Масонскае скарыназнаўства

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Масонскае скарыназнаўства. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-27

АВТОР: Валеры Пазьнякоў

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №6 2001 ГОД


Неверагодна, але дыскусія пачалася. Калі сталі зьяўляцца артыкулы Ўладзімера Агі­евіча пра тое, што Скарына — гэта праваслаўны Георгі, кніжнік-масон і г.д., неяк ня верылася, што хто-небудзь зоймецца праверкаю ўсёй гэтай “кабалістыкі”. Першым ня вытрымаў а. Аляксандар Надсан і паказаў на некаторыя памылкі “новага скарыназнаўства”, відавочныя і прыхаваныя. Агіевіч адказвае, чытач параўноўвае, скарыназнаўства быццам рухаецца наперад… У чытачу ўся і справа. Кожны з бакоў апэлюе да шырокай аўдыторыі, “люду паспалітага”. Толькі пішацца ўсё моваю ня простаю і пра рэчы досыць цьмяныя, далёкія ад дня сёньняшняга. Я сам спачатку чытаў тэксты Агіевіча праз радок, праз старонку, бо што за радасьць разьбіраць сярэднявечную лаціну, эзатэрыку, астралёгію і г.д.? Але як слова ў супрацьвагу ўсяго гэтага было сказана і дачакалася яно адказу, то ёсьць патрэба ацаніць, чаго вартая дыскусія вакол “новага скарыназнаўства” і яно само.



У дыскусіі на першае месца выйшлі пытаньні філялёгіі, мовы. У пэўнай ступені гэта адзнака нашага часу, калі знайшлося досыць аматараў зьмяніць усяго толькі некалькі знакаў ці літараў ува ўсім вядомых тэкстах, каб перапісаць ці ня ўсю чалавечую гісторыю (усе ведаюць пра акадэміка-матэматыка Анатоля Фаменку і яго “новую храналёгію”). Выглядае такі мэтад эфэктна: лёгкім рухам рукі доктар Францішак Скарына пераўтвараецца ў Георгія Францішка Скарыну, у “паўпэра”, у “протамасона”. Моваведы, што імкнуцца перакуліць сьвет, даволі характэрныя для мэдыявістыкі, гэта вынікае з самога характару той эпохі. Эпохі маўклівай большасьці, якая пакінула пасьля сябе даволі нешматлікія пісьмовыя сьведчаньні. Яны патрабуюць асабліва ашчаднага і ўзважлівага абыходжаньня. Увагі да тых самых літар, якія карціць некаму зьмяніць на сваю карысьць.

Гэтак, кінем позірк на дыскусію, што адбылася паміж Агіевічам і а. Аляксандрам. Пэўна, нейкі ж плён яна прынесла, пасудзейнічала, так бы мовіць, нараджэньню ісьціны?

Адно з галоўных “адкрыцьцяў” Агіевіча — новае прачытаньне подпісу на ўсім вядомай гравюры з партрэтам першадрукара. Усе чыталі “Доктор Франциско Скорина”, цяпер прапануецца варыянт “Георги Франциск Скорина”. Ну, ня ведаю. Чалавек на 90 адсоткаў здабывае інфармацыю праз зрок, відавочнасьць заўсёды была галоўным доказам у спрэчцы. Калі сапраўды наглядная рэч выклікае такое рознае тлумачэньне, то ніякія довады аднаго з бакоў не пераканаюць суразмоўцу зьмяніць погляд. Пяройдзем да менш наглядных, а значыць, больш дыскутабэльных пытаньняў.

Так, а. Аляксандар заўважае на маргінэзе працы “новага скарыназнаўцы”, што вызначэньне апошнім лацінскага слова nominatur як дзеяслова 2-й асобы — відавочная памылка, гэта 3-я асоба. Агіевіч згодны, што памылка, але адносіць яе на рахунак карэктара. Далей высьвятляецца, што nominatus est — гэта сапраўды “быў названы”, а не “носіць імя”, тут абодва дыспутанты згодныя. Але пры гэтым Агіевіч дадае, што ў тэксьце дакумэнту сказана “nominitabatur doctor Franciscus”. Вось гэтага якраз у дакумэнце і няма, гэта “рэканструкцыя” самога Агіевіча (слушная ці няслушная — гэта ўжо іншая справа). Абмеркавана было і слова praefatus, паводле Агіевіча — пэрфэктная форма дзеяслова. Лацінскія слоўнікі тут на баку а. Аляксандра.

На гэтым дыскусію пра лацінскія тэрміны і сам тэкст падуанскіх дакумэнтаў Агіевіч палічыў па­трэбным згарнуць, хоць а. Аляксандар яшчэ на цэлай старонцы разьбірае пабудовы Агіевіча наконт “сапсаваных” пісцамі падуанскіх тэкстаў. Калі адказу па сутнасьці а. Аляксандар не атрымаў, то пабочныя чытачы маюць права думаць, што праўда засталася на яго баку.

Цікуючы па сьлядох дыскусіі, вырашыў спраўдзіць, як можна патлумачыць вызначэньне Скарыны бедным (pauper), што было зроблена ў Падуі. У запале дыспуту Агіевіч сьцьвярджае, што падае два дзясяткі значэньня слова miser, а а. Аляксандар — толькі два. На самой справе ў кнізе Агіевіча “Сімволіка гравюры Скарыны” ёсьць два дзясяткі вазначэньняў слова pauper, а ня miser. Трэба быць дакладным у цытаваньні і пры спасылцы на свае працы, каб можна было рабіць закіды іншым у “верхаглядным прачытаньні нашых работ”, у “неахайнасьці з цытаваньнем і інтэрпрэтацыямі”.

Вось тое ж простае слова pauper, якое ў Агіевіча набыло сэнс містычнага тэрміну. Так двойчы названы Скарына ў падуанскіх дакумэнтах 1512 году. З усіх магчымых варыянтаў перакладу (“бедны, засмучаны, безжыцьцёвы, кволы, нязначны, сьціплы, просты” і г.д.) Агіевіч ня выбраў ніводнага і пакінуў слова pauper безь перакладу, маўляў, гэта скарочаная назва сяброў ордэну храмоўнікаў (тампліераў), цалкам — Pauperes Commilitiones Christi Templumque Solomonici (бедныя таварышы па зброі Хрыста і Саламонавага храму). Вядома, такога значэньня слова pauper ніколі не існавала, яго ня знойдзеш у ніводным слоўніку. Але дапусьцім, Скарына сапраўды быў паўпэрам у сэнсе “ордэнскім братам”. Толькі чаму ў такім выпадку першадрукар прыпісаны да тампліераў? Сябры ўсіх манаскіх ордэнаў давалі зарок беднасьці і ў гэтым сэнсе былі “паўпэрамі”. А мо Скарына быў дамініканцам, а мо францішканцам ці якім яшчэ каталіцкім манахам? (Да Агіевіча Скарыну называў манахам толькі цьвёрды ленінец Вільгельм Кнорын.) Скажам, сябры ордэну шпітальнікаў (пазьней — Мальтанскі закон) называлі сябе “беднымі братамі шпіталя святога Яна”. Свой пасаж Агіевіч пачынае з пабочнага слова “ўспомнім”: “Успомнім, што да часу Скарыны існаваў ордэн храмоўнікаў…” Асабіста я цьвёрда памятаю, што ордэн храмоўнікаў быў разгромлены да пачатку XIV ст. сьвецкімі ўладарамі, а рэшткі яго маёмасьці адышлі да янітаў. Дарэчы, яніцкія структуры рэальна існавалі ў пачатку XVI стагодзьдзя ў Польшчы і Чэхіі, у прыватнасьці ў Празе. Дык можа, Скарына быў “паўпэрам”-янітам, г.зн. мальтанскім рыцарам-манахам?

Аднак абыходжаньне Агіевіча са словам pauper яшчэ больш складанае і дробязнае. Намагаючыся пазбавіць яго ўсялякага адценьня “беднасьці”, абаронца масонскай плыні ў скарыназнаўстве пачаў перакладаць назву ордэну храмоўнікаў як “зрэбныя сутаварышы” (абы каб ня “бедныя сутаварышы”), хоць слова “зрэбныя” мае іншае значэньне — “зроблены са зрэб’я — грубой кудзелі, палатна”.

І на гэтым гульня са словамі ня скончылася. Як слушна заўважыў а. Аляксандар, Агіевіч вельмі своеасабліва пераклаў назву ордэну тампліераў — “Зрэбныя сутаварышы Хрыстовы Храму Саламонавага”. Ранейшыя пераклады, граматычна слушныя (“…Хрыста і Саламонавага храму”) былі ім адкінутыя. І што цікава, на абвінавачаньні ў памылковасьці перакладу Агіевіч адказвае толькі ў агульным пляне: традыцыйны пераклад быццам залічвае ордэнскіх братоў у лік апосталаў Хрыста, а таму памылковы. Па-першае, зь перакладу гэта зусім не выні­кае. Па-другое, хай бы сабе і вынікала — але гэта ўяўленьні тых, хто прыдумаў такую назву. Нашто ж выстаўляць іх дурнямі — у іх былі свае ўяўленьні пра Хрыстовых вояў.

І вынік, які відавочна выцякае з аналізу лінгвістычных практыкаваньняў абаронцы масонства Скарыны: праклямуецца літаральная дакладнасьць пры перакладзе тэкстаў, калі яна на карысьць уяўленьняў аўтара. Калі не — тым горш для яе, тады яна — памылковая бессэнсоўная літаральнасьць, тады гэта памылкі пісцоў і перапісчыкаў.

Адна з асноўных тэмаў у Агіевіча — сымбалічнае расчытаньне выяваў на гравюрах Скарыны. Прычым чытаюцца яны з пазыцый масонскіх уяўленьняў. Клеткі пляцёнага кошыка — сымбаль калізіі на шляху пазнаньня. Барэт Скарыны — рытуальная павязка. Дый сам Скарына на сваім партрэце паказаны не ў кабінэце, а ў Храме ісьціны (ён жа храмоўнік!). На адпаведныя папрокі а. Аляксандра Агіевіч адказвае абвінавачаньнямі ў верхаглядзтве, і кожны з апанэнтаў застаўся ў сваёй сыстэме каардынатаў — хрысьціянскай і масонскай. Збліжэньне бакоў тут, відавочна, немагчымае.

Нешта дыскутабэльнае можна намацаць пры абсьледаваньні астранамічнага матар’ялу. Зоркі, у адрозьненьне ад сымбаляў, існуюць аб’ектыўна. Агіевіч, які да гэтай пары не дачакаў акадэмічнай экспэртызы сваіх пабудоў, не задаволены водгукам а. Аляксандра — выпускніка Лёнданскага ўнівэрсытэту. Яму дастаткова ведаў, атрыманых у СШ № 19 ­г. Менску. Якое супадзеньне! Будучы выпускніком той самай школы, я магу размаўляць з Агіевічам на роўных, як астраном з астраномам.

Вядома, Агіевічу так і не ўдалося даказаць існаваньне ў часах Скарыны сузор’я з назвай Пчала (Муха). Тры-чатыры зоркі на небе побач зь вядомым са старажытнасьці сузор’ем Авен (а цяпер у межах гэтага сузор’я) былі вылучаны як асобнае сузор’е Пчалы (Мухі) ужо пасьля Скарыны. На працягу сваёй кнігі Агіевіч шматкроць пісаў, што, “магчыма”, “верагодна”, было яно ў часы Скарыны. У адказе ­а. Аляксандру ён ужо не дапускае ніякай няпэўнасьці ў існаваньні Мухі пры Скарыну. Увераваў сам у яго існаваньне? Шчасьлівыя тыя, што вераць!

Далей ідзе ўжо матэматыка. Для яе праверкі сапраўды даволі ведаў сярэдняй школы ці, прынамсі, самаадукацыйнага курсу астралёгіі. Так што палічым. Для пачатку трэба ад­значыць, што астраном Агіевіч шырока карыстаецца зорнай мапай паўночных сузор’яў 1532 году, узятай ім з кнігі Мікалая Марозава “Прарокі” (1914). Мапа, безумоўна, вартая ўвагі, але мушу адзначыць, што гэта копія (праўда, люстраная) славутай мапы Альбрэхта Дзюрэра з 1515 году. Гэтую мапу ведала ўся Эўропа, яе шмат капіявалі. Магчыма, зь ёю быў знаёмы і Скарына. Сузор’я Мухі на мапе Дзюрэра (і на мапе 1532 г.), ясна, няма.

Дзюрэр ужывае экліптычную сыстэму нябесных каардынатаў, добра прыдатную для астралягічных разьлікаў. Нябеснае паўшар’е на ёй абмежавана кругам экліптыкі — гадавога шляху Сонца па зорным небе. Адпаведна, у цэнтры мапы паказаны полюс экліптыкі, а не Паўночная зорка. Зоркі нанесены на гэтую мапу ў адпаведнасьці з каардынатамі, якія апублікаваў для ўсеагульнага ўжытку славуты астраном старажытнасьці Пталямэй (II ст. ад Н.Х.).

Рызыкую памыліцца, але Агіевіч, пэўна, пры сваіх астранамічных пабудовах скарыстаўся менавіта з мапы Дзюрэра 1515 году (1532 г.). Паглядзеўшы на яе і не знайшоўшы там ніякага сузор’я Пчалы (Мухі), ён напісаў проста: “Пчала пазначана сярод задыякальных сузор’яў простай сукупнасьцю зорак”. Іншымі словамі, хоць яе там няма, яна там ёсьць. (Выклікае зьдзіўленьне і выраз “сярод задыякальных сузор’яў”. Што ён абазначае, зусім не зразумела. Нават на тых мапах, дзе Пчала сапраўды ёсьць, яна пазначаецца збоку ад сузор’я Авен, а не “сярод”). Пасьля быў зьмераны вугал, пад якім знаходзіцца купка зорак — пазьнейшае сузор’е Пчалы. Пунктам адліку быў, натуральна, пункт вясновага раўнадзенства — старажытная і сучасная аснова каардынатаў. Вугал складае прыблізна 13 або 347 градусаў, гледзячы ў які бок ісьці — направа або налева. Даспадобы аказаўся лік 347, бо ў манаграме МТЗ на партрэце Скарыны Агіевіч бачыць стараславянскі лік 347.

Усё сыходзіцца, прынамсі Пчала зь лікам 347? Нічога не сыходзіцца. Сапраўды, усе лічаць ад пункту вясновага раўнадзенства. Але ідуць ад яе па шляху Сонца, з усходу на захад, на мапе 1532 году — направа. Гэта добра відаць па яе градуіроўцы. Каардыната даўгаты купкі зорак пазьнейшага сузор’я Пчалы — каля 13 градусаў. І завецца гэтая каардыната менавіта даўгатой (пазначаецца грэцкай літарай лямбда). Мала таго што Агіевіч “закруціў” адлік каардынатаў ня ў той бок, але і зблытаў назву каардынаты.

Існуе яшчэ адзін спосаб праекцыі зорнага неба на аркуш паперы — у цэнтры яго знахо­дзіцца полюс сьвету і сузор’е Малая Мядзьведзіца. Мы ўсе бачылі такія зорныя мапы ў школьным падручніку. Тая каардыната, якая ў экліптычнай сыстэме каардынатаў завецца даўгатой, тут абазначаецца тэрмінам “прамое ўзыходжаньне” і грэцкай літарай альфа. Такі тэрмін і літару ўжывае Агіевіч.

Дык можа, ён карыстаўся нейкай мапай зорнага неба зь менавіта такой, экватарыяльнай сыстэмай каардынатаў? Наўрад ці, бо карціна зорнага неба на ёй іншая. Тут вугал паміж пунктам вясновага раўнадзенства і групай зорак Пчалы складае каля 40 градусаў. Гэта калі браць сучасны пункт вясновага раўнадзенства. Калі браць яго на 1500 год, то вугал складзе каля 34 градусаў. Калі ж гэты вугал вымяраць на мапе Дзюрэра 1515 году (1532 г.), то ён складзе каля 10 градусаў. Карацей, поўны разнабой, які ніяк не пацьвярджае пабудоў Агіе­віча.

Ён, на жаль, не апісвае мэтодыкі сваіх падлікаў, так што дакладна прайсьці па ягоных сьлядах у вымярэньні касьмічных мух немагчыма. Затое можна зрабіць некалькі назіраньняў над адпаведнай касьмічнай тэрміналёгіяй. Агіевіч упэўнены, што вымярэньні вугла ўзыходжаньня робяцца ў дзень вясновага раўна­дзенства ад Авена. У сучаснай астраноміі няма тэрміну “вугал узыходжаньня”, ёсьць “прамое ўзыходжаньне”. І вымяраць гэтую каардынату нябесных целаў можна ня толькі ў дзень вясновага раўнадзенства, але і ў любы іншы дзень году, а яшчэ лепш — у любую ноч, калі відаць зоркі (што такое “ад Авена”, увогуле не зразумела).

Яшчэ з таго ж курсу школьнай астраноміі. Шлях Сонца па небе — экліптыка — нязьменны (амаль што нязьменны). Сонца праходзіць 12 задыякальных сузор’яў (у цяперашні час — 13 сузор’яў, бо так падзялілі неба). Між тым неаднойчы ў сваіх працах Агіевіч піша, што сузор’е Пчала (Муха) “зьяўляецца ў экліптыцы”. Верагодна, ён хацеў напісаць “Сонца зьяўляецца ў сузор’і Пчалы”? Бог ведае. Толькі Сонца ніколі не знаходзілася ў сузор’і Пчалы, ні раней, ні ў цяперашні час: яго шлях ляжыць убаку ад той групы зорак. Але для Агіевіча гэта пытаньне прынцыповае. Мала таго што ён упэўнены, нібы Пчала зьяўляецца ў экліптыцы, але і думае, што гэты незвычайны момант адбываецца акурат на 23 красавіка паводле старога стылю, г.зн. у дзень сьвятога Георгія (таму Скарына — Георгі!).

Прымусіўшы рухацца нерухомыя зоркі, Агіевіч прапануе ўсім ахвотным упэўніцца ў гэтым, “узяць астранамічныя прыборы і вы­значыць час зьяўленьня Пчалы ў экліптыцы” (г.зн. на шляху Сонца). Калі няма ахвоты маніпуляваць “прыборамі”, прапануецца пагля­дзець на зорныя мапы Яна Гевелія (XVII ст.) і Каміля Флямарыёна (канец XIX ст.). Пагля­дзеўшы на твор Гевелія, можна ўпэўніцца яшчэ раз, што група зорак Пчалы адстаіць ад пункту вясновага раўнадзенства прыкладна на 13 градусаў, як, урэшце, і на зорных мапах 1515 і 1532 гадоў. Сонца пройдзе 13 градусаў нябеснага шляху адносна нерухомых зорак пры­кладна за 13 дзён. Калі прыняць, што веснавое раўнадзенства прыпадае на 10 сакаві­ка (так думаў Скарына), то аднолькавая даўгата ў Сонца і Пчалы будзе прыкладна 23 сакавіка паводле старога стылю. Да 23 красавіка яшчэ вельмі далёка.

У цяперашні час веснавое раўнадзенства прыпадае на 21 сакавіка паводле новага стылю. Прыбаўка 13 дзён (час “падарожжа” Сонца) дае дзень 3 красавіка паводле новага стылю, або 21 сакавіка паводле старога. Зноў жа, ніяк ня дзень 23 сакавіка, дзень сьвятога Георгія.

На мапе Флямарыёна, як сьцьвярджае Агі­евіч, сузор’е Пчала (Муха) зьяўляецца ў экліптыцы 23 красавіка паволе старога стылю. Фраза гэтая ўвогуле пазбаўлена сэнсу. На той мапе, натуральна, няма ні Пчалы, ні Мухі. Мапа Флямарыёна мае экватарыяльную сыстэму каардынатаў, пункт веснавога раўнадзенства прыпадае на 21 сакавіка паводле новага стылю. Паказана і лінія экліптыкі, якая, канечне, праходзіць удалечыні ад групы зорак Мухі. Прамое ўзыходжаньне гэтай купкі зорак — каля 40 градусаў. Сонца такое прамое ўзыходжаньне мае прыкладна 29 красавіка паводле новага стылю. Зноў жа, дзень сьвятога Георгія тут ніяк не выпадае.

Верагодна, ня варта, як прапануе Агіевіч, зноў вылучаць на небе новае-старое сузор’е Пчалы і называць яго “Пчала Скарыны”. У крайнім выпадку, улічваючы, колькі працы пакладзена на яго прапаганду, сузор’е можна назваць “Муха Агіевіча”.

Увогуле, шаноўнаму астраному варта было б больш дэталёва расьпісваць свае астранамічныя і матэматычныя вылічэньні, каб іх можна было спраўдзіць. На цяперашні дзень яны не даказваюць нічога.

Паўтарыўшы каторы раз сьцьвярджэньні пра Муху як “астранім” Скарыны (“астранім” — наватвор Агіевіча, нешта падобнае на “астрана­мічны псэўданім”), тэарэтык масонскай скарыніяны пераходзіць да яшчэ аднаго “псэўданіму” першадрукара. Такім падаецца скарынаўскі “Феоктист”, інак канстанцінопальскага Студыйскага манастыра. Агіевіч ня здолеў адшукаць такога манаха ў аналах гісторыі, а а. Аляксандар — здужаў (праўда, не спаслаўшыся на крыніцу). Агіевіч тут нічога аспрэчваць ня стаў: пэўна, прызнаў сваю паразу. Але робіць сустрэчны выпад: усе царкоўныя гімно­графы, маўляў, па­вінны пісаць акафісты, бо інакш гэта не гімнографы. Толькі параўнаньне з паэтам бязь вершаў тут кульгае: трэба, хутчэй, весьці размову пра паэтаў, якія ня пішуць паэмаў. Ёсьць такія паэты, як ёсьць гімнографы, што ня пішуць акафістаў! Ужо ў антычныя часы складаліся гімны, толькі не хрысьціянскія, а язычніцкім багам. Пасьля зьявіліся хрысьціянскія гімны. У прыватнасьці — акафісты.

Мабыць, на поле праціўніка Агіевічу ня варта было заходзіць. А параўнаньне “студыёзус, г.зн. студыт” — такое ж лінгвістычнае “адкрыцьцё”, як вывядзеньне назвы Каложы ад слова “кола” (чаму не ад “калошы”?).

Што безумоўна новага ўнёс Агіевіч у скарына­знаўства — дык гэта пытаньне, ці быў Скарына сябрам нейкай таемнай суполкі або інтэлектуальнай карпарацыі. Праўда, адказ на гэтае пытаньне атрымаўся нейкім дзіўным, размытым, хоць і адназначным — быў. Сьцьвярджаецца, што Скарына, уступаючы ў нейкую суполку, прыдбаў сабе каталіцкае імя Францішак. Што гэта за суполка, Агіевіч указвае па-рознаму: эзатэрычная арганізацыя — карпарацыя кніжнікаў — манаска-рыцарскі ордэн тампліераў (“паўпэраў” у аўтарскай тэрміналёгіі).

Вось гравюра з партрэтам першадрукара. Агіевіч адразу ўказвае на падабенства скарынаўскіх знакаў на масонскія, а дзьве дэкаратыўныя калёны атаясамлівае зь дзвюма рытуальнымі калёнамі ў масонскіх апартамэнтах. Далей усё наяўнае на гравюры трактуецца ў масонскім духу. Само памяшканьне — гэта Храм (зь вялікай літары, “частка вялікага Храму Ісьціны”), які павінен мець зорную столь і падлогу ў шахматную клетку. Праўда, у гравюрным памяшканьні столь зусім нябачная, а падлога проста белая. Гэтыя цяжкасьці Агіеві­ча не бянтэжаць: на столь ён не зьвяртае ўвагі, а падлогу лічыць увогуле заслоненай… дошкаю стала. Тыя рэчы, якія, лічылася, стаялі на падлозе, — лавы, кошыкі, сьвечку — Агіевіч прапаноўвае лічыць пастаўленымі на стале. А масонскія шахматныя клетачкі ён знаходзіць у перапляценьні лыкавых палос кошыкаў (для Агіевіча гэта крыптаграфія, то бо зашыфраваная ідэя; адсюль той даўгі пасаж, на які зьвяртае ўвагу а. Аляксандар).

Зыходзячы з масонскай сымболікі, Агіевіч бачыць на Скарыну не барэт, а сымбалічную павязку, зьнятую з вачэй (стаў відушчым у масонскім Храме!), а на пюпітры — не абрус з гербам першадрукара, а масонскі рытуальны фартух, зноў жа з масонскаю сымболікаю, і г. д.

Пасьля такой масонскай атакі чытач пачынае думаць, што Скарына сапраўды быў масонам, хай сабе і падпольным. Для Агіевіча Скарына не масон, а протамасон. Чым протамасоны адрозьніваюцца ад проста масонаў, аўтар не тлумачыць — пэўна, яшчэ ня вырашыў. Але ня тым, што протамасонства — гэта зародак са­праўднага масонства. З аднаго боку, Агіевіч сьцьвярджае, што ў часы Скарыны масонства не існавала. З другога — некаторых сучасьнікаў Скрыны Агіевіч лічыць сапраўднымі масонамі — Парацэльса, Эразма Ратэрдамскага. Значыць, паралельна існавалі са­праўдныя масоны і протамасоны, якія ў нечым адрозьніваліся ад першых. У такім выпадку іх лягічней называць “паралельнымі масонамі”, парамасонамі. Бяда для Агіевіча толькі ў тым, што “далучанасьць Скарыны да закрытай арганізацыі протамасонскага тыпу нельга пацьвердзіць юрыдычна-дакумэнтальна” (пры­знаньне самога аўтара), таму і ідуць у ход маніпуляцыі з гравюрамі.

З антуражам гравюрнага партрэту Скарыны ўсё, бадай, прасьцей. Рэчы вакол Скарыны — звычайныя для тых часоў, і сустрэць іх можна на многіх партрэтах інтэлектуалаў канца XV — пачатку XVI стагодзьдзяў. Можна нават паказаць на той партрэт, які паслужыў узорам для партрэту нашага першадрукара.

Ужо стала агульным месцам скарыназнаўства параўноўваць перакладчыцкія і кнігавыдавецкія вычыны Скарыны зь дзейнасьцю славутага перакладчыка Бібліі на лаціну Гераніма (IV—V стагодзьдзі). Параўноўвалі і іх партрэты. Гравіраваную на медзі выяву Гераніма зрабіў Альбрэхт Дзюрэр. Гэты партрэт, што датуецца 1514 годам, — сапраўдны шэдэўр славутага мастака, можа, найлепшая яго гравюра. З-за яе адышоў у цень і невядомы “люду паспалітаму” іншы партрэт Гераніма, зроблены тым жа мастаком у 1511 годзе. Канечне, ён саступае пазьнейшаму, але і сам уяўляе значную мастацкую вартасьць. Параўнаньне яго з партрэтам Скарыны 1517 году паказвае: акурат яго і меў перад вачыма мастак Скарыны, калі выразаў выяву Палача­ніна.



У кабінэце (кельлі) Гераніма можна пабачыць амаль усе тыя рэчы, што абкружаюць і Скарыну, адно што яны перастаўлены па-свойму. Леў, сымбаль Гераніма, на партрэце Скарыны заменены на пчалу (муху). Параўнаньне абодвух партрэтаў можа патлумачыць некаторыя дэталі на скарынаўскім партрэце. Мастацтвазнаўцам не давала спакою нязграбна пастаўленая правая нага першадрукара і падстаўка пад яе. Для Агіевіча гэта ўвогуле не нага і не падножжа, а “матэрыяльныя прадметы рытуальнага характару” — бажніца, або скінія, або каўчэг запавету, або ківот на падстаўцы, вечка для пераносу якога выразна выпірае з-пад покрыва (далей ідзе вытлумачэньне ў масонскім стылі).

Як відаць на партрэце Гераніма, гэта ўсё ж нага, адно што мастак, прыбраўшы з гравюры льва, ня здолеў прафэсійна паказаць, як ступня стаіць на падлозе ці падножжы. “Чэрствыя боханы хлеба” — “праснакі чысьціні і ісьціны” Агіевіча — гэта звычайныя падушкі на лавах. Сымбалічныя кнігі-“камяні”, пастаўленыя на доўгую бакавіну абрэза, можна пабачыць і на партрэце Гераніма, так што гэта самыя звычайныя кнігі (Агіевіч чамусьці ўпэўнены, што іх так ніколі ня ставілі).

Натуральна, і партрэт Гераніма можна вытлумачыць у тым жа масонскім духу. Але Агіевіч чамусьці ня схільны да гэтага ў адносі­нах да іншых твораў мастацтва, яму дастаткова партрэту Скарыны (“… “другарадныя” прадметы … ў Дзюрэра ня маюць сімвалічнага сэнсу (і не могуць яго несьці з-за сваёй выпадковасьці), у той час як у Скарыны ніводзін зь іх не пазбаўлены дэманстратыўнай сімвалічнасьці”). Запэўніваю, што ў любой выяве можна знайсьці масонскі сэнс, трэба толькі капануць глыбей ды паскрэбці мацней…

Масонская гіпотэза Агіевіча — неад’емны складнік ягонай тэорыі пра праваслаўе Скарыны. Дасьледнік мяркуе, што праваслаўным Скарына застаўся на ўсё жыцьцё, дарма што быў сябрам каталіцкага манаскага ордэну тампліераў. Але з новых доказаў праваслаўнай арыентацыі Скарыны Агіевіч прыводзіць толькі адзін (ня лічачы “пчалінай” астраноміі): у сваёй “Пасхаліі” першадрукар тройчы называе Вялікдзень (Пасху) “наша”. Адсюль разважаньні Агіевіча: “Калі “католік” называе “сваёй” Пасху права­слаўных людзей, дык пэўна ён…” і г. д. Але ж каталіцкі і праваслаўны Вялі­кадні пачынаюць розьніцца ў календары толькі з 1583 году, да таго яны сьвяткаваліся ў адзін дзень. Так што вызначэньне “наша” ў адносінах да найвялікшага хрысьціянскага сьвята Скарына, пэўна, рабіў толькі дзеля таго, каб адрозьніць яго ад жыдоўскай пасхі. Перша­друкар відавочна ня быў юдзе­ем, але такую выснову цяжка назваць арыгінальнаю.

На тле твораў Агіевіча некаторыя асаблівасьці тэкстаў Скарыны праступаюць надзвычай ярка. Узяць тое ж вызначэньне Гераніма, перакладчыка Бібліі на лаціну. Для заходняга хрысьціянства ён сьвяты, для праваслаўных — толькі блажэнны. У Агіевіча Геранім заўсёды вызначаецца як блажэнны. Адсюль пабочны наглядальнік можа зрабіць выснову, што сп. Агіевіч калі не праваслаўны вернік, то ўсё ж мае асаблівую ласку да праваслаўнай царквы і яе пастулятаў. А адносна Скарыны той жа наглядальнік зробіць супрацьлеглую вы­снову: першадрукар стаіць на пазыцыях каталіцкага вучэньня, бо заўсёды называе Гераніма сьвятым. Зрэшты, гэты аргумэнт пра канфэсійную прыналежнасьць Скарыны ўжо шматразова разглядаўся навукоўцамі, і далейшыя разважаньні тут ужо непатрэбныя.

Выглядае, што Агіевічу не ўдалося даказаць ні праваслаўную веру ў Скарыны, ні схільнасьць яго да (прота)масонскіх арганізацыяў і вучэньняў, ні праваслаўнае (хрышчонае) яго імя Георгі. Сваіх апанэнтаў Агіевіч абвінавачвае ў рознага роду махлярствах, іх довады — “неарыгінальны ход аматараў перарабляць усё на свой капыл”. У яго самога, канечне, шмат арыгінальных хадоў, толькі што датычыць капыла, то ён зноў жа “свой”, на гэты раз — праваслаўны. Скарыну як цягнулі ў розныя бакі, так і цяпер цягнуць. Відаць, гэта непазьбежна.

Мал. 1. Невядомы мастак. Доктар Францішак Скарына. 1517. Дрэварыт.

Мал. 2. Альбрэхт Дзюрэр. Сьвяты Геранім. 1511. Дрэварыт.


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Масонскае скарыназнаўства


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.