Легендарны танк

Белорусский САМИЗДАТ: книги, рассказы, фельетоны и пр.

NEW САМИЗДАТ: ПРОЗА


САМИЗДАТ: ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

САМИЗДАТ: ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Легендарны танк. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Автор(ы):
Публикатор:

Опубликовано в библиотеке: 2017-07-15

- Заўтра 9 Траўня – Дзень Перамогі!" – думаў легендарны танк Т-34 часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Ён стаяў на высокім пастаменце каля Цэнтральнага Дома афіцэраў у горадзе Мінску.  На яго вежы свяцілася зорачка і нумар Л-145. У памяць пра мужных танкістаў, якія кіравалі баявой машынай у дзень вызвалення Мінска, 3 ліпеня 1944 года, хтосьці пад танкам напісаў такія словы:

"Доблесным войнам 4-й гвардзейскай Мінскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава II ступені танкавай брыгады 2-го гвардзейскага Тацынскага Чырванасцяжнага ордэна Суворава II ступені танкавага корпуса, што ўступілі першымі ў Мінск 3 ліпеня 1944 г. пры вызваленні яго ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў".

Стары танк добра памятаў той памятны летні дзень, калі ён уварваўся ў дашчэнту разбураны фашыстамі горад. Цяпер жа адбудаваны прыгожы і свабодны Мінск рыхтаваўся сустрэць з кветкамі і з песнямі галоўнае свята краіны. Бацькі з дзецьмі падыходзілі, уважліва разглядалі ваенны танк, чыталі надпіс пад ім, фатаграфаваліся на памяць. Танку было прыемна бачыць шчаслівыя твары людзей. Яму падабаліся цудоўнае вясновае надвор'е, маладая зеляніна на дрэвах у Александраўскам скверы, звонкія галасы птушак, прыгожае ўбранне праспекта Незалежнасці. Да таго ж, вельмі хутка легендарны танк пазнаёміцца і з юнымі героямі нашага аповяду...

 

А яны не марнавалі дарэмна час. У такі сонечны цёплы вясновы дзень школьныя сябры, пяцікласнікі Янка і Арцём вырашылі пакатацца на веласіпедах. Ім было зусім не страшна ехаць па горадзе, перапоўненаму аўтамабілямі. Бо ўздоўж рэчышча ракі Свіслач, якая цячэ праз Мінск, даўно пракладзена зручная веладарожка. Сябры нават не здагадваліся, колькі ўсяго цікавага пабачыла на сваім жыццёвым шляху тая самая рака, побач з якой яны ехалі. І, вядома ж, хлапчукам было неўздагад, што гэтая рака нават штосьці памятае са свайго мінулага жыцця. 

А рака памятала. Так, так! І цяпер напярэдадні вялікага свята бабулька Свіслач успамінала жудасныя страшныя гады мінулай вайны...

Вось толькі дзеці ні пра што дрэннае не думалі. Яны проста каталіся і весела разглядвалі тыя мясціны, міма якіх праязджалі. Са сваёй роднай Вяснянкі хлопчыкі даволі хутка дабраліся да Парка Перамогі. Палюбаваліся прыгожымі алеямі з рознакаляровымі цюльпанамі, расцвіўшымі дрэвамі, фантанамі і паехалі далей. Побач з музеем Вялікай Айчыннай вайны іх чакаў самалёт, стары ваенны. 

– Янка! Глядзі! Гэта самалёт часоў вайны, – крыкнуў Арцём. – Ведаеш, мне казала бабуля, што дрэвы ў Парку Перамогі пасадзілі адразу пасля вайны, а возера перад самай вайной выкапалі камсамольцы.

– Напэўна, так і ёсць, – адклікнуўся Янка. – Цяпер дрэвы вунь якія выраслі, і птушкі спяваюць. Я з мамай тут нават салаўя чуў, калі ў музей хадзіў.

– У музеі цікава? – запытаўся Арцём.

– Вельмі! Калі ты там не быў, абавязкова схадзі. Пазнаеш, як ваявалі на франтах, і на фатаграфіі герояў паглядзіш. Гэта былі людзі! Я пасля шостага класа хачу паступаць у Сувораўскае вучылішча. Буду вайскоўцам, як мой дзядуля і як бацька.

– Выдатна! Я б таксама не супраць туды паступіць, – сказаў Арцём.

– Але дзеля гэтага трэба добра вучыцца і займацца спортам, каб быць здаровым, – паведаміў Янка.

– Я буду старацца, – вырашыў Ванін сябар.

Наступным вельмі важным аб'ектам на шляху ў дзяцей быў абеліск "Мінск – горад герой". Ён размясціўся на скрыжаванні праспекта Пераможцаў з праспектам Машэрава. Дзеці, вядома ж, добра ведалі гэты абеліск. Яны не аднойчы прыходзілі сюды глядзець на салюты ў парку каля "стэлы". Менавіта так усе мінчане завуць абеліск, які адкрылі ў 1985 году да саракагоддзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Сёння тут шматлюдна. Гараджане і госці сталіцы паднімаюцца на рукатворны курган да 46-мятровай стэлы, наверсе якой красуецца зорка горада-героя Мінска.

А веласіпедная дарожка пабегла далей уздоўж праспекта Пераможцаў і прывяла дзяцей да Палаца Спорту. Хлопчыкі зноў апынуліся ля гарадской ракі. Тут яна шырокая і прыгожая. Здавалася, такой Свіслач была заўсёды. Але гэта не так. Калісьці людзі зрабілі вузенькую абмялелую рэчку шырокай. У сямідзесятых гадах мінулага стагоддзя будаўнікі пракапалі доўгі канал і злучылі Свіслач з ракой Вілія. Добрая рака не пашкадавала роднай сястрыцы сваёй вадзіцы і папоўніла яе рэчышча. А Свіслач з радасцю і вялікай падзякай прыняла ад Віліі такую дапамогу.

Неўзабаве веласіпедная дарожка падвяла Ваню з Арцёмам да моста каля Траецкага прадмесця. Гэты мост можна назваць вельмі старым па ўзросту. Цяпер ён прыгожы, жалезабетонны. Але калісьці даўно, яшчэ перад вайной, мост быў драўляным. Нажаль, немцы замініравалі яго і падарвалі пры адступленні. А мінчанам прыйшлося аднаўляць. Мост у гэтым месцы для горада быў вельмі патрэбным. 

І вось ужо хлопчыкі па веладарожцы праехалі пад першым мостам, які сустрэўся ў іх на шляху. Злева за ракой засталося Траецкае прадмесце. Да таго ж, на Траецкай гары размешчаны запаветны будынак той самай навучальнай установы, у якую хочуць паступаць Янка з Арцёмам. Дзеці паехалі далей уздоўж ракі. Затым веладарожка звярнула направа і прывяла іх у яшчэ адзін стары парк імя Янкі Купалы. У гэтым парку на месцы згарэлай падчас вайны хаты, дзе жыў вялікі паэт, пабудавалі музей.

На набярэжнай ракі Свіслач расце шмат старых дрэў, пасаджаных пасля вайны. Мы не ведаем імёнаў тых людзей, хто ў першыя паваенныя гады пасадзіў столькі маленькіх дрэўцаў па берагах ракі, і хто клапаціўся, каб выгадаваць іх. Гэтыя добрыя людзі стваралі прыгажосць і ўтульнасць ў горадзе Мінску для сваіх дзяцей і ўнукаў. Вялікае дзякуй ім за гэта! А яшчэ, кажуць, што ў той час у нашым горадзе стараліся высаджваць больш ліп, таму што вызвалілі Мінск у ліпені.

Падарожнічая па вясновым парку і ўдыхаючы пахі маладой лістоты, Янка з Арцёмам не маглі не заўважыць чаек, якія кружыліся над набярэжнай поруч вялікага жалезабетоннага моста, да якога прывяла іх веладарожка.

– Глядзі, Янка! Чайкі прыляцелі! – усміхнуўся Арцём. – Значыць, будзе цёпла.

– Будзе! Я ўжо чуў "трашчотку" драздоў на дрэвах у маім двары.

Па мосце, да якога пад'ехалі дзеці, праходзіць галоўная магістраль горада. Цяпер яе называюць праспектам Незалежнасці. У 1898 годзе, калі мост яшчэ быў драўляным, па ім праклалі рэйкі першай коннай чыгункі. Гэта быў вельмі зручны гарадскі транспарт – конка, трамвай запрэжаны канямі. Пасля вайны разбураны немцамі нешырокі бетонны мост перабудавалі, зрабілі прыгожым трывалым і шырокім.

Ну вось, нарэшце, хлопчыкі амаль дабраліся да патрэбнага аб'екта. Але спачатку яны патрапяць у яшчэ адзін вельмі стары парк.  Ён быў адкрыты ў 1805 годзе губернатарам Мінска і тады называўся Гарадскім садам. Цяпер гэта Цэнтральны Дзіцячы парк імя М. Горкага.

– Зараз мы праедзем па набярэжнай уздоўж гэтага старадаўняга парка і павернем на вуліцу Карла Маркса, – паведаміў Янка.

"Навошта ім туды паварочваць? Тады яны ўжо не змогуць працягнуць падарожжа па веладарожцы побач са мной?" – падумала рака.

– Паглядзім на танк, добра? – прапанаваў Янка.

– Добра.

Дзеці ўехалі ў парк Горкага.

"Ах, вось навошта яны сюды імкнуліся", – зразумела рака.

Усю дарогу Свіслач сачыла за хлопчыкамі і слухала іх гутаркі. Яна нават не падазравала, што дзеці ведаюць гісторыю старадаўняга гарадскога парка. Сама ж рака, якая цякла праз увесь парк, даўным-даўно пасябравала з усімі дрэвамі, якія раслі ля самай вады: бярозамі і вербамі, клёнамі і ліпамі, хвоямі і елкамі.

Некаторыя з дрэў людзі пасадзілі ў той час, калі стваралі парк, а іншыя – зусім нядаўна. За мноства гадоў сваёй вялікай гісторыі парк атрымаўся прыгожы ўтульны. Месца для яго ў тыя даўнія часы было абрана добрае – у цэнтры горада ля ракі. Цяпер побач з паркам знаходзіцца цырк. Сучасны будынак мінскага цырка пабудавалі пасля вайны. Колькі дзяцей у ім пабывала за шмат гадоў на цікавых вясёлых прадстаўленнях!

Янка з Арцёмам ехалі па веладарожцы побач з алеямі парку, дзе ў гэтую нядзелю было шмат дзяцей і дарослых. "Зараз у парку можна добра адпачыць. Вунь колькі цікавых атракцыёнаў! – падумала рака. – А раней, у вайну, тут было пуста і няўтульна".

– Арцём! Паварочвай за мной на горку! – скамандаваў Янка.

Дзеці звярнулі на вуліцу Карла Маркса і сталі ўзбірацца па прыступках наверх да Цэнтральнага Дома афіцэраў і Аляксандраўскага сквера. А рака пацякла далей праз горад. Яна страціла дапытлівых хлопчыкаў, затое набыла непаседаў-дзяўчынак. Яны на веласіпедах ехалі тут жа, побач, уздоўж берага гарадской ракі. Куды прыбяжыць бабулька Свіслач? Вядома ж, да старога вельмі прыгожага Лошыцкага парка. Там яна сустрэнецца са сваёй сяброўкай, ракой Лоша.

Вось як пашанцавала мінскай рацэ. Яна цячэ па такіх маляўнічых месцах! І ў яе мноства сяброў на абодвух берагах. Гэта бярозы, таполі і ліпы, ясені і клёны, вербы, хвоі, елі і нават яблыні, вішні, чаромха. Усе дрэвы з радасцю сустракаюць раку, бо яна сілкуе іх карані вадой.

А ў Янкі з Арцёмам іншыя планы. Яны жадаюць бліжэй пазнаёміцца з легендарным танкам, які стаіць каля Дома афіцэраў на высокім пастаменце.

– Як ты думаеш, гэты танк чуе нас, ён разумее ўсё тое, што адбываецца вакол яго? – спытаў Янка ў сябра, калі яны спыніліся ля велічнага манумента.

– Я думаю, што чуе і разумее, – не вельмі рашуча адказаў Арцём.

– Ён чуе і разумее! – бойка паўтарыў Янка.

Хлопчыкі падышлі да танка і прыціснулі свае далонькі да яго металічнага боку. А танк жыва схамянуўся, адчуўшы людскае дакрананне. Ён адчуў чалавечае цяпло! І адразу ўспомніў сваіх байцоў-танкістаў, хоць прайшло столькі гадоў!!!  Не, як жа можна на іх забыцца! Ніколі, ніколі танк не забудзе тых, з кім ваяваў, хто давяраў яму сваё жыццё. Стары танк не падвёў, ён збярог іх жыцці і ўвайшоў у Мінск першым, ведучы за сабой усю танкавую брыгаду.

– Танк – герой! – працягваў Янка. – Паглядзі, Арцём, як ганарліва ён глядзіць на нас, колькі сілы і адвагі ва ўсім яго абліччы! Я ганаруся, што ён у нас ёсць, што ён стаіць тут і будзе вечна стаяць, як знак непераможнасці нашага народа!

– Чуеш, герой! – гучна крыкнуў Янка, хоць танк і так выдатна чуў і разумеў усё тое, што казаў хлопчык. – Мы з сябрам хочам паступаць у Сувораўскае вучылішча і абавязкова туды паступім! Мы станем вайскоўцамі, такімі ж абаронцамі сваёй краіны, якім быў ты! Танк, ты адабраеш наша рашэнне?

"Адабраю!" – падумаў танк.

Ён так ясна ўявіў сабе гэтых дзяцей сталымі моцнымі і адважнымі – сапраўднымі афіцэрамі! Колькі такіх адважных і разумных хлопчыкаў і дзяўчынак падыходзіла да яго сюды за мноства гадоў!

"Заўтра вялікае свята – Дзень Перамогі! – думаў легендарны танк. – Я рады, што Янка з Арцёмам памятаюць і ганарацца подзвігамі свайго народа, ведаюць гісторыю роднага горада. І я буду вельмі рады, калі дзеці стануць ваеннымі, дастойнымі прадаўжальнікамі гераічных спраў сваіх прадзядаў і бацькоў!"


У автора есть сайт: http://domarenok-t.narod.ru.
Новые статьи на library.by:
САМИЗДАТ: ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Легендарны танк

© Татьяна Домаренок ()

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

САМИЗДАТ: ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.