Успаміны пра Беларускую Незалежніцкую Партыю (БНП)

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Успаміны пра Беларускую Незалежніцкую Партыю (БНП). Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-09
Источник: http://library.by

Дзмітры Касмовіч і яго ўспаміны
Арганізацыя Беларускае Незалежніцкае Партыі
Перадача нямецкім войскам цывільнай улады Генэральнаму камісару Беларусі Кубэ
Арганізацыя Беларускай Незалежніцкай Партыі і Беларускага Краёвага Войска (4-ты аддзел ОД) у Смаленскай акрузе
Нарада арганізатараў БНП у Віцебску
Тайная нарада сяброў ЦК БНП у Менску
Далейшая дзейнасьць у франтавой зоне пасьля адбытага ў Менску Аўтакефальнага Ўсебеларускага Сабору
Пашырэньне сеткі БНП і рэарганізацыя БКВ-ОД (4-ты аддзел у Магілёўскай акрузе).
Пераезд у Менск
Цэнтральнае кіраўніцтва – Беларуская Цэнтральная Рада
Другі Ўсебеларускі Кангрэс
Лёс сем’яў БКВ і БНП пасьля адступленьня зь Беларусі
Дзмітры Касмовіч і яго ўспаміны

Дзмітры Касмовіч нарадзіўся 21 верасня 1909 г. у Нясвіжы ў сялянскай сям’і Дзяніса Касмовіча і Юстыны з Крукоўскіх. У 1920-1927 гг. вучыўся ў Нясвіжскай, Наваградскай, Радашкавіцкай гімназіях. Падчас вучобы ў Радашкавіцкай беларускай гімназіі далучыўся да беларускага нацыянальна-вызвольнага руха, а на яго светапогляд паўплывалі Язэп Гаўрылік, Браніслаў Тарашкевіч, Аляксандар Уласаў.

Пасля непрацяглай працы на пошце ў Нясвіжы і Бярозе-Картузскай (1927-1928 гг.) Дзмітры Касмовіч выехаў у Бельгію, дзе жыў да 1934 г., выключаючы службу (1933-1934 гг.) у польскім войску. У Бельгіі ён вучыўся ў Політэхнічным Інстытуце ў Генце, ва Універсітэце Льежа, паралельна падрабляючы на вугальных капальнях. Касмовіч увайшоў у склад кіраўніцтва Аб’яднання Беларускіх Студэнцкіх Арганізацый (АБСА), якое дзейнічала ў Еўропе і рэпрэзентавала беларускую моладзь на міжнародных форумах, даводзячы грамадскасці пра нацыянальны і сацыяльны ўціск беларусаў у Польшчы і СССР.

У 1934 г. Дзмітры Касмовіч пераехаў у Югаславію (Згодна з законамі Бельгіі, нельга было сумяшчаць універсітэцкую вучобу з працай.), дзе паступіў на багаслоўскі факультэт Бялградскага Універсітэта. Пад уплывам выкладчыкаў і вышэйшага праваслаўнага кліра Югаславіі зрабіўся актыўным свецкім праваслаўным дзеячам. Наладзіў кантакты з кіраўніцтвам Польскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, у прыватнасці, з мітрапалітам Варшаўскім Дзянісам (Каледзінскім) і архіяпіскапам Савам (Саветавым).

Па сканчэнні вышэйшых штудыяў у Бялградзе ўлетку 1939 г. Касмовіч вярнуўся ў Нясвіж. Згодна з уласнымі ўспамінамі, савецкая ўлада, што акупавала ў верасні 1939 г. гэты горад, прапанавала яму стаць “бургамістрам” горада. Аднак да гэтага сцвярджэння трэба адносіцца крытычна. Так Дзмітры Касмовіч успамінаў, што прапанаваў яму гэтую пасаду начальнік гарадскога НКВД Мікалай Сіротка, які, паводле дакументаў, насамрэч з’яўляўся старшынёй тамтэйшага райкама гораду. У тых жа ўспамінах аўтар прыпісаў сабе даклад “Аб нацыяналізацыі банкаў і прамысловасьці” на Народным Сходзе Заходняй Беларусі 28-30 кастрычніка 1939 г., у рэчаіснасці зроблены жанчынай. У пратаколах Народнага Сходу спадар Касмовіч кваліфікаваны як настаўнік. Ён быў дэлегаваны ў Маскву на нечарговую сесію ВС СССР і на нечарговую сесію ВС БССР, на якіх Заходняя Беларусь была “ласкава прынятая” у склад СССР і БССР.

У канцы 1940 г. Дзмітры Касмовіч пакінуў Нясвіж і паступіў у Менскую Палітэхніку. З пачаткам нямецкай акупацыі ён стаў супрацоўнічаць з новай уладай, узначаліў аддзел грамадскага забеспячэння Менскай управы, а таксама менскую паліцыю. Беларускі вайсковы дзеяч Франц Кушаль ва ўспамінах “Спробы стварэньня беларускага войска”, дае такую характарыстыку гэтай установе: “Начальнікам паліцыі быў Касмовіч Дзьмітры, чалавек з духоўнай асьветай (скончыў духоўную праваслаўную сэмінарыю), які зусім ня знаўся ані на вайсковай арганізацыі, ані на вайсковай падрыхтоўцы. Пад гэтым поглядам выручаў яго капітан Пугачоў Міхал. Капітан Пугачоў быў кадравым афіцэрам савецкай арміі, афцэр вельмі дысцыплінаваны й сумленны. Ён проста з скуры вылазіў, каб як-небудзь прывесьці гэтую банду ў сякі-такі парадак... З самага пачатку паліцыя называлася “орднунгдынст” і была падпарадкаваная СД. Амаль штодзень СД праводзіла арышты ў Менску з мэтай вылавіць шкодны камуністычны элемэнт і ўжывала да гэтае “орднунгдынст”. Пры арыштах і пры вобысках паліцыя займалася ардынарным адкрытым грабяжом. Разумеецца, прыгаварыць да сумленьня гэных людзей, ці абавязку, раўнялася таму, што сыпаць гарох аб сьцяну. Вось гэтак выглядала менская паліцыя...”

У канцы кастрычніка 1941 г. Дзмітры Касмовіч разам са стрыечным братам Міхасём Вітушкам з невядомых прычын пакінулі Менск і выехалі ў зону франтавога камандавання. У Бранскай, Смаленскай, Магілёўскай акругах Касмовіч ўзначальваў Паліцыю ОД – службу парадка, якая падпарадкоўвалася паліцыі СД і мусіла змагацца супраць савецкіх партызанаў. Адбудоўваў там і нацыянальнае беларускае жыццё, браў удзел у абвяшчэнні Аўтакефаліі Беларускай Праваслаўнай Царквы на Усебеларускім Царкоўным Саборы ў жніўні 1942 г., у арганізацыі Беларускай Незалежніцкай Партыі (БНП). 27 чэрвеня 1944 г. удзельнічаў у Другім Усебеларускім Канрэсе ў Менску.

З набліжэннем Чырвонай Арміі Дзмітры Касмовіч разам са сваімі жаўнерамі пакінуў Беларусь; улетку 1944 г. ён знаходзіўся ў батальёне Дальвіц ва Ўсходняй Прусіі, які пад кіраўніцтвам легендарнага Ота Скарцэні школіў беларускіх дыверсантаў для змагання на ўжо згубленай Бацькаўшчыне. Далей Касмовіч займаўся наладжаваннем міжнародных сувязей для эвентуальнай барацьбы супраць камунізму разам з заходнімі саюзнікамі. Лідэр БНП Усевалад Родзька накіраваў дзеля гэтай мэты Дзмітрыя Касмовіча ў Парыж. Аднак хутка вайна скончылася, заходнія саюзнікі і не думалі ваяваць з Савецкай дзяржавай. Частка сяброў БНП, найперш тыя, хто выхоўваўся ў Дальвіцы, вярнуліся на Беларусь. Касмовіч апынуўся ў Заходняй Нямеччыне, дзе пасля пакарання смерцю ў Беларусі Усевалада Родзькі, узначаліў БНП.

Паваеннае жыццё Дзмітрыя Касмовіча было тыповае для ўсіх беларусаў-выгнанцаў. Ён стаў сведкам і ўдзельнікам падзелу на прыхільнікаў Рады БНР і Беларускай цэнтральнай рады, стаўшы на пазіцыі апошняй, узначаліў дэлегатуру БЦР у Заходняй Нямеччыне. Ён выключыў з партыі прыхільнікаў Рады БНР і патэнцыйных канкурэнтаў: Барыса Рагулю і Уладзімера Набагеза.

У 1954 г. Дзмітры Касмовіч ўзначаліў інспіраваны Радаславам Астроўскім Беларускі Вызвольны Фронт. У пачатку 80-х гг. ён атрымаў ад прэзідэнта БЦР Нікандра Мядзейкі рангу генерала. Браў удзел у безлічы антыкамуністычных форумаў: у часы халоднай вайны тэма змагання з Савецкім Саюзам была актуальная. Вялікая колькасць улётак, адозваў, мэмарандумаў... - гэта былі хутчэй спробы рэанімаваць баявы дух камбатантаў-выгнанцаў, бо і вельмі актыўная дзейнасць эмігрантаў ніякім чынам не ўплывала на сітуацыю на Беларусі.

Памёр Дзмітры Касмовіч 23 красавіка 1991 г. Свае ўспаміны, якія распавядаюць пра жыццё ад дзяцінства і да выгнання з Беларусі ў 1945 г., напісаў у 1986 г. Найбольш дэталёва ва ўспамінах асвятляецца час “бурмістарства” ў Нясвіжы ў 1939-1941 гг. і гады нямецкай акупацыі. Асобна аўтар вылучыў матэрыял, прысвечаны дзейнасці Беларускай Незалежніцкай Партыі, які і прапануецца вашай увазе.

Да ўспамінаў Дзмітрыя Касмовіча трэба падыходзіць вельмі крытычна. Разумеючы, што наўрад хто зможа спраўдзіць факты, аўтар прыпісаў сабе шмат “подзвігаў”, якіх не было ў рэальным жыцці. Гэта тычыцца і “слаўнай” дзейнасці на Смаленшчыне і Браншчыне, і працы ў Беларускай народнай самапомачы. Так Дзмітры Касмовіч, апісвае ўдзел у канферэнцыі Беларускай народнай самапомачы і сваю там галоўную ролю, пры тым, што яго, згодна з архіўнымі дакументамі, там зусім не было.

Акрамя таго, аўтар называе лічбу жаўнераў Беларускага Краёвага Войска – ОД (“Службы Парадку”) у 100 тыс. чалавек, што трэба рэальна памяншаць у некалькі, калі не ў дзесяткі разоў.

Неабходна ўважліва падыходзіць да гісторыі Беларускай Незалежніцкай Партыі. Нягледзячы на сцвярджэнні, што партыя актыўна дзейнічала ў 1941 г., цалкам дапушчальна, што да 1944 г. яна налічвала ў лепшым выпадкам некалькі дзясяткаў чалавек, калі не была прыватным інтарэсам Касмовіча, Вітушкі, Родзькі, Саковіча. Не выключана, што тыя дакументы, якія падае мемуарыст, былі напісаныя шмат пазней на эміграцыі.

Чым адрозніваюцца ўспаміны Дзмітрыя Касмовіча ад мемуараў сотні астатніх беларускіх эмігрантаў, удзельнікаў нацыянальна-грамадскага жыцця? Ва ўспамінах апошніх адчуваецца комплекс віны за “супрацоўніцтва” з немцамі падчас вайны. У Касмовіча гэтага адчування няма. Ён застаўся ўпэўнены ў правільнасці ўласнай пазіцыі да канца сваіх дзён.

Нягледзячы нават на вялікія сумненні ў праўдзівасці пададзеных фактаў, успаміны вельмі цікавыя і карысныя. Гэта рэпрэзентацыя погляду часткі беларускай грамадскасці, прадстаўнікі якой са зброяй у руках, пачынаючы ад 1941 г., змагаліся на баку Нямеччыны супраць СССР, і засталіся на сваіх пазіцыях і надалей, не здрадзілі сваім ідэалам.

Магчыма, пройдзе час, і будзе напісаная сапраўдная біяграфія Дзмітрыя Касмовіча, дзе будзе сказана, хто ён ёсць на самой справе: нацыянальны герой ці авантурыст. Пакуль выглядае на апошняга.

Успаміны падаюцца на мове арыгінала, з нязначнымі скарачэннямі і стылёвымі праўкамі. Аўтарскі тэкст захаваны поўнасцю.

Алег Гардзіенка

Арганізацыя Беларускае Незалежніцкае Партыі

Ужо з самага пачатку гітлераўскай акупацыі Беларусі (22.VI. 1941 г.) для перадавога беларускага актыву было відавочным, што немцы ня маюць намеру даць беларускаму народу вольнасьць і аднавіць Беларускую Народную Рэспубліку.

У беларускага актыву паўстала пытаньне, якой дарогай ісьці да мэты - вольнай незалежнай беларускай дзяржавы. Змагацца на два фронты: супраць камуністычнай Масквы і магутнай вайсковай сілы Бэрліна, было б народным самагубствам. Аднак адкладаць вырашэньне гэтага пытаньня на пазьней было таксама немагчыма, бо беларусы апынуліся паміж чырвоным камуністычным молатам і брунатным фашыстоўскім накавадлам. Як першы, так і другі па-зьверску выкарыстоўвалі і нішчылі беларускі народ, жадаючы выкрасьліць яго з мапы эўрапейскіх народаў, або зрабіць яго поўным нявольнікам. У дадатак, польскія шавіністы ў ціхай змове з фашыстамі таксама вынішчалі беларускае насельніцтва.

21 жніўня 1941 г. у Менску на былой кватэры галоўнакамандуючага беларускага адцінку Чырвонай Арміі[1], сабраліся на тайную нараду я, Дзьмітры Касмовіч, Міхась Вітушка[2], Усевалад Родзька[3] і Юльлян Саковіч[4], каб абмеркаваць палітычную сітуацыю на Беларусі, выпрацаваць плян і тактыку змаганьня за незалежную і вольную беларускую дзяржаву.

Пасьля ўсебаковага аналізу ўсіх тагачасных палітычных і вайсковых падзеяў было аднагалосна зацьверджана:

1. Мэта Гітлера ёсьць калянізацыя і паняволеньне Беларусі.

2. Беларускі народ павінен выкарыстаць вайну для сваёй мэты – аднаўленьня вольнай беларускай дзяржавы.

3. Для ажыцьцяўленьня гэтай мэты патрэбна беларуская збройная сіла.

4. Нямецкая армія ў барацьбе з Масквою і заходнімі дзяржавамі аслабее. Гэтую хвіліну павінен выкарыстаць беларускі народ.

5. Камуністычная Масква ёсьць ворагам № 1 беларускага народу, фашыстоўская Нямеччына – ворагам № 2.

6. Беларускі народ яшчэ слабы, каб змагацца адкрыта супраць гэтых двух ворагаў.

7. Палякі захапілі ў свае рукі цывільную адміністрацыю і ОД[5] у Заходняй Беларусі, фальшывымі абвінавачваньнямі аддаюць немцам на расстрэл, або самі страляюць беларускі патрыятычны актыў.

8. Заходнія дзяржавы не зьяўляюцца ворагамі беларускага народу, і беларускі народ не змагаецца супраць гэтых дзяржаў, пра што яны павінны ведаць.

9. Заходнія дзяржавы павінны разумець вялікую небясьпеку, якая пагражае ўсяму сьвету з боку імпэрыялістычна-камуністычнай Масквы, і павінны будуць гэтую небясьпеку ліквідаваць.

10. Патэнцыйнымі саюзнікамі беларускага народу зьяўляюцца паняволеныя Масквою народы, якія змагаюцца за сваю незалежнасьць і прызнаюць права беларусаў на аднаўленьне беларускай дзяржавы ў яе этнаграфічных межах.

Пастаноўлена:

а) Стварыць тайную антыкамуністычную і антыфашысцкую арганізацыю – Беларускую Незалежніцкую Партыю, якая б згуртавала ў сваіх шэрагах найбольш адданых беларусаў-патрыётаў. Іх заданьне – імкнуцца арганізаваць беларускія вайсковыя адзінкі з мэтай аб’яднаць іх у адну Беларускую Вызвольную Армію, якая павінна змагацца за аднаўленьне Беларускай Народнай Рэспублікі і бараніць яе межы.

б) Выціскаць палякаў і расейцаў з адміністрацыйных пасадаў і паліцыі ОД і замяняць іх беларусамі. Такім чынам не дапушчаць польскіх і бальшавіцкіх правакацыяў адносна беларускага насельніцтва.

в) навязаць кантакт з прыязнымі паняволенымі Масквою народамі і вольным сьветам.

г) імкнуцца ўтварыць тайны ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі.

Затым былі абмеркаваны падставовыя пункты праграмы Беларускай Незалежніцкай Партыі (БНП). Мэтай БНП было аб’яднаць увесь беларускі народ у этнаграфічных межах Беларусі і аднавіць Беларускую Народную Рэспубліку, у якой кожны грамадзянін павінен быць цалкам свабодны і роўны ў правах і абавязках. Паставіць прымат духоўны над матар’яльным. Разумеючы, што царква служыць разьвіцьцю маральна-духоўных вартасьцяў чалавека, дзяржава мусіць пры поўнай свабодзе веравызнаньняў усебакова яе падтрымоўваць. Зямельнае пытаньне павінна быць вырашана на карысьць беларускага сялянства; 8-мі гадзінная праца і ахова малалетніх ад працы павінны быць гарантаваны законамі для ўсіх працоўных і малалетніх жыхароў Беларусі; асьвета, забеспячэньне старасьці, хворых, матак і сірот, а таксама іншыя правы павінны пазытыўна вырашацца на карысьць ўсіх жыхароў Беларусі і г.д.

Сябры-арганізатары БНП добра разумелі, што ніхто з чужынцаў ня дасьць беларускаму народу вольнасьці, а яе трэба здабываць самастойна.

Такім чынам, Усеваладу Родзьку было даручана шырэй распрацаваць праграму партыі і супольна з Юльлянам Саковічам падабраць у Заходняй Беларусі надзейны і моцны беларускі актыў БНП для арганізацыі на гэтай тэрыторыі беларускіх збройных аддзелаў. Арганізацыю сеткі БНП у франтавой зоне Беларусі і арганізацыю беларускіх вайсковых аддзелаў на сярэднім адцінку Усходняга фронту ўзялі на сябе я і Міхась Вітушка.

Перадача нямецкім войскам цывільнай улады Генэральнаму камісару Беларусі Кубэ

У першыя месяцы нямецкай акупацыі Беларусі цывільную ўладу над насельніцтвам Беларусі выконваў VII аддзел галоўнакамандуючага тылавай акупацыйнай нямецкай арміі (апрача жыдоўскага насельніцтва, над якім пастаўлена было нямецкае СД) на чале з генэралам Г. Тэсмерам, кіраўніком гэтага аддзелу. У Менску і Менскай акрузе гэтую ўладу выконваў Г. Краац, начальнік VII-га аддзелу менскай фэльдкамэндатуры (палявой камэндатуры).

У верасьні 1941 г. заходні абшар Беларусі быў перададзены цывільнай нямецкай адміністрацыі, якую ўзначаліў Генэральны Камісар Беларусі Кубэ[6]. Краац са сваім штабам выяжджаў у франтавую зону арганізоўваць цывільнае жыцьцё насельніцтва. Генэрал Тэсмер і Краац запрапанавалі мне і Міхасю Вітушку выехаць разам з імі. Мы не згаджаліся з мэтадамі цывільнага нямецкага кіраўніцтва і выкарысталі гэтую нагоду выехаць ува Ўсходнюю Беларусь, каб там дапамагчы насельніцтву, арганізаваць сетку БНП і аддзелы беларускіх збройных сілаў.

У канцы кастрычніка 1941 г. я і Вітушка разам з VII аддзелам менскай фэльдкамэндатуры выехалі зь Менску, пакінуўшы Беларускай Народнай Самапомачы[7] вялікія запасы прадуктаў харчаваньня (я ў Менску быў таксама кіраўніком гарадзкога аддзелу харчаваньня), і накіраваліся ў горад Бранск.

Арганізацыя БНП і вайсковых аддзелаў Беларускага Краёвага Войска (4-га аддзелу ОД[8]) у Бранску

Першае спатканьне з жыхарамі Бранска і ягонага навакольля, раённых цэнтраў і калгасаў зрабіла вельмі прыемнае і пазытыўнае ўражаньне. Моўна Бранск быў менш зрусіфікаваны за Менск і заставаўся верным беларускай мове, тое самае можна было сказаць і адносна раённых цэнтраў.

У Бранску ўжо была арганізавана гарадзкая ўправа і паліцыя ОД. На чале ўправы стаяў п’яніца фольксдойч, паволжскі немец з Клінцоў, які тут гаспадарыў самавольна. Франтавое камандаваньне яшчэ ня вызначыла акруговага кіраўніка ОД. Таксама было не ачолена і бранскае гарадзкое ОД, бо ягоны былы начальнік С., мясцовы жыхар з ваеннапалонных, па даносу п’янага кіраўніка гораду, быў забраны ў лягер і высланы ў Нямеччыну. Гэты аддзел ОД быў пад камандай М., жыхара з раённага цэнтру Наўля. Такім чынам, бурмістар гораду па-просту тэрарызаваў ОД.

Для арганізацыі акруговага жыцця патрэбна была лучнасьць з раёнамі і арганізацыя аўтарытэтнага кіраўнічага цэнтру. Дзеля гэтага я ўзяў на сябе функцыю начальніка акруговага ОД, Міхась Вітушка пераняў функцыю майго намесьніка, а Радаслаў Астроўскі[9], які выехаў з Менску разам з намі, узначаліў кіраўніцтва Акруговай управай. Пачалося будаўніцтва першых зародкаў Беларускай Вызвольнай Арміі – Беларускага Краёвага Войска (IV–тага аддзелу ОД), і стварэньне сеткі БНП.

Праца была цяжкая і небясьпечная, бо трэба было пазнаваць людзей і шукаць надзейных сяброў БНП, якія б дапамагалі, а не аддалі ў рукі савецкіх агентаў ці нямецкага СД.

Выслухаўшы скаргі і патрэбы насельніцтва Бранска і байцоў ОД, я наведаў раённыя цэнтры Бранскай акругі. Там правёў шырокі абмен думкамі з мясцовымі жыхарамі, застаўшымся ў раёнах пэрсаналам адміністрацыі і ОД. Я адкрыта выказаў свае погляды на сталінскі атэістычна-камуністычны рэжым і на нямецкую акупацыю, падкрэсьліў, што зьяўляюся сьвядомым ворагам бальшавіцкай і ўсякай іншай акупацыі, і каб здабыць вольнасьць і незалежнасьць, трэба змагацца супольнымі сіламі. Я сказаў, што жыхары Бранскай акругі таксама належаць да беларускага племені і толькі сілай гістарычных падзеяў былі адарваны ад Маці-Беларусі.

Мне было вядома, што сярод насельніцтва Бранскай акругі знойдуцца шчырыя патрыёты, якія будуць змагацца супраць кожнага акупанта за вольнасьць свайго краю. Хаця нямецкае вайсковае камандаваньне прыхільна ставілася да маіх думак пра змаганьне супраць сталінізму, але я не ўяўляў сабе, якой вялікай небясьпецы падвяргаўся. Прысутныя прадстаўнікі раёнаў і калгасаў віталі такія погляды і цалкам іх падзялялі. Яны выказвалі гатоўнасьць арганізаваць баявыя аддзелы ОД – Беларускае Краёвае Войска для барацьбы зь ляснымі бандамі. Я акцэптаваў выбраных жыхарамі кіраўнікоў аддзелаў ОД-БКВ для арганізацыі гэтых баявых адзінак, для абароны населеных пунктаў ад нападаў, тады яшчэ неарганізаваных “акружэнцаў”, якія рабавалі вёскі. З часам былі знойдзены адказныя кандыдаты для БНП, якія б ідэалягічна выхоўвалі байцоў ОД-БКВ.

Арганізацыя Беларускай Незалежніцкай Партыі і Беларускага Краёвага Войска (4-ты аддзел ОД) у Смаленскай акрузе

Пасьля арганізацыі працы ў Браншчыне я і Вітушка ў канцы красавіка 1942 г. пераехалі ў Смаленск, ужо там будаваць ОД-БКВ і сетку БНП, каб дапамагчы жыхарам вызваліцца ад тэрору маскоўскага дэсанту.

Бурмістрам Смаленска быў савецкі юрыст Б. Меншагін, энэргічны і здольны расейскі шавініст, ягоны намесьнік - расейскі салідарыст (НТС-савец) эмігрант Гандук. На чале раённай управы стаяў былы савецкі настаўнік расеец Бібікаў, які сядзеў у Смаленску і чакаў пакуль раён будзе вольны ад лясных бандаў. Раённы ОД узначальваў таксама расеец Умноў, здольны інтэлектуаліст, сьвядомы вораг сталінскага рэжыму, але бязьдзейны.

Яшчэ паўгады таму ўся прастора Смаленскай акругі была вольнай ад лясных бандаў, а ўвесну 1942 г. ужо нельга было выехаць за горад далей за 3-5 км. Паўсюль былі “партызанскія” заставы, араганізаваныя маскоўскім дэсантам з “акружэнцаў” ці з былых ваеннапалонных байцоў Чырвонай Арміі, якія ўцякалі з лягераў, ратуючы сваё жыцьцё ад зьдзеку і тэрору нямецкага СС. “Партызаны” адчувалі сябе гаспадарамі ў акрузе, рабавалі, тэрарызавалі насельніцтва і правакавалі немцаў, абстрэльваючы праязджаючыя каля вёсак нямецкія аўтамашыны. Такімі дзеяньнямі яны выклікалі страшэнны тэрор СС у адносінах да жыхароў, якія ўцякалі ў лес, дзе вымушаны былі далучацца да гэтых лясных бандаў.

Адразу, як толькі я пераехаў у Смаленск, да мяне зьвярнуліся жыхары смаленскіх наваколіцаў з просьбаю дапамагчы ім у змаганьні супраць тэрору сталінскага дэсанту, каб абараніць свае вёскі. Яны складалі нават пісьмовыя просьбы, падпісаныя ўсімі вяскоўцамі, каб даць ім магчымасьць абараніць сваю зямлю, вольнасьць і незалежнасьць Беларусі ад гэтых чужых маскоўскіх банд. Такога энтузіязму я не чакаў.

Я адразу прыступіў да арганізацыі так званага 4-га аддзелу ОД – Беларускага Краёвага Войска, бо савецкай зброі пасьля вялікіх баёў пад Смаленскам было дастаткова, а Міхасю Вітушку даручыў арганізацыю вайсковай контрвыведкі. Адначасна мы прыступілі да арганізацыі сеткі БНП. У гэтым нам дапамагалі два браты Красоўскія – Уладзімір і Канстанцін, сябры БНП.

З маўклівай згоды франтавога нямецкага камандаваньня і асаблівай дапамогай кіраўніка VII-га аддзелу пры галоўнакамандуючым Сярэдняга фронту – ген. Г. Тэсмера і смаленскага фэльдкаменданта генэрала Пооля, а таксама ягонага кіраўніка VII-га аддзелу (Цывільнага ўпраўленьня) – Г. Крааца, які сюды прыехаў з Бранска, я разбудаваў Беларускае Краёвае Войска, якое ўзбройваў трафейнай зброяй сталінскай арміі – танкеткамі, гарматамі, мінамётамі, кулямётамі, савецкімі ППШ і г.д. Радавых байцоў у БКВ было дастаткова, але каманднага саставу не хапала. Хутка гэтая праблема была вырашана. Я набраў пасьля праверкі з лагероў ваеннапалонных камандныя кадры, уключна палкоўнікаў. На пасаду начальніка штабу БКВ прызначыў камандзіра Адэскай афіцэрскай школы, палкоўніка П. Таксама былі арганізаваныя падафіцэрскія курсы і баявыя майстэрні. Хутка акруга была вызвалена ад маскоўскага дэсанта і ад лясных бандаў.

Была арганізаваная шырокая сетка сяброў Беларускай Незалежніцкай Партыі, якія супольна з антыбальшавіцкімі партызанамі яшчэ доўга пасьля заканчэньня вайны змагаліся супраць сталінска-камуністычнага акупанта за вольнасьць Беларусі, з надзеяй на дапамогу заходняга альянсу, але дарэмна. Вольны Захад не захацеў дапамагчы.

Нарада арганізатараў БНП у Віцебску

29 ліпеня 1942 г. я разам з Міхасём Вітушкам і Радаславам Астроўскім шашой праз Руднянскія і Лёзьненскія лясы, якія яшчэ так нядаўна былі запоўненыя бандамі, арганізаванымі маскоўскім дэсантам, наведалі ў Віцебску намесьніка гэтай акругі Ўсевалада Родзьку. Тут мы азнаёміліся з жыцьцём і ўмовамі працы, а таксама падзяліліся сваім практычным досьведам і інфармацыяй пра падзеі ў франтавой зоне Беларусі і на абшарах Генэральнага Камісарыяту Беларусі.

Мы разам з Усеваладам Родзькам правялі нараду аб далейшай працы Беларускай Незалежніцкай Партыі (БНП). Радаслаў Астроўскі ў гэтай нарадзе сяброў БНП удзелу не прымаў, бо нават ня ведаў пра існаваньне такой арганізацыі.

Пасьля двухдзённай нарады мы ўзгаднілі праграму БНП і тактыку змаганьня з акупантамі Беларусі. Былі адзначаны вялікія посьпехі ў арганізацыі збройных сілаў на сярэднім адцінку Ўсходняга фронту, дзе вайсковае Камандаваньне не перашкаджала ў арганізацыі і ўзбраеньні Беларускага Краёвага Войска (ОД). Насельніцтва спантанна і дабраахвотна ўступала ў шэрагі гэтага войска, каб бараніць ад бальшавіцкай небясьпекі свае вёскі і змагацца за суверэнную беларускую дзяржаву. Я праінфармаваў Усевалада Родзьку пра дзейнасьць сеткі БНП у Браншшчыне і Смаленшчыне, а таксама пра далейшыя пляны – стварэньне вайсковых сілаў БНП ва ўсходняй частцы Беларусі. У сваю чаргу, Родзька паведаміў пра колькаснае пашырэньне сеткі БНП на абшарах Генэральнага Камісарыяту Беларусі. Было адзначана, што ў Генэральным Камісарыяце Беларусі, дзе ўладу пераняла нямецкая цывільная адміністрацыя на чале з Кубэ, арганізацыя Збройных Беларускіх Сілаў амаль не пасоўваецца наперад.

Было ўзгоднена, што:

1. Гітлер не зьмяніў свайго плану калянізацыі Беларусі;

2. Нямецкае франтавое камандаваньне зьяўляецца праціўнікам калянізацыі народаў СССР празь немцаў;

3. Нямецкае франтавое камандаваньне разумее неабходнасьць цеснага супрацоўніцтва насельніцтва Беларусі ў змаганьні з Масквою і ведае, што без збройнай дапамогі насельніцтва акупаваных немцамі прастораў яно не пераможа Маскву;

4. Паміж гітлераўскім рэжымам і франтавой нямецкай арміяй пануюць вельмі непрыязныя адносіны;

5. Нямецкае франтавое камандаваньне Сярэдняга фронту ёсьць супраць тэрарыстычных акцыяў СС і СД;

6. Паміж франтавым нямецкім камандаваньнем і гітлераўскім штабам зь ягонымі аддзеламі СС і СД павінен надысьці канчатковы канфлікт, у выніку якога гітлераўскі рэжым будзе зьменены новым дэмакратычным урадам;

7. Лягічным ёсьць, што Захад павінен разумець маскоўска-камуністычную небясьпеку для ўсяго сьвету і не дапусьціць яе ўзмацненьня. У выніку гэтых гістарычных падзеяў новы нямецкі ўрад заключыць пакт з заходнімі дзяржавамі, каб супольнымі сіламі, у саюзе з паняволенымі Масквою народамі, перамагчы і зьнішчыць камуністычны рэжым і аднавіць вольныя і незалежныя рэспублікі;

8. Заданьнем і мэтай Беларускай Незалежніцкай Партыі і далей ёсьць выкарыстаць гэтыя гістарычныя падзеі, арганізаваць і сцэментаваць Беларускія Збройныя Сілы і актыўна ўключыцца ў гэтую апошнюю фазу вайны супраць ворагаў беларускай незалежнасьці;

9. Узмоцніць стараньні ўтварыць беларускі дзяржаўны ўрад, які б злучыў усе народныя сілы і натуральныя багацьці для здабыцьця вольнасьці і незалежнасьці;

10. Навязаць кантакт з заходнімі дзяржавамі і паведаміць ім, што беларускі народ і ягоныя збройныя сілы змагаюцца супраць камуністычнай Масквы за сваю вольнасьць і незалежнасьць, а ня супраць вольных дзяржаў сьвету;

11. Выяўляць шкоднасьць русафільскай акцыі прапагандовага аддзела галоўнага вайсковага кіраўніцтва ў Бэрліне і ягоных пададдзелаў на тэрыторыі ўсходняй франтавой частцы Беларусі абсаджаных балтыйскімі і “рускімі” немцамі;

12. Не дапушчаць да нішчэньня праз СС жыхароў Беларусі, а таксама не дапушчаць да самавольнага рабаўніцтва жывёлы праз нямецкія вайсковыя часткі і г.д. у мясцовага насельніцтва; для гэтай мэты арганізаваць тайныя аддзелы БНП – беларускай антыфашысцкай партызанкі;

13. Выдаваць тайны Бюлетэнь БНП;

14. Для поўнага азнаямленьня з сітуацыяй у Генэральным Камісарыяце Беларусі і для каардынацыі працы БНП ва ўсходняй і заходняй частках Беларусі пастаноўлена зрабіць паседжаньне ЦК БНП увосень 1942 г. у Менску;

15. Навязаць цясьнейшыя кантакты з патрыятычным актывам паняволеных Масквою народаў з мэтай каардынацыі змаганьня за вольнасьць і незалежнасьць Беларусі.

Пасьля гэтай нарады я і Міхась Вітушка вярнуліся ў Смаленск упэўненыя, што беларусы Віцебшчыны салідарныя з усім беларускім народам у барацьбе за вольнасьць і незалежнасьць Беларусі.

Тайная нарада сяброў ЦК БНП у Менску

Тайная нарада ЦК БНП, на якой прысутнічалі я, Усевалад Родзька, Міхась Вітушка, Юліян Саковіч і Рыгор Зыбайла[10], адбылася 10 кастрычніка 1942 г. у Менску. Была сьцьверджана, што:

а) у сувязі з негатыўнай палітыкай Бэрліна да незалежніцкага імкненьня беларускага народу ўзмацняюцца карныя экспэдыцыі СС супраць жыхароў Беларусі;

б) гэтыя карныя экспэдыцыі СС выклікаюцца правакатарскімі дзеяньнямі маскоўскага партыйнага дэсанта (забойствамі немцаў пры вёсках), якія сілай і тэрорам і іншымі сродкамі змушаюць беларусаў далучацца да лясных бандаў, арганізаваных дэсантам;

в) беларускі народ, які апынуўся паміж чырвоным молатам і брунатным накавадлам Бэрліна, чакае дапамогі ад свайго палітычнага актыву.

Былі адзначаныя частковыя саступкі нямецкай акупацыйнай улады Генэральнага Камісарыяту Беларусі ў галінах царкоўнага і асьветнага жыцьця беларускага насельніцтва.

Пастаноўлена:

а) прысьпешыць утварэньне Беларускіх Збройных Сілаў у Генэральным Камісарыяце Беларусі, неабходных для здабыцьця вольнай Беларусі і адначасна для аховы насельніцтва ад тэрору маскоўскага дэсанту, самаволі СС і СД, правакацыяў і забойстваў беларусаў польскімі шавіністамі;

б) прыскорыць утварэньне вольнага беларускага ўраду, які зможа змабілізаваць усе народныя сілы і прыродныя багацьці Беларусі для барацьбы з маскоўскім камуністычным рэжымам і супраць усіх панявольнікаў Беларусі;

в) узмацніць падрыхтоўку беларускіх патрыятычных партызанскіх аддзелаў для барацьбы супраць ўсіх панявольнікаў за вольную Беларусь і правядзеньня мэты і заданьня Беларускай Незалежніцкай Партыі.

Беларускі сьвядомы актыў, не зважаючы на вялікую небясьпеку цяжкіх рэпрэсіяў з боку фашысцкага рэжыму, сьмела і адкрыта выказаў жаданьне ўтварыць беларускі легітымны ўрад і аднавіць вольную і незалежную Беларускую Народную Рэспубліку.

Увосень 1942 г. др. Іван Ермачэнка[11], галоўны кіраўнік Беларускай Народнай Самапомачы, склікаў у Менску нараду кіраўнікоў БНС, каб высьветліць сітуацыю і настрой насельніцтва ў акругах Генэральнага Камісарыту Беларусі, а таксама, каб абмеркаваць справу раптоўнага пашырэньня “партызанскіх” банд і супольна вырашыць магчымасьці абароны жыхароў ад гэтых бандаў і ад іншых цяжкасьцяў.

Я таксама прымаў удзел на нарадзе кіраўнікоў БНС[12].

Кіраўнікі БНС у сваіх дакладах зацьвердзілі, што галоўнай прычынай пашырэньня маскоўскай “партызанкі” ёсьць расчараваньне жыхароў Беларусі нямецкай палітыкай адносна сучаснасьці і будучыні беларускага народу. Насельніцтва спадзявалася, што немцы прынясуць вызваленьне ад польска-панскага і маскоўска-камуністычнага прыгнёту і дапамогуць адбудаваць вольную і незалежную Беларускую Рэспубліку. Немцы жа на Беларусі сваімі карнымі экспедыцыямі і падтрымкай польскіх шавіністаў, якія захапілі адміністрацыйныя пасады і паліцыю амаль ва ўсіх гарадах і гмінах заходняй часткі Беларусі, нішчылі беларускі актыў і беларускае насельніцтва, выклікалі моцны недавер да сябе і да сваёй палітыкі адносна будучыні Беларусі. Масква ж выкарыстоўвае гэты недавер насельніцтва да немцаў, высылае самалётамі на Беларусь партыйных інструктараў, якія арганізуюць на Беларусі “партызанскія” банды з так званых “акружэнцаў”, з палонных чырвонаармейцаў, якім ўдалося ўцячы са страшных лягераў, куды яны дабраахвотна здаваліся, ня жадаючы змагацца за камуністычны маскоўскі рэжым, і дзе іх спаткаў страшэнны тэрор фашысцкага СС. Гэтыя банды тэрарызуюць мясцовае насельніцтва і пад пагрозай сьмерці і зьдзеку над сем’ямі, вымушаюць жыхароў вёсак уступаць ў іх шэрагі. Калі тэрор не дапамагае, дэсантоўцы правакацыйна забіваюць каля вёсак немцаў, каб выклікаць тэрор аддзелаў СС супраць мясцовага насельніцтва. Жыхары вымушаны ўцякаць у лес і такім чынам далучацца да лясных бандаў. Бэльгійскай зброі зь пяцьцю ці дзесяцьцю патронамі, якую немцы выдавалі вясковай самаахове для абароны ад нападаў лясных бандаў, было недастаткова. З большага беларускі народ у Генэральным Камісарыяце Беларусі застаўся пасіўным да немцаў і да маскоўскага дэсанта.

Пасьля дакладу акруговых Кіраўнікоў БНС я выступіў з прамоваю аб сітуацыі ў Бранскай і Смаленскай акругах у канцы 1941 і на пачатку 1942 гг., дзе ў той час была падобная праблема, як і ў Генэральным Камісарыяце. Але пры поўным разуменьні ваенным камандаваньнем Сярэдняга фронту важнай і рашаючай ролі ў барацьбе з бальшавіцкай Масквою беларускага насельніцтва і пры іх маўклівай падтрымцы я хутка арганізаваў Беларускае Краёвае Войска (ОД), узброіўшы яго трафэйным чырвонаармейскім арсеналам. Арганізацыя гэтай Беларускай Збройнай Сілы, як у Браншчыне, так і ў Смаленшчыне, праходзіла пад заклікам вызваленьня ад маскоўска-камуністычнага рэжыму і ад кожнага іншага акупанта краю. Толькі такі кліч мог падняць жыхароў гэтых акругаў на барацьбу з іхнім ворагам - камуністычнай Масквою. Хутка пад зброяй стаяла 35-тысячнае Беларускае Краёвае Войска, якое кантралявала гэтыя, ачышчаныя ад лясных бандаў, акругі. […]

Далей я падкрэсьліў, што для поўнага зьнішчэньня “партызанскіх” бандаў патрэбна поўная мабілізацыя народных сілаў Беларусі і радыкальная зьмена палітыкі Бэрліна да насельніцтва. Патрэбна, каб народ адчуў, што немцы занялі Беларусь, каб яе вызваліць ад камуністычнай дыктатуры Масквы, а не для таго, каб яе паняволіць. Патрэбна стварэньне беларускага ўраду, які б змабілізаваў увесь народ на барацьбу з Масквою за вольнасьць і незалежнасьць. Толькі такім чынам насельніцтва возьмецца за зброю і само разаб’е “партызанскія” банды. […]

Я прапанаваў зьезду выслаць нямецкаму ўраду ў Бэрліне Мэмарандум-Ноту, у якой неабходна падкрэсьліць, што беларускі народ толькі тады падымецца на барацьбу супраць маскоўска-камуністычнага рэжыму, калі яго беларускі ўрад пакліча змагацца за сваю дзяржаву. Гэтыя прапановы былі прыняты зьездам кіраўнікоў БНС аднагалосна. Гэта сьведчыла пра тое, што такая была ня толькі мая думка, але ўсяго адказнага актыву, а таксама ўсяго беларускага народу.

Для распрацоўкі гэтага Мэмарандума-Ноты зьезд выбраў Камісію ў складзе: Др. Івана Ермачэнкі – старшыні камісіі, Барыса Рагулі і мяне, як сяброў камісіі, а таксама суддзьдзі Паўла Сьвірыда, праўнага дарадчыка камісіі[13].

Камісія апрацавала Мэмарандум у якім сьцьвярджалася:

1. Лясныя банды на Беларусі арганізуюць маскоўскія партыйныя дэсанштоўцы з т. зв. “акружэнцаў” і ваеннапалонных чырвонаармейцаў.

2. Масква выкарыстоўвае для сваёй антынямецкай прапаганды сярод насельніцтва яскравыя прыклады нямецкай каланізацыйнай палітыкі на Беларусі і зьнішчэньне мірнага насельніцтва. У выніку, насельніцтва, якое спачатку прыхільна ставілася да нямецкай арміі-вызваліцельніцы ад маскоўска-камуністычнай улады і гатовае было збройна змагацца супраць Масквы, вымушана ісьці ў лясныя банды, што садзейнічае іх росту.

3. Толькі спыненьне нямецкага тэрору над насельніцтвам, ясная нямецкая палітыка адносна будучыні народу, якая будзе гарантаваць аднаўленьне вольнасьці і незалежнасьці Беларусі і пакліканьне праз народ вольнага беларускага ўраду, змабілізуе ўсе народныя сілы для барацьбы з Масквою і зьнішчэньня на Беларусі лясных бандаў.[…]

У апрацоўцы гэтага мэмарандума камісія заняла патрыятычную і ясную пазіцыю. Сябры камісіі спыняліся на кожным слове “ноты”, каб не прынізіць годнасьць беларускага народу, годнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. Мы безкампрамісна прытрымліваліся прынцыпу аднаўленьня вольнасьці і незалежнасьці беларускай дзяржавы.

Пасьля канчатковага сфармуляваньня “ноты” зьезд аднагалосна яе ўхваліў і пастанавіў выслаць нямецкаму ўраду праз Генэральнага Камісара Беларусі Вільгельма Кубэ[14], а дзьве копіі даручыць адпаведным вайсковым і палітычным чыньнікам.

Як потым стала вядома, гэтая “нота” моцна занепакоіла Маскву. Быў дадзены загад агентам забіць Кубэ і ліквідаваць беларускі патрыятычны актыў, каб завострыць адносіны паміж беларусамі і нямецкай акупацыйнай уладаю, а таксама, каб тэрорам утрымаць беларускіх дзеячоў ад актыўных дзеяньняў у накірунку аднаўленьня вольнай беларускай дзяржавы.

Прадстаўнікі БНС вярнуліся дадому з надзеяй на паляпшэньне адносінаў немцаў да насельніцтва Беларусі і хуткае ўтварэньне беларускага дзяржаўнага ўраду, які ачоліць беларускі народ у барацьбе за дзяржаўную незалежнасьць. Таму з новымі сіламі і энэргіяй прыступілі да працы па наладжваньні парадку і дапамогі жыхарам сваіх акругаў.

Аднак галоўная лінія і палітыка Бэрліна адносна будучыні Беларусі не зьмянілася. Бэрлін разлічваў выключна на свае сілы… Нямецкія чыньнікі за сваю прыхільнасьць да выказаных у мэмарандуме нашых пажаданьняў былі зьняты са сваіх пасадаў і высланы з Беларусі. Др. Іван Ермачэнка быў таксама вымушаны пакінуць Беларусь і выехаў у Чэхаславаччыну. Ягонае месца пераняў Юры Сабалеўскі[15]. А адданага беларускага патрыёта, сябра ЦК БНП Юльляна Саковіча ліквідавала куля польскай шавіністычнай партызанкі.

Далейшая дзейнасьць у франтавой зоне пасьля адбытага ў Менску Аўтакефальнага Ўсебеларускага Сабору

Пасьля адбыўшагася ў Менску (жнівень 1942 г.) Аўтакефальнага Усебеларускага Царкоўнага Сабору Праваслаўнай Царквы я разам з япіскапам Сьцяпанам[16] вярнуўся ў Смаленск.

Япіскап Сьцяпан з новымі духоўнымі сіламі прыступіў да ўмацаваньня ў вайсковай зоне Беларусі Праваслаўнай Беларускай Царквы. Ён адчыняў цэрквы, заарганізоўваў прыходы і адпраўляў набажэнствы там, дзе не было праваслаўных сьвятароў. Я езьдзіў зь ім і імкнуўся ўсімі сродкамі дапамагчы яму ў гэтай самаадданай працы. На жаль, у гэтай архіпастырскай дзейнасьці ён не атрымаў належнай дапамогі ад іншых беларускіх япіскапаў.

Так архіяпіскап Магілёўскі і Мсьціслаўскі Філафей (Нарко)[17] і япіскап Віцебскі і Полацкі Апанас (Мартас)[18] ніводнага разу не наведалі нават свае епархіі, у якіх царкоўнае жыцьцё была наладжана яшчэ за часамі польскай акупацыі[19]. Япіскап Апанас меў добрую магчымасьць наведаць Віцебск, дзе акруговым намесьнікам быў Усевалад Родзька. Таксама архіяпіскап Філафей меў магчымасьць наведаць у 1943 г. магілёўскую епархію, дзе ў той час працаваў я. Тут ён сваёю архіярэйскай візітацыяй і сваімі царкоўна-патрыятычнымі казаньнямі ў цудоўным магілёўскім саборы мог бы духоўна ўзмоцніць праваслаўную веру і беларускі нацыянальны дух вернікаў, бо там былі няспынныя тэрарыстычныя напады на беларускіх сьвятароў і іх забойствы маскоўскімі бязбожнымі ляснымі бандамі, а таксама тэрарыстычнымі акцыямі нямецкага СС, якія былі справакаваныя праз гэтыя банды і дзеяньні польскіх шавіністаў. На жаль, ён гэтай магчымасьці, як і Апанас, ня выкарыстаў.

У сваёй вайсковай і нацыянальнай дзейнасьці я надаваў асаблівую ўвагу тром галоўным напрамкам:

1. Ахова жыхароў Смаленшчыны як ад нападаў маскоўскіх узброеных бандаў, так і ад лютых акцыяў нямецкага СС.

2. Узмацненьне збройнае і колькаснае баявых батальёнаў Краёвага Беларускага Войска – ОД (на большае за батальённае згрупаваньне Краёвага Беларускага Войска – ОД, як і на вайсковыя згрупаваньні з ваеннапалонных, нямецкае франтавое камандаваньне, згодна загаду Вярхоўнага камандаваньня ў Бэрліне, не згаджалася). Пашырэньне і арганізацыю па ўсіх важных пунктах Смаленшчыны вайсковых падафіцэрскіх курсаў байцоў Краёвага Беларускага Войска – ОД. У гэты час лічба Краёвага Беларускага Войска – ОД Смаленшчыны даходзіла да 30 тыс. чалавек[20].

3. Пашырэньне тайнай сеткі БНП на ўсім абшары сярэдняга фронту з мэтай палітычна-патрыятычнага выхаваньня байцоў Беларускага Краёвага Войска (БКВ) – ОД і арганізацыі актыўнай антысталінскай партызанкі, з якой бы ў патрэбным палітычным выпадку лічыліся заходнія дзяржавы падчас супольнай барацьбы супраць камуністычнай Масквы[21].

Пры штабе БКВ-ОД быў арганізаваны аддзел вайсковай контрвыведкі, які дастаўляў важныя зьвесткі аб рухах “партызанаў” і Чырвонай Арміі ў абсягу лініі фронту. “Лятучыя” атрады БКВ-ОД, складзеныя з мясцовых сялян, так званых “вяртанцаў”, былых “партызанаў”, кантралявалі і ахоўвалі Смаленскую акругу ад неспадзяваных нападаў лясных бандаў і рэгулярных аддзелаў Чырвонай Арміі на жыхароў Смаленшчыны. Усё мясцовае насельніцтва дапамагала гэтым “лятучым” атрадам у барацбе за свой спакой і вольнасьць Беларусі[22].

Я з дапамогай япіскапа Сьцяпана наладжваў для БКВ-ОД набажэнствы і царкоўныя сьвяты, асабліва падчас Калядаў, Вялікадня і Сёмухі. На гэтае быў атрыманы дазвол і падтрымка генэралаў Пооля і Тэсмера. Байцы і камандзіры БКВ-ОД былі задаволены адносінамі да іх свайго камандаваньня, немцаў і насельніцтва, якое яны ахоўвалі ад тэрору СС і лясных бандаў. Таксама патрыятычнае выхаваньне празь сяброў БНП упэўніла іх у тым, што яны ёсьць перадавое беларускае войска, якое змагаецца за вольнасьць і аднаўленьне сваёй беларускай дзяржавы. Гэта быў адкрыты пароль, які я разам зь Міхасём Вітушкам пашыралі сярод байцоў і камандзіраў Беларускага Краёвага Войска – ОД. Гэта была небясьпечная палітычная лінія, але яе неафіцыйна падтрымлівала галоўнае франтавое камандаваньне, асабліва генэрал Тэсмер і смаленская фелькамэндатура[23].

Сетка БНП хутка пашырылася па ўсёй Смаленшчыне. Праз Рослаўль, які належыў да Смаленскай акругі, я меў сталую лучнасьць з сябрамі БНП Бранскай акругі[24].

ЦК БНП працаваў па раней выпрацаваным плане ў напрамку арганізацыі Збройных Беларускіх Сілаў і пашырэньні сеткі БНП для ўзмацненьня дзейнасьці антыкамуністычнай і антыфашысцкай партызанкі ў залежнасьці ад бегу вайскова-палітычных падзеяў. Аднак для мабілізацыі ўсіх народных сілаў і рэсурсаў Беларусі патрэбны быў беларускі ўрад. Канчатковай пастановы па вылучэньні асобы, якая б першапачаткова ўзначаліла гэты ўрад, ЦК Беларускай Незалежніцкай Партыі яшчэ не вынес. Каб прыняць такое рашэньне патрэбны быў пэўны час для назіраньня за палітычнай і адміністрацыйнай дзейнасьцю вядучых беларускіх дзеячоў.

Аднак час хутка мінаў. Згодна з верагоднымі вайсковымі крыніцамі, ў франтавых колах здавалася, што ў нямецкай нутранай і вонкавай заходняй палітыцы могуць адбыцца радыкальныя зьмены: гітлераўскі рэжым будзе заменены дэмакратычным вайсковым урадам, які заключыць мір з заходнімі дзяржавамі. Якія, у сваю чаргу, разумеюць вялікую небясьпеку для вольнага свету ў пашырэньні імпэрыялістычнага маскоўскага камунізму. Меркавалася, што немцы супольна з заходнімі саюзнікамі, з дапамогай арганізаваных вайсковых сілаў паняволеных Масквою народаў, разаб’юць сталінскі камуністычны рэжым і зьнішчаць сусьветную камуністычную пагрозу для ўсяго свету[25].

У выпадку, калі ня дойдзе да вайсковага путчу нямецкай арміі, тады застаецца другая магчымасьць для аднаўленьня вольнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Мы былі ўпэўнены, што заходнія адказныя дзяржаўныя асобы разумеюць маскоўска-камуністычную небясьпеку для ўсяго сьвету, і супольна зь немцамі, ці пасьля перамогі над Гітлерам, дапамогуць паняволеным Масквою народам адбудаваць сваю дзяржаўнасьць[26].

Пасьля доўгага і ўсебаковага аналізу дзейнасьці паасобных беларускіх палітычных і адміністратыўных дзеячоў, сябры ЦК Беларускай Незалежніцкай Партыі прыйшлі да высновы, што ў сучасны момант найбольш адпаведнай асобай, здольнай ачоліць беларускі ўрад, ёсьць Радаслаў Астроўскі[27]. (Вітушка ведаў Радаслава Астроўскага яшчэ з 1927 – 1928 г. з Віленскай Беларускай Гімназіі. Ён спачатку вельмі скептычна да яго ставіўся, нават нейкі час быў супраць таго, каб Краац браў Р. Астроўскага ў вайсковую зону. Аднак пасьля ўсебаковага разгляду гэтай справы мы з Вітушкам вырашылі гэтае пытаньне перад Г.Краацам не падымаць (хаця з маёй думкай Краац лічыўся), і ўтрох выехалі ў вайсковую зону Беларусі.)

Працуючы з Астроўскім амаль два гады на фронце і жывучы гэты час пад адным дахам, абменіваючыся зь ім думкамі і меркаваньнямі пра ўсе палітычныя і грамадзкія праблемы і справы, мы лепш даведаліся адзін аднаго. І, нарэшце, распавялі яму пра існаваньне на Беларусі тайнай арганізацыі Беларускай Незалежніцкай Партыі і пра яе пляны. Мы прапанавалі яму ў патрэбную “Х”-хвіліну, узначаліць беларускі ўрад. Радаслаў Астроўскі прыняў гэтую прапанову, бо быў упэнены, што яго падтрымае і палітычна, і збройна шматтысячнае Беларускае Краёвае Войска – ОД[28].

Мы прапанавалі Радаславу Астроўскаму, пакінуць франтавую зону нібыта з нагоды хваробы і неабходнасьці вярнуцца ў Баранавічы да дачкі і зяця (Мікалая і Галіны Мінкевічаў – рэд.), дактароў мэдыцыны, на “лячэньне”. А на самой справе, каб вычакаць момант і быць на месцы падчас меркаваных палітычных зьменаў. Тады ў належную хвіліну ён зможа вясьці адпаведныя перамовы з новым нямецкім урадам ці з заходнімі сіламі пра далейшае супольнае змаганьне беларускага народу супраць сталінскага рэжыму, за аднаўленьне Беларускай Народнай Рэспублікі[29]. Астроўскі з такой прапановай пагадзіўся і пачаў падрыхтоўваць Г. Крааца да свайго ад’езду з франтавой зоны ў Баранавічы для “лячэньня”. Нарэшце, у кастрычніку 1943 г. ён выкарыстаў пераезд Крааца з Магілёва і, згодна нашай з ім дамоўленасьці, пакінуў франтавую зону і выехаў на “лячэньне”.

Пашырэньне сеткі БНП і рэарганізацыя БКВ-ОД (4-ты аддзел у Магілёўскай акрузе).

У ліпені 1943 г. Краац быў пераведзены са Смаленску ў Магілёў, куды таксама пераехаў генэрал Тэсмер. Мне таксама было запрапанавана пераехаць у Магілёў і дапамагчы насельніцтву франтавой зоны Беларусі.

Я прайшоў паўторныя афіцэрскія курсы пры франтавым штабе і быў прызначаны генэральным інспэктарам Беларускага Краёвага Войска (БКВ), так званага “4-га аддзелу ОД”, на ўсёй франтавой зоне Беларусі. Гэта мне дало магчымасьці пашырыць і ўмацаваць Беларускае Краёвае Войска, а таксама пашырыць сетку БНП па ўсёй гэтай зоне[30]. Адначасова, згодна плану ЦК БНП, пачалася праца па пашырэнню тайных партызанскіх антыкамуністычных атрадаў, якія б у належную хвіліну змагаліся за вольную Беларусь.

У Магілёўскай акрузе БКВ – 4-ты аддзел ОД ня меў мэты змаганьня і не падтрымліваўся насельніцтвам, бо меў выключна вайсковае заданьне і ўзначаліваўся пераважна расейцамі. Расейскія камандзіры ОД былі безыніцыятыўныя і сядзелі бязвыездна ў раённых цэнтрах[31]. Я адразу рэарганізаваў акруговае ОД – 4-ты аддзел такім чынам, каб ён мог змагацца за вызваленьне сваёй Бацькаўшчыны ад акупантаў. Быў рэарганізаваны аддзел контрвыведкі, і ўжо хутка стала бачна поўная карціна ва ўсіх акругах франтавой зоны Беларусі, уключна Гомельшчыны і часткі Чарнігаўшчыны.

Са Смаленску я выклікаў свайго намесьніка Міхася Вітушку, які пачаў мне дапамагаць. Беларускае Краёвае Войска хутка павялічвалася[32]. На наш заклік да “партызанаў” хутка пачалі вяртацца з лесу жыхары пад прымусам забраныя маскоўскім дэсантам у лясныя банды і тыя, хто хаваліся ад тэрору СС. Яны ўступалі ў рады БКВ і рабіліся адданымі змагарамі за лепшую долю свайго народу і Бацькаўшчыны. Не было зь іх боку ніводнай здрады[33]. Жаўнеры БКВ і насельніцтва ўсходніх абшараў адразу адчулі, што маюць пэўную мэту змаганьня, падтрымку і дапамогу свайго беларускага галоўнага вайсковага прадстаўніка. Я выкарыстоўваў сваё становішча Інспэктара ўсяго Беларускага Краёвага Войска, ўмацоўваў сярод жаўнераў БКВ і насельніцтва веру ў лепшую будучыню сваёй незалежнай і вольнай Беларусі. […]

Згодна з пастановай ЦК БНП ад 29.VII.1942 г. у Віцебску аб узмацненьні лучнасьці з паняволенымі Масквою народамі, мы пачалі наладжваць сувязі з Украінскай Паўстанцкай Арміяй (УПА)[34]. У лістападзе 1943 г. я выслаў у Жытомірскія лясы на зьезд вайскоўцаў паняволеных Масквою народаў, які мусіў адбыцца 22-23 лістапада ў галоўнай кватэры УПА, дэлегацыю ад Беларускай Незалежніцкай Партыі. БНП прадстаўлялі капітан В. Ермаковіч і ст. лейтэнант Г. Маліноўскі, іх асноўным заданьнем было навязаваньне цясьнейшай каардынацыйнай вайсковай працы паміж Беларускім Краёвым Войскам (рэпрэзэнтаваным праз БНП) і Ўкраінскай Паўстанцкай Арміяй і іншымі вайсковымі злучэньнямі. На зьезьдзе быў узгоднены супольны вайсковы план для вызваленьня Беларусі, Украіны і ншых народаў і аднаўленьня вольных і незалежных рэспублікаў. Была ўтворана вызвольная рэвалюцыйная арганізацыя – Антыбальшавіцкі Блок Нацыяў, у якую таксама ўвайшла Беларуская Незалежніцкая Партыя, як рэпрэзэнтантка Беларусі. Ад імя БНП рэзалюцыю зьезду падпісаў дэлегат БНП – капітан В. Ермаковіч – пад псэўданімам “Дружны”.

Пераезд у Менск

У канцы сьнежня 1943 г. зноў пачалося адступленьне. Я і Міхась Вітушка разам з генэралам Тэсмерам пераехалі ў Менск.

Уладзіўшы галоўную кватэру Беларускага Краёвага Войска-ОД у Менску, я няспынна выяжджаў у франтавую зону, дзе знаходзіліся баявыя сілы БКВ-ОД. Нягледзячы на цяжкія франтавыя ўмовы, на паступовае адступленьне франтавых нямецкіх частак, адыход БКВ з Бранска, Смаленска і Гомеля, баявы дух байцоў і камандзіраў Беларускага Краёвага Войска не зьнізіўся, а наадварот, узмацніўся. Ніхто не хацеў сталінскай дыктатуры, асабліва пасьля таго, як я пашырыў сетку БНП сярод БКВ і замяніў чужацкі заклік сваім родным беларускім клічам – змаганьня за аднаўленьне сваёй вольнай беларускай дзяржавы. Патрыятычны дух слаўных случчакоў быў ім прыкладам у змаганьні за шчасьце свайго краю і свайго народу[35]. Тым больш, што байцы і камандзіры Беларускага Краёвага Войска і насельніцтва франтавой зоны Беларусі бачылі, што мы дбалі аб іх, былі зь імі, дапамагалі БКВ і народу ў гэтай цяжкай хвіліне – не пакідалі іх.

Празь мясцовыя раённыя і акруговыя ўправы я дапамагаў сем’ям жаўнераў БКВ-ОД выехаць з франтавой зоны, а таксама паведаміў усім акруговым камандзірам БКВ-ОД, каб усім жаўнерам, якія выявілі жаданьне суправаджаць свае сем’і, не рабіць у гэтым перашкодаў, і каб яны маглі атрымаць адпаведныя прапускі на выязд зь сям’ёю. Са свайго боку, пры дапамозе генэрала Тэсмера я пастараўся, каб адпаведныя нямецкія камэндатуры выстаўлялі ім прапускі на выезд у Генэральны Камісарыят Беларусі, у Польшчу, Чэхаславаччыну, Нямеччыну. Жаўнеры ўступалі ў шэрагі БКВ – ОД дабраахвотна, таму выхад з шэрагаў Беларускага Краёвага Войска быў таксама дабраахвотны і не караўся. Жаўнеры атрымоўвалі пасьведчаньні пра звальненьне з БКВ-ОД.

Я спадзяваўся на хуткія палітычныя зьмены ў Бэрліне і на стварэньне супольнага антыкамуністычнага фронту Захада супраць тырана-злачынцы Сталіна і ягонага бальшавіцка-камуністычнага рэжыму. У гэтыя крытычна-небясьпечныя хвіліны Беларускія Збройны Сілы былі неабходнымі, на жаль, у Заходняй Беларусі, дзе была цывільная ўлада Генэральнага Камісарыяту Беларусі, сканцэнтраванага беларускага войска не было.

Я са сваёю аховаю, былымі савецкімі камандзірамі, наведаў усе пункты размяшчэньня БКВ-ОД: у Смаленшчыне, Віцебшчыне, Гомельшчыне, Барысаўшчыне. Пасьля адступленьня немцаў з Бранска і Смаленска ў верасьні 1943 г. лічба Беларускага Краёвага Войска ў франтавой зоне Беларусі пераважала 100 000 чалавек:

Бранская вобласьць – 10.000 (адступіла) чалавек;

Смаленская вобласьць з Раслаўем – 25.000 (адступіла) чалавек;

Магілёўская вобласьць – 17.000 (адступіла) чалавек;

Гомельская вобласьць – 20.000 (адступіла) чалавек

Віцебская вобласьць – 15.000 (адступіла) чалавек;

Аршанская вобласьць – 7.000 (адступіла) чалавек;

Бабруйская вобласьць – 7.000 (адступіла) чалавек;

Барысаўская вобласьць – 3.000 (адступіла) чалавек[36].

Сябры БНП атрымалі ад ЦК БНП адпаведныя інструкцыі пра сваю далейшую дзейнасьць пасьля адступленьня БКВ-ОД зь Беларусі. Яны супольна з пазасталымі жаўнерамі БКВ-ОД пашыралі рады антыбальшавіцкіх і антысталінскіх партызанскіх аддзелаў, якія больш ці менш актыўна, у залежнасьці ад замежных варункаў, дзейнічалі ў тыле бальшавікоў. У асноўным яны дапамагалі насельніцтву бараніцца ад лютага НКВД[37].

Яшчэ была надзея, што Захад разумее камуністычна-сталінскую небясьпеку і выпрацуе адпаведныя ўмовы, каб супольна з паняволенымі народамі перамагчы камуністычнага і імперыялістычнага ворагу сьвету. Таму сябры БНП, якія апынуліся за мяжою Беларусі, павінны былі мець адпаведныя кантакты з Захадам і даваць інструкцыі сваім пазасталым на Беларусі сябрам[38].

Гэтая вызвольная праца была нялёгкай і пагражала вялікай небясьпекай з боку СС і СД. Аднак у гэтыя цяжкія і небясьпечныя хвіліны патрэбна было ратаваць народ і думаць пра вызваленьні сваёй Бацькаўшчыны ад фашысцкага, бальшавіцкага і шавіністычна-польскага паняволеньня Беларусі. […] Неабходна было дапамагчы беларускаму народу, дружнай сям’ёй злучыцца і арганізаваць Беларускія Збройныя Сілы, якія б мелі заданьне выканаць гэты вялікі акт аднаўленьня беларускай дзяржавы. Для гэтага былі патрэбны беларускія змагарныя цэнтры і вольны беларускі ўрад (БЦР)[39], які б змабілізаваў усе сілы народа для аднаўленьня Беларускай Народнай Рэспублікі.

Цэнтральнае кіраўніцтва – Беларуская Цэнтральная Рада

Франтавыя вайсковыя падзеі хутка разгортваліся. У Менску на месцы забітага бальшавікамі Генэральнага Камісара Кубе быў вызначаны брыгадэнфюрэр СС фон Готбэрг[40]. Пад націскам трагічнай для немцаў вайсковай сітуацыі на Ўсходнем фронце фон Готбэрг пастанавіў выкарыстаць патрыятычнае пачуцьцё беларускага народу і ягонай непрымірымасьці да камунізму і сталінскай лютай дыктатуры. Ён запрапанаваў беларускаму патрыятычнаму актыву змабілізаваць усе народныя сілы, каб супольна затрымаць маскоўска-бальшавісцкі наступ. Каб выкарыстаць і адпаведна зрэалізаваць магчымасьць утварэньня беларускага цэнтральнага кіраўніцтва (БЦР), Юры Сабалеўскі – кіраўнік Беларускай Народнай Самапомачы і Шкялёнак[41] запрапанавалі беларускаму актыву паклікаць у Менск Радаслава Астроўскага і запрапанаваць яму ачоліць Беларускую Цэнтральную Раду. […]

Радаслаў Астроўскі, атрымаўшы тэлеграму ад Юрыя Сабалеўскага і Шкялёнка, неадкладна прыехаў у Менск. Пасьля нарады з беларускім актывам (я зь Вітушкам быў у прыфрантавой зоне) і Готбэргам, а таксама маючы на ўвазе мой досьвед арганізацыі 100000 арміі – Беларускага Краёвага Войска - ОД і жаданьне народу змагацца супраць камуністычнага рэжыму, ён прыняў прапанову ўзначаліць Беларускую Цэнтральную Раду, аднак абумовіў гэтую згоду трыма пунктамі:

1. Дапамагчы Беларускай Цэнтральнай Радзе ўзброіць Беларускую Збройную Сілу - Беларускую Краёвую Абарону[42], бо Беларускае Краёвае Войска – ОД ужо мела зброю.

2. Беларуская Збройная Сіла павінна змагацца выключна на Ўсходнем фронце, супраць сталінскага рэжыму, а не на Заходнем супраць сілаў альянсу.

3. Скліканьне праз БЦР Другога Ўсебеларускага Кангрэсу, які свабодна выкажа волю беларускага народу адносна ягонай будучыні і свабодна выбярэ прэзыдэнта Беларускай Нацыянальнай Рады – вольнага беларускага ўраду.

Пасьля згоды Готбэрга прыняць гэтыя тры ўмовы Радаслаў Астроўскі ўзначаліў Беларускую Цэнтральную Раду і прыступіў да далейшай працы.

Радаслаў Астроўскі, абапіраючыся на мой досьвед арганізацыі збройных сілаў і патрыятычнай працы з вайскоўцамі і насельніцтвам, правёў нараду зь беларускім патрыятычным актывам. У выніку, 6 сакавіка быў выдадзены мабілізацыйны загад пра ўтварэньне Беларускай Краёвай Абароны. 7 сакавіка 1944 г. быў выдадзены загад пра пакліканьне ў Беларускую Краёвую Абарону (БКА) афіцэраў у веку да 56 гадоў, а 10 сакавіка абвешчаны днём мабілізацыі ў Беларускую Краёвую Абарону ўсіх мужчын народжаных у гадах ад 1908 да 1924 уключна. На гэтыя загады БЦР спантанна адгукнуўся беларускі народ у акругах, у якіх праводзілася мабілізацыя. Амаль сто адсоткаў пакліканых у БКА зьявіліся на зборныя пункты і выявілі сваё жаданьне змагацца за лепшую долю свайго народу, за ягоную вольнасьць[43]. Беларуская моладзь не пабаялася пагрозаў з боку сталінскіх бандаў і зьявілася ў БКА нават з раёнаў апанаваных бальшавіцкімі “партызанамі”. Так паўстала Збройнае Беларускае Войска ў акупаваным немцамі Генэральным Камісарыяце Беларусі. […]

Аднак узбраеньне БКА і сама мабілізацыя праз БЦР ў рады БКА патрэбных людзкіх сілаў напаткала з боку нямецкіх цывільных уладаў цяжкасьці. Пад уплывам полькіх шавіністаў, якія баяліся ўзмацненьня беларускіх узброеных сілаў, немцы затрымоўвалі на працы беларускіх мужчын і вызвалялі іх ад мабілізацыйнага абавязку. З другога боку, цывільныя нямецкія ўлады Генэральнага Камісарыяту Беларусі на сто адсоткаў былі адданыя, верныя і паслухмяныя Гітлеру і баяліся ўзброіць беларускі народ, каб ня страціць над ім сваёй улады.

Мэта беларускага патрыятычнага актыву, маладых беларускіх вайскоўцаў з радоў Беларускай Незалежніцкай Партыі (БНП) была - як мага хутчэй арганізаваць баявыя беларускія сілы, каб яны пры адпаведных палітычна-вайсковых умовах сталі на стражы абароны беларускага народу, на стражы межаў беларускай дзяржавы.

У сьпешным парадку вучыліся маладыя камандныя кадры і беларускія жаўнеры. Ужо хутка БКА, хоць слаба ўзброеная і абмундзіраваная, была ў стане абараніць беларускія вёскі ад нападу бальшавіцкіх бандаў.

Нязначная колькасьць беларускіх сьведамых святароў на чале з пратаярэям Лапіцкім[44], нягледзячы на тэрор Масквы і забойствы, выконвалі свой патрыятычна-духоўны абавязак сярод беларускага насельніцтва і жаўнераў беларускай арміі.

Другі Ўсебеларускі Кангрэс

Падзеі на фронце, недахоп інтэлігенцыі, якую зьнішчылі фізічна Сталін і Варшава, ускладнялі ўмовы скліканьня Другога Ўсебеларускага Кангрэсу, які трэба было правесьці як мага хутчэй. Аднак жаданьне і падтрымка народу давала сілу і энэргію беларускаму актыву для скліканьня гэтага Кангрэсу.

27 чэрвеня 1944 г., калі бальшавіцкая навала была каля сталіцы Беларусі, у Менску адбыўся гістарычны Другі Ўсебеларускі Кангрэс. Дэлегаты абмеркавалі ўсе дзеяньні Беларускай Цэнтральнай Рады і вызначылі яе на чале з прэзідэнтам БЦР дзяржаўным прадстаўніком беларускага народу да часу скліканьня Трэцяга Ўсебеларускага Кангрэсу.

Гэта былі велічныя хвіліны, калі вырашаўся лёс і будучыня беларускага народу. Прыгожа гучала па залі беларуская мова, хаця кожны свабодна мог гаварыць, як хацеў[45]. Беларускі народ паказаў сьвету, што, нягледзячы на страшны векавы прыгнёт, ня страціў сваёй народнай годнасьці, сваёй слаўнай мінуўшчыны – паўстаў ізноў, як у 1918 г. 25 сакавіка, так і цяпер 27 чэрвеня 1944 г., абвясьціў сьвету свае правы на вольнае жыцьцё ў вольнай і незалежнай Беларускай Народнай Рэспубліцы.

Беларускае Краёвае Войска (БКВ) з усходняй франтавой зоны Беларусі актыўна прымала ўдзел у працы Другога Ўсебеларускага Кангрэсу. Прадстаўнікамі БКВ-ОД і адначасна закансьпіраванымі прадстаўнікамі БНП былі: я, Дзімітры Касмовіч, інспэктар БКВ-ОД, сябра ЦК БНП; мой намесьнік па лініі БКВ-ОД Міхась Вітушка, сябра ЦК БНП; Усевалад Родзька - кіраўнік БНП.

Жаўнеры Беларускага Краёвага Войска прыслалі з Усходняга фронту прывітаньне дэлегатам Другога Ўсебеларускага Кангрэсу і выказалі салідарнасьць у прыняцьці ўсіх пастаноў Кангрэсу:

“Другому Ўсебеларускаму Кангрэсу ў Менску, вельмі паважанаму Гаспадару Прэзыдэнту Прафэсару Радаславу Астроўскаму.

Жаўнеры Парадкавай службы – першай Беларускай Збройнай Арганізацыі прысылаюць з усходняга фронту Другому Ўсебеларускаму Кангрэсу гарачае прывітаньне і жадаюць Яму поўнага посьпеху ў ягонай працы над адбудовай вольнай і незалежнай Беларусі. Прыракаем Усебеларускаму Кангрэсу поўную салідарнасьць у ягонай дзейнасьці і пастановах. Прыракаем сваю зброю ня выпусьціць з рук, пакуль не застанецца ніводнага ворага на нашай беларускай зямлі. Жыве Беларусь!

26.6.1944 г. Жаўнеры і афіцэры парадкавай службы, Усходні фронт”.

Гэты абавязак байцы і камандзіры Беларускай парадкавай службы – Беларускага Краёвага Войска – ОД ганарова выканалі. Яны ўвесь час вайны гераічна змагаліся на Ўсходнім фронце супраць ворага Беларусі № 1 – маскоўска-бальшавіцкага Сталінскага рэжыму. Нават пасьля заканчэньня вайны ў лясах пры дапамозе насельніцтва яны працягвалі барацьбу супраць камуністычнага акупанта за вольнасьць і незалежнасьць Бацькаўшчыны. Вораг быў мацнейшы, і яны злажылі сваё жыцьцё на аўтар сваёй Маці-Беларусі.

Яны несьлі з гонарам бел-чырвона-белы беларускі сьцяг – сімвал вольнасьці беларускага народу і яны перадалі яго ў спадчыну маладому беларускаму пакаленьню з запаветам несьці гэты сьцяг вольнасьці і незалежнасьці да канчатковай перамогі, каб гэты сьцяг вольнасьці разьвіваўся над ўсёю злучанай вольнай і незалежнай Беларусьсю, у якой беларускі народ, шануючы ўсе прыязныя яму нацыі, будзе гаспадаром, а не нявольнікам.

Чырвоны камуністычны панявольнік набліжаўся да Менску, але гэта не запужала дэлегатаў, бо патрыятычнае пачуцьцё заглушала страх. Пад грукат артылерыйскага агня і выбухі разрываючых бомбаў, прадстаўнікі народу з гонарам закончылі сваю гістарычную працу. Другі Ўсебеларускі Кангрэс вынес наступную рэзалюцыю, прынятую адзінагалосна ўсімі дэлегатамі:

“Другі Ўсебеларускі Кангрэс, сабраўшыся ў Менску праз чвэрць стагодзьдзя пасьля Першага Ўсебеларускага Кангрэсу і выслухаўшы даклады аб падзеях на Беларусі ў часе паміж абодвума Кангрэсамі, адзінагалосна пастанавіў:

1. Вызначыць правільнай і зноў падцьвердзіць гістарычную пастанову Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, якая маючы паўнамоцтвы Першага Ўсебеларускага Кангрэсу 1917, на сваім сходзе 25 сакавіка 1918 г. урачыста 3-й Устаноўчай Граматай вырашыла аб канчальным разрыве Беларусі з бальшавіцкай Масквою і расейскай дзяржавай ва ўсіх яе формах.

2. Падцьвердзіць, што беларускі народ ніколі не прызнаваў, не прызнае цяпер і ніколі не прызнае ў будучыні за форму сваёй беларускай дзяржаўнасьці накіненыя яму маскоўскімі захопнікамі формы БССР.

3. Паведаміць усе ўрады і народы сьвету, што голас Масквы і СССР у беларускіх справах ня мае ніякай праўнай сілы, а ўсе створаныя Масквою нібыта беларускія ўрады – ня маюць ніякіх праўных кампэтэнцыяў, бо не вызнаюцца беларускім народам.

Таму ўсе ўмовы, ці аднабаковыя пастановы ўрадаў: СССР, былой Польшчы і сучаснага, гэтак званага “эміграцыйнага ўраду Польшчы”, якія датычаць тэрыторыі Беларусі і беларускага народу і якія былі зроблены раней, або будуць зроблены ў будучыні, Другі Ўсебеларускі Кангрэс абвяшчае ня маючымі ніякай праўнай сілы; як ня будуць мець сілы і ўсялякія іншыя магчымыя спробы падзелу Беларусі з боку іншых дзяржаваў і народаў.

4. Адзіным праўным прадстаўніком беларускага народу і ягонага краю зьяўляецца сёньня Беларуская Цэнтральная Рада з прэзыдэнтам Радаславам Астроўскім на чале”.

30 чэрвеня 1944 г. Беларуская Цэнтральная Рада пад моцным напорам бальшавіцкага наступу вымушана была пакінуць Менск. Беларускае Краёвае Войска-ОД, Беларуская Афіцэрская Школа, Беларуская Краёвая Абарона і ўсе ўзброеныя фармацыі разам з франтавой арміяй пакідалі Беларусь. Аднак жаўнеры і цывільнае насельніцтва Беларусі працягвала верыць, што вольны Захад усё ж такі дапаможа перамагчы камуністычнага акупанта і аднавіць вольную беларускую дзяржаву.

Лёс сем’яў БКВ і БНП пасьля адступленьня зь Беларусі

Адступленьне немцаў з Усходняга фронта і тэрыторыі Беларусі выклікала вялікае перамяшчэньне ўзброеных вайсковых сілаў ня толькі нямецкай арміі, але і ўсіх вайсковых часткаў, складаных зь іншых народаў СССР, якія змагаліся супраць сталінскага рэжыму: вайсковых частак Беларускага Краёвага Войска, Беларускай Краёвай Абароны і іншых беларускіх вайсковых фармацыяў, складаных зь мясцовага насельніцтва, якія змагаліся за сваю лепшую будучыню, за сваю і незалежную беларускую дзяржаву.

Камандзіры батальёнаў Беларускага Краёвага Войска атрымалі ад мяне, інспэктара БКВ, адпаведную інструкцыю, раней узгодненую з ЦК Беларускай Незалежніцкай Партыі (БНП), каб, у залежнасьці ад мясцовых абставінаў, варункаў і месца знаходжаньня батальёнаў ці іншых частак БКВ, вайсковыя часткі БКВ заставаліся ў тыле фронта, у беларускіх лясах, каб далучаліся да арганізаваных БНП антыбальшавіцкіх партызанаў, або злучана пад камандаю сваіх камандзіраў супольна зь нямецкай франтавой арміяй адступалі на Захад і далучаліся да Беларускай Краёвай Абароны.

Заданьне пазасталых у лясах патрыятычных фармацыяў БКВ было: пад камандаю камандзіраў, сяброў БНП, пры падтрымцы мясцовага насельніцтва Беларусі, у залежнасьці ад сусьветных палітычна-вайсковых падзеяў, далей змагацца супраць камуністычна-маскоўскага акупанта за вольную Беларусь.

Сем’і тых жаўнераў БКВ, якія хацелі быць эвакуіраваны, былі ўжо загадзя адступленьня – эвакуіраваныя. Згодна з паразуменьнем з генэралам Гансам Тэсмерам, начальнікам 7-га аддзелу франтавога камандаваньня, гэтыя сем’і атрымалі адпаведныя паперы і матэрыяльную дапамогу, былі адпраўленыя і разьмешчаныя спачатку ў Заходняй Беларусі, а затым на жаданьне, далей на Захадзе.

Такім чынам, пасьля адступленьня немцаў зь Беларусі, на яе тэрыторыі, у беларускіх лясох, засталося шмат фармацыяў Беларускага Краёвага Войска-ОД з франтавой зоны Беларусі і частка жаўнераў Беларускай Краёвай Абароны (БКА), каб злучана пад камандай падпольнай Беларускай Незалежніцкай Партыі (БНП) з дапамогай вольных краін сьвету далей змагацца за вольнасьць і незалежнасьць сваёй Бацькаўшчыны.

Другая частка БКВ-ОД супольна зь нямецкай франтавой арміяй паступова адступала і ў цяжкіх франтавых умовах, у змаганьні, як некалі гераічныя Случчакі ў 20-х гг., бараніла кожную пядзю сваёй роднай зямелькі.

Увесь час да канца вайны жаўнеры Беларускага Краёвага Войска змагаліся на ўсходнім фронце супраць бальшавікоў з надзеяй, што іхняя зброя дапаможа беларускаму народу здабыць вольнасьць.
Маецца на ўвазе Заходняя асобая ваенная акруга і камандуючы Дзмітры Рыгоравіч Паўлаў (1897-1941).
Міхась Вітушка (1907-?), беларускі вайсковы дзеяч. У 1941-1944 гг. арганізатар беларускіх вайсковых антыбальшавіцкіх аддзелаў на Смаленшчыне, Браншчыне, Магілёўшчыне. Пасля 1944 г. узначаліў нацыянальны антыкамуністычны партызанскі рух у Беларусі. Стрыечны брат Дз. Касмовіча.
Усевалад Родзька (1920-1946), беларускі вайсковы дзеяч. У 1942-43 гг. - бурмістр Віцебска, старшыня Беларускай Незалежніцкай Партыі (1942-1945). Са студзеня 1944 г. чалец Беларускай цэнтральнай рады, камандзір 15-га батальёна БКА. Пасля 1944 г. мусіў узначаліць антыкамуністычны беларускі незалежніцкі рух. Арыштаваны ў 1945 г. у Беластоку савецкімі органамі бяспекі, павешаны.
Юльлян Саковіч (1906-1943), беларускі грамадска-палітычны дзеяч. Прадстаўнік заходнебеларускага руху левага кірунку – “лявіцы”. У 1941 г. – камендант паліцыі Менскай акругі, а потым г. Менска. Ад кастрычніка 1941 г. у Беларускай народнай самапомачы, чалец Цэнтралі БНС. Са жніўня 1942 г. па травень 1943 г. старшныя БНС на Менскую акругу. У чэрвені 1943 г. высланы у Ліду на пасаду кіраўніка БНС Лідскай акругі. Застрэлены 13 чэрвеня 1943 г. у Васілішках (Лідская акруга) польскімі партызанамі.
OD (Ordnungsdienst – служба парадку), дапаможная паліцыя. Стваралася з мясцовага насельніцтва, займалася падтрымкай грамадскага парадку, ахоўнай дзейнасцю. Структуры ОД непасрэдна падпарадкаваліся бурмістрам. Паліцыя ОД стваралася ў сельскай мясцовасці з разліку 1 паліцыянта на 100 жыхароў, у гарадской рысе - 1 паліцыянт на 300 жыхароў.
Вільгельм Кубэ (1887-1943 г.), нямецкі ўрадовец. У 1941-1944 г. – Генеральны Камісар Генеральнай Акругі Беларусь. Спрыяў беларускаму нацыянальнаму руху. Забіты ў верасні 1943 г. савецкімі падпольшчыкамі. Што тычыцца выслоўя Дз. Касмовіча “заходні абшар Беларусі быў перададзены цывільнай адміністрацыі, то трэба памятаць, што аўтар успамінаў мысліў катэгорыямі беларускага нацыяналіста-максімаліста, залічваючы ў беларускія землі Смаленшчыну, Браншчыну, Арлоўшчыну. У такім выпадку Меншчына, Барысаўшчына, Случчына, што ўваходзілі ў сферу падпарадкавання цывільнай адміністрацыі, – “заходнія” беларускія землі.
Беларуская народная самапомач (БНС), грамадская арганізацыя на тэрыторыі Беларусі ў 1941-1944 гг. Старшыня І. Ермачэнка. Напачатку дзейнасць БНС прадугледжвала пытанні сацыяльнай апекі і аховы здароўя, аднак паступова Самапомач стала агульнанацыянальнай арганізацыяй, ахапіўшы ўсе сферы грамадска-культурнага жыцця ў Беларусі. На з`ездзе акруговых кіраўнікоў БНС у сакавіку 1943 г. быў выпрацаваны мемарандум да нямецкага кіраўніцтва, у якім патрабавалася наданне краю аўтаноміі. Зварот БНС выклікаў скрайне негатыўную рэакцыю нямецкага кіраўніцтва. БНС была рэарганізаваная ў Беларускую самапомач (БСП), якая займалася выключна пытаннямі сацыяльнай апекі і аховы здароўя.
Чацверты аддзел ОД быў створаны дзеля барацьбы з партызанамі. У адрозненне ад першага і другога аддзелаў ОД (палітычнага і крымінальнага, што падпарадкоўваліся СД), чацверты - падпарадкоўваўся Вайсковай Управе.
Радаслаў Астроўскі (1887-1976), беларускі палітычны і культурніцкі дзеяч, педагог. Удзельнік Першага Усебеларускага Кангрэса (снежань 1917). У 1925-1927 гг. - адзін з лідэраў Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады. У 1924-1936 гг. – дырэктар Віленскай Беларускай Гімназіі. Падчас нямецкай акупацыі – у беларускім нацыянальным руху, узначальваў Смаленскую, Бранскую, Магілёўскую акругі. Са снежня 1943 г. – прэзідэнт Беларускай цэнтральнай рады (БЦР). З лета 1944 г. – на эміграцыі, да смерці ўзначальваў БЦР.
Рыгор Зыбайла (1913-1987), беларускі грамадскі і палітычны дзеяч. Падчас нямецкай акупацыі – у беларускім нацыянальны руху. У 1941-1943 гг. – старшыня БНС на Слонімскую акругу. З ліпеня 1943 г. па люты 1944 г. – намеснік галоўнага старшыні Беларускай самапомачы. У лютым –сакавіку 1944 г. – старшыня БСП. З сакавіка 1944 г. у Беларускай краёвай абароне. Пасля вайны быў арыштаваны і зняволены.
Ян Ермачэнка (1894-1970), беларускі грамадскі і вайсковы дзеяч. Паводле адукацыі – лекар. Адзін з лідэраў беларускага эміграцыйнага руху ў Чэхаславаччыне ў 1930-х гг. У часе нямецкай акупацыі ўзначальваў Беларускую народную самапомач. Аўтар мемарандума 7 сакавіка 1943 г. да нямецкіх уладаў, дзе патрабавалася незалежнасць Беларусі. З 1948 г. у ЗША. Займаўся медычнай практыкай і грамадска-асветнай дзейнасцю.
Імя Дзмітрыя Касмовіча адсутнічае ў спісах удзельнікаў з`езду і, тым больш, няма яго сярод выступоўцаў.
Дзмітры Касмовіч, магчыма, фальсіфікуе факты. Мемарандум быў прыняты на нарадзе кіраўнікоў БНС 4-7 сакавіка 1943 г. Аўтарам ідэі і самога тэксту быў Ян Ермачэнка. Дзмітры Касмовіч, які не ўдзельнічаў у нарадзе, не мог спрычыніцца да апрацоўкі тэксту. Ды і вядомы тэкст мемарандуму цалкам іншы.

Генэральнаму Камісару Беларусі


Мэмарандум


Зьезд акруговых старшыняў БНС і вайсковых рэфэрэнтаў пры ўдзеле Цэнтральнай Рады БНС і прадстаўніка ваеннай зоны Беларусі, які адбыўся ў Менску 4, 5, 6, і 7 сакавіка 1943г., заслухаўшы справаздачу аб сучасным палажэньні на мясцох і лічачы, што беларускі народ ня можа ў сучасны момант быць пасыўным, а павінен змабілізаваць усе свае сілы на барацьбу за лепшую будучыню народу, уважае за свой абавязак давесьці да ведама Нямецкай Дзяржаўнай Уладзе наступнае:

1. Беларуская інтэлігенцыя, ня ведаючы канкрэтнай ідэалёгічнай падставы, на якой будзе збудаваная будучыня беларускага народу ў Новай Эўропе, ня зможа павесьці за сабой народ і ня мае магчымасьці супрацьдзейнічаць варожай прапагандзе, якая цьвердзіць, што Беларусь у складзе Савецкага Саюзу была незалежнай дзяржавай з правам выхаду з Саюзу, і абяцае надалей беларускаму народу канкрэтныя формы з разьвязваньнем жыцьцёвых як гаспадарчых, эканамічных і іншых праблемаў.

2. Адсутнасьць гэтае падставы зьяўляецца прычынай таго, што беларуская інтэлігенцыя паволі траціць давер у народзе, а народ траціць энтузіязм да справы пабудовы новага парадку.

3. Адміністрацыйна-гаспадарчае жыцьцё ў сучасны момант на Беларусі знаходзіцца ў стане недастатковага апанаваньня ўсіх рэсурсаў.

У сувязі з гэтым Зьезд лічыць неабходным запрапанаваць Нямецкім Дзяржаўным Уладам неадкладна правесьці наступныя мерапрыемствы, які яна сягоньняшні дзень яшчэ змогуць вярнуць энтузіязм у народзе для барацьбы за Новую Эўропу:

1. Акрэсьліць ідэалёгічную і структуральную падставу пабудовы Беларусі ў Новай Эўропе, прызнаючы яе незалежнасьць.

2. Неадкладна стварыць для аб’яднаных беларускіх земляў нацыянальны ўрад з Прэзыдэнтам Беларусі, старшынёй Ураду і з кіраўнікамі наступных аддзелаў: унутраных спраў, палітычных спраў, фінансаў, гаспадарчага, культуры і асьветы, вайсковага, юстыцыі, аховы здароўя і сацыяльнага забесьпячэньня. Гэты Ўрад абвесьціць аддзяленьне Беларусі ад Савецкага Саюзу і аб’явіць яму вайну, як ворагу беларускага народу, які пасягае на ягоную незалежнасьць.

3. Адпаведна з гэтым належыць арганізаваць уладу на мясцох.

4. Адмяніць дзейнічаньне бальшавіцкага закону аб нацыяналізацыі нерухомасьці.

5. Для ўтрыманьня супакою, ладу і парадку ў краі і барацьбы з агульным ворагам – бальшавізмам арганізаваць Беларускую Нацыянальную Армію, і забясьпечыць яе зброяй і амуніцыяй.

6. Дазволіць сьцягнуць неабходныя нацыянальныя сілы, якія знаходзяцца за граніцамі Беларусі.

Пасьля правядзеньня вышэйпаказаных мерапрыемстваў беларускі народ гварантуе:

а) поўнасьцю выкарыстаць для мэтаў вайны рэсурсы, якія маюцца на Беларусі,

б) поўную ахову дарог,

в) поўнае выкананьне ваенных паставак,

г) зьнішчэньне бандытызму на Беларусі,

д) актыўны ўдзел у барацьбе з ворагам на фронце.

Старшыня З’езду

Галоўны кіраўнік БНС Ермачэнка

(Ф.908, воп. 1, спр. 5, арк. 774-775).
Мемарандум, да якога Дзмітры Касмовіч не меў дачынення, быў высланы на імя Генеральнага Камісара Беларусі Вільгельма Кубэ, а не ў Берлін. Аднак і ў гэтым выпадку пра дакумант стала вядома ў Берліне. Ян Ермачэнка быў змешчаны з пасады па абвінавачванні ў фінансавых махінацыях, Беларуская народная самапомач пераназваная ў Беларускую самапомач (БСП), на якую былі ўскладзеныя абавязкі выключна аховы здароўя і апекі над насельніцтвам.
Юры Сабалеўскі (1889-1957), беларускі грамадскі дзеяч. У 1925-1927 гг. – адзін з лідэраў Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады. У 1943-1944 гг. – старшыня БСП, віцэ-прэзідэнт Беларускай цэнтральнай рады.
Сцяпан (Сеўба) (1874-1951) – япіскап Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы.
Філафей (свецкае імя Уладзімер Нарко (1905–1986)), праваслаўны царкоўны дзеяч. Выхаванец Віленскай духоўнай сэмінарыі, скончыў Варшаўскую праваслаўную духоўную акадэмію. Япіскап (1941). Падчас нямецкай акупацыі Беларусі – вікарны япіскап Менскі і Слуцкі, япіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі. Ініцыятар абвяшчэння аўтакефаліі Беларускай Праваслаўнай Царквы (1942). Архіяпіскап (1943). З лета 1944 г. – у эміграцыі, жыў у Нямеччыне. Перайшоў пад юрысдыкцыю Расійскай Зарубежнай Праваслаўнай Царквы (РЗПЦ), выконваў абавязкі вікарыя РЗПЦ у Гамбургу.
Апанас (свецкае імя Антон Мартас (1904-1983)), праваслаўны царкоўны дзеяч. Скончыў тэалагічны факультэт Варшаўскага універсітэта (1930), абараніў магістарскую дысертацыю (1933), архімандрыт (1938). Падчас нямецкай акупацыі браў удзел у нацыянальным і грамадска-культурным жыцці Беларусі. Япіскап Віцебскі і Полацкі (1942), удзельнік Усебеларускага Царкоўнага Сабору (жнівень 1942). З лета 1944 г. – у эміграцыі, жыў у Нямеччыне. Перайшоў пад юрысдыцкыю Расійскай Зарубежнай Праваслаўнай Царквы. У 50-80-я гг. жыў у Брысбэне (Аўстралія), Буэнас Айрэсе (Аргентына).
Невядома якую польскую акупацыю ва Ўсходняй Беларусі Касмовіч мае на ўвазе.
Падобна на тое, што лічба значна перавышана
Такі тэзіс падаецца сумнеўным. Хутчэй Дзмітры Касмовіч імкнецца апраўдаць сваё супрацоўніцтва з немцамі.
Вельмі спрэчныя сцвярджэнні для Смаленшчыны як партызанскага краю.
Спрэчнае сцвярджэнне, якое не падцвярджаецца іншымі крыніцамі.
Пра дзейнасць БНП на Браншчыне і Смаленшчыне бракуе звестак.
Верагодна, што гэты абзац нясе на сабе адбітак пасляваенных уяўленняў аўтара.
Магчыма на дадзеныя выказванні паўплывала пасляваенная сітуацыя ў свеце.
Наўрад, каб БНП прымала такое рашэнне. Хутчэй за ўсё гэта ўжо паваеныя спробы ўзвысіць асобу Радаслава Астроўскага, шчырым і верным паплечнікам якога Касмовіч быў на эміграцыі.
Выглядае на тое, што Дзмітры Касмовіч выдае пажаданае за сапраўднае.
Радаслаў Астроўскі быў самастойным палітыкам і кіраваўся ўласнымі меркаваннямі.
Выклікае сумненні існаванне настолькі разгалінаванай сеткі БНП.
Магчыма Касмовіч згушчае фарбы
Наўрад гэта адпавядае рэчаіснасці.
Спрэчнае сцвярджэнне.
Украінская Паўстанцкая Армія (УПА), збройная арганізацыя на тэрыторыі Украіны і Беларускага Палесся. Існавала ў 1940-1950 гг. Кіраўнік Раман Шухэвіч. Падчас нямецкай акупацыі ваявала супраць нямецкіх акупантаў. З 1944 г. вяла змаганне з савецкімі акупантамі.
Словы аўтара ўражваюць высокай патэтыкай.
Гэтыя дадзеныя выклікаюць сумненні. Рэальная лічба ў некалькі дзясяткаў разоў меншая.
Тэзіс не падцвярджаецца архіўнымі дакументамі.
Падаецца, што сяброў БНП больш выехала на эміграцыю, чым засталося.
Беларуская цэнтральная рада (БЦР), галоўная інстытуцыя беларускай адміністрацыі на тэрыторыі Беларусі ў 1944 г. Заснаваная 21 снежня 1943 г. паводле асабістага загаду Генеральнага Камісара Беларусі Курта фон Готбэрга. Прэзідэнт – Р. Астроўскі. БЦР складалася з 14 аддзелаў (навукі, культуры, сацыяльнага забеспячэння, прамысловасці і інш.). Таксама ў кампетэнцыю БЦР уваходзіла арганізацыя і кіраўніцтва Беларускай краёвай абаронай, Беларускай самапомаччу, Беларускім навуковым таварыствам, Саюзам беларускай моладзі. З лета 1944 г. БЦР дзейнічала на эміграцыі, канкуруючы з Радай БНР.
Курт фон Готбэрг (1896-1945), Генеральны Камісар Беларусі з верасня 1943 г. Удзельнік шматлікіх карных акцый на тэрыторыі Беларусі. Асабіста вінаваты ў генацыдзе беларускага насельніцтва.
Мікола Шкялёнак (1899-1946), беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, юрыст. Актывіст беларускага нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі. У 1939-1940 гг. рэдагаваў берлінскую газету “Раніца”. У 1944-1945 гг. – віцэ-прэзідэнт Беларускай Цэнтральнай Рады (БЦР). З 1945 г. жыў у Польшчы, быў арыштаваны савецкімі спецслужбамі і павешаны.
Беларуская краёвая абарона (БКА), вайсковае фармаванне на тэрыторыі Беларусі. Складалася з 39 звычайных і 6 сапёрных батальёнаў. Меркавалася, што батальёны будуць выкарыстаныя ў барацьбе супраць савецкіх партызанаў і Чырвонай Арміі. Змаганне з савецкімі партызанамі пачалося толькі з траўня 1944 г., калі стала паступаць зброя. З заканчэннем нямецкай акупацыі Беларусі БКА рэальна перастала існаваць, частка жаўнераў разам з нямецкай арміяй пакінула Беларусь.
Нават па самых смелых меркаваннях лічыцца, што дабраахвотна з`явіліся на мабілізацыйныя пункты 100 тыс. чал. Пры насельніцтве Генеральнай Акругі Беларусь напрыканцы 1943 г. у 2,9 млн. чалавек, лічба ў 100 адсоткаў падаецца далёкай ад сапраўднасці. Апрача таго, варта памятаць, што за невыкананне загаду аб уступленні ў БКА чакала пакаранне смерцю.
Мікалай Лапіцкі (1907-1976), беларускі праваслаўны дзеяч. Падчас нямецкай акупацыі – настаяцель чыгуначнай царквы ў Менску. Актыўны ўдзельнік Усебеларускага Праваслаўнага Сабору. Пасля 1944 г. – на эміграцыі, жыў у ЗША, займаўся рэлігійнай і грамадскай дзейнасцю.
Тэксты прамоваў удзельнікаў Кангрэсу ўзгадняліся з нямецкім кіраўніцтвам.



Падрыхтоўка тэксту да публікацыі і каментары Алега Гардзіенкі.

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Успаміны пра Беларускую Незалежніцкую Партыю (БНП)

Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.