Пржавальскі
Мікалай Міхайлавіч
[31.3(12.4).
1839— 20.10(1.11). 1888]
Падарожнік
і географ, даследчык Цэнтральнай Азіі, асветнік,
ганаровы член Пецярбургскай Акадэміі навук (з
1878), генерал-маёр. Нарадзіўся ў в. Кімбарава
Смаленскай губ. ў сям'і дробнага памешчыка, які
паходзіў з Віцебшчыны. У 1855 Пржавальскі скончыў
гімназію ў Смаленску і паступіў на ваенную
службу. У 1861—63 ён слухач Акадэміі Генеральнага
штаба ў Пецярбургу. У гэтыя гады ім складзены «Ваенна-статыстычны
агляд Прыамурскага краю», які стаў падставай для
абрання Пржавальскага ў 1864 членам Рускага
геаграфічнага таварыства, з якім у далейшым была
звязана ўся яго дзейнасць. У 1864—67 выкладаў
геаграфію і гісторыю ў юнкерскім вучылішчы ў
Варшаве. Знаёмства ў 1867 з П.П.Сямёнавым-Цян-Шанскім
паўплывала на фарміраванне Пржавальскага як
вучонага з шырокім кругаглядам. На працягу 1867— 88
Пржавальскі ажыццявіў 5 вялікіх экспедыцый: у 1867—69
Усурыйскую, у 1870—73 Мангольскую, у 1876—77
Лабнорскую і Джунгарскую, у 1879—80 першую Тыбецкую,
у 1883—85 другую Тыбецкую. Раптоўная смерць
перашкодзіла Пржавальскаму здзейсніць пачатую
ім у 1888 першую экспедыцыю па Цэнтральнай Азіі.
Галоўная
заслуга Пржавальскага — даследаванне
Цэнтральнай Азіі. Ён некалькі разоў перасёк
Манголію, быў у Паўночным Кітаі, у пустынях Гобі,
Алатаня і Ардоса, у гарах Наныпаня, Куэнь-Луня,
Тыбета. У Заходнім Кітаі ён даследаваў Цайдам,
пустыню Такла-Макан і бяссцёкавае блукаючае
возера Лабнор, Джунгарыю і горы ўсходняга Цянь-Шаня.
У выніку падарожжаў Пржавальскага зроблена шмат
выдатных навуковых адкрыццяў. Усе свае маршруты
Пржавальскі паклаў на карту; даў характарыстыку
прыродных умоў буйных фізіка-геаграфічных
абласцей Цэнтральнай Азіі па элементах: рэльеф,
клімат, рэкі і азёры, раслінны і жывёльны свет.
Пржавальскі даказаў, што пустыня Гобі не ўзвышша
ў адносінах да навакольных гор, а велізарная чаша
з няроўным дном. Вызначыў, што паўночная мяжа
Тыбецкага нагор'я фактычна знаходзіцца на 300 км
далей на поўнач. Пржавальскі ўпершыню абследаваў
і зрабіў апісанне хрыбтоў Куэнь-Луня, вызначыў,
што Наныпань з'яўляецца не адным хрыбтом, а
сістэмай. Ім адкрыты і ўпершыню апісаны хрыбты
Бурхан-Буда, Гумбальта, Рытэра, Аркатаг (Пржавальскага)
і інш. Ён дасягнуў вярхоўяў вялікіх кітайскіх рэк
Янцзыцзян і Хуанхэ, даў першую кліматалагічную
характарыстыку Цэнтральнай Азіі; паведаміў шмат
новых звестак па біялогіі і экалогіі расліннага
і жывёльнага свету Цэнтральнай Азіі; сабраў і
сістэматызаваў выдатныя калекцыі флоры і фауны,
гербарыі з 15—16 тыс. раслін, з якіх еўрапейскімі
батанікамі ўпершыню апісаны 218 новых відаў і 7
родаў; апісаў вялікую калекцыю жывёл (702
млекакормячыя. 5010 птушак. 1200 паўзуноў і
земнаводных, 643 рыбы), у якой былі дзесяткі новых
відаў, у тым ліку дзікі вярблюд і дзікі конь, які
стаў вядомы як конь Пржавальскага. Зробленыя ім
астранамічныя і метэарагалічныя назіранні,
заалагічныя і батанічныя зборы апрацоўваліся
шматлікімі вучонымі. Даследаванні Пржавальскага
адкрылі новы перыяд навуковых экспедыцый у
Цэнтральную Азію. Працы Пржавальскага, напісаныя
з вялікім літаратурным талентам, у кароткі час
набылі шырокую вядомасць, былі перакладзены і
выдадзены на многіх замежных мовах і атрымалі
сусветнае прызнанне: Пржавальскі быў
узнагароджаны медалямі шматлікіх рускіх і
замежных навуковых таварыстваў, абраны
ганаровым членам Рускага геаграфічнага
таварыства (1870).
У 1891 у
яго гонар Рускае геаграфічнае таварыства
ўстанавіла сярэбраны медаль і прэмію імя
Пржавальскага; у 1946 устаноўлены залаты медаль
імя Пржавальскага які прысуджаецца геаграфічным
таварыствам. Імем Пржавальскага названы горад, у
якім ён памёр (б. Каракол), адкрыты ім хрыбет у
сістэме Куэнь-Луня, ледавік на Алтаі, мыс на
востраве Ітуруп (Курыльскія астравы), мыс возера
Бенета (Аляска) і шэраг відаў жывёл і раслін, якія
ён адкрыў у час падарожжа па Цэнтральнай Азіі. |