Анты-Гогаль

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Анты-Гогаль. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-26

АВТОР: Уладзімер Цыбулько

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №5 2001 ГОД


Уладзімер Цыбулько (нар. 1964). Дзеяч украінскай культуры — паэт, эсэіст, мэнэджэр культуры, палітычны іміджмэйкер. Аўтар шэрагу папулярных песень. Харызматычная асоба ў асяродзьдзі кіеўскае поп-багемы. У 1999—2001 годзе выконваў абавязкі дарадцы прэм’ер-міністра В. Юшчанкі па public relations. Укладальнік зборніка паэзіі “Поети української діаспори” (1990), аўтар кнігі паэзіі і эсэістыкі “Ангели і тексти” (1996). Вялікі сябар Беларусі. Жыве паміж Кіевам і Львовам. Неаднаразова перакладаўся на беларускую мову. Гэтае паэтычнае культуразнаўчае эсэ друкуецца паводле брашуры “Анёл супраціву”, выдадзенай у сэрыі “Бібліятэка “Фрагмэнты” ў 1997 годзе.

Рэдкі птах далятае да сярэдзіны Дняпра. А зьнізу ўсплывае субмарына “Тарас Бульба”, дарожныя паказальнікі пішуць пра стэп Украіны. “Тарас Бульба” пускае тарпэду з какаінам у дупу птаху, тымчасам як з шынэля выходзіць літаратура краіны, пазначанай на крылах птаха нацыянальнымі апазнавальнымі знакамі, птахам узброенае войска, уніформу якога згубіў Гогаль, і вось цяпер зь яе выходзіць літаратура. Пралятаючы над зонай, баявы птах губляе тарпэду, зэкі кайфуюць, нацыянальная крыза паглыбляецца, нехта атрымлівае па карку за згублены шынэлак, Гогаль круціцца ў труне, а між тым з шынэля выходзіць літаратура, а п’яны Дастаеўскі, прайграўшыся ўшчэнт, кажа, што няма збавеньня апроч пекнаты, пекната спасёт мірвам, шалом, то бок пекната збавіць шалом, а шалом выратуе на будоўлі, калі на галаву лясьнецца цагліна, падчас будаўніцтва дзяржавы такое здараецца часта, асабліва з тымі, хто да таго будаўніцтва ні пры чым, а тым часам з шынэля выходзіць літаратура, і ўсе посткамуністычныя клясэры зьнікаюць, як субмарына “Тарас Бульба” ў блаславёных стэпах, дзе рэдкі птах і дробны заяц якраз да сярэдзіны Дняпра і ні паўфуту ні туды ні сюды.

Гэта няўлоўная сутнасьць мэтоды — дубчык зь дзяцінства, ім пасьвяць гусі-словы на бязь­літаснай паперы, дзесьці за тым ці іншым пагоркам сьвет абарвецца, краем прорвы яшчэ нядаўна праходзіў філёзаф Патэльня — пацешнае слова — гульня, якая лягічна выводзіць на Пацябню1; усё проста: Скаварада2-Патэльня-Пацябня, П-т-в-Палтава3. Так асацыятыўна адбудоўваецца любоў-нянавісьць да свайго паходжаньня праз прызму — немагчымасьць яго зьмяніць. Жаданае, чым далейшае яно, прымушае ненавідзець рэальнае, асабліва калі суб’ектыўных намаганьняў і часу недастаткова, каб прымусіць аб’ектыўную рэальнасьць рухацца ў бок жаданага. Гэтым грашаць прадказальнікі. Яны пераконваюць асяродзьдзе ў тым, што іхныя мары зьдзяйсьняльныя, і працэс пачынае актывізавацца. Потым гэта можна будзе назваць канфліктам пакаленьняў. Калі я ня здольны зьмяніць асяродзьдзе, дык я яго выракуся. Цынізм як вынік неажыцьцёўленага.

І ўсе гэтыя рэчы суб’ектыўныя. Суб’ектывізм робіцца рухавіком працэсу ва ўяўленьні наваяўленага піянэра, а суб’ектывізм як зафіксаваны рухавік — гэта ўжо нешта новае. Для свайго часу. Пасьля Гамэра ўжо нічога, мабыць, не засталося нічога, што можна назваць новым. Крамянёвы пісталет, газавая запальнічка, сьціло і шматок папірусу. Хтось апладніў паветра ненапісаным тэкстам. У ім такі выразны прысмак эгіпецкага мяса. Шніцалі, як сьляды прышэсьця Сьвятога Духу. Такім чынам, за гэтае асяродзьдзе варта змагацца. Змагаюцца за штосьці, любячы. Калі ж прайграюць — ненавідзяць. У лікворнай цягучасьці гэтага этнасу, у навуковых мозгафутаралах ператрансфармоўваецца на дзіва элястычнае Я. Я, гатовае аддаць сваё Я дзеля спакою, — спакой зьяўляецца ягоным праўдзівым Я, а alter ego, маска, працуе толькі праўдзівым падабенствам. Паводле дзённа-тыднёвага раскладу. Шынэль — прыкмета ягонага служэньня. Самое служэньне нікому не патрэбнае. Яхідна атрыбуту даўно ўжо высмактала мазгі асяродзьдзя, пакінула толькі функцыю, то бок прыкмету служэньня. Служэньне не як неабходнасьць. А потым зьяўляецца неабходнасьць — катэгорыя, што прымушае сьпевака элястычнага Я трансфармаваць носьбіта таго самага Я. Унутраная неабходнасьць зьяўляецца ў атаясамленьні жыцьця і дзеяньняў.

Ніхто не самаідэнтыфікуецца, ня выказаўшыся ў дзеяньні, ніхто з нас не жыве для сябе і ніхто не памірае для сябе. Такім чынам, поле дзейнасьці аднаго чалавека накладаецца на поле дзейнасьці мноства, узаемадзейнічае зь імі і пад узьдзеяньнем вонкавага як аб’ектыўнага ці як прэтэнзіі на аб’ектыўнае прыходзіць узьнясеньне сходамі геніяльнасьці, уяўляючы сабой паводле Бэргсана новы від, прэзэнтаваны адным-адзіным індывідам. Творчая мутацыя ў мікракосьме вымагае адаптыўнай зьмены ў макракосьме, аднак высілкі трансфарматара заўжды натыкаюцца на супраціў трансфармантаў, ці, інакш кажучы, інэрцыю асяродзьдзя. Элястычнае Я даўно знайшло сабе ўжытак на іншых гонях. Жудасны момант, калі інтэлектуалы акупаванага знайшлі найвыгаднейшы ўжытак сваім ведам на гонях акупанта, а акупаваны плебэй раптам можа стаць патрыцыем над плебсам акупанцкім. Меч замяняе энігму, Марс пакрывае Псыхею, невук на новаасвоеных землях працуе сьветачам. Асвойваць зямлю прыходзіць акупант, сьледам са Сьвятым Пісьмом брыдзе акупаваны — тлумачыць новаакупаванаму, што акупацыя — гэта дабро. Уяўны посьпех чарвяком выядае ўнутраную патрэбу ўдасканальваць асяродзьдзе і сябе ў асяродзьдзі, а далей усё з дапамогай зубіла, малатка і “какой-та мацеры”. Там мараль вычарпала сябе ўжо даўно, яшчэ з часоў пратапопа Авакума. Але гэта першае ня скрадзенае пракляцьце. А колькі пракляцьцяў накралі ў суседзкіх гісторыяў і рэлігіяў. Дый сама рэлігія скрадзеная. Вера па-за верай. Гісторыя па-за гісторыяй. Ключэўскія ў спадніцах нараджалі зусім ня тое, пра што пісалі Ключэўскія ў кальсонах. Чым больш гідкая сытуацыя, тым прыдатнейшая яна для ідэалізацыі, ну проста табе слаўная бекеша.

Гэтая сацыяльная сытуацыя ставіць перад дылемай — далей суцэльны Тойнбі — калі творчы геній ня ў стане спарадзіць у сваім атачэньні мутацыі, якой ён дасягнуў сам у сабе, ягонае творчае памкненьне робіцца фатальным каля яго. Ён павінен выйсьці з поля дзейнасьці; але, страціўшы сілу дзеяньня, ён страціць волю да жыцьця, нават калі грамадзтва не прысудзіць яго да сьмерці, як выбракоўваюць негабарытныя адзінкі у вульлі, статку, зграі, на парадзе. Вось якую цану плаціць геній за заўчасную спробу зьмяніць атачэньне. Зь іншага боку, калі генію ўдаецца перамагчы інэртнасьць ці адкрытую варожасьць атачэньня і ён пасьпяхова ўплывае на грамадзтва, паўстае новы лад, суладны ператворанаму ўнутранаму сьвету генія, але гэта не азначае, што жыцьцё адразу робіцца прымальным для адзінакроўнікаў. Кожнаму даводзіцца праходзіць балючы працэс прыстасаваньня да новых сацыяльных умоваў і зьменлівага атачэньня, навязанага воляй пераможнага генія. У гэтым і ёсьць сэнс словаў Ісусавых: “Ня думайце, што Я прыйшоў, каб мір на зямлю прынесьці, — Я ня мір прынесьці прыйшоў, а меч. Я ж прыйшоў ад­дзяліць сына ад бацькі, дачку ад яе маткі і нявестку ад яе сьвякрухі”. І: “Ворагі чалавека — ягоныя родныя!”

У дыскурсе краю і чужынца — зручней было б разглядаць гэтыя катэгорыі, супаставіўшы іх з памяткамі адпаведна працягу і адмаўленьня ці тымі ж тойнбіўскімі Задачай-і-Рашэньнем. Край, г.зн. бацькаўшчына бацькоў, гэта ёсьць і Задачай, Рашэньне якой — дзеці і, адпаведна, іх мараль, этыка, мастацтва. Васілеўска-гогалеўская-катлярэўская П.Т.В. адбылася ў часавым прамежку, нарадзіўшы камічна-этнаграфічны стэрэатып — а што іншае магло зьявіцца ў ланцугу адмаўленьня-адмаўленьня, калі не падобная рэакцыя на напускны акадэмізм кіева-магілянства4 і скаварадовых варыяцыяў, добра прыпраўленых такайскім і сьлівянкай. У краі ўсё перастала ўспрымацца сур’ёзна — і закон, і ўлада, і сусьветнае дрэва. Прыйшла пара дуалізму, міту пра сьветабудоўлю зь яго камічна-анэкдатычным адлюстраваньнем і пісьмовай фіксацыяй дэманалёгіі. Постакадэмізм, верагодна, — гэта сынонім безкатарсыснасьці, бо ён і ёсьць самастаўленікам катарсысу. “Энэіда” з вадэвільчыкамі толькі паглыбляла местачковыя ўяўленьні пра самадастатковасьць ПТВ, пераконваючы і правакуючы дзяцей, няздатных зрушыць гэтую самадастатковасьць; з такой сыстэмы можна толькі перайсьці ў іншую або адмовіць яе. У сваёй крайняй форме адмаўленьне ставіць пад сумнеў існаваньне краю як пэўнага эстэтычнага поля, а дзякуючы беспрынцыпнасьці як сыстэме акупанта, ягонае эстэтычнае поле, змацаванае вайсковымі густамі, як магніт, прыцягвае кожнага добрага ці злога генія, ці нават другараднага авантурыста, надзеленага дробкаю таленту. Кожны этнаграфічны матэрыял, які так цяжка стрэсьці зь сябе ў краі, раптам, памножаны на настальгію, робіцца магутным правакатарам творчасьці. Усё тое ж “няма прарока ў сваёй айчыне”. Адфільтраваны чужынай талент вяртаецца і асанна lingua franca. Слава чужыне як каталізатару самарэалізацыі, чужыне, на якую не пашыраецца ўлада Сатанаіла, але Сатанаіл з братам дзеляць толькі край паходжаньня легенды пра сябе, а за яго межамі ўлада чужых багоў на нетутэйшую душу не распаўсюджваецца. Такі сабе ціхі сарказм этнаграфічнай сьветабудовы, уяўленьне “землянога” чалавека, якога Скаварада яшчэ зусім нядаўна заклі­каў “есьці зямлю”. А хіба ня меншы сарказм — спроба перасадзіць адзін містычны досьвед у глебу, замяшаную на іншым стаўленьні і да свабоды, і да асобы, асабліва калі акліматызацыя павінна была б стандартызаваць дыстанцыю паміж містычным і рэлігійным досьведам адпаведна дыстанцыі мацярынскага грунту. Зноў Скаварада: “Жуем мяса, але наша ўласнае, і сваімі зубамі ямо ўласную мярцьвячыну”. Самота, самасьць, самадастатковасьць — катэгорыі адлюстраваньня стану ці станаў, у якіх можна знаходзіцца, толькі пакаштаваўшы хлеба чужыны, хлеба іншасьці. Барокава-гнастычныя тэндэнцыі каталіцкага мора, якія абмывалі ногі краю і былі праявай чужыны ў самім тутэйшым краі, былі згадкай-стымулятарам удасканаленьня — і раптам “ціша ды мір”. Сапраўдная пагроза — містычны зьмей — выявілася ў самой веры, у самой сярэдзіне, што, здавалася, уратавала край у часе і прасторы. Яшчэ адно адмаўленьне, а далей суцэльны Батай, “Літаратура як зло”. Сказаць папраўдзе, дык літаратура рамантызму, зьвязаная з заняпадам рэлігіі (у тым разуменьні, што яна цішком і ў менш строгай форме намагаецца пры­браць да рук спадчыну рэлігіі), бліжэйшая па зьмесьце не да рэлігіі, а да містыцызму, які выяўляецца ў памежных сытуацыях пазаграмадзкай праявай яе самой. Насамрэч містыцызм нашмат бліжэйшы да праўды. Кажучы “містыцызм”, я ня маю на ўвазе разумовыя сыстэмы зь незразумелай назвай, я думаю пра “містычны досьвед”, пра “містычныя станы”, у якія можна за­глыбіцца ў адзіноце. У такім стане мы можам спазнаць праўду, якая адрозьніваецца ад той, што зьвязаная з адчуваньнямі, выкліканымі аб’ектамі (і суб’­ектамі, калі праўда зьвязаная з разумовымі наступствамі адчуваньняў). Але гэтая праўда не фармальная. Яе немагчыма зразумець празь зьвязную мову. Яе немагчыма было б нават выказаць, калі б да яе нельга было падысьці праз паэзію і праз апісаньне ўмоваў, пры якіх звычайна дасягаецца такі стан. Паэзія “Мёртвых душаў” зь іх сьвецкім містыцызмам — ціхая, але досыць крывавая расправа з этнічным містыцызмам. Акліматызацыя містычнага досьведу адбылася. У прагматычным сэнсе Я — катэгорыя, краёвае эга Дзіканькі і Міргараду, дасягнула ўзроўню і статусу, калі містычнае эга Рыму і Пецярбургу захацела зьмераць сябе стандартамі самой Дзіканькі ці Міргараду5. Адзінае, чаго не заўважыць тутэйшы, але заўважыць нетутэйшы, — справядліва-несправядлівую каталізаванасьць апошніх — у сэнсе піетысцкай этыкі і практыцызму. Са зьнікненьнем вонкавай духоўнай пагрозы зьнікае і ўнутраны стымул. Ціхае гніцьцё ў чаканьні, што на гумусе сёньня-заўтра-пазаўтра прарасьце геній. Такім чынам, пагроза зьнікла, і, як толькі ня стала супрацьстаяньня, складнікі маралі і псыхікі суперніка-агрэсара пачалі прані­каць у псыхіку і мараль абаронцы з хуткасьцю сьвятла. Пакінуўшы аблічча — этнаграфізм, скажам, — мараль і разбэшчанасьць агрэсара выцясьняе ў абліччы мацярынскую сутнасьць. І гэта там, дзе быў бясьсільны меч, і як прычына-вынік — самазадаволенасьць і бесклапотнасьць: хутар — яйцаклетка — інкубацыйны пэрыяд перад гістарычным рыўком. Але за гэты інкубацыйны час адбылося апошняе разбарочваньне сьвядомасьці, абяскаталічваньне побыту. Духоўны прарыў — такі чаканы — прайшоў незаўважаны ў выгля­дзе зруху дзекабрыстаў і “Тараса Бульбы” — але ўсё гэта ўжо ў пазакраёвай сыстэме каардынатаў. Кіева-магіляншчына вычарпаная. Народ сядзіць абапал Дняпра ў чаканьні Гадо, гудуць хрушчы над вішнямі. Ізноў Тойнбі: “Зьяўленьне звышчалавека — вялікага містыка, геніія ці выдатнай асобы — несумненна выклікае сацыяльны канфлікт. Маштаб канфлікту будзе залежаць ад таго, наколькі высока ўздымаецца творчая асоба над агульным узроўнем. Нават пры нязначным аддаленьні нейкі канфлікт ды павінен адбыцца, бо сацыяльная раўнавага, парушаная самой зьявай творчага генія, аднаўляецца або празь ягоную перамогу над грамадзтвам, або праз паразу”. Ёсьць яшчэ тонкая мяжа між паразаю і паразаю. Між грамадзтвам і грамадзтвам. Край быў дзіркай ад бубліка імпэрыі, але этэр — гэта не пустэча. Фальклёрна-этнаграфічны этэр, асэнсаваньнем якога ня варта было займацца. 99% маргінэсу, да таго ж неструктураванага. Раўнавага дзеля раўнавагі і крык дзеля крыку. Мэханіка грамадзкіх адносін, даведзеная да лубачнага багалепія, а па-за тым — анічога. Кожнаму свой Бог і суд у гістарычным сэнсе і варта на межах. Такім чынам, адбыцца не на памежжы, а ў сярэдзіне самой сярэдзіны, калі ні літара, ні дух ня здатныя зрушыць выглядны спакой, а сярэдзіна кіпіць, і рахункі-абрахункі ўжо запісаныя нябачным, але здольным выявіцца атрамантам. О, калі б мастацкія, сьветапоглядныя і грамадзкія законы будаваліся і грунтаваліся на аднолькавых прынцыпах. Грамадзкі Гогаль сьветапогляднага Гогаля выклікаў бы на дуэль у першы вечар. Тутэйшы Гогаль шалёна зьненавідзеў бы пісьменьніка Гогаля — тутэйшы Гогаль уцякаў ад роднай ПТВ як ад найвялікшага праклёну. Ад праклёну да праклёну, які калісьці быў скрадзены зь яго ж роднае ПТВ. Імпэрыя і тутэйшы край у гэтым дыскурсе і былі адпаведна дзецьмі і бацькамі. Стары, асьвечаны і адначасова затуплены Кіева-Магілянкай, як уласнай ілюзіяй, край, і імпэрыя-аднагодка6, сынонім фізычнага каханьня, сэксу. Яна захапляе, трэба трахаць яе зараз, бо яна, папросту кажучы, старэе на вачох. Яна — сыстэма каардынатаў, у якой нельга адбыцца, а край — сыстэма каардынатаў, у якой ужо нельга адбыцца. А твор ужо бомкае ў паветры, ён ужо напісаны нябачным атрамантам, і праявіць яго пад сілу толькі такім і толькі ў такой сыстэме вымярэньня. У гістарычным сэнсе, у сэнсе расколу-і-полігенэзы, у праекцыі на цяперашнюю амэрыканізацыю. “У тым жа месцы, у той жа час” — у разуменьні падабенства гістарычнага пэрыяду. Але правінцыйнасьць, памножаная на жаданьне прымусіць Рым аглядацца на Нежын7, падсьвядома прапануе ў якасьці сродку рэч, якую нейкая самазваная сталіца сьвету няздольная ацаніць хутка, — аўтэнтыку. Невядомая дагэтуль аўтэнтыка, але не ў містычным сэнсе — у сэнсе маралі. Тое, што зьбярог стары сьвет: самазакансэрваваны край зрабіўся сярэдзінай самой сярэдзіны, пры выгляднай законапаслухмянасьці. Над сьветам — вятры рамантызму, маньерызму, ракако, а край, пакалыхваючы чубамі і вусамі, як мэтафарычны труп кагосьці з уладароў, падарожнічае ў прасторы барока, і ўсё, што па-за барока, ёсьць па-за сьвядомасьцю. Базава-каталіцкае барока пры выгляднай артадоксіі, але толькі ў сэнсе бізантыйскага абраду. А ў сэнсе практыцызму інтуітывіст Бэргсан малюе сытуацыю адносна стасункаў геній-соцыюм прыблізна так: “Твор генія, які не сустракае годнага прызнаньня ў момант зьяўленьня, сваім існаваньнем стварае паступова сваё разуменьне мастацтва і гэтым паступова рыхтуе грунт для прыняцьця сябе. Надалей твор, як правіла, прызнаюць геніяльным. Аднак бывае, што гэтага не адбываецца, і твор застаецца непрызнаным. Ды прырода мастацкай творчасьці такая, што творы мастацтва, проста шакуючы публіку, у выніку дамагаюцца зьмены мастацкіх густаў. З гэтага пункту гледжаньня творчы прадукт валодае як сілай, так і мэтай. Ён перадае ўнутраны покліч мастака… Толькі сіла генія здатная перамагчы інэрцыю чалавецтва”. Прывабная сацыяльная мадэль, але ж у мастацтва свае законы, а ў самастварэньня сьветапогляду свае. Паводле гэтай найпрасьцейшай мадэлі члены грамадзтва становяцца пад сьцяг генія, і ўступае ў сілу ператварэньне-суаўтарства — Плюшкін-Бульба ўздымае булаву, сьліна пырскае на падбародзьдзе — у велізарным канглямэраце культураў — Я, і безь ніякага напружаньня і дысбалянсу, на агульным грунце адпаведных індывідуальных палёў-хутароў дзеяньня пайшла мацерка-мутацыя. Яшчэ адной утопіі край не перажыве. Але той, хто зрабіўся сынонімам краю, сваім адыходам-і-вяртаньнем пераконвае сьвет у тым, што край здольны зьдзіўляць. Містыцызм — заўжды антыкультура, але ў выпадку краю ён выявіўся адзінкавым нагадваньнем сьвету пра сваё жыцьцё, пра сваю працягласьць у форме моўна-фальклёрнага анабіёзу. Для свайго гістарычнага часу, калі зьява ў паўнаце сваёй споўніцца ў зноў-такі моўнай форме, але моўная форма будзе хіба 1:10 з усяго спэктру пазначэньня прыналежнасьці да таго ці іншага тыпу культураў. І грамадзкія катэгорыі “акупацыя-агрэсія”, “калёнія” будуць значыць нешта толькі ў канкрэтна-гістарычным дыскурсе, але ня ў дыскурсе прыналежнасьці і раўнавагі. Такім чынам, трансфэрэнцыя — рэч няспынная, у сэнсе перанясеньня вынікаў духоўнай працы асабістасьці ў сфэру вонкавых сацыякультурных адносінаў у эпоху раскансэрвацыі, у эпоху чыстай ідэі, а ня мовы яе выказваньня. А што датычыць мовы, дык усе паэты — брахуны. Так, здаецца, абмовіўся нехта, дадаўшы — Заратустра таксама паэт! “Так сказаў Заратустра”, між іншым, а якой чысьціні ідэя ляжала ва ўнутранай кішэні шынэля, які ўсплыў над месцам, дзе толькі што пайшла пад ваду субмарына “Т.Б.”. Хтосьці брыдзе берагам, распранаецца да споднікаў і плыве. Гэта ці ня Fjodor Michajlovich. А хто там трымае яго майткі. О, Lev Nikolajevich.

І нячасты птах даляціць да сярэдзіны Дняпра.

З украінскай мовы пераклаў Андрэй Скурко паводле:

Володимир Цибулько. Ангели і тексти. — Львоў: Бібліятэка часопісу ІІ, 1996


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Анты-Гогаль


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.