Беларуская вайсковая акруга ў міжваенны перыяд (1921-1939). Спробы беларусізацыі

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Беларуская вайсковая акруга ў міжваенны перыяд (1921-1939). Спробы беларусізацыі. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-09
Источник: http://library.by

Міжваенны перыяд Беларускай вайсковай акругі (БЕЛВА) - адзін з найбольш слаба даследаваных у айчыннай гістарыяграфіі. Між тым, у войску па тым часе адбывалася шэраг вельмі значных працэсаў, якія істотна паўплывалі на фарміраванне дзяржаўнасці маладой беларускай краіны. Сярод іх у першую чаргу неабходна адзначыць беларусізацыю вайсковых адзінак Чырвонай арміі.

Палітыка беларусізацыі прынесла беларускаму народу вельмі каштоўны вопыт у справе стварэння нацыянальных вайсковых адзінак. Больш таго, узнятая праблематыка зноўку набыла сваю актуальнасць з першых жа гадоў абвяшчэння нашай краінай свайго суверэнітэту [1]. Так, пасля развалу Савецкага Саюза і ўтварэння нацыянальнай арміі пачалі прымацца пэўныя захады ў галіне беларусізацыі. Так, 30 снежня 1992 года ўвесь афіцэрскі корпус прыняў прысягу на вернасць Радзіме на беларускай мове. А 2 ліпеня 1992 года выйшла ў свет дырэктыва міністра абароны РБ № 1/5/16. Дырэктыва паклала пачатак арганізаванаму вывучэнню беларускай мовы ва Узброеных Сілах. На яе аснове былі заснаваны курсы па вывучэнню беларускай мовы, лінгафонныя кабінеты, бібліятэчкі метадычнай літаратуры. Але пасля рэферэндуму 1995г., па выніках якога была прызнана роўнасць беларускай і рускай моў, пераход арміі на беларускую мову быў прыпынены [2]. З гэтай нагоды на старонках газеты “Наша слова” ў 2000 годзе была надрукавана перапіска паміж старшынёй Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны” А.Трусавым і міністрам абароны генерал-палкоўнікам А.Чумаковым [3]. У адным з адказаў на зварот А.Трусава міністрам абароны была выказана гатоўнасць “пачаць працаваць на ніве ўсталявання беларускай мовы ў войску” [4].

Як бачна, абраная тэма вельмі сур’ёзная. Пяройдзем да больш пільнага разгляду гэтага пытання.

Пачатковы імпульс для стварэння нацыянальных часцей РСЧА (Рабоча-Сялянскай Чырвонай арміі) быў нададзены рашэннямі XII з’езда РКП(б). 25 красавіка 1923 года адбылося паседжанне секцыі з’езда па нацыянальнаму пытанню. На паседжанні секцыі асабіста прысутнічаў Генеральны сакратар ЦК РКП(б) І.Сталін, які выказаўся ў падтрымку ідэі стварэння нацыянальных часцей:

“Да папраўкі тав. Троцкага я ўношу дапаўненне, каб пачаць фарміраванне нацыянальных часцей – грузінскіх, армянскіх, азербайджанскіх, украінскіх і г.д. Нельга, аднак, спяшацца так, як было ў Грузіі, але пачаць гэту справу паступова і падсекчы аснову незадавальнення ў рэспубліках, якое там маецца, вывеўшы нашы войскі. Першае патрабаванне самавызначэння – гэта вывад войскаў. Зараз мы сабе гэтай раскошы дазволіць не можам. Вось у чым бяда. Калі вывесці войскі з Грузіі, туды ўвойдуць туркі, атрымае шкоду рэвалюцыя. Калі вывесці войскі з Украіны, туды ўвойдуць спачатку бандачкі напаўукраінскія, напаўпольскія, затым яны пачнуць узбуйняцца і самі ўкраінцы запатрабуюць увесці рускія войскі, інакш іх задушаць” [5].

Але словы Сталіна зусім не азначаюць, што ён насамрэч з’яўляўся прыхільнікам стварэння нацыянальных часцей. Рэальныя факты сведчаць пра адваротнае. Яшчэ ў чэрвені 1917 года на Першай Усерасійскай канферэнцыі ваенных арганізацый у сваім дакладзе пад назвай “Нацыянальны рух і нацыянальныя палкі” Сталін выказваецца супраць нацыянальных палкоў. Пазней, у прамове на нарадзе па скліканню Устаноўчага з’езда Татара-Башкірскай Савецкай Рэспублікі, ён называе саму такую ідэю “чыста нацыяналістычнай”, пабудаваную на грунце “нацыянальных саветаў” і “нацыянальных палкоў” [6]. А ў тэлеграме з-пад Мінска У. Леніну (ліпень 1919г.), Сталін дакладвае пра дрэннае становішча фронта паміж Мінскам – Дзвінскам – Лубянцом і ўказвае на неабходнасць замяніць нацыянальныя часці [7]. Хутчэй за ўсё, ён меў на ўвазе часці Беларуска – Літоўскай арміі ( 9 чэрвеня 1919г. атрымала назву 16-я армія). Дарэчы, пасаду аднаго з членаў Рэвваенсавета Беларуска-Літоўскай арміі з 27 красавіка 1919 г. займаў аўтарытэтны савецкі военачальнік І.С.Уншліхт.

У святле прыведзеных фактаў, падтрымка на XII з’ездзе Генеральным сакратаром ЦК РКП(б) ідэі стварэння нацыянальных часцей выглядае як часовая саступка народнаму камісару па вайсковых і марскіх справах Л.Троцкаму і прадстаўнікам нацыянальных рэспублік і абласцей. Адмовіцца ад імперскага імпэту і пайсці на такі крок Генсека вымусіла рэзкая крытыка яго дзеянняў з боку У. Леніна. Сам У. Ленін быў паралізавыны і ўдзелу ў рабоце з’езда не прымаў. Затое на з’ездзе была агучана яго работа “Да пытання аб нацыянальнасцях ці аб аўтанамізацыі”. Работа была прадыктавана Леніным 30 снежня 1922г., г. гн. у дзень утварэння СССР. У ёй выкрывалася сталінская вялікадзяржаўніцкая палітыка у адносінах да саюзных рэспублік. Ленін сцвярджаў, што Сталін пры стварэнні СССР выступаў у ролі правадніка інтарэсаў дзяржапарата, а не волі рабочага класа [8]. Работа У. Леніна выклікала шырокі рэзананс сярод дэлегатаў саюзных рэспублік. Імкнучыся выправіць няёмкае для сябе становішча, Генсек выказаўся за стварэнне нацыянальных часцей.

Практычныя мерапрымствы па стварэнню нацыянальных часцей былі выпрацаваны на чацвёртай нарадзе ЦК РКП(б) з адказнымі работнікамі нацыянальных рэспублік і абласцей ( 9-12 чэрвеня 1923г.). Беларуская дэлегацыя была прадстаўлена нацыянал-камуністамі В.Баліцкім, У.Ігнатоўскім, А.Чарвяковым. Згодна рашэнню нарады ва Украіне і ў Беларусі планавалася стварыць па адной міліцыйнай дывізіі [9].

Асаблівасцю тэрытарыяльна-міліцыйных часцей было тое, што яны камплектаваліся як кадравым, так і пераменным саставам. У такіх часцях увесь старэйшы, адміністрацыйна-гаспадарчы, медыцынскі і ветерынарны састаў, 16-20 працэнтаў сярэдняга і малодшага камандзірскага і палітычнага саставу складалі кадравікі. А ўжо да поўнага штату тэрытарыяльныя часці камплектаваліся пераменнікамі з насельніцтва раёнаў дыслакацыі. Пераменнікі праходзілі вайсковую службу падчас кароткатэрміновых збораў на працягу пяці год. У першы год службы яны прызываліся на тры месяцы, а затым – штогод на месяц.

8 жніўня 1923 года ЦВК і СНК СССР выдалі дэкрэт “Аб арганізацыі тэрытарыяльных вайсковых часцей і правядзенні ваеннай падрыхтоўкі працоўных”. Адразу ў БЕЛВА пачаліся мерапрыемствы па стварэнню тэрытарыяльна-міліцыйнай дывізіі. Такая дывізія ў рэшце рэшт была створана на базе 2-й Тульскай стралецкай дывізіі і атрымала назву 2-я Беларуская стралецкая дывізія. У 1923-1924гг. камандзірам і камісарам дывізіі з’яўляўся Ян Фрыцавіч Фабрыцыўс, першы кавалер чатырох ордэнаў Чырвонага Сцяга [10]. Камдыў высока ўзняў аўтарытэт і значнасць 2-й Беларускай дывізіі. 10 верасня 1923 года пачаўся першы вучэбны збор пераменнага саставу гэтага фарміравання. Праз два тыдні прызыўнікі прынялі вайсковую прысягу. На святочнае мерапрыемства прыбыў камандуючы акругай А.І.Корк і ўручыў дывізіі чырвоны штандар [11]. На думку беларускага даследчыка М.А. Бандарэнкі, фактычна гэты акт і паклаў адлік гісторыі стварэння беларускіх тэрытарыяльна-міліцыйных часцей у складзе РСЧА.

Новы штуршок працэсу стварэння беларускіх тэрытарыяльных часцей быў нададзены 24 сакавіка 1924 года, калі кіраўніцтва Рэвваенсавета СССР на чале з М.Фрунзэ канчаткова зацвердзіла план нацыянальнага будаўніцтва ў Чырвонай арміі. Адзін з яго пунктаў абвяшчаў: “Украінцы, беларусы, татары, башкіры, народы Закаўказзя і іншыя, раней прыцягваўшыеся да вайсковай службы і таму больш падрыхтаваныя да яе, тэрмінова фарміруюцца ў нацыянальныя часці, памеры якіх залежаць ад наяўнасці ўласнага камандна-палітычнага саставу” [12]. Мэтазгоднасць стварэння нацыянальных часцей М.Фрунзэ тлумачыў наступным чынам : “У ваеннай справе, так жа як і ва ўсім нашым савецкім будаўніцтве, мы абавязаны ажыццяўляць і ажыццяўляем прынцыпы нашай нацыянальнай палітыкі. Мы будуем нашу армію так, каб кожная нацыянальнасць нашага Саюза не адчувала сябе пакрыўджанай ці абыйдзенай” [13].

У цэлым па акрузе на тэрытарыяльны прынцып камплектавання былі пераведзены 27-я Омская, 29-я Вяцкая, 33-я Самарская і 64-я стралецкія дывізіі. На сучасны момант дакладна вядома, што беларусізацыя праводзілася ў двух тэрытарыяльных фарміраваннях : 2-й Беларускай стралецкай дывізіі і 33-й Самарскай дывізіі ( у 1930 годзе атрымала назву таксама Беларускай) [14]. Хутчэй за ўсё, яны ствараліся чыста па эканамічных, а не палітычных матывах. Такія часці дазвалялі краіне накіроўваць значную частку насельніцтва на ўзнаўленне народнай гаспадаркі і ў той жа час забяспечвалі навучаннем ваеннай справе ўвесь прызыўны кантынгент. Такім чынам, з 23 злучэнняў БЕЛВА ( 17 стралецкіх, 5 кавалерыйскіх, 1 дэсантнага), толькі пяць з’яўляліся тэрытарыяльна – міліцыйнымі. Нацыянальнымі былі ўсяго дзве дывізіі.

Разам з тым, складанасцей з правядзеннем беларусізацыі хапала: адсутнічала распрацаваная вайскова – палітычная тэрміналогія для беларускіх часцей, адсутнічалі вайсковыя статуты, не хапала падручнікаў на беларускай мове. Да таго ж, з кожным новым прызывам у часці трапляла вялікая колькасць непісьменных. Нават у 1936 годзе камандуючы БЕЛВА Е.П.Убарэвіч на нарадзе Заходняга абкама камсамола прызнаваў наяўнасць такой праблемы : “…Кожны прызыў байцоў з вёскі прыносіць нам у казармы 35% малаграматных на сотню. Але гэтыя малаграматныя – па-сутнасці людзі зусім бязграматныя, гэта людзі, якія ледзь-ледзь напішуць сваё прозвішча і за гадзіну прачытаюць дзве старонкі. Гэта людзі, якія не ведаюць, хто такі Сталін, хто такі Гітлер, дзе Захад, дзе Усход, што такое сацыялізм. І ў арміі мы пакутуем, месяцамі навучаем грамаце” [15].

На сярэдзіну 20-х гадоў правядзенне беларусізацыі ўскладнялася адсутнасцю належных клопатаў з боку вышэйшых вайсковых устаноў. Праўда, іх таксама можна зразумець. Паводле перапісу 1925 года ў Чырвонай арміі налічваліся прадстаўнікі 109 нацыянальнасцяў [16]. Працы хапала. Вядома таксама, што ў 1925-1926 гадах асобая ўвага з боку вышэйшых вайсковых устаноў была накіравана на стварэнне часцей і злучэнняў у рэспубліках Сярэдняй Азіі і Паволжжа [17].

Пры такіх варунках, увесь цяжар па беларусізацыі нацыянальных часцей быў ускладзены на беларускія рэспубліканскія партыйныя і выканаўчыя органы ўлады. Для каардынацыі дзеянняў у галіне беларусізацыі пры ЦВК БССР была створана спецыяльная камісія па ажыццяўленню нацыянальнай палітыкі ( так званая Нацкамісія ) на чале з вядомым дзеячам А.Хацкевічам. Камісія складалася з дзевяці сяброў і аднаго адказнага сакратара. Яе паседжанні адбываліся не радзей аднаго разу ў месяц. Пастановы камісіі па пытаннях, уваходзячых у яе кампетэнцыю, павінны былі неадкладна выконвацца ўсімі ўстановамі і арганізацыямі [18].

3 красавіка 1926 года на паседжанні Нацкамісіі ЦВК БССР быў заслуханы даклад старшага інспектара ПУР’а т.Холадава аб ажыццяўленні нацпалітыкі ў абследаваных ім часцях. У дакладзе адзначалася, што сярод кампалітсаставу 2-й Беларускай дывізіі адбыўся псіхалагічны пералом у адносінах да справы беларусізацыі. Вывучэнне беларускай мовы было ўведзена ў праграму заняткаў дывізіі. Вялікую дапамогу для наладжвання заняткаў па беларускай мове аказваў шэф дывізіі – Саюз Працасветы. Ён пасылаў студэнтаў педтэхнікуму кіраўнікамі па вывучэнню беларускай мовы, бо ў дывізіі на ўтрыманне настаўнікаў адсутнічалі сродкі. Уся перапіска ў падзіве і ў палках была пераведзена на беларускую мову, у нізавых ячэйках – толькі часткова. Важным дасягненнем было і тое, што беларуская мова пачала ўжывацца вайскоўцамі ў паўсядзённым побыце. Пасля дакладу свае меркаванні выказалі тт. Воласнаў, Іўдзінаў, Баліцкі і Гесэн [19]. Сярод недахопаў у правядзенні палітыкі беларусізацыі імі было ўказана: адсутнасць у вайсковых часцях беларускага лемантара; недахоп падручнікаў, на выданне якіх патрабавалася 42.000 рублёў, а выдаткоўвалася ўсяго 10.000; адсутнасць належных сувязей дывізіі з грамадзянскімі ўстановамі; не выкарыстанне вопыту беларусізацыі Наркамасветы і Палітасветы.

31 жніўня 1926 года на паседжанні Нацкамісіі быў заслуханы “Асноўны план беларусізацыі 2-й беларускай дывізіі з 1926 па 1928 год уключна”, складзены камандзірам дывізіі Лакціёнавым і камісарам дывізіі Іўдзінавым [20]. Напачатку плана прыводзілася цікавая статыстыка пра колькасць беларусаў сярод розных груп начсаставу :
Камсаставу -- 36.3%
Адмгаспсаставу -- 39.1%
Палітсаставу -- 65.5%
Медсаставу -- 12%
Ветсаставу -- 20%

Паводле думкі камандавання дывізіі для правядзення суцэльнай беларусізацыі 2-й стралецкай, такі працэнт бларусаў сярод начсаставу з’яўляўся недастатковым. Ён павінен быў дасягаць не менш 75%. У плане прапаноўваліся канкрэтныя мерапрыемствы для вырашэння дадзенага пытання.

Затое сярод малодшага камандзірскага, малодшага адміністрацыйнага і шэраговага саставу беларусы складалі 71%. Пасля ж правядзення прызыву 1926 года, гэты паказчык планавалася давесці да 90%.

Вялікае практычнае значэнне для паскоранай беларусізацыі дывізіі меў шосты пункт плана пад назвай “Парадак вывучэння беларускай мовы”. Галоўнае месца тут адводзілася праверцы старэйшага і сярэдняга камсаставу на прадмет валодання беларускай мовай. Праверку планавалася правесці адразу па сканчэнні лагернага збору 1926 года. На аснове вынікаў праверкі, увесь камсастаў разбіваўся на тры групы па вывучэнню беларускай мовы. Першая група найбольш падрыхтаваных камандзіраў павінна была скончыць навучанне да 1 студзеня 1927 года, другая група – да мая 1927 года, трэцяя група – да кастрычніка 1927 года. Малодшы камсастаў меркавалася навучаць беларускай мове праз сістэму падрыхтоўкі ў палкавых школах. На працягу летняга перыяду 1926 года ў дывізіі павінны былі прайсці падрыхтоўку кадры групаводаў і памагатых настаўнікаў для правядзення палітзаняткаў на беларускай мове або работы па ліквідацыі бязграматнасці сярод прызыўнікоў.

У плане таксама прадугледжвалася правядзенне работы па папулярызацыі нацыянальнай дывізіі сярод беларускага насельніцтва. Для гэтага прапаноўвалася праводзіць работу:
А) праз перыядычны друк;
Б) праз сістэму тэрбудаўніцтва (сярод дапрызыўнікоў і пераменнікаў);
В) па лініі “садружнасці і шэфства”;
Г) праз прыцягненне працоўнага насельніцтва да ўдзелу ў розных мерапрыемствах дывізіі (рэвалюцыйныя святы, зборы, манеўры і г.д.);

У дадатак планавалася выдаць папулярную гісторыю дывізіі і распаўсюдзіць яе сярод насельніцтва.

Нацкамісія ЦВК БССР прызнала задавальняючым асноўны план беларусізацыі дывізіі, выпрацаваны яе камандваннем, цалкам згадзілася з вызначанымі ў гэтым плане тэрмінамі беларусізацыі па асобных галінах работы, а таксама і з канчатковым тэрмінам (з восені 1928 года ўся страявая і палітпрасветработа з прызывам чырвонаармейцаў 1906 года нараджэння павінна была перайсці на беларускую мову ) [21].

Разам з тым, сябрамі Нацкамісіі быў выпрацаваны шэраг сваіх прапаноў:
Увесці аднаго прадстаўніка дывізіі ў склад Цэнтральнай Нацкамісіі (камдыў-ваенкамдыў тав. Лакціёнаў);
У склад акруговых нацкамісій (Барысаўскай і Мінскай) увесці камісараў палкоў з правам пастаноўчага голасу;
Перыядычна склікаць нарады ўсіх зацікаўленых устаноў для вырашэння форм сувязі і дапамогі ў справе беларусізацыі дывізіі;
Паскорыць выданне на беларускай мове ўсіх вайскова-палітычных падручнікаў згодна планам, у прыватнасці, хрэстаматыі для чырвонаармейцаў і падручнікаў для паліткіраўнікоў і групаводаў;
Для паскарэння працэсу – друкаваць усю літаратуру (падручнікі, вучэбныя дапаможнікі і г.д.) толькі ў Мінску;
Узняць пытанне перад вайсковымі органамі пра належнае асігнаванне палітыкі беларусізацыі ў дывізіі;
Прасіць урад Рэспублікі выдзеліць сродкі для ажыццяўлення плана беларусізацыі 2-й Беларускай дывізіі;
Узмацніць работу па растлумачэнню сярод кампалітсаставу і чырвонаармейцаў сутнасці і прынцыпаў нацпалітыкі савецкай улады і кампартыі.

X з’езд КПБ (3-10 студзеня 1927 года) падтрымаў мерапрыемствы па беларусізацыі арміі і пастанавіў: “Надаючы вялікае палітычнае значэнне нацыянальнаму пытанню ў часцях БЕЛВА, асабліва пры ўмове тэрытарыяльнага камплектавання, неабходна надаць пільную ўвагу выхаваўчай працы і паляпшэнню беларусізацыі ў тэрытарыяльных часцях” [22].

Як вынік, беларусізацыя 2-й стралецкай дывізіі праходзіла шпаркімі тэмпамі. Да 1929 года ўся работа па навучанню і выхаванню байцоў дывізіі была пераведзена на беларускую мову. Былі выдадзены ўсе асноўныя навучальныя дапаможнікі (статуты, падручнікі) на беларускай мове. Беларуская літаратура складала асноўную масу бібліятэчных часцей дывізіі [23].

Пасля такіх поспехаў у справе беларусізацыі 2-й Беларускай, увага партыйных і рэспубліканскіх органаў улады паступова пераключаецца на ажыццяўленне беларусізацыі 33-й стралецкай дывізіі. Праз кароткі прамежак часу тут таксама былі атрыманы станоўчыя вынікі. Пачынаючы з 1933 года ўся партыйна-палітычная работа ў 33-й дывізіі была пераведзена на беларускую мову. У дывізіі паступова былі выхаваны нацыянальныя кадры сярод старэйшага, сярэдняга і малодшага начальніцкага састава. Напачатку 1934 года каля 40% старэйшага і сярэдняга начальніцкага састава ў 33-й Беларускай дывізіі складалі прадстаўнікі беларускай нацыянальнасці, 93% беларусаў налічвалася сярод малодшага начальніцкага саставу. Начальніцкі састаў іншых нацыянальнасцяў упарта авалодваў беларускай мовай [24].

Вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы камандзірскіх кадраў для нацыянальных тэрдывізій аказвала 7-я Аб’яднаная Беларуская Вайсковая Школа імя ЦВК БССР (АБВШ). Аб’яднанай школа называлася таму, што ў ёй рыхтавалі камандзіраў трох спецыяльнасцяў: раздзелу – ў пяхоту, эскадрону – ў кавалерыю і батарэі – ў артылерыю [25]. Нягледзячы на складаныя ўмовы, новы навучальны цэнтр у вызначаны тэрмін змог наладзіць работу па падрыхтоўцы беларускіх камандзірскіх кадраў. Са сцен АБВШ выйшлі вядомыя савецкія военачальнікі: Маршал І.Якубоўскі, генералы арміі У.Маргелаў, У.Пянькоўскі, генерал-лейтэнанты Р.Вайнруб, Р.Баталаў і інш [26]. У фондах Нацыянальнага архіва РБ захоўваецца цікавы дакумент, паводле якога можна меркаваць пра характар выхаваўчай працы ў школе, а таксама агульную атмасферу таго часу:

“7-му Усебеларускаму зьезду Саветаў

г.Менск, 4-га Траўня 1925 году.

Чырвонаармейцы, курсанты, камандзіры і політпрацоўнікі Аб’яднанай Беларускай Вайсковай Школы імя Ц.В.К. Беларускай Рэспублікі вітаюць 7-ы Усебеларускі Зьезд Саветаў і жадаюць посьпехаў у яго працы і вырашэньні пастаўленых пытаньняў.

Адначасна перад працоўным людам Беларускай Савецкай Соцыялістычнай Рэспублікі заяўляем, што Аб’яднаная Беларуская Вайсковая Школа, як баявая нацыянальная частка адзінай Чырвонай Арміі па першаму клічу Рабоча-Сялянскага Ураду заўсяды гатова выступіць на абарону працоўных усяго сьвету.

Школа ні на хвіліну не забывае таго, што толькі ў добра абучаным і політычна выхаваным камандзіры заклад таго, што Чырвоная Армія з пасьпехам выканае цяжкія заданьні, што стаяць перад ёю ў барацьбе з міжнародным капіталізмам. Цяперашні час супакою мы карыстаем не толькі ў галіне падрыхтоўкі камандзіра-беларуса, але й харошага культурніка для соцыялістычнага будаўніцтва Беларускай Савецкай Соцыялістычнай Рэспублікі.

Увага і клопот, што аказваюць працоўныя Беларусі ў асобе Рабоча-Сялянскага Ураду Беларусі не прападуць дарма.

Спадзеваньні, што ўскладаюцца на школу, мы апраўдаем.

Няхай жыве 7-ы Усебеларускі зьезд Саветаў.

Няхай жыве цесны саюз рабочых, сялян і Чырвонай Арміі.

Няхай жыве ўлада Саветаў ва ўсім сьвеце.
Начальнік і камісар школы
/ Лаур/

Пам. Начальніка школы па політычнай часьці
/ Уласевіч/

Сэкрэтар
/ Дубрынскі /” [27]



Поспехі Беларускай школы ў справе вайсковай падрыхтоўкі былі адзначаны нават ў выступленні М.І. Калініна на святочным паседжанні Вайсковай школы ім. ВЦВК 29 траўня 1934 г. з нагоды адкрыцця лагераў (Калинин М.И. О Советской армии. Сборник статей и речей. – М.,1958. – С.46).

Не засталіся абыякавымі да праблем беларусізацыі войска і беларускія навукоўцы. Яны прынялі ўдзел у распрацоўцы беларускай вайсковай тэрміналогіі. У 1927 годзе ў Мінску была выдадзена першая частка “Практычнага беларускага вайсковага слоўніка” М.Байкова і Бараноўскага. Слоўнік увабраў у сябе матэрыялы, апрацаваныя Вайсковай камісіяй Інбелкульта, таксама беларускую навуковую тэрміналогію з выданняў таго ж Інбелкульта, матэрыялы “Словаря белорусского наречия” І.Наўмовіча, “Практычнага расійска-беларускага слоўніка” М.Байкова, М.Гарэцкага. Слоўнік налічваў каля дзесяці тысяч слоў і ўстойлівых словазлучэнняў трох функцыянальных груп. Сярод іншых навукоўцаў у працы па стварэнню слоўніка асабіста прымаў удзел Янка Купала.

Дзякуючы распрацоўцы тэрміналогіі, ажывілася выданне вайсковай літаратуры на беларускай мове. Напрыклад, у першым нумары “Бюлетэня выдавецтва БЕЛВА” за 1934 год прыводзіцца спіс выдадзенай ім літаратуры. Са спісу вынікае, што амаль уся літаратура на той час выдавалася на беларускай мове. Не адставаў ад выдавецтва БЕЛВА і вайсковы сектар Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі, што да 1935 года надрукаваў 418 выданняў кніг і брашур, прычым на рускай мове – толькі 8 [28].

Сапраўдным дасягненнем на той час стала выданне беларускай вайсковай газеты “Чырвонаармейская праўда” (першы выпуск пабачыў свет 1 студзеня 1929 года). Супрацоўнік газеты М.Краснапольскі сведчыць: “Выпуск “Чырвонаармейскай праўды” палегчыў работу з пераменнікамі беларускай нацыянальнай дывізіі. Байцы-беларусы атрымалі газету на роднай мове, абменьваліся праз яе думкамі так, як прызвычаіліся размаўляць з нараджэння” [29].

Ветэран “Чырвонаармейскай праўды” Я.Садоўскі дапаўняе: “ Матэрыялы ў газету паступалі на дзвюх мовах – і беларускай, і рускай. І не толькі з Беларусі і суседняй Смаленшчыны, але таксама і з іншых, падчас далёкіх месц, дзе служылі жаўнерамі і камандзірамі беларусы па нацыянальнасці. Газета і сама не абмяжоўвалася тэрытарыяльна акругай – па магчымасці друкавала пісьмы, літаратурныя вопыты, дасланыя з розных куткоў краіны” [30].

Дзякуючы беларусізацыі, паміж арміяй і беларускім грамадствам усталяваліся цесныя ўзаемадачыненні. Газеты пісалі, што армія – любімае дзецішча народа. Грамадзянскія ўстановы ахвяроўвалі сродкі на яе тэхнічнае пераўзбраенне. Беларускія паэты прысвячалі арміі свае вершы. Я.Садоўскі сведчыць, што на летнія зборы 2-й Беларускай дывізіі з вялікай ахвотай з’яўляўся малады беларускі паэт Язэп Пушча, які ўслаўляў родную дывізію ў вершах. З “Чырвонаармейскай праўдай” актыўна супрацоўнічаў Кандрат Крапіва, вядомы сваімі байкамі.

На гэтым этапе беларусізацыя яшчэ не вычарпала свайго рэзерву. У яе была магчымасць развівацца і надалей. Але напрыканцы 20-ых гадоў цэнтральны дзяржапарат спакваля распачынае наступ на ўсе праявы нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў. У прэсе былі інспірыраваны першыя нападкі на праявы так званага “нацыянал-дэмакратызму” падчас правядзення палітыкі беларусізацыі. Дарэчы, яшчэ ў рэзалюцыі сакавіцкага (1926г.) пленума ЦК КП(б)Б давалася характарыстыка асноўных момантаў пачынаючай стварацца “нацыянал-дэмакратычнай ідэалогіі”, што заключаліся “ў адмаўленні дыктатуры пралетарыята і імкненні да палітычнага ўраўноўвання сялянства з рабочым класам, у стаўцы на кулацкія элементы ў вёсцы, адмаўленні класавага раздзялення ў ёй, у імкненні да ўплыву з боку інтэлігенцыі на дзяржаўны аппарат, у правядзенні беларускага шавінізму”. А ў маі 1929 года ў Беларусь была накіравана Цэнтральная Кантрольная Камісія (ЦКК) кампартыі Украіны на чале з У.П.Затонскім з мэтай “вывучэння” практыкі правядзення нацыянальнай палітыкі ў БССР. Камісія цалкам раскрытыкавала правядзенне нацыянальнай палітыкі ў БССР і засведчыла наяўнасць ухілаў [31]. Пад ухіламі ў тыя гады разумелася ўсё варожае, антысавецкае. У нацыянальным пытанні ўхіламі называліся вялікадзяржаўны шавінізм, антысемітызм, беларускі “контррэвалюцыйны” нацыянал-дэмакратызм і нацыянал-апартунізм [32]. Тэарэтычная база пад контррэвалюцыйную сутнасць нацыянал-дэмакратызму падводзілася ў брашуры А.Сталевіча “Беларускі нацыянал-фашызм. Яго вытокі, тэорыя, практыка” ( Мн.,1930 ). У ёй беларускі нацыянал-дэмакратызм паказаны як палітычная плынь, што варожа ставіцца да ўсяго савецкага. Сталевіч выстаўляе беларускіх нацдэмаў агентурай польскага фашызму, якія нібыта праводзілі таемную работу па падрыхтоўцы нападу польскага імперыялізму на СССР. Таксама аўтар брашуры абвінавачваў нацдэмаў у тым, што яны абаранялі буржуазныя элементы на вёсцы і падбухторвалі іх да супраціўлення калектывізацыі.

Заканамерным працягам гэтай паклёпніцкай кампаніі стаў судовы працэс па справе так званага Саюза вызвалення Беларусі (СВБ). Сёння нам вядома, што ніякага СВБ не існавала. Справа была сфальсіфікавана спецслужбамі. Так, органамі АДПУ БССР да адказнасці былі прыцягнуты сябра Прэзідыуму БАН С.Некрашэвіч, акадэмікі В.Ластоўскі, Я.Лёсік, навуковыя супрацоўнікі БАН А.Цвікевіч, прфесар БДУ А.Смоліч і іншыя вядомыя дзеячы культуры і навукі. 10 красавіка 1931 года калегія АДПУ прызнала іх віноўнымі ў тым, што яны быццам бы здзяйснялі шкодніцтва на культурным, ідэалагічным накірунках сацыялістычнага будаўніцтва, праводзілі антысавецкую нацыяналістычную агітацыю з мэтай адарвання Беларусі ў этнаграфічных межах ад СССР і паўторнага стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі [33]. Пастановаю калегіі быўшы стыль-рэдактар газеты “Звязда” П.Жаўрыд асуджаўся да турэмнага зняволення тэрмінам на пяць гадоў, усе астатнія падсудныя высылаліся ў розныя гарады СССР тэрмінам на пяць гадоў.

Падчас гэтага пагрому творчай эліты Беларусі ў кіпцюрах АДПУ апынуўся і вядомы гісторык Мікалай Улашчык. Ён быў арыштаваны 16 чэрвеня 1930 года ў Ленінградзе, дзе адбываў вайсковыя зборы. М.Улашчыку падчас следства па справе СВБ інкрымінавалася адказная роля: “руководил молодежным центром указанной организации, ставившей террористические цели”. 10 красавіка 1931 года пастановай калегіі АДПУ яго прысуджаюць да 5 гадоў высылкі ў г.Налінск Вяцкай губерні. Пазней М.Улашчык у сваіх мемуарах спрабаваў асэнсаваць і даць адзнаку падзеям таго часу:

“Афіцыйна арышты 1930 г. былі накіраваны проці невялікай кучкі “злачынцаў”, якія сталі звацца “нацдэмамі” (нацыянал-дэмакратамі ). Чаму была прыдумана такая назва і хто яе прыдумаў, не ведаю, але, зважаючы на высокую актыўнасць у барацьбе з гэтаю бядою прафесара (акадэміка) С.Я. Вальфсона, можна падумаць, што дачыненне да гэтага ён меў. Ізноў-такі афіцыйна ўрадавы курс у нацыянальнай палітыцы не змяніўся, аднак рэальна справа адразу пайшла ў кірунку ліквідацыі беларускай школы, пра беларусізацыю ўжо не ўспаміналі. Друк нават трымаўся такога курса, што зладзеі, якіх так удала ліквідавала ГПУ, неяк калечылі беларускую культуру, а зараз гэта будзе выпраўлена. Аднак антыбеларускі курс, распачаты арыштамі 1930 г., быў настолькі выразны, што насельніцтва і асабліва выкладчыкі беларускай мовы і літаратуры ўразумелі, што іх заняткі з пункту погляду органаў з’яўляюцца нежаданымі і што, пэўна, на падзеях 1930 г. гэта не спыніцца” [34].

У кнізе Т.Процька “Станаўленне савецкай таталітарнай сістэмы ў Беларусі (1917-1941)” прыводзіцца наступны факт. 16 чэрвеня 1930 г. па матэрыялах Нацкамісіі прэзідыум ЦВК БССР разгледзіў пытанне пра беларусізацыю часцей БЕЛВА. Прэзідыум канстатаваў, што “поспехі сацыялістычнага будаўніцтва і правядзення нацпалітыкі выклікаюць шалёнае супраціўленне з боку варожых нам капіталістычных элементаў, маючага праяўленне ў выглядзе беларускага нацыянал-дэмакратызма, вялікарускага і іншага шавінізму і антысемітызму”. Таму было прапанавана грамадскім арганізацыям і камандна-палітычнаму саставу БЕЛВА звярнуць галоўную увагу “на класавае аб’яднанне і інтэрнацыянальнае выхаванне чырвонаармейцаў”.

Тэмпы беларусізацыі ў войску запаволіліся. Звузілася сфера ўжывання беларускай мовы, бо яна лічылася апрацаванай нацдэмамі. Дарэчы, пастулат пра апрацоўку беларускай мовы нацдэмамі быў развіты ў кнізе “Навука на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі” (1931г.), падрыхтаванай калектывам аўтараў Інстытуту філасофіі БАН. Аўтары сцвярджалі наступнае: “Стоячы на варце “скарынінскай” чыстаты беларускай мовы, нацдэмы ажыццяўлялі яе, -- так выражаўся Некрашэвіч, -- “апрацоўку”. У чым жа заключалася гэтая “апрацоўка”? Яна вялася па наступных напрамках:
увядзенне ў сучасную беларускую мову архаізмаў усялякага роду, у большасці запазычаных з рэлігійных помнікаў сярэднявечча і гістарычных помнікаў той жа эпохі;
утварэнне новых слоў па прынцыпу пурызму – захаванне “самабытнай” чыстаты беларускай мовы, і выгнанне з яе элементаў інтэрнацыяналізму;
ахова беларускай мовы ад пранікнення ў яе савецізмаў і процідзеянне ўплыву на яе развіццё пралетарыяту;
барацьба з рускімі элементамі ў беларускай мове і максімальная паланізацыя яе” [35].

Улічваючы такое стаўленне да беларускай мовы, РВС БЕЛВА прапанаваў Прэзідыуму БАН стварыць Вайскова-тэрміналагічную камісію для перагляду беларускай вайсковай тэрміналогіі. У хуткім часе такая камісія была створана. Вынікам яе працы стала выданне ў 1933 годзе новага руска-беларускага слоўніка кішэннага фармату. Ва ўступе да слоўніка ўкладальнікі акрэслілі свае задачы – пазбавіцца ад "архаізмаў, паланізмаў, што імкнуліся ўкараняць у армію нацдэмы, выходзячы з класавых буржуазна- рэстаўратарскіх тэндэнцый, сваім "Практычным беларускім вайсковым слоўнікам". У параўнанні з практычным слоўнікам 1927 года новы слоўнік з'яўляўся больш інтэграваным з расійскай мовай: "раздзел" у ім замяняўся на "ўзвод", "аддзел" – "атрадам", "вайсковы" – "ваенны" і г.д.

Цкаванне праяў беларускага нацыянал-дэмакратызму ў грамадска-палітычным жыцці рэспублікі працягвалася. Найбольшую вядомасць напачатку 30-ых гадоў атрымала справа настаўніка Сцепура. Камуністы сцвярджалі, што нацдэмы прымушалі тав.Сцепура абавязкова ўжываць беларускую мову ў сям'і. Па справе Сцепура ЦК ВКП(б) вынес нават спецыяльную пастанову, у якой крытыкаваў правядзенне нацпалітыкі ў Беларусі [36].

Канчаткова беларусізацыю ў войску пахавалі рэпрэсіі 1937-1938 гадоў. Так, 25 жніўня 1938 года па абвінавачванню ў прыналежнасці да “нацыянальна-фашысцкай нацдэмаўскай арганізацыі”, камкор І.Васілевіч пастановай Вайсковай калегіі Вярхоўнага суда СССР быў асуджаны да расстрэлу. Прысуд быў выкананы ў той жа дзень. Камкор Васілевіч нарадзіўся ў 1895 годзе ў в. Падстарынь Івацэвіцкага раёна. У 1929-1932 гадах з’яўляўся начальнікам АБВШ. Да моманту арышту – 25 чэрвеня 1937 года – камандаваў 26 стралецкім корпусам на Далёкім Усходзе [37].

У студзені 1937 года ў Мінску застрэліўся камандзір і камісар 2-й Беларускай дывізіі Мірон Львовіч Палунаў (гл. “Мартиролог РККА 1936-1941гг.”, дадатак да кн.: Сувениров О.Ф. Трагедия РККА 1937-1938. – М.: ТЕРРА, 1998. - С.410).

7 сакавіка 1938 года ЦК ВКП(б) і СНК СССР выдалі пастанову “Аб нацыянальных часцях і фарміраваннях РСЧА”, згодна якой нацыянальныя часці рэарганізоўваліся ў агульнасаюзныя [38]. Рашэнне абгрунтоўвалася жаданнем павысіць баяздольнасць Чырвонай арміі.

Васіль Рагуля, беларускі пасол у польскім Сойме, у сваіх мемуарах даволі рэзка выказаўся адносна згортвання палітыкі беларусізацыі:

“Пакуль бальшавікі былі слабыя, беларусы чуліся гаспадарамі на сваёй тэрыторыі. З часам, пачуўшыся ў сілах, бальшавікі анулявалі ўсе свае ўступкі. Беларуская інтэлігенцыя была зліквідавана, а беларусаў пачалі стрыгчы пад маскоўскі грэбень” (Рагуля В. Успаміны. – Мн.: ВЦ “Бацькаўшчына”, 1993. – С.40).

Памылковасць такога рашэння стала відавочнай у гады Вялікай Айчыннай вайны. У прыватнасці, В.Герасімаў выказвае думку, што гэта рашэнне дапамагло фашысцкім захопнікам у гады вайны стварыць Беларускую Краёвую Абарону і далучыць беларусаў да барацьбы пад сцягамі “трэцяга рэйху” [39]. Праўда, ужо ў 1942 годзе савецкае кіраўніцтва часткова ўсвядоміла сваю памылку. У жніўні 1942 год сакратаром ЦК КП(б) Беларусі быў выпрацаваны праект для Дзяржаўнага камітэта абароны па стварэнню асобай Беларускай арміі [40]. Па невядомым прычынам праект не атрымаў сваёй рэалізацыі.

©Праўрацкі Вадзім

Крыніцы:
[1] Дзярновіч А. Нацыянальнае войска і "вялікая палітыка"//Свабода. –15 жніўня 1990г.
[2] Пташнік В. Стварэнне Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь// Беларускі Гістарычны Часопіс. –2002.--№2-3.-С.36; Астрога В. Беларуская мова ў беларускім войску (1992-2000)// Наша слова. - №20(457) – 24 траўня 2000г.
[3] Наша слова. –14 чэрвеня 2000г.
[4] Наша слова.--19 ліпеня 2000 г.
[5] XIIсъезд РКП(б). Стенограмма заседания секции съезда по национальному вопросу 25 апреля 1923 года// Известия ЦК КПСС. – 1991. --№4.-С.172.
[6] Герасімаў В. Беларускае войска: за і супраць // Літаратура і мастацтва. – 1 снежня 1989 г.
[7] Директивы Главного командования Красной Армии (1917-1920). – М.: Воениздат, 1969г. – с.384.
[8] Дорошенко В. Ленин против Сталина. 1922-1923// Звезда. – 1990. -№4. – с. 106-136.
[9] КПСС о Вооруженных Силах Советского Союза: Документы 1917 – 1968. – М.: Госполитиздат, 1969. – с.206.
[10] Садовский Е.Б. Была Белорусской дивизия// Во славу Родины. – 4 августа 1993 г.
[11] Бандарэнка М.А. Беларусізацыя ў вайсковых часцях у 20-30 гады// Весці Акадэміі навук Беларусі. –Серыя гуманітарных навук. –1995. --№2. –С.60; Бандарэнка М.А. Беларусізацыя ў вайсковых часцях у 1920-1930-я гады// Беларускі гістарычны часопіс. – 2003. - №4. – С.12.
[12] Цыт па: Берхин И.Б. Военная реформа в СССР (1924-1925). –М.: Воениздат,1958. –С.124.
[13] Фрунзе М.В. Избранные произведения. –Т.2. –М.,1957. –С.269.
[14] "Тэмпы беларусізацыі яшчэ недастатковыя"// Літаратура і мастацтва.-1 красавіка 1993 г.
[15] Два очага опасности. Выступление командующего Белорусским военным округом командарма первого ранга И.П.Уборевича на совещании в западном обкоме ВКЛСМ в 1936 году// Военно-исторический журнал.-1988.--№10. –С.43.
[16] Герасімаў В. У прасторы і ў часе// Полымя. –1991. --№11. –С.211.
[17] Советские Вооруженные Силы. История строительства. – М.: Воениздат,1978. – С.154.
[18] Бюллетень Совета Народных Комиссаров БССР.-1925. --№5. – С.17-18.
[19] Нацыянальны архіў РБ (НА РБ). –Ф.101. –Воп.1. –Спр.1595. –Арк.74-75.
[20] Там жа. – Арк. 120-126.
[21] Як войска беларускім рабілі// Беларуская мінуўшчына. –1994. --№3. – С.15.
[22] Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК.-Т.1 (1918 –1927 ). – Мн.: Беларусь,1973. – С.247.
[23] Ад з'езду да з'езду ( красавік 1927г. – май 1927 г.). Матэрыялы да справаздачы ўраду на IX Усебеларускім з’ездзе Саветаў. – Мн.: ДВБ,1929. – С.45.
[24] Зборнік матэрыялаў, прысвечаны 16 гадавіне 33 Беларускай стралковай дывізіі/ Пад рэд. А.Вараб'ёва, Р.Паўлава.-Б.м.: Выдонне палітаддзела 33 дывізіі,1934. – С.34.
[25] Варенников В.И. Из истории создания и подготовки национальных воинских формирований// Военная мысль. – 1990. -- №2. – С.7.
[26] Герасімаў В. У прасторы і ў часе. – С.225.
[27] НАРБ. – Ф.6. – Воп.1. – Спр.474. – Арк. 13.
[28] Бандарэнка М.А. Указ. сач.-С.63.
[29] Краснопольский Н. Шесть лет в "Красноармейской правде"// Во славу Родины. – 30 мая 1996 г.
[30] Садовский Е.Б. "Чырвонаармейка"// Во славу Родины. – 10 июня 1992 г.
[31] Каляда І.У. Палітыка беларусізацыі: прычыны яе згортвання// Весці Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. – Серыя гуманітарных навук. – 1998. -- №1.- С.76.
[32] НАРБ.-Ф.6.-Воп.1. – Спр.2865. – Арк. 114-115.
[33] Іофэ Э.Р. "Той самы Некрашэвіч…"// Пачатковая школа. – 1993. --№8. – С.57.
[34] Улашчык М. Выбранае. – Мн.: "Беларускі кнігазбор", 2001. – С.384.
[35] Цыт. па: Іофе Э. Першы старшыня Інбелкульту// Спадчына. – 1995. --№6. – С.75.
[36] Чыстка КП(б)Б 1933 года. Ітогавыя матарыялы рэспубліканскай камісіі па чыстцы. Мн.: Партвыдавецтва, 1934. – С.13.
[37] Ходцева Т. Один из ста пятидесяти четырех// Заря. – 23 октября 1990 г.
[38] КПСС о Вооруженных Силах Советского Союза. Документы 1917-1968. – М.: Воениздат,1969. – С.294.
[39] Герасімаў В. Беларускае войска: за і супраць// Літаратура і мастацтва. – 1 снежня 1989 г.
[40] Курков И., Крапивин С. Белорусская армия была готова к формированию осенью 1942 года// Советская Белоруссия. – 20 февраля 1999 г.

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Беларуская вайсковая акруга ў міжваенны перыяд (1921-1939). Спробы беларусізацыі

Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.