публикация №1695816640, версия для печати

Асаблівасці паэтычнага майстэрства Р. Барадуліна


Дата публикации: 27 сентября 2023
Автор: Мельнікава З. П., Ішчанка Г. М., Мішчанчук М. І., Садко Л. М., Смаль В. М., Кавалюк А. С., Сенькавец У. А., Шчэрба С. М., Кахновіч Н. Д., Тарасава Т. М.
Публикатор: БЦБ LIBRARY.BY (номер депонирования: BY-1695816640)
Рубрика: КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ
Источник: (c) Навукова-метадычная установа «Нацыянальны інстытут адукацыі» Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь


У творчасці майстра слова выразна ўвасоблены асноўныя тэндэнцыі развіцця сучаснай паэзіі, адна з іх — раскаванасць паэтычнага радка. У вершах натуральна гучаць размоўна-апавядальныя інтанацыі, чуюцца прыдыханні, паўзы, рэчытатывы. Менавіта такая форма верша найбольш адпавядае ўвасабленню глыбокіх перажыванняў і роздуму паэта пра ўсё існае.


Рытмічная раскаванасць радка, аднак, не азначае адыход паэта да прозы. Унутраны рытм і рыфмы, вершаваныя долі і рытміка-інтанацыйныя перыяды не дазваляюць вершу распадацца. Частыя рытміка-інтанацыйныя змены нават у межах аднаго верша, адвольная схема рыфмоўкі, строфы-лесвічкі садзейнічаюць дакладнай перадачы паэтычнага перажывання, пэўных думак паэта і яго лірычнага героя. Праз паэзію Р. Барадуліна і іншых творцаў выразна выяўляецца тэндэнцыя сучаснай паэзіі да свабоды вершаванай формы, белага верша і іншых эксперыментальных жанраў.


Рыгору Барадуліну, як рэдка каму з паэтаў, удалося выказаць словам тонкія, ледзь улоўныя адценні настраёвасці, псіхалагізму, экспрэсіўнасці. У яго вершах многа крылатых выразаў, афарызмаў. Гэтаму надзвычай спрыялі засвоеныя яшчэ з маленства скарбы моўнага багацця нашага народа, якімі майстар слова з густам і веданнем таленавіта карыстаўся ў творчасці. Словы беларускіх і ўкраінскіх песень паэт часам браў эпіграфамі да сваіх вершаў.


За народнымі матывамі, жартаўлівымі або роздумна-лірычнымі радкамі прачытваецца пакутлівы і глыбокі роздум паэта над праблемамі сучаснасці, мінулага і будучыні Бацькаўшчыны. Рыгор Барадулін ахвотна выкарыстоўваў не толькі песню, але і казку, лічылку, забаўлянку, жарт, галашэнне... У яго творах паўстае змястоўнасць народнага жыцця ў звычаях і традыцыях, з павер’ямі, замовамі, кляцьбой і варажбой, зменлівымі настроямі і пачуццямі, радасцю і трагізмам.


Скразны лірычны герой паэзіі Р. Барадуліна — сын беларускай зямлі, працаўнік і весялун, творца і абаронца Бацькаўшчыны, мудры мысліцель, якому выпала радавацца, наканавана смуткаваць... Трапна заўважыла асаблівы талент пісьменніка выкарыстоўваць глыбінныя, не спазнаныя намі да канца запасы народнай спадчыны, фальклору, мовы літаратуразнавец Л. Тарасюк: «Паэт вяртае слову яго першародную актыўнасць, вобразнасць, калі ўсякія сувязі яшчэ свежыя, неспазнаныя, новыя, калі іх адкрывае не граматычны закон, а здзіўленне, своеасаблівая дзіцячая гульня ўяўлення».


Сам Р. Барадулін лічыць фальклор вачамі і душой беларускага народа. Ён, на думку паэта, рухомы, значыць, ён вечны, як народнае жыццё. Паэт творча выкарыстоўваў народныя выразы, словы і на аснове іх, па ўзоры іх ствараў і ўжываў у сваёй творчасці ўласныя дакладныя і ёмістыя наватворы. Яны ўжо ўвайшлі ў трывалы запас сучаснай беларускай літаратурнай мовы — «неруш», «нагбом», «пралля», «адхланне» і інш.


Паэт умеў эмацыянальна, зрокава, пластычна, шматколерна ўспрымаць навакольны свет і ўзнаўляць яго непаўторнасць у творчасці. Дзеля гэтага ён часта карыстаўся метафарычнай вобразнасцю. Мастак слова ўмеў знайсці і трапна ўжыць ёмістыя па сэнсе, экспрэсіўна дакладныя і адначасова шматзначныя метафары. Яго арыгінальныя, нечаканыя метафары заснаваны на збліжэнні, здавалася б, далёкіх і непадобных з’яў, рэчаў з адцягненымі, абстрактнымі паняццямі, унутранымі, суб’ектыўнымі перажываннямі паэта і яго лірычнага героя. Метафара Р. Барадуліна заўсёды асацыятыўная: яна звязвае два вобразы, з’явы або прадметы, і ўспамін пра адно выклікае ўяўленне пра іншае. Так, напрыклад, самабытна і ёміста паэт перадаў надыход вясны ў вершы «Нагбом»:


Падталі памалу глыжы,
сонца пагляд
у яры скіраван.
Ралля ляжыць
нядоенай каровай…


Або вось як метафарычна дакладна напісаў паэт пра Сафійскі сабор у Полацку ў пасляваенныя дзесяцігоддзі (верш «Сафійка»), каб падкрэсліць, што гэты старажытны помнік з’яўляецца сімвалам мужнасці, мудрасці і вечна жывой душы беларускага народа:


Васпаватая ад асколкаў і куль,
на свет Сафійка глядзіць
вачыма цнатлівымі.


Прыведзеныя вышэй метафары-асацыяцыі — зрокавыя па характары вобразнага ўвасаблення. Між тым вобразы вершаў Р. Барадуліна выклікаюць разнастайныя метафарычныя асацыяцыі: слыхавыя, абаняльныя, канкрэтна-пачуццёвыя… Эмацыянальна ўражвае слыхавая асацыяцыя ў вершы «Янку Купалу»:


Ноч па зямлі ступала,
Купалкі збірала.
Рэха не спала…


Чуйны слых, востры зрок мастака слова далучаецца да стварэння вобразаў у яго паэзіі. Слыхавыя асацыяцыі ў вершах Р. Барадуліна часта спалучаюцца са зрокавымі, пачуццёвымі і інш.


Паэт нястомна шукаў новыя формы і сродкі для мастацкага ўвасаблення думак і пачуццяў. З года ў год, ад кнігі да кнігі ўдасканальваўся, паглыбляўся змест і абнаўляліся формы барадулінскай паэзіі. Думкі паэта, перажыванні яго лірычнага героя набывалі глыбокі філасафізм. Праз вобразы-асацыяцыі паэт увасобіў свой грамадзянскі і мастакоўскі роздум пра дыялектычнае адзінства ўсяго існуючага, зямнога і касмічнага, рэальнага і духоўнага. Менавіта арыгінальная метафарычна-асацыятыўная вобразнасць дапамагае і чытачу канцэптуальна, следам за аўтарам, асэнсоўваць праблемы быцця асобы, народа, Радзімы, чалавецтва, часу і вечнасці, якімі пранізана паэтычная спадчына Р. Барадуліна.

Опубликовано 27 сентября 2023 года


Главное изображение:

КЛЮЧЕВЫЕ СЛОВА (нажмите для поиска): беларуская літаратура, 11 клас, белліт


Полная версия публикации №1695816640 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ Асаблівасці паэтычнага майстэрства Р. Барадуліна

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network