публикация №1096536563, версия для печати

Скандал с бывшими сотрудниками прокуратуры Петрушкевичем и Случеком


Дата публикации: 30 сентября 2004
Публикатор: maskaev
Рубрика: РАЗНОЕ


ИСТОЧНИК: БВБ

[18/06 19:35]
БЫЛЫЯ СУПРАЦОЎНІКІ ПРАКУРАТУРЫ ПЕТРУШКЕВІЧ І СЛУЧАК ЗНАХОДЗЯЦЦА Ў ЗША

Мінск, 18 чэрвеня. Былыя супрацоўнікі пракуратуры Дзмітрый Петрушкевіч і Алег Случак атрымалі палітычны прытулак у Злучаных Штатах Амерыкі. Пра гэта карэспандэнту БелаПАН паведаміў прэзідэнт грамадскага аб,яднання "Прававая дапамога насельніцтву" Алег Волчак. Паводле ягоных слоў, яны ўжо некалькі дзён знаходзяцца ў ЗША і 21 чэрвеня па аднаму з найбуйнейшых тэлевізійных каналаў краіны будзе паказана інтэрв,ю з імі.

Нагадаем, што 10 чэрвеня ў беларускія сродкі масавай інфармацыі было накіравана інтэрв,ю Петрушкевіча і Случака. У ім яны расказалі аб расследаванні "гучных" крымінальных спраў. Такіх, як знікненне аператара ОРТ Дзмітрыя Завадскага, у якім падазраецца група былога афіцэра спецпадраздзялення "Алмаз" Валерыя Ігнатовіча. Яны заявілі аб датычнасці шэрагу буйных чыноўнікаў і кіраўнікоў сілавых структур Беларусі да гэтага злачынства, а таксама да выкрадання лідэраў апазіцыі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, бізнесмена Анатоля Красоўскага і шэрагу іншых цяжкіх злачынстваў. Праз некалькі дзён, таксама па электроннай пошце, былі распаўсюджаны копіі асобных дакументаў са справы аб знікненні Дзмітрыя Завадскага.

Пасольства ЗША ў Рэспубліцы Беларусь ніяк не пракаменціравала паведамленняў аб прадастаўленні Дзмітрыю Петрушкевічу і Алегу Случаку палітычнага прытулку.

Генадзь БАРБАРЫ, БелаПАН.

[15/06 14:26]

ПРАКУРАТУРА БЕЛАРУСІ ПРАВОДЗІЦЬ ПРАВЕРКУ Ў СУВЯЗІ З ЗАЯВАМІ ПРАКУРОРА Д.ПЕТРУШКЕВІЧА І БЫЛОГА СЛЕДЧАГА ПРАКУРАТУРЫ А.СЛУЧАКА

Мінск, 15 чэрвеня. Памочнік генеральнага пракурора Аляксей Таранаў у інтэрв,ю БелаПАН паведаміў, што цяпер пракуратурай праводзіцца праверка ў сувязі з заявамі следчага Дзмітрыя Петрушкевіча і былога следчага пракуратуры Алега Случака.

Як вядома, некалькі дзён таму яны нелегальна выехалі за мяжу, дзе далі інтэрв,ю аб падрабязнасцях расследавання "справы аператара ОРТ Дзмітрыя Завадскага" і іншых "гучных" злачынстваў, ва ўчыненні якіх падазраецца група былога супрацоўніка спецпадраздзялення "Алмаз" Валерыя Ігнатовіча. Дзмітрый Петрушкевіч з пачатку 2001 года ўваходзіў у склад следчай групы, якая расследавала гэтыя крымінальныя справы. 15 чэрвеня ў сродкі масавай інфармацыі былі перададзены фотакопіі некаторых дакументаў з крымінальнай справы. У прыватнасці, копіі экспертыз аб біялагічных слядах на сапёрнай рыдлёўцы. Як устаноўлена, яны належаць Дзмітрыю Завадскаму.

Па словах Аляксея Таранава, звесткі аб экспертызах былі абвешчаны 11 мая на брыфінгу для журналістаў намеснікам генпракурора Рэспублікі Беларусь Міхаілам Снегіром і кіраўніком следчай групы Іванам Бранчэлем і ніякай сенсацыі ў гэтым няма. Аляксей Таранаў назваў "правакацыйнымі выхадкамі" заявы пракурораў-уцекачоў аб датычнасці да знікнення Дзмітрыя Завадскага і вядучых апазіцыйных палітыкаў Беларусі цяперашняга кіраўніка пракуратуры і кіраўніцтва краіны.

Па выніках праверкі гэтых заяў, вывазу за мяжу і абвяшчэння матэрыялаў крымінальнай справы ў дачыненні да следчых можа быць узбуджана крымінальная справа. "Падставы для гэтага ёсць, - заявіў Аляксей Таранаў. - Крымінальная справа можа быць узбуджана або ў сувязі з парушэннем тайны следства, або злоўжывання службовым становішчам. Мы паведамім прэсе, калі рашэнне аб узбуджэнні крымінальнай справы будзе прынята".

Як вядома, Дзмітрый Петрушкевіч ужо звольнены з пракуратуры. Загад аб гэтым быў падпісаны 12 чэрвеня, але паколькі на працу ён не з,яўляўся з 29 мая, звольнены ён менавіта з гэтага дня. Алег Случак звольніўся з пракуратуры Фрунзенскага раёна Мінска яшчэ раней, два гады таму.

Як сказаў Аляксей Таранаў, разбор будзе праводзіцца і ў дачыненні да кіраўнікоў следчай групы. "Я думаю, тое, што здарылася, - вынік недапрацовак усёй нашай сістэмы. І нейкія рашэнні, магчыма, жорсткія, будуць прыняты".

Генадзь БАРБАРЫЧ, БелаПАН.



[13/06 12.27]

У СРОДКІ МАСАВАЙ ІНФАРМАЦЫІ РАЗАСЛАНЫ ФОТАЗДЫМАК СЛЕДЧЫХ ДЗМІТРЫЯ ПЕТРУШКЕВІЧА І АЛЕГА СЛУЧАКА

Мінск, 13 чэрвеня. Некалькі дзесяткаў сродкаў масавай інфармацыі і грамадскіх арганізацый 13 чэрвеня атрымалі фотаздымак Дзмітрыя Петрушкевіча, следчага пракуратуры горада Мінска, і былога следчага пракуратуры Фрунзенскага раёна Мінска Алега Случака. Нагадаем, што 10 чэрвеня таксама па электроннай пошце ў СМІ былі разасланыя тэксты інтэрв'ю гэтых двух людзей. У іх утрымлівалася інфармацыя, якая мае дачыненне да "гучных" крымінальных спраў аб знікненнях аператара ОРТ Дзмітрыя Завадскага, палітыкаў Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара, бізнесмена Анатоля Красоўскага.

У подпісу да фотаздымка было пазначана: "На фота: МОМАНТ ІНТЭРВ'Ю злева - Дзмітрый Петрушкевіч справа - Алег Случак".

Карэспандэнт інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Генадзь Барбарыч, які па роду сваёй прафесійнай дзейнасці неаднаразова размаўляў з Д.Петрушкевічам і А.Случакам, пацвердзіў, што на разасланай фатаграфіі адлюстраваныя менавіта гэтыя людзі.

БелаПАН.




[12/06 21.25]

ЗА ЗАЯВАМІ ПА СПРАВЕ АБ ЗНІКНЕННЯХ ЛЮДЗЕЙ МОГУЦЬ СТАЯЦЬ РАСІЙСКІЯ СПЕЦСЛУЖБЫ, ЛІЧЫЦЬ КІРАЎНІК АРГАНІЗАЦЫІ "ПРАВАВАЯ ДАПАМОГА НАСЕЛЬНІЦТВУ" АЛЕГ ВОЎЧАК

Мінск, 12 чэрвеня. Кіраўнік беларускай праваабарончай арганізацыі "Прававая дапамога насельніцтву" Алег Воўчак пракаментаваў БелаПАН інтэрв'ю Дзмітрыя Петрушкевіча - супрацоўніка следчай групы па справе аб выкраданні аператара ОРТ Дзмітрыя Завадскага і шэрагу іншых гучных злачынстваў, а таксама былога следчага пракуратуры Алега Случака.

Нагадаем, што інтэрв'ю з імі было распаўсюджана 10 чэрвеня электроннай поштай. Паводле наяўнай інфармацыі, цяперашнім часам Петрушкевіч і Случак знаходзяцца за мяжой.

Алег Случак некаторы час працаваў разам з Воўчакам у пракуратуры Фрунзенскага раёна Мінска. Пасля звальнення адтуль некалькі месяцаў супрацоўнічаў з "Прававой дапамогай насельніцтву" і ўваходзіў у склад грамадскай камісіі па расследаванні знікненняў былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі, намесніка старшыні Вярхоўнага Савета Віктара Ганчара і бізнесмена Анатоля Красоўскага. Случака Алег Воўчак характарызаваў як добрасумленнага чалавека. Ён лічыць, што пасля гэтага скандальнага інтэрв'ю Петрушкевіча і Случака будуць "паліваць брудам". Хаця, на думку Воўчака, учынак гэтых людзей вельмі мужны. Ён пэўны, што на падобныя крокі пойдуць і іншыя супрацоўнікі пракуратуры, абураныя цяперашнім бяспраўем.

"Мне ўскосна было вядома, што Случак збірае інфармацыю пра знікненні людзей, - сказаў Алег Воўчак. - За некалькі тыдняў да свайго раптоўнага ад'езду за мяжу ён папрасіў забяспечыць ахову адной важнай сустрэчы з аператыўнікам з Камітэта па арганізаванай злачыннасці і карупцыі горада Мінска". Для аховы быў вылучаны адзін з членаў грамадскай камісіі па расследаванні знікненняў вядомых палітыкаў Ігар Гайшун.

Гэтую інфармацыю БелаПАН пацвердзіў сам Гайшун, па словах якога такая сустрэча сапраўды адбылася. Пра яе змест Случак нікому падрабязна не расказваў, паведаміўшы толькі, што яна атрымалася вельмі цікавай і паабяцаўшы расказаць пазней. А хутка, па словах Гайшуна, стала вядома, што аператыўны работнік Камітэта па арганізаванай злачыннасці і карупцыі па прозвішчы Французаў, які сустракаўся са Случакам, раптоўна памёр. Паводле некаторых звестак, памёр яшчэ адзін удзельнік расследавання, а таксама адзін са сведкаў па справе аб знікненні Дзмітрыя Завадскага.

Па словах Воўчака, апошні тыдзень да свайго ад'езду Случак знаходзіўся ў прыгнечаным стане і, спасылаючыся на дрэннае самаадчуванне, адмаўляўся ад сустрэч са знаёмымі. 8 чэрвеня ён нечакана пазваніў Воўчаку з-за мяжы і папярэдзіў, што яны з Дзмітрыем Петрушкевічам распаўсюдзяць электроннай поштай важную інфармацыю. "Вывучыўшы гэтае пасланне, а таксама ананімныя лісты, якія з'явіліся раней у прэсе, я прыходжу да высновы, што тут бачны след расійскіх спецслужбаў, - сказаў Алег Волчак. - Яны валодаюць поўнай інфармацыяй па гэтых пытаннях, якую так проста не атрымаць. Затым, магчыма, з дапамогай тых жа спецслужбаў было падрыхтавана інтэрв'ю з Петрушкевічам і Случакам. Я не выключаю, што хутка з'явяцца і відэазапісы па гэтай справе. Аналізуючы тое, што здарылася, прыходжу да высновы, што была праведзена сапраўдная інфармаыя, прафесійна падрыхтаваная пры ўдзеле некаторых супрацоўнікаў беларускага КДБ і расійскіх спецслужбаў. Бо пасля сустрэч з аператыўнікам Случак гаварыў аб сачэнні за сабою, аднак яму і Петрушкевічу ўдалося бесперашкодна пакінуць Беларусь", - сказаў Воўчак.

Ён лічыць, што беларускія ўлады не змогуць адмаўчацца і бліжэйшым часам змушаны будуць апраўдвацца па выкрываннях, што прагучалі ў інтэрв'ю. Апрача таго, як лічыць Волчак, некаторым высокім службовым асобам, якія замешаны ў гэтай скандальнай справе, у тым ліку былому міністру ўнутраных спраў Юрыю Сівакову, можа пагражаць рэальная небяспека.

Генадзь БАРБАРЫЧ, БелаПАН.





[12/06 20.05]

СКАНДАЛЬНАЕ ІНТЭРВ'Ю СУПРАЦОЎНІКАЎ ПРАКУРАТУРЫ СВЕДЧЫЦЬ ПРА ТОЕ, ШТО СІТУАЦЫЯ Ў ПРАКУРАТУРЫ І КДБ БЕЛАРУСІ СТАНОВІЦА БЛІЗКАЙ ДА КРЫТЫЧНАЙ, МЯРКУЕ ПАВЕЛ ШАРАМЕТ

Мінск, 12 чэрвеня. Распаўсюджанае 11 чэрвеня электроннай поштай інтэрв'ю з Дзмітрыем Петрушкевічам - супрацоўнікам следчай групы па справе зніклага аператара ОРТ Завадскага, а таксама былым следчым пракуратуры Алегам Случакам, сведчаць пра тое, што сітуацыя ў Пракуратуры і КДБ Беларусі становіцца "нецярпімай, блізкай да крытычнай". Такое меркаванне выказаў у інтэрв'ю БелаПАН кіраўнік аддзела спецыяльных інфармацыйных праектаў ОРТ Павел Шарамет.

"Паводле нашых звестак, - паведаміў ён, - два следчыя, якія бралі ўдзел у справе зніклых людзей, нядаўна памерлі ад сардэчнай недастатковасці пры загадкавых абставінах. (Падобная інфармацыя ўтрымліваецца і ў інтэрв'ю Дзмітрыя Петрушкевіча і Алега Случака - БелаПАН). Таксама ад сардэчнай недастатковасці памёр адзін з галоўных сведкаў, былы АМАПавец, нехта Кабзар. Таксама дзіўная смерць, бо, як кажуць сведкі, ён вёў выключна здаровы лад жыцця".

Шарамет выказвае здагадку, што следчаму пракуратуры Дзмітрыю Петрушкевічу і былому следчаму Алегу Случаку, якія выехалі за мяжу, таксама пагражала рэальная небяспека. Прычым, паводле звестак Шарамета, разам з Петрушкевічам і Случакам з Беларусі выехалі і іх сем'і. Сітуацыя вакол следчай групы, паводле звестак Шарамета, "вельмі нервовая". Справа імкліва рыхтуецца да перадачы ў суд, і цяпер з яе матэрыяламі завяршаюць азнаямленне асноўныя ўдзельнікі працэсу. Судовы працэс, мяркуе Шарамет, пачнецца, хутчэй за ўсё, у ліпені і будзе хуткім.

Калега Завадскага мяркуе таксама, што група падазраваных можа быць знішчана. Пасля выбараў дастаткова жорстка абыдуцца і з астатнімі ўдзельнікамі, сведкамі, непасрэдна ці ўскосна датычнымі гэтай справы. Усё гэта і прывяло да з'яўлення інтэрв'ю, якое, як лічыць Шарамет, "падобнае да праўды на 100 працэнтаў".

Павел Шарамет не сумняецца ў тым, што група былога афіцэра спецпадраздзялення "Алмаз" МУС Беларусі Валерыя Ігнатовіча вінаватая ва ўчыненні злачынстваў, якія ставяцца ёй у віну, у тым ліку і ў выкраданні Дзмітрыя Завадскага. "Пытанне толькі ў тым, ці атрымлівалі яны загад ад іншых гэткіх жа забойцаў, якія займаюць высокія пасады, ці дзейнічалі па ўласнай волі", - зазначыў Шарамет. Паводле яго слоў, злачынства ў дачыненні Завадскага па почырку значна адрозніваецца ад тых, ва ўчыненні якіх абвінавачваецца група Ігнатовіча; за ім яўна стаяць прафесіяналы.

Паводле звестак Шарамета, расійскія спецслужбы валодаюць пэўнай колькасцю дакументаў па справах аб знікненні Завадскага і беларускіх палітыкаў. Аднак, паводле яго слоў, у расійскіх установах працуе немалая колькасць людзей, якія спачуваюць цяперашняму беларускаму кіраўніцтву, і таму наяўныя дакументы фактычна недаступныя.

Больш за тое, паведаміў Шарамет, ёсць інфармацыя, што ў Маскве дзейнічае спецыяльная група, якая адсочвае сувязі прадстаўнікоў беларускай апазіцыі ў Расіі, і ўжо складзены спіс уплывовых людзей, звязаных з беларускай апазіцыяй, якія павінны быць "рознымі шляхамі нейтралізаваныя" перад прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі.

Генадзь БАРБАРЫЧ, БелаПАН.





[12/06 19.35]

ДЗМІТРЫЙ ПЕТРУШКЕВІЧ І АЛЕГ СЛУЧАК - АЎТАРЫ ЗАЯЎ ПА СПРАВЕ АБ ГУЧНЫХ ЗНІКНЕННЯХ ЛЮДЗЕЙ - ЗНАХОДЗЯЦЦА ЗА МЕЖАМІ БЕЛАРУСІ

Мінск, 12 чэрвеня. Паводле звестак БелаПАН, следчы Дзмітрый Петрушкевіч і былы пракурорскі работнік Алег Случак цяперашнім часам знаходзяцца за межамі Беларусі. Нагадаем, што гэтым двум людзям прыпісваецца аўтарства інтэрв'ю, якія ўтрымліваліся ў ананімным лісце, разасланым 10 чэрвеня электроннаю поштаю ў беларускія сродкі масавай інфармацыі. У гэтых інтэрв'ю прыводзілася інфармацыя, якая мае дачыненне да знікненняў у Беларусі ў 1999-2001 гадах палітыкаў Юрыя Захаранка і Віктара Ганчара, журналіста Дзмітрыя Завадскага і некаторых іншых асоб. У прыватнасці, ішла размова аб стварэнні з ведама прадстаўнікоў кіраўніцтва краіны групы для выкарадання і забойства людзей. Усяго, як гаварылася ў інтэрв'ю, гэтай групай было ўчынена больш за 30 забойстваў; у тым ліку на яе рахунку выкраданні палітыкаў Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара, аператара ОРТ Дзмітрыя Завадскага.

Як пацвердзіла прэс-служба рэспубліканскай Пракуратуры, Дзмітрый Петрушкевіч уваходзіў у склад следчай групы па справе аб знікненні Дзмітрыя Завадскага. Аднак, на думку прэс-службы, Дзмітрый Петрушкевіч выконваў толькі "тэхнічныя функцыі", а таму "не можа ведаць нічога істотнага ў дадзенай справе". Звесткі, прыведзеныя ў разасланых электроннаю поштаю інтэрв'ю, прэс-служба Пракуратуры назвала "правакацыйнай выдумкай".

Алег Случак, паводле інфармацыі БелаПАН, да 1999 года працаваў следчым пракуратуры Фрунзенскага раёна Мінска, а апошні год уваходзіў у склад грамадскай камісіі па расследаванні фактаў знікнення вядомых палітыкаў.

Дзмітрый Петрушкевіч і Алег Случак, паводле звестак БелаПАН, былі добра знаёмыя адзін з адным. Па непацверджаных звестках, тэрыторыю Беларусі яны пакінулі па ўласнай волі на мінулым тыдні, у перыяд з 5 па 7 чэрвеня. У тэлефоннай размове з кіраўніком арганізацыі "Прававая дапамога насельніцтву" Алегам Воўчакам Алег Случак заявіў, што ён і Дзмітрый Петрушкевіч знаходзяцца ў бяспецы, а таксама пацвердзіў, што менавіта яны далі разасланыя ў ананімным лісце інтэрв'ю.

Нявеста Дзмітрыя Петрушкевіча і сям'я Алега Случака (жонка і маленькае дзіця) засталіся ў Мінску.

Паводле непацверджанай інфармацыі, Дзмітрый Петрушкевіч і Алег Случак звярнуліся да ўрада ЗША з просьбай прадаставіць ім палітычны прытулак у гэтай краіне. У аддзеле інфармацыі Пасольства Злучаных Штатаў у Беларусі інфармацыйнай кампаніі БелаПАН не пацвердзілі, але і не абверглі гэтую інфармацыю. Як было заяўлена, урада ЗША не каментуе пытанняў, звязаных са зваротам або незваротам грамадзян па прадастаўленне статусу палітычных уцекачоў.

Сяргей СНЕГІН, БелаПАН.


[11/06 19.15]

МІНІСТР УНУТРАНЫХ СПРАЎ БЕЛАРУСІ АБВЯРГАЕ АБВІНАВАЧАННІ Ў СВОЙ АДРАС, ЯКІЯ ЎТРЫМЛІВАЮЦЦА Ў ІНТЭРВ'Ю, РАСПАЎСЮДЖАНЫМ НІБЫТА АД ІМЯ ЎДЗЕЛЬНІКА СЛЕДЧАЙ ГРУПЫ ПА СПРАВЕ ДЗМІТРЫЯ ЗАВАДСКАГА

Мінск, 11 чэрвеня. Міністр унутраных спраў Беларусі Уладзімір Навумаў абвяргае звесткі, якія ўтрымліваюцца ў інтэрв'ю, што было распаўсюджана 11 чэрвеня праз электронную пошту нібыта ад імя следчага Дзмітрыя Петрушкевіча, члена следчай групы па справе аб знікненні аператара ОРТ Дзмітрыя Завадскага, а таксама былога следчага пракуратуры Фрунзенскага раёна Мінска Алега Случака. Пра гэта БелаПАН заявіў дарадца па сувязях з грамадскасцю міністра ўнутраных спраў Дзмітрый Партон.

Паводле яго слоў, азнаёміўшыся з тэкстам інтэрв'ю, Уладзімір Навумаў "быў абураны, успрыняў гэта як асабістую знявагу". Ён абверг усе факты, што прыводзяцца ў інтэрв'ю, а таксама заявіў, што ўпершыню чуе прозвішчы гэтых следчых. Не выключана, што ў бліжэйшы час міністр, які адначасова з'яўляецца кіраўніком следча-аператыўнай групы па гучных крымінальных справах, зробіць заяву ў сувязі са скандалам.

Нагадаем, што ў скандальным інтэрв'ю сцвярджалася: Уладзімір Навумаў добра знаёмы з абвінавачанымі па справе Завадскага былым афіцэрам спецпадраздзялення МУС "Алмаз" Валерыем Ігнатовічам і афіцэрам гэтага ж падраздзялення Максімам Малікам. "Навумаў дагэтуль наведвае іх у следчых ізалятары … без пратаколу, без афармлення дакументаў, - гаварылася ў інтэрв'ю. - Гэта значыць, дакументальнага пацвярджэння яго наведвання вы не знойдзеце нідзе. Гэта натуральна. Я так думаю, што Навумаў дае ім інфармацыю, бо злачынцам вядомы звесткі пра амаль усіх членаў следчай групы. Малік і Ігнатовіч увесь час пагражаюць следчым. Ім вядомы звесткі пра асабістае жыццё, пра тое, дзе хто жыве з членаў следчай групы. Гэта значыць, тут можна зрабіць выснову, што гэтую інфармацыю ім дае Навумаў".

Генадзь БАРБАРЫЧ, БелаПАН.

[11/06 16.45]

АНАНІМНЫ ЛІСТ ПА СПРАВЕ АБ ГУЧНЫХ ЗНІКНЕННЯХ МОЖА АКАЗАЦЦА ВЫДУМКАЙ, ПАПЯРЭДЖВАЕ ПРАКУРАТУРА РЭСПУБЛІКІ

Мінск, 11 чэрвеня. Кіраўнік прэс-цэнтра Пракуратуры Рэспублікі Беларусь Аляксей Таранаў не выключае, што разасланае па электроннай пошце інтэрв'ю, якое нібыта далі супрацоўнік Пракуратуры Дзмітрый Петрушкевіч і былы следчы Алег Случак, з'яўляецца выдумкай. Паводле слоў Таранава, следчы Петрушкевіч толькі некалькі месяцаў знаходзіцца ў складзе следчай групы па справе аб знікненні аператара ОРТ Дзмітрыя Завадскага. У яе склад ён быў адкамандзіраваны з пракуратуры Мінска і па гэтай крымінальнай справе ніякіх істотных дзеянняў не выконваў, а таму "ведаць нічога не можа". Кіраўнік прэс-службы нагадаў, што ў гэты момант абвінавачаныя і пацярпелыя знаёмяцца з матэрыяламі гэтай справы і яе неўзабаве адправяць у суд.

Начальнік упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Пракуратуры Рэспублікі Беларусь Віктар Марозаў параіў "не спяшацца з вывадамі". Ён заявіў, што яшчэ не знаёмы з тэкстам інтэрв'ю Петрушкевіча. Паводле слоў Марозава, Петрушкевіч "як працаваў, так і працуе ў складзе следчай групы", хаця 11 чэрвеня ён яго ў будынку пракуратуры не бачыў.

Яшчэ адзін супрацоўнік пракуратуры горада Мінска, які пажадаў застацца невядомым, не выключыў, што разасланы ананімны ліст можа быць правакацыяй супраць Петрушкевіча.

Прэс-служба Савета бяспекі аказалася пакуль не гатовая каменціраваць ананімны ліст, хаця пацвердзіла, што цяпер гэтыя матэрыялы вывучаюцца кіраўніцтвам Савета бяспекі.

Даведка БелаПАН. Ананімны ліст быў разасланы 10 чэрвеня 2001 года па электроннай пошце дзесяткам беларускіх сродкаў масавай інфармацыі і недзяржаўных арганізацый з бясплатнага сервера "yahoo.com".

Ліст змяшчае тэксты інтэрв'ю, якія нібыта далі былыя следчыя Пракуратуры Беларусі Алег Случак і Дзмітрый Петрушкевіч. У гэтых інтэрв'ю прыводзіцца інфармацыя, што мае дачыненне да знікненняў у Беларусі ў 1999-2001 гадах палітыкаў Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара, журналіста Дзмітрыя Завадскага і некаторых іншых асоб.

У інтэрв'ю, якое прыпісваецца Алегу Случаку, у прыватнасці, сцвярджаецца: "Пасля рэферэндуму 1996 года сакратар Савета бяспекі РБ Шэйман даручыў камандуючаму ўнутранымі войскамі Сівакову стварыць каманду, якая змагла б выконваць любыя заданні, аж да забойства. Сівакоў даручыў свайму падначаленаму афіцэру брыгады спецыяльнага прызначэння ўнутраных войскаў Дзмітрыю Паўлючэнку падабраць людзей для выканання спецаперацый. Была створана група, у якую ў розны час уваходзілі абвінавачаныя цяпер па крымінальнай справе аб выкраданнях і забойствах людзей Ігнатовіч, Гуз, Малік, Савушкін, а таксама 5-6 чалавек, не ўстаноўленых следствам. Групу ўзначальваў Паўлючэнка. Гэтай групе было загадана адпрацаваць схему выкрадання, забойства, а потым пахавання трупаў. Схема павінна была выключаць магчымасць адшукання трупаў… Пасля распрацоўкі дэталёвай схемы "ідэальнага забойства" і ўхвалы вышэйшай улады групе даручылі апрабаваць гэтую схему на крымінальных аўтарытэтах. Першым прапаў беларускі "злодзей у законе" Шчаўлік. Потым прападае драбнейшы "аўтарытэт" Маманцёнак… Пасля знікнення вышэйназваных асоб шуму ніхто не падняў. Гэтую схему палічылі ідэальнай, і групе сталі даручаць яшчэ больш сур'ёзныя "заказы" - палітычныя. Знікае Захаранка, потым - Ганчар з Красоўскім, і апошнім - журналіст Завадскі. Усе ўказанні на правядзенне аперацый паступалі да Паўлючэнкі непасрэдна ад Сівакова. Сівакоў атрымліваў іх ад Шэймана. Пасля адстаўкі Сівакова група перайшла пад поўны кантроль новага міністра ўнутраных спраў Навумава. Усяго група ўчыніла больш за 30 забойстваў. Таксама былі ўчынены разбойныя напады і забойствы з карыслівых меркаванняў, за якія яны цяпер і прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці. Члены групы былі пэўныя ў сваёй беспакаранасці. Але з Завадскім у групы выйшаў пракол. Вынікі экспертызы даказалі дачыненне Ігнатовіча да выкрадання журналіста Завадскага. У багажніку машыны Ігнатовіча следчыя знайшлі рыдлёўку са слядамі біялагічных выдзяленняў зніклага...".

У другім тэксце інтэрв'ю, якое ананім прыпісвае Дзмітрыю Петрушкевічу, прыводзіцца інфармацыя па справе, па якой у якасці абвінавачаных праходзяць "былы супрацоўнік спецпадраздзялення "Алмаз" МУС РБ Ігнатовіч Валерый, дзеючы супрацоўнік спецпадраздзялення "Алмаз" Малік і яшчэ два чалавекі". "У 2000 годзе былога супрацоўніка спецпадраздзялення "Алмаз" Ігнатовіча затрымалі на тэрыторыі Чачні. Пасля затрымання яго дапытвалі работнікі расійскіх спецслужбаў. Ён расказаў, што па ўказанні вышэйшых службовых асоб сілавых міністэрстваў РБ выконвае спецыяльнае заданне. Яго пратрымалі пад арыштам 10 дзён і выпусцілі. Пасля таго як Ігнатовіч вярнуўся ў Беларусь, яго затрымалі. На момант затрымання ён учыніў мноства злачынстваў у складзе сфармаванай злачыннай групы. Сярод іх - выкраданні, забойствы, разбоі, але і найбольш актуальна значныя справы - гэта выкраданні і забойствы палітыкаў. Калі "распрацоўвалі" Ігнатовіча, устанавілі, што 13 мая 2000 года ён разам са сваімі саўдзельнікамі пад кіраўніцтвам камандзіра спецпадраздзялення МУС РБ САХР Дзмітрыя Паўлючэнкі ўдзельнічаў у выкраданні начальніка Кантрольна-рэвізійнага ўпраўлення Міністэрства культуры РБ Грачова Аляксандра Віктаравіча… Яго выкраданне адбылося на машыне "хуткай дапамогі". У выкраданні ўдзельнічалі 5-6 чалавек. Людзі дзейнічалі нахабна, яўна добра арганізавана. Яго вывезлі ў раён Паўночных могілак, дзе прыстаўлялі пісталет да галавы, пагражалі смерцю. Пасля затрымання Ігнатовіча паступіла таксама інфармацыя, якая пацвярджалася матэрыяламі крымінальнай справы, што ў выкраданні Грачова ўдзельнічаў камандзір САХР Паўлючэнка. Грачоў апазнаў Паўлючэнку як чалавека, які ўдзельнічаў у яго выкраданні. На затрыманне Паўлючэнкі як магчымага ўдзельніка злачыннай групы дало "дабро" кіраўніцтва Пракуратуры Беларусі… Паўлючэнку змясцілі ў ізалятар КДБ, дзе Генеральны пракурор Бажэлка асабіста з ім гутарыў і патрабаваў ад таго, каб той прызнаўся, дзе ж усё-такі знаходзіцца журналіст Завадскі. На той момант следства больш за ўсё цікавілася Завадскім. Ад Паўлючэнкі, пасля таго як з ім пагутарыў Бажэлка, паступіла інфармацыя, што труп Завадскага знаходзіцца ў раёне Паўночных магілак. Верагодней за ўсё, там жа знаходзяцца і зніклыя беларускія палітыкі - Ганчар, Красоўскі, Захаранка. І ў той жа дзень было прыблізна ўстаноўлена месца, дзе ён пахаваны, дзе знаходзіца яго труп, бо там ніхто не сумняваўся, што Завадскі сапраўды забіты. І асабіста Бажэлка падпісаў запыт на імя Генеральнага пракурора Расіі Усцінава. Ён прасіў прадаставіць тэхніку, прыназначаную для пошуку трупаў у зямлі, а таксама спецыялістаў, паколькі ў Беларусі такая тэхніка на той момант адсутнічала. Адсутнічае яна і цяпер. Гэты ліст быў адпраўлены, па-мойму, або 21, або 22 лістапада. Пасля гэтага 27 лістапада ўказам прэзідэнта Лукашэнкі здымаецца з пасады генпракурор, міністр культуры і старшыня КДБ, а на наступны дзень ужо напраўляецца новая папера на імя Усцінава. Указваецца, што неабходнасць правядзення работ па пошуку трупаў у зямлі адпала. Гэта значыць, тым самым, па-мойму, Лукашэнка сам і прызнаў, што не хоча, каб труп Завадскага быў знойдзены. Пасля арышту Паўлючэнка быў змешчаны ў следчы ізалятар КДБ. Але на наступную раніцу ён выйшаў са следчага ізалятара хоць бы што. Прычым выпусцілі яго адтуль супрацоўнікі Савета бяспекі, прычым па асабістым указанні тагачаснага сакратара Савета бяспекі Беларусі Шэймана. На наступны дзень праводзіўся агляд на тэрыторыі вайсковай часці 3214, дзе працаваў Паўлючэнка і якая фактычна з'яўлялася базай для гэтай злачыннай групоўкі. У той дзень туды прыехалі супрацоўнікі Пракуратуры Рэспублікі Беларусь у суправаджэнні афіцэра спецпадраздзялення "Альфа" (гэта спецпадраздзяленне КДБ) і паспрабавалі правесці агляд. Але потым з'явіўся асабіста Паўлючэнка, які ў той момант павінен быў знаходзіцца ў следчым ізалятары, і раздаўся тэлефонны званок. Чалавек на другім канцы дроту сказаў, што ён Шэйман і што яны маюць дзесяць хвілін на тое, каб выбрацца з тэрыторыі вайсковай часці. Гэта значыць, Шэйман адназначна баяўся, што там знойдуць нейкія дакументы, нейкія запісы або здымкі. Праз некаторы час і Бажэлка, і Мацкевіч былі пазбаўлены сваіх пасад, мабыць, за праяўленую стараннасць у пошуку Завадскага, а Шэйман, не маючы вышэйшай юрыдычнай адукацыі, стаў Генеральным пракурорам. Таксама можна дадаць, што кіраваў следча-аператыўнай групай міністр унутраных спраў Навумаў, які вельмі добра знаёмы як з Ігнатовічам, так і з Малікам. І Навумаў дагэтуль іх наведвае ў следчым ізалятары… Без пратаколу, без афармлення дакументаў. Гэта значыць, дакументальнага пацвярджэння яго наведванням вы не знойдзеце нідзе. Гэта натуральна. Я так думаю, што Навумаў дае ім інфармацыю, бо злачынцам вядомы звесткі пра амаль усіх членаў следчай групы. Малік і Ігнатовіч увесь час пагражаюць следчым. Ім вядомы звесткі пра асабістае жыццё, пра тое, дзе хто жыве з членаў следчай групы. Гэта значыць, тут можна зрабіць выснову, што гэтую інфармацыю ім дае Навумаў. Калі гаварыць пра почырк учынення злачынства, то тут адназначна прасочваецца сувязь і з выкраданнем Захаранкі, і з выкраданнем Ганчара і Красоўскага. Таксама, як выкрадалі Грачова, як выкрадалі прадпрымальніка Быкава, пра справу якога шырока не вядома. Верагодна, усё гэта ўчыніла гэтая злачынная групоўка. У кожным выкраданні было задзейнічана некалькі аўтамабіляў, удзельнічалі 5-10 чалавек… Пасля таго, як стараннямі Лукашэнкі Генеральным пракурорам прызначылі Шэймана, следства па гэтай справе ператварылася ў фарс. У нас ёсць копіі матэрыялаў крымінальнай справы. Ёсць заключэнне экспертыз, пастанова аб затрыманні Паўлючэнкі, санкцыянаваная кіраўніцтвам КДБ і Пракуратуры і іншыя матэрыялы".

У ананімным лісце таксама абяцана накіраваць пазней сродкам масавай інфармацыі "відэаматэрыялы гэтага інтэрв'ю".

Генадзь БАРБАРЫЧ, БелаПАН.

Опубликовано 30 сентября 2004 года


Главное изображение:


Полная версия публикации №1096536563 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY РАЗНОЕ Скандал с бывшими сотрудниками прокуратуры Петрушкевичем и Случеком

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network