Кастусь Бандарэнка. Правыя ва Ўкраіне: зацятая барацьба за палітычную пэрыфэрыю

Политология, современная политика. Статьи, заметки, фельетоны, исследования. Книги по политологии.

NEW ПОЛИТИКА

Все свежие публикации

Меню для авторов

ПОЛИТИКА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Кастусь Бандарэнка. Правыя ва Ўкраіне: зацятая барацьба за палітычную пэрыфэрыю. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь глазами птиц HIT.BY! Звёздная жизнь KAHANNE.COM Мы в Инстаграме
Система Orphus

Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-29

АВТОР: Кастусь Бандарэнка.

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №5 2001 ГОД


Кастусь Бандарэнка (нар. 1969). Кандыдат гістарычных навук, кіраўнік львоўскага Цэнтру палітычных дасьледаваньняў “Нова Хвиля”. Ягоная апошняя кніга — “Атланти і каріатіди з-під “даху” президента” (2000) пра атачэньне прэзыдэнта Кучмы. Яна складаецца з нарысаў пра вядомых украінскіх палітыкаў Бакая, Суркіса, Волкава, Медведчука, Юшчанку, Пінчука ды іншых і аналізуе палітычныя працэсы, якія адбыліся ва Ўкраіне ў 90-х.

Тэкст друкуецца зь невялікімі скарачэньнямі.

Калісьці (яшчэ ў часы Вялікай францускай рэвалюцыі) прыхільнікаў розных ідэалёгій умоўна падзялілі на “правых” і “левых”. З таго часу права-левая тэрміналёгія так моцна ўвайшла ў наш лексыкон, што азначэньні накшталт “ён — правы” або “ён — левы” ўспрымаюцца як сьведчаньне каставай ці кланавай прыналеж­насьці (нібы “ён — кшатры, ён — брахман, ён — Мантэкі, ён — Капулеці” etc.). І вельмі часта правыя абражаюцца, калі іх называюць правымі, а левыя ня ведаюць, што яны — левыя.

Але так ужо склалася: пра левых апошнім часам пішуць шмат. Левыя сталіся аб’ектам дасьледаваньня палітолягаў. Левых скарыстоў­ваюць як разьменную манэту ў прэзыдэнцкіх гульнях. Левымі пужаюць. Аб правых згадваюць пераважна іранічна. Быццам і няма ў нас ніякіх правых. Але ж гадоў пяць таму правых разглядалі як магутную палітычную сілу. Дык чаму ж яны перасталі адыгрываць належную ім ролю ў грамадзтве? Чаму яны сышлі на пэрыфэрыю нашага палітычнага жыцьця?

Брак лідэраў

Правы рух ва Ўкраіне сёньня ня мае яскравых і харызматычных лідэраў. Апошні прэтэндэнт на харызму, Вячаслаў Чарнавіл, ня змог стаць паўнавартасным нацыянальным лідэрам. Прызнаньне, якое прыйшло да яго пасьля сьмерці, узьвяло яго ў ранг нацыянальнага героя, але не ператварыла ў сьвядомасьці людзей у нацыянальнага лідэра. Найлепшы вынік, якога калі-небудзь дасягаў правы кандыдат, гэта вынік В. Чарнавіла на прэзыдэнцкіх выбарах 1991 году — 25 % галасоў. Ён цалкам супастаўны з тымі галасамі, якія традыцыйна здабываюць на выбарах прадстаўнікі Камуністычнай партыі Ўкраіны — самай масавай левай палітычнай партыі.

Сьмерць Чарнавіла ў 1999 годзе ды раскол Народнага руху Ўкраіны прывялі да пошуку лідэраў у правацэнтрысцкім асяродзьдзі. Так, фракцыі Руху ўзначалілі Генадзь Удавэнка — прафэсійны дыплямат, экс-міністар замежных спраў, і Юры Кастэнка — экс-міністар экалягічнай бясьпекі. Колькасьць галасоў, сабраная на прэзыдэнцкіх выбарах абодвума лідэрамі Руху разам (агулам трошку болей за 3 %), несупастаўная з тою, якую сабраў адзіны Рух на чале з В. Чарнавілам на парлямэнцкіх выбарах 1998 году (амаль 9 %).

Украінская рэспубліканская партыя — самая аўтарытэтная ў правым асяродзьдзі палітычная партыя на пачатку 90-х гадоў — пасьля другога расколу таксама сышла ва пэрыфэрыю палітычнага жыцьця. Былыя палітвязьні-дысыдэнты, якія разам руйнавалі савецкую сыстэму, ня вытрымалі выпрабаваньня незалежнасьцю й ператварыліся ў праціўнікаў — і Сьцяпан Хмара, і браты Гарыні, і Ляўко Лук’яненка. Ніводзін зь іх ня здолеў стацца лідэрам усеўкраінскага маштабу.

Дзеячы з асяродзьдзя эмігрантаў — Слава Стацько ды Мікола Плаўюк, вярнуўшыся ва Ўкраіну пасьля дзесяцігодзьдзяў выгнаньня, замест канструктыўнай дзейнасьці заняліся высьвятленьнем старых спрэчак: хто больш вінаваты ў падзеях 1940 году і расколе Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў — мельнікаўцы ці бандэраўцы. “Тутэйшыя нацыяналісты”, г.зн. адэпты нацыяналістычнай ідэалёгіі беспасярэдне ва Ўкраіне, пратэстуючы супраць такой палітыкі экс-эмігрантаў, разгарнулі кампанію па стварэньні шматлікіх структураў з саманазвай “АУН ва Ўкраіне”. Як правіла, ніякага ўплыву на палітычнае жыцьцё гэтыя структуры ня мелі, апроч, вядома, валтузьні.

Хрысьціянскі рух ва Ўкраіне не нашмат мацнейшы, паколькі і ён сёньня ня мае асобы, якая магла б стацца бясспрэчным аўтарытэтам у асяродьдзі, блізкім да хрысьціянска-дэмакратычных ідэалаў. Віталь Жураўскі занадта афіцыйны, Стратовіч і Шышкін — занадта невыразныя. Украінскім хрысьці­янскім дэмакратам бракуе постаці, роўнай мітрапаліту Шаптыцкаму ці Івану Агіенку. Гэтак жа нацыяналістам не стае асобы, роўнай Яўгену Канавальцу (пасьля гібелі якога Ольжыч ды Шухевіч мелі рэальны шанец стацца сапраўднымі лідэрамі нацыяналістычнага руху).

Сацыял-нацыянальная партыя Ўкраіны вельмі радыкальная й таму незразумелая для бальшыні. Апошнім часам СНПУ зрабіла значны крок ад рамантызму да прагматызму. Аднак разьвіць гэты кірунак бязь цеснага су­працоўніцтва з афіцыйнымі дзяржаўнымі структурамі ва Ўкраіне практычна немагчыма. Тым больш што шэрагі СНПУ ня выкрышталізавалі лідэра ўсеўкраінскага маштабу, які мог бы стацца пэўным магнэсам для электарату.

Зусім камічна выглядала такая катэгорыя правых, як украінскія манар­хісты. Праз разрозьненасьць ды наяўнасьць значнай колькасьці прэтэндэнтаў на ўкраінскі пасад, а яшчэ болей празь недахоп трывалай манархічнай традыцыі ў сучаснай Украіне прыхільнікі тых ці іншых каралёў і князёў увогуле не ўплывалі на палітычнае жыцьцё Ўкраіны.

Два “патрыярхі” ўкраінскага правага руху, якія маюць бясспрэчны аўтарытэт і досьвед, а таксама валодаюць магутнымі інтэлектуальнымі ды красамоўніцкімі здольнасьцямі, людзі, якія пры наяўнасьці палітычных амбіцый маглі б прэтэндаваць на ролю калі не харызматычных лідэраў, дык, прынамсі, “сумленьня нацыі” (прычым, з большым посьпехам чымся, скажам, Салжаніцын у Расеі), — я маю на ўвазе прафэсара Дашкевіча й шматгадовага палітвязьня Юр’я Шухевіча — расчараваліся ў рэаліях сёньняшняга дня і пастанавілі адысьці ад актыўнай палітычнай дзейнасьці. Магчыма, пры сёньняшніх умовах гэта адзіны правільны ход: украінскі народ, відавочна, не дасьпеў да разуменьня і ўсьведамленьня ідэалаў правага руху.

Дык ці патрэбны мудры пастыр, калі няма паствы?

Брак ідэяў

Правае асяродзьдзе ва Ўкраіне сёньня ня выпрацавала новых арыгінальных ідэяў. Правацэнтрысты апэлююць пераважна да ідэалягічных схэмаў, распрацаваных колькі дзясяткаў гадоў таму ў Эўропе, ідэй, якія даўно ўжо ў сьвеце лічацца састарэлымі. Ультраправыя намагаюцца рэанімаваць ідэалягічныя схемы Данцова, пры гэтым забываючыся на тое, што ён жыў і працаваў ня толькі ў 20—30-я гады, але перажыў эвалюцыю ад перакананага марксізму праз інтэгральны нацыяналізм да прызнаньня дэмакратыі заходняга тыпу. Ідэалягічныя патугі З. Карчынскага, якія мяжуюць з інтэлектуальнаю правакацыяй, альбо пісаньні сацыял-нацыяналістаў ня ўражваюць і не вы­клікаюць захапленьня ў бальшыні насельніцтва. Найноўшыя ідэолягі супакойваюць сябе: “Асноўную масу ў нас складаюць сьвінапасы ды грэчкасеі”, але не даюць аніводнага рэальнага рэцэпту таго, як пераўтварыць тых “сьвінапасаў” ды ”грэчкасеяў” у “казакаў”.

Яшчэ адна загана ўкраінскага правага руху — “плынь сьвядомасьці” ўкраінскіх правых у асноўным скіраваная ў мінулае. Правыя часта любяць пагаманіць пра справы 30—40-х гадоў, пра гераічную барацьбу ЎПА, а на Прыдняпроўі ўвогуле апэлююць да часоў УНР і нават казаччыны. Покліч ­В. Марцінца, кінуты ім у 1936 годзе, — “Увекавечым у бронзе нашае мінулае“ — прадугледжваў паважлівае стаўленьне да мінулага. Але ня болей чым да мінуўшчыны, да ўрокаў гісторыі. Правы рух жыве гістарычнымі рэаліямі й намагаецца прыстасавацца да сёньняшняга дня паводле пазаўчорашніх мерак.

Правыя й дагэтуль не запрапанавалі праграмаў эканамічнага ці культурнага разьвіцьця, альтэрнатыўных урадавым. Іх бунт супраць засільля ра­сейскай мовы сытуацыйны й стыхійны — правыя сілы аказаліся бясьсільнымі распрацаваць дакладную праграму ўкраінізацыі. Левыя, якія здабылі ўладу ва Ўкраіне ў 20-я гады, былі значна лепшымі ўкраінізатарамі. Прынамсі, у той час зьявілася геніяльная формула ўкраінізацыі, прапанаваная М. Кулішом: “Украінізацыя толькі тады пераможа ва Ўкраіне, калі ў Кацярынаславе прастытуткі прапаноўвацьмуць сябе па-ўкраінску”. Такім чынам, была мэта. Сёньня правыя пераважна прапаведуюць ірацыянальную ўкраі­нізацыю, украінізацыю дзеля ўкраінізацыі. Адсутнасць мэты прыводзіць да неразуменьня неабходных спосабаў ажыцьцяўленьня праграмаў. Здаецца, украінскія правыя і надалей спадзяюцца на ажыцьцяўленьне адной з праграмных пастановаў ІІ Вялікага сходу АУН: “Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналі­стаў змагаецца... за новы гераічны зьмест украінскай культуры”, хаця не заўважаюць таго, што маюць справу пераважна з так званым “пакаленьнем пэпсі” — дэмалібэралізаваным пакаленьнем маладых людзей, якім бліжэйшы заходні стыль жыцьця, чымся аскетызм дзядоў ды прадзедаў. Таму, відавочна, варта больш увагі надаваць распрацоўцы ўкраінскага варыянту “пэпсі”, што з посьпехам дэманструе, скажам, Расея. Нацыяналістычным выданьням, скіраваным на выхаваньне моладзі, варта было б павучыцца ў такіх папсова-палітычных выданьняў, як “Сокол Жириновского”, дзе моладзь знаходзіць цікавую інфармацыю і адначасова ненавязьліва, на ўзроўні пад­сьвядомасьці, успрымае палітычныя ідэі.

Найгоршае, што правыя ўсьведамляюць сваю “правізну” толькі на ўзроўні “антырасейскасьці”, хаця асноўны покліч “Прэч ад Масквы!” яны перанялі ў левых (нацыянал-камуністаў 20-х). Атаясамленьне нацыяналізму ўва ўсіх ягоных праявах і правізны, якое памылкова склалася на пачатку 90-х, прыводзіць да сур’ёзных непаразуменьняў. Напрыклад, праграмы АУН і яе эпігонаў фактычна зьяўляюцца левымі, бо сацыяльныя матывы ў іх адыгрываюць надзвычай важную ролю. Прафэсар Яраслаў Дашкевіч колькі гадоў таму ахарактарызаваў мару ўкраінскіх нацыяналістаў наступным чынам: “Монаэтнічная, монаканфэсійная дзяржава з сацыялістычным ладам”. У такім выпадку правая, але прарасейская партыя Грамадзянскі кангрэс Украіны або такая ж Партыя славянскага адзінства ў нас успрымаюцца як левыя ўтварэньні (выключна праз сваю прарасейскасьць), хаця насамрэч яны — клясычныя правыя партыі.

Антымадэрнізм, рэтраградзтва сучасных правых ва Ўкраіне не спрыяе прытоку моладзі ў шэрагі партый гэтага спэктру. Таму бальшыня, як яны самі сябе называюць, правых партый ва Ўкраіне паступова ператвараюцца ў “клюбы для тых, каму за 50”. Значыцца, правыя партыі ў вачах электарату губляюць пэрспэктыву. Правая ідэалёгія, традыцыйна скіраваная ва Ўкраіне ў нацыянальна-вызваленчае рэчышча, пасьля здабыцьця незалежнасьці ў 1991 годзе аказалася бездапаможнаю ў працэсах дзяржаватварэньня.

Брак электарату

Фактычна правальныя для правых сілаў вынікі апошніх выбарчых кампаній абумоўленыя некалькімі прычынамі.

Па-першае, ва Ўкраіне толькі яшчэ пачынае фармавацца кляса ўласьнікаў — неабходная перадумова актывізацыі ды пасьпяховай дзейнасьці правых партый.

Па-другое, калі афіцыйная ўлада заяўляе, што “нацыянальная ідэя ў нас не спрацавала”, яна ня лічыць патрэбным спрыяць узмацненьню нацыянальных правых сілаў.

Па-трэцяе, даецца ў знакі антымадэрнізм украінскіх правых.

Па-чацьвертае, варта ўлічыць брак у правым лягеры лідэра ды папулярных лёзунгаў.

На пэўным этапе прэзыдэнту Кучму сталася выгадна апранаць тогу “правага” палітыка — каб пайсьці па лініі супрацьстаўленьня сябе левым сілам ва Ўкраіне. Таму мноства партый правага спэктру па сцэнары, распрацаваным аналітыкамі з Адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны, меліся або падтрымаць Леаніда Кучму, альбо аддаць свае галасы камусьці з тых кандыдатаў у прэзыдэнты, хто не ўяўляў пагрозы для Л. Кучмы (Я. Марчука, Г. Удавенкі, Ю. Кастэнкі). Такім чынам, правыя ва Ўкраіне спрацавалі на карысьць ­Л. Кучмы, які яшчэ на выбарах 1994 году разглядаўся як “найвялікшае зло” ды ўвасабленьне “левай пагрозы” для Ўкраіны.

Украінскія нацыяналісты яшчэ ў гады другой сусьветнай вайны сутыкнуліся зь лявацкаю псыхалёгіяй прыдняпроўцаў. Гэта абумовіла пэўную лібэралізацыю праграмных прынцыпаў АУН у 1943 годзе (паколькі высьветлілася, што пераважна галіцкае асяродзьдзе Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў жыло памылковымі ўяўленьнямі пра бальшыню ўкраінскага грамадзтва, дзеля якога яны й спадзяваліся зьдзейсьніць рэвалюцыю). У 1945—1946 гадах Іван Баграны ва ўмовах эміграцыі найбольш поўна акумуляваў досьвед працы на Прыдняпроўі й стварыў Украінскую рэвалюцыйна-дэмакратычную партыю з выразнай левацэнтрысцкай афарбоўкай. Баграны (сам выхадзец з Усходняй Украіны) цудоўна разумеў: сацыяльная база правых партый была ліквідаваная падчас барацьбы бальшавікоў супраць кулацтва.

Правыя ня здолелі дакладна вызначыць сваіх выбарцаў. Іхны электарат ва Ўсходняй Украіне пераважна сытуацыйны й складаецца зь людзей, якія ўспрымаюць ідэю дзяржаўнасьці на ўзроўні modus vivendi, вэтэранаў вызваленчага руху, былых дысыдэнтаў ды нязначнай колькасьці маладых фанатыкаў. Іншая сытуацыя ў Заходняй Украіне (у Галіччыне ды на Букавіне), дзе правыя — даволі магутная сіла. Аднак і тут ініцыятыву перахопліваюць правацэнтрысты, а клясычныя ўкраінскія правыя сыходзяць на пэрыфэрыю.

Пакуль правыя ва Ўкраіне ня вызначацца, на якую сацыяльную клясу ў першую чаргу яны скіруюць сваю дзейнасьць, у якім асяродзьдзі будуць намагацца здабыць максымальную прыхільнасьць, — сур’ёзна казаць пра магчымасьць павелічэньня сымпатый да іх з боку выбарцаў будзе немагчыма.

Брак адзінства

У “Маршы ўкраінскіх нацыяналістаў” адна са строфаў пачынаецца словамі: “Досыць нам руінаў ды нязгодаў! Не пасьмее брат на брата ісьці ў бой”. Аднак сама гісторыя АУН пярэчыць гэтым шляхетным словам — асабліва калі прыгадаць супрацьстаяньне прыхільнікаў А. Мельніка й С. Бандэры ў гады другой сусьветнай вайны ды ў пасьляваенны час.

Калі ва Ўкраіне пачаліся дэмакратычныя працэсы, канфлікт паміж некаторымі фракцыямі АУН, закансэрваваны ўва ўмовах дыяспары, перакінуўся на Ўкраіну — разам з інтэрпрэтацыямі гісторыі АУН пяра П. Мірчука ды З. Кныша. Аналіз дзейнасьці АУН паказвае, што абедзьве канцэпцыі — і бандэраўская, і мельнікаўская — пазбаўленыя рацыянальнага зерня, паколькі яны хутчэй прапагандысцка-палітычныя, чымся навуковыя.

Дух расколу, узгадаваны ў асяродзьдзі дыяспары, зрабіў сваю чорную справу. Ва Ўкраіне ён зьявіўся ў выглядзе прэцэдэнту і паяднаўся зь яшчэ адным фактарам — традыцыйнаю рысаю ўкраінскай мэнтальнасьці: “Дзе два ўкра­інцы — там тры гетманы”. Акурат таму разам з пачаткам ўкраінскага руху за дэмакратызацыю пачалася хваля спрэчак ды расколаў.

У 1990 годзе ў асяродзьдзі Ўкраінскай Гельсынскай суполкі ўтварылася структура, якую ачоліў В. Чарнавіл, — Украінская незалежная выдавецка-інфармацыйная суполка. Бальшыня удзельнікаўў УГС выказалася супраць ідэі стварэньня УНВІС, бо бачыла ў ёй магчымасьць утварэньня пэўнай фракцыі ў складзе УГС, якая дзякуючы наяўнасьці матэрыяльна-тэхнічнага абсталяваньня ды паліграфічнай базы магла б дыктаваць умовы ўсёй УГС.

У красавіку таго ж году УГС ператварылася ва Ўкраінскую рэспубліканскую партыю. В. Чарнавіл са сваімі прыхільнікамі адмовіўся ўступаць ва УРП. Неўзабаве ён узначаліў Народны рух Украіны.

У маладзёвым асяродзьдзі таксама адбыўся раскол: у Суполцы незалежнай украінскай моладзі ўтварыўся ачолены А. Вітовічам “Рэвалюцыйны штаб” СНУМ, які да канца 1990 году ператварыўся ў асобную партыю — Украінскую міжпартыйную асамблею, потым перайменаваную ўва Ўкраін­скую нацыянальную асамблею (УНА—УНСО). Аднак вонкава маналітную структуру адзін за адным пачалі пакідаць яе сябры — прычым лідэры: Юры Шухевіч, Зьмітро Карчынскі, Алег Вітовіч...

Украінская рэспубліканская партыя двойчы перажыла падзел. Спачатку ад яе адкалоўся Сьцяпан Хмара з прыхільнікамі, утварыўшы Ўкраінскую кансэрватыўна-рэспубліканскую партыю, потым — Мікола Пароўскі з братамі Горынямі, стварыўшы Рэспубліканскую хрысьціянскую партыю.

Народны рух Украіны перажыў два расколы. Спачатку ад яго адышла група Ларысы Скорык, што заявіла пра сябе як Усенародны рух Украіны, а ў 1999 — групоўка Юр’я Кастэнкі, якая сфармавала Ўкраінскі народны рух.

Усеўкраінскае аб’яднаньне “Дзяржаўная самастойнасьць Украіны” зьведала ўсяго толькі адзін раскол. Але надта ўжо стракатым ды размаітым вы­глядае лягер ультранацыяналістаў: у 1995 годзе колькасьць структураў, што выкарыстоўвалі тэрмін “нацыяналістычны” ў сваім назове, узрасла да 12!

Раскол перажыла Дэмакратычная партыя Ўкраіны, у якой у процівагу Ў. Яварыўскаму зьявіўся новы, прагматычны й фінансава магутнейшы лідэр — Ганна Антоньева.

Хрысьціянска-дэмакратычнае асяродзьдзе прадстаўлена цяпер чатырма палітычнымі сіламі — ХДРУ, УХРП, РХП ды ХНС.

Сацыял-нацыянальная партыя Ўкраіны, нават нягледзячы на сваю нешматлікасьць у 1997 годзе, перажыла адыход з арганізацыйных шэрагаў гру­пы Ю. Крываручкі, якая быццам улілася ў склад Народнага руху Ўкраіны.

Як вынік — правы лягер раздробнены і маргіналізаваны. Да таго ж, перад правымі паўстала яшчэ адна вострая праблема.

Брак сродкаў

На пачатку дэмакратычных працэсаў асноўныя фінансавыя плыні ва Ўкраіну ішлі пераважна з-за мяжы. Іншага разу сумы, якія траплялі па гэтай лініі на Ўкраіну асобным палітыкам правага лягеру, былі асабліва вялікімі і вымяраліся сотнямі тысячаў даляраў. На пачатку 90-х гадоў украінцы ад­крылі для сябе ўкраінскую дыяспару, якая ў настальгічным парыве зьбірала сродкі на падтрымку тых ці іншых партый і блёкаў, што стаялі на дзяржаўніцкіх пазыцыях. Напрыклад, у 1994 годзе на выбарчую кампанію аднаго дэмакратычнага блёку толькі з Канады перадалі мільён даляраў — на той час (узгадаем, што сярэдні месячны заробак у 1994 годзе складаў 8—10 даляраў) сума проста фантастычная.

Аднак пасьля ўтварэньня незалежнай Украіны дапамога з Захаду пачала ісьці пераважна празь дзяржаўныя структуры, а не праз асяродзьдзе дысыдэнтаў. Украінская дыяспара расчаравалася ўва ўкраінскіх партыях, якія стаялі на дзяржаўніцкіх пазыцыях. Тым больш што было выкрыта колькі выпадкаў злоўжываньня замежнымі грашыма. Неўзабаве ўкраінцы ў дыяспары вырашылі, што нашмат карысьней і бясьпечней ведаць пра існаваньне ўкраінскіх сваякоў тэарэтычна, чымся мець зь імі беспасярэдні кантакт.

Пасьля 1994 году стала відавочна, што палітычныя партыі (калі яны прагнуць застацца на плаву) павінны шукаць унутраныя рэзэрвы — г.зн. спонсараў унутры дзяржавы. Народны рух Украіны, які заняўся пошукам сродкаў, сутыкнуўся зь непрадбачанымі цяжкасьцямі. У сакавіку 1994 году ў выніку нахабнага рабунку офісу НРУ былі скрадзеная частка партыйных сродкаў ды кіраўнік Сакратарыяту Руху Міхайла Байчышын, які зьнік бязь вестак. Пасьля В. Чарнавіл дзеля стабільнасьці Руху намагаўся заключыць бізнэсова-палітычныя пагадненьні зь Я. Гурвічам, М. Бродзкім, В. Чайкам, А. Ішчанкам ды іншымі, скажам так, далёка ня беднымі людзьмі. Зрэшты, у 1999 годзе раскол Руху адбыўся таксама пераважна на глебе спрэчак што да бізнэсовых стасункаў і зааганжаванасьці асобных чальцоў НРУ ў дыямэтральна процілеглыя бізнэс-структуры.

Ангажаванасьць у палітычнай структуры прадстаўнікоў вялікага бізнэсу згуляла дрэнны жарт з Дэмакратычнай партыяй Украіны, якая спачатку спрабавала працаваць у тандэме зь Я. Зьвягільскім, а калі гэты зьвяз не прынёс жаданага эфэкту на выбарах 1998 году, лідэр ДэмПУ Ў. Яварыўскі пайшоў на супрацоўніцтва з генэральным дырэктарам лікёра-гарэлачнай фірмы “Артэміда” Ганнай Антоньевай. Вынік — як у вядомай казцы пра Казу-Дзеразу, якая выгнала зайца з уласнай хаты.

Паступова пад эгідаю асобных правых структураў пачалі ўзьнікаць фірмы, малыя прадпрыемствы, інвэстыцыйныя кампаніі ды таварыствы з абмежаванай адказнасьцю. Але калі параўнаць іх удзельную вагу ў агульнай колькасьці фірмаў, створаных пад палітычным “дахам”, дык лёгка пабачыць, што актыўнасьць левых (камуністаў і сацыялістаў) у працэсах прадпрымальніцтва нашмат большая. Увогуле, бальшыня прадпрымальнікаў, якія цяпер маюць месцы ў Вярхоўнай Радзе, прайшлі ў парлямэнт па сьпісах левых партый — КПУ ды зялёных.

Т. Стэцькіў пісаў, што “дзеля паўнавартаснага й пасьпяховага функцыяваньня палітычнай партыі неабходныя тры ўмовы: ідэалёгія, кадры, фінансы”. Сучасныя правыя партыі пераважна ня маюць аніводнага з гэтых складнікаў посьпеху.

Гэта яшчэ адна прычына няўдачы правага лягеру.

“Новыя правыя”

На пачатку 90-х гадоў ва Ўкраіне пачынае зараджацца рух украінскіх “новых правых”. “Новыя правыя” — пераважна маладыя людзі з трывалымі лібэральна-дэмакратычнымі перакананьнямі ды высокім узроўнем нацыянальнай самасьвядомасьці, прадстаўнікі тых колаў, якія на Захадзе прынята называць тэрмінам “япі”. Звычайна гэта выхадцы з асяродзьдзя, далёкага ад правых ідэалаў. Значная колькасьць гэтых маладых людзей — былыя камсамольскія работнікі, навукоўцы, дзяржаўныя службоўцы, юрысты. Усьведамленьне правых ідэалаў прыйшло да іх эвалюцыйным шляхам — шляхам глыбокага ўспрыняцьця ды перажываньня.

Вытокі асяродзьдзя “новых правых” варта шукаць і ў так званых “дэма­кратычных плятформах” у КПУ, ЛКСМУ, і ў апазыцыйных маладзёвых фармаваньнях кшталту “Студэнцкага брацтва”, Украінскага студэнцкага саюзу ці “Таварыства Лява”. У першай палове 90-х гадоў адбываецца своеасаблівы кампраміс паміж “вечнымі апазыцыянэрамі” і былымі камсамольцамі. У першых былі ідэі ды энэргія, у другіх — сродкі. Так узьнікла колькі ўдалых праектаў, напрыклад, Партыя дэмакратычнага адраджэньня Ўкраіны ці Працоўны кангрэс Украіны. Яшчэ адным складнікам посьпеху гэтых партый стала тое, што ў іхным існаваньні былі зацікаўленыя прадстаўнікі вайскова-прамысловых ды прамыслова-фінансавых колаў: маладыя прагматыкі, у якіх была ідэя і мэта, якія ведалі, чаго яны жадаюць, не маглі не прывабіць сваёй дзелавітасьцю, імкненьнем да канкрэтыкі, эфэктыўнасьцю. Асноўнай мэтаю “новых правых” сталі рэформы дзеля дабрабыту Ўкраіны й стварэньня ўмоваў для ўзьнікненьня стабільнай праслойкі ўласьнікаў — апірышча правага руху.

У 1994 годзе падчас выбараў у Вярхоўную Раду Ўкраіны бальшыня “новых правых” зьведала паразу. Адзіным удалым праектам гэтага асяродзьдзя сталася грамадзкае аб’яднаньне “Новая хваля”, якое правяло ў парлямэнт пяцёх дэпутатаў ад Львоўшчыны. Іншыя ўтварэньні (“Новая Ўкраіна” ды Ўкраінскі саюз прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў) засяродзіліся пераважна на падтрымцы кандыдатуры Л. Кучмы на прэзыдэнцкіх выбарах. Пасьля ягонае перамогі й паразы “новых правых” на парлямэнцкіх выбарах пачынаюцца перамовы пра мажлівасьць аб’яднаньня намаганьняў дзеля стварэньня магутнай правацэнтрысцкай партыі. У 1996 годзе гэтыя перамовіны завершыліся стварэньнем Народна-дэмакратычнай партыі.

Першай і асноўнай памылкай “новых правых”, аб’яднаных у НДП, стала тое, што яны паверылі ў магчымасьць “ідэалягічнай асыміляцыі” дзяржаўнай намэнклятуры ва Ўкраіне ў сваім асяродзьдзі, а таму абвесьцілі “паход ва ўладу”. Паход ва ўладу скончыўся тым, што намэнклятура захапіла вядучыя пазыцыі ў партыі, навязала НДП імідж “партыі ўлады”, а таксама пачала дыктаваць свае ўмовы гульні. Нізкі (параўнальна) вынік НДП на парлямэнцкіх выбарах 1998 году прывёў да эскаляцыі супрацьстаяньня паміж дзьвюма групамі ў асяродзьдзі партыі — паміж “новымі правымі” ды намэнклятураю.

У той час, калі большая частка “новых правых” абвясьціла свой намер “ісьці ва ўладу”, іншая частка асяродзьдзя крытыкавала такую пазыцыю й адмовілася ўзяць удзел у праекце пад назваю НДП. Гэтая групоўка стварыла партыю пад назваю “Рэформы й парадак”. На выбарах 1998 году ПРП не пераадолела 4 %-га бар’еру, што прымусіла яе шукаць саюзьнікаў для працягу палітычнай дзейнасьці. Асноўным і найбольш пажаданым паплечнікам быў абвешчаны Народны рух Украіны

У траўні 1999 году “новыя правыя” пакінулі асяродзьдзе НДП, аддаўшы яго поўнасьцю намэнклятуры. У працэсе далейшых ідэалягічных і палітычных пошукаў “новыя правыя” з экс-НДП і “новыя правыя” з ПДП аб’ядналіся ў адзіную структуру. Да яе таксама далучылася частка чальцоў Дэмакратычнай партыі Ўкраіны (яшчэ адзін цікавы “правы” праект, які ня здолеў раскруціцца напоўніцу з-за гібелі аднаго са сваіх стваральнікаў — бізнэсоўца й палітыка Я. Шчэрбаня). Пры ўмове захаваньня цеснага блёку з Народным рухам Украіны тэарэтычна выходзіць даволі-такі магутная сіла. Дадайце сюды той факт, што жаданьне ўвайсьці ў блёк з “новымі правымі” выказалі прадстаўнікі “клясычных правых” — Кангрэсу ўкраінскіх нацыяналістаў.

Частка “новых правых” на чале з А. Матвіенкам ня ўдзельнічала ў аб’яднаўчым працэсе, а пачала ствараць асобную структуру пад назвай “Адкрытая палітыка”. Пры канцы 1999 году на аснове “Адкрытай палітыкі” ўзьнікла Ўкраінская нацыянальная партыя “Сабор”, што прэтэндуе пераважна на галасы тых выбарцаў, якія на мінулых парлямэнцкіх выбарах выказаліся за Нацыянальны фронт.

Асяродзьдзе “новых правых” ужо дало ўкраінскай палітыцы шэраг яскравых імёнаў — В. Пінзэнік, А. Матвіенка, Т. Стэцькіў, І. Каліушка, В. Філенка, А. Емец, С. Цярохін, С. Собалеў і інш. Пры канцы 1999 году “новым правым” на чале з В. Юшчанкам было даручана сфармаваць кабінэт міністраў. Так, “новыя правыя” паступова ператвараюцца ня проста ўва ўплывовую, а ў вядучую палітычную сілу, якая, мажліва, праз пэўны час зможа паспрачацца з алігархічнымі коламі за ўплыў на фармаваньне ўнутранай і вонкавай палітыкі Ўкраіны.

Набліжаецца да “новых правых” па характары сваёй дзейнасьці партыя “Бацькаўшчына”, ачоленая віцэ-прэм’ерам ураду Юліяй Цімашэнкай. Ня так даўно яна заявіла пра блёк з Украінскім народным рухам. Такім чынам, у асяродзьдзі “новых правых” можа ўзьнікнуць колькі цэнтраў прыцягненьня, што надзвычай непажадана. Дадайце да гэтага пераліку яшчэ такія малавядомыя, але ўплывовыя ў фінансавым пляне структуры, як “Яблык” ці “Маладая Ўкраіна”, — і стане зразумела, што на правы флянг ізноў прыпадае надта шмат палітычных гульцоў.

“Новыя правыя” робяць тыя ж памылкі, якія ў свой час зрабілі іхныя папярэднікі зь лягеру “клясычных правых”.

Узьнікае пытаньне: ці то гісторыя — кепская настаўніца, ці то мы — кепскія вучні?

І яшчэ: ці гатовыя ўкраінскія правыя да агульнага “паправеньня” палітычных тэндэнцыяў у сьвеце? Бо ад стану, ад якасьці ўкраінскіх палітычных правых сілаў будзе залежаць і будучыня Ўкраіны. У прыватнасьці, ейная эўрапейская будучыня.

Пераклала з украінскай мовы Вольга Гапеева паводле ІІ, №16/2000.

Комментируем публикацию: Кастусь Бандарэнка. Правыя ва Ўкраіне: зацятая барацьба за палітычную пэрыфэрыю


Публикатор (): maskaev

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle

Скачать мультимедию?

подняться наверх ↑

Новые поступления

Выбор редактора LIBRARY.BY:

Популярные материалы:

подняться наверх ↑

ДАЛЕЕ выбор читателей

Загрузка...
подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ

ПОЛИТИКА НА LIBRARY.BY


Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY на Ютубе, в VK, в FB, Одноклассниках и Инстаграме чтобы быстро узнавать о лучших публикациях и важнейших событиях дня.