Беларуская партызанка

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ

Все свежие публикации

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Беларуская партызанка. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь глазами птиц HIT.BY! Звёздная жизнь KAHANNE.COM Мы в Инстаграме
Система Orphus

Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-09
Источник: http://library.by

Беларуская самаабарона на Палесьсі
Беларуская Народная Грамада
Івацэвіцкая канфэрэнцыя Беларускае Народнае Партызанкі
Беларуская Народная Грамада і Беларуская Народная Партызанка ў 1942-1943 гадах
Масква супраць беларускай партызанкі
Крывавая масакра ў беларускіх лясах
Беларуская Народная Партызанка ў 1944-48 гадах
Эпілог
Дадатак

Увесь час камуністычнага панаваньня любыя згадкі пра беларускі нацыянальны партызанскі рух у гады нямецкай акупацыі 1941-44 гг. былі забаронены. Больш таго, рабілася ўсё магчымае, каб зьнішчыць або надзейна прыхаваць дакумэнты, якія сьведчылі б пра дзейнасьць беларускіх партызанаў, каб прымусіць замаўчаць (многіх - назаўсёды) жывых сьведкаў. Камуністычная ўлада прапагандавала толькі савецкі партызанскі рух, які пачала называць "беларускім". Сапраўдным жа беларускім партызанам не было месца ў афіцыйнай гісторыі...
Беларуская самаабарона на Палесьсі

Напярэдадні нямецка-савецкай вайны нямецкая вайсковая выведка (абвэр) зьвярнула пільную ўвагу на ўкраінска-беларускае Палесьсе. Нямецкае вайсковае камандаваньне меркавала, што палескія балаты й лясы не дазволяць выкарыстаць тут танкавыя часткі й гэта можа прывесьці да доўгіх і крывапралітных баёў. Было вырашана абыйсьці Палесьсе й пакінуць яго ў сваім тыле. Але трэба было падумаць якім чынам нейтралізаваць аддзелы Чырвонай Арміі, якія павінны былі апынуцца ў "палескім катле".

Для вырашэньня гэтай задачы абвэр наладзіў сувязі з украінскімі й беларускімі нацыяналістычнымі арганізацыямі, што дзейнічалі на акупаванай немцамі тэрыторыі Польшчы. На Валыні найбольшы ўплыў мела вайсковая арганізацыя "Украінскае Нацыянальнае Вызваленьне", якая нелегальна дзеяла яшчэ пад польскай акупацыяй. Яе кіраўнік, атаман Максім Баравец ("Тарас Бульба"), пасьля перамоваў з абвэрам, нелегальна перабраўся на Валынь і аднавіў структуры сваёй арганізацыі. Баравец знаходзіўся ў апазыцыі да Арганізацыі Украінскіх Нацыяналістаў (ОУН) ды дзейнічаў пад палітычным кіраўніцтвам апошняга прэзыдэнта Заходне-Украінскай Рэспублікі А. Лівіцкага. На Палесьсі існавалі й невялікія ўзброеныя групы ўкраінскіх вайскоўцаў ("Украінскае лазавое казацтва", "Вовкі" ды іншыя), якія кантактавалі з ОУН.

Абвэр наладзіў сувязь з беларускай групай Шчорса-Гадлеўскага, якая выступала, як нацыяналістычная арганізацыя "Беларускі Нацыянальны Фронт", а на самой справе разбудоўвала ў Польшчы падпольныя структуры Беларускага Рэзыстансу. "Фронт" спрычыніўся да арганізацыі беларускіх дывэрсыйных груп, якія перакідваліся ў БССР. Сярод беларускіх вайскоўцаў-дывэрсантаў былі й ведамыя нацыяналісты: Родзька, Вітушка, Гугель, Вежан, Контаўт, Зыбайла ды інш. Наколькі пасьпяхова яны працавалі на заходнебеларускім Палесьсі - невядома. Аднак ужо ў першыя дні вайны тут паўсталі аддзелы Беларускае Самаабароны (БСА) па вёсках, якія фактычна перанялі ўладу на вялікім абшары. Немцаў у гэтых мясцовасьцях яшчэ ня было й беларусы сталі гаспадарамі цэлых раёнаў.

На заходнеўкраінскім Палесьсі "бульбаўцы" выйшлі з падпольля 22 чэрвеня 1941 году й утварылі Палескую Сеч Украінскай Паўстанчай Арміі (ПС УПА) на чале з атаманам Бараўцом. Аддзелы ПС УПА захоплівалі склады са зброяй, нападалі на вайсковыя транспарты, разганялі калоны мабілізаваных.

Няма дакладных зьвестак аб кіраўніцтве Беларускае Самаабароны, але можна меркаваць, што ў яго ўваходзілі былыя кіраўнікі антыпольскага паўстаньня ў верасьні 1939 г., якія ацалелі ад рэпрэсій НКВД. Дзесьці на пачатку жніўня 1941 года на беларускім Палесьсі адбылася сумесная канфэрэнцыя прадстаўнікоў БСА і ПС УПА. Дэлегацыю "бульбаўцаў" узначальваў атаман П. Даўмацюк-Налівайка й яна ехала на нараду, каб "устанавіць /з беларусамі/ самы цесны кантакт на цяпер і на будучае". Ад Самаабароны ў ёй удзельнічалі: Васіль Вір - былы прэм'ер Ураду Заходне-Беларускай Рэспублікі ў верасьні 1939 году, атаман Якуб Харэўскі, Усевалад Родзька і Міхал Вітушка. Беларускі бок поўнасьцю пагадзіўся з прапанаваным украінцамі плянам па ачышчэньню ўсіх палескіх зямель ад "расейска-бальшавіцкага тэрору". Васіль Вір успамінае, што было заключана пагадненьне "аб сумесных дзеяньнях у пераходных раёнах Ратна, Столін, Дубровіца, Маларыта, Камень-Кашырск супраць пазасталых цэлых камуністычных зьвязаў і проціў мясцовых камуністаў, а нават палякаў, якія перадусім, асаднікі, стварылі свае партызанскія аддзелы ў супрацы з камуністамі".

Штаб ПС УПА і БСА распрацавалі плян вайсковай апэрацыі. Усе раёны на ўсход ад лініі Слуцак-Лунінец у напрамку Мазыра павінны былі вызваляць беларусы, а ўкраінцы - раёны Столін-Сарны-Олеўск-Зьвяльге-Оўруч. Пачынаючы з 20 жніўня 1941 г. 10 тысяч "бульбаўцаў" і 5 тысяч жаўнераў БСА, разьбітыя на "лятучыя" брыгады, раптоўнымі начнымі налётамі захопліваюць горад за горадам, вёску за вёскай, пакуль, нарэшце, не аб'ядноўваюцца ў раёне Мазыра. Немцы ў гэтай апэрацыі ня ўдзельнічалі, а толькі назіралі за ходам падзей.

Сёньня ўкраінскія гісторыкі шмат пішуць пра падзеі на Палесьсі ў жніўні 1941-га. Яны адзначаюць, што апэрацыя "мела нацыянальны, палітычны і вайскова-стратэгічны характар" і што яна "паказала перавагі слаба ўзброенай, дрэнна арганізаванай, але багатай народным духам і пачуцьцём нацыянальнай годнасьці супольнай арміі ўкраінцаў і беларусаў над яшчэ моцнымі чырвонымі партызанамі і фарміраваньнямі Чырвонай Арміі".

У кожным вызваленым ад савецкіх акружэнцаў, партызанаў і атрадаў НКВД раёне беларусы і ўкраінцы стваралі свае ворганы ўлады, выдавалі газэты, дзялілі зямлю. Аднак у кастрычніку 1941 года ў раёны Палесься прыбылі прадстаўнікі нямецкай адміністрацыі, якія пачалі ўстанаўліваць свой "новы парадак". Яны падначалілі сабе мясцовую паліцыю. У адказ на гэта, 15 лістапада 1941-га ПС УПА афіцыйна абвесьціла аб сваім самароспуску і прыхавала зброю. Беларуская Самаабарона, як меньш цэнтралізаваная структура, падзялілася: у многіх вёсках аддзелы БСА функцыянавалі далей, як паліцыя, іншыя самараспусьціліся або адыйшлі ў лясы, а супрацоўнікі абвэра Ўсевалад Родзька і Міхал Вітушка працягвалі працаваць на легальных становішчах. Цікава, што нават вясковая паліцыя не хавала сваіх антынямецкіх настрояў. Гэта пацьвярджаюць успаміны В. Віра, які піша, што "калі немцы, усталяваўшыся, пачалі пасылаць у маёнткі свае атрады, зложаныя з галічанаў-бандэраўцаў, нашыя аддзелы іх выкурвалі. Разам з намі дзеяла і вясковая дапамаговая паліцыя, складзеная з беларусаў (маёнтак Пескі і Марачанскія саўгасы). Толькі пагадзя наш гэты збройны абаронны рух аформіўся ў Беларускую Народную Партызанку..."

Беларуская Самаабарона стварыла сваю вайсковую форму. Васіль Вір цьвердзіць, што "гэта былі ўшытыя з савецкіх, пясковага колеру шынялёў, фрэнчы і шапкі-кэпі (на ўзор аўстрыяцкіх) з Ярылавым крыжом. Мелі савецкія шоламы з гэткім-жа крыжом, намаляваным жоўтым або белым колерам".

Тыя аддзелы БСА, якія пайшлі ў лясы, арганізавалі беларускую нацыянальную партызанку на Палесьсі. Атаман Язэп Таўпека пісаў на эміграцыі, што "зімой 1941 году ў лесе была амаль выключна нашая партызанка, вядома цесна зьвязаная зь вёскай і больш перахоўваючыся ў вёсках, чым у лесе".

Беларуская Народная Грамада

Вядомы актывіст Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады 1925-27 гг. і Камуністычнай Партыі Заходняй Беларусі Юльян Саковіч на пачатку вайны выратоўваецца з турмы НКВД й вяртаецца ў родныя мясьціны. Але там панаваў тэрор польскай паліцыі, якая дзейнічала пры акупацыйных уладах. Нейкім цудам Саковіч вырваўся ў Менск, дзе ўжо былі створаны беларускія ўстановы й паліцыя. Як былы бальшавіцкі вязень, ён атрымоўвае давер немцаў і ўзначальвае беларускую паліцыю Менскае акругі, адміністрацыйны аддзел Беларускае Народнае Самапомачы (БНС). Ён уваходзіць у кантакт з Усеваладам Родзькам і ўступае ў нелегальную Беларускую Незалежніцкую Партыю, неўзабаве становіцца сябрам ЦК БНП, кіраўніком Менскага акруговага камітэту партыі.

Саковіч лічыў, што ў існуючай сытуацыі ацалеўшым грамадоўцам трэба "уактыўніцца і пайсьці на ўданую (фальшывую) супрацу з акупантам, каб абсадзіць сваімі людзьмі ключавыя адміністрацыйныя пазыцыі, перадусім, кіраўніцтва збройнымі сіламі, якой у той час была створаная немцамі дапамаговая мясцовая паліцыя, і гэтым самым ратаваць перад зьнішчэньнем з польска-гітляроўскіх рук беларускі актыў. А па-другое, паралізаваць знутра гітляроўскіх калябарантаў на ўзор Ермачэнкі і грамадоўскага рэнегата Акінчыца".

Юльян Саковіч распачаў пошукі сяброў грамадоўскай групы. Навязаўшы зь імі кантакт, ён уладкоўваў грамадоўцаў на працу ў акруговыя камітэты Беларускай Народнай Самапомачы, адзінай у той час легальнай беларускай арганізацыі. Увосень 1941 года ў Менску адбылася нелегальная канфэрэнцыя, якую склікаў Саковіч пад выглядам інструктажа працаўнікоў камітэтаў Самапомачы. Усяго было 9 чалавек: 6 - з Заходняй Беларусі (Хмара, Лукашык, Гелда, Стасевіч, Вір і Трэска), 3 - зь Менску (Саковіч, Галейка й яшчэ адзін чалавек, прозьвішча якога пакуль невядома). Сяргей Хмара ўспамінае: "На патайной канфэрэнцыі грамадоўцаў абмяркоўвалася справа сытуацыі, якая склалася, ацэньваліся міжнародныя падзеі і пэрспэктывы на будучыню, ды выпрацоўваліся накірункі дзейнасьці пад гітляроўскай акупацыяй.

Канфэрэнцыя прыйшла да высновы, што Нямеччына, праўдападобна, захопіць усю цэнтральную частку Эўрапейскае Расеі, але вайны хутка скончыць ня зможа і можна прыпушчаць, што расейска-нямецкая вайна абернецца ў другую "Японска-кітайскую" вайну, і як тая, праўдападобна, будзе цягнуцца доўгія гады, зь няведамым канчальным вынікам. У гэтым палажэньні беларусам трэба дбаць пра стварэньне і захаваньне, як мага, у цэласьці сваіх збройных сілаў, пад якімі колечы формамі гэта ўдасца праводзіць. Збройныя сілы - гэта гарантыя перад палітыкай захопніцкіх імпэрыялістычных драпежнікаў, якія ці ў форме нейкай прышлай "белай Расеі", Польшчы ці іншых, спрабуюць зноў налажыць ярмо на беларускі народ, пасьля ліквідацыі нямецкай акупацыі, пад ціскам заходніх дзяржаваў ці зь нямецкіх палітычных хадоў. Калі гэтыя ўстаноўкі былі прынятыя аднагалосна (тварыць і апаноўваць пад сваё кіраўніцтва ўсе збройныя фармацыі, складзеныя з беларусаў), дык пытаньне ўваходу грамадоўцаў у паднямецкую беларускую адміністрацыю... ўзьняло гострыя спрэчкі..."

Ю. Саковіч, падтрыманы Лукашыкам, а таксама й Іванам Гелдай, уважаў, што трэба апанаваць усе важнейшыя постані адміністрацыі праз сваіх людзей, што дасьць магчымасьць рэалізоўваць свае нацыянальныя патрэбы праз адміністрацыю й акупацыйныя ўлады, ды мець гатовы адміністрацыйны апарат на выпадак разгрому немцаў саюзьнікамі. Хмара, Вір і Стасевіч выступілі з супрацьлеглай прапановай. Яны лічылі, што грамадоўцы не павінны займаць ніякіх адказных пасадаў у мясцовай адміністрацыі, бо "гэта будзе, хай сабе і паднявольная, але калябарацыя". Больш таго, бурмістры гарадоў і начальнікі акруг вымушаныя былі б выконваць загады акупантаў, накіраваныя супраць свайго народу. Таму акрамя пасадаў у камітэтах Самапомачы, якія грамадоўцы мусілі апанаваць, дапушчальнымі маглі быць толькі культурна-асьветныя становішчы, як дырэктары тэатраў, музэяў, кіраўнікі мастацкай самадзейнасьці, настаўнікі, інжынеры, аграномы, лекары. Аднак спрэчкі да згоды не давялі, і таму, да наступнай канфэрэнцыі справу супрацоўніцтва або не супрацоўніцтва з акупантамі пакінулі адкрытай на адказнасьць паасобных сяброў.

Прапанова Сяргея Хмары і іншых аб утварэньні сьціслых арганізацыйных рамак з выканаўчым камітэтам сустрэлася з супрацівам Юльяна Саковіча. Ён абаснаваў сваю пазыцыю малою колькасьцю наяўнага актыву, бо грамадоўцаў на месцах было вельмі мала, і ў выпадку правала, уся група была б ліквідавана немцамі.

Такім чынам Грамада была адноўлена пад назовам "Беларуская Народная Грамада". Дзеля кансьпірацыі назоў "Грамада" або "Змаганьне" было вырашана не выкарыстоўваць, замяняючы яго сынонімам "МЫ". Было вырашана ні ў якім выпадку не пісаць партыйных улётак і дакумэнтаў. Канфэрэнцыя вырашыла, што арганізацыйнымі адзінкамі будуць "тройкі" - камітэты з трох сяброў. Кожная гэткая "тройка" кантактавала з Саковічам (кіраўніком арганізацыі) і іншымі "зьвеньнямі" праз свайго кіраўніка. Галоўныя нарады абмяжоўваліся да самых неабходных, з вузкім колам. Фактычна, атрымалася так, што кожная "тройка" мусіла дзеяць самастойна, маючы вельмі рэдка кантакты зь іншымі. Арганізацыя была нешматлікай і нават не ва ўсіх заходнебеларускіх гарадах былі грамадоўскія "тройкі".

Канфэрэнцыя выказала думку, што калі ня ўдасца дабіцца ад акупацыйных уладаў самастойнага беларускага корпусу паліцыі, на чале якога стаў бы Юльян Саковіч, як Галоўны камэндант, тады ён павінен будзе пакінуць паліцыйны пост.

Івацэвіцкая канфэрэнцыя Беларускае Народнае Партызанкі

Калі на Палесьсі ўжо летам 1941 году арганізаваліся паўстанцкія аддзелы Беларускае Самаабароны, дык у іншых раёнах, як Наваградчына, Лідчына, Слонімшчына, Ружаншчына й інш., у першыя месяцы вайны арганізавалася стыхійная партызанка. У лес уцякалі беларускія актывісты перад пагрозаю зьнішчэньня немцамі па польскаму даносу, або нават самой польскай паліцыяй, "як камуністаў". Напрыклад, у Слоніме летам 1941-га па даносу польскага агента Рымшы, было расстраляна каля 100 беларускіх актывістаў. Стыхійная партызанка арганізоўвалася для самаабароны й не праводзіла нападаў на немцаў. Вясною 1942 году да яе далучыліся шматлікія ўцекачы ад гітляроўскага тэрору. У лес людзі йшлі цэлымі сем'ямі й нават вёскамі. З'явіліся камандзіры, нярэдка з былых савецкіх афіцэраў.

Атаман Язэп Таўпека пісаў: "першыя савецкія групкі з акружэнцаў-жаўнераў і перадусім афіцэраў і камуністаў згрупаваліся па лясах адразу, але сустрэўшы агульнае варожае стаўленьне насельніцтва Заходняй Беларусі, яны ўсе накіроўваліся на ўсход, каб прабіцца да сваіх. Мы зь імі сутыкаліся і пасьля размоваў мірна разыходзіліся. Яны прабіваліся да сваіх, мы зноў сядзелі ў лесе на сваёй тэрыторыі. Паза імі хаваліся ў лесе дробныя групкі з акружэнцаў, па некалькі чалавек - марадзёраў. Гэтыя рабавалі насельніцтва, дамагаліся сала, самагону, забівалі адмаўляючых. Але ў нашых ваколіцах мы іх хутка вычысьцілі. Жаўнеры-акружэнцы з большага, не падаліся разам са сваімі афіцэрамі і камуністамі на ўсход, але папрыставалі ў вёсках за работнікаў да сялянскіх сем'яў. Немцы ня толькі гэта дазвалялі, але і звальнялі ваеннапалонных з лягероў, калі ў лягер прыязджаў селянін і прасіў... Першыя /савецкія/ дэсантныя групы большага памеру /былі/ выкінутыя ў 1942 годзе, і тады вось яны выдалі загад усім "прымакам", як "ваеннаабавязаным", з'явіцца ў лес пад пагрозай расстрэлу, як дэзерціраў тых, хто не з'явіцца. Немцы, убачыўшы гэтае, загадалі ўсім палонным, хто яшчэ не пайшоў у лес, з'явіцца на зборныя пункты і адправілі ў лагер, каб і яны не пайшлі. Хто ўцалеў, вядома пабег сам у лес. Але ня ўсе ўліліся і хацелі ўліцца ў савецкую партызанку, многія далучаліся да нашых атрадаў і так паўстаў не адзін мяшаны атрад".

Неабходнасьць барацьбы з савецкімі марадзёрамі, якія рабавалі сялян, гвалцілі сялянак, правакавалі на карныя меры немцаў, садзейнічала навязаньню сувязі паміж патрыятычнымі атрадамі й групамі. На тэрыторыі Піншчыны, Целяханшчыны, Ружаншчыны, Слонімшчыны ў 1942 г. беларускія атрады налічвалі больш 3000 партызан (разам з сем'ямі). У гэты час савецкая партызанка мела тут значна меншыя сілы.

Нелегальная Грамада праз сваіх сяброў у гэтых атрадах наладжвае сувязь з партызанкаю, з мэтай усталяваньня кантактаў паміж аддзеламі й іх аб'яднаньня пад адзіным кіраўніцтвам. На пачатку ліпеня 1942 г. на хутары, недалёка ад Івацэвіч, адбылася першая нарада камандзіраў беларускіх партызанскіх аддзелаў і трох прадстаўнікоў Грамады (Хмара, Вір, Стасевіч). Была ўтворана "Лава атаманаў", якая мела быць паразумеўчым ворганам партызанаў і зьбірацца ў разе патрэбы. Па адных зьвестках, на нарадзе было 12 атаманаў, па другіх - 8. Пад Івацэвічы з'ехаліся камандзіры атрадаў з Ружаншчыны (трох), Косаўшчыны (адзін), Целяханшчыны (адзін), Піншчыны (два), з Ліпічанскай пушчы (адзін). Але фактычна кожны зь іх меў уплыў і на некалькі іншых партызанскіх аддзелаў, якія па прычыне "адсутнасьці ў іх людзей палітычна вырабленых, ня выказаліся ясна, але ўсё ж трымаліся больш-менш асноўных палажэньняў беларускага кірунку".

Лава атаманаў адобрыла пазыцыю палітычнага цэнтру - Беларускай Народнай Грамады - стасаваць у партызанцы "засаду ператрываньня" (г. зн. чаканьня адпаведнага моманту для збройнага выступленьня). Былі прынятыя асноўныя тактычныя й стратэгічныя напрамкі дзейнасьці партызанкі:

"1. Нашай мэтай ёсьць захаваньне боездольнай збройнай сілы ў як найбольшай цэласьці да часу, калі пры развале і абязсіленьні акупанта і ягонага супраціўніка, нам прыдзецца бараніць свой народ і ягоную незалежнасьць ад спробаў захопу нашае бацькаўшчыны іншымі акупантамі.

2. Таму берагчы як мага нашых партызан ад устраганьня ў непатрэбныя збройныя дзеі з акупантам, што можа давесьці да людзкіх стратаў і зьнішчэньня паасобных нашых збройных груп.

3. Збройны супраціў праводзіцца толькі тады, калі акупант нападзе на наш аддзел, або суседні наш аддзел, ці на вёску, зьвязаную з нашымі атрадамі.

4. Суадносіны з падпарадкаванымі савецкаму кіраўніцтву атрадамі: нейтралітэт. Збройны супраціў, калі яны ўвойдуць, ня гледзячы на забарону ў зону аседку нашага аддзелу. Збройная расправа з марадзёрамі, пасьля папярэджаньня, калі яны рабуюць вёскі, ці падводзяць іх пад нямецкую расправу сваімі правакацыйнымі дзеяньнямі".

Па адных зьвестках, ужо на першай канфэрэнцыі была ўтворана "Беларуская Народная Партызанка" - аб'яднаньне партызанскіх атрадаў на чале з палкоўнікам Іванам Шанько (камандзір партызанскага аддзелу, былы лейтэнанат Чырвонай Арміі, рангу яму падвысіла Лава атаманаў), які ўзначаліў Галоўны Штаб партызанкі. У створанае палітычнае кіраўніцтва ўвайшлі: Сяргей Хмара, Васіль Вір (Пінскі) і Юрка Стасевіч, які стала знаходзіўся ў партызанскім атрадзе атамана Я. Таўпекі. Па іншых зьвестках, на першай нарадзе была ўтвораная толькі Лава атаманаў, а цэнтралізаванае кіраўніцтва Беларускае Народнае Партызанкі арганізавалася на другой канфэрэнцыі Лавы ў лістападзе 1942 года.

Беларуская Народная Грамада і Беларуская Народная Партызанка ў 1942-1943 гадах

Другая канфэрэнцыя Беларускай Народнай Грамады адбылася ў Менску напрыканцы 1942 году. На ёй прысутнічала 8 дэлегатаў. Канфэрэнцыя дала магчымасьць грамадоўцам больш цьвяроза ацаніць сытуацыю й прыняць праграму далейшай дзейнасьці. Справа цэнтралізацыі паліцыйных і вайсковых аддзелаў пад беларускім кіраўніцтвам няўдалася, бо сустрэла супраціў немцаў. Юльян Саковіч страціў сваю пасаду камэнданта паліцыі Менскае акругі, быў камандантам Менскае паліцыі, а са жніўня 1942 г. працаваў у БНС. Слонімская Брыгада Самааховы, якая за кароткі час арганізавалася, пры ўдзеле грамадоўцаў, летам 1942 года, была раззброеная немцамі і распушчаная.

Сяргей Хмара ўспамінае, што "удзельнікі канфэрэнцыі вымушаны былі заняцца справай іншых збройных беларускіх аддзелаў, а менавіта лясной партызанкі. Беларуская партызанка паўстала, зараз-жа пасьля першай грамадоўскай канфэрэнцыі ў Менску, не як вынік дзеяньняў грамадоўскіх актывістаў на месцах, але стыхійна праз уцёкі ў лес перад масавымі арыштамі грамадоўцаў з вёскі... Найбольш гэтакіх аддзелаў абаснавалася на Палесьсі... На чале беларускіх партызанскіх аддзелаў высунуўся сваёй актыўнасьцю, вайсковай здольнасьцю былы афіцэр савецкай арміі Шанько, які выратаваўся зь нямецкіх рук і ўцёк у лес, ды далучыўся да грамадоўскага партызанскага аддзелу ў Ружаншчыне. Канфэрэнцыя поўнасьцю пацьвердзіла дасюлешняе становішча да партызанскае тактыкі".

Плянавалася супраца з савецкімі партызанамі ў барацьбе супроць нямецкіх карных экспедыцый, а таксама ў дастаўцы зброі й амуніцыі. Было вырашана ўпаважніць палкоўніка Шанько весьці перамовы ў гэтай справе з кіраўніком Берасьцейскага пракамуністычнага антыфашыстоўскага камітэту Язэпам Урбановічам, а атамана Канстанчука накіраваць у Белавежскую пушчу дзеля скаардынаваньня дзейнасьці стыхійна паўсталых там беларускіх партызанскіх аддзелаў. Было пастаноўлена зьвярнуцца да іншых беларускіх груповак з прапановай супольнага фронту супраць нямецкіх акупантаў, а з тэхнічных пастаноў: спрабаваць зарганізаваць кур'ерскую сетку, якая павязала-б міжсобку грамадоўцаў Менску, Вільні, Беластоку, Пінска, Берасьця, Слоніма.

Канфэрэнцыя даручыла Васілю Віру арганізаваць кансьпіратыўную сетку БНГ на Піншчыне. Падымалася пытаньне арганізацыі свайго замаскіраванага прэсавага легальнага воргану. Гэта было рашэньне яшчэ першай канфэрэнцыі. Але была зробленая выснова, што "пры вострай акупацыйнай цэнзуры легальных магчымасьцяў для грамадоўскай прэсы няма". Другая канфэрэнцыя БНГ прыняла прапанову Хмары і Стасевіча "аб некалябараваньні зь немцамі ў адміністрацыйнай дзялянцы".

У лістападзе 1942 г. пасьля таго, як на Палесьсе пачалі масава скідвацца савецкія дэсантнікі й чэкісты ды ўзмацніліся нямецкія карныя акцыі, каля Целяханаў (Берасьцейшчына) прайшла Другая канфэрэнцыя Лавы атаманаў Беларускае Народнае Партызанкі. Канфэрэнцыя пастанавіла ўтварыць Галоўны Штаб Беларускага партызанскага руху на чале з палкоўнікам Іванам Шанько і ягонымі намесьнікамі: атаманамі Харэўскім і Суворым. Такім чынам, Беларускі антыгітляроўскі збройны рух у Заходняй Беларусі стаўся цэнтралізаванай партызанскай сілай, зьвязанай патайнымі сувязямі з беларускімі падпольнымі арганізацыямі і з легальнымі вайсковымі фармацыямі. Атрады народнае партызанкі дзейнічалі на Гарадзеншчыне, Берасьцейшчыне і Піншчыне ды ў 1943 годзе налічвалі больш 5 тысяч чалавек.

Грамадоўцы, выконваючы пастановы 1-й і 2-й канфэрэнцыяў, спрабавалі залажыць легальны часапіс "Барацьба" ці "Покліч", як ворган Слонімскага камітэту Самапомачы. У Слоніме былі журналісты-грамадоўцы, якія спрабавалі ажыцьцявіць гэты праэкт, але немцы забаранілі выданьне часапіса. Не атрымалася арганізаваць падобнае выданьне ў Баранавічах і Наваградку.

В.Вір, які наладжваў кансьпіратыўную сетку Грамады на Піншчыне, сустрэў супраціў украінскіх нацыяналістаў, якія былі на службе ў немцаў. У Пінскім СД загінулі сябры арганізацыі Дзерваед і Шаламюк.

Скарыстоўваючы працу ў фірме па распаўсюджваньню прэсы, С. Хмара атрымаў прапускі на паездкі па Заходняй Беларусі для нелегальнай Грамады. Як успамінаў Хмара, дзякуючы прапускам, ён сустрэўся ў Вільні з Франьцішкам Аляхновічам, у Беластоку з Тамашчыкам і Ільяшэвічам, у Берасьці з партызанскімі сувязнымі, часта бачыўся з Саковічам у Менску. Пазьней удалося атрымаць прапускі ў Пінск, які падлягаў Украінскаму камісарыяту. Кур'еры перавозілі лістоўкі (шыфры) або перадавалі весткі вусна.

Выконваючы рашэньні 2-й канфэрэнцыі, грамадоўцы наладжваюць сувязь з падпольнай Беларускай Незалежніцкай Партыяй. Кантакты падтрымліваліся праз сябра БНП Уладзіслава Рыжага й старшыню ЦК БНП Усевалада Родзьку. Акрамя таго, нельга забываць, што Ю. Саковіч, тайна ад сяброў Грамады, уваходзіў у Цэнтральны Камітэт БНП. Ён мог наладжваць кантакты й каардынаваць дзеяньні.

Для ўстанаўленьня сувязі з ксяндзом Вінцэнтам Гадлеўскім і ягонай групай (Беларускі Народны (Цэнтральны) Фронт - грамадоўцы ня ведалі яе назову) быў накіраваны Сяргей Хмара. Аднак безпасьпяхова, бо Гадлеўскі "не адазваўся: баяўся, відаць, нас, а мы яго, таму адкрыта гаварыць зь ім не маглі". Відавочна, нацыяналіст Гадлеўскі з падазронасьцю аднёсься да сацыялістаў і былых камуністаў з Грамады. Ён памятаў іх барацьбу супраць яго "Беларускага Фронту" у 1930-я гады.

Актыўны дзеяч БНГ у Менску Я. Галейка ўспамінае, што была гаворка на адной з нарад пра прыцягненьне да супрацоўніцтва Аўгена Калубовіча, які, праўдападобна, належыў да Партыі Беларускіх Нацыяналістаў (ПБН), але гэтаму супрацівіліся ўсе грамадоўцы з правінцыі, якія "страшэнна не давяралі нікому з падсавецкіх беларусаў, як узгадаваных пры камунізме".

З БНГ і яе партызанкай спрабаваў наладзіць сувязь старшыня Рады БНР Мікола Абрамчык. У 1943 годзе ён прыслаў сувязную з Бэрліна Кацярыну Грынкевіч, але Хмара ад навязаньня сувязяў ўстрымаўся (адбылося гэта ўжо пасьля сьмерці Саковіча). Хмара дапускае, што Абрамчык даведаўся пра Беларускую Народную Грамаду ад Саковіча або яго сяброў у Менску.

Тым часам загінуў Саковіч. Немцы даведаліся пра ягоную падпольную дзейнасьць і накіравалі яго на працу кіраўніка БНС у Лідчыну, будучы ўпэўненымі, што акоўцы яго хутка заб'юць. 13 чэрвеня 1943 года ў Васілішках ён і Леанід Маракоў былі застрэлены польскімі тэрарыстамі. Некалькі дзеячоў БНГ арыштоўваліся нямецкімі акупантамі й былі закатаваныя... Васіль Лукашык, бурмістр Беластоку, яшчэ ў 1942 г. уцёк у Швэцыю, дзе спрабаваў закласьці Цэнтар Беларускага Вызвольнага Руху.

Незалежныя партызанскія аддзелы, якімі кіравалі беларускія дзеячы эсэраўскага кірунку, паўсталі на Смаленшчыне, Браншчыне і Магілёўшчыне. На Браншчыне партызанскі рух меў назоў "Народнай Сацыял-Рэвалюцыйнай Партызанкі". Беларуская Народная Партызанка спрабавала зь імі наладзіць сувязь. У далёкі рэйд на Смаленшчыну быў высланы аддзел атамана Кавалёва (былога капітана савецкага войска), які складаўся амаль выключна з "усходнікаў". Але ён быў зьнішчаны ў Цэнтральнай Беларусі дывэрсыйнымі атрадамі НКВД. Перамовы з эсэрамі ўдалося правесьці ў Віцебску пад "апекай" У. Родзькі, які быў бурмістрам гораду. Была ўзгоднена супраца паміж прадстаўнікамі партызанкі са Смаленшчыны й БНПартызанкай. В. Вір успамінае, што ўсе "усходнікі" гаварылі па-расейску, але лічылі сябе беларусамі й стаялі за незалежнасьць Беларусі. Аднак усталяваньню трывалых сувязей БНП і эсэраў перашкодзілі нямецкія й савецкія сьпецслужбы. Васіль Вір павінен быў выехаць у 1943 г. у Смаленск, як прадстаўнік паліткіраўніцтва партызанкі, але быў схоплены ў Пінску СД (не без дапамогі ўкраінскіх нацыяналістаў, бо Вір перашкаджаў украінізацыі Піншчыны) і быў вывезены ў канцлягер Нямеччыны.

На пазапрыпяцкім Палесьсі, у раёне Высацка, Дубровіцы, Кухоцкае Волі, Камень-Кашырска і Ратна, Беларуская Народная Партызанка супрацоўнічала з ПС УПА ат. Бараўца-Бульбы. Атрады Харэўскага, Перагуда, Патрубейкі й Суворага дапамагалі бульбаўцам у зьнішчэньні польскае прасавецкае партызанкі ў раёне Дубровіцы, Вялікай Глушы, Камень-Кашырска й Любяшова.

Аддзелы Беларускае Народнае Партызанкі прымалі ўдзел у арганізацыі вясковае самааховы на Палесьсі ў 1942-43 гг. На паўднёвай Піншчыне і Камень-Кашыршчыне да гэтай справы прычыніўся атрад ат. Суворага (Лукашука). У Кобрыншчыне і Ратненшчыне дапамагаў стварэньню самааховы атрад ат. Івана Лясьніка.

Масква супраць беларускай партызанкі

Праз сваю выведку Масква даведалася пра дзейнасьць беларускае партызанкі й нават пра нелегальную БНГрамаду. П. Панамарэнка, сакратар ЦК КП(б)Б і начальнік Цэнтральнага Штаба Партызанскага Руху, прызнаваў пасьля вайны, што вясною 1942-га Масква ведала пра дзеяньне на Заходняй Беларусі партызанкі, але яшчэ ня мела зьвестак пра яе палітычную накіраванасьць.

Яшчэ ў жніўні 1941 года на Берасьцейшчыну прыбыў з заданьнем ЦК КП(б)Беларусі Язэп Урбановіч ("Юзік", "Максім"), які распачынае арганізацыю савецкага падпольля ў форме "антыфашыстоўскіх камітэтаў". У 1942 годзе, карыстаючыся сваімі старымі сувязямі (ён вучыўся ў Віленскай Беларускай Гімназыі ды ведаў многіх грамадоўцаў), Урбановіч прапануе атаману Язэпу Таўпецы й некаторым іншым утварэньне разам зь ім Антыфашыстоўскага камітэту, а таксама каардынацыю дзейнасьці. Таўпека ўспамінае, што атаманы, "паразумеўшыся міжсобку і з прадстаўнікамі Грамады, пагадзіліся на ўтварэньне такога камітэту, але пад умовай: у ім будуць толькі жыхары Заходняй Беларусі, з парытэтным лікам камуністаў і іхніх партызан і столькі-ж нашых партызанаў і Грамады. Мы катэгарычна патрабавалі выдаленьня з Камітэту НКВДыста Афанасьева, слыннага ката, выдаваўшага лістоўкі з "прыказамі" неадкладна расстрэльваць кожнага самаахоўца і тых, хто праяўляў незадавальненьне савецкай уладай. Пазатым мы патрабавалі, каб Камітэт узяў ў рукі атрады савецкіх партызан і катэгарычна забараніў займацца правакацыямі супраць беларускай вёскі, асуджаючы іх на гібель сваімі неасьцярожнымі нападамі на немцаў у вёсках ці падкладаньне мін пад чыгунку пры самых вёсках, за што гітляроўцы распраўляліся з усім насельніцтвам вёскі (кругавая парука). Урбановіч пагаджаўся з намі, што да апошняга пункту, але скардзіўся, што лейтэнант Журба, вызначаны камандаваць савецкімі атрадамі, ня можа зь імі справіцца й яны яго ня слухаюць, і таму ён зьвярнуўся да свайго цэнтру на "большой зямлі" прыслаць больш аўтарытэтных асоб, дзеля гэтага, а таксама ўпаўнаважненых да сьцісьлейшых перагавораў з незалежнай партызанкай. Прычым ён цьвердзіў, што атрымаў указаньні навязаць з усімі процігітляроўскімі сіламі супрацу, дакляраваць дапамогу зброяй і лекамі..."

Старэйшы лейтэнант Журба напрыканцы жніўня 1941 г. узначаліў савецкую партызанку ў Ружанскай пушчы. У гэты час сюды з Гомеля прыбыў Урбановіч, як упаўнаважаны ЦК КП(б)Б. Ён узначальвае антыфашыстоўскі камітэт на Ружаншчыне й арганізуе падобныя арганізацыі ў іншых раёнах. У жніўні 1942 года ў Берасьці быў створаны Камітэт для барацьбы з нямецкімі акупантамі, пазьней перайменаваны на антыфашыстоўскі камітэт. С. Сікорскі адзначае, што камітэт ня меў сувязі з "большой землёй", бо адсутнічала радыёстанцыя, і яму не ўдалося ахапіць сваім уплывам частку раёнаў вобласьці - поўдзень і паўднёвы-захад, дзе "узьнікшыя партызанскія аддзелы працягвалі заставацца без кіраўніцтва". М. Крыштаповіч піша, што камітэт быў створаны па ініцыятыве Урбановіча ("Максіма"), Жышко (прыбыў з Гомеля разам зь ім) і Афанасьева (той самы энкавэдыст). У склад камітэта увайшлі: Я. Урбановіч - сакратар і кіраўнік камітэту, М. Крыштаповіч ("Кузьма") - другі сакратар і кіраўнік агітацыі і прапаганды, Я. Афанасьеў - начальнік асобага аддзелу, А. Журба - інструктар партызанкі й І. Жышко - інструктар камітэту.

У 1943 годзе з антыфашыстоўскага камітэту выбылі Жышко і Афанасьеў, якіх адклікалі ў Маскву. Але гэта не было выкананьнем патрабаваньняў беларускіх партызанаў, бо паляцелі яны на "большую зямлю" ужо пасьля зьнішчэньня й апанаваньня народнае партызанкі. Вядомы факт, калі асабіст Афанасьеў улетку 1943-га "наводзіў парадак" у абезгалоўленых атрадах народнае партызанкі ў Ружанскай пушчы.

Ці ўваходзіў палкоўнік Шанько або хто іншы з партызанкі ў Антыфашыстоўскі камітэт - няведама. Але ж мы памятаем, што 2-я канферэнцыя Грамады ўпаўнаважыла Шанько на гэтыя перамовы і, магчыма, гэткае ж рашэньне прыняла Лава атаманаў.

Пасьля перамоваў з кіраўніцтвам Беларускае Народнае Партызанкі, Урбановіч паведаміў у Маскву, што беларускія партызаны не даюць савецкім партызанам свабоды дзеяньня на Палесьсі й тыя вымушаныя падпарадкавацца. Масква адрэагавала імгненна. У другой палове 1942 г. у раёне Целяханаў была скінута з самалёта дывэрсыйная чэкістоўская група капітана Топкіна. Яна спрабавала падначаліць сабе ня толькі савецкую партызанку, але й беларускія атрады, што аднак не ўдалося зрабіць. За гэтай групай на Палесьсе "пасыпаліся" і іншыя сьпецатрады НКВД і НКГБ.

У студзені 1943 г. ЦК КП(б)Б накіраваў у Берасьцейскую вобласьць групу кіруючых работнікаў "с целью дальнейшего развёртывания партизанского движения и подпольной работы". У складзе гэтай групы былі члены будучага абкаму камуністычнай партыі: Сікорскі, Баброў, Драздоў, Калібераў, Паплаўскі, Пацеруха, Ромма, Фядосік, а таксама наборшчык Логвінаў і радысты Волкаў і Алераў. У Берасьцейскую вобласьць яны прыбылі напрыканцы красавіка 1943 года.

С. Сікорскі ўспамінае, што "азнаёміўшыся са справамі на месцы, падпольны абкам стварыў штаб партызанскіх атрадаў Берасьцейскай вобласьці". Яго ўзначаліў Сікорскі ("Сяргей"). Намесьнікамі былі: па агульным пытаньням - І. Баброў, па аператыўнай рабоце - палкоўнік дзяржбясьпекі А. Драздоў, па партыйна-масавай рабоце - батальённы камісар С. Ягораў, па камсамолу - Хв. Ромма, начальнікам штабу - П. Пранягін, былы камандзір атрада імя Шчорса, намесьнікам яго па разьведцы - І. Марыняк. Астатніх прыбылых разьмеркавалі па раёнах.

Сікорскі піша, што "абкам партыі паставіў задачу - умацаваць дысцыпліну ў партызанскіх атрадах, узьняць іх боездольнасьць і баявую актыўнасьць, дамагчыся далейшага разьвіцьця партызанскага руху ў вобласьці". Сікорскі запэўнівае ў сваіх успамінах, што да чэрвеня 1943 года абкаму ўдалося зьвязацца з усімі атрадамі ў вобласьці, стварыць новыя камсамольскія й антыфашыстоўскія арганізацыі ды пачаць фарміраваньне партызанскіх брыгад (першая была створана 19 чэрвеня 1943 года).

Сікорскі дзейнічаў па інструкцыях ЦК КП(б)Б, пяты пленум якога прыняў 28 лютага 1943 г. пастанову "Об обстановке и задачах работы партийных органов и партийных организаций в оккупированных районах Белоруссии". У ёй падкрэсьлівалася "важность усиления политической работы в западных областях Белоруссии с целью дальнейшего расширения партизанского движения и вовлечения в него широких слоёв трудящихся западных областей, а также в противовес ведущейся националистической обработке населения со стороны различных польских нелегальных организаций. Поручить Бюро ЦК разработать по этому вопросу тактические указания подпольным партийным органам".

22 чэрвеня 1943 году была прынята пастанова ЦК КП(б)Б "О мероприятиях по дальнейшему развёртыванию партизанского движения в западных областях Белоруссии" і ліст "О военно-политических задачах работы в западных областях БССР". Дакумэнты гэтыя цалкам яшчэ не друкаваліся, і зразумела чаму. У пастанове ёсьць і гэткі пункт: "...3. Поручить секретарям ЦК КП(б)Б тт. Калинину, Малину, Эйдинову, Горбунову и Авхимовичу проследить за быстрейшей реализацией утверждённых ЦК мероприятий по Барановичской, Пинской и Вилейской обл.". Можна толькі здагадвацца, што гэта былі за "мероприятия"...

Больш вядома пра пастанову ЦК КП(б) Украіны ад 15 ліпеня 1943 г. "О состоянии и дальнейшем развитии партизанского движения на Украине". Па ім можна даведацца, што было ў сакрэтных пунктах пастановы й ліста ЦК КП(б)Беларусі. В. Бегма пісаў, што "ЦК КП(б) Украины внёс ясность в отношении тактики партизан и подпольщиков к украинским буржуазным националистам. Это было крайне необходимо, так как некоторые командиры партизанских отрядов допускали ошибки; кое-кто из них вместо решительного разоблачения украинских националистических банд становился на путь переговоров с их главарями и даже заключали с ними договоры о нейтралитете. Другие же командиры партизанских отрядов, наоборот, сосредотачивали силы партизан на боях с украинскими националистическими бандами, отвлекая от основной задачи - борьбы против немецко-фашистских захватчиков.

В радиограмме Ковпаку и Рудневу (в копиях всем партизанским отрядам Украины) ЦК КП(б)У указал на эти серьёзные ошибки. "В нашем отношении к украинским националистическим "партизанским" отрядам, - говорилось в радиограмме, - мы всегда должны помнить и различать: первое - что руководители украинских буржуазных националистов - это немецкие агенты, враги украинского народа; второе - что некоторая часть рядовых участников этих отрядов искренне желает бороться с немецкими оккупантами, но она обманута буржуазными националистами, пролезшими к руководству этими формированиями.

Исходя из этого, ЦК КП(б)У поставил перед партизанскими отрядами Украины следующие задачи:
всеми способами разоблачать руководителей националистических формирований - буржуазных националистов как врагов украинского народа, как фашистских агентов;
не вступать в контакт с руководителями этих отрядов;
не предпринимать вооруженных боевых операций, если эти националистические формирования сами не нападают на советские отряды".

Крывавая масакра ў беларускіх лясах

У справе зьнішчэньня або падпарадкаваньня сабе БНПартызанкі, Масква рабіла стаўку на дывэрсыйныя чэкістоўскія групы. С. Хмара ўспамінае, што ў 1943 годзе ў раёне Ружан, Быценя і Косава было скінута 5 вялікіх дэсантных груп энкавэдыстаў пад галоўным камандаваньнем "палкоўніка сьпецыяльных войскаў НКВД" Льдова, з заданьнем сьпешна зьліквідаваць "беларускую небясьпеку" у лясах.

Хто ж ён такі, гэты Льдоў? Сапраўднае прозьвішча гэтага уральскага расейца - Лінькоў. "Льдоў" і "Баця" - гэта ягоныя псеўды. У 1941-42 гг. ягоны дывэрсыйны атрад дзейнічаў у бярэзінскіх лясах (Менская вобласьць), зрабіў 600-кіламетровы рэйд па нямецкіх тылах на Палесьсі. У студзені 1943 году Рыгор Лінькоў быў выкліканы ў Маскву, дзе атрымаў зорку героя Савецкага Саюза. На Беларусь ён вяртаецца ў траўні 1943 года, атрымаўшы сьпецыяльнае заданьне П. Панамарэнкі.

Капітан Топкін, які камандаваў савецкімі дэсантнікамі на Берасьцейшчыне, быў цяжка паранены й вывезены самалётам у Маскву. Лінькоў пісаў у сваіх успамінах, што "по имевшимся в Москве сведениям, она (група Топкіна - С. Ё.) неплохо действовала, но она обросла тысячами местных партизан, и управление этими тысячами, видимо, было не под силу тем, кто остался замещать капитана Топкина, - время от времени оттуда поступали тревожные сигналы.

В Брестской области еще летом 1942 года возникло несколько крупных партизанских отрядов. Большинство их базировалось в лесах Ружанской пущи и так называемых "Волчьих нор". Отряды имени Щорса, им. Калинина, "Советская Беларусь" и многие другие сформировались здесь, главным образом, из окруженцев и бежавших из немецкого плена бывших бойцов и командиров Красной Армии. Руководство отрядами осуществляли Иосиф Павлович Урбанович и Иван Иванович Жижко, оставленные ЦК КП(б)Белоруссии на подпольную работу в тылу у немцев. Эти товарищи создали подпольный Антифашистский комитет, который и руководил партизанским движением.

В сентябре 1942 года в Брестской области была выброшена десантная группа капитана Топкина, имевшая радиостанцию. Войдя в сношения с этой группой, Урбанович и Жижко получили возможность установить непосредственную связь с Москвой. С помощью десантников Топкина они вовлекли партизанские отряды в активную диверсионную работу на железнодорожных магистралях немцев.

...Но в некоторых партизанских отрядах Брестской области процветала "партизанщина" в худшем смысле этого слова, а это создавало благоприятные возможности для проникновения в них агентов гестапо.

...Очевидно, влияние ЦК КП(б)Белоруссии ещё не доходило до брестских партизанских отрядов, а Урбанович и Жижко, не имея оперативной связи с Центральным штабом, не проявляли в этом отношении должной решительности".

Дык якія паўнамоцтвы меў Лінькоў? У сваёй кнізе "Война в тылу врага" ён піша, што "перед вылетом я побывал в ЦК ВКП(б) и у секретаря ЦК КП(б)Белоруссии тов. Понамаренко. Полученные мною руководящие указания содержали в себе ясную политическую установку на организацию всенародной борьбы против немецких оккупантов". Як бачым, заданьне Лінькоў атрымаў ад вышэйшага савецкага кіраўніцтва, якое прыняло рашэньне аб зьнішчэньні Беларускае Народнае Партызанкі (падобна да такой жа акцыі супраць польскай АК у Зах. Беларусі). Атаман Якуб Харэўскі ўспамінае, што "Льдоў" так акрэсьліў мэту сваёй місіі Урбановічу: "ён меў наказ ад Панамарэнкі, які кіраваў савецкай дывэрсыйнай дзейнасьцю на Беларусі, зьнішчыць любым спосабам Беларускую незалежную партызанку і падпарадкаваць абязгалоўленыя атрады сабе".

Паплечнік Р. Лінькова А. Брынскі ўспамінаў пасьля вайны: "в мае 1943 года под Брестом появился командир партизанских отрядов полковник Льдов. Фамилия не знакома, но по делам, по почерку, как говорится, узнали мы, возвратившегося в тыл врага Григория Матвеевича Линькова..." Сапраўды, почырк у яго быў асобы, крывавы...

Акрамя дывэрсантаў Лінькова й іншых, у Заходнюю Беларусь з усходу насоўваліся савецкія партызанскія злучэньні генэрала Капусты й іншых вышкаленых савецкіх камандзіраў. Акадэмічная гісторыя Беларусі падае, што летам 1943 г. з усходняй Беларусі ў Заходнюю прыйшло толькі некалькі партызанскіх брыгад і атрадаў, але рэальна ж іх было значна больш. Панамарэнка пісаў, што "да зімы 1943/44 гг. у заходнія вобласьці Беларусі прыбыло 16 буйных партызанскіх фарміраваньняў, у тым ліку адно абласное злучэньне, 8 брыгад, полк, 6 асобна дзеяўшых атрадаў - усяго амаль 8 тысяч вопытных, загартаваных узброеных байцоў, камандзіраў і палітработнікаў. Яны занялі пазіцыі ў Баранавіцкай, Берасьцейскай і Вілейскай абласьцях".

Рыгор Лінькоў, які 21 траўня 1943 года дэсантаваўся на Ружаншчыне, адразу прыступіў да выкананьня свайго заданьня. У сваіх успамінах ён не піша пра народную партызанку, а прадстаўляе справу так, што ён "змагаўся супраць здраднікаў у савецкіх партызанскіх аддзелах". У сваіх успамінах Лінькоў так апісвае стан партызанскага руху на Берасьцейшчыне: "Поредевшая группа десантников /Топкина/ (а сначала их было тридцать пять человек) объеденила вокруг себя десять местных партизанских отрядов, в том числе несколько так называемых семейных, мало чем отличавшихся от деревень, переселившихся в лес. Людей в этих отрядах было четыре-пять тысяч, а способных к боевым операциям не было более трети. Десантники растворились в этих тысячах, и влияние их едва ли не сошло на-нет.

Народ в отрядах был разный: одни действительно хотели и умели воевать, другие попросту спасали свою жизнь, третьи , - кто их знает, чего хотели третьи?.."

Р. Лінькоў, пры дапамозе Урбановіча, які й не падазраваў пра намеры энкавэдзіста, зьявіўся са сваімі дэсантнікамі ў раён разьмяшчэньня штаба палкоўніка Івана Шанько й запрасіў яго на перамовы аб пастаўках савецкай зброі. Шанько на гэтую прапанову пагадзіўся.

Атаман Харэўскі, аналізуючы ўжо на эміграцыі прычыны веры палк. Шанько ў "добрыя намеры" энкавэдзістаў, прыходзіць да высновы, што тут "дапамаглі" "бульбаўцы". Бо было вядома, што падобныя перамовы яны праводзілі з палкоўнікам Мядзьведзевым.

Т. Гладкоў пісаў, што калі палк. Мядзьведзеў прааналізаваў інфармацыю аб "Тарасе Бульбе" й ягонай Палескай Сечы УПА, ён "прыйшоў да высновы, што для пасьпяховага працягу барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі крайне пажадана абязшкодзіць Бульбу". "Мядзьведзеўцы" пайшлі на перамовы з Бараўцом, спадзяючыся, што пры спрыяльных абставінах ім удасца яго зьнішчыць, але гэтага ім зрабіць не ўдалося, бо ахова атамана была добра ўзброеная і шматлікая. Перамовы праводзіў намесьнік Мядзьведзева А. Лукін. Адбылося дзьве сустрэчы: 16 верасьня й 28 кастрычніка 1942 года, на якіх было заключана пагадненьне аб нейтралітэце, быў прыняты агульны пароль.

Верыў Шанько Лінькову й праз пасярэдніцтва ў перамовах Урбановіча, якога ведалі як былога вучня Віленскай Беларускай Гімназыі й беларускага патрыёта, хоць і камуніста.

Сустрэча павінна была адбыцца ў Ружанскай пушчы, у лесе, і з кожнага боку, акрамя камандзіра, павінен быў быць яшчэ адзін чалавек. Палкоўнік Іван Шанько зьявіўся на ўмоўленае месца ў суправодзе толькі аднаго ад'ютанта - Мікалая Скрундзя ("Ваўкалака"). Лінькоў прыбыў з двума дэсантнікамі, што было парушэньнем папярэдняй умовы. Ён запрапанаваў Шанько пагаварыць сам на сам, адыйшоўшы ад сваіх людзей на некалькі дзесяткаў метраў.

Я. Харэўскі, праўдападобна, са слоў Скрундзя, гэтак апісвае кароткую размову палкоўнікаў: "/Лінькоў/ безцэрэмонна зажадаў, каб ён /Шанько/ падпарадкаваўся яму, як былы савецкі маёр і падпарадкаваў яму атрады. Затое прапанаваў яму месца свайго памочніка ў кіраўніцтве партызанскім рухам Палесься, вызначаючы сябе на кіраўніка гэтага руху. Калі Шанько адказаў яму, што ані ён асабіста, ані Беларускі партызанскі рух яму, як высланьніку СССР не падпарадкуецца, Льдоў выхапіў наган і стрэліў у грудзі палкоўніка Шанька". Ад'ютант М. Скрундзь быў зтэрарызаваны энкавэдыстамі й змушаны прыбыць разам зь імі ў лягер атрада Шанько і абвесьціць, што атаман... паляцеў у Маскву на самалёце на перагаворы аб зброі, а часовае камандаваньне нібыта перадаў аднаму з падстаўленых Ліньковым энкавэдзістаў. Па іншай вэрсыі, сам Лінькоў заявіў, што заменіць палкоўніка Шанько.

Пачалося апанаваньне іншых атрадаў праз засылаемых у іх агэнтаў Лінькова, праз зьнішчэньне іншых камандзіраў і найбольш дасьведчаных, нацыянальнасьведамых партызанаў, мэтадамі правакацыі. Хмара адзначае, што напачатку забойствы рабіліся скрытна, калі гаварылася пра "вылет у Маскву" прапаўшага або аб ягонай гібелі ад "нямецкай кулі". Пасьля беларускіх партызанаў забівалі адкрыта. Забітых абвінавачвалі ў сувязі зь нямецкімі сьпецслужбамі. Нярэдка дэсантнікі падкідвалі немцам інфармацыю, з дапамогай якой тыя зьнішчалі "ложных" партызанаў і падпольшчыкаў. Падобным чынам, як і палк. Шанько, быў забіты намесьнік атамана Бокана, а пасьля й сам Бокан ды шэраг іншых камандзіраў і сувязных. Атаман Таўпека піша, што пры адным з такіх забойстваў прысутнічаў і Урбановіч, які жахнуўся. Калі ён закрычаў на Лінькова: Што вы робіце? Той адказаў: Я выконваю інструкцыі штабу.

Язэп Урбановіч, пасьля забойства Шанько й іншых, пасьпеў паведаміць праз сувязную Грамады ў Івацэвічах аб ягонай поўнай нявіннасьці ў той трагедаі, што адбылася ды аб атрыманым шоку, а таксама парадзіў ратавацца "выдатнейшым сябрам Беларускага партызанскага руху". Сувязная сваю справу выканала, але самая была павешаная па загаду Лінькова... Дзякуючы ёй застаўся жывы ат. Таўпека, які ўжо пасьпеў атрымаць запрашэньне на "перамовы" ў раён Быценя. Засталіся жывыя атаманы Хоміч, Перагуд і Харэўскі.

Некаторыя беларускія партызанскія аддзелы намагаліся арыштаваць і судзіць Лінькова, як крывавага забойцу. Таўпека піша: "Ды хто ж яго мог дасягці, калі ён меў сотні ўзброеных да зубоў дэсантнікаў, а за сабой афіцыйную падтрымку ўсіх савецкіх узброеных дэсантных груп, ды яшчэ, дапамогу кінутых аж зь Меншчыны цэлых брыгадаў пад камандай генэрала Капусты. Аднак, некаторых дэсантнікаў партызаны БНП лавілі, судзілі і вешалі.

Пры таямнічых абставінах загінуў атаман народнае партызанкі ў Белавежскай пушчы Канстанчук. Здарылася гэта напрыканцы 1943 года. Афіцыйна было падана, што ён загінуў ад "нямецкай кулі". Ад рук энкавэдзістаў ген. Капусты загінуў дзеяч Грамады й сувязны партызанкі Уладзімер Альшэўскі. Ліньковым быў застрэлены 28 траўня 1943 г. камандзір савецкага атрада на Ружаншчыне маёр Канстанцін Нішчанкоў (пра гэта забойства Лінькоў падрабязна напісаў у сваёй кнізе "Война в тылу врага"). Быў зьнішчаны, трапіўшы ў савецкую засаду, аддзел атамана Івана Лясьніка каля Вялікага Балота. Ён дзейнічаў на Кобрыншчыне, Янаўшчыне і Ратненшчыне. Савецкія дыверсанты ліквідавалі атрад ат. Патрубейкі, які дзеяў на Высоччыне. На поўдзень ад Пінска, каля вёскі Нобель, быў забіты ат. Суворы (Лукашук), атрад якога дыслякаваўся ў раёне Пінска, Лунінца, Камень-Кашырска й Давыд-Гарадка. Васіль Вір пісаў ужо на эміграцыі: "Атрад Суворага захоплена такім чынам, што інфільтравана яго сваімі агентамі, якія пад покрыўкай быццам палонных савецкай арміі, прасіліся да нашай партызанкі, а атаман Суворы іх усіх прымаў. Калі іх сабралося больш 20-ці, аднаго дня яны захапілі і зьнішчылі атамана і ад'ютантаў, а на дапамогу ім ужо чакаў "сьпецыяльны" (асобы) чакістоўскі атрад, які скончыў расправу. Так як атрад /Суворага/ быў папулярны ў ваколіцы, яны і далей дзеялі быццам пад старым імем, зьмяніўшы назоў атраду (замест атраду Суворага, на атрад: "імя маршала Суворава"!!!), каб падобным, блізкім гучаньнем, зманіць нашых паляшукоў, што ім ня раз удавалася". Як раз у гэты час была заплянавана супольная акцыя атраду Суворага й аддзелу бульбаўцаў. Чакісты, даведаўшыся пра гэта, зрабілі засаду на ўкраінцаў. В. Вір піша далей: "Але тыя былі сьмякалістыя! Калі падыйшлі першыя сьледапыты УПА і клікнулі гасла, савецкія дэсантнікі яго ня зналі, а пачалі заклікаць, каб бульбаўцы ішлі, бо іх "чакаюць". Тыя, знаўшы атамана Суворага, зажадалі здалёк яго выйсьця наперад, а калі яго ня было, украінцы, выкрыўшы правакацыю, кінуліся назад. Сэрыі /чэргаў/ савецкіх аўтаматаў іх не дасяглі, бо і яны секанулі ў адказ".

Апанаваныя бальшавіцкімі дывэрсантамі НКВД беларускія аддзелы былі змушаныя выконваць загады савецкага кіраўніцтва й выходзіць на "рэйкавую вайну". Тыя, хто спрабаваў супрацівіцца, расстрэльваліся на месцы. Далейшым крокам у плянах Масквы было адарваньне партызанаў ад іхных сем'яў, якія жылі разам у лягерах. Мужчыны былі прымусам загнаныя ў іншыя акругі за сотні кілямэтраў ад сваіх сем'яў і ад родных мясьцінаў. Уцякаўшыя або тыя, што выказвалі незадавальненьне, расстрэльваліся. Сем'і іхныя ўтрымліваліся як закладнікі й расстрэльваліся пасьля ўцёкаў партызана або ягонага супраціву новым "камандзірам". Да лета 1944 года ад беларускіх аддзелаў, якія былі падначаленыя савецкаму кіраўніцтву, не засталося і сьляда, бо беларусы перамешваліся ў атрадах з расейцамі й іншымі, якія за імі наглядалі. Толькі адзінкам удалося ўцякчы зь лесу ў гарадскую або вясковую самаахову. Сярод апанаваных чакістамі атрадаў быў і аддзел атамана Лявона, які дзейнічаў на Слонімшчыне, Шчучыншчыне й у Ліпічанскай пушчы. Лёс атамана Лявона невядомы.

Партызанскія аддзелы БНПартызанкі, якія дзейнічалі на Піншчыне й Лунінеччыне (Марочна, Лахва, Давыд-Гарадок) змушаныя былі, пад напорам дэсантных чакістоўскіх групаў і савецкіх рэйдуючых злучэньняў, часткова самазьліквідавацца, а часткова перайсьці на ўкраінска-беларускае пагранічча ў Століншчыне й Камень-Кашыршчыне, дзе падтрымлівалі кантакты з бульбаўцамі ў сутычных пунктах Высацка й Любяшова.

Аддзел ат. Таўпекі (дзейнічаў у раёне Баранавіч, Наваградка і Слоніма) быў заатакаваны савецкімі дывэрсантамі. У баі быў цяжка паранены Юрка Стасевіч, якому ад разрыву чэкістоўскай гранаты адарвала руку. Таўпека вывеў рэшткі свайго аддзелу ў 1944 годзе ў Аўгустоўшчыну. Аддзел атамана Бякеты быў зьнішчаны акоўцамі ў Лідчыне, каля Беліцы.

Частка партызанаў аддзела палкоўніка Шанько, разам з М. Скрундзем выйшла зь лесу й увайшла ў Косаўскую самаахову, у складзе якой пасьпяхова змагалася з бальшавіцкімі партызанамі. Ліпічанскі аддзел Беларускае Народнае Партызанкі уліўся ў 1944 г. у Слонімскі батальён Беларускае Краёвае Абароны. Былі былыя партызаны і ў самаахове Быценя.

Язэп Урбановіч, які абяцаў Лінькову, што той адкажа за свае злачынствы, загінуў перад самым прыходам Чырвонай Арміі ў ліпені 1944 года. Зьвесткі й нават паказаньні сьведкаў пра гэтую трагедыю супярэчлівыя. Па адной з вэрсый, Урбановіч быў забіты двума дэсантнікамі, бо зашмат ведаў.

"Навёўшы парадак" на заходнебеларускім Палесьсі, палкоўнік Р. Лінькоў падаўся далей на захад, у Польшчу, дзе яго чакалі чарговыя "адказныя даручэньні" маскоўскага кіраўніцтва. На грудзях ягоных вісела зорка героя Савецкага Саюза... Прайдуць гады й Божая кара знойдзе гэтага ката - ён загіне ў 1961 годзе ад рукі свайго сына.

Была зьнішчана нацыянальная партызанка ў цэнтральнай і ўсходняй Беларусі. Яшчэ ў 1942 годзе на Барысаўшчыне такі лёс напаткаў партызанку Беларускай Незалежніцкай Партыі, якую арганізоўваў Уладзімер Шавель. Тады беларускія камандзіры былі расстраляны савецкімі партызанамі падчас перамоваў. На Бягомельшчыне, па загаду палкоўніка-чэкіста Ваўпшасава, быў расстраляны, за адмову падпарадкавацца савецкаму кіраўніцтву, атрад атамана Іванова. Шмат атрадаў беларускіх эсэраў было зьнішчана чэкістамі на Смаленшчыне й Браншчыне...

Пасьля таго, як была зьнішчана народная партызанка й загінулі дзесяткі сяброў Беларускай Народнай Грамады, кіраўніцтва арганізацыі вырашае перакінуць рэшту сваіх сяброў на Захад, каб выратаваць іх ад зьнішчэньня новым акупантам, што насоўваўся з усходу.

БНГ падтрымала ідэю скліканьня ў чэрвені 1944 г. у Менску Ўсебеларускага Кангрэсу, бо гэта была адзіная й апошняя магчымасьць сабраць увесь беларускі нацыянальны актыў наагул і грамадоўцаў ў асобнасьці. На кангрэсе Грамада зрабіла першую спробу зкантактавацца з генэралам Езавітавым. Яго спрабавалі правесьці на старшыню кангрэсу, але няўдалося, бо ён быў "не грамадзянін Беларусі, а грамадзянін Латвіі". Відаць, гэтаму запярэчылі нямецкія сьпецслужбы ды некаторыя беларусы-калябаранты тыпу Астроўскага. На кангрэсе ад імя грамадоўцаў (афіцыяльна, як "прывітаньне зьезду ад дэлегата") выступіў Андрэй Чэмер (Анішчык). Яго выступ хутка абарвалі, бо гаварыў ён значна больш за "прывітаньне".

Пасьля кангрэсу ў Менску адбылася кароткая нарада грамадоўскага актыву (Хмара, Таўлай, Анішчык, Трэска й інш.). Абгаворвалася адзіная актуальная справа: надыход савецкай акупацыі й далейшая дзейнасьць грамадоўцаў. Адзінства не было. Большасьць выступала за выезд на эміграцыю й прадаўжэньне там барацьбы. Некалькі грамадоўцаў прапанавалі пакінуць на Беларусі сваіх людзей, якія маюць пэрспэктывы ня быць арыштаванымі й зьліквідаванымі. Пры гэтым некаторыя лічылі, што савецкая ўлада "памякчэе" пасьля вайны й ня будзе прасьледаваць тых, хто застанецца. У выніку, з застаўшыхся ня быў арыштаваны ці не адзін толькі Валянцін Таўлай, у якога было алібі - супраца са сьпецгрупай НКГБ "Буревестник". Іншыя апынуліся ў лягерах на Варкуце. Некаторыя закансьпіраваліся, а мажліва пайшлі ў антысавецкую партызанку. Частка апынулася на эміграцыі (Хмара, Вір, Стасевіч, Трэска, Зарэцкі, Галейка й інш.). Напрыканцы 1944 года ў Бэрліне яны закладваюць нелегальную грамадоўскую арганізацыю "Двупагоня". Яе сімвалам была Двупагоня - сімвал змаганьня супраць ворагаў Бацькаўшчыны з усходу і захаду (аўтар Двупагоні - Лявон Лунь). На эміграцыі арганізацыі БНГ былі закладзены ў Канадзе, ЗША, Швэцыі, Аўстраліі, Бразыліі, Нямеччыне, Англіі, Францыі і Аргэнтыне.

Беларуская Народная Партызанка ў 1944-48 гадах

Па прыходзе бальшавікоў у Заходняй Беларусі яшчэ дзеялі аддзелы Беларускае Народнае Партызанкі атаманаў: Харэўскага (Новіка, атрад імя ат. Нябабы), Перагуда, Мініча (Хоміча), Бялейкі, Мірона, Таўпекі. Аддзелы Мініча (Кобрыншчына, Берасьцейшчына) і Бялейкі (Століншчына, Дубровіншчына, Давыд-Гарадоччына) самазьліквідаваліся пасьля вайны. Лёс атрада ат. Мірона (Быценшчына, Косаўшчына, Ваўкавышчына) застаецца невядомым. Атрад Я. Таўпекі дзеяў на Аўгустоўшчыне ў 1944-45 гг. ды перайшоў мяжу Цешынскага Шлёнску й Нямеччыны.

"Нябабаўцы" Харэўскага пад час нямецкай акупацыі дзеялі на Піншчыне, Камень-Кашыршчыне і Любяшоўшчыне. Ёсьць зьвесткі, што нібыта атрад Харэўскага вызваліў з Пінскай турмы ангельскага парашутыста, захопленага немцамі, і ўсіх вязьняў турмы. Аднак гэта пакуль не падцьверджана фактамі. Ды й вядома, што гэтую акцыю правялі польскія дэсантнікі з "Вахляжу". Перагудаўцы да 1944 г. дзеялі ў Кобрыншчыне, Берасьцейшчыне й у Белавежскай пушчы. Гэтыя два атрады прыхаваліся ад савецкіх партызанаў і чэкістаў у глыбіні Палесься (паміж Сьвятой Воляй, Ратнам і Любяшовам). З адыходам немцаў аддзелы папоўніліся людзьмі, якія ўцякалі ў лес ад бальшавіцкіх рэпрэсій.

Успамінае атаман Іван Перагуд: "Калі немцы пакідалі Валынь, пераходзячы за Прыпяць на Берасьцейшчыну і Піншчыну, яны, уцякаючы, пакінулі, ня могучы забраць цераз Прыпяць, аргамадныя запасы зброі ў Ратне і Любяшове, што аўтаматычна сталася нашай партызанскай здабычай да прыходу савецкай арміі. Мой атрад і Харэўскага (імя Нябабы), які дыслякаваўся каля Любяшова, абагаціліся першагатунковай зброяй. Усім хапіла па нямецкім аўтамаце, лёгкія кулямёты, маса гранат, мінамёты...

Калі мы перайшлі потым на другі бераг Прыпяці, мы былі ўзброеныя па зубы, хоць цяжэйшую зброю, як мінамёты, кулямёты і шмат амуніцыі мусілі закапаць у схоўках".

"Нябабаўцы" дзеялі на Берасьцейшчыне й Піншчыне, у ваколіцах канала Агінскага, ад Косаўшчыны на поўначы, аж да Высацка ў Століншчыне, Лахвы й Камень-Кашырска. Яны супрацоўнічалі з "бульбаўцамі", якія партызанілі на поўдзень ад Прыпяці. Харэўскі пісаў, што "нашыя аддзелы ад пагоні звычайна хаваліся да "бульбаўцаў", а яны, калі там напіралі, уцякалі і перасіджвалі ў нашых стаянках".

У большасьці эміграцыйных крыніц сьцьвярджаецца, што аддзел Якуба Харэўскага ў 1945 г. перайшоў у Польшчу, а ў 1946 - праз Чэхію - у Нямеччыну. Аднак, ёсьць зьвесткі, што легендарны атрад, пасьля моцных карных апэрацый НКВД, быў атаманам часткова распушчаны, а часткова перакінуты ў Польшчу толькі ў 1948 годзе, а адтуль - на Захад, дзе апынулася 18 "нябабаўцаў". Атаман Перагуд піша, што атрад Харэўскага перайшоў Буг каля Цераспаля ды дзеяў нейкі час на Бялападлясчыне. Сам Харэўскі, праўдападобна, памылкова піша, што "паднішчаны атрад у 50-ых гадах самазьліквідаваўся і сябры ў бальшыні перабраліся ў Польшчу, а адтуль пасьля на Захад". Справа ў тым, што ў 1949 годзе партызаны Харэўскага й Перагуда выехалі з Заходняй Нямеччыны ў Паўднёвую Амерыку. Таму атрад імя Нябабы партызаніў толькі да 1948 г. Магчыма, што тыя партызаны, якія засталіся на Бацькаўшчыне, яшчэ дзейнічалі малымі групамі ці ў адзіночку.

Атрад Перагуда дзейнічаў у Белавежскай пушчы й Аўгустоўшчыне. У Польшчу ён перайшоў напрыканцы 1945 г. й дыслакаваўся каля Райгорада. Да 1947 года "перагудаўцы" змагаліся з польскімі нацыяналістычнымі партызанамі, якія палілі беларускія вёскі, забівалі беларусаў, прымушаючы іх да выезду ў СССР. Беларускія партызаны супрацоўнічалі з беларусамі-працаўнікамі грамадзянскае адміністрацыі й міліцыі, дапамагалі ім ваяваць з польскімі ляснымі атрадамі. Іван Перагуд пісаў: "Калі… насланыя польскія вайсковыя атрады пачалі наступаць нам на пяты, прыйшлося, каб абярэгчыся ад зьнішчэньня, партызаншчыну канчаць, тым больш, што на месцах у бальшыні паўстала мясцовая адміністрацыя з беларусаў, хоць змусу пад камуністычнай вывескай, але зь якімі мы былі саюзьнікамі, а не ворагамі. Нацыяналістычны польскі вораг ужо дабіваўся імі самымі.

Пры адпаведнай скрытнай дапамозе ўдзячных суродзічаў на адпаведных становішчах і па радах, наш атрад перасякнуўся адзінкамі праз нямецкія граніцы".

Партызаны Харэўскага, Перагуда, Таўпекі й іншыя пасяліліся ў Бразыліі, Аргэнтыне, Парагваі, Балівіі, Венесуэле, ЗША і Канадзе. Яны арганізавалі ветэранскі Саюз Былых Удзельнікаў Збройнай Барацьбы за Вызваленьне Беларусі, рэгулярна на Купальле праводзілі ў Бразыліі сустрэчы ветэранаў Беларускае Народнае Партызанкі. Яшчэ ў Заходняй Нямеччыне на іх палявалі агэнты савецкага выведу, а ў Бразыліі чэкісты забілі ў красавіку 1968 года атамана Харэўскага і яго ад'ютанта Канстана Гука (была інсцыніравана "аўтакатастрофа"). Сёньня, праўдападобна, на эміграцыі ў жывых з былых партызанаў нікога ўжо не засталося... А тыя партызаны БНПартызанкі, што засталіся на Бацькаўшчыне, яшчэ шмат гадоў ваявалі з бальшавіцкім акупантам у складзе аддзелаў "Чорнага Ката" ды ў атрадах УПА...

Эпілог

Беларускі Антыгітляроўскі Рэзыстанс засьведчыў імкненьне Беларускага Народу да незалежнасьці, самастойнасьці. Гэраічныя сыны й дочкі нашага народу паўсталі супраць усіх акупантаў беларускай зямлі й паляглі непераможаныя ў няроўным, але сьвятым змаганьні... Прыйдзе час, і на іх магілах мы ўрачыста ўстановім помнікі, на якіх будуць прозьвішчы усіх змагароў за ВОЛЮ й БАЦЬКАЎШЧЫНУ.

Сяргей ЁРШ
1995 - 1998 гг.

Комментируем публикацию: Беларуская партызанка


Публикатор (): S S A Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle

Скачать мультимедию?

подняться наверх ↑

Новые поступления

Выбор редактора LIBRARY.BY:

Популярные материалы:

подняться наверх ↑

ДАЛЕЕ выбор читателей

Загрузка...
подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY


Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY на Ютубе, в VK, в FB, Одноклассниках и Инстаграме чтобы быстро узнавать о лучших публикациях и важнейших событиях дня.