LIBRARY.BY → СКАЗКИ, ДЕТСКАЯ ЛИТЕРАТУРА → Папараць-кветка → Версия для печати
Дата публикации: 16 августа 2015
Автор: Таццяна Дамаронак
Публикатор: Татьяна Домаренок-Кудрявцева (номер депонирования: BY-1439739039)
Рубрика: СКАЗКИ, ДЕТСКАЯ ЛИТЕРАТУРА
У краі зялёных дуброў і шырокіх палёў па старажытнай зямлі славян: рускіх, беларусаў, украінцаў шмат стагоддзяў падрад павольна і велічна цячэ паўнаводны Днепр.
Той, хто хоць раз у жыцці змог пабываць на яго беразе, ужо ніколі не забудзе гэтую казачную прыгажосць. Высокія берагі ракі скрозь пакрыты зараснікамі дрэў і хмызняка. Разгалістыя вербы і таполі ля самай вады – аблюбаванае месца для шпацыраў у закаханых. Маладыя прыходзяць да ракі і падоўгу сядзяць у цені дрэў, саграваючыся ад абдымак і пацалункаў, дорачы рацэ ўсмешкі і гарачае святло сваіх вачэй.
Кожны год у дні летняга сонцастаяння перад святам Івана Купалы Днепр імкнецца мацней насычыцца крышталёва чыстай ключавой вадой са сваіх падземных крыніц. Людзі ведаюць, што ў самыя доўгія дні года вада, агонь і зямля валодаюць велізарнай сілай. У гэты час сонца аддае зямлі вельмі многа свайго цяпла і святла, а матухна-зямля, увабраўшы ў сябе гэтую цудатворную сілу, дорыць яе раслінам. У дзень Івана Купалы ўсе лугавыя і лясныя травы становяцца гаючымі. Раніцай дзяўчыны ідуць у лясы і на лугі, каб сабраць іх і ўмыцца чыстай ранішняй расой.
Калісьці тут, на высокім маляўнічым беразе Дняпра ў маленькай хатцы жыла-пажывала слаўная і вельмі прыгожая дзяўчына Вольга. У тую знамянальную раніцу на Івана Купалу як толькі першыя прамяні гарачага ліпеньскага сонца дакрануліся да верхавін прыбярэжных верб і таполяў, яна пайшла ў лес за гаючай травой. Выйдучы на палянку, Вольга сабрала ў далонькі маленькія бліскучыя расінкі і памылася імі. Дзяўчына ведала, што па народным павер'і, ранішняя купальская раса робіць твар свяжэй і прыгажэй.
Як добра ў гэтую раніцу было ў лесе! Вольгута даволі часта прыходзіла сюды і вывучыла ўсе лясныя расліны. У лесе было шмат розных кветак і травы, але самай любай кветкай для дзяўчыны заўсёды заставалася толькі далікатная і пахкая начная фіялка.
Неўзабаве кошык дзяўчыны напоўніўся гаючай травой, і Вольгута пайшла дадому. А там яе ўжо чакаў Iванька. Гэты малады чалавек даўно заляцаўся да дзяўчыны, ён кахаў яе горача і пяшчотна, але ніяк не мог прызнацца у гэтым. Як прыемна было ўбачыць сваю прыгажуню з поўным кошыкам пахкай лясной травы і кветак!
Увечары маладыя пайшлі да Дняпра, каб пакупацца. На беразе ракі сабралася шмат дзяўчын і хлопцаў. Хтосьці купаўся, хтосьці пускаў па вадзе вянкі, хтосьці спяваў песні ці смяяўся, скачучы праз вогнішчы, запаленыя тутака на беразе. Столькі шуму, весялосці і радасці падарыла усім гэта свята!
Існуе павер'е, што вада і агонь у Купальскую ноч здымаюць з людзей усю нечысць, усе хваробы, даюць сілу. Вось і Вольга з Iванькай, выкупаўшыся ў Дняпроўскай вадзе, адразу ж адчулі прыліў бадзёрасці.
– Вольгута! Давай сходзім ў лес. Можа, нам пашанцуе, і мы знойдзем папараць-кветку! – прапанаваў хлопец.
– А што, можа і знойдзем! – пагадзілася дзяўчына.
Узяўшыся за рукі, маладыя пайшлі па сцяжынцы да лесу, туды, за пагорак. Вядома, страшнавата было ісці ў цемру за паўгадзіну да поўначы. Але ў іх руках быў запалены факел, а з ім няма чаго баяцца. Калі што, агонь абароніць ад злых сіл, ад усялякіх там ведзьмаў і лесуноў. Iванька хутка знайшоў куст папараці. Роўна апоўначы неба азарылася выбліскам агню, а з папараці паказаўся пунсовы агонь, падобны на кветку. Кветка хутка расла і паднімалася да неба. Але праз імгненне агонь раптам растаў у ночы, быццам ніколі і не быў тут.
– Які цуд! – здзівіліся маладыя.
Ім было шкада, што агністая кветка так хутка знікла, але яны разумелі, што справа тут не абыйшлася без злых сіл. Кветка валодала магічнай сілай, і д'ябал не захацеў аддаваць яе ў рукі чалавеку. Але ўсё адно, цяпер маладыя ведалі, якая яна, гэтая чароўная папараць-кветка.
Iванька з Вольгай вырашылі нікому не распавядаць пра ўбачаны імі цуд, бо ўсё адно не павераць. А ў саміх яшчэ доўга перад вачамі стаяла выява чароўнай агністай кветкі, якая роўна апоўначы вырасла з сярэдзіны папараці. Усё гэта было такім незвычайным і загадкавым!
Па дарозе дадому Вольга сказала:
– Ведаеш, Iванька, не шкадуй, што мы не сарвалі папараць-кветку. Падумай! Навошта нам патрэбна гэтая падманлівая кветка? Для мяне няма лепш белай начной фіялкі. Яна такая пахкая і прыгожая, таму што жывая. А гэтая кветка не пахне. І нам не патрэбна яе чароўная сіла. Мы самі моцныя і зможам дасягнуць усяго, чаго толькі захочам.
Калі ўранку маладыя вярнуліся ў сваю хату,у руках дзяўчыны красаваўся букецік з кветак яе любай фіялкі, якую ў гэтую ноч адшукаў для яе каханы.
З той пары Вольга з Іванам ужо ніколі не раставаліся. Яны пражылі доўгае і шчаслівае жыццё. І зараз, калі хто-небудзь пытае ў іх, у чым прычына іх шчаслівага сямейнага жыцця, яны ўсё яшчэ сціпла адмоўчваюцца і ніколі не распавядаюць пра сваю дзіўную сустрэчу з чароўнай кветкай папараці.
– Сакрэт нашага шчасця, – кажа Іван, – у маленькай белай начной фіялцы. Мая жонка вельмі любіць яе пах, ды і сама яна для мяне як самая выдатная кветка!
Вось так і жывуць усё жыццё ў каханні і згодзе гэтыя добрыя людзі. І хто ведае, можа такое моцнае каханне і адданасць ім падарыла калісьці тая самая чароўная папараць-кветка, што расцвіла толькі на адно імгненне ў кароткую купальскую ноч.
Опубликовано 16 августа 2015 года