Дзяржаватворчыя дзяржавашуканьні

Политология, современная политика. Статьи, заметки, фельетоны, исследования. Книги по политологии.

NEW ПОЛИТИКА


ПОЛИТИКА: новые материалы (2025)

Меню для авторов

ПОЛИТИКА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Дзяржаватворчыя дзяржавашуканьні. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Видеогид по Беларуси HIT.BY! ЛОМы Беларуси! Съемка с дрона в РБ


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-29

АВТОР: Зянон Когут

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №5 2001 ГОД


Зянон Когут — гісторык, дырэктар Канадзкага інстытуту ўкраінскіх дасьледаваньняў. Апошняя праца — “Російський централізм і украпнська автономія: ліквідація Гетьманщини 1760—1830” (1996). Гэты артыкул канадзкага ўкраінца Когута раскрывае праблемы і эвалюцыю сучаснае ўкраінскае гістарыяграфіі.

Кніжкі, якія абмяркоўваюцца ў гэтым аглядзе:

Валерій Смолій і Валерій Степанков. Правобережна Украона в другій половині XVII—XVIII ст.: проблема державотворення. Кипв, Інститут археографіп, 1993.

Валерій Смолій і Валерій Степанков. Украпнська державна ідея: проблеми формування, еволюціп, реалізаціп. Кипв, Альтернативи, 1997.

Олександр Гуржій. Украпнська козацька держава в другій половині XVII—XVIII ст.: кордони, населення, право. К., Основи, 1996.

Олександр Гуржій. Гетьман Іван Скоропадський. К., Інститут історіп, 1998.

Леонід Мельник. Гетьманщина першоп чверті XVIIІ століття. К., ІЗМН, 1997.

Леонід Мельник. Політична історія Гетьманщини XVIIІ ст. у документах і матеріалах. К., ІЗМН, 1997.

Мирослав Трофимук (ред). Конституція украпнськоп гетьманськоп держави. К., Віпол, 1997.

Кирило Вислобоков (ред). Права, за якими судиться малоросійський народ: 1743. К., Інститут держави і права ім. Корецького, 1997.

Тетяна Яковлева. Гетьманщина в другій половині 50-х років XVII століття: причини і початок Рупни. К., Основи, 1998.

Віктор Горобець. Присмерк Гетьманщини: Украпна в роки реформ Петра І. К., Інститут історіп, 1998.

1.

Узьнікнуўшы як палітычнае ўтварэньне з казацкага бунту супраць польска-літоўскае Рэчы Паспалітай і праіснаваўшы колькі дзесяцігодзьдзяў як паўнезалежная дзяржава, Гетманшчына стала ўва ўсечанай форме аўтаномнай часткай Маскоўшчыны/Расеі ды існавала ў такім выглядзе аж да поўнага скасаваньня яе аўтаноміі пры канцы XVIII стагодзьдзя. Які погляд мелі на гэтае ўтварэньне гісторыкі, у значнай меры залежала ад таго, наколькі Гетманшчына ўкладалася ў сыстэму іхных наратыўных канцэпцыяў. Традыцыйная польская гістарыяграфія трактавала паўстаньне 1648 году як трагічнае непаразуменьне, а ўзьнік­неньне Гетманшчыны — як першую страту самых далёкіх усходніх земляў гістарычнае Польшчы. Імпэрская расейская гістарыяграфія ў канчатковым выніку стала тлумачыць паглыненьне Гетманшчыны Расеяй як эпізод у доўгім працэсе “зьбіраньня” “расейскіх” земляў, сапсаваных уплывам Польшчы. Украін­скія наратыўныя канцэпцыі, як шляхецкія, так і народніцкія, узьвялічвалі казацкае паўстаньне як вызваленьне ад чужаземнага рэлігійнага й сацыяльнага паняволеньня і разглядалі стварэньне Гетманшчыны як вырашальны момант у фармаваньні ўкраінскага народу (украінскае нацыі).

Першыя гістарычныя працы аб Гетманшчыне былі напісаныя казацкімі канцылярыстамі ды старшынамі, якія ёй кіравалі. Галоўнымі сфэрамі іх інтарэсаў была казацкая Ўкраіна пад Польшчай, вялікі вызваліцель гетман Багдан Хмяльніцкі ды ўкраінскія й казацкія правы й свабоды, якія яны імкнулі­ся абараніць ад замахаў як польскіх каралёў, так і расейскіх цароў. Яны хацелі паказаць, што існавалі два рускія палітычныя ўтварэньні, Расея ды Гетманшчына, альбо Маларосія (так называлі яе ў сярэдзіне XVIII стагодзьдзя), і што Маларосія ўступіла ў добраахвотныя саюзьніцкія ўзаеміны спачатку з польскім каралём, а потым і з расейскім царом. У гэтым украінская гістарыяграфія XVIII ды пачатку XIX стагодзьдзяў стаяла, як сказалі б пазьней, на дзяржаўніцкіх пазыцыях. Пасьля таго як Гетманшчына была скасаваная, стала надзвычай цяжка пісаць ейную гісторыю, не прыпісваючы пры гэтым пазытыўнае ролі расейскай манархіі ды расейскай дзяржаве. Па сутнасьці, шляхецкія гісторыкі канца XVIII — пачатку XIX стагодзьдзяў намагаліся зрабіць гэта, адводзячы Гетманшчыне ганаровае й значнае месца ў расейскай гісторыі.

Гэты падыход да гісторыі Гетманшчыны фундамэнтальна зьмяніўся з узьнікненьнем украінскага народніцтва ХІХ ст. Народнікі меркавалі, што ўкраінскія масы вялі шматвекавую барацьбу за сацыяльную справядлівасьць і нацыянальнае вызваленьне. Засяроджваючы сваю ўвагу на “народзе” (па­значаючы гэтым словам ніжнюю праслойку насельніцтва), яны мала цікавіліся дзяржаўнымі структурамі і нават варожа ставіліся да іх, у тым ліку й да ўкраінскае дзяржаўнасьці; яны гэтаксама былі непрыхільна настроеныя да ўсіх элітаў наагул, улучаючы й украінскую. Такім чынам, доўгая барацьба Гетманшчыны за захаваньне сваёй аўтаноміі ў кільватэры расейскай цэнтралізацыі разглядалася перадусім як барацьба за сацыяльныя прывілеі. Ня­гледзячы на такую абмежаванасьць сваіх поглядаў, народнікі сабралі й апублікавалі нямала архіўных матэрыялаў часоў Гетманшчыны дый падрыхтавалі фундамэнтальныя дасьледаваньні пра казакаў, запрыгоньваньне сялянства й іншыя праблемы сацыяльнага характару. Напрыклад, Аляксандар Лазарэўскі напісаў больш за 400 працаў, закрануўшы фактычна ўсе аспэкты жыцьця Гетманшчыны. Адначасова народнікі не маглі цалкам ізалявацца ад палітыкі альбо нават абмінуць тэму ўкраінскае дзяржаўнасьці, беспасярэдне зьвязаную з інстытуцыямі ды палітычнай гісторыяй Гетманшчыны, уключаючы разьвіцьцё і ход расейска-ўкраінскіх адносінаў. Манумэнтальная “Історія Украпни-Руси” Міхайлы Грушэўскага пазначыла, мабыць, найвышэйшы пік народніцкае гістарыяграфіі і перакінула мост да новай дзяржаўніцкай арыентацыі, бо Грушэўскі ня толькі выбудаваў бесьперапынную гісторыю ўкраінскага народу, але й стварыў грунтоўнае апісаньне ўкраінскага інстытуцыйнага разьвіцьця. На жаль, ягоная “Історія” ахапіла толькі вельмі раньнія этапы існаваньня Гетманшчыны.

Карэктывы ў народніцтва ўнесла на пачатку ХХ ст. дзяржаўніцкая школа, якая зрабіла галоўны націск на тэрытарыяльнасьці ды інстытуцыйных структурах, намагаючыся вывучаць прыклады ўкраінскага дзяржаўнага быцьця. Украінская нацыянальная гістарыяграфія, якая, у клясычнай мадэлі Грушэўскага, прасачыла разьвіцьцё ўкраінскае нацыі, цяпер упрыгожыла сябе дзяржаўніцкімі элемэнтамі (дзяржаўнікі не маглі падаць бесьперапынную гісторыю ўкраінскае дзяржавы, але яны маглі выбудаваць бесьперапынную гісторыю ўкраінскіх земляў). Акурат гэтая новая вэрсія ўкраінскае нацыянальнае гістарыяграфіі дамінавала ў савецкай Украіне 1920-х гадоў і ў Заходняй Украіне, што аж да другой сусьветнай вайны была пад уладай Польшчы, ды на эміграцыі. Ейны галоўны асяродак быў у савецкай Украіне, дзе Гістарычная сэкцыя Ўсеўкраінскае акадэміі навук, ачоленая Грушэўскім, апублікавала беспрэцэдэнтную колькасьць працаў і дакумэнтаў, датычных Гетманшчыны. Гэтыя дасьледаваньні былі дапоўненыя дзейнасьцю Камісіі для вывучэньня гісторыі заходнярускага ды ўкраінскага права, дзейнасьцю такіх навуковых арганізацыяў, як “Історико-літературне товариство”, “Історичне товариство імени Нестора літописця”, працай некалькіх унівэрсытэцкіх катэдраў (у Харкаве, Адэсе, Днепрапятроўску). У прыватнасьці, Камісія для вывучэньня заходнярускага права зрабіла для дасьледаваньня інстытуцыйнае гісторыі Гетманшчыны больш, чым усе папярэднія студыі народнікаў. У Заходняй Украіне Іван Крып’якевіч у супрацоўніцтве са сваімі калегамі пашырыў дзяржаўніцкую інтэрпрэтацыю, у прыватнасьці, у сваіх “Студіях над державою Богдана Хмельницького”. Дзьве хвалі гісторыкаў-эмігрантаў — Ілько Баршчак, Зьмітро Дарашэнка, Барыс Крупніцкі дый Барыс Кентршынскі пасьля 1917—21 гадоў і Леў Акіншэвіч, Наталя Палонская-Васіленка й Аляксандар Аглоблін пасьля другой сусьветнай вайны — далей шліфавалі й пашыралі дзяржаўніцкую парадыгму. Некаторыя з гэтых гісторыкаў мелі магчымасьць чэрпаць матэрыял з чужаземных архіваў ды крыніцаў, што дапамагло ім напісаць новыя палітычныя біяграфіі. І нарэшце, у вывучэньне зьяўленьня, эвалюцыі ды скасаваньня Гетманшчыны зрабілі свой заўважны ўнёсак паўночнаамэрыканскія гісторыкі — Арэст Субтэльны, Франк Сысын, а таксама аўтар гэтых радкоў.

З надыходам 1930-х гадоў у савецкай Украіне больш не дазвалялася зьвяртацца да ўкраінскіх народніцкіх і дзяржаўніцкіх парадыгмаў або іх сынтэзу. Замест таго пачала накідацца новая прымусовая савецкая гістарычная схема, якая спалучала марксізм з украінскай народніцкай і імпэрскай расейскай парадыгмамі. Так, “народ” замянілі “працоўнымі масамі”, якіх эксплюатавала ўкраінская эліта і якія паўставалі на барацьбу. Адначасова гэтая схема падавала ў пазытыўным сьвятле радаснае “ўзьяднаньне” расейскага і ўкраінскага народаў у адной расейскай дзяржаве, якая апісвалася як значна “больш прагрэсіўная” ў параўнаньні з нацыянальнымі інстытуцыямі нерасейскіх суседзяў Украіны. Гэтая схема абмяжоўвала савецкіх дасьледнікаў Гетманшчыны вывучэньнем найперш сялянскіх/казацкіх паўстаньняў ды разьвіцьця сацыяльнай структуры. Цягам усяго савецкага пэрыяду не было напісана біяграфіі аніводнага гетмана, апроч біяграфіі Багдана Хмяльніцкага. Аднак нават у гэтым вузкім пракруставым ложы такія гісторыкі, як Вадзім Дзядычэнка ды Алена Апановіч, стварылі каштоўныя працы пра Гетманшчыну.

2.

Зьяўленьне незалежнай украінскай дзяржавы зрабіла адраджэньне раней забароненай нацыянальнай гістарыяграфіі важным элемэнтам украінскага дзяржава- ды нацыятварэньня. Можна назваць нямала гісторыкаў, якія раней рабілі кар’еру на ганьбаваньні “буржуазнага нацыяналізму”, а цяпер сталі пісаць свае працы з ультрапатрыятычных нацыянальных пазыцыяў. Мабыць, самым пякучым пытаньнем, якое абмяркоўваюць ня толькі гісторыкі, але і антраполягі, лінгвісты і археолягі, стала праблема фармаваньня ўкраінскае нацыі. Зацятыя дыскусіі з выкарыстаньнем заходніх парадыгмаў точацца паміж “традыцыяналістамі”, якія робяць націск на такіх “адвечных” характарыстыках, як этнічнасьць і мова, і “мадэрністамі”, якія аддаюць перавагу інтэрпрэтацыі, у якой дамінуе панятак “сканструяванай” нацыі [1].

Праблема вытокаў найноўшае ўкраінскае дзяржаўнасьці не зьяўляецца такой контравэрсыйнай. Постсавецкія гісторыкі зноў адкрылі, адрадзілі і рэканструявалі размаітыя аспэкты гісторыі Гетманшчыны. “Украпнська державна ідея” Валер’я Смолія і Валер’я Сьцепанкова — гэта спроба новае інтэрпрэтацыі, абапертая перадусім на нанова адкрытыя і адроджаныя навуковыя веды. Той факт, што Валеры Смолій займае пасаду дырэктара Інстытуту гісторыі НАН Украіны, а таксама быў віцэ-прэм’ерам па пытаньнях гуманітарнае палітыкі ва ўрадзе (у 1997—98 гадах), надзяліла гэтую працу аўраю афіцыйнае праграмнае ўстаноўкі. Хаця Сьцепанкоў і Смолій надта беззасьцярожна ўпэўненыя ў існаваньні і бесьперапынасьці ўкраінскае дзяржаўнае ідэі, іхная кніжка даволі ўзважана акрэсьлівае праблематыку вытокаў найноўшай украінскай дзяржаўнасьці. Аўтары сьцьвярджаюць, што гетман Багдан Хмяльніцкі грунтоўна разьвіў дзьве ўкраінскія дзяржаўныя праграмы: максымалісцкую, што мела на ўвазе аб’яднаньне бальшыні ўкраінскіх этнічных тэрыторыяў і, па сутнасьці, стварэньне ўкраінскае нацыянальнае дзяржавы, ды памяркоўную, якая ставіла на мэце ўтварэньне Казацкае Ўкраіны на абодвух берагох Дняпра. Хмяльніцкі дамагаўся зьдзяйсьненьня шырэйшае мэты, але быў гатовы пагадзіцца і на заснаваньне чыста казацкае дзяржавы (прыклад — Збораўская дамова). Хоць Сьцепанкоў са Смоліем і прыводзяць колькі прыкладаў “украінскае нацыянальна-дзяржаўнае” ідэі, відавочна, што праграма, якую ажыцьцяўлялі наступныя гетманы, была перадусім праграмай пабудовы казацкае дзяржавы.

У большай частцы кнігі апавядаецца, якім чынам дзяржаўная ідэя або рэалізоўвалася, альбо цярпела крах у выніку рэальнасьцяў геапалітыкі, грамадзкай барацьбы ды ўнутрыпалітычных праблемаў. Самае складанае для аўтараў — стварыць зьвязны аповед, што ахопліваў бы ўвесь пэрыяд ад часоў Хмяльніцкага да скасаваньня ўкраінскае аўтаноміі пры канцы XVIII стагодзьдзя. Зрэшты, тады ў розных храналягічных і геаграфічных межах рэальна існавала шмат украінскіх дзяржаўных утварэньняў. Адны зь іх былі пад расейскай, іншыя пад польскай, асманскай, швэдзкай, татарскай пратэкцыямі, і нярэдка яшчэ й ваявалі міжсобку. Збольшага кіраўнікі гэтых дзяржаваў мелі бачаньне адзінай Гетманшчыны, якая ўключала б у сябе тэрыторыі, разьмешчаныя абапал Дняпра; акурат такую адзіную Гетманшчыну яны і намагаліся стварыць празь ліквідацыю іншых украінскіх дзяржаўных утварэньняў. Але ці мела дзяржаўныя памкненьні запароскае казацтва? Цягам большае часткі таго пэрыяду запарожцы ўтваралі ўласную дзяржаву. Казакі Слабодзкай Украіны таксама мелі ўласнае ўтварэньне — пад пратэктаратам Масковіі.

Яшчэ больш праблематычным выглядае аднясеньне аўтарамі да дзяржаватварэньня ды дзяржаўніцкае сьвядомасьці цьверджаньняў ды падзеяў, якія могуць проста ўказваць на прыхільнасьць да традыцыі або да намаганьняў, скіраваных на паляпшэньне сацыяльнага становішча. Напрыклад, гайдамакі-паўстанцы, відавочна, прагнулі вярнуцца да казацкага стылю жыцьця. Дык ці азначае гэта, што яны мелі нейкае ўяўленьне пра казацкую дзяржаўнасьць альбо падтрымлівалі гэтую ідэю? Аўтары сягаюць да спробаў канкрэтна вы­тлумачыць кірунак думак паспалітага народу ці то датычна ідэяў дзяржаўнасьці, ці то датычна нейкага канкрэтнага гетмана альбо канкрэтнай палітыкі. Але рэканструяваць гэтае стаўленьне або кірунак думак бывае надзвычай цяжка нават у людзей, якія ўваходзілі ў эліты і прынамсі пакінулі па сабе нейкія пісьмовыя сьведчаньні, гэтаксама яго, на маю думку, ніяк немагчыма вытлумачыць на падставе некалькіх выпадковых рэплікаў ці некалькіх радкоў з народнай песьні.

Праграмная праца Смолія і Сьцепанкова дапаўняецца немалой колькасьцю канкрэтных дасьледаваньняў эпохі Гетманшчыны. У сваёй працы “Украпнська козацька держава” Аляксандар Гуржый разглядае тры аспэкты дзяржаўнасьці: афіцыйныя межы, насельніцтва ды сыстэму заканадаўства. Перш за ўсё тут кідаецца ў вочы тое, што тады існавала не адна Ўкраінская дзяржава, а некалькі такіх дзяржаваў зь нясталымі межамі, сваім насельніцтвам і нават заканадаўчымі сыстэмамі. Бальшыня тых дзяржаваў вяла сваё пахо­джаньне з аднаго палітычнага ўтварэньня, заснаванага Багданам Хмяль­ніцкім. Аднак Гуржый уключыў у сваё дасьледаваньне гэтаксама Слабаджаншчыну — расейскую тэрыторыю, першапачаткова заселеную ўкраінскімі казакамі. І хаця тыя казакі прынесьлі з сабой свае звычаі і грамадзкую арганізацыю, Слабодзкая Ўкраіна мела свой легальны статус і традыцыі, адрозныя ад традыцыяў і легальнага статусу Гетманшчыны. Такім чынам, пад азначэньне “Ўкраінская Казацкая дзяржава”, якога Гуржый наўпрост не фармулюе, падпадае ўся казацкая Ўкраіна. Гэта робіцца відавочным з тых разьдзелаў яго кніжкі, якія прысьвечаныя праблемам насельніцтва й дэма­графіі і ў якіх ён прасочвае працэсы дэпапуляцыі, калянізацыі, рэпапуляцыі, якія адбываліся ня толькі ў Гетманшчыне (абапал Дняпра), але і ў Слаба­джаншчыне ды Паўднёвай Украіне. Там ёсьць кароткі цікавы разьдзел аб этнічным складзе насельніцтва, якое было пераважна ўкраінскім. Гэтым сваім разьдзелам Гуржый адказвае на бальшыню закідаў савецкае гістарыяграфіі, якая падкрэсьлівала зьмяшанасьць насельніцтва гэтых “памежных” земляў, а магчыма, і на аргумэнты некаторых мадэрністаў, якія не знаходзяць нідзе ўкраінцаў аж да канца ХІХ стагодзьдзя (такім чынам зьмешваючы паняткі этнічнасьці і найноўшае нацыянальнае сьвядомасьці).

Найлепшы аналіз генэзы, раньняга разьвіцьця ды заняпаду дзяржаўніцкай ідэі знаходзім у працы санкт-пецярбурскага гісторыка Тацяны Якаўлевай. Яе кніжка, напісаная паводле кандыдацкае дысэртацыі, грунтуецца на салідным фундамэнце архіўных матэрыялаў Украіны, Расеі і Польшчы. Гэтая праца прапануе нам ня толькі новыя адкрыцьці ды адраджэньне даўно вядомых ідэяў, а і пэўную рэканструкцыю мінуўшчыны. Якаўлева прасочвае лёс дзяржаўніцкай ідэі, параўноўваючы міжсобку афіцыйныя пагадненьні, заключаныя казацтвам: Збораўскае (з Польшчай, 1649), сакавіцкія пункты Першага Пераяслаўскага пагадненьня (з Расеяй, 1654), Гадзяцкае (з Польшчай, 1658) ды Другое Пераяслаўскае пагадненьне (з Расеяй, 1659). Праца зьмяшчае шмат табліцаў, у якіх параўноўваюцца гэтыя пагадненьні. Старанна рэканструюючы пасьлядоўныя чарнавыя варыянты Гадзяцкага пагадненьня, якія зазналі зьменаў у працэсе перамоваў ды ратыфікацыі, Якаўлева намагаецца знайсьці сэнс у тых шматлікіх варыянтах копіяў дамовы, якія дагэтуль бянтэжылі гісторыкаў.

Магчыма, самы пераканаўчы доказ фактычнай незалежнасьці Гетман­шчыны даюць тыя пункты ў пагадненьнях, што прадугледжваюць вольнае абраньне гетмана ды ягонае выключнае права ўхвальваць пастановы ў галі­не ўзаемінаў зь іншымі дзяржавамі. Насуперак поглядам гісторыкаў дзяржаўніцкай школы, дасьледчыца паказвае, як Гадзяцкае пагадненьне з Польшчай фактычна зруйнавала прынцыпы дзяржаўнасьці і стварыла прэцэдэнт для Другога Пераяслаўскага пагадненьня з Масковіяй. Дасьледаваўшы тэксты чатырох пагадненьняў, Якаўлева прадэманстравала хуткую зваротную эвалюцыю статусу Гетманшчыны ад становішча паўнезалежнай дзяржавы да становішча аўтаномнага ўтварэньня, цалкам залежнага ад Масквы.

Якаўлева ідэнтыфікуе першых “дойлідаў дзяржавы”, невялічкае кола найвышэйшых кіраўнікоў, шмат хто зь якіх меў шляхецкі статус. Зусім відавочна, што адны й тыя самыя людзі — Багдан Хмяльніцкі (да свае сьмерці ў 1657 годзе), Іван Выгоўскі, Павал Цяцера ды Юры Нямірыч — былі адказныя за складаньне тэкстаў Збораўскага, Першага Пераяслаўскага і Гадзяцкага пагадненьняў. Мала таго, дзяржаўніцкая ідэя была настолькі пераплеценая з карпарацыйнымі правамі ды асабістымі палітычнымі й эканамічнымі амбіцыямі, што часам яна адступала на задні плян або й наагул зьнікала. У кніжцы паказана, што ўсе гетманы, якія кіравалі пасьля Багдана Хмяльніцкага, абапіраліся на іншаземную падтрымку з мэтай захапіць або ўтрымаць уладу ў Гетманшчыне — такая формула спрыяла міжусобнай барацьбе за гетманства і чужаземным інтэрвэнцыям, якія стварылі ўмовы для бесьперапынных войнаў, зь цягам часу названых пэрыядам “Руіны”.

Якаўлева вылучае дзьве досыць сьмелыя гіпотэзы. Яна пераканаўча спрастоўвае вельмі пашыраную думку пра тое, што спроба Выгоўскага праз падпісаньне Гадзяцкага пагадненьня пераарыентавацца на Польшчу зазнала крах ў выніку “нацыянальнага паўстаньня”, перадусім на Левабярэжнай ­Украіне. Якаўлева паказвае, што Выгоўскі мог задушыць паўстаньне, якое выбухнула на левым беразе, і ад улады яго адхілілі ня гэтыя забурэньні, а дзяржаўны пераварот, які зладзіла невялічкая група правабярэжных палкоўнікаў, незадаволеных умовамі Гадзяцкага пагадненьня. А што гэты пераварот адбыўся ўсяго праз два месяцы пасьля таго, як Выгоўскі нанёс рашучую паразу расейскім ды ўкраінскім прарасейскім сілам, дык гэта змоўнікі паднесьлі расейцам нечаканы падарунак. Якаўлева высоўвае дапушчэньне, што ўкраінскі бок ня меў стратэгічнай патрэбы прымаць сфальсыфікаваную расейцамі копію Першага Пераяслаўскага пагадненьня за аснову да ўкладаньня Другога Пераяслаўскага пагадненьня. Расейцы былі тады слабымі і са­ступілі б, калі б украінскі бок выказаў пратэст супраць фальсыфікацыі. Але на той час “дойліды дзяржавы” ўжо страцілі кантроль над падзеямі, і незалежнасьць Гетманшчыны была падарваная.

3.

Ва ўсіх іншых дасьледаваньнях ідзе гаворка пра наступны паваротны пункт у гісторыі Гетманшчыны — Пятроўскую эру. Кароткі падручнік па гісторыі Гетманшчыны аўтарства Леаніда Мельніка надрукавала Міністэрства адукацыі. Ён не грунтуецца на архіўных крыніцах, але ўключае ў сябе шмат здабыткаў дзяржаўніцкай гістарыяграфіі і гістарыяграфіі ХІХ стагодзьдзя, якая раней ігнаравалася. Мельнік будуе драматургію тэксту на процістаўленьні двух гетманаў-супернікаў пасьлямазэпаўскай пары. З аднаго боку выступае асьцярожны Іван Скарападзкі — ён, як колішні блізкі паплечнік Мазэпы, знаходзіўся пад пільным расейскім наглядам, але ўсё яшчэ намагаўся зьберагчы хаця б рэшткі інстытуцыяў Гетманшчыны, адначасна робячы ўсё неабходнае для таго, каб залагодзіць цара-рэфарматара. З процілеглага боку дзейнічае Мазэпаў наступнік Піліп Орлік — той, перабываючы ў эміграцыі, нястомна заклікаў эўрапейскія краіны асудзіць Расею і прызнаць справядлівы характар ягонае барацьбы дый безупынна плёў інтрыгі з мэтай вярнуцца да ўлады — пад асманскай, татарскай або швэдзкай пратэкцыяй.

Гетман Іван Скарападзкі стаў галоўным пэрсанажам выкладзенай у першай частцы кніжкі Аляксандра Гуржыя і часткова рэвізіянісцкай біяграфіі. Гісторыкі ХІХ стагодзьдзя (чыя гістарыяграфія была ў значнай меры народніцкай) ня надта шанавалі Скарападзкага, часта паказваючы яго палахлівым і слабым валадаром, чалавекам, што быў паслухмяным інструмэнтам царскага намесьніка, які ўвесь час ажыцьцяўляў над ім нагляд, мужам, зацюканым сваёй жонкай Настай і аточаным сквапнымі і скарумпаванымі сваякамі; яго абвінавачвалі таксама ў тым, што ён стварыў вялікае напружаньне ў сацыяльных стасунках, ападаткаваўшы казакоў, ператварыўшы вольных сялянаў у залежных наймітаў і раздаўшы землі Гетманшчыны расейскім ды ўкраінскім абшарнікам. Дасьледаваньне, праведзенае Гуржыем, несумненна, уносіць карэктывы ў гэтыя стэрэатыпныя ўяўленьні. Аўтар малюе гетмана як памяркоўна прарасейскага прагматыка, які намагаўся залагодзіць Пятра, адначасова ведучы дакладна вызначаную палітыку, скіраваную на захаваньне казацкае сыстэмы, разьвіцьцё эканомікі Гетманшчыны і прыпыненьне яе вайсковага заняпаду. Хаця дасьледаваньне Гуржыя багатае на разнастайныя падрабязнасьці й часткова грунтуецца на выкарыстаньні архіўных матэрыялаў, ягоная “рэвізіянісцкая” інтэрпрэтацыя прыкметна не адрозьніваецца ад інтэрпрэтацыі Мельніка, які, у сваю чаргу, арыентаваўся на тлумачэньне, ­прапанаванае Вячаславам Ліпінскім, заснавальнікам дзяржаўніцкай школы.

Пра цяжкасьці захаваньня ўкраінскіх інстытуцыяў у імпэрыі Пятра І, якая перабывала ў працэсе няспыннага рэфармаваньня ды цэнтралізацыі, дэталёва апавядаецца ў надзвычай цікавым новым дасьледаваньні Віктара Гарабца. Абапертая на экстэнсіўны архіўны пошук, гэтая кандыдацкая дысэртацыя засяроджвае сваю галоўную ўвагу на першай Маларасійскай калегіі (1722—1727). Задуманая як галоўны інструмэнт імпэрскай адміністрацыйнай інкарпарацыі Гетманшчыны, Маларасійская калегія стала першым выпадкам, калі рэгулярны імпэрскі адміністрацыйны орган быў проста накінуты на адміністрацыйную і юрыдычную структуру Гетманшчыны. Адзінай характарыстыкай Маларасійскай калегіі, якая розьніла яе ад іншых імпэрскіх калегіяў, было тое, што месьцілася яна ў Глухаве, тагачаснай сталіцы Гетманшчыны. Наказны гетман Паўло Палуботак ды ўкраінская адміністрацыя чынілі актыўны супраціў прэтэнзіям Маларасійскай калегіі, абраўшы за стратэгію адмову ад супрацоўніцтва ды падачу бясконцых скаргаў у Санкт-Пецярбург, і гэтая кампанія так разьюшыла Пятра, што ён загадаў арыштаваць наказнога гетмана і ўсіх яго найбліжэйшых службоўцаў. Гэтыя арышты далі магчымасьць Маларасійскай калегіі ўзяць у свае рукі і рэструктурызаваць усё ўкраінскае дзяржаўнае кіраваньне ды фінансы. На 1725 год у апараце Калегіі працавала больш за 60 чыноўнікаў, выхадцаў з Расеі. Традыцыйная ўкраінская гістарыяграфія апісвала гэтую дзейнасьць ня толькі як гвалтаў­ніцкую й брутальную, але і як надзвычай хаатычную. Але Гарабец пераканаўча даводзіць, што хаця мэтады Калегіі, магчыма, і былі брутальнымі, але яны гэтаксама былі надзвычай эфэктыўнымі, у прыватнасьці, у зборы падаткаў ды павелічэньні прыбыткаў, якія ішлі з гэтае крыніцы. Упершыню ўсе гэтыя прыбыткі простым шляхам траплялі ў Маскву, і такім чынам было сьцёртае ўсякае адрозьненьне паміж украінскім і імпэрскім скарбамі. Так Гетманшчына выйшла на простую дарогу да поўнага зьліцьця з імпэрыяй. Але сьмерць Пятра І і да пэўнай ступені спрытная лабісцкая палітыка будучага гетмана Данілы Апостала, а таксама барацьба паміж Маларасійскай калегіяй і наймагутнейшым расейскім абшарнікам Гетманшчыны Аляксандрам Меншыкавым прывялі замест таго да закрыцьця Маларасійскай калегіі й частковага адраджэньня ўкраінскай аўтаноміі, аж да асобнай (але кантраляванай з цэнтру) сыстэмы падаткаабкладаньня.

У дадатак да падручнікаў і дасьледчыцкіх манаграфіяў навукоўцы апублі­кавалі колькі зборнікаў дакумэнтаў, што датычаць вытокаў найноўшае ўкраінскае дзяржаўнасьці. Публікацыя Канстытуцыі 1710 году мае перадусім палітычнае значэньне. Гэтая канстытуцыя, укладзеная і адрэдагаваная пасьля абраньня гетманам Піліпа Орліка, які знаходзіўся на эміграцыі, сьцьвяр­джае, што “Ўкраіна абапал Дняпра мае быць на вечныя часы вольнай ад чужога панаваньня”, і акурат на гэта зьвярнуў асаблівую ўвагу ў сваім уступным артыкуле, што папярэднічае публікацыі, тагачасны міністар юстыцыі Сяргей Галаваты. І хаця Канстытуцыя 1710 году была ўведзена толькі на кароткі час і ў вельмі малой частцы Ўкраіны, яна зьяўляецца, без усякага сумневу, найвідавочнейшым тэарэтычным выражэньнем ўкраінскае дзяржаўнасьці, імкненьня да свабоды ды канстытуцыйнага парадку — прычым усё гэта, як падкрэсьліў Сяргей Галаваты, было сфармулявана задоўга да зьяўленьня амэрыканскае Дэклярацыі незалежнасьці. Цяперашняя публікацыя Орлікавай канстытуцыі зроблена як падарункавае выданьне — старадаўнім шрыфтам, на паперы, што імітуе паперу, якой карысталіся ў XVIII ст., зь мінімальнай колькасьцю заўваг і навуковага апарату. Канстытуцыя падаецца чатырма мовамі: кніжнай украінскай, лацінскай і добрымі перакладамі на сучасную ўкраінскую і ангельскую.

Палітычная гісторыя Гетманшчыны ў дакумэнтах Мельніка — гэта дапаможнік для ВНУ, ухвалены Міністэрствам адукацыі. У ім пададзеная вельмі добрая падборка дакумэнтаў пра палітыку расейскага ўраду ад часоў кіраваньня гетмана Скарападзкага да скасаваньня ўкраінскае аўтаноміі (1708—1786). Але ж там не асьвятляюцца ані палітычныя ідэі, ані памкненьні ўкраін­скага боку.

І нарэшце, Кірыла Віслабокаў падрыхтаваў і нанова выдаў адзіны зборнік законаў, укладзеных за Гетманшчынай, — кодэкс законаў 1743 году. Гэтая праца — не перадрук першае публікацыі, якую зрабіў у 1879 годзе выбітны гісторык права Аляксандар Кісьцякіўскі: Віслабокаў абнародаваў новаадкрыты асобнік кодэксу законаў, які некалі быў пададзены на зацьвярджэньне ў Сэнат і таму можа лічыцца ягонай апошняй вэрсіяй. Аўтар параўноўвае гэтую вэрсію з усімі іншымі наяўнымі копіямі і падае ў сваім уступе да кніжкі ня толькі грунтоўнае дасьледаваньне юрыдычных нормаў і практыкі Гетманшчыны, а і камэнтар, які дэманструе, як гэтыя нормы адлюстроўвалі ўзровень разьвіцьця грамадзтва.

Хаця адраджэньне сучаснымі ўкраінскімі гісторыкамі здабыткаў іхных папярэднікаў здаецца вельмі значным, існуюць таксама прагалы, якія адразу кідаюцца ў вочы (перадусім гэта датычыць працаў, апублікаваных на Заха­дзе). Напрыклад, складваецца ўражаньне, што бальшыня аўтараў, працы якіх тут разгледжаныя, ня маюць ніякага ўяўленьня ані пра 600-старонкавую бія­графію гетмана Пятра Дарашэнкі, напісаную Зьмітром Дарашэнкам, ані аб працы Арэста Субтэльнага пра мазэпінцаў, ані пра маё дасьледаваньне, якое датычыцца скасаваньня аўтаноміі Гетманшчыны (нават не зважаючы на тое, што пераклады апошніх дзьвюх працаў ня так даўно апублікаваныя ўва Ўкраіне). Мала таго, у сваіх пошуках вытокаў найноўшае ўкраінскае дзяржаўнасьці яны не змаглі асьвятліць цэнтральную тэму: праблему легітымнасьці. Створаная казацкай шабляй Гетманшчына магла апраўдаць сваё існаваньне толькі пад пратэкцыяй якога-небудзь легітымнага валадара. Пошукі легітымнасьці абумовілі і замежную палітыку Хмяльніцкага, і заключаныя ім шлюбныя саюзы. Брак легітымнасьці меў таксама вялікі ўплыў на новасфармаваную эліту, якая павінна была апраўдваць свой статус зваротам альбо да традыцыі, альбо да закону (гэтую праблему трошкі кранае Віслабокаў).

4.

Постсавецкая рэканструкцыя гісторыі Гетманшчыны ледзьве толькі распачалася. Магчымая праграма гэтага паўторнага адкрыцьця і адраджэньня прадугледжвае наступныя прыярытэты. Перадусім неабходна перагледзець і пераацаніць праблему паходжаньня ды раньняга разьвіцьця Гетманшчыны ў шырэйшым геапалітычным кантэксьце. Гэта заклік вярнуцца да традыцыйнай палітычнай гісторыі, якая раней была настолькі афарбаваная канчатковым вынікам — паглынаньнем Украіны Расеяй, — што месца Ўкраіны ў міжнародным кантэксьце XVI—XVIII стагодзьдзяў застаецца крыху няясным.

Паўнезалежнае палітычнае ўтварэньне — казацкая Гетманшчына — магло выжыць, толькі маючы добрыя стасункі хаця б з двума са сваіх магутных суседзяў, а гэта часта аказвалася немагчымым. Казацкая дзяржава мусіла ўвесь час балянсаваць пад ціскам суседніх дзяржаваў, інтарэсы якіх аніяк не супадалі: з-за гэтага ў розныя часы Казацкая Ўкраіна шукала пратэкцыі то ў Масковіі, то ў польска-літоўскай Рэчы Паспалітай, то ў Асманскай імпэрыі, то ў Швэцыі. Каб ацаніць украінска-расейскія ўзаеміны з новай пэрспэктывы, неабходна таксама крытычна перагледзець тыя сытуацыі, у якіх выбар Украіны ня быў расейскім.

Усё пытаньне ўкраінска-расейскіх стасункаў мае быць перафармуляванае — варта адмовіцца ад такіх паняткаў, як “аб’яднаньне”, “узьяднаньне”, “саюз”, “канфэдэрацыя” або “пратэктарат”, і прааналізаваць актуальныя інтарэсы ды палітыку двух бакоў. Важныя пытаньні, якія патрабуюць разгляду ў гэтым пляне: чаго менавіта прагнуў дасягнуць Хмяльніцкі, заключаючы Пераяслаўскае пагадненьне? Якімі былі мэты Масковіі ўва Ўкраіне і Ўсходняй Эўропе? У якіх пунктах інтарэсы абодвух бакоў супадалі альбо не супадалі?

Найвідавочнейшым супольным палітычным інтарэсам была барацьба з польска-літоўскай дзяржавай. Хмяльніцкі і некаторыя ягоныя наступнікі імкнуліся заснаваць як мага большае казацкае палітычнае ўтварэньне коштам Рэчы Паспалітай. Аднак цягам большай часткі XVII і XVIII стагодзьдзяў Масковія праводзіла палітыку мірных і нават добрых стасункаў з Польшчай. Хмяльніцкі, да заключэньня Пераяслаўскае дамовы, мусіў раз за разам пераконваць і спакушаць Маскву прылучыцца да проціпольскае кааліцыі. Ужо праз год Масковія заключыла замірэньне з Польшчай (1656), пазбавіўшы такім чынам Хмяльніцкага галоўнае карысьці, на якую ён спадзяваўся, заключаючы Пераяслаўскае пагадненьне. Пасьля Андрусаўскага замірэньня (1667) ды заключанага ў 1686 годзе “Вечнага міру” Масковія прыпыніла змаганьне з Польшчай і пагадзілася разьдзяліць Гетманшчыну на польскае Правабярэжжа і расейскае Левабярэжжа. Кожны гетман аж да Мазэпы ўключна песьціў, здаецца, пляны далучыць Правабярэжную Ўкраіну — г.зн. меў інтарэс, які ўваходзіў у супярэчнасьць з імкненьнем Масковіі падтрымліваць добрыя адносіны з Польшчай.

Варта гэтаксама крытычна перагледзець маскоўскае стаўленьне да прылучэньня Ўкраіны. Наагул мяркуюць, нібыта пасьля Пераяслава цар пастанавіў, што “Маларосія” павінна знаходзіцца ў ягоным вечным уладараньні. Паказчыкамі гэтае новае рэальнасьці была зьмена царскага тытулу і патрабаваньне, каб украінскае насельніцтва прысягала на вернасьць цару. Але на працягу большай часткі XVII стагодзьдзя Масковія ставілася да Гетманшчыны як да нечага другараднага. У стасунках з Польшчай Масковія, як падаецца, шмат больш прасякалася абразай царскага тытулу з боку палякаў альбо прэтэнзіямі расейскага цара на польскую карону, чымся прэтэнзіямі на ўладаньне “Маларосіяй”. Галоўныя пытаньні, якія варта разгледзець у гэтым кантэксьце, бачацца такімі: ці ў XVII стагодзьдзі Масковія глядзела на Гетманшчыну як на неад’емную частку царскіх уладаньняў, ці казакі былі для яе толькі маргінальнымі хаўрусьнікамі, ад хаўрусу зь якімі яна заўжды магла адмовіцца ў інтарэсах заключэньня міру з Польшчай? Ці была Масковія гатовая аддаць ня толькі Правабярэжжа, а і ўсю Ўкраіну (ідэю адмовіцца ад Украіны вылучыў Афанасій Лаўрэнцьевіч Ордзін-Нашчокін, чалавек, які вызначаў расейскую замежную палітыку ў 1660-х гадах)?

Любое дасьледаваньне разьвіцьця ды ліквідацыі Гетманшчыны павінна быць зьмешчаным у кантэкст агульнай эвалюцыі Расейскай імпэрыі. У XVII ды на пачатку XVIII стагодзьдзяў былі два дзяржавабудаўнічыя праекты: Гетманшчыны і імпэрскай Расеі. Праект Гетманшчыны так і ня быў завершаны, бо яна так і не змагла ператварыцца ў стабільнае і незалежнае палітычнае ўтварэньне. Аднак можна сказаць, што праект да пэўнае меры быў пасьпяховым, бо Гетманшчына праіснавала больш за стагодзьдзе ў якасьці аўтаномнай часткі Расейскае Імпэрыі. У чым гэтыя два дзяржавабудаўнічыя праекты ўвайшлі ў супярэчнасьць і ў чым яны зьбягаліся? Засваеньне заходніх абсалютысцкіх мадэляў можа быць адным з ключоў-тлумачэньняў таго, чаму ў палітыцы Расеі ў XVIII стагодзьдзі адбыліся такія зьмены. Заходнія абсалютысцкія дзяржавы характарызаваліся ўзмацненьнем дзяржаўнага кантролю і актыўнасьці, у прыватнасьці, у пытаньнях рацыяналізацыі ўрадаваньня, павелічэньня дзяржаўных прыбыткаў ды заахвочваньня разьвіцьця. Пётар І, які сьвядома ўводзіў у сябе заходнія мадэлі дзяржаўнага кіраваньня, распачаў палітыку высмоктваньня ўсё большых эканамічных і людзкіх рэсурсаў з Гетманшчыны. Манархі-рэфарматары Пётар І і Кацярына ІІ сталі разглядаць украінскую аўтаномію як перашкоду на шляху іхных намаганьняў стварыць сыстэму рацыянальнага дзяржаўнага кіраваньня.

У той жа час ня варта забывацца на тое, што доля аўтаноміі часта больш залежала ад палацавай палітыкі, чымся ад тэорыяў урадаваньня ці разьвіцьця расейскай дзяржаўнай структуры. Напрыклад, у 1727 годзе ўкраін­ская аўтаномія была часткова адноўленая дзякуючы майстэрскай палітыцы лабіраваньня, якую пры расейскім двары праводзіў Даніла Апостал, а ў 1750 годзе Кірыла Разумоўскі быў абраны гетманам толькі дзякуючы таму, што ягоны брат уступіў у марганатычны шлюб з імпэратрыцай Лізаветай. Дзесьці ўжо ў сярэдзіне XVIII стагодзьдзя ўкраінцы пачалі граць усё большую ролю ў імпэрскай палітычнай сыстэме, заключаючы часовыя саюзы то з аднымі, то з другімі палацавымі групоўкамі. Роля ўкраінцаў у прыдворнай палітыцы Расеі дагэтуль амаль невядомая і неасэнсаваная.

Удзел украінцаў у імпэрскай палітыцы меў сваім наступствам той факт, што многіх зь іх пачалі браць на імпэрскую службу. Уплыў украінскага сьвятарства на расейскую царкву добра задакумэнтаваны. А ці аказвала прыкметны ўплыў на імпэрскую палітыку ўкраінская сьвецкая эліта? Дэйвід Сондэрс уважае, што так [2]. Ці быў гэты адток украінцаў на расейскую дзяржаўную службу “непапраўнай” стратай для Ўкраіны? І ці бачылі тыя ўкраінцы нейкую супярэчнасьць паміж служэньнем імпэрыі і зьберажэньнем сваіх уласных аўтаномных інстытуцыяў? Гэтыя пытаньні заслугоўваюць сур’ёзнага разгляду.

Інтэграцыя элітаў закранае праблему фармаваньня расейскага імпэрскага і ўкраінскага палітычных сьветапоглядаў і ўзаемасувязі паміж імі. Гэта па­трабуе дэталёвага дасьледаваньня вытокаў ды эвалюцыі таго кірунку думак, які можна разглядаць як маларускую ідэю, ды сувязі гэтай ідэі з канцэпцыяй трох галінаў “агульнарускай” нацыі: велікаросаў, маларосаў і беларусаў.

Вось колькі галоўных праблемаў, што патрабуюць вырашэньня. Постсавецкія гісторыкі зрабілі першыя крокі ў дасьледаваньні некаторых зь іх. Яны нанова адкрылі, часткова адрадзілі, а ў некаторых выпадках і рэканструявалі гісторыю раньняга ўкраінскага палітычнага ўтварэньня, Гетманшчыны. Яны пасьпяхова вярнулі ў абыходак раней забароненыя навуковыя здабыткі дзяржаўніцкай і народніцкай гістарыяграфіі. Постсавецкія гісторыкі выйшлі на новыя далягляды ў пытаньнях вытокаў, самаўсьведамленьня, унутранага разьвіцьця Гетманшчыны ды ейных стасункаў з Расеяй. А калі яны і надалей нанова адкрываюць і тлумачаць вытокі найноўшае украінскай дзяржаўнасьці, то няма сумневу, што іхныя высілкі таксама будуць выкарыстаныя ў працэсе адкрыцьця, адраджэньня ды рэканструкцыі ўкраінскага нацыянальнага міту.

1 Гл. Георгій Касьянов, Теоріп націй та націоналізму. — Кипв: Либідь, 1999.

2 David Saunders, The Ukrainian Impact on Russian Culture. — Edmonton: CIUS, 1985.

З украінскае пераклаў Сяргей Богдан

паводле: Критика, 6/2000.


Новые статьи на library.by:
ПОЛИТИКА:
Комментируем публикацию: Дзяржаватворчыя дзяржавашуканьні


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

ПОЛИТИКА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.