Ідэя стварэння агульнаславянскай мовы ў публіцыстыцы Юрыя Крыжаніча

Актуальные публикации по вопросам истории и смежных наук.

NEW ИСТОРИЯ


ИСТОРИЯ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

ИСТОРИЯ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Ідэя стварэння агульнаславянскай мовы ў публіцыстыцы Юрыя Крыжаніча. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Автор(ы):
Публикатор:

Опубликовано в библиотеке: 2009-12-01

Я. Луферчык

ІДЭЯ СТВАРЭННЯ АГУЛЬНАЙ СЛАВЯНСКАЙ МОВЫ
Ў ПУБЛІЦЫСТЫЦЫ ЮРЫЯ КРЫЖАНІЧА

У XVII стагоддзі становішча славянскіх народаў было вельмі цяжкім. Польшча і беларускія землі, знаходзячыся ў складзе Рэчы Паспалітай, перажывалі ўнутраныя і знешнія праблемы; Балгарыя, Сербія і Харватыя стагналі пад турэцкай няволяй; Чэхія і Славакія былі пераўтвораныя ў правінцыю Габсбургскай імперыі. Даць жа адпор захопнікам заміналі раздробненасць і міжусобіцы.

Юрый Крыжаніч – выдатны славянскі асветнік, багаслоў, філосаф, гісторык і эканаміст. Ён – чалавек, які на шматлікія дзесяцігоддзі апярэдзіў ідэі і прынцыпы сваіх сучаснікаў. З'яўляючыся каталіком, чалавекам, выгадаваным для рэалізацыі ідэй царкоўнай уніі, ён захапіўся Расіяй, жадаў уз'яднання ўсяго славянскага свету не вакол якога-небудзь каталіцкага цэнтру, а вакол праваслаўнай Масквы. Безумоўна, яго ідэі адносна гісторыі славянства былі мала рэальныя, але неабходна памятаць, што ён – чалавек ХVII стагоддзя, і агучваць і прапагандаваць ідэі еднасці, нават думаць аб аб’яднанні славянскіх народаў было рызыкоўна!
Нарадзіўся Ю. Крыжаніч у 1617 годзе. Сваю радзіму ён сам пазначаў харвацкімі землямі, а менавіта акругай горада Біхча. З ранняга дзяцінства Юрый выявіў моцную цягу да ведаў. Але да таго часу старажытны род Крыжанічаў (Крыжанічы-Няблюшскія) збяднеў, і грошай на адукацыю ў яго не было. Адзінай крыніцай даступных ведаў была Загрэбская семінарыя, якая рыхтавала святароў-уніятаў. Так Крыжаніч атрымаў пачатковую духоўную адукацыю.

Прыехаўшы ў 1638 г. у Вену, ён вывучыў нямецкую мову і латынь (вугорскую і турэцкую мовы Крыжаніч ведаў з дзяцінства). У 1640 – наведаў Рым, дзе асвоіў італьянскую і старажытнагрэцкую. 11 сакавіка 1641 г. Папа Урбан VIII зацвердзіў рашэнне Кангрэгацыі аб прыёме Крыжаніча ў грэцкі калегіюм Св. Апанаса, які, для распаўсюджвання веры (de propaganda fide), рыхтаваў адмысловых майстроў-місіянераў для звароту схізматыкаў праваслаўнага Ўсходу. Крыжаніч, як славянін, атрымаў прызначэнне ў Масковію. Яго і самога цягнула ў гэтую далёкую краіну: ён збіраў аб ёй звесткі, прапаноўваў Кангрэгацыі мудрагелістыя планы яе звароту. Але ў яго была свая затоеная думка: місіянерскі запал служыў беднаму студэнту-славяніну толькі сродкам заручыцца матэрыяльнай падтрымкай з боку Кангрэгацыі. Рана пачаў ён думаць і глыбока смуткаваць аб бяднотным становішчы пабітага і заняволенага славянства, і трэба аддаць належны гонар палітычнай кемлівасці Крыжаніча: ён адчуваў дакладны шлях да аб'яднання славян. Каб людзям сысціся сябар з сябрам, ім трэба разумець адзін аднаго, а ў гэтым перашкаджае славянам іх разнамоўе. І вось Крыжаніч яшчэ ў лацінскай школе імкнецца не забыць родную славянскую мову, старанна вывучае яе, каб дасягнуць у ёй красамоўства, спрабуе так перапрацаваць яе, каб мова стала зразумелай ўсім славянам. Для гэтага задумвае і піша граматыкі, слоўнікі і філалагічныя трактаты.
У гэты час Крыжаніч быў пасвечаны ў сан Загрэбскага каноніка, а ў 1642 г. атрымаў званне доктара багаслоўя.

Яго місіянерская дзейнасць на "Ўсходзе" пачалася ў 1647 г. са Смаленска, які ў гэты час знаходзіўся ў складзе Рэчы Паспалітай. У Смаленску ён вывучыў кірыліцу і глаголіцу, працаваў над граматыкамі харвацкай і царкоўнаславянскай моваў. Упершыню наведаў Маскву, але не атрымаўшы дазволу ад Кангрэгацыі застацца ў гэтым горадзе для вядзення рэлігійнай прапаганды, ізноў вярнуўся ў Смаленск.

Па запрашэнні гарадзенскага мітрапаліта Крыжаніч быў і ў Гародні. Знаходзячыся ў гэтым горадзе, 1 чэрвеня 1648 г. Крыжаніч напісаў вялікі ліст сакратару прапаганды веры Кангрэгацыі Францыску Інголі. У лісце Крыжаніч паведаміў аб сваім жаданні напісаць абвяржэнне на вывезеную ім з Масквы "Кірылаву кнігу" і выдаць яе на рускай мове. Але, у яго не знайшлося дастатковай літаратуры для гэтай працы, таму ён просіць Інголі выклікаць яго ў Рым для працы ў бібліятэках, або выслаць яму неабходную літаратуру. Скончыў ліст Крыжаніч просьбай даслаць адказ у Варшаву сакратару польскага караля Людовіку Фантоні для перадачы яму. Справа ў тым, што ў Гародні не аказалася патрэбных Крыжанічу кніг, і ён памкнуўся ехаць у Варшаву і там, да адказу з Рыму, пачаць складаць сваё абвяржэнне.
У 1656 годзе, знаходзячыся ў Вене, Крыжаніч сустрэўся з маскоўскім пасланцом Якавам Ліхаровым, які прыехаў, каб набраць чужынцаў для службы рускаму цару. Крыжаніч вырашыў выкарыстаць гэты выпадак і паступіў на службу. Прыбыўшы ў Маскву ў верасні 1659 г., Крыжаніч адразу прапанаваў свае паслугі Аляксею Міхайлавічу: быць маскоўскім і ўсеславянскім публіцыстам, царскім бібліятэкарам, напісаць праўдзівую гісторыю Маскоўскага царства і ўсяго народа славянскага, хацеў атрымаць званне царскага "гісторыка-летапісца". Але яго пакінулі толькі для працы над славянскай граматыкай і лексіконам: бо ён і ехаў у Маскву з думкай рэалізаваць ідэю лінгвістычнага і літаратурнага аб'яднання славян. Крыжаніч і сам прызнаваўся, што яму са сваёй думкай аб усеславянскай мове, акрамя Масквы, і няма куды было дзявацца, бо з дзяцінства ён усё сваё сэрца аддаў на справу выпраўлення "нашай скажонай, дакладней, загінулай мовы, на ўпрыгожванне свайго і ўсенароднага розуму". У адным з сачыненняў ён піша: "Мяне завуць вандроўцам, валацугам; гэта няпраўда: я прыйшоў да цара майго племя, прыйшоў да свайго народа, у сваю айчыну, у краіну, дзе адзіна мае працы могуць мець ужытак і прынесці карысць, дзе могуць мець кошт і збыт мае тавары – слоўнікі, граматыку, пераклады".
Для рэалізацыі сваіх ідэй, ужо 27 верасня 1659 г. Крыжаніч падаў прашэнне ў Пасольскі загад. У гістарыяграфіі за гэтым прашэннем замацавалася назва "Сербскі ліст". Асобную частку ліста складае тэкст "Аб граматыцы і лексіконе". У ёй Крыжаніч піша, што славянскай мове патрэбна граматыка, тым больш што ў шматлікіх кнігах маецца мноства памылак ("поблудок") граматычных, і, калі "вашему царскому величеству будет угодно, хощу сим угодити, издати грамматику и лексикон, которые будут велми поряднийша, справчина и совершеннейша".

Але, не дагадзіўшы праваслаўнаму асяроддзю Аляксея Міхайлавіча, 8 верасня 1661 г. Крыжаніч быў сасланы ў Сібір, у Табольск. Аднак, ідэю аб'яднання славян ён не пакінуў. У Табольску ён пачынае пісаць "усеславянскую гісторыю". Акрамя таго было напісана некалькі публіцыстычных трактатаў. Найболей буйным і значным з іх з'яўляюцца трактат "Разговоры об владетельстве". Усе гэтыя працы былі напісаныя Крыжанічам на штучна ім створанай "усеславянскай мове" ("всесловенском языке").

Граматыка і асноўныя прынцыпы "усеславянскай мовы" канчаткова Крыжанічам былі аформленыя ў 1662 – 1665 гг. Аснову "усеславянскай" склалі тры мовы: царкоўнаславянская, гутарковая руская і літаратурная харвацкая. Руская мова была абрана Крыжанічам таму, што "у Балгараў няма чаго і шукаць: так там загублена мова, што ледзь яе след застаецца. У ляхаў палова мовы ад іншых розных моў. У чэшскіх кнігах змяшчаецца мова ляшская. А сербы і харваты да таго выгубілі сваю дзедаўскую (спадчынную) гутарку, што, акрамя хатняй справы, ні аб якой іншай не могуць скласці прыдатнага аповеду. Першая прамова ў іх руская (гэта значыць стараславянская), другая вугорская, трэцяя нямецкая, чацвёртая турэцкая, пятая грэцкая, або італьянская, або албанская. На Русі, праўда, мова і граматычныя правілы некалькі ссунуты са свайго месца (параўнальна з коранем і першаўзорам): але ўсё ж такі слоў прыдатных і нашай мове ўласцівых шмат больш у рускіх, чым у харвацкіх або дзе б то ні было ў іншым баку. А гэта ў сувязі з тым, што дзяржаўная пісьменнасць і ўсякія народныя справы на Русі адпраўляюцца мовай роднай. А дзе дзяржаўная справа і народнае заканадаўства ўладкована ў сваёй уласнай мове: тамака мова звычайна бывае багацей і з дня ў дзень робіцца ўсё зграбней".
Харвацкая ж мова была выбрана ў сувязі з тым, што была вядома яму з дзяцінства, з народнага фальклору, больш за іншыя мовы захавалася ў сваім чыстым выглядзе, не мела, як іншыя славянскія мовы (у тым ліку і "руская"), вялікай колькасці замежных словаў. Аднак неабходна ўлічваць, што Крыжаніч меў на ўвазе не ўсю харвацкую, а менавіта той яе дыялек, які існаваў у яго роднай зямлі. Прычыну такога становішча дыялекта земляў Біхча Крыжаніч бачыў у замкнёнасці гэтых земляў: "стремистые” горы і “несплавные” рэкі, няма тамака ніякага праезду, ні гандлю, і чужародных людзей мала прыходзіць, якія скажалі б мову".

Але Крыжаніч не абмежаваўся аб'яднаннем трох моваў. Ён увёў ва "ўсеславянскую" мову і шэраг слоў украінскіх, беларускіх і польскіх. Акрамя таго, значнае месца ў створаным ім слоўніку мовы займалі словы, складзеныя або ўтвораныя ім самім. Такім, напрыклад, з'яўляецца слова "чужебесие" – пад ім Крыжаніч разумеў залішні давер да чужаземцаў. Такія ж выразныя словы "гостогонство" ("ганенне на купцоў", "госцяў"), "муждроборцы", "людодерство" і інш. Крыжаніч разлічваў, што вынайдзеная ім усеславянская мова будзе зразумела ўсім славянам "се есть от самих русинов, и от словинцев, и от ляхов, и от чехов даби от всих било вразумлено". Усеславянскай мове Крыжаніч прысвяціў вялікую працу, названую ім "Грамматично изказание об русскому jезику".

У лексічную аснову сваёй усеславянскай мовы Крыжаніч кладзе лексіку рускай. Аднак, спачатку, ён прапаноўвае правесці рэформу гэтай мовы. Ідэі такой рэформы былі выказаны ім у лінгвістычнай працы "Объяснение выводно о письме словенском", напісаным яшчэ ў Маскве.
У гэтай працы Крыжаніч дае адзнаку тым зменам рускай мовы, якія былі занесеныя беларусамі з польскай мовы, грэкамі-перакладчыкамі з сваёй жа пісьмовай і вусновай мовы, а таксама што занеслі ў мову рускія пісцы з свайго “домышления”. Ужо тады Крыжаніч падняў праблему аб чужым, няродным паходжанні цвёрдага знака (ъ). У сваіх працах ён ужывае гэтую літару "ў рэдкіх і толькі патрэбных месцах". Крыжаніч разбівае гукі рускай мовы на галосныя ("гласницы") і зычныя ("негласницы"). Ён супастаўляе напісанне літар у польскай, беларускай і рускай мовах. Крыжаніч прапаноўвае ачысціць рускую мову ад грэцызмаў і паланізмаў, замяніць для зручнасці пры навучанні чытанню складаныя славянскія назовы літар (аз, букі, ведзі, глагол, дабро і інш.) аднаскладовымі. Такім чынам, Крыжаніч напісаў першую граматычную працу па рускай мове, створаную на ўзроўні еўрапейскай навукі таго часу. Яна не страціла свайго гісторыка-лінгвістычнага значэння і па гэты дзень.

Да лета 1665 г. даследаванне "Граматично изказание" было ў асноўным скончана. Крыжаніч прыняўся за чыставую яго перапіску. Праца гэтая была нудная, стомная. Звычайна Крыжаніч адкладаў яе на другую палову дня, а ранішнія гадзіны ён аддаваў больш складанай і адказнай працы над "Палітыкай", адначасова збіраючы матэрыялы па гісторыі Сібіры. У пачатку "чыставога" варыянту "Граматично изказание" Крыжаніч змяшчае "Предговорие ", а ў канцы прадмовы Крыжаніч піша "Писано в Сибире лета 7175 (1666) октобра в 7 день". Праца была скончана, і Крыжаніч, скарыстаўшыся тым, што табольскі пратапоп быў пасланы архібіскупам у Маскву, аддаў яму сваю граматыку і папрасіў перадаць яе дзяку Загада таемных спраў Дз.М. Башмакову. Крыжаніч да таго часу ўжо зразумеў, што ўсё, пасыланае ім ў Сібірскі загад, так там і асядае, не трапляючы да цара. Таму ён вырашыў дзейнічаць праз Загад таемных спраў, якім непасрэдна кіраваў цар і яму падпарадкоўваўся.

Толькі адзін гэты твор дае нам права лічыць Крыжаніча пачынальнікам параўнальнага славянскага мовазнаўства. Гэта – першая ў Еўропе праца па параўнальнай славянскай граматыцы.

Пасля смерці цара Аляксея Міхайлавіча Крыжаніча выклікалі ў Маскву, куды ён вярнуўся 25 траўня 1676 г. У гэтым жа годзе ён пазнаёміўся з дацкім амбасадарам Фрыдрыхам фон Габелем. Ён піша прашэнне выехаць у Еўропу разам з фон Габелем. У лютым 1677 г. Крыжаніч атрымаў ад Фёдара Аляксеевіча дазвол пакінуць Расею, і 9 кастрычніка 1677 г. ён пакідае Маскву.

Каб паправіць сапсаванае ў Сібіры здароўе, Крыжаніч у 1678 г. прыязджае ў Друю (беларускія землі сучаснай Віцебшчыны), лечыцца ў лякарні дамініканскага ордэна. Вясной 1678 г. Крыжаніч трапіў у Вільню. Пасля ён напісаў яшчэ шэраг трактатаў на розныя тэмы, у прыватнасці, на лацінскай мове гісторыю Сібіры.

Але толькі навуковая праца не магла задаволіць бурную натуру Крыжаніча. Ён прымыкае да барацьбы балканскіх народаў за вызваленне ад няволі Асманскай імперыі. 12 верасня 1683 г. Юрый Крыжаніч загінуў падчас аблогі Вены турэцкімі войскамі.
Дзейнасць Крыжаніча – яркі ўзор адзінства вытокаў і ўзаемаўплываў братэрскіх славянскіх культур. Ён усё сваё жыццё прысвяціў рэалізацыі ідэі еднасці славянскіх народаў, выступаў за іх збліжэнне – і ў дзяржаўным, і ў грамадскім, і ў культурным, і ў рэлігійным жыцці. Ён быў адным з першых прыхільнікаў шырокіх міжнародных культурных і палітычных зносін у славянскім свеце.

Новые статьи на library.by:
ИСТОРИЯ:
Комментируем публикацию: Ідэя стварэння агульнаславянскай мовы ў публіцыстыцы Юрыя Крыжаніча

© Луферчык Яўген ()

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

ИСТОРИЯ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.