БЕЛАРУСЬ (последнее)
Адукацыя, універсітэты, падарожніцтвы ў ХVI—ХVII стст.
Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.
Cвецкая прыватная адукацыя
Канфесійныя школы. Віленская акадэмія
Падарожніцтвы. Замежныя ўніверсітэты
Cвецкая прыватная адукацыя
Рост грамадскіх і саслоўных патрэб абумовілі прыкметныя змены ў шляхецка-магнацкай адукацыі ў Беларусі. Многія паспалітыя шляхецкія і мяшчанскія сем'і сталі практыкаваць розныя формы хатняга навучання. Педагагічныя абавязкі выконвалі простыя дзякі, дробныя шляхцічы, службоўцы, мяшчане, якія бралі на “слушнае вывучэнне” за плату ці адпрацоўку аднаго або некалькіх вучняў. У 1579 г. Марк Іванавіч, службовец падсудка аршанскага, скардзіўся “на Мокарову молярову о том, иж ее сына Прокопа взял был до себе на науку, которого мел так выучыт(ь), яко и сам умеет по-руску и по-полску...”. Пані “молярова” (жонка маляра - мастака), “не ждучы до выученья слушного”, сына “отнела” і за навуку не заплаціла. Сын яе, да таго ж, “не ведат(ь) для чого пограбил” у Марка Іванавіча польскі Новы запавет.
Значная частка шляхты аддавала сваіх дзетак да паноў і магнатаў, спадзеючыся, што там яны засвояць дворскую службу і атрымаюць належную адукацыю. У 1615 г. земянка Ашмянскага павету К.Катоўская перадала свайго старшага ўнука “в ласку и оборону” Крыштофу Радзівілу, каб ён быў “выхован и вытвичон в боязни божой и в науках вызволеных”.
Рознымі шляхамі і адносна рана атрымоўвалі пачатковую адукацыю дзеці царкоўнікаў і паспалітай шляхты, занятай канцылярскімі, судовымі, адміністратыўнымі справамі. Сын пінскага земяніна, гаспадарскага пісара Міхайлы Васілевіча, унук луцкага праваслаўнага епіскапа Хведар Еўлашоўскі пачаў авалодваць “наукою рускою” (беларускай граматай), не маючы пяці гадоў. У дзяцінстве ведаў таксама польскую мову і злёгку разбіраўся ў яўрэйскім пісьме, веды пашыраў на службе ў знаных паноў: “а потом, удавше се на службу, трафяли ми се таке паны, которые ме оборачали до браня поборов и чиненя личб, поразумявши на то з натуры способного”. На той час Еўлашоўскаму не было 18-ці. Пазней ён знаходзіўся на гаспадарскай службе, удзельнічаў у ваенных падзеях 1564 г., а з 1565 выбіраў у Вільні “побор, названый покгловным”. Гэта патрабавала больш дасканалых ведаў па матэматыцы, якія дапамог яму атрымаць віленскі канонік, каралеўскі пісар Ян Макавецкі.
У дамах заможнай шляхты з канца ХV - сярэдзіны ХVI стст. з'яўляюцца не сустраканыя раней прафесійныя настаўнікі, выпускнікі ўніверсітэтаў ці школ сярэдняга ўзроўню. Магістры, бакалаўры, рэктары мясцовых навучальных устаноў служаць пры дварах заможных шляхцічаў, магнатаў, арыстакратыі. Дыпламаваныя педагогі нярэдка працягвалі апекаваць сваіх навучэнцаў і ў гады іхняй далейшай вучобы ў школах, калегіях, універсітэтах, падарожжах за мяжу. Сыноў мінскага кашталяна Яна Глябовіча ў апошнія дзесяцігоддзі XVI ст. навучалі вядомы пісьменнік-палеміст Ян Ласіцкі, нясвіскіх Радзівілаў у першай палове ХVII ст. - “русін” мясцовы ксёндз Ян Аланд і матэматык Освальд Крыгер, знаўца астранамічных прац Мікалая Каперніка. Сына крычаўскага старасты князя Багдана Саламярэцкага ў мястэчку Баркулабава, паблізу ад Магілёва, навучалі ў канцы ХVI - пачатку ХVII стст. вядомыя брацкія педагогі Лаўрэнці Зізаній і Максім (Мялеці) Сматрыцкі. Істрат Іванавіч у пачатку ХVII ст. быў педагогам дзяцей князя Багдана Агінскага ў Вільні, магілёўскі мяшчанін, бакалаўр кіеўскай брацкай школы Ігнаці Іеўлевіч разам з “інспектарам” Паўлам Галадовічам Астрапольскім апекаваўся ў 30-х гадах ХVII ст. сынам і пляменнікам Багдана Статкевіча Любавіцкага. Ад імя сына мсціслаўскага падкаморыя - Міхаіла, студэнта кіеўскага калегіюму, П.Астрапольскі прысвяціў Б.Статкевічу панегірык “Трохвугольнік”, у якім ухваляліся ягоныя шчодрасць і шляхецкія доблесці.
Патрэба сістэматычнай школьнай адукацыі асэнсоўвалася даволі шырокімі слаямі шляхты. У тэстаментах дробных і сярэдніх феадалаў усё часцей запавяшчаюцца фінансавыя сродкі на ўтрыманне і навучанне сыноў у школах, “на выхаванне” і пасаг дочкам. Згодна з запаветам праваслаўнага віцебскага земяніна, земскага суддзі Аляксандра Косава 1641 г., прадугледжваліся на гэтыя мэты прыбыткі з маёнткаў: “кгды вжо тот сын мой, Ян, будучы годен до цвиченя, тогды мают их мет(ь) панове опекунове мои того дозрет(ь), жебы малжонка моя оддала его до школы, даючы ему з маетностей моих Будовеста и Голеди всякую живност(ь)”.
Беларускія феадалы прымаюць больш актыўны ўдзел у зарганізаванні мясцовых школ, калегій, у забеспячэнні іх сродкамі і ўладаннямі. Нагадаем “фундушы” гетмана ВКЛ Хадкевіча на школьных настаўнікаў, чачэрскага старасты Крыштофа Зяновіча на школы ў Смаргоні і Глыбокім ды інш. На патрабаванні часу па-свойму адгукнуліся царкоўныя інстытуцыі.
Канфесійныя школы. Віленская акадэмія
З сярэдзіны ХVI ст. у Беларусі і Літве сталі ўзнікаць новыя і паволі абнаўляцца старыя канфесійныя сістэмы пачатковых навучальных устаноў. Пад апекаваннем праваслаўнага духавенства знаходзілася традыцыйная сістэма школьнай адукацыі. У крыніцах ХVI-ХVII стст. не захавалася звестак пра колькасць праваслаўных школ пры сельскіх, местачковых і гарадскіх цэрквах. Агульны лік цэркваў у межах уніяцкай мітраполіі ўпершыню пададзены ў пасланні папскага нунцыя К.Торэса на пачатку 1620-х гадоў: 2169 уніяцкіх і 1089 праваслаўных храмаў. У ХVI ст., калі давяраць гэтым лічбам, праваслаўных цэркваў у Беларусі і на Ўкраіне, верагодна, было не менш за 2 тыс. Шмат пры якіх цэрквах напэўна існавалі школы, і найбольш буйныя, з мноствам настаўнікаў, дзейнічалі пры саборных храмах.
Праграма навучання і метады педагогікі ў праваслаўных школах мяняліся марудна, асноўнымі навучальнымі дапаможнікамі заставаліся Псалтыр, Часасловец, азбука (буквар), пасля адпаведнай падрыхтоўкі - і іншыя літургічныя, вучыцельныя, чэцці-кнігі. Духоўная ярархія не рабіла асаблівых высілкаў дзеля пабольшання колькасці школ, змены навучальных праграм, эфектыўнага навучання “прыражонай рускай” і славянскай мовам. Дзейнасць пастыраў востра крытыкавалася знакамітымі прадстаўнікамі беларускай культуры, асветы, палемічнай (асабліва рэфармацыйнай) пісьменнасці. “А на остаток, што может быти жалоснейшая - пісаў Васіль Цяпінскі ў прадмове да Евангелля, - што шкарадша, иж и тые, што се межи ними зовут духовными и учители, смеле мовлю, намней его не вмеют (беларускага “языка” - Г.Г.), намней его вырозуменя не знают, ани се в нем цвичат, але и ани школы ку науце его нигде не мают, зачим в польские, або в иные писма за такою неволею немало и у себе и дети, не без встыду своего, бы се одно почули, немалого заправуют”.
Недастатковы ўзровень развіцця традыцыйнай школьнай адукацыі ў Беларусі стаў асабліва відочным з распаўсюджаннем рэфармацыйных рухаў у ВКЛ, а крыху пазней - з ростам контррэфармацыйных тэндэнцый. Тут значна шырэй выкарыстоўваліся вопыт еўрапейскай педагогікі, розныя формы і ўзроўні школьнай адукацыі.
Цяжка ацаніць стан каталіцкай сістэмы адукацыі ў Беларусі да пераўтварэнняў, пачатых руплівымі дзеячамі езуіцкага Ордэна ў апошняй трэці ХVI ст. Ужо статут віленскага біскупства, прыняты на сінодзе 1526 г., прадугледжваў зарганізаванне школ ува ўсіх парафіяльных касцёлах. У межах ВКЛ сярэдзіны ХVI ст. іх налічвалася 259. У так званых рускіх паветах, са зменшаных, на наш погляд, падлікаў Е.Ахманьскага, - 99. Сінадальная пастанова не дачакалася свайго рэальнага ўвасаблення, ува ўсякім разе, - у прадугледжаных маштабах. Скаргі на недахоп кліру, які мог бы несці святло веры і школьнай асветы літоўцам і “схізматыкам” (праваслаўным), былі амаль рытуальнымі ў перапісцы віленскіх біскупаў з гнезненскай і рымскай ярархіямі. Моцныя пазіцыі ў ВКЛ здаўна захоўвала сталічная кафедральная школа. Не выключана, што тут атрымаў веды ў лацінскай мове Францыск Скарына.
У 30-50-х гадах ХVI ст. у ВКЛ пачалі ўзнікаць рэфармацыйныя школы. Першыя з іх былі ўтвораны ў Вільні, дзе раней, чым у іншых гарадах ВКЛ, сталі адчувацца подыхі Рэфармацыі. У 1539 г. тут была адкрыта евангелісцкая школа сярэдняга ўзроўню (кшталту калегіюму), якую ўзначаліў Аўрам Кульва, вядомы літоўскі гуманіст, асветнік, доктар права, пазней прафесар Кёнігсберскага ўніверсітэту. У 1542 г. школа была закрыта з патрабавання віленскага біскупа і вярхоўнай улады.
Распаўсюджанне новых рухаў у ВКЛ у трэцяй чвэрці ХVI ст. прывяло да ўзнікнення рэфармацыйнай (пераважна кальвінісцкай) царквы і фармавання адпаведнай сістэмы адукацыі ды асветы. Рэфармацыйныя суполкі (зборы) узнікалі пераважна ў заходніх і часткова цэнтральных паветах Беларусі, дзе размяшчаліся значныя ўладанні Радзівілаў і іншых паноў і магнатаў, якія падтрымлівалі Рэфармацыю. Удзельная вага літоўскай і польскай шляхты ў гэтым рэгіёне Беларусі была істотна вышэйшай, чым у аддаленых землях. Натуральна, што пратэстанцкія школы ў параўнанні з праваслаўнымі вылучаліся большай шырынёй этнічнай прыналежнасці вучняў. Уздым Рэфармацыі ў ВКЛ у сярэдзіне XVI cт. і паступовае сыходжанне яе з гістарычнае арэны паўплывалі на прадстаўніцтва беларускай шляхты і мяшчанства (у меншай ступені) у пратэстанцкіх школах.
Навучальным і педагагічным узроўнямі (аб'ём адукацыі, методыка навучання, свецкія і гуманістычныя тэндэнцыі, веданне замежных моў) асобныя рэфармацыйныя школы не саступалі лепшым еўрапейскім установам. У 80-х гадах ХVI ст. слыннаю была арыянская школа ў Іўі - пад кіраўніцтвам блізкага сябра Сымона Буднага Яна Ліцініуса, а з другой чвэрці ХVII ст. - кальвінісцкая гімназія ў радзівілаўскім Слуцку начале з рэктарам Адамам Рэйнгольдам. У дзейнасці кальвінісцкіх навучальных устаноў у Беларусі, развіцці рэфармацыйных літаратуры, пісьменнасці, кнігавыдавецтваў асабліва выразна выявіліся ўплывы еўрапейскага і дзяржаўна-рэгіянальнага (беларуска-літоўскага) Адраджэння.
Пераемнік Радзівіла Чорнага на пасадзе віленскага ваяводы Мікалай Радзівіл Руды, падканцлер Астафій Валовіч, Ян Кішка і іншыя ўплывовыя і адукаваныя магнаты першымі падтрымалі ідэю стварэння рэфармацыйнага ўніверсітэту ў Вільні. Але з недахопу сродкаў і супраціву прыхільнікаў Контррэфармацыі, выступілых са сваім планам зарганізавання Акадэміі, яна не была рэалізавана. З канца 60-х гадоў ХVI ст. актыўныя захады да рэфармавання і пашырэння школьнай адукацыі ў Беларусі і Літве стаў чыніць езуіцкі Ордэн. Пад ягоным патранатам на гэтых землях ствараюцца навучальныя ўстановы сярэдняга ўзроўню - калегіюмы. Першы з іх, заснаваны ў Вільні ў 1570 г. Праз дзевяць гадоў ён атрымаў статус універсітэту.
Структура Акадэміі была тыповай для тых еўрапейскіх універсітэтаў, што ствараліся пад эгідай езуітаў. Кіраванне было цэнтралізаваным, і сама Альма матэр у гэтым сэнсе нічым не нагадвала самастойных сярэдневечных універсітэтаў з іхнымі аўтаноміяй, выбарнасцю рэктараў і іншымі прывілеямі, дзякуючы якім яны пераўтвараліся ў малыя рэспублікі.
Акрамя асноўнай лацінскай мовы з пашыранай праграмай, тут вывучаліся грэцкая, больш абмежавана - “руская”, нямецкая. У ніжшых класах і школьных імпрэзах выкарыстоўвалася і польская мова. Тэрмін вучобы - 7 гадоў.
Філасофскі факультэт меў дзве кафедры - філасофіі і матэматыкі, тэалагічны - 6 кафедр: тэалогіі, схаластыкі, маралі, палемікі, Св.Пісання і яўрэйскай мовы. З 1599 г. у Акадэміі дзейнічала агульнаеўрапейская праграма адукацыі, распрацаваная езуіцкім Ордэнам, - Ratio studiorum. У ХVII ст. былі заснаваны яшчэ прававы і медычны факультэты.
Віленская акадэмія была цэнтральным звяном езуіцкай і ўвогуле каталіцкай сістэмы адукацыі ў ВКЛ. Большая частка шляхты і мяшчанства, якія вучыліся ў Акадэміі, не імкнуліся да духоўнай кар'еры. Іхняя адукацыя зазвычай абмяжоўвалася курсамі навучання на факультэце гуманітарных навук.
У 1569 г. універсітэт наведвалі каля 60 вучняў, а на афіцыйным адкрыцці 15 кастрычніка 1570 г. прысутнічала ўжо 160. Гуманістычныя студыі з 90-х гадоў наведвалі 500-700 маладых людзей, а ў першай палове ХVII ст. - штогод больш за 800 студэнтаў. Колькасць слухачоў філасофскага факультэту вагалася паміж лічбамі 50-200, тэалагічнага - дасягала некалькіх дзясяткаў. Пры тэалагічным факультэце дзейнічалі два семінарыюмы - папскі і дыецэзыяльны (для біскупстваў ВКЛ). Алюмнамі першага былі беларусы, літоўцы, радзей - англічане, швейцарцы, датчане, немцы, італьянцы, венгры, скандынавы, “маскавіты”, татары; другога - пераважна літоўцы.
Нажаль, матрыкулы віленскай Акадэміі ХVI-XVII стст. не захаваліся або не знойдзены, таму немагчыма ўдакладніць этна-тэрытарыяльнае прадстаўніцтва студэнтаў. Затое можна ўявіць, які рэальны ўдзел у дзейнасці і забеспячэнні першага ўніверсітэту ВКЛ прымалі магнаты, духоўныя асобы. Галоўнае месца паўнапраўна належыць роду Сапегаў. Тут паслядоўна навучаліся некалькі пакаленняў, у т.л. два сыны канцлера ВКЛ Льва Сапегі - Ян і Казімір Леон Сапега, а таксама першы прадстаўнік гэтага знакамітага роду, які прыняў духоўны сан, - Аляксандар Сапега (нарадзіўся ў 1624 г.).
Вялікія фінансавыя і іншыя дарункі Акадэміі зроблены Львом Сапегам, але найбольш буйныя фундаванні зрабіў ягоны малодшы бяздзетны сын - падканцлер Казімір Леон Сапега. Ужо ў 1644 г. ён выдаткаваў сродкі для зарганізавання юрыдычнага факультэту з асобнай кафедрай. У фундацыйным акце запісана сума 12500 злотых на ўтрыманне двух прафесараў царкоўнага і свецкага права, і працэнты з 25 тыс. - на дадатковую аплату свецкіх юрыстаў. Пазней Сапега часткова змяніў умовы: замест другой квоты ён падараваў Акадэміі свой спадчынны маёнтак Пачаявічы ў Аршанскім павеце, які ахопліваў 16 вёсак і частку г.Лукомлю (агульны гадавы прыбытак з гэтых уладанняў - 16 тыс. злотых). Яшчэ адзін беларускі род, моцна знітаваны з універсітэтам, - Корсакі. У пачатку ХVII ст. тут, верагодна, вучыліся Сямён і Восіп, трохі пазней - Ян Караль, у 1622 г. - Казімір, Фабіян і Яронім Корсакі, а ў 1642 г. - Даніэль Корсак.
У 1618 г. земскі суддзя Ашмянскага павету Ян Мікалаевіч Корсак заснаваў бурсу (інтэрнат) для студэнтаў Акадэміі, аддаўшы на яе ўтрыманне маёнтак Ясаў і права на рыбную лоўлю ў возеры Нарач. З умоваў тэстаменту Корсака бурса прызначалася для пражывання 20 бедных студэнтаў, у т.л. “фаміліі нашай - карсакоўскай”.
Значны дар на іншую - Валерыянаўскую бурсу - памеру 1 тыс. коп грошаў літоўскіх зрабіў у пачатку ХVII ст. пан Іван Мялешка, уладальнік Жыровіч.
З 1583 г., калі пачалі прысуджацца вучоныя ступені, да 1650 г. улучна, у рэгістрацыйную кнігу ўніверсітэту занесены звесткі аб 52 дактарах і ліцэнцыятах тэалогіі, 40 магістрах філасофіі і вольных навук (арціум), у т.л. аб 8 “літвінах” і “русінах”, выхадцах з Беларусі. Сярод апошніх варта згадаць Афанасія Еранімавіча Цехановіча, прамоцыя 1605 г., пазней земскага суддзю ў Смаленску, сакратара каралеўскай канцылярыі, навагародскага кашталяніча Яна Караля Копця, пазней - берасцейскага старасту і полацкага ваяводу.
Значна больш беларускіх шляхцічаў і мяшчан атрымалі ступень бакалаўра на факультэце філасофіі. Праўда, рэгістрацыйная кніга лаўрэатаў - “Laureae academicae” - не пазначае іхняга этнічнага паходжання (“natio”). У 1630-1640-х гадах ступень бакалаўра атрымалі Іван Лаўрыновіч, Аляксандар Козел Паклеўскі, Данііл Пракаповіч, Іван Сафрановіч і іншыя - ураджэнцы, відаць, тагачаснай Беларусі.
Езуіцкія дзеячы адзначалі практычны падыход мясцовага насельніцтва да навучання ў віленскай Акадэміі. “Большасць бедных русінаў - пісаў А.Пасевіна ў 1581 г. - абіраюць тыя навукі, якія падаюцца ім прыгоднымі для вядзення прыватных спраў, больш заможныя таксама не схільны прысвячаць свае працы боскім замыслам”. Узровень адукацыі ў Віленскай акадэміі быў высокі нават у параўнанні з заходнееўрапейскімі ўзорамі. Пра гэта сведчаць перапіска віленскіх прафесараў і езуітаў з Рымам, вынікі рэвізій, устойлівыя аб'ёмы фрэквенцыі. Ускосна пра ўзровень адукацыі можна меркаваць з энергічнай дзейнасці Акадэміцкай друкарні і актыўнага ўдзелу выпускнікоў у царкоўным, дзяржаўным і грамадскім жыцці ВКЛ. Некаторыя вучні Акадэміі, у т.л. Максім (Мялеці) Сматрыцкі, праславіліся пазней як царкоўныя дзеячы, вядучыя аўтары палемічных і вучэбных выданняў, настаўнічалі ў брацкіх школах. Агульныя вынікі навучальна-місіянерскай дзейнасці ўніверсітэту ў канцы ХVI - першай палове ХVII стст. былі відочнымі. У Акадэмію ахвотна прымаліся “іншаверцы” і “схізматыкі”, нават варожыя да католікаў. Большая частка з іх потым змяняла свае погляды. Зразумела, не толькі педагагічнае майстэрства і духоўнае апекаванне езуітаў адбіваліся на гэтай канверсіі. Кардынальна ўплывалі змены грамадска-палітычных умоў пасля Люблінскай уніі і манапольны статус каталіцызму як фактычна адзінай дзяржаўнай канфесіі паноўных вярхоў Рэчы Паспалітай.
Усяго ў Віленскім універсітэце з 1579 г. да сярэдзіны ХVII ст. вучыліся студэнты больш чым 60 вядомых беларускіх шляхецкіх родаў: Вяжэвічы, Гарабурды, Глябовічы, Галоўні, Копці, Корсакі, Мялешкі, Пятровічы, Радзівілы, Руцкія, Сапегі, Сялявы, Скуміновічы, Трызны, Туры, Тышкевічы, Халецкія, Храптовічы, Чыжы, Яцынічы і інш. З тытулаванай знаці - князі Агінскія, Друцкія-Горскія, Крошынскія, Палубінскія, Саколінскія.
Мясцовыя ўраджэнцы абсалютна пераважалі ў езуіцкіх калегіюмах, створаных у канцы ХVI - сярэдзіне ХVII стст. у Берасці, Віцебску, Гародні, Нясвіжы, Воршы, Пінску, Полацку. Сярод настаўнікаў было больш чужаземцаў - палякаў, італьянцаў, шведаў, немцаў. Нярэдка яны суправаджалі сваіх выхаванцаў у вандраваннях за мяжой і наведанні іншаземных школ і ўніверсітэтаў.
Падарожніцтвы. Замежныя ўніверсітэты
Права наведання “инших паньств хрестиянских, кроме земль неприятельских”, запісана ўжо ў першым Статуце ВКЛ. Яно мае шырокасаслоўны характар - для абывацеляў “всякого стану”. Мяркуючы з канкрэтнага зместу гэтых артыкулаў, бачна, што маюцца на ўвазе, перш за ўсё, “вольности” і патрэбы прывілеяваных слаёў грамадства. Згаданая прававая норма ў другой палове ХVI ст. была істотна пашырана. Калі ў Статуце 1529 г. азначана, што падарожніцтвы за мяжу ўчыняюцца дзеля “набытя лепшого щастья своего и навченя учинков рыцерских”, то Статуты 1566 і 1588 гг. прадугледжвалі ўжо тры асноўныя мэты: агульнаадукацыйную, азнаямленчую з рыцарскім вайсковым майстэрствам, лекавальную: “абы княжата и панове хоруговные, шляхта и кождый чоловек рицерский и всякого стану того паньства Великого князства Литовского мели вольность и моц выехати и выйти с тых земль наших Великого князства для набытья наук, в писме цвиченья и учинков рыцерских и теж, будучи наспособого здоровья своего, для лекарств, до всяких земль и сторон кромя земль неприятелей наших, с ким бы тое панство нашо на он час вальчило...”
Універсітэцкая адукацыя за мяжой стала прыкметна прыцягваць увагу інтэлектуальных і прывілеяваных колаў ВКЛ з часоў першага заснавання Кракаўскага ўніверсітэту. Ужо тады адна з асноўных мэтаў новай інстытуцыі прадугледжвала падрыхтоўку духоўных і адміністратыўных кадраў для разнастайных патрэб ВКЛ. “Літвінскія” калегія і бурса ў канцы ХIV ст. былі створаны ў Кракаве і пры Карлавым універсітэце ў Празе (фундуш каралевы Ядзвігі). Пашырэнне знешніх сувязяў і распаўсюджанне заходнееўрапейскіх форм жыцця і побыту ў асяроддзі паноў і магнатаў, таксама як і ўзрастанне гаспадарчай і культурнай актыўнасці шляхты і мяшчанства, мелі за вынік рост замежных падарожніцтваў, а таксама агульнай колькасці беларускіх і літоўскіх студэнтаў у цэнтральна- і заходнееўрапейскіх Alma мater.
Да ўзнікнення Кёнігсберскага ўніверсітэту ў 1544 г. Кракаўская акадэмія заставалася адзіным цэнтрам вышэйшай адукацыі ў дынастычнай супольнасці Польшчы і ВКЛ. На ўсход ад яе ніякіх універсітэтаў да 1579 г. не існавала. Мяркуючы з упісных пазнак у матрыкулах, у 1501-1550 гг. у Кракаўскі ўніверсітэт паступілі 163 ліцвіны (па дзесяцігоддзях: 27, 32, 26, 52, 26), у 1551-1600 гг. - 54 (16, 10, 10, 8, 10) - усяго 217 студэнтаў. У працэнтных суадносінах да колькасці ўсіх студэнтаў - 1,1%. Рэзкае паніжэнне фрэквенцыі ліцвінаў у Кракаве ў другой палове ХVI ст. было выклікана развіццём рэфармацыйных рухаў у ВКЛ і адкрыццём універсітэтаў у Кёнігсбергу і Вільні. Адбіліся на адукацыйных працэсах, вядома, і пэўнае абвастрэнне адносін у ВКЛ пасля Люблінскай і Берасцейскай уній 1569 і 1596 гг., і перманентная мабілізацыя шляхты за часам Інфлянцкай вайны.
У Кёнігсберскі ўніверсітэт да Люблінскай уніі ўлучна запісаліся 66 ліцвінаў (3% складу). Да канца ХVI ст. - яшчэ 119.
На прадстаўніцтва беларускіх і літоўскіх студэнтаў у замежных універсітэтах у другой палове ХVI-ХVII стст. прыкметна паўплывалі рэфармацыйныя рухі ў ВКЛ. Шмат якім напросткам Рэфармацыі быў характэрны ўстойлівы піэтэт да розных заходнееўрапейскіх цэнтраў адукацыі з іхнімі аўтарытэтнымі ідэолагамі, хатнімі і іншымі школамі, гімназіямі, універсітэтамі. Большасць пратэстанцкіх навучальных устаноў, якія прываблівалі беларускіх шляхцічаў і магнатаў, знаходзіліся ў Швейцарыі, Нідэрландах, нямецкіх княствах. З 1551 да 1568 г. у ”айчынны” Кёнігсберскі і больш далёкія ўніверсітэты ў Лейпцыгу, Цюбінгене, Вітэнбергу, Базэлі, Франкфурце на Одэры запісаўся, са звестак матрыкулаў, адпаведна 45, 28, 27, 15, 11, 5 - агулам 131 студэнт з Беларусі і Літвы. Перавагу пратэстанцкім універсітэтам у 70-80-х гадах на сыходнай ужо хвалі Рэфармацыі аддавалі прадстаўнікі большасці “літвінскіх” сенатарскіх родаў Рэчы Паспалітай. У апошнім дзесяцігоддзі ХVI ст. узрасла колькасць іматрыкуляцый за межамі Рэчы Паспалітай пераважна ў італьянскіх універсітэтах (Падуя, Балоння, Рым). З пачатку ХVII ст. (асабліва выразна - з другога дзесяцігоддзя) фрэквенцыя ліцвінаў у каталіцкіх універсітэтах шматкротна перавышае колькасць іх у пратэстанцкіх акадэміях. У 1551-1640 гадах замежныя еўрапейскія ўніверсітэты (улучаючы Кракаў і Кёнігсберг) наведвалі прадстаўнікі 24 з 25 сенатарскіх родаў беларускай арыстакратыі (адсутнічаюць звесткі пра род Гайкаў).
Большасць ліцвінаў паступала на філасофскія факультэты. Узровень навучання шмат у чым залежаў ад духоўнай атмасферы асобных краін і ўніверсітэтаў, ад таго, як выразна выяўляліся ў іх гуманістычныя і рэнесансавыя тэндэнцыі, ад асабістых талентаў педагогаў. Некаторыя знакамітыя прафесары, заснавальнікі новых гуманістычных рухаў, педагагічных навацый прываблівалі замежных студэнтаў не менш, чым старыя муры Сарбоны.
Беларускія паны і магнаты зазвычай уладкоўвалі сваіх сыноў у тыя ўніверсітэты, дзе, акрамя лаціны, добра навучалі распаўсюджаным еўрапейскім мовам, палітычным дысцыплінам, свецкаму праву, рыторыцы, класічнай філалогіі. Многія беларускія арыстакраты не заканчвалі ўніверсітэтаў, абмяжоўваючы сваю адукацыю праслухоўваннем некаторых найбольш патрэбных і практычных курсаў. Прагалы ў такой адукацыі зазвычай "зацыроўвалі" прыватныя педагогі, што суправаджалі арыстакратычную моладзь і сістэматычна рабілі справаздачы пра ейныя поспехі ў пасланнях на Айчыну.
Больш адказна і зацікаўлена ставіліся да вучобы сярэдняя і дробная шляхта, выхадцы з мяшчанскага і духоўнага асяродку. Поўная ўніверсітэцкая адукацыя адкрывала пэўныя перспектывы дваровай, адміністратыўнай, царкоўнай кар'еры. Менавіта з гэтых слаёў паходзіць большасць уладальнікаў навуковых ступеняў бакалаўраў, магістраў, дактароў арціум і інш.
Другой мэтай падарожніцтваў за мяжу было, як азначана ў Статутах, дасканаленне ў вайсковых і рыцарскіх справах. Зразумела, гэтая “вольнасць” датычылася толькі прадстаўнікоў прывілеяванага стану. Яны знаёміліся з фартыфікацыйным дойлідствам, з метадамі аблогі і палявых боек, нярэдка бралі ўдзел у вайсковых дзеяннях. 23 студзеня 1596 г. Януш Радзівіл пісаў з Базэлю свайму бацьку, што хацеў бы бліжэй азнаёміцца з вайсковым майстэрствам французаў і прасіў прыслаць дарункам каралеўскаму маршалу барону Шарлю дэ Гонта якую-небудзь вытанчаную і аздобленую зброю - кончар або палаш. Ягоныя лісты 1596-1601 гадоў поўныя падрабязных звестак пра палітычнае становішча ў Францыі, Іспаніі, Англіі, Германіі, Венгрыі, Чэхіі і іншых краінах, пра ваенныя падзеі, важныя парламенцкія выступленні. У 1596 г. ён паслаў бацьку прамову францускага караля ў перакладзе на польскую мову і кнігу пра новую рыцарскую Акадэмію ў Парыжы. Феадальная знаць Еўропы магла вучыцца тут вершніцтву, фехтаванню, іншым рыцарскім і прыдворным умельствам. Таксама зацікаўлялі магнатаў мастацкія калекцыі старажытнай зброі, асабліва багаты збор у “скарбцы” князёў саскіх у Дрэздэне.
Магнатаў ВКЛ заўсёды суправаджалі нямала шляхцічаў і слуг. Карыстаючыся выпадкам або папросту з сваіх абавязкаў, некаторыя з іх наведвалі ўніверсітэты разам з “панічамі” і нярэдка вызначаліся большай руплівасцю ў навуках. У магнацкіх картэжах - “аршаках” Радзівілаў, Сапегаў, Кішак, Глябовічаў удзельнічалі Ян Агінскі, Ян Друцкі-Саколінскі, Даніэль Набароўскі, Саламон Рысінскі, Аляксандар Трызна, Ян Цадроўскі і іншыя шляхцічы, знакамітыя пазней вайсковай, палітычнай або літаратурнай дзейнасцю. Пакаёвыя пісары Мікалая Крыштофа Радзівіла на пачатку ХVII cт. рэгулярна выпраўлялі з Нясвіжу ягоныя павучальныя пасланні Масальскаму і С.Струбічу - апекунам маладых нясвіскіх князёў у падарожжах у Аўгсбург, Дылінген, Ульм, Інгальштат, Рым, Неапаль.
Пераважна багатая шляхта, высокія службоўцы, радзей - асобныя прадстаўнікі гарадскога патрыцыяту наведвалі замежныя краіны дзеля лекавання. Асабліва папулярнымі былі курорты ў Чэхіі, Італіі, нямецкіх княствах. У 1580 г. “для паратавання” здароўя выправіўся да заморскіх “цяпліц” стары Міхаіл Іванавіч Багавіцінавіч. У 1596 г. у міфалагічным Герцынскім лесе, між Дунаю і Рэйну, прымалі серныя ванны Юры і Януш Радзівілы. Для асоб, якія займалі важныя дзяржаўныя пасады, ад'езд за мяжу іншы раз ускладняўся. У 1616 г. толькі вальны сойм Рэчы Паспалітай дазволіў земскаму падскарбію пісару ВКЛ Ярашу Валовічу часова вызваліцца ад абавязкаў у сувязі з патрэбай лекавання далёка ад дому.
Статуты ВКЛ не ўтрымлівалі азнак пра замежныя паездкі з царкоўна-рэлігійнымі мэтамі. Гэта было выключнай з'явай. Найбольш вядомае доўгае падарожжа князя на Олыцы і Нясвіжы Мікалая Крыштофа Радзівіла на Блізкі Ўсход у 1582-1585 гадах. Нясвіскі князь Ян Альбрэхт Радзівіл за год да смерці пабачыў труну св. Францыска ў Асізы. Беларускія вандроўнікі, патрапляючы па справах у Кіеў, пакланяліся святыням у Кіева-Пячорскай Лаўры. Зусім рэдка ўчыняліся паломніцкія падарожжы да праваслаўных манастыроў на Афоне.
Універсітэцкая адукацыя і падарожжы спрыялі пашырэнню грамадска-палітычнага і навуковага светагляду магнатаў, родавай арыстакратыі, прагрэсіўных слаёў шляхты, былі важным сродкам саслоўнага выхавання і навучання. Вандроўнікі нярэдка наладжвалі сяброўскія стасункі з мясцовай знаццю, вывучалі метады дзяржаўнага кіравання, вайсковую справу, знаёміліся з мастацтвам, архітэктурай, навуковымі дасягненнямі, побытам і традыцыямі паспалітага насельніцтва. З выказвання вядомага ў XVI ст. базэльскага медыка К.Богена, князі Радзівілы штодзённа праводзілі па 4 гадзіны ў анатамічным тэатры, назіраючы працэдуру ўскрыцця мужчынскіх трупаў. У 1609 г. сын віцебскага ваяводы пісаў Льву Сапегу, што ён вывучае ў Парыжы стылістыку, этыку, палітыку, юрыспрудэнцыю, а пасля абеду займаецца рыцарскімі “экзерцыцыямі”. Ён паведамляў, што наняў спецыялістаў для будаўнічых работ у Рэчы Паспалітай.
Нямала аддавалася часу забавам і амурным справам, пра што рэдка паведамлялася на радзіму. Часцей апісваліся стайні, пароды коней, банкеты. Знаныя падарожнікі ўдзельнічалі ў балях, паляваннях, турнірах мясцовай знаці, аглядалі абарончыя валы, замкі, гатычныя касцёлы і інш. Вялікая колькасьць знаных князёў і паноў - Сапегі, Радзівілы, Кішка і іншыя - прысутнічала на пышнай тэатральнай імпрэзе, наладжанай на гонар каралевіча Ўладзіслава ў Фларэнцыі: “Уратаванне Ругера з вострава Альцыны” па лібрэта Ф.Сарацынелі.
Паездкі за мяжу, урэшце рэшт, знаёмілі з агульнай культурнай і грамадскай сітуацыяй. Духоўная культура, грамадскае жыццё ў Заходняй і Цэнтральнай Еўропе другой паловы ХVI - пачатку ХVII ст. былі прасякнуты сацыяльнымі, палітычнымі, царкоўна-рэлігійнымі кантрастамі, шмат дзе трыюмфавала Контррэфармацыя, жорстка ўдушаліся апазіцыйныя выступленні, ерасі, пераследаваліся іншаверцы, “ведзьмы”. Войны і канфесійныя разлады саслаблялі і спустошвалі многія краіны.
Доўгае знаходжанне за мяжой, бяспрэчна, спрыяла фармаванню агульнаеўрапейскіх поглядаў пэўнай часткі беларускай знаці, але разам з тым пад уплывам некаторых еўрапейскіх рэалій сталі распаўсюджвацца ксенафобскія тэндэнцыі, пачалі ідэалізавацца асобныя традыцыі замкнёнага побыту. У шляхетнай сармацкай публіцыстыцы нярэдка ўхваляліся строгае хатняе выхаванне, абмежаваная адукацыя.
Тым ня менш фактам ёсць тое, што многія прадстаўнікі дзяржаўнай і царкоўнай ярархіяў ВКЛ, у т.л. усе каталіцкія біскупы, значная частка каталіцкага, рэфармацыйнага, вышняга ўніяцкага, праваслаўнага духавенства атрымалі ўніверсітэцкую адукацыю. Яе мелі ўсе вялікія гетманы ВКЛ другой паловы ХVI - сярэдзіны ХVII стст. (Радзівілы, Хадкевічы, Сапегі), канцлеры, падканцлеры, амаль усе сакратары і пісары гаспадарскай канцылярыі ў Вільні, шмат хто з суддзяў, сябраў камісій па дапаўненнях і папраўках у Статуты, пісьменнікі-палемісты, юрысты і інш. Сучаснікі, асабліва магнаты і заможная шляхта, высока ацэньвалі еўрапейскую адукацыю. Паказальна, што многія ліцвіны яшчэ на Айчыне былі дастаткова падрыхтаваны да паспяховай вучобы ў замежжы. Добры прыклад тут - віленскі ваявода, уладар Дуброўны і Заслаўя Юры Глябовіч, які ў адукаваных універсітэцкіх, дзяржаўных і дыпламатычных колах меў добрую славу. Венскія філосафы ўшанавалі яго ў сваім выданні найменнем "Decus Sarmaciae" (Гонар Сарматыі), а кракаўская Акадэмія, “калі да айчынных завітаў парогаў”, надала тытул - Gloria Lituaniae.
Універсітэцкая адукацыя дазволіла беларускім феадалам прыняць актыўны ўдзел у фармаванні палітычных дактрын, прававых канцэпцый, заканадаўчым афармленні і замацаванні асноў саслоўна-прадстаўнічага ладу, у соймавай і дыпламатычнай дзейнасці. Слабей, праўда, праглядаецца ўдзел беларускай шляхты ў развіцці “вольных” і прыродазнаўчых навук, дзе больш адчувальнай была роля адукаваных слаёў гарадскога паспольства.
АВАК. Т. 39. С. 339.
ИЮМ. Т. 26. С. 98-99.
Свяжынскі У.М. “Гістарычныя запіскі” Ф. Еўлашоўскага. Мн., 1990. С. 90.
Barycz H. Jan Lasicki. Wrclaw et al. 1973. S. 113, 121.
Pleckaitis R. Feodalizmo laicotarpio filosofija Lietuvoje. Filosofija Lietuvos mokyklose XVI-XVIII amziais. Vilnius, 1975. P. 187-188.
Ботвинник М. Лаврентий Зизаний. Мн., 1973. С. 88; Прокошина Е.С. Мелетий Смотрицкий. Мн., 1966. С. 40-41; Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці. Мн., 1975. С. 137.
Голубев С. История Киевской духовной академии // Унив. изв., 1886. № 5. С. 76-78.
ИЮМ. Т. 26. С. 99. 1641.
Харлампович К.В. Западнорусские православные школы XVI - начала ХVII века, отношение их к инославным, pелигиозное обучение в них и заслуги их в деле защиты православной веры и церквию. Казань, 1898. С. 199; СГЧА. Т. 1. № 39.С. 48-55; ИЮМ. Т. 30. С. 43-54; Dzieje dobroczynnosci. 1820. R. 1. S. 420.
Relacye nuncyuszуw apostolskich i innych osуb o Polsce od roku 1548 do 1630. Berlin, Poznan, 1864. T. 2 . S. 165.
Описание старопечатных изданий кирилловского шрифта. Вып. 15. Описание изданий несвижской типографии и типографии Василия Тяпинского / Сост. Ю.А.Лабынцев. М., 1985. С. 63.
Sawicki J. Concilia Poloniae. Warszawa, 1948. T. 2. P. 115-132.
Ochmanski J. Biskupstwo Wilenskie w sredniowieczu: Ustrуj i uposazenie. Poznan, 1972. S. 77-78.
Глебов И. Историческая записка о Слуцкой гимназии С. 1617-1630-1901 гг. Вильно, 1903; Порецкий Я.И. Устав Слуцкого лицея // Методы обучения иностранной речи. Мн., 1972. С. 185-197.
Szczucki L. Jan Licinius Namyslowski // Studia nad arianizmem. Warszawa, 1959. S. 131-167.
Kosman M. Reformacja i kontrreformacja... S. 102; Protestanci i kontrreformacja. Wroclaw et al. 1978. S. 31; Theiner A. Vetera monumenta Poloniae et Lithuaniae. Romae, 1863. T. 3.N 39. P. 37.
Piechnik L. Dzieje Akademii Wilenskiej. T. I. Poczatki Akademii Wilenskiej 1570-1599. Rzym, 1984.
S. T. 2. S. 135; История Вильнюсского университета. Вильнюс, 1979. С.16; S. T. 2. S. 25, 248-249.
АВАК. Т. 8. № 188. С. 498-499; Bialozor K. Threny na... smierc... Jana Karola z Holubicz Korsaka. Wilno, 1622. K. A 3; Borkowski M. Memoriae aeternae magnifici et generosi domini... Joannis Rudomona Dusiatski... Vilnae, 1622; Korsak D. Gemina sagitta. Vilnae, 1642; Dzieje dobroczynnosci. Wilno, 1820. S. 61-65.
Па матэрыялах Р. Плечкайціса і нашых дадатках. Гл.: Pleckaitis R. Stopnie naukowie w dawnym Uniwersytecie Wilenskim // Sudia z dziejуw Uniwersytetu Wilenskiego 1579-1979. Warszawa, Krakуw, 1079. S. 39, 43-44, 48-49; Bielinski J. Uniwersytet Wilenski (1579-1831). Krakуw, 1899-1900. T. 3. S. 386; ВУ. АР, ф. 2. ДС 1. С. 385-392.
ВУ. АР, ф. 2. ДС 1. С. 467, 493.
Харламповіч К. Западнорусские православные школы... С. 486.
Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Даведнік, Каментарыі. Мн., 1989. С. 120. (Раздзел 3, арт. 16).
Album studiosorum Universitatis Cracoviensis. Cracoviae, 1892-1950. T. 2-4. Тэрмін “літвін” у дадзенай катэгорыі дакументаў вызначаў дзяржаўна-палітычнае паходжанне. Размежаваць беларусаў і літоўцаў - “літвінаў” - са звестак матрыкулаў у пераважнай большасці немагчыма. Выключэнне складаюць, галоўным чынам, некаторыя тытулаваныя, панскія, магнацкія прозвішчы.
Erler G. Die Matrikel der Universitat Konigsberg i. Pr. Leipzig, 1908-1910. Bd. 1-2.
Foersteman C. Album Academiae Vitebergensis. Lipsiae, 1841. T. 1; Tomkowicz S. Metrica nec non liber nationis Polonicae Universitatis Lipsiensis ab anno 1409 usque ad 1600 // ADLO. 2. S. 409-467; Friedlaender E. Altere Universitat Matrikeln. I. Universitat Frankfurt a. Oder; Kallenbach J. Polacy w Bazylei w XVI wieku // ADLO. 6. S. 1-9; Hartwig O. Album Academiae Vitebergensis.Halis, 1894. T. 2; Erler G. Die Matrikel der Universitat Leipzig. 1895. Bd. 1; Hermelink H. Die Matrikeln der Universitat Tubingen. Stuttgart, 1906. Bd. 1; Erler G. Die Matrikel der Universitat Konigsberg i. Pr. Bd. 1-2; Kot S. Polacy w Bazylei za czasуw Zygmunta-Augusta // Reformacja w Polsce. 1921. R. 1.S. 105-133; Kot S. U zrуdel polskiej mysli krytycznej XVI wieku: Polacy w Bazylei. Krakуw, 1921; Wotschke T. Polnische Studenten in Wittenberg // JKGS, 1926. Bd. 2. H. 2. S. 169-200; Lechmann J. Die ortliche und soziale Herkunst der konigsberger Studenten, 1544-1649. Leipzig, 1929.
ВУ АР, ф. 3, арх. Аддз. 273, арк. 4.
НГА Беларусі, ф. 694, воп. 2, арх. аддз. 4958, арк. 639.
АВАК. Т. 2. № 91.
Е. Т. 29. S. 88.
VL. Vol. 3. F. 313.
Грицкевич В.П. Путешествия наших земляков. Мн., 1968; Mikolaj Krzysztof Radziwill Sierotka. Podrуz do Ziemi Swietej, Syrii i Egiptu 1582-1584 / Oprac. L. Kukulski. Warszawa, 1962. vЕ. Т. 12. S. 414.
S. T. 1. S. 216.
E. T. 27. S. 123-124.
Biki B. Osobliwe panskie dary abo raczey boskie w osobie godney pamieci.. Ierzego Karola na Dabrownie i Zaslawiu Hlebowicza, woiewody Wilenskiego, Oniksztynskiego, Radoszkowskiego...starosty przy akcie pogrzebowym z Ambony Wilenskiey Oycow Bernardynow 11. II. [лютага] r. p. 1670. Vilnae, 1670. K. C2 a.
Харлампович К. Западнорусские православные школы ХVI - начала ХVII века, отношение их к инославным, религиозное обучение в них и заслуги их в деле защиты православной веры и церкви. Казань, 1898; Глебов И. Историческая заметка о Слуцкой гимназии. 1617-1630-1901. Вильна, 1903; Кордт В. Чужеземні подорожні по Східній Европі до 1700 р. // Збірник ист.-филол. відділу Украін. АН. Киів, 1926. № 38; Савич А. Нариси з історіі культурних рухів на Украіні та Білорусі в ХVI - ХVIII вв. Киів, 1929; Грицкевич В.П. Путешествия наших земляков: Из истории страноведения Белоруссии. Мн., 1968; Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980; Асвета і педагагічная думка ў Беларусі са старажытных часоў да 1917 г. Мн., 1985; Cічинський В. Чужинці про Украіну. Вибір з описів подорожей по Украіні та інших писань чужинців про Украіну за десять століть. Киів, 1992;
Банькоўскі-Цюліг М. Студэнты і студэнткі з Беларусі ў швейцарскіх універсітэтах (ХVI-пачатак ХХ ст.) // Беларусіка 6: Беларусь паміж Усходам і Захадам. Праблемы міжнацыянальнага, міжрэлігійнага і міжкультурнага ўзаемадзеяння, дыялогу і сінтэзу, частка 2. Мн., 1997. С. 83-90.
Bednarski S. Upadek i odrodzenie szkуl jezuickich w Polsce. Krakуw, 1939; Kot S. La Reforme dans le Grand-Duche de Lithuaniae. Facteur d'occidentalisation culturelle.Bruxelles, 1953; Zins H. Anglia a Baltyk w drugiej polowie XVI wieku. Wroclaw et al. 1967; Natonski B. Szkolnictwo jezuickie w dobie kontrreformacji // Studia staropolskie. Wroclaw et al. 1970. T. 29. S. 309-338;Рiechnik L. Poczatki Akademii Wilenskiej 1570-1599. T.1. Rzym, 1984; Sajkowski A. Od Sierotki do Rybenki. W kregu radziwillowskiego mecenatu. Poznan, 1965; Bilinski
Figure e momenti pollacchi a Roma. Wroclaw et al. 1992;
Viaggio in Italia e viaggio in Polonia. Krakуw, 1994; Джузеппе д'Амато. Сочинения иностранцев России конца ХV-ХVI веков. Историко-библиографический очерк. М., 1995 (2-е выд.); Grickevicius A. The Seminary of Gregory XIII in Vilnius (1583-1655) // Lithuania Historical Studies. Vilnius, 1997. P. 72-96.
Георг ГАЛЕНЧАНКА

Опубликовано 09 декабря 2010 года
Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Адукацыя, універсітэты, падарожніцтвы ў ХVI—ХVII стст.
подняться наверх ↑
ССЫЛКИ ДЛЯ СПИСКА ЛИТЕРАТУРЫ
Стандарт используется в белорусских учебных заведениях различного типа.
Для образовательных и научно-исследовательских учреждений РФ
Прямой URL на данную страницу для блога или сайта
Предполагаемый источник
Полностью готовые для научного цитирования ссылки. Вставьте их в статью, исследование, реферат, курсой или дипломный проект, чтобы сослаться на данную публикацию №1291898832 в базе LIBRARY.BY.
подняться наверх ↑
ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!
подняться наверх ↑
ОБРАТНО В РУБРИКУ?
Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.
Добавить статью
Обнародовать свои произведения
Редактировать работы
Для действующих авторов
Зарегистрироваться
Доступ к модулю публикаций