М Ы   П Р Е Д О С Т А В Л Я Е М   Т О Л Ь К О    К А Ч Е С Т В Е Н Н У Ю   И Н Ф О Р М А Ц И Ю

Минская коллекция рефератов (www.library.by/shpargalka) Основана в 1999 году

Телефон минского офиса: 8 (029) 777-57-90 (МТС)

ON/OFF:          

РЕФЕРАТЫ ЗДЕСЬ:

Белорусская история
Белорусская литература
Белорусский язык
Белорусская культура
Авиация
Астрономия
Автомобили
Английский язык
Архитектура
Биографии знаменитостей
Биология
Бухгалтерия и аудит
Военное дело
География
Дизайн
Иностранные языки
Интернет
Искусство
История
Компьютеры
Культурология
Лингвистика
Литература
Маркетинг и реклама
Математика
Медицина
Музыка
Немецкий язык
Образование и обучение
Политология
Право
Программирование
Психология
Разное
Религия
Сексология
Сельское хозяйство
Спорт
Технологии
Физика
Философия
Химия
Экология
Экономика
Начало
ПЛАТНЫЕ YСЛYГИ:

Заказать реферат\курсовую

"Шпаргалка" рекомендует...

БЕЛАРУСКІ ФАЛЬКЛОР

ИСТОЧНИК: СЛУЖБА ИНФОРМАЦИИ BELSONET

КАЧЕСТВО РАБОТЫ: 84%





Змест:

1.    Беларускiя казкi

1.1 Казкі  пра  жывёл

1.2 Чарадзейныя  казкі 

1.3 Сацыяльна – бытавыя казкi

2. Анекдоты

3. Легенды

4. Прымхліцы

5. Паданнi

6. Бываліцы

7. Замовы  

8. Песні

8.1 Калыханкі.

8.2 Дзяцячыя песні

8.3 Гістарычныя песні

8.4 Чумацкія песні

8.5 Прыпеўкі

9. Прыказкі і прыслоўі

10. Загадкi

Казка

На  календары   вечнасці -  XXI  стагоддзе, эпоха   навукова - тэхнічнай  рэвалюцыі,  эпоха   біёнікі  і  электронікі...  Узброены   ведамі  чалавек  ужо  абганяе   сёння  самую  смелую  казачную   фантазію,  самыя  няўрымслівыя  мары.   Фантазію  казак  абганяе, а  сама   казка,  як  ні  дзіўна, не  старэе, у   нябыт  не  адыходзіць.  Можна  нават   сказаць - наадварот,  у  апошні  час   попыт  на  гэты  від   вуснапаэтычнай  народнай  творчасці   прыкметна  ўзрос  і  працягвае   павышыцца.  Гэта  датычыць,  зразумела,   і  беларускага  казачнага  эпасу,   беларускай  казкі.

            Жывая   цікавасць,  якую  выклікае   беларуская  народная  казка  ў   сучаснага  чытача,  не  выпадковая: яна  абумоўлена,  несумненна,  яе   высокімі  ідэйна - мастацкімі  якасцямі   і  непаўторнай  нацыянальнай   своеасоблівасцю.  Глыбокая  народная   мудрасць,  высокая  паэтычнасць   вобразаў,  нязломная  і  светлая   вера  ў  чалавека,  у  яго  сілы   і  магчымасці,  маральная   цнатлівасць  і  чысціня,  непараўнаны,   непераймальны  гумар  і  вострая   сатыра,  прастата  і  даступнасць   зместу,  займальнасць  апавядання  і,   нарэшце,  сапраўднае  моўнае   чарадзейства, - вось  некаторыя  з   гэтых  вартасцей,  якія  заўсёды   прываблівалі  і  прывабліваюць  да   беларускай  казкі  ўдзячных  чытачоў   і  слухачоў.

             Казкамі завуцца такія слоўныя творы народа, у якіх дзейнікамі з’яўляюцца або фантастычныя істоты, або зверы, або людзі, зазвычай уздольненыя асаблівымі якімі-небудзь якасцямі.

            Усе   беларускія  казкі  класіфікуюцца   звычайна  па  трох  асноўных   раздзелах: казкі  пра  жывёл,   чарадзейныя  казкі  і  сацыяльна - бытавыя.  Казкі  пра  жывёл  лічацца   найбольш  старажытнымі  па   паходжанні,  змястоўнай  сутнасцю   сваёй  яны  ўзыходзяць  яшчэ  да   такіх  ранніх  форм  першабытнага   светапогляду,  як  анімізм  (адушаўленне)   і  антрапамарфізм  (ачалавечванне).   Трэба  бачыць  у  іх  таксама  і   далёкія  водгукі  татэмізму - адной  з   самых  старажытных  рэлігій   чалавецтва,  сутнасць  якой  складала   вера  ў  татэма - агульнага  для   данага  роду  і  якой-небудзь   жывёлы  ці  расліны  продка. Казкі аб жывёлі складаліся тады, калі даўнаму чалавеку прыходзілася мець справу са звярамі, бараніцца ад іх, забіваць іх на ежу. Чалавек бачыў у звяроў вялікую сілу, хітрасць, жыццё грамадамі, уменне перадаваць свае думкі, нейкую мову без слоў, але з адпаведнымі гукамі. Грозныя звяры выклікалі ў яго страх і пашану, ён прыносіў ім ахвяры як вышэйшым за сябе істотам, як і багам.

   Па сваім змесце казкі аб жывёлах выглядаюць злучэннем чалавечага і жывёльнага элемента. Чалавек паказаў асаблівасці жывёл, выходзячы з сваіх уласных асаблівасцей. У нашых казках фігуруюць звяры, жывучыя ў нашых лясах (хітрая лісіца, дурнаваты і злосны воўк, дабрадушны мядзведзь, труслівая зайка), хатняя жывёла (кот, каза ці казёл, баран ці аўца, сабака, бык, конь, свіння), птушкі (пятух і курыцца, гусь, дрозд, сава, варона, верабей, дзяцел), а таксама часам – рак, жаба, муха, шаршэнь, пчала, мурашка і інш.

               Чарадзейныя   казкі  па  сваім  паходжанні   таксама  належаць  да  найбольш   старажытных.  Галоўнае  ў  іх   зместе - гэта  мары  і  спадзяванні   людзей  на лепшае  жыццё  ў  будучым,   іх  імкненні  пакараць  сабе  сілы   прыроды  і  перамагчы  сацыяльнае   зло,  а  таксама  іх  барацьба  з   чужаземнымі  ворагамі - заваёўнікамі.   Гэты  змест  раскрываецца   своеасабліва - у  вобразах  і   карцінах  фантастычных,   звышнатуральных,  цудадзейных. 

            Сярод   навелістычных  сацыяльна - бытавых   казак  найбольш  каштоўнасць  у   беларускім  фальклоры  маюць,   несумненна,  казкі  антыпанскія  і   антыцаркоўныя,  пазначаныя  вострай   сацыяльнай  накіраванасцю.  Колькасць і   тых  і  другіх  вельмі  значная.   Прычыну  гэтага  трэба  бачыць  у   тым,  што  беларускі  селянін   цярпеў  не  толькі  жорсткі   сацыяльны  прыгнёт,  увасоблены  ў   вобразе  пана - прыгонніка,  але   таксама  цярпеў  і  жахлівы  ўціск   нацыянальны  і  рэлігійны.  Адмоўны   персанаж  баларускіх  антыпрыгонніцкіх   казак - амаль  заўсёды - пан-чужаземец,   які  не  толькі  лупіў  тры   скруры  з  мужыка,  але  яшчэ  і   таптаўся  па  ягонай  душы,   насміхаўся  з  яго  мовы  і   звычаяў,  бесперапынна  абражаў  яго   нацыянальную  годнасць.

            Гэтак  жа   бязлітасна,  як  з  панамі,   абыходзіцца  герой  беларускіх  казак   і  са  «святымі  айцамі»  ўсіх   масцей :  папамі,  ксяндзамі,  дзякамі.   Прадметам  сатырычнага  адлюстравання   ў  антыклерыкальных  казках  часцей   за  ўсё  з’яўляюцца   такія   тыповыя  рысы  духоўнікаў,  як   ханжанства  і  крывадушнасць,   прагавітасць  і  нахабства,   паразітызм  і  амаральнасць.

               Значную   частку  беларускага  казачнага  эпасу   складаюць  творы,  у  якіх   высмейваюцца  і  ганьбуюцца  розныя   заганы  ў  чалавечым  характары - такія,  скажам,  як  непачцівыя   адносіны  да  бацькоў,  нетактоўнасць,   зайздрасць,  дурнота,  імкненне   пажывіцца  за  чужы  кошт  і   многія  іншыя.  Гэтыя  творы,   адлюстроўваючы  этычныя  погляды   народа,  яго  маральныя  прынцыпы,   яго  разуменне  дабра  і  зла,   называюць  усе  рэчы  сваімі   імёнамі,  недвухсэнсоўна  і  ясна,   не  прыбегаючы  да  алегорый,  не   карыстаючыся  намёкамі.  Многія  з   іх  з’яўляюцца  ўзорамі  сатырычнай   і  гумарыстычнай  творчасці  народа.

            Лёс   розных  жанраў  беларускага   казачнага  эпасу  склаўся   неаднолькава.  Сярод  сучасных   запісаў  казак  пра  жывёл  і   чарадзейных  новых,  не  вядомых   раней  сюжетаў,  амаль  не   сустракаюцца.  У  параўнанні  з   гэтымі  казкамі,  жывыя  традыцыі   якіх  відавочна  затухаюць,  пэўнай   жыццястойкасцю  і  жыццяздольнасцю   вылучаюцца  казкі  сацыяльна - бытавога   зместу  і  рэалістычнага  характару.   Характэрныя  змены  назіраюцца  ў   змесце  і  паэтыцы  тэкстаў,  якія   бытуюць :  прыкметнае  парушенне  і   разбурэнне  кананічнай  формы,   адаптацыя  фабулы  ў  адпаведнасці   з  сучаснымі  ідэйна - эстэтычнымі   патрабаваннямі,  адчувальныя,  з   аднаго  боку,  страты  ў   апісальнасці,  у  маляўнічасці,  у   казачнай  абраднасці  і  ,  з   другога  боку,  узмацненне   прытчавасці,  прыспешванне  цікавасці   і  скарачэнне  шляху  да   закладзенага  ў  творы  маральна - філасофскага  сэнсу,  жыццёвага  ўрока,   павучання.  Тлумачыцца  гэта  не   толькі  сучаснымі  ўмовамі  бытавання   казак,  але  і  псіхалогіяй   сённяшняга  спажыўца  фальклору.

            За  доўгія   стагоддзі  свайго  існавання   народная  казка  ўвабрала  ў  сябе   пачуцці  і  думкі  многіх   пакаленняў,  абагульніла  сацыяльны   і  мастацкі  вопыт  тысяч  і   мільёнаў  людзей,  і  таму  набыла   такія  ідэйна - мастацкія  вартасці,   такую  глыбіню  зместу  і   дасканаласць  паэтычнай  формы,  што   і  сёння  можа  служыць  адным  з   магутных  сродкаў  маральнага,   сацыяльнага  і  эстэтычнага   выхавання  моладзі.

 Анекдот

Адносіны  да   анекдота  ў  сучаснай  айчыннай   фалькларыстыцы  можна  характарызаваць   як  досыць  супярэчлівыя.  На  думку   адных  даследчыкаў  народнай   творчасці,  анекдоты - гэта  тыя  ж   самыя  сацыяльна - бытавыя  казкі,   толькі  значна  меншага,  невялікага   аб’ёму ;  прынцыповых  адрозненняў   ад  названага  жанру  казак  у  іх   няма.  Ёсць,  аднак,  і  іншы   пункт  гледжання,  паводле  якога   анекдот,  пры  ўсёй  яго   несумненнай  блізкасці  да  сацыяльна - бытавой  казкі,  з’яўляецца  асобным   жанрам  народнай  вусна - апавядальнай   творчасці.  Больш  таго - жанрам  незвычайна   актыўным  і  жыццяздольным  у  нашы   дні,  чаго  нельга  сказаць  ні   пра  казкі,  ні  пра  легенды  і   прымхліцы,  ні  пра  паданні  і   бываліцы.

            У  чым   жа  трэба  бачыць  жанравую   адметнасць  анекдота  ў  параўнанні   з  казкамі?  Па-першае,  анекдот - твор   цалкам  сатырычнай  або   гумарыстычнай  прыроды,  твор   абавязкова,  папросту  кажучы,  смешны.   Па-другое,  анекдот  вызначаецца   гранічнай  сцісласцю  мастацкай   формы;  у  адрозненне  ад  казкі,   ён  абавязкова  аднаэпізодны,  не  ведае   разгорнутай  экспазіцыі,  дыялог  яго   вельмі  не  многаслоўны,  дзеянне   завязваецца,  развіваецца  і   даходзіць  да  кульмінацыі  імгненна.   Па-трэцяе,  гэта - эстэтычны  «эфект   нечаканасці»  ў  канцоўцы  твора: анекдот  абавязкова  заканчваецца   неспадзяванай  сатырычнай  або   гумарыстычнай  развязкай,  у  якой   скандэнсавана  ўся  ударная  сіла   камічнага,  увесь  смех.

            У  аснову   многіх  анекдотаў  пакладзены,  трэба   думаць,  сапраўдныя  недарэчныя,   смешныя  выпадкі  і  здарэнні,  якія   мелі  месца  ў  жыцці.  Але  ў   большасці  сваёй  яны,  несумненна,- плод  фантазіі  народа,  яго  жывога,   дасціпнага  розуму.

Легенды

З  усіх   жанраў  гэтак  званай  неказачнай   фальклорнай  прозы  найбліжэй  да   казак,  дакладней - да  чарадзейных   казак,  стаяць  легенды.   Легенда,   як  народнае   мастацкае   апавяданне  вызначаецца,  па-першае,   своеасоблівым  спалучэннем  рэальнага   і  фантастычнага,  звычайнага  і   дзівоснага,  па-другое,  пачаткова-зыходнай   устаноўкай  на  вытлумачэнне  і,  па-трэцяе,   выразна  павучальным  характарам.  У   легендах  шмат  фантастычнага - непараўна  больш,  чым  у  блізкіх  да   іх  духам  даўніны  гістарычных   паданнях  аб  далёкім  мінулым.   Прынцыповая  розніца  між  імі  ў   тым,  што  паданне  рэальны  жыццёвы   факт  упрыгожвае,  аздабляе  выдумкай,   у  тым  ліку - фантастычнай,  а   легенда  імкнецца  выдуманае,   створанае  фантазіяй  выдаць  за   сапраўднае,  за  рэальнае.  Апрача   таго,  дзівосныя  з’явы  і  падзеі   ў  легендах  вытлумачваюцца - чаго  мы   ніколі  не  бачым  у  казках. 

               Легенда   прыйшла  ў  наш  фальклор   і   заняла  ў  ім  сваё  адметнае   месца  ў  часы  ўсталявання  на   землях  усходніх  славян   хрысціянства.  Прыйшла  на  змену   больш  старажытнай  за  яе   язычніцкай  прымхліцы,  якую,  аднак,   не  выцесніла,  а  пачала  жыць  і   развівацца  побач,  многае  ўзяўшы   ад  сваёй  папярэдніцы  і  яшчэ   больш - ад  самой  жывой  рэчаіснасці   новай  эпохі. 

            У  аснову   легендарнага  сюжэта  эвычайна   кладзецца  якісці  цуд,  неверагоднае   здарэнне,  з  удзелам  і  людзей   і  істот  звышнатуральных,  з   умяшаннем  сіл  цудадзейных. 

            Пра  што   складаліся  легенды?  Пра  стварэнне   свету,  пра  паходжанне  жывёл,   птушак  і  насякомых,  пра  святых   і  Бога,  пра  пекла  і  рай,   пра  віну  і  пакаранне  за  яе,   пра  дабрачыннасць  і  ўзнагароджанне   за  яе,  пра  чалавечую  долю  і   смерць - і  пра  многае  іншае.

Прымхліца

Прымхліца (ад  слова - прымха) - гэта  невялічкае  вуснае  апавяданне   аб  нейкім  незвычайным,  цудадзейным  і,  як  правіла,  «страшным»   здарэнні,  удзельнікам  ці  сведкам   якога  нібыта  быў  сам   апавядальнік  або  добра  знаёмы   ці  нават  блізкі  яму  чалавек.   Якія  ж  гэта  такія  страшныя,   цудадзейныя  здарэнні?  Ну,  скажам,   сустрэча  з  нячысцікам,  з   вурдалакам,  з  дамавіком,  са   змяіным  царом,  з  русалкаю  і  з   іншымі  падобнымі  істотамі - прадстаўнікамі  гэтак  званай  ніжэйшай   народнай  дэманалогіі.

               Вытокі   гэтага  цікавага,  самабытнага  жанру   апавядальнай  вуснапаэтычнай   творчасці  тояцца  ў  глыбокай   даўнасці,  у  пэўных  асаблівасцях   старажытнага  светапогляду,  у   дахрысціянскіх  язычніцкіх  уяўленнях.   Асновай  для  яго  ўзнікнення  і   далейшага  развіцця  паслужыла  вера   чалавека  ў  існаванне  надпрыродных   сіл,  у  магчымасць  розных   чарадзейна-магічных  пераўтварэнняў,   дзівосных  праяў  і  цудаў.

               Галоўная   вызначальная  рыса  прымхліц  у   тым,  што  усе  яны,  без  выняткку,   звязаны  з  такою  з’явай   светапогляднага  парадку,  як   прымхлівасць.

Паданне 

Паданне,   будучы  таксама,  як  казка  ці   легенда,  вусным  мастацкім   апавяданнем,  ад  гэтых  папярэдніх   істотна  адрозніваецца  тым,  што   зместам  сваім  звязана  з  якой-небудзь   канкрэтнай  падзеяй  гістарычнага   жыцця-быцця  народа  і  прымацавана   да  пэўнай  мясцовасці.  Часцей  за   ўсё  яно  (паданне)  вырастае  з   нейкай  падзеі  мясцовай  гісторыі.   Устаноўка  на  гістарызм - найбольш   характэрная  рыса  падання.  Адсюль   і  грамадская  функцыя  паданняў   перш  за  ўсё - пазнавальна-інфармацыйная.

               Істотнай   прыкметай  многіх  паданняў  з’яляецца   іх  растлумачальны  характар - імкненне   даць  адказ  на  пытанні: адкуль   што  ўзялося,  як  ўзнікла  і   гэтак  называецца.  Вытлумачыць,   напрыклад,  паходжанне  і  назвы   пэўных  населёных  пунктаў,  рэк  і   рэчак,  азёр  і  крыніц,  курганоў,   лесу,  паляны,  балота  і  інш.  У   беларускім  фальклоры  большасць   паданняў  менавіта  такога  зместу.   Астатнія - іх  меншасць - звязаны  з   лёсам  і  жыццём  пэўнай  асобы,   канкрэтнага  чалавека,  нечым  выдатнага   і  цікавага. 

            Што  да   асаблівасцей  мастацкай  формы   падання,  то  яна  не  вызначаецца   той  традыцыйнай  кананічнасцю,   устойлівасцю  кампазіцыйна - структурных   элементаў,  што  ўласціва  казкам.   Сюжет  у  ім,  як  правіла,   аднаэпізодны,  часам  і  зусім  няма   выразна  акрэсленага  сюжета,  няма   і  такіх  характэрных  для   казачнай  прозы  кампанентаў,  як   агульныя  месцы,  пастаянныя  формы,   дыялог,  зачын,  канцоўка.

Бываліца

Бываліца - вуснае  мастацкае  апавяданне  пра   жыццё  і  надзеі  не  так   далёкага  мінулага,  расказанае   адметнай,  «складнай»,  рытмізаванай   і  збольшага  рыфмаванай  мовай.

            Тэмай,   зместам,  характарам  адносін  да   рэчаіснасці  бываліцы  блізкія  да   бытавых  казак.  З  казкамі  іх   збліжае  тое,  што  у  іх,  таксама,   як  і  у  казках,  шмат  выдумкі.   Але  выдумка  найбольш  такая,  што   не  выходзіць  за  рамкі  рэальнага   магчымага.  У  адрозненні  ад  казак   бываліца  не  карыстаецца   традыцыйнымі  прыёмамі  казачнай   паэтыкі.

              Галоўнае,   што  вызначае  ўласнае  жанравае   аблічча  бываліцы,  што  аб’ядноўвае   досыць  разнародныя  і  ў   тэматычных  і  ў  мастацкіх   адносінах  творы, - гэта  іх  складная,   блізкая  да  вершаванай,  мова. 

Замовы

Так завуцца слоўныя творы чалавека, якімі ён спрабаваў кіраваць сіламі прыроды на сваю карысць. Стварыліся замовы пад уплывам анімізму. Першабытны чалавек, пад уплывам свайго анімістычнага настрою, знайшоў душу не толькі ў жывых і нежывых рэчах, але і перамены ў іх стане, розныя з'явы ў прыродзе ўвасобіў, прадстаўляў іх у тым ці іншым вобразе, лічыў іх за нешта матэрыяльнае і жывое. Водле даўнага погляду нашага народа, трасца, напрыклад, ёсць страшная мокрая баба, якая хапае неасцярожных людзей і трасе, пакуль не замардуе. Азнакаю таго даўняга часу было поўнае яднанне чалавека з прыродаю. Першабытныя людзі думалі, што з усёю прыродаю можна гаманіць, як і з жывым стварэннем. I ці то з просьбамі, ці то з пагрозамі ды загадамі звяртаўся  чалавек да розных прыродных сіл і з’яў. Як да жывых, падобных сабе істот, звяртаўся ён да сонца, месяца і зорак, да зямелькі, вады і агню, да вятроў і хмар, каб яны рабілі тое, што было ў яго ў патрэбе. Казаныя першы раз з увасабленнем рэчаў і прадметаў і з вялікім пачуццём, а таму і чулым і прыгожым словам, даючы, як здавалася людзям, патрэбныя вынікі,— замовы пераходзілі з вуснаў у вусны, з роду ў род. Калі з далейшым духовым развіццём чалавека мяняўся і яго погляд на прыроду, мяняўся болей ці меней і характар замоў і кола іх ужытку. Але замовы былі ўва ўсіх ведомых з гісторыі народаў у часе ўсякіх перажываных імі культур і дайшлі ў гушчы малапрасвечаных людзей аж да нашых дзён.

    3 прыняццем нашымі дзядамі хрысціянскай культуры шмат што ў даўнейшых паганскіх замовах робіцца ўжо неадпаведным новаму светапогляду. Гэтыя замовы ў тым-сім мяняюцца. Апроч таго, хрысціянскія Духаўнікі, каб зручней згубіць нялюбыя для іх паганскія замовы, пушчаюць у ход малітвы, складзеныя на ўзор тых замоў, але ўжо на грунце хрысціянскага светапогляду. I вось гэтыя малітвы-замовы мяшаюцца ў народнай практыцы з паганскімі замовамі. Дый, наогул, замова і малітва — паняцці сходныя, толькі ў замове пераважае загад, а ў малітве просьба.

Змест замоў ахопліваў усё жыццё першабытнага чалавека: былі замовы ад хвароб, ад урокаў і г. д.

       I да нашага часу дайшло шмат замоў, патрэбных, як здавалася цёмнаму чалавеку, пры ўсякай жыццёвай прыгодзе.

Шмат ёсць любоўных замоў, сярод якіх «прываротных» болей, чым «адваротных». Вось прыклад любоўнае замовы, якая мае на мэце «прывярнуць» любоў хлапца да дзяўчыны:

Зоры мае ясныя,

Зоры мае красныя,

Палудзённыя

I палуношныя,

Прыдзеце!

Як у печы ад агню жарка,

Каб я была жалка

Па гэты час, па гэту мінуту!

 

Замовы ад зубнога болю найчасцей складаюцца з размовы з месяцам ці з мерцвякамі, напрыклад:

«На шчырых барах, на цёмных лясах, на махах, на балотах, на гнілых калодах стаіць хатка, у тэй хатцы ляжыць там раб божы (гаворыцца імя апошняга з пахава-ных на могільніку людзей). Раб божы мярцвец! ці баляць у цябе зубы ці не? — Не.— Ну, няхай жа не баляць і мне».

       Замоў ад урокаў таксама надта многа, бо вера ў урокі дагэтуль жыла ў народзе. Вось прыгожая замова ад урокаў: «Ідзіце, уроцы, на мхі, на балоты, на гнілыя калоды, на ніцыя лозы, дзе людзі не ходзяць і птушкі не лятаюць, петухоў голас не заходзіць».

Песні

Песні неабрадавыя.  Неабрадавыя песні завуцца яшчэ і бытавымі. Сюды належаць: 1) калыханкі і дзяціныя песні, 2) любоўныя песні, 3) песні аб сямейным жыцці, а таксама: 1) гістарычныя, 2) прыгонныя, 3) чумацкія, 4) казацкія, 5) жаўнерскія і інш.

Калыханкі пяюцца маткамі маленькім дзецям. Маці пяе спачатку найбольш просценькія калыханачкі з жыцця жывых стварэнняў. После ўжо, калі дзіця падрастае, яна пяе калыханкі даўжэйшыя і мудрэйшыя. Часам у форме калыханак маці над люлькаю вылівае сваё гора, пеючы аб прыгоне, аб цяжкім жыцці і да т. п. Найболын любяць маленькія дзеці ката. Калыханак пра ката многа. Пяюцца гэтыя калыханкі, як і ўсе наогул, у рытм калыханню: «А-а, коця, не вурчы, а ты, дзетка, спі-маўчы...» і г. д. Ёсць калыханкі аб курах, галубах, зязюльках, аб казе, жуку і інш. Некаторыя нашы паэты карысталіся формаю калыханак у сваёй лірыцы, укладаючы ў іх змсст грамадзянскага, любоўнага і да т. п. характару (напрыклад, «Калыханка» Ф. Багушэвіча). Калі дзеці падрастуць, ім пяюць розныя песні-прыгаворкі, як «Кую-кую ножку, паеду ў дарожку», «Сарока-варона кашку варыла, дзетак карміла», «Ішоў бай па сцяне», «Сіўка-варонка, куды паляцела?» і інш. Некаторыя з іх адбіваюць фантазію дужа даўнага паходжання побач з бытам пазнейшага часу. Па такіх песнях знаёмяць дзяцей з найболын даступнымі іх разуменню прадметамі і з'явамі і даюць розныя адказы, каб у цікавым для дзяцей духу здаволіць іх вялікую пытлівасць.

Дзіцячыя песні, што пяюць самі дзеці, часам выглядаюць адарванымі кавалачкамі ад даўных абрадавых песень-замоў, як, напрыклад: «Дожджык, дожджык, рубані» або «Дожджык, дожджык, перастань», а некаторыя з іх складзены самымі ж дзяцьмі пад уплывам дарослых людзей. Тут і песні аб сонейку, аб дожджыку, тут і песні-вылічэнні, каму з дзяцей бегчы ў гульнях даганяць другіх дзяцей, насмешлівыя песні над дзяцьмі або над кім іншым.

Гістарычныя песні малююць якое-небудзь выдатнае здарэнне ў жыцці народа, захапіўшае ўвагу многіх людзей і захаванае ў іх памяці. Гістарычных песень у нас мала, бо народ жыў воддаль ад палітычнага жыцця, пад уціскам чужых культур, і ў яго характары стварылася безуважнасць да шырэйшых гістарычных падзей. Аднак некаторыя гістарычныя падзеі адбіліся ў дайшоўшай да нас вуснай народнай паэзіі, напрыклад, у вясельных песнях дружына маладога раўнуецца з татарамі, а ў адной песні даецца абраз татарскага пастою:

У чыстым полі бяроза стаяла,

На бярозе зязюля кувала.

Годзе, годзе, зязюля, куваці,

Бо ўжо едуць татары бярозу рубаці.

Ты, бяроза, хілява, бялява,

Чаму ў полі ты не вясёла?

                         Чаму, бяроза, суха — не зялёна?

Як жа мне зялёнай быці?

Пада мною татары стаялі,

Татары стаялі, голле рубалі,

                          Голле рубалі, карэнь выбівалі,

Крынічнай вады дабывалі,

Сваіх коней напавалі...

Захавалася  гістарычная   песня   аб  абароне   Крычава:

Падымалісь чорны хмары,

Неба пакрывалі,—

Прыхадзілі злы татары,

                          Пад Крычавам сталі;

                          Запалілі стары Крычаў,—

                          Канцы запылалі...

                          Наш Івашка падыймаўся,

                          Людзі ў рады сталі:

                          Палілася кроў, змяшалась

                          3 чорнаю зямлёю,—

                          Злы татары падаліся

                          Уцякаць гурбою;

                          А Івашка гоніць, гоніць,

                          Голасна смяецца,

                          Што татарва уцякае,

                         Аж хахол трасецца.

Захавалася песня аб бітве з маскоўцамі пад Воршаю:

Ой у нядзельку параненьку

Ўзыйшло сонейка хмарненька,

Ўзыйшло сонейка над борам,

Па-над Селецкім таборам...

А ў таборы трубы граюць,

                         Да ваяцкае парады зазываюць.

Сталі рады адбываці,

Адкуль Воршу дабываці:

А ці з поля, а ці з лесу,

А ці з рэчкі невялічкі?

Пастанавілі павесці бой ад рэчкі. Білі з самапалаў, з гармат, аж урэшце:

Масква стала наракаці,

                       Места Воршу пакідаці;

А як з Воршы уцякалі,

Рэчку невялічку пракліналі:

—    Бадай ты,  рэчка, сто лет высыхала.

Як нашая слава тут прапала;

Бадай высыхала да сканчэння свету,

Што нашай славанькі ўжо нету,—

Слава Воршы ўжо не горшы...

У гэтай песні апісваецца бітва, якая была 8 верасня 1514 г. на рацэ Крапіўне. Маскоўскія ваяводы, Чалядзін і Голіца, пасварыліся і, хоць мелі 80 тысяч войска, былі дашчэнту разбіты 35 тысячамі беларусаў і літоўцаў пад камандаю Канстанціна Астрожскага. Такі вынік бітвы зрабіў вялікае ўражанне на народ, і таму злажылася песня.

Захавалася песня аб змаганні Радзівіла са шведамі; хоць ён казаў матцы: «Я тром-пяцём не паддамся», але «от тры шведы наскачылі, Радзівілу ухапілі, зараз ножанькі скавалі, назад ручанькі звязалі». Тады «Радзівіла страпянуўся»:

 

Ўсе жалезы паляцелі

I вяроўкі загудзелі!

Схапіў шаблю, востры меч

Пагнаў шведаў у свет прэч.

Тут бачым нахіл народнай творчасці ідэалізаваць выдатнага ваяку.

 

Чумацкія песні злажыліся ў нас таму што нашыя сяляне даўней ездзілі ў Крым па соль, «чумачылі». Чумак — вось гэткі селянін, што ехаў туды на паўгода, на год, а каб не набрацца там чумы, прасмальваў сваю вопратку смалою. У дарозе ён мог і захварэць і памерці, тужыў па жонцы і дзецях, з гора не мінаў карчомкі, прычым канчалася справа часам так, што ён прапіваў сваіх валоў і свой воз. Аб гэтых чумацкіх перажываннях і прыгодах і пяецца ў чумацкіх песнях. Самы папулярны матыў — смерць чумака на чужыне, вестку аб чым прыносяць дамоў яго валы.

Казацкія і жаўнерскія песні выяўляюць жыццё казака і жаўнера (салдата). Ёсць у іх і любоўныя матывы, адбітак сямейнага жыцця, сляды гістарычных падзей. Пашыраны матыў: смерць казака ў полі, яго размова з канём, просьба да каня, каб ён бег дамоў і пераказаў бы казацкай радзіне або любай дзяўчыне аб яго смерці.

 

Прыпеўкі — песні з 4, 6, 8 і болей радкоў. Яны прыпяваюцца ў часе скокаў або пяюцца і так, але зазвычай пад музыку. У іх многа гумару, жартаўлівасці, вясёласці. Найболыы любоўных і сатырычных прыпевак. Але змест цяперашніх прыпевак ахоплівае, можна сказаць, усё жыццё. Бо цяпер прыпеўкі зрабіліся самастойным і вельмі пашыраным відам вуснае паэзіі. Форма іх і матыў сталі больш адказваць умовам сучаснага жыцця. 3 гэтае прычыны шыбкае развіццё прыпевак пачалося ў фабрычных працоўных масах. Пры машыне павольную жніўную песню пяяць немагчыма. А прыпеўкі — шыбкія, кароткія, аднаматыўныя песенькі. Пашыранасць прыпевак з горада перадалася і на вёску. Тут змест іх бярэцца пераважна з сялянскага жыцця. Але наогул цяперашняя прыпеўка не адстае ад усяго жыцця. Не паспее з'явіцца што-небудзь новае ў жыцці, як ужо з'яўляюцца і належныя прыпеўкі. Складаюцца яны паасобнымі людзьмі, але вусна, зараз падхопліваюцца і ідуць у масы. Часта бывае так, што бярэцца гатовая частка з даўнейшае прыпеўкі, дадаецца новая частка, і яшчэ адна прыпеўка ідзе ў свет, як, напрыклад, пашыраная цяпер у Віленшчыне:

Я на дзежцы сяджу. Пад дзежкаю каша,— Вы не думайце, паны: Беларусь не ваша...

У часе вайны на польскім фронце чырвонаармейцы злажылі прыпеўку:

Паравоз, паравоз,

 Дзе твае вагоны?

Легіёны — дуракі,

Б'юцца за пагоны.

 

Прыказкі і прыслоўі

Прыказкамі завуцца кароткія і складныя выразы, якія вобразна выказваюць закончаную думку. Напрыклад: дзе араты плачаць, там жняя скачаць. Тут вобраз: араты плачаць, жняя скачаць, а думка: дзе зямлю ўрабляюць, не шкадуючы працы, там бывае добрая ніва. Другі прыклад: пакуль цэп у руках, патуль хлеб у зубах. Тут вобраз: у руках цэп, у зубах хлеб, а думка: хлеб і наогул магчымасць жыць здабываецца працаю, а хто не працуе, той не будзе мець і хлеба. Вобраз у прыказцы памагае нам успрымаць думку; думка, звязаная з вобразам, робіць на нас большае ўражанне, лепей успрымаецца і даўжэй застаецца ў памяці. Прыказка, змяшчае ў сабе пераносны сэнс; думка ў ёй ахоплівае не адзін які-небудзь ведамы нам выпадак, а можа характарызаваць многа аднародных выпадкаў, падобных да ведамага нам.

Калі б мы сказалі: калода гнілая, ды сук смаляк, разважаючы над ведамаю нам калодаю, біць яе ці не біць,— дык гэта не была б прыказка. Калі ж гэты выраз ужываецца ў пераносным значэнні, як агульная вобразная характарыстыка выпадкаў, у якіх лёгка было б дасягнуць мэты (пабіць гнілую калоду), каб не адна якаясь нясходаная перашкода (сук смаляк),— дык выраз гэты робіцца прыказкаю. Побач з прыказкамі стаяць і прыслоўі — такія выразы, у якіх няма поўнае закончанае думкі, як стульнага вываду з развагі, але якія вобразна і ў пераносным значэнні характарызуюць прадмет ці з'яву. Выраз: калода гнілая, ды сук смаляк — больш прыслоўе, чым закончаная прыказка, бо яна больш характарызуе з'яву, чым дае паважную думку. Прыказка навучае, а прыслоўе толькі ажыўляе мову і думанне, даючы кароткую вобразную характарыстыку, як у выразах: ані вухам не вядзе; дзяцей — як бобу; бяжыць, як жару ўхапіўшы; абое-рабое і інш.

Прыказкі творацца ў сувязі з якім-небудзь характэрным выпадкам як кароткі і трапны вывад з развагі аб гэтым выпадку. Напрыклад, прыказка: выйграў, як Заблоцкі на мыле стварылася ў сувязі з такою прыгодаю купца Заблоцкага. Завёз ён жыта за граніцу, выменяў на мыла, а каб не плаціць мытнага збору, павёз мыла кантрабандаю, схаваўшы яго на дне судна. У дарозе пратачылася на дно вада, і мыла размякла... 3 часам забываецца, калі, дзе, як і з кім гэтак здзеелася, а вывад з разваг аб быўшай падзеі ідзе ў народ як прыказка ці прыслоўе для характарыстыкі чагось падобнага. Гэткі ж вывад можа быць зроблены не з праўдзіва быўшага ў жыцці выпадку, а з узятага з казкі, з апавядання. Напрыклад, прыказка: круці не круці, а трэба ўмярці ўзята з казкі аб тым, як смерць наўчыла варажбіта пазнаваць хваробу: калі ён убачыць смерць у нагах хворага, той палепшае, калі — у галавах, дык памрэ; калі варажбіт захварэў сам і ўбачыў смерць у сябе над галавою, ён павярнуўся к ёй нагамі, але смерць ізноў стала ў галавах і сказала: «Круці, кум, не круці, а трэба ўмярці». Некаторыя прыказкі  і прыслоўі зайшлі к нам ад другіх народаў, трапілі ў народ з кніг і г. д.

Што да зместу прыказак і прыслоўяў, дык ёсць між іх такія, што маюць змест вельмі даўнага пахаджэння. Ды і ў пісьмо прыказкі сталі трапляць вельмі даўна, як устаўкі ў тэксце памятак старой літаратуры. Збіраць жа і запісваць нашы прыказкі этнографы сталі толькі з палавіны 19-га веку. Цікаўная прыказка-насмяханне запісана пад 984 годам у адной літаратурнай памятцы кіеўскага пісьменства аб нашым племі радзімічах. Кіеўскі аўтар-патрыёт, з прыемнасцю адзначаючы перамогу на рацэ Пішчане рускага ваяводы Воўчага Хваста над радзімічамі, якія баранілі сваю незалежнасць ад рускага княства, змяшчае складзеную рускімі з гэтае прыгоды прыказку: «темь і русь корятся радімічем, глаголюшче: пішчаньці — волчья хвоста бегають». Назоў ракі, сходны з дзеясловам «пішчэць», і прозвішча ваяводы стварылі ігрою слоў пераноснае значэнне, і ўтварылася прыказка. У «Одпісах» 1573— [157]4 гг. Аршанскага старасты Філона Кміты, маючых і літаратурна-гістарычную цану, змешчана колькі прыказак, запісаных этнографам Насовічам і ў другой палавіне 19-га веку: «Колі утопілі, топор давалі, а выплывші ні топорішча» (у Насовіча: як ратавалі, тапор давалі, а выратавалі — ані тапарышча); «Хромого волка за лісіцу стало» (станець хромага ваўка за лісіцу); «Тая баба на двое ворожіла» (надвое бабка варажыла); «Як доробіло ліхо, прорежутся і зубы» (як даробіць ліха, прарэжуцца і зубы); «Мы от ворот, а он дырою вон» (ты ад варот, а ён цераз плот); «I каші не хочу, і по воду не іду» (і кашы не хачу, і па ваду не іду); «Ожогшіся на молоце, велено на воду дуть» (апарыўшысь намалацэ — і на ваду студзіш).

Падобна да той рускай прыказкі аб радзімічах ёсць у нас нямала прыказак, звязаных з гісторыяй, ці такіх, што характарызуюць гістарычны быт, напрыклад:

— Мсціслаў не аднаго сціснуў (гаворыцца ў сувязі з местам Мсціслаўлем, быўшай цытадэллю на ўсходзе Вял. [ікага] кн. [яства] Літоўскага, не раз пабіваўшай ворагаў.

— За Саса было досыць хлеба і мяса, а настаў Панятоўскі — стаў хлеб не такоўскі (характарызуюцца часы князёў Вялікага княства Літоўскага саксонскай дынастыі і караля Панятоўскага).

— Батура — сабачча натура (адбіваецца пагляд нашага народа на караля Стэфана Баторыя).

— Вот тут статут і канступацыя (прыказка свавольнае шляхты з часоў судовых распраў па статутах Вялікага княства Літоўскага.

— Іжыца, дубец к спіне бліжыцца (аб даўнейшым трудным навучанні па славянскіх кнігах, у часе якога і білі).

— Гаварыў бы па-польску, ды язык конскі (насмяханне над людзьмі, якія даўней ламаннем мовы на польскі лад хацелі паказаць сваю панскасць ці падслужыцца пану).

— Як наша мова: дзе да ідзе, ідзі ды хадзі; а як маскоўская мова: бярэ ды дзярэ, ды і чорт іх разбярэ, хто каго дзярэ (прыслоўе аб наезджых з Расіі чыноўніках, якія абдзіралі наш народ і высмейвалі яго «некультурнасць»).

— Хоць ты мяне капут, дык я табе не галём (з вайны 1812 г.).

Многія прыказкі характарызуюць даўнейшыя эканамічныя адносіны ў нашым краі, цяжкое становішча сялян, прыгнечаных панамі, і звязаны з гэтым быт:

— А і дзе пекла? А ў Альбрэставе! (Альбрэставам зваўся адзін фальварак манахаў-езуітаў, дзе дужа цяжка жылося сялянам-работнікам).

— Калі паны лікуюць, тады мужыкі без хлеба таскуюць.

—  Гэта, мужык, атлас! Ад нас, паночак, ад нас!

— На сем двор адзін тапор: адзін рубіць, а Іцэсцера ў кулак трубяць (гаворыцца аб беднай вёсцы).

—  Чорт душу выме, а пан скуру здыме.

     —  Баяцца не цівуна, а яго бізуна.

— Бабёр дабёр, толькі каб свае скуры за яго не аддаў (за паляванне на панскіх баброў цяжка каралі).

     —    Голад не дзядзіна, з'ясі і крадзена.

     —   Калі не пад'ясі і святых прадасі.

     —  Пушны хлеб не голад, а пасканная сарочка не нагата.

     —   Галоднаму асцюлькі не колюцца.

     —  Голы разбою не баіцца.

     —   Багатыр дзівіцца, чым худак жывіцца.

     —   Багатаму чорт дзяцей калыша.

Прыказкі адбіваюць народны светагляд, часам вельмі даўныя вераванні і абрады:

—  Пакланіся кусту, а ён дасць хлеба лусту.

—   Нашто таму богу маліцца, які нас не слухае.

—     Каторы бог намачыў, той і высушыць.

—     Бога хвалі, дый чорта не гняві.

—   Балота без чорта не бывае.

— Сказаў бы, ды печ у хаце (значыцца: не скажу з пашаны да месца, дзе жыве Хатнік, дух дзеданачальніка роду).

— 3 грашмі і Копшы дагадзіш (Копша — магільны бог; даўней з нябожчыкамі клалі грошы, каб яны маглі заплаціць на тым свеце за сваё месца).

— Соль табе ў вочы, галаўня ў зубы (прыслоўе супроць ліхога чалавека, узятае з замоваў).

Ёсць прыказкі, якія характарызуюць клас людзей: напрыклад, аб духавенстве ў нас ёсць такія прыказкі:

— Алтарысты і арганісты — усе на рукі не чысты;

— У папа, кажуць, дзве рукі: адна — што ксціць, другая — што бярэць, а той, што даець,— той няма.

— Не для Ісуса, а для хлеба куса (ідуць у папы дзеля спакусы на смачнейшы хлеб).

Некаторыя прыказкі характарызуюць агулам усіх жыхароў якога-небудзь горада ці мясцовасці:

— Магілеўцы кулажнікі: кулагу на локаць прадаюць, а на палец прыбаўкі даюць.

— Ах ты, мсціслаўскі недасека! (маскоўскі ваявода Трубяцкі выразаў у 1654 г. блізу ўсіх жыхароў Мсціслаўля, і з таго часу стварылася гэткае прысло,ўе).

— У Слуцку ўсё не па-людску.

— У Нясвіжы людзі хіжы: салому таўкуць — бліны пякуць, сена смажуць — бліны мажуць.

      —   Кепска кала Віцебска, а ў Воршы яшчэ горшы.

      —Майстар з Міра: што цяў — то і дзіра.

      —  Майстар  з   Калугі:   не  так,  дык  і  ў   другі. Ёсць  каляндарныя  прыказкі,    асабліва — звязаныя   з земляробскім календаром.

—  Грамніца — зімы палавіца.

—   Пытаецца люты, ці добра абуты.

—  Марац кусае за палец.

 — Май — коням сена дай, а сам на печ уцякай (засцярога, што і ў маі бываюць халады, і можа спатрэбіцца сена).

—  Ілля наробіць гнілля (ліпнёвыя дажджы).

—   Калі грыбна, то і хлебна (земляробская прымета).

Разгледжаныя прыклады толькі больш выразна паказваюць пахаджэнне, даўнасць або характэрныя раздзелы прыказак, але яны — саменькая , нязначненькая частачка ўсяго таго багацця, якое зазвычай ужываецца ў штодзеннай мове народа. У народе ёсць такія аматары казаць прыказкамі і прыслоўямі, што аб іх злажылася свая жартаўлівая прыказка-характарыстыка: «Без прыказкі і з лаўкі не зваліцца». Этнограф Насовіч, які сабраў прыказак і прыслоўяў некалькі тысяч, кажа, што прыказкі складаюць для нашага народа «звычаёва-практычную філасофію», што «ўсе выпадкі чалавечага жыцця, усе ўчынкі, як добрыя так і дрэнныя, і ўсякую нават развагу аб чым-небудзь» народ наш «падводзіць пад мярыла сваіх прыказак». Прыказкамі навучаюць:

—  Хто пытае, той не блудзіць.

—   Кінь перад сабою, знойдзеш за сабою.

—  Паволі едзеш, далёка будзеш.

—  Як пасцелешся, так і выспішся.

—   Болей слухай, а меней гавары.

—  Усюды добра, а дома лепей.

—  Не кажы гоц, пакуль не пераскочыў.

—     Гні дрэўца, пакуль гнецца і г. д.

Прыказкамі     жартуюць,    развесяляюць     у    смутках, падаюць надзею, падахвочваюць рухацца, жыць:

— Табе і ўміраць некалі будзе.

—   Баба з калёс, калёсам лягчэй.

—   Бяда, як дуда: станеш дуць — слёзы самі ідуць.

—   Загляне сонца і ў наша ваконца.

—     Пад ляжачы камень і вада не цячэ і г. д.

Прыказкамі    высмейваюць   заганы,    засцерагаюць   ад памылак:

—   Спадзяваўся мядзведзь на мёд — і не еўшы спаць лёг.

—  Улезеш у нерат — ні назад, ні наперад.

—  Да пары збан ваду носіць.

     Часам гэтае лёгкае высмейванне і засцераганне пераходзіць у сатыру, больш колкую іронію і нават сарказм:

—  За вачыма свету не бачыць.

—  Воўк не сабакі баіцца, а звягі яго.

—  На чыім возе ехалі, таму і песенкі спявалі.

—  I з неба сарваўся, і зямлі не дастаў.

— Андрэй Кузьме родны Хвёдар.

—  Каўнер шырокі, а пяты голы.

—  Не дай бог свінне рог.

—  Выпінаецца, як скурат на агні і г. д.

    Калі прыгледзімся да слоўнай формы прыказак, дык найперш адразу пачуем музыкальнасць мовы, рытм, сугучнасць або і рыфму. Кожная поўная прыказка складаецца як бы з дзвюх частак, прычым адна частка з'ясняе другую (Да пары збан ваду носіць: вушка адарвецца, і збан разаб'ецца) або выцякае, як следства з прычыны (Кроў не вада: разліць шкада), або адна частка звязваецца з другою праз умову (Калі курэц, то насі люльку і тытунец)  г. д. Рыфма і сугучнасць (няпоўная рыфма) у прыказках бываюць даволі -часта:

—  Я гэтую бяду пальцам развяду.

—  Горка рэдзька, ды ядуць, ліха замужам, ды ідуць.

— За свой грош усюды харош.

—   Голы, як біч, востры, як меч.

— Да Міколы няма дабра ніколі і г. д.

Бываюць і свайго роду алітэрацыі — як бы падбор слоў з аднолькавымі гукамі, якія паўторваннем даюць музыкальнасць:

—  Ні села ні пала, дай бабе сала.

—     Мужык дурны, як варона, а хітры, як чорт.

На правах прыказак і прыслоўяў ходзіць шмат розных словатвораў, як жартаўлівых перайманняў пяяння птушак, напрыклад, салаўя:

— А ў лядзе, у лядзе мужык сала пёк-пёк-пёк, круціў-круціў-круціў — тррр... сала кап-кап-кап, цячэць-цячэць-цячэць, кусь!

скорагаворак:

—   Гэты калпак не перакалпакоўваецца; выразаў, якімі характарызуюць нягучнасць мовы пры пэўным укладзе слоў:

—  Ці іці ці не іці?

або жартаўліва паказваюць падобнасць нашае мовы да іншых моў, напрыклад, да французскай:

—     Міллян лён трэ, Андрэй рэпу жрэ і інш.

Загадкi

Загадкі падобны да прыказак па вобразнасці думкі і па слоўнай форме. Але ёсць і вялікая розніца. У прыказцы даецца ясная формула думкі, а ў загадцы гэтая слоўная формула скрывае загаданы прадмет, даючы толькі нейкую прымету яго, часам вельмі далёкую, вельмі наіўна звязаную з яго праўдзівымі асаблівасцямі. Прыказка навучае, а загадка як бы спрабуе мудрасць чалавека ці выклікае ў яго напружанасць думкі, развівае войстрасць думання. Загадкі — творчасць далёкага ад нас часу, ужо чужая для нас па сваім духу і па сваіх заданнях. У іх адбіваецца на наш погляд ужо наіўная сама па сабе і дзяціная па форме выяўлення мудрасць даўнейшага чалавецтва. Псіхалагічныя прычыны стварэння гэтага віду слоўнай творчасці мы можам зразумець ці, лепей кажучы, адчуць хіба прыблізна, калі станем наглядаць працэс думання ў людзей разумных і нахільных разважаць, але неадукаваных: у іх ёсць добрыя думкі, але яны б'юцца ў абмежаным полі, як птушка ў клетцы. Цяпер новыя загадкі ў народзе блізу не творацца. Цяпер загадкі — дзяціная пацеха, якая развівае ў іх думанне і фантазію. Дарослыя людзі толькі зрэдку, вольным святочным часам і, так сказаць, у памяць мінулага, загадваюць загадкі, каб развесяліць кумпанію ці зрабіць прыемнасць дзецям.

Загадкі сустракаюцца ў вельмі даўных казках і абрадавых песнях,— найчасцей такія:

—  IIIто бяжыць без повада?   (Вада).

—  Што расцець без кораня?  (Камень).

—  Што гарыць без полымя?   (Зара).

—  Што бела не белячы?  (Лебедзь).

—  Што чорна не чэрнячы?  (Воран).

I калі разглядаць дайшоўшыя да нас загадкі па зместу, дык можна заўважыць, што адны з іх адбіваюць яшчэ першабытны светагляд чалавека, міфічныя вобразы, другія стварыліся ў эпоху лавецтва і скатаводства, трэція — у абставінах земляробскае працы, чацвертыя сведчаць аб належнасці іх аўтараў ад таго часу, калі ўжо людзі ўмелі чытаць і пісаць і г. д. Болыпасць нашых загадак звязана з нашым сялянскім бытам — даўнейшага або і цяперашняга часу.

Характэрнаю асаблівасцю загадак з'яўляецца параўнанне, прычым у даўнейшых загадках яно выглядае як бы ўвасабленнем загаданага прадмета ў вобразе прадмета вядомага, напрыклад: «бегла ліска каля лесу блізка: ані яе здагнаць, ані яе бег спазнаць (варыянт: «...ні сцежкі, ні дарожкі, толькі залатыя рожкі»),—загадка на сонечнае і месячнае святло, на маланку. Зазвычай параўнанні бяруцца з бліжэйшага навакольнага жыцця. Прадметы загадваюцца ў пазнейшых загадках абы-якія, а ў даўнейшых — сілы і з'явы прыроды, людзі, жывёлы і расліны і больш значныя рэчы штодзеннага ўжытку.

3 сіл і з'яў прыроды, апрача сонца ці сонечнага святла, часта загадваюцца загадкі яшчэ і на месяц, зоркі, гром, агонь, ваду, зямлю, вецер і інш. Напрыклад:

— Пасцелена дзяруга, на дзярузе рассыпан залаты пясочак, а пасярод залаты крайчык (Зорнае неба і месяц).

—  Крыкнуў вол на сто гор (Гром).

— Чорная карова ўсіх людзей пакалола, а белая ўстала, усіх пападымала (Ноч і дзень).

— Ляціць без крыл па сто міль  (Вецер).

Аб чалавеку, чалавечым жыцці і розных частках чалавечага цела, аб жывёле і ўсякіх жывых стварэннях загадак вельмі многа — як даўнейшых, так і зусім нядаўных.

— Прыйшоў хтось, узяў штось; ганіся за ім — неведама за кім (Смерць).

— Дзве жнейкі цераз мяжу жнуць, адна другой не бачаць (Вочы).

— За белым бярэзнічкам талалайка грае  (Язык).

—  Без рук, без ног, а поўзаець  (Вужака).

— Ляціць конь заморскі, іржэць ён па-польску; хто яго заб'ець, сваю кроў пральець (Камар).

— Ляжала пакуса, мяса ні куса, чораы, як воран, а равець, як мядзведзь (Жук).

—  Ні вокан ні дзвярэй — поўна хатка людзей (Пчолы).

— Семсот сарочак, семсот намётак, а дунець вецер, адкрываець іх да гола цела, хоць і адзежа на мне ўся цэла (Курыца).

Многа загадак і на расліны, прычым у некаторых з раслінамі загадваецца рака, каменне і інш.:

— Адзін кажаць: пабяжым, другі кажаць: паляжым, а трэці кажа: паківаемся (Рака, каменне, трыснік).

—  Без рук, без ног на дрэва лезець  (Хмель).

— Стаіць палка, на палцы — галка; я магу прысягнуць, што там болей як тысяча (Мак).

—    Поўна бочачка круп, а наверсе струп    (Мачынка)

 — У маленькім гаршчэчку смачненькая кашка (Гарэх).

— Сядзіць паня ў каморы, яе косы на дворы (Морква).

—  А ў лазе на адной назе  (Грыб). Яшчэ болей загадак з земляробскага і наогул нашага сялянскага быту, з надворных і хатніх абставін і г. д.:

—   Ходзіць па саломе — не зашастае  (Сонца).

— Сівыя галубчыкі па падзямеллю скачуць  (Лемяшы).

—   Увесь свет корміць, а сама не есць  (Саха).

— Ішло браткоў пяць, а на вясну іх сляды знаць (Барана).

— Сам тонак, як паясок, мой востранькі насок, як выйду на поле ваяваці высокіх панічоў у злаце: яны на мяне лезуць, а мае зубкі іх рэжуць (Серп).

—   Маленька-крывенька, а ўсё поле зваюе  (Серп).

— Стаіць Рыгор паміж гор, кіямі падпёршыся (Вятрак).

— Два вяпры між сабою б'юцца-сякуцца, аж з іх пена цячэць (Жорны і мука).

— Як ляжыць — ніжэй ката, а як станець — вышэй каня (Дуга).

—  А пры боку каліта — поўна злота наліта (Печ).

— Як прысыплеш, дык паменее,— як адсыплеш, дык паболее (Дзверы).

— Крыж на крыжы, сёлькі-толькі, хто ведае колькі (Клубок).

— У лесе сцята, у каморы ўзята, ляжыць — маўчыць, возьмеш на рукі — плача (Скрыпка).

—  У лесе радзілася, на вяселле згадзілася (Скрыпка).

—  У ліпавым кусце мядзведзь равець (Цымбалы).

—  Еду, як па небу, пад сабою сонца бачу (У чаўне).

— Ішоў чалавек дарогаю, ажно ўдвох сена грабуць. Калі брат з сястрой — спешна вам, а мужык з жаной — смешкі ды жарты.— А не брат з сястрой, не мужык з жаной,— мая матка яе матцы свякроўка была (Бацька з дачкою).

Ёсць загадкі, прыдуманыя пісьменнымі людзьмі або звязаныя з жыццём, у якім ужо ёсць не толькі каса, серп, іголка ці замок, але і гадзіннік. Гэтыя загадкі — найчасцей пазнейшага пахаджэння, хоць і не ўсе, некаторыя маглі з'явіцца і вельмі даўно (як, напрыклад, загадка на пісьмо):

— У «небе» ёсць, у «зямлі» няма, у «бабе» дзве, а ў «дзеўцы» ні аднае (Літара «б»).

—    Бела поле, чорна насенне,— хто не ўмее, той не пасее (Кніга).

— Хто гаворыць без языка?   (Пісьмо).

—   Ідзе-ідзе, а з месца не сойдзе  (Гадзіннік).

Як бачым, некаторыя загадкі маюць і паважную думку (саха ўвесь свет корміць), многія з іх вызначаюцца вялікай вобразнасцю (крыкнуў вол на сто гор) і музыкальнасцю мовы: рытмам, рыфмаю, рознымі сугучнасцямі. Тут мы знаходзім, як зазвычай у народнай слоўнай творчасці, многа эпітэтаў: залаты пясочак, белы бярэзнічак, смачненькая кашка, сівыя галубчыкі, востранькі насок, маленька-крывенька (аб сярпе); параўнанняў: камар — конь заморскі, іржэць па-польску, жук — чоран, як воран, равець, як мядзведзь, мачынка — бочачка, каласы — высокія панічы ў злаце, серп — рэжа, як зубкамі, і тонак, як паясок, печ — каліта, налітая золатам, прычым кожная загадка — гэта параўнанне, якое робіцца асабліва эфектным, калі прадмет, пасля належнага падрыхтавання думкі, разгадан, бо гром грыміць, як вол на сто гор раве, а цымбалы іграюць, як мядзведзь у кусце раве, і г. д. 3 тропаў у прыказках асабліва многа 1) метафар, бо пераноснае значэнне на грунце падобнасці ўражанняў ад розных прадметаў з'яўляецца характэрнаю асаблівасцю загадак: вада бяжыць, камень расцець, вол крычыць, конь ляціць, камар іржэць, хмель лезець, серп ваюе, вятрак падпёрся кіямі, скрыпка плача, пісьмо гаворыць, гадзіннік ідзе; ізноў жа, загадка, узятая ў суцэльнасці — тая ж метафара (кніга — белае поле, пасеянае чорным насеннем). 2) Далей, што да алегорый, дык алегарычнае параўнанне і метафара складаюць сутнасць загадак, як віду слоўнай творчасці; алегорыя ж ёсць пашыраная метафара, так што «белае поле, пасеянае чорным насеннем» — алегорыя, алегарычны вобраз кнігі, «вол? які крыкнуў на сто гор» — алегорыя грому, і што ні загадка — то алегорыя. 3) Многа і ўвасабленняў, якія таксама грунтуюцца на метафары, як на ажыўленні нежывога прадмета пераносам на яго асаблівасцей з прадметаў жывых (сонца — ліска, гром — вол, вочы — жнейкі, морква — паня з косамі, жорны — вяпры). 4) Ёсць і гіпербалы: вол крычыць на сто гор, камар увелькі з мядзведзя, у мачынцы — болей, як тысяча, на курыцы — семсот сарочак, а тож 5) іронія: камар іржэць па-польску, равець, як мядзведзь, ён жа — «пакуса: мяса ні куса». 3 фігур асабліва часта ў загадках бываюць паўтарэнні тых самых слоў, выразаў і адназначных або блізкіх слоў і выразаў: ані здагнаць, ані спазнаць, ні сцежкі, ні дарожкі, залаты пясочак — залаты крайчык, прьшшоў хтось — узяу штось, семсот сарочак — семсот намётак, адзін кажаць — другі кажаць, без рук — без ног, б'юцца — сякуцца, крыж на крыжы, сёлькі-толькі, брат з сястрой — мужык з жаной — а не брат з сястрой — не мужык з жаной, ёсць — няма — дзве — ні аднае, ідзе-ідзе. Ужо з гэтых прыкладаў мы бачым, што ёсць у мове загадак рытм, але некаторыя з іх проста можна выпісваць вершам. Рыфмы: ліска — блізка, здагнаць — спазнаць, хтось — штось, чоран — воран, пабяжым — паляжым, палка — галка, круп — струп, у каморы — на дворы, у лазе — на назе, каліта — наліта, сёлькі-толькі — колькі, сцята — ўзята, паясок — насок; сугучнасці і алітэрацыі: бела не белячы, чорна не чорнячы, ні сцежкі — ні дарожкі, вол — гор (прычым перад словам «вол» стаіць слова з гукам «р» — крыкнуў), забелым — талалайка — бярэзнічкам — грае, прычым само слова «талалайка» з'яўляецца гукапераймальным, ляціць конь заморскі — іржэць ён па-польску, равець — мядзведзь і інш.

Прыклады, узятыя з такога бяднейшага віду слоўнае творчасці, як загадкі, асабліва яскрава гавораць, якое ж вялікае багацце вобразаў, мастацкіх форм, музыкальнасці мовы можна знайсці ў песнях, казках, каб вучыцца па гэтых узорах строіць сваю мову вобразна і музыкальна. У нашых жа класічных пісьменнікаў мы, апрача гэтага, знойдзем і багацце ідэй.

 ЛІТАРАТУРА:

1. “Гісторыя беларускае літаратуры” Максім Гарэцкі. Мінск “Мастацкая літаратура” 1992.

2.«Народныя  казкі-байкі,   апавяданні  і  мудраслоўі»  пад   рэдакцыяй

Н. С. Гілевіча

3.«Дрэва  кахання»,   складальнік  А. І. Гурскі

РАБОТА ДОБАВЛЕНА В АРХИВ: 15 СЕНТЯБРЯ 2001

Поиск по белорусским рефератам

Флаг Беларуси Поиск по крупнейшим коллекциям Беларуси: LIBRARY.BY, STUDENT.BY, BIBLIOTEKA.BY и прочие


Комментарии к работе:

Другой популярный контент:



 

МИНСКАЯ КОЛЛЕКЦИЯ РЕФЕРАТОВ ™ 1999-2011
Телефонная "горячая линия": +375 (29) 7777-***
Для жителей других стран: WWW.STUDENT.BY
Мы работаем с 10:00 до 20:00
 

HIT.BY на Youtube

Официальный канал на Ютуби проекта HIT.BY

Здесь собраны ТОЛЬКО видео хиты из Минска, Гомеля, Могилева, Бреста, Гродно и Витебска!

Ежедневные топ-видео из Беларуси

Любовь по-белорусски!

Проект KAHANNE.COM! Быстрые знакомства в Минске, Гомеле, Бресте, Могилеве, Витебске, Гродно! Только реальные люди. Мобильная версия. Около 112.000 анкет белорусов.

KAHANNE.COM

Что происходит? Скандалы и расследования


Минская коллекция рефератов (old version) - дочерний проект при библиотеки LIBRARY.BY, бесплатная и постоянно пополняемая пользователями коллекция белорусских рефератов, белорусских дипломных работ, белорусских курсовых работ, белорусских контрольных, белорусских докладов и белорусских эссе. Работает с 1999 года.