Навука выжывання сярод мужчын

Лайфстайл: публикации, статьи, заметки, фельетоны о семье, доме, детях.

NEW СЕМЬЯ, ЛАЙФСТАЙЛ, ДОМ


СЕМЬЯ, ЛАЙФСТАЙЛ, ДОМ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

СЕМЬЯ, ЛАЙФСТАЙЛ, ДОМ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Навука выжывання сярод мужчын. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-28

АВТОР: Аўгіння Кананенка

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №5 2001 ГОД


Аўгіньня Кананенка — пісьменьніца, эсэістка, перакладчыца з ангельскай і францускай. Апекавалася беларускімі перакладчыкамі ў міжнароднай Перакладчыцкай майстэрні Львоўскага ўнівэрсытэту. Яе апошнія кнігі — зборнік апавяданьняў “Колосальний сюжет” (1998) і раман “Імітація” (2001). Пры канцы 1997 году ўзяла ўдзел у менскай канфэрэнцыі “Беларусь і Ўкраіна: вынікі стагодзьдзя”.

Здаецца, што ў Расіі яшчэ й дагэтуль друкуецца жаночы часопіс з настальгічнаю назваю “Работница”, але да масавай украінскай працаўніцы ён не даходзіць. Наадварот, даходзяць расійскія версіі міжнародных Cosmopolitan, Elle, Marie Claire — хросныя маці як расійскамоўных украінак (шыкоўнай “Натали” й больш сціплых “Лизы” ды “Единственной”), так і ўкраінскамоўнай глянцавай прыгажуні пад назваю “Єва”.

Колькі ва Ўкраіне жаночых часопісаў, сказаць цяжка. Адны з’яўляюцца, іншыя знікаюць. Цяжка размежаваць, якія з іх цалкам тутэйшыя, а якія — проста пераклад заходніх адпаведнікаў з невялічкай колькасцю мясцовых элементаў. Але гэта для нашай размовы не мае істотнага значэння. Бо яны ўсе: і “тоўстыя”, як “Натали” ці “Єва”, і “танчэйшыя”, як “Лиза” альбо “Единственная”, — вельмі падобныя й вонкава, і ўнутранай напоўненасцю. Усюды аднолькавыя белыя зубы й дагледжаныя лакаваныя пазногці, хвалі шаўковых валасоў, яскравыя паходні мужчынскіх гальштукаў (“што падарыць каханаму”), эфектныя пральныя машыны, прыгожанькія пухнаценькія кацяняткі, якія таксама нясуць нейкую ідэйную нагрузку. Тэксты цалкам адпавядаюць “зрокаваму шэрагу”. Гэта парады, як апранацца на працу ў “фірме”, як стаць каралеваю вечарыны, як узяць у палон яго, якую бялізну купляць увосень, якую ўвесну. Гэта аповед пра якую-небудзь галівудскую дзіву — балазе іх шмат, хопіць на ўсе жаночыя часопісы па дзве ў кожны нумар. Інтэрв’ю з якой-небудзь лакальнай зоркаю — вакол досыць банальнага тэксту будуць змешчаныя фота ягонага персанажа з разнастайнымі нахіламі галавы. Не чужая ўкраінскім часопісам і пэўная інтэлектуалізаванасць. Вось вам класіка: Сафі Ларэн, Чарлі Чаплін, Ромі Шнайдэр — калі вы дагэтуль пра іх нічога не чулі, вам будзе цікава. Рэгулярна з’яўляюцца матэрыялы пра ўкраінскіх жанчын, што належаць не толькі да безнадзейна масавай, але й да высокай культуры. Вось вам і оперная спявачка Валянціна Сцепава, і літаратуразнаўца Саламія Паўлычка, і дырэктарка галерэі сучаснага мастацтва Марта Кузьма. Даюцца парады, як дбаць пра сваё здароўе, — пераважна яны зводзяцца да правільнага выкарыстання сродкаў кантрацэпцыі. Без перабольшання, кожны другі жаночы часопіс змяшчае інфармацыю пра кандомы й спіралі! Здаецца, ужо першакласніцы ведаюць, што куды. Гэта ў Савецкім Саюзе сексу не было, а ў постсавецкай прасторы, да якой належыць Украіна, ён насычаны, разнастайны й не толькі шлюбны. Абавязковыя кулінарныя рэцэпты — усё тут гэтак жа сама, як было ў савецкія часы, толькі інгрэдыенты прапанаваных страваў сталі непараўнальна экзатычнейшымі. Разнастайныя тэсты з набіраннем балаў: якая ты й які твой каханы, гараскопы, парады псіхолагаў — цікава, ці нехта карыстаўся імі? Трапляюцца й апавяданнейкі пра нялёгкі жаночы лёс з хэпі-эндам.

Калі меркаваць пра ўкраінскіх жанчын толькі па гэтых часопісах, складаецца ўражанне, што ўсе лозунгі — як хрушчоўска-камуністычныя, так і сучасныя — увасобленыя ў жыццё: і Амерыку дагналі й перагналі, і ў Еўропу інтэграваліся. На бліскучых старонках паміж садранымі з адпаведнага тыпу іншаземных узораў матэрыяльчыкамі пра чарговую Джодзі Фостэр ці Настасію Кінскі ды пра тэндэнцыі моды ад Jozeph Beuys змешчаныя рэкламы касметыкі найлепшых фірмаў свету. Але нідзе не адзначана, што поўны камплект для догляду скуры адных толькі шыі й дэкальтэ каштуе як зарплата настаўніцы сярэдняй школы. Пра мізэрныя зарплаты сярэднестатыстычных украінак, якія да таго ж доўга не выплачваюцца, чытайце не тут. А тут усё ў парадку! Усе жанчыны й дзяўчыны, калі яны не акторкі, не мадэлькі й не жонкі “новых”, працуюць “на фірме”, і калі яшчэ й скардзяцца на жыццё, дык прычына гэтага — непаразуменне з боку сяброўкі, маткі, каханага альбо калегаў па той самай фірме. Тут жа даюцца парады псіхолага, як гэтых канфліктаў пазбягаць, — лепш за ўсё таму, з кім пасварылася, падараваць нешта з разрэкламаваных на суседніх старонках рэчаў, і ўсё будзе добра.

Узмацніць і паглыбіць у сваіх чытачках спажывецкія інстынкты — адна з несумнеўных функцыяў украінскіх жаночых часопісаў. Яны й самі каштуюць нямала, а яшчэ й прынукаюць да новых выдаткаў сваімі бессаромнымі рэкламамі. Шматпланавы праілюстраваны матэрыял пра губную памаду ў часопісе “Натали” запэўнівае, што жанчына, у якой штомесяц не ўзнікае “абсалютна натуральнага” жадання набыць чарговы тубік гэтай самай памады, — проста псіхічна непаўнавартая. Спажывецкая скіраванасць жаночых часопісаў, здавалася б, абсалютна не адпавядае пакупной здольнасці пераважнай масы ўкраінскіх жанчын, але ўсё больш таўсцейшымі яны (часопісы) робяцца менавіта дзякуючы рэкламе, а рэкламадаўцы плацяць не проста так. Рэкламуюцца касметыка, бялізна, адзенне, жаночая чытанка, новыя кінафільмы, турыстычныя паездкі — разнастайныя сродкі дасягнення гармоніі.

Для каго гэта ўсё? Для дзяўчат і жанчын, у якіх усяго досыць! Для тых, хто верыць у сваю зорку! А хто не ўмее карыстацца маладосцю, прыгожым тварам і зграбным пакуль што целам, няхай абвінавачвае сябе, а не экана­мічны крызіс ці цяжкую спадчыну камуністычнага мінулага.

Прынцыпова арыентаваныя на меншыню, якая выбілася ў пэўную заможную праслойку, украінскія жаночыя часопісы пагардліва не заўважаюць большасці, якая выбіцца не здольная. Балючых сацыяльных праблемаў Украіны не існуе! Існуюць крэмы для твару й жыватворныя маскі, начныя клубы й дарагія курорты. Ці маральна прысвячаць цэлыя выданні гэтым бакам жыцця не ў заможнай Францыі, не ў сытай Бельгіі, не ў спакойнай Нямеччыне, а ў беднай, галоднай, неспакойнай Украіне?

Але ўкраінскія жаночыя часопісы й якая-колечы мараль — паняткі несумяшчальныя: як у шырэйшым, грамадскім, так і ў вузейшым, побытавым, значэнні. Зірнем на іх з маральнага гледзішча. Каго й што выхоўваюць яны.

Словы любоў, каханне згадваюцца на іхных старонках вельмі часта. Але, спадарства, каханне — гэта не парфума, бялізна, грошы й кантрацэптывы. Гэтаму ёсць іншая назва. Гэта й прапагандуюць часопісы. Дзяўчыне, што напісала ў рэдакцыю, што яе спакусілі й кінулі, псіхолаг параіў супакоіцца й пашукаць каго іншага — цягам жыцця ва ўсіх цяпер некалькі палавых партнёраў. Што ўзяць з сабой на курорт? Новыя прэзерватывы — менавіта гэтаму сродку засцярогі варта аддаць перавагу, калі гэта адбываецца ў цябе з тым, з кім ты пазнаёмілася толькі ўчора. Таксама даюцца парады, як ачомацца пасля згвалтавання — галоўнае, не лічыць сябе пракажонаю, як мага больш бываць на людзях, шукаць радасцяў жыцця, бо толькі яны змогуць вылечыць ад жыццёвага бруду. Вось жа, безліч карысных парад, як пазбавіцца хімеры з імем “хрысціянская мараль” ці “савецкая мараль” (што ў дадзеным кантэксце амаль тое самае) і наагул усяго таго, што ўваходзіць у дастаткова недакладна акрэслены, але зразумелы панятак “традыцыйная мараль”.

Нельга сказаць, што ўкраінскія жаночыя часопісы зусім не арыентуюць сваіх чытачак на традыцыйныя вартасці. Не, замуж выходзіць трэба. Але не варта спяшацца, лепш перажыць некалькі расчараванняў да шлюбу, чым у шлюбе. Шлюбная вернасць, безумоўна, добрая рэч. Але з яе не трэба ствараць куміра. І таму даюцца парады, як мець карысць з таго, што твой муж — донжуан. Ведаеце як? Па-першае, пакуль ён вырашае свае пазашлюбныя праблемы, вы не плачце наўзрыд, а вырашайце свае. Па-другое, вам пашчасціла: муж-донжуан нашмат лепшы каханак, чым добрасумленны муж. Таму навучыцеся ў яго ўсяму й не трымайце набыты досвед пры сабе, дзяліцеся ім з прыемнымі вам асобамі. А яшчэ мужчыны-донжуаны значна менш патрабавальныя да дамашняга парадку, у іх сталы комплекс віны перад рэгулярна здраджванаю жонкай, чым апошняя можа паспяхова карыстацца. Такім чынам, сучасныя ўкраінскія жаночыя часопісы ўвасабляюць у жыццё асноўны сексуальны лозунг крызісных эпох: смакуй жыццё ў кожным ложку, жывем адзін раз!

З мараллю цесна павязаная рэлігія. Але дзе няма маралі, там Бога няма й пагатоў. Вядома, ніхто не ўзяўся б шукаць на старонках гэтых часопісаў ікону Божай Маці, але там, дзе богам становіцца калекцыя крэмаў ад Lumene, не трэба наагул чагосьці шукаць.

Інтэлект? Перад намі досыць прымітыўныя тэксты, праілюстраваныя, калі разабрацца, гэткімі ж прымітыўнымі выявамі. Ні на адной з незлічоных гожанькіх пысачак, якімі пярэсцяцца льсняныя старонкі “УЖЧ” (украінскага жаночага часопіса. — Рэд.), не пабачыш ані святла думкі, ані полымя духоўнасці. Старанна памаляваныя вочы пустыя. Не задумваюцца гэтыя галоўкі толькі што з цырульні над жаночымі праблемамі, над месцам жанчыны ў гэтым свеце.

Здараецца, і феміністкі адкідваюць традыцыйныя вартасці як ханжаскія й прыгнятальніцкія. Але за гэтым стаіць прадуманая стратэгія, а не гуллівая амаральнасць. Брытанская даследчыца Джэніс Віншып яшчэ у 1987 годзе ў кніжцы “Сярод жаночых часопісаў” (Inside Women’s Magazines), прааналізаваўшы іх менавіта з феміністычнага гледзішча, адзначыла, што жаночыя часопісы ніякім чынам не спрыяюць павышэнню феміннай самасвядомасці жанчыны — наадварот, яны паглыбляюць яе другарадны статус. Яны нібыта вучаць жанчыну, як жыць лепш і цікавей, але не шукаючы свайго непаўторнага месца ў гэтым свеце, а па-майстэрску прыстасоўваючыся да яго, прымаючы свет такім, які ён ёсць, — г.зн. безнадзейна мужчынскім. Галоўнае — правільна выкарыстоўваць жаночыя чары, якія ўзмацняюцца сродкамі до­гляду скуры, стылёвым адзеннем, сексуальным досведам і памяркоўнай дозай афрадызіяку. Віншып назвала жаночыя часопісы даведнікам для жанчын у мужчынскім свеце, бо яны змяшчаюць шмат матэрыялаў, як не толькі прывабліваць, але й звабліваць мужыкоў, і галоўнае, як іх выкарыстоўваць. Не свой розум, здольнасці, волю, а мужчын. А дакладней, розум, здольнасці й волю накіраваць на мужчын!

Выснова Віншып слушная й для ўкраінскіх жаночых часопісаў. Нельга сказаць, што яны выхоўваюць толькі жанчыну-гаспадыню, жонку ці будучую жонку. Перыядычна з’яўляюцца матэрыялы пра тую ці іншую бізнес-лэдзі, элегантную, дзелавую, паспяховую career-woman. Пра жанчыну, якая не мае грошай на касцюм ад прэстыжнай фірмы, тут, як ужо казалася, не пішуць.

Якой выглядае нашая гераіня Наталіза-Наталева? Яна маладзенькая й гожанькая, хаця й не мае натхнёнай прыгажосці Струйскай ды Лапухіной; яна прываблівая й сексуальна разняволеная; яна хоча замуж за багатага; яна невысокага інтэлектуальнага палёту, але не пазбаўленая пэўнай жыццёвай кемлівасці; у яе пасрэдны эстэтычны густ; у яе вядуцца грашаняты сумнеўнага паходжання. Але яна аптымістка, сама ўмее даваць сабе рады ў жыцці і, на дзіва, нягледзячы на ўсю прымітыўнасць сваёй натуры, умее падтрымаць іншых! І яе любяць! Яе купляюць і тыя, да каго яна быццам бы абсалютна не звернутая. Каго рэгулярна праглядаюць у бібліятэках, у каго адпадае вокладка й чарнеюць ражкі старонак ад інтэнсіўнага гартання? У тага­светна-інтэлектуальнага “Світо-вида”? У востра сацыяльнага “ПІКу”? У старой сяброўкі, масквічкі “Науки и жизни”? Не, у прываблівай “Натали”. Не так шмат украінак, што купляюць гэтыя ды іншыя жаночыя часопісы рэгулярна, і заўсёды свежыя выпускі. Існуе гнуткая сістэма скідак на старыя нумары, якія таксама добра “ідуць”. Характэрная рыса гэтых часопісаў — у тым, што яны доўга не старэюць (уласна, як добра дагледжаныя жанчыны). Нават у вясковых хатках можна пабачыць хаця б адзін глянцавы экзэмпляр “УЖЧ”. Здавалася б, даўганогія, смуглявыя, белазубыя, ледзь прыкрытыя й грунтоўна нафарбаваныя красуні, якія ўсміхаюцца з кожнай ільснянай старонкі, мусілі б раздражняць вясковых работніцаў, выклікаць у іх натуральнае пачуццё абурэння жанчыны, што цяжка працуе, да дзеўкі, якая шукае лёгкага хлеба. Нягледзячы на гэта, і ад сялянкі, што схілілася над “Наталізай”, можна пачуць: хоць пабачу, якая ў свеце ёсць прыгажосць. Хіба пра зусім ужо аголеную паненку сялянка ўсё-такі заўважыць: прыкрылася б, курва!

Ненатуральна аптымістычным і распусным “Наталізам” быццам бы ёсць пэўная альтэрнатыва — гэта проста “Жінка”, колішняя “Радянська жінка”. Вось хто, здавалася б, стаіць на абароне традыцыйнай маралі, выхоўвае традыцыйныя вартасці, а таксама адлюстроўвае нялёгкія сацыяльныя праблемы сучаснасці. Тут можна знайсці інфармацыю пра нікчэмныя падачкі сацыяльнага забеспячэння ветэранам працы альбо няшчасным асобам, “што да­глядаюць інвалідаў I групы альбо дзяцей-інвалідаў, альбо асобам, што дасягнулі 80-гадовага веку”, прачытаць пра тое, як даглядаць карову і як выхоўваюць дзетак-сіротаў у школе-інтэрнаце. Ёсць традыцыйныя выкрайкі сукенак і ўзоры для вышывання — для тых, хто яшчэ не развучыўся шыць. Ёсць матэрыял і пра форму броваў, кулінарныя рэцэпты, гараскопы. Тым, хто хацеў бы зрабіць татуіроўку на целе, раяць лепш абклеіцца прыкольнымі (лексіка крыніцы) малюначкамі, — на фатаграфіі бачна, як гэта будзе класна. Апавяданнейкі пра разнастайныя жаночыя лёсы як пачнеш чытаць, дык абавязкова дачытаеш да канца: не праз іхную літаратурную вартасць (узровень пісьма сціплай “Жінки” гэткі самы, як у яе шыкоўных калегаў) — проста бярэ сваё неадольная цікавасць да чужога жыцця. Так, бывае, несвядома слухаеш чужыя размовы ў электрычцы. Рэкламы на старонках “Жінки” істотна менш, і паліграфія слабейшая, і нязломная маральная пазіцыя асучаснілася. “Жінка” ўжо разумее, што без гэтага немагчыма, адсюль і абсалютна празрыстая кофтачка з кветачкамі на адпаведных месцах на вокладцы. На старонках “Жінки” няма ні Парыжу, ні Маямі. Але ёсць адкрыцці тыпу: “Кожны, хто мае сілы, змагаецца за месца пад сонцам... Трэба браць тое, што можна ўзяць”. А гэта ўжо несфармуляваны дэвіз дзяўчыны з “Наталізы”.

Так, “Жінка”, у адрозненне ад іншых жаночых часопісаў, не рэкламуе шыкоўнага жыцця. Але вобраз жанчыны-гаспадынькі культывуецца тут яшчэ больш настойліва. Жанчыны, што дрэнна даглядалі працоўнага мужа, цалкам лагічна аказваюцца самотнымі без вернага сябра побач.

Але досыць пра “Жінку”, хоць яна й мае сваіх чытачак, — не яна вабіць і маніць асноўную масу маладых украінак. А ад выхаваных на “Работницах” ды “Крестьянках” мамаў ды бабуляў сённяшніх чытачак “Наталіз” нярэдка пачуеш, што яны (спонсары гэтых часопісаў) мэтанакіравана разбэшчваюць нашых дурніцаў, прагнучы выхаваць з іх сабе кухарак і афіцыянтак. Навошта такім даваць асвету й адкрываць вышыні й далягляды? Дастаткова навучыць мазаць вусны й карыстацца прэзерватывамі, што й робяць постсавецкія жаночыя часопісы. Каланіяльнай краіне — каланіяльныя вартасці.

Але чым яны, каварныя й грашавітыя, напаўняюць свае жаночыя часо­пісы? Як выхоўваюць тых, хто будзе наймаць нашых дурніцаў у кухаркі й будзе даваць ім “на чай”? Няхай абураныя бездухоўнасцю “Наталіз” пажылыя спадарыні возьмуць у рукі які-колечы жаночы часопіс, створаны на па­трэбу жанчыны з “залатога мільярду”. Калі яны будуць не толькі разглядаць малюнкі, але й пачытаюць іх тэксты, дык сцямяць, што французскія, амерыканскія, галандскія жаночыя часопісы запоўненыя абсалютна тым самым, што і ўкраінскія. Гэтыя ж самыя парады касметолагаў і сексолагаў, гэтыя ж самыя аповеды пра вядомых і простых жанчын, гэтыя ж самыя кулінарныя рэцэпты, тэсты, гараскопы, гэтыя ж самыя short stories, якія, мякка кажучы, не з’яўляюцца набыткамі сусветнай літаратуры. Тут няма бінарнай апазіцыі: сваім сусветную класіку й роздумы вядучых інтэлектуалаў пра сэнс быцця, а іншым — майткі ды станікі. Хучэй з’явіцца думка: прымітызавалі сваіх — кінуліся прымітызоўваць і нашых, у каго яшчэ засталіся рэшткі закладзеных папярэдняю ўладаю інтэлектуальна-асветніцкіх ідэалаў. Тым часам у цяперашняй Украіне (і гэта ў пэўным сэнсе далучае яе да краінаў з паспяховай рынкавай эканомікай) выдаюцца й дастаткова інтэлектуальныя часопісы, што праўда, без яскрава выяўленай гендэрнай скіраванасці, дзе ўкраінскія інтэлектуалы могуць і прачытаць што-небудзь цікавае для сябе, і надрукаваць што-небудзь цікавае для іншых. І, гэтак сама як і ў краінах-каланістах, колы чытачоў літаратурных, філасофскіх, мастацтвазнаўчых, паліталагічных часопісаў значна вузейшыя, чым жаночых.

Відавочна, не будзем параўноўваць стан асветы й магчымасцяў яе здабыць у нас і ў іх. Гэтая складаная тэма выходзіць далёка за межы нашай размовы. Адзінае, што можна сказаць: адрозненні месцяцца не ў прасторы жаночых часопісаў, якія і ў нас, і ў іх напраўду падобныя.

На ўкраінскім рынку часопісаў існуюць не толькі разнастайныя жаночыя, але й спецыялізаваныя мужчынскія часопісы. Гэта тое, чаго зусім не было ў СССР. Былі часопісы — неаддзельны элемент мужчынскай культуры ў тых ці іншых праслойках: “За рулем”, “Охота и рыбалка”, газета “За рубежом”, — але спецыялізаваных часопісаў для мужчын, як, напрыклад, “Работница” ці “Радянська жінка” для жанчын, не выдавалася. Зрэдку кантрабандаю трапляў на савецкія прасторы Playboy або Lui, ды яны не рабілі надвор’я. А цяпер існуе расійская версія славутага “Плэйбоя”, існуе й расійскі “Медведь”, дасягальны для ўкраінскага чытача. Выдаецца расійскамоўны ўкраінскі часопіс “Лидер”, нядаўна з’явіўся паліграфічна слабейшы часопіс “Мужики”. І што мы можам прачытаць на іх старонках?

Гэтак сама, як жаночыя часопісы даюць жанчынам кваліфікаваныя й не вельмі парады, як ім сябе паводзіць у царстве мужчын, спецыялізаваныя мужчынскія часопісы даюць парады, як мужчынам паводзіць сябе ў царстве жанчын. Якія ўжываць дэзадаранты й парфумы, каб паспяхова прывабліваць дзяўчат, як падбіраць гальштукі й шкарпэткі, што неабходна мець у памяшканні, куды плануеш запрасіць дзяўчыну. Жаночыя часопісы зацыклі­ліся на кантрацэптывах, мужчынскія — на імпатэнцыі. Гэта, здаецца, асноўная праблема моцнага полу. Таксама папулярна тлумачыцца, што такое фондавыя біржы, якіх пісьменнікаў найбольш чытаюць ў Злучаных Штатах, колькі каштаваў вядомы галівудскі кінафільм. Часопісы гендэрнага кірунку звычайна не адрозніваюцца вышынёю думкі й глыбінёю бачання сацыяльнай сітуацыі ў краіне, дзе яны выдаюцца. Але, між іншага, на старонках ангельскамоўнага Playboy ці французскамоўнага Lui паміж аголенымі (больш аголенымі, чым ва Ўкраіне) дзяўчатамі ды рэкламамі зубных шчотак змя­шчаюца сур’ёзныя артыкулы пра палітыку й культуру, друкуюцца цікавыя інтэрв’ю са знакамітымі асобамі. Расійскія версіі сусветна вядомых часопісаў для мужчын выкідаюць такія артыкулы, пакідаючы толькі дзяўчат і зубныя шчоткі. На старонках часопісу “Лидер” можна знайсці што-небудзь пра прэзідэнцкую кампанію й пра бедных бацькоў, якіх сапраўдным мужчынам варта шанаваць. Мужчынскія часопісы змяшчаюць больш праблемнасці, чым жаночыя. Гэта можна ацэньваць па-рознаму. Магчыма, жанчын і сапраўды лічаць зусім не здольнымі задумацца над якой-колечы праблемаю, хіба што якія калготкі падабраць да вечаровага строю. Але, з іншага боку, праблемныя на першы погляд матэрыялы з мужчынскіх часопісаў не надта глыбокія. Цалкам магчыма, лічыцца, што жанчына набярэцца розуму і з іншых выданняў, а ўшчэнт заняты сапраўдны мужчына чэрпае ўсё толькі са сваіх спецыя­лізаваных часопісаў.

З якой пазіцыі ні глянеш на ўвесь масіў украінскіх жаночых часопісаў — ці то з феміністычнай, ці то з сацыяльнай, ці то з інтэлектуальнай, ці то з, груба кажучы, выхаваўчай, — паўсюль бачым суцэльныя праколы. Але жанчыны іх любяць і не змагаюцца з гэтым згубным пачуццём! У гэтым шчыра прызналася і ўжо згаданая брытанская даследчыца Джэніс Віншып на старонках сваёй кнігі. Спецыялізаваныя жаночыя часопісы, як і іхнія чытачкі, былі, ёсць і будуць. І няхай раздаюцца галасы, што такія выданні, і ўкраінскія таксама, не даюць нічога ані розуму, ані сэрцу. Скіраваныя яны не да розуму, не да сэрца, а да асноўных інстынктаў. Сярод якіх не апошняе месца займае тая цікаўнасць, якою грашаць не толькі “простыя”, але й “ускладненыя” жанчыны і якая палягае менавіта ў цікавасці да чужога жыцця, пераказанага не адшліфаванаю моваю прыгожага пісьменства, а побытава-журналісцкаю моваю жаночых часопісаў. Жаночыя часопісы пакліканыя задавальняць і інстынкт прыгажосці. Так, у шматлікіх чытачак эстэтычныя патрэбы абмяжоўваюцца бліскучымі партрэтамі папулярных акторак і манекенніцаў. Але й тыя спадарыні, якія ведаюць сусветнае мастацтва, таксама з прыемнасцю адзначаюць паспяховы дызайн “Наталізы”-“Наталевы” і выгін шыі нейкай выбітнай акторкі ці безыменнай манекенніцы. Жаданне падабацца мужчыну — таксама асноўны жаночы інстынкт (як і жаданне падабацца жанчыне — фундаментальны, часам падсвядомы мужчынскі інстынкт). І таму як не звярнуць увагу на рэкламу крэмаў і ласьёнаў, а таксама — добра ўсведамляючы іх эфемернасць! — як не кінуць вока на парады псіхолагаў, калі заплюшчыць вочы, калі расплюшчыць, а калі й падміргнуць? Якім заўгодна доўгім можа быць пералік жаночых інстынктаў, на якія — бывае, інстынктыўна, але заўсёды беспамылкова! — арыентуюцца выдаўцы жаночых часопісаў, як у нас, так і ў іх.

Пераклала з украінскай Марына Шода

паводле: Критика, № 6 (20), чэрвень 1999.


Новые статьи на library.by:
СЕМЬЯ, ЛАЙФСТАЙЛ, ДОМ:
Комментируем публикацию: Навука выжывання сярод мужчын


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

СЕМЬЯ, ЛАЙФСТАЙЛ, ДОМ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.