Тэрыторыя Беларусі у гады Першай сусветнай вайны (1914-1918)

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ

Все свежие публикации

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Тэрыторыя Беларусі у гады Першай сусветнай вайны (1914-1918). Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь глазами птиц HIT.BY! Звёздная жизнь KAHANNE.COM Мы в Инстаграме
Система Orphus

Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-08
Источник: http://library.by

Становішча на Беларусі ў гады Першай сусветнай вайны
Змены ў грамадска-палітычных адносінах на Беларусі (люты - снежань 1917 г.)
Абвяшчэнне Беларускай Народаай Рэспублікі і дзейнасць яе Рады
Становішча на Беларусі ў гады Першай сусветнай вайны

Абвастрэнне супярэчнасцяў паміж блокамі капіталістычных дзяржаў - Траістым саюзам (Германія, Аўстра-Венгрыя, Італія) і Антантай (Англія, Францыя і Расія) - за калоніі, рынкі збыту тавараў, крыніцы сыравіны і сферы ўплыву прывяло да першай сусветнай вайны, якая пачалася 19 ліпеня (1 жніўня) 1914 г. У вайну былі ўцягнуты 33 краіны з насельніцтвам 1,5 млрд чалавек.

З першых дзён вайны заходнія губерні краіны, у тым ліку беларускія, былі пераведзены на ваеннае становішча. У сувязі з гэтым ваенныя ўлады і губернатары атрымалі неабмежаваныя правы. Уводзіліся ваенна-палявыя суды. Без дазволу ваенных улад забаранялася распаўсюджванне газет і кніг, правядзенне маніфестацый, сходаў, забастовак. Праверцы на палітычную добранадзейнасць падлягалі ўсе чыгуначнікі. Згодна з загадам камандуючага Паўночна-Заходнім фронтам прадугледжваліся жорсткія меры ў адносінах да ўдзельнікаў забастовак на чыгунцы.

Удзел Расіі ў вайне адпавядаў інтарэсам буржуазіі і дваранства. Яны разгарнулі ў краіне шавіністычную прапаганду. У першыя дні вайны на Беларусі прайшлі "патрыятычныя" маніфестацыі, сходы, малебны, збіраліся грошы на "абарону айчыны". Асобую "ініцыятыву" па зборы сродкаў сярод насельніцтва па загадзе ўлад праявілі земствы. Дэпутацыя дваранства і гарадской думы перадала Мікалаю II пры наведванні ім у кастрычніку 1914 г. Мінска 30 тыс. руб. на "патрэбы вайны". Шавінізм ахапіў не толькі памешчыкаў і буржуазію, але і частку рабочых, інтэлігенцыі, вучнёўскай моладзі і асабліва сялянства. На сацыял-шавіністычныя пазіцыі сталі эсэры, меншавікі, бундаўцы. Бальшавікі выступалі супраць вайны. Яны заклікалі да ператварэння імперыялістычнай вайны ў вайну грамадзянскую. Асудзіла вайну газета беларускага нацыянальнага руху "Наша ніва".

У пачатку вайны Расія паспяхова пачала ваенныя дзеянні на Заходнім фронце. Па патрабаванні Францыі, якая была пад пагрозай акупацыі нямецкімі войскамі, дзве рускія арміі пачалі наступленне ў Прусіі. Адначасова Расія захапіла Галіцыю. Аднак становішча на Заходнім фронце к восені 1914 г. пагоршылася ў сувязі з тым, што сюды Германія перакінула значныя ваенныя сілы з Францыі. Пруская наступальная аперацыя дзвюх рускіх армій закончылася паражэннем. У 1915 г. Германія пачала актыўнае наступленне з мэтай хуткага разгрому Расіі. Летам рускія войскі былі выціснуты з Галіцыі. Нямецкае камандаванне планавала акружэнне арміі ў Польшчы.

Ваенныя дзеянні на Беларусі пачаліся ў жніўні 1915 г. Да пачатку верасня руская армія пад пагрозай акружэння вымушана была пакінуць значную частку яе тэрыторыі. У сувязі з гэтым стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага была пераведзена з Баранавіч у Магілёў. 9 верасня нямецкія войскі прарвалі фронт у раёне Свянцян. Руская армія спыніла наступленне немцаў у пачатку кастрычніка 1915 г. Фронт стабілізаваўся на лініі Дзвінск - Паставы - Смаргонь - Баранавічы - Пінск. Безвынікова закончылася спроба рускай арміі ў сакавіку, а таксама ў чэрвені - ліпені 1916 г. прарваць фронт у раёне возера Нарач і Баранавіч. У ходзе баёу на Беларусі руская армія панесла вялікія страты. Толькі ў нарачанскай аперацыі было забіта, паранена і захоплена ў палон звыш 90 тыс. чалавек.

Немцы акупіравалі 1/4 частку Беларусі, дзе жыло да вайны амаль 2 млн чалавек. Захопленая тэрыторыя была ўключана ў склад так званай "зямлі Обер-ост". Насельніцтва цярпела масавыя грабяжы, якія нярэдка заканчваліся падпаламі дамоў, забойствамі людзей. У жыхароў Гродна немцы запатрабавалі 10 тыс. руб. у якасці кантрыбуцыі. Дзейнічала жорсткая сістэма розных падаткаў, прымусовых работ, штрафаў, рэквізіцый. Насельніцтва ва ўзросце ад 16 да 60 гадоў плаціла падушную подаць. Абсталяванне прамысловых прадпрыемстваў, працаздольнае насельніцтва, сельскагаспадарчыя прадукты, жывёла, лясныя багацці Белавежскай пушчы вывозіліся ў Германію. Нямецкія ўлады планавалі каланізаваць і германізаваць мясцовых жыхароў шляхам перасялення немцаў на захопленыя землі. Пашыралася дзейнасць каталіцкага касцёла, адкрываліся прыватныя нямецкія школы, у астатніх школах уводзілася нямецкая мова.

Цяжкае сацыяльна-эканамічнае і палітычнае становішча склалася і на неакупіраванай тэрыторыі Беларусі. У час наступлення кайзераўскіх войскаў тысячы людзей кінуліся на ўсход. Групы бежанцаў немцы пастаянна абстрэльвалі і бамбілі. Адступаючая руская армія часта прымушала жыхароў пакідаць свае населеныя пункты. Перш за ўсё падлягала высяленню мужчынскае насельніцтва ад 15 да 45 гадоў. Шмат бежанцаў, якія не мелі сродкаў, каб рухацца ў глыб краіны, заставаліся ў прыфрантавой паласе. У Мінскай і Віцебскай губернях у канцы 1915 г. іх налічвалася 247 тыс. Дапамога, якая аказвалася бежанцам з боку саюзаў земстваў і гарадоў, Чырвонага крыжа, была недастатковая. Бежанцы гінулі ад холаду, голаду і эпідэмій. Цывільныя і ваенныя ўлады выкарыстоўвалі бежанцаў як танную рабочую сілу.

Насельніцтва прыфрантавой паласы выконвала цяжкія ваенныя павіннасці: рамонт дарог, пабудову мастоў, ахову чыгуначных ліній і інш. У адной Мінскай губерні ў перыяд з чэрвеня 1915 г. па жнівень 1916 г. у капанні акопаў удзельнічала звыш 219 тыс. мужчын і жанчын. Маштабы абарончых работ былі такімі вялікімі, што для іх выканання ваенныя ўлады вырашылі мабілізаваць на Заходні фронт 100 тыс. чалавек з некаторых раёнаў краіны. Так, з Сібіры ў Оршу ў жніўні 1916 г. прыбыла першая партыя кітайцаў.

Вайна нанесла вялікія страты сельскай гаспадарцы Беларусі. Пасяўныя плошчы ў неакупіраваных паветах скараціліся ў 1914-1917 гг. на 1э,6 %, пагалоўе жывёлы зменшылася на 11,4 %. З беларускай вёскі было мабілізавана больш паловы працаздольных мужчын. Шмат часу і сіл у сялян забіралі ваенныя павіннасці. За нявыхад на абарончыя работы селяніну пагражалі штрафы і турэмнае зняволенне. Шматлікія рэквізіцыі хлеба, фуражу, свойскай жывёлы садзейнічалі росту гаспадарак, у якіх не было кароў і коней. У вёсцы хутка ішоў працэс расслаення сялян. У гады вайны спынілася ўтварэнне хутарскіх і адрубных гаспадарак, ішло разарэнне існаваўшых. Толькі Віцебскім аддзяленнем Сялянскага банка ў студзені 1915 г. былі прададзены 333 хутарскія ўчасткі. Істотныя змены адбыліся і у памешчыцкай гаспадарцы. У ёй востра адчуваўся недахоп рабочай сілы. Таму ваенныя ўлады прымушалі сялян, бежанцаў і салдат працаваць у маёнтках. Увядзенне ў Расіі ў канцы 1914 г. "сухога закону" прывяло да заняпаду вінакурства, а гэта ў сваю чаргу садзейнічала скарачэнню вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі, пасеваў бульбы, асабліва ў Мінскай губерні. Ва ўмовах вайны некаторыя памешчыкі аддавалі свае землі ў арэнду, частка з іх разаралася.

У цяжкім становішчы знаходзілася і прамысловасць Беларусі. Многія фабрыкі і заводы з-за адсутнасці паліва, сыравіны, попыту на прадукцыю скарачалі сваю вытворчасць, закрываліся. Колькасць цэнзавых прадпрыемстваў у гады вайны зменшылася на 65 %. Разам з тым існаваўшыя і створаныя ваеннымі ведамствамі, саюзамі земстваў і гарадоў прадпрыемствы, якія выконвалі ваенныя заказы, хутка павялічвалі прыбытак. У той час выпуск цывільнай прамысловасці Беларусі складаў усяго 12 -16 % даваеннага ўзроўню. Адбыліся якасныя і колькасныя змены ў складзе рабочых. Большасць іх (58,4 %) складалі падлеткі і жанчыны. На прадпрыемствы прыйшлі выхадцы з дробнабуржуазных слаёў горада і вёскі, а таксама кваліфікаваныя рабочыя, мабілізаваныя з прамысловых цэнтраў краіны для работы на армію. Адбывалася канцэнтрацыя пралетарыяту. На прадпрыемствах цэнзавай прамысловасці з колькасцю працуючых звыш 100 чалавеку 1917 г. налічвалася 62,4 % рабочых, у той час як у 1913 г. - 49,5 %.

Скарачэнне сельскагаспадарчай і прамысловай вытворчасці, разруха на транспарце, казнакрадства, спекуляцыя прывялі да вострага недахопу тавараў народнага ўжытку, росту цэн. На пачатак 1917 г. пакупная здольнасць рубля знізілася да 27 кап. Цэны на харчовыя прадукты і адзенне з 1913 па 1917 г. узраслі ў 5-8 разоў. Для пакрыцця расходаў на вайну царскі урад толькі за два гады вайны павялічыў прамыя падаткі на 43 %, ускосныя - на 54 %. Асабліва цяжкія ўмовы жыцця склаліся ў гарадах, якія былі перапоўнены вайскоўцамі, бежанцамі і беспрацоўнымі. Не хапала жылля, транспарту, рабочых месцаў, востра адчуваўся харчовы крызіс. Становішча рабочых у гады вайны значна пагоршылася. На прадпрыемствах павялічваўся рабочы дзень, уводзіліся звышурочныя работы, дзейнічала шырокая сістэма штрафаў. Сярэдняя заработная плата рабочых Беларусі была меншай за агульнарасійскую на 47,6 %. Праца на прадпрыемствах, якія выконвалі ваенныя заказы, разглядалася як "спецыфічны від вайсковай службы". Таму ўдзельнікі забастовак накіроўваліся на фронт у штрафныя роты.

Рабочы рух на Беларусі у гады вайны не набыў такога размаху, як у прамысловых цэнтрах Расіі. Больш таго, напярэдадні лютаўскай рэвалюцыі ён амаль спыніўся. Да сакавіка 1917 г. вядомы 34 стачкі, 32 з якіх насілі эканамічны характар. За гэты перыяд адбыліся 202 сялянскія выступленні. Разам з традыцыйнымі формамі сялянскага руху з'явіліся новыя - адмаўленне ад выканання ваенных павіннасцяў і прымусовых ваенных работ, супраціўленне рэквізіцыям і інш.

Паражэнне рускай арміі, цяжкія ўмовы франтавога жыцця садзейнічалі росту антываенных настрояў сярод салдат. Да сакавіка 1917 г. з Заходняга фронту дэзерціравала 13 648 салдат. За гэты перыяд адбылося звыш 60 салдацкіх хваляванняў. Самым буйным выступленнем салдат на Заходнім фронце і Беларусі з'явілася паўстанне 4 тыс. салдат і матросаў на гомельскім размеркавальным пункце ў кастрычніку 1916 г. Паўстанне было задушана ваеннай сілай,

Ва ўмовах ваеннага становішча на Беларусі левыя партыі не праяўлялі палітычнай актыўнасці. Эсэры засяродзілі ўвагу на рабоце ў крэдытных таварыствах і спажывецкай кааперацыі. Бундаўцы займаліся аказаннем дапамогі бежанцам і беспрацоўным. Бальшавікі, якіх была нязначная колькасць, пры магчымасці праводзілі агітацыйна-прапагандысцкую работу сярод насельніцтва і салдат Заходняга фронту. З канца 1914 г. пачаў дзейнічаць Палескі камітэт РСДРП, які быў разгромлены перад пачаткам вайны. У Мінску летам

1915 г. узнікла латышская сацыял-дэмакратычная група. У арміях Заходняга фронту дзейнічала звыш 30 бальшавіцкіх арганізацый. Аднак адзінай партыйнай арганізацыі бальшавікоў у Беларусі ў той час не было.

У гады вайны склаліся неспрыяльныя ўмовы для развіцця беларускага нацыянальнага руху. Частка яго ўдзельнікаў вымушана была пакінуць Беларусь. Перасталі друкавацца беларускамоўныя газеты і кнігі. У жніўні І915 г. спынілася выданне газеты "Наша ніва". З 1915 г. у Вільні пачаў дзейнічаць Беларускі народны камітэт, які выказваўся за незалежнасць Беларусі і Літвы і адраджэнне Вялікага Княства Літоўскага. Створаная ім для практычнага вырашэння гэтай задачы "Канфедэрацыя Вялікага Княства Літоўскага" па аб'ектыўных і суб'ектыўных прычынах распалася. Пытанне аб незалежнасці беларускага народа дзеячы Беларускага народнага камітэта ўздымалі ў 1916 г. на Стакгольмскай і Лазанскай канферэнцыях народаў Расіі.

Ідэю незалежнасці Беларусі прапагандавала на сваіх старонках і газета "Гоман", якая выходзіла ў Вільні пад рэдакцыяй Вацлава Ластоўскага.

Аўтар - В.Р. Рудкін

Становішча на Беларусі ў гады Першай сусветнай вайны
Змены ў грамадска-палітычных адносінах на Беларусі (люты - снежань 1917 г.)
Абвяшчэнне Беларускай Народаай Рэспублікі і дзейнасць яе Рады
Змены ў грамадска-палітычных адносінах на Беларусі (люты - снежань 1917 г.)

Цяжар першай сусветнай вайны, гаспадарчая разруха выклікалі ўсё большую незадаволенасць у грамадстве. Нарастала забастовачная барацьба. 23 лютага 1917 г. на вуліцы Петраграда выйшлі работніцы тэкстыльных прадпрыемстваў. Мітынгі і дэманстрацыі праходзілі пад лозунгамі "Далоў вайну!", "Далоў самадзяржаўе!". Стачка набыла характар агульнагарадской, а 27 лютага з пераходам на бок рабочых салдат Петраградскага' гарнізона перарасла ва ўзброенае паўстанне. Цар Мікалай II адрокся ад прастола. У гэтых умовах рабочыя і салдаты стварылі свой орган улады - петраградскі савет. Паралельна з дэпутатаў Дзяржаўнай думы вылучаецца Часовы ўрад. Так узнікае двоеўладдзе.

У пачатку сакавіка 1917 г., калі звесткі аб перамозе рэвалюцыі дайшлі да Беларусі, у гарадах і мястэчках прайшлі мітынгі, дэманстрацыі, акцыі непадпарадкавання ўладам. Пачалі стварацца саветы рабочых, салдацкіх дэпутатаў. Так, 4 сакавіка быў абраны Мінскі савет рабочых дэпутатаў, 6 сакавіка на сумесным пасяджэнні выканкама і салдат-дэпутатаў ад воінскіх часцей было вырашана стварыць Мінскі савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. 8 сакавіка быў абраны пастаянны Выканаўчы камітэт савета. Яго ўзначаліў меншавік Б.Позерн. Мінскі савет прыняў пастанову аб абранні салдацкіх фабрычна-заводскіх, сялянскіх камітэтаў, стварэнні прафесійных саюзаў, палітклубаў.

У гэты ж час дзейнічаў Часовы грамадскі камітэт парадку, створаны 4 сакавіка па даручэнні сходу прадстаўнікоў Мінскай гарадской думы, земстваў, гарадскога саюза, ваенна-прамысловага камітэта, многіх палітычных партый, духавенства, рабочых. 6 сакавіка Часовы ўрад назначыў губернскіх і павятовых камісараў, да якіх пераходзіла мясцовая ўлада. Быў выпрацаваны парадак фарміравання ўстаноў самакіравання: павятовых, валасных, гарадскіх камітэтаў. Мясцовыя органы ўлады падпарадкоўваліся дырэктывам Часовага урада.

Значны ўплыў на палітычнае жыццё мела войска. Пры захаванні падпарадкаванасці салдат камандзірам па ваенных пытаннях вайсковыя падраздзяленні ўсё больш уцягваліся ў падзеі, якія адбываліся ў раёнах дыслакацыі часцей. У сакавіку-красавіку 1917 г. пачаліся выбары салдацкіх камітэтаў. Яны павінны былі садзейнічаць павышэнню палітычнай і культурнай адукаванасці салдат, дэмакратызацыі армейскага жыцця. Хутка салдацкія камітэты пад уздзеяннем палітычных партый пачалі ўмешвацца ў работу камандзіраў, весці антываенную агітацыю. У красавіку 1917 г. I з'езд ваенных і рабочых дэпутатаў армій і тылу Заходняга фронту зацвердзіў Палажэнне аб салдацкіх камітэтах. Дэлегаты падтрымалі курс Часовага ўрада на працяг вайны ў мэтах абароны дэмакратычнай рэвалюцыі, выступілі за прадастаўленне салдатам права слова, друку, сходу і г.д. З'езд унёс прапанову ўраду па рабочых і сялянскіх пытаннях (увядзенне 8-гадзіннага рабочага дня, устанаўленне мінімальнай зарплаты, канфіскацыя царкоўных, манастырскіх зямель, сацыялізацыя зямлі). Прынятыя рашэнні мелі буржуазна-дэмакратычны характар.

У сакавіку-красавіку 1917 г. пашыраецца сялянскі рух. 20-23 красавіка ў Мінску адбыўся з'езд сялянскіх дэпутатаў Мінскай і неакупіраваных паветаў Віленскай губерняў. Ён выказаўся за хутчэйшае заключэнне міру. Але, пакуль існавала неабходнасць абароны краіны, з'езд лічыў магчымым і далей весці вайну. Па аграрным пытанні дэлегаты рэкамендавалі правесці сацыялізацыю зямлі, увесці ўраўнальнае землекарыстанне. Канчатковае рашэнне праблемы адкладвалася да Усерасійскага ўстаноўчага сходу. Эсэраўскую аграрную праграму падтрымалі сялянскія з'езды Магілёўскай і Віцебскай губерняў.

Лютаўская рэвалюцыя абудзіла палітычную актыўнасць шырокіх мас насельніцтва, і гэтую актыўнасць выкарысталі палітычныя партыі для пашырэння свайго ўплыву ў грамадстве. Найбольш моцныя пазіцыі мелі бундаўцы, эсэры і меншавікі. Актыўна дзейнічалі бальшавіцкія арганізацыі. Ідэі нацыянальна-вызваленчага адраджэння вызвалі да жыцця дзесяткі партый і груповак памешчыцка-клерыкальныя арганізацыі (Саюз беларускай дэмакратыі, Саюз беларускага народа, Саюз ксяндзоў-беларусаў, Беларускі саюз зямельных уласнікаў і інш.) зрабілі крок у бок ліберальнай буржуазіі. Яны арыентаваліся на партыю кадэтаў і бачылі Беларусь у складзе Расійскай дзяржавы з правамі абласнога самакіравання ў пытаннях гаспадарчага і культурнага жыцця.

Блізкай да гэтай групоўкі была Беларуская партыя народных сацыялістаў (БПНС). Праграмныя дакументы БПНС зафіксавалі патрабаванні захавання прыватнай уласнасці, аўтаноміі Беларусі з заканадаўчым органам (краёвай радай) у складзе федэратыўнай Расійскай рэспублікі. Партыя выступала за адраджэнне беларускай культуры, увядзенне культурна-нацыянальнай аўтаноміі для нацыянальных меншасцяў.

Каля 5 тыс. чалавек налічвала Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). На канферэнцыі у сакавіку 1917 г. БСГ падтрымала палітыку Часовага ўрада, ідэю стварэння федэратыўнай рэспублікі з аўтаноміяй Беларусі.

25-27 сакавіка 1917 г. па ініцыятыве Мінскага камітэта дапамогі ахвярам вайны, БПНС і БСГ адбыўся з'езд беларускіх нацыянальнах арганізацый, на якім прысутнічала каля 150 чалавек. З'езд абраў Беларускі нацыянальны камітэт (БНК) на чале з Раманам Скірмунтам. 10 з 18 яго членаў з'яўляліся прыхільнікамі БСГ. Прызнаючы палітыку Часовага ўрада, з'езд даручыў БНК правесці выбары ў Беларускую краёвую раду, распрацаваць мясцовую канстытуцыю, прыступіць да склікання сялянскага і настаўніцкага з'ездаў, стварэння кааператываў, заснавання беларускамоўных школ. У маі БНК пачаў выдаваць газету "Вольная Беларусь". Беларускія нацыянальна-дэмакратычныя партыі зрабілі спробу дабіцца ад Часовага ўрада перадачы ўлады Беларускай краёвай радзе. Але расійскія буржуазныя палітыкі не падтрымалі гэтыя аўтанамісцкія захады. БНК пайшоў па шляху стварэння мясцовых устаноў улады, вайсковых фарміраванняў. Супрацьдзеянне палітыцы БНК аказвалі не толькі прадстаўнікі дзяржаўнай улады, але і арганізацыі РСДРПСб), якія імкнуліся завалодаць ініцыятывай у Саветах, фабрычна-заводскіх камітэтах, прафсаюзах, салдацкіх арганізацыях.

Складаным было становішча на фронце. 18 чэрвеня руская армія перайшла ў наступленне на паўднёва-заходнім напрамку. У выніку паражэння на Паўднёва-Заходнім і Заходнім франтах дзесяткі тысяч салдат і афіцэраў загінулі і былі паранены. Наспеў востры палітычны крызіс. 4 ліпеня 1917 г. у Петраградзе прайшла несанкцыянаваная паўмільённая дэманстрацыя. З дазволу выканкама Усерасійскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў дэманстрацыя была расстраляна. Двоеўладдзе закончылася. Уся ўлада перайшла да Часовага ўрада, які прымяніў сілу да апазіцыйных партый і рухаў. У падполле перайшлі бальшавікі. Распускаліся салдацкія камітэты, расфарміроўваліся некаторыя вайсковыя часці. На Заходнім фронце ўводзілася пакаранне смерцю. У гэтых умовах РСДРП(б) на VI з'езде (26 ліпеня - 3 жніўня 1917 г.) прымае рашэнне аб падрыхтоўцы ўзброенага паўстання супраць Часовага ўрада.

8 - 10 ліпеня 1917 г. у Мінску адбыўся II з'езд беларускіх нацыянальных арганізацый, на якім была абрана Цэнтральная рада беларускіх арганізацый на чале с Я.Лёсікам. Цэнтральная рада рабіла спробы аб'яднаць беларускі рух вакол нацыянальнай ідэі. Меншавікі, эсэры, бундаўцы былі супраць палітычнай аўтаноміі Беларусі. Яны лічылі лепшым абласное самакіраванне беларускіх губерній у межах дэмакратычна-рэспубліканскай Расіі.

У ліпені - жніўні 1917 г. на Беларусі прайшлі выбары ў мясцовыя органы самакіравання - гарадскія думы, земствы. Найбольшую колькасць месцаў у гарадскіх думах атрымалі эсэры, бундаўцы, польскі сацыялістычны блок, яўрэйскі нацыянальны блок, кааліцыя польскіх партый. На выбарах у валасныя земствы перамогу атрымалі эсэры, у мястэчках - бундаўцы. Такім чынам, ні беларускія нацыянальныя партыі, ні бальшавікі летам 1917 г. не карысталіся значнай падтрымкай сярод насельніцтва.

Тым часам Часовы Ўрад працягваў рэпрэсіўную палітыку навядзення парадку. 18 ліпеня Вярхоўным галоўнакамандуючым быў прызначаны генерал Л.Г.Карнілаў, які ў канцы жніўня патрабаваў устанавіць у краіне ваенную дыктатуру. Па загадзе Карнілава ў Петраград былі накіраваны вайсковыя часці, каб разагнаць Саветы і Часовы ўрад. Супраць выступілі мясцовыя Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў, многія вайсковыя часці, рабочыя беларускіх гарадоў. Пры Саветах фарміраваліся ваенна-рэвалюцыйныя камітэты, ствараліся баявыя дружыны на фабрыках і заводах. 30 жніўня быў арганізаваны Часовы рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту (старшыня М.В.Фрунзе). Рэвалюцыйна настроеныя салдаты і рабочыя ўстанавілі кантроль над стратэгічнымі чыгуначнымі вузламі, арсеналамі. Акцыя генерала Карнілава не атрымала падтрымкі. Узначалілі гэтую барацьбу бальшавікі, што значна павысіла іх уплыў на працоўныя масы. У другой палове верасня 1917 г., напрыклад, у ходзе перавыбараў Саветаў бальшавікі атрымалі большасць у Мінскім Савеце рабочых і салдацкіх дэпутатаў, затым у Слуцкім і Рэчыцкім Саветах. Трэба адзначыць, што працэс бальшавізацыі Саветаў не насіў масавага характару. Але бальшавіцкія арганізацыі збіралі сілы. Бальшавікі Беларусі, Заходняга фронту і Смаленшчьшы на канферэнцыі 15 -18 верасня ў Мінску абралі адзіны кіруючы орган - Паўночна-Заходні камітэт РСДРП(б).

Лідэры беларускага руху ў мэтах каардынацыі сваёй дзейнасці 24 верасня 1917 г. склікалі ў Маскве I Беларускі з'езд, большасць дэлегатаў якога прадстаўлялі БСГ.'На з'ездзе БСГ стварыла дзве фракцыі. Захады па кансалідацыі сіл у адзін нацыянальны фронт не атрымалі падтрымкі. Пры абмеркаванні пытання аб палітычным уладкаванні Беларусі прадстаўнікі БСГ пакінулі з'езд. У кастрычніку 1917 г. раскалолася Беларуская сацыялістычная фамада. На аснове Петраградскай арганізацыі БСГ стварылася Беларуская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя. Петраградская, Маскоўская і Бабруйская арганізацыі БСГ пасля III з'езда партыі (14-25 кастрычніка) заявілі аб непадпарадкаванні ЦК БСГ.

15 кастрычніка на II сесіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый быў рэарганізаваны кіруючы орган - абрана Вялікая беларуская рада. У яе склад дадаткова ўвашплі прадстаўнікі Беларускай рады Заходняга фронту. Была створана Цэнтральная вайсковая беларуская рада. Яна павяла работу па фарміраванні беларускага войска на Заходнім і Румынскім франтах.

У ноч з 24 на 25 кастрычніка 1917 г. у Петраградзе адбылося ўзброенае паўстанне рабочых і салдат. Раніцай быў абнародаваны падрыхтаваны У.І. Леніным заклік "Да грамадзян Расіі". У ім аб'яўлялася аб звяржэнні Часовага ўрада і пераходзе ўлады да Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. 26 кастрычніка выканкам Мінскага Савета аб'явіў аб пераходзе ўлады ў рукі Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З палітычных вязняў быў створаны I рэвалюцыйны полк імя Мінскага Савета. Разам з 37-м і 289-м Запаснымі палкамі, атрадам чырвонаармейцаў яны склалі ўзброеныя сілы Мінскага Савета. У хуткім часе быў створаны Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту (К.Ландар, А.Мяснікоў і інш.). Была ўведзена цэнзура друку, забаронена дзейнасць гарадской думы.

Супраць новай улады выступілі буржуазныя партыі - эсэры, бундаўцы, меншавікі, гарадская дума, Вялікая беларуская рада, цэнтральнае бюро прафсаюзаў г.Мінска і інш. 27 кастрычніка яны стварылі Камітэт ратавання рэвалюцыі на чале з Т.Калатухіным. Маючы перавагу сіл, Камітэт ратавання рэвалюцыі ўльтыматыўна запатрабаваў перадачы яму ўлады. Мінскі Савет пагадзіўся пры умове, што войскі не будуць накіраваны на падаўленне паўстання ў Петраград і Маскву. Пасля заключэння пагаднення бальшавікі павялі агітацыю сярод салдат. Савецкую ўладу падтрымалі з'езды многіх армейскіх камітэтаў. У ноч з 1 на 2 лістапада ў Мінск увайшлі браніраваны поезд і вайсковыя часці, якія ўзялі пад ахову Мінскі Савет. У горадзе зноў была ўстаноўлена Савецкая ўлада. У канцы кастрычніка - пачатку лістапада Савецкая ўлада перамагла ў Віцебску, Гомелі, Полацку і іншых гарадах. 19 лістапада новую ўладу прызнаў Магілёўскі савет. Такім чынам, у лістападзе на неакупіраванай тэрыторыі Беларусі ўсталявалася ўлада Саветаў. У гэты час прайшлі салдацкія з'езды 2-й, 3-й і 10-й армій Заходняга фронту. Яны сведчылі аб падтрымцы арміяй рэвалюцыйных змен, дэкрэтаў Савецкай улады.

У лістападзе 1917 г. на Беларусі адбыліся выбары ва ўстаноўчы сход. З 56 дэпутатаў ад Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай акруг і Заходняга фронту было абрана 30 бальшавікоў, 22 эсэра, 4 прадстаўнікі іншых арганізацый. Перамога бальшавікоў была невыпадковай. Арганізацыі РСДРП(б) вялі актыўную работу па замацаванні новай улады. Яны атрымалі падтрымку на з'ездах Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці (19-21 лістапада), III з'ездзе Саветаў сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў (18-20 лістапада), II з'ездзе армій Заходняга фронту (20-25 лістапада). Працоўныя, насельніцтва, салдаты з задавальненнем сустрэлі дэкрэты II Усерасійскага з'езда Саветаў аб міры, зямлі і таму пайшлі за бальшавікамі.

26 лістапада ў адпаведнасці з рашэннямі з'ездаў выканкамы Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй і вобласці, сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў, Заходняга фронту ўтварылі выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыканкамзах) на чале з М.Рагазінскім. Абласны камітэт сфарміраваў Савет народных камісараў вобласці і фронту (старшыня К.Ландар), які ўзначаліў палітычную і гаспадарчую дзейнасць Саветаў (увядзенне на прадпрыемствах рабочага кантролю, канфіскацыя памешчыцкіх зямель і г.д.). У склад Аблвыканкамзаха ўвайшлі ў асноўным прадстаўнікі партыі бальшавікоў. Прычым у сваёй большасці яны былі людзьмі прыезджымі, а не беларусамі. Таму, што датычыцца нацыянальнага самавызначэння, то Аблвыканкамзах не зрабіў ніякіх рэальных крокаў на шляху стварэння беларускай дзяржаўнасці.

Беларускія нацыянальныя партыі і групоўкі, якія не прынялі уладу Саветаў, выступілі пад лозунгам поўнага нацыянальнага самавызначэння Беларусі. Выканкам Вялікай беларускай рады пачаў падрыхтоўку назначанага на 5 снежня Усебеларускага з'езда, мэтай якога было стварэнне прызнанай Савецкай уладай дэмакратычнай краёвай улады. Паралельна ў гэтым кірунку працаваў Беларускі абласны камітэт (БАК), які быў сфарміраваны ў лістападзе 1917 г. пры Усерасійскім Савеце сялянскіх дэпутатаў. Дэпутаты-беларусы, якія прысутнічалі на I Усерасійскім з'ездзе сялянскіх дэпутатаў, стаялі на пазіцыях эсэраў. Пры падтрымцы Наркамата па справах нацыянальнасцяў Расійскай Федэрацыі БАК выступіў з прапановай правядзення 15 снежня з'езда прадстаўнікоў земстваў, Саветаў сялянскіх дэпутатаў, беларускіх палітычных і грамадскіх арганізацый, арміі, настаўніцкага саюза, кааператыўных і культурна-асветніцкіх устаноў.

Вялікая беларуская рада назначыла адкрыццё Усебеларускага з'езда на 5 снежня 1917 г. У гэты дзень у мінскім гарадскім тэатры сабралася каля 300 чалавек, таму было вырашана адкрыць нараду. Пасля доўгіх спрэчак 7 снежня ўдзельнікі прызналі паунамоцтвы з'езда. Заслухаўшы прывітанні і даклад А.Бонч-Асмалоўскага па зямельным пытанні, дэлегаты затым працавалі па секцях і фракцыях.

Беларускі абласны камітэт, які атрымаў грашовую падтрымку ўрада Расіі на правядзенне з'езда, пратэставаў супраць пачатку яго работы. Ён заявіў аб прызнанні Савецкай улады і неабходнасці больш шырокага прадстаўніцтва, у тым ліку і Аблвыканкамзаха.

15 снежня ў Мінску сабралася 1872 прадстаўніка Саветаў рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў, гарадскіх дум, земстваў, вайсковых беларускіх рад, палітычных партый, прафсаюзаў, бежанскіх саюзаў. 1167 дэлегатаў мелі права рашаючага голасу, у тым ліку каля 800 чалавек з'яўляліся прадстаўнікамі рабочых, сялян, салдат. Вечарам 17 снежня пачалося пленарнае пасяджэнне Усебеларускага з'езда. З палітычных партый найбольш уплывовымі былі эсэры і БСГ. Барацьба разгарнулася вакол пытання аб формах самавызначэння Беларусі. Вялікая беларуская рада выступала за аб'яўленне незалежнасці Беларусі. Яе прадстаўнікі лічылі, што ўлада Аблвыканкамзаха распаўсюджваецца толькі на Заходні фронт і не мае ніякага дачынення да Беларусі. БАК патрабаваў абласной аўтаноміі ў складзе Расіі. Левыя эсэры і народніцкае крыло БСГ выступалі за аўтаномію з сваёй краёвай радай і адміністрацыяй.

З'езд не прызнаў легітымнасць бальшавіцкай улады. Ён абвясціў сябе вышэйшым органам ўлады. Была прынята кампрамісная рэзалюцыя аб усталяванні рэспубліканскага ладу жыцця і стварэнні часовага органа краёвай улады - Усебеларускага Савета сялянскіх, салдацкіх, рабочых дэпутатаў. Яму даручалася замяніць існуючыя органы ўлады, склікаць Устаноўчы сход і вырашыць пытанне аб дзяржаўным ладзе на Беларусі.

Аднак з'езд не паспеў давесці сваю работу да канца. СНК Заходняй вобласці ў ноч з 17 на 18 снежня правёў арышты некаторых членаў прэзідыўма, шэрага дэлегатаў і аб'явіў з'езд распушчаным. 18 снежня дэлегаты - лідэры беларускіх палітычных партый канспіратыўна стварылі Выканаўчы камітэт савета з'езда. Камітэт спрабаваў арганізаваць супрацоўніцтва з губернскімі, гарадскімі думамі і сумесна з Цэнтральнай беларускай вайсковай радай стварыць беларускае войска. Саўнаркам Заходняй вобласці і фронту абвясціў аб роспуску Вялікай беларускай рады, Беларускай вайсковай рады. Савецкая ўлада прыступіла да ліквідацыі апазіцыі: скасоўваліся гарадскія думы, земскія ўстановы, суды, закрываліся апазіцыйныя газеты. Ствараўся новы апарат кіравання - мясцовыя Саветы.

Аўтар - П.І. Брыгадзін

Абвяшчэнне Беларускай Народаай Рэспублікі і дзейнасць яе Рады

9 снежня 1917 г. паміж Савецкай Расіяй і Германіяй пачаліся мірныя перагаворы. Занепакоены тым, што ўзнікла рзальная небяспека падзелу роднага края, выканкам Усебеларускага з'езда накіраваў у Брэст-Літоўск сваіх прадстаўнікоў. Дэлегацыя на чале з А.Цвікевічам, нягледзячы на шматлікія перашкоды і адсутнасць афіцыйнага статуса, здолела данесці да ведама ўдзельнікаў канферэнцыі, што яна выступае ад імя беларускага народа і адстойвае цэласнасць і непадзельнасць яго тэрыторыі, неабходнасць нацыянальнага самавызначэння. Але мірныя перагаворы па віне Л.Троцкага былі сарваны. Германскае камандаванне аддало загад сваім войскам пачаць 18 лютага 1918 г. наступленне, што рэзка абвастрыла сітуацыю на Заходнім фронце. Дзейнічаючы сумесна з часцямі 1-га польскага корпуса, германскія войскі хутка набліжаліся да Гомеля і Мінска. У такіх умовах кіраўніцтва Аблвыканкамзаха і СНК Заходняй вобласці, якія раней не аднойчы заяўлялі аб сваім імкненні застацца ў горадзе і арганізаваць абарону, вымушаны былі спешна эвакуіравацца. У ноч на 19 лютага з Мінска у Смаленск выехалі партыйныя і савецкія ўстановы, штаб Заходняга фронту.

Пасля адыходу бальшавікоў выканкам Усебеларускага з'езда вырашыў узяць уладу ў свае рукі. 21 лютага 1918 г. ён звярнуўся да народаў Беларусі з першай устаўнай граматай, у якой абвясціў сябе часовай уладай. "Мы павінны ўзяць свой лёс у свае ўласныя рукі", - падкрэслівалася ў грамаце. Беларускі народ павінен ажыццявіць сваё неад'емнае права на поўнае самавызначэнне, а нацыянальныя меншасці - на нацыянальна-персанальную аўтаномію. Планавалася, што права нацый павінна вырашацца праз скліканне на дэмакратычных пачатках устаноўчага сейма, а да яго адкрыцця функцыі ўлады ўскладаліся на створаны Выканкамам Народны Сакратарыят Беларусі. Гэта быў першы беларускі ўрад, старшынёй і сакратаром міжнародных спраў якога быў прызначаны адзін з лідэраў БСГ Я.Варонка. Акрамя яго ў склад урада ўвайшлі П.Крачэўскі, А.Смоліч, Палута Бадунова, А.Карач, Тамаш Грыб, Кастусь Езавітаў, У.Макрэеў, І.Серада, Я.Бялевіч, В.Рэдзько, Г.Белкінд, П.Злобін, Л.Заяц (усяго 14 сакратароў). якія прадстаўлялі БСГ, сацыялістаў-рэвалюцыянераў і яўрэйскія сацыялістычныя арганізацыі.

Дзейнасць Народнага Сакратарыята праходзіла ў складаных умовах. У Мінск увайшлі нямецкія войскі, дзе яны нечакана "сутыкнуліся" з палітычным цэнтрам, які называў сябе беларускім урадам. Асновай сваёй палітыкі Германія лічыла мірны дагавор толькі з РСФСР і разглядала Беларусь як частку акупіраванай расійскай тэрыторыі. 25 лютага 1918 г. нямецкія салдаты занялі будынак Народнага Сакратарыята, знялі з яго нацыянальны сцяг, у памяшканні зрабілі вобыск і захапілі касу. Неўзабаве пасля інцыдэнту акупацыйным уладам быў адасланы мемарандум. Пасля наведвання беларускімі прадстаўнікамі нямецкага каменданта капітана фон Пільца непаразуменне было вырашана. Аднак рэальнай улады Народны Сакратарыят не атрымаў і працягваў сваё існаванне толькі фармальна.

9 сакавіка 1918 г. адбылося пашыранае пасяджэнне Выканкама Усебеларускага з'езда, на якім была прынята другая ўстаўная грамата да народаў Беларусі. У межах рассялення і колькаснай перавагі яе насельніцтва Беларусь была абвешчана Народнай Рэспублікай - БНР. Выканкам быў перайменаваны ў Раду, прэзідыўм якой узначаліў І.Серада. Да склікання ўстаноўчага сейма яна аб'яўлялася заканадаўчай уладай, а Народны Сакратарыят, які назначаўся Радай, стаў выканаўчым органам і падпарадкоўваўся ёй. Граматай дэклараваліся дэмакратычныя правы і свабоды, адмянялася права прыватнай уласнасці на зямлю, устанаўліваўся 8-гадзінны рабочы дзень.

Другая ўстаўная грамата фактычна з'яўлялася пашыраным варыянтам першай і вызначала асноўныя прынцыпы нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва на Беларусі. З імі пагадзіліся нават меншавікі і эсэры, якія раней ігнаравалі саму ідэю беларускай дзяржаўнасці. Адбылося іх прымірэнне з беларускімі палітычнымі партыямі, перш за ўсё з БСГ. Пачала выпрацоўвацца агульная тактыка у нацыянальным пытанні, на падставе якой складваўся палітычны блок. Прадстаўнікі расійскіх сацыялістычных партый увайшлі ў Раду. 18 сакавіка 1918 г. Рада Усебеларускага з'езда абвясціла сябе Радай БНР і папоўніла свой склад. Агульная колькасць яе членаў была даведзена да 71 чалавека. У яе ўвайшлі прадстаўнікі палітычных партый і аб'яднанняў, земстваў і гарадоў, нацыянальных меншасцяў, якія жылі на Беларусі. У Прэзідыўм Рады былі абраны І.Серада, Я.Варонка і К.Езавітаў.

3 сакавіка 1918 г. паміж Савецкай Расіяй і Германіяй быў падпісаны мірны дагавор, па якім землі, што ляжалі на захад ад лініі Рыга - Дзвінск - Свянцяны - Ліда - Пружаны і належалі раней Расіі, перадаваліся Германіі і Аўстра-Венгрыі. Іх лёс павінен быў вырашацца ў адпаведнасці з пажаданнямі насельніцтва. Усходняя частка захопленых Германіяй беларускіх зямель да заканчэння вайны заставалася пад акупацыяй. Гэта яшчэ больш узмацніла незалежніцкія тэндэнцыі ў радах беларускага нацыянальнага руху. бо бальшавікі парушылі дадзенае абяцанне, што лёс Беларусі не будзе вырашацца без удзелу яе прадстаўнікоў.

У склад Рады былі кааптаваны прадстаўнікі Віленскай беларускай рады, якія прапанавалі абвясціць незалежнасць БНР. Прапанова спачатку была разгледжана фракцыяй БСГ у Радзе БНР, затым на пленарным пасяджэнні. Пасля доўгіх спрэчак паміж прыхільнікамі незалежнасці і аўтаноміі Беларусі ў складзе РСФСР 25 сакавіка 1918 г. была прынята трэцяя ўстаўная грамата, якой абвяшчалася незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. У дапаўненне да папярэдніх актаў тут указвалася, што БНР павінна ўключыць усе землі, дзе жыў і меў лічбавую перавагу беларускі народ. Згодна з этнаграфічнай картай, якую склаў акадэмік Я.Карскі, сюды ўключаліся Магілёўшчына, беларускія часткі Міншчыны, Віцебшчыны, Віленшчыны, Гродзеншчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і іншых губерняў. У фамаце падкрэслівалася, што страцілі сілу ўсе старыя дзяржаўныя сувязі і Брэсцкі мірны дагавор. Рада БНР павінна была ўвайсці ў адносіны з зацікаўленымі бакамі і самастойна падпісаць мірнае пагадненне, маючы на ўвазе захаванне цэласнасці і непадзельнасці беларускіх зямель.

Акт аб незалежнасці адлюстраваў надзеі на прызнанне БНР суседнімі краінамі. Аднак гэты крок спачатку не атрымаў падтрымкі. Украіна і Латвія мелі прэтэнзіі на беларускія тэрыторыі. У Расіі адразу пачаліся акцыі пратэсту супраць абвяшчэння БНР, бо яна лічыла Беларусь неад'емнай часткай сваёй тэрыторыі. Дзяржавы Антанты і ЗША ва ўмовах вайны з Германіяй і грамадзянскай вайны ў Расіі таксама не праявілі зацікаўленасці да БНР. Праціўнікамі беларускай дзяржаўнасці з'яўляліся польскія і рускія арганізацыі на Беларусі, яўрэйскія колы, якія арыентаваліся на мову і культуру вялікіх народаў і мелі эканамічныя інтарэсы за яе межамі. Што ж тычыцца Германіі, то яе канцлер у адказ на ноту Народнага Сакратарыята паведаміў, што Берлін трактуе Беларусь як частку Савецкай Расіі і, паводле Брэсцкага пагаднення, не мае права без згоды ленінскага ўрада прызнаць новаўтвораную дзяржаву.

Пад пагрозай зброі нямецкія акупацыйныя ўлады разагналі Раду і Народны Сакратарыят, а ў пачатку красавіка забаранілі іх дзейнасць.

У сувязі са склаўшыміся абставінамі Рада і Сакратарыят пайшлі на збліжэнне з дзеячамі Мінскага беларускага прадстаўніцтва Р.Скірмунтам і П.Алексюком, якія выступалі супраць сацыяльных пераўтварэнняў, за больш цеснае супрацоўніцтва з Германіяй. Яны былі кааптаваны ў склад Рады БНР, а 25 красавіка 1918 г. пад іх націскам прымаецца рашэнне накіраваць тэлеграму кайзеру Вільгельму II, у якой выказваецца падзяка за вызваленне Беларусі ад бальшавіцкага прыгнёту і анархіі. Члены Рады заявілі, што будучыню сваёй краіны яны бачаць толькі пад апекай германскай дзяржавы.

Але адказу не было, не далі вынікаў і іншыя намаганні ў гэтай справе. Як затым высветлілася, гэта быў памылковы крок, які выклікаў востры палітычны крызіс і прывёў да расколу БСГ і Раду БНР. Беларуская сацыялістычная грамада раскалолася на тры часткі: Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларускую сацыял'-дэмакратычную партыю і Беларускую партыю сацыялістаў-федэралістаў. Раду БНР пакінулі сацыялісты-рэвалюцыянеры, меншавікі, яўрэйскія сацыялісты, частка членаў БСГ. Пачаў распадацца Народны Сакратарыят. Пад уплывам абставін Рада пачала эвалюцыяніраваць у кааліцыйны орган, дзе перавагу атрымалі кансерватары на чале з Р.Скірмунтам. Яны адмовіліся ад аграрнай праграмы, якая была замацавана ў першай устаўнай грамаце, і пачалі кансультацыі з прадстаўнікамі палітычных партый аб фарміраванні новага складу Народнага Сакратарыята. Але місія Скірмунта правалілася і праз два месяцы ініцыятыву па фарміраванні новага ўрада паспрабаваў узяць на сябе І.Серада. Крызіс унутры Рады БНР паглыбляўся і гэтаму садзейнічала ўзмацняючаяся партызанская барацьба народных мас супраць акупантаў. Адначасова палепшыліся яе адносіны з акупацыйнымі ўладамі, якія ў адрозненне ад афіцыйнага Берліна супрацоунічалі з Радай БНР.

Пры падтрымцы камандуючага 10-й арміяй генерала Эрыха фон Фалькенгайна Рада дабілася згоды на дзейнасць Мінскай гарадской думы, арганізацыю мясцовай улады. Быў выдадзены часовы загад мясцовым беларускім радам, у якім акрэсліваліся прынцыпы выбараў і прыняцця ўлады ад акупантаў у асобных адміністрацыйных галінах. Пры павятовых камендатурах ствараўся інстытут саветнікаў для ўрэгулявання спрэчак паміж акулантамі і насельніцтвам. Пасля таго як у чэрвені 1918 г. урад БНР аб'явіў несапраўднымі дэкрэты Савецкай улады, акупанты перадалі ў кампетэнцыю Народнага Сакратарыята гандаль, прамысловасць, органы апекі, адукацыю і культуру.

Паспяхова развівалася дзейнасць Рады БНР на міжнароднай арэне. Па яе ініцыятыве нямецкае вайсковае камандаванне пачало летам 1918 г. перагаворы з Савецкай Расіяй аб аб'яднанні з БНР усходніх раёнаў Беларусі, занятых расійскімі войскамі. З гэтай нагоды у Маскву выязджала беларуская дэлегацыя, але народны камісар замежных спраў РСФСР Г. Чычэрын яе не прыняў. Прадстаўніцтвы БНР з'явіліся на Украіне, у Літве і Савецкай Расіі. Дыпламатычныя місіі былі накіраваны ў Варшаву, Берлін, Берн, Капенгаген. У Кіеве была адкрыта Беларуская гандлёвая палата. Грамадзяне рэспублікі пачалі атрымліваць пашпарты БНР, у тым ліку дыпламатычныя. У красавіку 1918 г. у якасці дзяржаўнага быў зацверджаны бела-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня".

Найбольшых поспехаў БНР дасягнула ў развіцці асветы і культуры. У красавіку 1918 г. Народны Сакратарыят прыняў пастанову аб абвяшчэнні беларускай мовы дзяржаўнай. Усе акты, дакументы і пастановы павінны былі пісацца на ёй. Паводле розных падлікаў было адкрыта ад 150 да 350 беларускіх школ, 13 гімназій; пры народным сакратарыяце асветы створаны бюро па справах распрацоўкі школьных падручнікаў і выдавецтва "Прасвета", якое займалася іх выданнем. У Мінску пачаў працаваць Беларускі педагагічны інстытут, дзе чыталі лекцыі прафесары Я.Карскі, В.Іваноўскі, У.Ігнатоўскі, Б.Тарашкевіч і інш. У красавіку 1918 г. была заснавана Мінская вышэйшая музычная школа, у тым жа годзе перайменаваная ў Беларускую кансерваторыю. Была створана падрыхтоўчая камісія па адкрыцці Беларускага ўніверсітэта, куды ўвайшлі А.Смоліч, М.Доўнар-Запольскі, Я.Карскі. У Мінску працавалі Беларускі тэатр, Таварыства драмы і камедыі, іншыя культурныя установы. Пад кантролем Народнага Сакратарыята выходзіла 14 газет і часопісаў.на беларускай мове.

Поспехі ў дзяржаўным будаўніцтве БНР былі абмежаваныя, бо германскія ўлады не дазволілі стварыць свае ўзброеныя сілы і паліцыю, адсутнічалі фінансавая сістэма, мясцовыя органы ўлады. Каб неяк умацаваць сваё становішча, 9 кастрычніка 1918 г. Рада БНР прыняла пастанову аб павелічэнні свайго складу да звыш 100 чалавек, а Народны Сакратарыят неўзабаве быў пераўтвораны ў Раду народных міністраў, якую ўзначаліў А.Луцкевіч. Новы ўрад паспрабаваў вырашыць беларускае пытанне з удзелам Савецкай Расіі і ў лістападзе распачаў з ёю перамовы. Але яны не былі завершаны. У Германіі адбылася лістападаўская (1918 г.) рэвалюцыя, Савецкі ўрад дэнансаваў Брэсцкі дагавор і рушыў Чырвоную Армію на захад. Рада БНР пасля адходу германскіх войскаў аказалася безабароннай. Частка яе членаў заставалася ў Мінску, астатнія выехалі ў Гродна і Вільню.

Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, першая спроба ўтварэння беларускай дзяржаўнасці мела вялікае гістарычнае значэнне. Абвяшчэнне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі і дзейнасць яе Рады аказалі ўплыў на развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа. Не дабіўшыся ўлады, Рада БНР тым не менш прымусіла бальшавіцкі ўрад перагледзець сваю палітыку ў адносінах да Беларусі і пайсці па шляху ўтварэння абмежаванай у правах савецкай дзяржавы.

Аўтар - Ю.Л. Казакоў

Комментируем публикацию: Тэрыторыя Беларусі у гады Першай сусветнай вайны (1914-1918)


Публикатор (): S S A Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle

Скачать мультимедию?

подняться наверх ↑

Новые поступления

Выбор редактора LIBRARY.BY:

Популярные материалы:

подняться наверх ↑

ДАЛЕЕ выбор читателей

Загрузка...
подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY


Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY на Ютубе, в VK, в FB, Одноклассниках и Инстаграме чтобы быстро узнавать о лучших публикациях и важнейших событиях дня.