Крыўда

Белорусский САМИЗДАТ: книги, рассказы, фельетоны и пр.

NEW САМИЗДАТ: ПРОЗА


САМИЗДАТ: ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

САМИЗДАТ: ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Крыўда. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Автор(ы):
Публикатор:

Опубликовано в библиотеке: 2012-02-04
Источник: http://portalus.ru

К Р Ы Ў Д А

Апавяданне

Зіна яшчэ крыху пастаяла перад люстэркам, прыдзірліва аглядаючы сябе. Не. На такі выпадак трэба штосьці іншае. Святочнае, вядома, але больш стрыманае, так бы мовіць, дзелавое.
– Дзякуй вам, дзяўчаткі, за дабрыню і шчодрасць. Уборы вашы вельмі прыгожыя, але – не крыўдуйце толькі – я ўсё ж апрану вось гэта. – Яна дастала з шафы сваю ўлюбёную сукенку. – Здаецца, гэта будзе якраз тое, што трэба. Толькі вось абутак… Шкада, што белыя басаножкі ў рамонце. Але ж мае “лодачкі” таксама неблагія, ці не праўда?
– Зінка, – азвалася Вера Міхалькова, – вазьмі ты лепш мае чаравікі. Зірні, якая прыгажосць! Праўда, ад сэрца адрываю, але бяры. А за гэта ты як на споведзі раскажаш нам, з кім у цябе спатканне. Ці не з Пысевічам з гістарычнага? Я заўважыла, ён на цябе апошнім часам пазіраць пачаў. Дык глядзі, каб Таня Ісайчук табе прычоску не папсавала. Яна за Вадзікам ці не з паўгода ўжо бегае. І ўвогуле, Пысевіча асцерагацца трэба. Нездарма яму мянушку такую далі – К а з а н о в а. Той яшчэ жук! Не адна дзяўчына з-за яго наплачацца.
Зіна паблажліва ўсміхнулася. Няхай сяброўкі робяць якія хочуць здагадкі – яна ім нічога не скажа, бо ніхто з іх Зіну не зразумее. Амаль усе яе аднакурсніцы з Міншчыны. Дома пабыць для іх не праблема. І аднавяскоўца свайго ў Мінску сустрэць – не вялікае дзіва. А для Зіны гэта значная падзея, сапраўднае свята.
Цікава, ці адразу Таня пазнае яго? Як-ніяк амаль пяць гадоў ужо не бачыліся. Так, пяць гадоў таму Таня апошні раз прыязджала ў Зарадзвінку – бацькі яе тады яшчэ там жылі. Таня пасля дзевяці класаў паступіла ў тэхнікум у Мінску. Гаварылі ў вёсцы, нібыта дзядзька Васіль, брат Танінага бацькі паспрыяў таму, бо ў той тэхнікум звычайнай вясковай дзяўчыне немагчыма паступіць было. А Таня паступіла, хоць у школе і не вельмі добра вучылася. Зіна тады яшчэ толькі сем класаў скончыла. (Таня на два гады старэйшая) і вельмі зайздросціла Тані: як жа, ажно ў сталіцы вучыцца будзе! Зіне пра такое пакуль і марыць не выпадае.
Неўзабаве і Таніны бацькі пакінулі вёску: прадалі сваю хату і купілі кватэру ў Гомелі. Хадзілі чуткі, што і тут без дзядзькі Васіля не абышлося. Вядома – такі сваяк у Міністэрстве!
Цётка Вольга, маці Таніна, зрэдку прыязджала ў Зарадзвінку і да былых сваіх суседзяў наведвалася, а Таня так ніводнага разу за гэтыя пяць гадоў і не з’явілася ў вёсцы. Цётка Вольга расказвала Зінінай маці, што Таня выйшла замуж за вельмі прыстойнага чалавека, які працуе ў той жа ўстанове, што і дзядзька Васіль. Праўда, чалавек той значна старэйшы за Таню, але ж затое Таня жыве цяпер як у Бога за пазухай: і кватэра шыкоўная ў цэнтры, і летнік, і машыны дзве – службовая і ўласная. “І дзіцятка ўжо ёсць, хлопчык. Славікам назвалі. Так што Танечцы маёй (цьфу-цьфу – не сурочыць бы!) пашэнціла!”
Убачыўшы Зіну (тая якраз прыехала на майскія святы), цётка Вольга ўзрадавалася: “Вось добра, Зіначка, што ты тут! Гэта ж гасцявала ў мяне Танечка і забылася… не памятаю, як яно завецца… ну, фарбы тыя, што твар малююць. Ага, касметыку. Ды ты ўжо будзь ласкавая, перадай Танечцы. Аднясі. Яна па вуліцы Казлова жыве. А я ўжо і пасылачку невялічкую збяру. Гасцінцаў крыху. Ты паслязаўтра ад’язджаеш? Тады я заўтра ранічкою прывязу.”
Зіна ніяк не магла ўявіць сабе Таню замужняй дамаю, а тым больш маці. Здаецца, ці даўно яны разам у крушынніку на выгане ў партызаны гулялі? Шура Клімаў, “камандзір партызанскай брыгады” тады з усіх Зарадзвінскіх дзяўчат іх дваіх выбраў: Таню медсястрой прызначыў, а Зіну – санітаркай. Ну яны і лячылі “раненых” вадою з круглай сажалкі ды гаркаватымі ягадамі крушыны. У той жа круглай сажалцы Зіна з Таняй апалонікаў лавілі – пузаценькіх, жвавых – такіх прыгожых, аж не хацелася верыць, што яны неўзабаве ператворацца ў непрываблівых рагатых і лупатых істот, якімі так брыдзіліся Зіна і Таня! А ці памятае Таня, як яны хадзілі за шчаўем да Тарасавай будкі і аднойчы аб’еліся там палявым часнаком? Хутчэй бы ўбачыць Таню! Вось ужо нагаворацца яны, паўспамінаюць пра сваё “басаногае дзяцінства”. А яно ў іх з Таняю і сапраўды было басаногае ды яшчэ і з цыпкамі…
* * *
У мінулым годзе Зіна паступіла ў Мінскі педінстытут. Маці кожны раз як Зіна дадому наведвалася, адно і тое ж гаварыла: “Заехала ты, дачушка, за белы свет. На настаўніцу можна было б і ў Гомелі навучыцца. Кожны выхадны дома была б. Ды і сярод тыдня – не-не ды і адлучылася б: дваццаць кіламетраў – не чатырыста. Дома ж і малачко сваё, і смятанка. А то вунь як на сталоўскіх харчах схуднела: толькі вочы ды нос засталіся”.
Зіна напачатку пярэчыла:
– Ну нічога ты, мамачка, не разумееш! Хіба ж можна Гомель параўноўваць з Мінскам? Вучыцца ў сталіцы – гэта ж такі гонар!
Праўда, нудзілася Зіна па сваёй Зарадзвінцы. Але тое можна зразумець – як-ніяк упершыню ад дому ад’ехала. Думала, прыйдзе час і звыкнецца яна з гарадскім жыццём… Не яна першая, не яна апошняя. Але вось ужо амаль два гады прайшло, а Зіна ўсё вёску сваю сніць: то яна разам з сяброўкамі на лузе за Вёдзеркай рамонкі ірве, то на танцы ў клуб збіраецца, то ля агародчыка на лавачцы пад калінаю сядзіць. Пасля зімовых канікул на вучобу ад’язджала – плакала ўпотайкі ад маці. І цяпер слёзы на вочы набягаюць, як падумае, што зноў ажно два месяцы родных сваіх не ўбачыць. Таму і ўзрадавалася тады цётцы Вользінай просьбе. Гэта ж яна з Таней сустрэнецца! І тады калі-некалі можна будзе да яе заходзіць. А то дзяўчаты з Зінінага пакоя раз’едуцца на выхадныя, а яна сядзіць адна і куды падзець сябе, не ведае. І начаваць адной страшнавата: з нядаўняй пары пачаў у іх пад вокнамі нейкі мурзаты тып швэндацца. На мінулым тыдні на шыбіну ў іхнім пакоі брыдкіх малюнкаў наляпіў, а сам побач стаяў і зубы гнілыя скаліў, пакуль дзяўчаты аднакурснікаў сваіх з другога паверха не паклікалі. Косця Макарэвіч з Колем Кушнерам, відаць, добрую бубну таму тыпу выбілі, бо яго колькі дзён ужо не відаць. А Зіна ўсё роўна баіцца: пакой жа іхні на першым паверсе.
* * *
Калі цётка Вольга назаўтра, як абяцала, прынесла сваю “невялічкую пасылачку”, маці спахмурнела і, счакаўшы, калі за цёткай Вольгай зачыняцца дзверы, сказала:
– Няма, а ўрэшце, ніколі не было ў гэтай Гурчыхі ні сумлення, ні сораму. Тут жа добрых шэсць кілаграмаў будзе! Чаму б па пошце не паслаць? А ўсё ад сквапнасці: там жа якія-ніякія, а грошы трэба плаціць, а тут на дармаўшчыну. Яны ж, Гуркі, над кожнай капейчынай калоцяцца, ненаедныя.
Маці гаварыла праўду. Цётка Вольга – кабеціна хітрая, уцісклівая. Зіна добра памятае, як Гурчыха некалі збірала дзяцей, што гулялі на вуліцы і, паабяцаўшы пачаставаць іх мёдам, загадвала якую-небудзь работу: то буракі з агароду ў склеп перанесці, то сена ў пуню пацягаць, то крапівы ды лебяды свінням нарваць. Вядома ж, мёдам пасмачыцца кожнаму хацелася, і малыя стараліся адно перад адным. А цётка Вольга пазірае ды пахвальвае: “Вось малайцы, дзеткі, вось разумнікі!” А потым вынесе на ганак чыгун ці міску і кажа: “Вось тут мёд быў, на бакавінах і на дне яго яшчэ вунь колькі засталося! Ласуйцеся, дзеткі!”
Ну дзеткі і “ласаваліся”: возькалі пальцамі па дну чыгуна, а потым аблізвалі іх. Салодкія былі пальцы!
– Ты, мамачка, не хвалюйся, – гаварыла Зіна, імкнучыся супакоіць маці, якая не пераставала абурацца нахабствам Гурчыхі. – Ад вакзала мне зусім блізка ісці. Ды і Таню мне вельмі ж хочацца пабачыць.
* * *
І вось зараз Зіна паедзе на вуліцу Казлова. На душы з самай раніцы светла і радасна.
– Зіна, ды хто з такім “рыдыкюлем” на спатканне ходзіць? – зарагатала Света Карніевіч, убачыўшы, што Зіна дастае з-пад ложка ёмістую чорную сумку. – Вазьмі вунь Верчыну ці маю, а то Пысевіч спужаецца, падумае, што ты з усімі сваімі рэчамі прыйшла, каб “навекі ў яго пасяліцца”.
– Няхай сабе, – зноў усміхнулася Зіна. – Я спецыяльна. Праверыць хачу трываласць ягоных пачуццяў. Ну, пакуль, дзяўчаткі. Калі нанач не прыеду – не хвалюйцеся.
– Ты не жартуй так, – ужо сур’ёзна прамовіла Света. – Табе ж сказалі, што Пысевіч…
– Добра, добра, – Зіна ўжо стаяла ля дзвярэй, – я да яго бліжэй як на паўметра падыходзіць не буду, абяцаю.
Праз паўгадзіны Зіна стаяла перад металічнымі дзвярыма Танінай кватэры. “Нічога сабе дзверы! – падумала яна. – Не менш, чым мільён каштуюць”. Зіна націснула кнопку. Гук звака – не звычайны, рэзкі і пранізлівы, а мяккі, меладычны ўражваў таксама. Неўзабаве шчоўкнуў замок. Зіна паімкнулася пераступіць парог, але дзверы, узятыя на ланцужок, толькі крыху прачыніліся і глухаваты мужчынскі голас спытаўся:
– Вы да каго?
– Я… мне трэба да Тані, – прамовіла Зіна.
– Прабачце, а хто вы і навошта вам патрэбна Таня?
– Я з Зарадзвінкі… Зіна Весялова я.
– Адкуль-адкуль?
– Ну, з вёскі Танінай. Маці Таніна прасіла перадаць…
– Танюша, – паклікаў мужчына, – тут да цябе з вёскі Зіна Весялова.
За дзвярыма пачуліся нетаропкія крокі:
– З якой яшчэ вёскі? І якая Зіна? Спытайся, што ёй трэба?
– Кажа, што твая маці прыслала.
Бразнуў ланцужок, і на лесвічную пляцоўку высунулася жаночая галава:
– Я слухаю вас.
Зіна разгубілася. Яна добра памятала, што ў Тані былі цёмна-русыя доўгія хвалістыя валасы, а ў гэтай жанчыны – светлыя, амаль белыя, каротка пастрыжаныя, і твар… Хіба такі капрызліва-незадаволены твар быў калі-небудзь у смяшлівай, задзірыстай Тані? І ўсё ж гэта была яна, Таня. Вунь і радзімка ля носа. Вядома ж, Таня.
– Танечка, ты не пазнаеш мяне?
– Прабачце, але…
– Ды Зіна ж я! Зіна Весялова. Суседка твая з Зарадзвінкі!
– Ведаеце, Зіна, – Таня непрыгожа скрывіла ярка нафарбаваныя вусны, – я зусім мала жыла ў той Зарадзвінцы і ўжо амаль нікога не памятаю, даруйце. Муж сказаў, што вы ад маёй маці. Што яна хацела? Чаму вы маўчыце? Што прасіла вас маці?
Зіна разляпіла непаслухмяныя вусны:
– Яна табе… вам… Вось пасылка.
Дзверы прачыніліся яшчэ крыху. Роўна на столькі, каб можна было прасунуць пасылку – мудрагеліста перавязаны шпагатам пакунак.
– Давайце.
Рука з доўгімі пазногцямі схапіла пасылку, і Зіна здрыганулася: шчаўчок замка прагучаў бы аплявуха. Нейкі час Зіна бясцямна глядзела на шыкоўныя металічныя дзверы, а потым паціху пасунулася ўніз. Па целу павольнай хваляй разлівалася гарачыня, і было такое адчуванне, яе некалі ў дзяцінстве, калі яна, пераблытаўшы шклянкі, замест чаю глынула бабулінага лякарства – горкага-горкага палыновага адвару…
__________

Новые статьи на library.by:
САМИЗДАТ: ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Крыўда

© Кадетова Валентина () Источник: http://portalus.ru

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

САМИЗДАТ: ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.