Геапалітыка ва ўкраінскай літаратуры

Политология, современная политика. Статьи, заметки, фельетоны, исследования. Книги по политологии.

NEW ПОЛИТИКА


ПОЛИТИКА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

ПОЛИТИКА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Геапалітыка ва ўкраінскай літаратуры. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-29

АВТОР: Воля Гнацюк

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №5 2001 ГОД


Воля Гнацюк — вядучы навуковы супрацоўнік Інстытуту літаратуры Польскай акадэміі навук. Укладаль­ніца і перакладчыца на польскую анталёгіі новай украінскай літаратуры “Rybo-wino-kur” (1994), празаічных кніг Юр’я Андруховіча “Rekreacje” і “Erz-hetz-perc”. Жыве ў Варшаве.

Для тых, хто хоча адшукаць ключ да ўкраінскіх праблемаў — ад палітычных да культурных і навуковых, — лозунг “Украіна паміж Усходам і Захадам”, яшчэ й тлумачаны ў адным толькі палітычным сэнсе, надта часта стаў служыць своеасаблівай адмычкай. Злоўжыванне гэтым, без сумневу, справядлівым цверджаннем за апошнія гады абясцэніла, каб не сказаць баналізавала ягоны змест.

Разгляд літаратуры ў палітычных катэгорыях выклікае негатыўныя асацыяцыі з тымі часамі, калі рэпрэсіўны апарат бачыў злачынства ў праеўрапейскай арыентацыі мастака. Незалежная Ўкраіна пра становішча творцаў у таталітарнай дзяржаве гаварыла й пісала шмат, але мартыралагічна-патрыятычны тон такіх публікацыяў адбіў цікавасць да гэтай тэмы раней, чым яна была дастаткова распрацаваная. Для шматлікіх чытачоў прыстасаванне да літаратуры палітычных катэгорыяў стала анахранізмам. А тым часам механізмы, якія нараджаюць палітычныя падзелы, зберагліся нават і пасля таго, як змяніўся палітычны змест. І пытанне пра арыентацыю ўкраінскай культуры ды яе месца ў Еўропе дагэтуль — адна з размежавальных лініяў.

З-за браку самастойнасці, “быцця паміж” (паміж дзвюма вялікімі культурнымі фармацыямі, а таксама магутнымі дзяржавамі) праблема культурнага самаатаясамлення найчасцей набывала палітычнае ды ідэалагічнае гучанне. Упершыню праблема празаходняй ці праўсходняй арыентацыі ўкраінскай культуры паўстала пасля Берасцейскай уніі. XVIII стагоддзе, час, калі пасля разгрому Мазэпы ўкраінскія землі канчаткова апынуліся пад расійскім панаваннем, было перыядам заняпаду ўкраінскай культуры. Першая палова XIX стагоддзя была часам драматычнага выбару, які Юры Луцкі сімвалічна акрэсліў “паміж Гогалем і Шаўчэнкам”: паміж культурай імперыі й роднай культурай. Не менш выразна дзве процілежныя арыентацыі азначыліся ў змаганні паміж дзвюма канцэпцыямі ўкраінскай літаратуры: ці быць ёй літаратураю для ўнутранага (“хатняга”) ўжытку, ці цалкам еўрапейскаю. Адзін з герояў Панцеляймона Куліша, прыхільніка той другой канцэпцыі, кажа характэрныя словы: “Украінцы — чуў я не аднаго разу ад этнографаў і дагэтуль даю ім веры — ляжаць галавой да Еўропы, а нагамі да Азіі”.

У другой палове XIX стагоддзя ўмацавалася характэрная для пазітывізму канцэпцыя літаратуры як сродку, што служыць народнай асвеце й фармаванню нацыянальнай свядомасці, і гэта ў вялікай ступені звяло літаратуру да падпарадкаванай ролі. Мадэрнісцкі пералом паставіў украінскіх творцаў перад неабходнасцю перагледзець канцэпцыю “самабытнай” культуры. Творчасць Лесі Ўкраінкі — жывое адлюстраванне гэтага. Вельмі жвавы водгук здабыў заклік Міколы Варанога да еўрапеізацыі ўкраінскай літаратуры, падтрыманы літаратурнай суполкай “Маладая муза” ды “хацянамі”.

Праз чвэрць стагоддзя гэтую праблему надзвычай востра ставіў Мікола Хвылёвы. Яго пытанне “Камо грядеши?” ды менш завуаляванае “Еўропа ці “Просвіта”?” былі не толькі атакай на “пралетарскую літаратуру”: мелася на ўвазе й месца ўкраінскай літаратуры ў Еўропе. Нават далёкія ад палітыкі кіеўскія неакласікі сталі саюзнікамі Хвылёвага. А калі публіцыст паказаў яшчэ й стратэгію: “Прэч ад Масквы, усе вокны на Еўропу”, — мусіў умяшацца нават Сталін. “У той час, калі заходнееўрапейскія пралетары ды іх камуністычныя партыі поўныя сімпатыяў да “Масквы”, да гэтай цытадэлі міжнароднага рэвалюцыйнага руху й ленінізму, — абурана пісаў ён у лісце да Лазара Кагановіча, — украінскі камуніст Хвылёвы не мае сказаць на карысць “Масквы” нічога іншага, акрамя таго як заклікаць украінскіх дзеячоў уцякаць ад “Масквы” “як мага хутчэй”. І даў загад змагацца з “крайнасцямі Хвылёвага ў шэрагах камуністаў”. Загад быў выкананы: ніколі да гэтага рэ­прэсіі супраць украінскай культуры не набывалі такога размаху. Але ж трэба памятаць, што ў той час якія-колечы, нават найбольш абстрактныя заклікі да праеўрапейскай арыентацыі гучалі настолькі радыкальна, што іх успрымалі як замах на саму рэвалюцыю. “Тэорыя, крытыка, паэзія, проза, інтымныя нататкі — усё мела на сабе пячатку знявагі й падазронасці што да Еўропы й часта межавала з непрыкрытай нянавісцю”, — пісала пра гэты перыяд Саламея Паўлычка (“Дыскурс мадэрнізму ва ўкраінскай літаратуры”). Зняважлівае стаўленне да Еўропы вельмі часта абапіралася на творы Освальда Шпенглера; асабліва вялікае ўражанне зрабіў яго “Прыцемак Еўропы”.

У адным шэрагу з паноўнымі тады праеўрапейскаю й антыеўрапейскаю (прарасійскаю) пазіцыямі з’яўляліся галасы — праўда, нешматлікія, — якія заклікалі ствараць літаратуру, незалежную ад якіх-колечы чужых уплываў. На пачатку дваццатых гадоў Юры Мяжэнка (Іваноў) аўтарытэтна сцвяр­джаў: “Нашай літаратуры не стае сапраўднай незалежнасці”, таму яна прымушаная ісці “чужымі й неўласцівымі ёй шляхамі”. Гэтыя словы былі прамоўленыя ў перыяд небывалага росквіту літаратуры, калі з’яўляюцца такія шэдэўры, як “Сонечныя кларнеты” Тычыны. Для крытыка, аднак, гэта не шмат значыла, ідэалогія перашкаджала яму бачыць літаратурную рэчаіснасць. Прыкметнай плынню быў на той час таксама месіянізм: калі Хвылёвы казаў пра азіяцкі рэнесанс, ён меў на ўвазе адраджэнне, што прынясе свету ўкраінская літаратура.

Украінскія пісьменнікі ў Заходняй Украіне ды ў эміграцыі таксама спрачаліся пра тое, чым мусіць быць літаратура ды ў якім кірунку яна павінна рухацца, але іхнія дыскусіі зайгралі жывымі колерамі толькі ў трыццатых гадах. У гэтых спрэчках сутыкаліся тры канцэпцыі: праеўрапейская, нацыянальная й трэцяя, не столькі прарасійская, колькі пракамуністычная. Прыхільнікі дзвюх апошніх найчасцей былі звязаныя — хаця й не заўсёды фармальна — з палітычнымі арганізацыямі АУН і КПЗУ, а іхнія погляды былі падфарбаваныя нямецкаю філасофіяй з культам моцнай асобы ў адных, марксізмам — у другіх. Затое “еўрапейцы” заўважалі ў нацыянальнай ды камуністычнай арыентацыях два бакі аднаго медаля: “У процілежнасць камуністычнай літаратуры, — пісаў у 1933 годзе ў часопісе “Мы” львоўскі крытык з пакалення мадэрністаў Міхайла Рудніцкі, — у Галіччыне ды эміграцыі распрацоўваюць нацыяналістычны месіянізм. Інтэрнацыяналізм і месіянізм у літаратуры — дзве дачкі адной сухотнай маткі: агіткі... Дагэтуль нашыя пісьменнікі жывуць яе спадчынаю, як ранцье...” І далей:

“Звядзенне палітычных рахункаў з суседзямі скончылася тым, што тое, што маглі яны даць нам найбольш каштоўнага: творчыя ўплывы, — ідзе цяпер на рахунак быццам бы культурнай вышэйшасці. Так паўстае ў нас своеасаблівы месіяністычны вінегрэт. Палітыкі, для якіх літаратура ёсць толькі каталогам цытатаў і рознагалосых лозунгаў, перадаюць маладому пакаленню найменш еўрапейскія элементы, занесеныя да нас з расійскай і польскай літаратураў, — месіяністычны грамадскі рамантызм.”

Некаторыя пісьменнікі, нягледзячы на дакладна акрэсленыя палітычныя погляды, заставаліся нібыта “паміж” праеўрапейскаю ды нацыянальнаю арыентацыямі, і гэта творцы такога ўзроўню, як Яўген Маланюк. Аднак прарасійскі кірунак яны адкідалі катэгарычна.

Багдан-Ігар Антоніч, чалавек іншага пакалення, чым ужо цытаваны Міхайла Рудніцкі, але не менш далёкі ад палітыкі, да вяртання моды на еўрапейскасць ставіўся іранічна:

“Ідуць заўзятыя змаганні за манаполію. Кожны толькі сябе прызнае еўра­пейцам, а іншых адпіхвае ад гэтай назвы рукамі й нагамі. Паўстаюць часопі­сы, што маюць адвагу пісаць пра сябе як пра першы й адзіны ўкраінскі часопіс, што формай і зместам арыентуецца на Захад.”

Цікава, што галоўнымі прыхільнікамі гэтай манапалізаванай еўрапейскасці Антоніч лічыць беспрацоўных рэдактараў камунізаваных культурных часопісаў, якія заняпалі ў сярэдзіне трыццатых гадоў. Аднак, прааналізаваўшы змест новых “праеўрапейскіх” часопісаў, якія заснавалі гэтыя рэдактары, зрабіў выснову пра іхную глыбокую правінцыйнасць1 .

Падобны дыягназ праз дзесяць гадоў паставіў галоўны тэарэтык МУРу Юры Шэрах (Шавялёў). “Карфаген нашай правінцыйнасці мусіць быць разбураны”, — абвесціў ён, прапануючы новы нацыянальны стыль у еўрапейскай украінскай літаратуры. Але неўзабаве мусіў прызнаць сваю паразу2 .

Усе гэтыя пазіцыі, якія мы, спрашчаючы, называем праеўрапейскаю, прарасійскаю й пранацыянальнаю арыентацыямі, існавалі ва ўкраінскай культуры паралельна, іхнія прадстаўнікі змагаліся міжсобку, а саюзы ствараліся не часта. Да пэўнай ступені гэтыя плыні спараджалі адчуванне непаўнаты, непаўнавартасці ўкраінскай культуры, перакананасць, што яна ці то не досыць еўрапейская, ці то не досыць нацыянальная, ці то не ў дастатковай ступені арыентаваная на братнюю расійскую. Першыя дзве арыентацыі шукалі прыклады звонку, трэцяя, пранацыянальная, — унутры. Радыкальныя прыхільнікі “нацыянальнай арыентацыі” абвяшчалі шкоднымі ўсе чужыя ўплывы, што вяло да аўтаркіі.

Ці змянілася што-небудзь з таго часу — з сярэдзіны XX стагоддзя? Ці з’явілася новае бачанне месца ўкраінскай культуры ў культуры сусветнай? Ці набыццё незалежнасці істотна паўплывала на пераарыентацыю культуры? Ці ўдалося вызваліць культуру ад ідэалогіі?

Хацелася б адказаць на гэтыя пытанні адназначна станоўча, аднак здаецца, што гэта было б празмерным аптымізмам.

Сённяшнія дыскусіі пра форму ўкраінскай культуры да пэўнай ступені паўтараюць выказанае на мяжы стагоддзяў; вяртаюцца таксама матывы літаратурнай дыскусіі другой паловы дваццатых гадоў. На прынцыповае пытанне пра стан культуры нязменна чуваць супярэчлівыя адказы: крызіс альбо пералом. Нават у рамках адной арыентацыі мы бачым разнастайнасць поглядаў, і, у адрозненне ад таго, што было на зломе стагоддзяў, лінія падзелу не супадае з мяжой, якая падзяляе два розныя пакаленні.

Часта пытанне гучыць нават больш драматычна: “Ці выжыве ўкраінская літаратура?” Катастрафічны тон шматлікіх выказванняў можна зразумець. Насуперак чаканням часткі грамадства, стан украінскай культуры пасля набыцця незалежнасці не палепшыўся; статыстыка рынку кніг і часопісаў гаворыць пра рэгрэс украінскамоўных публікацыяў. Зрэшты, не трэба й статыстыкі, дастаткова зазірнуць у першую-лепшую кнігарню, ужо не кажучы пра латкі на вуліцах. Аднак згадзіцца з дыягназам, што ўкраінская літаратура занепадае, цяжка. У гістарычна-літаратурным кантэксце сённяшні катастрафізм здаецца неабгрунтаваным. Сто гадоў таму, у сітуацыі значна больш драматычнай — хаця б з-за таго, што незалежная Ўкраіна магла быць на той час толькі мараю, — пісьменнікі ды крытыкі, якія былі ў апазіцыі да мадэрнізму, дыскутавалі не над тым, ці мусіць існаваць украінская літаратура, і не над тым, ці выйдзе яна з крызісу, а над тым, калі гэта адбудзецца; калі месца бязвольных і бяздзейных герояў дэкадэнцкага мастацтва зоймуць героі моцныя й ангажаваныя ў жыццё свайго народу. Боязь часткі сённяшніх крытыкаў і людзей культуры — зразумелая ў эканамічным альбо статыстычным кантэксце — выглядае неабгрунтаванаю, калі гаворка заходзіць пра канкрэт­ныя з’явы ў літаратуры.

Пытанне пра арыентацыю ўзнікае ў дыскусіях значна радзей і часта апа­сродкавана. Аднак добра чуваць водгукі “Еўропа ці “Просвіта”?”; з’яўляюцца й новыя погляды на месца ўкраінскай культуры, для носьбітаў якіх правінцыйнасць не ёсць несумненным грахом, а Еўропа — бясспрэчнай вартасцю. Найбольш выразна гэтае новае бачанне адлюстравалася ў эсэістыцы Юр’я Андруховіча, хоць і ў ёй відавочная пэўная эвалюцыя — ад ледзь прыхаванага захаплення ва “Ўводзінах у геаграфію”, напісаных на пачатку дзевяностых гадоў, да дастатковай дозы скептыцызму ды іроніі пры канцы гэтага дзеся­цігоддзя. Згаданае эсэ здаецца трохі другасным: аўтар быццам бы аддаўся ў палон любай яму Еўропы, захацелася яму распавесці пра гэтую любоў сваім блізкім (чытачам), дый страціў пры гэтым арыгінальнасць. Дзеля справядлі­васці трэба паведаміць, што гэта адзіны такі тэкст у Андруховіча. Палкае пачуццё, мабыць, ахаладзела. У 1992 годзе — дата шматзначная — пісьменнік-іраніст заўважыў: “Украіна — найбольшая ў Еўропе аб’ектыўная дадзенасць, якая менавіта з гэтай прычыны фатальна не можа змясціцца ў Еўропе. ... Быць з Расіяй для Ўкраіны згубна — гэта духоўная і фізіялагічная смерць, у чым можна было пераканацца на працягу трох з палавінай стагоддзяў. Быць з Еўропай, магчыма, — тое самае, але ў гэтым варта яшчэ пераканацца” (“Четвер”, 1992, № 3). А праз некалькі гадоў так пракаментаваў свае словы: “Нам здалося, што мы, смеючыся, развітваемся з уласным мінулым. Але мінулае мінулым так і не стала. Пасля шасці гадоў іншага звонку быцця Ўкраіна і надалей ніяк не можа змясціцца ў Еўропе. Мая легкаважная дэфініцыя застаецца актуальнаю — кажу пра гэта з гонарам як яе аўтар і з горыччу як грамадзянін” (“Gazeta Wyborcza”, снежань 1997 году). Андруховіч лічыць, што дагэтуль не зроблены канчатковы выбар: калонія ці “не-калонія”. Гэта дастаткова песімістычнае бачанне.

Прарасійская тэндэнцыя, думаю, не столькі заняпала, колькі перастала быць паноўнай. Цяжка сёння знайсці пісьменніка-прыхільніка прарасійскай пазіцыі ва ўкраінскай літаратуры — такі пісьменнік публікуе свае творы толькі расійскаю (калі ён таленавіты, дык у Маскве, а не ў Кіеве). Аднак — несумненна — такая арыентацыя ў культуры існуе; пра гэта сведчаць хаця б кнігарні ды яткі, запоўненыя расійскамоўнай літаратурай, надрукаванай у Расіі ды Ўкраіне. Раней расійская культура была ва Ўкраіне ў нейкай ступені высокім узорам; цяпер рынак апанавала масавая літаратура, дый то найніжэйшага гатунку. Гэта адзнака наступлення згалення, але, з іншага боку, гэта сведчыць і пра з’яўленне чытачоў сярод людзей, якія наагул не чыталі, — у будучым, магчыма, яны стануць спажыўцамі расійскай ці ўкраін­скай культуры. З’явілася таксама новая канцэпцыя, якая падобная трохі да “азіяцкага рэнесансу” Хвылёвага, трохі — да панславізму, — тэорыя азіяцкага Рыму, згодна з якой Кіеў — духоўны, культурны, нават геапалітычны цэнтр узрушэнняў, што нясуць аздараўленне для ўсходнеславянскага свету й праваслаўя3 . Такі погляд можа нагадваць вяртанне да вытокаў (“Кіеў — маці гарадоў рускіх”), але ў аснове ён, аднак, выходзіць з перакананасці ў місіі, а гэта мусіць выклікаць сур’ёзныя асцярогі.

Узмацнілася ды ўзбагацілася рознымі адгалінаваннямі нацыянальная арыентацыя. Яе адценні дастаткова разнастайныя: ад аўтаркіі пры перакананасці ва ўласнай выключнасці ці проста высокасці аж да поўнай адкрытасці да чужых уплываў. Самаізаляцыя немінуча прывядзе да павольнага адмірання літаратурнай пісаніны, таму такая пазіцыя небяспечная толькі для творцаў, якія яе прытрымліваюцца. Больш небяспечнымі здаюцца праявы мегаламаніі, бо яны трапляюць на добры грунт: патэнцыйныя спажыўцы гэтага роду літаратуры — прыгнечаныя асобы з нізкай самаацэнкай, а такіх у цяперашніх абставінах зашмат. Найцікавейшая перспектыва вымалёўваецца перад мастакамі, што ўмеюць аб’ядноўваць у сваёй творчасці гетэрагенныя элементы.

Частка даследчыкаў і крытыкаў спрабуе зразумець новыя з’явы ў катэгорыях посткаланіялізму, і некаторыя тэксты, здаецца, пацвярджаюць прыдатнасць гэтай метадалогіі: “Мы ж таксама колішняя калонія, белыя негры псеўда-Еўропы (Расіі)” (Аксана Забужка, “Псіхалагічная Амерыка” і азіяцкі рэнесанс, альбо Ізноў пра Карфаген”. — “Сучасність”, 1994, № 9). Аднак жа апазіцыя “каланіяльны-антыкаланіяльны” і своеасаблівы творчы сінтэз — “посткаланіяльны” не вычэрпвае разнастайнасці мастацкіх пазіцыяў:

“Ці дапаможа нам Амерыка? Ці ўратуе нас Міжнародны валютны фонд? Ці ўратуе нас золата гетмана Палуботка? Ці дапаможа нам ААН? А Брусель? Ці ўратуе нас Жэнева? Ці ўратуе нас каханне? Ці дапаможа нам Варшава? Ці палюбіць нас Валенса? Ці ўратуе нас Ізраіль? Ці павераць нам арабы? Ці дапамогуць нам татары? Ці пойдуць за намі туркі?” (Юры Андруховіч, “Рэкрэацыі”).

“Не ўратуе ... нас ніхто, акрамя нас саміх, — ні роднае дэмакратычнае чынавенства (дзяржава), ні заходняя эліта” (Віктар Небарак, “Пасланне да А.З.”). Паэт ставіць рытарычнае пытанне аўтарцы “Псіхалагічнай Амерыкі...”, пісьменніцы таго самага пакалення: “Пра што хоча апавесці нам нашая новаўкраінская Калумбіна? Пра тое, што мы — правінцыя, а Нью-Йорк — сталіца свету? Нам вядомая й такая шкала вартасцяў. Проста яна час ад часу змяняе кірунак — Масква, Нью-Йорк, Парыж... Што далей? Што будзе заўтра — Пекін? Токіо? Нябесны Іерусалім?”

Усе гэтыя выказванні, калі выкарыстаць крытэры Маркі Паўлышына, мусілі б патрапіць да катэгорыі “посткаланіяльны дыскурс”. Аднак жа яны выказваюць рознасць пазіцыяў. Не надта кемлівы чытач можа спісаць блюзнерствы Андруховіча на “дзіцячую хваробу” постмадэрнісцкай забавы; але словы Віктара Небарака, таксама бубабіста, гучаць надзвычай сур’ёзна. Эсэ Забужкі наглядна паказвае досыць пашыраную — не толькі ва Ўкраіне — пазіцыю. Яе можна назваць “захапленнем Амерыкай”, можна больш стрымана — праамерыканскаю арыентацыяй. Перанясенне сталіцы свету з Парыжу ў Нью-Йорк — новая тэндэнцыя, менш нейтральная ў палітычным сэнсе, чым праеўрапейскасць. Але ў аўтарскім разуменні апазіцыйнымі катэгорыямі ёсць не праамерыканізм — антыамерыканізм, а правінцыя — сталіца свету. Падводзячы вынік, Забужка паўтарае за Шэрахам: Карфаген нашай правінцыйнасці мусіць быць разбураны.

У адказ Небарак сцвярджае, што праамерыканская тэндэнцыя — віда­зменены варыянт прарасійскасці ды праеўрапейскасці (прычым ставіць іх у адзін­ шэраг) і што аўтарка выбрала неадпаведную шкалу вартасцяў. Найбольшую вартасць Небарак бачыць ва ўнікальным характары ўкраінскай культуры. Пацвярджае гэта ўласнай практыкай: ён з прынцыповых меркаванняў вырашыў не выязджаць з Львова. У процівагу трохі гумарыстычнаму “Зямля, як вядома, круціцца, і гэты даведзены навукай факт пазбаўляе нас патрэбы швэндацца па яе паверхні... у пошуках ісціны” іншае, прынцыповае для разумення яго пазіцыі выказванне — “Святло ісціны асвятляе кожны лапік зямлі ў працэсе вярчэння планеты” — гучыць быццам узятае з казання. Ды зернем гэтай думкі ёсць пасланне пра раўнапраўнасць, аднолькавую вартасць усіх культураў. Яго меркаванні пра нацыянальную культуру не супярэчаць праеўрапейскай арыентацыі. Але перакананасць у самабытнай вартасці ўласнай культуры сутнасна адрозніваецца ад тэндэнцыі, якую я называю “нацыянальнай”. Пазіцыя Небарака бліжэйшая да поглядаў Антоніча, чым да пазіцыі яго нацыяналістычна настроеных апанентаў. Гэтыя разыхо­джанні выяўляюцца й цяпер. Прыслухаемся да смяротна сур’ёзных словаў маладога крытыка Аляксандра Яравога: “Досыць пра Бу-Ба-Бу — цяпер пра нацыянальную ідэю й нацыянальнае ў літаратуры” (“Літературна Україна”, 1997 год). У іх адгукаюцца канцэпцыі Дзмітра Данцова з трыццатых гадоў.

У пошуках вырашальных для самабытнасці нацыі вартасцяў шмат пісьменнікаў занураецца ў мінулае, частка з іх у даўніх падзеях знаходзіць падтрымку для сваіх сучасных канцэпцыяў. Такія інтэрпрэтацыі мінулага Ўкраіны ўласцівыя перадусім гістарычнай белетрыстыцы — жанру, традыцыйна асабліва падатліваму да ідэалагічных маніпуляцыяў. На шчасце, сёння не шмат пісьменнікаў карыстаюцца такой магчымасцю. Гэта шырокая тэма, таму акрэслю праблему толькі адным прыкладам. Раман “Арда” Рамана Іванічука з’явіўся — што паказальна — у 1991 годзе, у тым годзе, калі Ўкраіна набыла незалежнасць. Гэты гістарычны твор з часоў гетмана Івана Мазэпы палемізуе з расійскім бачаннем гісторыі, найбольш яскрава выяўленым у паэме Пушкіна “Палтава”. У рамане персанажы, якія пакінулі гетмана й перайшлі на царскую службу, — здраднікі. Зняволенне народу й зняволенне розуму — галоўная тэма твору. Гістарычны фон ператвараецца ў звычайны маскарад, калі з’яўляюцца постаці, жыўцом узятыя са з’ездаў партыі, а герой-пілігрым сваімі духоўнымі ваганнямі пачынае дзіўна нагадваць сучаснага заблытанага ды збяднелага ўкраінскага інтэлігента. Іванічук і не хавае таго, што сапраўды падзеі ягонага раману адбываюцца не ў часы Мазэпы, а ў савецкай імперыі. У вусны ягоных герояў укладзеныя выказванні сучасных палітыкаў. Але гэтыя аперацыі не маюць нічога супольнага з постмадэрнісцкай фікцыяй, а толькі з даўняю практыкай алюзіўнага стылю пісь­ма, які меў на мэце неяк абысці цэнзуру (у савецкай Украіне справа надзвычай цяжкая, але магчымая). Аўтар быццам забыўся, што цэнзуры, як і імперыі, не існуе. Няма з кім змагацца, але ён усё адно паводзіць сябе так, быццам праціўнік існуе й яго трэба адолець. Свет Іванічука — поўная процілегласць абавязковай у імперыі мадэлі выяўлення ўкраінскай гісторыі. Антыўкраінскі стэрэатып пісьменнік замяніў стэрэатыпам антырасійскім. Вось так мы маем сутыкненне поглядаў — імперскага ды антыімперскага, уласна антырасійскага, альбо — што бліжэй да постмадэрнісцкага дыскурсу — каланіяльнага ды антыкаланіяльнага. Праблема, аднак, у тым, што калонія існуе ўжо толькі ў розумах, не ў рэчаіснасці. Раб, хаця ўжо й вызвалены, не перастае ненавідзець, праз што й не можа па-сапраўднаму выслабаніцца.

У эсэ, якое год таму надрукавала “Gazeta Wyborcza”, Юры Андруховіч пісаў:

“Мы жывем у пейзажы пасля бітвы. Галоўнае — пазбыцца каланіяльнай ментальнасці. На жаль, гэта не прыходзіць так хутка. Тварэнне сённяшняй новай культуры ў новай Украіне — адзін са шляхоў. Шчыра кажучы, у найлепшых сваіх праявах гэтая культура застаецца цалкам ізаляванаю ад грамадства й ніякім чынам не можа на яго ўплываць. Ва ўсім дамінуе расійшчына. Страшэнна не хапае волі быць, стацца самім сабой. Але я веру ў лепшую будучыню, паколькі ведаю, што ніводнае намаганне не бывае дарэмным.”

Гэта, відавочна, мусіў бы быць асцярожны аптымізм. Але аўтар яшчэ не скончыў сваёй думкі:

“Я адказваю прыблізна тое ж самае ўжо сёмы год. У сувязі з гэтым я паступова перастаю верыць у тое, што я адказваю. Прынамсі, спалучэнне “лепшая будучыня” даецца мне ўсё цяжэй.”

Пераклала з украінскай Марына Шода

паводле: Критика, №12 (14), снежань 1998.

1 Богдан-Ігор Антонич. Примітивна європеїзація. — Твори. Київ, 1998.

2 Юрій Шерех. Не для дітей. — Нью-Йорк, 1964.

3 Гл., напрыклад, артыкул Алега Гуцуляка ў газеце “Література плюс” (1998, №3).


Новые статьи на library.by:
ПОЛИТИКА:
Комментируем публикацию: Геапалітыка ва ўкраінскай літаратуры


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

ПОЛИТИКА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.