БЕЛАРУСЬ (последнее)
Шляхецкая культура Беларусі (ХVII—ХІХ стст.)
Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.
Уступ. Агульная характарыстыка беларускай шляхты
Шляхецкая культура ХVII - першай паловы ХVIII ст. Эпоха барока
Шляхецкая культура другой паловы ХVIII - пачатку ХІХ ст. Эпоха асветніцтва
Шляхецкая культура 1820-1863 гг. Эпоха рамантызму

Беларуская шляхта - паняцце, хутчэй, не класавае (адрозна ад рускага дваранства), а саслоўнае, класава дыферэнцыяванае. І паняцце, безумоўна, гістарычнае. Шляхецкае саслоўе выразна акрэслілася ў ХVІ ст., калі беларускія землеўласнікі ў пагоні па прывілеі сталі набываць гербы, пераходзіць у каталіцтва, прымаць польскую (заходне-еўрапейскую) мадэль культуры, карыстацца польскай і лацінскай мовамі. Працэс гэты, наагул добраахвотны, узмацніўся пасля прыняцця Люблінскай уніі, дасягнуў свайго апагею ў канцы ХVII ст. і мусова прыпыніўся пасля паразы паўстання 1863 г. - гэтага апошняга ўсплеску шляхецкай рэвалюцыйнасці.
У ХVII-XVIII стст. у Беларусі, як і ва ўсёй Рэчы Паспалітай, шляхце належала ўся ўлада. Адрозна ад дваранства ў іншых еўрапейскіх краінах, польская, беларуская, літоўская ды ўкраінская шляхта была больш шматлікай. Паводле вядомага гісторыка ХІХ стагоддзя Тадэвуша Корзана (дарэчы, ураджэнца Мінску), у 1791 годзе шляхта складала 8% жыхароў краіны (дваранства ў Заходняй Еўропе - каля 2%).
Ужо было азначана, што шляхта ў ХVІІ-ХІХ стст. была катэгорыяй саслоўнай. Як слушна сцвярджае Анджэй Заянчкоўскі, яе нельга ідэнтыфікаваць з якім-небудзь адным класам, таму што ўнутры гэтага саслоўя існавала класавая барацьба. Адрозна ад рускага дваранства, шляхта ў Рэчы Паспалітай маёмасна была вельмі дыферэнцыяванай. На адным полюсе - магнаты, уладальнікі вялікіх латыфундый, на другім - “шарачковая”, “загонная” шляхта, што жыла з працы сваіх рук або служыла магнатам (замежных падарожнікаў шакавалі шляхцічы, якія вазілі гной, уторкнуўшы ў яго свой абавязковы атрыбут - шаблю). Папулярная прымаўка казала, што ў ашмянскай шляхты адна нага абута ў бот, а другая ў лапаць... А паміж гэтымі полюсамі была яшчэ сярэдняя шляхта - уладальнікі адной-дзьвюх вёсак. Якраз яна найбольш ненавідзела дробных “шарачкоў”, фармальна роўных з ёю.
І ўсё ж, нязважна на значнае сацыяльнае расслаенне, шляхта была адзіным саслоўем. Аб'ядноўвалі яе агульныя правы і прывілеі. Найперш, выключнае права валодаць зямлёй і прыгоннымі сялянамі (мяшчанства гэткіх правоў не мела). Шляхце быў таксама дадзены прывілей “недатыкальнасці жылля”. Ейныя землі вызваляліся ад падаткаў, а тавары - ад мыта. Толькі шляхта мела права займаць дзяржаўныя пасады, а таксама... гнаць і прадаваць гарэлку. Аднаго не магла шляхта: гандляваць і займацца рамёствамі. Чалавек, які “спрафанаваў” сваё саслоўе такімі “подлымі” дзеяннямі, губляў шляхецтва і пераходзіў у мяшчанства.
Асабліва высока шляхта цаніла сваю “залатую вольнасць”. Яна сапраўды была больш значнаю, чым у дваран суседніх краін. Удзел у сейме, сейміках і трыбуналах дазваляў шляхцічу істотна ўплываць на знешнюю і ўнутранную палітыку краіны. Шляхта падпарадкоўвалася толькі тым законам, якія сама прымала. Практычна яна была незалежнаю ад цэнтральнай улады. Са словаў польскага гісторыка культуры Аляксандра Брукнера, шляхціча звязвалі з каралём толькі падымны падатак ды абавязак удзельнічаць у “паспалітых” войнах. Лагічным вынікам такой “свабоды” было самавольства.
Шляхта ганарылася сваёй “роўнасцю”. Фармальна “шарачок” меў такія ж правы, што і магнат. “Шляхціц на сядзібе - гаварыла прыказка - роўны ваяводу”. Юрыдычна ў Рэчы Паспалітай не прызнаваліся княжыя (апрача старадаўніх “рускіх” родаў) і графскія тытулы. Арыстакрат мусіў называць беднага шляхціча “панам братам”, “васпанам”, “вашмосцем” або “дабрадзеем”. Але на практыцы ўсё гэта выглядала іначай. Тытулы купляліся за мяжой. Азнака “брат” замянялася зняважлівым “брацік”, “аспан” або “асан”. Каб асабліва падкрэсліць сваю адметнасць, багатая шляхта шырока карысталася “службовымі” тытуламі: стольнік, чэснік, мечнік, скарбнік, кашталян... У каго такога тытулу не было, той купляў яго.
Негледзячы на фармальную роўнасць, магната і “шарачка” адмяжоўвала велізарная сацыяльная бездань. Бедная шляхта залежала ад сярэдняй і значнай, аддавала ёй “за хлеб і соль” свае галасы на сейміках. Магнаты ж узапраўду былі “свабоднымі”, бо мелі вялікія ўладанні (асабліва на Ўкраіне і ў Беларусі). Да сваіх родавых маёнткаў яны далучалі і каралеўскія стараствы - спачатку бралі іх у арэнду, а потым не аддавалі назад. Магнацтва прыбірала да рук біскупскія кафедры (у ХVІІІ ст. іх мог заняць толькі той, хто меў адметны радавод), гвалтам захоплівала фальваркі дробнай і сярэдняй шляхты. Арыстакраты станавіліся ўладарамі велізарных абшараў. Кароль Радзівіл, напрыклад, быў ардынатам нясвіскім і алыцкім, уладальнікам Біржаў, Дубінак, Слуцкага княства, Кейдан, Койданава, Чарнаўчыцаў, Невеля, маёнткаў у Жоўкве і Злочаве, вялікіх двароў на Валыні і Ўкраіне, якія яму дасталіся па маці. Апрача ўсяго гэтага, ён з'яўляўся яшчэ і арандатарам велізарных каралеўшчын. Паводле Нямцэвіча, у скарбніцы нясвіскага магната захоўваліся “дванаццаць апосталаў на дзве ступені вышыні, адлітыя з чыстага золата; сталы, літыя з серабра, і тысячы іншых каштоўных прадметаў”.
Магнаты зазвычай мелі шматлікіх слуг, у тым ліку са шляхты, шматтысячныя войскі. “Армія” Радзівілаў пераўзыходзіла колькасцю каралеўскую. Таму яны маглі пачувацца вольна, не асцерагаючыся кары, а таксама рэальна прэтэндаваць на трон - калі не польскі, то хаця б літоўскі.
Магнацкая пыха выглядала на бязмежную. Магнаты ставілі знак роўнасці паміж сабой і дзяржавай. Узорам паўнавартага чалавека зрабіўся “bene natus et possesionatus et catholicus” (“высокародны землеўласнік і католік”). Цвердзілася, што сяляне і мяшчане ніжэйшыя за шляхту фізічна і псіхічна, бо мяшчане паходзяць не ад біблейскага Яфета, але ад “подлага Хама”. Магнаты залічвалі сябе ледзь не да святых, патрабавалі асаблівага ўшанавання. У розных мемуарных крыніцах гаворыцца, што як жонка Міхала Радзівіла спявала ў касцёле “гадзінікі”, то на словы: “Я тое ўчыніла на небе, каб узыходзіла бясконцае святло”, хор прыдворных, кланяючыся, адказваў: “Пакорліва дзякуем вашай княжай мосці”.
Таму, натуральна, з гадамі расла фізічная і маральная дэградацыя вышніх слаёў шляхты. Бавячы час у баляваннях і распусце, магнаты ўсё радзей бралі ў рукі зброю, усё меней займаліся дзяржаўнымі справамі, усё часцей паміралі безнашчаднымі. Прыклад таму - Геранім і Кароль Радзівілы. Гэтае выраджэнне добра адлюстроўвалі жывапіс, паэзія, мемуарная літаратура.
Аднак нельга сказаць, што магнаты зусім не займаліся карыснай дзейнасцю. Сярод іх былі і людзі актыўныя, гаспадарлівыя (Ганна Радзівіл, Антон Тызенгаўз, Міхал Казімір Агінскі, Іяахім Храптовіч), якія дбалі пра развіццё рамёстваў і гандлю, засноўвалі мануфактуры, дзе вырабляліся сапраўдныя шэдэўры прыкладнога мастацтва (літыя паясы ў Слуцку, габелены ў Карэлічах, посуд і люстэркі ў Налібоках і Ўрэччы, тканіны ў Гродні і Ружанах). Нараджаецца мецэнацтва. З'яўляюцца прыдворныя друкарні (Нясвіж, Гродна, Слонім), прыгонныя тэатры з аркестрамі, опернымі, балетнымі і драматычнымі трупамі (Нясвіж, Слуцак, Ружаны, Слонім, Гродна, Шклоў). У рэпертуары ўваходзяць не толькі заходнееўрапейскія творы, але і трагедыі, камедыі і оперы мясцовых аўтараў (Францішка Радзівіл, Мацей Радзівіл, Міхал Казімір Агінскі). Сярод маладой арыстакратыі распаўсюджваюцца ідэі Асветніцтва, тэорыі францускіх фізіякратаў, творы Вальтэра і Русо. Шырацца заклікі да спынення анархіі і ўзмацнення цэнтральнай улады.
У апошняй трэці ХVІІІ стагоддзя, калі ўсходнія землі Беларусі ўвайшлі ў склад Расіі, на Полаччыне, Віцебшчыне, Магілёўшчыне і Гомельшчыне з'явіўся новы тып магнатаў. Гэта былі высокія рускія саноўнікі, прыдворныя фаварыты, якім Кацярына ІІ падаравала былыя каралеўскія стараствы і сканфіскаваныя маёнткі тых польскіх арыстакратаў, хто не захацеў прысягаць на вернасць царскаму трону. Больш за чатырнаццаць тысяч сялян атрымаў у беларускіх губернях Пацёмкін (Крычаўскае стараства), больш за адзінаццаць тысяч - Румянцаў-Задунайскі (Гомельскае стараства). Вялікія маёнткі былі падараваны Дандукову, Савінчукову, Ялагіну, удаве генерала Бібікава.
Новая знаць істотна адрознівалася ад старой (скажам, Радзівілаў). Яна не магла пахваліцца старажытным паходжаннем, але была больш энергічная і адукаваная, больш клапацілася пра мецэнацтва. І што самае важнае, ува ўмовах абсалютнай манархіі яна не магла сабе дазволіць такое сваволі, як магнаты ў Рэчы Паспалітай. Памешчыкі Віцебскай і Магілёўскай губерняў трымцелі перад вядомым рускім паэтам Г.Дзяржавіным - сенатарам, які прыяжджаў сюды разбірацца з іхнімі злоўжываннямі.
Інакш выглядае сацыяльны і культурны партрэт сярэдняй і беднай шляхты. Залежна ад эканамічнага становішча, яна падзялялася на прыдворную, чыншавую, фальварачную, “частковую” і “шарачковую” (“загонную”). Маючы пэўную агульнасць у сацыяльнай псіхалогіі, кожная з гэтых груп усё-ткі вылучалася сваімі адметнасцямі.
Найбольшыя залежнасць і маральная разбэшчанасць назіраліся ў асяродку шматлікай прыдворнай шляхты, розных рэзідэнтаў. Для многіх з іх служба пры двары была сродкам здабыць кавалак хлеба. А тыя, што паходзілі з заможных сем'яў, набіраліся пры двары магната “розуму і полеру”. С.Шантыр спамінае, што ў ягонага дзеда было каля дзесяці такіх “кавалераў” (набіралі пераважна высокіх і прыгожых), у бацькі - ужо толькі два-тры. У абавязкі “кавалераў” уваходзіла на сваім кані развозіць пісьмы, выконваць іншыя канфедэнцыяльныя заданні, стаяць “пад рукой у пані”. У выпадку, калі “рэспектавыя” слугі “псоцілі”, асабліва “каля жаночага фартушка”, гаспадар пасылаў нягодніку запячатаны “білет”, згодна з якім вінаватаму адлічвалі некалькі дзясяткаў “корбачаў” (бізуноў) - вядома, на дыване...
Найбольш цяжка жылося “частковай” шляхце, якая валодала некалькімі сялянскімі сем'ямі, і “шарачкам”, што самі апрацоўвалі зямлю. Іхні побыт мала адрозніваўся ад прыгоннага. С. Тучкоў, трапіўшы на Магілёўшчыну, здзіўлена заўважыў, што дробная шляхта “не мела тады амаль ніякага выхавання. Жыла яна, як і цяпер (у ХІХ ст. - аўт.), у чорных хатах, падобна да простых земляробаў - нярэдка разам са свойскай жывёлай”.
Эканамічная залежнасць сярэдняй і дробнай шляхты, вядома, спараджала залежнасць палітычную. Фармальна “шарачок” мог аддаць свой голас, за каго хацеў. Але ўся шляхта павету складала так званае “суседства”, якое ішло за сваім “правадніком” - разам з ім прадавалася таму або іншаму магнату. Рэч Паспалітая ўяўляла з сябе “федэрацыю суседстваў” (А.Заянчкоўскі), падзеленых паміж дзвюма асноўнымі “партыямі” - кансерватыўнай (“сармацкай”) і рэфармісцкай. Сярэдняя і дробная шляхта была сляпой зброяй у іхняй барацьбе.
Але, паміж іншага, шляхецкія прывілеі, з ўсёй іхняй умоўнасцю, ахоўвалі ад “зняваг чынам і словам”. Таму сярэдняя і дробная шляхта рабіла розныя захады, каб ніхто не ўсумніўся наконт ейнага знатнага паходжання. Назапашваліся сапраўдныя і фіктыўныя дакументы. “Генеалагічнае дрэва” завучвалася на памяць яшчэ ў раннім дзяцінстве. Старанна размалёўваліся гербы. Як вядома, літоўская і беларуская шляхта выводзіла свой род ад легендарнага патрыцыя Палямона і дужа ганарылася гэтым, параўноўваючы сябе з польскім дваранствам. “Ляхове не была шляхта, але былі людзі простыі, ані мелі гербов своіх, але мы шляхта старая, рымская” - казалі супраціўнікі уніі з Каронай яшчэ ў ХVІ стагоддзі.
Шляхецкае саслоўе было дастаткова замкнёным. Аднак не суцэльна. Найбольш энергічныя мяшчане і сяляне, нават карчмары за грошы здабывалі набілітацыю. Паколькі адмысловага дэпартаменту герольдыі не існавала і праверкай радаводаў ніхто не займаўся, можна было папросту “прымазацца” да іншага шляхецкага роду, дадаць да свайго прозвішча “высокародны” канчатак - скі. Праўда, хадзіла з рук у рукі “Кніга хамаў”, у якой пералічваліся ўсе “лжэшляхцічы”. Але ж калі хто разбагацеў, дык не дужа на яе зважаў: праз некалькі пакаленняў “неафіцтва” забывалася.

Шляхецкая культура была паноўнай на тэрыторыі Беларусі з канца ХVІ да другой паловы ХІХ ст. Яна вызначалася полілінгвістычнасцю (польская, беларуская, руская, лацінская, француская мовы) і, да значнай ступені, элітарнасцю. Менавіта дзякуючы ёй, у Беларусь прыйшлі агульнаеўрапейскія стылі - барока, класіцызм, сентыменталізм і рамантызм. Ідэалагічнымі выразнікамі шляхты з'яўляліся Контррэфармацыя і Асветніцтва.
Вытокі шляхецкай культуры трэба шукаць у ХІV-XV стст., калі беларускія землі цалкам яшчэ заставаліся ў арэале ўсходняй, праваслаўна-візантыйскай культурнай мадэлі. І хаця на хвалі Рэнесансу і Рэфармацыі ўзмацніліся заходнееўрапейскія ўплывы, толькі падчас Контррэфармацыі каталіцка-раманская культура пачала дамінаваць (у значнай ступені дзякуючы прыняццю ўніяцтва).
Контррэфармацыя аказала выразны ўплыў на беларускую шляхецкую культуру наагул, і асабліва на літаратуру і мастацтва. Уплыў гэты быў больш плённы, чым у ідэалагічнай сферы. Справа ў тым, што, адрозна ад Рэфармацыі, якая, змагаючыся за “танную царкву”, адмаўлялася ад вонкавага і ўнутранага ўпрыгожання храмаў, Контррэфармацыя імкнулася да пышнасці і пампезнасці, да ўздзеяння на пачуцці вернікаў сінтэзам розных (у тым ліку “паганскіх”) відаў мастацтва - архітэктуры, жывапісу, скульптуры, музыкі, публічных тэатралізаваных відовішчаў. Падчас урачыстых набажэнстваў, тэатралізаваных шэсцяў (прыгадаем макабрычныя пахавальныя працэсіі ў Нясвіжы) і прадстаўленняў усё было падпарадкавана адзінай мэце - схіліць чалавека да думкі пра марнасць зямнога жыцця на карысць жыцця нябеснага.
Паноўным мастацкім стылем эпохі контррэфармацыі было пышнае і вытанчанае барока. Але як сінтэтычны мастацкі напростак, з'яўлены на скрыжаванні рэнесансавых і сярэдневечных традыцый, барока, вядома, значна шырэйшае за саму Контррэфармацыю. Яно развівалася не толькі ў каталіцкім, але і ў пратэстанцкім, праваслаўным ды уніяцкім асяродках. Барока было здольна выказваць не адно містычныя ідэі, але і абслугоўваць самыя розныя ідэалагічныя сістэмы. Другасны (адносна Рэнесансу), і таму вельмі фармалізаваны, барочны стыль лёкга пераступаў сацыяльныя і нацыянальныя бар'еры. Эстэтыка барока - істотны крок наперад у развіцці тагачаснага мастацтва. Яна несла новае, больш рознабаковае (“стэрэаскапічнае”) і дыялектычна супярэчлівае, параўнальна з рэнесансавым, бачанне свету і чалавека. Узрасло імкненне да сінтэтычных жанраў (опера, трагікамедыя). У розных краінах, у тым ліку на Беларусі, агульнаеўрапейскія барочныя тэндэнцыі лёгка спалучаліся з рэгіянальнымі і нават народнымі традыцыямі.
Найбольш поўна барока праявілася ў манументальнай архітэктуры Беларусі. Пачынаючы з езуіцкага касцёлу ў Нясвіжы, узведзенага ў канцы ХVІ ст. вядомым італьянскім архітэктарам Д.Бернадоні, у беларускіх гарадах і вёсках будаваліся пампезныя касцёлы, кляштары, магнацкія рэзідэнцыі. Дынамічныя формы іхніх фасадаў, хвалістыя, неспакойныя лініі дэкору, кантрасныя спалучэнні мусілі сімвалізаваць зменлівасць і хуткаплыннасць чалавечага жыцця.
Рысы барока выявіліся таксама ў праваслаўных і ўніяцкіх храмах (Мікалаеўская царква ў Магілёве, базыльянская царква і іканастас у Супраслі, комплекс у Жыровіцах, уніяцкія цэрквы ў Барунах і Княжыцах). Заходнееўрапейскія ўплывы тут сышліся з візантыйскімі і мясцовымі традыцыямі, што надало непаўторнасць асобным помнікам. Самабытна выглядае драўлянае культавае дойлідства на Беларусі.
Залежна ад культавага дойлідства развівалася выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Творы жывапісу і скульптуры нібы дапаўнялі і падкрэслівалі архітэктурныя формы (касцёл аўгустынаў у Міхалішках, аформлены італьянскім скульптарам Перці каля 1653 г.) Манументалісты ў стылі барока выраблялі для цэркваў іканастасы (выразаны з дрэва іканастас Мікалаеўскай царквы ў Магілёве), распісвалі фрэскамі касцёлы (у Мсціславе). У пашыраным тады партрэтным жывапісе праявіліся ўласцівыя барока параднасць, пампезнасць, панегірызм, ідэалізацыя магнацтва і вышэйшага духавенства (партрэты Радзівілаў). Адначасна барока прыўнесла ў жывапіс і скульптуру новыя якасці: статычнасць паволі змяняецца дынамічнасцю, плоскаснасць - аб'ёмнасцю. На змену роўнаму прамяністаму святлу прыходзяць неспакойны кантрасны светлацень, эфектнае спалучэнне колераў.
Гэткага кшталту тэндэнцыі праглядаюцца і ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Найбольш заўважнымі сягненнямі тут паўстаюць налібоцкае і ўрэцкае шкло, слуцкія паясы, карэліцкія габелены.
З мастацкімі тэндэнцыямі барока звязаны значныя дасягненні тэатральнага і музычнага мастацтва Беларусі. З прыходам на нашыя землі езуітаў пачаў развівацца школьны тэатар, у касцёлах і калегіях зарганізоўваліся пышныя прадстаўленні. У другой палове ХVІІ - першай палове ХVІІІ стст. школьныя тэатры дзейнічалі ў Брэсце, Віцебску, Гродні, Жодзішках каля Смаргоні, Магілёве, Мінску, Мсціславе, Наваградку, Нясвіжы, Пінску, Полацку і Слуцку. Рэпертуар переважна складаўся з лацінскіх (зрэдку - польскіх) драм-маралітэ, якія пісаліся (або перарабляліся з заходніх узораў) выкладчыкамі калегій і выконваліся вучнямі падчас рэлігійных свят, візітаў высокапастаўленых асоб ці ў сувязі з заканчэннем школьнага году. Асабліва цікавымі нам падаюцца беларускія інтэрмедыі, што зрэдку ўстаўляліся ў лацінскія і польскія творы. Школьныя спектаклі часта суправаджаліся музыкай, спевамі і танцамі (сальтамі), у ХVІІІ ст. на змену школьнаму тэатру прыйшоў прыдворны (прыгонны). Дастаткова прыгадаць тут Нясвіж Радзівілаў, Слонім Агінскіх, Гродна Тызенгаўза, Шклоў Зорыча.
У ХVІІ ст. пагоршыліся ўмовы развіцця літаратуры. На тое было некалькі прычын. Па-першае, не спрыяў агульны клімат Контррэфармацыі. Калі рэфарматары арыентаваліся на жывыя народныя мовы, то контррэфарматары ўсюды насаджалі мёртвую латынь, якая ў часы барока ўжо не адыгрывала ў Беларусі той станоўчай ролі, што ў эпоху Рэнесансу. Езуіты знішчалі цэнтры беларускай культуры, дабіліся закрыцця брацкіх школ і друкарняў. У выніку рэзка зменшылася колькасць беларускіх кніг.
На развіццё літаратуры адмоўна ўплывала і ўзмоцненая паланізацыя беларускіх зямель. Заможная і сярэдняя шляхта масава дэнацыяналізавалася, прымала разам з каталіцызмам польскую мову і польскую культуру. “Руская” мова ўжывалася пераважна ў побытавай сферы, а ў літаратуры - толькі у сатырычных і парадыйных творах, калі трэба было стварыць камічны эфект. Становішча ўскладнялася яшчэ і тым, што польская мова блізкая да беларускай. У тагачаснай Беларусі яе разумелі без перакладчыка, яна не ўспрымалася як мова чужаземных заваёўнікаў (у якасці “чужой” мовы выступала хутчэй незразумелая латынь, якую тады ўжывалі адно касмапалітызаваныя магнаты і каталіцкае духавенства). Беларуска-польская моўная блізкасць істотна замаруджвала развіццё новай беларускай літаратуры.
Урэшце, былі і ўнутранныя прычыны крызісу старажытнай беларускай культуры. Яна вычарпала магчымасці свайго ранейшага патэнцыялу. Кніжная мова старажытнага пісьменства ўсё больш адрывалася ад жывой гутарковай мовы, і таму станавілася незразумелай шырокаму чытачу. Пачаўся “распад” “заходнерускай” мовы, шмат чым важнай для беларускай і ўкраінскай літаратур. Новая літаратурная мова не магла скласціся шляхам адраджэння або абнаўлення старажытнай - трэба было распрацоўваць да ўзроўню літаратурнай мовы адзін з дыялектаў. А гэткаму працэсу тады нішто не спрыяла. Да таго ж, наступіў крызіс форм, звязаных з сярэднявечным светаўспрыманнем. Старажытная жанравая сістэма непазбежна мусіла саступіць месца новай літаратуры. У гэтым сэнсе пераходны перыяд быў гістарычнай заканамернасцю. І ўжо зусім неспрыяльна, што, адрозна ад суседніх народаў, у беларусаў гэты перыяд зацягнуўся на празмерна доўга.
Характарыстыка беларускай літаратуры часоў барока не будзе поўнай, калі не ўлічваць полілінгвістычнага характару тагачаснага літаратурнага жыцця Беларусі. Многія яе ўраджэнцы пісалі на польскай, лацінскай, стараславянскай і іншых мовах. Таму іхняя спадчына, угрунтаваная часта на мясцовым матэрыяле, належыць адначасова двум, або і тром, суседнім літаратурам. Шматмоўнасць выяўлялася часам у межах аднаго і таго ж твору (беларуска-лацінскія макаранічныя вершы, беларускія інтэрмедыі да лацінскіх і польскіх драм). Такі полілінгвізм спрыяў літаратурнаму ўзаемадзеянню, пранікненню ў беларускую літаратуру мастацкіх здабыткаў суседзяў.
Літаратурнае жыццё Беларусі ХVII-XVIII стст. было цесна звязана з літаратурным жыццём Рэчы Паспалітай наагул, і з'яўлялася, да пэўнай ступені, яго складнікам (хоць і дыферэнцыяваным). Праз Варшаву, Кракаў і Вільню прыходзілі новыя заходнееўрапейскія хвалі, новыя густы. З Беларуссю звязаны жыццё і дзейнасць многіх знаных прадстаўнікоў польскага і лацінскага барока. Групаваліся яны пераважна вакол магнацкіх двароў (Нясвіж) і езуіцкіх калегій.
Аднак ужо з 60-х гадоў ХVII ст., пасля выгнання з Рэчы Паспалітай арыян, польская літаратура на Беларусі відочна зніякавела. А ў часы панавання саксонскай дынастыі, калі пачаўся заняпад барока, літаратурная культура ўжо апусцілася да самага нізкага, графаманскага ўзроўню. І хаця рыфмаваць для “хатняга ўжытку” ці дзеля ўхвалення магнатаў умеў тады амаль кожны юнак, які праслухаў курс паэтыкі ў езуіцкай калегіі, аднак літаратурнай вартасці такое рыфмаванне не мела.
Характэрнай і немалаважнай для беларускай літаратуры асаблівасцю было тое, што ў ХVII ст. яна набывала ўсё больш рэгіянальны характар. Як ужо азначалася, гэтым часам у польска-літоўскай дзяржаве ўзмацніліся дэцэнтралісцкія тэндэнцыі. Шляхта ўсё больш настойліва дабівалася аўтаномнасці і незалежнасці сваіх зямель у дачыненнях з цэнтральнай уладай. Гэтыя тэндэнцыі знайшлі адлюстраванне ў мастацкай творчасці. Калі рэнесансавае літаратурнае жыццё канцэнтравалася пераважна ў Малапольшчы (дакладна - у Кракаве), то за часамі барока атрымоўваюць “права голасу” і іншыя “правінцыі”. Гэта падмагала набліжэнню літаратуры да рэальнага жыцця, прылучэнню да яе мясцовых, у тым ліку і народных, традыцый. Якраз у гэтую пару упершыню перакрыжаваліся шляхі прафесійнай і народнай творчасці, што мела важкае значэнне для фармавання новай беларускай літаратуры.

Новы этап развіцця беларускай шляхецкай культуры - другая палова ХVIII ст. і пачатак ХІХ ст., калі на змену ідэям Контррэфармацыі прыйшло Асветніцтва, а на змену барока - класіцызм і сентыменталізм.
Эпоха Асветніцтва нарадзіла новага чалавека, новыя ідэалы, якія ўвасобіліся ў грамадска-філасофскай думцы і мастацтве, у шматмоўнай літаратуры Беларусі і ўласна беларускай літаратуры.
Што ж такое Асветніцтва?
Рацыяналістычная ідэалогія Асветніцтва прынцыпова рознілася ад суб'ектыўнага ідэалізму часоў Контррэфармацыі. Асветнікаў звязвала не рэлігія, а культ розуму. Ідэолагі гэтай эпохі аперавалі такімі ацэначнымі катэгорыямі, як чалавек, грамадства, прагрэс, адукацыя, навука, вопыт, праца, карысць, шчасце, свабода, роўнасць, умеранасць, гармонія.
Асветніцкія ідэі вызначылі асноўныя рысы тагачаснай эстэтыкі. Крыніцай прыгожага абвяшчалася аб'ектыўная рэчаіснасць. Перад стваральнікам катэгарычна ставілася задача актыўна ўмешвацца ў жыццё, адкрываць чалавеку “праўду”, вызначаць яму “норму паводзін”. Асветніцкай эстэтыцы характэрны пазнавальны аптымізм і апафеоз творчых магчымасцяў чалавечага розуму.
Асноўнымі мастацкімі стылямі эпохі Асветніцтва сталіся класіцызм і сентыменталізм. Першы з іх апеляваў да чалавечага розуму, другі - да сэрца, пачуццяў. Але і класіцысты і сентыменталісты падзялялі асветніцкі пастулат пра дзейснасць мастацкага слова, ягоную здольнасць навучыць і пераканаць чалавека. І для тых, і для іншых паэт, творца - гэта “настаўнік”. Разыходжанні былі толькі ў вызначэнні акрэсленых шляхоў, якімі ён мусіць уплываць на “вучня”. Класіцызм бачыў “норму паводзін” у “разумным”, сентыменталізм - у “натуральным”.
Класіцызм, з ягонымі патрабаваннямі гармоніі, сіметрыі, зададзенасці, умеранасці ў мастацкіх сродках, безумоўна, больш адпавядаў ідэалогіі Асветніцтва, чым сентыменталізм, які арыентаваўся на пачуцці, часта гіпербалізаваныя. У аснове класіцысцкай эстэтыкі ляжалі рацыяналістычная нарматыўнасць, падкрэслены дыдактызм. У шматмоўнай літаратуры Беларусі класіцызм пачаў пашырацца з 60-х гадоў ХVIII ст. Ён жа вызначыў асноўныя асаблівасці тагачаснага мастацтва (найперш жывапісу і архітэктуры). У станаўленні новай беларускай літаратуры класіцызм, па праўдзе, “не стаў эпохай”, але ягоныя рысы выразна праявіліся ў “Камедыі” Марашэўскага і іншых творах канца ХVIII ст.
Як і кожны мастацкі накірунак, класіцызм не існаваў у чыстым выглядзе. У шматмоўнай літаратуры Беларусі ён спалучаўся з сентыменталісцкімі (з 80-х гадоў) і барочнымі тэндэнцыямі. Барочныя традыцыі мелі працяг у паэзіі (Ю.Бака, К.Беніслаўская), школьнай драматургіі, архітэктуры. У другой палове ХVIII ст. барока перарасло ў вытанчанае ракако, прадстаўнікі якога (С.Кулбліцкі ды інш.) лічылі, што галоўная мэта мастака не павучаць, а забаўляць, цешыць. Мастацка-стылёвае аблічча эпохі Асветніцтва было куды багацейшым, дый больш шматгранным, чым раней, калі амаль непадзельна панавала барока.
Да таго ж, азначым, што мастацтва Беларусі другой паловы ХVIII ст. мела ярка выяўлены сацыяльны характар. Творчасць народных нізоў знаходзіла адлюстраванне ў фальклоры, у прадметах дэкаратыўна-прыкладнога характару, а элітарнае мастацтва паноўных класаў, заможнай і сярэдняй шляхты пераважна выяўлялася ў пышных тэатралізаваных шэсцях, ілюмінацыях. Але пад уплывам асветніцкіх ідэй сярод шляхты ўсё часцей сталі з'яўляцца асобы з радыкальнымі поглядамі і тонкім эстэтычным густам. Іх ужо не здавальнялі прымітыўныя падробкі пад мастацтва. Грошы, якія раней марнаваліся на дарагое замежнае віно і пышныя ўпрыгожанні, цяпер сталі растрачвацца на прыдворныя тэатры, жывапіс, скульптуру. Мецэнацтва адпавядала запатрабаванням часу, станавілася рэальнай сілай у палітычнай барацьбе - не аднойчы перад шляхецкімі выбарамі або іншымі грамадскімі падзеямі прысутным паказваліся (асабліва пры гродзенскім двары Тызенгаўза) адмыслова падрыхтаваныя спектаклі.
Прадметы мастацтва, якія ствараліся пры дварах магнатаў, мелі не толькі вузка-сацыяльную, але і агульнанародную вартасць (згадаем слуцкія паясы, карэліцкія габелены). Выраблялі іх зазвычай прыгонныя сяляне. Беларускія прыгонныя танцавалі і спявалі на сцэнах прыдворных тэатраў. Гэткім чынам, элітарнае мастацтва судакраналася з мастацтвам народным.
Асабліва цікавай з'явай у мастацтве Беларусі эпохі Асветніцтва быў прыгонны (прыдворны) тэатар. Прыдворныя тэатры ў Нясвіжы, Слоніме, Гародні, Ружанах, Шклове і іншых гарадах Беларусі набылі агульнаславянскую і нават агульнаеўрапейскую вядомасць. Тут упершыню на сцэну выйшлі прыгонныя сяляне, з якіх потым у Варшаве зарадзілася ядро нацыянальнай польскай оперы і балету. З чатырох найбольшых магнацкіх тэатраў Рэчы Паспалітай (Нясвіж, Беласток, Гродна і Слонім) тры знаходзіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі - там, дзе былі вялікія латыфундыі і мацней адчуваўся феадальны прыгнёт. Параўнальна з часамі барока, літаратура Беларусі эпохі Асветніцтва мела ярка выяўлены полілінгвістычны характар. Але творы на беларускай мове займалі ў ёй далёка не дамінантнае месца. Асноўнай літаратурнай мовай з'яўлялася тады польская мова. Хаця ствараліся і выдаваліся кніжкі таксама на мовах стараславянскай, лацінскай, яўрэйскай, нямецкай, францускай, у рукапісныя зборнікі ўлучаліся тэксты па-ўкраінску, па-літоўску і па- татарску. Пасля 1772 г., і асабліва ў 90-я гады, актыўна распаўсюджвалася руская мова. Сапраўдны літаратурны Вавілон на адносна невялікай тэрыторыі!
Літаратурнае жыццё Беларусі другой паловы ХVIII ст. да значнай ступені з'яўлялася складнай часткай літаратурнага жыцця Рэчы Паспалітай. З Варшавы і Вільні паступалі кнігі і перыядычныя выданні, пашыраліся новыя густы, “мода” на класіцызм і сентыменталізм. Аднак беларуская зямля заставалася не толькі пасіўным успрымачом ішаземных уплываў. Ураджэнцы яе прыўнеслі важкі ўклад у развіццё польскай літаратурнай эпохі Асветніцтва. Вядомы гісторык і рэвалюцыянер Б.Ліманоўскі прызнаваў: “Асабліва трэба сказаць пра літвінаў рускага паходжання. Іхні ўдзел у росквіце польскага пісьменства выдатны. Юльян Нямцэвіч, Адам Нарушэвіч, Францішак Князьнін, Францішак Багамолец займаюць у ім вядучае месца”. Паводле статыстычных табліц і карт, складзеных Э.Александроўскай, з 553 польскіх пісьменнікаў эпохі Асветніцтва 19 нарадзіліся ў Брэсцкім ваяводстве, 16 - у Трокскім (куды ўваходзіла і Гродзеншчына), 13 - у Наваградскім; усяго ж з тэрыторыі Беларусі паходзіла каля 50 чалавек (амаль кожны дзясяты). Не меншы працэнт пісьменнікаў, якія тут вучыліся (Полацак - 14, Слуцак - 13, Нясвіж - 8) або доўгі час пражывалі (Гродна - 16, Нясвіж - 14, Полацак - 9).
З 70-90-х гадоў, калі Беларусь увайшла ў склад Расіі, узрасло ўздзеянне рускай культуры. Сюды сталі пранікаць руская кніга, руская мастацкая літаратура. Як відаць з вопісаў многіх бібліятэк Беларусі, перадусім паступалі найбольш папулярныя пецярбурскія і маскоўскія выданні.
У апошняй трэці ХVІІІ ст. руская навуковая і літаратурная грамадскасць пачала больш цікавіцца Беларуссю. Шмат чым гэтую цікавасць задаволілі “Тапаграфічныя заўвагі”, складзеныя ў 1780 г. вядомымі даследчыкамі І.Ляпёхіным, П.Паласам, Л.Крафтам і інш. у сувязі з падарожжам Кацярыны ІІ у беларускія намесніцтвы. Узапраўду гэта грунтоўнае даследаванне, у якім разглядаюцца геаграфічнае становішча Беларусі, ейная гісторыя, змены, тут адбываныя пасля 1772 г., падрабязна апісваюцца Магілёў і Полацак. Адзін з аўтарў кнігі, акадэмік І.Ляпёхін, падарожнічаў па Беларусі, даследаваў тут флору. Расійская Акадэмія навук зарганізавала ў канцы ХVIII ст. некалькі навуковых экспедыцый у Падняпроўе.
У эпоху Асветніцтва па-ранейшаму актыўна ўжывалася лацінская мова. Веданне латыні было абавязковым для выпуснікоў калегій. У Полацку і Нясвіжы выдаваліся кнігі старажытнарымскіх аўтараў М.Цыцэрона, К.Руфа, К.Непота і інш. - як у арыгінале, так і ў перакладзе на польскую мову, а таксама падручнікі і слоўнікі. З рашэння Камісіі нацыянальнай адукацыі дырэктарам ваяводскай школы ў Мінску быў прызначаны выдатны новалацінскі паэт доктар філасофіі Міхал Карыцкі (1714-1781). Ураджэнец в.Дзітрыкі Лідскага павету, ён вучыўся ў Слуцку і Бабруйску, а затым выкладаў там жа рыторыку і паэтыку. Карыцкаму належаць лацінская паэма “Птушыны сейм”, зборнік “Песні”, выдадзены пасмяротна ў Полацку ў 1817 г. Творам Карыцкага характэрны “прыгожая мова, лёгкасць і багатая фантазія. Напісаны яны ў жанры паэтычных пасланняў да выдатных асоб тагачаснага культурнага і палітычнага свету”. На лацінскай мове пісаліся “Гераічныя песні”, якія падносіліся Кацярыне ІІ і царскім вяльможам ад імя беларускіх калегій.
У другой палове ХVIII ст. на хвалі Асветніцтва ў Беларусі пашырыліся заходнееўрапейскія мовы, асабліва ў дварах магнатаў і шляхты. У друкарнях Полацку і Магілёву выходзілі францускія кніжкі. Лічылася за добры манер вітаць высокіх гасцей вершамі на замежных мовах. Калі ў 1780 г. Кацярына ІІ праяжджала праз Беларусь, полацкія дамініканцы і вучні Талачынскай базыльянскай калегіі дэкламавалі на гонар яе оды на францускай, нямецкай, італьянскай і грэцкай мовах.
Класіцызм, галоўны мастацкі напростак эпохі Асветніцтва, стымуляваў росквіт адных жанраў і запаволіў або цалкам прыпыніў развіццё іншых. Нарматыўная эстэтыка класіцызму дапускала “прастамоўе” ўвогуле і беларускія “варварызмы”, у паасобку, толькі ў “нізкіх”, парадыйна-бурлескных творах. Гэтым можна вытлумачыць пашырэнне калядак, з'яўленне парадыйных вершаў накшталт “Уваскрэсення Хрыстова”. А вось для панегірычных і лірычных твораў “прастамоўе” лічылася непрыдатным. Таму “высокая” паэзія ўсё больш пераходзіла на польскую, рускую, стараславянскую і нават старабеларускую мовы.
Знамянальна, што ў эпоху Асветніцтва амаль дарэшты знікае (і нават парадуецца) беларуская спеўна-інтымная паэзія, так характэрная для часоў барока. І ў гэтым няма нічога дзіўнага. Сфера прыватных, інтымных пачуццяў здавалася асветнікам недастаткова важнай або нават зусім лішняй у чалавечым жыцці. Класіцысцкая паэтыка аддавала перавагу такім “высокім” жанрам, як ода, вершаванае пасланне, апісальная паэма. Таму ў рукапісных зборніках другой паловы ХVIII ст. беларуская лірыка ўжо амаль не сустракаецца. Праўда, творы па-ранейшаму захоўваюцца, нібы кансервуючыся, у рускіх і ўкраінскіх рукапісных спеўніках, а часам нават патрапляюць (пад выглядам “маларускіх”) у рускія друкаваныя зборнікі.
Найбольш выразны “рэцыдыў” кансерватыўных моўна-стылёвых форм назіраўся ў панегірычна-віншавальнай паэзіі. Параўнальна з паэзіяй часоў барока, гэта быў крок назад - да мёртвай ужо старабеларускай мовы, да стараславяншчыны.
Такі ж паварот да традыцый старажытнай беларускай паэзіі адчуваецца ў віншавальным вершы, напісаным у 1784 г. з нагоды прыезду на Палессе, у Дубою, польскога караля Станіслава Аўгуста - ураджэнца Волчына пад Брэстам, які добра ведаў беларускую мову. Знаходзячыся ў Нясвіжы, кароль палічыў патрэбным выступіць з беларускім вершаваным тостам. А калі ён ездзіў па Палессі, мясцовыя магнаты сустракалі яго віншаваннямі на чатырох мовах - польскай, лацінскай, яўрэйскай і “русінскай”.
Беларускай шляхецкай паэзіі часоў касцюшкавага паўстання быў уласцівы пафас сцвярджэння. З гэтым паўстаннем звязаны адзін з лепшых вершаваных твораў другой паловы ХVIII ст. - “Песня беларускіх жаўнераў 1794 году”. Рукапіс яе за сваім часам быў намі адшуканы сярод матэрыялаў былога Віленскага беларускага музею. У “Песні” гучыць палымяны заклік учыніць “жніва”, пачаць барацьбу з нашэснікамі, якія падзялілі Польшчу - кайзераўскай Прусіяй і царскай Расіяй. Шлях да вызвалення аўтар бачыць у аб'яднанні ўсіх патрыятычных сіл.
Пад уздзеяннем Асветніцтва значны крок наперад зрабіў шляхецкі тэатар Беларусі. Калі раней ад тэатру патрабавалася, каб ён здзіўляў гледача, уплываў на эмоцыі, то цяпер чакаюць, каб ён павучаў чалавека, рабіў яго грамадзянінам і патрыётам.
Як ужо казалася, у эпоху Асветніцтва побач са школьным і народным з'явіліся прыдворныя і прафесійныя тэатры. Рэпертуар заежджых прафесійных тэатраў цалкам складаўся з польскіх і заходнееўрапейскіх п'ес. Больш абапіраўся на мясцовых аўтараў прыдворны тэатар. Ёсць ускосныя звесткі, што рабіліся спробы ўвесці ў ягоныя пастаноўкі і беларускую мову. Ульрык Радзівіл “у тлумачэнні-пераробцы камедыі Бурселя” аднаго з герояў “пераўтварыў у чыстай крыві беларуса”. Але дагэтуль сама пераробка, прызначаная для нясвіскага тэатру, яшчэ на знойдзена, таму даводзіцца тут абмежавацца толькі канстатацыяй факту.
Развіццё школьнай драматургіі часоў Асветніцтва знайшло сваё лагічнае завяршэнне ў творах, пастаўленых на сцэне Забельскай шляхецкай калегіі (каля вёскі Валынцы на Полаччыне). Тут на інтэрмедыйнай аснове нарадзілася першая (у поўным сэнсе гэтага слова) беларуская “Камедыя” Каятана Марашэўскага. Гэта была пераробка на беларускую мову твору іншамоўнага драматурга (“Доктар з прымусу” Міхаіла Цяцерскага).
Забельскі школьны тэатар - з'ява выключная, унікальная ў розных сэнсах. Па-першае, гэта быў адзіны школьны тэатар у 80-90-я гады ХVIII ст. Па-другое, гэта быў адзіны ў Беларусі тэатар ордэна дамініканцаў.
Па-трэцяе, здзіўляе разнастайнасць рэпертуару забельскіх шкаляроў. Дзецьмі шляхты тут ставіліся трагедыі, камедыі, арыгінальныя “оперы”, выконваліся “судовыя дыялогі”. Зрэшты, амаль усе творы, узніклыя ў забельскім асяроддзі, з'яўляюцца асветніцкімі - з свайго ідэйнага гучання, і класіцысцкімі - са стылю.

Новы перыяд у развіцці шляхецкай культуры Беларусі пачынаецца з вайны 1812 г. Значная частка шляхты падтрымала тады Напалеона. Таму пасля адыходу французаў яна аказалася ў няміласці расейскіх улад. Неўзабаве пачаліся першыя спробы знішчыць шляхту як саслоўе, бо яна была найбольш адукаванай, і таму паўставала рэальнай пагрозай царскаму рэжыму. Надалей бяднейшая і сярэдняя шляхта мусіла даказваць свае правы і прывілеі. Хто не даказаў - трапляў у аднадворцы (такіх з'явілася мноства), і толькі тыя, чые дакументы захаваліся, - набілітавліся, прыроўніваліся да рускага дваранства.
У новых умовах мясцовая шляхта паступова прыходзіла да ўсведамлення, што надзеі на іншаземную (францускую) інтэрвенцыю ёсць ілюзорнымі. Заставалася спадзявацца толькі на ўласную сілу, на антыцарскі вызваленчы рух. Так нарадзілася шляхецкая рэвалюцыйнасць. Першы ейны ўсплеск - арганізацыя тайных студэнцкіх згуртаванняў філаматў і філарэтаў, другі - паўстанне 1830-1831 гг., трэці і апошні - паўстанне 1863-1864 гг. (а паміж імі былі яшчэ прадэкабрысцкія акцыі, змовы Ш.Канарскага і братоў Далеўскіх). І пасля кожнага выступлення - сотні і тысячы арыштаваных, сасланых у Сібір і іншыя “аддаленыя губерні Расіі”. Пасля 1864 г. у выгнанні беларускай шляхты апынулася, бадай, больш, чым на айчыннай зямлі.
Пасля гэткіх катаклізмаў шляхта пачала сыходзіць з грамадска-палітычнай арэны, хаця яшчэ доўга, аж да рэвалюцый 1917 г., адыгрывала значную ролю у культуры, асвеце, літаратуры, мастацтве.
За выключэннем Паўлюка Багрыма і не вельмі пісьменнага Мікалая Марозіка (Шункевіча), усе прадстаўнікі беларускай літаратуры ХІХ ст. былі са шляхты - ад Баршчэўскага і Дуніна-Марцінкевіча да Багушэвіча і Лучыны (а далей - да Янкі Купалы і Вацлава Ластоўскага). Пад уплывам Адама Міцкевіча і Яна Чачота, якія паклалі пачатак рамантызму на беларускіх землях, аматары прыгожага пісьменства звярнуліся да вуснай народнай творчасці. Шляхецкая вызваленчая паэзія сілкавалася народнымі сокамі і часта сама вярталася ў народ, фалькларызавалася (“Добрыя весці”). Тое ж назіралася ў музыцы (Манюшка, Міладоўскі, Карловіч), выяўленчым мастацтве (Ваньковіч, Дамель, Кулеша).
У ХІХ ст. шляхта праходзіла складаны шлях ад “тутэйшасці”, рэгіянальнага патрыятызму да сведамлення сваёй беларускасці. Параўнальна з суседнімі народамі і краінамі, працэс гэты рухаўся ў нас замаруджана (бадай, не закончыўся ён і цяпер), што тлумчыцца “памежнасцю” Беларусі ад Усходу да Захаду. Стагоддзі прымусовай і добраахвотнай русіфікацыі і паланізацыі дэфармавальна паўплывалі не толькі на гістарычнае развіццё самой Беларусі, але і ейных сацыяльных вярхоў, перадусім - шляхты.
І ўсё-ткі шляхта адыграла вялікую ролю ў фармаванні беларускай культуры. Што і натуральна, бо цягам трох стагоддзяў, ад Люблінскай уніі да паўстання 1863-1864 гг., паноўнай культурай у нас была культура шляхецкая, і іншай тады яна быць не магла.
Барока ў беларускай культуры і мастацтве. Мінск,1998.
Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Мінск,1968. Т.1, Мінск, 1969. Т.2.
Дорошевич Э., Конон Вл. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972.
Мальдзіс Адам. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры ХVIII стагоддзя. Мінск, 1982.
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый: Літаратура Беларусі пераходнага перыяду (другая палова ХVII-XVIII стст.). Мінск, 1980.
Angyal Endre. Die slavische Barockwelt. Leipzig, 1961.
Kuchowicz Zbigniew. Obyczaje staropolskie XVII-XVIII wieku. Lodz, 1975.
Pollak Roman. Od Renessansu do baroku. Warszawa, 1977.
Zajaczkowski Andrzej. Glowne elementy kultury szlacheckiej w Polsce. Wroclaw, 1961.
Адам МАЛЬДЗІС

Опубликовано 09 декабря 2010 года
Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Шляхецкая культура Беларусі (ХVII—ХІХ стст.)
подняться наверх ↑
ССЫЛКИ ДЛЯ СПИСКА ЛИТЕРАТУРЫ
Стандарт используется в белорусских учебных заведениях различного типа.
Для образовательных и научно-исследовательских учреждений РФ
Прямой URL на данную страницу для блога или сайта
Предполагаемый источник
Полностью готовые для научного цитирования ссылки. Вставьте их в статью, исследование, реферат, курсой или дипломный проект, чтобы сослаться на данную публикацию №1291898903 в базе LIBRARY.BY.
подняться наверх ↑
ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!
подняться наверх ↑
ОБРАТНО В РУБРИКУ?
Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.
Добавить статью
Обнародовать свои произведения
Редактировать работы
Для действующих авторов
Зарегистрироваться
Доступ к модулю публикаций