"БОСКАЯ КАМЕДЫЯ" ДАНТЭ АЛІГ'ЕРЫ І АСАБЛІВАСЦІ ЯЕ ПЕРАКЛАДУ НА БЕЛАРУСКУЮ МОВУ

Критика на произведения белорусской литературы. Сочинения, эссе, заметки.

NEW КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ


КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему "БОСКАЯ КАМЕДЫЯ" ДАНТЭ АЛІГ'ЕРЫ І АСАБЛІВАСЦІ ЯЕ ПЕРАКЛАДУ НА БЕЛАРУСКУЮ МОВУ. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2003-02-17

ЗМЕСТ

УВОДЗІНЫ

Раздзел 1. АГУЛЬНЫ ПОГЛЯД НА ЛІТАРАТУРУ ІТАЛІІ ПЕРАДДАНТАЎСКАЙ ЭПОХІ.

Раздзел 2. З ТВОРЧАЙ ГІСТОРЫІ ДАНТАЎСКАГА ШЭДЭЎРА.
Раздзел 3. ШЛЯХ «БОСКАЙ КАМЕДЫІ» ДА ЧЫТАЧОЎ.
Раздзел 4. ЗНАЧЭННЕ ТВОРЧАСЦІ ДАНТЭ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ.
Раздзел 5.ПЕРШЫ ПОЎНЫ ПЕРАКЛАД ШЭДЭЎРА СУСВЕТНАЙ ЛІТАРАТУРЫ НА БЕЛАРУСКУЮ МОВУ
ЗАКЛЮЧЭННЕ.

Слоўнік меней распаўсюджаных тэрмінаў, якія выкарыстаны ў працы.
Дадатак 1. ПЕРАКЛАДЫ ТВОРАЎ ІТАЛЬЯНСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ НА БЕЛАРУСКУЮ МОВУ.
Дадатак 2 ТВОРЫ ДАНТЭ АЛІГ’ЕРЫ У БЕЛАРУСКІХ ПЕРАКЛАДАХ .
Дадатак 3. МАТЭРЫЯЛЫ БЕЛАРУСКАГА ДАНТАЗНАЎСТВА.
Спіс выкарыстанай літаратуры.
УВОДЗІНЫ

Паняцце «сусветная літаратура» ў пэўнай ступені вызначаецца творамі, якія ведаюць, хоць бы па чутках, і папулярнасць якіх мала залежыць ад зменлівых умоў. Да такога роду твораў належыць «Боская камедыя» вялікага італьянскага паэта Дантэ Аліг’еры. Канешне ж, пазнаёміцца з гэтым шэдэўрам сусветнай культуры на мове арыгіналу ў большасці людзей не было і няма магчымасці. «Боская Камедыя» зрабілася набыткам усяго свету, усяго чалавецтва дзякуючы перакладам. Так што “сусветная літаратура”—гэта яшчэ і нейкая своеасаблівая сістэма распаўсюджвання пэўных твораў, асобных нацыянальных літаратур, іх узаемадзеяння.

Адпаведна, мы ў сваёй працы, напасрэдна прысвечанай перакладу унікальнага твора Дантэ Аліг’еры на беларускую мову ставім задачу комплекснага вывучэння названай праблемы. Дзеля гэтага мяркуецца па магчымасці акрэсліць кантэкст літаратурных сувязяў, што патрабуе ўвагі да шэрагу пытанняў:

· чым абумоўлівалася значэнне італьянскай літаратуры XIV стагоддзя для іншанацыянальнага мастацтва слова;

· як складвалася і чым прадвызначалася знаёмства ўсходніх славян з «Боскай Камедыяй»;

· якія асаблівасці ўспрымання творчасці італьянскіх пісьменнікаў наогул і Дантэ Аліг’еры ў прыватнасці кожным з усходне-славянскіх народаў;

· што з’яўляецца спецыфічным у адносінах беларусаў да «Боскай Камедыі» Дантэ.

Натуральна, што пры вырашэнні галоўнай з пастаўленых задач нам не абысціся без сістэматызацыі фактычнага матэрыялу, якім вызначаецца праблема «Боская Камедыя» Дантэ і беларуская культура», а менавіта: гісторыі «асваення» заканамернасцяў, колькасці і якасці перакладаў, творчых знаходак і страт у іх, вартасцяў перастварэнняў з пункту гледжання адэкватнасці.

Вядома, усе названыя аспекты мы гэтым разам даследваць ва ўсёй поўнасці не здольныя. Тым не меней лічым за патрэбнае разглядзець на прыкладзе Дантэ Аліг’еры асаблівасці сувязяў беларускай і італьянскай літаратуры, шляхі прыходу твораў вялікага італьянскага пісьменніка ў нашу літаратуру.

Структурызавалася наша праца непасрэдна ў залежнасці ад пастаўленых задач.

РАЗДЗЕЛ 1.

ЛІТАРАТУРА ІТАЛІІ ПЕРАДДАНТАЎСКАЙ ЭПОХІ.

Італьянскае пісьменства да ХІІ ст. было выключна рэлігійным. З пункту гледжання паэтыкі і мовы яно было пазбаўлена прыёмаў уласна паэтычнага мастацтва. А паэзія ў сучасным разуменні запачткавана пры сіцылійскім двары ў часы праўлення імператара Фрыдрыха ІІ і яго сына Манфрэда. Там, на Сіцыліі, сабраліся самыя таленавітыя майстры слова і стварылі першую італьянскую паэтычную школу.

Першыя ўзоры свецкай італьянскай паэзіі з’явіліся на рубяжы ХІІ і ХІІІ стагоддзяў са спазненнем у паўтара стагоддзя ў параўнанні з так званай заальпійскай Еўропаю. Да гэтага часу Італія ведала толькі паэзію жанглёраў, якая выкарыстоўвала правінцыяльныя дыялекты. Паэтыка прадстаўнікоў названай школы прынцыпова адрознівалаля ад творчай сістэмы жанглёраў. Мова паэтаў сіцылійскай школы—народная, але ў адрозненні ад мовы паэтаў-жанглераў асаблівая—стылёва ўзвышаная.

Дарэчы, сіцылійская школа абавязана сваім з’яўленнем правансальскай паэзіі. Правансальскія песні: канцоны, альбы, серанады, сірвенты—пачалі распявацца па ўсёй Італіі, выклікаючы вялікую цікавасць і перайманне. Паступова правансальскія формы занялі значнае месца ў італьянскай нацыянальнай паэзіі. І ўжо ў 1250 годзе (год смерці Фрыдрыха ІІ) Італія на паэтычнай ніве магла ні ў чым не зайздросціць Правансу. Між тым італьянская паэзія не слепа пераймала вопыт паэтаў-правансальцаў: з арсеналу правансальскай тэхнікі вершаў было ўзята ўсё жыццяздольнае і адкінута тое, што не магло выкарыстоўвацца ў сістэме італьянскай мовы. Так што нароўні з жанрамі правансальскай лірыкі ў італьянскай з’явіліся новыя: балада, якая мела карані ў італьянскай народнай лірыцы, і санет, якому прызначаўся незвычайны лёс.

З цягам часу ў Італіі паэзія зрабілася “хваробаю” ўсіх. У той час большасць вершаў належыла розным відам палітычнай лірыкі. Асабліва расквітнела тэнцона—спаборніцтва вершамі, у якім людзі розных палітычных поглядаў ці нават тыя, хто быў не згодзен з іншым, дыскутавалі, палемізавалі сродкамі паэзіі.

Пазней важную ролю адыграў “салодкі новы стыль” (dolce stil nuovo). Адмаўленне саслоўнасці, усхваленне жанчыны і пачуцця кахання—гэта асноўныя рысы “dolce stil nuovo”. Зарадзіўся ён у Балонні, і яго бацькам лічаць Гвіда Гвініцэллі. Паэзія гэтага стылю ўслаўляе ўзвышанае каханне да жанчыны незвычайных маральных вартасцяў, адначасова апісваючы псіхалогію закаханага. І вось, адным з паслядоўнікаў Гвіда Гвініцэллі быў Дантэ Аліг’еры, у творчасці якога назіраецца адпаведны ўплыў “салодкага новага стылю”.

РАЗДЗЕЛ 2.

З ТВОРЧАЙ ГІСТОРЫІ ДАНТАЎСКАГА ШЭДЭЎРА

Азначаючы важнейшыя моманты ўзнікнення і функцыянавання слыннага твора Дантэ, варта згадаць наступнае.

Праблему, да якой мы звярнуліся, немагчыма асэнсаваць без уліку значэння твора Дантэ Аліг’еры – яго зместу, філасофскіх і эстэтычных вартасцяў, значэння для фарміравання нацыянальнай літаратуры, кадыфікацыі італьянскай літаратурнай мовы.

Існуе меркаванне, што Дантэ стаіць на мяжы дзвюх эпох, адначасова з’яўляючыся апошнім паэтам Сярэднявечча і першым паэтам Новага часу. І з гэтым нельга не пагадзіцца. Дантаўская “Камедыя”сапраўды азнаменавала пачатак новай эпохі як у нацыянальнай, так і ў сусветнай літаратуры. Гэты твор як бы падводзіць вынікі ўсяму, што было назапашана духоўнай і мастацкай культурай папярэдніх часоў—у ім як быццам упершыню загаварылі нямыя стагоддзі.

.Нездарма называюць «Камедыю» паэтычнай энцыклапедыяй сярэдніх вякоў і Адраджэння, бо на ўсіх падставах можна сцвярджаць, што італьянскі паэт абагульніў амаль усе веды і ўяўленні пра сусвет на той час, раскрыў у вобразах сістэму сярэднявечнага светасузірання, стварыў новую паэтыку.

Паспрабуем удакладніць гэтыя агульныя характарыстыкі.

Сюжэтную аснову твора Дантэ складае фантастычная гісторыя тагасветнага(замагільнага) падарожжа паэта—матыў, які быў досыць шырока распаўсюджаны ў антычнай і сярэдневяковай літаратурах. Складаецца твор з трох частак: “Пекла”, “Чысцілішча” і “Рай”. Уся паэма ў цэлым, а таксама кожны асобны яе эпізод і вобраз насычаныя алегарычнымі сэнсамі, сімволікай. Сам Дантэ Аліг’еры ў лісце да Кан Грандэ дэлла Скала, каменціруючы сэнс паэмы ў цэлым і кожнай з частак па асобку, адзначае, што ў алегарычнай форме яна, паэма, павінна ўказваць чалавецтву шлях да ўратавання і шчасця. Каб выйсці са стану грахоўнасці і палітычнай анархіі, чалавецтва праз свет асуджэння(пекла), збаўлення(чысцілішча) павінна набыць шчасце(рай)[1].

Увага Дантэ накіравана на зямное жыцце, якое з’яўляецца асноваю аўтарскага гуманізму. У сваей паэме Дантэ адлюстраваў усё, што ў жыцці яму было дорага: каханне да Беатрычэ, навуковыя і філасофскія заняткі, пакуты і думкі, захапленне і смутак выгнанніка (бо, як вядома, памёр ён у выгнанні і пахаваны не ў роднай Фларэнцыі, а ў Равэнне). Асноўная ж заслуга паэта ў тым, што ўсё гэта ён ператварыў з асабістага ў грамадскае, з італьянскага ў сусветнае, з часовага ў вечнае.

Наватарства твора Дантэ выявілася ў геніяльным адзінстве яго мастацкага стылю. У “Камедыі” ўжо не існуе тых выразных межаў, якія падзялялі трагічныя і камічныя стылі ў познесярэдневяковай, гатычнай паэзіі. Тут межы адсутнічаюць не толькі таму, што рэалізавана суцэльнасць перададраджэнскай стылёвай сістэмы, але і таму, што ўведзены суб’ектыўны аўтарскі пачатак.

Светапоглядам Дантэ вызначаецца і своеасаблівасць паэтыкі “Боскай Камедыі”. У ей рэлігійная сімволіка і сярэдневяковы алегарызм спалучаюцца з жывым і выразным адлюстраваннем рэальнага жыцця. Магутная фантазія паэта ніколі не адрываецца ад рэчаіснасці.

Творчымі дасягненнямі Дантэ па праву лічацца паўнакроўныя чалавечыя характары, створаныя ім нават пры дапамозе толькі некалькіх штрыхоў. Акрамя таго аўтар “Боскай Камедыі” надаў важную ролю пейзажам—з гэтым чытач сустрэўся ўпершыню ў гісторыі сярэдневяковай літаратуры.

Што датычыцца ўласна паэтыкі, звернемся да сцвярджэння В. П. Рагойшы: “Дантэ Аліг’еры ўвёў у паэзію тэрцыну, якою напісана “Боская Камедыя”[2].

Карацей кажучы, у “Боскай Камедыі” атрымала высокамастацкую рэалізацыю імкненне да абсалютнай гармоніі. А гэта выявілася і ў мове твора—імкненне да зліцця з Богам у сусветнай гармоніі прыкметна паўплывала на лексіку «Боскай Камедыі», ачышчаючы яе ад вульгарызмаў і немілагучных дыялектызмаў, але і нараджаючы смелыя неалагізмы, шэраг якіх узбагаціў слоўнікавы фонд італьянскай літаратурнай мовы. Дантэ ў лісце да Кан Грандэ дэлла Скала пісаў пра мову сваёй паэмы: «Яна стрыманая і сціплая, бо гэта простая гаворка, на якой гавораць прасталюдзіны»[3]. Менавіта мова гэтага твора стала ўзорам італьянскай літаратурнай мовы, у аснову якой Дантэ паклаў тасканскі дыялект, узбагаціўшы яго словамі і моўнымі зваротамі з іншых дыялектаў, а таксама лацінізмамі і неалагізмамі. Неабходна заўважыць, што да нашага часу італьянская літаратурная мова засталася такою, якая яна ў неўміручым творы Дантэ.

Аўтарская задума «Боскай Камедыі» належыць да перыяду працы над вершаванымі і празаічнымі творамі пад агульнаю назвай «Новае жыццё», гэта значыць да 80-х –пачатку 90-х гадоў. ХІІІ стагоддзя .

Як адзначаюць даследчыкі, думка пра грандыёзнае ўхваленне Беатрычэ прасочваецца і ў цэнтральнай канцоне і ў заключных радках «Новага жыцця», апошні ж санет—як быццам намячае паэтычную форму будучай хвалебнай песні.

Першапачаткова жанр азначаўся як «камедыя». Дантэ ў лісце да Кан Грандэ дэлла Скала пісаў: «… камедыя пачынаецца сумна, а канец мае шчаслівы… Гэтым тлумачыцца, чаму дадзены твор названы “Камедыяй”; калі мы звернемся да зместу, то спачатку ён жахлівы і смуродны, бо гаворка ідзе пра Пекла, а ў канцы—шчаслівы, жаданы і благадатны, бо гаворка ідзе пра Рай”[4]. Падкрэслім: у той час самое паняцце «камедыя» разумелася не ў сувязі з драматычным канонам, а як спалучэнне ў адным творы ўзвышанага з будзённым і трывіяльным.

Захоплены прыгажосцю і веліччу твора Дантэ, Джаванні Бакачча дадаў азначэнне «боская»( італ.—divina), вось чаму мы аднолькава выкарыстоўваем, як і многія іншыя, у сваёй працы назвы «Камедыя» і «Боская Камедыя». (Дарэчы, у другой назве сустракаецца напісанне слова «камедыя» як з вялікай, так і з малой літары; мы лічым, што больш правамерна пісаць з вялікай літары, каб падкрэсліць, што першапачатковая назва твора «Камедыя»).

Пісаў свой твор Дантэ Аліг’еры на працягу 1307 – 1321 гадоў.(Ёсць меркаванне, што “Пекла” было задумана прыкладна ў 1307 годзе, “Чысцілішча” не пазней 1313 і не раней 1311года і скончана раней 1317года, а “Рай” пісаўся да апошняга года жыцця).Вядома, што часткі “Боскай камедыі” хадзілі як асобныя творы, і што паказальна, яшчэ ў рукапісным варыянце досыць шырока распаўсюджваліся і набылі прызнанне.

Між тым, па-першае, змест твора быў складаны сам па сабе, а па-другое, напісанне твора прыпадае на эпоху, калі яшчэ толькі адбывалася сцвярджэнне італьянскай мовы як літаратурнай. І не выпадкова, што тады ствараліся публічныя кафедры для тлумачэння паэмы. Некалькі такіх кафедр, напрыклад, існавала з 1373 года ў родным горадзе Дантэ, першую з якіх заняў Джаванні Бакачча. Пазней прыклад горада Фларэнцыя перанялі Балоння, Піза, Венецыя, Пьячэнца[5].

РАЗДЗЕЛ 3.

ШЛЯХ «БОСКАЙ КАМЕДЫІ» ДА ЧЫТАЧОЎ

Пра сапраўднае распаўсюджванне, натуральна, можна весці гаворку ў дачыненні да часу пасля таго, як паэма была надрукавана. Упершыню «Камедыя» сышла з друкарскага станка ў горадзе Фалінья ў 1472 годзе. І вельмі хутка набыла яна папулярнасць—ужо праз 2 гады была надрукавана ў Рыме, а ў 1481 годзе пабачыла свет фларэнтыйскае выданне паэмы, якое стала знакамітым дзякуючы ілюстрацыям Сандра Бацічэллі.

Да часу выдання паэмы існавалі ўжо два пераклады: першы пераклад быў зроблены на лацінскую мову, другі – на іспанскую. Такім чынам, твор Дантэ Аліг’еры набываў сусветнае прызнанне. Пад канец ХІХ стагоддзя «Боскую Камедыю» чыталі ўжо на 20 мовах: французскай і каталонскай, галандскай і нямецкай, англійскай і дацкай, санскрыце і яўрэйскай, армянскай і славенскай, партугальскай і чэшскай, румынскай і польскай, грэчаскай і венгерскай, рускай і шведскай, і як мы ўжо казалі: латыні і іспанскай[6].

На беларускую мову «Боская камедыя» пачала перакладацца толькі з 50-х гг. нашага стагоддзя, але мы лічым, што беларускі чытач быў знаемы з бяссмертным творам Дантэ Аліг’еры і да гэтага: праз рускія і, магчыма, польскія пераклады, паколькі такім чынам адбывалася знаёмства і з многімі іншымі мастацкімі творамі сусветнай літаратуры. Пытанне пра знаёмства з творамі Данте пры дапамозе польскіх перакладаў мы не будзем разглядаць, паколькі гэта можа быць тэмаю асобнага даследвання, а вось магчымасць знаёмства праз рускія пераклады мы разглядзім падрабязней.

Пачнем з таго, што ў 1757 годзе венецыянец граф дэ Сіснерас прадпрыняў выданне паэмы з прысвячэннем імператрыцы Елізавеце Пятроўне. Такім чынам у Паўночнай Пальміры апынуўся раскошны экзэмпляр «Боскай Камедыі»: тэкст паэмы быў перадрукаваны з Падуанскага выдання 1726 – 1727 гадоў. Раней лічылася, што гэта быў першы варыянт «Боскай Камедыі» на італьянскай мове ў Расіі, але такое меркаванне было абвергнута пасля таго, як у адной з публікацый пра вяцкую бібліятэку Лаўрэнція Горкі (памер каля 1737 года), сябра Феафана Пракаповіча, сярод многіх кніг быў названы ўнікальны твор Дантэ.У яго захоўвалася самае старажытнае выданне «Камедыі», надрукаванае ў 1536 годзе ў Венецыі[7]. У 1839 годзе ў тыпаграфіі Маскоўскага універсітэта была надрукавана 1-я кантыка дантаўскай паэмы на італьянскай мове. Гонар адзінага рускага выдання “Inferno”(“Пекла” і заўваг да яго) належыў універсітэцкаму лектару Джузэпэ Рубіні. Чытач рускі, як і беларускі, не заўсёды чытаў бессмяротны твор Дантэ ў перакладах з арыгіналу. Нярэдка—з іншых заходнееўрапейскіх моў. Вядома, што вялікі ўплыў на рускую літаратуру пасля вайны супраць Напалеона аказвала французская мова і культура. Так у 1842 г. выходзіць празаічнае «переложение» «Пекла» Е.В.Калагрывавай, якая хавалася пад псеўданімам Ф. Фан-Дзім. Знаўца творчасці Дантэ С.П.Шэвырэў, адзначаючы істотныя пралікі перакладчыцы, узяў пад сумненне, ці была знаёма Калагрывава з арыгіналам, і зрабіў выснову, што яна хутчэй за ўсё перакладала з французскай мовы. Акрамя французскіх перакладаў у Расіі мелі распаўсюджанне і англійскія, адным з якіх валодаў П.Я.Чаадаеў. У яго бібліятэцы было лонданскае выданне «Камедыі» 1802 года.

Ды і на Беларусі пераклады твораў Дантэ Аліг’еры былі, але не на беларускую мову, а на рускую, і не з італьянскай, а з нямецкай. Прыклад такога перакладу быў надрукаваны ў Віцебску ў 1908 годзе, аўтарам якога з’яўляўся В. С. Арсенеў[8].

РАЗДЗЕЛ 4.

ЗНАЧЭННЕ ТВОРЧАСЦІ ДАНТЭ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ

Пацвярджэннем таго, што чытачы-беларусы ведалі Дантэ Аліг’еры і яго вялікі твор, могуць служыць спасылкі, якія мы знаходзім у літаратурна-крытычным артыкуле Максіма Багдановіча «Белорусское Возрождение»: «…эти ценности (истинные ценности в художественном творчестве) сразу же начали создаваться, когда писатели (во главе с Дантом) обратились к народным европейским языкам…»[9] і ў эцюдзе «Мадонна» «…вот Петрарку с Дантом возьмите…»[10].

Наколькі нам вядома, менавіта ў Максіма Багдановіча мы сустракаем упершыню тэрцыну ў перакладзе на беларускаю мову, які зрабіў сам беларускі паэт. Яна з’яўляецца эпіграфам да верша “У зачараваным царстве”:

О вы, разумныя, зірніце самі,

І кожны настаўленне зразумее,

Схаванае за дзіўнымі радкамі.

Дантэ”Боская Камедыя” Пекла. ІХ.

Прысутнасць Дантэ Аліг’еры ў беларускай нацыянальнай свядомасці мае розныя формы і аспекты. Нельга не згадаць, скажам, такі: была нават спроба даць суадносную характарыстыку светапоглядаў Дантэ Аліг’еры і Максіма Багдановіча[11].

Ведучы гаворку пра ўплыў творчасці Дантэ Аліг’еры на беларускіх мастакоў слова, мы павінны трымаць пад увагай не толькі беларускамоўныя пераклады, спасылкі на слыннага паэта Італіі ці яго творы. Фронт уздзеяння сусветных шэдэўраў, асабліва Сярэднявечча, на пазнейшыя літаратуры—у прыватнасці, на беларускую – значна шырэйшы.

Вельмі складаны таму, што ён цяжкаахопны, але надзвычай цікавы аспект – алюзіі, паэтычныя асацыяцыі ў тэкстах беларускіх аўтараў, выкліканыя творам слыннага італьянца. Напрыклад, у вершы Янкі Купалы “Над Іматрай” ёсць такія радкі:

Зірнуць, ззіхануцца, сыпнуцца на скалы,

Ўсім дантаўскім процьмам на здзіў,

І люнуць на волю, забыўшыся шалаў,

Плывуць паміж пустак і ніў 12 (Падкрэслена намі – У.Ч.)

Тут, уласна, не адразу вызначыш, якім канкрэтна творам, якім вобразам Дантэ, абуджана такая характарыстыка прыроднай з’явы. Ды істотна іншае – што паэзія Дантэ прысутнічае як пэўны імпульс у светаадлюстраванні Купалы. Прычым не аднаразова і не выпадкова, бо падобная згадка ёсць таксама ў вершы “Смейся!..”:

Смейся смехам-сычэннем праз скрогат

Перадсмертны зубоў і рассейся

Ў гразь жыцця, ў пекла Дантава рогат!

Каб аж косці ўстрасаў дзікі дрогат, --

На пацеху сляпой дзічы, смейся!13

І гэта сустракаецца ў многіх беларускіх пісьменнікаў.

Сур’ёзнай увагі заслугоўвае пытанне пра тое, як “абеларушваліся” формы верша, якія увёў некалі ў паэзію Дантэ. Напрыклад, нават без спецыяльных пошукаў і даследаванняў можна засведчыць, што ў беларускай паэзіі годнае месца заняла тэрцына. Яе мы сустракаем у Максіма Багдановіча (“Есць чыры у забытым, старадаўным...”), Кастуся Кірэенкі (“Пасля навальніцы”), Уладзіміра Караткевіча (“Апошняя песня Дантэ”), Янкі Сіпакова (“Наручнікі”), Анатоля Грачанікава (“Нам свецяць”)14 і, вядома ж, у Уладзіміра Скарынкіна (“Песня перакладчыка” і “Заключная песня перакладчыка”, прысвечаныя “Боскай Камедыі” і яе перакладу).

Але, вядома, у комплексе пытанняў, якія вызначаюць успрыманне творчасці іншанацыянальнага аўтара, асноўнае месца павінна быць адведзена асаблівасцям перакладу.

Першая спроба даць беларускі пераспеў “Боскай Камедыі”—дакладней, фрагмента трэцяй песні з “Пекла” – належыць Язэпу Семяжону15. Пазней з’явілася першая песня “Пекла” ў перакладзе Алега Мінкіна16. Асобныя ўрыўкі “Боскай Камедыі” перакладаў таксама Лявон Баршчэўскі.17.

Разгледзім кожны з названых перакладаў паасобку, а потым паспрабуем параўнаць іх.

І тут не лішнім будзе зрабіць тэарытычнае адступленне. У залежнасці ад задач, якую ставіць перад сабою перакладчык, і метадалогіі яго працы, вынікам могуць быць пераклады так званыя дакладныя і так званыя вольныя. У першым выпадку, як правіла, дакладна перадаюцца змест, мастацкія і стылёвыя асаблівасці арыгіналу, а ў другім—здяйсняецца перастварэнне, пішацца новы твор на той самы сюжэт. Дык вось пераклад Язэпа Ігнатавіча Семяжона адносіцца да другога тыпу. Паказальна, што Язэп Семяжон нават не імкнецца захаваць назвы песні, якую даў ёй сам Дантэ, а называе,—можна сказаць, свой твор—“Прад апраметнай”. Захоўваючы тую самую, што і ў Дантэ ідэю, перакладчык пры дапамозе моўных сродкаў, адпаведнікі якім адсутнічаюць у арыгінале, перадае жудасны стан галоўнага героя, з якім, дарэчы, ідэнтыфікуецца беларускі пісьменнік-перакладчык. Вось што мы чытаем у перастварэнні Я. І. Семяжона:

Я прачытаў, і хмарай варання

Замітусіўся надпіс. Баязліва

Шапчу: “Настаўнік, страх—мая радня”.

А ён, празорца, у адказ мне кпліва:

“Тут трэба мець душу ў стальным адзенні,

А страху—затаіцца палахліва18.

Дантэ Аліг’еры «Боская Камедыя», «Пекла», ІІІ, 10-16.

Параўнаем змест гэтых дзвюх тэрцын са зместам арыгінала “Боскай камедыі”:

Queste parole di colore oscuro

Vid’io scritte al sommo d’una porta;

per ch’io: “ Maestro, il senso lor m’e duro”.

Ed elli a me, come una persona accorta:

“Qui si convien lasciare ogni sospetto;

ogne vilta convien che qui sia morta.19.

І падрадкоўны пераклад:

Гэтыя словы колеру цёмнага

Убачыў я напісанымі над дзвярыма

Таму: “Настаўнік, сэнс іх мяне засмучае (наводзіць страх)”.

І ён як чалавек дасведчаны мне:

“ Тут трэба пакінуць ўсялякі страх,

Усялякая нізасць павінна тут памерці.

Нават на гэтым кароткім урыўку мы бачым прынцыповае разыходжанне пераклада з арыгіналам, не кажучы ўжо пра вобраз “дзвераў”, які выкарыстоўвае Дантэ, а ператвораны беларускім перакладчыкам у вобраз “дарогі”. Ці невыпадковыя гэтыя метамарфозы? Ва ўсходне-славянскіх літаратурах сустракаецца вельмі часта вобраз-топас, які выкарыстоўвае Язэп Семяжон, і ў беларускага чытача выклікае пэўныя асацыяцыі. Так што выкарыстанне яго ў дадзеным выпадку можна лічыць па-свойму правамерным, як і выкарыстанне метафары “хмара варання”. Гаворачы пра мастацкія каштоўнасці гэтага ператварэння, трэба вылучыць вельмі цікавае параўнанне, якое ўвёў у гэты ўрывак беларускі пісьменнік:

27 …Зайшлося з жалю сэрца—і здалося,

Што, грудзі прапаліўшы ўсе наскрозь,

На вышчарблены брук, нібы на плаху,

Яно агаркам чмякнецца вось-вось.(Тамсама. С. 132.)

Разглядаючы другі пераклад, які належыць Алегу Мінкіну, адзначым найперш яго дакладнасць. Перакладчык вельмі добра перадае шматзначнае параўнанне, якое мае вялікае значэнне для разумення твораш:

І быццам той, хто, падаючы з ног,

на бераг выйшаў і назад у мора

бурлівае глядзіць, дзе згінуць мог…20

Але, як і Язэп Семяжон, Алег Мінкін уводзіць у свой пераклад беларускія каларытныя выразы (“каб ён спрах”), параўнанні (“глухі, бы скон”), метафары (“ледзяніў мне кроў у жылах”). Ён, уласна, выкарыстоўвае моўныя сродкі, якія дапамагаюць чытачу эмацыянальна выразней уявіць стан галоўнага героя “Боскай Камедыі”. Але ёсць не зусім удала падабраныя італьянскім беларускія адпаведнікі. Так, у першай тэрцыне пераклада на беларускую мову мы сустракаем выраз “простая (дарога)”. Італьянскі прыметнік diritta мае наступныя значэнні: прамая, сумленная, справядлівая, правільная. Прычым, італьянскія даследчыкі творчасці Дантэ лічаць, што ў дадзеным выпадку маецца на увазе дарога дабра, альбо правільная дарога. Пралікам трэба лічыць таксама выкарыстанне занадта размоўнага слова “ачмурэлы”, якое не пазбаўлена і негатыўнай афарбоўкі (ачмурэць—страціць здольнасць ясна ўспрымаць і разумець навакольнае; адурэць21). Аднак, нягледзячы на згаданыя агрэхі, пераклад выкананы ў цэлым добра.

Агульным для ўсіх, хто спрабаваў перакласці хоць кавалак з “Боскай Камедыі” на беларускую мову, з’яўляецца тое, што ўсе яны захоўвалі тэрцыны. І здольныя на гэтае не ўсе. Так у рускіх перакладчыкаў мы сустракаем празаічныя пераклады—С.І. Заруднага, В.В.Чуйко.

Своеасаблівыя цяжкасці, з якімі непазбежна сутыкаюцца беларускія перакладчыкі пры звароце да шэдэўра Дантэ Аліг’еры, абумоўлены недастатковым узроўнем распрацаванасці рэлігійнай лексікі. Гэта, дарэчы, можна заўважыць нават на матэрыяле перакладу самой назвы твора і загалоўкаў да яго структурных частак.

Так, у беларускім друку апошніх гадоў слова Боскі пачало выкарыстоўвацца ў трох значэннях, якія па-руску, напрыклад, перадаюцца рознымі словамі: Божий, Божеский и Божественный. Апошняе з названых значэнняў прысутнічае ў назве дантаўскага твора, нясе асаблівую сэнсавую нагрузку і таму патрабуе асаблівай адказнасці.

Варыянт Боскі, дарэчы, выкарыстаны ўсімі беларускімі перакладчыкамі, на наш погляд, не можа лічыцца аптымальным. Больш прымальнай, відаць, была б адаптацыя царкоўнаславянскага слова – Бажэственная.

Мы разумеем, што гэта не бясспрэчна, паколькі ў цяперашняй моўнай сітуацыі пераважаюць тэндэнцыі адмежавання ад мовы рускай, а разам з ёю і ад царкоўнаславянскай, якая для пераважнай большасці беларусаў была і застаецца традыцыйнай мовай рэлігійнай сферы. Між тым, як ні парадаксальна, фонд рэлігійнай лексікі ў беларускую мову амаль цалкам пераносіцца з мовы польскай. Якраз гэта і адлюстравалася ў перакладах Дантэ.

Каб дакладней усвядоміць гэтую праблему, звернемся да назвы другой часткі дантаўскага твора. Усе беларускія перакладчыкі ужываюць слова "Чысцец" (польск.: Czysciec). А яго ўсё ж такі агульнабеларускім назваць нельга, што пераканаўча засведчана слоўнікамі – і перакладнымі22, і тлумачальнымі23. І нічога не мяняе тая акалічнасць, што тлумачальны слоўнік фіксуе наяўнасць двух варыянтаў, паколькі чысцец тлумачыцца праз чысцілішча, а не наадварот, хоць паводле парадку іх размяшчэння (алфавітнага) магло б быць інакш – каб гэта дазваляла ўся складзеная сістэма мовы.

Нейкае апраўданне гэтаму знайсці можна: маўляў, Дантэ – католік, як і палякі, таму каталіцка-польскамоўная лексіка, прынятая ў асноўным і беларусамі-католікамі, тут дарэчы; а да таго ж у праваслаўным дагматычным багаслоўі паняцце чысцілішча наогул адсутнічае… Але на самой справе тут логіка хісткая. Перш за ўсё таму, што пераклад робіцца не з польскай, а з італьянскай – таму лагічней было б неяк абеларушваць італьянскае (лацінскае) слова purgatorio (purgatorium), а да таго ж, зноў-такі, самое паняцце перакладалася не на мову веравызнання, а на мову ўсяго народа, г.зн. мову нацыянальную, у якой свае ўнутраныя законы.

Не выпадкова, што У.М.Скарынкін, захаваўшы як назву 2 часткі слова “Чысцец”, у іншых выпадках – на жаль, непаслядоўна – аддае перавагу якраз варыянту “Чысцілішча”. У яго ж выкарыстаны таксама іншыя паняцці, уласцівыя ўсходняй (прававслаўнай) традыцыі : царкоўны (не касцельны), раскольнікі.

Таксама мы лічым, што перакладчыку было не абавязкова ўжываць, напрыклад, словы анёл (аniol), цвінтар (cwintarz), у той час калі традыцыйным (народным!) ужытку маюцца словы ангел, могілкі…

Паўторым: намі разглядаецца пакуль што запас лексікі, адлюстраваны ў загалоўках. І на гэтым, нязначнага аб’ёму матэрыяле,

заўважаецца як адзначанае, так і некаторыя іншыя агрэхі. Да ліку іх трэба аднесці таксама ўвядзенне ў пераклад слоў абмежаванага ўжытку, проста незразумелых шырокаму колу чытачоў – такіх, скажам, як жмінды. Ёсць і выпадкі, калі змена формы слоў выклікае сумненні ў іх нарматыўнасці, а значыць – і правамернасці выкарыстання пры перакладзе, як гэта адбылося са словам малечы – зборным назоўнікам, які множнага ліку не мае.

РАЗДЗЕЛ 5.

ПЕРШЫ ПОЎНЫ ПЕРАКЛАД "КАМЕДЫІ" НА БЕЛАРУСКУЮ МОВУ

Звернемся да самага галоўнага пераклада “Боскай Камедыі” на беларускую мову, які ў 1997 годзе зрабіў Уладзімір Скарынкін. Значэнне яго вядомы беларускі пісьменнік Янка Сіпакоў ацаніў так: "Амаль 7 стагоддзяў чалавецтва жыве ўжо з “Боскай камедыяй” –слынным сусветным шэдэўрам Дантэ. Мы ж, беларусы, пакуль што не мелі магчымасці пазнаёміцца з ім на сваёй роднай мове. А любы, нават самы геніяльны твор пакуль ён не перакладзены на мову карэннага, свайго народа, у той краіне нібыта адсутнічае, яго нібыта ўвогуле не існуе ў свеце. Цяпер такою краінаю, якая прыняла ў сябе гэты неўміручы твор, стала Беларусь”24.

Мы, у адпаведнасці са сваімі задачамі, пакуль што абмяжуемся разглядам толькі двух урыўкаў “Боскай Камедыі”: 1—з першай песні “Пекла” і 2—з трэцяй песні той самай часткі.

Дзеля канкрэтнай ацэнкі звернемся спачатку да гісторыі гэтага перакладу ў інтэрпрэтацыі самога перакладчыка:“Падрыхтоўку да галоўнай працы свайго жыцця пачаў я з набыцця і вывучэння “Бібліі”, “Міфаў народаў свету”, “Астраноміі”, “Метамарфоз” Авідзія, “Іліяды” Гамера і, вядома ж, самой “Боскай камедыі” у перакладзе Міхаіла Лазінскага”25. Бо, як вядома, у сваім творы Дантэ сінтэзаваў усе папярэднія веды. І каб добра перакласці твор, трэба сур’ёзна вывучыць аўтара і ведаць крыніцы, якімі карыстаўся пры напісанні свайго твора. Што датычыцца італьянскай мовы, дык Уладзімір Скарынкін сам прызнаецца, што яму замінала няведанне мовы арыгінала, і што ён выкарыстоўваў грунтоўныя падрадкоўнікі. “Мая радасць не ведала межаў, -- расказвае перакладчык, -- калі сярод заказаных мною ў Нацыянальнай бібліятэцы кніг знайшоў празаічныя пераклады на рускую мову 1-й і 3-й частак “Боскай Камедыі” (“Пекла” і “Рай”), зробленыя, адпаведна, вучоным-юрыстам С.І. Зарудным (1821-1827) і журналістам В.В.Чуйко…”26.

Такім чынам, неабходна закрануць праблему пераклада пры дапамозе падрадкоўнікаў. Асноўным з іх для беларускага перакладчыка быў вершаваны пераклад Міхаіла Леанідавіча Лазінскага, які італьянскі навукоўца Э. Баццарэллі аднёс да перакладаў вышэйшага парадку і назваў геніяльным27. З другімі падрадкоўнікамі справы абстаяць інакш. Напрыклад, пра працу В. В. Чуйко адзін з даследчыкаў адклікаецца так : “…выходит Дантов “Ад” в переводе покойного С. І. Зарудного, труд, где переводчик, независимо от многих очень вольных отступлений от подлинника, не стеснился поместить в самый текст свои собственные примечания и объяснения…”28. Так што, каб пазбегнуць памылак, зробленых папярэднікамі, трэба крытычна адносіцца да перакладу пры дапамозе падрадкоўніка. Разам з тым пры такім перакладзе губляецца гукапіс Дантэ і мелодыка арыгінала.

Характэрызаваць мы гэты пераклад будзем паводле задач, якія яшчэ ў верасні 1905 года, рыхтуючыся да пераклада «Боскай Камедыі» сфармуляваў В.Брусаў:

1- захаваць паэзію арыгінала;

2- перадаць стыль Дантэ;

3- пазбягаючы дапаўненняў, для верша дапускаць толькі перафразіроўкі;

4- трымацца гукапісу Дантэ29.

Але да кожнага з гэтых патрабаванняў трэба дадаць удакладненні-агаворкі: «наколькі гэта магчыма ў перакладзе», «наколькі гэта можна дасягнуць на другой мове», «наколькі гэта магчыма пры перадачы рыфмаванымі вершамі» і г.д. Так што згаданыя устаноўкі можна лічыць задачамі-максімум, ідэаламі, да якіх неабходна было імкнуцца – вядома ж, без упэўненасці, што ўдасца здзейсніць іх.

На наш погляд, з першымі дзвюма задачамі Уладзімір Максімавіч Скарынкін у асноўным справіўся, нягледзячы на тое, што перакладаў з падрадкоўніка.

Разам з тым у яго перакладзе назіраецца шэраг змен, адступленняў ад арыгінала.

Так, У. Скарынкін не захавае анафару, якая з’яўляецца важным элементам разглядаемай тэрцыны:

Per me si va nella citta dolente,

Per me si va nell’etterno dolore,

Per me si va tra la perduta gente30.

ТУТ У КРАІНУ ЦЕНЯЎ УВАХОД,

У ЦАРСТВА ВЕЧНАЙ СКРУХІ І МАРКОТЫ,

ДЗЕ СХОЎ ЗНАЙШОЎ ЗАГІНУЎШЫ НАРОД31.

У 3 песні “Пекла” У.Скарынкін чамусьці паставіў на першае месца 4 тэрцыну. Акрамя таго ён уводзіць у вершы свае яркае параўнанне: …выклікаюць… большы страх, чым уяўленне ўласнай дамавіны ( арыг. Tant’e amara che poco e piu morte, падрадкоўнік—настолькі горкая, што яшчэ трошкі і мертвы).

Па-свойму перакладчык трансфармуе фразеалагізмы, як гэта мае месца у наступным выпадку: “…І ў сваім манастыры ўсталяваў парадак адмысловы”. Арыгінал тут выглядае так:

Dinanzi a me non fuor cose create

Se non etterne, e io etterna duro.

Раней мяне не было створана рэчаў,

Хіба што вечных, маё існаванне вечнае.

Як нам здаецца, не зусім правамерна выкарыстоўваць у перакладзе лексіку, якая мае размоўны характар тыпу: ці вар’ят, ці ідыёт (арыгінал—hanno perduto il ben dell’inteletto; падрадкоўнік—згубілі шчасце розуму). Твор Дантэ, як бы там ні было, напісаны ў іншым стылі, а Уладзімір Скарынкін яго прыніжае.

А што датычыцца захавання гукапісу, так нам вядома, што перакладчык не ведае мовы арыгінала.

ЗАКЛЮЧЭННЕ

Падагульняючы, можна зрабіць наступныя высновы:

Як паказвае праведзены намі факталагічны аналіз, італьянска-беларускія літаратурныя сувязі, на жаль, не маюць яшчэ ні належнай актыўнасці, ні сістэмнасці. І гэта датычыцца нават з’яў першай велічыні.

Безумоўна, адсутнасць перакладу такога значнага твора сусветнай літаратуры, як «Боская Камедыя» Дантэ Аліг’еры, для беларускай літаратурнай свядомасці стварала істотную “белую пляму”.

Адпаведна, усе спробы данесці гэты твор да чытачоў-беларусаў можна толькі вітаць, а поўны пераклад, выкананы У.М. Скарынкіным, ёсць падставы лічыць прыкметнай з’явай нацыянальнай культуры ў цэлым.

Гэта, аднак, не азначае, што ў ператлумачэнні Уладзіміра Скарынкіна ўсё дасканала – гэта прадвызначана як суб’ектыўнымі, так і аб’ектыўнымі прычынамі, перш за ўсё выкарыстаннем падрадкоўніка, а не арыгінала. Аддаючы належнае станоўчаму вопыту перакладчыка, яго майстэрству, мы адзначылі таксама і пэўныя агрэхі, пралікі.

Зрэшты, і гэты варыянт можа быць дапрацаваны, а не выключана таксама, што з’явяцца новыя працы гэтага плану. Відаць, «апошняга» --аднаго на заўсёды—перакладу «Боскай Камедыі» не здольны даць ніхто: кожная новая эпоха будзе разумець Дантэ па-свойму і патрабаваць адпаведных ператлумачэнняў.

Мы разумеем, што ў сваёй працы не здолелі разгледзець усіх пытанняў, якія прадугледжвала пастаноўка тэмы. Пакуль што акрэслены толькі асноўныя, нам бачныя, моманты. А распрацоўка іх будзе весціся далей.

Слоўнік меней распаўсюджаных тэрмінаў, якія выкарыстаны ў працы

Канцона (італ. canzone—песня, адпавядае франц. chanson)—у сярэдневяковай паэзіі трубадураў Праванса—песня пра рыцарскае каханне; пазней змест яе пашырыўся. Пабудова К. строга страфічная, усе строфы рыфмуюцца па адной схеме ( часта звязаны скразною рыфмаю), але сама схема ў кожнай К. свая, да гэтага нікім яшчэ не ўжываная; апошняя страфа (тарнада) карацейшая, гэта зварот да чалавека, якому твор прысвечаны; у астатнім форма К. не связваецца ніякімі патрабаваннямі—магчымы вольны выбар вершаванага памеру, аб’ёму страфы і колькасці строфаў. З Праванса К. перанесена ў Італію і Паўночную Францыю. Былі спробы рэгламентаваць форму К.—так, Дантэ, які карыстаўся ёю для філасофскіх вершаў, даў схему яе пабудовы, якой, аднак, не прытрымліваўся сам, назваўшы К. частку «Ада». К. ў Італіі часцей напісана вершам у адзінаццаць складоў і ўключае пяць—сем строфаў. Росквіту К. дасягнула ў лірыкы Пятраркі (14 ст.)32.

Тарнада – гл. Канцона.

Тэрцы?на (італ. terzina, ад terza—трэцяя)—від верша, напісанага

трохрадкоўямі з ланцуговай кампазіцыяй. Звычайна памер тэрцыны—пяцістопны ямб. Усе трохрадкоўі ў такім вершы звязваюцца арыгінальнай рыфмоўкай: сярэдні радок кожнай папярэдняй страфы рыфмуецца з двума крайнімі наступнай (аба бвб вгв…). Тэрцына заканчваецца асобным радком, што рыфмуецца з сярэднім радком апошняга трохрадкоўя33.

СПІС ВЫКАРЫСТАНАЙ ЛІТАРАТУРЫ:

На італьянскай мове:

Dante Alighieri Divina Commedia: Inferno/ a cura di Angela Cerinotti.—Bussolengo(VR): Acquarelli, 1996. Р.13, 14, 23, 24.

На рускай мове:

Асоян А.А. “Почтите высочайшего поэта…”.—М.: Книга, 1990. С. 8, 12, 25.

Вейнберг П. И. Перевод—средство взаимного сближения народов.—М.: Прогресс, 1987. С.274.

Данте и всемирная литература Сборник..—М.: Наука, 1967.

Данте А. Малые произведения. М., 1968. С. 388, 389.

Дживелегов А. К. Данте Алигьери: 2-е изд. –М.: ОГИЗ, 1946. С.46-55.

История всемирной литературы В 9-ти томах.Т.3.—М.: Наука, 1985.

Литература средних веков и Возрождения/ Учебное пособие для вузов.—Мн.: Университетское, 1988. С.85-95.

Новый итальянско-русский словарь.—М.: “Русский язык”, 1998.

Русско-белорусский словарь. В 2 т. Т.2. – Мн., 1982. С.593.

Словарь литературоведческих терминов.—М.: «Просвещение», 1974. С.121.

Сравнительное изучение литератур.—Л.: Наука, 1976. С. 315.

На беларускай мове:

1. Багдановіч М. Поўны збор твораў. У 3-х тамах.—Мн.: Навука і тэхніка, 1993. Т.2. С.45, 258.
2. Багдановіч М. Поўны збор твораў. У 3-х тамах.—Мн.: Навука і тэхніка, 1993. Т.1. с.52.
3. Ганчарова-Цынкевіч Т.У, Дзве эпохі: Багдановіч і Дантэ (Да пытання аб змястоўнай суадноснасці ў творчасці паэтаў)// Весці Бел.дзярж.пед. універсітэта. 1995. №2. С.47-52.
4. Данільчык А. На ўзроўні суперажывання:(Аб перакладзе паэзіі Дантэ на бел мову)// ЛіМ. 1997. 17 студз.(№3). С.6-7.

Новые статьи на library.by:
КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ:
Комментируем публикацию: "БОСКАЯ КАМЕДЫЯ" ДАНТЭ АЛІГ'ЕРЫ І АСАБЛІВАСЦІ ЯЕ ПЕРАКЛАДУ НА БЕЛАРУСКУЮ МОВУ


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.