«...Хоць бы і памёр, жыць будзе» Пра Лукаша Дзекуць-Малея (1888-1955)

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему «...Хоць бы і памёр, жыць будзе» Пра Лукаша Дзекуць-Малея (1888-1955). Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-11-21

Гарнізонныя могілкі недалёка ад цэнтру Гданьска, за напалеонаўскімі фортамі, уражваюць мінака экумэнічнасьцю. Там вечным сном сьпяць праваслаўныя, мусульмане, эвангелісты, каталікі, баптысты. Тут жа пры ўваходзе на могілкі, ля галоўнай алеі, знаходзіцца магіла Лукаша Дзекуць-Малея, першага пасьля Другой усясьветнай вайны прэзьбітара акруговай Царквы Хрысьціян Баптыстаў на Гданьскім узьбярэжжы. Мала хто ведае, што гэты нястомны прапаведнік быў ініцыятарам і аўтарам перакладу Новага Запавету на беларускую мову, а таксама беларускім нацыяналь ным дзеячам.
У польскай паваеннай рэчаіснасьці не прадугледжвалася шматнацыянальнай грамадзкай структуры. На «вернутых землях» мелася быць «праўдзівая Польшча». Адразу пасьля вайны тут маглі рэалізоўвацца толькі палякі. Абвяшчэньне сябе прадстаўніком іншай нацыянальнасьці вяло да дэпартацыі паводле схемы: немцы — у Нямеччыну, «савецкія грамадзяне» (беларусы, летувісы, украінцы, латышы і прадстаўнікі іншых народаў СССР) — у СССР. Хто хацеў гэтага пазьбегнуць, мусіў запісацца палякам.

Лукаш Дзекуць-Малей у студзені 1945 г. быў на тэрыторыі Нямеччыны ў Ноэбрандэнбургу, адкуль напісаў па-беларуску ліст да пастара мэтадыстаў Яна Пятроўскага ў Бэрлін: «Дарагі брат у Хрысьце! Я вельмі цешыўся, калі атрымаў ад Вас ліст. Хоць у зьвязку са зьменай маёй адрэсы я атрымаў яго зусім нядаўна. Віншую з нагоды Новага 1945 г., [жадаю] каб у гэтым Новым Годзе Бог дапамог нам быць у сваёй мілай, надта спакутаванай Беларусі. Каб мы маглі рабіць такую працу, якой прагне нашая душа, каб Сьвятое Эвангельле магло быць у кожным доме. Каб сьвятло нашага Госпада засьвяціла ва ўсіх закутках нашай маці-Беларусі. Новы Запавет з псальмамі быў ужо надрукаваны. Хоць увесь наклад скончыўся. Здаўна я насіў у сэрцы думку, каб наш народ меў, гэтак як і іншыя народы, усю Біблію. Шукаю магчымасьцяў дзеля гэтае мэты і вельмі цешуся, што Шаноўны Пастар жадае дапамагчы, каб і наш народ меў Біблію на беларускай мове. Хацелася б пра гэта даведацца больш. Можа Бог дапаможа пабыць у Бэрліне і асабіста паразмаўляць пра гэтую важную справу. Мая жонка і трое дзяцей былі вывезеныя ў 1941 г. бальшавікамі ў Сыбір, і я не магу пераказаць ёй Вашых цудоўных прывітаньняў. З пашанай, Дзекуць-Малей» 1.

У якіх акалічнасьцях і калі ён пакінуў Нямеччыну, напэўна застанецца нявысьветленай загадкай назаўсёды. У 1946 г. ён зьявіўся ў Гданьску, дзе ўжо здолела зарганізавацца грамада хрысьціян-баптыстаў з прапаведнікам Пётрам Жулткам, знаёмым Лукаша Дзекуць-Малея з даваенных часоў. У той час ён наведваў таксама Беласточчыну, дзе кантактаваў зь вядомымі яму па даваеннай місыянэрскай дзейнасьці братамі-баптыстамі. З тых часоў захаваліся здымкі: з жыхарамі Орлі, зь сям'ёй Ляўчукоў у Белавежы 2. 16 сакавіка 1947 г. Лукаш Дзекуць-Малей зрабіўся прапаведнікам царквы ў Гданьску і акруговым прэзьбітарам 3. У 1946 г. царква налічвала 36 чальцоў, 26 чэрвеня 1947 г. — 70 чальцоў4 , 30 сакавіка 1949 г. — 875. «Вынікам стабілізацыі і працы царквы было правядзеньне хросту паводле веры 13 ліпеня 1947 г. у Бжэзьне. Хрост правёў прэзьбітар Лукаш Дзекуць-Малей» — напісаў у гісторыі гданьскага збору Ўладзімеж Жултка, які ў той час таксама быў ахрышчаны і асабіста памятае «Дзядка» — як усе называлі прэзьбітара 6. Як ён успамінае, па вяртаньні зь Нямеччыны Дзекуць-Малей пэўны час жыў зь імі. «У нас у Гданьску іначай пра яго не казалі, толькі «Дзядэк», «Дзядусь», можа з увагі на бараду». У памяці ён застаўся чалавекам нязвыклай дабрыні. Ухатнім архіве Ўладзімежа Жулткі захаваліся здымкі з жыцьця хрысьціян-баптыстаў у Гданьску ў першыя паваенныя гады. На многіх зь іх Лукаш Дзекуць-Малей знаходзіцца ў сярэдзіне. Захаваліся таксама здымкі зь ягонага пахаваньня: труны, выстаўле най у царкве, і жалобнай працэсіі, якая рухалася на могілкі. Труну несьлі ад царквы на могілкі на плячах вернікаў. «Бо ён заслужыў такі гонар сваім стаўленьнем і шляхетнасьцяй», — успамінае Ўладзімеж Жултка. Ён памёр 20 студзеня 1955 г. Праўда, з пасады акруговага прэзьбітара яго адклікалі 31 сьнежня 1949 г.7 Ён быў вельмі хворы — меў цяжкую стадыю цукровага дыябэту. Вялікай падтрымкай для яго была сям'я (жонка Серафіма з сынам Данілам і дзьвюма дочкамі, Лізаветай і Серафімай). У 1946 г. ім удалося вярнуцца з Сыбіру. Яны разам пасяліліся ў кватэры пры царкве на вуліцы Дамброўскага, 11. Лукаш Дзекуць-Малей на ровары аб'язджаў сваіх вернікаў у «Труймесьце» 8 і ваколіцах. Дачка Серафіма скончыла 1-ы агульнаадукацыйны ліцэй у Гданьску, здаўшы выпускныя іспыты ў 1948 г., сын Даніла — у 1951 г.9 Аднак сямейнае шчасьце працягвалася нядоўга. Спачатку 18 лютага 1953 г. памерла жонка Лукаша Дзекуць-Малея, а праз няпоўныя два гады — ён сам. Даніла ў той час навучаўся на лекарскім факультэце Мэдычнай Акадэміі ў Гданьску. Пасьля сьмерці бацькоў ён думаў кінуць навучаньне. Ягоны дух падтрымлівала сястра Лізавета. Серафіма навучалася ў Вышэйшай Гандлёвай Школе ў Шчэціне. Там стварыла сям'ю і засталася жыць.

Праз два гады пасьля сьмерці Лукаша Дзекуць-Малея ў выданьні баптыстаў «Sіowo Prawdy» зьявіліся пасьмяротныя ўспаміны аб Прэзьбітары: «Зірніце на фотаздымак, і аджыве ў вашай памяці сухі, мілы стары і ягоныя словы: «Дзе вашыя мячы», ці «Звамі, арлы, чалавек робіцца маладзейшы». (...) Капліца гданьскага збору пакрытая жалобнымі тканінамі. Смутак перадаецца кожнаму прысутнаму. Сям'я памерлага, прэзьбітары-гадаванцы, мноства вернікаў з розных дэнамінацыяў прыйшлі разьвітацца з духоўным айцом, душпастырам і сябрам. Пасьля жалобнага набажэнства ў капліцы пахавальная працэсія паволі рушыла да месца пахаваньня. Велізарная колькасьць удзельнікаў жалобнай урачыстасьці і вянкі выдатна сьведчылі пра прывязанасьць да нястомнага рыцара Справы Божай. (...) Жалобная працэсія прайшла могілкавую браму, і вось мы спыніліся над магілай, месцам супачынку. Апошнія разьвітальныя прамовы. Сапраўды, мы разьвітва ліся зь нястомным ваяром за Справу Хрыста, чалавекам малітвы, верным чальцом царквы, чальцом Галоўнай Рады, душпастырам, бацькам сям'і і нашым братам. Гэтулькі мы страцілі ў адной асобе і адразу. Гэта была балючая і цяжкая страта для нашай царквы, але: «Дабраславёныя тыя, хто памірае ў Госпадзе, бо адпачыва юць яны ад працаў сваіх, а ўчынкі іх крочаць за імі». Гэтак ягоныя ўчынкі пайшлі за ім, бо ўсе тыя, хто хоць раз сутыкнуўся зь ім, несумненна добра ўспамінаюць яго»10.

Зь «Пераліку душпастыраў усіх вызнаньняў», копія якога знаходзіцца ў зборах Уладзімежа Жулткі, можна даведацца, што Лукаш Дзекуць-Малей нарадзіўся 1 кастрычніка 1888 г. у Слоніме ў Беларусі. У Гданьск ён трапіў 58-гадовым чалавекам. Які досьвед ён меў за сабою, што абраў Гданьск сваім прыстанкам да канца жыцьця, хоць у міжваенны час быў акруговым прэзьбітарам у Берасьці? Вяртаньне туды было немагчымым для Лукаша Дзекуць-Малея зь некалькіх прычынаў. Як сьвятара яго несумненна не хацелі б бачыць у абатэістычваным СССР. Акрамя таго, ён быў актыўным дзеячам беларускага руху ў часе Першай і Другой усясьветных войнаў. У Польшчы, з гледзішча будучыні, было меньш рызыкі, чым у СССР. Зважаючы на знаходжаньне жонкі зь дзецьмі ў Сыбіры, ён не жадаў зьяжджаць у эміграцыю на Захад, як гэта зрабіла большасьць беларускіх дзеячаў. Застаючыся ў Польшчы, спадзяваўся на хутчэйшы кантакт зь імі. У Гданьску ён не размаўляў па-беларуску, нават дома. Можа быць, зь меркаваньняў бясьпекі. Грамада баптыстаў, гэтак як і ўсе насельнікі Гданьску і ваколіцаў, была зборняй людзей з розных мясьцінаў.

Лукаш Дзекуць-Малей нарадзіўся ў праваслаўнай настаўніц кай сям'і Мікалая і Марыі (у дзявоцтве Тарасевіч). У чатыры гады ён застаўся сіратой. Да 16 год над ім апекавалася настаўніцкая сям'я Фунтаў. У Слоніме ён скончыў сярэднюю школу, у 1906г.— настаўніцкую сэмінарыю. Працаваў настаўнікам, таксама быў інспэктарам адукацыі. Перад Першай усясьветнай вайной быў прызваны ў Беластоку ў царскае войска. Там сутыкнуўся з баптызмам. Уначы з 31 сьнежня на 1 студзеня 1912 г. быў ахрышчаны ў рацэ Супрасьль прэзьбітарам Раманам Хамяком. З таго моманту ён распачаў абвяшчаць Эвангельле, стварыўшы суполку, у якую ўвайшлі харысты і сьвятар праваслаўнай царквы. За гэта ён быў арыштаваны царскімі ўладамі ў вёсцы Лыскава ў раёне Пружанаў. Яго прывязалі да каня, за якім ён ішоў пешшу каля 170 км. да турмы ў Берасьці.

У 1913 г. ён патрапіў на біблійныя курсы ў Пецярбург, якія арганізаваў і праводзіў Іван Праханаў (віцэ-прэзыдэнт Усясьвет нага Зьвязу Баптыстаў). У іх удзельнічалі 19 чалавек, і працягвалі ся яны два гады. Лукаш Дзекуць-Малей быў адным з выбітных навучэнцаў; у якасьці ўзнагароды за навуку ён атрымаў прэзэнт— ручны гадзіньнік вырабу фірмы «Бур'е».

У часе Першай усясьветнай вайны ён вярнуўся на Гарадзен шчыну ўжо ў якасьці беларускага дзеяча. У 1918 г. ён заангажа ваўся ў пабудову беларускай дзяржаўнасьці. На беларускім сялянскім зьездзе ў Горадні (15_16 сьнежня 1918 г.) ён увайшоў у склад павятовай Рады. Тады таксама быў абраны дзевяціасабовы Арганізацыйны Камітэт Краёвага Беларускага Зьезду Гарадзен шчыны, у складзе якога быў Лукаш Дзекуць-Малей 11. Задачай зьезду была арганізацыя беларускай улады на Гарадзеншчыне. Лукаш Дзекуць-Малей быў камісарам акругі Крынкі-Лунна. У1918 г. ён арганізаваў беларускую школу ў Крынках, у якой таксама быў настаўнікам. Ён утвараў сялянскія камітэты, якія пераймалі ўладу ў валасьцях. Супрацьвагай ім былі польскія парафіяльныя камітэты. Лукаш Дзекуць-Малей бачыў пагрозу, якая набліжалася з боку польскіх войскаў. Таму ён зьвяртаўся да павятовай Рады ў Горадні ў справе ўзбраеньня валасной міліцыі, бо як занатаваў 30 сьнежня 1918 г. у «Дзёньніку» Антон Луцкевіч: «міліцыянтам валасных камітэтаў немцы не жадаюць даваць зброі: для валаснога камітэту ў Крынках перадалі толькі дзьве стрэльбы і некалькі рэвальвэраў. М<алей>-Дз<екуць> просіць націснуць на немцаў, каб далі зброю альбо каб дазволілі сялянам карыстац ца зброяй, што знаходзілася на захаванні. У іншым выпадку будзе немагчымая абарона перад бандамі рабаўнікоў» 12.

Лукаш Дзекуць-Малей уключыўся ў арганізацыю беларускай асьветы на Гарадзеншчыне. Ён быў кіраўніком дзіцячага прытулку ў Горадні і Беларускай агульнай школы. Кантактаваў зь іншымі дзеячамі Беларускай Народнай Рэспублікі — Антонам Луцкевічам, Аркадзем Смолічам, Кляўдыюшам Душэўскім, часта быў пасярэднікам паміж дзеячамі, якія знаходзіліся ў Варшаве і ў Летуве. За беларускую дзейнасьць у лютым 1919 г. ён быў арыштава ны польскімі легіянэрамі. Антон Луцкевіч рабіў намаганьні, скіраваныя на яго вызваленьне, што занатаваў у сваім «Дзёньніку» пад датай 13 лютага: «Я выслаў ліст да Іваноўскага, патрабуючы яго (Дзекуць-Малея. — А.Г.) вызваленьня, бо ў кантактах з насельніц твам ён выступае ад імя беларускага ўраду (што напісана на ягоных пячатках) і прызначаны намі, хоць фармальна гэта зроблена міністэрствам Тарыбы. Празь некалькі гадзінаў, вярнуўшыся ў гатэль, я засьпеў ліст з адказам, што загадана яго выпусьціць і што Іваноўскі просіць, каб ён <Дзекуць-Малей> на абшарах Гарадзеншчыны, аддадзеных польскай самаабароне, не выступаў ад імя летувіскай дзяржавы» 13. У красавіку 1919 г., пасьля заняцьця Горадні польскімі войскамі, Лукаш Дзекуць-Малей зноў быў арыштаваны і кінуты ў вязьніцу ў Ваўкавыску, пра што ў сваім рапарце паведамляў афіцэр Данілюк: «Беларускага камісара і папулярнага грамадзкага дзеяча Дзекуць-Малея арыштавалі хворага на тыфус і непрытомнага кінулі ў вязьніцу ў Ваўкавыску» 14.

Ён не спалохаўся вязьніцы і, вярнуўшыся ў Горадню, далей дзейнічаў у беларускіх арганізацыях, удзельнічаў 17 лістапада 1919 г. у нарадзе прадстаўнікоў БНР у Бэрліне 15. Дзекуць-Малей быў старшынёй Гарадзенскай Цэнтральнай Настаўніцкай Рады і прадстаўніком на Гарадзеншчыне Цэнтральнай Беларускай Школьнай Рады, скарбнікам «Грамады Моладзі» (кіравала Паўліна Мядзёлка), арганізатарам «Беларускай Хаткі» ў Горадні. На ўрачыстасьці сьвяткаваньня 2-іх угодкаў БНР, якая адбывалася ў Горадні ў сядзібе «Беларускай Хаткі», сярод іншых прамаўляў і Лукаш Дзекуць-Малей. Ён казаў пра цяжкую працу, якую робяць лепшыя сыны беларускага народу, падкрэсьліваў, што з кожным днём расьце колькасьць сьвядомых працаўнікоў 16.

Лукаш Дзекуць-Малей быў адным з заснавальнікаў Беларускага Таварыства Дапамогі Ахвярам Вайны17 . Польскія ўлады не цярпелі ягонай грамадзка-культурнай актыўнасьці на беларускай ніве ў Горадні. З нагоды 3-іх угодкаў БНР 25 красавіка 18 1921 г. у Коўні беларускі дзеяч Тамаш Грыб прывёў прыклад Лукаша Дзекуць-Малея як чалавека, які пацярпеў за сваю беларускасьць: «Дастаткова было прызнацца, што ты беларус, як адразу хапалі жандары. Сярод арыштаваных быў між іншых вядомы беларускі дзеяч з Гарадзеншчыны — Дзекуць-Малей» 19.

Беларуская асьветніцкая дзейнасьць Лукаша Дзекуць-Малея на Гарадзеншчыне сутыкалася зь вялікімі цяжкасьцямі. У 1919_1920 гг. польскія ўлады зьліквідавалі арганізаваныя там раней беларускія школы, замяняючы іх на польскія. Забіраўся рыштунак, не плацілі настаўнікам, не адказвалі на звароты, напісаныя на беларускай мове. «Увесь інвэнтар беларускіх школаў Горадні: бібліятэка, школьная мэбля, каштоўныя фізычныя прыстасовы, мапы ды іншая школьная маёмасьць былі забраныя зь беларускай школы панам інспэктарам (Рафалам Вазьнякоўскім. — А.Г.). (...) Рада Беларускага Настаўніцкага Зьвязу Гарадзеншчыны (...) просіць у Цэнтральнай Беларускай Школьнай Рады матэрыяль най дапамогі і абароны правоў і вольнасьці беларускай школы на Гарадзеншчыне ад польскіх уладаў, а таксама прадпрыняць усе мажлівыя крокі супраць самавольства ў дачыненьні беларускіх школьных пытаньняў польскага школьнага інспэктара Гарадзен скага павету п. Вазьнякоўскага, а таксама супраць руйнаваньня беларускіх школаў» 20. Будынкі беларускіх школаў прызначаліся пад польскія школы, між іншым, у другой палове верасьня 1919 г. польскай школе «назарэтанак» 21 перадалі будынак 1 Беларускай школы ў Горадні. У якасьці абароны ад палянізацыі беларускіх настаўнікаў і школаў у Горадні ў другой палове траўня 1920 г. утварылася Беларуская Школьная Рада, старшынём якой быў Лукаш Дзекуць-Малей, а сакратаркай — Серафіма Кішка22.

У 1921 г. Лукаш Дзекуць-Малей яшчэ жыў у Горадні на вуліцы Сафійскай, 423. Ад 25 чэрвеня да 24 жніўня ён ўдзельнічаў у беларускіх курсах для настаўнікаў, якія арганізавала Таварыства Беларускай Школы. Польскія ўлады забаранілі яму жыць у Горадні. Яго высялілі ў Берасьце. Серафіма Кішка выехала зь ім. У1921 г. яны ўзялі шлюб. Лукаш Дзекуць-Малей тады быў ва ўзросьце Хрыста, Серафіма мела 23 гады. Яна нарадзілася 8 верасьня 1898 г. у праваслаўнай сям'і ў Струдзе на Гарадзеншчыне, скончыла настаўніцкую сэмінарыю ў Краснастоку (цяпер Ружанысток) і беларускія настаўніцкія курсы ў Вільні ў 1921 г.24 УГорадні яна працавала ў беларускай школе. У Берасьці сям'я Дзекуць-Малеяў пачала гуртаваць вакол сябе хрысьціян-баптыстаў. Лукаш праводзіў эвангелізацыі, Серафіма вяла хор. На пачатку гэта адбывалася ў прыватнай кватэры сям'і Тураў. Пазьней — у падвале гатэлю на рагу вуліцы Міцкевіча. У 1925 г. яны нанялі дом на вуліцы Зыгмунтоўскай, а ў 1927 г. набылі зямлю на вуліцы Шырокай, 42 з задумай пабудовы ўласнай царквы25 .

У 1920 г. разам з эвангелізацыяй Серафіма і Лукаш Дзекуць-Малеі падалі ініцыятыву перакладу Бібліі на беларускую мову: «Разам з жонкай я ўзяўся за пераклад Эвангельля на беларускую мову. Ня верачы ва ўласныя сілы, я зьвярнуўся па прафэсійныя парады і папраўкі да знакамітага беларускага дзеяча і крытыка, Антона Луцкевіча, які ахвотна дапамагаў у гэтай карыснай для народу працы»26 . Але Малеі добра ведалі беларускую мову, доказам чаго былі мізэрныя праўкі, якія рабіў Антон Луцкевіч: «Калі Серафіма Адамаўна высылала пераклады кнігаў Новага Запавету на карэктуру Антону Луцкевічу, то матэрыялы вярталіся назад практычна ў першапачатковай вэрсіі» 27. У 1920_1924 гг. Лукаш Дзекуць-Малей пераклаў з польскай і расейскай моваў на беларускую 17 кнігаў. У 1926_1928 гг. у Лодзі накладам фірмы «Компас» выйшлі чатыры Эвангельлі (Лукі, Яна, Мацьвея і Марка), перакладзеныя на беларускую мову. Зьяўленьне «Паводле Лукі сьв. Эвангельля» выклікала агульную зацікаўленасьць і здагадкі пра аўтара перакладу: «Улетку гэтага году выйшла пад вышэйзга данай назвай кішэнная кніжачка, якая была, як відаць, запачатка ваньнем перакладу ўсяго Новага Запавету на беларускую мову. Да гэтага часу такога перакладу не было, калі не лічыць эвангельскіх урыўкаў, якія зьявіліся разам з гадавым цыклам беларускіх казаняў кс. д-ра Ільдэфонса Бобіча. Тыя і іншыя толькі ў рукапісе маюць фрагмэнты перакладу Бібліі на мову беларускага народу. Адпаведна сапраўднай навіной ёсьць цяперашні пераклад Эвангельля паводле Лукі. Кніжачка выйшла накладам атуленага імглой таямнічасьці Выдавецкага Таварыства «Компас» у горадзе Лодзі. (...) Пераклад сьведчыць, што ананімны пераклад чык выдатна валодае беларускай мовай. (...) Каталікі і праваслаў ныя павінны таксама паклапаціцца, каб мець уласныя пераклады Сьвятога Пісьма на беларускую мову, бо бязь іх падобную працу ўжо выконвае Таварыства для перакладу Сьвятога Пісаньня на беларускую мову (вылучаны фрагмэнт у арыгінале даецца па-беларуску. — Пер.)»28. Аўтар перакладу застаўся ананімны, ні на адным Эвангельлі не фігуруе ягонае прозьвішча.

На працэсе Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады ў якасьці сьведкі выступаў Уладзімер Гутшэ, рэдактар фірмы «Компас», які таксама не назваў імя Лукаша Дзекуць-Малея: «Я — рэдактар фірмы «Компас». Гэтая фірма ў 1923 г. даручыла Луцкевічу пераклад Бібліі на беларускую мову. (...) Гэты пераклад распачаў наш прапаведнік, які жыў у Берасьці, і пераклад перайшоў да Луцкевіча, які яго дапраўляў. Я чуў, што Луцкевіч пытаўся парады ў сумніўных пытаньнях, але прозьвішча асобы, зь якой раіўся Луцкевіч, я ня памятаю» 29. «Новы Запавет і Псальмы» на беларускай мове былі выдадзены ў 1931 г. у Лодзі, верагодна ў друкарні выдавецтва «Компас», хоць на тытульнай старонцы фігуруюць, як месца выданьня, Гэльсынкі, дзе зьмяшчаўся аддзел Брытанскага і Замежнага Біблійнага Таварыства для Ўсходняй Эўропы30 . Па вайне было два перавыданьні Новага Запавету — у 1948г. і 1991 г. Гай Пікарда, дасьледчык гісторыі перакладу Новага Запавету на беларускую мову, канстатаваў, што «дзякуючы намаганьням такіх адданых патрыётаў, як Луцкевіч, Малей, Рак-Міхай лоўскі і іншых, выданьне Біблійнага Таварыства было і застаецца да гэтага дня ня толькі найлепшым магчымым варыянтам Новага Запавету, але таксама сымбалем народнага ды нацыянальнага пасьвячэньня» 31.

У Берасьці пры баптысцкай царкве на ініцыятыву Лукаша Дзекуць-Малея былі арганізаваныя наступныя курсы: пчалярскія, кравецкія, для дырыжораў хору і прапаведнікаў. Існавалі дзіцячы прытулак для сіротаў і нядзельная школа. Дзеці, акрамя хрысьціянскай навукі, атрымлівалі веды па агульнаадукацыйных прадметах. У гасьцінным доме Дзекуць-Малеяў галодныя заўсёды маглі разьлічваць на падмацаваньне, а бяздомныя — на дах над галавой. Сам Лукаш Дзекуць-Малей падпрацоўваў перад Вялікаднем, белячы дамы ў габраяў.

Сытуацыя зьмянілася пасьля 17 верасьня 1939 г., пасьля прыходу Чырвонай Арміі ў Берасьце. Лукашу Дзекуць-Малею было забаронена весьці рэлігійную дзейнасьць, і ён пачаў працаваць у «Тресте зелёных насаждений». У 1940 г. савецкія ўлады дазволілі аднавіць душпастырскую працу сярод хрысьціян-баптыстаў. Найгоршае пачалося ўначы з 19 на 20 чэрвеня 1941 г. Даніла Дзекуць-Малей меў тады 11 год і памятае тую жахлівую ноч, якая разлучыла яго з бацькам на пяць год: «У той вечар мы доўга не маглі заснуць. Я з мамай сядзеў на кухні, а тата чытаў. Дзяўчынкі ўжо спалі. Раптам хтосьці загрукаў у дзьверы. Мама падыйшла і запытала «Хто там?» У адказ пачула «Брат Пётра зь вёскі». (...) Мама адчыніла, і мы ўбачылі штыхі. Гэтага брата адштурхнулі і абступілі нас з крыкам «Рукі ўгору!». Я быў толькі ў спальнай кашулі. Мама была апранутая. Бацьку загадалі распрануцца да бялізны. Пабудзілі дзяўчынак, сьпіхваючы іх штыхамі з ложка. Яны хацелі апрануцца, але ім не дазволілі. Нас сагналі ў адно месца і пачалі рабіць вобшук. А мы так стаялі ад паловы на дванаццатую да пятай гадзіны раніцы. Усё, што было, дакуманты, фотаздымкі, усё было скінута ў кучу, а пасьля зьвязанае ў прасьціну. Нам праз увесь час не дазволілі сесьці. (...) Потым загадалі апрануцца. (...) Далі паўгадзіны на зборы. Мы былі нявыспаныя. Цэлую ноч прастаялі пад штыхамі. Камандзір хадзіў, крычаў на нас, размахваў рукамі. Пад'ехала машына, нас загрузілі і павезьлі. (...) Нас завезьлі на таварную станцыю Шпановічы і ўсадзілі ў вагон. Там было 67 чалавек» 32.

Лукаша Дзекуць-Малея высадзілі з транспарту, быццам бы везьці яго да сям'і ў Горадню. Затым яго зьняволілі ў Берасьцей скай фартэцы, асудзіўшы паводле 58 артыкулу Крымінальнага кодэксу СССР на пакараньне сьмерцю. Прысуд ня быў выкананы, бо 22 чэрвеня ў Берасьце ўвайшлі немцы, і вязьні былі вызваленыя. Лукаш Дзекуць-Малей вярнуўся да душпастырскай дзейнасьці ў Берасьці. А жонка зь дзецьмі пасьля паўтарамесяцовага падарожжа ў вагоне для скаціны трапілі ў Алтайскі край33.

У ваенныя гады Лукаш Дзекуць-Малей пасьвяціўся душпастырскай дзейнасьці сярод хрысьціян-баптыстаў у Берасьці. Ён таксама актывізаваўся ў беларускім руху, які разьвіваўся пад нямецкай акупацыяй. 27 чэрвеня 1944 г. браў удзел у ІІ Усебела рускім Кангрэсе ў Менску. Ён там прамаўляў: «Вітаю Вас, Спадар Прэзыдэнт, дэлегаты і госьці, ад імя Грамады Эвангельскіх Хрысьціян-Баптыстаў і выказваю сваю радасьць, што сёньня маем магчымасьць сабрацца ў адпаведным будынку, бо да гэтага часу мы працавалі ў падпольлі. Неаднойчы я прасіў Бога, каб дапамог нам здабыць свабоду. Успамінаючы тых, хто пакінуў нас, хто загінуў за беларускі народ: праф. д-ра Вацлава Іваноўскага, рэдактара Ўладыслава Казлоўскага ды іншых, прапаную ўшанаваць іх памяць. Я прашу Бога дапамагчы нашаму народу знайсьці Бога, бо толькі дзякуючы такой дапамозе можна атрымаць свабоду. Нас, баптыстаў, няшмат, яшчэ пры цары нас перасьледавалі, цяпер мы жывём ў Беларусі свабодна. На заканчэньне я прашу ў Бога, каб дапамог жыць, а можа і галаву скласьці» 34.

Кангрэс адбываўся перад самым заняцьцем Менску Савецкай Арміяй. Большасьць яго ўдзельнікаў уцякла разам з адступаю чымі немцамі. 2 ліпеня 1944 г. Лукаш Дзекуць-Малей і ягоны намесьнік прэзьбітар Піліп Ляўчук правялі разьвітальнае набажэн ства ў Берасьцейскай царкве. Пад канец набажэнства яны зьвярнуліся да вернікаў, каб дазволілі ім пакінуць Берасьце і эвакуявацца на Захад. Дабраславіўшы, іх адпусьцілі з супакоем 35. Гэта было разьвітаньне ня толькі зь вернікамі, але таксама і з горадам, у якім зь неабходнасьці мінула больш за дваццаць гадоў, пасьвячоных ахвярнай рэлігійнай, дабрачыннай і асьветніцкай працы.

Па вайне Лукаш Дзекуць-Малей зь сям'ёй асеў у Гданьску. Ён не займаўся палітыкай, хоць у інфармацыйным лісьце Міністэр ства Ўнутраных Справаў ад 24 сакавіка 1950 г. занатавана: «супрацоўнічае з ангельскай выведкай» 36. Да апошніх дзён жыцьця ён служыў людзям. Да сёньняшнягя дня ў баптысцкай царкве ў Гданьску пануе яго добры дух, які не дазваляе забыцца пра яго нават тым, якія яго ня ведалі.

Серафіма Дзекуць-Малей памерла 18 лютага 1953 г., Лукаш Дзекуць-Малей — 20 студзеня 1955 г. У верасьні 1955 г. вестка пра ягоную сьмерць дайшла да асяродзьдзя беларускай эміграцыі ў ЗША. Газэта «Беларус» памясьціла вялікі артыкул пра ягоныя заслугі перад беларускім народам, які заканчваўся словамі: «У асобе Лукаша Дзекуць-Малея пайшоў у вечнасьць чалавек незвычайна моцнай волі, нязломны змагар за свабоду сумленьня, гарачы беларускі патрыёт, здольны арганізатар і адміністратар» 37.

Пераклад з польскае

Głogowska H. Białorusini na Wybrzeżu Gdańskim. Toruń, 2003, s. 170-181.

1 Ліст Л. Дзекуць-Малея да Пастара Я. Пятроўскага ад 13.01.1945г., знаходзіцца ў зборах Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку ў ЗША, аўтарка мае копію (па-беларуску) (тут зваротны пераклад з польскай. — Пер.).

2 З ласкавай згоды Веры Ваўкавыцкай зь Беластоку апублікава ныя ў артыкуле: Л. Глагоўская. Новае пра Лукаша Дзекуць-Малея // Ніва, № 49, 03.12.2000 г., с. 10.

3 W. Żółtko, Historia polskiego zboru kościoła chrześcijan baptystów w Gdańsku 1946_1996, Gdańsk, 1996, s. 8, (ěŕřűíŕďłń ).

4 Zbiory W. Żółtko. Sprawozdanie okresowe, składane władzom administracji państwowej z dn. 26.06.1947 r.

5 W. Żółtko, Historia... s. 10.

6 Tamże, s. 8.

7 W. Żółtko, Historia... s. 10.

8 Тры гарады: Гданьск, Гдыня і Сопат, якія знаходзяцца вельмі блізка адзін ад аднаго. — Пер.

9 Gdańska jedynka. 50 lat I Liceum Ogólnokształcą cemu w Gdańsku (1945_1995). Gdańsk, 1995, s. 88.

10 M. Odłyżko. Prezbiter Dziekuć-Malej (Wspomnienie pośmiertelne) // «Słowo Prawdy», 1957, ą 5, s. 9_10

11 Адраджэнне. Гістарычны альманах. Мінск, 1995, с. 24_247.

12 А. Луцкевіч. Дзённік // «Полымя», 1991, № 4, с. 217.

13 А. Луцкевіч. Дзённік // «Полымя», 1991, № 5, с. 186.

14 К. Езовитов . Белорусы и Поляки. Каунас, 1921, с. 62.

15 Архівы БНР..., Т. 1, к. 1, с. 501.

16 Няд. Сьвяткаваньне гадаўшчыны Незалежнасьці ў Гродне // «Беларусь», № 7, 10.04. 1920 г., с. 4.

17 Архівы БНР..., Т. 1, к. 2, с. 994.

18 Хутчэй за ўсё сакавіка. — Пер.

19 Архівы БНР..., т.1, к. 2, с. 1102.

20 Нацыянальны Архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ), Цэнтральная Беларуская Школьная Рада, Ф. 604, В. 1, С. 1, А. 1_4. Ліст Гродзенскай Цэнтральнай Настаўніцкай Рады да Цэнтральнай Беларускай Школьнай Рады ў Менску ад 03.04.1920 г.

21 Назарэтанкі — жаночы каталіцкі манаскі ордэн, які сярод іншага займаўся адукацыяй моладзі. — Пер.

22 НАРБ, Цэнтральная Беларуская Школьная Рада, Ф. 604, В. 1, С. 1, А. 37. Ліст старшыні БШР у Горадні Л. Дзекуць-Малея да прэзыдыюма ЦБШР у Менску ад 06.06.1920 г.: «Гэтым паведамляю, што Школьная Рада ў Горадні арганізавалася па прычыне абароны беларускасьці ад таго гвалту і зьдзеку, якія запанавалі ў бягучым часе на Горадзеншчыне. Заданьнем сваім названая Рада паставіла — пільна вартаваць інтарэсы школы, падняцьце і пашырэньне асьветы, якая была гвалтоўна задушана і ў лепшым выпадку вузка абмежавана перашкодамі. Нярэдка барацьба адзіночных асоб, большасьць якіх зьявілася ахвярамі за вялікую ідэю ўвасабленьня роднага слова, дала сумныя скуткі».

23 НАРБ, Таварыства Беларускай Школы, Ф. 883, В., 1, С. 121, А.21. Беларускія настаўніцкія курсы ў Вільні. Сьпіс адрэсаў навучэнцаў.

24 Тамсама, А. 21.

25 С. Пекун. Лука Николаевич Дзекуць-Малей: жизнь и служение
// Роля асобы ў жыцці і дзейнасці хрысціянскіх цэркваў Беларусі ў ХХ стагоддзі. Мінск, 2000, с. 122_125; K. Bednarczyk, Historia Zborów Baptystów w Polsce do 1939 r. Warszawa, 1997, s. 215_216.

26 Д. Ясько. «Новы Запавет» у беларускай мове» // Бацькаўшчына, № 4, 30.01.1949 г., с. 3.

27 С. Пекун, Лука..., с. 126.

Ex. Pawodle Łuki św. Ewangelle // «Przegląd Wileński», 1926, №20, s. 8.

29 Бібліятэка Акадэміі Навук Летувы ў Вільні. Аддзел рукапісаў. F.21_2215, Справа БСР «Грамады», s. 690.

30 J. Turonek, Książka białoruska w II Rzeczypospolitej, Warszawa, 2000, s. 38.

31 G. Picarda. The Heavenly Fire // «Божым Шляхам», 1975, № 1_2, с. 9_24; С. Пекун, Лука..., с. 126.

32 С. Пекун, Лука..., с. 130.

33 Л. Глагоўская. Жыццё і дзейнасць Лукаша Дзекуць-Малея // Ніва, № 39, 26.09.1999 г., с. 9.

34 Пратакол Другога Ўсебеларускага Кангрэсу ў Менску, USA, 1985, с. 18; Л. Глагоўская. Новае пра Лукаша Дзекуць-Малея // Ніва, № 49, 03.12.2000 г., с. 10 (зваротны пераклад з польскай. — Пер.)

35 С. Пекун, Лука..., с. 130.

H.R. Tomaszewski. Wyznania typu ewangeliczno-batystycznego wchodzące w skład Zjednoczonego Kościoła Ewangelicznego w latach 1945_1956. Tomaszów Mazowiecki, 1991, s. 39.

37 А.Ш. Лукаш Дзекуць-Малей // Беларус, № 3(53), 20.09.1955г., с. 4.

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: «...Хоць бы і памёр, жыць будзе» Пра Лукаша Дзекуць-Малея (1888-1955)


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.