Гістарычны нарыс пранікненьня й распаўсюджаньня Рэфармацыі ў Літве й Заходняй Русі

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ

Все свежие публикации

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Гістарычны нарыс пранікненьня й распаўсюджаньня Рэфармацыі ў Літве й Заходняй Русі . Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь глазами птиц HIT.BY! Звёздная жизнь KAHANNE.COM Мы в Инстаграме
Система Orphus

Автор(ы):
Публикатор:

Опубликовано в библиотеке: 2006-10-11
Источник: http://belreform.org/V.Plis1.php

Гістарычны нарыс пранікненьня й распаўсюджаньня Рэфармацыі ў Літве й Заходняй Русі

В. Пліс

Адной з аддаленых прычынаў, якія падрыхтавалі глебу для Рэфармацыі ў Літве, як і ў Польшчы, быў гусітызм. У Літве яна была пасеяна на цэлае стагодзьдзе раней, чым у Польшчы, і ў мацнейшай ступені. У 1413 г. Літву наведаў шырока вядомы ў той час сябар Яна Гуса - распаўсюднік ягонага вучэньня Геранім Праскі. Хоць прыватныя падрабязнасьці ягонага перабываньня й дзейнасьці ў Літве і пры двары Вітаўта нам невядомыя, тым ня менш, мяркуючы па яго дзейнасьці ў іншых месцах, дзе ён натхнёна паўставаў супраць рыма-каталіцкай царквы, мы можам меркаваць, што ў Літве ён дзейнічаў гэткім жа чынам. Выказваючы пэўнае спачуваньне праваслаўнаму насельніцтву Літвы і Заход. Русі, Геранім Праскі, можна думаць, імкнуўся яшчэ больш распаліць здаўна існую тут варажнечу праваслаўя з лацінствам; сярод каталікоў жа ён узбуджаў незадаволенасьць рыма-каталіцкай царквой. На распаўсюджваньне гусізму ў Літве некаторы ўплыў меў і Жыгімонт Карыбут, вядомы гусіцкі кандыдат на чэскую карону; а яшчэ больш - сьвіта яго, якая складалася з палякаў і ліцьвінаў. Калі ў 1424 г. Уладзіслаў Ягайла загадаў ім вярнуцца на Бацькаўшчыну, пагражаючы канфіскацыяй маёмасьці, то многія зь іх, прасякнутыя гусіцкімі поглядамі, вярнуўшыся на Бацькаўшчыну, распаўсюджвалі гусітызм у Польшчы і Літве. Адсюль Каяловіч, кажучы аб Марыяну Азерцы, паведамляе, што папа Сыкст IV даў яму ўладу навярненьня іншаверцаў ў рыма-каталіцкую веру, а таксама прыняцьця ў лона рымскай царквы герытыкоў і схізматыкаў, праваслаўныя тут разумеюцца пад схізматыкамі. Бо Азерка памёр ў 1491 г., а да гэтага часу ў Літве не было іншай ерасі, акрамя гусітызму, таму гэта дае падставу Лукашэвічу заключыць, што тут пад герытыкамі разумеюцца пасьлядоўнікі гусіцкага вучэньня. Такім чынам гусізм пусьціў карані ў Літве, і з часу наведваньня яго Геранімам заўсёды меў пасьлядоўнікаў, з гэтага часу вучэньне Гуса надавала тут некаторую энэргію незадаволенасьці рымскай царквой і каталіцкім духавенствам і садзейнічала ўзмацненьню антаганізма між праваслаўнымі і каталікамі. Таму ня мае рацыі Любовіч, калі ён намагаецца абвергнуць значэньне гусітызму, як адной з падрыхтоўчых прычынаў Рэфармацыі ў Польшчы (а адсюль і ў Літве) і зьвесьці ўсе яе прычыны да сацыяльных і палітычных умоваў жыцьця. Нельга адмаўляць значэньне апошніх у справе Рэфармацыі ў Польшчы і Літве, але не прызнаваць значэньне рэлігійнай падкладкі ў польскіх рэфарамцыйных рухах можа толькі перадузяты гісторык. На самым пачатку распаўсюджваньня Рэфармацыі ў Літве і Польшчы мы сустракаем асаблівую фракцыю рэфарматарства, -- вызнаньне братоў чэскіх. Спачатку яно адасобілася ад іншых вызнаньняў, але хутка злучылася часткай з рэфарматарамі, часткай з рознымі пратэстанцкімі сэктамі.

У падрыхтоўцы ў Літве глебы для Рэфармацыі і ў спрыяньні распаўсюджваньню яе, вельмі вялікі ўдзел меў нямецкі элемент, гандлёвыя стасункі з Захадам і замежныя гандляры. У Вільні і ў іншых значных гарадах Літвы і Заходняй Русі - Коўні, Магілеве ды інш., пражывала вялікая колькасьць нямецкіх рамесьнікаў і гандляроў. Акрамя немцаў, у гэтых мясьцінах можна было сустрэць італійцаў, грэкаў, армянаў і больш за ўсё шатляндцаў ("Szkoci"), якія мелі гандлёвыя зносіны з Рыгай, Караляўцом ды іншымі гарадамі Прускага гэрцагства; выпраўляліся з таварам таксама ў Ляйпцыг, Франкфурт ды іншыя гарады паўднёвае Нямеччыны, дзе Рэфармацыя была вельмі шырака распаўсюджана. Гэткім жа чынам і наадварот, у літоўскія гарады прыбывала вельмі шмат народу - гандляроў, рамесьнікаў і г.д., для часовага ці сталага пражываньня з Прусіі і Лівоніі. Літоўскае дваранства (шляхта), скажам словамі Лукашэвіча, было заражанае той жа жарсьцю да навіны, той жа схільнасьцю да ўсяго іншаземнага і той жа легкадумнасьцю ў справе веры, што і ў каралеўстве Польскім. Таму ня толькі сярод мяшчанства, асабліва нямецкага і ўвогуле іншаземнага, але й сярод дваранства літоўскага, як праваслаўнага, што гаварыла рускай мовай, так і рыма-каталіцкага - Рэфармацыя хутка распаўсюдзілася, асабліва з таго часу як прынялі пратэстантызм Прусія (1525 г.) і Лівонія (1539 г.).

Пранікненьню і распаўсюду Рэфармацыі ў Літве вельмі моцна спрыялі падарожжы дваранства ў Заходняй Эўропе. Больш багатае літоўскае і рускае дваранства часта прадпрымала падарожжы праз нямецкія гарады, здаралася без усялякай акрэсьленай мэты. Вельмі шмат сьлядоў такіх падарожжаў мы знаходзім у Папроцкага, Нясецкага ды іншых. Ужо Жыгімонт І нядобразычліва глядзеў на гэтыя падарожжы дваранства за мяжу, як відаць з ягонага эдыкту супраць рэлігійных цікавостак. Жыгімонт Аўгуст у адным са сваіх лістоў да дацкага караля з нагоды выправы за мяжу Тэнчынскага выказвае шкадаваньне, што гэтыя падарожжы дазволеныя законам, -- падарожжы, якія адбіраюць здароўе, даводзяць да галечы маёнткі і прыносяць у краіну іншаземныя звычаі і розныя рэлігійныя думкі. Бывалі таксама выпадкі, што некаторыя дваране бралі шлюбы зь іншаземкамі пратэстанцкага веравызнаньня. Заможныя й знакамітыя дваране выпраўлялі сваіх дзяцей у нямецкія ўнівэрсітэты - Вітэнбэрг, Ляйпцыг, Гольдбэрг ды іншыя, адкуль яны вярталіся на Бацькаўшчыну з вялікай сымпатыяй да рэлігійнай рэформы, моцна заражаныя вучэньнем Лютара ды іншых рэфарматараў. Усеагульным звычаем сярод знакамітага й заможнага дваранства было запрашэньне для сваіх дзяцей, у якасьці настаўнікаў, вучоных немцаў, большай часткай таксама гарачых пасьлядоўнікаў Рэфармацыі.

Іншым шляхам, якім распаўсюджвалася Рэфармацыя ў Літве, служылі кнігі й брашуры, праз якія праводзіліся і абараняліся рэфармацыйныя ідэі. Гэта быў адзін з наймацнейшых спосабаў прапаганды Рэфармацыі. Гэтым шляхам прапаганда ішла з Польскага каралеўства, дзе ўжо ў 30-я гг.XVI стагодзьдзя так моцна быў распаўсюджаны катэхізіс Лютара, што выклікаў абмежаваньні з боку ўлады, і асабліва вялікі наплыў пратэстанцкіх кнігаў быў з Прусіі. Альбэрт, гэрцаг Прускі, сам прыняўшы пратэстанцтва і стаўшы галоўным заступнікам яго, з палітычных прычынаў клапаціўся таксама аб азнаямленьні з пратэстанцтвам Польшчы і Літвы. Альбэрт клапаціўся таксама аб перакладзе літургічных ды іншых рэлігійных кнігаў на літоўскую мову і распаўсюджваў гэтыя кнігі на Літву ў тысячах асобнікаў. Так, напрыклд, у 1545 годзе Марцін Манвід, міністар (пастар) у Раннэтаў (ragnetensis), на загад Альбэрта Прускага , пераклаў на літоўскую мову і выдрукаваў лютаранскі канцыянал. Калі ж у 1544 г. у Караляўцы быў заснаваны ўнівэрсітэт з мэтай прапаганды праз яго пратэстанцтва, то Альбэрт Прускі заснаваў пры ім інтэрнат для 8 ліцьвінаў, якія рыхтаваліся да [атрыманьня] рангі міністра слова (пастара). У якасьці ж прафэсараў Альбэрт Прускі запрасіў сюды двух ліцьвінаў - Станіслава Рапагэлана і Абрагама Кульву, якія яшчэ раней распаўсюджвалі пратэстанцтва ў Літве, але былі выгнаны адтуль. Гэтыя два прафэсары-ліцьвіны былі першымі ппрапаведнікамі Рэфармацыі ў Літве. Рапагэлан Ст. належаў да ордэну франьцішканаў і быў першым з гэтага ордэну прапагандыстам Рэфармацыі ў Літве. Ён быў вучнем самога Лютара. Паводле Фрызэ (нямецкі гісторык XVIII ст. - пер.), ужо ў 1525 г. нейкі франьцішканскі мніх публічна прапаведваў вучэньне Лютара. Ці быў гэта Рапагэлан, ці які-небудзь іншы франьцішканін, сказаць катэгарычна, немагчыма. Ёсьць паведамленьне, што Рапагэлан даволі рана выйшаў з духовага ордэну і выправіўся ў Вітэнбэрг; доўгі час прабыў вучнем Лютара і атрымаў ад яго ступень доктара тэалёгіі; затым вярнуўся ў Літву і прапаведваў лютаранскае вучэньне. Амаль адначасова з Рапгэланам выступіў другі прапагандыст лютаранства - Юрай Марцін Маскавід (Манівід ?), аб якім падрабязных зьвестак няма. Можа быць, гэта той Юрай, які з дапамогай Станіслава Гаштольда, троцкага ваяводы, першага мужа вядомай Барбары, хацеў заснаваць у Вільні пратэстанцкую школу, што яму забараніў віленскі капітул. А можа быць, згаданы Юрай Маскавід быў напачатку тым правінцыялам франьцішканаў у Вільні, які падпісаў у 1523 годзе акт продажу пляцу Ульрыку Госу, віленскаму бурмістру, бацьку кардынала Станіслава Гозія.

Калі лютаранства пачало яўна распаўсюджвацца і набываць пасьлядоўнікаў, урад пачаў выдаваць забараняльныя і абмежавальныя законы. Так у 1538 г., 17 ліпеня Жыгімонт І выдаў строгі эдыкт супраць лютаранаў і анабаптыстаў, якія, трэба меркаваць, мелі ў той час сваіх пасьлядоўнікаў. Гэты эдыкт, абвешчаны паўсюль у Літве, пагражаў прапагандыстам рэлігійных аблудаў, скіраваных ва ўрон рыма-каталіцкай царкве, выгнаньнем з Бацькаўшчыны і канфіскацыяй маёмасьці. Гэтым жа часам намагаўся супрацьдзейнічаць рэфармацыйным захапленьням, якія пачыналі зьяўляцца ў Літве, і Павал Альгімунд, князь Гальшанскі, які ў 1535 г. перайшоў з Луцкай катэдры на Віленскую. Нягледзячы на гэтыя абмежавальныя для Рэфармацыі захады, неўзабаве, у 1539 г., выступае новы прапаведнік лютаранства Абрагам Кульва. Ад 1539 да 1542 гг. ён казаў у Вільні казані ў духу аўсбурскага вызнаньня; заснаваў тут школу (верагодна, патаемную), у якую прывабіў найзкаміцейшую польскую й літоўскую моладзь, якая займалася раней пад ягоным кіраўніцтвам у Вітэнбэргу. Паводле сьведчаньня Вэнгерскага, ён выпусьціў са сваёй школы 60 вучняў. Абрагам Кульва напачатку навучаўся ў Кракаве, пасьля ў Лавані (Lovanium) у Брабанце і тут пазнаёміўся зь вядомым Эразмам Ратэрдамскім. Адсюль Кульва выправіўся ў Вітэнбэрг і тут слухаў Мэланхтона. У Сыене ў Італіі атрымаў ступень доктара царкоўнага і грамадзянскага права і каля 1538 г., вярнуўся ў Літву. Вучэньне яго стала распаўсюджвацца тут з цудоўнай хуткасьцю, так што Павал Гальшанскі, віленскі біскуп, вымушаны быў зьвярнуцца да Жыгімонта І з просьбай пасадзейнічаць у задушэньні распаўсюду новага вучэньня. Жыгімонт І выдаў эдыкт, у якім загадаў яму зьявіцца ў духовы суд; тут ён мусіў, паводле эдыкту, прызнаць сваю віну і быць пакараным згодна з кананічнымі правіламі. У тым выпадку, калі б А. Кульва не пажадаў добраахвотна падпарадкавацца патрабаваньню гэтага дэкрэта, сьвецкай уладзе прадпісывалася схапіць яго і прывесьці ў духовы суд. У выпадку ягоных уцёкаў, ён прымушаўся да вечнага выгнаньня з Айчыны, а маёмасьць яго канфіскоўвалася, часткова на карысьць дзяржавы, часткова на карысьць царквы.

Між тым А. Кульва, даведаўшыся аб задуманым супраць яго віленскім біскупам, уцёк у 1543 г. у Прускае княства. Тут Альбэрт Прускі прыняў яго з раскрытымі абдымкамі і прызначыў рэктарам найвышэйшай вучэльні ў Караляўцы і прафэсарам грэцкай мовы, а ў наступным 1544 г. прафэсарам тэалёгіі ў заснаваным ім унівэрсітэце. Зь ліста Абрагама Кульвы ад 1543 г. да Жыгімонта І відаць, што ў той жа час уцяклі вельмі многія ліцьвіны, пасьлядоўнікі новага (лютаранскага) вучэньня. Апроч вышэйзгаданага дэкрэта спэцыяльна супраць Кульвы, Жыгімонт І выдаў у 1542 г. у Вільні новы дэкрэт, якім пацьвярджаў, што віленскі біскуп і ўсе дзяржаўныя органы; яму падпарадкаваныя, маюць поўную ўладу над дысыдэнтамі й герытыкамі, што духовай уладзе належыць права суду над імі й пакараньня. Тым жа часам на Літву было распаўсюджана дзеяньне законаў, выдадзеных спачатку толькі для каралеўства Польскага, -- законаў, паводле якіх усялякі дваранін пазбаўляўся дваранскае годнасьці, у тым выпадку, калі заражаўся ерасяй. Разам з гэтым забаранялася запрашаць немцаў у якасьці выхавальнікаў дзяцей, забаранялася пасылаць юнацтва ў Нямеччыну для атрыманьня адукацыі. У выніку такіх строгіх законаў духовая ўлада пры дапамозе сваіх судоў так прыціснула і запалохала дысыдэнтаў, што яны павінны былі эміграваць у іншыя дзяржавы. Але згаданыя дэкрэты, выдадзеныя супраць пратэстантаў у той час, пільна не выконваліся - у вынтку слабасьці каралеўскае ўлады. Дысыдэнты ж, і знаходзячыся за мяжой, не паслаблялі свае энэргіі.

Рознымі шляхамі яны зноў вярталіся ў Літву яшчэ з большай сьмеласьцяй. Сам урад неўзабаве пачаў паслабляць строгасьць законаў супраць іх. Так, у 1543 г. Жыгімонт І скасаваў закон, што забараняў ліцьвінска-польскаму дваранству наведваньне замежных унівэрсітэтаў, забараніўшы толькі прывозіць адтуль герытычныя кнігі. Скасаваньне гэтага закону вельмі паспрыяла посьпехам Рэфармацыі ў Літве. На досьвітку больш шчасьлівай эпохі, якая пачыналася для дысыдэнтаў, памерлі першыя казнадзеі і правадыры Рэфармацыі ў Літве. У 1546 г. 13 траўня ў Каралеўцы памёр Рапагэлан на 60-м годзе жыцьця, амаль адначасова сыйшоў у магілу і другі прапагандыст лютаранствва А. Кульва, які, вярнуўшыся ў Літву на два гады раней, памёр тут у 1546 г. на руках сваёй маці. Але асабліва важнай для літоўскай Рэфармацыі акалічнасьцяй было прыбыцьцё ў 1544 годзе ў Вільню асобнага вялікага князя Літвы, 24-гадовага Жыгімонта Аўгуста.

Пра Жыгімонта Аўгуста, асабліва пра яго рэлігійныя перакананьні, так шмат напісана й выказана гэтулькі думак, часта разнастайных да супярэчнасьці, што цяжка разабрацца ў гэтым хаосе. Пратэстанты лічаць Жыгімонта Аўгуста сваім, каталікі ж сьцьвярджаюць, што ён ніколі не пераставаў быць паслухмяным сынам рыма-каталіцкай царквы. Першыя і другія прыводзяць гістарычныя факты з караляваньня Жыгімонта Аўгуста ў пацьверджаньне сваіх поглядаў на яго. Для таго ж каб зразумець прычыну магчымасьці такіх супрацьлеглых думак пра адну і тую ж асобу, і зразумець характар дзейнасьці Жыгімонта Аўгуста, неабходна зьвярнуцца да высьвятленьня ягонага сьветапогляду, яго загадкавай асобы, і тут шукаць разьвязку супярэчнасьцяў, на якія выкіроўваюцца гісторыкі пры развагах аб гэтым гаспадары. Пратэстанцкія гісторыкі, сьцьвярджаючы, што Жыгімонт Аўгуст паводле сваіх рэлігійных поглядаў быў пратэстантам, часткова маюць рацыю; на іх карысьць красамоўна сьведчаць некаторыя факты з валадараньня гэтага караля. Але сымпатыі Жыгімонта Аўгуста да пратэстантаў і памяркоўнае стаўлеьне да ўсіх іншаверцаў увогуле абумоўлівалася часткова першапачатковым яго выхаваньнем. Жыгімонт Аўгуст выхоўваўся пры двары сваёй маці Боны. Пры двары Боны было шмат герытыкоў; каталікі ж, якія знаходзіліся пры ім толькі здаваліся такімі, насамрэч, таксама збольшага былі прыхільнікамі пратэстантаў. Бона, зь іншага боку, зацята клапацілася аб тым, каб набыць уплыў на Жыгімонта Аўгуста, будучага караля, і імкнулася зьліквідаваць уплыў на яго асобаў, якія б выхавалі яго ў строга-каталіцкіх традыцыях. Першым настаўнікам Жыгімонта Аўгуста быў "Siculus", італіец, які і даў яму пачаткі веданьня моваў і розных навукаў. Навучаньне дзяржаўнаму кіраваньню было даручана Пятру Апалінскаму, кашталяну Гнезьнескаму, мужу вучонаму. Але і ён ня мог супрацьстаяць расслабляльнаму узьдзеяньню двару каралевы Боны на Жыгімонта Аўгуста, бо і сам ён знаходзіўся пад уплывам Боны. Але што ці хто пасяліў у Жыгімонту Аўгусту сымпатыі да пратэстантызму? Сама Бона, як вядома, не была герытычкай; наадварот, -- род, традыцыі, выхаваньне ды інш., -- усё гэта павінна было рабіць яе вернай дачкой рыма-каталіцкай царквы. Бацька Жыгімонта Аўгуста быў гарачым каталіком. За гэтым, ідзе ўплыў асобаў, якія атачалі яго, -- Апалінскага, Тарноўскага, біскупаў - Тамінскага, Хаенскага, Мацэеўскага. Усе гэта, ня кажучы аб рэлігійнасьці ўвогуле роду Ягайлавічаў, павінна была пакінуць след у Жыгімонту Аўгусту, след на ягоных поглядах. І сапраўды, мы бачым яго у першую пару зацятым каталіком. Так, калі пасол папы Паўла ІІІ Геранім Разарыюс, уручаючы Жыгімонту Аўгусту, яшчэ дваццацігадоваму юнаку, асьвечаны меч, наказваў яму быць абаронцам каталіцкай веры і карнікам прыхільнікаў нямецкіх наватарстваў, якія чынілі непарадак у дзяржаве, то Жыгімонт Аўгуст, адказваючы на гэтыя словы, сказаў, што ён да сьмерці застанецца верны рыма-каталіцкай веры. Але, хаця колькасьць асобаў, адданых рыма-каталіцкай царкве, якія атачалі Жыгімонта Аўгуста, пераўзыходзіла колькасьць прыхільнікаў "нямецкіх наватарстваў", тым ня менш уплыў апошніх быў напараўнальна большы. На рэлігійныя погляды Жыгімонта Аўгуста вялікі ўплыў меў Франц. Лісманіні, духоўнік Боны і патаемны прапаведнік Рэфармацыі. Якім чынам ён набыў уплыў на Жыгімонта Аўгуста, цяжка вызначыць; найбольш верагодна праз пасярэдніцтва Боны ці дзякуючы сваім казаням, якія прамаўляў на італійскай мове. Уплыў гэты на Жыгімонта Аўгуста стаў прыкметны ўжо даволі рана. З 1529 г., калі Жыгімонт Аўгуст быў ужо вялікім князем Літоўскім і абвешчаны спадкаемцам Польскага каралеўства, Ф. Лісманіні карыстаўся ў яго велізарным уплывам і быў адным з неадменных яго дарадцаў. За пасярэдніцтвам Ф. Лісманіні Жыгімонт Аўгуст рана пачаў знаёміцца з пратэстанцкай літаратурай, з рознымі кнігамі, у якіх выкрывалася рымская царква. Жыгімонт Аўгуст рана пазнаёміўся з творамі Кальвіна, прачытаў яго Institutiones religionis Christianae, у 1553 г. выправіў Лісманіні ў Швайцарыю для бліжэйшага азнаямленьня з рэлігійнай рэформай Кальвіна, пад выглядам закупкі кнігаў для каралеўскай бібліятэкі. У якасьці прыдворнага капэляна, Лісманіні суправаджаў Жыгімонта Аўгуста ў ягонай паездцы ў Літву. Пасьля шлюбу Жыгімонта Аўгуста з Барбарай, ад народзінаў Радзівіл, уплыў Лісманіні на яго яшчэ больш павялічыўся, і ён стаў вельмі блізкім каралю чалавекам. Лісманіні была абяцаная першая вакантная біскупская катэдра. Нават у той час, калі Лісманіні зьнішчыў нейкі кляштар і калі з гэтае нагоды ўсе каталікі паўсталі супраць яго, Жыгімонт Аўгуст захаваў давер і сымпатыю да Лісманіні. А каралева Бона выказала яму сваю прыязнасьць тым, што паслала яго ў Рым дзеля віншаваньня з уступленьнем на рымскую катэдру Юлія ІІІ. Але калі Лісманіні, перабываючы ў Жэневе, ажаніўся тут, то страціў прыязнасьць караля і Боны, якая мела яшчэ іншыя пычыны прыватнага характару для зьмены стаўленьня да Лісманіні. Вось гэты чалавек, адданы Рэфармацыі ня толькі на словах, але і на справе, доўгі час аказваў моцны ўплыў на Жыгімонта Аўгуста, асабліва ў маладыя гады яго, калі розум караля, уражлівы й цікаўны, але слаба разьвіты й асьветлены, лёгка падпадаў пад пабочны ўплыў. Але Лісманіні ня быў адзіным чалавекам з пратэстанцкімі перакананьнямі пры двары Жыгімонта Аўгуста. У 1542 г. тут мы знаходзім яшчэ двух прыдворных казнадзеяў - Яна з Казьмінкі (Казьмінскага) і Лаўрэна з Прашовіч, вядомага як Дыскардыя. У 1544 г. Жыгімонт Аўгуст узяў іх з сабою ў Літву; тут яны сьмела й адкрыта прапаведавалі народу вучэньне Лютара. Кальвіна ды іншых рэфарматараў. Калі рыма-каталіцкае духавенства рабіла ім перашкоды для іх прапаганды і прыцягвала іх да суду, то кароль браў іх пад сваю абарону. Зь ягонай Віленскай бібліятэкі распаўсюджваліся творы Лютара, Мэланхтона, Буцэра, Кальвіна ды інш.

Хоць Рэфармацыя ў Літве вельмі многім абавязана Жыгімонту Аўгусту, але сваё жыцьцё й сілу яна атрымала ад двух Радзівілаў - Мікалая Радзівіла Чорнага й Мікалая Радзівіла Рудога. Дзякуючы ім, за невялікі час Рэфармацыя дасягнула бліскучага разьвіцьця і магла мець надзею для поўнага ўсталяваньня ў Літве. Жыгімонт Аўгуст, хоць часам выразна выяўляў свае сымпатыі да Рэфармацыі, але ўсё ж такі ставіўся да яе збольшага пасыўна. Між тым, названыя два карыфеі рэфарамцыйнай эпохі ў Літве выступілі энэргічнымі, актыўнымі апекунамі рэлігійнае Рэфармацыі і прыклалі ўсе намаганьні і сродкі да яе распаўсюджаньня й замацаваньня яе ў Літве. Эпоху квітнеючага стану Рэфармацыі ў Літве можна назваць эпохай Радзівілаў. Гэту эпоху, асабліва час дзейнасьці Мікалая Радзівіла Чорнага, можна назваць кульмінацыйным пунктам рэфармацыйнай эпохі ў Літве.

Мікалай Радзівіл Чорны нарадзіўся ў Нясьвіжы ў 1515 г. Атрымаў адукацыю ў замежных вышэйшых навучальных установах. Для заканчэньня навучаньня, паводле тагачаснага звычаю, падарожнічаў у Эўропе і наведаў усе славутыя мясьціны. Пасьля вяртаньня на Бацькаўшчыну Мікалай Радзівіл Чорны быў зроблены камандзерам гвардыі караля Жыгімонта Аўгуста. У 1546 г. (паводле сучаснай гістарычнай навукі ў 1544 - пер.) на Берасьцейскім сойме быў прызначаны маршалкам Вялікага Княства Літоўскага. Блізу таго часу Жыгімонт Аўгуст страціў жонку Лізавету Аўстрыйскую, і закахаўся ў стрыечную сястру Мікалая Радзівіла Чорнага - Барбару (Мікалаю Радзівілу Рудому яна даводзілася роднай сястрой), якая засталася ўдавою пасьля сьмерці Гаштольда, троцкага ваяводы. Абодва браты вырашылі скарыстацца гэтай акалічнасьцю і зладзіць даўно жаданы шлюб сваёй сястры з каралём, -- шлюб, які мог паслужыць славе й узвышэньню іх роду. Шлюб гэты адбыўся, хоць пры гэтым каралю і братам Барбары давялося пераадолець некаторыя цяжкасьці. Ад гэтага часу род Радзівілаў хутка ўзвышаецца. Мікалай Радзівіл Чорны набывае неабмежаваны давер караля і, дзякуючы сваім вялікім здольнасьцям і практычнаму розуму, неўзабаве дасягае найвышэйшых прыступак урадавай герархіі. Клапоцячыся аб узмацненьні свайго дому і ведаючы, што моц матэрыяльная мае велізарнае значэньне пры дасягненьні палітычнае магутнасьці, Мікалай Радзівіл Чорны, пачаў клапаціцца аб павелічэньні сваіх зямельных уладаньняў і хутка засяродзіў у сваіх руках найвялікшыя і найбагацейшыя літоўскія маёнткі. Галоўнымі ўладаньнямі Мікалая Радзівіла Чорнага былі Нясьвіж, Алыка, Клецак. У 1547 г. знаходзячыся на чале пасольства Жыгімонта Аўгуста да Караля V і італійскага караля Фэрдынанда, Мікалай Радзівіл Чорны атрымаў ад караля Троцкае ваяводства; у 1551 г. кароль зрабіў яго вялікім канцлерам Літоўскага Княства, а ў 1552 г. ён атрымаў Віленскае ваяводства. Акрамя таго, Мікалай Радзівіл Чорны атрымаў выдатны прывілей мець у сваіх уладаньнях у Нясьвіжы ўласны архіў для захаваньня ўсіх папераў і дакумантаў, якія датычылі Лтоўскага Вялікага Княства, так што гэты архіў Мікалая Радзівіла Чорнага зрабіўся нібы Літоўскі дзяржаўны архіў.

Пасьля сьмерці Барбары магутнасьць і значэньне Мікалая Радзівіла Чорнага ў караля не пахіснулася. У 1553 г. Мікалай Радзівіл Чорны быў выпраўлены Жыгімонтам Аўгустам у якасьці пасла да імпэратара Фэрдынанда дзеля заручынаў караля з дачкой імпэратара Кацярынай. Мікалай Радзівіл Чорны пасьпяхова выканаў гэтае даручэньне і даставіў каралеву ў Кракаў. Пасьля вяртаньня з гэтага пасольства Мікалай Радзівіл Чорны адкрыта стаў пасьлядоўнікам рэфарматарскага вызнаньня і пачаў рабіць высілкі, каб распаўсюдзіць гэтае вызнаньне на ўсю Літву. Перш за ўсё Мікалай Радзівіл Чорны паклапаціўся аб тым, каб схіліць да рэфармацкага вызнаньня ўсю сваю сям'ю. І ўвесь шматлікі двор. Уяўна, гэта лёгка яму атрымалася: ягоная жонка Лізавета Шыдлавецкая, зацятая каталічка, становіцца кальвінкай, і дзеці іх выхоўваюцца ў правілах новага рэлігійнага вызнаньня. Але гэта толькі ўяўна. Звонку, сама вызнаючы кальвінства, жонка выхоўвала дзяцей сваіх патаемна ў адданасьці рыма-каталіцкай царкве. Але навярненьнем сям'і ў рэфарматарства Мікалай Радзівіл Чорны не абмежаваўся. Задумы яго і жаданьні сягалі значна далей. Зрабіць кальвінства паноўным веравызнаньнем Вялікага Княства Літоўскага было галоўнай марай Радзівіла. Для яе ажыцьцяўленьня ён меў даволі моцныя сродкі: на яго баку была прыязнасьць караля, важнасьць займанай дзяржаўнай пасады, велізарныя багацьці, разумовыя дараваньні, нарэшце, палітычная сіла, якую меў кожны магнат Літвы і асабліва Радзівілы. Мікалай Радзівіл пры сваім становішчы, значэньні і ўплыве на караля мог дасягнуць ажыцьцяўленьня сваіх плянаў. Ён "карыстаўся так моцнай прыязнасьню караля", казаў Ціхоцкі, што мог атрымаць у яго ўсё, што б захацеў; тым больш, што кароль быў разам з тым і яго шваграм. Услаўляны шматлікімі сваімі кліентамі, ён зьяўляўся ў грамадзкіх месцах аточаны вялізнай сьвітай зь ліцьвінскіх нобіляў; толькі ён падымаўся з ложка, адразу ж шматлюдны натоўп мітусіўся перад ім і за ім, запабягаючы і выказваючы яму пашану. Падобна да таго як вароны зьлятаюцца да трупа жывёлы, так хутка і аграмадным натоўпам зьбіраліся пастары да Мікалая Радзівіла Чорнага. Каталіцкія ксяндзы, спачатку абсьмяяныя, пасьля жорстка перасьледаваныя, нарэшце зусім выганяныя, былі вымушаны пакідаць свае дамы і храмы беззаконным пастарам. Пасярод Віленскага рынку быў узьведзены прасторны рэфармацкі збор зь вежай, куды перанёс свае герытычныя зборні, якія перад гэтым адбываліся на Лукішках у велізарным будынку, увесь гэты натоўп абвесьнікаў рэфарматарства, як ў месца вельмі зручнае для спакушэньня жыхароў гораду. Здавалася надыходзіла згуба каталікам; рускія ж энэргічна (impigre) адстойвалі свае храмы і сваёй мужнасьцю яшчэ больш накіроўвалі супраць сябе дысыдэнтаў.

Парафіяльнаму касьцёлу сьв. Яна, што знаходзіўся насупраць палацу Мікалая Радзівіла Чорнага, пагражала вялікая небясьпека; бо пастары адбудаванага блізу гэтага касьцёлу збору, скардзіліся свайму патрону на тое, што сьпевам іх вельмі перашкаджалі гырканьне й крыкі каталікоў, якія даносіліся з касьцёлу. Гэткая ж небясьпека пагражала касьцёлам у Апатаве й Шыдлоўцах: здавалася, што наўрад ці тысячная часьціна каталікоў засталася верная рыма-каталіцкай царкве, бо амаль уся Літва была заражана ерасямі, паўсюль былі чуваць ганьбеньні Бога, сьвятых і рымскай царквы. Але рука Божая ўсемагутная; Божыя рады неадменныя! У той час, калі зямля, прах і попел насьмельваліся ўзьняць сваю галаву, выносіцца мёртвым са всайго дому той, хто першым адчыніў для ерасі вакно, праз пасярэдніцтва каторага ерась уварвалася ў краіну быццам саранча, зьнішчаючы і паглынаючы ўсё, што толькі было каталіцкае. Так малюе езуіт значэньне Мікалая Радзівіла Чорнага ў справе распаўсюджаньня рэфарматарства ў Літве і Заходняй Русі. Гэты вобраз ніколькі не перабольшаны. Пра велізарнае значэньне Мікалая Радзівіла Чорнага ў караля Жыгімонта Аўгуста, адданасьці і даверу караля Радзівілу мы даведваемся з уласных лістоў караля да яго. У сваіх лістах кароль зьвяртаецца да Мікалая Радзівіла Чорнага, як да свайго лепшага сябра, першага дарадцы; стаўленьне караля да Мікалая Радзівіла Чорнага было самае сяброўскае і прасякнута было так вялікай павагай, што, калі Мікалай Радзівіл Чорны са свёй сьвітай уваходзіў у літоўскі сэнат, то караль уставаў з трону ды ішоў насустрач яму.

Комментируем публикацию: Гістарычны нарыс пранікненьня й распаўсюджаньня Рэфармацыі ў Літве й Заходняй Русі


© В. Пліс • Публикатор (): БЦБ LIBRARY.BY Источник: http://belreform.org/V.Plis1.php

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle

Скачать мультимедию?

подняться наверх ↑

Новые поступления

Выбор редактора LIBRARY.BY:

Популярные материалы:

подняться наверх ↑

ДАЛЕЕ выбор читателей

Загрузка...
подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY


Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY на Ютубе, в VK, в FB, Одноклассниках и Инстаграме чтобы быстро узнавать о лучших публикациях и важнейших событиях дня.