Да праблемы ўплываў нямецкай готыкі на архітэктуру Беларусі і Літвы

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Да праблемы ўплываў нямецкай готыкі на архітэктуру Беларусі і Літвы. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-09
Источник: http://library.by

Упершыню пэўныя ўплывы нямецкай готыкі ў беларуска-літоўскім дойлідстве прасачылі польскія даследчыкі Г.Вараб’ёў і М.Сакалоўскі [1], а таксама нямецкія П.Вэбэр і А.Іпэль [2]. Пачынальнік беларускага мастацтвазнаўства М.Шчакаціхін таксама цікавіўся гэтай праблемай і лічыў, што пад уплывам нямецкага сярэднявечнага мастацтва беларуская архітэктура пайшла шляхам готыкі, захаванай тут да XVII ст. [3, с. 220–221]. М.Ткачоў, даследуючы абарончае дойлідства Беларусі XIII–XVIII ст., шмат увагі надаваў узаемадзеянню ў ім розных архітэктурных культур [4]. Пэўныя ўплывы нямецкай готыкі на станаўленне дойлідства Беларусі і Літвы адзначылі такія вядомыя даследчыкі гэтых краін, як Н.Высоцкая, Т.Габрусь, А.Трусаў, А.Янкевічэне, С.Абрамаускас, В.Левандаускас, Н.Кіткаускас і інш. У выніку прац вышэйзгаданых навукоўцаў назапашаны багаты і разнастайны матэрыял, які патрабуе пэўнага аналізу і абагульнення.

Як вядома, гатычны стыль зарадзіўся ў Францыі ў сярэдзіне XII ст., затым пашырыўся ў краінах Заходняй, Цэнтральнай, а таксама часткова Усходняй Еўропы, дзе панаваў да пачатку XVII ст. У развіцці ж самабытных форм так званай "цаглянай готыкі" вядучую ролю адыграла Паўночная Германія, адкуль гэтае адгалінаванне готыкі распаўсюдзілася ў іншыя еўрапейскія краіны, у тым ліку Беларусь і Літву. У выніку ў творчы працэс гатычнага мастацтва ўліліся беларускі і літоўскі народы.

У адносінах да гэтых народаў пытанне аб гатычных уплывах часам ставіцца недакладна некаторымі замежнымі даследчыкамі, бо актыўным творцам лічыцца толькі бок, які ўплывае. Напрыклад, нямецкі даследчык Дэтхард фон Вінтэрфельд сцвярджае, што гатычная архітэктура на ўсход ад Польшчы - гэта частка яе мастацтва [5, с. 65]. Безумоўна, польская готыка аказала ўплыў на архітэктуру Беларусі і Літвы, асабліва пасля заключэння Крэўскай уніі, калі Малая Польшча стала адным з палітычных цэнтраў Вялікага княства Літоўскага і Кароны Польскай. З гэтага цэнтра, як устанавіла А.Янкевічэне, пасля прыняцця уніі ў Беларуска-Літоўскую дзяржаву эмігрыравалі шмат святароў, а таксама майстроў-дойлідаў [6, с. 21]. У той самы час па запрашэнню Ягайлы ў Польшчу прыехалі беларускія і ўкраінскія мастакі, што распісалі фрэскамі такія вядомыя гатычныя помнікі канца XIV - першай паловы XV ст., як капліцы Св.Троіцы ў Люблінскім замку, катэдра ў Сандаміры, Калегіяты ў Вісліцы, капэлы Св.Троіцы і Св.Крыжа ў Вавельскім замку [7, с. 173–174]. Гэта з’яўляецца адным з сведчанняў аб двухбаковым творчым працэсе паміж польскім і беларускім сярэднявечным мастацтвам.

Аднак зараджэнне готыкі ў культуры Беларусі і Літвы было шматвектарным працэсам, адным са складальных якога з’яўляецца нямецкая готыка, уплывы якой траплялі сюды найперш уздоўж балтыйскага ўзбярэжжа праз ганзейскія гарады і ордэнскія ўладанні ў Прыбалтыцы. У адрозненне ад Літвы актыўнае творчае ўспрыманне ў XIII–XVI ст. еўрапейскіх мастацкіх каштоўнасцей было падрыхтавана ў Беларусі эвалюцыяй архітэктуры папярэдняй эпохі.

Так, мастацкія ўплывы краін Цэнтральнай і Паўночнай Еўропы, хоць яшчэ і даволі спарадычныя, зафіксаваны ў архітэктуры акрэсленага рэгіёну ўжо ў канцы ХІ ст., амаль адначасова з распаўсюджаннем візантыйскага стылю. Прыкладамі гэтага з’яўляюцца выяўленыя беларускімі археолагамі рэшткі царквы ў Мінску, узведзенай у раманскай будаўнічай тэхніцы майстрамі з Польшчы.

Рамана-гатычныя тэндэнцыі прасочваюцца ў помніках канца XІІ - пачатку ХІІІ ст. полацкай архітэктурнай школы (Спаская царква ў Полацку, царква Архангела Міхаіла ў Смаленску і інш.). Яны праявіліся ў самастойным імкненні да сродкаў мастацкага выказвання, уласцівых рамана-гатычнаму дойлідству. Полацкія майстры, як і іх еўрапейскія калегі, умела распрацоўвалі магчымасць перадачы ў фасадзе руху архітэктурных форм і аб’ёмаў па вертыкалі.

Пад уплывам раманскай архітэктуры цэнтральна-еўрапейскіх краін быў узведзены і полацкі храм канца ХІІ - пачатку ХІІІ ст. з бакавымі апсідамі, бо шматконхавая кампазіцыя была даволі пашыраная ў архітэктуры Польшчы, Чэхіі, а вядомыя храмы з бакавымі апсідамі былі пабудаваны толькі ў тых гарадах (Пуціўль, Ноўгарад-Северскі) усходнеславянскіх земляў, якія межавалі з раманскім мастацкім светам. Так, напрыклад, у Ноўгарад-Северскім, які быў цесна звязаны з Пуціўлем, князь Ігар Святаслававіч запрасіў будаўнічную арцель з Галіча, адкуль была яго жонка - гераіня "Слова пра паход Ігаравы" Яраслаўна [8, с. 312–319] і архітэктура якога развівалася ў цеснай сувязі з раманскім мастацкім светам [9].

Уплывамі раманскага дойлідства хутчэй за ўсё можна растлумачыць размяшчэнне падкупальнага квадрата на заходняй пары слупоў у шэрагу помнікаў полацкай (Вялікі сабор Бельчыцкага манастыра, царква на полацкім дзядзінцы), а таксама гродзенскай архітэктурных школаў (Ніжняя і Прачысценская цэрквы ў Гародні, храм у Ваўкавыску). Такое адхіленне ад традыцыйнай для ўсходнеславянскага дойлідства ХІІ ст. аб’ёмна-прасторавай структуры помнікаў, напэўна, звязана з імкненнем дойлідаў надаць галоўнаму фасаду храмаў вежападобную кампазіцыю. У раманскім жа дойлідстве ХІ–ХІІ ст. Польшчы і Германіі былі распаўсюджаны храмы з вежай, узведзенай на восі сіметрыі галоўнага фасада [10].

Як бачым, ужо ў ХІ–ХІІ ст. беларускія землі ў пошуку новых выяўленчых структур для перадачы хрысціянскага светапогляду далучыліся да агульнаеўрапейскага дыялогу культур, які дазволіў падрыхтаваць свядомасць заказчыкаў і вернікаў да ўспрымання ў ХІІІ - пачатку ХІV ст. формаў гатычнай архітэктуры.

Вялікую ролю ў працэсe распаўсюджвання здабыткаў заходняй культуры адыграла з’яўленне ў беларускіх гарадах у ХІІ ст. нямецкіх гандляроў. У ХІІІ ст. Полацкая зямля ўжо мела развітыя гандлёвыя сувязі з ганзейскімі гарадамі Рыгай, Гданьскам, Растокам, Любекам, Кёльнам і іншымі факторыямі. Аднак купцы Полацкай зямлі, а таксама Смаленска мелі свае прадстаўніцтвы ў Рызе значна раней, дзе ў 1212–1234 г. узнік рускі двор і была пабудавана царква Св.Мікалая, а таксама складскія памяшканні [11, с. 69]. У першай палове ХІІІ ст. нямецкімі купцамі быў узведзены касцёл у Полацку [12, с. 20]. У адрозненне ад Ноўгарада тут яны жылі асела, наймаючы жылыя памяшканні ў палачан. Падобны лад жыцця, як справядліва адзначае І.Ганецкая, не мог не прывесці да шчыльных культурных кантактаў з мясцовым насельніцтвам [13, с. 368]. У Віцебску таксама функцыянавала нямецкая гандлёвая кантора і быў, напэўна, пабудаваны каталіцкі храм [14]. З канца XIV ст. купцы з Гародні, Бярэсця, Полацка свабодна наведвалі многія нямецкія гарады. У гэты час абшчыны немцаў існавалі ў Полацку, Вільні, Бярэсці, Гародні, а ў Рызе пастаянна альбо сезонна жылі шмат беларусаў, якія мелі там свае царкву, вуліцу, дамы. Да 1410 г. тысячы русінаў перамяшчаліся на жыхарства ў Прусію як палонныя. Шмат было таксама добраахвотных перасяленцаў. З XV ст. у нямецкіх універсітэтах пачалі вучыцца студэнты з Беларусі [15, с. 47]. Безумоўна, такія актыўныя і рознабаковыя культурныя кантакты садзейнічалі пранікненню архітэктурна-будаўнічых прыёмаў нямецкага дойлідства на беларускія землі.

Таму буйнапамерная цэгла, якая шырока выкарыстоўвалася пры ўзвядзенні замкаў XIV ст. Беларусі і Літвы, хутчэй за ўсё, трапіла сюды з Германіі праз Лівонію і Польшчу. Яе маглі завезці ганзейскія майстры, якіх у 1323 г., скарыстаўшы часовае перамір’е з Ордэнам, запрасіў праз рыжскіх гандляроў вялікі князь Гедымін, які ў гэты час актыўна ўмацоўваў заходнія межы Вялікага княства Літоўскага [16, с. 19]. У ХIV ст. шмат замежных дойлідаў прыехалі таксама ў Польшчу і пасяліліся ў яе гарадах (Кракаў, Познань, Гданьск, Торунь). Цікава, што сярод іх пераважалі немцы. Значна менш было маравіян і чэхаў. У XV ст. шмат іншаземных майстроў аселі ў Варшаве і Львове [17, с. 174]. Сведчаннем уплываў нямецкай архітэктуры на беларуска-літоўскае дойлідства з’яўляюцца замкі першай паловы XIV ст. у Лідзе, Крэве, Медніках, падобныя сваёй кампазіцыяй да рыцарскіх замкаў тыпу "кастэль", якіх шмат было пабудавана Ордэнам у Памор’і, Прусіі. У гэты час фартыфікацыйнае майстэрства крыжакоў было на самым высокім узроўні ў Еўропе [18, с. 323], таму не дзіўна, што вялікія князі літоўскія, ствараючы дасканалую на той час сістэму абароны сваёй дзяржавы, выкарысталі вопыт іх мілітарнага будаўніцтва. У рэдкіх выпадках нават узводзілі двайную лінію абарончых муроў (Малы Квідзын).

Спачатку крыжацкія замкі мелі поліганальную форму плана. Аднак замак у Мальборку, які пачалі будаваць у 1275 г., ужо меў план, блізкі да квадрата [19]. Такую схему абарончых умацаванняў крыжакі запазычылі з араба-сірыйскай архітэктуры, якая акумуліравала антычныя традыцыі рымскіх і візантыйскіх абарончых абозаў [20, с. 43–44]. Блізка да аднаго з кутоў замкаў недалёка ад уваходу, асобна ад муроў, стаяла вежа, якая дазваляла кантраляваць подступы да яго з напольнага боку, а на выпадак актыўных баявых дзеянняў служыла пунктам апошняй абароны. У канцы ХІІІ ст. гэтую вежу ўжо будавалі ў адным з кутоў з напольнага боку [21, с. 37], у перавязь з мурамі. Часцей за ўсё гэтая вежа была ў аснове чатырохграннай, а затым пераходзіла ў васьмярык альбо мела толькі васьмігранную форму. Многія замкі польскага караля Казіміра Вялікага таксама мелі вежы аналагічных форм (Рава, Баляславіц над Проснай, Крушвіца і інш.) [21, с. 50]. Уваход размяшчаўся высока над узроўнем дзядзінца. Таму звонку ўнутр вежы можна было трапіць па прыстаўной лесвіцы ці з баявой галерэі, якая была ў завяршэнні сцен. У верхняй частцы вежы звычайна была камора, з якой крыжакі падчас небяспекі давалі сігнал агнём альбо дымам гарнізону суседняга замка. Гэты сігнал можна было заўважаць, бо звычайна замкі, як сведчаць помнікі, узведзеныя ў Хэльмінскай зямлі і Гданьскім Памор’і, знаходзіліся недалёка адзін ад аднаго. Так, напрыклад, ад Гданьска да Торуні яны размешчаны ўздоўж Віслы з такім разлікам, што адлегласць паміж імі складае каля дзесяці кіламетраў [22, с. 285]. У выніку быў выпрацаваны шырока распаўсюджаны ў архітэктуры крыжакоў XIV ст. тып аднавежавага замка, які меў план правільнай формы. Цікава, што на поўдні Польшчы ў гэты час у асноўным былі распаўсюджаны замкі з няправільнай формай плана [21, с. 50].

На гэтым архітэктурным фоне вельмі цікавай выглядае эвалюцыя замкаў кастэляў Беларусі і Літвы, асабліва ў выніку апошніх археалагічных даследаванняў. Так, у працэсе раскопак Крэўскага замка, праведзеных М.Ткачовым, А.Трусавым, І.Чарняўскім, А.Дзярновічам, устаноўлена, што ў пачатку XIV ст. быў узведзены няправільны ў плане чатырохкутнік абарончых муроў. Праз кароткі тэрмін на паўночным рагу замка дойліды збудавалі Княжацкую вежу, а насупраць у паўднёвым куце - яшчэ адну невялікую па памерах вежу. Спачатку ў гэтых вежах, як і большасці замкаў крыжакоў XIV - пачатку XV ст. [23, с. 158], не было мураваных сходаў, а толькі прыстаўныя драўляныя лесвіцы, якія злучалі паміж сабой іх ярусы. Вышэйзгаданыя даследчыкі выказалі меркаванне, што першапачаткова майстры ці зусім не збіраліся будаваць вежаў, ці планавалі іх узвесці пазней у кутах знутры [24, с. 33]. На нашу думку, дойліды атрымалі спачатку загад, напэўна, узвесці толькі адну вежу ўнутры замка непадалёк ад колішняй брамы, дзе падчас архітэктурна-археалагічных даследаванняў 1989 г. былі выяўлены падмуркі амаль квадратнага ў плане будынка пачатку ХІV ст., функцыянальнае прызначэнне якога даследчыкі вызначылі як княжацкі палац. Ён меў падвал з падлогай, выбрукаванай з невялікіх камянёў. Па характары муроўкі сцены гэтага збудавання цалкам аналагічныя замкавым. Куты яго, як і найбольш складаныя канструкцыйныя элементы, узводзілі з цэглы. Уваходны тамбур, размешчаны з боку паўночна-заходняга абарончага мура, быў таксама цагляны. Будынак, верагодна, меў два паверхі [24, с. 35]. Аднак наўрад дойліды пачалі б узводзіць палац, не закончыўшы будаўніцтва галоўных замкавых умацаванняў - абарончых вежаў. Відаць, яго аналагамі, як адзначаюць далей навукоўцы, выступалі жылыя будынкі на княжацкіх падворках у Полацку і Навагрудку [24, с. 36]. Не адмаўляючы гэтых меркаванняў, усё ж такі ва ўмовах новых архітэктурных тэндэнцый і ўзаемаўплываў ХІV ст., напэўна, прасцей было палац прыбудаваць да аднаго з замкавых муроў, як гэта, напрыклад, было зроблена ў шэрагу каралеўскіх замкаў Польшчы канца ХІІІ–ХІV ст. (Бэндзін, Балеславец, Ленчыцы і інш.) [25, с. 25, 35, 151]. Вежу ўнутры замка маглі значна пашкодзіць крыжакі падчас аднаго са сваіх нападаў. Гэтаму меркаванню не супярэчаць вынікі даследаванняў М.Ткачова, які ўстанавіў, што яны гэта зрабілі ў хуткім часе пасля яго будаўніцтва [26, с. 44]. Магчыма, узвядзенне вежы не паспелі закончыць дойліды альбо пасля аднаўлення яна была прыстасавана пад жылую пабудову.

Вялікае навуковае значэнне маюць таксама вынікі архітэктурна-археалагічных даследаванняў Княжацкай вежы, што былі праведзены І.Чарняўскім. Даследчыкам устаноўлена, што на мяжы 20–30-х гадоў ХV ст. па цэнтры вежы быў узведзены крыжападобны слуп, на які абапіраліся нервюрныя скляпенні з прафіляванай цэглы, што перакрывалі памяшканні другога і вышэйшых паверхаў. Першапачаткова ярусы вежы былі перакрыты дошкамі на брусах. Уваход у вежу размяшчаўся на ўзроўні трэцяга яруса, і ў яе можна было трапіць з баявой галерэі [27, с. 98]. Аналагічнае вырашэнне ўвахода таксама можна назіраць у помніках Польшчы, напрыклад, у Каралеўскім замку другой паловы ХІV ст. у Ленчыцах [25, с. 151]. Інтэр’еры Княжацкай вежы ў пачатку ХІV і ХV ст. былі аздоблены сюжэтамі, якія з’яўляюцца адным з галоўных сведчанняў таго, што яна была прыстасавана да жылля і з’яўлялася данжонам [27, с. 99, 102]. Відавочна, што ў абарончай архітэктуры ХІV ст. Вялікага княства Літоўскага выкарыстоўваліся такія тыпы ўмацаванняў, як "слуп", данжон, кастэль, замак. Вельмі цікавым з’яўляецца таксама размяшчэнне гэтай вежы, якая значна выступае з абодвух бакоў за вонкавы контур сцен. Гэта дазваляла весці не толькі франтальны, але і фланкіруючы абстрэл подступаў да замка. Калі верыць датыроўкам будаўнічых перыядаў Крэўскага замка, то атрымліваецца, што ўжо ў пачатку ХІV ст. у абарончым дойлідстве Вялікага княства Літоўскага ўзнік інжынерны феномен, які апярэдзіў сваю эпоху, бо ў Цэнтральнай і Паўночнай Еўропе вежы, прыстасаваныя да флангавай абароны, з’явіліся ў апошняй чвэрці ХІV - пачатку ХV ст. з распаўсюджаннем агнястрэльнай зброі [28], хаця ў другой палове ХІV ст. гэтая сістэма абароны ўжо склалася ў ваенным дойлідстве Паўночна-Усходняй Русі [29, с. 164]. На думку А.Кірпічнікава, у гэты час сапраўды пашыралася выкарыстанне агнястрэльнай зброі, аднак, з упэўненасцю можна сказаць, што першыя найбольш значныя пераўтварэнні ў сярэднявечным мілітарным дойлідстве наступілі яшчэ задоўга да таго, як агнястрэльная зброя зрабіла пераварот у ваеннай справе [30].

Цікавай была таксама гісторыя будаўніцтва Лідскага замка, узвядзенне якога прыпадае на 30-я гады ХІV ст. Яго архітэктура, як і Крэўскага, сведчыць, што тутэйшыя дойліды разам з запрошанымі іншаземнымі майстрамі, узяўшы за ўзор рыцарскі кастэль, прыстасавалі гэты тып абарончага збудавання да мясцовых патрэб. Яны значна павялічылі плошчу замкавага двара, дзе падчас небяспекі маглі знайсці прытулак не толькі войскі, але і мірнае насельніцтва [31, с. 8]. Акрамя таго, імі былі выкарыстаны найбольш распаўсюджаныя ў мясцовым драўляным абарончым дойлідстве вежы чатырохграннай формы. У выніку дойліды выявілі не толькі ўсебаковае веданне дасягненняў еўрапейскай фартыфікацыі, але і мясцовых будаўнічых традыцый. Спачатку ў замку была толькі адна вежа ў паўднёва-заходнім куце двара, якая мела ахоўнае і жылое прызначэнне. Муры, як і ў Крэўскім замку, завяршаліся баявой галерэяй. У канцы ХІV - пачатку ХV ст. па загаду вялікага князя Вітаўта ў замку была ўзведзена ўсутыч да муроў другая, паўночна-ўсходняя вежа з разлікам на вядзенне гарматнага бою [31, с. 21]. У гэты час адбываліся будаўніцтва новых і актыўная мадэрнізацыя раней узведзеных замкаў як у ордэнскай архітэктуры, так і Вялікага княства Літоўскага і Кароны Польскай [21, с. 56], што было звязана не толькі з увядзеннем агнястрэльнай зброі, але і іх актыўнай падрыхтоўкай да рашаючых баявых дзеянняў.

Адным са сведчанняў інтэграцыі сярэднявечнай культуры Беларусі і Літвы ў еўрапейскую з’яўляецца замак у Троках, які да 1535 г. быў рэзідэнцыяй вялікіх князёў літоўскіх. Помнік уяўляе пераходны тып пабудавання ад замка да палаца. Гэты фартыфікацыйны комплекс складаецца з дзвюх частак: прадзамкавай і рэзідэнцыі вялікага князя, якая была ўзведзена на востраве Гальве і аддзелена ад першай часткі каналам. У прадзамкавай частцы на рагах сцен былі ўзведзены моцна высунутыя за іх вонкавы контур вежы цыліндрычнай формы, якія ў аснове былі чатырохкутнай формы. У цэнтры паўднёва-заходняй сцяны была пастаўлена праезжая вежа-брама. З унутранага боку гэтай часткі размяшчаліся двухпавярховыя казематы. Рэзідэнцыя вялікага князя была абнесена з чатырох бакоў мурамі, якія ў плане ўтвараюць чатырохкутнік амаль правільнай формы. Асобныя іх праслы былі ўмацаваны контрфорсамі, якія таксама часта ўжываліся ў замках Польшчы (Сабешыў, Радзынь, Аполь, Адэхаў, Кола, Лякно і інш.). У цэнтры замкавага двара былі пабудаваны паралельна адзін другому два трохпавярховыя жылыя корпусы. Зала аднаго з корпусаў, якая займала ўвесь другі паверх, была перакрыта зорчатымі скляпеннямі і распісана фрэскамі, а ў вокны былі ўстаўлены вітражы. Аконныя адхоны былі акцэнтаваны цягай у выглядзе валіка. Палацы дойліды злучылі паміж сабой драўлянай галерэяй. Другім вельмі важным рэпрэзентацыйным элементам як Трокскага, так і аналагічнага яму тыпу замкаў была праезжая вежа-брама, архітэктанічнае вырашэнне і дэкаратыўнае афармленне якой падкрэслівала іерархічнае становішча ўладальніка замка [32, с. 270].

Замак у Троках яскрава адлюстроўвае працэс станаўлення ў архітэктуры другой паловы ХІV–ХV ст. Цэнтральнай і Паўночнай Еўропы новага тыпу рыцарскіх замкаў, у якіх сумяшчаліся мілітарныя, жыллёвыя і адміністрацыйныя функцыі. Такі тып замка сустракаецца ў дойлідстве Вялікай Польшчы, Куяў, што развіваліся пад моцным уплывам крыжацкай архітэктуры, а таксама ў Сілезіі (Лешніца, Худаў). Для сілезскіх замкаў, як і Трокскага, уласціва высокая праезжая вежа-брама стройнага сілуэта. У Заходнім Памор’і такія вежы працягвалі будаваць у першай палове ХVІ ст. (Вышын, Добрая, Познань) [33]. Польскі даследчык М.Марэлоўскі лічыў, што Трокскі замак узведзены пад уплывам французскіх і нідэрландскіх помнікаў абарончага дойлідства (Вайлендрод, Косы, М’юдэн), а таксама крыжацкага замка ў Швэцю [34, с. 320].

З аналізу планіровачнай структуры Трокскага замка вынікае, што самым блізкім яму аналагам з’яўляецца замак у Літве, што ў Мазовіі. Гэтыя помнікі аб’ядноўвае прамавугольны план з вежай-брамай на восі сіметрыі і дваром у цэнтры, па баках якога былі ўзведзены жылыя памяшканні аднолькавай шырыні. Для іх характэрныя і блізкія памеры дзядзінцаў: 32 х 33 м у Літве і 33 х 37 м у Троках. Цікава, што гэты замак быў узведзены вялікім князем Вітаўтам у хуткім часе пасля наведвання ў 1400 г. яго жонкай Мальборкскага замка, дзе яна была прынята вялікім магістрам. Магчыма, менавіта адтуль былі запрошаны ў Трокі нямецкія майстры-дойліды. Заслугоўвае ўвагі таксама той факт, што князь Януш Мазавецкі, які з’яўляецца фундатарам узведзеных пазней, чым Трокскі, замкаў у Ліве і Цеханаве, быў жанаты на дачцэ вялікага князя Кейстута і сястры вялікага князя Вітаўта Ганне Дануце. Не выключана, што падабенства гэтых замкаў было ў значнай ступені абумоўлена дынастычным шлюбным саюзам, які спрыяў выбару за ўзор Янушам Мазавецкім Трокскага замка. Магчыма, ім былі запрошаны ў Ліў, а затым Цеханаў яго майстры-дойліды. Узвядзеннем жа гэтых двух помнікаў кіраваў нямецкі архітэктар Ніклас. Не выключана, што ён таксама ўзначальваў будаўніцтва Трокскага замка, які з’яўляецца важным сведчаннем уплываў абарончага дойлідства Вялікага княства Літоўскага на архітэктуру Кароны Польскай [35, с. 116–118].

У апошняй чвэрці ХІV - пачатку ХV ст. у крыжацкай архітэктуры польскага Памор’я, Прусіі распаўсюдзіліся замкі, якія ў плане мелі геаметрычна правільную форму. На кожным з чатырох рагоў стаялі фланкіруючыя пераважна цыліндрычнай формы вежы, што мелі байніцы, прыстасаваныя да ручной агнястрэльнай зброі. Унутры замкавага двара да адной з сцен прымыкаў палац, які складаўся са сталовай, рыцарскай залы, спальні, капліцы [36]. Прыкладам такой фартэцыі ў архітэктуры Беларусі і Літвы з’яўляецца замак у Коўна, які пасля перабудовы канца ХІV - пачатку ХV ст. меў план чатырохкутнай формы. На рагах замка былі ўзведзены вежы чатырохкутнай і круглай у плане форм, а вакол яго быў выкапаны роў, што складаў дадатковую лінію ўмацаванняў. У першай палове ХVІ ст. да паўднёва-ўсходняй вежы замка была прыбудавана круглая ў плане басцея, прызначаная для флангавага артабстрэлу [37, с. 95]. Замак у Коўна ўяўляе цудоўны прыклад пераходу ад даагнястрэльных гатычных інжынерных сістэм да пушачнай фартыфікацыі Адраджэння.

Уплывы нямецкай готыкі зведала таксама культавае дойлідства Беларусі і Літвы. Адным з прыкладаў гэтага з’яўляецца кафедральны сабор у Вільні. Пасля пажару 1419 г. быў пабудаваны новы гатычны храм, прататыпам якога з’яўляецца катэдра ў Фрамборку [38].

Выключнай з’явай у пластыцы архітэктурных форм, неўласцівых готыцы Беларусі і Літвы, з’яўляецца касцёл Св.Ганны ў Вільні. М.Шчакаціхін адзначаў, што гэты помнік быў занесены ў Вільню ў "чыстых нямецкіх формах і ніяк не зліты з лініяй самастойнага развіцця беларускага готыцкага будаўніцтва, якое, аднак, ужо ў часы пабудовы гэтага касьцёлу распачынала выяўляцца ў болей арганічных і своеадменных формах, часткова выходзячы з традыцый ранейшае замкавае архітэктуры" [39, с. 235]. Т.Габрусь справядліва адзначае, што даследчык праявіў глыбокую навуковую аб’ектыўнасць, каб адмовіцца ад спакусы ўключыць гэты шэдэўр цаглянай готыкі ў архітэктурны фонд беларускага дойлідства [40, с. 58].

Аднак пытанне аб прамым перайманні ў гэтым помніку архітэктурна-мастацкіх формаў нямецкай готыкі застаецца адкрытым. Так, напрыклад, М.Марэлоўскі ў гэтым помніку бачыў уплывы французска-фламандскай пламянеючай готыкі [34, с. 306–308]. Д.Качмажык лічыў, што Св.Ганну пабудаваў гданьскі дойлід Міхал Энкінгер у канцы ХV - пачатку ХVІ ст. [41, с. 66–67]. Р.Кункель падтрымлівае гэтае аўтарства помніка і сцвярджае, што ён быў узведзены пад уплывам позняга саксонскага гатычнага мастацтва [42, с. 90]. А.Мілабэндзкі крыніцы творчых імпульсаў гатычнай архітэктуры Вільні ХVІ ст. выводзіць з мастацтва Гданьска, Крулеўца, Коўна [43, с. 103]. В.Дрэма бачыць сувязь касцёла Св.Ганны з архітэктурай Гданьска [44, с. 10]. Т.Габрусь не адмаўляе ўплываў у гэтым помніку нямецкай царкоўнай готыкі [40, с. 60]. У апошні час дыскусію адносна паходжання гэтага помніка ажывіла меркаванне К.Макоўскай, якая схільна лічыць, што яго будаваў чэшскі дойлід Бенедыкт Райд (Рэйт) з Прагі [45, с. 57–58].

Вельмі цікавым выглядае, безумоўна, няпоўны пералік дойлідаў, што працавалі ў Вільні ў канцы ХV - першай палове ХVІ ст., які складзены Д.Качмажыкам і К.Макоўскай на падставе дадзеных, узятых з каралеўскіх рахункаў двара Ягелонаў. Так, у іх згадваюцца майстры з Гародні (1494 г.), Кацпер і Ян з Познані, Павел з Варшавы, Стэфан Цурэн, Вольны, Брода, Ярмола (1498–1500 г.). У рахунках 1499 г. адзначаны "муратар" з Norimbergensi. Відаць, у гэтага дойліда быў кароткатэрміновы кантракт, бо ў дакументах 1500 г. ён ужо не згадваецца. На думку К.Макоўскай, ім альбо арцеллю нюрнбергскіх майстроў былі зроблены пінаклі касцёла Св.Ганны [46]. У першай чвэрці ХVІ ст. у Вільні працаваў таксама гданьскі дойлід Міхал Энкінгер [47, с. 90].

Не выключана, што касцёл Св.Ганны ўвогуле ўзводзілі па чарзе некалькі дойлідаў. У архітэктурнай практыцы еўрапейскіх краін такое часта здаралася. Пры гэтым кожны наступны дойлід, які прымаў на сябе кіраўніцтва па ўзвядзенню помніка, не толькі ўмела стасаваў сваю працу з ужо выкананай, але і ўносіў у яе рысы, што адпавядалі яго ўласным творчым схільнасцям і новым уплывам у архітэктурнай практыцы [48, с. 234]. Па фармальна-стылістычных прыметах аўтарства гэтага помніка цяжка ўстанавіць. З аднаго боку, у ім адчуваюцца ўплывы нямецкай готыкі з яе імкненнем да пластычнай выразнасці архітэктурных форм. Аднак адсутнічае ўласцівая ёй канцэнтрацыя руху архітэктурных форм у вышыню на восі галоўнага фасада, якая атрымала найбольш поўнае выражэнне ў нямецкіх аднавежавых фасадах. Да таго ж вертыкальныя акцэнты ў касцёле Св.Ганны перанесены і на бакавыя часткі фасада, якія маюць вежы вытанчанай формы, што больш уласціва французскай готыцы. У той самы час у кампазіцыі гэтага фасада прысутнічае раўнавага форм, якая разам з наяўнасцю шматлікіх гарызантальных адзнак сведчыць пра павевы рэнесансу. Так што пытанне аб аўтарстве і ўплывах у архітэктуры касцёла Св.Ганны патрабуе далейшых архіўных даследаванняў і больш паглыбленага мастацтвазнаўчага аналізу з выкарыстаннем шматлікіх франтальных параўнанняў з архітэктурай Германіі, Польшчы, Чэхіі, Францыі. Дойлідам касцёла Св.Ганны быў выкананы таксама франтон галоўнага фасада дома Перкуна ў Коўна.

Запазычанні з паўночна-нямецкай готыкі прасочваюцца ў бернардзінскім касцёле першай паловы ХVІ ст. у Вільні. Так, ідэя пабудаваць на трох рагах храма вежы была ўзята, напэўна, з Мар’яцкага касцёла ў Гданьску, у якім яны былі ўзведзены амаль на кожным рагу і прыстасаваны пад усходы. Вельмі цікавым на галоўным фасадзе гэтага помніка, як і дома Перкуна ў Коўна, з’яўляецца гзымс, выкананы з прафіляванай цэглы. Аналагічныя дэкаратыўныя формы сустракаюцца ў пабудовах канца ХV ст. Паўночнай Германіі, Памор’я, аднак, у архітэктуры Вялікага княства Літоўскага, акрамя вышэйзгаданых помнікаў, не былі распаўсюджаны. У бернардзінскім касцёле прыцягвае ўвагу і дэкаратыўная аплікацыя, выкананая з аналагічнай цэглы. Такі дэкор прасочваецца ў помніках Сілезіі і Памор’я [49, с. 37–39]. З гданьскай групай помнікаў (Мар’яцкі, Пятра і Паўла, Св.Кацярыны, Св.Яна і інш.) збліжае бернардзінскі касцёл у Вільні, а таксама Св.Мікалая ў Коўна малюнак зорчатых і сотавых скляпенняў [50]. Сотавыя ж скляпенні Мураванкаўскай царквы, аналагам кампазіцыі фасадаў якой з’яўляецца касцёл у Шрэнску (Мазовія), належаць, хутчэй, да чэшскага тыпу скляпенняў, у аснове якіх ляжыць чатырохпраменная зорка [51, с. 248]. Аднак у знешнім вобліку бернардзінскага касцёла, як пісаў М.Шчакаціхін, ужо прасочваецца "суровы і важкі, але надзвычай паважаны манументалізм" [39, с. 239], уласцівы мясцоваму дойлідству.

Безумоўна, вышэйпрыведзеныя прыклады ўплываў нямецкай готыкі на архітэктуру Беларусі і Літвы будуць удакладняцца даследчыкамі. Аднак відавочна, што працэс развіцця гатычнага мастацтва Вялікага княства Літоўскага быў вельмі шматвектарным і ўплывы зыходзілі не толькі з Польшчы, дойлідства якой зведала іх не ў меншай ступені, але і з Германіі, Чэхіі, Візантыі. Такія шматлікія культурныя кантакты з’яўляліся важным творчым імпульсам для развіцця архітэктуры Беларусі і Літвы, бо шырыня сувязяў з іншымі краінамі з’яўляецца вельмі спрыяльным фактарам для эвалюцыі ўласнай культуры. Адным з паказчыкаў яе высокага агульнага ўзроўню развіцця ў Вялікім княстве Літоўскім з’яўляецца той факт, што па сваім змесце, асноўных ідэях і спосабах іх выражэння яго культура аказалася здольнай да актыўнага, зацікаўленага і пры гэтым гарманічнага інтэлектуальнага ўспрымання еўрапейскіх мастацкіх каштоўнасцяў, што ў многім стала магчымым дзякуючы таму падрыхтоўчаму перыяду культурнага развіцця, які беларускія землі прайшлі ў ХІ–ХІІ ст.

Алесь Кушнярэвіч
Крыніца: Castrum, urbis et bellum
Worobjew G., Sokolowski M. Kościoly mazowieckie i wpływu krzyźaków na budawnictwo Mazowsza i Litwy // Sprawozdania komisiji historii sztuki, 1906. - №7.
Weber P. Wilna, eine vergessene Kunststätte. - Wilna, 1917; Ippel A. Wilna-Minsk. Altertümer und Kunstgewerbe. - Wilna, 1918.
Шчакаціхін М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва. - Менск, 1928.
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі ХІІІ–ХVІІІ ст. - Мн., 1978. - С. 13–15; Ткачев М.А. Замки Белоруссии. - Мн., 1987. - С. 5, 195–196.
Кушнярэвіч А.М. Ініцыіруем паняцце "Готыка Вялікага княства Літоўскага". - Мастацтва. - 1997.
Jankievičiené A. Lietuvos medine sakraline architektura. - Vilniaus, 1998.
Сяліцкі А.А., Церашчатава В.В. Жывапіс // Гісторыя беларускага мастацтва. - 1987. - Т.1.
Вагнер Г.К. Архитектура эпохи "Слова о полку Игореве" и ее заказчики. - М., 1987.
Ионисян О.М. Галицкое зодчество ХII-первой половины XIII в.: Автореф... дис. канд. ист. наук. - Л., 1982.
Zachwatowicz J. Architektura Romańska od połowy XI do końca XII wieku // Sztuka Polska przedromańska do schylku XIII wieku / Pod.red. Walickiego M. - Warszawa, 1971. - T. 1. - S. 98; Miłobędzki A. Zamek w Mokrsku Górnym i niektóre problemy Małopolskiej architektury XV i XVI wieku // Biuluteń Historii sztuki. - Warszawa, 1959. - R. XX. - № 1. - S. 26-27.
Гурын М.Ф., Бекцінееў Ш.І. Гандлёвыя сувязі Полацкай зямлі // Гістарычна-археалагічны зборнік. - 1998. - №12.
Кушнярэвіч А.М. Культавае дойлідства Беларусі ХІІІ–ХVІ ст. - Мн., 1993.
Ганецкая І.У. Беларуская культура ХІ–ХІІІ ст. у агульнаеўрапейскім кантэксце // Гуманітарныя і сацыяльныя навукі на зыходзе ХХ стагоддзя. - Мн., 1998.
Бубенька Т.С. Вынікі вывучэння гандлёва-рамеснага пасада раннесярэдневяковага Віцебска (1981–1989) // Гістарычна-археалагічны зборнік. - Мн., 1993. - Ч. 1. - С. 37; Abraham W. Powstanie organizacji Kościoła Lacińskiego na Rusi. - Lwów, 1904. - S. 47; Brykowski R. Drewniana architektura kościelna na kresach wschodnich: dzieje i straty // Zabytki sztuki Polskiej na dawnych kresach wschodnich. - Warszawa, 1997. - S. 23.
Сагановіч Г. Сярэднявечная Беларусь і немцы: сустрэча культур // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь: стан і перспектывы развіцця: Матэрыялы II Усебеларускай канферэнцыі гісторыкаў. - Мн., 1999.
Трусаў А.А. Манументальнае дойлідства Беларусі ХІ–ХVІІІ ст. - Мн., 2001.
Historia kultury materialnej Polski w zarysie od XIII do XV wieku / Pod red. A.Rutkowskiej - Płachcińskiej. - Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk, 1978.
Piskadło A.Grody, zamki, fortece. Budownictwo i architektura obronna do schylku średniowiecza. - Warszawa, 1977.
Domańska H. Zespól umocnień Malborka z XIII-XV wieku // Kwartalnik architektury i urbanistyki. - 1977. - R. XXII. - Z. 1. - S. 5; Fryez J. Architektura zamków Pomorza Połnocnego // Biuleteń informacyjny Polskiego Komitetu Zabytków. - 1986. - № 8. - S. 25.
Miłobędzki A. Zamek w Mokrsku Górnym i niektóre problemy Małopolskiej architektury XV i XVI wieku // Biuluteń Hisrorii Sztuki. - Warszawa, 1959. - R. XX. - № 1.
Gerquin B. Zamki w Polsce. - Warszawa, 1974.
Krassowski W. Dzieje budownictwa i architektury na ziemiach Polski. - Warszawa, 1990. - T.2.
Domańska H.Z. Zamek w Bytowie na tle architektury obronnej zakonu krzyźackiego z przełomy XIV i XV wieku // Kwartalnik architektury i urbanistyki. - 1977. - R. XXII. - Z. 2-3.
Дзярновіч А.І., Трусаў А.А., Чарняўскі І.М. Лёс Крэва. - Мн., 1993.
Architektura gotycka w Polsce. Katalog zabytków. Pod.red. T.Mroczki, M.Arszyńskiego. - Warszawa, 1995. - T. 2.
Ткачев М.А. Замки Белоруссии. - Мн., 1987.
Чарняўскі І., Цэйтліна М. Архітэктурна-мастацкія асаблівасці Крэўскага замка // Каштоўнасці мінуўшчыны. - Мн., 2001.
Gerquin B. Zamki w Polsce… - S. 54; Domańska H.Z. Badańia nad problemem przystosowania zamków Pomorza Wschodniego do broni palnej w latach 1390-1520 // Kwartalnik architektury i urbanistyki. - 1976. - R. XXI. - Z. 4. - S. 324; Bujak A. Zamki i zamczyska. - Warszawa, 1991. - S. 8.
Раппопорт П.А. Военное зодчество западно-русских земель Х–XIV в. // Материлы и исследования по археологии СССР. - Л., 1967. - Вып. 140.
Кирпичников А.Н. Каменные крепости Новгородской земли. - Л., 1984.
Трусаў А.А. Старадаўніх муроў Адраджэння. - Мн., 1990.
Dutkiewicz J. Materiały źródłowe do budowy murów obronnych Tarnowa // Rocznik Historii sztuki. - 1956. - №1.
Gerquin B. Zamki w Polsce… - S. 54-56; Polak T. Zamki na kresach: Bialorus, Litwa, Ukraina. - Warszawa, 1997. - S. 10.
Morelowski M. Wschód i Zachód w zamku troeckim // Prace I materially sprawozdawcze Sekcji Historii Sztuki Towarzystwa Przyjaciól Nauk w Wilnie. - Wilno, 1935. - T. II.
Galicka I. Problematyka badań średniowiecznych zamków na Mazowszu // Biuleteń historii sztuki. - 1963. - R. XXV. - № 2.
Domańska H. Proces modernizacji średniowiecznych zamków z terenu dawnego państwa krzyźackiego na przestrzeni wieków XV-XVI // Studia i Materiały do Historii Wojskowości. - 1971. - T. XVII. - Cz. 2. - S. 6–9; Gerquin B. Zamki w Polsce… - S. 51; Domańska H.Z. Zamek w Bytowie na tle architektury obronnej zakonu krzyźackiego z przełomy XIV i XV wieku // Kwartalnik architektury i urbanistyki. - 1977. - R. XXII. - Z. 2–3. - S. 151–161.
Lietuvos architekturos istorija. - Vilnius, 1987. - T. 1.
Киткаускас К.Н. Вильнюсский кафедральный собор. - Вильнюс, 1977. - С. 8–14; Киткаускас К.Н. Комплекс зданий Вильнюсского Нижнего замка // Автореф. дис... канд. архитектуры. - М., 1980. - С. 6–8; Kitkauskas N. Vilnidus pilys. Statyba ir architektura. - Vilnius. 1989. - S. 140–141.
Шчакаціхін М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва. - Менск, 1928.
Габрусь Т.В. Што такое беларуская готыка? // Мастацтва, 1997. - № 9.
Kaczmarzyk D. Kościol Sw. Anny. - Warszawa, 1984. - S. 66–67.
Kunkel R. Mazowsze i Wielkie księstwo Litewskie // Architektura gotycka w Polsce. - Warszawa, 1995. - T. 2.
Miłobędzki A. Późnogotyckie typy sakralne w architekturze ziem polskich // Późny gotyk / Pod red. T.Hranowska - Warszawa, 1965.
Drema V. Vilniaus sv. Onos bazňyčia. Vilniaus katedros rekonsrukcija 1782–1801 metais. - Vilniaus, 1991.
Makowska K. Praga-Kraków-Wilno wspólne inspiracje artystyczne. Benedykt Ried (Reit) w Wilnie? // Sztuka ziem wsehodnich Rzeczypospolitej XVI–XVIII w. / Pod red. J.Lilejko - Lublin, 2000.
Kaczmarzyk D. Kaplica św. Anny przy kościele Bernardynów w Wilni. // Teka Komisji Historii Sztuki. - 1976. - № 6. - S. 126–127; Makowska K. Praga-Krakuw-Wilno wspólne inspiracje artystyczne. Benedykt Ried (Reit) w Wilnie. - S. 52–53;
Kunkel R.Mazowsze i Wielkie księstwo Litewskie // Architektura gotycka w Polsce. - Warszawa, 1995. - T. 2.
Муратова К.М. Мастера французской готики ХII-ХIII веков. Проблемы практики и художественного творчества. - М., 1988.
Jankievičiené A. Gotycka architektura sakralna Litwy i Białorusi // Lituano-Slavica Posnaniensia Studia Historiae Artium. - Warszawa, 1991.
Jankievičiené A. Gotycka architektura sakralna Litwy i Białorusi… - S. 43; Brykowska M. Sklepenia kryształowe: niektóre problemy // Późny gotyk. - Warszawa, 1965. - S. 245; Frazik J.T. Późnogotyckie sklepienia źebrowe w Gdańsku i jego kręgu // Teka komisji urbanistyki i architektury. - 1979. - T. XIII. - S. 139–140.
Brykowska M. Sklepenia kryształowe: niektóre problemy // Późny gotyk. - Warszawa, 1965.

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Да праблемы ўплываў нямецкай готыкі на архітэктуру Беларусі і Літвы

Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.