М Ы   П Р Е Д О С Т А В Л Я Е М   Т О Л Ь К О    К А Ч Е С Т В Е Н Н У Ю   И Н Ф О Р М А Ц И Ю

Минская коллекция рефератов (www.library.by/shpargalka) Основана в 1999 году

Телефон минского офиса: 8 (029) 777-57-90 (МТС)

ON/OFF:          

РЕФЕРАТЫ ЗДЕСЬ:

Белорусская история
Белорусская литература
Белорусский язык
Белорусская культура
Авиация
Астрономия
Автомобили
Английский язык
Архитектура
Биографии знаменитостей
Биология
Бухгалтерия и аудит
Военное дело
География
Дизайн
Иностранные языки
Интернет
Искусство
История
Компьютеры
Культурология
Лингвистика
Литература
Маркетинг и реклама
Математика
Медицина
Музыка
Немецкий язык
Образование и обучение
Политология
Право
Программирование
Психология
Разное
Религия
Сексология
Сельское хозяйство
Спорт
Технологии
Физика
Философия
Химия
Экология
Экономика
Начало
ПЛАТНЫЕ YСЛYГИ:

Заказать реферат\курсовую

"Шпаргалка" рекомендует...

ПАЛЯКІ-КАЛГАСНІКІ

ИСТОЧНИК: СЛУЖБА ИНФОРМАЦИИ BELSONET

КАЧЕСТВО РАБОТЫ: 84%





Анна Энгелькінг

Мусіць быць калхоз. Без калхозу прападуць людзі.
Агульная думка ў калгасе “Сьветлы шлях”.

 Адно з даволі распаўсюджаных спрашчэньняў, што датычаць палякаў на Ўсходзе, — прыпісваньне ім en bloc польскай нацыянальнай сьвядомасьці. Этнасацыялягічныя досьледы сярод вясковых жыхароў Беларусі могуць, аднак, паставіць такое спрашчэньне пад сумнеў. На маю думку, такія досьледы варта праводзіць менавіта ў Беларусі: тут жыве найбольшая сярод усіх краінаў былога СССР г.зв. “польская меншасьць”, і ў той жа час вясковыя жыхары складаюць заўважную большасьць у гэтай меншасьці. Пераважна гэта людзі старэйшага веку, зь невысокім узроўнем адукацыі. Без спазнаньня і зразуменьня іх спосабу жыцьця і мысьленьня веды пра палякаў у Беларусі будуць няпоўнымі.

Гэты лад жыцьця, гэтая мэнтальнасьць (сыстэма вартасьцяў, думак, прыхільнасьцяў, выбараў) моцна зьвязаныя з дзьвюма ўстановамі — калгасам і касьцёлам. Першая арганізуе працу, другая — рэлігійнае жыцьцё. З гэтай прычыны абедзьве яны граюць галоўную ролю ў супольным жыцьці вяскоўцаў і канцэнтруюцца вакол падвалінаў іх культуры — працы земляроба і каталіцкае веры. Глыбей зразумець вясковыя супольнасьці Беларусі, якія завуцца польскімі, здаецца немагчымым без дасьледаваньня дзейнасьці гэтых інстытуцыяў — іх функцыяў у практычным жыцьці ды, перадусім, у сьвядомасьці калгасьнікаў.

Выходным пунктам развагаў я прымаю сфармуляванае Людвікам Стомам самаакрэсьленьне польскага “хлопа” на пераломе ХІХ/ХХ стагодзьдзяў, якое складаецца з трох частак: 1) я тутэйшы; 2) я “хлоп” (земляроб, мужык); 3) я каталік. У сучасных жыхароў калгасных вёсак на Гарадзеншчыне гэта мае адпаведнік у неразрыўным трохкутніку “тутэйшы — калгасьнік — паляк”.

Першым элемэнтам трыяды я тут займацца ня буду. Да другога зараз перайду. А вось трэці патрабуе кароткага камэнтару.

“Паляк” — адно з ключавых паняцьцяў духоўнага элемэнту культуры гарадзенскіх вёсак. Пераважная большасьць нашых суразмоўцаў “паляка” разумее як сынонім каталіка і, тым самым, антонім праваслаўнага, гэта значыць, беларуса, альбо рускага. Паляк для вяскоўцаў — гэта жыхар Беларусі, які вызнае каталіцкую веру (“лічыцца палякам”). Найчасьцей у савецкіх дакумэнтах ён запісаны як паляк (“пішацца палякам”). Такое разуменьне акрэсьленьня паляк адносіцца, такім чынам, не да самасьвядомасьці ў сэнсе прыналежнасьці да нацыі, а да рэлігійнай прыналежнасьці. Як паказаў Л.Стома, у земляроба-“хлопа” крытэры культурнай ідэнтыфікацыі ня маюць нічога супольнага з нацыянальнай ідэяй. І дасьледчык пачуцьця самасьвядомасьці жыхароў гарадзенскіх вёсак лёгка знаходзіць — пераважна сярод старэйшых людзей — жывое адлюстраваньне ў постсавецкіх рэаліях той самай самаідэнтыфікацыі вясковага люду з пэўнай рэлігійнай групай пры адсутнасьці пачуцьця нацыянальнай повязі. Тое самае, што зь літаратуры вядома пра даўно мінулыя часы. Ужыванае ў вёсках Гарадзеншчыны самаакрэсьленьне “паляк” нельга прымаць за тэрмін “Polak” у літаратурным значэньні, гэта значыць, акрэсьліваючы менавіта нацыянальнасьць: “чалавек польскай нацыянальнасьці”, “з Польшчы родам” (W.Doroszewski, “Slownik jezyka polskiego”). Каб выразьней адрозьніваць, я пішу гэтае “polak” у значэньні “каталік” з малое літары — гэтаксама, як мы пішам “каталік”, “праваслаўны”, “мусульманін”, “баптыст” і г. д. (Ад перакладчыка: паводле польскага правапісу нацыянальнасьць чалавека пішацца гэтаксама, як яго імя і прозьвішча — зь вялікай літары: Polak, Litwin, Bialorusin.)

Жыхары калгасных вёсак не ўяўляюць сабе жыцьця без калгасу. Наш праваднік па “базе” і “фэрме” калгасу “Сьветлы шлях”, 23-гадовы тэхнік, геніяльна выказаў гэтую паўсюдную на вёсцы думку ў трох словах: “Мусіць быць калхоз. Без калхозу прападуць людзі”. Пароль “калхоз мае быць” разносіцца кругом, як рэфрэн — ці як замова, закляцьце?! Гэтак кажа прадстаўнік улады і просты калгасьнік, стары пэнсіянэр і падлетак са школы.

У сабраных намі размовах (а гэта сотні запісаў!) знайшлося толькі адно выказваньне суразмоўцы, які думаў іначай — што калгасы могуць і нават павінны быць распушчаныя: ну, хіба мае да таго дайсьці, што іх (калгасы — пер.) параскідаюць… Такі аграмняга, як наш калхоз, то ён добра не спраўляецца, бо начальнік адзін, за ўсім даглядзець ня можа: трэба нешта рабіць, трэба. Калхоз у нас задужы… Уся вавёркаўская парафія ў адным калхозе; занадта вялікі калхоз. То ён мае быць раскіданы; можа, тут фэрмэры нейкія будуць, можа што… Ну, бо мае быць неяк так, каб тое сваё было, от, каб было сваё і гаспадар быў… Так быць і мае і так будзе.

Але спытаем: чаму калгас мае быць? Здавалася б, адказ вельмі просты: бо ня можа ня быць. Бо ён быў накінуты прымусам, бо падтрымліваецца аўтарытарнай уладай, бо няма ніякай магчымасьці зьмяніць што-небудзь міма волі тае ўлады. Але такі адказ павярхоўны. Бо застаецца яшчэ глыбока ўкаранёны фэномэн прыняцьця тае калгаснае рэчаіснасьці. А гэтае прыняцьце здаецца паўсюдным: ня толькі “наверсе” (нічога дзіўнага, калі “калхоз мае быць” кажа сп-ня прадсядацель сельсавету, якая сядзіць у кабінэце пад партрэтам прэзыдэнта), але — і гэта найважней – так кажуць “нізы”. Такая акцэптацыя калгасу існуе, нягледзячы на пачатковы (у 40-я і 50-я гады – пер.) рашучы супраціў і адпор калектывізацыі вёскі, існуе побач з трагічнымі ўспамінамі, існуе пры зусім не ружовым поглядзе на той калгас і яго рэаліі. Хоць самі калгасьнікі кажуць: мы не жывем, мы гніем. Альбо: у калхозе — сьцеражы Божа! І адначасова робяць усё, каб толькі выпхнуць дзяцей у места ці хоць у мястэчка: так бардзо трудна было… То як дзеці пачалі падрастаць, то з астатніх сіл, то падушыліся патроху, то так, то гэтак — і абы не было тут дзяцей.

У разуменьні такога “фэномэну прыняцьця” можа дапамагчы дасьледаваньне яго каранёў: збор перакананьняў, нормаў, містычнага зьместу і законаў мысьленьня, якія разам ствараюць супольную несьвядомасьць, альбо іначай мэнтальнасьць калгасьніка.

У калгасных вёсках кружыць анэкдот-загадка: як прачытаць скарачэньне К+М+В, якое паўсюдна пішуць на дзьвярох і вокнах хатаў пасьвячонай у касьцёле крэйдай на сьвята Трох Каралёў? (Гэта ініцыялы трох каралёў, што першымі прыйшлі пакланіцца Хрысту. – пер.) — То як Саветы тутай прыйшлі, а на каждым доме так напісана, то па-руску расшыфроўвалі “калхоз мусі быць”. Можна зразумець гэты анэкдот ня толькі як іранічнае сутыкненьне і падабенства словаў, але і як своеасаблівы запіс гісторыі сутыкненьня дзьвюх рэчаіснасьцяў: парадку традыцыйных вартасьцяў вясковага сьвету, што праяўляюцца ў рытме “праца-сьвята”, з сыстэмай, варожай яму, якая накідае свае правілы жыцьця. Гэта сутыкненьне sacrum i antisacrum, парадку і антыпарадку, космасу і хаосу.

Калі з гэтага пункту гледжаньня прааналізаваць апавяданьні нашых суразмоўцаў пра пачаткі савецкай улады і калгасаў, можна лёгка заўважыць, як апавядальнікі — менш ці больш сьвядома — спасылаюцца на архетып вечнага супрацьстаяньня Дабра са Злом, які ў сваёй хрысьціянізаванай вэрсіі выступае як барацьба Бога з Д’яблам. Непасрэдна так выглядаюць успаміны пра тое, як “закрылі (забаранілі) веру”:

 …як зайшла тая савецка ўласьць, то яны крыжы пілавалі, нішчылі… То камунізм быў страшны такі, вшыстка ў сваіх рэнках трымаў. І веру былі зупэльне скасавалі… Оні як пшышлі, то касьцёлы, ксенжы ўярмілі; вывозілі, судзілі, па дзесеньць лят ксендзам давалі… То можна паведзець, то ня жонд савецкі, то пекло з пекла!

Ува ўспамінах пра арганізацыю калгасаў ды ўвогуле жыцьцё “пад камуністамі” гэты архетып выступае больш прыхавана, але таксама заўважна — напрыклад, ёсьць эсхаталягічныя матывы, такія, як вечныя пакуты ці вечнае пракляцьце: Як тутай калхоз зрабілі — то загубленыя мы на векі векув. Прыйшлі, загубілі нас… Наша ўсё яшчэ камуністы трымаём. Ту яшчэ камуністы… Як Лукашэнка возьме на другі раз — прапалі мы назусім.

У традыцыйны сялянскі сьвет уварваліся тэрор і няволя. Моўныя сродкі выразу (рэфрэн “усё забралі”, частыя заклікі да Бога, Езуса, Маці Божай ды лексычныя і фразэалягічныя запазычаньні з Эвангельля), якія ўжываюць суразмоўцы, калі апавядаюць пра тыя падзеі ды зьвязаныя зь імі перажываньні, беручы іх са стылізаваных рэлігійных тэкстаў ды скаргаў-плачаў, сьведчаць пра наймацнейшае напружаньне эмоцый, але таксама і пра тое, што падзеі ў аповедах адбываюцца як быццам да містычных падзеяў, да пакутаў Хрыста, да няволі Зла:

 — Прыйшлі нашы “асвабадзіцелі”… Вшыстко забралі, вшыстко, толькі дзе якая кароўка засталася. Зямлю забралі. Зямлю забралі, коні забралі, воз забралі, ну ўсё... І хлеба няма, і збожжа забралі, і зямлю забралі, і ўсё забралі. Усё, што да гаспадарства трэба: плугі, бораны, коні, стадолы. О, як цяжка было. Той калхоз. Парастрэсена ўсё было, жаднага ладу не было. Забралі ўсё, на Расею павыцягалі… Палкамі білі, абіралі, судзілі — о, як было! Забіралі і каровы, і коні: усё. Забяруць, значыць, да сельсавету — “пішыся ў калхоз!”, і ўсё. Мусіш пісацца. Оні самі запішон, але руку сваю мусіш прылажыць, о ту — ну, дзе ж, няма рады, ніц ня зробіш пад палкай. Шукалі толькі якой прычыны, абы задушыць чалавека… Плакалі крывавымі лзамі і добравольне шлі… паўцякалі б ад Саветаў, каб свабода была… Ну, у калхозе тым працуеш, і што мы зараблялі ў тым калхозе… за рок то я зарабіў толькі дзевеньцьдзесёнт шэсьць кіле ячменю, венцэй ніц. Жыта на хлеб не было…

Пасьля пачатковага тэрору сыстэма ўлады паступова зьмякчаецца. Аплата за працу ўжо робіцца ня толькі натуральнай — калгасьнікі пачынаюць атрымліваць грошы, потым пэнсіі; яны больш не прыпісаныя да калгасу, маюць пашпарты, як усе грамадзяне. Потым прыходзіць час адноснага дабрабыту — з настальгіяй узгадваюць пра часы кіраваньня Брэжнева: Ох, як было трудна спачатку, ох, як было… Да шасьдзесёнт хіба шустэго року. Юж як перайшлі на пенендзы працаваць, юж цось, юж льжэй, льжэй і льжэй… бо нешта прадасі, нешта купіш, на хлеб заробіш… Юж можна цось. І пайшло льжэй, льжэй і льжэй. І юж.

Нарэшце, наступае пералом: “дазвол веры” ў часы Гарбачова: Гарбачоў ужо быў, то ён паехаў да Амэрыкі, за граніцэ там вшэньдзе, там яму паведзелі, што мы тут у Бога верым — і ён прызнаў, аж паехаў да Папы Рымскага. І ён ужо даў веру. Час Гарбачова нават зьмяніў вобраз ворага — савецкай улады: Ест закон, што бязь веры і конец. Тэраз даперо, як Гарбачоў прыйшоў, сталі прызнаваць праваслаўную веру. Антысакральнасьць тых, хто перасьледаваў Бога, зьмяніла знак зь мінуса на плюс. Адчыніліся забраныя і зруйнаваныя касьцёлы і цэрквы: Бо тэраз юж далі права, у што можна верыць. І гэтае права абазвязвае на практыцы мясцовыя савецкія і калгасныя ўлады — ніхто больш не забараняе і ня робіць перашкодаў вернікам у адкрытай рэлігійнай практыцы.

Зь цягам часу ўсё больш выразным робіцца адзін з аспэктаў “фэномэну прыняцьця”: прызвычаеньне да калгасу. Тутай, як вруцілэм з Расеі (з высылкі — пер.), то зараз калхоз зрабілі. Забралі ўсё: каровы, стадолы, спіклежэ пабралі, пабралі і коні, і возы, і плугі, вшыстко пабралі і ніц не было. Ценжка жылося, а потэм прызвычаілі се мы. Потэм ужо цалэ жыце ў калхозе.

З прызвычаеньнем да чагосьці нямілага звычайна атаесамляюцца такія рысы характару, як бязьдзейнасьць, пакора, бясьсільле. З такога пункту гледжаньня найбольш распаўсюджаны калгасны рэфрэн “а што тут зробіш? Нічога ня зробіш!” трэ было б разумець перадусім як праяву няздольнасьці. Але гэтаксама лёгка ўбачыць у ім выраз прагматычнай пазыцыі, якая вынікае зь вельмі рэалістычнай ацэнкі становішча. Паколькі адпор і супраціў быў зламаны новай сыстэмай, застаецца цярпець і трываць пры тым, што ацалела і не было зьнішчана, альбо — проста трываць і цярпець, бо гэта само жыцьцё. Моц antisacrum перавярнула дзьве асноўныя падваліны сялянскай культуры: працу і веру. (Пан Бог казаў: рабі, а я памагу. А пры такім жоньдзе то будзеш рабіць, сам сябе ў дошкі загоніш, а зарабіць то ніц заробіш). Аднак не была зьнішчана найважнейшая вартасьць, безь якой ня маюць сэнсу ні праца, ні вера — само жыцьцё (Як Пан Бог даў жыць, то трэба жыць памаленьку.) Каб жыць, каб выжыць, каб перажыць — трэба дастасавацца. І прыстасавацца. У рэфрэне “што зробіш?” гучыць менавіта прадыктаваная самім жыцьцём згода зь лёсам:

— А што зробіш? Як кажуць, на чыім возе едзеш, таго і песьні сьпяваеш. Бо што зробіш? Хочаш жыць — умей вярцецца. А дзе падзенешся? Многа наплюеш проці ветру?.. Судзьба наша така, жэ тутай Саветы пшышлі і мы тутай радзілі се пшы іх — і мы жыем, і мы мусім.

Такая згода зь лёсам, як і бязьдзейнасьць, сьведчыць аб прызнаньні парадку, які кіруе гэтым сьветам. А парадак той стаяў і стаіць на тым, што на самым версе любой гіерархіі стаіць Пан Бог, які стварыў усё і кіруе ўсім. Як Пан Бог дасьць, так і бэньдзе. І з поўным спакоем апытаныя пакідаюць на Пана Бога клопат пра ўсё, што знаходзіцца па-за іх уласным вопытам, ведамі і нават уяўленьнем, фантазіяй: а Бог яго ведае… дзенькі Богу якось пшэжывамы… то, кахана, вшыстко Пан Бог робіць: і тыя пенендзы, і тых людзей…

То Пан Бог спаслаў ушыстка. Так Сібіля пісала. То ўшыстка ідзе па тым, як апісала. Бо ў нас па-беларуску гаварылі: як будзя народ мудры, будуць гараць межы кудры, а як прыйдзе ліхая доля, пакінуць рабоча поля. Як Сібілю ўзяць, так усё так ідзе, як у нас ідзе. Ушыстцы спэлненя, як зь Сібіліі ўзяць: як бэндом, прімерно, пусткі вырабляць, як тэ калхозы будуць, усё… А, мові, хлеб як быў дарагі, так дарагі і будзе… Межы касаваць будуць, пусткі вырабляць, а хлеб як быў дарагі, так дарагі і будзе…

Паводле Людвіка Стомы, адным з правілаў, што датычаць самасьвядомай ізаляцыі, а гэта ледзь не аснова культуры “простага люду”, служыць простая формула: як ёсьць, так мае быць. І тут тое самае — раз калгасы ёсьць, то яны маюць быць. Калгасныя жыхары жывуць на сьвеце, дзе споўніліся ўсе прароцтвы Сыбілы. Гэта чарговы аспэкт “фэномэну прыняцьця”: згода на рэчаіснасьць, якая выцякае з прыняцьця цалкам містычнага абгрунтаваньня парадку на нашым сьвеце. Такое абгрунтаваньне — пакора волі Пана Бога, а гэтая воля загадвае глядзець на наш сьвет як на месца, дзе збываюцца і спаўняюцца прароцтвы.

Цяпер пяройдзем ад містычнай несьвядомасьці да рэальнага жыцьця і разгледзім яшчэ адзін адказ на пытаньне, чаму “калхоз мае быць”. На магчымасьць існаваньня калгасу паказвае своеасаблівы сымбіёз калгасу і калгасьнікаў — шырока разбудаваная сыстэма ўзаемных паслугаў і ўзаемнай залежнасьці, якая ня раз прыводзіць да таго, што ўжо цяжка зразумець, ці ёсьць тая мяжа паміж адным і другім, ці яе няма, дзе “людзкае”, а дзе “калхознае”. Наступны калгасны рэфрэн гучыць так: “калхоз нам паможа — мы калхозу паможам”. А можа і наадварот: “як мы паможам калхозу, дык калхоз паможа нам”. Калгас арганізуе і ахоплівае ўсё жыцьцё калгасьнікаў цалкам. Дае працу, дае жыльлё (“калхозныя кварціры”). Дае транспарт (“калхозны аўтобус” — часта адзіны транспарт увогуле, праўда, калі ёсьць паліва). Дае недаступныя альбо задарагія на рынку тавары (збожжа, мука, цукар). Дае газ, будуе дарогі і “клубы”. “Людзкая” маёмасьць можа лёгка зрабіцца “калхознай” і наадварот: можна прадаць калгасу сваю карову і можна ў калгасе купіць сабе карову, а пад час арганізацыі калгасаў здаралася нават, што можна было аддаць калгасу сваю карову, а за яе атрымаць, напрыклад, ужо адабраную стадолу. Калгасныя каровы пасьвяць і даглядаюць калгасьнікі, што працуюць на фэрме, а “людзкія” каровы пасьвяць усе сем’і калгасьнікаў па чарзе, не выключаючы і сям’і старшыні калгасу. Калі калгасныя каровы хварэюць, то вясковая “бабка”-знахарка едзе на фэрму і шэпча над імі свае замовы. Калгасных коней калгасьнікі трымаюць ува ўласных стайнях — бо той самы конь працуе і для калгасу, і для людзей. Усе пагалоўна аполваюць калгасныя буракі ў абмен на калгаснае сена для сваіх кароваў (праца пры бураках абавязковая, а хто ня хоча, то ня будзе мець сена) і… ад пачатку заснаваньня калгасаў усе пагалоўна паціху крадуць калгасную маёмасьць (найчасьцей здараецца “вынас” збожжа для сваіх курэй і сьвіней), пры гэтым ледзь не дэкляруецца адкрыта, што хоць увогуле красьці то грэх, але красьці збожжа для курэй то ніякі ня грэх. Больш таго — калгасная “машына” (“грузавік”) спаўняе ролю катафалку на кожным вясковым пахаваньні; калгасныя ж “машыны” адвозяць дэлегацыі пілігрымаў да польскай мяжы і завозяць будаўляныя матэрыялы на новы мур каля касьцёлу, які будуе разьбітны пробашч; калгас і бульбу ксяндзу пасадзіць. (Некалі ксяндзы зямлю мелі… і каровы свае ксёндз меў, і коні. Цяпер ужо няма. Толькі калхоз бульбы пасадзіў ксяндзу, от там, пару сотак, каб ужо ня ўмёр.) Дырэктар саўгасу дае дошкі на адбудову капліцы і бляху на дах царквы, а з другога боку, пад час дажынак, у касьцёле “прадсядацель калхозу” сядзіць на першай лаўцы (Як некалі паны — пер.), а “прадсядацель сельсавету” падае ксяндзу “булку хлеба на белым ручніку”. Булку хлеба на белым ручніку падаваў прадсядцель сельсавету Ёдка. Прадсядацель калхоза Саладзінскі і Блуднік з раіспалкому сядзелі ў першай лаўцы. Оні вшыстко палякі. Калгасны сымбіёз абдымае, як бачым, ня толькі людзей і калгас, але таксама сельсавет і касьцёл. Пан, войт і плябан — адна кампанія. Фэномэн такога доўгага трываньня фэўдальнай мадэлі ня можа не прыцягнуць увагі дасьледчыка — тым болей, што, як этнографы ХІХ стагодзьдзя гасьцявалі на панскіх дварах, так у сучаснай Беларусі этнограф (калі ня мае старых знаёмых) — госьць калгасу, а часта таксама плябаніі і школы: гэта “прадсядацель калхозу” дае яму кватэру і транспарт, частуе абедамі, а часам запрашае да сябе ў дом на пляшку гарэлкі і спавядаецца: Цяжка жывецца краснаму памешчыку.

Бо ўсё цяжэй кіраваць калгасам у часы ўсё больш глыбокага крызысу. Бо калгасныя ўлады, як і простыя калгасьнікі, перакананыя, што як распадзецца “калхоз”, то найбардзей людзі пацерпяць. На людзях адаб’ецца. Чалавеку аднаму цяжка. Аднаму горш, чым у калхозе. Чалавеку ў калхозе лепей.

Але здаецца, што пакуль прэзыдэнтам Беларусі будзе Аляксандар Лукашэнка, нічога калгасам не пагражае: он об людзёх стара се, жэбы жылі. Жэбы не Лукашэнка, то, ве паненка, тутай… і колхозы роспэндзілі б, і толку б не было, і земя не была б орана, і была б глодувка. А так калхозы і даюць, і пасеюць, вшыстко зроблена. На Літве няма калхозаў — і толку няма.

Мае назіраньні і разважаньні мелі прычыніцца да партрэту паляка-“калхозьніка”. І магчыма, што партрэт таго “калхозьніка” атрымаўся — але дзе тут партрэт паляка?

Напэўна, дзеля гэтага трэба адзначыць наступнае: па-першае, каталіцызм нашых суразмоўцаў (“польская вера”, неадрыўная ад польскай мовы ў малітве), факт запісу ў савецкіх пашпартах “нацыянальнасьць: паляк” (“пісацца палякам”), нарэшце, польская мова (няхай сабе з акцэнтам ды мноствам беларусізмаў ды саветызмаў!), у размове з госьцем-этнографам (хоць гэта не зусім адметная рыса, бо на Гарадзеншчыне амаль што ўсе жыхары старэйшага веку, у тым ліку і беларусы, добра памятаюць па-польску з даваеннай школы і войска). Але — што яшчэ?

Здаецца, “быць палякам” — гэта толькі малая частка ад “быць калгасьнікам”: па сутнасьці, у Беларусі мы сустракаем калгасьніка-паляка — а не наадварот! А яго сусед на тым памежжы — калгасьнік-беларус, а не наадварот… Адзін і другі — гэта перадусім тутэйшы чалавек і мужык, калгасьнік — і гэтыя рысы куды болей іх лучаць, чым розная вера дзеліць. І каталікі, і праваслаўныя на Гарадзеншчыне належаць да супольнасьці, якой прыходзіцца жыць на месцы пры каждай уладзе. Пры паляках, і пры немцах, і пры саветах. Оні вшыстко жывуць на месцы. Разам і палякі, і беларусы… й яны там памешаныя — і жывуць.

Дасьледчыкам часта здараецца пачуць у адказ на пытаньне пра адрозьненьні паміж каталікамі і праваслаўнымі, палякамі і беларусамі, такое: Не. Не! Тое самае. Такі самы калхоз, такое самае жыцьцё. Альбо: Цяпер зраўнялася… дужа ёсьць беларусаў і рускіх; ну то гаварым зь імі па-беларуску, бо мы так, як брат зь сястрой. Вот так і мы зь імі, з рускімі і беларусамі, вшыстке адзінакава жыем добжэ… Вшыстко пошло в едно.

Для польскіх дасьледчыкаў палякаў у Беларусі найважней, на мой погляд, не забываць пра тое, што большасьць тых палякаў — гэта калгасьнікі. А калі ўжо мы дасьледуем калгасьнікаў, то трэба ўсьвядоміць, што катэгорыя “калгасьнік” шырэйшая, чым “паляк” ці “беларус”, “каталік” ці “праваслаўны”, бо і “каталік-паляк”, і “праваслаўны-беларус” — усе калгасьнікі. Таму дасьледаваць ў вёсках на Гарадзеншчыне каталікоў, якія завуцца “палякамі”, у ізаляцыі ад праваслаўных, якія завуцца “рускімі” ці “беларусамі”, — гэта значыць вырываць прадмет досьледу з уласьцівага яму кантэксту, што ў выніку дае непазьбежныя надінтэрпрэтацыі ды толькі палову праўды.

Пераклаў з польскай
Алесь Чобат паводле Kultura, 3/636. — Парыж, 2000.

Друкуецца зь невялікімі скарачэньнямі. Запісы зробленыя ў калгасе імя Чапаева (Вавёрка, Лідзкі р-н), у калгасе ў Болцішках (Воранаўскі раён), у калгасе “Сьветлы шлях” у Начы (Воранаўскі раён), у саўгасе “Малое Мажэйкава” (Лідзкі раён), а таксама ў Мыце, Тарнове, Навіцках і Скрыбаўцах.

РАБОТА ДОБАВЛЕНА В АРХИВ: 14 СЕНТЯБРЯ 2001

Поиск по белорусским рефератам

Флаг Беларуси Поиск по крупнейшим коллекциям Беларуси: LIBRARY.BY, STUDENT.BY, BIBLIOTEKA.BY и прочие


Комментарии к работе:

Другой популярный контент:



 

МИНСКАЯ КОЛЛЕКЦИЯ РЕФЕРАТОВ ™ 1999-2011
Телефонная "горячая линия": +375 (29) 7777-***
Для жителей других стран: WWW.STUDENT.BY
Мы работаем с 10:00 до 20:00
 

HIT.BY на Youtube

Официальный канал на Ютуби проекта HIT.BY

Здесь собраны ТОЛЬКО видео хиты из Минска, Гомеля, Могилева, Бреста, Гродно и Витебска!

Ежедневные топ-видео из Беларуси

Любовь по-белорусски!

Проект KAHANNE.COM! Быстрые знакомства в Минске, Гомеле, Бресте, Могилеве, Витебске, Гродно! Только реальные люди. Мобильная версия. Около 112.000 анкет белорусов.

KAHANNE.COM

Что происходит? Скандалы и расследования


Минская коллекция рефератов (old version) - дочерний проект при библиотеки LIBRARY.BY, бесплатная и постоянно пополняемая пользователями коллекция белорусских рефератов, белорусских дипломных работ, белорусских курсовых работ, белорусских контрольных, белорусских докладов и белорусских эссе. Работает с 1999 года.