публикация №1451408062, версия для печати

Запаветнае жаданне. навагодняя казка


Дата публикации: 29 декабря 2015
Автор: Таццяна Дамаронак
Публикатор: Татьяна Домаренок-Кудрявцева (номер депонирования: BY-1451408062)
Рубрика: САМИЗДАТ: ПРОЗА
Источник: (c) http://library.by


У маленькім мястэчку наступіла зіма. Усе дзеці чакалі яе, бо толькі ўзімку на Новы год збываюцца запаветныя жаданні. Кажуць, чараўніцтва адбудзецца, калі вельмі захацець і паверыць у тое, што ўсё будзе так, як ты загадаў!

Пра гэта думаў пяцігадовы Саша. Ён не хадзіў у дзіцячы садок. Яго выхоўвала дома бабуля. А мама жыла ў іншым горадзе. Саша ўжо не бачыў яе цэлы год і, вядома ж, вельмі нудзіўся. Бабуля ўсё яму дазваляла. Шпацыраваць у двары аднаму, але толькі ля пад'езда, глядзець мультыкі і разглядаць старыя фатаграфіі ў альбоме. Там была фатаграфія мамы. Саша глядзеў на яе і стараўся ўспомніць той дзень, калі мама прыязджала да яго. "Я загадаю, каб прыехала мама на Новы год", – вырашыў Саша. Хлопчык у думках папрасіў усіх Дзедаў Марозаў планеты выканаць яго жаданне.

Але, калі ён спытаў у бабулі, ці прыедзе мама да яго на Новы год, тая адказала:

–Не, Сашанька, яна не прыедзе. У яе шмат спраў.

Пачуўшы гэта, Саша не засмуціўся. Ён ведаў, што будзе кожны дзень прасіць Дзедаў Марозаў. І, вядома ж, хоць адзін з іх пачуе яго просьбу і прывядзе да яго маму.

Ішлі дні. Саша кожны дзень загадваў сваё запаветнае жаданне і прасіў Дзедаў Марозаў выканаць яго. Знаёмая Варона, якая часта сядзела каля пад'езда, кожны раз узіралася яму прама ў вочы і сцвярджала, што ўсё будзе так, як ён задумаў. Нават бабулін кот Барсік пра гэта ведаў і не сумняваўся ні ў чым. І каб Навагодняе свята стала для Сашы самым светлым і радасным, Барсік здзейсніў вельмі адважны ўчынак. Аднойчы ўначы ён збегаў у лес і прынёс адтуль маленькую Ёлку для Сашы. Хлопчык прачнуўся і ўбачыў пасярод пакоя лясны цуд!

– Хто яе прынёс? – здзівіўся Саша, бо разумеў, што яго старэнькая бабуля не пойдзе ў лес за Ёлкай.

– Хто, хто! Барсік, вядома, – усміхнулася бабуля. – Ты ж ведаеш, як ён цябе любіць.

Яна з хітрынкай зірнула на ката, а той падняў хвост і пацягнуўся. Вочы ў Барсіка загарэліся ад гонару. "Так, – нібы казаў ён, – гэта ўсё я зрабіў!"

– Калі мы яе ўпрыгожым? – спытаў Саша.

– Я дастану ёлачныя цацкі, а ты ўпрыгожвай Ёлку разам з Барсіком, – адказала бабуля. – Мне яшчэ на рынак схадзіць трэба, купіць прадукты да свята. Да Новага года засталося два дні. Я збіраюся спячы мядовы торт. Ты ж яго любіш.

– Ура! У нас будзе мядовы торт! – узрадаваўся Саша.

Пасля сняданку разам з Барсікам яны заняліся Ёлкай. Вы не паверыце, але кот аказаўся добрым памочнікам. Саша стаяў на зэдлічку, развешваў шары і іншыя цацкі, а Барсік падаваў іх яму ў дзвюх лапах. Верхавіну бабуля замацавала сама, калі вярнулася з рынка. І вось ужо лясная прыгажуня заблішчала ўся ў чароўных навагодніх упрыгожваннях! Толькі электрычнай гірлянды з разнакаляровымі лямпачкамі на ёй не было. Шкада.

"Калі б мама яшчэ і такія лямпачкі прывезла", – падумаў Саша. Але на гэта ён неяк не вельмі разлічваў. Хлопчык разумеў, што і Дзедаў Марозаў не варта загружаць новымі просьбамі. Галоўнае, каб прыехала сама мама.

Якім жа светлым быў навагодні дзень! Саша прачнуўся раней бабулі, апрануўся, прыбраў ложак і падбег да акна на кухні. Там, за акном па дарозе скакала яго знаёмая Варона. Затым Барсік падышоў да хлопчыка і пачаў варкатаць ранішнюю песню. И тады Саша падумаў: "Яны ведаюць, што мама ўжо едзе". Хлопчык падняў ката на акно і прыціснуў да сябе. Так удваіх яны і стаялі, узіраючыся ў далечыню...

Неўзабаве прачнулася бабуля. Яна здзівілася, убачыўшы ўнука на кухні, і стала хуценька збіраць ежу на стол.

– Мой памочник прачнуўся раней за мяне. Есці хочаш? – спытала яна ва ўнука.

– Бабуля! Пачакай трохі, – адказаў Саша. – Хутка прыедзе мама.

– Мама? Адкуль ты пра гэта даведаўся?

– Не скажу. Але я ведаю.

Бабуля прамаўчала. Ёй стала вельмі шкада малога. Яна разумела, што дачка, мама Сашы, не прыедзе. Аднак яшчэ раз сказаць пра гэта ўнуку бабуля не вырашылася.

"Мама прыедзе. Я ведаю!" – паўтараў пра сябе хлопчык і ўпарта глядзеў на дарогу.

І што ж было далей?

А далей было ўсё так, як загадаў Саша. Мама зразумела, што трэба адкласці ўсе справы і ехаць да сына. І вось яна ўжо на парозе хаты. А Саша бяжыць да яе.

– Ура! Мама прыехала! Гэта я загадаў сваё запаветнае жаданне. І яно спраўдзілася. Вялікі дзякуй вам, Дзядулі Маразы! – крычаў Саша ва ўсё горла.

Убачыўшы такі выдатны фінал, Варона задаволеная паляцела дадому, а Барсік падышоў да сваёй міскі з ежай.

– А цяпер, мае дарагія, прашу за стол! – урачыста прамовіла бабуля. – Яна, вядома ж, вельмі ўзрадавалася ад таго, што прыехала дачка. Зараз усе лепшыя бабуліны стравы будуць на стале.

– У вас выдатная навагодняя Ёлка, – прамовіла мама. – Але я зраблю яе яшчэ лепшай.

З гэтымі словамі мама дастала з торбы скрынку з электрычнымі гірляндамі...

29.12.15

 

Опубликовано 29 декабря 2015 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1451408062 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY САМИЗДАТ: ПРОЗА Запаветнае жаданне. навагодняя казка

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network