Сонечныя гадзіньнікі –
найстаражытнейшыя навуковыя прыборы. Іх
выкарыстоўвалі йшчэ за шмат вякоў да н.э. Вядома,
што сонечныя гадзіньнікі (па грэцку-гноманы)
ўжываліся ў Старажытным Эгіпце[1].
З часоў антычнасьці
стваральнікі гэтых прыбораў ужо ведалі як
адрэгуляваць іх на неабходную геаграфічную
шырату. У жывапісу Адраджэння мы сустракаем “
унівэрсальныя” сонечныя гадзіньнікі ў выглядзе
шматграньнікаў, кожны бок якіх адпавядае сваёй
геаграфічнай шыраце.
Нягледзячы на тое, што
йшчэ ў 12ст. будучы папа Рымскі СільвестрІІ(у той
час абат Герберт) вынайшаў мэханічны гадзіньнік[2]
, у эпоху Адраджэньня ў Эўропе наступае росквіт
вытворчасьці розных сонечных гадзіньнікаў, ад
стацыянарных , усталяваных на плошчах гарадоў, у
палацах магнатаў, у дварох кляштараў і г.д. , да
партатыўных гадзіньнікаў. У гэты час ствараюцца
новыя тыпы й новыя канструкцыі інструмэнтаў.
Сонечны гадзіньнік робіцца ня толькі прыборам
дакладнае мэханікі, але й сапраўдным творам
мастацтва.
Самы вялікі ў сьвеце
сонечны гадзіньнік збудаваны на пачатку 18ст. у
Дэлі (Індыя). Цень ад трохкутняй сцяны , якая мае
вышыню 18м. , падае на алічбаваныя мармуровыя дугі
з радыюсам каля 6м. Гэты гадзіньнік дзейнічае
дагэтуль й адлічвае час з дакладнасьцю да аднае
хвіліны[3].
У нашай
навуковай літараратуры інфармацыі аб сонечных
гадзіньніках амаль што няма. Але вядома, што ў 1736г.
у Нясвіжы быў напісаны на лацінскай мове курс пра
выраб сонечных гадзіньнікаў розных канструкцыяў[4].
Цікавы сонечны
гадзіньнік усталяваны каля Троіцкага касцёлу ў в.Ішчална
Шчучынскага р-ну. Касцёл пабудаваны у 1758г. у стылі
позьняга барока з цэглы. З паўднёвага боку
касцёла знаходзіцца сонечны гадзіньнік .
Ён уяўляе сабою
круглы абцясаны пастамэнт з камяню вышынёю каля 1м.
і дыямэтрам каля 0,5м. . Двума сталевымі стрыжнямі
да яго прымацавана медная круглая пласьціна
дыямэтрам 0,3м. Трохкутняя стрэлка на палову
зламаная. На пласьціне выгравіраваны : цыфэрблят
, прозьвішча майстра (J.Malecki) , месца вырабу(Vilna) ,
геаграфічная шырата в.Ішчална(54 *41”2’) . Гэты
гадзіньнік адносіцца да клясы гарызантальных
сонечных гадзіньнікаў з трохкутняю стрэлкаю,
верхні кут якой накіраваны на Палярную зорку.
Цень ад стрэлкі падае на гарызантальны
цыфэрблаят , часавыя дзяленьні якога няроўныя
між сабою.
Верагодна, што гэты
гадзіньнік быў замоўлены да заканчэньня будовы
касцёлу .Ён уяўляе сабою цікавы ўзор дакладнае
мэханікі, вырабленай у беларускай Вільні у 18ст..
Заўвагі
[1]Пьер Монтэ. Египет Рамзесов
. – М.,1989. – С.42.
[2]Освальд Шпенглер. Закат
Европы ч1. – Мн.,1997. – С.19.
[3]Ф.Ю.Зигель. Астрономы
наблюдают. – М, 1979.-С.14.
[4]БСЭ Т.III.-С.284. – Мн ., 1979
Надрукавана ў
"Cпадчына" №2-2000
Лаўрэш Л.
Круцiкаў У.
Пастухоў В. |