Чацьверты элемэнт пераходнага пэрыяду

Политология, современная политика. Статьи, заметки, фельетоны, исследования. Книги по политологии.

NEW ПОЛИТИКА


ПОЛИТИКА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

ПОЛИТИКА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Чацьверты элемэнт пераходнага пэрыяду. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-29

АВТОР: Тарас Кузё

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №5 2001 ГОД


Тарас Кузё — навуковы супрацоўнік Цэнтру дасьледаваньняў праблем міжнароднай бясьпекі Ёрскага ўнівэрсытэту (Канада), былы кіраўнік інфармацыйнага цэнтру NATO ва Ўкраіне. Апошняя кніга —Contemporary Ukraine. Dynamics of Post-Soviet Transformation.

Кнігі, абмеркаваныя ў гэтым артыкуле:

Alexander J. Motyl. Revolutions, Nations, Empires. Conceptual Limits and Theoretical Possibilities. — New York: Columbia Univercity Press, 1999.

Charles King and Neil J. Melvin (eds.). Nation Abroad. Diaspora Politics and International Relations in the Former Soviet Union. — Boulder, CO: Westview Press, 1988.

Bohdan Nahaylo. The Ukrainian Resurgence. — London: Hurst and Co, 1998.

Theofil Kis, Irena Makaryk, with Roman Weretelnyk (eds.). Towards to New Ukraine II. Meeting the Next Century. — Ottawa: Univercity Ottawa, 1999.

Sharon L. Wolchik and Volodymyr Zviglyanich (eds.). Ukraine: the Search for a National Identity. — Oxford, Lanham, MD: Rowman and Littlefield, 2000.

Marta Dyczok. Ukraine. Movement without Change. Change without Movement. — Amsterdam, Reading: Harwood Academic Publishers, 2000.

Paul D’Anieri. Economic Interdependence in the Ukrainian-Russian Relations. — Albany: State Univercity Press New York, 1999.

David R. Marples. Belarus. A Denationalized Nation. — Amsterdam: Harwood Academic Publishers, 1999.

Дасьледаваньні нацыяналізму, геапалітыкі й пераходнага пэрыяду ўва Ўкраіне й былой савецкай імпэрыі узбагаціліся апошнімі часамі некалькімі зьмястоўнымі й цікавымі кнігамі. У манаграфіі Аляксандра Матыля й падборцы артыкулаў под рэдакцыяй Чарльза Кінга ды Нэйла Мэлвіна ідзе гаворка пра нацыянальнае пытаньне, міжнародныя дачыненьні ды пасьлясавецкае палітычнае жыцьцё. Кніжкі Багдана Нагайлы, Марты Дычок, Пола Д’Аньеры й Дэвіда Марплза, а таксама зборнікі, якія адрэдагавалі Тэафіль Кісь з Ірынаю Макарык і Раманам Вэрэтэльныкам ды Шарон Волчык з Уладзімерам Зьвіглянычам, прысьвячаюцца праблемам сучаснай Украіны й Беларусі. Гэтыя працы можна выразна разрозьніць па мэтадалёгіі дасьледаваньня: у Матыля, Кінга з Мэл­вінам і Д’Аньеры пераважае тэарэтычна-кампаратывісцкі падыход, што, на маю думку, дазваляе нашмат глыбей прааналізаваць матар’ял, чымся традыцыйнае вывучэньне асобнай краіны, якім займаюцца аўтары й рэдактары іншых пяцёх кніжак.

1.

У Матылёвай кнізе “Рэвалюцыі, нацыі, імпэрыі. Канцэптуальныя межы й тэарэтычныя мажлівасьці” не ідзе, насуперак назьве, гаворка пра ўзаемадзеяньне рэвалюцыяў, нацыяў ды імпэрыяў. Затое аўтар прагне выразна разьмежаваць паняткі, каб адгэтуль скарыстоўваць іх “у эмпірычных і тэарэтычных дыскусіях” (с. ХІ). Найперш Матыль cьцьвярджае прынцыповы характар панятку для тэорыі ці тэарэтызаваньня. Таму кожны з трох разьдзелаў дасьледаваньня пабудаваны так, каб дасьледаваць і паняткі, і тэорыі, і тэарэтычныя асновы.

Першы прысьвячаецца панятку рэвалюцыі, якую Матыль намагаецца вытлумачыць як працэс зьменаў, “сэмантычна спароднены” з паняткамі “бунту”, “закалоту”, “збройнага хваляваньня”, “паўстаньня”, “рэформы”, “пераходнага пэрыяду” й “трансфармацыі”. Рэвалюцыі — гэта найчасьцей “хуткія, усёабдымныя й фундамэнтальныя зьмены”, здатныя ўплываць як на сацыяльныя структуры, так і на людзей. З увагі на гэта Матыль лічыць амэрыканскую “рэвалюцыю” хутчэй “пераходным працэсам”, чымся ўласна рэвалюцыяй, а падзеі ў паваенных Нямеччыне й Японіі — “рэдэмакратызацыяй”.

Рэвалюцыі, як даводзіць аўтар, занадта дорага каштуюць, і, каб дасягнуць посьпеху, рэвалюцыянэры мусяць быць “вельмі багатымі й вядомымі”. А паколькі рэвалюцыі па сваёй натуры вымагаюць немалых выдаткаў, дык “аўтарытарныя мэтады пошуку рэсурсаў непазьбежныя”. Такім чынам, дэмакратызацыя й рынкавыя пераўтварэньні — несумяшчальныя ў часе, таму адзін з гэтых працэсаў адцясьняе другі на задні плян. Паводле Матыля, пачатак эканамічнай рэвалюцыі 1992 году ў Расеі паклаў канец дэмакратычным зьменам.

Верагодна, многія з тых заходніх палітыкаў і навукоўцаў, якія заахвочвалі Расею да “вялікіх узрушэньняў”, у сябе дома адчайна супраціўляліся такой палітыцы. Параўноўваючы Ўкраіну й Расею пры канцы 90-х, мы бачым: колішнія эвалюцыйныя трансфармацыі аказаліся больш удалымі за пазьнейшыя рэвалюцыйныя зьмены, якія мелі на мэце дэмакратызацыю й разьвіцьцё дзяржавы. Да таго ж, расейскія рэформы зазналі ўплыў празьмерна разьдзьмутага савецкага бюракратычнага апарату й сілавых структураў, чыім прадстаўніком ёсьць цяперашні прэзыдэнт Пуцін.

Такім чынам, крытыкаваць тэмпы рэформаў у былых камуністычных краінах недарэчна. Яны залежаць ад таго, наколькі грамадзтва пацярпела ад імпэрыялізму й таталітарызму. Тым краінам савецкага лягеру, дзе гэтыя два чыньнікі адчуваліся ў меншай меры (напрыклад, у Польшчы), стартаваць было лягчэй, а там, дзе яны даліся ў знакі больш, рэвалюцыйныя зьмены былі немажлівыя, бо ператварэньні адбываліся пры адсутнасьці дзяржавы, грамадзянскай супольнасьці, вяршэнства права, дэмакратыі, рынку й элітаў. Таму, аналізуючы посткамуністычныя зьмены з гледзішча “тэарэтычнай нежыцьцяздольнасьці” рэвалюцыі, Матыль аддае перавагу паступовым і прадказальным крокам, якія спрацоўваюць “ня так блага”, як вялікія ўзрушэньні.

Матыль разумее нацыяналізм як ідэалёгію, дактрыну, сыстэму ідэяў ці перакананьняў і крытычна ставіцца да навукоўцаў (кшталту Эндру Ўілсана), якія бачаць тут дзейнасьць альбо культуру. Разам з тым ён даводзіць, што нацыяналізм уласьцівы якім заўгодна сілам ад левага да правага краю палі­тычнага спэктру, а ня толькі ўкраінскамоўным ці то заходнеўкраінскім на­цыянал-дэмакратам, як гэта зазвычай уважаюць ува Ўкраіне й на Захадзе (напрыклад Д’Аньеры). Да таго ж, нацыяналізм лучыць нацыю зь дзяржаваю. Мэта нацыяналістаў — дзяржаўнасьць; дасягнуўшы яе, яны прымаюць іншыя самаазначэньні: “патрыёты”, “дэмакраты” і гэтак далей. Ад таго часу, як Украіна стала незалежнаю, усе палітычныя сілы (ад сацыялістаў да нацыянал-дэмакратаў), якія падтрымліваюць незалежнасьць, можна называць “грамадзянскімі” нацыяналістамі ці наагул не ўжываць дужа зьняважлівага тэрміну “нацыяналісты” да ніводнае зь іх. Такім чынам, як слушна зазначае Матыль, ужываньне панятку “нацыяналізм” да нейкага аднаго сэгмэнту палітычнага спэктру адлюстроўвае хутчэй аўтараву ідэалягічную перадузятасьць, чымся навуковую мэтазгоднасьць.

У імпэрыях маюць быць цэнтры й кантраляваныя пэрыфэрыі. Матыль адкідае распаўсюджаную думку, нібыта імпэрыі патрабуюць імпэрыялістычных, не дэмакратычных цэнтраў. Рухавіком імпэрыі, пярэчыць ён, можа быць і дэмакратыя (ЗША ў Лацінскай Амэрыцы ці Расея ў СНД). Пры імпэрыялі­стычным ладзе “цэнтральныя эліты пануюць, пэрыфэрыйныя — кіруюць”. Імпэрыі могуць быць фармальнымі, з простым кантролем (як у колішнім СССР) і нефармальнымі, з ускосным кантролем (як, напрыклад, дзейнічалі ЗША ў Нікарагуа пры дыктатуры Самосы). А дэмакратычныя эліты, зазначае Матыль, “цалкам здатныя на генацыд, вайну й грубае ўмяшаньне”. Ён пэўны, што Расея зноў будзе намагацца адбудаваць нефармальную імпэрыю на ўзор тых, якія стварылі ЗША ў Лацінскай Амэрыцы або СССР у Цэнтральна-Ўсходняй Эўропе за часамі халоднай вайны. Ці будзе гэты працэс пасьпяховым, залежыць ня так ад расейскай вайсковай магутнасьці, як ад моцы дзяржавы й аўтаномнасьці эканомікі. Але, зрэшты, “аднаўленьне імпэрыя­лізму цалкам верагодна можа прывесьці да зьяўленьня імпэрскай сыстэмы, якая будзе перажываць глыбокі заняпад, а значыць, будзе асабліва схільная да далейшай дэзінтэграцыі ды краху”. Вось чаму Матыль пэсымістычна ацэньвае будучыню Расеі.

2.

Кніга “Нацыі за мяжой. Дыяспарная палітыка й міжнародныя дачыненьні ў былым Савецкім Саюзе” пад рэдакцыяй Чарлза Кінга й Нэйла Мэлвіна прадстаўляе зыркае сузор’е аўтараў, якія дасьледуюць розныя дыяспарныя супольнасьці былога СССР — расейскую, жыдоўскую, армянскую, украінскую, казахскую, татараў Паволжа й польскую. Прыкры недагляд — адсутнасьць разьдзелу пра балтыйскія дзяржавы; артыкул пра татараў варта было б пашырыць, напісаўшы запар пра татараў на абшарах былога СССР. Тэарэтычную й прадметную структуру кнігі акрэсьліваюць у прадмове й пасьлямове абодва рэдактары.

Зварот да дыяспарных супольнасьцяў сьцірае розьніцу паміж унутранаю палітыкай і міжнароднымі дачыненьнямі, хаця навуковыя дасьледаваньні замежнай палітыкі зазвычай ігнаруюць міжнароднае значэньне этнічнасьці. А на абшарах былога СССР гэты працэс яшчэ больш складаны, паколькі ў пэрыяд пабудовы дзяржавы й нацыі шматлікія атрыманыя ў спадчыну ідэнтычнасьці ўвесь час зьмяняюцца.

На жаль, укладальнікі робяць агульную памылку, сьцьвярджаючы істотную адрознасьць паміж “грамадзянскай” і “этнічнай” дзяржавамі. Усе “грамадзянскія” дзяржавы маюць дзяржаўную (або афіцыйную) мову, царкву, гістарычныя міты й легенды, нацыянальныя сымбалі й тытульную нацыю, вось значыць і іх, ужываючы модны тэрмін nationalising states, таксама можна назваць “нацыяналізуючымі”. Ці былі б, скажам, Украіна альбо Казахстан сапраўды “больш грамадзянскімі”, калі б мелі дзьве, а не адну, “тытульныя” нацыі або дзяржаўныя мовы, як, бадай, уважаюць Эндру Ўілсан і Салі Камінгс? Напружанасьць паміж “грамадзкай” і “этнічнай” палітыкай назіраецца ня толькі ў Казахстане — гэта рыса, уласьцівая ўсім дзяржавам.

Рэдактары пастанавілі вырашыць яшчэ адно заданьне — даць азначэньне дыяспары. Яны цалкам слушна зазначаюць, што працоўныя мігранты могуць з часам стаць этнічнымі мяншынямі, а праз пэўны час — дыяспарай, чыя ідэнтычнасьць пасьля паўстае “як вынік складанага ўзаемадзеяньня паміж інтарэсамі ўласна этнічнага насельніцтва, палітыкаю дзяржавы, у якой дыяспара жыве, і існаваньнем — уяўным ці сапраўдным — радзімы за мяжой краіны знаходжаньня”. Так, дыяспарам уласьцівая шчыльная лучнасьць з радзімамі. Аднак у мностве выпадкаў (напрыклад, ва Ўкраіне ці Беларусі) расейцы й расейскамоўнае насельніцтва папросту не ўважаюць сваёй радзімай Расейскую Фэдэрацыю. Ці трэба іх усё ж такі тлумачыць як “дыяспары”?

Азначэньне дыяпары ўскладняе яшчэ адзін чыньнік, якога укладальнікі не разглядалі, — мультыкультуралізм, прыхільнікі якога, як Уіл Кімліка з Канады, адрозьніваюць нацыянальныя мяншыні, якія адстойваюць свае калектыўныя ці групавыя правы, і імігрантаў, якія зазвычай прагнуць асымілявацца мясцовай культурай і засвоіць мову. Дык ці ёсьць у такім разе дыяспарай і нацыянальныя мяншыні, і імігранты, ці ж толькі апошнія?

Гэтае пытаньне крайне балючае ў былым СССР, дзе складнікам дзяржаўнай нацыянальнай палітыкі было сьвядомае выкарыстаньне мігрантаў-славянаў для таго, каб аслабляць тытульныя нацыі, падтрымліваць дзьвюхмоўе й выхоўваць савецка-расейскага homo soveticus, які “ня меў аніякай пера­шкоды ў мясцовых палітычных і культурных інстытуцыях, на якія можна было абаперціся дзеля мабілізацыі”. Адсутнасьць этнакультурнай і палітычнай ідэнтычнасьці й доступ мігрантаў да інстытуцыяў у вялікай ступені тлумачыць прычыны спакою ў такіх рэгіёнах, як Усходняя Ўкраіна (нягледзячы на пагрозьлівыя заходнія прароцтвы наконт сэпаратызму, мала таго — нават грамадзянскай вайны), Латвія ці паўночна-ўсходняя Эстонія. А Нэйл Мэлвін мае рацыю, калі піша, што было б памылкай уважаць гэтыя дыяспары “расейскамоўнымі”, бо ж мова ёсьць толькі адным з чыньнікаў іх шматвымернай ідэнтычнасьці, якая зьмяшчае таксама этнічны, гістарычны, палітычны й патаемна-духовы складнікі.

Аўтары кнігі старанна дасьледуюць, дзеля чаго выкарыстоўваюцца тыя ці іншыя дыяспары: так, расейская абараняе ўплыў і падтрымлівае статус “вялікай дзяржавы”, украінская — служыць прыладай уплыву на Расею, казахская — дапамагае аднавіць этнічнае панаваньне, а польскую пераважна ігнаруюць, бо яна можа стаць перашкодай геапалітычным амбіцыям. Брак грошай перашкаджае Расейскай Фэдэрацыі й Казахстану праводзіць жаданую палітыку ў дачыненьні да сваіх дыяспараў.

3.

Да выхаду “Ўкраінскага адраджэньня” Багдана Нагайлы Ўкраіне часоў гарбачоўскіх рэформаў прысьвячалася толькі адно дасьледаваньне (Тарас Кузё. “Перастройка для Незалежнасьці ”, 1994, 2000). Нагайлава кніга — амаль удвая большае па памерах і нашмат шырэйшае дасьледаваньне. У першым разьдзеле на 19 (!) старонках асьвятляецца ўкраінская гісторыя ад Кіеўскай Русі да сталінскай эпохі, у другім ідзе гаворка пра пасьлясталінскі пэрыяд. Найбольшая частка тэксту (346 старонак) прысьвячаецца Ўкраіне часоў Гарбачова. Астатнія пяць разьдзелаў і сьціслы “Пастскрыптум” даюць агляд гісторыі Ўкраіны як незалежнай дзяржавы (з 1992 году). У дадатку падаецца бібліяграфія асноўных крыніцаў і дасьледчай літаратуры.

Дасьледаваньне Нагайлы ня толькі даўжэйшае за “Перастройку...”, але мае й яшчэ тры адрозьненьні. Па-першае, аўтар цалкам усьведамляе, што кніга напісаная з гледзішча “гісторыка” й “інфармаванага журналіста”, то бок гэта хутчэй “уступны агляд ці дапаможнік”, адрасаваны шырокаму колу. Па-другое, кніга пабудаваная як аналітычны выклад фактаў у традыцыі манаграфіяў па саветалёгіі (пастаянныя адсылкі да публікацыяў у часопісах, да пастановаў і рэзалюцыяў партыйных пленумаў і г.д.), таму няма падставаў уважаць, што гэта паліталягічнае дасьледаваньне. Нарэшце, аўтар ігнаруе багатую літаратуру пра сучасную Ўкраіну й адыходзіць убок ад зьвязаных зь ёй дыскусіяў.

Такім чынам, маем грунтоўны нарыс пра тое, як ва Ўкраіне паўстала нацыянальная камуністычная эліта; паміж іншага, апісаныя супярэчнасьці ў поглядах між Краўчуком і Кучмам, распад камсамолу й падзел кампартыі Ўкраіны на “імпэрскую” (якую цяпер рэпрэзэнтуе адноўленая ў 1993 годзе КПУ) і “дэмакратычную” (сёньня гэта Кучма, блёк “Новая Ўкраіна” і НДП) плятформы, а таксама “нацыянальнае” крыло (звычайна асацыюецца з Краўчуком). Чытач можа дазнацца, як фармаваліся шматпартыйная сыстэма й грамадзянская супольнасьць пасьля 1990 году ды як памяркоўныя палітыкі з камуністычнага й дэмакратычнага лягераў здолелі разам і без аніводнага стрэлу ператварыць Украіну з савецкай правінцыі ў незалежную дзяржаву. Багата ўвагі Нагайла надае пытаньням замежнай палітыкі, заўважаючы, што “Ўкраінскае адраджэньне” ўжо ў 1990 годзе было зьвязанае з памкненьнем краіны “вярнуцца ў Эўропу”.

Аўтар з глыбокім зацікаўленьнем асьвятляе тэму нацыянальнай прыналежнасьці, уплыў на гэтую праблему савецкай нацыянальнай і моўнай палі­тыкі, пазыцыі КПУ й нацыянал-дэмакратаў у гэтым пытаньні. Іншая пазытыўная рыса — увага да тэмы зьнішчэньня нацыянальнай памяці, націск на тым, што ўкраінская гістарыяграфія кідала выклік савецкай і расейскай, бо спрычынялася да зьяўленьня новых мітаў, навеяных украінскім праектам постсавецкага нацыятварэньня. Затое толькі мімаходзь гаворыцца пра цяжкасьці інтэграцыі ўсходняй і паўднёвай Украіны (дзе эканамічныя праблемы бяруць верх над нацыянальнай ідэяй), хаця гэты важны прадмет варта было б дасьледаваць больш дэталёва.

4.

Зборнік “Да новай Украіны-ІІ. Сустракаючы новае стагодзьдзе”, выдадзены катэдраю ўкраінскіх дасьледаваньняў Атаўскага ўнівэрсытэту пад рэдакцыяй Тэафіла Кіся, Ірыны Макарык і Рамана Вэрэтэльныка, складаюць матар’ялы ІІ штогадовай канфэрэнцыі, прысьвечанай сучаснай Украіне, а менавіта тром тэмам: украінскай Канстытуцыі 1996 году, эканамічным рэформам, а таксама моўнай, культурнай і нацыянальнай ідэнтычнасьцям.

Адкрывае зборнік цікавы артыкул Джэймза Мэйса, які спрабуе патлумачыць цяжкасьці ўкраінскага постсавецкага пераходнага пэрыяду, дасьледуючы савецкую спадчыну. Сталінская “дэканструкцыя” Ўкраіны прывяла да рэпрэсіяў, скіраваных супраць дзьвюх нацыянальна сьвядомых праслоек — інтэлігенцыі й сялянства, а таксама да паглынаньня ўкраінскіх адміністрацыйных структураў усесаюзнымі інстытуцыямі, да ізаляцыі інтэлігенцыі й элітаў, да правінцыялізацыі, саветызацыі й русіфікацыі ўкраінскай культуры. Але ў пасьлясталінскую эпоху на Ўкраіне складаецца тэрытарыяльная камуністычная партыя й эканамічная эліта, прычым іхныя адносіны з нацыянальнай культурнай элітай былі досыць складанымі.

У 1991 годзе тэрытарыяльная эліта, атрымаўшы незалежнасьць і ня маючы ўласнай ідэалёгіі, вымушаная была вызнаць (хутчэй на словах) вартасьці, што падтрымліваліся элітай культурнай, і пры гэтым заставалася дысфункцыянальнай і зацікаўленай адно ў назапашваньні капіталу й выкарыстаньні дзяржавы ў сваіх вузкіх інтарэсах.

Іншыя вартыя ўвагі матар’ялы зборніку датычаць пытаньняў эканомікі (Андэрс Ослунд, дарадца ў пытаньнях эканомікі ва Ўкраіне, Рафаэль Шэн і былы кіраўнік камітэту дзяржмаёмасьці Ўладзімер Ланавы), канстытуцыяналізму (былы міністар юстыцыі Сяргей Галаваты), забесьпячэньня вяршэнства права (Багдан Футэй) і незалежнага суду (Эд і Кім Ратушныя). Гвэндалін Сас разглядае гісторыю стварэньня крымскай канстытуцыі, прасочваючы разьвіцьцё канстытуцыйнай палітыкі ў Крыме з 1992 па 1998 гады (але, на жаль, ня згадваючы пра зацьвярджэньне ў кастрычніку 1998 году першай у рэгіёне “ўкраінаскіраванай” канстытуцыі). Існаваньне аўтаномнай Рэспублікі Крым дае дасьледніцы падставу абазначыць Украіну як пераходна-ўнітарную (devolved unitary) дзяржаву, аднак яна памыляецца наконт унікальнасьці такой зьявы: прыгадаем Корсыку ў Францыі. Вартае зьдзіўленьня й цьверджаньне, нібы фэдэралізм Украіны карэніцца ў ейнай рэгіянальнай стракатасьці, а таксама трактоўка ўкраінскага грамадзтва як “фэдэралізаванага”.

Ясная рэч, у двух артыкулах, прысьвечаных мове, культуры й ідэнтычнасьцям, крытыкуецца ўрадавая палітыка. Мікола Рабчук піша пра досыць нізкі статус украінскай мовы й культуры і пра падзел насельніцтва па моўных групах. Ён зазначае, што расейскамоўныя ўкраінцы (такія, як прэзыдэнт Кучма), будучы ўкраінцамі ў палітычным, то бок тэрытарыяльным, разуменьні, захоўваюць расейскае сьветаўспрыманьне. Майкл Найдэн дае крытычны агляд культурнай стратэгіі ўраду, на яго думку, шчыльна зьвязанай з палітычным курсам. Ён, як і Мэйс з Рабчуком, уважае, што ўкраінская палі­тычная эліта зацікаўленая ўва Ўкраіне адно ў тэрытарыяльным, а не культурным сэнсе, таму разьвіцьця ўкраінскай культуры яна не падтрымлівае.

5.

Калектыўнае дасьледаваньне пад рэдакцыяй Шарон Волчык і Ўладзімера Зьвігляныча “Ўкраіна: пошукі нацыянальнай ідэнтычнасьці” адкрывае бліскучае эсэ Арэста Субтэльнага на тэму “няпэўнай нацыянальнай ідэнтычнасьці” Ўкраіны. Рэшта кнігі дзеліцца на дзьве часткі: “Новапаўсталая Ўкраіна” (разглядаюцца праблемы нацыятворчасьці, замежнай палітыкі й эканомікі, пытаньне войска, украінска-расейскія дачыненьні, адносіны Ўкраіны з Захадам і Цэнтральнай Эўропай) і “Праблемы айчыннай разбудовы нацыі” (міжэтнічныя стасункі, палітычная культура й грамадзянская супольнасьць, эканоміка, ідэалёгія, фэмінізм і арганізаваная злачыннасьць; мабыць, і этнічная тэматыка тут выглядала б больш дарэчна, чым у першай частцы).

Тры моманты кідаюцца ў вочы, калі чытаеш гэтую кнігу.

Па-першае, яна надта позна трапіла да чытача: гаворка ідзе пераважна пра падзеі да 1997 году і толькі часткова — да пачатку 1998 году. Уласна, гэта агляд эпохі Краўчука (1991—1994) і першай паловы першага прэзыдэнцкага тэрміну Кучмы (1994—1997). Таму ў артыкулах пра замежную палітыку ня ўлічваюцца дамовы Ўкраіны з Расеяй і Румыніяй, падпісаныя ў траўні—чэрвені 1997 году, як і ўхваленьне Хартыі пра асаблівае супрацоўніцтва з НАТО ў ліпені таго ж году, а таксама заснаваньне на абшарах СНД антырасейскай групы ГУАМ (Грузія, Украіна, Азэрбайджан і Малдова) у кастрычніку. Апрача гэтага, трапляюцца хібныя цьверджаньні й няспраўджаныя прагнозы, як асьцярога Ільлі Прызела наконт СНД: “Мажліва, Украіна пачала вымушаную вайсковую інтэграцыю з наднацыянальным утварэньнем”. Гэты самы аўтар даводзіць таксама, нібы Ўкраіна мае супярэчнасьці зь сярэднеэўрапейскімі суседзямі дзякуючы пашырэньню NАТО — і зноў памыляецца, бо Ўкраіна падтрымала гэты працэс.

Па-другое, назоў кнігі не адпавядае ейнаму зьместу. Ня ўсе разьдзелы прысьвячаюцца праблеме нацыянальнай ідэнтычнасьці, месцамі яна хіба толькі згадваецца. Скажам, толькі адзін артыкул Кулініча датычыць Расеі, і то аўтар падае пашыраны (але супярэчлівы) погляд: з аднаго боку, Украіна спрыяе дэмакратызацыі Расеі й СНД, з другога — прастуе ў Эўропу, але ня сьледам за Расеяй.

Можна лёгка давесьці, што “расейскае пытаньне” (а значыць, і адносіны Ўкраіны з Расеяй і СНД) — асноўнае для ўкраінскай нацыянальнай ідэнтычнасьці, таму недастатковае абмеркаваньне ўкраінска-расейскіх ідэнтычнасьцяў ёсьць найбольшай хібай дасьледаваньня.

Трэцяя праблема лягічна вынікае з папярэдняй: дзіўна, але ўсе аўтары кнігі, якая імкнецца даць новую інтэрпрэтацыю нацыянальнай ідэнтычнасьці ўва Ўкраіне, абмежаваліся дакладамі, у якіх марна шукаць тэорыі нацыяналізму й нацыятворчасьці.

Ва ўступе Субтэльны закранае пытаньне, якое патрабуе далейшага вывучэньня: гаворка пра тое, што ўкраінскай эліце бракуе “ідэалягічнага компасу”, і гэта рэч незвычайная, бо “ў ХХ стагодзьдзі ня часта сустрэнеш дзяржаву, якая ўзьнікла й разьвіваецца без выразнага ідэалягічнага курсу”. На думку Субтэльнага, такая супярэчлівасьць у ідэалёгіі адбіваецца на супярэчлівай эканамічнай і агульнай палітыцы, а таксама на невыразнай абарончай канцэпцыі, пра што пішуць і іншыя аўтары.

Пакуль такая нацыянальная ідэнтычнасьць пераважацьме, сувэрэнітэт Украіны (як і мноства посткаляніяльных краінаў) будзе залежаць хутчэй ад прызнаньня сусьветнай супольнасьцю, чымся ад таго, ці вызнаюць яго ўласныя грамадзяне, адчужаныя ад дзяржавы, яе інстытуцыяў і кіраўніцтва.

Месцамі гэтае ў цэлым карыснае дасьледаваньне расчароўвае: яно адно знаёміць з Украінаю і відавочна намагаецца ахапіць зашмат аспэктаў ейнай палітыкі замест таго, каб засяродзіцца на нацыянальнай ідэнтычнасьці. Апроч таго, чытачы (асабліва выкладчыкі й студэнты, якія будуць выкарыстоў­ваць кнігу як дапаможнік) адчуюць брак бібліяграфіі дасьледніцкай літаратуры.

6.

Кніга Марты Дычок “Украіна. Рух бязь зьменаў. Зьмены бяз руху” складаецца з васьмёх разьдзелаў, якія ахопліваюць гістарычную спадчыну, палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя й культурныя пытаньні, замежную палітыку і ўкраінска-расейскія дачыненьні. Абвясьціўшы напачатку, што “Ўкраіна сапраўды шмат чаго дасягнула за кароткі час”, аўтарка падае хаду падзеяў у надзвычай аптымістычным сьвятле. Гэта асабліва дзівіць у дачыненьні да дзьвюх сфэраў — дэмакратызацыі й эканомікі. Дасьледаваньне рэпрэзэнтуе Ўкраіну як дзяржаву, у якой дэмакратычныя працэсы набіраюць моцы, адбываюцца вольныя выбары й ёсьць магчымасьць вольна выказвацца й крытыкаваць уладу. Хаця пэўны прагрэс у гэтай сфэры сапраўды ёсьць, але хіба можна ігнараваць заняпад незалежнай прэсы, карпаратыўную сутнасьць дзяржавы, прыдушэньне грамадзянскай супольнасьці? Можна згадаць таксама недэмакратычнасьць выбараў і рэфэрэндуму 1999—2000 гадоў — дарма што яны прайшлі, калі дасьледаваньне ўжо было напісанае.

Дычок уважае, што выжываньне Ўкраіны як дзяржавы залежыць ад эканомікі, якая ня можа нармальна працаваць з-за кепскага мэнэджмэнту. Але “зрухі ў эканоміцы надзіва пазытыўныя, — піша аўтарка, — калі ўзяць пад увагу пачатковы стан і грандыёзнасьць задач”. Тым часам цягам 90-х украінская эканоміка перажывае спад, і сур’ёзнае рэфармаваньне за восем гадоў незалежнасьці адбывалася адно цягам менш як двух гадоў (канец 1994 — сярэдзіна 1996). Да канца 1994 году ніякіх зрухаў не было, таму цяжка пагадзіцца з высновай, нібы ўкраінская дзяржава стартавала, маючы плян радыкальнай эканамічнай рэформы. Да 1994 году Захад амаль не дапамагаў Украіне ня толькі з-за ейнага нежаданьня пазбыцца ядравай зброі, але й з прычыны адсутнасьці хаця б якой рэфарматарскай праграмы. Таму шмат якім чытачам будзе цяжка разьдзяліць эканамічны аптымізм аўтаркі.

Наймацнейшы бок кнігі — апісаньне адносінаў Украіны зь сьветам. Старанна й крытычна аналізуючы прычыны, дзеля якіх ані Захад, ані Расея ня згодныя былі прызнаваць незалежнай Украіны, аўтарка зазначае і заходнюю русафільскую гістарыяграфію, і нежаданьне расейцаў бачыць ува ўкраін­цах нешта іншае, чымся рэгіянальны атожылак сваёй этнічнай групы. Разам з тым яна ігнаруе розную замежнапалітычную арыентацыю цэнтральнага кіраўніцтва й рэгіёнаў (напрыклад, калі піша пра нежаданьне Ўкраіны выбі­раць паміж NАТО й Расеяй) і даводзіць, што толькі камуністы выступаюць за аб’яднаньне з Расеяй. Хоць украінскія эліты і ўважаюць Расею галоўнай пагрозай сваёй бясьпецы, яны з часоў Краўчука перамяніліся толькі ў тым, што цяпер ставяцца да СНД як да сродку “цывілізаванага разводу”.

Кніга Дычок карысная ўласна як уступ да гісторыі незалежнай Украіны, хаця аўтарцы не зашкодзіла б надаць большай увагі культуры, мове й ідэнтычнасьці — тром падвалінам постсавецкай перабудовы ўва Ўкраіне.

7.

Дасьледаваньне Д’Аньеры “Эканамічная ўзаемазалежнасьць ва ўкраінска-расейскіх адносінах”, важны ўнёсак у літаратуру па пытаньнях палітыкі бясьпекі Ўкраіны, разглядае гісторыю ўкраінска-расейскіх стасункаў і іхны сучасны стан з гледзішча ўплыву, які аказваюць на іх (і наагул на паводзіны Расеі ў СНД) праблемы, зьвязаныя з эканомікай, энэргетыкай і ядравай зброяй. Аўтар вывучае ўкраінска-расейскую “эканамічную ўзаемазалежнасьць”, карыстаючыся мэтадамі параўнальнай паліталёгіі й тэорыі міжнародных дачыненьняў, заўважаючы, што “ані факт энэргетычнай залежнасьці Ўкраіны, ані выкліканыя гэтым цяжкасьці не ўнікальныя ў міжнароднай палітыцы”.

На думку Д’Аньеры, вызначальную ролю ў палітыцы Ўкраіны адыгрываюць дзьве тэндэнцыі: імкненьне да незалежнасьці ад Расеі і ўсьведамленьне несумяшчальнасьці гэтай стратэгічнай мэты зь цеснай эканамічнай узаемазалежнасьцю, якая — а не расейскае войска! — акурат і ёсьць найбольшаю пагрозаю ўкраінскаму сувэрэнітэту (не выпадкова Ўкраіна згодная была адмовіцца ад ядравай зброі, але не ад газаправодаў). Гэтыя дзьве сілы (бясьпека vs росквіт) цягнуць Украіну адначасова і ад, і да Расеі. Пакуль Украіна аддае перавагу супрацоўніцтву, а не інтэграцыі з Расеяй ці СНД і намагаецца, хоць і не заўсёды ўдала, пераарыентаваць гандаль і знайсьці больш на­дзейных партнэраў. Украінскі парадокс палягае ў тым, што нежаданьне пры­знаць гегемонію Расеі спалучаецца тут зь няздатнасьцю эфэктыўна супрацьстаяць расейскай эканамічнай сіле, якая вельмі абмяжоўвае для Ўкраіны мажлівасьць выбару замежнаэканамічнага курсу й змушае яе служыць “бар’­ерам, мостам альбо буфэрнай зонай”.

У адрозьненьне ад мноства заходніх навукоўцаў Д’Аньеры (як і рэцэнзэнт) прытрымліваецца альтэрнатыўнага погляду на ўкраінскую абарончую палітыку і ўважае, што з гледзішча СНД палітыка Кучмы, у прэзыдэнцтва якога Ўкраіна “пацьвердзіла сваю нясхільнасьць да кампрамісаў у пытаньні сувэрэнітэту”, бліжэйшая нацыяналістам, чымся русафілам. Д’Аньеры прыходзіць да цалкам слушнай высновы: “Ва ўкраінскай палітыцы што да СНД асновасяжнаая пераемнасьць прасочваецца з 1991 году аж да 1998-га, ад Краўчука да Кучмы”. Найбольшаю праблемаю Ўкраіны ў дачыненьнях з СНД застаецца ейнае нежаданьне ні на каліва паступіцца сувэрэнітэтам нават у абмен на выгоды эканамічнай інтэграцыі, а ўсе аспэкты расейска-ўкраінскіх стасункаў варта разглядаць у кантэксьце нявызначанай ідэнтычнасьці, бо сувэрэнная дзяржава — гэта сродак адстаяць незалежнасьць і адметнасьць.

Такім чынам, у замежнай палітыцы Кучма, намагаючыся знайсьці прагматычны цэнтрысцкі шлях паміж ізаляцыянісцкім нацыяналізмам свайго папярэдніка Леаніда Краўчука й аб’яднаўчай русафіліяй левых апанэнтаў, “забясьпечыў падтрымку інтарэсаў нацыяналістаў, вызначыўшы саму прыроду сувязяў з Расеяй, ды дагадзіў ненацыяналістам, не паклаўшы блізу аніякіх абмежаваньняў на колькасьць гэтых сувязяў”. Пазыцыя “ўзброенага нэўтралітэту” перашкаджае Ўкраіне ўступіць у структуры СНД (на думку нацыяналістаў) і не дазваляе далучыцца да NАТО (на думку русафілаў). Сёньня (у адрозьненьне ад часоў Краўчука) мала хто з украінцаў сур’ёзна выступае супраць эканамічных стасункаў з Расеяй, калі яны не пагражаюць сувэрэнітэту. Аўтар слушна заўважае, што Ўкраіне нявыгадна разьвіваць двухбаковыя стасункі толькі з Расеяй. Ён мае рацыю, калі піша, што расейская дэстабілізацыя Грузіі, Азэрбайджану й Малдовы была “шкоднай для Ўкраіны”, таму Кіеў не прызнае легітымнай вайсковую прысутнасьць Расеі на абшарах СНД. Украіна відавочна тармозіць інтэграцыю ў межах СНД, і ейную пазыцыю ўхваляюць урады многіх заходніх краінаў.

Гэтае бліскучае дасьледаваньне мае і пэўныя хібы (апроч шматлікіх паўтораў). Напрыклад, мала сказана пра імкненьне Ўкраіны разьвіваць геапалі­тычны плюралізм на абшарах СНД пры дапамозе групы ГУАМ. Д’Аньеры ўважае, што Сярэдняя Эўропа ўнікае супрацоўніцтва з Украінай у сфэры бясьпекі, і памылкова цьвердзіць, нібыта ў межах СНД Украіна мае справу адно з Расеяй, тады як яна ўсталявала цесныя стасункі ў рамках шматлікіх рэгіянальных структураў Сярэдняй Эўропы, Чарнаморскага рэгіёну, СНД і Балтыі.

Яшчэ адна праблема: Д’Аньеры паслугоўваецца бязладнаю мэтадалёгіяй. Прыхільнікі празаходняй замежнай палітыкі, арыентаваныя на інтэграцыю з ЭЗ і НАТО, тут азначаюцца як “нацыяналісты”. А апазыцыя проста названа “русафільскаю”. Але ж крайнія правыя ўва Ўкраіне, як і ўва ўсіх эўрапейскіх краінах, выступаюць супраць такой інтэграцыі. Таму незразумела, хто ж тыя “нацыяналісты”, якіх згадвае Д’Аньеры? Апроч таго, незразумела, чаму “русафілы” таксама не названыя “нацыяналістамі” (панславісты) ці “савецкімі нацыяналістамі” (камуністы), бо ж, як прызнае і сам аўтар, многія іхныя лёзунгі, напрыклад, патрабаваньне пратэкцыянізму, пазычаныя з нацыяналістычнай рыторыкі Трэцяга сьвету. Д’Аньеры спасылаецца на парлямэнцкае галасаваньне ў лістападзе 1995 году, калі бальшынёй у 263 галасы супраць 5 было забаронена прыватызаваць нафтагазавую інфраструктуру. Палітыкаў розных лягераў, ад “празаходніх нацыяналістаў” да “ўсходніх камуністаў”, спалоханых “іншаземным эканамічным пранікненьнем ува Ўкраіну і магчымасьцю нэакаляніялізму”, аб’яднала жаданьне абараніць сувэрэнітэт. “Кааліцыя сілаў, якія ўважаюць сувэрэнітэт галоўнаю мэтаю, моцная, у прыватнасьці, таму, што мае шмат супольнага зь іншымі асноўнымі схізмамі ўва Ўкраіне”. У перавыданьні варта было б гэтую супярэчлівую мэтадалёгію перагледзець.

Істотная хіба дасьледаваньня — адсутнасьць бібліяграфіі, якая прыдалася б навукоўцам і студэнтам. Ёсьць і некалькі фактычных памылак: сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі й абароны Ўкраіны не заклікаў да “аднаўленьня Саюзу” ў межах СНД (с. 4); лідэры УНР у 1917—1918 гадох былі сацыялістамі, а не нацыянал-дэмакратамі (с. 24); украінскія нацыяналісты й Рух не заклікалі да абвяшчэньня незалежнасьці без зрынаньня старога рэжыму (с. 27) — уласна з-за спрэчкі наконт гэтага Рух на пачатку 1992 году раскалоўся, а ягоны лідэр, Вячаслаў Чарнавіл, пасьлядоўна крытыкаваў нацыянал-камуністычную партыю ўлады. Расейскую мову ніколі не абвяшчалі другой дзяржаўнай (с. 33). І не адмова Ўкраіны ўзаконіць падвойнае грамадзянства была галоўнай перашкодай для расейска-ўкраінскай дамовы (с. 33). Асноўнымі каталізатарамі для ейнага падпісаньня ў траўні 1997 году сталі празаходняя замежнапалітычная арыентацыя Ўкраіны пры Кучму й пашырэньне NАТО. Тэза пра немажлівасьць адраджэньня СССР, прыпісаная Кучму (с. 121), належыць лідэру сацыялістаў Аляксандру Марозу. Урэшце, незразумела, як колькасьць расейскага насельніцтва ў Беларусі (13,2 %) можа быць большай, чымся ўва Ўкраіне (22,1 %), альбо як расейцы могуць быць “русіфікаваныя” (с. 221).

8.

Зь дзіўнага назову новае кнігі Дэвіда Марплза “Беларусь. Дэнацыяналізаваная нацыя” можна зрабіць выснову, нібы Беларусь скончыла працэс нацыятварэньня адно для таго, каб яе здэнацыяналізавала вонкавая сіла. Насамрэч беларускай нацыі перашкаджалі разьвівацца заўжды — і ў часы царызму, і за савецкай уладай, чыя нацыянальная палітыка стварыла савецка-беларускі народ, прывязаны да пэўнай геаграфічнай тэрыторыі. Найбольш яскравы прыклад — прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка, які ўвасабляе савецкага беларуса й панславісцкага патрыёта.

У дзевяцёх разьдзелах кнігі гаворыцца пра гісторыю й эканоміку, пра гарбачоўскую эпоху і ўзмацненьне рэжыму Лукашэнкі, а таксама пра дачыненьні з Расеяй. Ведама, Расея тут на першым месцы, але шкада, што аўтар збольшага ігнаруе адносіны Беларусі зь іншымі краінамі, як і вайсковую палітыку (абедзьве тэмы зацікавілі б чытача). Нарэшце, Беларусь была адной з чатырох постсавецкіх краінаў, якія ўспадкавалі ядравую зброю, значны ВПК і немалую вайсковую сілу.

Аўтару не ўдалося раскрыць чытачу, чаму з 15 постсавецкіх краінаў адно Беларусь мае аўтарытарнага, антынацыянальнага прэзыдэнта-русафіла. Хаця ў адпаведных разьдзелах і падаецца ўсёабдымны агляд асобных тэмаў, падагульніць гэтую інфармацыю, сынтэзаваўшы ясную карціну, немажліва. Не патлумачана, чаму ў Беларусі (у адрозьненьне ад Украіны) не адбылося рэфэрэндуму пра незалежнасьць, чым і скарыстаўся Лукашэнка. Ці ня ёсьць асноўнымі чыньнікамі ўзрастаньня Лукашэнкавай папулярнасьці ня толькі адсутнасьць ціску зьнізу, але й слабая нацыянальная сьвядомасьць і ўкарэнены савецка-беларускі патрыятызм? Калі так, дык ці не слабая нацыянальная сьвядомасьць ёсьць асноўным чыньнікам, скіраваным супраць дэмакратыі й эканамічных рэформаў у такіх постсавецкіх краінах, як Беларусь? Насуперак цьверджаньню Марплза пра ненадзейнасьць беларускай стабільнасьці, Беларусь цяпер застаецца адной з найбольш стабільных і арыентаваных у мінулае былых савецкіх рэспублік.

Такім чынам, студэнты, гуманітары, палітыкі й журналісты, якія вывучаюць сучасную Ўкраіну й постсавецкую гісторыю, зь нядаўнага часу маюць цэлы шэраг новых кніг, чытаньне якіх падштурхоўвае да далейшага дасьледаваньня й навуковага абмеркаваньня. Бальшыня з дасьледаваньняў, пра якія гаварылася ў гэтым аглядзе, тым ці іншым чынам зьвяртаюцца да “нацыянальнага пытаньня”, якое заходнія спэцыялісты ў посткамуністычнай праблематыцы дагэтуль, на жаль, збольшага ігнаравалі. Мабыць, настаў ужо час “трыадзіную формулу зьменаў” (дэмакратызацыя — пераход да рынку — дзяржаватварэньне) ператварыць у “чатырохадзіную”, дадаўшы пабудову нацыі.

Пераклаў з украінскае Зьміцер Дзядзенка

паводле: Критика, 3/2001.


Новые статьи на library.by:
ПОЛИТИКА:
Комментируем публикацию: Чацьверты элемэнт пераходнага пэрыяду


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

ПОЛИТИКА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.