Разьвiцьцё i злачынствы панславiзму (4)

Политология, современная политика. Статьи, заметки, фельетоны, исследования. Книги по политологии.

NEW ПОЛИТИКА

Все свежие публикации

Меню для авторов

ПОЛИТИКА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Разьвiцьцё i злачынствы панславiзму (4). Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь глазами птиц HIT.BY! Звёздная жизнь KAHANNE.COM Мы в Инстаграме
Система Orphus

Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-29

АВТОР: Вацлаў Чэрны

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №41 2000 ГОД


Частка чацьвертая

„Няма iншага прыёму, акрамя шчырасьцi, — нiякае хiтрасьцi. Мы самi да сябе павiнныя быць праўдзiвымi, каб увесь сьвет мог гэта бачыць, i мы гэты сьвет павiнныя пераканаць, што тое, чаго мы хочам, — у яго iнтарэсах. Чэскае пытаньне ёсьць пытаньнем усяго сьвету, а ня толькi нашым.“

Т.Г.Масарык. Праблема малога народу. 1905 г.

Нэаславiсты i Т.Г.Масарык

Тэатар немачы i бязраднасьцi — немагчыма назваць iнакш разгубленыя праявы заходнеславянскага славiзму ў эпоху памiж 1870 i 1914 гадамi. Гэта праявы ўпартасьцi, але прыгнечанай. Праявы расчараванасьцi, але найперш не зь няўдач i паразаў, а з самога сябе, з уласнага зьместу. Над непераадольнымi супярэчнасьцямi ва ўлоньнi славянскай сям’i славянскiя палiтыкi ўзводзяць цяпер толькi вясёлкавы мост са шматмоўнай рытарычнай iмглы. <…> Калi й быў кiм некалi вынесены вырок унутранай пустаце новай формы славiзму, вынес яго ён сам — iмем, якое ўрэшце сам сабе даў: новаславянства. Бо ня можа не засмучаць, калi ўсё адраджэньне старой канцэпцыi палягае толькi ў зьмене назвы або налепкi, за якой хаваецца стары тавар: гэта ня сьведчыць пра творчую моц iдэi. I хiба гэта не вiдавочнае самавыкрыцьцё, калi iдэя, каб працягнуць сваё жыцьцё, мусiць засланяцца падманлiвай i падазронай завесай прыстаўкi „нова-“. Сапраўднае культурнае i палiтычнае жыцьцё славянаў iдзе мiма, амаль не заўважаючы панславiзму, а рэчаiснасьць, што гэтая эпоха ёсьць вялiкай эпохай сучаснага разьвiцьця славянскiх народаў, эпохай, калi яны ў поўным сэнсе культурна i палiтычна высьпяваюць, усьведамляюць сябе канчаткова i дасягаюць самага парогу поўнае незалежнасьцi, якраз i ёсьць найдасканалейшым абвяржэньнем усiх панславiзмаў i новаславiзмаў.

Мы гаворым, што новаславянства ёсьць праявай прыгнечанай упартасьцi, вобразам немачнае бязраднасьцi i iлюзiйнай аўтасугестыi ўяўнай вiтальнасьцi. Expliquons-nous!37 З 1850 г. палiтычная Славiя запiсвае на свой рахунак адно голыя няўдачы й расчараваньнi: спачатку Крымская вайна (1854-1856) i эўрапейская дыпляматычная перамога над Расеяй на Парыскiм мiры 1856 г., цар Мiкалай, якi памiрае ў роспачы ад паразы, страта Бэсарабii, нэўтралiзацыя Чорнага мора, уратаваны i нават mis sous la sauvegarde de l’Europe38 ад усiх расейскiх прэтэнзiяў турэцкi l’homme malade39, страта ўсiх расейскiх выгодаў на Балканах, набытых у 1774 г. (дамова ў Кучук-Кайнарджы); страшэннае польскае паўстаньне ў Расеi ў 1863 г., што крывёй праiлюстравала iлюзiю братэрства памiж абодвума найвялiкшымi чальцамi славянскай сям’i, ганебныя расейскiя рэпрэсii супраць польскiх патрыётаў, гвалтоўная дэкаталiзацыя й русiфiкацыя польскай культуры i аграрная рэформа 1864 г., якая мела зьнiшчыць магутнасьць польскай арыстакратыi; аўстра-вугорскае пагадненьне 1866 г., якое скасавала ўсе надзеi аўстрыйскiх славянаў на нацыянальную справядлiвасьць у габсбурскай манархii i аддала чэхаў i славенцаў немцам, а славакаў мадзярам; Бэрлiнскi кангрэс 1878 г., дзе аб’яднаная Эўропа зноў наносiць паразу Расеi, аднiмае ў яе выгоды толькi скончанай пераможнай балканскай вайны, распачатай дзеля абароны малых праваслаўных славянскiх народаў, выганяе яе з Балканаў, куды, наадварот, запрашае i дапускае Аўстрыю, i ператварае Македонiю ў „славянскi Эльзас i Лятарынгiю“; забойства тэрарыстамi Аляксандра II ў 1881 г., iмгненнае вяртаньне Расеi да абсалютызму i зьбянтэжанасьць нiгiлiстычнага тэрарызму; нягоды Расеi на Далёкiм Усходзе ў 1904-1905 гадох; першая расейская сацыялiстычная рэвалюцыя 1905 г., якая прадэманстравала зацяглы ўнутраны крызыс дзяржавы й народу; аўстрыйская анэксiя Босьнii й Герцэговiны ў 1908 г., якая перашкодзiла жаданаму зьяднаньню дзьвюх частак югаслаўскага народу ў адзiнай сэрбскай дзяржаве. На парозе ХХ стагодзьдзя балянс панславiзму нярадасны: прорва нянавiсьцi памiж расейцамi i палякамi; прорва нянавiсьцi памiж сэрбамi i баўгарамi; складанасьцi i нязгоды ў супрацоўнiцтве памiж палякамi й чэхамi, сэрбамi i харватамi; праблема ўкраiнскай аўтаномii ў Расеi i польскiх землях Аўстрыi; лужычане на сьмяротным ложы; славакi, аддадзеныя на волю мадзярам; адкладзенае на няпэўны час адзiнства палякаў, чэхаславакаў i югаславаў; а Расея, надзея малых славянаў, — у такiм крызысе, што, на думку эўрапейцаў, „“l’homme malade de Constantinople”, lancй jadis par Alexandre II, est remplacй par “le colosse sur pieds d’argile” russe“40. Балянс дэфiцытны, а славiзм нагадвае аўкцыён.

Якiя магчымасьцi ў такiх акалiчнасьцях мае паэт, то бок той, хто par definition ня можа ўплываць на сытуацыю палiтычна i дзяржаўна? Вiдаць, толькi адну: зноў сысьцi на пазыцыi экзальтаванага колараўскага iдэалiзму. У цэлым, гэта i ёсьць выпадак найвыбiтнейшага паэта панславiзму 1870-1905 гадоў чэха Сватаплука Чэха. Яго шляхетная лiтаратурная творчасьць панславiзмам уся не вычэрпваецца, але, прысьвечаная iдэалам Славii, яна вызначаецца трыма складнiкамi i крынiцамi: традыцыяй колараўскай iлюзii што да славянскае еднасьцi, гнятлiвым пачуцьцём славянскiх няўдач i вялiкiм культам, якi Чэх прысьвяцiў польскiм паэтам паэтычнага мэсiянiзму, i найперш Мiцкевiчу. <…> Калi прыглядзецца блiжэй, уся ягоная творчасьць пачцiвага лiбэрала а la ХIХ стагодзьдзе ўтрымлiвае адзiн пэўны, трывалы й нязьменны элемэнт, а менавiта непрыняцьце рэвалюцыйнага сацыялiзму. Не, каб гэты вельмi шляхетны муж ня меў разуменьня да сацыяльнага пытаньня i справядлiвых запатрабаваньняў чацьвертага стану: уся ягоная паэтычная творчасьць гаворыць пра ягоную прагу справядлiвасьцi i любовi да дробнага чалавека. Але ён болей за ўсё баяўся кровапралiцьця i быў перакананы, што гвалт зусiм нiчога не вырашае. <…> Чэх не разумеў, ды, па сутнасьцi, i не хацеў разумець новае сацыяльнае праблематыкi сучаснае цывiлiзацыi: для яго яна залiшне ўскладняла праблематыку славянскую, i так ужо досыць складаную; пытаньне славянскае разьяднанасьцi i нязгоды, для яго кардынальнае, яна перакрывала й кантамiнавала новымi прынцыпамi падзелу й супернiцтва, гэтым разам клясавымi. Для сябе гэтую праблему ён разьвязаў вельмi хутка: пытаньне сацыялiстычнае рэвалюцыi ёсьць справай свавольнага й несьвядомага зброду, што не разумее цывiлiзацыi i ёй пагражае, ды некалькiх фантастычных летуценьнiкаў-iдэалiстаў з шэрагаў iнтэлiгенцыi; сярод тых летуценьнiкаў небясьпеку ўяўляюць адно неславяне, шаленцы, гатовыя чалавецтва ўрынуць у непапраўную катастрофу; славяне ж сярод iх — толькi шляхетныя, спанталычаныя галовы, якiя свае грахi аплочваюць уласнай крывёй i загладжваюць пакаяньнем. Як жа ж было не асьвяцiць iх любоўю: яны ж славяне! <…> Не было доказу славянскае слабасьцi, каб Чэх ня ўзяў яго да ведама як часовую кантынгенцыю, каб зь яго проста a contrario41 не напрарочыў зноў будучае мiстычнае славянскае моцы. „Што славянаў бачыцца зьнямогай, — / змрок гусьцейшы толькi перад золкам; / сярод церняў — шлях да перамогi.“ Гэта можна зразумець адзiна празь яго галоўнае, вiдаць, перакананьне, якое палягае ў самым падмурку Чэхавага славiзму i характарызуе яго ня толькi як панславiста, але i як паэта сюжэтаў выключна чэскiх: мы гаворым пра яго абсалютна непахiсную веру ў люд славянскi. Гэты яго абсалютны аптымiзм быў, магчыма, толькi iнтэлектуальнай праекцыяй ягонай агромнiстае любовi да чэскага народу, да чэскага селянiна i вёскi, адкуль паэт выйшаў сам; ён быў дадзены ягоным эсэнцыяльным iдылiзмам. Так цi iнакш, мiлаваны народ паэт адразу ж аздобiў усiмi атрыбутамi, якiя толькi стварыла рамантычная канцэпцыя Volkstum’у42. <…>

Той самы дэмакратызм веры ў чэскi народ, якая абапiраецца на досьвед гiсторыi, мы знаходзiм у Ёзэфа Голэчка. <…> Голэчак пры ўсiм сваiм славянскiм эксклюзiвiзьме i славянафiльскiх iлюзiях што да заняпаду акцыдэнтальнай цывiлiзацыi хоча вырашыць славянскiя праблемы, i перадусiм праблему чэскую, шляхам дэмакратызацыi, зразуметым ня толькi гуманiстычна i рэлiгiйна, але й вузка станава, аграрна. Гэтым ён ня толькi насьледуе даўнюю, нацыянальна аўтахтонную лiнiю разьвiцьця, што бярэ свой пачатак у дэмакратызьме гусiцкiм, але пэўным чынам стаецца — разам са Сватаплукам Чэхам — папярэднiкам i праваднiком канцэпцыi Масарыковай, якая, успадкаваўшы дух Палацкага, пазначыць сабой канчатковую расправу з панславiзмам i новую фармуляцыю чэскага славянства i чэскай культурна-палiтычнае праблематыкi. Увогуле, Масарык ня будзе мусiць займаць пэўных пазыцыяў што да Чэха i Голэчка, чый сапраўдны дэмакратызм i фактычнае прызнаньне чэскае аўтаномнасьцi Палацкага яму, Масарыку, фактычна адпавядалi, хоць нават яны самi гэта не заўжды ўсьведамлялi. Сваю крытыку „нэаславiзму“ ён правядзе больш грунтоўна i дзейсна на ягонай практычна-палiтычнай форме, i расправа гэтая застаецца абсалютна актуальнай да сёньня.

Гэтая практычная i палiтычная форма славiзму, апошняя ягоная праява на парозе першай сусьветнай вайны, у эўрапейскай гiсторыi, уласна, так i завецца — „новаславянствам“. Павучыцца зь яго можна як ад яго супрацiўнiкаў, так i прадстаўнiкоў: у 1925-1926 гадох, калi нэаславiзм быў ужо мiнуўшчынай, яго ў шэрагу часопiсных артыкулаў (яны потым перарасьлi ў кнiгу „Роздумы пра славянства“, апублiкаваную ў Лёндане ў 1944 г.) раскрытыкаваў адзiн зь яго пераможцаў Эдвард Бэнэш; адказам на гэтыя нататкi ў iх першасным выглядзе сталася кнiга доктара Карла Крамаржа, лiдэра лiбэральна-буржуазнае народна-дэмакратычнае партыi, першага прэм’ер-мiнiстра Чэхаславацкай рэспублiкi, якi ў апошнiя дзесяцiгодзьдзi Аўстра-Вугоршчыны быў галоўным прадстаўнiком палiтычнага новаславянства; яна выйшла ў 1926 г. пад тытулам „У абарону славянскай палiтыкi“. Эпохай практычнае значнасьцi новаславянскай палiтыкi сталiся 1905-1914 гады; яе тагачасную сутнасьць некаторыя палiтычныя прадстаўнiкi славянскiх народаў Аўстра-Вугорскай iмпэрыi вызначалi наступным чынам: шляхам развою, палiтычнага i эканамiчнага ўзмацненьня ды супрацоўнiцтва аўстрыйскiх славянаў (г. зн. чэхаславакаў, славенцаў i харватаў, аўстрыйскiх палякаў i русiнаў) дасягнуць фэдэралiзацыi Аўстра-Вугорскай iмпэрыi, а як толькi ў ёй потым набудзе перавагу палiтычны ўплыў славянскi, вызвалiць iмпэрыю Габсбургаў ад яе палiтычнай залежнасьцi й слугаваньня iмпэрыi нямецкай, якая акурат набiрае разьбег для магутнага эканамiчнага й палiтычнага Drang’у43 на Балканы i ў пярэднюю Азiю, што сур’ёзна пагражае жыцьцёвым iнтарэсам абсалютна ўсiх славянскiх народаў (акрамя, хiба што, палякаў); затым змусiць Аўстрыю да сяброўскiх стасункаў з iмпэрыяй расейскай, якая ў вынiку паразы на Далёкiм усходзе i рэвалюцыi 1905 г. абяцала лiбэралiзавацца i канстытуцыялiзавацца, чым усiм славянскiм народам пад эгiдай саюзных Расеi i Аўстрыi забясьпечыць вольны развой, а па магчымасьцi i дзяржаўную незалежнасьць (балканскiм славянам), i ажыцьцявiць фактычнае фэдэратыўнае аб’яднаньне ўсiх славянаў ад мора Паўночнага ажно да Царграду. У аснове сваёй новаславянская канцэпцыя была адказам на ўзмоцнены цiск германскi, якi, у дадатак, суправаджаўся цiскам нацыяналiзму мадзярскага: i ўжо тут адчуваецца недальнабачнасьць i абмежаванасьць яе характару, бо германiзм iмпэрскага паходжаньня зусiм ня быў пытаньнем адно германска-славянскiх стасункаў, — ён быў пытаньнем сусьветным: Францыя i Ангельшчына адчувалi пагрозу нямецкай эканамiчнай, палiтычнай i ваеннай экспансii ня менш востра, чым славяне, таму лiчыць, што пытаньне гэтае прадугледжвае толькi славянскае разьвязаньне, значыла бачыць яго вузка, часткова, iнакш, чым яно паўставала рэальна. Будучы выяўленьнем звужанага погляду на сьвет, новаславянская тэорыя прывязвалася, да таго ж, да абавязковага выкананьня цалкам iлюзорных унутрана славянскiх умоваў, а менавiта да канстытуцыялiзацыi i лiбэралiзацыi дзьвюх кансэрватыўных i фэўдальных манархiяў: Аўстра-Вугоршчыны, у якой толькi нацыянальная справядлiвасьць магла б прывесьцi да фэдэралiзацыi iмпэрыi, перавагi славянаў i правядзеньня новаславянскiх мэтаў, i Расеi, якую б толькi канстытуцыйнае супакаеньне ўнутраных сацыяльна-палiтычнай разладаў i супярэчнасьцяў, ператварэньне ў дзяржаву парлямэнцкую i прызнаньне правоў палякаў магло ўчынiць здатнай да нейкай супольнасьцi — маральнай або рэальна-палiтычнай — са славянамi заходнiмi. Як Аўстрыйская iмпэрыя, у якой валадарылi немцы й мадзяры, не зьбiралася зьмяняць сваёй структуры, гэтак i царская Расея не зважала на свае парлямэнцкiя прыпадкi, на нейкi час змушаныя ваеннай паразай рэжыму i сацыялiстычнай рэвалюцыяй 1905 г.; яна сьпяшаецца вярнуцца на пазыцыi старога аўтакратызму, чым, уласна, робiць немагчымым усякае новаславянства. У гэтым сэнсе вельмi паказальны ўдзел расейскiх дзяржаўнiкаў у новаславянскiм руху: напачатку ён насамрэч быў прэзэнтаваны некаторымi расейскiмi лiбэраламi (Сьвяткоўскi, Мiлюкоў, Струвэ, князь Львоў i iнш.), але вельмi хутка iх выцясьняе крайняя палiтычная правiца i прадстаўнiкi старой панрасейскай славянафiлii, якiя ў самiм лiбэралiзьме бачаць рэвалюцыю; з 1909 г. у расейскай частцы руху яны маюць безумоўную перавагу. У руху, хоць ён сам таго i не прызнае, адбываецца ўнутраны раскол, i пад покрывам уяўнае еднасьцi кожнае з абодвух ягоных крылаў, аўстра-славянскае i расейскае, iмкнецца прыблiзна да процiлеглага. Развой нэаславiзму ясна адлюстроўвае ягоную немач i ўнутраную супярэчлiвасьць. Ягоная першая славянская дэманстрацыя, падрыхтоўчы кангрэс у Празе ў лiпенi 1908 г., можа, праўда, на першы погляд падацца посьпехам, прычым адразу зь некалькiх прычынаў: тут выразна выявiлася асноўная тэндэнцыя супраць пангерманскага iмпэрыялiзму, i ўвадначас вуснамi Крамаржа ды iншых гэтак жа выразна было адрынута старое славянафiльства i ўсякiя пляны панрасейскага артадаксальнага манархiзму; у кангрэсе ўзялi ўдзел прадстаўнiкi практычна ўсiх славянскiх народаў; упершыню пад праграмай славянскае салiдарнасьцi падпiсалiся i палякi ў асобе расейска-польскага палiтыка Рамана Дмоўскага. Аднак усяго праз тры месяцы зробiцца вiдавочнай iлюзорнасьць надзеяў зьезду, якiя цалкам палягалi на ўмове палiтычнае салiдарнасьцi дзьвюх сканстытуцыялiзаваных дзяржаваў, Аўстрыi i Расеi: 5 кастрычнiка 1908 г. венская ўлада адзiнаасобным рашэньнем абвесьцiць анэксiю Босьнii й Герцэговiны. На руiнах надзеяў на аўстра-расейскае супрацоўнiцтва ясным полымем разгараецца праблема, якую новаславiзм на дыбачках абыходзiў, замоўчваў i ўвогуле ня мог наважыцца вырашыць, — я кажу аб праблеме вызваленьня i дзяржаўнага аб’яднаньня паўднёвых славянаў, на шляху якога стаяла Аўстрыя. Праблему гэтую было гэтак жа немагчыма вырашыць на карысьць славянаў супрацоўнiцтвам Вены зь Пецярбургам, як i супрацоўнiцтвам Вены з Бэрлiнам. З тае хвiлi нядоўгая далейшая эвалюцыя новаславянства ёсьць толькi раскладаньнем, якое хутка прагрэсавала, разьвiцьцём i эксплiкацыяй яго ўнутраных замаскаваных кантрадыкцыяў: нарада камiтэту, абранага на падрыхтоўчым зьезьдзе, што адбылася ў траўнi 1909 г. у Пецярбургу, праходзiць пад знакам усеагульнага гневу: расейскага гневу на Аўстрыю i тых славянскiх палiтыкаў з Аўстрыi, якiя анэксiю Босьнii й Герцэговiны ўхвалялi цi пра яе маўчалi; югаслаўскага гневу на тую самую Аўстрыю i тых самых палiтыкаў, але ўвадначас i на Расею, якая супраць Аўстрыi ня выступiла дастаткова рашуча; гневу палякаў на расейцаў, якiя ня выканалi нiводнага абяцаньня свайго канстытуцыйнага руху, бо абноўлены расейскi абсалютызм у той час на расейскiх палякаў наступае з падвойнай брутальнасьцю; нарэшце, на той момант у расейскай фракцыi новаславiзму лiбэралы й дэмакраты ўжо амаль цалкам выцiснутыя супрацьлеглымi панрусiстамi, г.зн. прадстаўнiкамi якраз таго прынцыпу, ад якога новаславiзм няцэлы год таму ў Празе адмовiўся. Такiм чынам, ужо другое паседжаньне прадстаўнiкоў iдэалёгii ператвараецца ў пратэсты ўсiх супраць усiх i дакумэнтальную iлюстрацыю славянскiх нязгодаў. Наступная (i апошняя значная) праява новаславянскай думкi — кангрэс у Сафii ў чэрвенi 1910 г. — у гэтым ланцугу выглядае лягiчна: у iм ня ўдзельнiчаюць анi ўкраiнцы, анi палякi (афiцыйна), з расейцаў — толькi афiцыйныя панрусiсты, сэрбы паводзяць сябе халодна, баўгарская ўлада зьезд iгнаруе; анiводная са спрэчак разьвязаная не была i ў сьвятле першай сусьветнай вайны, якая праз чатыры гады канчаткова мела разьвеяць новаславянства, асаблiва вылучаецца камiчна-бязрадны i згоднiцкi прынцып, неаднаразова паўтараны на зьезьдзе, паводле якога новаславiсты ня мелi б вызначаць сабе мэтаў, якiя б асобныя славянскiя народы маглi паставiць супраць дзяржаваў, у якiх яны пражывалi: вайна мусiла неўзабаве паставiць чэхаславакаў, славенцаў i харватаў, што жылi ў Аўстра-Вугоршчыне, супраць Аўстра-Вугоршчыны, а палякаў, што жылi ў Нямеччыне, Аўстрыi i Расеi, супраць Нямеччыны, Аўстрыi i Расеi. Такiм чынам, нарадзiўшыся зь бязраднасьцi, новаславянства вельмi хутка ў бязраднасьцi й немачы i гiне; ягоная караценькая эвалюцыя ёсьць адно iлюстрацыяй наступных немагчымасьцяў i кантрадыкцыяў, якiя яно ў сабе ўтойвае, замоўчвае або абыходзiць вэрбальнай рыторыкай:

1) няздольнасьць новаславянаў змусiць царскую Расею да працяглай, дбалай канстытуцыйнай i парлямэнцкай перабудовы (выцiснуўшы з новаславянства сваiх дэмакратаў i замянiўшы iх артадаксальнымi панрусiстамi, афiцыйная Расея зноў бачыць у гэтай новай форме славiзму толькi магчымую зброю для дасягненьня сваiх дзяржаўных ды эгаiстычных мэтаў);

2) у вынiку гэтага й няздатнасьць новаславянаў да справядлiвага вырашэньня лёсу палякаў у Расеi (добрая воля расейскага паляка Дмоўскага засталася iзаляванай, палякi ад пачатку бачылi ў новаславянстве толькi трыбуну для абвешчаньня сваiх патрабаваньняў i пасьля рэакцыйнага павароту ў Расеi, зразумела, чым далей, тым болей новаславянскiх манiфэстацыяў унiкалi);

3) няздольнасьць новаславянаў змусiць iмпэрскую Аўстра-Вугоршчыну да нацыянальнае справядлiвасьцi й фэдэралiстычнае перабудовы (у пэўнай ступенi новаславянскi рух Венай вiтаўся, бо ён, фактычна, адмаўляўся ад адной зь вялiкiх славянскiх мэтаў — зьяднаньня югаславаў у самастойнай дзяржаве, што было немагчыма без паразы аўстрыйскай палiтыкi на Балканах i бяз значных тэрытарыяльных стратаў Аўстрыi (харвацкiя землi, славенцы); Вена трывала яго, бо зблiжэньне Аўстрыi з Расеяй, патрабаванае новаславiстамi, якое разумелася ў працяг дынастычна-рэакцыйнае лiнii, перашкаджала разьвiцьцю думак рэвалюцыйных i прагрэсiўных (а менавiта прагрэсiўных сацыяльна i нацыянальна) i гарантавала Аўстрыi на Балканах разьвязаныя рукi i магчымую добразычлiвасьць Расеi. Нарэшце, Аўстрыя, гэтак жа, як i Расея, магла бачыць у iдэалёгii нэаславiзму хутчэй прыладу для злоўжываньняў, чым рэальную небясьпеку);

4) няздольнасьць нэаславiзму даць нейкае справядлiвае разьвязаньне праблеме балканскiх славянаў (гэтая паўднёвая iмпатэнцыя, абумоўленая прымiрэнчым стаўленьнем да Аўстрыi, ёсьць супрацьлегласьцю iмпатэнцыi паўночнай, дзе стаўленьне да Расеi перашкаджае неяк дзейсна дапамагчы палякам. Аўстрафiлiзм нэаславiзму ўжо ўперад адпудзiў ад яго сэрбаў, паклаўшы вэта на магчымасьць югаслаўскае дзяржаўнае еднасьцi i адпрэчыўшы ўсе iх надзеi на дапамогу Расеi ў барацьбе супраць Аўстрыi. Ужо ў 1910 г. у Сэрбii ўзьнiкае абсалютная незацiкаўленасьць у новаславянстве, у якiм яна бачыць iдэалёгiю чэскага, крамаржаўскага шанаваньня, будаваную выключна з аўстрыйскага ўнутрыпалiтычнага гледзiшча. Пасьля няўдачы польска-расейскага паразуменьня сэрбы канчаткова ўважалi новаславянства за хiбнае. Яны мелi рацыю ў далёка большай ступенi, чым самi таго чакалi. Бо дастаткова ўзважыць палiтычныя падзеi пасьля 1914 г., г.зн. пачатак першай сусьветнай вайны, яе ход, ейныя вынiкi i далейшае палiтычнае разьвiцьцё Эўропы, каб стала вiдавочна, як цьмяна й раздробнена бачыў нэаславiзм сапраўдны расклад сусьветных палiтычных сiлаў i праўдзiвы выгляд сусьветных праблемаў, як бязрадна паводзiў сябе ў iх дачыненьнi ў рашучую гадзiну i якую мiзэрную колькасьць плённых думак змог выратаваць ад сусьветнага перавароту. Зь ягоных плянаў ня зьдзейсьнiлася нiчога, нiводнага прадказаньня ня споўнiлася, нiводная рэзалюцыя ягоных кангрэсаў ня мела надзеяў на жыцьцёвую аплiкацыю: першыя днi вайны выявiлi нiкчэмнасьць уяваў пра магчымасьць расейска-аўстрыйскай узаемнасьцi; чэхаславакi, харваты, славенцы, увогуле ўсе славяне аўстрыйскiя i нямецкiя, мусiлi паводле сваёй дзяржаўнае прыналежнасьцi iсьцi ў бой супраць сваiх расейскiх або сэрбскiх адзiнакроўцаў; палякi толькi з дапамогай заходнiх дзяржаваў здолелi дамагчыся ад Расеi саступак, што ў будучынi прывялi iх да нацыянальнага й дзяржаўнага адзiнства i незалежнасьцi, на працягу ўсёй вайны яны праводзiлi палiтыку выключна нацыянальнага iнтарэсу, нават не спрабуючы яе ўскладнiць нейкiмi там аглядкамi на славянскую iдэалёгiю; гэтак жа мала напачатку зычыць Расея задуме чэскае рэвалюцыi супраць габсбурскае манархii; iдэя чэскага добраахвотнiцкага войска, рэкрутаванага з аўстрыйскiх палоньнiкаў чэскай нацыянальнасьцi, якое б ваявала на баку саюзьнiкаў, падалася пецярбурскай уладзе здрадай прынцыпу дынастычнае вернасьцi, на якiм уся царская Расея i палягала; тая самая Расея ахвяроўвае iнтарэсамi югаслаўскае еднасьцi на карысьць iтальянскай садружнасьцi i пагаджаецца з iтальянскiмi прэтэнзiямi на югаслаўскiя тэрыторыi; Сэрбiя змагаецца са сваiм славянскiм суседам не на жыцьцё, а на сьмерць, а Баўгарыi яе славянскасьць не замiнае стаць на бок Нямеччыны ды Аўстрыi. Як бачым, кожная асобная славянская дзяржава i нацыя пад час вайны праводзiла радыкальную палiтыку ўласнага iнтарэсу. <…> Па бальшавiцкiм перавароце справа яшчэ больш ускладняецца: чэхаславацкае войска, што стаiць у Расеi, уступае нават у збройныя сутыкненьнi з камунiстычнай уладай, Сэрбiя, а пазьней Югаславiя, ад пачатку ў дачыненьнi да сацыялiстычнай Расеi стаяць на крайне адмоўных пазыцыях, а Польшча неўзабаве павядзе зь ёй вайну, будучы абранай краiнай тэорыi „санiтарнага кардону“ перад бальшавiцкаю небясьпекай. I дзе ж тут хоць цень iдэяў новаславiзму?) <…> Калi пасьля ўсяго гэтага яшчэ патрабуецца доказ бясслаўнага канца новаславянскай iдэалёгii, iм, безумоўна, ёсьць неаспрэчны факт усеагульнай стагнацыi ўсякага славiзму ў Эўропе ў мiжваенны пэрыяд. Падумаем толькi: Расея, цяпер Савецкi Саюз, на доўгi час адхiлены ад Эўропы i ад палiтыкi; у супрацьбальшавiцкiм кардоне ўдзельнiчаюць нават некаторыя малыя славянскiя дзяржавы, перадусiм Польшча i Югаславiя; болей за тое, камунiстычная Расея ў iмя сваёй дзяржаўнай марксiсцкай фiлязофii абвяшчае чужым, нават варожым нацыянальным i славянскiм пачуцьцям усякi славiзм i, атаясамiўшы яго з антырэвалюцыяй i рэакцыяй, безаглядна займае ў мiжнароднай палiтыцы антыславянскiя пазыцыi: яе палiтыка дружбы з новай Турэччынай, а яшчэ больш ейная палiтыка сымпатыяў i супрацоўнiцтва зь Нямеччынай, у чыю рэвалюцыю яна ўпарта верыць як у вырашальны крок да камунiзацыi сьвету <…>, ёсьць гэтага сьведчаньнем. Польшча й Расея ў паваеннай Эўропе глядзяць адна на другую больш варожа, чым калi раней. Гэтаксама i Югаславiя ды Баўгарыя. Па перавароце Пiлсудзкага ў Польшчы, праз уяўныя памежныя спрэчкi, пагаршаюцца i яе стасункi з Чэхаславакiяй, датуль прынамсi па-суседзку ветлiвыя. Ад славянскай узаемнасьцi не застаецца нiчога акрамя вельмi рэальнага сяброўства, якое зьвязвала Чэхаславакiю i Югаславiю i выявiлася заснаваньнем Малой антанты 1920 г., але сяброўства гэтае мае значна глыбейшыя, чым проста палiтычныя, каранi, бо дружба абодвух народаў перажыве альянс уладаў i распад дамоўнага палiтычнага ўтварэньня.

Разважаючы пра канец панславянскай iдэалёгii, мiмаволi прыходзiш да высновы, што ўсякi славiзм немiнуча павiнен згаснуць i пазбыцца сваёй актуальнасьцi там, дзе дасягнута пераважная частка мэтаў славянскай палiтыкi i рэалiзаваныя запатрабаваньнi славянскiх народаў. Бо той факт, што сусьветны канфлiкт 1914-1918 гадоў скончыўся вялiкiмi выгадамi для славянскiх народаў, абсалютна бясспрэчны: шэраг славянскiх народаў, перадусiм, дасягнуў свайго нацыянальнага адзiнства, утварыўшы ўласныя дзяржавы, то бок Польшчу, Чэхаславакiю i Югаславiю; дзьве вялiкiя дзяржаўныя вязьнiцы славянскiх народаў, Аўстра-Вугоршчына i Асманская iмпэрыя, распалiся; а з паразай Нямеччыны, прынамсi, на пэўны час — першая, асаблiва аптымiстычная, надзея сьцьвярджала, што назаўжды — была зьнятая небясьпека наступальнага пангерманiзму i нямецкага iмпэрыялiзму. Пры гэтым, вядома, трэба адразу ж адзначыць, што такiя вынiкi былi дасягнутыя абсалютна незалежна ад панславiстычнай прагматыкi; нэаславiзм такiх мэтаў перад сабой нiколi ня ставiў, нават наадварот — ня верыў у iх, а ўласны ягоны зьмест i ўласная канцэпцыя палiтыкi, якой ён вымагаў ад славянскiх народаў у Аўстрыi i царскай Расеi, такiм наступствам працiвiлiся. Лiтаральна можна сказаць, што ўсе гэтыя славянскiя выгады былi здабытыя насуперак бязрадным прадказаньням i кампрамiсна-кансэрватыўным мэтам нэаславiзму. Тады на падставе чаго? На падставе i ў iмя дэмакратычнага прынцыпу нацыянальнага самавызначэньня, якi валадарыў галовамi амэрыканска-заходнеэўрапейскiх саюзьнiкаў на працягу ўсёй вайны i ў час, калi новымi мiрнымi дамовамi будавалася новая Эўропа. <…>

Грамадзкая й палiтычная чыннасьць прафэсара Томаша Г. Масарыка, сваiм векам i творчасьцю равесьнiка Голэчка i Крамаржа, пачынае быць моцна заўважнай у чэхаславацкiм нацыянальным жыцьцi блiзу 1885 г. На пачатку стагодзьдзя дваццатага ён ужо выбiтная i вельмi ўплывовая асоба чэхаславацкай культуры, прычым ва ўсiх свах iпастасях: фiлязофскай i палiтычнай, сацыяльнай i культурна-крытычнай; у той час ягоны ўплыў сягнуў нават па-за вузкiя межы чэскiх земляў, i Масарык стаецца выбiтным дзеячом грамадзкага жыцьця ўсёй манархii, а ягоныя погляды маюць вялiкую моц ва ўсiм славянстве. Дык вось, у дачыненьнi да новаславянства ягоную пазыцыю можна выказаць адным сказам: Масарык у iм ня ўдзельнiчае, а да ягоных праяваў i тэорыяў ставiцца вельмi стрымана i крытычна. Стаўленьне Масарыка да новаславянства можна параўнаць са стаўленьнем Палацкага да Коларавага панславiзму. Для Масарыка нiякай асаблiвай славянскай праблемы проста не iснуе. Ёсьць праблема чэхаславацкая. Ёсьць праблема аўстра-вугорская. Ёсьць праблема эўрапейская. Безумоўна, ёсьць i праблема агульначалавечая. Кожнага разу гэта адна i тая ж праблема, г. зн. праблема ўсё больш дасканалай гуманiзацыi стасункаў памiж iндывiдамi i народамi, праблема бесьперапыннага росту чалавечай iндывiдуальнай, нацыянальнай i сацыяльнай свабоды, годнасьцi й справядлiвасьцi цi, адным словам, праблема дэмакратызацыi чалавечага жыцьця ва ўсiх яго формах, асабiстай i ўсеагульнай. Славяне — не выключэньне з правiла, яны ня маюць у чалавецтве нейкага асаблiвага, прывiлеяванага становiшча расы, абранай для нейкага асаблiвага паклiканьня або лёсу. Але ўвадначас яны й ня ёсьць расай, пастаўленай „па-за законам“ усеагульнае чалавечнасьцi, якая ня мае права ўдзельнiчаць ва ўнiвэрсальным развоi да дасканалай гуманнасьцi i супрацоўнiчаць над вытварэньнем агульнае будучынi. У дачыненьнi да ўсiх астатнiх народаў яны маюць такiя самыя абавязкi й правы (што выцякаюць з сутнасьцi чалавечага iмкненьня да дасканаласьцi), якiя астатнiя народы маюць у дачыненьнi да iх. Калi ёсьць нейкая праблема чэская, гэта ўвадначас i праблема агульнаэўрапейская: калi чэхам чынiцца крыўда, змаганьне за яе лiквiдацыю ёсьць абавязкам ня толькi чэхаў, але i Эўропы. Бо тут на карце стаiць чалавечнасьць. <…> Пытаньнi славянства вырашальныя толькi ў супрацоўнiцтве з Эўропай i толькi на яе карысьць. Кожнае рашэньне, якое б адначасова не служыла дабру нацыянальнаму i ўсеагульнаму, ёсьць кепскiм рашэньнем. I наадварот: ня ёсьць добрым эўрапейскiм i чалавечым рашэньнем усякае разьвязаньне, несправядлiвае да славянаў. <…> „Пытаньне чэскае ёсьць пытаньнем эўрапейскiм.“ Славуты Масарыкаў лёзунг, як бачым, — не праява залiшне падкрэсьленай нацыянальнай самасьвядомасьцi; ён — лягiчная выснова зь перакананьня пра маральную ўзаемазаруку ўсяго чалавецтва; ён — аплiкацыя фiлязофii гуманнасьцi, падмацаваная, у рэшце рэшт, рэлiгiйна, як i ўсякая сучасная дэмакратычная думка. Што ёсьць дэмакратыя для Масарыка? Яна — ня нейкая з наяўных палiтычных дэмакратыяў сучаснага сьвету, якiя ёсьць хiба першымi крокамi сапраўднае дэмакратыi, тым болей ня ўлада бальшынi над меншынёй або якая iншая падобная квантытатыўная i прымiтыўная канцэпцыя; у ягоных вачох дэмакратыя — гэта <…> канчатковы iдэал, якi вымагае зьяўленьня новага чалавека, гэта бесьперапынны развой, зьвязныя творчыя высiлкi чалавека на шляху, што вядзе да Бога i сутнасьцi Сына божага. Ён адназначна абвяшчае: „Iсус, а ня Цэзар, — вось сэнс нашай гiсторыi i дэмакратыi!“ <…> Iдэя зрабiць славянскiя пытаньнi аспэктам праблемы дэмакратычнай гуманiзацыi сучаснага сьвету i ўчынiць iх вырашэньне залежным ад перамогi сусьветнае дэмакратыi была, на першы погляд, абстрактнай i надта iдэалiстычнай. Аднак у рэальнасьцi яна паказала сябе вельмi рэалiстычнай i дзейснай. Яна была ляяльнай ды адкрытай, бо абыходзiла бянтэжныя палавiнчатасьцi й няшчырасьцi новаславiстаў, якiя штодня ўпадалi ва ўмела замаскаваны канфлiкт памiж абавязкамi да славянскiх iнтарэсаў i абавязкамi да дзяржаваў, у якiх яны жылi i якiм абяцалi кансэрватыўную вернасьць. <…> Масарыкава канцэпцыя адпавядала канцавой лёгiцы сусьветнага прагрэсу i патрэбам руху да нацыянальнае, мiжнароднае i сацыяльнае справядлiвасьцi. Фiлёзаф гуманнасьцi паставiў на праўду i права i не памылiўся. Эдвард Бэнэш, Масарыкаў вучань i пасьлядоўнiк, гэтую палiтыку ў сваiх „Роздумах пра славянства“ вызначае наступным чынам: „Я адмаўляюся будаваць славянства на рэакцыйным нацыяналiзьме i шукаю ягоны падмурак у дэмакратыi i чалавечнасьцi, гэта значыць, што кожная славянская палiтыка i славянства мусяць быць у поўнай гармонii з гэтымi дзьвюма вялiкiмi iдэямi“. Гэта, вядома, павiнна было мець сiлу ў дачыненьнi да кожнай асобнай славянскай дзяржавы ў вонкавай i ўнутранай яе палiтыцы. De facto44 на дарозе пасьлядоўнае дэмакратыi Масарыку i Бэнэшу ўдалося ўтрымаць толькi Чэхаславакiю. <…> Што ж да Расеi, дык прынцып славянскага дэмакратызму забараняў гвалтоўнае ўмяшаньне ў праблемы ейнай унутранай долi. Масарык i Бэнэш былi перакананыя, што старая даваенная Расея неаднаўляльная; у адрозьненьне ад колiшнiх новаславiстаў, якiх паваеннае разьвiцьцё сьвету ўсё далей адцясьняла на крайне правыя пазыцыi, яны аднаўленьня старой Расеi i не жадалi. Яны сьцьвярджалi, што трэба ўспрымаць рэчы рэалiстычна, як яны ёсьць, i шукаць магчымыя вырашэньнi на аснове дадзеных паваенных падзеяў i стасункаў. З гэтага гледзiшча яны ўважалi, безумоўна, рэалiстычней, чым супрацiўнiкi iхнай палiтыкi. З другога боку, праўда, яны цьвёрда верылi ў паступовую дэмакратызацыю рэвалюцыйнай Расеi i гэтую сваю веру перакананых дэмакратаў схiльныя былi аптымiстычна прымаць за рэчаiснасьць. Гэтая надзея вабiла iх тым больш, што Эўропа без Расеi насамрэч была Эўропай куртатай, несапраўднай, а канчатковасьць дэмакратычнага разьвязаньня славянскiх пытаньняў магла быць забясьпечаная толькi ў Эўропе адзiнай, цэльнай i цалкам дэмакратычнай. Гэтая патрэба ў дэмакратычнай Расеi сталася асаблiва адчувальнай па ўзьнiкненьнi эўрапейскага фашызму i ягонай першай перамозе ў Iталii ў 1922 г. Калi спрыяльны лёс i развой славянства зьвязаны зь лёсам эўрапейскае дэмакратыi — а ён напраўду зьвязаны, — тады экзыстэнцыя эўрапейскага фашызму адразу i аўтаматычна remet tout en question45 i аднаўляе ўсе славянскiя пытаньнi. <…> Гэта адчувалi Масарык i Бэнэш, гэта лягiчна выцякала зь iхных фiлязофскiх i палiтычных канцэпцыяў, а нямецкi фашызм, тымчасам, ягоны iмпэрыялiзм Lebensraum’у46, якi быў зарыентаваны на ўсход, вiдавочна, на шкоду славянам, толькi назiраў за iхнымi асьцярогамi i тэорыямi. А таму яны цалкам абгрунтавана бачылi ў спробах славянскiх дзяржаваў вырашыць унутраныя свае праблемы i ўхiлiцца ад мiжнародных канфлiктаў з фашызмам, адмовіўшыся ад дэмакратычных мэтадаў кіраваньня, памылку проста трагiчную: у 1926 г. Пiлсудзкi ўсталёўвае ў Польшчы свой дыктатарскi рэжым, праз год дэмакратычную канстытуцыю адмяняе Югаславiя; Баўгарыя, як i раней, знаходзiцца на шворцы ў Iталii. З 1934 г., якi ёсьць першым годам Гiтлеравай улады ў Нямеччыне i ўвадначас годам уступленьня Савецкага Саюзу ў Лiгу нацыяў, усё змушае i няўмольна, хоць лягiчна i цалкам заканамерна, вядзе да высноваў, якiя зрабiла Бэнэшава палiтыка, i да вынiкаў, пра якiя мы ведаем, а гэта i неадступная, масарыкаўская вернасьць Чэхаславакii дэмакратыi i мэтадам гуманiстычнай супольнасьцi нацыяў, заснаваная на нацыянальнай традыцыi, псыхалёгii i значэньнi, якое народ надае свайму разьвiцьцю i гiстарычнай ролi; гэта й перакананьне, што „першай умовай кожнай пасьпяховай палiтыкi славянскай i кожнага славянства ўвогуле павiнная быць дэмакратычная структура славянскiх народаў i дзяржаваў, а таксама дэмакратыя, пасьлядоўна ажыцьцяўляная iхнай практычнай палiтыкай“ (Бэнэш); гэта й слабасьць заходнiх дэмакратыяў, што хуткiмi тэмпамi адступаюць перад аўтарытарным дынамiзмам „маладых народаў“ i, вiдавочна, страчваюць падставовую маральную пэўнасьць у тым, што справа сусьветнае дэмакратыi адзiная, агульная i непадзельная; гэта i антыславянская нянавiсьць расiзму, якi непрыхавана абвяшчаў свае агрэсiўныя мэты на шкоду славянам — чэхам, палякам, расейцам; гэта й надзея, што Расея, якая цяпер знаходзiцца ў небясьпецы, абавязкова будзе шукаць хуткае дапамогi ў шчырым зблiжэньнi з заходняй Эўропай i ў сапраўднай унутранай дэмакратызацыi; гэтая надзея якраз цяпер можа падаць першыя рэальныя доказы — уступленьне Расеi ў Лiгу нацыяў i ейная праца ў ёй, запэўнiваньнi савецкiх дзяржаўных дзеячоў, вiдавочны спад сусьветнага камунiзму й рэвалюцыйных чаканьняў. Калi ж у масарыкаўска-бэнэшаўскай канцэпцыi абавязковага й неабходнага славянскага дэмакратызму карэнiлася нейкая памылка, яна палягала не ў асноўнай канцэпцыi цi ў правамоцнасьцi i слушнасьцi прынцыпаў, якiя яны далi чэскай ды славянскай, а пры аказii i эўрапейскай, палiтыцы, а выключна ў тым, што яны неабгрунтавана паверылi ў шчырасьць дэмакратычных запэўнiваньняў, абвяшчаных urbi et orbi47 носьбiтамi сусьветнае рэвалюцыi. Хто можа, хай кiне ў iх каменем!

ЗАЎВАГІ

37 Expliquons-nous — патлумачым гэта (фр.).
38 Mis sous la sauvegarde de l’Europe — узяты Эўропай пад ахову (фр.).
39 L’homme malade — хворы (фр.).
40 L’homme malade de Constantinople… — „Хворага“ з Царграду, названага так у свой час Аляксандрам II, замянiў расейскi „калёс на глiняных нагах“ (фр.).
41 A contrario — у супрацьлегласьць (лац.).
42 Volkstum — народнасьць (ням.).
43 Drang — паход (ням.).
44 De facto — фактычна (лац.).
45 Remet tout en question — зноў ставiць усё пад сумнеў (фр.).
46 Lebensraum — жыцьцёвая прастора (фр.).
47 Urbi et orbi — да ўсеагульнага ведама, лiтаральна — гораду i сьвету (лац.).


Комментируем публикацию: Разьвiцьцё i злачынствы панславiзму (4)


Публикатор (): maskaev

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle

Скачать мультимедию?

подняться наверх ↑

Новые поступления

Выбор редактора LIBRARY.BY:

Популярные материалы:

подняться наверх ↑

ДАЛЕЕ выбор читателей

Загрузка...
подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ

ПОЛИТИКА НА LIBRARY.BY


Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY на Ютубе, в VK, в FB, Одноклассниках и Инстаграме чтобы быстро узнавать о лучших публикациях и важнейших событиях дня.