Украіна наша крэольская

Политология, современная политика. Статьи, заметки, фельетоны, исследования. Книги по политологии.

NEW ПОЛИТИКА


ПОЛИТИКА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

ПОЛИТИКА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Украіна наша крэольская. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-29

АВТОР: Сяргей Грабоўскі

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №5 2001 ГОД


Сяргей Грабоўскі — украінскі філёзаф і публіцыст. Супрацоўнік кіеўскага бюро Ўкраінскае службы радыё “Свабода”. Галоўны рэдактар культуралягічнага альманаху “Генеза”. Намесьнік галоўнага рэдактара часопісу “Сучасність”. Баявітае, палітычна ангажаванае пяро С. Грабоўскага — часты госьць і на старонках розных кіеўскіх газэтаў. Вялікі сябар Беларусі. Апошняя кніга Сяргея Грабоўскага — “ХХ століття та українська людина. Виклики і відповіді” (2000).

Гэты тэкст быў напісаны адмыслова для Ўкраінскага нумару ARCHE.

— Дайте мені, будь ласка, пляшку вина.

— Простите, я вас не понимаю. Говорите на нашем, на бразильском языке.

З размовы аўтара артыкулу з прадаўцом у кіеўскім “Гастраноме”
27 чэрвеня 2000 году ў прысутнасці двух жывых сведкаў.

Паняцце “крэольскага нацыяналізму”, “крэольскай культуры” дый увогуле “крэольства” як сацыякультурнай і сацыяпалітычнай з’явы ва ўкраінскі інтэлектуальны дыскурс увайшлі — як гэта ні парадаксальна на першы погляд — не, не праз пераклад класічнай для заходняй нацыялогіі кнігі Бенедыкта Андэрсана “Ўяўленыя супольнасці” (ён з’явіўся толькі сёлета), а праз шматлікія публікацыі кіеўскага даследчыка Міколы Рабчука, прысвечаныя развіццю Ўкраіны ў апошнім дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя. Тэрмінам “крэолы”, ужытым Андэрсанам для апісання падзеяў у Лацінскай Амерыцы перыяду барацьбы за незалежнасць і нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, Рабчук пазначыў тую частку ўкраінскага грамадства, што палітычна арыентуецца на незалежнасць Украіны, але ў мове і, перадусім, у сацыякультурным аспекце адмаўляецца ад украінскасці ці, прынамсі, трымаецца ад яе на адлегласці. Як гэта вобразна пазначыў пісьменнік Андрэй Куркоў, “можна быць украінцам і без Тараса Шаўчэнкі”. Уласна кажучы, лепшую самахарактарыстыку ўкраінскага крэольства знайсці цяжка.

Менавіта Мікола Рабчук апошняе дзесяцігоддзе ўпарта і паслядоўна займаўся руйнаваннем дыхатаміі “ўкраінцы—расійцы”, “украінскамоўныя—расійскамоўныя”, “патрыёты—пярэваратні”, “нацыянальна свядомыя — манкурты” і г.д., якая з самага пачатку ХХ стагоддзя ляжала ў аснове тлумачэння этнапалітычных і нацыянальна-культурных працэсаў ва Ўкраіне. У сваіх даследаваннях (аб’яднаных у дзве кнігі) Мікола Рабчук прапанаваў прынцыпова іншую, значна больш эўрыстычную тэарэтычную канструкцыю. Паводле яе, сучасная ўкраінская супольнасць складаецца не з дзвюх, а з трох галоўных нацыянальна-культурных групаў, прыналежнасць да якіх вельмі ўмоўна звязаная (калі ўвогуле звязаная) з “пятай графой” старых савецкіх пашпартоў іхных “членаў”. Больш за тое: не аўтаматычна гэтая прыналежнасць звязаная і з лінгвістычнымі прэферэнцыямі людзей. Аўтар гэтага артыкулу і далей будзе звяртацца да пэўных фармулёвак Міколы Рабчука, але таксама будуць прапанаваныя і ўласныя азначэнні ўкраінскай нацыянальна-культурнай сітуацыі.

Уласна, на факт існавання ва Ўкраіне не дзвюх, а трох вялікіх супольнасцяў з істотна рознымі сацыякультурнымі і нацыякультурнымі арыентацыямі павінны былі навесці любога дапытлівага даследчыка сацыялагічныя даследаванні апошняга дзесяцігоддзя. На прэзідэнцкіх выбарах 1994 году Ўкраіна выразна раскалолася ўздоўж этналінгвістычнай мяжы. (Украінскамоўная частка галасавала за Леаніда Краўчука, расійскамоўная — за Леаніда Кучму, выключэнне склаў толькі пераважна расійскамоўны Кіеў, у якім “сталічная самасвядомасць” узяла верх над чыста лінгвістычнай самаідэнтыфікацыяй.) У 1996 годзе ўжо праявіліся, а ў 2000—2001 гадах сталіся відавочнымі цалкам іншыя рэчы. Сувязь светапоглядных і палітычных арыентацыяў з моўнай практыкай не знікла, але яна стала значна слабейшай; і галоўнае — у пераважна расійскамоўнай частцы краіны моцна праявілі сябе фундаментальныя адрозненні паміж рознымі групамі расійскамоўнага насельніцтва і паміж рэгіёнамі. Дзеля прыкладу возьмем дадзеныя рэгулярных даследаванняў Кіеўскага міжнароднага інстытуту сацыялогіі, які ўзначальвае прафесар Валеры Хмелька, перадусім тыя, што датычаць эканамічнай арыентацыі. Ва Ўкраіне яна найбольш выразна прарынкавая ў двух рэгіёнах: на Галіччыне і на Поўдні. Таксама ў тых рэгіёнах дамінуе жаданне як мага больш хуткага далучэння Ўкраіны да Еўрапейскага Саюзу. Затое Данбас (расійскамоўны, як і Поўдзень) настроены катэгарычна антырынкава і па-антыеўрапейску. Яшчэ адна дэталь: і Поўдзень, і Данбас — гэта рэгіёны Ўкраіны, дзе большасць насельніцтва выступае за інтэграцыю з Расіяй — аж да стварэння супольнай дзяржавы. На ўкраінскамоўнай і традыцыйна ўкраінскакультурнай Галіччыне за такую інтэграцыю — толькі 1—2% насельніцтва. Затое Поўдзень гатовы адмовіцца ад любых формаў “уз’яднання” з Расіяй у тым выпадку, калі жыццёвы ўзровень насельніцтва ва Ўкраіне будзе вышэйшым, чым у Ра­сійскай Федэрацыі. Нават больш: як толькі Ўкраінская дзяржава стане арэалам сталага эканамічнага прагрэсу, жыхары Поўдня (разам з даўно ўжо касмапалітычнай Адэсай) гатовыя вывучыць украінскую мову, чытаць украінскія кнігі і слухаць украінскія песні. Данбас жа ні пры якіх умовах не прымае ані рынку, ані “ўкраінскай Украіны”. Не менш цікавыя і звесткі пра тое, якія паняцці першымі ў іерархіі асацыююцца ў людзей са словам “Бацькаўшчына”: каля 40% назвалі Ўкраіну, больш за 20% — Савецкі Саюз, 2% — Расію, іншыя — “мой горад”, “мая вёска”, “мой рэгіён”.

У кожным украінскім рэгіёне ў розных прапорцыях прадстаўленыя тры асноўныя групы насельніцтва, падзеленага па наступных крытэрах: культурныя прэфэрэнцыі (не проста мова!), стаўленне да рынкавай эканомікі і палі­тычнай дэмакратыі, скіраванасць на еўрапейскую інтэграцыю, прынцыповае стаўленне да ўкраінскай незалежнасці, ацэнка савецкага мінулага. Такім чынам — тры групы: уласна ўкраінцы, савецкія людзі і крэолы. Узаемаадносіны, барацьба і саюзы паміж якімі вызначалі (зразумела, не наўпрост, а ў тым выглядзе, які Мераб Мамардашвілі называў “ператворанай формай”) ход падзеяў ва Ўкраіне і будуць вызначаць яго яшчэ прынамсі некалькі дзесяцігоддзяў. Плюс пэўная частка публікі без усялякай нацыянальна-культурнай самаідэнтыфікацыі — між іншым, не надта вялікая; проста “тутэйшых” ва Ўкраіне наўрад ці больш, чым 10% ад агульнай колькасці насельніцтва.

Цяжка і часцей за ўсё немагчыма паказаць пальцам на чалавека і сказаць — “Гэта стопрацэнтны крэол (украінец, савок)”. Хаця, з іншага боку, сярод індывідуальных і групавых суб’ектаў трапляюццца і “чыстыя”, “ідэальныя” тыпы, няйнакш выведзеныя на свет Божы нейкім Мічурыным усепланетных маштабаў.

У вышэй пазначаным “трохчлене”, які аўтар прапануе ў якасці пэўнага “ідэалізаванага вобразу” нацыянальна-культурнага быцця, найбольш пытанняў выклікаюць характэрныя “рысы” крэолаў. Таму пройдзем праз нізку палітолага-культуралагічных украінскіх сюжетаў, звязаных з крэольскім элементам супольнасці грамадзянаў краіны, якую цалкам слушна можна назваць “дзяржавай У” (Максім Стрыха).

Пачаць варта, мабыць, з кароткага агляду сённяшняй сітуацыі, пры нагодзе паралельна вяртаючыся да праблемаў, звязаных з рознымі ракурсамі быцця і гісторыі ўкраінскага крэольства. Вось першы, але не апошні парадокс: палітычна крэолы ў пераважнай большасці — незалежнікі, то да фанатызму, то з істотна прагматычным ракурсам (як адэсіты — “што карысней: далучацца да Расіі ці быць незалежнымі?”), але культурна яны заўжды, без выключэнняў, арыентаваныя на Маскву, часам таксама — да фанатызму, часам — проста прагматычна (“што рабіць, маскоўскія спевакі збіраюць больш грошай, чым кіеўскія”), часам — проста па звычцы. Возьмем дзеля прыкладу толькі назвы кіеўскіх папулярных выданняў: “Натали”, “Киевский телеграфъ”, ”Столичные новости“ (з яе лозунгам “дзве сталіцы — адна газета”), “Киевлянинъ” і да т.п. Ці, скажам, інтэрв‘ю з зоркамі поп-мастацтва на апошняй паласе апазіцыйнай кіеўскай газеты “Вечерние вести”: зоркі там заўсёды расійскія, хаця палітычна газета незалежніцкая, аж да чыста нацыянал-радыкальных выпадаў у бок імперскай Масквы. Дзіўна: чаму ж узорам усіх вартасцяў і крыніцай алюзіяў, метафар, тэксту і кантэксту для крэолаў вы­ступае менавіта расійская (амаль заўжды, праўда, “выбранымі кавалкамі”) і англаамерыканская — але пра яе пасля — культура? Ды яшчэ толькі з мінулых стагоддзяў імперскай эпохі з добрым дамешкам савецкай, праўда, з любага крэолам не надта заідэалагізаванага кавалку, — культуры?

Крэолу, ці ўкраінскаму ці лацінаамерыканскаму, з яго спецыфічным нацыянальна-культурным паходжаннем (у межах імперыі альбо былой імперыі — але па-за непасрэднай належнасцю да “карэнных”, “імперыятворчых”, “пачатковых” (“вызначальных”) палітыка-культурна-нацыянальных структураў), як кожнаму чалавеку з супольнымі прэтэнзіямі надзвычай патрэбна для соцыяпалітычнага самасцверджання абаперціся на нешта грунтоўнае. Гэтае “нешта” павінна быць вельмі і вельмі важным, бо крэол ува ўкраінскім грамадстве ў выніку спецыфічных гістарычных акалічнасцяў выявіўся раптам у вельмі выйгрышнай сітуацыі і, зразумела, хоча гэтую сітуацыю яшчэ палепшыць. Дзеля гэтага патрэбная цвёрдая глеба пад нагамі, “гістарычная праўда”, а таксама і падсвядомая (сама)упэўненасць у сваёй місіі.

Якой можа быць тая глеба? Традыцыйнае вызначэнне крэольства, у дачыненні да Лацінскай Амерыкі, полісемантычнае: гаворка ідзе і пра нашчадкаў выхадцаў з метраполіі, і пра “мяшанку” як з мігрантаў, так і з мясцовага этнічнага субстрату, але з культурнай арыентацыяй на метраполію. Нешта падобнае адбывалася і ў Расійскай імперыі, надзвычайна падобнай па сваіх рысах на Іспанскую. Хто не верыць, хай возьме першы том “Капіталу” Маркса — усё ж гэта навуковы твор, бо там ніводнага разу не ўжытае слова “камунізм” — і прачытае там бліскучыя апісанні каланіяльнай экспансіі Іспаніі, наступствам якой была, акрамя ўсяго іншага, яўная запаволенасць эканамічнага і палітычнага развіцця метраполіяў. Гэтак жа пры надзвычай хуткім эканамічным развіцці ўкраінскіх земляў у межах Расійскай імперыі яшчэ на пачатку ХІХ стагоддзя выхадцы з Украіны, незалежна ад паходжання, лёгка ўладкоўваліся на ўтульныя месцы ў дзяржаўным і культурным жыцці Пецярбургу і Масквы, але сітуацыя хутка мяняецца, і да “южанаў” у расійскіх сталіцах пачынаюць ставіцца як да не зусім сваіх, як да цікавых, але трохі небяспечных дзівакоў. Магчыма, толькі таму, што ўкраінскія землі былі больш за ўсе астатнія рэгіёны імперыі эканамічна інтэграваныя ў Еўропу.

У адказ крэолы гуртуюцца. Яшчэ не ўсведамляючы канчаткова, чаму і навошта. Так, пры канцы ХІХ — на пачатку ХХ стагоддзя ўзнікаюць шматлікія аб’яднанні прамыслоўцаў “юга России”. Фармуецца тое, што пасля атрымае назву “южнорусской школы” ў красным пісьменстве і “Кіеўскага кола” ў філасофіі. Заўважна тое, што такія розныя Чукоўскі, Радзянка, Бярдзяеў, Шастоў, Цярэшчанка, Луначарскі — ці не першае пакаленне крэолаў, якое “дэсантавалася” за межы Ўкраіны, — пачуваліся ў Расіі еўрапейцамі. Часам — нават чужаніцамі ў еўразійскай Маскве. Узнікае той самы “тэрытарыяльны патрыятызм”, які, замест патрыятызму этнічнага, бачыў асновай магчымай незалежнай Украіны Вячаслаў Ліпінскі, асэнсоўваючы урокі гвалтоўна перарванай нацыянальна-дэмакратычнай рэвалюцыі 1917—21 гадоў.

Падчас той рэвалюцыі ў 1918 годзе ўзнікла і чыста крэольская Ўкраінская дзяржава гетмана Паўла Скарападскага. Рэч ясная, гэта асобная і вельмі цікавая тэма. Узгадаем толькі Міхаіла Булгакава — як афіцэры намагаюцца гаварыць паміж сабой на афіцыйныя тэмы па-ўкраінску, але нарэшце начальнік махае рукой: “Ладно, бросьте! Давайте лучше по существу!” Запісы маёра Мельнічэнкі сведчаць пра існаванне такой практыкі і дагэтуль.

Далей крэолы адыходзяць на другі план. Савецкая ўлада ў 20-х гадах ідзе на кампраміс з украінцамі і падкрэслена высоўвае наперад камуністаў-украінцаў. З канца перыяду “ўкраінізацыі” ў першай палове 30-х гадоў і ўкраінцаў, і крэолаў пачынае выціскаць новасфармаваны савецкі чалавек, спачатку на ніжэйшых узроўнях ўлады, а потым — ужо і на верхніх. Амаль першым прадстаўніком гэтай нацыянальна-культурнай групы на чале КПУ стаў Мікіта Хрушчоў. Далей узнікае своеасаблівы функцыянальны падзел роляў: сярэдняя, а часам і вышэйшая эліта навукі, вытворчасці, гаспадарчага кіравання на тэрыторыі Ўкраіны — для крэолаў; савецкі чалавек — гэта перадусім супрацоўнік партыйнага апарату і работнік індустрыяльных Усходу і Цэнтру; украінец — наменклатурны пісьменнік і часткова навуковец-гумані­тарый, а таксама сержант міліцыі, рабочы правінцыйнага прадпрыемства, калгаснік, некваліфікаваны працаўнік у вялікай прамысловасці. Цалкам заканамерным наступствам гэтай сітуацыі стала тое, што з распадам савецкай сістэмы менавіта крэолы сталі дамінуючай групай у постсавецкай Украіне. Перадусім таму, што ўкраінцы, а асабліва іхная эліта (зразумела, не афіцыйная, а сапраўдная, “нефармальная”), былі ў УССР і на самой справе “пра­кляццем катаванымі”, калі дэманстратыўна не выракаліся ўкраінскасці. Дый тады трэ было са скуры выпінацца, каб давесці сваю лаяльнасць метраполіі. Хіба што камусьці дазвалялася працаваць у “гуманітарным гета” ў строга вызначаных “кампетэнтнымі органамі” межах. Для таго, каб паказаць свету, што Ўкраіна квітнее пад савецкім сонцам. Можна мімаходзь узгадаць, што не выпадкова сярод этнічных украінцаў (а тым больш — украінскамоўных украінцаў) было значна больш дысідэнтаў у адсотках ад агульнай колькасці гэтай лінгваэтнічнай групы, чым сярод іншых лінгваэтнічных групаў у УССР, нават больш, чым сярод габрэяў. У камуністычныя часы савецкія людзі, створаныя ўладай у “таталітарным плавільным тыглі”, па сваёй сутнасці цудоўна падыходзілі на ролю выканаўцаў усіх узроўняў і — часткова — наменклатуры. Крэольства, незадаволенае і “саюзным центрам” (сціплы псеўданім метраполіі), які па-дурному абмяжоўваў якую-кольвек актыўнасць у саюзных рэспубліках (досыць сказаць, што будаўніцтва кожнай (!) грамадскай прыбіральні ў падземным пераходзе ў гарадах так званых “нацыянальных рэспублік” — усіх, акрамя Расійскай Федэрацыі — зацвярджалася ў Маскве ў шасці (!!!) міністэрствах), і камуністычнай дагматыкай з яе нежаданнем зважаць на жывога чалавека, апаноўвала галоўным чынам прагматычныя пасады. У 1990—1991 гадах, пераканаўшыся ў немагчымасці трансфармаваць імперыю і прагнучы пазбыцца свайго вечна правінцыйнага і другараднага статусу, яно разам з украінцамі стварыла адзіны фронт у барацьбе супраць СССР, пры тым пастаянна робячы рэверансы ў бок свайго “другога Я”, маўляў, “нельга рэзаць па жывым”. Пакуль шчырыя ўкраінцы і іхнія лідэры (вымушана — амаль усе выключна гуманітарыі; як сказаў Яўген Маланюк1, “калі ж у нацыі няма правадыроў, тады правадыры яе — паэты”) займаліся гуманітарна-лінгвістычнымі праблемамі, крэолы за пару гадоў узялі ў рукі лейцы дзяржаўнага кіравання і эканомікі на ўсіх узроўнях.

Гэта было не найгоршае з таго, што магло здарыцца. Крэольскі прагматызм на пачатку 90-х адначасова і зруйнаваў украінскую эканоміку, і выратаваў яе ад поўнай і канчатковай катастрофы. Пакуль украінскае грамадства віравала пад лозунгамі “адраджэння мовы” і “барацьбы з Масквой”, а “чырвоныя дырэктары” чакалі, што ж будзе далей, крэолы незаўважна для ўсіх прыватызавалі і недзе прадалі, зразумела па шалёна дэмпінгавых цэнах, маёмасць былой Савецкай арміі ад танкаў да танкісцкіх камбінезонаў, якая, паводле ацэнак экспертаў, каштавала не менш за 50 мільярдаў долараў. Зразумела, большая частка грошай асела ў афшорных зонах (нагадваю, цэны продажу былі дэмпінгавымі, таму зарабілі прадаўцы, відавочна, недзе ў пяць разоў менш, чым мог бы прынесці продаж-па-сабекошце), але некалькі мільярдаў “зялёных” уліліся ў пераважна купонную ўкраінскую эканоміку. Таксама ў масавым парадку найбольш спрытныя прадстаўнікі гэтай аб’яднанай групы вывезлі за мяжу па тых жа дэмпінгавых цэнах увесь метал, што кепска ляжаў. І зноў-такі, вынікам стала напампоўванне ўкраінскай эканомікі (спачатку ценявой) далярамі і маркамі. Гэта першае. А другое, яшчэ больш важнае, — гэта няздольнасць украінцаў выконваць кіраўнічыя функцыі, то бок быць рацыянальнымі бюракратамі. Гаворка ідзе, зразумела, не пра прыроджаную нацыянальную рысу, а пра вынік мэтанакіраванай сацыяльнай селекцыі на працягу прынамсі 230 гадоў, ад моманту ліквідацыі Гетманшчыны (прытым на Заходняй Украіне КДБ спрацаваў так паспяхова, што дастаткова было 40 гадоў, каб істотна, хаця і не да канца, разбурыць уменне галічанаў, валынцаў, букавінцаў і закарпатцаў тварыць структуры “другога” і “трэцяга” сектараў).

Паралельна, пакуль украінцы намагаліся рэалізаваць лозунг “Прэч ад Масквы!”, а савецкае грамадства ўпотайкі чакала, калі ж тыя спробы закончацца катастрофай, крэольства масава і паспяхова кінулася наладжваць дзелавыя стасункі з ельцынскай Расіяй і ў справе пастаўкі энерганосьбітаў (ясная рэч, раскрадаючы з іх палову), і ў справе аднаўлення разарваных тэхналагічна-вытворчых сувязяў на рынкавай аснове (зноў жа, з салідным цэнавым наварам), і ў плане канвертацыі рубля/купона/карбаванца (якую не змаглі альбо, хутчэй, чамусьці не пажадалі забяспечыць Нацбанк Украіны і Цэнтрабанк Расіі). Як спадчына — паноўныя пазіцыі ў эканоміцы новай Украіны аказаліся ў крэольскіх руках, а пасля, за вельмі кароткі час — і пазіцыі палі­тычныя.

Апынуўшыся ў верхніх эшалонах грамадскай і фінансавай улады, крэол адчувае падсвядома-свядомую патрэбу на нешта абаперціся. Для выгляду ён можа апеляваць да сакральных украінскіх імёнаў і тэкставых фрагментаў, але рэальна, для сябе і для “сваіх” ён будзе абапірацца на нешта істотна адрознае ад украінскай культуры, якой ён не ведае і якая яму маладаступная, бо культура гэта не толькі мова, якую можна вывучыць на паскораных курсах, і галоўным чынам не мова, а сукупнасць кодаў, сэнсаў, пакладзеных у соцыякультурнае быццё. Уласна, гэта элемент масіву самога таго быцця, упісанага ў наваколле (Каб нязмеранае поле, Дняпро і абрывы...2) Стаць суперукраінцам, пераплюнуўшы экс-дысідэнтаў, адзетых у свае вышыванкі, у патрыятызме ці веданні паэзіі Яўгена Маланюка? Што ж, і гэта магчыма ў асобных выпадках, але надта складаны гэты шлях. Прасцей абаперціся на тое, што ў значнай меры ад пачатку існуе на жыццёвым абшары крэола, што з’яўляецца арганічным элементам ягонага жыццёвага свету. А менавіта — на магутную традыцыю, дзейсную яшчэ ў імперыі, якую крэол лічыць, і досыць слушна, сваім творам і сваёй здабычай. Што з таго, што час імперыі мінуў? Імперыі прыходзяць і адыходзяць. Іхняя спадчына належыць крэолу. Так ён змагаецца за спадчыну з “карэннымі русакамі”, з былой метраполіяй, і небеспаспяхова.

Іншая прычына звароту не да ўкраінскай традыцыі — тое, што ўкраінцы, згуртаваныя ў нацыянальна-дэмакратычныя партыі, на пачатку 90-х гадоў былі канкурэнтамі крэолаў у барацьбе за палітычнае панаванне ва Ўкраіне. За ўкраінскім некрэольскім грамадствам стаіць сапраўды магутная прафесійная і фальклорная культура. Украінства, як бы гэта смешна для кагосьці ні гучала, мае моцныя традыцыі, вялікія імёны, людзей — нашых сучаснікаў, духоўна магутнейшых за саўковых і нават шматлікіх чыста крэольскіх куміраў. Прытым гэтыя людзі знаходзіліся ў паслядоўнай апазіцыі да імперыі. У гэтым прынцыповае адрозненне ўкраінскай культуры з яе выпрацаванай вытанчанай літаратурнай мовай сталіцаў ад культуры амерыкана-індзейскай ці народаў Трапічнай Афрыкі.

Яшчэ адна прычына адсутнасці апірышча на ўкраінскае — наступная. Амаль усе крэолы шчыра перакананыя (напэўна, лямант сяброў Саюзу пісьменнікаў разам са шчыра патрыятычнымі палітыкамі і публіцыстамі пераканаў іх у гэтым), што ўкраінскую культуру за мінулыя стагоддзі настолькі ўжо білі і катавалі, што яна не можа стаць надзейнай асновай сучаснага дзяржаўнага быцця Ўкраіны, што ўкраінцы здольныя толькі на паразы і скаргі. Таму асновай Украінскай дзяржавы можа выступаць толькі сама Ўкраінская дзяржава. Незалежна (шчодры жэст!) ад нацыянальна-культурнай спадчыны. Надзвычайна паказальным у гэтым плане быў леташні чыстасардэчны жэст прэзідэнта Леаніда Кучмы: маўляў, для найвышэйшага вызначэння карыснай для Ўкраіны дзейнасці журналістаў трэба вывесці намінацыю “журналістыка” з Нацыянальнай прэміі імя Шаўчэнкі і перадаць Дзяржаўнай прэміі Ўкраіны. І — вывелі і перадалі. Зразумела, што Ўкраінская дзяржава вышэйшая за ўкраінскую нацыю і за ўкраінскага ж Шаўчэнку.

Спектр стаўленняў крэолаў да Ўкраіны і ўкраінскай культуры звычайна не зводзіцца толькі да апісанага вышэй (гэта — так бы мовіць, “дамінантная лінія”). У рэчаіснасці тут назіраем Алеся Бузіну3 з ягоным шкадаваннем, што, маўляў, больш ужо няма як служыць сканалай імперыі, і стаўленнем да ўсіх персанажаў украінскай гісторыі і культуры як да нягеглых (п’яніца Хмяльніцкі, вурдалак Шаўчэнка, бяздарныя палкаводцы Мазэпа і Пятлюра, нават рэдактар часопісу “Лель” Чыркоў няздольны друкаваць сапраўдную эротыку) — прыкметна, што ўсё гэта разам з абсалютнай глухатой да класічнай расійскай мовы і культуры, без адчування іроніі і самаіроніі расійскіх класікаў. Назіраем і Аляксандра Зінчанку4, які нават у сябе на тэлеканале “Інтэр” згодны трошкі даць украінскай мовы, і сам публічна нярэдка выступае па-ўкраінску, і шчыра перакананы, што менавіта ягоныя дзеянні як палітыка змогуць даць нейкі парадак “этой Богом забытой Украине”. Назіраем і хамска-панскае стаўленне крэольскіх выскачак да Ігара Білазора, якое скончылася ягоным дэманстратыўным, амаль рытуальным забойствам. З іншага боку, такім самым фактам з’яўляецца спачувальна-праўкраінская пазіцыя (скажам, кіяўляніна Мірона Пятроўскага, Ігара Кручыка і шматлікіх іншых інтэлектуалаў).

Тым часам трапляецца і штосьці шчыра-крэольскае, аж да смешнага. У праграме Партыі славянскага адзінства запісана, у прыватнасці, што вя­шчанне дзяржаўных радыё і тэлебачання павінна весціся на мове, заснаванай на кіеўска-палтаўскім дыялекце. Уявім патрабаванні якой-небудзь расійскай партыі, каб праца расійскіх СМІ грунтавалася на аснове маскоўска-курскага дыялекту! Быццам і не існуе вырабленых, адпрацаваных літаратурных моваў. Смешна? Але не для тых, хто ставіцца да “хахлоў” як да тубыльскага племені. Падсвядомая логіка мыслення вельмі простая: хай яны пад нашым мудрым кіраўніцтвам нанова ствараюць сваю мову, пры выпадку выкінуўшы прэч Шаўчэнку (ён не меў шчасця нарадзіцца на тэрыторыі гэтай дыялектнай групы), Франка, Лесю Ўкраінку, Багдана-Ігара Антоніча, Яўгена Маланюка, Юр’я Андруховіча і Аксану Забужку. Шчыра. І невыпадкова.

Для крэольства Ўкраіна — маладая дзяржава. Амерыканскі сенат прывітаў сёлета Ўкраіну з “дзесяцігоддзем аднаўлення незалежнасці”. Улада ў самой Украіне святкавала “дзесяцігоддзе незалежнасці”. Як сказана ў папулярнай тэлерэкламе, “адчуйце розніцу”. Яна грунтоўная. “З днём нараджэння, украінская дзяржава!” “Наша маладая Ўкраіна!” “Дзесяць год таму нарадзілася наша ўкраінская дзяржава!” — такія і падобныя лозунгі (ясная рэч, чысцюткай украінскай мовай) гучалі і на святочным канцэрце 24 жніўня 2001 году, і ў праграмах дзяржаўнага ўкраінскага радыё і тэлебачання, і, нарэшце, у выступленнях важных чыноўнікаў, разам з прэзідэнтам, і нават у заявах часткі апазіцыянераў (напрыклад, партыі “Бацькаўшчына”). Вельмі паказальная рэч. Аднак усё ж рэальна ўкраінская дзяржаўнасць была адноўленая ці створаная — як каму падабаеццца — у 1917 годзе, і далей нейкі час існавала ў дзвюх формах — УНР і УССР. Пасля 1921 году ўрад УНР знаходзіўся ў выгнанні, што таксама, між іншым, з’яўляецца своеасаблівай формай “кансервацыі” дзяржаўнасці. Намінальна ж на тэрыторыі Ўкраіны існавала такая сацыялістычная дзяржава, як УССР — сузаснавальнік ААН, між іншым! Аднак нават УССР у якасці формы дзяржаўнасці крэолы “забываюць”, хаця наагул савецкі перыяд лічаць “сваім”, бо, калі абмяжоўвацца УССР, давя­дзецца пазбавіцца прэтэнзіі на імперскую культурную спадчыну, на аснову ўпэўненасці ў сабе “вялікага ўкраінскага крэольскага народу”. Крэолы пішуць гісторыю Ўкраінскай дзяржавы нанова, як уласнай дзяржавы. З нуля. З чыстага аркуша. Як, скажам, гісторыю Мексікі ці Перу — мясцовыя крэолы. Пры гэтым адначасова раскланьваюцца ў бок імперскай гісторыі і культуры — а таксама дэманстратыўна ўшаноўваюць украінскія старажытнасці. У Мексіцы таксама шануюць мастацтва эпохі ацтэкаў. А як жа — старажытнасці ў сучасным свеце рэч шанаваная, дый, галоўнае, перавагу над савецкім грамадствам крэолы атрымаюць толькі супольна з часткай украінскага грамадства. Такім чынам, патрэбны пэўны кампраміс.

Пры гэтым крэольская бескампраміснасць існуе і ў “лабараторна чыстым выглядзе”. Аж занадта паказальным у гэтым плане быў праект Канстытуцыі Ўкраіны, прапанаваны яшчэ на пачатку 90-х гадоў партыяй кадэтаў. Паводле задумы ягоных творцаў, устаноўчы сход павінен быў закласці (!) Дзяржаву Ўкраіна, ухваліўшы своеасаблівы пакт, у якім насельніцтва пэўнай тэрыторыі абвяшчала (!) сябе новай нацыяй. Сапраўды, “ідэальная сутнасць” у чыстым выглядзе, ці не так?

Яшчэ адна ўзорна-паказальная сітуацыя. Міністр адукацыі і навукі акадэмік Васіль Крэмень не так даўно заявіў у радыёінтэрв’ю: маўляў, помнік Леніну на Храшчаціку трэба зберагчы, бо гэта “наша гісторыя”. Сапраўды: на адным канцы Храшчаціка — Ленін, на другім — манумент Незалежнасці. Вось гэта і ёсць крэольская гісторыя, гісторыя крэольскай Украіны.

У выніку для крэольскага вуха нармальна гучыць назва “Закрытае акцыянернае таварыства “Завод імя Ільіча”, хаця для нармальнага палітычнага ўкраінца ці расійца Ільіч — гэта пачвара, а для “саўка” кашмарам з’яўляецца само словаспалучэнне “закрытае акцыянернае таварыства”.

Характэрнае і стаўленне крэолаў да рэабілітацыі (уласна, прызнання) Украінскай Паўстанцкай Арміі (УПА). Калі ўкраінцы і “саўкі” тут маюць дыяметральна супрацьлеглыя, несумяшчальныя пазіцыі, дык крэолы хаця і не супраць прызнання УПА, але і не за. Усё ж УПА — гэта нешта прынцыпова чужое і не вельмі зразумелае для іх. Тое галоўнае, мабыць, у іншым: наступствам прызнання УПА, выхавання вайскоўцаў на “традыцыях УПА” (любая армія свету павінна выхоўвацца на чыіхсьці традыцыях) будзе істотнае ўзмацненне, так бы мовіць, кампаненту ўкраінскасці ў масавай свядомасці. Наступствам гэтага будзе пагроза дамінуючаму становішчу крэольства ў грамадстве. Выходзіць, што УПА ніколі не будзе прызнаная ва Ўкраіне большасцю — крэоламі і “саўкамі”. А вось праваабаронцы прызнаныя. “За” гэтае прызнанне выступілі крэолы плюс украінцы.

Як ужо гаварылася вышэй, стаўленне да незалежнасці Ўкраіны ў крэольскім асяродку адчувальна эвалюцыянавала. Уладзімер Грынёў, адзін з лідэраў крэолаў, а ў 1990—94 гадах намеснік кіраўніка парламенту, у свой час казаў: “Я не магу сказаць, ці трэба нам браць удзел у Новаагароўскім працэсе распрацоўкі новае Саюзнае дамовы, бо не ведаю, ці гэта нам карысна. Трэба грунтоўна прадумаць”. І яшчэ: “Я не ведаю, ці трэба нам праводзіць свой асобны чэмпіянат па футболе. Трэба ведаць, ці гэта карысна”. І гэтак далей. То бок для ўкраінца незалежнасць Украіны матывавалася тым, што гэта Ўкраіна. І ўсё. “Украіне — волю!” Аргументы непатрэбныя, калі гаворка пра відавочнае. Сапраўды, частка ўкраінцаў да пары верыла, што найлепей (не найкарысней!) Украіне будзе ў мадыфікаваным Савецкім Саюзе, потым большасць пераканалася, што гэта не так, і стала на незалежніцкія пазіцыі. А крэольская пазіцыя была заснаваная на тым, наколькі карысная для іх незалежная Ўкраіна. Паказальна, што Леанід Кучма быў запісаны ў анкеце Вярхоўнай Рады 1990 году як “расіец” (хто б інакш прызначыў яго на тэрыторыі УССР дырэктарам стратэгічна важнага “Южмашу”). Сітуацыя змянілася, і прэм’ер Украіны Кучма быў ужо “ўкраінцем”, хаця ўкраінскамоўныя тэксты для яго пісалі расійскімі літарамі (украінскай мовай, транскрыбаванай расійскім алфавітам!). Карысць станавілася ўсё больш адчувальнай, і практычна ўсе крэольскія лідэры сталі дзяржаўнікамі недзе пасля сярэдзіны 90-х гадоў, у час, адзначаны прыходам гэтай групы да ўлады фармальнай і нефармальнай, прыходам на ключавыя пазіцыі ў палітыцы, эканоміцы, СМІ. Аляксандр Волкаў, Рыгор Суркіс, Віктар Пінчук, Уладзімер Гарбулін, Сяргей Цігіпка, Рынат Ахметаў. Спіс не скончаны.

Вялікую цікавасць уяўляе сюжет “Незалежнасць і крэольскія алігархі”. (Іншых, дарэчы, ва Ўкраіне не можа быць. Нават Павал Іванавіч Лазарэнка, які заслужыў у вельмі патрыятычнай прэсы тытул “сапраўды ўкраінскага алігарха” — у супрацьвагу “ўсялякім там Суркісам”, — тыповы крэол. Досыць уважліва прачытаць праграму яго партыі “Грамада” ці праслухаць выступленні самога Паўла Іванавіча.) Уласна, што пагражае Ўкраіне? Кажуць, больш за ўсё, сакраментальны доўг Расіі — паўтара мільярда долараў за газ. Хоць папраўдзе гэты доўг — выдатная нагода, каб палохаць шчырых украінскіх патрыётаў і прымушаць іх міжволі гуртавацца вакол прэзідэнцкай адміністрацыі і іншых “дзяржаўніцкіх структур”. Тыя ж паўтара мільярда для алігархаў-крэолаў, у прынцыпе, не праблема. Калі Расія сапраўды прыцісне, і алігархам сапраўды трэ будзе бараніць незалежнасць Украіны, яны скінуцца і заплацяць гэтую суму. Бо алігархам-крэолам ёсць, што губляць. У межах адноўленай імперыі яны ніхто. Яны — шасцёркі. Іхнае становішча будзе яшчэ горшым, чым было да 1991 году, калі ўсе (і не толькі кіраўнічыя) ролі былі падзеленыя. Зразумела, Рыгор Суркіс (Украіна) зусім не рамантык па пакліканні і не думае, што яго дамоўленасці з Раманом Абрамовічам (Расія) сумленна будуць выконвацца апошнім. Не, Суркіс ведае, што яго з найменшай нагоды будуць шчыра “мачыць у сарціры”. Дык вось — хай жыве незалежная (ад калегаў з Масквы) дзяржава Ўкраіна!

Тут усплывае сюжэт “крэолы і першаснае назапашванне капіталу”. У кожнага народу існуе традыцыйная этнічная мараль, якая стае зазвычай і элементам маральных правілаў сучаснай нацыі. Этнічная традыцыйная мараль — гэта элемент, які стрымлівае, перашкаджае безагляднай эксплуатацыі і рабунку сваіх супляменнікаў, без чаго першаснае назапашванне немагчымае. Такая мараль асуджае празмернае багацце і стымулюе “справядлівае пераразмеркаванне” назапашанага сярод “сваіх”. (Існуюць і выключэнні. Скажам, у габрэяў часоў Сярэднявечча, што бліскуча апісаў малады Карл Маркс.) Спрыяе капіталістычнаму прагрэсу і трансфармаваная ў гарніле пратэстантызму традыцыйная мараль еўрапейскіх народаў, якую апісаў Макс Вэбэр. У народаў з праваслаўнай традыцыяй інакш: традыцыйная мараль не мадыфікаваная, яна тармозіць першаснае назапашванне. Але калі ёсць свабода ад этнічнай маралі, тады дасягаецца поспех. У саміх крэолаў этнічная мараль адсутнічае паводле азначэння. У савецкіх людзей салідарнасць, скіраваная на свой этнас, падмяняецца “справай камунізму”, “партыяй”, “інтэрнацыянальным абавязкам”, якія таксама тармозяць справу рабунку бліжняга ў імя ўзбагачэння. Крэолам жа з іхнім прынцыповым прагматызмам вельмі падыходзіць для падсвядома-свядомага апраўдання сваіх справаў Ленін з ягоным “у марксізме няма ні грану этыкі” і “маральна ўсё, што служыць камунізму”. Зразумела, камунізм тут падменены ў ідэальным варыянце перамогай рынку, у цынічна-прагматычным — інтарэсамі ўласнай кішэні.

Ад першаснага назапашвання зноў вернемся да справы стварэння дзяржавы і нацыі. Дзяржава павінна мець войска. А ўкраінская “дзяржаўніцкая дзяржава” — тым больш, хоць і галодненькае, але прыгожае на парадах. Зразумела, што гэтае войска выхоўваецца на традыцыях тых, хто ваяваў пад чырвонымі сцягамі (на пачатку 90-х спробы тагачаснага міністра абароны Канстанціна Марозава прышчапіць іншае былі няўдалымі) і досыць мае старых чырвоных сцягоў з партрэтамі Леніна. У гэтым войску ў вялікай пашане так званыя “воіны-афганцы”. Іх узнагароджваюць на святы ордэнамі незалежнай Украіны — за майстэрскае забойства афганскіх жанчын і дзяцей. Цынічна, але шчыра, па-крэольску. І яшчэ дэталь: крэольскае войска і ваяваць будзе за крэольскую свабоду. Наіўныя патрыёты (у тэрміналогіі Міколы Рабчука — “украінскія кацыкі”) думаюць, відавочна, інакш. Яны сіляцца выхоўваць войска на традыцыях барацьбы за незалежнасць, але ў 2001 годзе ўплыву тых традыцыяў менш, чым дзесяць гадоў таму, на пачатку стварэння ўзброеных сілаў Украіны.

Дзяржава немагчымая і без шматпартыйнасці.

Практычна ўсе крэольскія партыі — гэта так званыя “цэнтрысты-прагматыкі”. Хаця, паводле дэкларацыяў, сярод тых “цэнтрыстаў” ёсць і лібералы, і кансерватары, і хрысціянскія дэмакраты, і сацыял-дэмакраты, і нават (!) “абноўленыя камуністы”.

Украінскія партыі і самі традыцыйна залічваюць сябе да “правых” альбо “правацэнтрыстаў”, і даследчыкі размяшчаюць іх тамсама.

Сярод левых усё значна больш складана. Спачатку ў незалежнай Украіне ўзнікла Сацпартыя — як мяшанка ўсіх левых сілаў. Далей вылучылася КПУ — чыста савецкая партыя, якая гэтага не хавае і ўваходзіць у СКП-КПСС. Электаральная і кадравая база КПУ — савецкі чалавек, які гэтым і ганарыцца, Усход і Поўдзень краіны. Далей вылучаецца Прагрэсіўная сацыялістычная партыя (Цэнтральны Ўсход). Гэта ўжо тыпова крэольская партыя з актыўным адмаўленнем усяго ўкраінскага (маўляў, галічане — гэта не ўкраінцы, хай яны не замінаюць украінцам жыць, як было заяўлена на адным з мітынгаў ПСПУ) і з актыўным адмаўленнем усяго савецкага ў асобе КПУ, што, маўляў, таксама замінае працоўным у барацьбе за іхныя правы. ПСПУ чыста па-крэольску спрабуе прыўлашчыць сабе нешта “шчыра ўкраінскае”, напрыклад, назву для газеты — “Досвітні вогні” (з верша Лесі Украінкі). Патрапаная за мінулыя гады Сацпартыя тым часам распалася. Тое, што ад яе засталося, — гэта, у нечым нават змушана, не крэольская і не савецкая, а ўкраінская левая арганізацыя. Невыпадкова галоўная маса яе выбаршчыкаў і кадравага патэнцыялу — гэта жыхары Цэнтральнай Украіны. Апошняя праграма Сацпартыі стала ўласна ўкраінскай левай праграмай. Пад ёй мог бы падпісацца і лідэр украінскіх сацыял-дэмакратаў перыяду Ўкраінскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1917—21 гадоў Уладзімір Вінічэнка.

Калі ўкраінскім нацыянальна-культурным трохчленам з’яўляецца формула: крэолы—ўкраінцы—“саўкі”, то ў Расіі гэтая формула пішацца так: метэкі—расійцы—“саўкі”. Думаю, што чытачу ARCHE не патрэбнае тлумачэнне канцэптуальнай метафары “метэк” у стасунку да сённяшняй Расіі. Гаворка ідзе не пра самую “пятую графу”, а пра рэчы больш глыбінныя на постсавецкай прасторы: метэк — чалавек, у асноўным пазбаўлены сапраўднай расійскасці, але разам з тым пазбаўлены і савецкасці. Варта адзначыць, што Расія, як і Ўкраіна, гэта таксама дзяржава без нацыянальна-культурнай большасці. Барацьба за лідэрства там выглядае яшчэ больш зацятай. Метэкі прагнуць давесці, што яны больш “дзяржаўна-расійскія за расіян”, каб атрымаць “унутранае права” ўва ўласнай падсвядомасці ці каб кіраваць дзяржавай (Беразоўскі, Мігранян, Кара-Мурза, Лебедзь, Паўлоўскі і г.д.), ці каб працягваць расійскую апазіцыйную традыцыю (Старавойтава, Шустэр, Яўлінскі, Кірыенка, Нямцоў і г.д.).

У імперыі (з гледзішча метраполіі) крэол, уласна, вельмі часта выглядае метэкам. То бок “некарэнным” жыхаром з кругам правоў, абмежаваным з прычыны паходжання, не абавязкова этнічнага, больш значыць паходжанне з правінцыі. Абмежаваным найчасцей не паводле пісаных юрыдычных нормаў, а як вынік няпісаных законаў, традыцыі. Таму крэольскі нацыяналізм і метэцкі вялікадзяржаўны шавінізм гэта на самой справе два вымярэнні аднаго і таго ж феномену — спробы самасцверджэння ў імперскай палітычнай прасторы “падданых другага гатунку”. Хіба што гэтае самасцверджанне адбываецца палітычна вельмі рознымі (але надзвычай падобнымі паводле сацыякультурных схемаў) спосабамі. І яшчэ адно: і тыя, і другія дужа любяць КВК і з’яўляюцца яго галоўнымі ўдзельнікамі і гледачамі.

Гэта сапраўдны апофегей (Юры Палякоў) крэольства — Клуб вясёлых і кемлівых. Заканамерна выціснуты з Расіі (дзе ён заўсёды быў антысавецкім, а адначасова — адкрыта метэцкім, досыць толькі поглядзець часам на “пятую графу” кагосьці з ягоных актыўных дзеячоў і заснавальнікаў, а галоўнае — на перыферыйнае, правінцыйнае паходжанне), ён заканамерна ўгняздзіўся ва Ўкраіне як крэольскай дзяржаве. Цікавы феномен для даследавання: супольная гумарыстычная прастора крэолаў-метэкаў. Ён не карыгуеццца ні з украінскай, ні з расійскай нацыянальнымі культурамі, і адначасова ідэала­гічна ён, безумоўна, не савецкі, а пераважна антысавецкі. Такім чынам — гэта крэольска-метэцкі выраб у чыстым выглядзе, які яднае гэтых слаўных хлопцаў насуперак дзяржаўным межам (разам з эмігрантамі ў ЗША, Германіі, Ізраілі).

Але па-за КВК палітычна украінскія крэолы ўсё больш (асабліва па меры набліжэння да кіраўнічых пасадаў і вышыняў бізнэсу) адстойваюць незалежнасць Украіны і інтэграцыю ў Еўропу. Да Еўропы крэолаў цягнула яшчэ на пачатку стагоддзя і, тым больш, цягне цяпер. Збольшага для іх няма прынцыповай розніцы: ці разам з Украінай да Еўропы, ці персанальна, ці Украіна разам з Расіяй — марш-марш еўрапейскім вектарам. Апошні варыянт нават у нечым больш зручны для крэольскага ўспрымання, паколькі дазваляе жыць у звыклым культурным коле маскоўскай поп-культуры. Зноў-такі, дзейнічае той самы прагматычны прынцып, пра які ўжо йшла гаворка. Але нават тыя, хто дэманстратыўна піша на сваіх партыйных сцягах: “Да Еўропы разам з Расіяй” — насамрэч даўно ўжо асвойталіся ў Еўропе, адпачываюць там, трымаюць грошыкі ў тамтэйшых банках і не ўяўляюць сябе без Еўропы. І хаця “душа” яшчэ не можа развітацца з Еўразіяй, “цела” (тым больш — “праксіс”) ужо за Дунаем, Цісай і Заходнім Бугам.

Бяда Беларусі ў тым, што там надта мала сваіх крэолаў. Пераважае савецкі чалавек ды яшчэ данацыянальная істота — “тутэйшы”.

І апошняе. Ва Ўкраіне частка крэольства (пакуль нязначная) — пераважна моладзь — ідзе далей. Для яе знакавыя жэсты расійскай культуры — не меншая правінцыя, чым украінская. Яны арыентуюцца непасрэдна на заходні свет, на “англакіеўскі суржык”. “Саўковая” традыцыя і постсавецкая рэальнасць для іх — “адстой”. Гэтая публіка ахвочая выязджаць на Захад, дзе намагаецца дэманстратыўна і як мага хутчэй пазбыцца азначаных прыкметаў свайго паходжання. З іншага боку, частка арыентаванай на захад крэольскай моладзі засвойвае і ўласцівую заходнюю традыцыю нацыянальнай — у сэнсе дзяржаўнай — самаідэнтыфікацыі. Яна ахвотна размахвае на міжнародных футбольных матчах з удзелам украінскіх камандаў сіня-жоўтымі сцягамі, нават расфарбоўвае свае твары ў украінскія нацыянальныя колеры. Навучаючыся за мяжой, гэтыя маладзёны дэманстратыўна апранаюцца ў сіня-жоўтае, хаця і гавораць па-расійску (і па-ангельску) і знаходзяцца ў коле маскоўскай папулярнай культуры.

Такім чынам, можна зрабіць выснову, што, нягледзячы на больш чым стогадовую традыцыю нацыянальна-культурнага тварэння, якая стаіць за ўкраінскім крэольствам, апошняе яшчэ толькі ўваходзіць у этап канчатковага самавызначэння. Што стане ягоным вынікам? Другая, побач з “чыстымі” ўкраінцамі, дзяржаватворчая нацыя ва Ўкраіне? “Дзвюхгаловая” ўкраінская палітычная нацыя? Інтэграцыя з метэкамі і расійцамі?

Апошняе — найменш верагоднае.

У Энтані Сміта сярод аперацыйных комплексных азначэнняў нацыі знаходзім і такое: гэта сукупнасць людзей, якая мае ўласную назву, сваю гістарычную тэрыторыю, супольныя міфы і гістарычную памяць, супольную масавую, грамадскую культуру, супольную эканоміку і адзіныя юрыдычныя правы і абавязкі для ўсіх яе членаў. Дадаць да гэтага можна і словы Артэгі-і-Гасета: нацыя здольная ствараць супольны праект будучага. А як у гэтым сэнсе з крэоламі, якія прагнуць згуртаваць вакол сябе (ці нават у сабе) усю Ўкраіну?

З назвай, здаецца, яшчэ далёка не ўсё вызначылася: хаця сёй-той і ўсміхаецца пры словах “украінскі народ”, але яны ўвайшлі ў Канстытуцыю. З іншага боку, вайскоўцы прысягаюць “народу Ўкраіны”, то бок з юрыдычнага боку — увогуле чамусьці неіснуючаму. Аднак са словазлучэннем “украінская палі­тычная нацыя” пагаджаюцца нават і некаторыя “чырвоныя”. Магчыма, да гэтага ўсё і йдзе.

Свая гістарычная тэрыторыя — гэта рэч дужа загадкавая. Крэолы і ўкраінцы адназначна ўважаюць Украіну сваёй Бацькаўшчынай. Але для крэола “айчыннае” — гэта яшчэ і савецкае. А яшчэ — імперскае. Дый чыста ра­сійскае для яго не іншаземнае, хаця і не зусім сваё (а часам і зусім не сваё, калі гаворка йдзе пра палітычную традыцыю). Таму не выпадкова сучасныя крэолы хістаюцца між еўразійством і еўрапействам, разрываючыся паміж абсалютнай немагчымасцю прызнаць Чукотку ці Туву ўласнай Бацькаўшчынай і нежаданнем адмаўляцца ад імперскай спадчыны.

Міфы — гэта гістарычная памяць. З імі яшчэ горш. Грушэўскі ў сучасным афіцыйным (чыста крэольскім міфе) фігуруе разам з Леніным, а Шаўчэнка — побач з Пушкіным. Вялікая айчынная вайна — гэта дагэтуль “сваё”. А вось Бандэра і Сталін — гэта зусім не “свае”. Сахарава і Стуса ж афіцыйная міфалогія проста замоўчвае.

З адзінымі юрыдычнымі правамі і абавязкамі і супольнай грамадскай культурай незалежнай Украіны — усё нібыта OK. Пярэчанняў няма ні з боку украінцаў, ні з боку крэолаў, і ў гэтым яны супрацьстаяць савецкім людзям. Хаця на практыцы юрыдычныя нормы дружна парушаюць усе. Аднак як збудаваць тую культуру ўвогуле па-за украінскай традыцыяй (звычаёвым правам, у прыватнасці, традыцыямі грамадзянскай супольнасці, якія на тэрыторыі Ўкраіны найбольш поўна ў ХХ стагоддзі выпрацаваліся ў Галіччыне)? Як гэта зрабіць нават з выкарыстаннем у пэўных (афіцыйных) выпадках украінскай мовы?

І прыканцы — пра праект супольнай будучыні. Цікавую думку давялося нядаўна пачуць у асяродку маладых харкаўскіх расійска-англамоўных інтэлектуалаў: маўляў, “заходнікі”-галічане дужа замінаюць фармаванню ўкра­інскай нацыі. Увогуле, выяўляецца, заходні рэгіён, не здатны на эканамічнае развіццё, заклапочаны толькі моўнымі праблемамі, з’яўляецца цяжарам для ўкраінскай дзяржавы. Калі б яго не было — выхад з эканамічнага крызісу быў бы ўжо не тое што рэальнасцю апошніх двух гадоў, а Ўкраіна ўжо пера­гнала б Польшчу. Што ж, думка цалкам лагічная. Такім чынам, украінская нацыя рэальна можа скласціся альбо на аснове крэолы + украінцы (са звя­дзеннем да мінімуму колькасці савецкіх людзей і пазбаўленнем расійцаў статусу нязначнай меншасці), альбо гэта будуць крэолы без украінцаў, праглынутых альбо выціснутых на перыферыю, у “рэзервацыю Галіччына”, на ўзор індзейцаў). Альбо адбудзеццца рэстаўрацыя імперыі (ці толькі Расійскай, ці Расійска-Савецкай), што стане крахам і крэольства, і ўкраінства, а таксама ўкраінскага нацыятварэння ў якім-кольвек варыянце. Таму крэолам спакуса спярша ліквідаваць супольнымі высілкамі “саўка” як уплывовую грамадскую сілу, а потым загнаць украінцаў у нацыянальна-культурнае гета і канчаткова забяспечыць сваё прагматычнае панаванне ў паўеўрапейскай Украіне. Такая спакуса прысутнічае і будзе прысутнічаць у крэольскім асяродку.

Пераклаў з украінскай Зміцер Серабракоў

паводле аўтарскага арыгіналу


Новые статьи на library.by:
ПОЛИТИКА:
Комментируем публикацию: Украіна наша крэольская


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

ПОЛИТИКА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.