Пустэльнік

Белорусский САМИЗДАТ: книги, рассказы, фельетоны и пр.

NEW САМИЗДАТ: ПРОЗА


САМИЗДАТ: ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

САМИЗДАТ: ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Пустэльнік. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Автор(ы):
Публикатор:

Опубликовано в библиотеке: 2018-01-10

 

Пустэльнік

(навела)

 

Падязджаючы да канечнага прыпынку, Мікалай Іванавіч пачаў крыху хвалявацца. Як ні ёсць, а гэтыя мясціны ён не зведваў ужо многія дзесяцігоддзі. За гэты час ужо вырасла не адно пакаленне моладзі, здавалася б зусім не падобнае на яго пакаленне людей, якія перанеслі на сваіх гаротных плячах і гэтую страшэнную вайну, і цяжкія пасляваенныя гады, калі людзі жылі ў вялікай нястачы, пухлі ад голаду, не мелі амаль на сабе аніякай вопраткі, хадзілі ў саматканых кашулях і штоніках. Хіба мог хто-небудзь з іх тады на сваіх палатняных штоніках парабіць на каленях такія дзіркі, як у гэтага юнака, які сядзіць у аўтобусе з ім побач, заткнуўшы вушы гумкамі, каб слухаць музыку. Ён яшчэ раз зірнуў на абскубаныя штонікі юнака і накіраваўся да выхаду, бо аўтобус далей не ішоў.

Далей нацянькі пакрочыў ён у бок сваёй вёскі. Успамінаў, як у пасляваенныя гады ён гэтаю дарогаю штодня зімой і летам хадзіў за сем вёрст у гэтую вялікую вёску, школу-дзесяцігодку, бо ў яго вёсцы была толькі сямігодка. Успамінаў, як у халодную зімовую сцюжу туліў ён сваё змерзлае цела ў старэнькі ватнік, дыхаў на сваю адзіную кашулю, каб хоць крыху сагрэцца, заўсёды супакоіваў свой асабісты галодны страўнік, каб хоць крыху перастаў будчэць, асабліва на школьных занятках. Успомніў юнака з аўтобуса, які знарок для форсу на каленях парэзаў свае джынсы, цяжка ўздыхнуў…

Прайшоўшы невялічкую адлегласць, ён спусціўся ў прашлагоднюю зялёную лагчыну, дзе пачуў адразу спевы салаўёў. Не чуў ён іх спеваў вось ужо многія дзесяцігоддзі, бо пасля службы на караблях Чарнаморскага флоту — дзе салаўёў не было — адразу ж уладкаваўся радыётэлеграфістам на кітабойную флатылію “Слава”. Караблі кітабойнай флатыліі знікалі ў моры і акіяны на доўгія месяцы года. Не было магчымасці яму нават быць і на пахаванні маці, бо знаходзіліся тады яны амаль ля Мексікі. І толькі праз тры месяцы пасля пахавання маці ўдалося яму наведаць яе магілку, падзякаваць суседзяў, якія ўзялі ўвесь гэты клопат на сябе, бо з радні ў іх з маці нікога не было — у часы вайны карнікі знішчылі ўсіх, а бацька з вайны не вярнуўся.

Ішоў ён гэтаю ж дарогаю ў такі ж час, як і сёння, але ж тады не чуў ён салаўіных пошчыкаў, не заўважаў усяго таго, што акружала яго наўкола. Успамінаў цётку Марусю і яе рыжавалосую дачку Алёнку, якія ў асноўным і займаліся пахаваннем маці. Тады Мікалай і заначаваў у іх, уладкаваўся спаць на сенавале, куды ноччу заглянула да яго і Алёна, пракралася па драбіне ціхенька, бы тая мышка…

А салаўі заліваліся, будзілі ўсё наўкола. Спачатку Мікалай лавіў кожны гук салаўінай песні, услухоўваўся ў яе пераходы і пералівы, вылучаючы ўсялякі новы нечаканы паварот многа разоў чутай мелодыі. А затым аднекуль з’яўлялася цішыня. Яна засланяла сабою і саму песню, і думкі пра яе, спахопліваўся, зноў спрабаваў услухоўвацца ў пошчак, аднак неўзабаве нанава паглыбляўся ў свой роздум, атрымліваючы ад усяго гэтага асалоду і спакой. Іншы раз думкі разбягаліся і нельга было засяродзіцца сярод салаўіных трэляў на самым галоўным, чаму ён стаіць, а не крочыць далей.

Ужо не звяртаючы больш увагі на салаўіныя трэлі, пакрочыў ён далей у напрамку вёскі.

Яго малая радзіма паказалася адразу ж за пагоркам. Не дайшоўшы да яе, заўважыў утаптаную ў жыце сцежку, якая была нацянькі да вясковых могілак. І ён пакрочыў па ёй.

Жыта ўжо крыху шчацінілася вусікамі ўгару. У гушчары яго сям-там праглядвалі рамонкі, стракацелі дружнай сям’ёю васількі, якія таксама імкнуліся дастаць да каласкоў. Трапляліся бярозкі з грамафоннымі трубамі белых і злёгку ружовых кветак, кволае плеціва вікі з дробненькімі ружовымі кветкамі, а, гледзячы на сонечна-хлебнае бязмежжа зверху, Мікалай уяўляў сабе марскую далячынь, на якую больш чым трэба наглядзеўся ён за ўсё сваё жыццё…

На могілках адшукаў ён магілку маці, згроб з яе смецце, палажыў ля крыжыка палявыя кветкі, задумаўся. Перад вачыма паўстала яна, яго маці, такая маленькая, з зусім невыразным тварам, з якога сыходзіла нейкая зусім няўдалая ўсмешка радасці, штосьці імкнулася яна яму сказаць, штосьці паведаміць, можа нават і папракнуць, але ў яе нічога гэтага не атрымалася — і яна знікла.

А ён схамянуўся, хацеў штосьці сказаць у сваё апраўданне, але і ў яго таксама нічога не атрымалася…

Ён крыху супакоіўся, паглядзеў на могілкі, звёў позірк на жалезныя пруты, за якімі заўважыў нейкую бабульку, якая стаяла на каленях і, нічога, нікога не бачачы, не чуючы, уся была занятая сваёю справаю — малілася. Ён падышоў бліжэй, прыпыніўся, падумаў: можа не палохаць яе, не ўмешвацца ў яе малітвенную справу? Але як жа і адысці, не зведаўшы, хто гэта?

Ступіўшы крыху наперад, ён — з-пад вострых жалезных прутоў — заглянуў на шырокія плечы помніка-стэлы, прачытаў на ім прозвішча двух зусім яшчэ маладых людзей — пэўна, мужа і жонкі — паціху прывітаўся.

Яна зірнула ў яго бок, прыгледзелася, заўважыла даўно няголены твар, спаласаваны маршчынамі ўздоўж і ўпоперак, паціху вымавіла:

А я не ведаю, хто Вы?

Мікалай назваўся — і хто ён, і чый.

А, гэта ты… — яна назвала яго так, як звалі яго ў маленстве. — Тады здрастуй! Наведаў магілку маці праз столькі гадоў? Хоць бы агароджу ды помнік ёй паставіў… Але ж калі ўжо і прыйшоў сюды, дык адначасова адведай і магілку свайго сыночка Міколку, якога назвала я тваім імям, і ягоную жонку Настульку, якія так і не дачакаліся цябе, каб пабачыць…

Мікалай яшчэ раз прыгледзеўся да фотаздымкаў на помніку, у юнаку, які быў у дэсантнай вопратцы, пазнаў аблічча твару свайго юнацтва, цяжка ўздыхнуў.

Служыў ён у Аўганістане, — працягвала свой аповед бабулька, у якой ён беспамылкова пазнаў тую рыжавалосую Алёнку, з-пад хусцінкі якой бялелі звіслыя пасмы, — вярнуўся адтуль увесь паранены, доўга хварэў. Крыху пазней ажаніўся на мясцовай дзяўчынцы, але пражыць ім доўга разам не давялося — загінулі ў аўтамабільнай катастрофе…

Яна скінула на жвір з твару некалькі маленькіх слязінак, неяк дзіўна паглядзела ў ягоны бок, адвярнулася і працягвала сядзець ля помніка-стэлы. А ён быццам бы зусім аслупянеў, лыпаў вачыма, штосьці моцна ціснула яго сярэдзіну, перахоплівала дыханне, мутнела ўвоччу. Але ж думкі адна за другою лезлі ў ягоную галаву, дакараў сябе, што на доўгія дзесяцігоддзі поўнасцю згубіў сувязь з малой радзімай, з родным Палессем, дзе прайшло яго басаногае дзяцінства, не меў сувязі і нічога не ведаў, што расце ягоны сын, чакае яго, шмат пакутваў у Аўгане, вярнуўся параненым, ажаніўся і, вядома, — спадзяваўся на сустрэчу з ім…

З вышыні пражытых гадоў неспадзявана на яго у гэты сонечны дзень дыхнула адліжнай зімой, пранізалі ягонае цела марозныя сцюдзёныя іголкі, пацямнела ўваччу. Апамятаўся, заўважыў, як ужо далёка ад мясцовых могілак постаць бабулькі, а разам з гэтым аддзялялася ад яго і само жыццё, якое так непрыкметна праляцела побач з крыклівымі марскімі чайкамі зусім незаўважаным, бессэнсоўным, як у таго пустэльніка.

Анатоль КАШЭВІЧ,

в. Чырвонабярэжжа.

 


Новые статьи на library.by:
САМИЗДАТ: ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Пустэльнік

© Анатолий Кашевич ()

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

САМИЗДАТ: ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.