадай што, кожны першакурсьнік беларускае філялёгіі.

Далей Э. Кінан пераходзіць да моўнае крытыкі “Слова”, зьвяртаючыся да фрагмэнту: У ПлЅсньска на болони бЅша дебрь Кисаню, и не сошлю къ синему морю. Ён лічыць, быццам словы дебрь Кисаню ёсьць біблійным вобразам. Дзякуй сп. Кінану, што ён робіць свой сьціплы ўнёсак у зьясьненне тэксту “Слова”. Але, збольшага, усё гэта даўно ведама безь яго. Пра тое, што “дебрь Кисаню” -- біблійная “да­ліна сьлёз”, гаварыў яшчэ П. Вяземскі. У тым самым ключы робіць свой празаічны пераклад і У.І. Стэлецкі: Всю ночь с вечера вещие вороны каркали у Плесьнеска на лугу, были они из Ущелья слёз Кисанского и понеслись к синему морю24. Каб давесьці, што гэтае ўласнае імя не магло быць у “Слове”, трэба давесьці, што яго не было ў грэцкіх і славянскіх перакладах Бібліі. А заявы, быццам біблеізмы “абсалютна недарэчныя для Чарнігава XII стагодзьдзя”, -- проста сьмешныя. Здаецца, сп. Кінан блытае Русь XII стагодзьдзя з памангольскаю Расеяй ці з Амэрыкай XII стагодзьдзя.

Моц аргумэнтацыі Э. Кінана палягае яшчэ й на тым, што ён зьвязвае ў адно лягічнае цэлае Дунай, галіцкі Плесьнеск і Кісанскую даліну. Але наколькі надуманая здагадка пра Дунай -- настолькі ж надуманая і ўся памянёная зьвязка. Дарэчы, адмыслова для чытача хацелася б нагадаць, што гэтае цьмянае месца мае й іншыя прачытаньні. М. Шарлемань, прыкладам, пераносіць Плесьнеск з галіцкіх земляў пад Кіеў і піша “дебрь Кіянь”25. М. Анцукевіч “дебрь Кисаню” перакладае як “зарасьнікі плюшчу”. Ён даводзіць: “Кисан ці Кисань -- гэта плюшч. Паводле аналёгіі зь Виссон (???????) мы б чакалі Киссон, аднак даўнейшыя крыніцы перадаюць яго словамі Кисса і Кись”26. Дзеля прыкладу варта было б прытачыць некалькі больш?менш удалых кан’ектураў, якія гавораць пра гіпатэтычнасьць усіх прачытаньняў.

У.І. Стэлецкі: БЅша дебри Кисани и несошася къ синему морю27.

Л.А. Дзьмітрыеў: БЅша дебрь Кияня и несоша мя къ синему морю28.

М.П. Анцукевіч: БЅша дебрь(е) кисаню и несоша ю къ синему морю29.

Больш дасьціпным і арыгінальным у артыкуле Э. Кінана ёсьць тлумачэньне наступнага фрагмэнту: СтрЅляеши съ отня злата стола Салтани за землями. Э. Кінан лічыць, што тут гаворка ідзе не пра султанаў, а пра форму вежы altana, найменьне якой паходзіць ад італійскага alt “высокі” і зьявілася толькі ў эпоху Рэнэсансу. Каб такіх “альтанаў” сп. Кінан пазнаходзіў больш -- можна было б прыслухацца да ягоных заўваг. Іначай жа -- усё гэта ўспрымаецца толькі як больш?менш удалы калямбур. Дарэчы, замена “салтана” на “альтану” робіць фрагмэнт у цэлым крыху недарэчным. Як можна “за землямі” страляць зь вежы? Па?мойму, спалучэньне за землямі блізкае да беларускага за сьветам, блізкі сьвет, за блізкі сьвет, г.зн. “вельмі далёка, няведама дзе”. Ці, нешта падобнае, у Максіма Танка: З?за сьвету // Прыехаў, каб наведаць дом паэта. Каб з такой адлегласьці страляць султанаў, князь мусіў, прынамсі, мець балістычныя ракеты.

Неверагоднымі падаюцца Э. Кінану і фразы з “Слова пра паход Ігараў” суды рядя, грады рядяше. Ён лічыць іх неўласьцівымі для расейскае мовы, затое натуральнымі для чэскае. Па-першае, тут крытык забываецца спраўдзіць свае выракі на матэрыяле беларускае і ўкраінскае моваў, якія маюць больш правоў на рускую спадчыну. І, па-другое, чамусьці ён ня ўлічвае такога агульна ведамага расейскага фразэаля­гізму як судить да рядить. Што да беларускае мовы, дык найбольш грунтоўная крыніца, слоўнік Я. Станкевіча, дае два аманімічныя значэньні слова радзіць -- “падказваць; дапамагаць” і “кіраваць; парадкаваць”. Там падаюцца нават адмысловыя ўстойлівыя спалучэньні з простым дапаўненьнем у вінавальным склоне: радзіць кросны, радзіць стрэльбу30.

Наконт мовы “Слова” трэба сказаць колькі слоў адмыслова. Наяўнасьць вялікае колькасьці цьмяных мясьцінаў, якія, да таго ж, рана ці позна атрымліваюць несупярэчлівыя тлумачэньні, гаворыць якраз не пра падробленасьць, а пра аўтэнтычнасьць помніку. І тут нельга не згадзіцца з Дз.С. Ліхачовым, што яснасьць і прастата больш характэрныя для падробак. Адылі пры інтэрпрэтацыі помнікаў рускае даўніны варта ўлічваць колькі правілаў. Першае: ні ў якім разе нельга абапірацца толькі на расейскую мову, ігнаруючы беларускую і ўкраінскую. Расейская мова праз доўгі ўплыў царкоўна?славянскае ў сытуацыі дыглёсіі пастрачвала амаль усе аўтэнтычныя рысы. Да таго ж, этнічныя расейскія землі былі пэрыфэрыяй славянскага расьсяленьня. Другое: нельга зыходзіць адно з сучаснага стану славянскіх моваў. Сучасныя славянскія мовы, асабліва іх літаратурныя формы, -- вынік хаатычнага неаднаразовага зьмешваньня племянных дыялектаў і неўпарадкаванае гістарычнае сэлекцыі. Мы кепска ведаем моўны матэрыял нават XIX стагодзьдзя, а што ўжо казаць пра XII-е.

Тыя словы, якія сёньня падаюцца палянізмамі й багемізмамі, могуць быць у ня меншай ступені натуральнымі і для северскіх гаворак. У пад­трымку гэтае думкі прытачу колькі ўласных назіраньняў над “Словам”. Дарэчы, Э. Кінан мог бы скарыстаць іх і на карысьць свае вэрсіі, але мне яны гавораць адваротнае.

У “Слове пра паход Ігараў” ёсьць адно месца, якое даўно не ўважаецца, а, бадай, ніколі і не ўважалася за цьмянае, але перакладалася заўжды надта прыблізна. Цікава, што гэтае месца захавалася ня толькі ў копіі 1792 ды выданьні 1800 гадоў, але і ў крыху адрознай ад іх вы­трымцы І.П. Ялагіна.

“Слова” 1800 году: Почнемъ же братiе повЅсть сiю отъ стараго Владимера до ны­нЅшняго Игоря, иже истягну умь крЅпостiю своею и поостри сердца своего мужествомъ; наплънився ратнаго духа, наведе своя храбрыя плъкы на землю половЅцькую за землю руськую.

Вытрымка І.П. Ялагіна: Почнемъ братіе повЅсть сію отъ старого Владимера до нынЅшьнего Игоря, иже истягну умъ крепостію своею, и поостри серца своимъ мужествомъ31.

Першую грунтоўную спробу разгаданьня цьмяных слоў зрабіў А.С. Пушкін: “Иже истягну умь крЅпостiю. (Истянул -- вытянул, натянул, изведал, испробовал. Пожарский: опоясал, первые толкователи: напрягши ум крепостию своею). Истянул, как лук, изострил, как меч, -- метафоры, заимствованные из одного источника”32.

Як бачым, найбольш загадкавае слова истягнути паэт уважыў за мэтафару ў адпаведнасьці з нормамі сучаснае расейскае мовы. У гэтым жа ключы зразумеў фрагмэнт і Жукоўскі, пакінуўшы яго амаль безь перакладу: “Натянул он ум свой крепостию, // Изострил он мужеством сердце, // Ратным духом исполнился”33.

З тае пары мінула дзьвесьце гадоў, але тлумачальны пераклад Дз.С. Ліхачова не сягнуў далей у сэнсе дакладнасьці: “Препоясал ум крепостью своею (подчинил свои мысли своей “крепости” -- мужеству, храбрости) и поострил сердце своё мужеством; исполнившись ратного духа, навёл свои храбрые полки на землю половецкую за землю русскую”. Амаль тое самае і ў празаічным перакладзе: “Скрепил ум силою своею и поострил сердце свое мужеством; исполнившись ратного духа”34.

Відаць, не без уплыву Пушкіна бальшыня перакладнікаў і навукоўцаў мяркуе, што князь Ігар “умацаваў” розум, зрабіў паводле розуму. Меншыня пільнуецца адваротнае вэрсіі -- насуперак розуму.

Перакладнікаў і камэнтатараў настолькі захапіла “збройна?кавальская” мэтафара, што некаторыя зь іх, прыкладам І.Д. Цівуноў, усур’ёз пачалі зьвяртацца да сакрэтаў кавальскага майстэрства.

Адным зь першых, хто выказаў адваротную вэрсію быў Янка Купала: “Дык пачнем жа, брацьця, аповесьць ад старага Ўладзімера да Ігара сягачаснага, што скаваў розум сілай сваёй і навастрыў сваё мужнасьцю сэрца; напоўніўся духу барацьбянага і павёў сваё войска адважнае на землі Палавецкія за Рускія землі”35.

Як бачым утварылася антыномія, выйсьці зь якой можна толькі дакладна зразумеўшы дзеясловы истягнути, поострити, а таксама назоўнік крепость і склонавую форму своего сердца.

Найбольшы разнабой дае форма истягну -- натянул (Жукоўскі, Шарвінскі), напряг (Бальмонт, Стэлецкі, Цімафееў, Забалоцкі), задумал (Майкаў), выпрямил (Патабня), препоясал, опоясал, оперезав (Пажарскі, Ліхачоў, Новікаў, Рыльскі), скрепил, укріпив (Ліхачоў, Салевіч), выковал (Цівуноў), закалил (Анцукевіч), подчинил (Бацьвіньнік), потеснил (Шклярэўскі), взнуздал (Касарукаў), выверыў (Барадулін), скаваў, скуў (Купала), суладаў (Чыгрынаў). Уся праблема ў тым, што ў іншых рускіх помніках гэты дзея­слоў наагул не сустракаецца.

Нечаканым ключом да яго мне паслужыла наў­гародзкая берасьцяная грамата: а zамъке кЅле а двьри кЅлЅ а господарь въ нетяжЅ не дЅе (А замок цэлы, а дзьверы цэлыя, а гаспадар у немачы, ня дзеіць)36. Сэмантычна блізкімі да наўгародзкага в нетяже, корань тяж?, ёсьць не сучасны дзеяслоў цягнуць, як думалі ўсе дагэтуль, а рускія і старабеларускія словы паўсьцяжлівы “стрыманы”; усьцягнуць, паўсьцягнуць “стрымаць” і сучаснае -- цягавіты “здольны да працы”, польскія словы zwy­ciezyc “перамагчы”, potega “моц”, powsciagliwy “стрыманы”. У гэтым сэнсе корань тяг? сынанімічны кораню мог?, як польскае zwyciezyc беларускаму перамагчы, у чэскай мове ёсьць абодва словы -- zviteziti і premoci. Адылі стараславянская прыстаўка из? адпавядае беларускім прыстаўкам вы? і з?, і, такім парадкам, истягну умь рэканструюецца як вымаг розум. Праўдзівейшай, як бачым, выяўляецца вэрсія Купалы, а ня Пушкіна. Яна ж адпавядае сюжэту, бо Ігар, як ведама, зьдзейсьніў свой учынак насуперак развазе.

Безь перакладу, фактычна, засталася і форма поостри -- поострил (Анцукевіч, Забалоцкі, Бацьвіньнік, Шклярэўскі, Ліхачоў), наострил, навастрыў, нагострив (Майкаў, Патабня, Купала, Рыльскі), вывастрыў, виострив (Барадулін, Салевіч), заострил (Бальмонт, Шарвінскі), изострил (Новікаў), отточил (Цівуноў, Стэлецкі), воспламенил (Касарукаў). Аднак усутыч да разгадкі наблізіўся, а потым адступіўся, толькі ­М. Анцукевіч. Ён заўважыў, што падобнае слова възъстряти “узбуджаць” аднойчы сустракаецца ў “Прыпавесьці аб душы і целе” Кірылы Тураўскага: Добро... к смЅрению прилагаеть ум, и сердце на реть добродЅтели възъстряеть37. Адсюль поостри рэканструюецца як сучаснае беларускае пабудзіў.

Зразумеўшы дзеясловы, няцяжка зрабіць выбар і ў перакладзе назоўніка крепость -- крепость, кріпость (Жукоўскі, Анцукевіч, Новікаў, Цімафееў, Ліхачоў, Салевіч), дума крепкая (Майкаў), твёрдость, цьвёрдасьць (Патабня, Барадулін), твердыня (Бальмонт), решимость (Шарвінскі), мощ, міц (Цівуноў, Рыльскі), храбрость (Бацьвіньнік), дерзость (Шклярэўскі), сила, сіла (Забалоцкі, Ліхачоў, Купала, Чыгрынаў), сила воли, воля (Стэлецкі, Касарукаў), сіла свая (Купала). Тут маецца на ўвазе нейкая ўнутраная якасьць. Мае рацыю, па?мойму, У.І. Стэлецкі, які піша: “Найбольш адпаведным выходзіць сучаснае слова “воля”38.

Але асноўную загадку выявіў трэці дзеяслоў, які, у прынцыпе, ніколі не выклікаў пытаньняў. Розьніца перакладаў палягала толькі ў стылёвых адценьнях. На расейскую мову, а зрэдку і на ўкраінскую наплънився зазвычай перакладалі славянізмам исполнился, сповнився (Жукоўскі, Анцукевіч, Стэлецкі, Новікаў, Цімафееў, Ліхачоў, Салевіч), або гіперславянізмам преисполнился (Шарвінскі, Бацьвіньнік, Шклярэўскі, Касарукаў), сучаснае ўкраінскае випивнівся (Рыльскі) таксама ўдае на кальку з царкоўнаславянскае, і толькі беларускае напоўніўся (Купала, Чыгрынаў) набліжаецца да арыгіналу. А разам з тым, што важна, канструкцыя з гэтым дзеясловам мае паралелі ў старабеларускіх судовых паперах:

В року, тепер идучом, 1600.., наполнившысе деи злои воли своее, взявшы перед собе злыи умысл, тивун того именья... проч... утек (Запіс у кнізе Менскага гродзкага суду).

В року, тепер идучом, 1603.., наполнившысе воли своее, подданые его милости пана Антонея Мажонего.., уехавшы у гаи, у дуброву зарошчоную... князя Александра Полубенского... дерева дубины и березины... на тры копы, а хворосту незличоную реч... порубали (Запіс у кнізе гродзкага Слонімскага суду).

Року теперешнего, 1612, ... уночы, нет ведома хто подъехавшы, альбо теж з своего злого умыслу наполнившысе своеи воли, подданые его власные проч вышли (Запіс у кнізе Браслаўскага земскага суду)39.

Падобнае спалучэньне ёсьць і ў некаторых рэдакцыях “Задоншчыны”: “Истезавше умъ свой крепостию и поостриша сердца своя мужством и наполнившаяся ратнаго духа”40.

Вось лягічная загадка?трохкутнік для Э. Кінана. Мне здаецца, “Задоншчына” і беларускія судовыя акты XVII стагодзьдзя ніяк не маглі мець сувязі, але ў іх мусіла быць супольная крыніца. І крыніца гэтая не канкрэтны тэкст, ня “Слова пра паход Ігараў”, а руская мова XII стагодзьдзя, на якой, зрэшты, пісалася і “Слова”, што паўплывала на “Задоншчыну”.

І апошняе: словазлучэньне своего сердца некаторыя ўважалі за памылку, якую спрабавалі выправіць -- кожны па?свойму -- спачатку аўтар “Задоншчыны”, а потым І.П. Ялагін. Слова сердца ў ім многія ўспрымалі за азначэньне да слова мужество, так, прыкладам, думаў М. Анцукевіч, але, хутчэй за ўсё, гэта дапаўненьне ў форме роднага партытыўнага, як меркаваў У.І. Стэлецкі41. Такая форма даволі пашыраная ў беларускай мове, а ўрыўку яна надае рытарычнае стройнасьці, раўнамерна разьмяркоўваючы слоўныя масы вакол трох дзеясловаў?выказьнікаў. Ужываецца родны партытыўны абсалютна апраўдана, бо сэрцу, мужнаму і без таго, дадаецца мужнасьці.

Разгледжаны вышэй урывак ня ёсьць мэтафараю, як гэта ўяўлялася А.С. Пушкіну. Ён утварае выкшталцоную рытарычную трыяду?супор: истягну -- тэзыс, поостри -- антытэзыс, наплънився -- сынтэз42. Князь Ігар учыніў супраць розуму, але паводле сэрца. Абмыльна нутраную форму даўнейшых слоў тут успрынялі за паэтычную фігуру. У цэлым урывак можа быць перакладзены наступным спосабам: Вымаг розум сілаю сваёю, пабудзіў сэрца сваё мужнасьцю, натхніўся змагарным духам.

Яшчэ адно не да канца зразумелае месца ў “Слове пра паход Ігараў”: Ту ся копіем приламати, ту ся саблям потручяти о шеломы половецкыя. Што значыць слова потручяти? Здаецца, асаблівых разыходжаньняў у яго разуменьні няма, бальшыня ўспрымае як “пабіць”, “пашчарбіць”. Але этымалёгію кожны прапаноў­вае сваю. У.І. Стэлецкі піша: ”Слова паходзіць ад кораню тру (тров) (сягае кораню тр//тер) і ёсьць вытворным ад дзеяслова “трути” -- “тратить”. Роднымі паводле кораню, пэўна, ёсьць сучасныя словы: трут, тереть, тратить і да т.п. Даслоўнае значаньне: “сьцерціся”, “па­шчарбіцца”43. Анцукевіч даводзіць іншае: “Я стаўлю яго ў зьвязак зь беларускім трущить(ся) “ламаць з трэскам, разьбіваць ушчэнт”. Яму ў даўнейшай рускай адпавядае труск”44. Але ўсё ж абедзьве вэрсіі, відаць, абмыльныя, асабліва апошняя. Слова потручяти сягае да польскіх слоў tracac “штурхаць”, tracic “штурхнуць”, wstret “агіда”, старабеларускіх -- у “Сыноніме славенароскай” -- стручую -- возражаю, струченый -- возраженъ, низверженъ, тручаю -- рею, пореваю45, у М. Сматрыцкага -- вструтъ “пярэчаньне”, і -- літоўскага trenkti “грымнуць”. Можна спаткаць гэты корань і ў сучаснай беларускай мове: Не Сібір, астрог, ня кнут, // І ня цела цяжкі мукі. // Але дух народу струт (А. Абуховіч).

Чым растлумачыць такую блізкасьць з заходнеславянскімі мовамі? Пэўна ж, не прыпісваньнем аўтарства “Слова” чэскім ці польскім сла­вістам. Рэч у тым, што северскія гаворкі маюць заходнеславянскае паходжаньне. Многія гісторыкі лічаць, што севяране, або сеўрукі, таксама, як і крывічы, і наўгародцы?славене, прыйшлі з захаду, з тэрыторыі сучаснае Польшчы46. Ці не таму ключ да загадкавага истягну мы знаходзім і ў польскай мове, і ў старанаўгародзкай. У XX стагодзьдзі расейскі лінгвіст П. Растаргуеў да­сьледаваў северскія гаворкі і аднёс іх да беларускае мовы.

Шмат што з “Слова”, да чаго расейцы доўга ці марна шукаюць паралелі ў сваіх дыялектах, для беларускае мовы звыклая рэч. Прыкладам, обаполы -- абапал, вереженъ -- верад, вярэдзіць, троскотати -- траскатаць і г. д. А сказ Съ заранія въ пятъкъ потопташа поганыя плъкы половецкыя прымушае ўспомніць такія арыгінальныя тураўскія словы як заране, зараней, зарано, зарань “вельмі рана”47. Даўно зьвярнулі на сябе ўвагу і найменьні птушак чаица, галица, іх таксама можна сустрэць у беларускіх гаворках: на Магілеўшчыне чаіца “кнігаўка”, на Валожыншчыне галіца “каўка”48.

Да гэтае пары яны спатыкаюцца ў беларускай літаратуры, прыкладам: Чаіца просіцца піць (М. Губярнатараў). А падабенства канструкцыяў з гэтымі словамі нават уражвае. “Слова”: Галици стады бЅжать къ Дону великому. Стары Ўлас: Варон і галіц лётаюць стады; Стады галіц увосень на полі. У гэтым кантэксьце пераклад П. Салевіча: Полки галичан біжать к Дону Великому -- можа выклікаць толькі ўсьмешку.49 Нават калі мы дапусьцім, што па­эт?селянін Стары Ўлас чытаў “Слова” -- усё роўна сумнеўна, каб ён стаў ужываць нязвыклыя для яго роднае Валожыншчыны выразы. Што да фальсыфікатараў, дык у XVIII стагодзьдзі толькі пачыналася вывучэньне славянскіх моў, і ні пра якую імітацыю беларускіх дыялектаў нават гаварыць нельга.

У “Слове пра паход Ігараў” гэтулькі нутраных хадоў, што знарок падрабіць іх мог хіба толькі Бог. Прыкладам, вывучаючы слова меч, я вы­пісаў з “Слова” ўсе кантэксты, зьвязаныя зь меч і шабля, і выявілася, што меч ужываецца вылучна ў апісаньнях войнаў з Захадам, а шабля -- войнаў з Усходам: Позвони своими острыми мечи о шеломы литовскія; Поскепаны саблями калеными шеломы аварьския. Гэта дакладна ілюструе гістарычную рэальнасьць: вайна з Усходам паступова вывела з ужытку ўсходніх славянаў мячы і замяніла іх на шаблі. Даўжэй за ўсіх мячамі карысталіся наўгародцы. У Заходняй жа Эўропе меч спакваля трансфармаваўся ў шпаду. Усё гэта яшчэ раз сьведчыць пра тое, што аўтар “Слова” даволі канкрэтна і рэчыўна ўяўляў тое, пра што пісаў.

Вышэй я адпрэчваў суб’ектыўныя чыньнікі ў розных падыходах да “Слова”, але скідаць іх з рахунку зусім -- ня варта. К. Попэр слушна лічыць, што індукцыйны мэтад ня здольны спараджаць гіпотэзаў. Яны ўзьнікаюць толькі шляхам дэдукцыі. Таму ў розных падыходах да “Слова” абавязкова бяруць удзел нашыя асабістыя сымпатыі і антыпатыі. Яшчэ З. Даленга-Хадакоўскі ў выраках скептыкаў згледжваў або незычлівасьць, або непаразуменьне, або недасьведчанасьць. Чаму ж сёньня, як нярэдка я заўважаю, многія беларусы з такой мазахісцкай асалодаю ловяць кожны вырак, скіраваны супраць “Слова пра паход Ігараў”? Яшчэ нядаўна, на пачатку ХХ стагодзьдзя, В. Ластоўскі ды У. Самойла ўздымалі “Слова” на шчыт, заклікалі яго вывучаць. Мне здаецца, што беларусы ня вытрымалі паядынку з расейскаю ідэалёгіяй. Беларуская нацыянальная сьведамасьць інтуіцыйна бароніцца ад усяго, што нас яднае з расейцамі. Але калі б мы былі больш дасьведчаныя і працавітыя, то ўбачылі б у “Слове” свой помнік краснага пісьменства. Убачылі б, што менавіта беларуская мова здольная раскрыць таямніцы гэтага загадкавага твору.

І апошняе. Працягваючы ў назове ўсьлед за Э. Кінанам “скразную” мэтафару, якая ў Плятона, дарэчы, сымбалізавала думаньне, мушу за­значыць, што шаноўны аўтар выбіў Богу вокны, г.зн. не пацэліў зусім, нават у мішэнь.

P.S.

Пасьля таго як адказ Э. Кінану быў напісаны, рэдакцыя часопісу “ARCHE” ласкава ўзычыла мне рыхтаваны да публікацыі тэкст Р. Грабовіча. Тэкст гэты зусім іншае прыроды. Калі Э. Кінан цаляе ў мішэнь з ручное зброі, то Р. Грабовіч “валіць” з буйное артылерыі, без разбору. “Слова пра паход Ігараў” тут амаль ня згадваецца. Затое пералічваюцца і апісваюцца падробкі эпасу рознага кшталту й маштабу. Усякі тэкст, які лучае ў поле гэтых апісаньняў, гіне, як дробная птушка ў Бэрмудзкім трохкутніку. І тут ужо цяжка зразумець, ці X футра скраў, ці ў X футра скралі.

Калі разважаць чыста юрыдычнымі катэгорыямі, дык Р. Грабовіч нічога не даводзіць. Нельга быць крыху вінаватым, як нельга быць крыху цяжарнай. Аднак так думалі не заўсёды. Гадоў 300--400 таму, як паказаў М. Фуко ў кнізе “Нагляд і кара”, віна мела градацыю. Лічылася, што быць пад сьледзтвам -- гэта значыць быць крыху вінаватым. І гэткі ход думак -- ня вынахад праўных казуістаў. Гэта фэномэн масавае сьведамасьці. Вось жа, калі пра нейкі тэкст доўга гаварыць як пра падробку, калі праз паўсотню старонак успамінаць яго ў шэрагу яўных падробак і заразом не аказваць аніводнага аргумэнту -- усё роўна спрацоўвае масавае “крыху”. Маўляў, няма дыму без агню. І хоць довады Э. Кінана, як я, у меру маіх сілаў, паспрабаваў паказаць, сумнеўныя, Р. Грабовіч “ничтоже сумняшеся” спасылаецца на іх як на чыста даведзеныя факты.

Такі прыём можна назваць інтэлектуальным штурмам. Шчыра кажучы, чытаючы Грабовіча, я і сам пачаў сумнявацца. Але тэкст на тое і разьлічаны: пасеяць сумнеў, які некалі спрацуе, як міна запаволенага дзеяньня. Яшчэ езуіты казалі: ілжыце, ілжыце, хоць нешта, а застанецца. У XVI стагодзьдзі, прыкладам, яны так старанна абылгалі пратэстантаў як бязбожнікаў ды атэістаў, што супраць свае волі на 400 гадоў наперад стварылі для бальшавіцкіх гісторыкаў цэлы кляндайк піянэраў атэізму. Мы ніколі ня можам адгадаць, як мана спрацуе ў пэрспэктыве.

Артыкул Р. Грабовіча я б не назваў маною, ці, па?савецку, паклёпам. Але мэханізм тут дзеіць той самы. Р. Грабовіч працуе як публіцыст, які імкнецца перацягнуць масавага чытача на свой бок. У навуковай дыскусіі ўсё ім сказанае магло б быць цудоўнай прэлюдыяй. Далей мусілі б ісьці тэксталягічныя, лінгвістычныя і гістарычныя аргумэнты. Ажно не, замест гэтага публіцыст спасылаецца на сумнеўныя довады Э. Кінана, а таксама А. Мазона ды А. Зіміна.

Аднак калі я разважыў, то прыйшоў да высновы, што тэкст Р. Грабовіча мне істотна дапамог. Р. Грабовіч у сваім артыкуле імпліцытна дае клясыфікацыю падробак. Першае: падробкі бываюць таленавітыя і бяздарныя, прафэсійныя і непрафэсійныя. Да таленавітых можна аднесьці “Песьні Асіяна”, да прафэсійных -- каралядворскія граматы, да бяздарных і непрафэсійных -- “Вялесаву кнігу”. Другое: выстройваецца яшчэ адна, вельмі важная для нас, клясыфікацыя -- ёсьць падробкі?містыфікацыі, ёсьць падробкі?кампіляцыі і ёсьць падробкі-інтэрпрэтацыі.

Містыфікацыі, чыстыя падробкі -- “Песьні Асі­яна”, каралядворскія граматы і да т. п. Да кам­піляцыяў, а яны ўжо не зусім падробкі, адносіцца “Калевала”. Да абмыльных жа інтэрпрэтацыяў я б аднёс “Слова пра паход Ігараў”, хоць гэта зусім далёка ад таго, што мы ўважаем за падробку. Р. Грабовіч давёў, што не існавала адзінае мэтодыкі імітацыі нацыянальнага эпасу. Расейцы вызначыліся тым, што гатовым падручным матэрыялам для іх паслужыла рытарычная прамова. Гэта я даводзіў вышэй, і ў гэтым мяне яшчэ больш упэўніў тэкст Р. Грабовіча.

Урэшце, да довадаў шаноўных аўтараў сам сабою ўзьнікае шэраг пытаньняў. Калі “Слова пра паход Ігараў” містыфікацыя, на ўзор Макфэрсана, дык чаму створаны толькі адзін, ды яшчэ такі маленькі, тэкст? “Песьні Асіяна” ж друкаваліся з працягам. Ці не занадта вялікая колькасьць людзей уцягваецца ў кола містыфікатараў? Скептыкі стварылі для сябе адмысловую пастку: кожнага, хто меў справу з арыгіналам “Слова”, яны вымушаныя аўтаматычна залічваць у шэрагі махляроў. Як маглі расейскія літаратары насьледаваць містыфікатарству Макфэрсана, калі ў 90?х гадох XVIII стагодзьдзя “Песьні Асіяна” яшчэ не былі выкрытыя? Хутчэй можна дапусьціць іншае: амаль усе шчыра верылі ў “шатляндзкі эпас” ды шукалі ў сябе нешта падобнае, найперш -- сярод гатовых тэкстаў. І, натуральна, “знайшлі”.

Ведама, скепсыс ёсьць складнікам навуковага мысьленьня. Але гэта зусім ня значыць, што трэба ставіць знак роўнасьці паміж навуковасьцю й нігілізмам. Куды прасьцей, не заглыбляючыся ў падрабязнасьці праблемы ды заняўшы скептычную пазыцыю, імітаваць навуковасьць. Вельмі проста, краем вуха пачуўшы пра Мазона, Зіміна ды Кінана, пышыцца сваім “навуковым крытыцызмам”. Аднак у скептыкаў ёсьць свая форма безадказнасьці ў інтэрпрэтацыях тэксту. Яны адвольна перамяшчаюць “Слова” ў часе ад XIII да XVIII стагодзьдзя, абы толькі не зьмясьціць яго ў XII-е. Сьпіс супярэчнасьцяў, якія выклікае скептычны падыход, большы за той, што маюць апалягеты. Яго можна яшчэ доўжыць, але пакінем гэты занятак дапытліваму чытачу.

Заўвагі:

1 Тут і далей гістарызм рускі ўжываецца замест маластраўнага слова старажытнаагульнаўсходнеславянскі.

2 Ерёмин И.П. Жанровая природа “Слова о полку Игореве” // Ерёмин И.П. Литература Древней Руси. Москва, Ленинград, 1966. С. 144163.

3 Гл., прыкладам: [Салевич П.] Переднє слово // Слово о поході Ігоревім Ігоря сина Святославового внука Олегового. Львів, 1999. С. 4.

4 Тамсама. С. 149.

5 Цыт. паводле: Козлов В.П. К истории “Слова о полку Игореве” в конце XVIII в. // Исследования “Слова о полку Игореве”. Москва, 1986. С. 164.

6 Анцукевич Н.П. Слово о полку Игореве: Перевод. Комментарий. Исследование. Вильнюс, 1992. С. 231237.

7 Лотман Ю.М. Риторика. // Риторика. 1995. № 2. С. 104105.

8 Гл., прыкладам: Якубанис Г. Эмпедокл: Философ, врач и чародей. Гёльдерлин Ф. Смерть Эмпедокла: Драма. Киев, 1994. С. 3454.

9 Холшевников В.И. Русская и польская силлабика и силлабо?тоника // Теория стиха. Ленинград, 1968. С. 27.

10 Багдановіч М. Поўны збор твораў: У 3 т. Т. 2. Менск, 1993. С. 202.

11 Никольский Н. О литературныхъ трудахъ митрополита Климента Смолятича, писателя XII в?ка. Санкт-Петербург, 1892. С. 104.

12 Гранстрем Е.Э. Почему митрополита Климента Смолятича называли философом // ТОДРЛ. 1970. Т. 25.

13 Прыбытка Г. Масковія і Еўропа (Да пытаньня ўзаемадачыненьняў беларусаў і маскавітаў) // Сьвіцязь. 1995. № 1. С. 8095.

14 Шпет Г.Г. Очерк развития русской философии // Введенский В.И., Лосев А.Ф., Радлов Э.Л., Шпет Г.Г. Очерки истории русской философии. Свердловск, 1991. С. 235.

15 Цыт. паводле: Прыбытка Г. Тамсама. С. 84.

16 Цыт. паводле: Бунин И.А. Окаянные дни. Москва, 1990. С. 122.

17 Лотман Ю.М. Культура и взрыв. Москва, 1992. С. 6491.

18 Цыт. паводле: Моисеева Г.Н. Чешский славист Йозеф Добровский и “Слово о полку Игореве” // Альманах библиофила. Вып. 21. Москва, 1986. С. 103.

19 Тамсама.

20 Козлов В.П. К истории “Слова”... С. 164168; ён жа: Доказательство “Словом” И.П. Елагина // Альманах библиофила. Вып. 21. Москва, 1986. С. 9497.

21 Кучкин В.А. Ранние упоминания о мусин?пушкинском списке “Слова о полку Игореве” // Тамсама. С. 6667.

22 Моисеева Г.Н. Тамсама. С. 98.

23 Гудзий Н.К. Судьбы печатного текста “Слова о полку Игореве” // ТОДРЛ. 1951. Т. 8. С. 36.

24 Стеллецкий В.И. Слово о полку Игореве: Древнерусский текст и переводы. Москва, 1965. С. 70.

25 Шарлемань Н.В. Заметки натуралиста к “Слову о полку Игореве” // ТОДРЛ. 1951. Т. 8, С. 5367.

26 Анцукевич Н.П. С. 115.

27 Стеллецкий В.И. С. 51.

28 Слово о полку Игореве: Сборник. Ленин­град, 1990. С. 57.

29 Анцукевич Н.П. С. 113114.

30 Станкевіч Я. Беларуска?расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік. Ню?Ёрк, [1990]. С. 979.

31 Рэканструяваная цытата паводле: Козлов В.П. К истории “Слова”... С. 164, 170172; яго ж: Доказательство “Словом”. С. 93; Кучкин В.А. С. 6573.

32 Пушкин А.С. Мысли о литературе. Москва, 1988. С. 330.

33 Слово о полку Игореве. Москва, 1987. С. 116.

34 Тамсама. С. 166, 27.

35 Купала Янка. Поўны збор твораў: У 9 т. Т. 4. Менск, 1997. С. 191.

36 Хрестоматия по истории русского языка. Москва, 1990. С. 28.

37 Цыт. паводле: Анцукевич Н.П. С. 57.

38 Стеллецкий В.И. С. 125.

39 Социально?политическая борьба народных масс Белоруссии: Конец XIV в. -- 1648 г.: Сб. документов и материалов: В 3 т. Т. 1. Минск, 1988. С. 151, 159, 195.

40 Древнерусская литература: Хрестоматия. Москва, 1988. С. 163.

41 Стеллецкий В.И. С. 125; Анцукевич Н.П. С. 5758. Гл. таксама: Мещерский Н.А.; Бурыкин А.А. Проблема критического текста “Слова о полку Игореве”
// Исследования “Слова о полку Игореве”. С. 94.

42 Цікава, што гэтая выснова супадае з больш шырокімі абагульненьнямі А. Чарнова. Ён піша: “Кожная з частак, і практычна кожная самастойная тэма ў “Слове”, разьвіваецца паводле закону трыяды”. (Чернов А. Поэтическая полисемия и сфрагида автора в “Слове о полку Игореве” // Исследования “Слова о полку Игореве”. С. 273.)

43 Стеллецкий В.И. С. 137.

44 Анцукевич Н.П. С. 84.

45 Гл.: Старабеларускія лексіконы. Менск, 1992.

46 Ермаловіч М. Старажытная Беларусь. Менск, 1990. С. 2640.

47 Тураўскі слоўнік. У 5 т. Т. 2. Менск, 1982. С. 118.

48 Жывёльны свет: Тэматычны слоўнік. Менск, 1999. С. 49, 41.


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Як Эдвард Кінан выбіў Богу вокны


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.