Усходняя Эўропа як інтэлектуальная канструкцыя

Политология, современная политика. Статьи, заметки, фельетоны, исследования. Книги по политологии.

NEW ПОЛИТИКА


ПОЛИТИКА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

ПОЛИТИКА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Усходняя Эўропа як інтэлектуальная канструкцыя. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-29

АВТОР: Яраслаў Грыцак

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №5 2001 ГОД


Кнігі, якія згадваюцца ў гэтым артыкуле:

Andrzej Walicki. Poland Between East and West. The Controversies over Self-Definition and Modernization in Partitioned Poland. — Cambridge. Ma., 1994.

Larry Wolff. Inverting Eastern Europe. The Map of Civilization on the Mind of the Enlightement. — Stanford Uniwersity Press. — Stanford, 1994.

Anne Appelbaum. Between East and West. Across Borderlands of Europe. — London, 1995.

Gale Stokes. Three Eras of Political Change in Eastern Europe. — New York, Oxford, 1997.

Ihor Љevиenko. Ukraine between East and West. Essays on Cultural History to the Early Eighteenth Century. — Canadian Institute of Ukraine Studies Press. — Edmonton, Toronto, 1996.

Samuel Huntington. The Clash of Civilizations and the Remaking of World Order. — New York, 1996.

Калі пакідаеш усходнюю частку уладаньняў караля Прусіі, складваецца ўражаньне, што пакідаеш тэатар, дзе ўладарыць прырода, прыхарошаная высілкамі мастацтва і ўдасканаленае цывілі­зацыі. Вока засмучаюць неўрадлівыя пяскі і гіганцкія лясы. Але калі ўяжджаеш у Польшчу, то адчуваеш, што цалкам пакінуў Эўропу. Погляд уражвае новае відовішча: велічэзная краіна, амаль цалкам укрытая вечназялёнымі ялінамі, заўжды сумная; раз-пораз гэты краявід перарываецца абробленымі палямі: беднае й паняволенае насельніцтва, брудныя сёлы; хаты, якія мала адрозьніваюцца ад жытла дзікуноў. Усё гэта змушае думаць, што вярнуўся на дзесяць стагодзьдзяў назад і што ты — сярод гунаў, скітаў, вянедаў, славянаў і сарматаў.

Граф Люі-Філіп дэ Сэгюр (1784)

Гэты артыкул можна было б лёгка напісаць па адным простым і беспамылковым рэцэпце. Адразу пасьля слоў графа Сэгюра, узятых у эпіграф, распачаць неяк гэтак: прывід вандруе па Эўропе — прывід арыенталізму. Гэта той прывід, інтэлектуальны цень якога змушае ўсіх шчасьлівых жыхароў на захад ад Лабы насьміхацца або (залежна ад маральных прынцыпаў і выхаваньня) спачуваць дзікунству і беднасьці сваіх усходніх суседзяў. У пацьвярджэньне гэтага можна прывесьці яшчэ колькі цытатаў, напрыклад, словы Мэтэрніха, што Азія распачынаецца за ўсходнімі вокнамі ягонага венскага палацу. Матэрыялу будзе нямала, бо ліхі зачын — людзям у ахвоту (апошняя кніга з жанру “Між Усходам і Захадам”, якая трапілася мне ў рукі, была прысьвечаная разгляду гісторыі і культурнай спадчыны магрыбскіх жыдоў). Больш за тое, шмат з таго матэрыялу мае мясцовае паходжаньне: кожны з народаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ў сваёй інтэлектуальнай гісторыі мае традыцыю падаваць сябе ў якасьці апошняга бастыёну Эўропы, за апошнімі межамі якога — ракой Сан, Мукачаўскім перавалам ці хутарам Міхайлаўскім — прасьціраюцца бяскрайнія азіяцкія прасторы.

Згусьціўшы належным чынам фарбы, далей можна было б і разьвесьці іх вадзічкай: насамрэч усё, што распавёў граф Сэгюр, — плод ягонага ўяўленьня. Цывілізацыйная мяжа паміж Прусіяй і Польшчай існавала хіба што на мапе, якую намалявалі інтэлектуалы канца ХVIII стагодзьдзя. Інтэлектуалы канца XX стагодзьдзя мусяць думаць інакш. Асабліва тыя зь іх, якія прачыталі кнігу Лары Вульфа “Пераўтварэньне Ўсходняй Эўропы”, адкуль узятыя словы графа Сэгюра і дзе можна знайсьці яшчэ шмат іншых анэкдатычных прыкладаў, як славутыя заходнеэўрапейскія розумы пісалі ня тое, што бачылі, а тое, што хацелі бачыць (або тое, чаго ня бачылі зусім). Можна было б дадаць сюды найноўшыя прыклады таго, як мала “заходнія” інтэлектуалы ведаюць пра нашу “ўсходнюю” частку сьвету (і для большага перакананьня прывесьці сьведчаньні тых зь іх, якія ад іх імя прызнаюцца ў гэтым граху)1. І завяршыць высноваю: незалежна ад таго, хто дзе пражывае, кожны мае сваю асаблівасьць і вартасьць, якую нельга зьвесьці да адзінай “цывілізацыйнай шкалы”; зьяўляцца цяпер на публіцы зь “лінейным” мысьленьнем нават ня сьмешна, а проста — непрыстойна; адным словам, кожны народ цывілізаваны па-свойму, а мы, украінцы, нічым ня горшыя за астатніх. Мы проста інакшыя, так француз розьніцца ад чачэнца, а жыхар востраву Мадагаскар — ад баска.

Такая аргумэнтацыя, напэўна, мела б посьпех, бо кратае чульлівую струнку ў душы ўсходнеэўрапейскага інтэлектуала: яна дае магчымасьць вярнуць пачуцьцё годнасьці перад культурным манапалізмам Захаду. І нават болей: адпавядае новым інтэлектуальным плыням, што ўзьніклі на тым жа Захадзе ў апошнія дваццаць-трыццаць гадоў, — постмадэрнізму і посткаляніялізму. Усім гэтым аргумэнтам можна супрацьпаставіць ня менш пераканаўчы контраргумэнт: калі большасьць заходнеэўрапейцаў памыляецца ў сваім уяўленьні пра наш рэгіён, то на чым грунтуецца нашае перакананьне, што мы ўяўляем сабе яго правільна? Толькі на тым, што жывем у ім? Гісторыкі ведаюць, што скласьці больш-менш паўнавартаснае (аднак ня поўнае!) уражаньне пра нейкую падзею можна толькі пры ўмове адстароненасьці ад яе. Ці насамрэч мы разумеем сытуацыю ў нашым рэгіёне лепей, знаходзячыся ў ёй тут і цяпер, бяз часава-тэрытарыяльнай адстароненасьці?

Постмадэрністы адказваюць на гэта даволі проста: спосаб, у які мы разумеем ці ўяўляем пэўную агульную зьяву, вызначаецца культурай грамадзтва, у якім мы жывем; у межах кожнага грамадзтва могуць існаваць свае ісьціны, якія не абавязкова супадаюць зь ісьцінамі іншых грамадзтваў. Усе роўныя ў сваёй рацыі, і ніхто не памыляецца. Калі лякальныя “ісьціны” пярэчаць адна адной, то хай будзе так. І дашуквацца, чыя ісьціна правільнейшая — гэта ўпадаць у грэх супроць правілаў, якія дыктуе сучасная інтэлектуальная мода і палітычная карэктнасьць.

Бяда ў тым, што той “постмадэрнісцкі рай” канчатковага паразуменьня і талерантнасьці насяляе толькі невялікая групка інтэлектуалаў, чые працы мала хто чытае, а тым больш разумее. Ня ў ім жывуць сотні тысяч, калі не мільёны іхных прасьцейшых суайчыньнікаў, якія думаюць цалкам іншымі катэгорыямі. Гэтыя няшчасныя вераць, што ісьціна можа быць толькі адна, а далей мову вядуць пра прагрэс і дастатак і пра аб’ектыўнасьць падзелу на дзяржаўныя і недзяржаўныя нацыі — адным словам, паўтараюць увесь той інтэлектуальны мотлах, які больш пасуе канцу ХІХ, чым ХХ стагодзьдзю.

Тыя сумныя думкі прыходзяць міжволі ў галаву, калі чытаеш кнігу Анны Апэльбаўм “Між Усходам і Захадам: ускраінамі Эўропы”. Гэта кніга напісаная ў выглядзе падарожных замалёвак і перадае ўражаньні ад падарожжа аўтаркі заходнімі рэгіёнамі Савецкага Саюзу — ад Калінінграду да Адэсы празь Літву, Беларусь, Украіну і Малдову — у апошнія тыдні яго існаваньня. Анна Апэльбаўм ведае, пра што піша, і ведае альбо зь першакрыніцаў, альбо з уласнага досьведу. Яна поўная сымпатыі да тых народаў, якія жывуць на захадзе колішняга Савецкага Саюзу, але адначасова складваецца ўражаньне, што яна не ўтрымалася перад спакусамі арыенталізму. У ейным аповедзе няма ніводнага нармальнага героя — кожны мае нейкі істотны недахоп. Сымпатычная бабуля-немка з Калінінграду баіцца ня толькі распавядаць пра савецкія зьверствы над нямецкім насельніцтвам колішняга Кёнігсбэргу пры канцы вайны, але нават прызнацца ў тым, што ў яе жылах цячэ нямецкая кроў. Літоўскі манах сьцьвярджае, што літоўцы разумеюць Хрыста лепей, чым якая іншая нацыя. Польская акторка з Варшавы прыехала ў Наваградак на запрашэньне мясцовых палякаў пачытаць вершы іх вялікага земляка Адама Міцкевіча і пры канцы літаратурнай вечарыны дзякуе ім за тое, што яны абараняюць польскую зямлю ад беларускіх прэтэнзіяў. Малады беларускі інтэлектуал вывучыў ідыш і габрэйскую зь любові да жыдоўскай культуры, але ня можа паразумецца з амэрыканскім хасыдам, для якога чытаньне любой, апрача Торы, кніжкі — марны занятак і для якога не існуе розьніцы паміж Беларусяй і Расеяй. Украінскі прафэсар-паліглот зь Літвы знае безьліч анэкдотаў пра іншыя народы і краіны, але яму цяжка патлумачыць, што такое Ўкраіна. Кожны зь яе суразмоўцаў больш ці менш дзівакаваты, але ўсе разам яны даюць уяўленьне пра тую частку сьвету як пра адмысловае Залюстроўе, дзе ўсё перавернутае дагары нагамі.

Амаль усе размовы, як і самое аўтарскае апавяданьне, круцяцца вакол адной тэмы — нацыянальная ідэнтычнасьць тых народаў, што жывуць на прасторах паміж Балтыйскім і Чорным морамі. І ня проста пра нацыянальную ідэнтычнасьць саму сабою, а пра тое, якія палітычныя, культурныя, гаспадарчыя наступствы для будучыні гэтага рэгіёну будуць мець старыя і новыя нацыянальныя падзелы. Кніга Анны Апэльбаўм каштоўная менавіта тым, што перадае настроі лета 1991 году, прычым вельмі часта — у непрыхаванай і амаль цынічнай форме. Ейныя суразмоўцы адкрыта гавораць пра тое, пра што не наважваюцца заявіць нацыянальныя лідэры — костка ад косткі і кроў ад крыві свайго народу. За колькі тыдняў пасьля гэкачэпоўскага перавароту ў Маскве гэтыя народы ці атрымаюць самастойнасьць, ці стануць нацыянальнымі меншасьцямі ў сваіх дзяржавах — пэрспэктыва, якая не ва ўсіх выклікае захапленьне. А пакуль яны толькі гавораць, малююць свае інтэлектуальныя мапы, дзе іхнае месца ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе не супадае са старымі дзяржаўнымі ды цывілізацыйнымі падзеламі.

Літоўцы ў Вільні ды палешукі ў Берасьці пераконваюць аўтарку, што, варта ім толькі здабыць палітычную незалежнасьць, яны апярэдзяць у эканамічным разьвіцьці лянівых, непаваротлівых і вечна п’яных украінцаў і беларусаў, ня кажучы ўжо пра расейцаў. Прыблізна тое самае кажа пра ўкра­інцаў уласьнік львоўскага ”Гранд-гатэлю” Геншафт, колішні савецкі жыд, які даўно ўжо ўнезалежніўся, атрымаўшы амэрыканскае грамадзянства нібыта з-за палітычнага перасьледу ў сваёй былой бацькаўшчыне (“Калі гляджу на яго, — піша Анна Апэльбаўм, — мне робіцца шкада ўсіх тых сапраўды перасьледаваных у сьвеце людзей, якія ня могуць атрымаць амэрыканскіх візаў”). Для дробнага расейскага гандляра Дзімы, які перапрадае ў Стамбуле вывезеныя з Адэсы рэчы, усе краіны, якія наведала аўтарка, — Літва, Украіна, Беларусь — не сапраўдныя, яны толькі выдумка. Рэальныя толькі Расея ды Захад, дый тое, усё сапраўднае на Захадзе — Оксфард, Сарбона, Гайдэльбэрг — выраблена расейскімі рукамі альбо куплена на расейскія грошы.

Найменш у тым хвалькаватым хоры кандыдатаў на эўрапейскасьць чуваць беларусаў і ўкраінцаў (апрача, зразумела, галічанаў). Іхныя галасы гучаць прыглушана альбо ня надта ўпэўнена, таксама як няпэўныя і іхная ідэнтычнасьць, і іхнае месца ў Эўропе. Бо Эўропа — гэта не Савецкі Саюз, там нельга паказвацца без сваёй нацыянальнай ідэнтычнасьці, традыцыяў, уласнай культуры.

Аднак гэта не азначае, што яны адмаўляюцца ад сваіх пошукаў. Адно з найцікавейшых для мяне месцаў у кнізе — размова аўтаркі з маладым беларускім паэтам Ігарам.

“Мы — постмадэрністы”, — мякка прамовіў Ігар. Ягоныя чорныя валасы былі сабраныя ззаду. Ягоныя вочы сьлязіліся ад таго, што ён замнога чытае. Ягоны твар быў блядым ад таго, што ён рэдка бывае на сьвежым паветры. “Ці ты ведаеш Гайдэгера?”

Я сказала, што ведаю.

“Ці ты ведаеш Фуко?”

Я сказала, што ведаю.

“Тады ты павінна зразумець, што Беларусь ёсьць ідэальнай постмадэрнісцкай краінай”, — у Ігара быў цалкам сур’ёзны твар, ён толькі лыпаў вачыма час ад часу.

“Я ня пэўная...”

“Глядзі: постмадэрнізм — гэта новае авалоданьне мінулым, гэта ператварэньне фальшывай сьвядомасьці ў сапраўдную сьвядомасьць, гэта пераацэнка каштоўнасьцяў. Дагэтуль мы жылі тутака ў фальшывай культуры, аточаныя масава прадукаваным, — ён перасмыкнуў плячыма, каб перакласьці гэтае слова правільна, — кічы. А цяпер надышоў час адкінуць той кіч і замяніць яго чымсьці сапраўдным”.

… “Кіч, — паўтарыў ён. — Яны падсунулі нам сфальшаваную сялянскую культуру: масава прадукаваныя лялькі для турыстаў, танныя драўляныя лыжкі. І ўвесь гэты час яны руйнавалі сапраўдную сялянскую культуру, зачынялі майстэрні, прымушаючы людзей кідаць скульптуру і ўступаць у камуністычную партыю”.

Ігар сказаў, што цяпер адраджэньне беларускай культуры залежыць ад гараджанаў: “Мы павінны сьпяваць народную музыку на інтэлектуальных сходах. Мы павінны чытаць народную паэзію. Мы павінны нанова вынайсьці традыцыю, калі гэта патрэбна, там, дзе мы яе забыліся”.

Жонкі Ігаравых сяброў таксама бралі ўдзел ў пераацэнцы каштоўнасьцяў. Яны насілі ўласнаручна вышытыя фартухі і гатавалі традыцыйныя стравы, апраналі сваіх дзяцей у народныя строі ды вывучалі беларускую мову.

Цяпер, празь сем год пасьля апісаных падзеяў, мы ведаем, што большасьць з тых высілкаў пайшла на глум. Шкода фартушкоў і зламанага маленства. Палітычны рэжым Лукашэнкі можна называць рознымі словамі, але нікому ня прыйдзе ў галаву назваць яго нацыянальнай дзяржавай. Наадварот, абвешчаная ў эміграцыі Зянонам Пазьняком адноўленая Беларуская Народная Рэспубліка становіцца яшчэ адной “вынайдзенай”, але пустой традыцыяй. Няясна, аднак, ці беларускія постмадэрнісцкія будаўнікі нацыі зазналі паразы таму, што былі беларусамі, ці таму, што былі постмадэрністамі? Чаму ў адных выпадках і ў адных народаў “вынайдзеныя” традыцыі прышчапляюцца на нацыянальны грунт, а ў іншых становяцца толькі пустою фантазіяй? Анна Апэльбаўм не дае адказу на гэтае пытаньне. Яна яго нават і ня ставіць, зьберагаючы вернасьць чысьціні жанру — цікаваму, але інтэлектуальна ня надта прывабнаму рэпартажу пра вандроўку землямі Ўсходняй Эўропы.

Шукаць адказу на гэтыя пытаньні лепей у літаратуры іншага гатунку, напісанай не ў журналісцкім, а ў акадэмічным стылі. Адна з найважнейшых працаў па ўсходнеэўрапейскай тэматыцы, што зьявіліся ў апошнія гады (і, на жаль, найменш вядомая ў нас), — кніга амэрыканскага гісторыка Гейла Стоў­кза “Тры эры палітычных зьменаў ва Ўсходняй Эўропе”. Стоўкз мае ў акадэмічным сьвеце рэпутацыю аднаго з найлепшых дасьледчыкаў-тэарэтыкаў нацыяналізму і знаўцы балканскай гісторыі. Ён пачынаў кар’еру як вайсковы лётчык. Пра вытокі свайго зацікаўленьня гісторыяй ён распавядаў у Мічыганскім унівэрсытэце, прэзэнтуючы сваю кнігу. Усё пачалося з выпадковай турыстычнай паездкі на Балканы неўзабаве пасьля вайны — у Югаславію часоў Броза Ціта. Малады амэрыканец лёгка сыходзіўся са сваімі пагодкамі ў Бялградзе і іншых гарадах. Тыя жылі ў страшэннай нэндзе. “Што ты робіш, калі галодны?” — пытаўся ён свайго югаслаўскага знаёмага. “Я іду спаць, каб ня думаць пра голад”. Стоўкз ужо потым зразумеў некарэктнасьць свайго пытаньня: калі ён быў галодны, ён адчыняў халадзільнік і рабіў сабе сэндвіч. Але ў ягоных югаслаўскіх сяброў не было ні халадзільніка, ні прадуктаў, якія можна было б там трымаць. Аднак у іх было высока разьвітое пачуцьцё ўласнай нацыянальнай годнасьці. Культурна-цывілізацыйная розьніца між яго сьветам і тым, які ён пазнаў на Балканах, прымусілі задумацца над прычынамі таго падзелу і ўрэшце — абраць кар’еру гісторыка.

Амэрыканская нацыя паўстала з супольнага жаданьня колішніх эмігрантаў у Новы Свет жыць вольна і ў дастатку. Усходнеэўрапейскі нацыяналізм уяўляў іншы тып матывацыі — у ягоным ідэалягічным арсэнале эканамічныя прычыны займалі зусім не першараднае месца. Нават болей, нацыяналізм у той частцы Эўропы падмяняў эканамічнае разьвіццё як галоўную інтэграцыйную сілу ў тварэньні новых грамадзтваў. У гэтым заключаецца адна з галоўных трагедый гэтага рэгіёну, але адначасова гэта вытлумачвае, чаму нацыянальныя ідэалёгіі мелі тут такі вялікі посьпех. Адпаведна з гэтым, усходнеэўрапейскія інтэлектуалы жадалі гаварыць пры высокія культурныя ці палітычныя ідэалы, што фармавалі іхныя нацыі, а не цялёпкацца ў прыземленых матэрыяльных чыньніках. Гэтая ня надта прыемная задача застаецца людзям, што паходзяць зь іншага, прагматычна ўладкаванага сьвету, сьвету поўных халадзільнікаў. Такіх людзей, як Гейл Стоўкз.

Наймацней і найбольш арыгінальна ягоны голас гучыць там, дзе ён абгаворвае сацыяльна-эканамічныя карані асаблівасьцяў палітычнага разьвіцьця ў гэтым рэгіёне. Калі індустрыялізацыя, нежаданая і нялюбая, без запрашэньня пракладала сабе дарогу да кожнага грамадзтва, юшка, якую яна заварыла, усюды мела адны інгрэдыенты, але смак у кожнай краіне быў іншым. Яго вызначалі ня толькі характар мясцовай сыравіны, але і ўмовы, што панавалі на кухні, — інакш кажучы, характар палітычнага рэжыму. Таму народы, якія ўступалі ў новы пэрыяд і ў розных камбінацыях ператвараліся ў сучасныя нацыі, не былі такімі вольнымі ў канструяваньні новых ідэнтычнасьцяў. Да­кладней, яны маглі даваць палёт сваёй фантазіі, але гэты палёт прызямляла суровая рэальнасьць — дзяржаўныя межы, цэнтралізаваны бюракратычны апарат, традыцыі, атрыманыя ў спадчыну зь мінулага, узровень эканамічнага разьвіцьця.

Прычыны таго, чаму чэхі пасьля 1918 году дасягнулі посьпеху адначасна ў трох сфэрах — у будаўніцтве сучаснай чэскай ідэнтычнасьці (насуперак моцнаму асыміляцыйнаму нямецкаму ціску), дэмакратычнай палітычнай сыстэмы (дарэчы, адзінай дзейнай дэмакратычнай сыстэмы ў цэлым рэгіёне) і высокаразьвітой эканомікі, — заключаюцца насамрэч у тым, што асаблівасьці палітычнага і гаспадарчага разьвіцьця чэскіх земляў у Габсбурскай імпэрыі былі часткова спрыяльнымі для зьяўленьня сярэдняе клясы. Тая кляса зрынула зямельную арыстакратыю з пануючых вышыняў як у нацыянальнай палітыцы, так і ў нацыянальнай эканоміцы. Зразумела, што чэскі посьпех немагчыма ўявіць сабе бяз Томаша Масарыка, бацькі чэскай (ці, дакладней, чэхаславацкай) нацыі. Але таксама цяжка было б уявіць сабе асабісты посьпех Масарыка, калі б у чэскім нацыянальным руху не дамінавалі нормы і практыкі, якія чэская сярэдняя кляса засвоіла яшчэ ў палітычнай школе Габсбурскай манархіі.

Стоўкз зьвяртае ўвагу на “цьвёрдыя факты” замест “вынайдзеных” ці “ўяўленых” традыцыяў, але ён не прыхільнік сацыяльнага дэтэрмінізму. Ён проста дамагаецца ўраўнаважанай ацэнкі ролі адных і другіх. У палітычных катаклізмах, якія зьведала Ўсходняя Эўропа на працягу апошніх стагодзь­дзяў, роля суб’ектыўных і аб’ектыўных фактараў была розная ў розныя эпохі і ў розных краінах. Аналізуючы дэмакратычныя рэвалюцыі 1989 году, аўтар прыходзіць да высновы, што яны не былі сацыяльнымі рэвалюцыямі ў традыцыйным разуменьні гэтага слова (рэвалюцыямі, як ён кажа, зь вялікай літары). Усе ўсходнеэўрапейскія супольнасьці тым ці іншым чынам прыстасаваліся да камуністычнай сістэмы. Галоўнай рухаючай сілай зьменаў быў інтэлектуальны фэрмэнт — прага купкі дысыдэнтаў жыць у “праўдзе ды годнасьці”. Таму сапраўдная сацыяльная база вялікіх трансфармацыяў — новыя сацыяльныя і палітычныя інстытуцыі, што адпавядаюць адкрытаму дэмакратычнаму грамадзтву, — ўзнікла не да, а пасьля падзеяў 1989 году як іхнае беспасярэдняе наступства.

Пры канцы сваёй кнігі Стоўкз піша — зноў-такі насуперак шматлікім галасам з Усходу ці Захаду, — чаму на будучыню Ўсходняй Эўропы можна гля­дзець з аптымізмам. Ягоная галоўная аргумэнтацыя пабудаваная на супрацьпастаўленьні: за камуністычным рэжымам звычайна многа гаварылі пра перавагі мясцовай сацыяльна-палітычнай сыстэмы і маўчалі пра ейныя хібы; пасьля краху гэтай сыстэмы ўсе гавораць толькі пра хібы ўсходнеэўрапейскіх грамадзтваў, забываючыся на пэўныя вельмі важныя пазытыўныя зрухі. За вялікай колькасьцю праблемаў, што разьдзіраюць тыя грамадзтвы, усе нібы не заўважаюць першапрычыны ўсходнеэўрапейскага крызысу. А ўласна — той факт, што ўсе праблемы выйшлі на паверхню адначасова, тады як Захад вырашаў іх па чарзе, адну за адной. Дзіва ня тое, што ўся Ўсходняя Эўропа мае столькі праблемаў, а тое, што ў такіх умовах і абставінах яна ўсё ж штосьці робіць і кудысьці рухаецца. Амаль кожная краіна ў рэгіёне мае ў той ці іншай ступені плюралістычную палітычную сыстэму. Вострыя палітычныя міжусобіцы, недасканаласьць выбарчай сыстэмы, карупцыя, барацьба за кантроль над сродкамі масавай інфармацыі — гэта, вядома, зьявы непрыемныя. Але, зь іншага боку, яны сьведчаць пра нармальнасьць жыцьця — бо ў цяперашніх абставінах барацьба вядзецца не за надуманыя і штучныя, а рэальныя мэты.

У адрозненьне ад Анны Апэльбаўм, для Гейла Стоўкза Ўсходняя Эўропа — цалкам нармальны гістарычны рэгіён. Аднак ягоная Ўсходняя Эўропа разьмешчаная па іншы, правільны бок Люстра — па-за межамі колішняга Савецкага Саюзу. Гэта 13 краінаў колішняй сацыялістычнай сістэмы між Балтыйскім і Адрыятычным морамі плюс Грэцыя. У звычайных для нас тэрмінах гэты рэгіён называюць Цэнтральнай і Паўднёвай Эўропай (характэрна, што пачынаючы ад 1994 г. амэрыканская адміністрацыя настойліва рэкамэндуе не ўжываць больш тэрміну “Ўсходняя Эўропа” ў дачыненьні да Польшчы, Вугоршчыны і Чэхіі — акт, раўназначны Боскаму блаславеньню для грэшнікаў выйсьці з напаўцывілізаванага чыстца і ўвайсьці ў цывілізаваны рай). Але для нас важная не тэрміналёгія, а характэрныя асаблівасьці гістарычнага разьвіцьця цэлага рэгіёну, што даюць мажлівасьць Гейлу Стоў­кзу казаць пра яго “нармальнасьць”. Мясцовыя народы, лічыць ён, эўрапейскія ў сапраўдным разуменьні гэтага слова. Але з адным значным удакладненьнем: яны не перажылі непасрэдна тых вялікіх грамадзкіх, палітычных і культурных трансфармацыяў, што адбываліся ў новыя часы як у Заходняй Эўропе, так і ў Расеі. Гэты рэгіён прайшоў і праз уплывы Рэнэсансу, і праз узьдзеяньне сацыялістычнага рэалізму, аднак усе гэтыя культурныя плыні прыйшлі сюды разам з палітычным панаваньнем чужынскіх рэжымаў.

Гейл Стоўкз сыходзіць з тэзысу пра поўную адрознасьць гістарычнага шляху Расеі і Савецкага Саюзу ад разьвіцця Ўсходняй Эўропы. Ён не заўважае, аднак, таго факту, што многія народы колішняга Савецкага Саюзу таксама адпавядаюць такой характарыстыцы: як і палякі, грэкі, харваты, усе яны адчулі культурныя ўплывы як Захаду, так і Ўсходу, але гэтыя ўплывы прыходзілі сюды не з арыгінальных крыніцаў, а праз пасярэднікаў.

У гэтым сэнсе, піша Ігар Шаўчэнка ў сваёй кнізе “Ўкраіна між Усходам і Захадам”, украінцы і, скажам, баўгары патрапляюць у тую самую катэгорыю. Гэтая кніга — добрая перасьцярога для тых гісторыкаў, якія ўспрымаюць свет падзеленым на два: на цывілізаваны Захад і менш цывілізаваны Ўсход. Кніга Шаўчэнкі нагадвае, што ў раньнім Сярэднявеччы якраз Заходняя Эўропа была прыкладам адсталасьці і бескультур’я, тады як агмень сапраўднай высокай культуры захоўваўся на Ўсходзе, у Бізантыйскай імпэрыі. Бізантыйская царква была ня толькі царквою высокай культуры; яна, так бы мовіць, была бліжэйшаю да бацькаўшчыны хрысьціянства. Бог абраў народ Бізантыі стаць новым Ізраілем, паколькі Новы Запавет быў напісаны для грэкаў грэцкаю моваю. Для раньніх хрысьціянаў Міжземнамор’е было месцам, дзе нарадзіўся Збаўца. Нэгатыўнае стаўленьне да Бізантыі на Захадзе зьявілася пазьней, разам з падзелам цэркваў у ХІ стагодзьдзі, і ягоным апагеем стаў захоп і разбурэньне Канстантынопалю крыжакамі (1204).

Украінскіх земляў бізантыйскія ўплывы дасягнулі некалькімі вялікімі хвалямі — спачатку цераз балканскіх славянаў, потым непасрэдна церазь Бізантыю, а пасьля ейнага заняпаду — цераз раньнемадэрную грэцкую кнігу і царкоўную мудрасьць. Бізантыйскія ўплывы абумоўлівалі ўкраінскую спэцыфіку, а з другога боку рабілі яе часткай шырэйшай усходнеэўрапейскай супольнасьці. Гэтая культурна-рэлігійная ідэнтычнасьць вызначыла ў новыя часы і палітычную арыентацыю. Ігар Шаўчэнка нагадвае, што грэцкія па­трыярхі і мітрапаліты адыгралі актыўную ролю ў падпарадкаваньні Хмяльніцкага маскоўскаму цару. Некаторыя зь іх былі шчодра ўзнагароджаныя з маскоўскай скарбніцы, але большасьць зь іх рабіла гэта па ўласных перакананьнях.

А захаваць сваё нацыянальнае “я” Ўкраіне дазвалялі ўплывы з Захаду. Хаця ўплывы каталіцкага Захаду на ўкраінскія землі пачаліся яшчэ задоўга да польскага заваяваньня, але з погляду доўгае гістарычнай пэрспэктывы Захад ва Ўкраіне “быў апрануты ў польскі кунтуш”. Украінцы супраціўля­ліся тым уплывам, калі яны ставілі пад пагрозу іхнае нацыянальнае “я”. Іронія сытуацыі была ў тым, што ўкраінцы абараняліся ад каталіцызму з дапамогаю зброі сваіх жа ворагаў. Не выпадкова і праваслаўныя брацкія школы, і Кіева-Магілянская акадэмія грунтавалі сваю асьвету на польска-лацінскай літаратуры, на навучальнай сыстэме, запазычанай у езуітаў, і на заходніх культурных стандартах, бо адныя толькі спадзеўкі на мясцовыя праваслаўныя традыцыі адрэзалі б іх ад асноўных плыняў эўрапейскай культуры.

Найбольшым парадоксам было тое, што Захад, які, па словах Ігара Шаўчэнкі, нёс пагрозу дэзынтэграцыі і ўпадку Ўкраіны, у канчатковым рахунку стаў ейным абаронцам перад расейскай пагрозай і дазволіў украінцам захаваць сваю ідэнтычнасьць. Калі на мапе сучаснай Украіны правесьці тры зоны інтэнсыўнасьці польскага Drang nach Ost — Галіччыну, якая была аб’ектам толькі польскай экспансіі і якая была поўнасьцю інкарпараваная ў Польскае каралеўства ў ХV стагодзьдзі; Валынь і Падольле, дзе польскае прасоўваньне ў ХІV—XV стагодзьдзях натыкнулася на рэакцыю Літвы; усходнеўкраінскія землі абапал Дняпра, што належалі да Вялікага Княства Літоўскага і сталі польскімі толькі пасьля Люблінскай уніі 1569 году, — дык гэтыя тры зоны будуць збольшага адпавядаць сучаснаму падзелу Ўкраіны на рэгіёны адпаведна ўзроўню распаўсюджаньня ўкраінскай мовы і ўкараненьня нацыянальнай сьвядомасьці.

Такое супадзеньне моцна інтрыгуе, бо, як паказваюць прыклады зь іншых гістарычных рэгіёнаў, нават меншая часовая розьніца робіць моцны ўплыў на цывілізацыйныя адметнасьці. Паўночнаафрыканскія жыды дзеляцца на некалькі групаў, у залежнасьці ад таго, як доўга і інтэнсыўна ўплываў на іх францускі пратэктарат — з 1830 году ў Альжыры, з 1871 году ў Тунісе і з 1912 году ў Марока. Чым болей часу яны знаходзіліся пад пратэктаратам, тым вышэйшы ўзровень іхнай урбанізаванасьці, сэкулярызацыі і прафэсійнай кваліфікацыі. Калі пасьля вайны яны сталі перад неабходнасьцю эміграцыі, дык альжырскія жыды пераважна выяжджалі ў “больш цывілізаваную” Францыю, а мараканскія — у Ізраіль2 .

Усё гэта дае падставы думаць, што цывілізацыйныя адрозьненьні — усё ж такі паважны чыньнік, ад якога залежыць функцыянаваньне сучаснага сьвету, як бы ні пярэчылі праціўнікі палітычнай карэктнасьці. Сам Ігар Шаўчэнка пазьбягае любых палітычных імплікацыяў, бо, па яго словах, “гісторык культуры апісвае, ён не дае парадаў”. Аднак у адным месцы ён усё ж такі не ўстрымаўся ад спакусы:

[Нядаўнія] зьмены ва Ўкраіне маюць тэндэнцыю зьвяртаць увагу мясцовых [украінскіх] элітаў і ўкраінцаў за мяжой да Захаду і да будучыні. Гэта добра, але ў гэтым крыецца небясьпека нізкавокага і перакрыўленага бачаньня. Бізантыйская спадчына праваслаўнага і грэка-каталіцкага насельніцтва, а таксама больш нядаўнія, хоць доўгатэрміновыя, зьявы, апошняя сярод якіх — расейскі культурны ўплыў на значную частку ўкраінскіх земляў, могуць адысьці на другі плян у бурлівай атмасфэры зьменаў, але іхныя ўплывы ня зьнікнуць за адну ноч. Усьведамленьне гэтага факту для кагосьці стане дадатковай нагодай імкнуцца ўзнавіць кантакты з шырокім сьветам на належным інтэлектуальным узроўні.

Гэтыя радкі паказваюць ня толькі жаданьне аўтара дапамагчы замацаваньню заходняй арыентацыі ва Ўкраіне, але — што ня менш важна — пры­знаньне факту, што гістарычная спадчына ня ўсё дэтэрмінуе і што, на самай справе, народы вольныя ў сваім выбары (у што, здаецца, ня верыць Гейл Стоўкз). Сама “Польшча” не была заходняй краінай; Рэч Паспалітую аж да самага канца яе існаваньня на Захадзе ўспрымалі як краіну, цесна зьвязаную з Усходам (Рубэнс, нагадвае Шаўчэнка, на адной са сваіх карцінаў апранае царыцу скітаў і ейнае атачэньне ў вопратку польскай шляхты — тыя самыя кунтушы, у якіх, па іроніі лёсу, прыйшлі ва Ўкраіну заходнія ўплывы). Пераарыентацыя Польшчы на Захад — прадукт пазьнейшае эпохі, вынік доўгіх дыскусіяў у асяродку польскіх інтэлектуалаў і палітыкаў у ХІХ—ХХ стагодзьдзях. Пра гэта нагадвае яшчэ адна публікацыя ў жанры “між Усходам і Захадам” — кніга Анджэя Валіцкага “Польшча між Усходам і Захадам. Спрэчкі вакол самавызначэньня і мадэрнізацыі сучаснай Польшчы”.

Тут ня месца пераказваць ўсе высновы аўтара — зацікаўленым варта перачытаць яе цалкам. Для нашай размовы важнейшым ёсьць тое, што аўтар хоча сказаць між радкоў. На шчасьце, ён пра гэта піша адкрыта ў іншым месцы — у сваім артыкуле “Інтэлектуальныя эліты і прымхі “ўяўленай нацыі” ў Польшчы”. Гэта скарочаны варыянт кнігі (ёсьць нават літаральныя супадзеньні), але напісаны зь іншаю мэтай — выявіць, наколькі важную ролю ў стварэньні нацыяў адыгрывае праца інтэлектуалаў. Гэтая тэма стала асаблі­ва папулярнай у апошні час, паколькі сучасныя дыскусіі пра нацыі і нацыяналізм вылучаюцца вялікай увагай да ролі суб’ектыўнага чыньніка ў нацыятворчых працэсах. З адыходам старога (па вялікім рахунку — марксісцкага) уяўленьня пра тое, што нацыі ёсьць прадуктам “аб’ектыўнага” сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, зьявілася новая “канструктывісцкая” плынь. Яе галоўныя апосталы і менш арыгінальныя адэпты ў адзін голас цьвердзяць, што нацыі ёсьць “уяўленымі супольнасьцямі”, сканструяванымі “згары”, і сваім існаваньнем мусяць дзякаваць нацыяналістычнаму ўяўленьню ці нават сьвядомай фальсыфікацыі (“вынаходству традыцый”), — або, кажучы словамі Эрнэста Гелнэра, нацыяналізм вынаходзіць нацыі там, дзе іх не існуе.

Анджэй Валіцкі падзяляе гэтыя погляды толькі часткова — у той іхнай частцы, якая падкрэсьлівае значэньне ідэяў і інтэлектуальных элітаў у тварэньні нацыянальных ідэнтычнасьцяў. Бо польская інтэлектуальная гісторыя ў ягонай інтэрпрэтацыі засьведчыла, што вялікі праект стварэньня сучаснае польскае нацыі толькі напалову дасягнуў посьпеху. Польскім інтэлектуальным элітам удалося “пераарыентаваць” Польшчу з Усходу на Захад. Але іхныя амбітныя пляны стварыць сучасную польскую палітычную нацыю, якая б аб’яднала ня толькі этнічных палякаў, але і ўкраінцаў, беларусаў, літоўцаў і жыдоў, пацярпелі поўную паразу. Дакладней кажучы, перамагла формула Рамана Дмоўскага, якая прагматычна і цынічна ставіла на этнічны фактар, а не на прыгожыя і высакародныя, але так недакладна акрэсьленыя намеры стварыць фэдэрацыйную Рэч Паспалітую ў межах 1772 году (іронія польскай гісторыі ў тым, дадам ад сябе, што творца польскай дзяржавы Юзаф Пілсудзкі зрэалізаваў на практыцы формулу Дмоўскага, а не свае фэдэралісцкія пляны, і заходнія ўкраінцы на сваёй скуры поўнасьцю адчулі ўсю “прывабнасьць” гэтай формулы ў міжваеннай Рэчы Паспалітай).

Гэтая параза паказвае, што палітычная воля ды ўяўленьне польскіх элітаў не былі такімі моцнымі і што нацыю толькі да пэўнай ступені можна сканструяваць згары. Нацыю нельга стварыць з пустога паветра, для ейнага стварэньня патрэбны цьвёрды будаўнічы матэрыял, а ня толькі інтэлектуальныя высілкі і багатае ўяўленьне. Усе народы Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, робіць выснову Анджэй Валіцкі, у рэшце рэшт канстытуявалі сябе як сучасныя нацыі на падставе этнічнага прынцыпу.

Гэтая выснова перагукаецца з агульнай лініяй адной з найгучнейшых кніжак апошніх гадоў “Сутыкненьне цывілізацыяў і станаўленьне новага сусьветнага парадку” Сэмюэля Гантынгтана. Толькі калі ў Валіцкага галоўным матэрыялам для будаўніцтва сучасных нацыяў выступае этнас, то для Гантынгтана ў стварэньні новага сусьветнага парадку галоўную ролю адыгрываюць вялікія цывілізацыйна-рэлігійныя падзелы. Гэтую выснову ён выводзіць, у прыватнасьці, зь няўдалых спробаў палітычных лідэраў Турцыі, Мэксыкі і Расеі “азаходніць” свае зусім незаходнія краіны. На кароткі час Кемаль Ататурак і Пётра Вялікі маглі эўрапеізаваць свае грамадзтвы, але трываласьць іхнага посьпеху падаецца вельмі і вельмі праблематычнай.

Гантынгтан піша:

“Незаходнія грамадзтвы могуць мадэрнізаваць сябе толькі кожнае сваім непаўторным спосабам і, як Японія, выкарыстоўваючы для пабудовы ўласныя традыцыі, інстытуцыі і каштоўнасьці. Палітычныя лідэры, схільныя самаўпэўнена думаць, што яны могуць фундамэнтальна зьмяніць культуру сваіх грамадзтваў, асуджаныя на правал. Яны могуць увесьці элемэнты заходняй культуры, але ня змогуць пастаянна душыць або зьнішчаць стрыжнёвыя элемэнты сваіх мясцовых культураў. І наадварот — цяжка выгнаць заходні вірус, калі ён засеў у грамадзтве. Ён дзейнічае далей, але ягоныя дзеяньні не фатальныя; пацыент выжыве, аднак ён ніколі ня будзе цалкам здаровым. Палітычныя лідэры твораць гісторыю, але яны ня могуць унікнуць гісторыі. Яны “прадукуюць” разарваныя краіны; яны ня твораць заходніх грамадзтваў. Яны заражаюць свой край культурнай шызафрэніяй, якая становіцца ягонай пастаяннай і вызначальнай характарыстыкай”.

Украіна вельмі часта фігуруе на старонках Гантынгтанавай кнігі. Але, згодна зь ягонай тэрміналогіяй, не як “разарваная”, а як “падзеленая” краіна. Ён прызнае часткова прыналежнасьць Украіны да заходняй цывілізацыі — у той меры, у якой частка ейнага насельніцтва вызнае грэка-каталіцкую веру. Аднак большасьць Украіны цьвёрда стаіць ва ўсходнехрысьціянскім, праваслаўным сьвеце. Таму яе будучыня становіцца нявызначанай (характэрна, што вельмі часта, згадваючы пра Ўкраіну, Гантынгтан робіць агаворку: калі яна будзе існаваць). Ён бачыць тры мажлівыя сцэнары далейшага разьвіцьця падзеяў. Згодна зь першым, Украіна цалкам вяртаецца ў склад Расеі. Згодна з другім варыянтам, Украіну чакае раскол на ўсходнюю і заходнюю часткі, менш кровапралітны за югаслаўскі, але ж і не “аксамітавы”, як разыходжаньне Чэхіі са Славаччынай. І нарэшце, самы верагодны — Украіна будзе цывілізацыйна падзеленай, але ўсё ж такі адзінай і самастойнай краінай, і ейныя адносіны з Расеяй будуць хутчэй стасункамі супрацоўніцтва, а не канфлікту (мажлівасьць маштабнага канфлікту паміж Украінай і Расеяй як цывілізацыйна роднаснымі грамадзтвамі ён адкідае цалкам). Расейска-ўкраінскія дачыненьні, прарочыць Гантынгтан, будуць мець для Ўсходняй Эўропы тое самае значэньне, як і француска-нямецкія на Захадзе: калі апошнія сталіся сэрцам эўрапейскай супольнасьці, то першыя будуць важнымі для ўсталяваньня ядра праваслаўнага сьвету.

Прагнозы Гантынгтана для Ўкраіны не такія ўжо суцяшальныя. Прапанаваны ім варыянт ставіць перад украінцамі выбар “утапіцца ці павесіцца”. Зрэшты, украінцаў ужо страшылі прагнозам расколу на Ўсход і Захад у 1994 годзе, прычым гэта рабіла нават такая аўтарытэтная інстытуцыя, як амэрыканскае ЦРУ (што спарадзіла неабгрунтаваныя чуткі, нібыта кніга Гантынгтана ёсьць выкладам новай замежнапалітычнай дактрыны ЗША ў дачыненьні да Ўсходняй Эўропы). На шчасьце, гэты прагноз ня спраўдзіўся, як і ўсе іншыя, якія рабіліся ў дачыненьні да Ўкраіны. Кніга Гантынгтана грашыць невылечным фундамэнталізмам (што ня раз закідалі аўтару падчас ейнага абмеркаваньня.) У сучасным акадэмічным сьвеце кожная праца, якая прэтэндуе на ўнівэрсальныя абагульненьні і прапануе цывілізацыйныя схемы, выклікае цалкам зразумелы скепсыс. Але нельга ігнараваць агульную танальнасьць яго аргумэнтаў — у сучасным сьвеце пры рэалізацыі якіх-небудзь грамадзкіх праектаў нельга проста абысьці цьвёрдыя факты — культурна-цывілізацыйныя і этнічныя адрозьненьні.

Я ня ведаю шмат выпадкаў, каб Гантынгтана на ўкраінскім матэрыяле крытыкавалі, — хаця, вядома, катэгарычны тон кнігі і высновы не падабаюцца большасьці ўкраінскіх інтэлектуалаў. Мажліва, Гантынгтана пакуль не крытыкуюць таму, што да Ўкраіны ўсё даходзіць зь вялікім спазненьнем. Адзіны вядомы мне выпадак крытыкі варты асобнай згадкі. У траўні 1998 году ў Орхускім унівэрсытэце ў Даніі праводзілася канферэнцыя “Галіччына: рэгіянальная ідэнтычнасьць”. На ёй з дакладам “Галіцкія грэка-каталікі паміж Усходам і Захадам” выступіў англійскі антраполяг Крыс Ган. Галоўная ідэя дакладу заключалася ў тым, што сытуацыя ўкраінска-польскага памежжа супярэчыць тэзысу Гантынгтана пра разьмежаваньне паміж заходнім і ўсходнім хрысьціянствам як асноўны падзел у Эўропе. Паводле Гантынгтана, мяжа вялікага будучага цывілізацыйнага канфлікту падзеліць Украіну ўздоўж Збруча, як мяжа між грэка-каталіцкім украінскамоўным насельніцтвам і праваслаўным расейскамоўным (ён, здаецца, не ўсьведамляе таго, што большасьць украінскамоўных ва Ўкраіне — праваслаўныя, а не грэка-каталікі). Аднак на погляд грэка-каталікоў, іхная царква якраз і ўзь­нік­ла як спроба сынтэзу паміж праваслаўным Усходам і каталіцкім Захадам. Берасьцейская унія (1596) была вялікім цывілізацыйным экспэрымэнтам, які, на думку многіх, прывёў да нашмат больш інтэнсыўных і глыбокіх кантактаў між галоўнымі плынямі заходняга і ўсходняга хрысьціянства, чым тысячы сучасных экумэнічных ініцыятываў.

Таму прыклад грэка-каталіцкай царквы варты асаблівай увагі там, дзе гаворыцца пра цывілізацыйныя падзелы. Крыс Ган разглядае гэтую тэму на вельмі лякальным узроўні — на ўзроўні сытуацыі, што ўзнікла ў посткаму­ністычнай Польшчы вакол грэка-каталікоў і іх сьвятыняў у Перамышлі. Як і кожны добры антраполяг, ён намагаўся вывучыць гэтую сытуацыю зь сярэдзіны, мэтадам “пагружэньня” ў мясцовае асяродзьдзе. Ён некалькі гадоў пражыў у Перамышлі і меў мажлівасьць на свае вочы назіраць розныя стадыі мясцовага канфлікту вакол грэка-каталіцкай катэдры. Ад 1991 году тамтэйшыя ўкраінцы дамагаюцца вяртаньня катэдры ім (сабор гвалтам перадалі рыма-каталікам у 1946 годзе). Справядлівасьць іхных дамаганьняў прызнаў нават сам папа Ян Павал ІІ, які спадзяваўся памаліцца разам з украінцамі ў вернутай царкве падчас свайго візыту да Перамышлю ў чэрвені 1991 году. Гэтага не адбылося. Група мясцовых польскіх нацыяналістаў забарыкадавалася ў царкве і абвясьціла галадоўку, пацьвярджаючы старую показку, што палякі колісь стануць большымі каталікамі, чым сам папа. Апошнім актам таго канфлікту стала зьнясеньне з царквы ейнага купалу, збудаванага нібы, як сьцьвярджаюць польскія нацыяналісты, у бізантыйскім стылі.

Канфлікт у Перамышлі ня можа перакрэсьліць посьпеху “грэка-каталіцкага праекту” — гэтая царква выявіла надзіва годную жыцьцяздольнасьць, выцерпеўшы найцяжэйшыя рэпрэсіі, і забясьпечыла саюз усходняга хрысь­ціянства з каталіцызмам як на тэалягічным, так і на папулярным, масавым узроўні. Але ў іншым, больш фундамэнтальным кантэксьце гэтая ідэя пацярпела паражэньне. Грэка-каталіцкая царква ў XVII—XVIII стагодзьдзях за­цьвердзілася на заходнеўкраінскіх землях, але не прасунулася далей на ўсход ад Збруча. А таксама ня здолела размыць цывілізацыйную мяжу на ўкраінска-польскім памежжы. Старыя этнічныя розьніцы былі значна мацнейшымі, чым ідэя збліжэньня ўсходняга і заходняга хрысьціянстваў, — характэрна, што ва ўспрыманьні ўкраінскага і польскага грамадзтваў і грэка-каталіцкая, і рыма-каталіцкая цэрквы ўспрымаюцца як нацыянальныя цэрквы.

Пачаўшы з крытыкі Гантынгтана, Крыс Ган пры канцы пагаджаецца зь ім. Яго выснова гучыць ня надта модна ў сьвятле сучаснай акадэмічнай кан’­юнктуры і ня надта прывабна з погляду кан’юнктуры палітычнай: старыя моўныя і рэлігійныя падзелы мацнейшыя, чым большасьць мадэрнізацыйных праектаў. У процівагу таму, што кажуць канструктывісты і постмадэр­ністы, існуюць вызначаныя гісторыяй межы, у абыход якіх цяжка, а то і немагчыма маніпуляваць калектыўнымі ідэнтычнасьцямі.

Перад украінскімі інтэлектуаламі стаіць цяжкое, але прывабнае заданьне: перафармуляваць украінскую ідэнтычнасьць. Гэтая задача ня новая — яна перасьледуе іх яшчэ з часоў “Энэіды” Катлярэўскага, калі не раней. Толькі найбольш “цьвердалобы” ўкраінскі нацыяналіст можа паверыць у тое, што ўкраінства і ўкраінская ідэя заставаліся нязьменныя на працягу некалькіх стагодзьдзяў — “ад Кія да Краўчука”. Кожнае новае пакаленьне ўкраінскай інтэлігенцыі мусіла вызначаць для сябе, што такое Ўкраіна, і скразной тэмай на працягу ўсіх тых часоў была гістарычна-культурная ідэнтыфікацыя ў каардынатах “Усход-Захад”. Пра гэта спрачаліся яшчэ дзеячы Рускай тройцы у 1830—1840 гадах, гэтым займалася пакаленьне ўкраінскіх мадэрністаў і мадэрнізатараў на мяжы XIX—XX стагодзьдзяў, у першыя паваенныя гады гэта стала адной з галоўных дыскусійных тэмаў у маладога пакаленьня ўкраінскіх інтэлектуалаў, якія здолелі ўцячы з-за “жалезнай заслоны”. На жаль, інтэлектуальнай гісторыі тых дыскусій (на ўзор той, што напісаў на польскім матэрыяле Анджэй Валіцкі) украінскія гісторыкі да гэтага часу не стварылі. Перад імі стаіць нават больш амбітнае заданьне: адказаць, як пісаў Чэслаў Мілаш (а за ім і Лары Вульф), на вобразы і формулы, якія навязалі Ўсходняй Эўропе заходнія інтэлектуалы. Зьяўленьне новых інтэлектуальных плыняў моцна палягчае тыя заданьні: разьвянчаньне арыенталізму і новыя постмадэрнісцкія інтэрпрэтацыі дазваляюць сьцьвердзіць прынцыповую нармальнасьць як сучаснага ўкраінства, так і ўсёй Усходняй Эўропы.

Вельмі добра, што нарэшце і ва Ўкраіне зьяўляюцца артыкулы, якія разьвенчваюць “цывілізацыйныя” міты. І робяць гэта не аглоблямі — любімай зброяй колішніх украінскіх дыскусій, — а пяром, зь веданьнем правілаў і законаў сучасных акадэмічных дыскурсаў. Тым прыемней, што гэта можна рабіць у спакойнай цішы далёкага Гарварду — кажу гэта без аніякай іроніі, толькі канстатую факт, што ўкраінская навука вырвалася са сваёй штучнай ізаляванасьці і правінцыйнасьці. Аляксей Талочка ў сваім артыкуле па-майстэрску і пераканаўча даводзіць, што стары двухпадзел на “Ўсход” і “Захад” ня можа быць сур’ёзным памочнікам у сучасным напісаньні ўкраінскай гісторыі.

Але нават калі чытаць тыя самыя кніжкі, што і Аляксей Талочка, можна рабіць іншыя высновы, якія не абавязкова супадаюць са старымі ісьцінамі, але скептычна настроеныя да новых, хоць і прывабных парадыгмаў.

Можна і трэба пагадзіцца, што Ўсходняя Эўропа — гэта інтэлектуальная канструкцыя, гэткі (груба параўноўваючы) спосаб падзелу эўрапейскага кантынэнту на багатых і нармальных заходнеэўрапейцаў і іх бедных усходніх суродзічаў. Новая посткамуністычная Эўропа скасавала старыя падзелы, але нарадзіла новыя. Сярод учарашніх “усходнеэўрапейскіх” краінаў ці народаў, што заяўляюць пра сваю прыналежнасьць да Эўропы, адны адстаюць у эканамічным разьвіцьці і палітычнай структурызацыі грамадзтва, а іншыя, наадварот, па большасьці эканамічных паказчыкаў і палітычных патрабаваньняў гатовыя ўжо заўтра далучыцца да эўрапейскай супольнасьці. Ці выпадкова, што краіны, якія найдалей пайшлі ў сваіх пераўтварэньнях, — Чэхія, Польшча, Славаччына, Вугоршчына — належаць да каталіцкага “заходняга сьвету”? І наадварот, краіны-аўтсайдэры, такія, як Украіна, Расея, Беларусь, Малдова, Румынія, Баўгарыя, Сэрбія, — грамадзтвы традыцыйна праваслаўныя? Ці ня ёсьць гэта становішча адбіткам старога проціпастаўленьня між усходняй і заходняй хрысьціянскімі цывілізацыямі — і калі так, то ці не азна­чае тое, што пашыраны ў нацыянальных дыскурсах двухпадзел на Ўсход і Захад не надуманы — проста крах Бэрлінскага муру і распад Савецкага Саюзу відазьмяніў лінію падзелу.

Ці будзе дастаткова, калі кожны ўкраінскі грамадзянін і ўкраінская грамадзянка будзе пачынаць і сканчаць дзень з самапераконваньня “я — нармальныая”, каб ад гэтага стала нармальней жыць ва Ўкраіне? Бо праблема сучаснай трансфармацыі Ўкраіны выходзіць за межы мудраваньняў пра ўяўленыя супольнасьці, вынайдзеныя традыцыі і іншыя модныя інтэлектуальныя канструкцыі. “Цьвёрдым фактам” таксама трэба аддаць належнае. Украінскім інтэлектуалам ня варта настолькі спрашчаць сабе жыцьцё, больш спадзеючыся на новыя інтэрпрэтацыі, чым на дасьледаваньні і дыскусіі, чым насамрэч ёсьць сучасная Ўкраіна і якія межы яе гістарычная спадчына акрэсьлівае для нашых інтэлектуальных практыкаваньняў і гульняў.

Пераклаў з украінскай Алег Гардзіенка паводле:

Ярослав Грицак. Східна Европа як інтелектуальна конструкція // Критика, лістапад, 1998.

1 Норман Дэвіс. Усходняя Эўропа вачыма Захаду. — “Критика”, 1997, ч. 2

2 Avishai Margalit. The Otheer Israel. — New York Review of Books, vol. XLV, no 9, May 28, 1998.


Новые статьи на library.by:
ПОЛИТИКА:
Комментируем публикацию: Усходняя Эўропа як інтэлектуальная канструкцыя


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

ПОЛИТИКА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.