М Ы   П Р Е Д О С Т А В Л Я Е М   Т О Л Ь К О    К А Ч Е С Т В Е Н Н У Ю   И Н Ф О Р М А Ц И Ю

Минская коллекция рефератов (www.library.by/shpargalka) Основана в 1999 году

Телефон минского офиса: 8 (029) 777-57-90 (МТС)

ON/OFF:          

РЕФЕРАТЫ ЗДЕСЬ:

Белорусская история
Белорусская литература
Белорусский язык
Белорусская культура
Авиация
Астрономия
Автомобили
Английский язык
Архитектура
Биографии знаменитостей
Биология
Бухгалтерия и аудит
Военное дело
География
Дизайн
Иностранные языки
Интернет
Искусство
История
Компьютеры
Культурология
Лингвистика
Литература
Маркетинг и реклама
Математика
Медицина
Музыка
Немецкий язык
Образование и обучение
Политология
Право
Программирование
Психология
Разное
Религия
Сексология
Сельское хозяйство
Спорт
Технологии
Физика
Философия
Химия
Экология
Экономика
Начало
ПЛАТНЫЕ YСЛYГИ:

Заказать реферат\курсовую

"Шпаргалка" рекомендует...

ДЗЁННІК МІХАІЛА РОМЕРА ЯК КРЫНІЦА ПА ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ ПАЧАТКУ ХХІ СТ.

ИСТОЧНИК: СЛУЖБА ИНФОРМАЦИИ BELSONET

КАЧЕСТВО РАБОТЫ: 823%





Алесь Смалянчук

У бiблiятэцы Акадэмii Навук Лiтвы (БАНЛ) i ў бiблiятэцы Вiленскага унiверсiтэта захоўваюцца амаль сорак тамоў дзённiка Мiхала Ромера. Дзённiк ахоплiвае перыяд з 1911 да 1945 г. Гэтая вельмi цiкавая крынiца па гiсторыi Лiтвы, Польшчы i Беларусi, на жаль, пакуль застаецца па–за ўвагай большасцi беларускiх даследчыкаў.

Некалькi слоў пра асобу аўтара. Мiхал Ромер (1880–1945) — юрыст, публiцыст, навуковец, грамадскi i палiтычны дзеяч — цiкавая i неардынарная постаць у гiсторыi Лiтвы. У 1905–1906 г. ён быў адным з галоўных iдэолагаў дэмакратычнай плынi Краёвага руху. У той час гэты рух падтрымлiвала частка iнтэлiгенцыi i землеўладальнiкаў Лiтвы, у свядомасцi якiх пачуццё прыналежнасцi да польскай нацыi спалучалася з адчуваннем свайго беларускага або летувіскага паходжання i ўспрыманнем беларуска–лiтоўскага краю як Радзiмы i зямлi продкаў. Краёвая iдэалогiя грунтавалася на iдэі палiтычнай нацыi, г.з. на перакананнi, што ўсе карэнныя жыхары краю незалежна ад этнiчнай прыналежнасцi належаць да адзiнай нацыi (часам яе называлi нацыяй лiцвiнаў), бо з’яўляюцца грамадзянамi Лiтвы. *

Краёвая iдэя стварала падмурак для супрацоўнiцтва дзеячаў розных этнiчных рухаў. І краёўцы–дэмакраты — Мiхал Ромер, Вiтольд Абрамовiч, Бранiслаў Крыжаноўскi, Ян Пiлсудскi i iнш. — выдатна выкарыстоўвалi гэтую магчымасць. У адрозненнi ад кансерватыўнай плынi краёўцаў — Чэслаў Янкоўскi, Раман Скiрмунт (у перыяд 1905–1907 г.), Эдвард Вайнiловiч i iнш. — сацыяльны радыкалiзм беларускага, летувіскага i яўрэйскага рухаў iх не палохаў. Кантакты з дзеячамi беларускага руху, у якiх галоўную ролю выконваў якраз М. Ромер, узмацнiлiся ў перыяд 1911—1915 г.

У маi 1915 г. М. Ромер перайшоў лiнiю фронту, каб далучыцца да легiёнаў Юзафа Пiлсудскага. У гэты час менавiта з ідэяй незалежнай Польшчы ён звязваў надзею на самастойную будучыню Лiтоўскага краю, якi сам павiнен вызначыць характар адносiн з блiжэйшымi суседзямi, у т.л. i з Польшчай. Праз тры гады па даручэнні Ю. Пiлсудскага ён паехаў ў Коўна, каб наладзiць кантакты з палiтыкамi летувіскай дзяржавы. Сустрэчы ў Коўне пераканалi М. Ромера ў тым, што федэралiсцкая канцэпцыя Ю. Пiлсудскага не знойдзе падтрымкi сярод летувісаў.

У 1920 г. М. Ромер, якi захаваў вернасць iдэалогii краёўцаў–дэмакратаў, вярнуўся ў Вiльню. Ён асудзiў захоп Вiльнi войскамi генерала Люцыяна Жалiгоўскага. У знак пратэсту перабраўся ў Коўна. Далейшы свой лёс ён звязаў з летувіскай дзяржаўнасцю i развiццём летувіскай культуры. У 1922 г. М. Ромер быў зацверджаны прафесарам адмiнiстрацыйнага права Ковенскага унiверсiтэту. Пазней двойчы выбiраўся рэктарам.

У 1940 г. ён зноў вярнуўся ў Вiльню, каб узначалiць пераведзены сюды летувіскi унiверсiтэт. Па ягонай iнiцыятыве былi арганiзаваныя дыскусii з удзелам польскiх i летувіскiх дзеячаў дзеля дасягнення польска–летувіскага паразумення. У час нямецкай акупацыi Мiхал Ромер меў дачыненне да арганiзацыi тайнага навучання ў Вiльнi, падтрымлiваў сувязi з рухам супрацiўлення. Памёр 22 лютага 1945 г.

М. Ромер пакінуў пасля сябе досыць значную навуковую спадчыну. Варта адзначыць такія даследванні як, напрыклад, “Stosunki etnograficzno–kulturalne na Litwie” (Krakуw, 1906), “Litwa. Studium o odrodzeniu narodu litewskiego” (Lwуw, 1908), “Administracinis teismas” (Kaunas,1928), “Dabartines konstitucijos” (Kaunas,1932), “Sovietu naujoji 1936 metu konstytucija” (Kaunas,1938).

Асобнае месца ў спадчыне Міхала Ромера займае ягоны дзённік. Першы запiс у дзённiку быў зроблены 1 студзеня 1911 г. Звычайна кожнаму дню прысвячалася адна старонка. Аднак iншым разам для апiсання нейкай важнай падзеi месца не хапала, i М. Ромер працягваў аповед у наступныя днi. Такiм чынам, захавалася апiсанне амаль дванаццацi з паловай тысяч дзён з жыцця гэтага чалавека.

Доўгі час дзённік быў недаступны даследчыкам. Справа ў тым, што М. Ромер дазволіў карыстацца ім толькі праз 25 гадоў пасля яго смерці. Аўтарам першай публікацыі, прысвечанай гэтай гістарычнай крыніцы, быў Вінцас Марцінкенс. Ягоны артыкул быў змешчаны на старонках часопіса “Kulturos barai” ў 1976 г. Таксама трэба адзначыць публікацыю гісторыка з Варшавы Браніслава Макоўскага (“Michal Romer i jego dziennik”), надрукаваную ў кракаўскім “Czasie” (1989, №6). На пачатку 90–х г. дзённік стаўся аб’ектам інтэнсіўных даследаванняў летувіскіх і польскіх навукоўцаў.

Першыя 34 тамы дзённiка (ад 1.01.1911 да 20.05.1933) захоўваюцца ў аддзеле рукапiсаў БАНЛ (F 138). Астатнiя — у аддзеле рукапiсаў бiблiятэкi Вiленскага універсітэту.

Для беларускiх навукоўцаў асаблiвую цiкавасць уяўляюць першыя шэсць тамоў (да мая 1915 г.). Яны з’яўляюцца выключна важнай крыніцай па гісторыі літоўскіх краёўцаў, ствараюць магчымасць дэтальнага аналізу гісторыі польскага руху ў Літве і, у першую чаргу, яго дэмакратычнай плыні.

Запісы дзённіка ўтрымлiваюць iнфармацыю пра дзейнасць вiленскага беларускага кола, цэнтрам якога была рэдакцыя “Нашай Нiвы”. М. Ромер даволi блiзка ведаў братоў Луцкевiчаў i Аляксандра Уласава. (Некаторыя старонкі дзённіка выклікаюць жаданне ўжыць слова “сябраваў”.) Ён неаднаразова сустракаўся з Іванам Краскоўскiм, Вацлавам Ластоўскiм i Вацлавам Іваноўскiм. Сярод ягоных знаёмых быў Янка Купала i некаторыя iншыя дзеячы беларускага руху.

Што ж сабой уяўляла пазiцыя аўтара? Якiм быў той пункт погляду, зыходзячы з якога М. Ромер выказваў свае адносiны да падзеяў i асобаў беларускай, летувіскай i польскай гiсторыi?

У дачыненнi да перыяду 1911–1915 г. крэда Мiхала Ромера як краёўца–дэмакрата заставалася нязменным. Ён зыходзiў з iснавання адзiнага краёвага грамадства, незалежнага ад этнiчнай свядомасці таго або іншага “грамадзяніна краю”. У грамадска–палiтычнай дзейнасцi iмкнуўся да пабудовы “адзiнага грамадскага будынку, а не шэрагу этнiчных хатаў”. (t.2, s.89. Запiс ад 13 /26/.11.1911). Якраз таму намаганнi дзеячаў асобных этнiчных рухаў па стварэнні лепшых палiтычных i культурных умоваў для развiцця ўласнага этнасу ён расцэньваў як праявы этнiчнага шавiнiзму (па тэрмiналогii М. Ромера — “нацыяналiзму”) i нязменна асуджаў. Падмуркам “адзiнага краёвага будынку” для аўтара дзённiка быў дэмакратычны лад жыцця. Ромер лічыў, што толькі ў гэтым выпадку будуць створаны адпаведныя ўмовы для ажыццяўлення патрабаванняў кожнага этнаса краю.

М.Ромер і ягоныя аднадумцы адназначна ставілі на пярэдні план інтарэсы “вырабляючых класаў” (“klas wytwarzаjacych”). Яны былі ўпэўненыя, што задавальненне сацыяльных, эканамічных і культурных патрабаванняў сялян, рабочых, рамеснікаў, інтэлігенцыі з’яўляецца неабходнай умовай далейшага грамадскага прагрэсу. У адрозненні ад дактрыны лібералізму яны лічылі неабходным актыўны ўдзел у гэтым працэсе дзяржавы як заканадаўчага і кантралюючага органа. У першую чаргу гэта адносілася да вырашэння аграрнай праблемы. (Gazeta Wileсska. 1906, №1)

Погляды краёўцаў–дэмакратаў на праблемы сацыяльнага і эканамічнага жыцця набліжаліся да праграмы ППС. Зусім невыпадкова некаторыя з іх (Аляксандр Заштаўт, Вітальд Абрамовіч і інш.) удзельнічалі ў сацыялістычным руху.

Пад “адзіным краёвым будынкам” у 1911–1915 г. разумелася існаванне самастойнай Літоўскай дзяржавы, якая б працягвала традыцыі Вялікага Княства Літоўскага. Праблема уніі з Польшчай абвяшчалася прэрагатывай Сейма ў Вільні, скліканага на падставе ўсеагульнага, роўнага і простага выбарчага права.

У разважаннях пра сутнасць краёвай пазіцыі М.Ромера цяжка стрымацца ад заўвагi наконт пэўнага рамантызму гэтай пазіцыі. Працэсы культурнага Адраджэння прыгнечаных царызмам народаў Лiтвы набылi амаль незваротны характар. “Тутэйшыя” станавiлiся не краёўцамi, а палякамi, летувісамі, рускімі або беларусамi.

Якiя ж сюжэты дзённiка заслугоўваюць асаблiвай увагi даследчыкаў беларускай гiсторыi?

Адразу варта адзначыць запiсы, прысвечаныя спатканням М. Ромера з беларускiмi дзеячамi. Гэтыя сустрэчы насiлi як дзелавы, так i сяброўскi характар. М. Ромер любiў наведваць рэдакцыю “Нашай Нiвы”, атмасфера якой яму вельмi падабалася. На старонках дзённiка ён, у прыватнасцi, адзначаў адданасць беларусаў “сваёй справе, якая ўспрымаецца iмi не як механiчная работа або прафесiйны абавязак, а як жывая творчасць, як найбольш поўнае праяўленне iх жыцця, iх энергii, iх волi.” (t.1, s.38. Запiс ад 7/20/.02.1911. Гл. дадатак). Аўтарскiя характарыстыкi i заўвагi, якiя датычаць многiх славутых беларускiх палiтыкаў i дзеячаў культуры, ствараюць магчымасць глыбокага асэнсавання iх пазiцый па самых розных аспектах грамадска–палiтычнага i культурна–рэлiгiйнага жыцця ў краi. Цiкавасць выклiкаюць i некаторыя агульныя разважаннi аўтара дзённiка пра беларусаў i Беларусь. (Гл. дадатак).

Цалкам новы для беларускай гiстарыяграфii факталагiчны матэрыял утрымлiваюць запiсы, у якiх адлюстравалiся кантакты памiж дзеячамi дэмакратычных плыняў польскага, беларускага, літоўскага i яўрэйскага рухаў i прадстаўнiкамi расійскай дэмакратычнай грамадскасцi.

У першую чаргу, гэта датычыць выдавецкай дзейнасцi. У маi 1911 г., як адзначыў М.Ромер, упершыню была выказаная iдэя арганiзацыi мiжэтнiчнага дэмакратычнага выдання ў Вiльнi. Спачатку гэта павiнна была быць так званая “аднадзёнка” (“jednodniowka”), г.зн. аднаразовае сумеснае выданне. Пазней размовы пайшлi пра штотыднёвiк або штодзённае выданне. Аднак спробы рэалiзацыi гэтай iдэi выявiлi непадрыхтаванасць дэмакратаў да такога цеснага супрацоўнiцтва. Мiхала Ромера асаблiва ўсхваляваў недавер часткi польскiх дэмакратаў да беларусаў. Урэшце, як сведчаць запiсы дзённіка, менавiта беларусы ўзялi iнiцыятыву ў свае рукi. У другой палове 1912 г. Антонам Луцкевiчам быў распрацаваны план цэнтралiзацыi краёвага дэмакратычнага друку. Сам А.Луцкевiч i пачаў яго рэалiзацыю.

У вынiку да беларускага дэмакратычнага друку (“Наша Нiва” i “Саха”) далучылiся штодзённыя рускамоўная “Вечерняя газета” ** (з верасня) і польскамоўны “Kurier Krajowy” *** (з лiстапада). Яны таксама выдавалiся беларусамi. Антон Луцкевiч iнкогнiта кiраваў “Вечерней газетой”. Гэта, дарэчы, пацвярджаюць матэрыялы Дэпартамента палiцыi, агенты якога ўстанавiлi iмя сапраўднага рэдактара газеты. (ДАРФ. Ф.102, асобны аддзел, 1913, в.243, ад.з. 157, a.1,8) і матэрыялы фонда імя музея Івана Луцкевіча, якія захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве–музеі літаратуры і мастацтва (БДАМЛіМ. Ф.3, в.1, ад.з.260, а.9).

Адначасова Антон Луцкевiч актыўна ўдзельнiчаў, а часам фактычна кiраваў выданнем “Кур’ера краёвага”. М. Ромер быў у курсе ўсiх справаў гэтай газеты, бо меў непасрэднае дачыненне да яе з’яўлення, а з сакавiка 1913 г. увайшоў у склад яе рэдакцыi.

Артыкулы Антона Луцкевiча ў гэтых выданнях друкаваліся або без подпiсу, або пад псеўданiмамі цi крыптанiмамi. Аднак параўнальны аналiз матэрыялаў дзённiка М. Ромера, публiкацый “Вечерней газеты” i “Кур’ера краёвага” дазваляе раскрыць аўтарства Антона Луцкевiча i пашырыць базу крынiц па гiсторыi беларускага Адраджэння рускамоўнай i польскамоўнай спадчынай беларускага дзеяча. Варта адзначыць, што ў гэтых публiкацыях А. Луцкевiч выступаў як краёвец–дэмакрат, якi, аднак, трактаваў краёвасць на карысць беларускага народа. “Беларускi ўхiл” краёвасцi А.Луцкевiча можа быць тэмай асобнага даследавання.

Увагу беларускiх даследчыкаў павiнен прыцягнуць i “масонскi сюжэт”. Справа ў тым, што кантакты памiж польскiмi, беларускiмi, летувіскiмi, яўрэйскiмi i рускiмі дэмакратамi Вiленшчыны адбывалiся i на пасяджэннях вiленскiх масонскiх ложаў. Як сведчаць запiсы дзённiка, Іван Луцкевiч i Іван Краскоўскi ўваходзiлi ў склад ложы “Адзiнства” (“Jednoъг”), заснаванай у 1910 г., Антон Луцкевiч i Вацлаў Ластоўскi — у склад ложы “Лiтва”, заснаванай у 1911 г. Пасля афармлення ў 1914 г. ложы “Беларусь” А. Луцкевiч i І. Краскоўскi перайшлi ў яе склад (t.4, s.404. Запiс ад 4.(17).03.1915).

Сам М. Ромер быў прыняты ў ложу “Адзiнства” ў сакавiку 1911 г. У канцы гэтага ж года ён узначалiў ложу “Лiтва”.

Вiленскiя масонскiя ложы былi аддзяленнямi “Вялiкага Усхода Францыi” (з 1913 г.(?) “Вялiкага Усхода Народаў Расii”) — арганiзацыi, у якую ўваходзіла шмат вядомых палiтычных дзеячаў Расii, пераважна лiберальна–дэмакратычнага кiрунку. Паведамленнi пра сходы “братоў” змешчаныя ў дзённiку ў зашыфраваным выглядзе. Тым не менш яны дазваляюць зразумець этнiчны i колькасны склад чарговага масонскага пасяджэння. Таямнiцу вiленскiх масонаў М. Ромер раскрыў у т.4. (Пазней звярнуўся да яе ў т.17 i 28.) Раскрыццё таямнiцы было звязана з тым, што ў гэты час М. Ромер прыняў рашэнне аб пераходзе лiнii фронту. Усведамляючы ўсю небяспеку “падарожжа”, ён і вырашыў расказаць пра iдэалогiю вiленскiх масонаў i гiсторыю стварэння ложаў. М.Ромер аспрэчваў успрыманне масонаў як тайнай арганiзацыi, накiраванай супраць агульначалавечых каштоўнасцяў. Ён сцвярджаў, што “браты” вiленскiх ложаў iмкнулiся да “братэрства, любовi i вольнасцi чалавечага духу”. Іх мэтай было ператварэнне гэтых прывабных лозунгаў у “рэальнасць сумлення, дзеянняў i адносiнаў у чалавечым сужыццi” (t.4,s.403.Запiс ад 3.(16).03.1915).

“Масонскiя матэрыялы”, успрынятыя як у кантэксце ўсяго дзённiка, так і ў кантэксце грамадска–палiтычнай i культурнай дзейнасцi, спамянутых у запiсах “вiленскiх братоў”, абвяргаюць распаўсюджанае ў масавай свядомасці негатыўнае ўспрыманне масонаў. Форма масонскай арганiзацыi давала магчымасць ва ўмовах палiтычнага i грамадскага бяспраўя змагацца за перабудову расiйскай дзяржавы на прынцыпах дэмакратыi i гуманiзма.

Дзённiк пазнаёмiць беларускiх даследчыкаў з фактамi прапаганды iдэалогii беларускага руху i краёвасцi (у беларускiм разуменнi), якая актыўна вялася ў Вiльнi беларусамi “нашанiўскага кола”.

Увагу гiсторыкаў прыцягнуць спробы паразумення i каардынацыi дзейнасцi дэмакратычных элементаў усiх этнiчных рухаў напярэдаднi выбараў у IV Дзяржаўную думу ў Вiльнi. Дарэчы, самую актыўную ролю ў пошуках паразумення выконваў А. Уласаў.

Дзённiк дазваляе ўзняць праблему кантактаў дзеячаў “нашанiўскага кола” з Канстытуцыйна–дэмакратычнай партыяй “Народнай свабоды”.

Абмеркаванне будучынi Літвы выклiкала пэўны крызiс у беларуска–летувіскіх адносiнах. Запiсы дзённiка адлюстравалi сутыкненне летувіскай канцэпцыi аўтаномii “этнаграфiчнай Летувы” з далучанымi да яе каталiцкiмi рэгiёнамi Вiленшчыны i Гродзеншчыны i са сталiцай у Вiльнi і беларускай канцэпцыі аўтаномii “гiстарычнай Лiтвы”. Беларусы лiчылi Вiльню сталiцай усяго краю, а летувіскія прэтэнзii на Гродзеншчыну i Вiленшчыну расцэньвалi як захопнiцкiя. Дарэчы, дзённiк стварае магчымасць аналiзу адносiнаў розных колаў польскай i летувіскай грамадскасцi да беларускага культурнага i палiтычнага руху.

Далучэнне дзённiка Мiхала Ромера да ліку асноўных гiстарычных крынiц беларускай гісторыі павiнна значна ўзбагацiць нашае разуменне працэсаў беларускага Адраджэння пачатку ХХ ст.

***

“<...> Увечары пару гадзін правёў сярод беларусаў, у рэдакцыі “Нашай Нівы”. Кола супрацоўнікаў “Нашай Нівы” для мяне з’яўляецца адным з самых прывабных і сімпатычных у Вільні. Ёсць у іх вялікая шчырасць волі, моцная адданасць справе, якая ўспрымаецца імі не як механічная работа або прафесійны абавязак, а як жывая творчасць, як найбольш поўная праява іх жыцця, іх энергіі, іх волі. Яны цалкам паглыблены ў сваю справу, толькі ёй і жывуць. Кожны з іх — адметная асоба, кожны мае выразную і непаўторную індывідуальнасць. Пэўная шаблоннасць думак і дзеянняў, якую часта нараджае калектыўная праца, у беларусаў цалкам адсутнічае. Яркая індывідуальнасць кожнага з іх тлумачыцца шчырымі, сумленнымі адносінамі да справы. Пры энергічнай дзейнасці індывідуальнасць не нівелюецца паводле пэўнага шаблону, а развіваецца, набывае выразныя контуры, што спрыяе найбольш поўнаму выяўленню асобы.” (t.1,s.38. Запiс ад 7.(20).02.1911.).

“<...> У гэтым краi, у Белай Русi, дзiўна перамяшалiся Усход i Захад. Гэта адбiлася на пачуццёвым успрыманнi народа i знайшло свой выраз у характары мясцовай культуры. Белая Русь — гэта край памежжа Заходняй Еўропы i Вiзантыйскага Свету. Гэтыя два цывiлiзацыйныя тыпы, дзве гiстарычныя культуры, супрацьлеглыя як два полюсы, на гэтай зямлi ў душы народа iснуюць у поўнай згодзе.

Цывiлiзацыйны падзел найбольш выразна адчуваецца ў рэлiгii — ва ўсходнiм праваслаўi i заходнiм каталiцызме. Абодва веравызнанні iснуюць побач, а народная маса, не звяртаючы ўвагi на рэлiгiйную прыналежнасць асобы, аднолькава прымае i адну i другую. Святы i iншыя ўрачыстасцi праваслаўнай царквы збiраюць у пэўныя днi i ў пэўных месцах усё насельнiцтва. Збiраюцца праваслаўныя i каталiкi, у тым ліку засцянковая, акалiчная i фальварачная дробная шляхта. Тое самае адбываецца i на каталiцкiя святы, якiя прываблiваюць праваслаўнае насельнiцтва нават з далёкiх вёсак. Тым самым людзi захоўваюць традыцыi i iнстынктыўна дэманструюць адзiнства культуры i веры, фармальна падзеленай на два светы, на два веравызнаннi.

У гэтых несвядомых праявах хаваецца сэнс гiстарычнай ролi Беларусi, доўжыцца жыццё старажытнай царкоўнай i культурнай Унii, якая нарадзiлася на гэтай зямлi i, насуперак скасаванню, працягвае жыць. Перамена праваслаўнага веравызнання на каталiцкае i наадварот адбываецца тут без якойсьцi глыбокай духоўнай i культурнай перамены ў жыццi асобы. Народнае асяроддзе, як сялянскае, так i дробнашляхецкае, прасякнута i насычана аднолькава ўсходнiм i заходнiм пачаткамi, якiя маюць роўныя правы грамадзянства i пароўну прысутнiчаюць у псiхiцы народа.” (t.3, s.315. Запiс ад 8.(21).11.1913 г.)

Пераклад з польскай мовы А. Смалянчука

  * Лiтва разумелася як гiсторыка–культурны феномен i ўключала ўсе тэрыторыi i народы былога Вялiкага Княства Лiтоўскага. У гэтым самым сэнсе назву ўжывае і аўтар артыкула.

 ** “Вечерняя газета” — штодзённая газета на рускай мове. Выдавалася з 18.09.(1.10)1912 г. да 11(24).06.1915 г. Назва №1,2 — “Вечерняя газета–копейка”. Афіцыйны рэдактар–выдавец — Ф.М.Хатэнка. Пазней — Н.В.Сперанская.

 *** “Kurier Krajowy” — штодзённая газета на польскай мове. Выдавалася з 30.11.(12.12)1912 г. да 18.04.(1.05)1914 г. Афіцыйны рэдактар–выдавец — Юліуш Сумарок. Пазней — Алена Юрэвічова, Стэфан Піатровіч.

РАБОТА ДОБАВЛЕНА В КОЛЛЕКЦИЮ: 13 СЕНТЯБРЯ 2001

Поиск по белорусским рефератам

Флаг Беларуси Поиск по крупнейшим коллекциям Беларуси: LIBRARY.BY, STUDENT.BY, BIBLIOTEKA.BY и прочие


Комментарии к работе:

Другой популярный контент:



 

МИНСКАЯ КОЛЛЕКЦИЯ РЕФЕРАТОВ ™ 1999-2011
Телефонная "горячая линия": +375 (29) 7777-***
Для жителей других стран: WWW.STUDENT.BY
Мы работаем с 10:00 до 20:00
 

HIT.BY на Youtube

Официальный канал на Ютуби проекта HIT.BY

Здесь собраны ТОЛЬКО видео хиты из Минска, Гомеля, Могилева, Бреста, Гродно и Витебска!

Ежедневные топ-видео из Беларуси

Любовь по-белорусски!

Проект KAHANNE.COM! Быстрые знакомства в Минске, Гомеле, Бресте, Могилеве, Витебске, Гродно! Только реальные люди. Мобильная версия. Около 112.000 анкет белорусов.

KAHANNE.COM

Что происходит? Скандалы и расследования


Минская коллекция рефератов (old version) - дочерний проект при библиотеки LIBRARY.BY, бесплатная и постоянно пополняемая пользователями коллекция белорусских рефератов, белорусских дипломных работ, белорусских курсовых работ, белорусских контрольных, белорусских докладов и белорусских эссе. Работает с 1999 года.