Полацкае і Тураўскае княствы - першыя феадальныя дзяржавы Беларусі

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Полацкае і Тураўскае княствы - першыя феадальныя дзяржавы Беларусі. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-11-25

Вытокі дзяржаўнасці на нашай зямлі бяруць свой пачатак ў сівой мінуўшчыне. Узнікненне інстытута дзяржавы звязана з распадам першабытнага ладу, пераходам да суседскай абшчыны, паступовым выдзяленнем сярод агульнай масы насельніцтва палітычнай і духоўнай эліты, са спецыялізацыяй і канцэнтрацыяй вытворчасці, узнікненнем гарадоў і г. д. У VI-X стст. у Заходняй Еўропе складваюцца феадальныя дзяржавы ў франкаў, бургундцаў, англасаксаў, немцаў, вылучаюцца буйныя палітычныя цэнтры ў Даніі, Швецыі, Нарвегіі. Усталяваліся дзяржавы ў славян: чэхаў, мараваў, харватаў і славенцаў, палякаў.На землях Усходняй Еўропы працэс утварэння дзяржаў адбываўся ў VIII-X стст. Крывіцкі Полацк, палянскі Кіеў і славенскі Ноўгарад выступілі першымі цэнтрамі кансалідацыі ўсходнеславянскіх племянных саюзаў. Гэтыя саюзы ўяўлялі сабой паўпатрыярхальныя-паўфеадальныя "княжанні" з князямі на чале і насельніцтвам, якое характарызавалася агульнай этнічнай самасвядомасцю, моўным адзінствам і падабенствам культуры. Еўрапейская тэндэнцыя фарміравання дзяржаўнасці ахапіла тады і сярэднявечныя беларускія землі. Яны не былі першымі ў гэтых працэсах, але і не апошнімі. У першай палове ІХ ст., як паведамляе "Аповесць мінулых гадоў", паляне, драўляне, славене, а таксама дрыгавічы і палачане мелі свае племянныя "княжанні" - правобраз першапачатковага дзяржаўнага ўтварэння.

На мяжы VIII-ІX стст. вакол Полацка пачало складвацца аб'яднанне крывічоў, якое ў першай палове ІХ ст. сфарміравалася ў самастойную тэрытарыяльную, палітычную і эканамічную адзінку і на аснове якога аформілася раннедзяржаўнае Полацкае княжанне. Полацк упершыню прыгадваецца ў летапісах ужо ў 862 г. як адзін з важнейшых гарадоў Усходняй Еўропы. Сваім раннім узнікненнем і інтэнсіўным развіццём Полацкая зямля ў многім абавязана воднаму шляху "з варагаў у грэкі", які злучаў праз сістэму рэк Дняпра, Дзвіны, Ловаці і Волхава поўдзень кантынента з поўначчу, усход з захадам. Гэта важная магістраль, па якой у асноўным ішоў міжнародны гандаль і ажыццяўляліся паходы на Візантыю, стала воссю дзяржаваўтваральнага працэсу ва Усходняй Еўропе і вызначыла статус Кіева, Полацка і Ноўгарада як важных еўрапейскіх палітычных цэнтраў.

У X-XI стст. Полацкае княства з'яўлялася адным з буйнейшых і магутнейшых княстваў на тэрыторыі Усходняй Еўропы і сапернічала з Кіевам і Ноўгарадам у аб'яднанні зямель. Па сацыяльна-эканамічнаму і культурнаму ўзроўню яно не саступала развітым дзяржавам таго часу.

У 862 г. ноўгарадскі князь Рурык вырашыў накіраваць намеснікаў у гарады, якія знаходзіліся ў сферы ўплыву Ноўгарада. Аднаго з іх ён паслаў у Полацк. У адказ на гэта кіеўскія князі Аскольд і Дзір, якія мелі ў Полацку свае інтарэсы, у 865 г. арганізавалі паход на Полацк і "много зла створиша" палачанам. Тым часам Паўночная Русь (Ноўгарад) і Паўднёвая Русь (Кіеў) аб'ядналіся. Пераемнік Рурыка Алег, які стаў у 882 г. вялікім кіеўскім князем, прызначыў крывічам як сваім падданым плаціць даніну на карысць Кіева, што, аднак, не прывяло да поўнай страты самастойнасці Полацкага княства. Крывічы ўдзельнічалі ў паходах кіеўскіх князёў 911 і 944 гг. на Візантыю. Але ў 40-70-я гады Х ст. Полацк выйшаў з-пад улады Кіева і аднавіў сваю палітычную самастойнасць.

Характар адносінаў Полацка з Кіевам у ІХ-ХІІ стст. з'яўляецца спрэчным. У літаратуры вызначыліся два асноўныя падыходы да гэтай праблемы. Першы разглядаў Кіеўскую Русь як адзіную дзяржаўную структуру, пабудаваную на аснове сузаранітэту - васалітэту, часткай якой было Полацкае княства. Прыхільнікі другога падыходу бачаць у Кіеўскай Русі няўстойлівы кангламерат плямён і народаў, у якім непрацяглы час і ў нетрывалым саюзе давялося пабываць і Полацкаму княству. Перыяды яго саюзніцкіх адносін з кіеўскімі князямі чаргаваліся з ваеннымі канфрантацыямі, ініцыятарамі якіх нярэдка выступалі полацкія князі.

У апошняй чвэрці X ст. тут, незалежна ад Кіева і ад Ноўгарада, правіў Рагвалод, які, як гавораць пра яго летапісы, прыйшоў з "заморья, имяше волость свою в Полотьске". Ён стаў першым персанажам беларускай гісторыі, чыё імя данеслі да нас крыніцы. Не выключана, што ён стаяў на чале нешматлікай заморскай дружыны, што прыйшла ў Полацк. Для нас самае важнае не паходжанне Рагвалода, а тое, што ён выступае як гістарычны дзеяч, поўнасцю адданы інтарэсам Полацка. Ён стаў княжыць тут у 60-70-я гг. X ст. і намерваўся ахапіць сваёй уладай землі ад Прыпяці да Фінскага заліва. Рагвалод замацаваў пазіцыі Полацка на землях дрыгавічоў. Паводле падання, ён накіраваўся на поўдзень па цячэнню Дняпра і, прыйшоўшы да вусця Прыпяці, выслаў уверх па рацэ адну са сваіх дружын на чале з Турам. Апошні выбраў выгаднае месца, пасяліўся на ім і збудаваў затым горад.

У Х ст. вакол Турава (цяпер гарадскі пасёлак Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці) сфарміравалася другое па значэнню ў беларускай гісторыі сярэдневяковае дзяржаўнае ўтварэнне. Працэс яго афармлення праходзіў у два этапы. Спачатку з рассяленнем дрыгавічоў у басейне Прыпяці сфарміраваўся самастойны саюз плямёнаў - перадфеадальнае этнічнае княжанне. Гэта яшчэ не было ўласна княства з развітымі феадальнымі адносінамі, а аб'яднанне аднароднага ў этнічных адносінах насельніцтва. Старажытнае княжанне дрыгавічоў згадваецца ў "Аповесці мінулых гадоў". На чале гэтага княжання стаяў мясцовы князь, акружаны старэйшынамі родаў і больш дробных плямёнаў, якія ўваходзілі ў склад дадзенага першапачатковага дзяржаўнага ўтварэння. На другім этапе племянное дрыгавіцкае княжанне пераўтвараецца ў феадальнае Тураўскае княства, якое ўжо з'яўлялася тэрытарыяльна-палітычнай адзінкай.

У часы Рагвалода Полацкае княства - магутная, суверэнная, прызнаная дзяржава, якая выступіла аб'яднальным цэнтрам значнай часткі ўсходнееўрапейскага масіву славянства. Таму яна можа разглядацца на аднолькавым узроўні з Кіеўскай дзяржавай. Сведчаннем прызнання Полацка з боку Ноўгарада і Кіева могуць быць падзеі, занатаваныя летапісцамі пад 980 годам. Тады наспела неабходнасць у саюзе Полацкага і Кіеўскага княстваў, замацаваць які збіраліся звыклым для тых часоў шляхам - шлюбам дачкі Рагвалода князёўны Рагнеды і кіеўскага стольнага князя Яраполка.

Ноўгарадскі князь Уладзімір Святаслававіч, які намерваўся авалодаць вялікакняжацкім тронам, вырашыў умяшацца і парушыць палітычныя сувязі Полацка і Кіева. Поспех у будучым супрацьстаянні мог вырашыцца тым, на чыім баку выступіць полацкі князь. Знешне падзеі выглядалі ў форме сватання Уладзіміра да Рагнеды, ужо заручанай з Яраполкам. У гэтым асабістым трохкутніку мы зноў бачым палітычны трохкутнік Кіеў-Полацк-Ноўгарад. А гісторыя сватання ноўгарадскага і кіеўскага князёў да Рагнеды адлюстроўвае барацьбу Ноўгарада і Кіева за ўплыў на Беларусі. Гэта барацьба за прыярытэт і саюз з Полацкам прывяла ледзь не да поўнага вынішчэння мясцовай княжацкай дынастыі і часовай страты ім палітычнай незалежнасці.

Абражаны адказам, Уладзімір кінуў супраць Полацка "вои многи" - шматлікія вайсковыя сілы Паўночнай Русі. Горад быў абрабаваны і спалены. Рагвалод, яго жонка і сыны - забіты. Мужчынская лінія полацкіх князёў была знішчана. Рагнеда гвалтам узята ў жонкі. Уладзімір, які, безумоўна, меў заслугі перад Руссю, для нашых продкаў быў захопнікам і забойцам.


Пасля захопу Полацка Уладзімір пайшоў на Кіеў, забіў свайго брата (па бацьку) Яраполка і сеў на вялікакняжацкі трон. Яму ўдалося на нейкі час сабраць пад сваёй уладай вялікія абшары ўсходнееўрапейскіх славянскіх зямель, у т. л. большасць тэрыторыі сучаснай Беларусі. У 983 г. падпарадкаваў зямлю яцвягаў, у 984 г. - прывёў да пакоры радзімічаў, якія перасталі плаціць Кіеву даніну. Факт уплаты даніны быў раўназначны прызнанню над сабой улады Кіева і ўваходжанню ў склад старажытнай Русі.

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Полацкае і Тураўскае княствы - першыя феадальныя дзяржавы Беларусі


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.