Тэорыі нацыі і нацыяналізму

Политология, современная политика. Статьи, заметки, фельетоны, исследования. Книги по политологии.

NEW ПОЛИТИКА


ПОЛИТИКА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

ПОЛИТИКА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Тэорыі нацыі і нацыяналізму. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-29

АВТОР: Георгі Касьянаў

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №5 2001 ГОД


Георгі Касьянаў (нар. 1961) — украінскі гісторык культуры. Аўтар кніг “Украпнська інтелігенція 1920—30-х років: соціальний портрет та історична доля” (1992), “Украпнська інтелігенція на рубежі XIX—XX ст.: Соці­ально-політичний портрет” (1993), “Незгодні: украпнська інтелігенція в русі опору 1960—80-х років” (1995). Пераклаў на ўкраінскую мову мана­графію амэрыканскага навукоўца Рамана Шпарлюка “Камунізм і нацыяналізм. Карл Маркс супраць Фрыдрыха Ліста” (1998). Перакладзены тутака тэкст — гэта пасьлямова да ягонай апошняй кнігі “Тэорыі нацыі і нацыяналізму” (1999).

Замест пасьлямовы

Калі гэтая кніга рыхтавалася да друку, у рукі аўтара трапіла новая манаграфія Энтані Сьміта “Нацыяналізм і мадэрнізм. Крытычны агляд сучасных тэорыяў нацыяў і нацыяналізму”, выдадзеная ў 1998 годзе. Падабенства задумкі ангельскага навукоўца з ідэяй нашай працы сьведчыць аб тым, што праблема абагульненьня тэарэтычнага досьведу дасьледаваньняў нацыяў і нацыяналізму актуальная ня толькі для ўкраінскага грамадазнаўства, і гэта дае надзею, што прапанаваныя нарысы мецьмуць пэўную інтэлектуальна-пазнавальную вартасьць.

Разам з тым цалкам відавочна, што зь некаторымі абагульненьнямі Э. Сьміта, выкладзенымі ў згаданай працы, трэба азнаёміць укра­ін­скага чытача, прынамсі ў нашай інтэрпрэтацыі. Акурат таму замест пасьлямовы прапа­нуецца кароткі агляд аналітычнай часткі кнігі Э. Сьмі­та з адпаведнымі камэнтарамі. У цэнтры ўвагі Э. Сьміта — крытыка “мадэрнісцкай парадыгмы” ў тэорыях нацыі і нацыяналізму, якая дамінавала ў адпаведных дасьледаваньнях цягам апошніх трох дзесяцігодзьдзяў і якая, на ягоную думку, інтэлектуальна вычарпала сябе. Ангельскі навуковец досыць дэталёва аналізуе іншыя падыходы, якія супрацьстаўляліся мадэрнісцкім тэорыям (прымардыялісцкія (пэрэніялісцкія) вэрсіі, этнасымбалізм, пост­мадэрнізм).

Надзвычай цікавым ёсьць абагульненьне Э. Сьмі­там інтэлектуальных прадвесьнікаў “кля­­­сычнай мадэрнісцкай парадыгмы нацыяналізму”. Ён уважае, што можна вылучыць прынамсі чатыры галоўныя інтэлектуальныя плыні, якія паўплывалі (зразумела, апасродкавана) на яе фармаваньне: марксізм, тэорыя “псыхалёгіі натоўпу”, вэбэраўская сацыялёгія і ідэі Э. Дуркгайма1.

Марксізм, як вядома, зьвязваў зьяўленьне нацыяў і нацыяналізму з прыходам капіталізму і буржуазіі, г. зн. выключна з мадэрнай эпохай. Можна сьцьвярджаць, што марксізм ад самага пачатку існаваў як “варыянт” мадэрнізму. Тлумачэньне нацыянальных праблемаў сацыяльнымі, тэорыя дзяржавы, эканамічны рэдукцыянізм — гэтыя ды іншыя кампанэнты марксісцкай дактрыны ўвайшлі ў арсэнал мадэрнісцкіх тэорыяў нацыі і нацыяналізму.

Тэорыі “псыхалёгіі натоўпу” (Гюстаў Лё Бон, “позьні” Зыгмунд Фройд ды інш.) далі падставы трактаваць праблемы нацыяў і нацыяналізму з пазыцыяў сацыяльнай псыхалёгіі. “Магчыма, найзырчэйшым прыкладам, — заўважае Э. Сьміт, — можа служыць сацыяльна-псыхалягічны партрэт незадаволенай, адчужанай моладзі, якая выступае супраць бацькоўскіх традыцыяў і прыніжэньняў, прычыненых уладаю”2. Тэорыі “псыхалёгіі натоўпу” паўплывалі на дасьледаваньні, у якіх нацыяналізм разглядаўся як “грамадзянская рэлігія” ці як наступства канфлікту паміж “мы” й “ня мы”, як праява міжгрупавога й міжасабовага адчужэньня.

Вэбэрава сацыялёгія нацыяў і дзяржавы апасродкавана паўплывала на разьвіцьцё палітычнага варыянту мадэрнізму ў тэорыях нацыі й нацыяна­лізму, на тых дасьледнікаў, якія асабліва падкрэсьлівалі ролю дзяржавы й дзяржаўнай улады ў разуменьні нацыяналізму.

У Дуркгайма “клясычны мадэрнізм” запазычыў ідэю нацыі як маральнай супольнасьці, ідэю ўнутранай салідарнасьці. Навуковец стварыў аналітычную структуру, у “…якой нацыі і нацыяналізм разглядаюцца ў рамках эвалюцыянісцкай лёгікі структурнай дыфэрэнцыяцыі і мадэрнізацыі”: мадэрныя грамадзтвы, згодна з гэтаю лёгікай, патрабуюць новых прынцыпаў унутранай сувязі і рэінтэграцыі (бо старыя формы грамадзкіх сувязяў зруйнаваныя мадэрнізацыяй). Гэтыя новыя прынцыпы фармулююцца ў ідэі нацыі3.

Мадэрнісцкія вэрсіі (у розных варыянтах), на думку Э. Сьміта, аб’ядноўваюцца такімі супольнымі рысамі:

1. Прызнаньне магутнасьці, уплывовасьці й непрадказальнасьці нацыяналізму. Апошні як ідэалёгія і палітычны рух быў адной з дамінуючых сілаў мадэрнага грамадзтва. Дзякуючы шматграннасьці і паліморфнасьці нацыяналізму немагчыма прадбачыць, дзе і калі ён можа праявіцца.

2. Мадэрністы зазвычай пагаджаюцца з тым, што сфармуляваць канцэпцыю нацыі й адпаведнае азначэньне надзвычай складана. Разам з тым у іхных дасьледаваньнях яўна прасочваецца імкненьне трактаваць нацыі, прынамсі “гістарычныя нацыі”, як “сацыялягічныя супольнасьці”.

3. Характэрнаю рысай мадэрнісцкіх тэорыяў нацыі і нацыяналізму ёсьць упэўненасьць у тым, што адпаведныя зьявы ўзьніклі ў мадэрную эпоху людз­кой гісторыі, і таму з заканчэньнем гэтай эпохі нацыі і нацыяналізм адыдуць у мінулае.

4. Націск на сацыяльнай абумоўленасьці ўсіх калектыўных ідэнтычнасьцяў, нават культурных, з чаго вынікае разуменьне нацыі як культурнай будовы, спраектаванай і створанай элітамі для абароны ўласных інтарэсаў.

5. Адсюль, у сваю чаргу, вынікае імкненьне мадэрністаў да цалкам сацыялягічных інтэрпрэтацыяў, якія тлумачаць прыроду нацыяў і нацыяналізму пераважна сацыяльнымі ўмовамі й палітычнымі працэсамі, прычым аналіз абмяжоўваецца мадэрнаю і сучаснаю гісторыяй4.

У мадэрнісцкіх тэорыях і інтэрпрэтацыях Э. Сьміт вылучае тыя вэрсіі (кірункі), што канчаткова сфармаваліся ў 1970—80-я гады:

— сацыякультурніцкая. Прырода нацыяў і нацыяналізму тлумачыцца патрэбамі фармаваньня “высокай культуры”, мадэрнізацыі і прамысловага разьвіцьця (Э. Гелнэр);

— сацыяэканамічныя. Нацыяналізм інтэрпрэтуецца з рацыяналістычных пазыцыяў як наступства зрухаў у сусьветнай эканоміцы ды ўзаемадзеяньні сацыяльна-эканамічных інтарэсаў індывідаў (Т. Нэйрн і М. Гехтэр);

— палітычныя. Пошук крыніцаў нацыяналізму зьвязаны з аналізам такіх зьяваў, як фармаваньне мадэрнай дзяржавы, уладных структураў, інтарэсы элітаў, войны (Ч. Тылі, Э. Гідэнс, М. Ман, Дж. Броілі);

— ідэалягічныя. Нацыяналізм разглядаецца як ідэалягічная сыстэма, як сурагатная форма рэлігіі, “грамадзянская рэлігія”, што ўзьнікае ў выніку зьменаў у сфэры ідэяў і вераваньняў (І. Кедоры, Б. Капфэрэр, М. Юргенсмаер)5.

Зразумела, што гэтая клясыфікацыя мадэрнісцкіх тэорыяў настолькі ж умоўная, наколькі ўмоўнымі ёсьць адрозьненьні паміж згаданымі кірункамі. Іншыя клясыфікацыі, згаданыя й прапанаваныя ў нашых нарысах, таксама ўмоўныя, пра што ўжо гаварылася, і робяцца выключна для стварэньня пазнавальных структураў.

Канкрэтны зьмест “парадыгмы клясычнага мадэрнізму” зводзіцца, на думку Э. Сьміта, да такіх палажэньняў:

1. Нацыі ёсьць зьяваю мадэрнай пары як з гледзішча часу іхнага зьяўленьня, так і з гледзішча іхных сацыяльных складнікаў.

2. Нацыі былі наступствам (прадуктам) мадэрнасьці, яны маглі зьявіцца і мусілі зьявіцца толькі ў працэсе мадэрнізацыі грамадзтва. Адсюль вынікае ідэя, згодна зь якою:

3. Нацыі ня мелі значнай, трывалай перадгісторыі, яны былі прадуктам рэвалюцыяў, якія фармавалі мадэрную эпоху й мадэрную “гісторыю”, таму яны зьвязаныя толькі з мадэрнасьцю. Адпаведна, калі наступае пасьлямадэрная пара, нацыі таксама паступова адыходзяць у мінулае.

4. Нацыяналізм узьнікае як вынік працэсаў мадэрнізацыі, пераходу да мадэрнай эпохі, таму, калі гэтыя працэсы завершацца, нацыяналізм мусіць адысьці.

5. Нацыі і нацыяналізм ёсьць сацыяльнымі й культурнымі канструкцыямі мадэрнасьці, вынайдзенымі ў эпоху рэвалюцыяў і масавай мабілізацыі. Зразумела, што, хоць функцыянальная “нагрузка” гэтых канструкцыяў шматвэктарная, у аснове імкненьняў “дызайнэраў” нацыяў і нацыяналізму — намаганьне кантраляваць глябальныя сацыяльныя ці, у шырокім пляне, грамадзкія працэсы6.

Якраз у такім выглядзе мадэрнізм супрацьстаўляецца “пэрэніялізму”, які ў выглядзе пазнавальных прынцыпаў папярэднічаў першаму. У абагульненым, спрошчаным выглядзе (на ўзор Вэбэравых “ідэальных тыпаў”) гэтае супрацьстаўленьне выглядае такім чынам: для мадэрністаў нацыя ёсьць палітычнай супольнасьцю, “мэханічна” сканструяванай элітамі ў мадэрную эпоху, з аднаго боку ўнутрана разьдзеленаю (клясы, сацыяльныя слаі, страты ды г.д.), а зь іншага — аб’яднанаю сродкамі масавай камунікацыі. “Пэрэніялісты” прытрымліваюцца іншае думкі: нацыя — гэта культурная, арганічная й гістарычная супольнасьць, карані якой сягаюць найдаўнейшых часоў. Гэтая супольнасьць ёсьць унутрана адзінаю, бо яна ствараецца на грунце “народу” і спадчынных сувязяў.

Раней мы разгледзелі сьветапоглядныя й пазнавальныя адрозьненьні паміж мадэрнізмам і “пэрэніялізмам” (прымардыялізмам), таму няма неабходнасьці падрабязьней камэнтаваць гэтыя думкі Э. Сьміта. Зьвернем увагу на іншае.

Гаворачы пра інтэлектуальных прадвесьнікаў (ці крыніцы) мадэрнісцкага падыходу ў тэорыях нацыі й нацыяналізму, ангельскі навуковец калі й згадвае пра мысьляроў, якіх можна ўважаць за “прадвесьнікаў нацыяналізму”, дык толькі ў кантэксьце іхнага ўнёску ў фармаваньне “мадэрнісцкай парадыгмы”. Пры гэтым прыцягвае да сябе ўвагу тая акалічнасьць, што ён увогуле ня згадвае Ф. Ліста ці ягоных амэрыканскіх аднадумцаў, якія, бясспрэчна, былі першымі ідэолягамі мадэрнізацыі акурат у рамках нацыяналістычнай дактрыны, а значыць, і “інтэлектуальнымі прадвесьнікамі” мадэрнізму ў тэорыях нацыі й нацыяналізму. Бяз гэтага агульнае ўяўленьне пра фармаваньне мадэрнісцкага падыходу ёсьць, відавочна, няпоўным.

Адсюль мы пераходзім да іншай заўвагі: называючы інтэлектуальныя крыніцы мадэрнісцкага падыходу, Э. Сьміт згадвае як навукова-аналітычныя сыстэмы, так і марксізм, які існаваў ня толькі як сыстэма мэтадаў пазнаньня, але і ў выглядзе палітычнай дактрыны. Натуральна, у Э. Сьміта ўвогуле нібыта ідзе гаворка пра цалкам навуковыя элемэнты марксісцкага сьветагляду, аднак, зь іншага боку, марксісцкая гнасэалёгія наўрад ці існавала асобна ад ідэалёгіі. У гэтым выпадку не зразумела, чаму, гаворачы пра інтэлектуальныя асновы мадэрнізму, мы абмяжоўваемся толькі згадкамі пра марксізм і ня згадваем лібэралізму, кансэрватызму ці таго самага нацыяналізму, якія, безумоўна, паўплывалі на фармаваньне “мадэрнісцкай парадыгмы”?

Гэта, у сваю чаргу, прымушае нас зьвярнуцца да іншага, як на нашую думку, надзвычай важнага для разуменьня тэорыяў нацыі й нацыяналізму пытаньня, якое на першы погляд выглядае досыць банальным. Наколькі навукова-аналітычныя структуры зьвязаныя з ідэалягічнымі сыстэмамі? Як менавіта ўплыў ідэалёгіяў адбіваецца на фармаваньні падыходаў да вывучэньня нацыяў і нацыяналізму, пагатоў што нацыяналізм шмат у якіх выпадках ацэньваецца і аналзіуецца менавіта як ідэалёгія, а ягоны ідэалягічны падтэкст заўжды прысутны нават тады, калі размова ідзе пра ягоныя праявы ў псыхіцы асобы? Наіўную веру ў тое, што ў грамадазнаўстве магчымы пазакантэкстуальны адносна ідэалёгіі падыход, пакінем аматарам-публіцыстам. Зьвернемся да думкі спэцыялістаў.

В. Лісавы сьцьвярджае, што ў аснову ацэнкі ідэалёгіяў можа быць пакла­дзены “…набор пэўных асноватворных, базысных вартасьцяў, кожная зь якіх можа выступаць цэнтральнаю ў той ці іншай палітычнай ідэалёгіі”. Гэты набор мае пэрспэктыву ператварыцца ў “глябальную ідэалёгію” глябальнай цывілізацыі. Асноўныя вартасьці такой ідэалёгіі — “шанаваньне людзкога жыцьця і людзкой асобы, справядлівасьці, свабоды, сацыяльнага й міжнароднага парадку (што гарантуе бясьпеку), захаваньне культурнай размаітасьці сьвету й г.д. …”7

Такім чынам, “сацыяльныя навукоўцы (маюцца на ўвазе грамадазнаўцы. — Г.К.) у сваёй ацэнцы той ці іншай палітычнай ідэалёгіі павінны зыходзіць не з пазыцыяў адной з палітычных ідэалёгіяў, а грунтавацца на наборы названых узаемазьвязаных вартасьцяў (што дазваляюць забясьпечыць лепшую жыцьцёвую пэрспэктыву людзям, асобным супольнасьцям людзей — этнасам, нацыям і чалавецтву ў цэлым) [...] Цьверджаньне, што навуковец-гуманітар у сваёй ацэнцы любых ідэалёгіяў павінен зыходзіць з падтрымкі і абароны пэўных найважнейшых вартасьцяў, сьведчыць пра тое, што навукоўцы-гуманітарнікі ўтвараюць супольнасьць, аб’яднаную пэўнай ідэалёгіяй”8. І мы можам зрабіць выснову: “дэідэалягізацыя” навуковых падыходаў, школаў — гэта таксама свайго роду ідэалёгія, якая палягае ў адноснай адчужанасьці ад пэўнай палітычнай ідэалёгіі, што дамінуе ў сьвядомасьці навукоўца, і адкрытасьць да базавых вартасьцяў іншых ідэалёгіяў.

Гэтыя думкі ўкраінскага навукоўца варта ўзяць пад увагу, разважаючы пра “інтэлектуальныя крыніцы” ня толькі мадэрнісцкіх, а і ўсіх іншых тэорыяў нацыі й нацыяналізму. Калі ў нашых нарысах мы згадвалі пра адноснасьць вызначэньня ідэалягічнай прыналежнасьці той ці іншай інтэлектуальнай школы (кансэрватыўная, марксісцкая, лібэральная і г.д.), мы ня мелі на ўвазе іхнай ідэалягічнай ці палітычнай нэўтральнасьці ў разуменьні нацыяў і нацыяналізму. Гаворка ішла перадусім пра адноснасьць межаў пэўных ідэалёгіяў, узаемныя ўплывы розных дактрынаў і сьветапоглядных сыстэмаў. Аднак гэта не адпрэчвае таго, што любы дасьледнік, незалежна ад сваіх суб’ектыўных жаданьняў быць “незалежным”, “аб’ектыўным” і г.д., аб’ектыўна перабывае ў “сілавым полі” той ці іншай ідэалёгіі нават тады, калі гэта ідэалёгія “ідэалягічнай нэўтральнасьці”.

Такім чынам, кажучы пра інтэлектуальныя ўплывы на адпаведныя школы ў тэорыях нацыі й нацыяналізму, неабходна ўлічваць перадусім і тое, якія сьветапоглядныя сыстэмы й ідэалёгіі паўплывалі на фармаваньне гэтых школаў (зразумела, гэта не азначае, што яны фармаваліся пад уплывам якойсьці адной ідэалёгіі). Зьвяртаючыся да пытаньня пра мадэрнізм ды іншыя кірункі ў тэорыях нацыі й нацыяналізму, мы можам зрабіць выснову, што мадэрнісцкія вэрсіі фармаваліся галоўным чынам пад уплывам ідэалёгіяў, якія перадусім былі ідэалёгіямі мадэрнізацыі (лібэралізм, марксізм і, хоць гэта й парадаксальна, нацыяналізм).

Што ж да прымардыялізму — інтэлектуальнай школы, якая прадстаўляецца Э. Сьмітам як супрацьлегласьць мадэрнізму, — то ў гэтым выпадку мусім прызнаць, што тут дамінавалі падыходы, характэрныя для нацыяналістычнага сьветапогляду, нават тады, калі іх фармавалі тыя, хто не належаў да прыхільнікаў нацыяналізму як палітычнай дактрыны.

Кідаецца ў вочы й тое, што нацыяналізм як ідэалёгія (хоць і не сфармуляваная нікім з нацыяналістычных мысьляроў у сыстэматызаваным выглядзе) адбіўся на фармаваньні “супрацьлеглых” школаў. Гэта зноўку, з аднаго боку, падкрэсьлівае ўмоўнасьць іхнага супрацьстаўленьня, а зь іншага — ёсьць яшчэ адным пацьверджаньнем таго, што нацыяналістычная дактрына фармавалася на аснове розных, нярэдка супярэчлівых, інтэлектуальных плыняў.

Відавочна, было б несправядліва не згадаць у гэтым кантэксьце пра сытуацыю, што склалася ўва ўкраінскім грамадазнаўстве. Варта яшчэ раз прывесьці думку Я. Грыцака пра вялізныя тэарэтычныя магчымасьці ў галіне “нацыялёгіі” (скарыстаемся тэрмінам А. Бачкоўскага), што ўзьнікаюць ува ўкраінскіх гісторыкаў і грамадазнаўцаў пры інтэрпрэтацыі вельмі багатага эмпірычнага матэрыялу з украінскай гісторыі. Дадамо да гэтага, што ўкра­інскія грамадазнаўцы збольшага не абцяжараны прыналежнасьцю да розных інтэлектуальных школаў, што ёсьць характэрным для іхных заходніх калегаў. Яны могуць досыць лёгка адысьці ад папярэдняй інтэлектуальнай традыцыі, якая, відавочна, збанкрутавала, маюць свабоду выбару ў гэтай сфэры і могуць падысьці да адпаведных праблемаў неперадузята, што ў эпоху “постмадэрнізму” ці “мэтадалягічнага плюралізму” мае вялізныя эўрыстычныя пэрспэктывы.

Відавочна, гаворка ідзе пра ідэальны варыянт. Як мы пераканаліся, укра­інскія грамадазнаўцы насамрэч, у рэальнасьці, маюць досыць абмежаваную свабоду выбару: па-першае, таму што часам няма з чаго выбіраць, бо колькасьць тых, хто мае доступ да тэарэтычных распрацовак сусьветнага ўзроўню, мізэрная; па-другое, таму што адмова ад савецкай інтэлектуальнай традыцыі адбываецца досыць цяжка, а пошук іншых інтэлектуальных крыніцаў збольшага ператвараецца ў зварот да народніцкай ці дзяржаўніцкай (элітысцкай) школаў (пераважна да першай).

Найбольш парадаксальна тое, што ў гэтым выпадку ўкраінскім грамада­знаўцам сапраўды “пашанцавала”: адраджэньне, а дакладней, рэінтэрпрэтацыя й дамінаваньне ўжо вядомых яшчэ ад пачатку ХХ стагодзьдзя прымардыялісцкіх вэрсіяў нацыягенэзу ўкраінцаў супала ў часе з актыўнаю рэвізіяй і крытыкай мадэрнісцкіх падыходаў на Захадзе. Украінскія прымардыялісцкія (пэрэніялісцкія) вэрсіі нацыягенэзу, угрунтаваныя на мэтадалёгіі амаль стогадовай даўніны, зь іхным прысмакам рамантычнага, культурніцкага, “арганічнага” нацыяналізму выглядаюць надзіва актуальнымі ў сучаснай пост- ці антымадэрнісцкай атмасфэры. Але ня варта цешыцца такою самадастатковасьцю: яна можа быць альбо сьведчаньнем мэтадалягічнай адсталасьці нашага грамадазнаўства, альбо пацьверджаньнем сумнага афарызму Т. Адорна: “Гісторыя філязофіі — гэта гісторыя забываньня”, які, у сваю чаргу, можна ўважаць за рэінтэрпрэтацыю Эклезіяста: “Няма нічога новага пад сонцам”...

Зрэшты, вернемся да кніжкі Э. Сьміта. Адна зь ягоных заўваг датычыць іншай праблемы, якая, на наш погляд, таксама вартая ўвагі. Ці магчымая ўнівэрсальная, агульная навуковая тэорыя нацыяналізму? Тэарэтычны даробак у гэтай галіне досыць вялікі, аднак, як мы пераканаліся, некаторыя тэарэтычныя “інавацыі” апошніх гадоў часам выглядаюць ня больш як перафармуляваньні прызабытых высноваў папярэднікаў. Э. Сьміт прызнае, што мадэрнісцкая школа, якая цягам апошніх дзесяцігодзьдзяў дамінавала ў тэорыях нацыі й нацыяналізму, ужо вычарпала сябе інтэлектуальна. Яе рэвізія ўсё часьцей таксама выглядае альбо як сэрыя ўдакладненьняў, альбо як рэстаўрацыя досыць антыкварных ісьцінаў, якія, трэба прызнаць, новыя толькі з гледзішча тэрміналёгіі. Тэарэтычны прагрэс сапраўды адбыўся, але як “здрабненьне” (ці паглыбленьне) тэарэтычных праблемаў, ускладненьне й павелічэньне шматварыянтнасьці падыходаў.

У адрозьненьне ад досыць “жорсткіх” мадэляў 1950—1960-х гадоў, у якіх нацыяналізм разглядаўся альбо як ідэалёгія, альбо праз прызму сацыяльна-дэмаграфічных аспэктаў “пабудовы нацыяў”, заўважае Э. Сьміт, дасьледнікі апошніх трох дзесяцігодзьдзяў “...надавалі значна больш ўвагі суб’ектыўным вымерам калектыўных культурных ідэнтычнасьцяў — уплыву мовы й масавай культуры, стратэгіям палітычных й інтэлектуальных элітаў, магчымасьцям дыскурсіўных сетак ды рытуалізаваных спосабаў дзеяньня, ­уплыву этнічнага сымбалю, міту й памяці”9. Гэта, на думку дасьледніка, дае падставы для аптымізму што да далейшых тэарэтычных распрацовак. Аднак гэта не дае падставаў для аптымізму што да іхнай унівэрсалізацыі і фармаваньня “агульнай” тэорыі нацыі й нацыяналізму.

Увогуле складваецца ўражаньне, што колькасьць і якасьць тэарэтычных ведаў у гэтай галіне стабілізаваліся і асаблівых адкрыцьцяў тут не прадбачыцца. Вось жа, можна дапусьціць такі варыянт: пошук мэтадалягічнага кансэнсусу паміж рознымі тэорыямі нацыяў і нацыяналізму, які адбываецца таксама ўва ўмовах ідэалягічнай канвэргенцыі і агульнай моды на “постмадэрнізм”, мусіць прывесьці да стварэньня сынтэтычнай тэорыі нацыі і нацыяналізму, якая будзе экстрактам інтэлектуальна найпрадуктыўнейшых падыходаў з розных школаў. Уявім сабе “мадэрнісцка-прымардыялісцкую, суб’ектывісцка-аб’ектывісцкую” тэорыю, якую можна было б дастасаваць да любога нацыяналізму ці нацыі з адпаведнымі магчымасьцямі прагназаваньня. Тэарэтычна такая магчымасьць існуе (не зважаючы на пэўны рамантызм гэтага дапушчэньня). Практычна, мабыць, не.

Э. Сьміт заўважае з гэтай нагоды: “Ці магчымая такая тэорыя?” [...] З улі­кам папярэдняга крытычнага аналізу [розных] падыходаў адказ будзе адмоўным. Гэтая галіна настолькі разьдзеленая разыходжаньнямі ў трактаваньні базавых пытаньняў, супярэчлівымі падыходамі, кожны зь якіх адрасаваны толькі таму ці іншаму аспэкту гэтай надзвычай шырокай праблематыкі, што абагульнены падыход будзе выглядаць досыць нерэальным, а любая агульная тэорыя — амаль утапічнаю”10. Такога сама погляду прытрымліваюцца й іншыя дасьледнікі, хоць некаторыя зь іх не выключаюць магчымасьці распрацоўкі ўнівэрсальных тэарэтычных пабудоваў у стасунку да пэўных аспэктаў нацыяналізму.

К. Келган, у прыватнасьці, уважае, што “нацыяналізм занадта разнастайны, таму наўрад ці магчымая агульная тэорыя, якая б дала яго вычарпальнае трактаваньне. Зьмест ды спэцыфічныя скіраванасьці розных нацыяналізмаў вызначаюцца гістарычна адрознымі культурнымі традыцыямі, творчымі здольнасьцямі лідэраў, выпадковымі сытуацыямі ў міжнародным парадку. Што сапраўды паддаецца разгляду на ўзроўні агульных, тэарэтычных пабудоваў — гэта чыньнікі, якія прыводзяць да пастаяннага ўзьнікненьня й аднаўленьня нацыяналізму як цэнтральнага дыскурсіўнага ўтварэньня мадэрнага сьвету. Гэта не дае [унівэрсальнага] тлумачэньня ўсіх праяваў ці рысаў нацыяналістычнага дыскурсу, аднак стварае ўмовы для таго, каб зрабіць першы крок у спробах зразумець, чаму ён існуе і застаецца ўплывовым”11.

Відавочна, з гэтымі цьверджаньнямі можна пагадзіцца, хоць, здаецца, пытаньне аб магчымасьці “агульнай” тэорыі нацыяналізму ёсьць ня больш як схалястычным выбрыкам ці настальгіяй па тых часах, калі ў грамадазнаўстве дамінавалі “клясычныя” тэорыі, альбо ў нашым “хатнім” варыянце — “адзіна праўдзівае вучэньне”. Магчыма, што такая ўнівэрсальная тэорыя ўвогуле не патрэбная акурат у стасунку да нацыяў і нацыяналізму, бо апошнія былі й застаюцца паліморфнымі канцэпцыямі і зьявамі.

Як мы ўжо згадвалі раней, у гэтых нарысах не ідзе гаворка пра высьвятленьне ўсіх тэорыяў нацыі і нацыяналізму, падыходаў, канцэпцыяў і г.д. Відавочна, што па-за нашаю ўвагай засталася вялікая колькасьць праблемаў, якія маюць немалую пазнавальную вартасьць. У прыватнасьці, у нарысах наўмысна амаль ня згадваюцца постмадэрнісцкія канцэпцыі нацыі і нацыяналізму, якія, на нашую думку, ёсьць праяваю згаданай раней “фрагмэнтацыі” адпаведнай тэматыкі. Калі ж гаварыць пра больш канкрэтныя праблемы, то, відавочна, па-за межамі нашай увагі й мажлівасьцяў засталіся такія тэмы, як нацыя і нацыяналізм у эпоху глябалізацыі, посткаляніялізм, нацыяналізм і сучасны сэпаратызм, нацыяналізм і фэмінізм, нацыяналізм у шматкультурных плюралістычных грамадзтвах, дыяспарны нацыяналізм і г.д. — зразумела, што гэты пералік можна было б працягваць.

Варта яшчэ раз нагадаць, што гэтыя нарысы — толькі адна са спробаў распачаць дыскусію, максымальна пазбаўленую ідэалягічнай ці кланавай перадузятасьці, канчатковых высноваў і цьверджаньняў. Агульнавядома, што павелічэньне абсягу ведаў толькі дае нам большае ўяўленьне пра бязьмежнасьць нашага няведаньня. На гэтай аптымістычнай ноце, мабыць, варта завяршыць нашае дасьледаваньне.

Мэльбурн, 1999

Пераклаў з украінскай Алесь Пяткевіч

1 Smith Anthony D. Nationalism and Modernism. P. 11.

2 Ibid. P. 13.

3 Ibid. P. 16.

4 Ibid. P. 4.

5 Ibid. P. 5.

6 Ibid. P. 21.

7 Лісовий Василь. Ідеологія. Політичні ідеології // Культура, ідеологія, політика. С. 74.

8 Тамсама. С. 74, 75.

9 Smith Anthony D. Nationalism and Modernism. P. 223.

10 Ibid. P. 223.

11 Calhoun C. Nationalism. P. 112.


Новые статьи на library.by:
ПОЛИТИКА:
Комментируем публикацию: Тэорыі нацыі і нацыяналізму


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

ПОЛИТИКА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.