САМИЗДАТ: ПРОЗА (последнее)
ЛІСАЧЫХА - частка 7, заканчэнне
Белорусский САМИЗДАТ: книги, рассказы, фельетоны и пр.
ЧАСТКА СЁМАЯ
1
Адгрымеў маладымі навальніцамі месяц май. У той год ён быў шчодры на цяпло, асабліва ў другой палове. Ранішні блакіт неба бліжэй да поўдня даволі часта закрываўся нечаканымі хмарамі; яны ўзнікалі нібы з нічога, спачатку клубіліся белыя, як бавоўна, воблакі, і раптам усё неба зацягвала вялізная цёмна-сіняя хмара. Яна навісала нізка над зямлёй, нават быў чутны шоргат знутры яе – так было ціха наўкола. Ды раптоўна палыхала маланка, кароткім смачным трэскам расколвалася паветра, грукат імчаў па небу да самага яго краю, і тады абрынаўся на зямлю вадапад. Кароткі, цёплы. Праз які-небудзь дзясятак хвілін зноў ззяла сонца на блакітным небе, і дзесьці там, у блакіце, заліваўся, вязаў свае бясконцыя трэлі жаўрук.
У гародах павылазіла зелянінаю ўсё, што да гэтага часу была пасеяна і пасаджана. Наогул, зелянела вакол усё.
Лісачыха любіла гэтыя апошнія дні мая з самага дзяцінства. Асабліва свята Тройцына дня. Да яго заўсёды, як і да Вялікадня, усё і ў хаце, і на двары прыбіралася, чысцілася, мылася. А потым, у суботу, перад самым святам, ішлі ў гай, што апаясваў вялізнай падковай старыцу ракі за вёскай, ламалі галінкі клёну, ясеню, бярозкі і ўпрыгожвалі імі хату і знутры, і звонку. Увесь гэты абрад упрыгожвання называўся – май. Любілі гэта свята і дзеці Лісачыхі, ды і, наогул, усе дзеці ў вёсцы, таму ў гэты дзень вёска выглядала асабліва прыбранай, і яшчэ цэлы тыдзень на сценах хат віселі галінкі мая.
Не гледзячы на тое, што з-за радыяактыўнага забруджвання глебы радыё і раённая газета не рэкамендавалі саджаць некаторыя віды гародніны, сасноўцы, як заўсёды, сеялі і саджалі ўсё тое, што сеялі і саджалі спрадвеку на сваёй зямлі.
Ганна, як і летась, таксама крыху пакорпалася ў сваім гародзе, але на гэты раз пасадзіла мала чаго: градку цыбулі, – як жа без цыбулі – градку гуркоў, той-сёй зеляніны, а астатнюю частку гарода сусед Міхалка засеяў бульбай. Ну, то добра, няхай карыстаюцца, у іх – сям’я, ім трэба. Калі корпалася ў гародзе, то пачала заўважаць, што ёй робіцца часам дрэнна без дай прычыны – сілы раптам пакідаюць яе, становіцца млосна сэрцу, прашыбаў халодны пот. Гэта заўважыла Алёна, занепакоілася, адгаварыла Ганну займацца гародам: «Яшчэ чаго? Во, што пасадзіла – хай расце ўжо. Трэба папалоць – папалю, не лезь сама!». А як не лезьці? Усё жыццё, лічы, з гароду ды з поля не вылазіла ці са свайго, ці з калгаснага – гэта ўжо ў патрэбнасць пераўтварылася. Як і многа чаго яшчэ за такое жыццё. Што, у яе былі выхадныя дні? Ці законны водпуск? Ну, то зімой трохі меней было калгаснага клопату, але па дому – ад цямна да цямна.
З другога боку, чалавек пражыў на зямлі ўвесь свой век. На працягу дзесяцігоддзяў ён будаваў свой сусвет, сваё месца на гэтай зямлі; зямлч карміла яго, і пакуль у яго рухаюцца рукі-ногі, ён будзе адданы гэтай зямлі аж да таго часу, пакуль сам не зыйдзе ў яе. Не, трэба-не трэба, але паміраць сабіраешся, а жыта сей. Гэты закон жыцця Лісачыха добра зазнала. І яшчэ яна добра ведала: ніколі не трэба здавацца абставінам – гэтаму яе вучыў бацька з самага маленства. Ён так і казаў: калі чалавек не здаецца цяжкасцям, яны адступаюць ад гэтага чалавека, бо заўсёды знойдуць таго, хто лёгка ўступіць ім, і будуць такім чалавекам карыстацца, а з моцным чалавекам – навошта з ім дарэмна цягацца? Ганка прадстаўляла сабе цяжкасці ў выглядзе мноства маленькіх злых чалавечкаў, якія толькі і хочуць адабраць усё ў яе, калі яна паддасца ім, таму ніколі не ленавалася рабіць сваю справу, бо чаго-чаго, а добрых спраў злыя чалавечкі вельмі баяліся. І, канешне, трэба было верыць у тое, што ты заўсёды пераможыш. Вось яна і выпрацавала ў сабе такі характар. Ён вёў Ганну праз усё яе цяжкае жыццё: яна не баялася ніякай працы, заўжды верыла, што любая справа дасць добры вынік, калі падыйсці да яе абдумана, а пасля дабівацца таго, што было задумана. Колькі выпала выпрабаванняў на яе долю, і ніводнага разу яна не здрадзіла сабе, заставалася сама сабой у любых варунках. Канешне, зараз у яе не тыя сілы, калі ёй было амаль удвая менш гадоў у такую ж пару – у пачатку першага пасляваеннага лета, якое яна добра памятала ўсё астатняе сваё жыццё. Вось і зараз яна ўспомніла тое лета, лежачы на ложку, пасля таго, як увечары яе наведала Алёна.
2
Следства не зацягвалася. Лісачыху да суда пратрымалі ў камеры папярэдняга зняволення менш месяца. Вёў следства ўсё той жа малады хлопец, які пачынаў яе справу. Ён ужо не вельмі стараўся здавацца строгім выканаўцам такой далікатнай справы, як следства па справе супрацоўніцтва з немцамі ў гады вайны. Ды і па сутнасці справы, – гэта была першая самастойная праца маладога следчага. Тую размову з падследчай, што адбылася ў першы дзень яе затрымання, малады чалавек добра запомніў і паводзіў сябе трохі нават збянтэжана перад жанчынай, хай сабе і былой старасціхай.
Аднаго разу, калі Ганну вызвалі на допыт, у следчым пакоі замест маладога аказаўся другі, той, што прысутнічаў на яе першым допыце, пасля якога яе арыштавалі. На гэты раз Ганна яго добра разгледзела, бо ў першы раз ён сядзеў спіной да акна, і дрэнна быў бачны.
Ён быў у цывільнай вопратцы, як і ўсе ў гэтай установе, але адчувалася, што гэта ваенны чалавек, які пазнаў на вайне ліха. Гэта быў зусім сівы чалавек, на ўзрост – можа трохі старэй за яе, левы бок яго тварабыў трохі знявечаны, быццам парваны, яшчэ добра ружавелі рубцы былой страшнай раны. Гледзячы на яго, Ганна ўздыхнула.
– Што вы так цяжка ўздыхаеце? – спачувальна спытаў сівы Ганну.
– Вайна… – няпэўна сказала яна.
– Так. Вайна. – сугучна Ганне задуменна вымавіў сівы.
Потым ён доўга і падрабязна распытваў Ганну пра яе даваеннае жыццё і працу ў калгасе; пра тое, як жылі, на што спадзяваліся ў гады вайны; як апынуўся ў яе хаце Іаган Лосвіц, і чаму іменна ў яе хату прынеслі немцы параненага Лосвіца; як паводзіў сябе Лосвіц, якія размовы вёў, што гаварыў пра ход вайны; чаму Іаган Лосвіц вырашыў пайсці да чырвонаармейцаў; як выбіралі яе старастам, хто іменна прапанаваў яе кандыдатуру на староства, як галасавалі, – і паміж гэтымі пытаннямі задаваў Ганне шмат такіх пытанняў, якія здаваліся зусім нязначнымі, не маючымі аніякіх адносінаў да справы. Ганна адказвала, не задумваючыся, хутка і трапна. Распытаў таксама пра мужа і сына-партызана, пра астатніх дзяцей.
Увесь гэты час сівы пазначаў нешта сабе ў сшытку ў скураной вокладцы.
Пасля заканчэння размовы сівы задуменна прамовіў:
– Ну, што я магу вам сказаць, Ганна Фядотаўна, – такі закон, а па закону вы павінны прадстаць перад судом. Будзем спадзявацца, што суд будзе да вас паблажлівы.
Ганна адчула, як ад гэтага чалавека зыходзіць нейкае выпраменьванне, яно несла ёй надзею на тое, што калі ўсё і не абыйдзецца, то ва ўсякім разе прысуд не будзе жорсткім
Адкуль жа было ведаць Лісачысе, што гэты яўна ня дужа здаровы сівы чалавек учора амаль цэлы дзень прабыў у Сасноўцы, дзе гутарыў з многімі вяскоўцамі, пабачыўся з яе мужам і дзецьмі, а напрыканцы з’ездзіў на тым самым «Вілісе» ў лес на месца, дзе ў канцы ліпеня сорак першага года размяшчаўся штаб палка, у якім ён састаяў аператыўным упаўнаважаным асобага аддзела дывізіі і дзе яго цяжка параніла ў час нямецкага артылерыйскага налёту.
Суд і сапраўды быў паблажлівы да Лісачыхі. Ніводзін з сведкаў не сказаў дрэннага слова ў яе бок, а суд прыняў пад увагу змякчаючыя акалічнасці: адсутнасць у дзеяннях старасты карыслівых падахвочванняў; удзел у баявых дзеяннях на вайне і цяжкія раненні мужа і гібель сына ў партызанах; дапамога партызанам харчаваннем і адзеннем – усё гэта вырашыла адносна мяккі прысуд: тры гады пазбаўлення волі.
3
Лісачысе пашанцавала яшчэ раз, а можа так было задумана кімсьці, – яе направілі не куды-небудзь на Поўнач, у тайгу на лесапавал, а ў адзін з абласных гарадоў рэспублікі на аднаўленчыя работы. Спачатку яна працавала на разборцы завалаў ад разбураных дамоў. Праца была цяжкая, брудная. Пыл стаяў такі, што жанчыны ў канцы рабочай змены не пазнавалі адна адну, так густа іх твары былі пакрыты цагляным пылам. Так доўжылася да канца лета. У пачатку восені з ліку жанчын адабралі групу і перавялі на будоўлю дамоў. Праца і тут была вельмі цяжкай: насілкі з цэглай, з растворам трэба было цягаць ад першага да пятага паверха бесперапынна. Але затое амаль не было таго пылу, наглытаўшыся якога ў час разборкі завалаў, потым ўсю ноч трэба было адкашлівацца чырвоным брудам.
Баракі лагера, у якім знаходзіліся зняволеныя за супрацоўніцтва з немцамі падчас вайны, суседнічалі з лагерам нямецкіх ваеннапалонных, якія працавалі на будоўлях, таксама, як і савецкія зняволеныя. Ахова лагераў, такім чынам, была агульная, як і агульнай была сістэма жыццязабяспячэння: харчблок, медсанчасць.
Праз год Ганну перавялі на кухню, на якой гатавалі страву таксама і для нямецкіх ваеннапалонных. Пасля будоўлі праца на кухні была для Ганны сапраўдным адпачынкам, хаця, як і на будоўлях, яна працавала тут падсобнай рабочай і цяжкай працы таксама хапала. Палёгка была ў тым, што для перамяшчэння цяжкасцей можна было прыцягваць палонных немцаў.
Яшчэ праз некаторы час Ганна аказалася на раздачы.
За поўгадзіны да абеду прыязджала на кухню параконная павозка з бачкамі і двума немцамі ў суправаджэнні канваіра. Бачкі патрэбна было напоўніць згодна паперы, якая была ў канваіра. Пленныя цягалі бачкі на раздачу і назад. Ганне не ўпершыню была такая праца: да вайны ў калгасе часцяком, у полі ці на лузе, арганізоўвалі палявыя кухні, дзе прыходзілася і Лісачысе быць і паварыхай, і раздатчыцай. Праца раздатчыцай была адказная – трэба было не парушыць баланс раздачы па заяўках і фактычнай колькасцю прыгатаванай ежы. Лісачыха хутка асвоілася з гэтай працай, да яе ні ў кога не было нараканняў. Апроч гэтай працы яна павінна была трымаць у чысціні памяшканне раздачы, посуд і інвентар.
Так яна працавала, адлічваючы дні, пакуль аднойчы з ёй здарылася такое, што яна ледзь-ледзь дапрацавала да канца дня: калацілася сэрца, дрыжэлі рукі, у галаве гуло; жанчыны на кухні вырашылі, што яна захварэла.
А прычына была ў тым, што калі да акенца раздачы падыйшлі чарговыя два немцы з бачкамі ў руках, Ганна, глянуўшы на першага, вельмі худога, немца, ад нечаканасці ледзь не выпусціла з рук вялізны чарпак, ужо поўны гарохавага супу: перад ёй стаяў Іаган.
Іаган таксама пазнаў яе.
– Mutter! – вырвалася ў яго.
– Не разговаривать! – тут жа строга прыкрыкнуў канвойны.
– А Божачка, – ледзь чутна прашаптала Ганна. – Ян, ты?
Ян вачыма паказаў: так!
Іаган выглядаў вельмі дрэнна. Відаць, яго біла ліхаманка – рукі яго дрыжэлі, на ілбе выступалі кроплі поту.
– Дык ты ж зусім хворы! – усхвалявана ўсклікнула Ганна. – Табе ж у шпіталь трэба!
– Прекратить разговоры! – зноў гаркнуў канвойны. – Вы что себе позволяете?!
– Чалавек жа хворы! Ты – што, не бачыш? Як ён панясе гэты тэрмас? Ён жа чуць жывенек!
– Ишь, как тебе жалко стало фашистов! С чего бы это? Ви¬дать, полюбились тебе они в войну, – асклабіўся канвойны.
– Ах ты, погань гэткая! Ты што такое кажаш!? Бачылі вы яго – і ён туды ж!
– Да ты, ты… Я тебя сейчас…– канвойны сарваў з пляча вінтоўку, смаргануў затвор, і раптам у яго за спіной прагучала:
– Что здесь происходит?
Перад акном раздачы з’явілася група людзей, наперадзе былі чацвёра ваенных начале з генералам. Ён і задаў гэта пытанне. У канвойнага ад нечаканасці, здаецца, адняло мову. Ён аўтаматычна апусціў да левай нагі зброю, правай рукой прылажыўся да пілоткі і моўчкі еў вачыма генерала. Той перавёў позірк на стаяўшых навыцяжку немцаў, потым на акно раздачы, у якім тырчэў раззлаваны твар Ганны. Генерал ледзь схаваў усмешку, гледзячы на яго.
– Дык што тут здарылася? – ужо цішэй і лагодней спытаў генерал.
– Як – што? Чалавек чуць на нагах трымаецца, хворы, а яго пасылаюць цягаць тэрмасы! Не па-людску гэта! – узбуджана прагаварыла з акна Ганна.
У генерала папаўзлі ўгору бровы. Ён павярнуўся да начальніка лагера: «Хто такая?» Начальнік лагера зірнуў на начальніка харчблока. Жанчына-начальнік харчблока далажыла: «Лісаковіч Ганна: стараста ў акупацыю; стацця пяцьдзесят восем-два; тры гады – змякчаючыя абставіны».
Здзіўлены генерал падыйшоў да акна:
– Дык што там у вас за змякчаючыя абставіны?
– Сын загінуў у партызанах. Муж цяжка паранены на фронце, дапамагала партызанам.
– Та-а-ак, – працягнуў генерал. – Ну, а з гэтым, – ён кіўнуў на канвойнага, – з-за чаго не паладзілі?
– Ды вось, з-за яго, – Ганна паказала на Іагана. – Я сказала, што ён хворы, не данясе тэрмас, а канвойны – хваць
за вінтоўку: застрэлю!
Генерал слізгануў позіркам па змарнелай постаці ваеннапалоннага. Палонны, як палонны – усе яны такія. Не ў доме адпачынку. Нашы палонныя ў немцаў – лепей выглядалі?
– А чаму вам шкада стала гэтага салдата?
– А хто ж яго пашкадуе? Ён жа малады, у яго ж і маці, пэўна, ёсць. Думае – загінуў сын. А навошта зараз гінуць? Вайна скончылася. Зараз жыць трэба.
– Жыць, кажыце? Гэта вы добра сказалі... Вельмі добра.
Генерал звярнуўся да начальніка лагера:
– Гэтага, – ён паказаў на Іагана, – у лазарэт, вылечыць!
Ганна, чуць жывая, слухала, што казаў генерал і не верыла сваім вушам. Яна нават не разабрала, што яшчэ сказаў ён, толькі зразумела два апошніх словы, якія яна прыняла ў свой адрас: «усяго добрага». Ёй падалося, што голас гэтага чалавека яна ўжо чула! Але той быў у цывільным, а гэты – генерал! Чакай, Ганна! У генерала з-пад фуражкі выглядалі сівыя скроні, такія ж, як і ў таго, цывільнага! Але ці мала генералаў з сівымі скронямі?
Ды камісія ўжо праследавала далей.
Ганна напаўняючы бачкі, падбадзёрвала Яна і сябе: «Усё будзе добра!». Ян з таварышам цягалі іх да павозкі. Канвойны стаяў непадалёк і з недаўменнем, збянтэжана разглядваў Ганну, ужо трохі баючыся яе – дзіўная нейкая цётка, лепш з ёй не звязвацца.
4
Лісачыха доўгі час пасля таго выпадку на раздачы чакала непрыемнасцей, але на дзіва, нічога такога не адбылося. Яна так і працавала на раздачы яшчэ адносна доўгі час, але Іаган з тэрмасам больш не паяўляўся. Распытаць у насільшчыкаў-ваеннапалонных пра Іагана ў яе доўга не атрымлівалася: заміналі канвойныя. Але аднойчы насільшчыкаў суправаджаў нейкі абыякавы да ўсяго канвойны, – так падалося Лісачысе – і яна спытала ў невысокага, каржакаватага немца, ці не ведае той Іагана Лосвіца. Немец здзівіўся, але адказаў: «Я, я, іх вайз – знаю!». «Ці жывы-здаровы ён?» – спытала Ганна. «О, я! Сторофф! Ін Дойчланд, в Германія».
Ганна здзівілася: няўжо Іагана адправілі ў Германію, і перапытала немца. Той упэўненна заверыў яе: так, так, у Германію.
У Ганые стала лёгка на душы. Яна, увогулле, стала адчу-ваць сябе до¬бра, нават дні пачалі бегчы хутчэй. А іх заставалася яшчэ крыху больш года.
Праўда, яе ўсё больш займалі думкі пра сям’ю: Якуба, дзяцей. Яна ведала, што дзеці будуць дагледжаны – без дапамогі Якуб не застанецца, радні шмат. Ну, то, канешне, не матчын дагляд, але ж і цёткі не благія – адна кроў.
Начамі яна часта ўспамінала, аналізавала сваё жыццё, свае ўчынкі ў розных абставінах, учынкі другіх людзей у адносінах да яе, нарэшце, гэтае праклятае староства, якое прынесла ёй столькі бяды. Ці не лепш было адказацца ад гэтаага ліха, навошта яно ёй было? Ці мала ў яе было клопату: адных дзяцей вон сколькі, што – гэта не галоўнае было тады, у вайну, для яе? Старэйшага, свайго першынца, не зберагла. А як было? Пад спадніцай хаваць? З яго равеснікаў толькі ці не двое вярнуліся з вайны жывымі. Вайна – яна не выбірае, косіць усіх падрад. Так ці іначай. Бывае, праўда, што каму і павязе. Спадзявацца на гэта, канешне, можна, ды толькі – спадзявацца. А на ўсё – Боская воля. Не, яна – Ганна Лісаковіч – не можа сама сябе папракнуць у чым бы то ні было такім, што пярэчыла б яе сумленню. А тое, што яна зараз адбывае пакаранне за тое, чаго не было на самай справе, дык гэта ад нячыстага.
Засынаючы вечарамі, яна заўсёды аднымі вуснамі шаптала малітву. Увогулле, яна ведала шмат малітваў і ў думках вымаўляла іх перад сном, але часцей за ўсё яна шаптала «Ойча наш». «…І пазбаві нас ад нячыстага…» – гэтыя словы заўсёды краналі яе душу вельмі моцна, таксама, як і «хай свяціцца імя Тваё». Малітвы супакойвалі яе. Спакой даваў надзею.
Аднойчы Ганну пазвала да сябе начальнік харчблока. Яна была вопытным кіраўніком, праслужыла тры гады вайны ў вайсковай службе харчовага забеспячэння, пасля прадоўжыла працу вось у такіх абставінах – а куды яшчэ было падацца пасля дэмабілізацыі вопытнаму ваеннаму забеспячэнцу? Ёй падабалася рухавая, ветлівая і, самае галоўнае, з ярка выражаным пачуццём уласнай годнасці жанчына, якая працавала на раздачы. Начальнік харчблока не памылілася, калі назначыла Ганну Лісаковіч на гэта месца.
Калі Ганна прышла да сваёй начальніцы, тая сустрэла яе вельмі ветліва, прапанавала гарбаты – так, маўляў, прасцей, а, галоўнае, сардэчна можна пагаварыць. Ганна не вельмі здзівілася такому прыёму, яна была неблагой думкі аб сваёй начальніцы.
Жанчыны пачалі гаворку аб гарбаце: добрая гарбата ніколі не застаецца без таго, каб аб ёй не пагаварылі, і тым самым настройвае людзей на далейшую размову, якая цячэ затым сама сабой.
Паступова жанчыны перашлі на пытанні асабістага характару, расказалі адна адной пра сябе, пра сваіх родных – адным словам, пра жыццё.
У такой даверлівай размове пытанне начальніцы аб тым, як адчувае сябе Ганна ў сваім становішчы зняволенай, не здалося Ганне нечым незвычайным. Яна так жа сама даверліва расказала аб сваіх перажываннях тут, у зняволенні, аб тым, як яна зразумела, што за памылкі, хай сабе і вымушаныя, заўсёды прыходзіцца расплочвацца. І што вымушаныя памылкі часцей за ўсё робяць людзі, якія не хаваюцца за чужыя спіны.
Гэта прызнанне вельмі ўразіла начальніцу. Яна крыху павагалася, перш чым сказаць нешта важнае для Ганны, але потым рашылась:
– Будзем лічыць, Ганна Фядотаўна, што я вам нічога не гаварыла. Добра? – і, пабачыўшы ківок Ганны, прадоўжыла:
– На вас прышоў запыт з Масквы з прапановай аб скарачэнні тэрміну вашага зняволення на адзін год. Канчатковае рашэнне прымуць у Мінску, таму адсюль у Мінск пойдуць адпаведныя паперы. Думаю, што вы павінны атрымаць добрую характарыстыку.
Ганна ледзь стрымалася, каб не заплакаць. Яна доўга маўчала; начальніца падліла ёй у чашку свежай гарбаты.
– Піце, піце – гэта вельмі дапамагае.
Ганна моўчкі пачала піць, глытаючы разам з гарбатай слёзы.
Яна верыла ў тое, што гэта павінна было адбыцца, бо тое, што з ёй здарылася, здавалася ёй вялікай несправядлівасцю, якая не магла доўга здзеквацца з яе і павінна была рана ці позна скончыцца.
5
Ганна вярнулася дамоў роўна праз два гады. Яна даведалася, што ўвесь гэты час Якуб дабіваўся перагляду яе справы: карыстаючыся сваімі знаёмствамі з былымі франтавікамі, з дапамогай сяброў у раённых установах ён пасылаў прашэнні аб перагляду справы, і нават паслаў у Маскву прашэнне аб памілаванні Ганны. Чамусьці Ганна была ўпэўнена, што гэтыя прашэнні ўрэшце рэшт папалі да таго чалавека, што гутарыў з ёй напярэдадні суду. Зноў жа, гэты генерал на чале камісіі ў лагеры – хто ён такі? Той самы сівы чалавек? Ганна не вельмі разгледзела яго з свайго акенца раздачы, але ж голас здаўся ёй знаёмым. Ну, што ж, як бы там ні было, а яна на волі. Зноў яна ў сваёй сям’і, з дзецьмі, роднымі людзьмі, з аднавяскоўцамі, якія ад усёй душы жадалі ёй хуткага вяртання.
І зноў пабеглі дні і гады цяжкай, няспыннай працы, як было ва ўсім яе жыцці. Яе па-ранейшаму лічылі старшыніхай, бо яна была прыроджаным лідарам, і часта звярталіся да яе за парадамі, з просьбамі ці прапановамі.
Калі памёр яе Якуб, то пасля, на калгасным сходзе, яе хацелі выбраць брыгадзірам Сасноўскай брыгады – да таго часу калгасы ўзбуйнілі, – але Ганна рашуча адказалася: хопіць з яе! Ды і ў раёне ўжо мелі сваю думку наконт брыгадзіра.
Ганна з Якубам добра выгадавалі дзяцей – усе чацвёра атрымалі пасля вайны сярэднюю адукацыю, а займеўшы дзесяць класаў у той час, моладзь імкнулася ў горад: ці ўладкавацца на працу, ці прадоўжыць вучобу. Так і яе дзеці.
І вось ужо больш за трыццаць год Лісачыха пражыла адна.
Ды ці адна?
Яна ніколі не адчувала адзіноты – жыла разам з людзьмі, яе акружаючымі. У іх ліку былі не толькі родзічы, – род Лісаковічаў быў даволі вялікі – але і суседзі, сяброўкі яшчэ з тых даўніх часоў, калі яны ўсе былі маладыя. Ды і дзеці ніколі не забывалі яе.
Ганна разважала разумна: разумела, што яе дзеці жывуць зусім другім жыццём, чым тое, што пражыла яна. Так, другія часы – другія песні. Праўда, вёска ужо вымізарнела, так што і песень не чуваць. А былі ж часы – Сасноўка аж стагнала гармонікамі, песнямі, вечарынкамі. Здавалася, так будзе заўсёды, як было ў часы яе маладосці. Не, лепей! Лепей, таму што жыць, нарэшце, сталі лепш. Нават клуб пабудавалі. Моладзь, лічы, і пабудавала. Калі надумаліся пабудаваць клуб, мала хто з дарослых паверыў у тое, што гэтыя, зусім яшчэ дзеці, давядуць такую справу да канца. Дык жа давялі! І лесу натралявалі, і перавезлі бліжэй да вёскі бярвенні, ну а мужчыны тады ўжо вымушаны былі зруб рабіць. Так і збудавалі грамадою. От жа і радаваліся ўсе! Гадоў дваццаць клуб не пуставаў ніводнага дня: то кіно паказваюць, то рэпетыцыі, то танцы, а калі-нікалі і канцэрты. Ганна хадзіла глядзець канцэрты. Клуб быў недалёка ад яе дома, а канцэрты яна вельмі любіла.
З цягам часу тыя, хто калісьці надумаліся пабудаваць клуб, раз’ехаліся, хто куды. Дзяцей у вёсцы стала зусім мала. У клубе толькі зрэдку паказвалі кіно, ды мала хто глядзеў яго.
Вёска паціху вымірала.
І вось цяпер яе даканала радыяцыя.
Хто паслаў такое ліха на людзей?
І чаму на гэту шматпакутную зямлю, быццам тут толькі гэтай радыяцыі і не хапала? Ці, можа, правініліся чым людзі, якія жывуць на гэтай зямлі?
Ганне цяжка гэта было зразумець. Яна распытвала аб радыяцыі свайго Міколу, калі ён прыязджаў. Той усё ведае. Але прадставіць сабе гэтыя атамы, электроны і яшчэ шмат якіх мізэрных часцінак, аб якіх расказваў Мікола і нават маляваў на паперы, Ганне было цяжка. Ды нешта ж у памяці засталося: па крайняй меры, яна цяпер ведае, адкуль узялася гэтая радыяцыя, якім чынам апынуўся на яе зямлі гэты бруд, які прынёс столькі гора людзям.
6
На двары стаяла ўжо сярэдзіна лета. Сасноўцаў ніхто нікуды не збіраўся перасяляць, і яны жылі, як і раней, як і шмат гадоў да радыяцыі. Хіба што на лета цяпер адправілі амаль усіх школьнікаў, якіх, дарэчы, было не так і многа, на аздараўленне куды далей ад радыяцыі – на мора ці, нават, за граніцу. Паехалі і дзеці Міхалкі з Надзеяй, таму Лісачысе было самотна. Яна спрабавала чытаць, але хутка стамлялася; гарод ужо не занімаў яе – праўду казала Алёна. Апошнім часам Ганна ўсё часцей успамінала свайго Якуба–Лісака. І не толькі ўспамінала, а нават сніла, размаўляла з ім. Прачнуўшыся, доўга не магла адыйсці ад убачанага ў сне: здавалася, быццам было ўсё наяву. Яна пачала перасказваць убачанае ў сне Алёне, – тая зноў кожнага ранку і вечарам наведвала яе: бачыла, што Ганна слабее, – і тады Алёна напісала ліст Міколку.
Дзеці прыехалі амаль адразу, адзін за адным. Лісачыха ўжо не ўставала з ложка. Ёй хутка стала зусім дрэнна. Алёна казала: «Вот табе і радыяцыя» – яна была ўпэўнена, што радыяцыя падкасіла Ганну.
Хвароба развівалася імкліва. Калі часам на некалькі хвілін Ганна прыходзіла ў прытомнасць, яна аддавала дзецям распараджэнні аб тым, як, дзе і ў чым яе пахаваць; аркестр заказваць не трэба, – прышла такая мода і ў Сасноўку – бо дужа будзе дурыць галаву; назвала, каго абязкова запрасіць на памінкі – і ўсё гэта паўтарыла некалькі разоў.
Яна памерла ціха, у сне, у той самы ліпеньскі дзень, калі сорак сем год назад ёй пад ногі грымнуўся нямецкі снарад.
7
Сонечным днём сярэдзіны ліпеня, бліжэй да полудню, у Сасноўку ўехаў невялічкі аўтобус незвычайнай расфарбоўкі і надпісамі на баках на нямецкай мове. Але адно слова паўтаралася на рускай мове – Чарнобыль. Аўтобус асцярожна прабіраўся па пустой вуліцы, не сустракаючы нікога на ёй. Здавалася, вёска вымерла. І толькі бліжэй да яе сярэдзіны стаў бачны натоўп людзей.
Аўтобусік пад’ехаў да натоўпа, няўпэўнена спыніўся. Усе павярнулі галовы да яго, здзіўленыя такім нечаканым з’яўленнем незвычайнага аўтамабіля.
З аўтобуса выйшаў добра апрануты пажылы чалавек – у яго былі сівыя, амаль белыя, валасы. Бачна было, што ён вельмі ўзрушаны. Чалавек агледзеўся па баках, слізгануў позіркам па натоўпу, потым перавёў позірк трохі ўдалечыню, на раку, добра бачную з прыгорка вуліцы. Твар яго раптам уздрыгануўся, быццам чалавек убачыў нешта даўно знаёмае; ён зноў звярнуў свой погляд на людзей і зрабіў некалькі крокаў да іх. Людзі моўчкі і зацікаўлена назіралі за ім. Чалавек павітаўся на рускай мове – яму штосьці ціха прашапацела ў адказ. Ён спытаў, ці не тут жыве Ганна, здаецца, тут стаяў яе дом у час вайны.
Так, гэта была хата Ганны. Чалавека запрасілі ў хату – ён ужо адчуў, што здарылася штосьці непапраўнае, і пайшоў, ледзь рухаючы стаўшымі непаслухмянымі нагамі, праз двор, таксама запоўненымі людзьмі, у хату. Дзверы ў сенцы і хату былі адчынены – ён пазнаў уваход адразу ж, хаця мінула с таго часу сорак сем год. Ён прайшоў знаёмыя сенцы, першы пакой з печчу, і ўвайшоў у вялікі пакой.
Праз сорак два гады ён у трэці раз сустрэўся са сваім ангелам-выратавальнікам, сваёй Mutter.
8
Ці спадзяваўся Іаган Лосвіц, што сустрэнецца калі-небудзь яшчэ з Ганнай?
Так, з той мімалётнай сустрэчы ў лагеры ваеннапалонных у яго з’явілася ўпэўненасць, што яны яшчэ пабачацца. Гэтая ўпэўненасць перарасла ў патрэбнасць пасля таго, як ён вярнуўся з палону. Яна жыла ў ім усе гэтыя сорак два гады, і не гледзячы на складаныя адносіны паміж іх краінамі, Іаган верыў у тое, што калі-небудзь ён зможа прыехаць у гэтую цудоўную вёску, знайсці сваю другую маці і аддзякаваць яе за ўсё тое, што па нейкіх нікаму не зразумелых прычынах, пасланых аднекуль звыш, яна зрабіла для яго – двойчы выратавала яму жыццё.
Іаган збіраўся расказаць Ганне шмат чаго. Аб тым, як папаў пад абстрэл сваіх жа, нямецкіх, гармат у лесе пад Сасноўкай пасля таго, як пакінуў хату Ганны; аб тым, як апрытомнеў у палявым шпіталі зноў жа, сваіх, немцаў – да гэтага яго абшукалі і знайшлі кавалачак паперы, якую яму аддаў камандзір групы разведчыкаў у хаце Ганны; аб тым, як пасля лячэння ў шпіталі ў Германіі ён наведаў бацькоў, якіх пабачыў у апошні раз, і якім расказаў аб дзіўнай беларускай жанчыне, якая выратавала яго ў крытычным стане.
А потым – зноў усходні фронт, але на гэты раз не ў разведку, а ў штаб, перакладчыкам: ён быў прызнаны абмежавана прыдатным да вайсковай службы пасля ранення. Праз два гады пачалося агульнае адступленне нямецкіх войскаў, пакуль у ліпені сорак чацвёртага яго часць не трапіла ў акружэнне ў Беларусі; далей палон, канцлагер і – ёсць Бог! – сустрэча з Ганнай. Яна выратавала яго ў другі раз – каб не гэта сустрэча, ён наўрад ці выжыў бы: последствія цяжкага ранення і цяжкая праца ваеннапалоннага не пакідалі яму шанцаў на жыццё. Праз два месяцы пасля той сустрэчы яго адправілі ў Германію, як хранічна хворага. Іаган не знайшоў сваіх бацькоў: маці загінула падчас бамбёжкі завода, на якім яна пачала працаваць з сярэдзіны вайны, а бацьку мабілізавалі ў так званы «фольксштурм» і кінулі на абарону Берліна, дзе ён і прапаў без вестак. Ён адшукаў сястру з дзіцём – яе муж таксама загінуў на ўсходнім фронце. Яны пачалі жыць разам у доме, дзе жылі Лосвіцы да вайны.
Іагану ужо было дваццаць сем год, калі ён сеў на універсітэцкую лаву. Скончыўшы універсітэцкі курс фізікі, пачаў працаваць у навукова-даследчым інстытуце. Потым ажаніўся, вырасцілі з жонкай дваіх дзяцей.
Пазней ён стаў загадчыкам лабараторыі, якая займалася праблемамі ядзернай бяспекі на атамных электрастанцыях. Здарыўшаяся катастрофа на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ў Савецкім Саюзе стала для лабараторыі галоўнай тэмай даследаванняў, якімі пачаў кіраваць доктар Лосвіц. Пачаліся камандзіроўкі ў Чарнобыльскую зону, а таксама ў раёны, забруджаныя радыёактыўнымі ападкамі. Ён ведаў, што той раён, дзе знаходзілася так добра памятная яму вёска, таксама забруджаны радыёактыўнымі ападкамі, таму ён імкнуўся патрапіць іменна туды.
9
І вось ён прыехаў.
Ён стаяў перад труной Ганны Лісаковіч і вусны яго шапталі тыя словы, якія ён хаваў у сабе на працягу больш за сорак год, каб выказаць іх гэтай незвычайнай жанчыне, калі давядзецца ўбачыць яе.
Але нічога гэтага не магла пачуць Ганна, яго Mutter, аб якой ён з удзячнасцю думаў усё сваё жыццё з таго моманту, як яна з’явілася перад ім, паміраючым ад смагі, з вядром малака ў руцэ, нібы пасланая Богам.
І тады ён пачаў маліцца за яе душу перад Богам, перад людзьмі, якія запоўнілі хату, стаялі на двары перад адчыненымі насцеж вокнамі.
Было ціха, так ціха, як бывае на вайне пасля жорсткага, смяротнага бою, і ў гэтай цішыні душа Лісачыхі пачула ўсё, што шаптаў ёй яе «хлопчычык Ян» – былы нямецкі салдат Іаган Лосвіц.
1988, 2011-2013г.г.

Опубликовано 17 сентября 2013 года
Новые статьи на library.by:
САМИЗДАТ: ПРОЗА:
Комментируем публикацию: ЛІСАЧЫХА - частка 7, заканчэнне
подняться наверх ↑
ССЫЛКИ ДЛЯ СПИСКА ЛИТЕРАТУРЫ
Стандарт используется в белорусских учебных заведениях различного типа.
Для образовательных и научно-исследовательских учреждений РФ
Прямой URL на данную страницу для блога или сайта
Полностью готовые для научного цитирования ссылки. Вставьте их в статью, исследование, реферат, курсой или дипломный проект, чтобы сослаться на данную публикацию №1379432709 в базе LIBRARY.BY.
подняться наверх ↑
ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!
подняться наверх ↑
ОБРАТНО В РУБРИКУ?
Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.
Добавить статью
Обнародовать свои произведения
Редактировать работы
Для действующих авторов
Зарегистрироваться
Доступ к модулю публикаций