Відавочнае і неверагоднае ў пабудове дэмакратыі

Политология, современная политика. Статьи, заметки, фельетоны, исследования. Книги по политологии.

NEW ПОЛИТИКА

Все свежие публикации

Меню для авторов

ПОЛИТИКА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Відавочнае і неверагоднае ў пабудове дэмакратыі. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь глазами птиц HIT.BY! Звёздная жизнь KAHANNE.COM Мы в Инстаграме
Система Orphus

Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-28

ИСТОЧНИК: ИНФОРМАЦИОННО-АНАЛИТИЧЕСКИЙ БЮЛЛЕТЕНЬ ФОНДА СООРОСА "ОТКРЫТОЕ ОБЩЕСТВО"

Iрына ЕКАДУМАВА,
магiстрант факультэта палiталогii Маскоўскай вышэйшай школы сацыяльных i эканамiчных навук

ВIДАВОЧНАЕ I НЕВЕРАГОДНАЕ Ў ПАБУДОВЕ ДЭМАКРАТЫI
Незалежна ад таго, задаволеныя грамадзяне жыццём у сваёй краiне цi не, iм даводзiцца спраўджваць рэчаiснасць з уяўленнямi аб належным стане грамадства. У ХХ стагоддзi канстытуцыйнае замацаванне прынцыпаў дэмакратыi зрабiлася нечым накшталт знака якасцi дзяржавы. Нават калi дэмакратыi толькi фiктыўныя, дзяржаўныя дзеячы iмкнуцца абвясцiць iх калi не здзейсненымi, то ва ўсякiм разе чаканымi ў блiжэйшай будучынi. Рост узаемазалежнасцi сучасных грамадстваў стварае пэўныя перадумовы для дэмакратызацыi тых грамадстваў, якiя падпадаюць пад уплыў спрыяльных мiжнародных фактараў. Тым не менш, як бачна па вопыту Беларусi, знешнiя ўмовы не гарантуюць пабудовы дэмакратыi ў кожным асобна ўзятым грамадстве.

Пачатак цяперашняй трэцяй хвалi дэмакратызацыi адлiчваецца ад 1974 года, калi пала дыктатура ў Партугалii. Пасля дэмакратычная хваля распаўсюдзiлася на iншыя краiны Паўднёвай Еўропы (iспанiю i Грэцыю) i далей на Лацiнскую Амерыку. К сярэдзiне 80-х гадоў яна дасягнула некаторых краiнаў Азii. Нарэшце, у 1989-1990-х гадах, пад уплывам калапса СССР, дэмакратызацыя пакрыла краiны Цэнтральнай i Усходняй Еўропы [гл. 13; 7, с. 7-8].

У Беларусi спробы прыватызацыi i фармiравання рынкавай эканомiкi пачалi прадпрымацца з 1990-1991 гадоў. Але сур'ёзным адрозненнем рэформаў у Беларусi стала тое, што здзяйснялiся яны ранейшым камунiстычным кiраўнiцтвам. Калi ў суседнiх краiнах прайшлi першыя "ўстаноўчыя выбары" i адбылася некаторая рутынiзацыя дэмакратычнага кiравання, у Беларусi працягваў дзейнiчаць абраны пры СССР Вярхоўны Савет 12-га склiкання. Кандыдаты ад апазiцыi, аб'яднанай Беларускiм народным фронтам "Адраджэньне", занялi ў iм усяго каля 40 месцаў, што склала меней за 15 адсоткаў [гл. 4, с. 112]. Толькi пасля правалу путчу 19-21 жнiўня 1991 года старшыня ВС Н. Дземянцей падаў у адстаўку, i яго месца заняў камунiст-дэмакрат С. Шушкевiч, добры ўжо тым, што не быў чалавекам партнаменклатуры. Партыi, здольныя прадстаўляць iнтарэсы розных сегментаў грамадства, пачалi ўтварацца пасля 1992 года, але новы парламент быў абраны толькi ў 1995 годзе, калi хваля патэнцыялу масавай палiтычнай зацiкаўленасцi i актыўнасцi прайшла. Такiм чынам, у 1995 г., калi беларускiя грамадзяне толькi атрымалi магчымасць абраць сваiх прадстаўнiкоў у парламент i тым самым больш цывiлiзавана далучыцца да палiтыкi, яны ўжо былi, мякка кажучы, прысычаныя палiтычным удзелам. Такiя заганы пераходнага перыяду, як знiжэнне узроўню жыцця i няўпэўненасць у будучынi, атаясамлiвалiся ў масавай свядомасцi менавiта з прыкметамi дэмакратыi. Паводле вынiкаў аператыўнага сацыялагiчнага даследвання Беларускай сацыялагiчнай службы "Грамадская думка", праведзенага ў чэрвенi 1995 г., 58,9% рэспандэнтаў лiчылi, што, як бы яны нi прагаласавалi на выбарах, нiчога не зменiцца да лепшага, а 69,1% пагадзiлiся з тым, што большасць палiтычных партыяў абыякава ставiцца да патрэбаў насельнiцтва [гл 6, с. 31-33].Такiя настроi ў значнай ступенi абумовiлi сцягванне ўлады ў руках элiты, няздатнай да эфектыўнай эканамiчнай рэформы i не прыстасаванай да кiравання ў дэмакратычных умовах. Такiм чынам, змена iнстытуцыянальнага дызайну былога савецка-беларускага, а цяпер беларускага грамадства адбылася без прынцыповай змены адносiнаў памiж уладай i грамадствам.

Завышаныя чаканнi адносна дэмакратыi, неабгрунтаваныя надзеi на яе эканамiчную эфектыўнасць, а таксама iлюзорная ўстаноўка на тое, што дэмакратыя зробiцца гарантам грамадскай згоды ды iншых сацыяльных дабротаў, былi памылкай не толькi грамадства, але i "вярхоў". Нават савецкае кiраўнiцтва, якое намагалася дэмакратызаваць савецкае грамадства ў сярэдзiне 80-х гадоў, дбала аб павышэннi эканамiчнай эфектыўнасцi сацыялiстычнай сiстэмы. Але iдэя лiберальнай дэмакратыi, якая была пабочным наступствам пачатых "зверху" рэформ, паслужыла настолькi моцным фактарам мабiлiзацыi грамадства, што самi "вярхi", якiя пачалi яе распаўсюджанне, у хуткiм часе згубiлi легiтымнасць.

Цяпер жа, з улiкам былых спробаў дэмакратызацыi, больш надзённым выглядае пытанне аб тым, у якой ступенi постсавецкае грамадства адпавядае сучасным уяўленням аб дэмакратыi. Тычыцца гэтае пытанне не столькi стану грамадства, колькi тэндэнцыяў яго зменаў. Разбурэння аўтарытарызму аказалася недастаткова дзеля паспяховай пабудовы дэмакратыi. Больш за тое, усталявання дэмакратычных правiлаў таксама можа быць мала. Адам Пшэворскi зазначае, што калi дэмакратыя i адбылася, яна зусiм не абавязкова будзе сама сябе падтрымлiваць: "Дзейнасць дэмакратычных iнстытутаў можа сiстэматычна прыводзiць да такiх вынiкаў, якiя актывiзуюць палiтычную актыўнасць сiлаў, здольных падарваць гэтыя iнстытуты" [8, с. 62]. З цягам часу розныя пераходныя грамадствы дэманструюць усё больш кантрастныя варыянты пераходу. У гэтай сувязi сярод стадыяў пераходнага працэсу прынята выдзяляць дэмакратычны пераход i кансалiдацыю дэмакратыi. Паводле дадзеных амерыканскай арганiзацыi "Freedom House", з усходнееўрапейскiх краiнаў i былога СССР да "кансалiдаваных дэмакратыяў" адносяцца Чэхiя, Венгрыя, Польша, Славенiя, Эстонiя, Лiтва i Латвiя, да "пераходных" - Расiя, Малдова, Славакiя, Балгарыя, Румынiя, Украiна, Македонiя, Харватыя, Албанiя, Арменiя, Кыргызстан, Грузiя, Казахстан i Азербайджан, а да "кансалiдаваных аўтакратыяў" - Беларусь, Таджыкiстан, Узбекiстан i Туркменiстан [гл. 7, с. 8]. Мiж тым з цягам часу i такой градацыi робiцца недастаткова, а кантрасты i разнастайнасць варыянтаў пераходу набываюць такую выразнасць, што агульназначнасць, а з ёй i эўрыстычная каштоўнасць самога вызначэння "пераход" робяцца спрэчнымi.

ДЭМАКРАТЫЯ ПА-БЕЛАРУСКУ?

Наўрад цi сучасная беларуская палiтычная практыка з'яўляецца дарэчным матэрыялам для тэорыi дэмакратыi. Лягчэй будзе дапусцiць, што дэмакратычная тэорыя ў нашых умовах апынецца дарэчнай. Але тут ёсць шэраг перашкодаў, якiя сканцэнтраваныя, у першую чаргу, у палiтычнай практыцы. Па-першае, гэта звычка буйнейшых палiтычных сiлаў да адсутнасцi згоды па самых iстотных для грамадства пытаннях. Такi стан канфлiктнага супрацьстаяння нагнятаўся з самага пачатку пераўтварэнняў, але канчаткова замацаваўся пасля перавароту 1996 года. За апошнiя чатыры гады А. Лукашэнка не набыў нi традыцыйнай, нi легальнай легiтымнасцi. Яго харызматычная ўлада дагэтуль трымаецца на прымяненнi манiпулявання. А харызма патрабуе подзвiгаў, якiя цяжка здзейснiць ва ўмовах бяспекi i будзёнага палiтычнага жыцця. Таму беларускiм уладам патрабуюцца пагрозы - рэальныя альбо ўяўныя, i ўлады перыядычна засяроджваюць на iх увагу грамадства. Альтэрнатыўныя Лукашэнку палiтычныя сiлы не ў стане легiтымным чынам авалодаць рычагамi дзяржаўнай улады, таму абмяжоўваюцца перыядычнай мабiлiзацыяй насельнiцтва дзеля дэманстрацыi свайго палiтычнага патэнцыялу. Надзвычайшчына робiцца апраўданнем дзеля надзвычайных дзеянняў абодвух бакоў. Як гэта адбiваецца на перспектывах дэмакратызацыi? У прынцыпе, подзвiгi могуць пайсцi i на карысць iдэалам дэмакратыi (як гэта было ў выпадку аксамiтных рэвалюцыяў), але не тады, калi яны пераўтвараюцца ў лад жыцця.

Другой асаблiвасцю беларускай палiтычнай практыкi, якая замiнае дэмакратызацыi, з'яўляецца завялiкая роля асабiстаснага фактару. "Вырашальным крокам на шляху да дэмакратычнай дзяржавы з'яўляецца перадача ўлады ад групы асобаў да зводу правiлаў" [8, с. 34]. Хаця сама па сабе асабiстасная афарбоўка палiтычных дзеянняў непазбежная, вырашальнае значэнне для дэмакратычнай кансалiдацыi мае не сам факт яе наяўнасцi, а тое, цi робiцца яна другаснай у параўнаннi з правiламi паводзiнаў у палiтыцы. Паказальна, што самое слова "рэжым" надзвычай часта атаясамлiваецца ў Беларусi з асобай А. Лукашэнкi, пры тым, што рэжым - гэта толькi характарыстыка механiзмаў здзяйснення ўлады (Г. О'Донэл i Ф. Шмiттэр разумеюць пад iм "набор узораў, яўных цi не, якiя вызначаюць формы i каналы доступу да вышэйшых урадавых пасадаў, характарыстыкi актораў, якiя дапушчаны цi выключаны з такога доступу, а таксама рэсурсы цi стратэгii, якiя яны могуць выкарыстоўваць дзеля дасягнення поспеху" [15, р. 73].) З iншага боку, залiшняя прыхiльнасць да лiдэраў, увасабляючых у сабе дэмакратычныя, нацыянальныя цi iншыя антыкамунiстычныя iдэi, таксама вядзе да iгнаравання правiлаў палiтычнай гульнi i падмены грамадзянскай актыўнасцi i дыялогу iх супрацьлегласцю - патэрналiсцкiмi формамi вертыкальнай салiдарнасцi цi клiентызмам [гл. 1]. Тыповасць практыкi прыняцця агульназначных рашэнняў вузкiмi коламi асобаў, з аднаго боку, дапамагае справiцца з неабходнасцю прымаць рашучыя меры ва ўмовах нявызначанасцi, але з iншага - падрубае здольнасць грамадскасцi да ўплыву на палiтыкаў i кантролю за iмi. Гэта азначае нiшто iншае, як саслiзгванне палiтычнага рэжыму да больш выразнай аўтакратыi.

iмкненне палiтыкаў у постаўтарытарных грамадствах выхаваць з мясцовых насельнiкаў грамадзянаў i такiм чынам стварыць народ "пад сябе" выклiкана не проста свавольствам палiтычных элiтаў, а iх iзаляванасцю. Аўтарытарны стыль паводзiнаў палiтычных элiтаў быў бы немагчымы пры ўплывовай i аўтарытэтнай ролi грамадскасцi. Адчужанасць шырокiх колаў насельнiцтва ад улады i палiтыкi - гэта тая спадчына савецкiх часоў, якая найбольш замiнае грамадзянам бачыць у палiтыцы магчымасць ажыццяўлення сваiх iнтарэсаў. Атрымлiваецца - што ахоўваеш, тое i маеш. Калi хто пайшоў у палiтыку, то ён прыватызуе правы насельнiцтва вырашаць, як усiм жыць. Такi ўхiл сацыяльнай свядомасцi не стасуецца з сучаснымi механiзмамi грамадзянскай далучанасцi. Аднак з-за прэстыжнасцi дэмакратыi само гэтае слова шырока выкарыстоўваецца ўладамi. Так, удзельнiк дыялогу памiж уладай i апазiцыяй мiнiстр юстыцыi Г. Варанцоў сцвярджае, што беларускiя законы, якiя рэгулююць правы грамадзян на зборы i шэсцi, вельмi дэмакратычныя [гл. 5]. Сам жа А. Лукашэнка выказваецца яшчэ больш катэгарычна: на яго думку, дэмакратыя ў Беларусi ўжо iснуе [гл. 2].

Сiмптаматычна тое, што апазiцыя афiцыйнаму антынароднаму рэжыму па меры ўсведамлення заганаў папулiсцкага панавання Лукашэнкi таксама робiцца ўсё менш дэмакратычнай - як у дзеяннях, так i ў выказваннях. Калi прадстаўнiкi аўтарытарна зарганiзаваных структураў шчыра ўпэўнены, што працуюць на карысць дэмакратыi, то ўзнiкае патрэба перавызначыцца з тым, што разумець пад дэмакратыяй i чым абумоўлена гэтае разуменне ў большай ступенi: светапоглядамi цi палiтычнай мэтазгоднасцю. У прынцыпе, любыя дзеяннi палiтыкаў пралягаюць недзе памiж поўнай наiўнасцю i поўным цынiзмам, але вырашальнае значэнне для грамадства маюць не столькi матывы, колькi наступствы iх дзейнасцi. Рэгулярныя выбары могуць паспяхова легiтымiзаваць любыя дзеяннi нават безальтэрнатыўнай i непадкантрольнай улады, аднак гэта не здымае патрэбы ў ацэнцы рэжыму па такiх параметрах, як рэалiзацыя правоў i свабод грамадзянаў, дасягальнасть альтэрнатыўных крынiцаў iнфармацыi ды iнш. Толькi такiя ацэнкi i могуць высветлiць, якiм чынам iнстытуцыйныя пераўтварэннi насамрэч спрыяюць дэмакратызацыi грамадскiх адносiнаў i як палiтычны рэжым уздзейнiчае на палiтычную культуру грамадства. Аднаго толькi набору фармальных прыкметаў не хапае дзеля адэкватнай ацэнкi характару палiтычнага рэжыму ў тым цi iншым грамадстве, няхай гэтае грамадства i дасягнула пэўнай ступенi дабрабыту.

СУПРАЦЬЛЕГЛЫЯ КАНЦЭПЦЫi ДЭМАКРАТЫi

На працягу апошняга стагоддзя краiны з дэмакратычнымi традыцыямi прадэманстравалi больш высокiя эканамiчную эфектыўнасць i ўзровень матэрыяльнага дабрабыту насельнiцтва, чым iх спаборнiкi, i гэтая iх перавага лiчыцца агульнапрызнанай. Як гэта адбiваецца на тамтэйшай дэмакратычнай тэорыi? На Захадзе лепей чым дзе разумеюць, што сапраўдная палiтычная i эканамiчная свабода не заўжды iдуць поруч, а дэмакратыя сама па сабе не гарантуе нi агульнаграмадскай згоды, нi прамога i эфектыўнага кiравання ды задавальнення ўсiх патрэбаў насельнiцтва. Насуперак многiм стэрэатыпам, заходнiя дэмакратычныя грамадствы на практыцы далёкiя ад iдэальных уяўленняў аб дэмакратыi. Так, Робэрт Даль канстатуе, што ў любой сучаснай заходняй палiтычнай сiстэме адначасова з iнстытутамi грамадзянскай далучанасцi працуюць зусiм недэмакратычныя структуры - такiя, як, напрыклад, камерцыйныя, вайсковыя цi рэлiгiйныя.

У якой ступенi заходняя дэмакратыя можа лiчыцца рэчаiснасцю? Як праблема практычнага ўвасаблення дэмакратыi асэнсоўваецца ў тэорыi? Калi ўзяцца за градацыю ўсёй разнастайнасцi сучасных канцэпцыяў дэмакратыi па колькасцi крытэрыяў, якiя выкарыстоўваюцца дзеля заключэння аб дэмакратычнасцi цi недэмакратычнасцi той цi iншай палiтычнай сiстэмы, то ўсе яны размесцяцца памiж двума палюсамi - мiнiмалiсцкай i гэтак званай максiмалiсцкай канцэпцыямi, якiя, адпаведна, можна праiлюстраваць пазiцыямi Йозэфа Шумпэтэра i Робэрта Даля. Шумпэтэрыянская мiнiмалiсцкая мадэль, якая яшчэ называецца мадэллю спаборнiцкага элiтызму цi дэмакратычнага лiдэрства, прадугледжвае крайне вузкi набор фармальных прыкметаў дэмакратыi. Р. Даль, з свайго боку, не абмяжоўваецца фармальнымi патрабаваннямi да дэмакратыi i ўключае ў яе вызначэнне набор працэсуальных параметраў. Такая дэталiзацыя i ўскладненне тэарэтычнай мадэлi палiтычнай дэмакратыi вымушае яго рабiць агаворку аб тым, што на практыцы дэмакратыя не супадае са сваiмi тэарэтычнымi абрысамi.

Несупадзенне падыходаў да аптымальнага спосабу рэалiзацыi прынцыпу народаўладдзя выклiкана рознымi падыходамi аўтараў да такой дылемы функцыянавання палiтычнай сiстэмы, як эфектыўнасць, з аднаго боку, i ахоп вырашаемых сiстэмай праблем - з iншага. Пашырэнне цi звужэнне набору функцыяў палiтычнай сiстэмы ў кожнай асобнай канцэпцыi дэмакратыi вызначаецца ўяўленнямi аб тым, у чым роля народа i якiм чынам ён павiнен далучацца да дэмакратычнага кiравання.

МiНiМАЛiСЦКАЕ ВЫЗНАЧЭННЕ ДЭМАКРАТЫi

Й. Шумпэтэр канцэнтруе ўвагу ў першую чаргу на эфектыўнасцi. Эфектыўнасць прадстаўляецца яму той галоўнай каштоўнасцю палiтычнай сiстэмы, якая гарантуе мiнiмальны ўзровень задавальнення чалавечых патрэбаў, дастатковы для захавання стабiльнасцi. Адсюль вынiкае элiтызм Й. Шумпэтэра i адпаведнае стаўленне да народа. "Дэмакратыя азначае толькi тое, што ў народа ёсць магчымасць прыняць цi не прыняць тых людзей, якiя павiнны iм кiраваць" [10, с. 372]. i толькi здольнасць народа зрабiць гэты выбар недэмакратычным шляхам вымушае Шумпэтэра ўводзiць дадатковы крытэрый дэмакратычнасцi - вольную канкурэнцыю прэтэндэнтаў на ролю лiдэра.

Зыходзячы з пазiтывiсцкiх установак адносна сувязi грамадства з дзяржавай, Шумпэтэр прапануе праект мадэрнiзацыi, у якiм роля суб'екта адводзiцца выключна элiтам. Дэмакратыя ў такiм праекце выступае ўсяго толькi "гарантам якасцi" элiты. Народ, у сваю чаргу, прадстаўляецца асобным ад элiтаў суб'ектам палiтычнага працэсу, якi па вызначэннi не ўдзельнiчае ў кiраваннi, але падзяляе з элiтамi адказнасць за яго вынiкi. Гэтая адказнасць, пэўна, i павiнна прадухiляць сацыяльныя канфлiкты, а тэорыi прыдаць стройнасць i нарматыўна-вартасную ўнiверсальнасць. Паказальна, што дэмакратыя ў дадзенай мадэлi забяспечвае палiтычную стабiльнасць, а дзякуючы механiзму селекцыi элiтаў - i эканамiчны дабрабыт капiталiстычнага грамадства. Прагматызм канцэпцыi Шумпэтэра раднiць яе з канцэпцыяй утылiтарызму з яе прынцыпам "максiмальнай карысцi для максiмальнай колькасцi асобаў". Aдрозненнi заключаюцца толькi ў тым, што, па-першае, шумпэтэрыянская мадэль разлiчана на высокаразвiтае дыферэнцыраванае iндустрыяльнае грамадства з высокай канцэнтрацыяй капiталу (якi Шумпэтэр зусiм не лiчыць пагрозай для дэмакратыi), па-другое, у адрозненнi ад i. Бентама, Й. Шумпэтэр не iмкнецца абгрунтаваць прапанаваную схему кiравання якiмi-кольвек прадстаўленнямi аб прыродзе чалавека. Удзяляючы большую ўвагу арганiзацыi грамадства на макраўзроўнi, ён, з аднаго боку, прапануе мадэль сацыяльнага парадку, якая гарантуе неўмяшальнiцтва ўлады ў прыватныя справы грамадзян, а з iншага - здымае з гэтай улады ўсе абавязацельствы па задавальненнi патрэбаў больш высокага ўзроўню, чым першасныя. Звядзенне паняцця дэмакратыi да яе працэдурнага кампанента дазваляе Шумпэтэру называць дэмакратыяй такi палiтычны рэжым, у якiм рэальна правяць нямногiя. Такiм чынам, шумпэтэрыянская канцэпцыя дэмакратыi прапануе кампрамiс прынцыпаў дэмакратыi i тэхнакратыi i можа быць прызнана дэмакратычнай з той агаворкай, што народ, а разам з iм спосабы артыкуляцыi i агрэгiявання iнтарэсаў грамадзян, займаюць у ёй другаснае значэнне ў параўнаннi з праблемамi эфектыўнасцi кiравання.

ЗМЕСТАВЫЯ ХАРАКТАРЫСТЫКi ДЭМАКРАТЫi Ў КАНЦЭПЦЫi Р. ДАЛЯ

Робэрт Даль у сваiх разважаннях не менш прагматычны, але засяроджвае ўвагу на iншых праблемах. Яго ў большай ступенi цiкавiць здольнасць палiтычнай арганiзацыi грамадства служыць механiзмам задавальнення патрэбаў усiх складаючых яго iндывiдаў. Стабiльнасць i дасканаласць палiтычнай сiстэмы прадстаўляюцца ў яго канцэпцыi каштоўнасцю ў той ступенi, у якой яны надзяляюць палiтычную сiстэму здольнасцю прапускаць праз сябе максiмальную колькасць i разнастайнасць запытаў усiх слаёў грамадства, а таксама адэкватна на iх рэагаваць.

У вызначэннi народа Р. Даль кiруецца прынцыпам закранаемых iнтарэсаў: "Кожны, каго закранаюць рашэннi ўрада, павiнен мець права ўдзельнiчаць у кiраваннi" [11, с. 49]. Такая пазiцыя фармулюецца ў слагане "нiякiх падаткаў без прадстаўнiцтва". Аднак у практычным увасабленнi гэтага, здавалася б, вiдавочнага прынцыпу паўстаюць сур'ёзныя праблемы. Напрыклад, узнiкае пытанне аб кампетэнтнасцi кiраўнiцтва, альбо праблема таго, як грамадзяне, якiя жывуць на тэрыторыi загадвання адразу некалькiх адмiнiстратыўных структур рознага маштабу, змогуць удзялiць усiм гэтым структурам дастатковую ўвагу. Р. Даль прапануе вырашаць такiя праблемы праз знаходжанне аптымальнага спалучэння розных формаў дэмакратычнага кiравання. Кожная рэальная мадэль дэмакратыi прадстаўляецца ўнiкальнай для кожнага канкрэтнага грамадства, але ўсе гэтыя мадэлi грунтуюцца на абмежаваным наборы iдэальна-тыповых формаў дэмакратычнага кiравання. Р. Даль выдзялiў пяць такiх формаў.

1. Камiтэцкая дэмакратыя прадугледжвае невялiкую колькасць чальцоў арганiзацыi (не болей за 10-12 чалавек), але дае магчымасць кожнаму выступаць па ўсiх разглядаемых пытаннях. 2.Прамая дэмакратыя мае месца на гарадскiх мiтынгах. Як i ў першым выпадку, у прыняццi рашэнняў удзельнiчаюць усе чальцы групы, але выступаючых менш, чым удзельнiкаў. Даль заўважае, што пасля Ж.-Ж. Русо нiхто не разважаў аб магчымасцi прамой дэмакратыi сур'ёзна. "Настойваць на тым, каб дэмакратызацыя заўжды азначала прамую дэмакратыю - прамы шлях пазбавiць людзей магчымасцi сабой кiраваць" [11, с. 74].

1. Прадстаўнiчая дэмакратыя адрознiваецца тым, што толькi ў ёй магчымыя i неабходныя партыi i прафесiйныя палiтыкi, а разам з iмi i градацыя ўдзельнiкаў паводле iх кампетэнтнасцi.

4. Плебiсцытарная дэмакратыя магчымая ў асацыяцыях любога памеру, але яна слаба падыходзiць дзеля вырашэння складаных праблемаў. З-за сваёй унiверсальнасцi плебiсцытарная дэмакратыя можа змяшчацца ў прадстаўнiчай дэмакратыi.

5. Дэлегатыўная дэмакратыя можа прымаць разнастайныя формы, але ў строгiм сэнсе гэта не ёсць дэмакратыя, паколькi ў ёй максiмальна абмежаваны кантроль над уладай.

Адзначаючы перавагi прамой дэмакратыi як механiзма прыняцця рашэнняў, найбольш адказваючых iнтарэсам кожнага прадстаўнiка грамадства, Даль заўважае, што яна поўнасцю ўвасабляецца толькi ў групах невялiкага памеру. У сённяшнiх умовах арганiзацыя чалавечай супольнасцi ў кангламерат такiх груп прадстаўляецца занадта ўтапiчнай. Акрамя таго, супольнасцi, якiя iдэальна падыходзяць для кiравання метадам прамой дэмакратыi, не здольныя спраўляцца з вялiкiмi праблемамi, прычыны якiх выходзяць за мяжу займаемай такiмi супольнасцямi тэрыторыi. Мiж тым правы накшталт права жыць у бяспецы цi на экалагiчна чыстай тэрыторыi могуць апынуцца не менш важнымi, чым права на палiтычны ўдзел. З iншага боку, па меры павялiчвання колькаснага складу асацыяцыi вага голаса кожнага яе чальца робiцца ўсё менш значнай.

Такiм чынам, галоўная праблема выбару аптымальнай формы дэмакратыi заключаецца ў тым, што па меры роста арганiзацыi значнасць рашэння кожнага яе прадстаўнiка губляецца. Рашэннi малых арганiзацыяў прымаюцца лягчэй, але iх, у сваю чаргу, цяжэй рэалiзоўваць. Таму Р. Даль задаецца пытаннем: у якiм аб'яднаннi, драбнейшым, чым дзяржава, мае сэнс агульны ўдзел у прыняццi рашэнняў? Любая мадэль дэмакратыi, роўна як i iх спалучэнне, дэманструе на практыцы альбо неэфектыўнасць, альбо тэндэнцыю да скажэння прынцыпаў дэмакратыi. На думку Р. Даля, найбольш жыццяздольнай i эфектыўнай у складаных iндустрыяльных грамадствах з'яўляецца прадстаўнiчая дэмакратыя.

Апiсваючы рэальнае функцыянаванне дэмакратыi, Р. Даль iмкнецца прадбачыць рызыку выпустошвання сэнсу палiтычнага ўдзелу i звядзення гэтага ўдзелу да набору працэдур, бессэнсоўных з гледзiшча агрэгiявання i артыкуляцыi iнтарэсаў грамадзян. Дзеля характэрызацыi прадстаўнiчай дэмакратыi ў тым выглядзе, у якiм яна ўвасабляецца на практыцы, Р. Даль прыбягае да тэрмiна "палiярхiя". Палiярхiя мае наступныя атрыбуты:



Абiраемыя службовыя асобы. Падсправаздачнасць ўрада павiнна замацоўвацца ў канстытуцыi.
Вольныя сумленныя выбары.
Удзел у выбарах усяго дарослага насельнiцтва.
Усеагульнасць актыўнага выбарчага права, цi права змагацца за палiтычны пост.
Магчымасць самавыражэння па шырокiм коле значных для грамадства пытанняў пры адсутнасцi пагрозы далейшага прымянення санкцыяў.
Дасягальнасць альтэрнатыўных крынiцаў iнфармацыi, якая ўключае ў сябе заканадаўчую абарону дзейнасцi такiх крынiцаў.
Магчымасць грамадзян утвараць адносна незалежныя асацыяцыi, у тым лiку палiтычныя партыi ды групы iнтарэсаў.
У развiццё iдэi Р. Даля Ф. Шмiттэр i К. Тэры прапанавалi дзве дадатковыя прыкметы дзеючай дэмакратыi:

1. Прыярытэт рашэнняў абраных службовых асобаў над рашэннямi прызначаных чыноўнiкаў-спецыялiстаў. Дэмакратыя, на iх погляд, знаходзiцца ў небяспецы нават тады, калi вайскоўцы, грамадскiя работнiкi цi дзяржаўныя кiраўнiкi захоўваюць здольнасць дзейнiчаць незалежна ад абраных служачых.

2. Самакiраванне ў маштабах грамадства. Палiтыка павiнна быць самадастатковай на пэўнай тэрыторыi. Зыходнай пасылкай тэарэтычных разважанняў аб дэмакратыi прынята лiчыць прадстаўленне аб фармальна суверэннай нацыi-дзяржаве, аднак з развiццём блокаў, альянсаў, сфераў уплыву разнастайных "неакаланiяльных" парадкаў пытанне аб аўтаномii многiх грамадстваў зрабiлася рытарычным.

Работы Р. Даля, Ф. Шмiттэра i К. Тэры паказваюць, што прыхiльнiкi зместавых трактовак дэмакратыi лiчаць пытанне практычнага ўвасаблення дэмакратычных прынцыпаў адкрытым для абмеркавання, iнавацыяў ды эксперыментавання. Тым не менш, усё гэта не здымае праблемы агульных унiверсальных асноваў дэмакратыi. Р. Даль дапускае, што чалавек як iстота сацыяльная здольны добраахвотна браць на сябе вынiкаючыя з рашэнняў абавязацельствы, нават у тым выпадку, калi гэтыя рашэннi прымаў не ён. Але дзеля гэтага рашэннi павiнны прымацца на падставе агульных для ўсiх прынцыпаў, якiмi Р. Даль лiчыць асабiсты выбар, кампетэнтнасць i эканамiчнасць. Разглядзiм iх падрабязней.

1. Асабiсты выбар
Праблема асабiстага выбара натуральным чынам стварае праблему ўрэгулявання супярэчнасцяў асабiстых выбараў усiх членаў грамадства. Калi асабiстыя выбары не ўрэгуляваныя, то грамадства знаходзiцца ў стане анархii цi барацьбы ўсiх супраць усiх. З iншага боку, адсутнасць канфлiкту асабiстых выбараў магчымая толькi ў выпадку дэспатызму, але тады робiцца невырашальнай праблема легiтымнасцi ўлады. Аснову легiтымнасцi ўлады, якая выражае iнтарэсы большасцi, складае згода яе прадстаўнiкоў прымаць iнтарэсы iншых як раўназначныя сваiм уласным iнтарэсам. Менавiта раўнапраўе абгрунтоўвае прыняцце рашэнняў метадам большасцi пры ўмове ўзаемных гарантыяў правоў большасцi i меншасцi.

Аднак магчыма, што знойдуцца прадстаўнiкi грамадства, iнтарэсы якiх рэгулярна iгнаруюцца i не ўлiчваюцца ў рашэннях большасцi. Як тады пераканаць меншасць прымаць рашэннi большасцi? На думку Р. Даля, дзеля гэтага меншасць павiнна заўжды мець магчымаць пераконваць астатнiх i тым самым пераўтварацца ў большасць. Акрамя гэтага, павiнны iснаваць некаторыя выключэннi ў праве большасцi вырашаць важнейшыя для меншасцi пытаннi. Трэцi спосаб улагоджвання меншасцi - гэта вызначэнне сферы "аўтаномных рашэнняў" цi такога кола пытанняў, якiя не могуць закранацца рашэннямi большасцi. У выпадку рэгулярнай нязгоды з рашэннямi большасцi меншасць аднадумцаў павiнна мець магчымасць аб'ядоўвацца ў асацыяцыi. У крайнiх выпадках Р. Даль прызнае мэтазгодным стварэнне меншасцю асобнай палiтычнай арганiзацыi.

2. Кампетэнтнасць
Спрэчкi аб сумяшчальнасцi кампетэнцыi з роўнасцю адлюстроўвалiся яшчэ ў дыскусiях Арыстоцеля i Платона. Дэмакратычную пазiцыю ў iх займаў Арыстоцель, якi настойваў на патрэбе далучэння неадмыслоўцаў да прыняцця тых рашэнняў, выкананне якiх закранае iх iнтарэсы. Пытанне гэтае зусiм не трывiяльнае. Насамрэч, удзел усяго грамадства ў прыняццi рашэнняў можа абмежавацца выбарам тых асобаў, чыя кампетэнтнасць уяўляецца супольнасцi дастатковай дзеля вырашэння агульнай праблемы. Сам па сабе крытэрый кампетэнтнасцi прадстаўляецца Р. Далю палiтычна нейтральным, а магчымасць перадаручаць спецыялiсту рашэнне нейкага пытання эканомiць час астатнiх грамадзян i робiць сам працэс прыняцця рашэнняў калi не iдэальным, то ва ўсякiм разе аптымальным па спалучэннi выдаткаў i выгод. Зрэшты, дэлегаванне права прымаць складаныя рашэннi, асаблiва калi гэта рашэннi другаснай важнасцi, нiколькi не супярэчыць праву большасцi на канчатковае вырашэнне важнейшых пытанняў [гл. 3, c. 70].

3. Эканамiчнасць
На практыцы прыняцце рашэнняў сутыкаецца з шэрагам дадатковых, не агавораных ў тэорыях абставiнаў, важнейшым з якiх выступае абмежаванасць часу. Таму часта больш рацыянальна выкарыстоўваць не iдэальныя, а менавiта аптымальныя механiзмы прыняцця рашэнняў. Р. Даль указвае, што аптымальнае спалучэнне крытэрыяў, якiм павiнны адпавядаць рашэннi ў дэмакратычным грамадстве, заўсёды ўнiкальнае, i ў кожным канкрэтным выпадку яно выпрацоўваецца даволi складана. Але ў гэтым i палягае асаблiвасць дэмакратыi: "... простыя канцэпцыi ўлады вядуць хутчэй да дэспатызму, чым да свабоды, роўнасцi i дэмакратыi цi... добра арганiзаванага праўлення мудрых i сумленных руплiўцаў" [11, с. 43].

Ф. Шмiттэр i К. Тэры дадаюць яшчэ адзiнаццаць характарыстык рашэнняў, якiя павiнны адпавядаць крытэрыям дэмакратыi. Пры гэтым яны таксама адзначаюць, што пералiчаныя характарыстыкi могуць разумецца па-рознаму.

Такiм чынам, калi нязменнай часткай любой тэорыi дэмакратыi выступае неабходнасць кантролю за ўладай, то адносiны да шырынi праблемаў, якiя вырашаюцца дэмакратычным шляхам, апынаюцца больш гнуткiмi i варыятыўнымi i грунтуюцца на тым, як шырока разумеецца публiчная сфера, адасобленая ад сферы прыватнага жыцця. Прадстаўленнi аб публiчнай сферы па-рознаму тлумачацца ў розных iдэалагiчных традыцыях, але ў любых дэмакратычных тэорыях вызначаючым яе элементам выступаюць грамадзяне i iх статус. Па сцвярджэннi Ф. Шмiттэра i К. Тэры, любы рэжым мае кiраўнiкоў, але толькi ў дэмакратычным рэжыме могуць быць грамадзяне [гл. 15, р. 77]. Менавiта грамадзянства i пачуццё грамадзянскай свядомасцi ў канчатковым лiку характэрызуюць палiтычныя рэжымы i дазваляюць вызначыць як наяўнасць, так i характар дэмакратыi. Грамадзяне павiнны быць вольнымi i роўнымi ў вызначэннi ўмоваў свайго жыцця. Таксама яны павiнны мець роўныя абавязкi дзеля паўнавартаснага ўдзелу ў заснаваннi i падтрыманнi таго грамадскага ладу, якi вызначае i гарантуе iх рэальныя магчымасцi.

ДЭМАКРАТЫЗАЦЫЮ - ЗАХАДУ

Стан палiтычнага працэсу ў заходнiх грамадствах пакiдае магчымасць для далейшага ўдасканалення механiзму прыняцця рашэняў. Так, Дэвiд Хэлд, якi распрацоўвае канцэпцыю дэмакратычнай аўтаномii, адзначае, што права грамадзянiна не ўдзельнiчаць у палiтыцы з'яўляецца праблемай не менш сур'ёзнай, чым магчымасцi рэальнага палiтычнага ўдзелу. Акрамя гэтага, Д. Хэлд звяртаецца да праблемы забеспячэння суверэнiтэту парламента над дзяржавай i суверэнiтэту народа над парламентам. Дэмакратызацыя ў яго прадстаўленнi звязаная, ў першую чаргу, з пытаннямi рэфармавання выбарчай сiстэмы i ўдасканалення механiзму вылучэння партыйных лiдэраў. У якасцi галоўных задач, якiя павiнны вырашацца пры дэмакратызацыi, Д. Хэлд указвае наступныя:

удакладненне мiнiмальных памераў дзяржаўных сродкаў, якiя прадастаўляюцца на правядзенне выбараў;
дасягненне рэальнай роўнасцi ў размеркаваннi сродкаў на перадвыбарчую кампанiю памiж рознымi палiтычнымi сiламi;
пашырэнне свабоды доступу да iнфармацыi;
дэцэнтралiзацыя ўлады;
абарона i ўмацаванне мясцовай ўлады ў супрацьвагу рыгiднасцi цэнтралiзаваных рашэнняў;
здзяйсненне эксперыментаў па пераўтварэннi iнстытутаў кiравання дзеля прывядзення iх у вялiкшую адпаведнасць з патрэбамi "карыстальнiкаў" [гл. 12, с. 284]
Увасабленне прынцыпу дэмакратычнай аўтаномii, на думку Д. Хэлда, магчыма толькi пры двайной дэмакратызацыi, калi дзяржава i грамадства дэмакратызуюцца адначасова i ва ўзаемасувязi.

Р. Даль называе адной з важнейшых праблемаў сучаснай дэмакратыi няроўнасць рэсурсаў. Вопыт ЗША прадэманстраваў, што алiгархiя можа адвольна пераўтварацца ў палiярхiю. Аднак нельга iгнараваць сучасную сусветную тэндэнцыю да ўзрастання кантрастаў у дабрабыце грамадзян. Таму дзеля вырашэння праблемы суадносiнаў дэмакратычнасцi i магутнасцi грамадстваў Р. Даль прапануе, каб ў выпадку рашэння праблемы дэмакратычным шляхам перавага аддавалася не вялiкшай, а драбнейшай асацыяцыi, здольнай справiцца з дадзенай праблемай.

* *

Нават у найбольш развiтых i цывiлiзаваных заходнiх грамадствах дэмакратыя не забяспечвае ўсiх тых дабротаў, якiх ад яе чакаюць. Мiж тым, ў палiтычнай тэорыi дагэтуль не знойдзена лепшага прынцыпа арганiзацыi ўстойлiвага грамадскага ладу, пры якiм магчыма максiмальнае задавальненне як першасных чалавечых патрэбаў, так i развiцця магчымасцяў свабоднага развiцця асобы. Змены, якiя ўяўляюцца сур'ёзным выклiкам для постаўтарытарных грамадстваў, не ў меншай ступенi закранаюць постiндустрыяльныя грамадствы.

Дзеля ўсталявання дэмакратыi неабходны пэўны стан палiтычнай культуры, звычка крытычнай масы грамадзян да ўдзелу ў палiтыцы. Культурныя рысы грамадства настолькi iстотныя дзеля ўсталявання дэмакратычнага рэжыму, што немагчыма вызначыць, што першаснае, а што другаснае: палiтычная культура цi нарматыўная рэгламентацыя палiтычнага жыцця. Тым не менш, нормы прасцей паддаюцца вызначэнню i аперацыяналiзацыi. З гэтым пагаджаюцца нават "максiмалiсты" ад дэмакратычнай тэорыi. "Сучасная палiтычная дэмакратыя - гэта сiстэма кiравання, у якой кiруючыя падсправаздачны за свае дзеяннi ў грамадска-дзяржаўнай сферы перад грамадзянамi, якiя дзейнiчаюць ускосна, пасродкам спаборнiцтва i кааперацыi абiраемых iмi прадстаўнiкоў" [15, с. 76]. У такiм вызначэннi дэмакратыя не ўяўляецца ўтапiчнай. Фармалiзуючы вызначэнне дэмакратыi, многiя заходнiя тэарэтыкi дбаюць аб тым, каб не сказiць самой вартаснай сутнасцi дэмакратыi - эгалiтарызму i ўсеагульнай далучанасцi. Паўстае пытанне: а як жа эфектыўнасць? Як нi дзiўна, у цывiлiзаваных грамадствах тут няма сур'ёзных супярэчнасцяў. Як пiсаў А. Тофлер, "палiтычная дэмакратыя шляхам уцягнення ўсё большай колькасцi людзей у працэс прыняцця сацыяльных рашэнняў аблягчае адваротную сувязь" [8, с. 390]. Незадаволеная меншасць стварае ва ўмовах хуткага развiцця небяспеку для ўсёй сiстэмы. Таму дзеля кiравання зменамi патрэбны як праясненне доўгатэрмiновых мэтаў, так i дэмакратызацыя шляхоў iх дасягнення. Менавiта дэмакратыя прапануе найлепшы с пункту гледжання эфектыўнасцi механiзм кiравання. [гл. 8, с. 392]. Натуральна, што дэмакратычны пераход не з'яўляецца той трансфармацыяй, якая, паводле О. Тофлера, можа кiравацца дэмакратыяй. Пераход тым i вызначаецца, што ў яго ўмовах правiлы палiтычнай гульнi не вызначаныя [гл. 14, р. 6], а дэмакратыя мае месца толькi пры працэдурнай вызначанасцi. Аднак сама верагоднасць дэмакратычнага фiналу пераходных працэсаў дае магчымасць ацэньваць пераходныя сацыяльныя змены як паспяховыя цi непаспяховыя ў залежнасцi ад таго, наколькi завяршэнне пераходу супадае з дэмакратызацыяй.

Дэмакратыя не з'яўляецца дабротай, якую можна iмпартаваць як прадукт спажывання. Яна не можа ўзнiкнуць без пэўнага ўзроўню развiцця эканамiчных, сацыяльных i палiтычных адносiнаў. Шмат расчараванняў узнiкае з-за такой памылкi, як "электаралiзм", калi неабходная ўмова дэмакратыi - рэгулярнае правядзенне выбараў - прадстаўляецца яе дастатковай умовай. Нечаканыя правалы ў пабудове дэмакратыi выклiканы таксама звядзеннем дэмакратызацыi да эканамiчнай лiбералiзацыi, пераацэнкай дэмакратызуючага патэнцыялу рынкавых механiзмаў. Непрыяцце дэмакратыi ўсталёўваецца менавiта ад беспаспяховасцi спробаў яе пабудаваць, а не ад благога дэмакратычнага досведу.

Каб пераканацца ў тым, што не было ў Беларусi пасля СССР нiякай дэмакратыi, звернемся да крытэрыяў, паводле якiх характэрызуюць зацвярджэнне дэмакратыi Х. Лiнц i А. Стэпан. Дэмакратыя, на iх думку, стабiлiзуецца ў трох кантэкстах: паводзiнным, установачным i зместавым. Аб замацаваннi дэмакратыi на паводзiнным узроўнi можна сцвярджаць тады, калi дэмакратычныя працэдуры сталi настолькi цвёрдымi ўмовамi палiтычнай гульнi, што нi адна заўважная палiтычная група ўсур'ёз не iмкнецца нi скiнуць дэмакратычны рэжым, нi раскалоць дзяржаву. На ўзроўнi ўстановак дэмакратыя зацвярджаецца тады, калi нават пры пагрозе сур'ёзнага эканамiчнага крызiса пераважная большасць палiтычных сiлаў арыентуецца на дзеяннi толькi ў тых рамках, якiя задаюцца дэмакратычнымi формуламi. Нарэшце, у зместавым кантэксце дэмакратыя афармляецца падчас кансалiдацыi, рутынiзацыi i глыбокага яе засваення не толькi ў сацыяльным i палiтычным, але i ў псiхалагiчным жыццi грамадзян [гл. 13, р. 65].

Калi дэмакратычны рэжым не вырашае надзённых праблемаў, недэмакратычная альтэрнатыва набывае даволi вялiкую падтрымку, а былыя прыхiльнiкi дэмакратыi пачынаюць паводзiць сябе раўнадушна. Аднак усведамленне грамадзянамi сваёй адчужанасцi ад улады не выракае iх зацiкаўленасцi ў тым, каб быць прадстаўленымi ў працэсе прыняцця рашэнняў дзяржаўнай важнасцi. У гэтай акалiчнасцi змяшчаецца сур'ёзны стымул для дэмакратызацыi палiтычных рэжымаў на той геапалiтыка-культурнай прасторы, дзе заходнi лад жыцця прызнаецца за лепшую альтэрнатыву.

Разлiкi на тое, што дэмакратыя зробiцца гарантам матэрыяльнага дабрабыту незалежна ад адказнасцi i ўдзелу грамадзян у працэсе дэмакратызацыi - гэта, пэўна, галоўная прычына няўдачы дэмакратызацыi не толькi ў Беларусi. Падданнiцкае стаўленне да ўлады настолькi глыбока ўкаранiлася ў свядомасцi i паводзiнах савецкiх людзей i iх сённяшнiх нашчадкаў, што гэта замiнае зразумець, што дэмакратыi ў нас не было. Дэмакратычная ўлада - гэта не столькi магутнасць (power), колькi паўнамоцтвы (authority), дэмакратыя - гэта не ўлада дэмакратаў, а прынцып арганiзацыi ўлады, лад палiтычнага жыцця. Дэмакратыя звязана з пэўнымi вартасцямi, але чым яна нiколi не была - дык гэта сродкам ад усiх сацыяльных бедаў.

Хаця падкантрольнасць улады не дасягалася, iдэя дэмакратыi ў Беларусi выглядае дыскрэдытаванай. Аднак непрыяцце таго, што называюць дэмакратыяй у Беларусi, не адмаўляе магчымасцяў яе фармiравання. Што можа гэтаму спрыяць? Хаця б тое, што за апошнiя гады ў Беларусi навучылiся адасоблiваць iнтарэсы дзяржавы i iнтарэсы грамадства. Калi грамадзяне ў сваiх палiтычных паводзiнах пачнуць атаясамлiваць свае iнтарэсы менавiта з iнтарэсамi грамадства i калi гэтыя iнтарэсы не апынуцца занадта канфлiктуючымi, то наступным крокам да дэмакратызацыi можа зрабiцца змена рыторыкi i знаходжанне сродкаў больш эфектыўнага кантролю за тымi, каму давяраецца прыняцце важнейшых для грамадства рашэнняў.

Дадатковую ролю iграе эканамiчны рост, аб якiм так шмат кажуць у афiцыйных СМI. Калi ён сапраўды намецiцца ў Беларусi, гэта можа стварыць дадатковы фактар дэмакратызацыi. Нiшто так не спрыяе дэмакратызацыi, як павышэнне ўзроўню i якасцi жыцця грамадзян. Менавiта масавае ўзрастанне патрэбаў вядзе да патрабаванняў лiбералiзацыi i пашырэння магчымасцяў палiтычнага ўдзелу з боку грамадскасцi. Гэта здаралася ў Мексiцы, Бразiлii, у Паўднёвай Карэi. Вядома, што дэмакратыя - дарагая гульня, але практыка Захаду паказала, што ў цывiлiзаваных грамадствах яна акупаецца. Калi ж дэмакратыя замiнае прыняццю дзейсных палiтычных рашэнняў, парадку, дабрабыту i наогул эфектыўнасцi палiтычнай сiстэмы, то наўрад цi такая стабiлiзацыя ў вачах грамадзян апраўдае турботы пераходнага перыяду.

ЗАЎВАГi

1. Афанасьев М.Н. Клиентизм: историко-социологический очерк // Политические исследования. 1997. № 1. С. 157-166.

2. Выступленне Прэзiдэнта А. Лукашэнкi на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню Незалежнасцi (Дню Беларусi) // Советская Белоруссия. №162 (20646), 5.07.2000 г., с. 1-2.

3. Даль Р. О демократии / Пер. с англ. А.С. Богдановского; под ред. О.А. Алякринского. - М.: Аспект Пресс, 2000. - 208 с.

4. Дракохруст Г., Дракохруст Ю., Фурман В. Трансформация партийной системы Беларуси / Белоруссия и Россия: общества и государства. - М.: "Права человека", 1997. - 432 с. С. 106-152.

5. Дудинов Ю. Дав волю эмоциям, участники диалога "ушли на каникулы" // Народная газета. № 128 (2538), 6.07.2000. С. 1.

6. Какой мы видим нашу Беларусь (Данные оперативных социологических опросов 1994-1996 гг.). Мн.: Белорусская социологическая служба "Общественное мнение", ГЭНИ, 1996. - 52 с.

7. Мельвиль А.Ю. Демократические транзиты (теоретико-методологические и прикладные апекты). М.: Московский общественный научный фонд, Издательский центр научных и учебных программ, 1999. - 108 с.

8. Пшеворский А. Демократия и рынок. Политические и экономические реформы в Восточной Европе и Латинской Америке. Пер. с англ. / Под ред. проф. Бажанова В.А. - М.: "Российская политическая энциклопедия" (РОССПЭН), 1999. - 320 с.

9. Тоффлер О. Футурошок. СПб.: Лань, 1997. - 464 с.

10. Шумпетер Й.А. Капитализм, социализм и демократия: Пер. с англ. / Предисл. и общ.ред. В.С.Автономова. - М.: Экономика, 1995. - 540 с.

11. Dahl R.A. After the revolution? Authority in a good society. Yale University Press, New Haven & London, 1990. - 145 p.

12. Held D. Models of democracy. Cambridge: Polity Press, 1987. - 321 p.

13. Huntington S. The third wave: democratization in the late twentieth century. Norman: University of Oklahoma Press, 1991. - 366 p.

14. Linz Juan & Stepan Alfred. Problems of Democratic Transition and Consolidation. Southern Europe, South America, and Post-Communist Europe. Baltimore and London: The Johns Hopkins University Press, 1996. Part 1. Рp. 3-83.

15. O'Donnell Guillermo A. and Schmitter Philippe C. Transitions from Authoritarian Rule. Tentative Conclusions about Uncertain Democracies. Baltimore and London: The John Hopkins University Press, 1989. - 81 р.

16. Schmitter Philippe C., Terry Lynn Karl. What democracy is... and what is not // Journal of Democracy. Vol. 2. №3. Summer 1991. Р. 75-88.


Комментируем публикацию: Відавочнае і неверагоднае ў пабудове дэмакратыі


Публикатор (): maskaev

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle

Скачать мультимедию?

подняться наверх ↑

Новые поступления

Выбор редактора LIBRARY.BY:

Популярные материалы:

подняться наверх ↑

ДАЛЕЕ выбор читателей

Загрузка...
подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ

ПОЛИТИКА НА LIBRARY.BY


Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY на Ютубе, в VK, в FB, Одноклассниках и Инстаграме чтобы быстро узнавать о лучших публикациях и важнейших событиях дня.