Хто выкраў крыж Еўфрасінні?

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Хто выкраў крыж Еўфрасінні?. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2005-02-13

АВТОР: Арлоў У.

ОПУБЛИКОВАНО: Адраджэнне. Гістарычны альманах. Вып. 1. Мінск "Універсітэцкае" 1995. С. 22-36.

У лета 6669 ад стварэння свету, а ад нараджэння Хрыстовага — 1161 полацкі майстар Лазар Богша стварыў на заказ асветніцы Еўфрасінні Полацкай свой славуты крыж — шэдэўр старажытнабеларускага ювелірнага мастацтва. Змешчаны на ім заклён абяцаў страшную кару таму, хто ўкрадзе, аддасць або прадасць святыню. Але страх перад Божым пакараннем не стаў неадольным, бо крыж Лазара Богшы чакала сапраўдная адысея, поўная таямніц і прыгодаў.

Неўзабаве пасля смерці падзвіжніцы рэліквію вывезлі з полацкага храма Спаса у Смаленск, адкуль яна ў 1514 г., пасля захопу гэтага старажытнага беларускага горада Васілём III, трапіла у Маскву. У час Лівонскай вайны Іван Жахлівы загадаў вярнуць святыню на ранейшае месца — напэўна, хацеў замаліць учыненыя па ягоным загадзе ў Полацку крывавыя злачынствы. Пасля вызвалення горада войскамі Стэфана Баторыя царква, дзе знаходзіўся крыж, перайшла паводле каралеўскага загаду да ордэна езуітаў. 3 таго часу палачане захоўвалі рэліквію ў Сафійскім саборы, які з канца XVI ст. да 1839 г. быў уніяцкім храмам. Разумеючы ўплыў нацыянальнай святыні на вернікаў-беларусаў, езуіты вялі судовы працэс, каб вярнуць крыж у Спасаўскую царкву. Прайграўшы справу, яны зрабілі няўдалую спробу выкрасці рэліквію, падмяніўшы яе падробкаю.

Калі ў 1812 г. Полацк на колькі месяцаў трапіў у рукі французаў, крыж перахавалі ў сцяне Сафійскага сабора ў замураванай нішы.

Пасля гвалтоўнага скасавання царскімі ўладамі Уніі полацкі архіепіскап Васіль Лужынскі, які перайшоў у праваслаўе, зрабіў з крыжам святой Еўфрасінні падарожжа ў Маскву і у Пецярбург. У саборнай царкве Зімовага палаца рэліквію агледзеў імператар Мікалай I. Існавала небяспека, што святыня можа назаўсёды застацца ў Пецярбурзе, але на цара і прыдворных, відаць, зрабіў уражанне старажытны надпіс з заклёнам.

23 мая (ст. стылю) 1841 г., у дзень памяці св. Еўфрасінні Полацкай, хросны ход урачыста перанёс рэліквію з Сафійскага сабора у храм Спаса. Яе паклалі ў келлі, дзе асветніца пражыла свае апошнія гады.

Лес крыжа Еўфрасінні Полацкай у наш час варты асобнага нарыса, які вельмі нагадвае дэтэктыў.

У 1921 г. святыня была реквізавана. Так з-пад апекі духавенства яна, як i іншыя царкоўныя каштоўнасці, трапіла пад крыло ОГПУ, установы, што займалася у краіне ўсім, у тым ліку і нацыянальнымі рэліквіямі.

3 канца дваццатых палітыка “беларусізацыі” пачала па камандзе з Масквы хутка згортвацца. Пасля публікацыі ў 1928 г. пагромнага артыкула сакратара ЦК КП (б) Беларусі Вільгельма Кнорына “Аб рашаючых “дробязях” у вялікім пытанні” распачынаецца падрыхтоўка да расправы з нацыянальнай інтэлігенцыяй. Наперадзе незлічоныя арышты, лагеры і расстрэлы...

У той трывожны час былы прем'ер БНР, дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея Вацлаў Ластоўскі выязджае з адмысловаю экспедыцыяй у Полацк. Яго мэта — пошукі неацэннага твора Лазара Богшы.

Крыж Еўфрасінні “знайшоўся” ў мясцовым фінаддзеле і быў перавезены ў Менск. Але над реліквіяй ужо навісла пагроза. Наступ на беларускую культуру працягваўся. “Чыстка” ішла не толькі сярод людзей, але і сярод музейных экспанатау. Грунтоўна ператрасалі фонды і найперш, вядома, у музеі, на чале якого стаяў такі “недабранадзейны” чалавек, як Ластоўскі. Частка экспанатау вывозілася за межы Беларусі або проста знішчалася. Найбольш дарагія рэчы забіралі ў сталіцу. Паводле звестак беларускага даследчыка з ЗША Вітаўта Тумаша, зроблены у часе другой сусветнай ванны перагляд інвентарных кніг паказаў, што ў 20—30-х гадах з Беларускага дзяржаўнага музея ў Маскву вывезлі ўсе самыя каштоўныя абразы, увесь залаты і срэбны посуд, збор слуцкіх паясоў і народных строяў, калекцыю старажытных манет з беларускіх скарбаў, унікальныя архіўныя матэрыялы. Адбываўся сапраўдны рабунак культурная спадчыны народа, разбуралася яго нацыянальная свядомасць.

Гэтае злачынства спачатку праходзіла пад выглядам эвакуацыі каштоўнасцей далей ад дзяржаўнай мяжы. Страх ііерад “інтэрвенцыяй міжнароднай буржуазіі” разам з іншымі, унутранымі прычынамі нарадзіў ідэю перанесці сталіцу БССР у Магілёў. Горад рыхтаваўся да новай ролі. Ішло метадычнае знішчэнне храмаў, адначасова ў Магілёў пераводзіліся рэспубліканскія ўстановы, будаваўся Дом урада. У 1929 г. у Магілёў трапіў і крыж Еўфрасінні Полацкай.

Апублікаваныя доктарам Тумашам у “Запісах Беларускага інстытута навукі і мастацтва” у Нью-Йорку дакументы дазваляюць прасачыць хаду гэтых падзей.

21 лістапада супрацоўнік аддзела фельд'егерскай сувяз! Паўнамоцнага прадстаўніцтва ОГПУ па Беларускай вайсковай акрузе Лугаўцоў атрымаў ад начальства даверанасць “на право получения ценностей из Государственного Музея, для отправки таковых в гор. Могилев”. Даверанасць падпісалі начальнік фельдаддзела А. Іваноў і інструктар А. Пішчык.

Тым самым днём датаваны і акт аб перадачы крыжа Еўфрасінні ў рукі Лугаўцова. 3 акта вынікае, што у гэты час В. Ластоўскі ужо не працавау дырэктарам, аднак нацыянальную рэліквію ён перадаваў “чэкісту” яшчэ за еваім подпісам, бо, відаць, быў за яе асабіста адказны. Зрэшты, звернемся да дакумента, захаваўшы яго арфаграфію і пунктуацыю.

Акт

1929 г. 21 лістапада складзены гэты акт аб перадачы Беларускім Дзяржаўным Музэям у Менску Беларускаму Музэю ў Магілёве крыжа Эфросініі Полацкай.

1) Футляр медны пасярэбраны, пазалочаны з пабітым шклом, у сярэдзіне крыжу футляр падобны.

а) на футляры ёсьць славянскія надпісы.

2) Крыж зроблены з дубовага дрэва і абложаны золатам і славянскімі буквамі.

3) Пад верхний папярэчкай крыжа не дастае 2-х кавалкаў золата і дрэва.

4) На верхняй папярэчцы крыж, які быў вылажаны каменьнямі, каменьняў няма.

5) Унізе крыжа зроблена надстаўка.

6) На верхнім канцы крыжа ёсьць уноў даробленае выабражэньне багародзіцы (жоўтага мэталю).

7) Правае крыло верхняга боку крыжа заложана такой самай устаўкай новага мэталю.

8) 3 ліцавога боку крыж кругом абведзены шнурком на нітцы жэмчуга.

9) 3 ліцавога боку выламана тры эмалі прэабражэньня сьвятых.

10) 10-ць выабражэньняў сьвятых папсаваны.

11) У верхняй папярэчцы у пазах 4х кантовага крыжу 4 гнязды, у якіх няма каменьняў.

12) У ніжняй папярэчцы у пазах 4х кантовага крыжу І гнязды, у якіх няма каменьняу.

13) 3 ліцавога боку 8 гнёзд, запоўненых каменямі, з якіх 3 на дзержаньні авальнай формы, 2 сініх і 1 цёмначырвон.

14) На правым оаку ніжняй папярэчцы круглы амэтыст, прыбіты 2 цьвікамі і на левым баку ніжняй папярэчцы белы камень.

15) Паміж верхний і ніжняй папярэчкай белы камень авальнан формы.

16) На верхняя папярэчцы 2 камені белага шкла.

17) На адвароце крыж гладкі, пакрыты эмалью з выабражэньнем 3х сьвятых папсаван. 3 трох гнёзд рэліквіі адно пустое.

18) 3 верхняга боку крыжа паложана рубчатая акоўка, у якой трымаецца жамчуг, часьць яе з правага боку пад палукруглым пазухам абломана. (Апісаньне зроблена паводле акту, складзенаму ў Полацку пры перадачы крыжа Ластоўскаму, і акту прыёмачнаму, складзенаму ў Менску.)

Далей падаецца апісаньне паводле акту камісіі з удзелам ювеліра-экспэрта:

1. На рукаятцы 1 ніжні блакітны авальны камень— ёсьць афарбаванае шкло.

2. Другі знізу на рукаятцы цёмначырвонага колеру, авальны камень ёсьць гранат, каштоунасць якога прыблізна 3—5 рублеў.

3. Трэйці на рукаятцы авальны блакітны камень — ёсьць афарбаванае шкло.

I. На ніжняй папярэчцы злева авальны белы камень сэрдалікавага пераліву — ёсць афарбаванае шкло;

з правага боку гэтай папярэчцы гранёны круглы камень — ёсьць амэтыст, пастаулены значка пазьней, каштоунасьць яго каля 1-го рубля.

II. Паміж ніжняй і верхняй папярэчкай авальнагладкі камень сэрдалікавага пераліву — ёсьць афарбаванае шкло.

III. На верхняй папярэчцы 2 круглыя, плоскія, гладкія камяні луннага колеру — шкли.

Усяго на крыжу 8 каменьняў, з якіх 6 — шкло, 1 амэтыст i 1 гранат.

IV. Шнурок жэмчугу, якім абведзены весь крыж, важыць 32 i 5 грама разам з ніткай. Жэмчуг увесь праўдзівы, родадзкі (? — У.А.), перамяшанызтакзваным яўрэйскім, прыблізная каштоунасьць іх усіх == каля 200 рубл.

(Далейшы тэкст акту дапісаны чарнілам, рукою Вацлава Ластоўскага):

Крыж гэты запісаны ў кнігу экспанатаў Беларускага Дзяржаўнага Музэю ў Менску пад № 7591.

Крыж здадзены, згодна распараджэньню Наркомасьветы, былым дырэктарам БДМ тав. Ластоўскім В. Ю. прадстаўніку Фэльдаддзела ПП ОГПУ по БВО тав. Лугаўцову, згодна даверанасьці Фэльдаддзела ПП ад 21/ХІ.29 г. за № 68813, для дастаўкі ў Магілёўскі Дзяржаўны Музэй і перадачы яго асабіста дырэктару Музэю тав. Вінікаву У. Л.

Перадача адбылася ў прысутнасьці: дырэктара БДМ у Менску тав. М. I. Шапавалава, дырэктара БДМ у Магілёве тав. У. Л. Вінікава, нам. дыр. БДМ у Менску тав. А. В. Бурдзейкі.

Здаў В. Ластоўскі (подпіс).

Для перадачы дырэктару Магілёўскага Музэю т. Вінікаву прыняў Лугаўцоў (подпіс).

Прысутнічалі: М. Шапавалаў (подпіс). В. Виников (подпіс). А. Бурдзейка (подпіс).

(Далейшая дапіска зроблена 22 лістапада 1929 г. ужо ў Магілёве):

Вызначаны ў гэтым акце крыж у стане згодна акту 1929 году, лістапада 22 дня а дзевятай гадзіне ў вечары на месцы атрымау ад т. Лугаўцова, прыставіўшага гэты крыж па даручэньню БДМ у Магілёўскі Дзярж. Музэй.

Дырэктар Магілёўскага Дзяржаўн. Музэю — В. Виников (подпіс).

Крыж здаў Лугаўцоў (подпіс).

Прысутнічалі: Навуковы супрац. Магілёўскага Дзярж. Музэю

(подпіс нечытэльны)

(другі подпіс нечытэльны)

Круглая пячатка з надпісам у сярэдзіне: “Археографический Научный Музэй”.

Надпіс навокал: “Пролетарии всех стран, соединяйтесь!”

Дакументы сведчаць, што, акрамя крыжа, у той самы дзень В. Ластоўскі здаў Лугаўцову за сваім подпісам і перапісанае ў 1582 г. слуцкім князем Юрыям Алелькавічам Евангелле, якое паходзіла з бібліятэкі СвятаТраецкага манастыра ў Слуцку. Дзе гэтая унікальная кніга сёння — таксама загадка. Але наша гаворка пра адысею крыжа Еўфрасінні.

У канцы XIX ст. сябра рады Полацкага царкоўнага брацтва святар М. Дуброўскі зрабіў вопіс рэліквіі, які цікава параўнаць са звесткамі пададзенага вышэй акта. Паводле першага вопіса, з 20 эмалевых абразкоў на крыжы няма аднаго, а пяць іншых — пашкоджаныя. У 1929 г. тры выявы святых ужо выламаныя, a 13 — папсаваныя. 3 усіх каштоўных камянёў уцалелі два — аметыст і гранат. На месцы астатніх засталіся пустыя гнёзды або з'явіліся кавалачкі рознакаляровага шкла. На верхняй папярэчыне не хапала двух кавалкаў золата і дрэва. Як бачым, “ваяўнічыя атэісты” за лічаныя гады ўчынілі святыні шкоду, якая перавышае ўсе страты папярэдніх сямі з паловаю стагоддзяў.

Па ўспамінах магілёўскага краязнаўцы і і былога супрацоўніка музея Ераніма Філіповіча, на новым месцы крыж Еўфрасінні змясцілі у музейную экспазіцыю, але шмат хто з наведнікаў, асабліва жанчыны, пачалі перад святыняю маліцца і адбіваць ёй паклоны. Напэўна, гэта таксама адыграла ролю у перавозе крыжа з музея у будынак былога зямельнага банка, дзе у 30я гады мясціліся абкам і гаркам партыі. Будынак меў адмысловы пакон з масіўнымі кратамі на вокнах і браніраванымі дзвярыма таўшчынёю 15 сантыметраў, за якімі былі яшчэ адны — кратаваныя. Менавіта ў гэтым пакоі-сейфе колішняга банка на пачатку ванны разам з іншымі найкаштоўнейшымі музейнымі экспанатамі ляжаў крыж Еўфрасінні Полацкан. Згодна афіцыннай версіі, адтуль у 1941 г. яго выкралі фашысцкія захопнікі.

Але ці так было у сапраўднасці? Магілёў жа знаходзіўся за паўтысячы кіламетраў ад дзяржаўнай мяжы, і час дазваляў правесці эвакуацыю скарбаў. Гэта і нарадзіла чуткі, што рэліквія паехала у гады ваеннага ліхалецця на ўсход. Такім размовам спрыяла і тое, што і афіцынныя ўлады і так званыя кампетэнтныя органы чамусьці пазбягалі расследавання або праводзілі яго таемна, не паведамляючы вынікаў.

У 60-я гады Магілёўскі абласны музеи звярнуўся з запытам наконт лесу крыжа у Эрмітаж. Адтуль прыйшоў не падмацаваны ніякімі дакументамі адказ, што крыж Еўфрасінні Полацкай трапіў у зборы мільянераў Морганаў і знаходзіцца у Нью-Йорку.

Праз нейкі час гэтая заблытаная гісторыя прыцягнула ўвагу вядомых вучоных супрацоўнікаў Акадэміі навук БССР літаратуразнаўцы Адама Мальдзіса і археолага Георгія Штыхава. Вынікам іхняй паездкі ў Магілёў стаў зварот да вышэйшых рэспубліканскіх інстанцый, пасля чаго названых вучоных, а таксама дырэктара абласнога музея I. Скварцова i былога дырэктара I. Мігуліна выклікаў да сябе тагачасны намеснік старшыні Прэзідыума

Вярхоўнага Савета Беларусі I. Клімаў, які ўзначальваў Рэспубліканскае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Як прыгадвае Скварцоў, размова адбывалася прыкладна ў такім тоне:

“Клімаў: Что вам нужно?

Скварцоў: Мне лично ничего не нужно. Пропали ценнейшие белорусские реликвии, но ими никто не интересуется.

Клімаў: Какие у вас есть документы?”

Дырэктар музея паказау адказ з Эрмітажа пра знаходжанне крыжа у калекцыі Морганаў. Прачытаўшы паперыну, Клімаў павярнуўсяда I. Мігуліна, які ўзначальваў Магілёўскі музей напярэдадні вайны: “Ну, расскажи, старик...”

I той расказаў, што у першыя дні вайны яго ўзялі у апалчэнне, a 29 чэрвеня 1941 г. ён з двума такімі самымі апалчэнцамі апынуўся каля горада Бялынічы, дзе яны рэквізавалі коней і вярнуліся ў Магілёў. Там ён прыйшоў у абласны ваенкамат і запатрабаваў транспарт дзеля эвакуацыі свайго музея, але нічога не дасягнуў і заняўся эвакуацыяй жонкі і двух малых дзяцей. На станцыях з вагонаў нікога не выпускал!, i пра ўзяцце Магілёва немцамі Мігулін даведаўся толькі на пятнаццатыя суткі.

Клімаў паспачуваў, зазначыўшы, што і сам ведае, як цяжка было праводзіць эвакуацыю. Гутарка скончылася перадачаю яму копіі акта аб стратах абласнога музея ў выніку нямецкай акупацыі.

Пра гэта ў артыкуле “Таямніца крыжа” ў 1990 г. расказаў на старонках газеты “Советская Белоруссия” супрацоўнік Магілёўскага абласного аддзялення Беларускага фонда культуры В. Юшкевіч. Ен падае і такі акт, які з прычыны яго важнасці для пошукаў страчаных нацыянальных каштоўнасцей прыводзім цалкам.

Акт

22.ХІІ.1944 года.

гор. Могилев.

Мы, нижеподписавшиеся, комиссия в составе 3х человек: директора музея тов. Мигулина Ивана Сергеевича, учителя Мог. педучилища тов. Авсеенкова Вячеслава Дмитриевича и инженера Мог. обл. кры промбанка тов. Кроера Сергея Митрофановича с участием экспертасвидетеля художника г. Могилева тов. Пономарева Владимира Александровича составили настоящий акт об ущербе, причиненном фашистами Могилевскому областному государственному историческому музею, находящемуся в г. Могилеве.

Сожжено и разграблено немецкими оккупантами в 1941 году. Перечень отдельных видов разрушенного, уничтоженного, расхищенного и поврежденного имущества:

№№

п/п
Виды преимущества

(по номенклатуре)
Един.

изм.
К-во полностью разрушенного

№№

п/п


о,

уничтоженного,

расхищенного
Стоимость

причиненного

ущерба

( в руб.)

1.
Археологическая коллекция каменных орудии и предметов материальной культуры
Предм.
500
2 000 000

2.
Собрание белорусских рукописных и старопечатных книг и грамот
Экз.
175
3 000 000

3.
Нумизматическая коллекция
Монет.
18000
1 500 000

4.
Коллекция холодного и огнестрельного оружия X—XVI вв.

и др. доспехов и вооружения
Предм.
280


1 000 000

5.
Коллекция образцов художе ственной работы по дереву бе лорусских мастеров XVI— XVIII вв.
Предм.
120
3 000 000

6.
Коллекция художеств. фарфоровых изделий XVIII—XIX вв
--
170
500000

7.
Историческая библиотека
Томов
1200
500 000

8.
Ризы, оклады и др. церковная и бытовая утварь XVI— XVII вв. Художеств.работы местных мастеров
Предм.
1900
10 000 000

9.
Коллекция икон письма XII1—XV11I вв. работы белорусских мастеров
Экз.
150
5 000 000

10.
Крест Ефросиньи Полоцкой работы византийских мастеров
Шт.
1
6 000 000

11.
Золотой, серебряный ключ гор. Могилева ювелирной работы XVIII в.
Шт.
1
1 000 000

12.
“Екатерина Святая” работы Боровиковского
Масло
1
5 000 000

13.
“Иосиф Обручник” работы его же

1
4 000 000

14.
“Мария” работы его же

1
2 000 000

15.
“Христос” работы его же

1
2 000 000

16.
Портрет неизвестной дамы

1




1 000 000

17.
Портрет Зубова работы Левицкого

1
2 000 000

18.
Этнографическая коллекция белорусской одежды XVII -XIX вв.




1 500 000




Всего по настоящему акту:




60 256 876


Паколькі спіс 1944 г. быў няпоўны, разам з копіяй акта I. Клімаву ўручылі таксама запіску з пералікам іншых украдзеных з музея рэчаў, сярод якіх былі: срэбная булава карали Польщчы і Вялікага князя Літоўскага Жыгімонта Вазы; дзве срэбныя пячаткі, атрыманыя Магілёвам разам з магдэбургскім правам; срэбная мітра магілёўскага праваслаўнага архіепіскапа Георгія Каніскага; вялікі кантовы срэбны спод з ціснёнымі выявамі сімвалічных сцэнаў, прысвечаных расеискаму цару Аляксею Міхайлавічу; вялікі срэбны кубак з партрэтам Пятра I; ужо згаданае раней слуцкае Евангелле 1582 г.; антычныя залатыя рэчы (каралі, пярсцёнкі з каштоўнымі камянямі) з раскопкаў Пампеі ды іншыя унікальныя каштоўнасці. У гады ванны з музея зніклі таксама славутыя магілёўскі брацкі абраз з надзвычай багатым вкладам і бялыніцкі абраз Божай Маці. Пра гэтыя святыні ужо не адно дзесяцігоддзе ходзяць упартыя чуткі, што яны закапаныя дзесьці ў Магілёве.

Пасля сустрэчы з I. Клімавым рэспубліканскія ўлады на усе запыты вучоных адказвалі маўчаннем. Лес нацыянальных скарбаў іх не цікавіў. Тады дырэктар музея I. Скварцоў запісаўся на прыём да начальніка абласнога ўпраўлення КГБ Дзямідава. Той выявіў зацікаўленасць і паабяцаў заняцца справа!” пры ўмове, што атрымае каманду з абкама. Але хто і якую каманду даў Дзямідаву, засталося загадкаю, бо яго ў хуткім часе перавялі ў іншае месца.

Цяпер вернемся да падзеи пачатку вайны. Усе, хто гаварыў э былым дырэктарам I. Мігуліным, звяртаюць увагу на блытаніну у ягоных словах. Часам ён сцвярджае наогул, далікатна кажучы, малаверагодныя рэчы. Як мы ужо ведаем, у першыя дні вайны Мігуліна ўзялі ў апалчэнне. Але ж ён быў інвалід — меў толькі адну руку, прычым левую.

Калі верыць аднарукаму апалчэнцу, у будынку абкама у гады акупацыі стаяла вайсковая частка. Доўгі час на пакой-сейф за браніраванымі дзвярыма ніхто не звяртаў увагі, але аднаго разу цікаўны жаўнер знадворку дабраўся па драбінах да закратаванага вакна і ўбачыў, што за ім нешта блішчыць. Пасля гэтага немцы нібыта зрэзалі цяжкія дзверы аўтагенам, ашалелі ад ззяння золата, срэбра і каштоўных камянёў і вывезлі ўсё немаведама куды. Такую гісторыю малюе Мігулін са слоў нейкі. магілёўцаў, што перажылі акупацыю.

Але ж сотні людзей могуць засведчыць, што старыя браніраваныя дзверы (да таго ж абсалютна цэлыя) у былым будынку зямельнага банка па вуліцы Міронава, 33 знялі толькі некалькі гадоў назад, а другія, кратаваныя, паранейшаму на месцы. Значыцца, версія з акупантамі, узброенымі аўтагенам, здымаецца.

На нашую думку, бліжэншымі да праўды выглядаюць паведамленні старых магілёўскіх месцічаў, што ў чэрвені 1941 г. у будынак банка зайшла група людзеи у форме НКВД, якія адчынілі пакойсейф ключом, склалі каштоўнасці ў падрыхтаваныя загадзя мяхі і ад'ехалі ў невядомым кірунку.

Калі ўсё здарылася менавіта так, тыя НКВДэшнікі былі б яўна задаволеныя, прачытаўшы ў 1981 г. у газеце “Голас Радзімы”, якая, заўважым, выдаецца для замежных беларусаў, навелу Г. Ланеўскага “Украдзены крыж”. Дзеянне ў гэтым творы, вытрыманым не у лепшых традыцыях нашаи ваеннаи літаратуры, адбываецца ў чэрвені 41га. Крыж, вядома, крадуць акупанты, прычым не з асабняка, у якім некалі мясціўся зямельны банк, а з музея, дзе рэліквіі, як даказваюць факты, ужо даўно не было.

Дваццаць гадоў таму Адам Мальдзіс надрукаваў у штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва” артыкул “Сляды продкаў”, выклаўшы там некаторыя з пададзеных раней звестак. Ішла гаворка і пра тое, што след рэліквіі можа знаисціся за акіянам. Пасля гэтага двое вядомых беларусаўэмігрантаў Вітаўт Тумаш і Вітаўт Кіпель ад імя Беларускага інстытута навукі і мастацтва у ЗША звярнуліся да супрацоўнікаў размешчаных у Нью-Йорку морганаўскіх бібліятэкі і калекцыі твораў мастацтва.

Спроба даведацца пра лес крыжа не дала ніякіх вынікаў. Паведамляючы пра гэта у друку, доктар Тумаш вельмі слушна зазначыў: дапамагчы у пошуку магло б абнародаванне назваў савецкіх устаноў і асобаў, на адказнасці якіх крыж быў напярэдадні ванны. Канчаткова не абвяргаючы і версію захопу рэліквіі немцамі, замежны навуковец лічыць, што у тых умовах крыж маглі легка прыбраць да рук “давераныя” асобы партыі і НКВД. У такім разе ён сапраўды паехаў з Магілёва не на захад, а на ўсход. Аднак жа і такі шлях не выключае магчымасці продажу нашай святыні на аўкцыёне (або таемна) за мяжу. Пагатоў, аўтар выдадзенай у 1949 г. у Парыжы кнігі “Сьв. ЕўфрасіняПрадслава...” Леў Гарошка пісаў:

“Каля 1930 г. былі паявіліся весткі ў газэтах, што бальшавікі мелі яго (крыж.— У. А.) прадаць у Швэцыю”.

Магілёвец Е. Філіповіч прапанаваў А. Мальдзісу яшчэ адну нітачку пошукаў, пра якую вучоны расказаў у сваей кнізе “Таямніцы старажытных сховішчаў”:

“Настаяцель царквы ў імя Еўфрасінні ў Полацку Міхал Кузьменка называў прозвішча другога мільянера — Ракфелера. Нібыта ў архіве Ракфелера працаваў у 1962 г. прафесаргісторык з эмігрантаў Уладзімір Скаралеці, які і бачыў там крыж”.

Яшчэ больш заблытвае справу існаванне копій полацкай рэліквіі. Месца знаходжання аднон з іх, крыжа Параскевы Полацкай, мы ведаем — Яраслаўска-Растоўскі музензапаведнік. Але ж быў і дублікат, зроблены ў свой час езуітамі з мэтаю выкрадання арыгінала з уніяцкага Сафінскага сабора.

Амаль на два дзесяцігоддзі пошукі прыпыніліся. Іх працягнуў у 1990 г., апынуўшыся у ЗША, беларускі журналіст Алесь Лукашук.

Варта зазначыць, што перад ад'ездам за акіян адзін дасведчаны ў такіх праблемах чалавек параіў яму ніякімі росшукамі не занмацца, бо гэта можа кепска скончыцца. Тым не менш Алесь выявіў занздросную энергію.

Яму ўдалося пагутарыць з мастацкім экспертам Ракфелераўскага цэнтра у Нью-Йорку Оліў Брагозі. Выслухаўшы апісанне нашай нацыянальнай рэліквіі, пані Брагозі запэўніла, што падобнага крыжа ў мастацкай калекцыі Ракфелераў няма і ніколі не было.

3 яе рэкамендацыі А. Лукашук звярнуўся у прыватнае нью-йоркскае агенцтва, якое выдае сусветны каталог украдзеных твораў мастацтва. Аднак, як высветлілася, гэты каталог фіксуе толькі рэчы, што знаходзяцца у вышуку пасля 1945 г., і не ўлічвае твораў, якія зніклі у гады другой сусветнай вайны. He абнадзеіла і тэлефонная размова з начальнікам агенцтва. Той лічыць, што калі крыж у Злучаных Штатах у прыватным зборы, знайсці яго практычна немагчыма. Такая інфармацыя можа выплысці на свет толькі выпадкова (напрыклад, калі пасля смерці калекцыянера будуць шукаць спадкаёмцаў), дыи гэта вельмі малаверагодна. Тое самае меркаванне выказаў А. Лукашуку і адзін з нашых суаичыннікаў-эмігрантаў, які шмат гадоў сочыць за каталогамі найбуйнейшых у свеце аўкцыёнаў па продажу мастацкіх ьвораў — “Сотбі” і “Крысці”.

Наведаў беларускі журналіст і фундацыю Моргана. (Так называецца калекцыя, збіраць якую пачаў у другой палове XIX ст. Перпонт Морган і якая цяпер з прычыны вялікай культурнай значнасці набыла грамадскі статус.) Супрацоўнікі фундацыі бібліятэкі Перпонта Моргана на усе роспыты ветліва адказвалі, што нічога не ведаюць і не могуць даць ніякан інфармацыі. Вядома, наіўна было б адразу бачыць у гэтым нейкую змову. Прыкладна такія адказы, пэўна ж, чуе большасць наведнікаў, што можна растлумачыць прафесійнай асцярожнасцю. Узгадаем, колькі сусветна вядомых твораў мастацтва было ўкрадзена за апошнія гады у розных краінах.

Трапіўшы на экскурсію у ФБР, Алесь Лукашук выкарыстаў і гэтую магчымасць. Супрацоўніца аддзела экспертызы ласкава згадзілася пашукаць якіянебудзь звесткі пра рэліквію ў электроннай памяці сваіх камп'ютэраў. Адказ зноў быў несуцяшальны: камгГютэры пра крыж Еўфрасінні нічога не ведалі.

Загадка крыжа не давала спакою і Адаму Мальдзісу. У часе ўрачыстасцяў, прысвечаных 500-годдзю ўсходнеславянскага першадрукара Францішка Скарыны, выпадак звёў беларускага вучонага з доктарам гістарычных навук супрацоўнікам Эрмітажа Барысам Сапуновым. Пасля літургіі ў Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры з размовы нечакана высветлілася, што ленінградскі госць якраз і пісаў некалі адказ у краязнаўчы музей Магілёва. Ен пацвердзіў: крыж Еўфрасінні закуплены у калекцыю Морганаў на аўкцыёне ў Заходняй Еўропе адразу пасля вайны, з чаго вынікае, што юрыдычных правоў на рэліквію у нас, беларусаў, нібыта і няма, хіба што засталіся маральныя ды этычныя.

Апрача таго, А. Мальдзісу ўдалося даведацца, што пошукамі крыжа у 60я гады займаўся супрацоўнік Эрмітажа Бебут Шаўкоўнікаў. Гэты, відаць, прадпрымальны чалавек прыватна ездзіў у ЗША, імкнуўся пранікнуць у зборы Морганаў, але выявіў празмерны імпэт і атрымаў ад нейкіх маладзёнаў атлетычнага выгляду ветлівую прапанову ўгаманіцца. У адваротным выпадку яны не гарантавалі Шаўкоўнікаву вяртання дадому. Тады ў 1966 г. ён апублікаваў артыкул пра крыж Еўфрасінні ў амерыканскім мастацкім часопісе „Journal of glass studies", аднак згадку пра тое, дзе знаходзіцца рэліквія цяпер, у рэдакцыі выкрэслілі без згоды аўтара. На жаль, новая нітачка расследаванню нічога не дасць, таму што Б. Шаўкоўнікаў пакінуў ужо гэты свет.

Праз колькі тыдняў пасля размовы у Полацку А. Мальдзіс у складзе афіцыинаи беларускаи дэлегацыі прыехаў у НьюЙорк на чарговую сесію ААН. Абавязак вучонага і грамадзяніна Беларусі, натуральна, прывёў яго у фундацыю Моргана, дзе адбылася сустрэча з пані Яўгеніяй Зазоўскай, рускай па паходжанню, якая занмаецца ў бібліятэцы Перпонта Моргана славянскімі рукапісамі і рэдкімі выданнямі.

“На мае пытанне, ці можна набыць або паглядзець каталог музейных фондаў, доктар Зазоўская адказала, што пра яго існаванне ён невядома. Што знаходзіцца ў сутарэннях будынка — а там асноўнае багацце — цалкам, бадан, невядома нікому”,— пісаў А. Мальдзіс у сваім “Нью-Йоркскім дзённіку” ў 1990 г. Зазначым адну дзіўную супярэчнасць. У 1974 г. доктар В. Тумаш паведамляу у “Запісах Беларускага інстытута навукі і мастацтва” аб сваей спробе высветліць месцазнаходжанне крыжа “і па каталогу калекцыі, і беспасярэднімі роспытамі”. Атрымліваецца, што гэты каталог быў, як кажуць, у наяўнасці. Доктару Зазоўскай пра ягонае існаванне ужо невядома. Яшчэ адна таямніца?

Таксама у Нью-Йорку А. Мальдзіс сустрэўся з Антонам Шукялайцем, які у гады нямецкай акупацыі ўзначальваў Менскі гістарычнамастацкі музей, што у 1941 г. не паспелі эвакуіраваць. Ці не апынуўся крыж, як ходзяць чуткі, у Аўстраліі? Ці не разабралі яго, каб паасобку прадаць золата, срэбра і каштоўныя камяні з эмалямі? Спадар Шукялайць мяркуе, што шэдэўр полацкага ювеліра Лазара Богшы, найверагодней, вывезлі ўсё ж на ўсход. Ен абвяргае і версію пра разбор рэліквіі на часткі, і з ім цяжка не пагадзіцца, бо кошт золата і камянёў на крыжы параўнаўча невялікі; галоўная яго вартасць у тым, што гэта — высокамастацкі твор.

Нью-йоркскія пошукі завяршыліся ў кастрычніку 1990 г. візітам у Морганаўскую фундацыю міністра замежных спраў БССР П. Краўчанкі, якога суправаджалі А. Мальдзіс і супрацоўнік беларускага прадстаўніцтва пры ААН У. Шчасны. Дырэктару фундацыі быў перададзены афіцыйны зварот наконт крыжа Еўфрасінні Полацкай. Міністр растлумачыў, што гаворка ідзе пра нацыянальную святыню. “Калі б яе ўдалося вярнуць на Радзіму,— сказаў пры гэтым П. Краўчанка,— няхай за выкуп, у аэрапорце рэліквію сустракалі б дзесяткі тысяч людзей”.

Калі прыйдзе дзень такой сустрэчы і ці прыйдзе ён наогул?

Міністэрства замежных спраў Беларусі атрымала афіцыины адказ, што у самой фундацыі Моргана крыжа няма. Але ж у радзіны Морганаў ёсць і прыватныя зборы, а за іх, як вынікае з прысланага дакумента, адміністрацыя фундацыі не адказвае.

Аўтар спадзяецца, што чытачы дапамогуць у далеишых пошуках. Калі ёсць новыя звесткі, просьба паведаміць у камісію па вяртанні нацыянальных каштоўнасцей, што створана пры Беларускім фондзе культуры. Можна звяртацца непасрэдна ў ІНТЭРПОЛ, які нядаўна таксама пачаў пошукі нашай святыні, зарэгістраваўшы яе пад нумарам 34—1130.

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Хто выкраў крыж Еўфрасінні?


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.