Ня бойцеся свайго 50–годзьдзя

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Ня бойцеся свайго 50–годзьдзя. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-27

АВТОР: Эрыка Джонг

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №3 1999 ГОД


Эрыка Джонг — паэтка, эсэістка, раманістка, жыве ў Нью–Ёрку. Аўтар сэксуальнай бомбы пачатку 70-х, кнігі “Комплекс Ікара”, у якой яна разьбіраецца з забабонамі наконт эратызму і жаноцкасьці. Аўтар раманаў “Фані”, “Сэрэнісіма”, “Нана блюз” і біяграфічнага эсэ “Генры Мілер, або чорт на свабодзе” (1994). Праз 20 гадоў пасьля выхаду кнігі, што зрабіла яе вядомай, яна абрынаецца — з усёй уласьцівай ёй правакатыўнасьцю — на стэрэатып “пяцідзесяцігадовай жанчыны”. Эрыка Джонг добра знае, які жорсткі гэты век для тых кабетак, што выкарыстоўвалі свае хараство і абаяльнасьць як супэрзброю лёсу. На ўласным досьведзе Эрыка Джонг даводзіць, што можна захаваць паўнакроўнасьць жыцьця, нягледзячы на восень пачуцьцяў і бязьлітаснасьць “сэксісцкага” сьвету. Мы падаем фрагмэнты з кнігі, прысьвечаныя мужчынам яе жыцьця, зь якіх паўстае сьветапогляд эмансыпаваных амэрыканак пакаленьня шасьцідзясятых, а таксама густы й стэрэатыпы той аўдыторыі, пад якую гэтая кніга пісалася.

З разьдзелу V.
Як я стала Другім Полам

У Бэрнардзкім коледжы я перавынайшла сябе; я стала моднай гравюрай у стылі “шыкоўнай студэнткі”: хадзіла на сямісантымэтровых абцасах, якія ўвальваліся (і ня раз ламаліся) у шчыліны на брукаваных цэглаю сьцежках Калюмбійскага ўнівэрсытэту, насіла кашміравыя гарнітуры: пуловэр плюс кардыган — і жэмчуг, перафарбоўвала пазногці штодня, не дазваляла сабе выходзіць на людзі без стопудовага макіяжу і заўсёды цягала за сабой у сумачцы запасныя панчошкі і “Шанэль №5”.

Свайго хлопца я сустрэла празь месяц пасьля пачатку заняткаў; на страту дзявоцкасьці я вызначыла сабе тры месяцы і скінула яе як гару з плеч. Маё жыцьцё з Майклам трывала чатыры гады і сапраўды было вельмі трывалым. Мне такое жыцьцё вельмі падабалася. Дзякуючы манагаміі — манагаміі з чалавекам, які набіраў мае вершы на машынцы — я зьберагла неабходную для працы чысьціню.

Майкл быў хлопец невысочанькі зь пякучымі чорнымі вачыма і такім жа воласам. Стрыгся ён коратка, пад вожык. Ён быў геніем словаў. Усё жыцьцё я дурэла ад тых самых мужчынскіх якасьцяў: пэўнае нахабства, языкастасьць, віртуознае веданьне мовы і музычны дар. А таксама начытанасьць. Майкл на памяць дэклямаваў цэлыя старонкі Шэксьпіра і лепш чым хто ведаў клясычную літаратуру, сярэднявечную гісторыю і сучасную паэзію. Ён быў файны і ў пэўным сэнсе хітры; энэргія біла зь яго. Было ў ім таксама гэтае паэтычнае чуцьцё, перад якім я ніколі не магла ўстояць.

“Вялікі розум — друг вар’яцтва/ Слабы ж — мяжа, што дзеліць іх”, — пісаў Драйдэн. Усё маё жыцьцё — я маю на ўвазе любоўнае жыцьцё — у гэтых вершах.

Скуль мне было ведаць, што праз год пасьля вясельля Майкл трапіць у шпіталь “Маўнт–Сынай” з прыступам шызафрэніі і яму будуць калоць тысячы міліграмаў таразыну, каб хоць неяк супакоіць?

Апісаўшы і раманізаваўшы Майклаву дэпрэсію ў кнізе “Комплекс Ікара”, я прайшла праз тое, што здаралася з мноствам пісьменьнікаў: я забылася на рэальнасьць. У маёй галаве згадкі перамяшаліся з прыдумкай. Цяпер у мяне перад вачыма ўсплываюць толькі нейкія абрывачныя моманты: вось ён зьнік (пайшоў катацца чаўном на возера ў Сэнтрал–Парку і не вярнуўся), ён зноў узьнік (спрабуючы зацягнуць мяне ў вакно, каб даказаць, што мы ўмеем лётаць); яго забралі ў больніцу (ён абзываў мяне Юдай і ў доказ цытаваў Дантэ па–італьянску).

Майкл перад тым кінуў юрфак і наняўся працаваць на аднаго генія — поўнага псыха — які закладаў у кампутар зьвесткі пра спажывецкія звычкі амэрыканцаў і прадаваў вынікі рэклямным агенцтвам. Дзядзька узбагаціўся, а ў Майкла галава паехала. А як было не звар’яцець, калі ён праседжваў цэлыя ночы перад тымі археаптэрыксамі, якія ў 60–х гадах называліся кампутарамі, чакаючы, пакуль яны адрыгнуць чарговыя дадзеныя пра парашок “Тайд” ці мыла “Пальмаліў” або ўстановяць сувязь паміж мыючым сродкам і сацыяпрафэсійным узроўнем спажыўца ці колькасьцю гадзін, праведзеных перад тэлевізарам? Майкл зьненавідзеў і гэткую працу, і сябе, што ён яе робіць — але яго маніла абяцаньне шалёных заробкаў. На жаль, ён ня вытрываў і сышоў з дыстанцыі, так і ня ўбачыўшы абяцаных мільёнаў.

Усё доўгае і сьпякотнае лета 1964 году Гарлем гарэў, а я штодня наведвала псыхіятрычнае аддзяленьне клінікі “Маўнт–Сынай”. Горад балянсаваў на краі бездані, а мы зь ім разам. Майкл утрапёна, шалёна наступаў на мяне, каб я дапамагла яму ўцячы, а мяне разрывала паміж вернасьцю яму і жаданьнем вучыцца далей, пісаць далей, жыць далей.

Ягоныя бацькі — маці, такая маленькая брунэтка з зубамі ад раённага пратэзіста і маніяй насіць гэткія шлёпанцы на абцасах з выразам на пальцы, смаліла па тры пачкі цыгарэтаў у дзень; бацька ў яго быў лысы здаравідла, на выгляд атупелы, але ваяўнічы, — бацькі прыляцелі з Каліфорніі, і зь лёту аб’явілі, што калі іхны сын звар’яцеў, дык у гэтым вінаваты ня хто, а я. Усё з–за мяне. Я ж ягоная жонка!.. У рэшце рэшт! Майклава маці, жыдоўская прынцэса з Уэст–Гартфарду, што ў Канэктыкуце, ажанілася далёка не з раўнёй сабе (як і ўсе жыдоўскія прынцэсы) і апынулася жонкай марака ў Сан–Францыску. У шлюбе яна долі ня мела, дык зайздросьціла на маіх бацькоў і іх адноснае багацьце (Майклавы бацькі рвалі сабе жылы, каб дабудаваць да хаты сякую–такую вэранду і не адмаўляць сабе ў магчымасьці калі–нікалі зьесьці піцу). Мае бацькі лічылі гэтую сямейку поўным абы–чым, а Майклавы маіх — невылечнымі снобамі. Бадай, і тыя, і тыя праўду казалі. Адзінае, у чым яны сышліся, дык гэта ў неабходнасьці разьвесьці нас з Майклам.

Ім гэта ўдалося. Калі Майклава мэдыцынская страхоўка скончылася, бацькі заключылі пакт: “Трэба адвезьці Майкла ў Каліфорнію”. Мяне нанялі ў якасьці мэдсястры, з намі паляцелі таксама мой бацька і псыхіятар. Каб пасадзіць Майкла ў самалёт, яго накачалі транквілізатарамі да беспрытомнасьці.

Больніца на поўдні Каліфорніі хоць і называлася “рэабілітацыйным цэнтрам”, але ад гэтага не пераставала быць дурдомам. Перад Майклам адкрываліся шырокія магчымасьці для напісаньня дысэртацыі пра “таразын 101” (“пайшоў налева муж нумар адзін”, — як заўважыла неяк пры нагодзе праз шмат гадоў мая дачка).

Ясна, што на разьвітаньне Майкл зноў абазваў мяне Юдай, запроданкай за дваццаць срэбнікаў, я расплакалася, бацька пацягнуў мяне прэч з палаты, як Эўрыдыку зь пекла. Толькі ў адрозьненьне ад Арфэя бацька не аглядваўся. Я ўцякла. Спагадлівы сямейны адвакат скасаваў шлюб, і ўсё стала так, быццам ніколі нічога не было. Майкла я болей ніколі ня бачыла.

Было б лепш, каб мы зь ім былі пажылі трохі, не афармляючы адносінаў, але на двары стаяў 1963 год, а ў 1963 годзе дзяўчына мусіла выйсьці за таго хлопца, зь якім зграшыла (цяпер мая дачка з гэтых словаў сьмяецца). Займацца сэксам можна было, калі кахаеш. А каханьне аўтаматычна прыводзіла пад вянец.

Па вяртаньні ў Нью–Ёрк увосені я пайшла выкладаць літаратуру ў Сity–коледжы і займацца сваёй халернай дысэртацыяй. У той год маім лепшым сябрам быў Расэл Гарці, сын гандляра зелянінай з Блэкбургу, што ў Ланкашыры. Сьвежасьпечаны выпускнік ёркшырскай Джыгльсуік–Скул, а перад тым — Оксфарду, Расэл зарабляў падпрацоўкамі, чакаючы, пакуль у яго зьявіцца сапраўдная аўдыторыя: яму лёсіла стаць адным з самых вядомых тэлевядучых Брытаніі.

У ім яшчэ бурліла кроў: ён вырваўся з Джыгльсуіку і апынуўся ў Нью–Ёрку, і ён закахаўся ў мяне і маю багемную жыдоўскую ўэст–сайдзкую сям’ю — знаходзіў у нас усё тое, чаго ў ягоным доме не было.

“Зь якога, зь якога ты факультэту?” — перапытвала я.

— З Джыгльсуікскага.

— Такой назвы ня можа быць, ты прыдумаў.

— На жаль, не прыдумаў!” — уздыхаў ён.

Я ад Расэла шалела, але ён мяне ні разу не пацалаваў. Канечне, ён мяне абагаўляў, і склад розуму ў нас быў аднолькавы, але ўрэшце я дапяла, што ён любіць хлопцаў.

Мы сталі сябрамі на ўсё жыцьцё і часам нават западалі на адных і тых самых мужчын (аднойчы, калі мы вячэралі ў рэстаране Лангана з двума маімі сябрукамі, ён мне шапнуў: “Калі ты будзеш прывозіць мне ў Лёндан такіх красаўцаў, я за сябе не адказваю”). Пазьней Расэл зарабіў сабе ня толькі гучнае імя, але й дрэнную рэпутацыю. Ён стаў гаварыць, падкрэсьліваючы свой паўночны акцэнт, стаў славутасьцю лёнданскіх таблоідаў, улюбёным аб’ектам нянавісьці жоўтай прэсы. Мяне ён заўсёды браў з сабой на інтэрвію. Час, калі ён працаваў пагадзіншчыкам у City–коледжы і правяраў кантрольныя навучэнцаў, даўно мінуў. Я таксама была ўжо далёка не настаўніцай. Рэпутацыя за намі цягнулася аднолькавая: сэкс, траўка, рок–н–рол — мы былі славутасьцямі і пудзіламі для добрапрыстойнай крытыкі. Па іроніі лёсу пачыналі мы вельмі акадэмічна — Расэл у Оксфардзе пад началам Нэвіла Когіла, а я ў Калюмбійскім унівэрсытэце ў Джэймза Кліфарда.

Мы былі героямі–расстрыгамі.

Памёр ён, ясная рэч, ад СНІДу, спачыў тады, калі гэтая хвароба жала сваё першае жніво, на пачатку 80–х. Тады людзі зьнікалі раптоўна, а пасьля, праз пару месяцаў, прыходзіла паведамленьне пра сьмерць. Так бязгучна пайшлі многія мае сябры. Тады дыягназ “СНІД” лічыўся нечым недапушчальным, і людзі забіваліся паміраць у нейкія норы, абы ніхто ня бачыў іх кананьня. Я заплюшчваю вочы і бачу ягоную ўсьмешку — у яго зубы троху выступалі наперад, бачу прабор у ягоных валасах, вялікія чорныя вочы. І я нібы чую ягоны голас: “Мая маці ніяк ня можа зразумець, чаму я так і не ажаніўся з табой. І, блін, сапраўды, ужо запозна ёй тлумачыць, чаму”.

Уяўляю сабе, як Расэл шчэрыць зубы недзе там, нагары, у раі для геяў, а рай для геяў — гэта мабыць вялікая саўна. Спадзяюся, у кампаніі Оскара Ўайльда, Марсэля Пруста, Уільяма Шэксьпіра, Мікелянджэла Буанароці нудна яму ня будзе.

*

У хаце я не сядзела. Ішоў 1965–ты, валасы ў мяне былі сьветлыя, фэрамоны аж пырскалі і таму без мужчынаў я не сядзела. Ніводзін мне не падабаўся так, як Расэл, але я (добры фрукт 50–х гадоў) лічыла за аксыёму, што жанчына без мужчыны жыць не павінна, ня можа, нават калі нікога, хто б прыйшоўся даспадобы, пад руку не трапляецца. Я наплявала на цэлы пачак асьпірантаў–мачо, якія выкарыстоўвалі жанчын, быццам тыя былі іх асыстэнткамі. Пасьля я закахалася ў аднаго музыку. Прырода ашчасьлівіла яго ня горш, чым асла, але як чалавек ён быў халодны і адчужаны. Я паехала за ім у фэстывальнае турнэ ў Эўропу. Калі стала ясна, што ён мае кінуць мяне а вярнуцца да сваёй былой лёнданскай каханкі, я выправілася ў Італію і там гуляла з жанатым італьянцам (першым з доўгай чарады).

“Смакчы яго, як джэлято, дарагая!” — прыдыхаў Паоло, або Джыно, або Франко, або Сандро. Я так рагатала, што баялася, што падаўлюся ягоным pisello.

Цэлібат мне не надаваўся, бо я з тых дзевак, якія ня ўмеюць сказаць “не”. Я любіла шмат мужчын, розных мужчын. Перафразуючы Іпа Гарбурга: калі не было мужчыны, якога б я кахала, я кахала таго, які быў. Шлюб быў для мяне свайго роду схованкай, магчымасьцю засяродзіцца на працы.

Увосені 1965 году я сустрэла псыхааналітыка амэрыканска–кітайскага паходжаньня (я дагэтуль жыву пад ягоным прозьвішчам), які мяне ўсхваляваў да глыбіні душы: харошы, сэксуальны, негаваркі (“Ён гаворыць, быццам тэлеграму шле, — казаў мой дзед, — і за кожнае слова трэба даплочваць”), але галоўнае, што мяне прычаравала — ягоная прафэсія.

У гэтым жрацы несьвядомага я бачыла проціатруту Майклаву вар’яцтву.

“Ты ўсё жыцьцё кідалася з адной крайнасьці ў другую”, — кажа мне мой цяперашні муж. Я ўстаю ў позу: “Ах так?” Я ведаю, чаму гэтая заўвага так мяне дратуе. Чаго я ня ведаю, дык гэта таго, якую крайнасьць прадстаўляе ён сам.

З доктарам Джонгам ажаніліся праз два месяцы пасьля знаёмства. Хто хутка жэніцца, той доўга журыцца, — кажа прымаўка. Тое, як нядоўга мы гулялі з Аланам, можна параўнаць толькі з тым, якой вялікай траўмай быў для мяне першы шлюб. Наўрад ці я кахала свайго другога мужа, але ў той час не па каханьні жаніліся. Я ведала, што хачу ўцячы ад сям’і, што ненавіджу вучэньне, што мне патрэбна псыхалягічная дапамога, што мушу пісаць. І я ведала, што баюся наважыцца на ўсё гэта сама.

Папраўдзе, я баялася застацца без мужчыны. Баялася, бо, сама ня ведаючы чаму, прыцягвала мужыкоў, як мёд — восы, і, калі мяне нічога ня стрымлівала, не магла даць сабе рады. Маўклівы псыхааналітык–муж, лічы, мае ключык да таямніцаў несьвядомага, думала я, і доктар Джонг здаваўся мне ціхай бухтай, дзе я знайду спакой. Напраўдзе я й памылялася, і не памылялася адначасова. Увогуле, у той час мець за мужа такога чалавека, як Алан, значыла — выракчы сябе на самоту. А лепшых умоваў, каб пісаць, не прыдумаеш. У лютым 1966–га мы выехалі ў Нямеччыну. Алана загрэблі ў войска, і ён вырашыў лепш адбыць тры гады ў Германіі, чым трапіць у Віетнам. Яму здавалася, што там яго пэўна заб’юць — азіяцкую морду ў амэрыканскай форме. Тры гады ў Нямеччыне ён усё бурчаў пра віетнамскую вайну (ён быў супраць), з–за якой яму прыйшлося кінуць практыку (але што ж ты зробіш?), і стагнаў, што яму цяжка без свайго псыхааналітыка (яму самому цяжка!). Мы хутка зразумелі, наколькі мы не падыходзім адно аднаму. Я так любіла сьмяяцца й балбатаць. Ён ні таго, ні таго не любіў. Карацей, я знайшла сабе кітайскага кбта. Калі пекла, як кажа Сартр, — гэта іншыя, дык я пабывала ў пекле. Прычым гонар не дазваляў мне прызнаць, што я ў другі раз памылілася. Тады я вырашыла зачыніцца ў сваім пакоі і пісаць. Можа, зрэшты, гэта й было для мяне найгалаўнейшым... а Алан адыгрываў тую ж ролю, што Вілі для маёй улюбёнай Калет. Я стварыла сабе зручную тэорыю: усім пісьменьніцам патрэбны мужчына, які б замкнуў іх недзе далёка ад мамкі, каб яны мелі магчымасьць пісаць. Мы жылі ў пары хвілін трамваем ад Гайдэльбэрскага ўнівэрсытэту ў мястэчку Гольбайнрынг сярод кадравага афіцар’я і іх “утрыманцаў”. Я чытала трохі лекцый у эўрапейскім аддзяленьні Мэрылендзкага ўнівэрсытэту (студэнты Джы–Ай зьвярталіся да мяне “Мс’ё”) і вяла рубрыку пра фэстывалі вінаў і рэстараны ў маленькім бясплатна распаўсюджваным даведніку “Heidelberg diese Woche”. Але найбольшую частку свайго жыцьця я праводзіла ў другім пакоі паскуднай вайсковай кватэркі, пішучы паэмы і апавяданьні.

Я рада паведаміць, што ўсе мае літаратурныя спробы аказваліся няўдалыя. Знаючы, што статус жанчыны больш чым незайздросны, я шукала спосабу стаць нечым іншым — абы–чым. Але чым іншым, я ня ведала.

Да чаго былі б падобныя мае паэмы, калі б у Барнардзе я вывучала ня толькі Ўолеса Стывэнза, але й Мюрыэль Рукейзэр? “Удыхайце досьвед, выдыхайце паэзію”, — піша Рукейзэр у “Тэорыі палёту”. Мяне таксама апаноўваў вельмі жаночы страх таго, што ў мяне вырастуць крылы. Толькі я ня ведала, што не адна я гэтага баялася. Як бы паўплывала на маю тагачасную творчасьць успрыманьне сябе як часткі традыцыі? Але ж пра Рукейзэр нам ніхто не гаварыў, як маўчалі і пра Рут Стоўн, Эдну Сэнт–Вінсэнт Міле, Анну Ўікгем, ГД, Лору Райдынг, Марыну Цьвятаеву. Вось і выходзіла, што я пісала быццам нябачнымі чарніламі. Я знаходзілася ў становішчы, тыповым для паэтак сярэдзіны 60–х. Курсу жаночай літаратуры не было, анталёгіі жаночай літаратуры не было. Я сядзела ў сваім пакойчыку ў глушы Шварцвальду і шукала шлях, каб стаць паэткай у эпоху, калі само слова “паэтка” гучала як кпін. Уся гісторыя ангельскай паэзіі — якую я, на жаль, надта добра ведала — вылучала мужчыну як творцу і жанчыну як сынонім натуры. Шэксьпір, Грэйвз, Ейтс, Ўордсуорт — паэты апрацоўвалі жаночую Натуру–загатоўку, вырабляючы зь яе андрагіны–плады. Кабета значыла “муза”, а музы мусяць маўчаць.

“Хто й калі зможа зьмераць жар і буйства паэтычнага сэрца, замкнёнага, замураванага ў жаночым целе”, — запытвалася Вірджынія Вулф, чыя фантазія надзяліла Шэксьпіра сястрой (ангельская рок–група падхапіла гэтую ідэю). А хто й калі зьмерае шкоду, наробленую мітамі й парадыгмамі, што пазбаўлялі ўсякіх шанцаў цэлыя пакаленьні патэнцыйных паэтак?

Аднойчы ў 1966 годзе сяброўка маёй сястры, якая жыла ў Нью–Ёрку, даслала мне зборнік вершаў адной паэткі, што ўжо не жыла. Зборнік называўся “Арыэль”. Паэтку звалі Сыльвія Плат. Якія невымоўна жывыя былі гэтыя вершы! Аўтарка наважвалася браць за сюжэт жыцьцё звычайнай жанчыны. Аўтарка мела сьмеласьць злаваць — рэч для майго пакаленьня забароненая. Яна асьмельвалася гаварыць пра кухонныя прышэпты, смурод дзіцячых какешак, дрыжыкі, якімі працінае парэзаны палец, пра сьвятую–прысьвятую баранюю лапатку, што шкварчыць у лоі ў нядзелю зранку.

Раптам я пабачыла, што магу разьвітацца з сваімі культурненькімі паэмамі пра італьянскія фантаны і магілы ангельскіх песьняроў, што магу гаварыць пра сваё жыцьцё — жыцьцё сужэнкі–“утрыманкі”, пра базар, кухню, сямейнае ложа. Я адкрыла ў сабе здольнасьць пісаць пра яблыкі й цыбулю, прычым у гэтых паэзіях праз аб’екты штодзённага жыцьця адкрываліся дзьверы майго ўнутранага сьвету.

Сыльвія Плат вывела мяне на Анну Сэкстан. “To Bedlam and Part Way Back” выйшла ў 1960, “All my Pretty Ones” у 1962 годзе, а “Live or Die” толькі што. Такія паэмы, як “Мэнструацыя ў 40 год” і “Роўная ёй” пацьвярджалі правамернасьць маіх уласных высілкаў — я імкнулася злавіць тую чараўніцу, якою я была апантаная, рапсода з крывацёчнай маткай, храністку “чырвонай хваробы” каханьня.

Вірджынія Вулф, якая лепш чым хто разумела праблемы жаночай крэатыўнасьці, кажа пра:

“нагрувашчваньне жыцьцяў, якія так і ня трапілі ў летасьпісаньне, бясконцыя шэрагі кабетаў на рагах вуліц — яны стаяць, падбачэніўшыся, а заручальныя пярсьцёнкі ўрасьлі ў пальцы, яны гавораць і махаюць рукамі, а рытм іх дэклямацыі нічым ня горшы за шэксьпіраўскі — і шэрагі гандлярак ландышамі, цыгарэтамі, і шэрагі старых на ганках; шэрагі дзяўчат, якія бязмэтна таўкуцца ў горадзе і твары якіх, нібы хвалі пад сонцам ці хмаркамі, адлюстроўваюць стрэчных мужчын і жанчын і зыбкі бляск вітрын. Вы мусіце зьведаць усё гэта...”

Яна ўзьнімае вялізны пласт жыцьця жанчыны, не крануты іх стасункамі з мужчынамі. Гэты бок — найбольшы — лічылася, ня мае ніякай цікавасьці, ніякай вагі для літаратуры. Пакуль літаратурны парадак дня будуць вызначаць мужчыны, так яно й будзе. Толькі каханьне — рамантычная сувязь ці адультэр — будзе разглядацца як варты цікавасьці сюжэт.

Чаму? Бо мужчыны зьмяшчаюць у цэнтар літаратуры сябе і бо мужчыны ня любяць, каб ім нагадвалі, што існуе такі павет жаночага жыцьця, дзе мужчыны — не галоўныя. Вось чаму шмат хто з жанчын працягвае пісаць па модзе, устаноўленай паводле мужчынскіх крытэраў. Вось чаму ў сэрцы літаратуры — “любоў”.

А што здарыцца, калі мы будзем гаварыць пра сваё жыцьцё безадносна да мужчынскага полу? Ці можна ўвогуле ўявіць сабе такую ерась? Толькі паглядзіце, зь якою пасьмешкаю былі ўспрынятыя Віялета Лёдук, Моніка Вітыг, Анаіс Нін, Мэй Сартан. Калі “каханьне” ўжо памахала вам ручкай, жыцьцё яшчэ прыхоўвае на вашу долю ці мала ўцехаў, — пісала Калет, якую за яе вальнадумства й пакаралі, адмовіўшы ёй у належным чалавеку яе рангу пахаваньні, ня даўшы ёй ні мэдалёў, ні ордэнскіх стужак, ні кавалерскіх разэтак. Ня думаю, праўда, каб гэта ёй далося ў знакі.

Якая памысная самота — шчасьце дзьвюх жанчын, што жывуць разам, дзьвюх сябровак, дзьвюх каханак; шчасьце маці й дачкі, што сьпяць у адным ложку і ўсю ноч размаўляюць; шчасьце дзьвюх сясьцёр, чыіх мужоў няма або чые мужы памёрлі, ад’ехалі; шчасьце разам працаваць, корпацца ў садку, глядзець дзеці, хадзіць па магазінах, гуляць, упраўляцца па гаспадарцы. Такое шчасьце — ерась і блюзьнерства ў мужчынскіх вачах.

Большую частку жыцьця мы праводзім у адзіноцтве або з жанчынамі, а нас прымушаюць сама ўважліва разглядаць тую нязначную часьцінку жыцьця, якую мы дзелім з мужыкамі. Бог ведае, што па–за “з–мужчынскай” часткай нашага жыцьця — ня цёмная ночка, але мы мусім рабіць выгляд, што мы толькі таго й жывем, што ў стасунку з мужчынамі; у сваіх кнігах мы мусім гаварыць пра каханьне і яшчэ раз каханьне, пакуль гэтае каханьне не саб’е аскоміну ўсім, у тым ліку й нам самім.

Вось што такое другі пол: усе вашы асалоды, усе вашы мукі лічацца другаснымі ў параўнаньні з тым, што дзеліце зь іншым полам.

Ці сапраўды мужчыны такія ўжо цікавыя? У іх вачох — так. А я нядаўна адкрыла для сябе, што кабеты нашмат цікавейшыя. Я так доўга жыла дзеля мужчын, да апошняга часу ўсё рабіла дзеля іх, што гэтае адкрыцьцё стала для мяне сапраўдным шокам. Няўжо я, якую ўсе лічылі бунтаркай, сама была ахвярай “прынятасьцяў” і жыла паводле тых жа правілаў, што і іншыя жанчыны майго часу? Або ўсё ж я дазваляла сэксуальнаму жыцьцю прышпандорваць сябе да ўсякіх Гольбайнрынгаў, бо ведала, што гэта найлепшы спосаб прычараваць музу? Паколькі я лічу сябе чэснай, я адчуваю патрэбу адказаць на гэтае пытаньне.

З разьдзелу VI. Сэкс

Жаночае ўзрушэньне можа дасягаць інтэнсіўнасьці, недасяжнай мужчынам. Мужчынская пажада бурлівая, але засяроджаная ў адным месцы, і, калі не лічыць моманту сутаргі, мужчына ня траціць прытомнасьці ад асалоды; жанчына ж, наадварот, перажывае сапраўднае адчужэньне; шмат для каго гэтае пераўвасабленьне і ёсьць найсалодкай і найгалоўнай хвіляй каханьня; але ёсьць у ім і нешта магічнае і страшнае.
Сымона дэ Бавуар, “Другі Пол”

Або нас мільён такіх вычварэнак, што ў ганьбе чапляюцца за свае гразныя падручнікі, або ўсе гэтыя сэксуальныя фантазмы — цалкам нармальная рэч.
Сузі Брайт, “Сэксуальная рэчаіснасьць: Даведнік віртуальнага сэксу”

Пасьля ўсіх гэтых стагодзьдзяў ніякая больш–менш разважлівая жанчына ня стане перабіваць мужчыну, які расказвае ёй, што ён думае пра полавыя стасункі.
Дорыс Лесынг, “Залаты дзёньнік”

“Мне прысьніўся сон, які быў не зусім сном”, — пісаў Байран. На маю долю дасталася адно абсалютна ідылічнае лета. Калі людзі кажуць “Эрас”, я ведаю, пра што гаворка, нават калі тыя, хто кажа, не зусім уяўляюць, пра што. І калі мне трэба выклікаць фантазм, які б уваскрасіў у жылах тую вяршыню асалоды, на якую толькі здольная ўзьняцца кабета, я згадваю тое лета.

У той час — а гэта было недзе паміж маім трэцім і чацьвертым шлюбам — я была свабоднаю. Я закахалася ў мужчыну, які мне здаваўся Панам, ад якога патыхала сонцам і жарсьцю, які праводзіў дні на шлюпе на хвалях вэнэцыянскай лягуны і Адрыятыкі.

Мы пакахалі адзін аднаго на борце ягонага судна; пасьля быў год чаканьня, а калі я пасьля зімы вярнулася ў Вэнэцыю, нам удалося вырваць у жыцьця пару хвілінаў поўнага шчасьця ў кватэры, якую ён дзяліў са сваёй спадарожніцай жыцьця. Наша сувязь трывала збольшага праз тэлефон і факс. Мы сустракаліся пры кожнай магчымасьці; я насіла на руцэ два гадзіньнікі, каб заўсёды ведаць, якая гадзіна ў Вэнэцыі.

Прыяжджаючы ў Вэнэцыю, я спынялася ў цудоўным нумары люкс гатэлю “Britti”, дзе на столі танчылі адлюстраваньні хваляў. П’ера (назавем яго П’ера) наведваў мяне ўранку і ўвечары.

Але нейкім летам (ня памятаю ўжо, на другі ці трэці год) я вырашыла зьняць на тры летнія месяцы piano nobile аднаго palazzo — я хацела, каб мы мелі колькі хоч часу, каб зьведаць нашу сувязь да глыбіні і пабачыць, ці ёсьць у яе шанцы перайсьці ў сталую. Гэтае лета навучыла мяне, што Эрас ніколі не бывае сталым ці, хутчэй, што ўмова ягонай сталасьці — нясталасьць.

Я прыехала і пасялілася ў сваім palazzo; ён выходзіў вокнамі на канал Джудэка, па якім лёталі туды–сюды караблі з кірылічнымі надпісамі на бартах; у абнесеным высокімі мурамі садку цьвілі старыя ружы, а на адзіным дрэве — грушцы — наліваліся надзіва сачаністыя, ёмкія, высакародныя плады.

У першы ж ранак П’ера прыйшоў аб адзінаццатай паздароўкацца са мной (“per salutarti”, казаў ён). Ён прывітаўся з маёй шыяй, вуснамі, языкам, узяў за руку і завёў у спальню, нясьпешна разьдзеў, славячы кожную часьцінку майго цела, увайшоў у мяне і заставаўся там, сталёвы, цэлую вечнасьць; а я брыняла сокам, як тыя грушкі на ігрушы і трапятала, як навальніца, трасучы дрэва так моцна, што калі б то была тая ігрушка, то зь яе б пападалі ўсе плады.

Я поўнілася ягоным водарам, словамі, языком, дубчаком, яго такім марудным дубчыкам, усё ўва мне прыхінулася да яго; быццам усе кляцінкі майго цела расплыліся, а пасьля схлынулі разам, перажываючы сапраўднае перамяненьне — праўда, тут цела і кроў рабіліся хлебам і віном. Я шукала вачыма ягоныя фаўнавы вочы, ягоныя залачава–рудыя кучэры, я шаптала: “Mio dio del bosco” — мой бог лясны — бо менавіта гэта мяне распальвала: уражаньне, што я аддаюся вялікаму пяшчотнаму ведзьмару, чалавеку–аленю, рагатаму бажаству, богу чараўніц, зялёналюдзіку. Уражаньне, што я аддаюся ўсёй прыродзе, зрокшыся сваёй інтэлектуальнасьці, волі, адрознасьці, каб растаць у ягоным соку, у энэргіі цьвету.

Ромбікі сонца лашчылі пасьцелю, па столі сярод вобразаў Геры, Вэнэры, Пэрсэфоны і розных сыбіл блукалі водбліскі каналу, з крэктам праносіліся маторкі, і ў пенным сьледзе майго зьлюбу з борам і морам я ясна адчула, на што павінна быць падобным жыцьцё мужчыны і жанчыны, дзьвюх палавінак, што лінуцца адна да другой, пазачасавае, вечнае жыцьцё. Менавіта гэтага людзі імкнуцца дасягнуць, гонячыся за грашыма і ўладай, менавіта гэта яны стараюцца разьбіць у іншых, калі ім самім яно недасяжнае. Вельмі просты дар — але не настолькі даступны — якога большасьць людзей так і не паспытала. Усе іх хітрыкі мелі наўме адно — адкрыць гэта.

“Мне трэба ісьці”, — сказаў ён, і я пайшла за ім у ванну, падсьміхаючыся і проста падскокваючы з радасьці, ён падмыўся пад пахамі і там, адзеўся, чмокнуў мяне між грудзямі і кінуў: “ Я заеду па цябе а пятай”.

Я села пісаць сваю дзённую норму старонак, ягоны сок прасыхаў у мяне на сьцёгнах, а ягоны водар — на пальцах і вуснах. Прапрацавала я да трох, тады нацягнула купальнік, накінула лёгкую сукенку і паднялася на Fondamenta ў басэйн, дзе, расплываючыся па лазурнай вадзе пад сьляпучым сонцам, пару разоў праплыла туды–сюды. Пасьля зьела–зьела нечага і зноў выйшла на Fondamenta. Мне здавалася, што я лунаю па–над вуліцай, як на крылах.

А пятай патэлефанаваў ён: “Siete sola?” (Ты адна?)

Ясна, адна. І вось я зноў апынулася ў ложку са сваім лясным зьверам, на столі на гэты раз іграла пасьляпалудзеннае сьвятло, а ўва мне — ягоны скіпэтр, ягонае жазло; пад яго прасалелымі вуснамі мой рот станавіўся лягунай, у якой патанала гарачае ружовае сонца.

Калі–нікалі мы ўдваіх шпацыравалі на Fondamenta, заходзілі выпіць па бакале віна ў Harry’s, а пасьля ён вяртаўся да свайго другога жыцьця, а я — да вячэраў зь сябрамі, канцэртаў, опэр, доўгіх паходаў па Вэнэцыі. Так прайшоў тыдзень. На восьмы дзень увечары ён зьнік, нічога не патлумачыўшы. Ён быў у моры зь некім, каго я ня ведала, ён сплыў, і я ня ведала нават, ці пабачуся зь ім яшчэ.

Дні цягнуліся марудна. З Амэрыкі прыпёрся адзін з маіх кавалераў. Пасьля іншы прэтэндэнт на маю прыхільнасьць прыляцеў з Парыжу. Ім не ўдалося пацясьніць сьлед П’ера на маім ложы. Нарэшце да мяне наведалася дачка, а зь ёю й мая памочніца, і я дзяліла свой час між роляю маці і працай. Гнеў на П’ера не пераходзіў — не таму, што ён мяне кінуў, а таму, што ні слова не сказаў. Я клялася, што ніколі больш нагі ягонай у маім доме ня будзе. Лета здавалася бясконцым — бескарыснае, душнае, з вопарам. Вэнэцыя гайдалася на вадзе, як шлюпка, у якой я з усімі перазнаёмілася і ні з кім не сышлася. Урэшце дачцэ прыйшоў час ехаць у госьці да бацькі, а маёй асыстэнтцы — да каханка. Прыходзілі сябры, мяне засмактала бясконцая чарада вечарын… і раптам ураніцы бомкае тэлефон, і ён мяне пытаецца, быццам нічога не было:

“Siete sola?”

Cretino! — закрычала я.

— Я еду ў Мурана. Едзеш?

І я пабегла да яго, гатовая выдзерці яму зекры. Я біла яго ў грудзі кулакамі:

“Я спэцыяльна ехала сюды, а ты... Як ты мог закінуць мяне?”

— У мяне не было выйсьця. Інакш я ня мог.

І ягоныя вусны прымусілі мае вусны змоўкнуць.

Неўзабаве мы спыніліся сярод бросьні, за трысьнягамі і заняліся каханьнем. Човен калыхаўся ў рытме нашых целаў.

Мае госьці сьмяяліся з таго, як я яго кляну, а пасьля бягу да яго, а пасьля зноў кляну. Я яму ўсё даравала. Што я магла зрабіць? Калі ён уваходзіў у мяне, я адчувала сябе напоўненаю і задаволенаю. Але калі ён сыходзіў, у мяне ніколі не было пэўнасьці, што ён вернецца. У гэтай гісторыі няма канца. Калі б ён зьявіўся сёньня, калі б ён дакрануўся да мяне, ён зноў зацягнуў бы мяне ў лес, у лягуну, у віхор свайго шаманскага танцу.

Пачуцьцё нясталасьці рабіла ягоную ўладу нада мной непастаяннай, яго ірэальнасьць рабіла ўладу рэальнай. Іншы раз увечары я засынаю з думкаю, што прачнуся ў гэтай іншай краіне з гэтым іншым мужам.

Ён мой начны муж; калі месяц поўны, я думаю пра яго. Ён насяляе мае сны.

Калі людзі кажуць “сэкс”, я думаю пра яго.

Я заўжды змагалася з сэксуальнай цягай. Яна мае нада мной такую ўладу, што мне прыходзіцца даваць ёй сапраўдны бой, каб захаваць сваю незалежнасьць. Калі я падлеткам адкрыла задавальненьні мастурбацыі, я падумала: “Во, можна будзе абыходзіцца без мужчын”.

Я жадала мужчын сэксуальна, але мне здавалася недапушчальным, каб яны мелі нейкую ўладу нады мной. Тым самым я патрабавала ад іх немагчымага. Большасьць зь іх аддае ўладзе перавагу над сэксуальнай сувязьзю; калі ім даюць толькі адно, без другога, яны ўрэшце ўстаюць на дыбкі. Вось чаму легендарныя каханкі сталі выміраючым відам. Яны ня хочуць жыць так, як хочам мы. Яны ня хочуць звычкі. Рыхтуйцеся згубіць начнога партнэра, як толькі яго знайшлі. Сонечнага сьвятла ён ня любіць.

У сэрцы любой жанчыны жыве лесавы бог. А гэты бог ня створаны ні для шлюбу, ні каб зьвіць гнязьдзечка, ні каб стаць бацькам.

Трэба глядзець праўдзе ў вочы: мы бігамная парода. Мы жонкі аднаго мужа сэрцам, а другога — целам. Бывае, што на ноч ці на дзьве сэрца і цела робяцца адным цэлым, але пасьля яны расстаюцца зноў.

Мой фантазм — сям’я ўтраіх: начны муж, дзённы муж і я. Практычных момантаў, як гэта можна арганізаваць, я шчэ для сябе ня высьветліла, але калі я знайду рашэньне, я вам пра гэта паведамлю. Я ведаю, што гэтае жаданьне падзяляюць многія жанчыны, і толькі страх і ідыёцкі абавязак “захоўваць прыстойнасьць” не даюць ім у гэтым прызнацца.

Пра гэта ў сьціжме працаў пра каханьне і сэксуальныя зносіны нічога ня пішацца. Іншы раз уначы, пераключаючы каналы, я трапляю на “ружовыя” фільмы. Усе мужчыны ў іх цынічныя і грубыя, ва ўсіх жанчын — акцэнт Бронксу. Мужчыны настолькі самаўпэўненыя і самадастатковыя, што ў іх не застаецца месца для іншых. Я не пазнаю герояў сваіх фантазмаў у гэтых фільмах.

Сэксуальнае жыцьцё, якім яго апісваюць у кнігах і паказваюць у кіно, да таго пазбаўленае таямніцы, што проста палохае мяне. Таямніца — гэта сама сутнасьць чалавечага роду. Менавіта тайніца робіць нас тым, чым мы ёсьць.

*

Мне было за сорак, калі ў мяне шалёна закахаўся адзін вядомы пісьменьнік. Я запрасіла яго да сябе на абед у Нью–Ёрк, мы абмяняліся досыць сьціплымі пацалункамі й ласкамі, і ён паляцеў назад у сваю Англію, а я паехала на лета ў Канэктыкут. Нашы лісты перасякаліся ў небе над Атлянтыкай, і зь іх сыпаліся чорныя падвязкі, чорныя панчохі, паэтычныя вершы, двухсэнсоўныя фразы — сапраўдная прэлюдыя да эратычнага раману.

Мы кожны дзень аж выглядалі, ці ня йдзе паштальёнка, і адказвалі, укладаючы ў лісты ўвесь свой літаратурны дар.

Цераз два–тры месяцы такой дыеты я села на самалёт і паляцела ў Вэнэцыю з намерам за некалькі тыдняў выбрацца ў Лёндан да свайго пяшчотнага карэспандэнта. Але ў Вэнэцыі ўсё ўскладнілася. Я сустрэла П’ера, аднавілася наша гарачая сувязь.

Пыл ангельскага пісьменьніка раптам прапаў, і ўсё ж ён паставіў на вушы ўсё сваё графства, кінуў на пару дзён жонку, прыехаў да мяне ў Лёндан і высадзіўся ў маім шыкоўным гатэлі з кардонным чамаданчыкам і двума блёкамі цыгарэт (уладкоўваўся!). Абвёўшы вачыма мой люкс зь відам на парк, ён выбраў саркастычны тон: “Вашы кніжкі някепска прадаюцца, падобна”. Рукі ў яго трэсьліся, і вось ён пачынае хадзіць па пакоі туды–сюды, смалячы цыгарэту за цыгарэтай. “Мо пачытаем вершы? — прапануе ён урэшце.

Што сказаў, тое зрабіў. Не дапамагло.

Наўрэшце мы пайшлі вячэраць у брудны паб, дзе ён пачуваўся як дома. Ён спрабаваў патапіць сваю нэрвознасьць у алькаголі, але дарэмна — ён заказаў абсалютна паскуднае чырвонае віно.

Калі мы вярталіся ў гатэль, я ўжо думала, як ад яго адчапіцца. Апошні цягнік у напрамку яго задрыпанай правінцыі даўно пайшоў. Адправіць яго ў які–небудзь брудны прывакзальны гатэль мне не дазваляла сумленьне. Як я часта раблю, калі не магу справіцца з сытуацыяй — я засела ў ваньне.

Калі я выйшла, ён чакаў мяне ў ложку і курыў сорак чацьвертую за дзень цыгарэту.

“Разам спаць цяплей”, — вымавіў ён, усьміхаючыся ўсімі сваімі няроўнымі паламанымі зубамі. Ягоныя пісьмы былі куды больш прыцягальнымі.

Чытачу, чытайце ўважліва: я адзела яму прэзэрватыў, перш чым зрабіць тое, што ён хацеў. А пасьля я пайшла спаць на канапу ў гасьціную і там, завярнуўшыся у сацінавую коўдрачку, пракруцілася цэлую ноч.

Нараніцы я пачаставала яго беспараўнаным сьняданкам, з элеганцыі якога ён кпіў, і ён паехаў, адкуль прыехаў. Ён аказаўся напышлівым снобам і тупым антысэмітам.

Усё ж я захавала ягоныя лісты.

Іншы раз я дастаю іх і перачытваю так, быццам канца не было. Няскончаныя гісторыі цікавейшыя.

*

Па вызначэньні каханьнем можна займацца толькі зь некім, хто не зьяўляецца вашым мужам ці жонкай — я не скажу нічога дрэннага пра тое, што вы перажываеце зь імі; проста гэта іншая катэгорыя. Прыклейце этыкетку “сямейны”, і адразу блякне ўся таямніца. Фізычнаму каханьню асаблівы флёр надае таямніца, магія, кропля забароненасьці.

У дзяцінстве я захаплялася казкай пра князёўну Лангвідэрэ Оз, якая мела трыццаць галоваў, па адной на кожны дзень месяца. Былі галовы добрыя, а былі злыя, і князёўна ня ведала, дзе якая, пакуль не апране. А тады было ўжо запозна.

Мілая дзяўчынка не адказвала за свае дурныя ўчынкі. Злая ж дзяўчынка аказвалася мілай, якая проста памылілася галавой.

У сваіх фантазмах я князёўна Оз; на мне белая празрыстая баваўняная сукенка, а на руцэ — рубінавы ключ ад шафаў з галовамі.

Я адчыняю шафу, нацягваю чорную галаву Мэдузы, і вось я ўжо крычу ангельскаму пісару: “Прэч! Як сьмееце завальвацца да мяне са сваім кардонным чамаданчыкам!”

Наш вораг — неабходнасьць быць ласкавай, выхаванай, пачцівай.

Кожны раз, калі я паддаюся гэтаму абавязку, я загадваю сабе: “Зьмяні галаву!”

Ідэальная дачка, ідэальная сястра, ідэальная ўнучка, ідэальная жонка, ідэальная маці... адзінае месца, дзе я застаюся шчырай — гэта ложак, дзе я здраджваю мужу. Забароненае каханьне робіць нас самімі сабой, бо жанчынам усё яшчэ забаронена быць самімі сабой. Сэксуальнае жыцьцё ляжыць у аснове гэтага вяртаньня да сябе, яно каталізуе трансфармацыю. Вось чаму нельга адмаўляцца ад сэксу.

З вакна свайго палацу я гляджу на караблі.
Вось–вось бомкне тэлефон.
Бадай, я скажу “так”.

Няма нічога больш сумнага, чым жанчына, якая паставіла крыж на сваім сэксуальным жыцьці. Яна вымушае згадаць фразу Оскара Ўайльда: “Дваццаць год каханьня, і жанчына робіцца развалінай. Дваццаць год шлюбу, і яна — грамадзкі помнік”.

Вось яна, уся розьніца паміж Оскарам Уайльдам і мной. Зь яго зьдзекваліся, яго перасьледавалі, але ніхто ніколі не пытаўся гэтага мужчыну, пакаранага за каханьне да іншых прадстаўнікоў свайго полу: “А што пра вашы творы думае ваш муж?” Ён зьведаў турму, засланьне, але не: “А што ваш муж?”

Якім бы правам голасу жанчыны ні валодалі, ня будзе ў іх ніякай свабоды, пакуль яны будуць сутыкацца з такой рэакцыяй на сваю працу.

*

Па меры таго, як я пісала гэты разьдзел, выяўляла свае фантазмы на паперы, выказвала мроі і запісвала згадкі, наша з маім чацьвертым мужам супольнае жыцьцё набывала ўсё больш паўнакроўны сэксуальны характар. Штовечара мы займаемся каханьнем, абдымаемся, шторанку сьмяемся. Я распавядаю яму свае сны і фантазмы, чытаю яму старонкі, якія яго ўзбуджаюць, казычу яго як новага каханка. Узьнікае хатняя ідылія.

Гэта не перастае мяне зьдзіўляць. Дзень пры дні я пішу, што сэкс са шлюбам кусаюцца. Ноч пры ночы я перажываю адваротнае.

Можа, сямейная сувязь тады выяўляецца ўдалай, калі муж і жонка чэсна дзеляцца адно з адным сваімі фантазмамі; але найчасьцей сямейсьцьвенныя стасункі не прадугледжваюць такой адкрытасьці. Нас засмоктвае выкананьне сямейных роляў, у якіх мы ўвасабляем сваіх бацькоў.

І тады магія сэксу зьнікае. У Амэрыцы людзі разводзяцца і жэняцца наноў. У Эўропе людзі застаюцца ў шлюбе і адначасова маюць “прыгоды”. Ні там, ні там не глядзяць праблемам у твар.

Свабода і сэксуальнасьць могуць быць у шлюбе тады, калі чалавек не паланёны шлюбам; сэксуальнасьць можна перажываць толькі калі фантазмы не зважаюць на запіс у пашпарце: свабода ў шлюбе — гэта, магчыма, найгалаўнейшы выклік. Мы ня маем улады над фантазмамі іншага — вось пра што мы павінны памятаць, калі хочам быць блізкімі адзін адному — сэксуальна і ня толькі сэксуальна.

Прырода не зрабіла нас манагамнымі. І ці прызнаем мы сваю палігамнасьць, ці не, а яна сядзіць у нас, і мы выпальваем яе зь сябе зь вялікай рызыкай. Вызваленая жанчына — тая, якая мае свае ўяўленьні і не хавае іх. Ёй належаць яе фантазмы, і яна вольная вырашаць, дзяліцца імі ці не.

Ненавіджу падыход амэрыканцаў да сваёй сэксуальнасьці. 10 год ён будзе спаць зь першымі–лепшымі, а 10 год трымаць зарок чысьціні. Залатая сярэдзіна нам недаступная. Не было яшчэ так, каб мы памяталі пра абодва бакі жыцьця жанчыны: і пошук Пана, і пошук самоты. Мы так і не схацелі прызнаць, што само жыцьцё — гэта сумесь мёду і палыну.

Фэміністкі могуць выесьці кішкі горш за пурытанак. Некаторыя патрабуюць: маўляў, раз мужчынскасьць — крыніца непрыемнасьцяў, давайце ад яе проста пазбавімся. Маўляў, толькі імпатэнты маюць права на існаваньне, толькі геяў можна лічыць чыстымі. Тым самым сёньняшнія жанчыны апынаюцца ў пастцы сафізму. Хуліганы ўзбуджаюць нас, але хуліганы палітычна некарэктныя. Ці азначае гэта, што сэксуальная ўзбуджанасьць палітычна некарэктная? Некаторыя жанчыны лічаць, што так.

Мне ў жыцьці таксама прыходзілася хаваць тое, што ў мяне ёсьць пол. Ува мне таксама ёсьць нешта пурытанскае. Але я ведаю, што з гэтым важна змагацца. Ведаю, што рот Бакха поўны пурпуровага віна. У Бакха ё й вострыя зубкі, але ў гэтым жа ж і заключаецца хараство. Краса цесна зьвязаная зь небясьпекай. І са сьмерцю.

З разьдзелу VIII.
Калі славутасьць палохае

Гэта была сямейная традыцыя: Эўропа для нас увасабляла сэксуальную вольнасьць. У Эўропе мы казалі “бывай” пачуцьцю віны: зіхцелі трыко танцорак кардэбалету, хлопцы, што дарылі пацалункі пад мастамі, зьнікалі ў вадзе Сэны, Арна або Тэмзы, як быў так пайшоў. Эўропа зь яе фліртамі на адзін вечар зводзіла нас з кавалерамі, пра якіх нельга было сказаць, што яны дурылі нам галаву, бо яны ня ўмелі й трох слоў зьвязаць па–ангельску. Эўропа была паэзіяй, турнэ па вялікіх княствах, віном і сырам, краінай Дваццаці Прынцэс, што любілі танцы. Тут нічога ня мела значэньня. Бо мая сям’я своечасова ўцякла з Эўропы перад тым, як запалалі печы Галакосту. Цяпер мы гулялі з агнём, разьдзьмуваючы сэкс, што вабіў нас у жар. Амэрыканскім жыдам эпохі пасьляваеннага бэбі–буму Эўропа здавалася тым больш сэксуальнай, што яны ледзьве–ледзьве ўберагліся ад самага вялікага пагрому ў гісторыі. Бог стварыў толькі дзьве сілы — каханьне і сьмерць, — і калі яны занадта збліжаліся, сумесь рабілася проста выбуховай.

Калі ў бабулі майго цяперашняга мужа, якой цяпер 101 год, пыталіся: “Вы хочаце паехаць у Эўропу, Нана?” — яна адказвала заўсёды аднолькава: “Я ўжо там была”.

У мяне ў сям’і да старога кантынэнту ніколі не адвярталіся сьпінай. Калі мне споўнілася трынаццаць, я ў суправаджэньні бацькоў упершыню перасекла Атлянтыку на ляйнэры “Лібэрці” (які некалі называўся “Брэмэн”), тарабанячы за сабой касмэтычку зь пятнаццацьцю рознымі шмінкамі і дваццацьцю лякамі для пазногцяў: Гросвінар Гаўс, вэрсальскі “Трыянон Палас”, гатэль “Джордж V”. Я фліртавала з усімі грумамі, гэтымі мікраскапічнымі стварэньнямі, замкнёнымі ў залачоных клетках ліфтоў.

Калі мне споўнілася 19, мяне паслалі на лета вучыцца італьянскай мовы ў Флярэнцыю, у Торэ дэ Бэлёзгуарда; у лета свайго 23–годзьдзя я вярнулася туды з тымі самымі мэтамі, але ўжо не прыкрываючыся лінгвістычнымі патрэбамі.

Я закахалася ў Італію, быццам у мужчыну — аднаго мужчыну з мноствам campanile. Пасьля гэтага Італія назаўжды стала для мяне краінай каханьня. Стала і застаецца, нягледзячы на тое, што цяпер яе пабляклыя пляжы запаскуджаны плястыкавымі бутэлькамі й рызінкамі, а VIP сёньня па–італьянску азначае visite in prigione.

Willkommen in Wien, — абвяшчала шыльда. У гэты раз я прыехала не ў Італію, але непадалёк. Тут жа за Альпамі расьсьцілалася the Country of Love, краіна–гоцалка, зь якой з лязурнага мора партыю вальса вядзе Сыцылія. А Вена прычароўвала, хоць і была нашпігаваная нацыстамі і “псыхааналістамі”, хоць я й прыехала туды з мужам.

Вырашэньнем гэтага пытаньня я хутчэй занялася. Маё сэрца трапіла ў палон у тую ж хвіліну, як мае вочы ўбачылі абсалютна неадэкватнага героя — хіпара–псыхоляга з проста цудоўнымі зялёнымі вачыма (адно зь якіх шкляное), бялявымі раскудлачанымі валасамі, а фэрамоны зь яго проста пёрлі. Я шукала на сваю галаву прыгоды, якая б разагнала трохі руціну шлюбу, і натрапіла на дэманічнага каханка, чыім каньком было разбурэньне лёсаў — праз спакушэньне жанок сваіх калег.

Звалі яго так сьмешна, што запісаць гэтае імя на паперы я не наважуся. Для сябе я празвала яго Goodlove, Дабралюбам (прыгадаўшы Лавэласа Клярысы). І я здолела завабіць яго.

Вось што здараецца, калі ад спатканьня я пачынаю думаць задніцай. Бо, страціўшы галаву, жанчына ўрэшце гуляе з аб’ектам сваго пачуцьцёвага катаклізму ў дроцікі. Купідон сваю справу знае, стрэлы і каханьне ідуць парай. Ён разьбіў мне сэрца, а я адыгралася на прыродзе.

На публічных мерапрыемствах — вячэрах на Дунаі, банкетах у Ротгаўс, лекцыях геніяў псыхааналізу, якія мы слухалі ў слухаўках — мы зусім не хавалі раману. Мы спэцыяльна паводзілі сябе так, каб усе ўсё заўважылі. Гэта надавала нам жару. Нам ня так хацелася даць адно аднаму, як карцела добра даць майму мужу і псыхааналітыку. Але псыхааналітыку на гэта было напляваць, і толькі ў мужа грала на нэрвах.

Правёўшы папярэдняе расьсьледаваньне ў брытанскім пансыёне, я дазналася, што ў ложку ад майго новага захапленьня шмат чаго чакаць не выпадае. Усё адно я шалела ад яго, аж дрыжала ад акудных слоў, якімі ён проста хацеў заправесьці мяне ў глыбіню самой сябе. Я спакусілася. Ён быў тым спакусьнікам, якога я заўжды шукала.

Мой першы зборнік вершаў выйшаў увесну, і я чакала ўзнагароды. Кожны раз, калі я публікую кнігу, мне патрэбны хаос. Кніга наводзіць парадак на пэўным кавалку майго жыцьця і кладзе яму край. Калі гэтая фаза сканчаецца, мусіць пачацца іншая. Мне патрэбны плыт, каб пераплыць праз Рубікон. Такім плытом заўжды быў мужчына.

Я прыйшла, пабачыла і здалася на ласку пераможцы. Маючы дар ператвараць нявольніка ў валадара, я яго скарыстала на ўсе сто і гэтым разам. Мае сэрца і потка біліся ў вячыстым рытме: “вазьмі мяне, вазьмі мяне, вазьмі мяне ці мне капцы”.

Уначы мы з мужам не ляжалі, а хадзілі і аналізавалі, што прыцягвае мяне да гэтага чалавека. Увесь гэты аналіз, меркавалася, меў зьнішчыць цягу ў зародку, але ў выніку яна ўзмацнілася. З кожнай кнігай я быццам бы луплю зь сябе скуру; такім чынам, нішто не аберагала мяне ад кантакту. Рана магла зацягнуцца толькі новай скуркай.

Мэтаю любоўнай прыгоды і ёсьць стварэньне сабе новай абгорткі, хай сабе ценкай, як эпітэлій на сьвежым шнары. Гэты мужчына здаваўся прыгожым толькі мне, але ён справакаваў мяне, і для мяне гэта было своеасаблівым каханьнем.

Праз два тыдні мы ўжо выправіліся на ягонай “MG” у сьвет. Гэта была неабдуманасьць, гэта было царазабойства. Царом быў Алан, забойцам была я. Мне трэ было забіць цара ва ўласнай галаве.

Скончылася ўсё гэта тым, што ён выкінуў мяне ў Парыжы, адну і без машыны, і сказаў, што яму трэба ехаць да жонкі і дзяцей. Я закіпела ад гневу, кусала ягоныя вусны, шыю, а ён сьмяяўся і папрасіў надпісаць яму на памяць адну з кніг. Я спусьцілася ў пекла левабярэжнага Парыжу, прасякнутага духам Мілера, Оруэла, Гемінгуэя і іншых “падшых ідалаў”, пасьля неяк вярнулася ў сябе, а неўзабаве і да мужа.

З хіпаром–псыхолягам мне давялося зноў пабачыцца ў Лёндане, у Гемпстэд–Гіт, дзе мы пайшлі пасядзець у Сад Кітса ў спадзяваньні пачуць салаўя. І тут мой здрадны Дабралюб блаславіў мяне на напісаньне “Комплексу Ікара”. “Пішы, — сказаў мне ён. — Не пашкадуеш”.

— А потым што?

— А потым напішаш яшчэ кнігу, пасьля яшчэ адну.

— І ўсё?

— Так, усё. Мы пачынаем і сканчаем.

— А калі кніга атрымаецца ніякая?

— Табе што з таго? Твая справа напісаць. Крытыкай хай займаюцца іншыя.

— А калі ў мяне нічога ня выйдзе?

— Усё выйдзе. Ты цудоўна ведаеш, што ты здольная пераадолець страх. Пісьменьнік — гэта той, хто пераадольвае свой страх.

Вярнуўшыся дахаты, я засела за працу. Як толькі мужнасьць пакідала мяне, я ўключала касэту з голасам Адрыяна–Дабралюба — я запісала яго на аўтабане, на выезьдзе да Мюнхену. Па–над гулам грузавікоў і бібіканьнямі, з–пад шуму шашы прарываецца яго голас, што так узбуджаў мяне.

Я дагэтуль чую яго. Ён стаў стрэлкай, што перавяла мяне на патрэбныя рэйкі. Я стала пісаць з хуткасьцю бадзягі, які ўцякае ад паліцыянтаў. Пісала штодня, штоночы, сэрца рвалася ў мяне з грудзей, а я працягвала пісаць гэты раман–выклік, раман–споведзь. Пісала, бо ня верыла ў сваю здольнасьць напісаць яго. Пісала, бо мною рухаў страх.

Сваю гераіню я ўрэшце пакінула ў ваньне — яна адраджалася.

Бо адраджэньне — вось галоўная праблема. Развод, шлюб, сьмерць — усё можа прывесьці нас да гэтага пункту або аддзяліць нас ад яго. У нашы дні улюбёным сюжэтам раманаў стаў развод, у мінулым стагодзьдзі ўсе цікавіліся хутчэй шлюбам. Але з усіх магчымых разьвязак гісторыі няма важнейшай, чым адраджэньне гераіні. І паколькі столькі гераінь памерла, я хацела, каб гераіні маіх кніг заставаліся жывыя.

Пераклаў з ангельскай Андрэй Дынько
паводле Erica Jong, Fear of Fifty, Chatto&Windus Ltd, London, 1994 са скарачэньнямі.


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Ня бойцеся свайго 50–годзьдзя


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.