Асаблівасці жалезнага веку на Беларусі

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Асаблівасці жалезнага веку на Беларусі. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-09
Источник: http://library.by

Заключным перыядам першабытнай гісторыі стаў жалезны век (з VIII-VII стст. да н.э. па IV-V стст. н.э.), які найперш характарызаваўся з'яўленнем і шырокім распаўсюджаннем металургіі жалеза, вырабам з яго прылад працы і зброі. Навыкамі вытворчасці і апрацоўкі жалеза ў Беларусі першымі ў другой чвэрці 1-га тысячагоддзя да н.э. авалодалі плямёны мілаградскай культуры, якія засялялі поўдзень нашай краіны, а ў другой палове гэтага ж тысячагоддзя з сакрэтамі яго здабычы і кавальства пазнаёмілася насельніцтва культур штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай, якое засяляла цэнтральную і паўночную частку Беларусі. Нямногія дасягненні адной эпохі змаглі ў такой ступені паскорыць прагрэс ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці, як атрыманне і выкарыстанне жалеза. У Еўропе вытворчасць жалеза пачалася каля рубяжа 2-га і 1-га тысячагоддзяў да н.э. у Грэцыі і на Эгейскіх астравах, а на больш паўночных тэрыторыях - у XI-VIII стст. да н.э. Насельніцтва Паўднёвай Беларусі авалодала навыкамі жалезаробчай вытворчасці амаль адначасова з многімі іншымі еўрапейскімі народамі.

Пашырэнню чорнай металургіі спрыялі даступнасць сыравіны і адносна нескладаная тэхналогія варкі жалеза, якое атрымлівалі з балотных і азёрных руд (бурых жалезнякоў), адклады якіх маюцца па ўсёй тэрыторыі краіны. Старажытныя майстры ў адной асобе сумяшчалі прафесію металурга і каваля, а іх сацыяльны статус быў даволі высокім і абумоўліваўся ўстойлівай патрэбай грамадства ў прадуктах іх вытворчасці.

З'яўленне жалеза стала важнай вяхой у гісторыі старажытных плямён. Яго выкарыстанне значна паўплывала на характар матэрыяльнай культуры і стварыла вялікія магчымасці для новых тэхналагічных ідэй, практычна зраўняла шанцы ўсіх рэгіёнаў Еўропы на прагрэс у галіне вытворчасці. Аснову гаспадаркі насельніцтва эпохі жалеза складалі земляробства і жывёдагадоўля, якія дапаўняліся рыбалоўствам, паляваннем, збіральніцтвам і інш. Пераважала падсечнае земляробства. Жалезная сякера і саха з жалезным нарогам, рала з наральнікам, сярпы і косы дазволілі значна павялічьіць плошчы, занятыя пасевамі, забяспечыць прадуктамі харчавання людзей і грамадскі статак і, акрамя таго, стварыць пэўныя запасы. Удасканальваліся і іншыя заняткі насельніцтва, з'явіліся неабходныя ў вытворчасці і побыце такія рэчы, як нажніцы, абцугі, напільнікі, пілы і інш. Палепшылася апрацоўка дрэва для мэт домабудаўніцтва, вытворчасці сродкаў транспарту, розных прыстасаванняў і начыння, з'явіўся новы больш дасканалы інструментарый, пашырыўся тавараабмен. З ростам прадукцыйнасці працы ў асобных родаў і плямён назапашвалася маёмасць, што вяло да войнаў з мэтаю грабежніцтва і заняволення. Каб абараніць жыццё суродзічаў і накопленае дабро, насельніцтва пачало сяліцца ў цяжкадаступных месцах, сярод балот і лясоў, умацоўваючы свае паселішчы штучнымі абарончымі збудаваннямі-равамі і землянымІ валамі. Так узнікалі гарадзішчы, якія сталі асноўным тыпам паселішчаў на працягу амаль усёй эпохі жалеза.

Жыццё чалавека эпохі жалеза адбывалася ў цесным узаемадзеянні з навакольным асяроддзем. На ўсіх этапах сваёй гісторыі чалавецтва залежала ад прыродных умоў, не зважаючы на тое што развіццё прыроды і грамадства адбывалася сваімі шляхамі. Па меры ўдасканалення сацыяльнай арганізацыі грамадства непасрэдны ўплыў прыродных умоў на яго змяншаўся. Будуючы жытло, шыючы адзенне, удасканальваючы вытвараючыя формы гаспадарання і сацыяльнае асяроддзе пражывання, чалавек эпохі жалеза дасягнуў значна большых поспехаў у параўнанні з папярэднікамі ў адаптацыі да фізіка-геаграфічных і кліматычных умоў існавання.

Рэльеф Беларусі мае раўнінны характар. Захад і поўнач яе вышэйшыя, з няроўным узгорыстым ландшафтам, на поўдні распасціраецца роўная балоцістая Палеская нізіна. Найбольш высокім месцам краіны з'яўляецца Беларуская града, якая пачынаецца каля Гродна і цягнецца на ўсход за Оршу. Беларусь, якая знаходзіцца на. водападзеле Балтыйскага і Чорнага мораў, займае верхнія часткі водазбораў вялікіх рэк Еўропы - Дняпра, Нёмана, Дзвіны, праз Буг адкрываецца шлях у басейн Віслы. У цэлым гідраграфічная сетка краіны налічвае звыш 20 тыс. рэк і 10 тыс. азёраў. Рэкі мелі вельмі важнае значэнне ў жыцці старажытнага насельніцтва. Па іх прасоўваліся групы людзей, асвойваючы новыя тэрыторыі, тут пралягалі асноўныя кірункі ўнутрыплемянных і знешніх кантактаў. На берагавых тэрасах і надпоймавых узвышшах размяшчалі палі і будавалі паселішчы. Іх прымеркаванасць да рэк і азёраў-яскравы прыклад асэнсаванага выбару найбольш спрыяльнага ландшафту. На багатых травамі абалонных паплавах пасвілі жывёлу і нарыхтоўвалі сена. У вадаёмах лавілі рыбу, а на іх берагах палявалі на баброў, вадаплаўных птушак і іншую дзічыну. На тэрасах і паплавах звычайна расце шмат дзікарослых дрэў і кустоў з пладамі (яблыні, рабіны, парэчкі, маліны, ажыны і інш.).

У межах Беларусі вылучаюць дзярнова-падзолістыя глебы, пашыраныя на ўзвышшах і плоскіх водападзелах. У ніжэйшых мясцінах, дзе назіраецца скапленне атмасферных ападкаў і блізка залягаюць грунтавыя воды, сфармаваліся дзярнова-падзолістыя забалочаныя і тарфяна-балотныя глебы. У далінах рэк, асабліва ў цэнтры і на поўдні краіны, пашыраны паплаўныя глебы. Па механічным складзе яны раздзяляюцца на гліністыя, суглінкавыя, пясчаныя і супясчаныя. Больш высокай прыроднай урадлівасцю адзначаюцца гліністыя і суглінкавыя глебы, а больш лёгкімі для апрацоўкі з'яўляюцца пясчаныя і супясчаныя. У цэлым глебы Беларусі не вельмі ўрадлівыя і патрабуюць адпаведных захадаў пры іх выкарыстанні.

Вялікае ўздзеянне на рассяленне старажытных людзей і характар іх гаспадаркі заўсёды мелі кліматычныя ўмовы. Клімат Беларусі ўмерана кантынентальны пры значным уздзеянні паветраных мас Атлантыкі, даволі цёплы і вільготны. Цеплавы рэжым характарызуецца паступовым зніжэннем сярэднегадавой тэмпературы з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Вегетацыйны перыяд доўжыцца ад 180 сутак на поўначы да 208 сутак на поўдні. Такім чынам, клімат Беларусі дастаткова спрыяльны для гаспадарчай дзейнасці чалавека. Аднак вызначана, што прыродныя ўмовы краіны ў эпоху жалеза пэўным чынам змяніліся. Па распрацаванай даследчыкамі схеме кліматычных ваганняў жалезнаму веку адпавядае канец другога, заключнага этапу суббарэальнага перыяду (SB-2 - XX-V стст. да н.э.) і першы этап субатлантычнага перыяду (SA-1 - V ст. да н.э. - IV ст. н.э.). У SB-2 клімат быў цёплым і крыху больш вільготным, чым зараз, а сярэднегадавыя тэмпературы практычна нагадвалі сучасныя. Сярэднегадавая тэмпература SA-1 была меншай за сучасную на 0,5-1,5 °С, клімат быў умерана прахладны і вільготны, у спорапылковых спектрах пастаянна адзначаюцца хлебныя злакі і элементы расліннасці, якая спадарожнічала чалавеку (трыпутнік, крапіва і інш.). На пераломе паміж этапамі SA-1 і SA-2 (абсалютная дата 1440 ± 70 гадоў назад) фіксуецца пахаладанне, калі сярэднегадавая тэмпература знізілася на 1,5-1° С, а ападкаў выпадала на 50-75 мм менш, чым у сучасны перыяд. 3 другога этапу субатлантычнага перыяду ў паліналагічных комплексах узрастае колькасць пылку травяністых раслін. Гэта можна растлумачыць скарачэннем лясных масіваў і пашырэннем плошчаў выпасаў і палёў.

Вывучэнне археалагічных даных дазваляе сцвярджаць, што старажытнае грамадства ў жалезным веку знаходзілася на стадыі разлажэння родавага ладу. Рост вытворчых магчымасцей комплекснай гаспадаркі, павелічэнне абмену, ваенная здабыча садзейнічалі ўзмацненню ролі асобных сем'яў і адасабленню родаплемянной знаці. Нарастаючыя працэсы расслаення грамадства прыводзілі да ўскладнення сацыяльных адносін і сувязяў. Эпоха жалеза характарызуецца таксама складанымі этнакультурнымі працэсамі, якія выявіліся ў значных перамяшчэннях плямён, узаемадзеяннях розных этнічных груповак, знікненні адных і з'яўленні іншых археалагічных культур. Тагачаснае насельніцтва не жыло ізалявана, мела прамыя і апасрэдаваныя кантакты і сувязі з блізкімі і далёкімі народамі, адчувала і ўспрымала культурныя імпульсы, якія надыходзілі з боку Прычарнамор'я і Скіфіі, Прыбалтыкі, Волга-Окскага рэгіёна, галынтацка-латэнскіх і правінцыяльна-рымскіх культур Сярэдняй Еўропы.

Гістарычнае жыццё асобных груп плямён на тэрыторыі Беларусі, іх культурныя лакальныя і храналагічныя асаблівасці прасочваюцца перш за ўсё па матэрыялах старажытных паселішчаў і могільнікаў, таму што пісьмовыя крыніцы па перыядзе эпохі жалеза практычна адсутнічаюць. Аднак рэчавыя археалагічныя крыніцы маюць сваю спецыфіку і іх магчымасці абмежаваныя ў асвятленні праблем этнічнага і духоўнага жыцця, дэталёвай структуры грамадскіх адносін старажытнага насельніцтва, але даюць добрыя вынікі для вывучэння асаблівасцей яго матэрыяльнай культуры, будаўнічых традыцый, характару і ўзроўню гаспадаркі ў цэлым і асобных яе галін.

Пры распрацоўцы перыядызацыі жалезнага веку Беларусі сустракаюцца пэўныя цяжкасці, звязаныя з малой колькасцю датаваных рэчаў, знойдзеных на тагачасных помніках. Таму для вызначэння абсалютнай і адноснай храналогіі з'яў і падзей часта выкарыстоўваюцца схемы, распрацаваныя для Сярэдняй і Заходняй Еўропы.

Самы ранні перыяд эпохі жалеза ў Еўропе, які доўжыўся з VIII ст. і прыкладна да 400 гадоў да н.э., атрымаў назву гальштацкага (ад назвы паселішча Гальштат у Аўстрыі). Ён вызначаўся ўплывамі з усходнеальпійскіх тэрыторый, дзе знаходзіліся цэнтры жалезаапрацоўчай металургіі і солездабычы.

Другі перыяд, які датуецца прыкладна ад 400 гадоў да н.э. і па рубеж эр, называецца латэнскім (ад назвы вядомага асяродка старажытных кельтаў, што размяшчаўся непадалёку ад сучаснага паселішча Ла Тэн у Швейцарыі). Гэты перыяд характарызуецца моцным уплывам кельцкіх традыцый у розных галінах культуры і гаспадаркі старажытнага насельніцтва Еўропы. У навуковай літаратуры сустракаецца і іншая назва гэтага перыяду - перадрымскі.

Трэці перыяд эпохі жалеза, які распачаўся на рубяжы эр і працягваўся прыкладна да 476 года н.э. (да падзення Рымскай імперыі), атрымаў назву рымскага, або перыяд рымскіх уплываў. Ён вызначаецца моцнымі ўплывамі Рыма і яго еўрапейскіх правінцый на культурнае, сацыяльна-эканамічнае і палітычнае становішча народаў, што жылі на поўнач ад Імперыі.

Канец жалезнага веку і пачатак ранняга сярэднявечча, якія прыпадаюць на IV- VI стст., вылучаюцца ў асобны перыяд - эпоху Вялікага перасялення народаў. Гэты перыяд пачынаецца са з'яўлення ў Еўропе ў канцы IV ст. азіяцкіх плямён гунаў і доўжыцца да сярэдзіны або нават і канца VI ст. Канец гэтага перыяду звычайна звязваюць з нашэсцем авараў і іх асяданнем у Карпацкай катлавіне ў 567-568 гг.

Усе падзеі і працэсы, якія ў эпоху жалеза адбываліся ў Паўднёва-Усходняй і Сярэдняй Еўропе, у рознай ступені ўплывалі і на лёс плямён, якія засялялі тэрыторыю Беларусі, што і ўлічваецца пры асвятленні іх гісторыі.

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Асаблівасці жалезнага веку на Беларусі

Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.