Вонкавая гісторыя беларускага права ў розных порах гісторыі Беларусі

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Вонкавая гісторыя беларускага права ў розных порах гісторыі Беларусі. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-09
Источник: http://library.by

Права твора народ, згодна із сваёй псыхікаю, сваім разуменьнем справядлівасьці, праўды, бо права - гэта праўда ў розных жыцьцёвых прыпадках. I народ беларускі стварыў сваё сваеасаблівае слаўнае права. Беларускае права, як і ягоная гісторыя, ёсьць адным із найвыдатнейшых у сьвеце. Высокім развоем свайго права Беларусы падобныя да старавечных Рымлян.

Гэтта будзе мова не пра зьмест беларускага права, а пра ягоную долю, значыцца пра тое, якое калі было беларускае права, на якую тэрыторыю яно было пашыранае, як яно разьвівалася, зьмянялася, дапаўнялася ды калі й чаму яно было варагамі скасаванае.

У найстаршую пару было звычаёвае права беларускае. Як і кожнае звычаёвае права, пакуль ня было пісанага права, яно таксама абавязавала, як і права пісанае. Гэнае права адбілася ў Устаўным лісьце вялікага князя смаленскага Расьціслава 1150 г. (значыцца ў лісьце, зьмяшчаючым правы) і ў Смаленскай Праўдзе 1229 г. Смаленскаю Праўдаю завецца вялікая ўмова беларускіх земляў із Рыгаю, абтокам Готляндам на Балтыцкім моры і цэлым нямецкім гандлёвым зьвязам, званым панямецку Ганзаю. Беларускія купцы тады езьдзілі гандляваць да Рыгі, да места Вісбы на абтоку Готляндзе, каторы Беларусы звалі Гоцкім Берагам, і да Нямеччыны, а нямецкія купцы прыяжджалі да Беларусі У беларускіх мястох былі нямецкія гандлёвыя калёніі, а ў Смаленску была й нямецкая царква Сьвятое Багародзіцы. Таксама ў Рызе была беларуская калёнія і беларуская царква сьв. Мікалая. У прыяжджомых да Беларусі Немцаў былі зь Беларусамі розныя справы, здарэньні, каторыя трэба было рэгуляваць правам; здараліся й выступы ды праступкі з абодвых бакоў, за каторыя трэ было вызначыць кары. Дзеля таго ў Смаленскай Праўдзе ў вялікай меры адбілася звычаёвае права беларускіх земляў. У гэным часе на Ўкраіне й хіба ў Ноўгарадзе было пісанае права "Руская Праўда". Яна ня была правам абавязкавым. Беларускае права розьнілася ад права "Рускае Праўды". Беларускае звычаёвае права было пашырыўшыся на беларускіх землях.

Іншым, часткава адначасна зь менаваным, а часткава дальшым, ужо пісаным беларускім правам былі прывілеі беларускім землям - Полацкай, Віцебскай і Смаленскай. Прывілеям даўней у Беларусі звалі кажны праўны акт, урадова камусь выданы. Менаваныя прывілеі былі спачатна ўмовамі беларускіх гаспадарстваў ізь іхнымі князьмі, пасьлей іх пацьвярдзілі вялікія князі Задзіночанага Гаспадарства Беларускага, значыцца Вялікага Княства Літоўскага, Вітаўт і магчыма ягоныя папярэднікі. Апошняе пацьвярджэньне было ў пачатку шаснаццатага стагодзьдзя. Гэтыя прывілеі стаяць у беспасярэднім генэтычным зьвязку із старавечным звычаёвым беларускім правам, значыць з тым, што адбілася ў Устаўным лісьце смаленскага князя Расьціслава 1150 г. і ў Смаленскай Праўдзе. Яны былі канстытуцыямі ўперад асобных гаспадарстваў беларускіх, а потым, за Задзіночанага Гаспадарства Беларускага, сталіся канстытуцыямі асобных беларускіх земляў. Зьмешчаныя ў іх правы вельмі прагрэсыўныя. Канстытуцыі гварантавалі асабістую незачэпнасьць: ніхто ня мог быць арыштаваны й караны без давядзеньня яму віны на судзе. Маем у іх таксама індывідуальную адказнасьць за выступы (радзіма не адказавала за выступы або праступкі аднаго із сваіх сяброў). Грамадзяне мелі права выезду за граніцу. I інш..

У 1447 г. вялікі князь Казімер выдаў прывілей (значыцца правы) усім станам Вялікага Княства. У гэты прывілей увайшлі канстытуцыі асобных беларускіх земляў. Апрача таго, у ім Гаспадар вялікі князь абавязаваўся, што ён ня ўзруша цэласьці беларуекага гаспадарства, а што ад яго было адабрана суседзьмі, тое ўсімі сіламі пастараецца зьвярнуць назад гэтаму гаспадарству. Прывілей гварантаваў таксама, што сьвецкія й духоўныя ўрады будуць займаць толькі родзічы Вялікага Княства Літоўскага. Казімер ад 1440 г. быў беларускім гаспадаром, зн. Вял. Княства Літоўскага. Палякі адразу прасілі яго быць адначасна каралём у Польшчы. Беларусы даўгі час на гэта не згаджаліся, але калі выявілася, што польскі пасад зойме чалавек варожы беларускаму народу, тады ў 1447 г. згадзіліся. Калі-ж гаспадар станавіўся адначасна і каралём польскім, дык ён мог падпасьці пад польскі ўплыў і дзеяць на шкоду свайму бацькаўскаму гаспадарству. Каб-жа гэтага ня сталася, Беларусы вымаглі ад Казімера менаваныя гварантыі што да цэласьці гаспадарства й недапушчэньня чужнікоў да ўрадаў. Што да чужнікоў, дык у даным прыпадку мелі наўвеце Палякаў.

Прывілей 1447 г. быў апрацаваны Радаю Вялікага Княства Літоўскага. Гэны прывілей быў канстытуцыяй усяго беларускага гаспадарства й пашыраўся на ўсю ягоную тэрыторыю, а ня толькі на этнаграфічныя землі беларускія, як правы дагэнулешнія. "Канстытуцыя, выданая на жаданьне станаў вялікім князем Казімерам у форме менаванага прывілею, сталася фундамэнтам усяго ладу Вялікага Княства Літоўскага. Вялікі князь Аляксандра, Казімераў наступнік, абавязаньні, выданыя Казімерам, унёс у свой канстытуцыйны ліст (хартыю), і ў гэтай форме канстытуцыя гэтая была пацьверджаная наступнымі гаспадарамі".

У 1468 г. быў выданы (судовы) ліст вялікага князя Казімера. У ім было галоўна крымінальнае права й працэс. Гэты ліст быў апрацаваны пашыраным пленумам Рады Вялікага Княства Літоўскага. Ен ёсьць "кадыфікацыяй мясцовага звычаёвага права, каторае дзеяла ў межах собскага "гаспадарства Літоўскага"". Собскае гаспадарства Літоўскае або собсная Літва абыймала землі, што складалі прыблізна пасьлейшыя губэрні Горадзенскую, Віленскую, Менскую, Магілеўскую і ўсходнюю часьць Ковенскае, зн. каля 4/5 собскае Літвы складалі землі беларускія. Із звычаёвага права гэтых земляў паўстаў ліст Казімераў 1468 г. і на гэтыя землі правы гэтага лісту пашыраліся. А іншыя беларускія й небеларускія землі беларускага гаспадарства карысталіся сваім звычаёвым правам. Гэтае права было названае Лістам дзеля таго, што ў старабеларускай мове кажны дакумэнт звалі лістам. Прымеж таго ў дзевятнаццатым стагодзьдзі Расейцы назвалі яго (гэны ліст) у сваёй літаратуры пасвойму - "Судебник Казимира".

3 выняткам канстытуцыяў асобных беларускіх земляў і канстытуцыі ўсяго беларускага гаспадарства, ды крымінальнага права судовага лісту 1468 г., што дзеяў у собскай Ліцьве, усё іншае права ў беларускім гаспадарсьцьве было звычаёвае. Судзьдзі яго прызнавалі й шанавалі. Але звычаёвае права мела свае заганы. Было яно надта разнастайнае, судзьдзі ня мелі магчымасьці знаць звычаёвага права кажнае зямлі. Дзеля таго з пажваўленьнем і ўскладненьнем гаспадарскага жыцьця, з развоем грашовае гаспадаркі выявілася патрэба агульнага пісанага права. Было яно выдана ў 1529 г. і ведамае пад назовам Першага або Старога Статуту Літоўскага. Апрацавалі яго праўнікі гаспадарскага суду паводля рассудкаў гэтага суду. Гаспадарскі суд значыць суд Гаспадара-вялікага князя. Судзіў на ім сам Гаспадар князь, або ягоныя намесьнікі, або Рада Вялікага Княства й судзілі паводля звычаёвага права собскае Літвы, бо толькі ў собскай Ліцьве судзіў гаспадарскі суд, а ў іншых землях беларускага гаспадарства былі свае суды.

Статут 1529 г. ня мог абняць усіх чыста пытаньняў, што сустракаюцца ў жыцьці бо, як добра кажуць ягоныя аўтары, "усі права да астатку ўрыхле ня могуць ся злажыці, яка-ж і тыя права не маглі да астатка ўсіх артыкулаў меці". Дзеля таго й па выданьні Статуту даводзілася нярэдка суду карыстацда звычаёвым правам, што дагэнуль яшчэ ня было ўвыйшоўшы ў Статут.

Паводля Статуту кажную норму звычаёвага права, каторай дапаўнялі на судзе закон, па зацьверджаньню яе на Сойме, трэба было дапісаць да Статуту. Апрача таго, узьнікалі зусім новыя нормы, каторых ня знала звычаёвае права і каторых жаралом быў судовы прэцэдэнт. Адныя з такіх нормаў зацьвярджаў Сойм, другія Гаспадар або Рада Вялікага Княства.

У 1566 г. быў выданы Другі Статут Літоўскі. Вось як гісторык і гісторык права I. Лаппа, расейскі патрыёт і непрыяцель Беларусаў, яго ацэнюе: "Статут Літоўскі 1566 г. паставіў права Літвы на вялікую вышыню дасканальнасьці, прыступную эпосе ягонага ўлажэньня. Складаньнікі Другога Статуту ўзумелі паставіць правы ягоныя на роўню вымаганьняў тагачаснай праўнай думкаю Эўропы да правадаўства наагул. У крытычнай рэцэпцыі чужаземнага права яны знаходзілі дарогу да дасканаленьня правадаўства Літвы, што вырастала з патрэбы ейнага жыцьця і гістарычнага развою... Другі Статут Літоўскі прадстаўляе сабою кодэкс нацыянальнага права Вялікага Княства Літоўскага. Але гэтае права атрымала сваё асьвятленьне на аснове праўных ідэяў, супольных Заходняй і Цэнтральнай Эўропе таго часу".

У 1588 г. быў выданы Трэйці Статут Літоўскі. Ён быў яшчэ паўнейшы й вышшае якасьці. Ім завяршылася кадыфікацыя Вялікага Княства Літоўскага.

Статуты 1529 й 1566 г., як усебеларускія кодэксы права, ужываліся ў цэлым беларускім гаспадарсьцьве, значыцца таксама на Жмудзі й Украіне. Калі ў 1569 г. (Люблінская Вунія) Польшча адабрала ад Беларусі Украіну, дык ёй было загварантавана права Другога Статуту. Не зважаючы на гэта, калі ў 1588 г. быў выданы Трэйці Статут Літоўскі, дык на практыцы ён, як лепшы, ужываўся й на Украіне замест Статуту 1566 г., ды ня толькі на правабочнай, але й на левабочнай - ды й па забраньні гэтае Масквою ў 1654 г.. Як ведама, ад 1667 г. да 1781 г. украінская зямля левага боку Дняпра разам ізь беларускай Севершчынаю тварылі ў граніцах Маскоўскага гаспадарства свайго роду аўтаномную адзінку - Гатманшчыну. Расейцы далі ёй назоў "Малороссия". Севершчына ў Гатманшчыне займала ня меней трайціны яе тэрыторыі й мела вялікі арганізацыйны ды культурны ўплыў на засталыя дзьве трайціны. Уперад, да забраньня яе Масквою, наймя ў 1635 г., Севершчына была падзеленая на дзьве часьці: паветы Чарнігаўскі й Ноўгарад Северскі пачалі складаць Чарнігаўскае вайводзтва, каторае належыла да Польшчы, а засталая часьць, пад назовам Старадубскага павету, як і ўперад, належыла да вайводзтва Смаленскага, што да 1655 г. было ў гаспадарсьцьве беларускім. Дык у Старадубскім павеце і праўна ўжывалі Статут Літоўскі 1588 г.

На Гатманшчыне вельмі цанілі беларускае права. "Шляхта (Гатманшчыны), - піша ўкраінскі гісторык права Н. Васіленка, - высака цаніла Статут Літоўскі, як праўнае жарало, жадала яго захаваць... "Мы маем найлепшыя правы, - казаў на сходзе шляхты ў 1760 гадох слаўны ўкраінска-шляхоцкі патрыёт Рыгор Палетыка, - такія, якія можа мець толькі вольны й дабрародны народ..."".

"Таксама бывала і з часам", - кажа далей Васіленка. У 1801 г. "малороссийская" шляхта абрала паслоў, паручыўшы ім падзякаваць Аляксандру I за тое, што ўзнавіў і зацьвердзіў дваранскі ліст 1785 г. Пры гэтым шляхта хацела прыпомніць і свае патрэбы. У запісцы-навуцы паслом на першым месцы стаяла: "Права да суду й працэсу - гэта першы й галоўны спакмень грамадзян. "Малая Россия" здаўна мела яго ў кнізе Статуце і абярняся ім кіравалася". Імпэратар Паўла і зацьвердзіў непарушнасьць гэтага права, "як вельмі дастатнага да суду й процэсу" і "каб дастаўляць кажнаму собскасьць". Дзеля таго шляхта паручыла свайму паслу прасіць цара: "Няхай зацьвердзе (гэтае) права на векі або пакуль будзе выдана права дастатнейшае". Таго-ж году і дзеля тае-ж прычыны Старадубская шляхта пастанавіла, каб суд і працэс былі паводля права Статуту.

Жыцьцё вымагала дапаўненьняў да Статуту. Такія дапаўненьні да Люблінскае вуніі 1569 г. рабіў Сойм беларускага гаспадарства, а пасьлей для беларускага гаспадарства дапаўненьні рабіла беларуская часьць супольнага з Палякамі Сойму.

Такія дапаўненьні зваліся канстытуцыямі. Для Украіны, як належачай да Польшчы па 1569 г., дапаўненьні рабіла польская часьць Сойму. У Гатманшчыне дапаўненьні да Статуту ня былі робленыя. Таксама калі Беларусь была прылучана да Расеі, ня было каму рабіць патрэбныя дапаўненьні да Статуту, і некаторыя правы Статуту застарэлі. Расейскі ўрад гэта разумеў і неадноўчы тварыў камісіі дзеля прыгатовы канечне патрэбных да Статуту дапаўненьняў. Але тыя камісіі ня ўзумелі нічога зрабіць. I толькі граф Сьпяранскі, катораму ў 1826 г. было паручана ўлажыць Збор законаў Расейскай імпэрыі, умела ўзяўся за справу. Дзеля перагляду Статуту 1588 г. ён пазваў не абыякіх праўнікаў, але выдатнага беларускага ведамца права, праф. Ігната Даніловіча, што тады выкладаў у Харкаўскім унівэрсытэце (да зачыненьня Віленскага ўнівэрсытэту ў 1832 г. ён быў прафэсарам у Вільні). Супольнай працаю Даніловічавай і ягоных супрацаўнёў быў разгледжаны ў 30-ых гадох Статут 1588 г. з дапаўненьнямі да яго і выраблены праект новага беларускага кодэксу права. Быў гэта запраўды 4-ы Статут, але Расейцы назвалі яго "Зборам мясцовых праваў Заходніх губэрняў". Было ў ім 2070 артыкулаў (параграфаў).

Але яшчэ ўперад, адразу пасьля паўстаньня 1831 г., магілеўскі губарнатар Мураўёў, што пасьлей, як віленскі генэрал-губарнатар, пасьля паўстаньня 1863 г., здабыў сабе ліхую славу "вешателя", у згодзе з магілеўскім і віцебскім генэрал-губарнатарам князем Харанскім, дабіўся таго, што ў 1830-1831 г. быў скасаваны Статут Літоўскі для Магілеўшчыны й Віцебшчыны.

Дзеля менаванага "Збор мясцовых праваў Заходніх губэрняў" меў быць прызначаны толькі акрузе Беластоцкай ды губэрням Віленскай, Горадзенскай, Менскай, Падольскай, Валынскай і Кіеўскай, зн. Заходняй Беларусі й правабочнай Украіне. Але да гэтага не дайшло. На менаваных тэрыторыях Статут Літоўскі быў скасаваны ў 1840 г., а замест яго былі ўведзеныя расейскія правы бязь ніякіх выняткаў. Як і скасаваньне Статуту для Магілеўшчыны й Віцебшчыны, сталася гэта дзеля таго, каб апрычонае беларускае права не прьшамінала народу ягонага нядаўнага беларускага гаспадарства, што асабліва было войстра ў зьвязку з паўстаньнем 1830-1831 г.

Ігн. Даніловічу было паручана, каб ён апрацаваў таксама збор праваў для Гатманшчыны, і ён із "Збору мясцовых праваў Заходніх губэрняў" зрабіў асобны збор, прытарнаваны для Гатманшчыны. Але й гэты збор праваў ня быў зацьверджаны расейскім урадам. У 1843 г. Статут Літоўскі быў скасаваны для Гатманшчыны й замест яго ўведзена расейскае права. Із Статуту засталіся там адно некаторыя правы й датрывалі да 1917 г. (да рэвалюцыі).

Калі ў 2-ім аддзеле "собскае яго вялікасьці" канцылярыі раўнавалі "Збор мясцовых праваў Заходніх губэрняў" да расейскага права, каб пастанавіць, што із Статуту Літоўскага можна пакінуць для Гатманшчыны, то пабачылі, што ў Статуце ёсьць шмат такіх нормаў, каторыя карысна ўвесьці ў Расейскі збор праваў. Гэтак і зрабілі, уводзячы іх у X том Расейскага збору праваў. Гэта было другое вялікае папаўненьне расейскага права правам беларускім. Першы раз такое папаўненьне было ў 1649 г., калі расейскае "Уложение царя Алексея Михайловича" было папоўнена правам беларускім. Такія статутовыя нормы былі ў расейскім праве да 1917 г., калі былі скасаваныя разам із усім расейскім праўным кодэксам.

Ужо зь некаторых менаваных зацемкаў было відаць, як высака стаяла беларускае права. Зацемлю яшчэ, што беларускае права не дазваляла пакараньня на зачнае абвінавачаньне. Калі ўдаваньнік ня мог давесьці свайго ўданьня, дык сам быў караны такою караю, якой быў-бы пакараны ўданы, калі-б выступ яму быў даведзены.

Канстытуцыя і ўсе правы Вялікага Княства абавязавалі й Гаспадара вялікага князя, і ён прысягаў іх дзяржаць.

Права Маскоўшчыны ня толькі было шмат ніжшае якасьці, але мела зусім накшы характар.

Гаспадары маскоўскія ня прысягалі спаўняць права; сваю волю, часта самаволю яны ўважалі за найвышшае права. Самадыяй часта кіравалася й маскоўская адміністрацыя. Дый само права маскоўскае ня было права справядлівае й ня было ўважана за такое грамадзтвам. Летапіс Маскоўскі выясьняе, што "где закон, там и обид много". Статут вуча, што чалавек простага стану ёсьць "стварэнец Божы" і за ўбіўства селяніна вызначае шляхцічу кару сьмерці, апрача галаўшчыны (грашовай кары за ўбіўства); прымеж таго, прыкладам у Польшчы, шляхціч за ўбіўства селяніна плаціў толькі галаўшчыну. У Беларусі была пашана да чалавека, а ў Маскоўшчыне нат вайводаў каралі біцьцём пугаю.

Раўнуючы да расейскага судовага працэсу (парадку, у якім адбывалася суджэньне), беларускі судовы працэс быў проста дасканальны. Паводля расейскага права, паветавы суд перасылаў пазванаму пазоўны ліст (парас. "повестка") празь земскі суд, а гэты далей пасылаў яго да прыстава, прыстаў перасылаў яго паліцыянту аж тады, калі быў вольны ад каранных і пасьпешных справаў, таксама рабіў паліцыянт. Атрымаўшы пазоўны ліст, названы мусіў ехаць да суду, каб атрымаць копію пазову (жалабы). Суд прызначаў яму рок (тэрмін), калі ён мае падаць выясьненьне на пазоў. Копію гэтага выясьненьня перадавалі пазоўніку, вызначаючы рок, калі на выясьненьні пазванага ён мае падаць свае выясьненьні. Права дазваляла толькі 4 разы рабіць выясьненьні, але лучала й так, калі ў ваднэй справе іх было да 30-ёх. Час даваны на паданьне такіх выясьненьняў залежыў вылучна ад суду, дзеля таго бывалі злоўжываньні. Паводля права беларускага, разам із пазоўным лістам пазванаму перадавалі й пазоў, а рок (тэрмін) станьня на суд (разам пазванаму й пазоўніку, а не асобна, як у праве расейскім) быў вызначаны правам (ад 4-х да 6-х тыдняў), а не залежыў ад самадуму судзьдзі. Дзеля таго стараны маглі знайсьці дакумэнты, паразумецца ізь сьветкамі, наагул прыгатавацца да суду. Стаўшы разам на суд, пазоўнік і пазваны маглі пры пасярэдніцтве суду пагадзіцца, а калі не, дык на месцы, у судзе дапаўнялі свае выясьненьні, і суд канчаўся за гадзіну, а найдаўжэй за тры гадзіны. Прымеж таго паводля расейскага права суд цягнуўся колькі тыдняў, а то й месяцаў.

I з гледзішча моўнае хормы беларускае права стаяла высака. "Памяткі зьмяшчаюць шмат праўных проказяў, што выказуюць праўныя прынцыпы й агульна-праўныя нормы. Некаторыя зь іх, відавочна, узьніклі яшчэ здаўна ды, дзякуючы даўгому ўжываньню, склаліся ў кароткія, але надзвычайна багатыя зьместам і красамоўныя формулы. Адно колькі словаў і ўвесь праўны інстытут чыста схарактарызаваны".

Статут быў вельмі пашыраны сярод беларускае люднасьці. Друкуючы Статут 1588 г., мелі наўвеце, каб кажны дзясяты грамадзянін меў ягоны экзэмпляр. "Зварочуе на сябе ўвагу знаёмства (беларускае) люднасьці зь дзеючым правам. Гэта відаць із таго, што стараны на судзе заўсёды самі прыводзяць праўныя нормы, свабодна фармулююць, не адступаючы, адылі, ад істоты зьместу нормаў...".

Усе важнейшыя месты беларускага гаспадарства мелі самаўрад паводля магдэбурскага права і ў сваіх судовых справах кіраваліся гэтым правам. А Расея ня знала магдэбурскага права.

Я. Станкевіч

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Вонкавая гісторыя беларускага права ў розных порах гісторыі Беларусі

Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.