Васямнаццаць месяцаў у пекле

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Васямнаццаць месяцаў у пекле . Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-27

АВТОР: Аляксей Шыдлоўскі

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №5 2000 ГОД


Аляксей Шыдлоўскі, будучы студэнтам факультэту журналістыкі БДУ, быў арыштаваны за антыпрэзыдэнцкага і незалежніцкага зьместу графіці, якімі ён зь сябрамі размаляваў свой родны горад Стоўпцы. Разам зь ім быў арыштаваны ягоны таварыш, 16-гадовы вучань адной зь менскіх школаў Вадзім Лабковіч. Яшчэ адна таварышка, Аліна Бельская, здолела ўнікнуць арышту, праз Маскву ўцёкшы ў Фінляндыю, дзе атрымала палітычны прытулак. Там яна вучыцца дагэтуль. Іншыя ўдзельнікі стаўпецкай акцыі застаюцца невядомымі — дзякуючы Аляксею й Вадзіму. Працэс Шыдлоўскага й Лабковіча выклікаў хвалю абурэньня ў сьвеце і прывёў да ўзмацненьня міжнароднай ізаляцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Нематывавана жорсткі прысуд пазбавіў беларускую грамадзкасьць апошніх ілюзіяў наконт сытуацыі ў краіне. Па вызваленьні пасьля 18-месячнага зьняволеньня Аляксей быў абраны намесьнікам старшыні Маладога Фронту, цяпер працуе журналістам у газэце „Наша Свабода“. Сёлета выйшла ў продаж відэакасэта зь фільмам „Рыцары мары“ (рэж. Алег Дашкевіч) пра А.Шыдлоўскага і В.Лабковіча.

У рубрыцы „Хроніка“ зьмяшчаюцца ўспаміны і дзёньнікі вязьняў сумленьня. У папярэдніх нумарах у гэтай рубрыцы выступалі Павал Севярынец, Андрэй Мельнікаў, Эва Кантуркава, Зьміцер Гарбуноў, Уладзімер Плешчанка, Славамір Адамовіч. Адно з найбольшых злачынстваў супраць чалавецтва, якое зьдзяйсьняе сёньняшні рэжым, — гэта становішча, у якім утрымліваюцца зьняволеныя ў турмах. У тэкстах з рубрыкі „Хроніка“ апісваюцца мэханізмы прыдушэньня чалавечай годнасьці ў часе зьняволеньня.

У рубрыцы „Хроніка“ зьмяшчаюцца ўспаміны і дзёньнікі вязьняў сумленьня. У папярэдніх нумарах у гэтай рубрыцы выступалі Павал Севярынец, Андрэй Мельнікаў, Эва Кантуркава, Зьміцер Гарбуноў, Уладзімер Плешчанка, Славамір Адамовіч. Адно з найбольшых злачынстваў супраць чалавецтва, якое зьдзяйсьняе сёньняшні рэжым, — гэта становішча, у якім утрымліваюцца зьняволеныя ў турмах. У тэкстах з рубрыкі „Хроніка“ апісваюцца мэханізмы прыдушэньня чалавечай годнасьці ў часе зьняволеньня.

Просім чытачоў нашага часопіса, маладзейшых за 18 гадоў, устрымацца ад чытаньня гэтага тэксту — ён утрымлівае зацяжкія для сьвядомасьці сьведчаньні.

Акцыя „Горад — наш!“ 2 жніўня 1997 году ў Стоўпцах прайшла, можна сказаць, удала. Над горадам луналі бел-чырвона-белыя сьцягі, а сьцены некаторых будынкаў упрыгожвалі патрыятычныя і антыпрэзыдэнцкія надпісы. Псавала ўражаньне толькі адно: пры канцы акцыі нас пабачылі…

...Вяртаючыся ў Стоўпцы зь Менску 25 жніўня, я нават уявіць сабе ня мог, што дома мяне чакае „засада“. Васьмёра міліцыянтаў ператрэсьлі ўвесь дом, нібы пагром прайшоў: шукалі балёнчыкі з фарбаю…

Гадзіны тры мяне дапытвалі пра падзеі ночы 2 жніўня. Я напісаў заяву на адваката і пад канвоем быў адпраўлены ў ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ). Пачатак „Стаўпецкай справы“ быў пакладзены...

ІЧУ, Стоўпцы

Хаця раней мне даводзілася адбываць 10 дзён адміністрацыйнага арышту (за сьвяткаваньне Дня Канстытуцыі), я ўсё ж быў вельмі ўражаны ўбоствам камэры ў Стаўпецкім ізалятары. Два мэтры ўшыркі, тры ўдаўжкі, двое двух’ярусных „нараў“ і шчэ адны „нары“ ў куце. Вольнай прасторы амаль не заставалася. Недзе высока пад стольлю — акенца, ды краты на ім такія частыя, што сонечнае сьвятло амаль не прабівалася. Дзьве суседнія камэры былі перапоўненыя, але мяне сьпярша трымалі аднаго. Толькі назаўтра да мяне падкінулі гаваркога мужчынку, які аж занадта цікавіўся абставінамі маёй справы. Нутром пачуў тут нешта падазронае. Пасьля даведаўся, што такіх называюць „падсадною качкаю“. З гэтага выпадку я вывеў сабе першае правіла паводзінаў за кратамі: „Ніколі ні з кім не размаўляй пра сваю справу, пакуль ідзе сьледзтва“.

Па законе сьледчы павінен правесьці першы допыт не пазьней як праз 24 гадзіны пасьля затрыманьня. Але ў сьледчага Яськевіча нечакана зьявілася праблема: усе адвакаты ў радыюсе 50 км ад Стоўпцаў на той час адмовіліся абараняць мяне, і калі б да 17-й 26 жніўня сьледчы не знайшоў мне абароны, ён быў бы змушаны мяне адпусьціць. І тады ён пайшоў на хітрасьць: паскардзіўся мне на баязьлівасьць адвакатаў і сказаў, што я мушу напісаць паперу аб тым, што згодны ўзяць абаронцу адно з моманту прад’яўленьня абвінавачаньня. Я па сваёй недасьведчанасьці гэтую паперу напісаў, тым самым пазбавіўшы сябе волі. Адсюль вывеў я потым другое правіла паводзінаў за кратамі: „Без свайго абаронцы не адказвай на пытаньні сьледчых і нічога не падпісвай“.

Назаўтра каля трэцяй дня я быў дастаўлены на допыт у мясцовы аддзел КДБ. Там увесь час торкалі пад нос канфіскаванымі ў мяне ўлёткамі і пагражалі, што калі „ня здам астатніх“, „раскруцяць“ маю справу „на поўную катушку“. Я катэгарычна адмовіўся даваць паказаньні, і тады мяне прывялі ў вялікую залю, дзе сядзеў невядомы мне палкоўнік з МУС. Яго цікавіла толькі адно: надпісы былі зробленыя з хуліганскіх памкненьняў альбо палітычных прычынаў? Пачуўшы, што з палітычных, ён пайшоў да выхаду і ўжо ў дзьвярах павярнуўся й прамовіў: „Незайздросны ў цябе лёс, хлопча...“

Таго самага дня на пляцформе стаўпецкага вакзала арыштавалі й кінулі ў суседнюю камэру майго сябра Вадзіма Лабковіча. Да таго ж, за гэтыя два дні ў Стаўпецкім раёне правялі колькі ператрусаў і дзясяткі допытаў мясцовых „апазыцыянэраў“. Стаўпецкая міліцыя на чале з начальнікам РАУС Лісаўцом даўно не атрымлівала такога заданьня. Гэтая справа зь першага дня, са словаў сьледчага і начальніка РАУС, была ўзятая на кантроль генпракурорам Бажэлкам і самім прэзыдэнтам Лукашэнкам, у прыёмную да якога ім даводзілася вазіць усе заведзеныя на нас з Вадзімам паперы.

Між тым заканчваўся трэці дзень майго сядзеньня, надыходзіў час уступаць у справу пракурору — выпісваць мне арышт на два месяцы. Я напісаў хадайніцтва аб вызваленьні пад падпіску аб нявыезьдзе.

Сьледчы ж рыхтаваў мне іншую пастку-выпрабаваньне. Пасадзіўшы мяне ў сваю ўласную машыну, без кайданкоў, без суправаджэньня ён з гадзіну езьдзіў па горадзе і дзе-нідзе выходзіў з аўтамабіля, нібыта ў краму. Я заставаўся ў „Фордзе“ адзін. З ключамі ад машыны, з адчыненымі дзьверкамі. Відавочна, разьлік рабіўся на тое, што я зьбягу, гэтым самым прызнаўшы сваю віну. Упэўніўшыся, што рабіць гэтага я не зьбіраюся, Яськевіч адвёз мяне назад, і намесьнік пракурора Мядзьведзь уручыла мне паперу аб арышце, колькі разоў пры гэтым назваўшы фашыстоўцам і выказаўшы думку аб мэтазгоднасьці аднаўленьня газавых камэраў для такіх, як я. Папера аб арышце ўтрымлівала інфармацыю, што я парушыў артыкулы 2012 („злоснае хуліганства“) і 1862 („зьнявага сымбаляў“), але была цікавая ня гэтым, а тым, што першым пунктам абвінавачаньня ішлі словы: „Зьняважаны гонар і годнасьць першага прэзыдэнта рэспублікі Беларусь...“

На дзясяты дзень у прысутнасьці майго першага абаронцы, менскага адваката дэмакратычных перакананьняў Арсеня Скаруліса, мне прад’явілі афіцыйнае абвінавачаньне: словы пра гонар і годнасьць прэзыдэнта зьніклі. Паводле закону цяпер мяне мусілі адправіць у сьледчы ізалятар Жодзіна, але міліцыянты вырашылі павыпрабоўваць мае нэрвы шчэ і не замаўлялі на мяне „этап“. Урэшце мае нэрвы здалі, і на 12-ты дзень адседкі, 6 верасьня, я абвясьціў сухую галадоўку. Праз гадзіну да мяне далучыўся Вадзім Лабковіч. Мы патрабавалі неадкладнага вызваленьня й спыненьня крымінальнай справы. Міліцыянты ж падсадзілі ў камэру правакатара, які ўвесь час атрымліваў перадачы й прапаноўваў пачаставацца. О, якая была спакуса!

10 верасьня, на 16-ты дзень адседкі й чацьверты галадоўкі, мы з Вадзімам даведаліся, што заўтра нас адпраўляюць этапам у сьледчы ізалятар УЖ 15/138 у Жодзіна. Тады Вадзім спыніў галадоўку, я ж вырашыў працягваць яе да канца.

У кіпцюрох „Чорнага Бусла“

11 верасьня пад вечар нас з Лабковічам пасадзілі ў „аўтазак“. На выгляд ён нагадвае хлебавоз. Унутры падзелены на аддзелы, у найбольшым зь якіх сядзяць двох узброеных міліцыянтаў, астатнія аддзелы называюцца: „лодка“ (разьлічаны на дваіх), „стакан“ (іх два, разьлічаныя на аднаго вязьня кожны), „агульны“ (разьлічаны на 8 чалавек). Вось жа, максымальная колькасьць зэкаў пад час перавозкі мусіла быць ня большай за 12 чалавек. Калі ж мы з Лабковічам зайшлі ў гэтую „таксоўку“, там ужо было больш за два дзясяткі вязьняў. Задуха, смурод, цесната і гайданка, ад якой увесь час б’ешся галавою аб жалезную столь. Недзе на сярэдзіне шляху Вадзіма пачало ванітаваць. Я ж па-ранейшаму галадаваў, і таму ванітаваць мне проста не было чым, хіба што страўнікавым сокам. Ехалі ня менш ад 4 гадзін і калі праехалі турэмную браму, здавалася, што найцяжэйшае — ззаду, ды найжахлівейшае чакала наперадзе.

Ахоўнікі Жодзінскага ізалятару, высадзіўшы з „аўтазаку“, прымусілі ўсіх нас бегчы па калідоры да „прыймовага пакою“, што зрабіць пасьля такой паездкі было няпроста. Многія падалі й адразу ж атрымлівалі ўдары нагою пад скабы.

Ужо ў пакоі, які ўвесь быў абкладзены кафлянаю пліткаю (пасьля я зразумеў, што гэта — каб лягчэй змываць кроў), нас выстраілі ўздоўж сьцяны і загадалі не паварочвацца. Цікаўнасьць перамагла, і я азірнуўся. Праз імгненьне два цяжкія ўдары па сьпіне і нагах кінулі мяне на падлогу, і пачуўся амаль што рык: “Я ж табе загадаў не паварочвацца!“ Я падняўся і, хістаючыся ад зьнясіленьня (усё ж пяты дзень галадоўкі), тыкнуўся лобам у сьцяну. А за сьпінаю, відаць, зьявіўся начальнік зьмены, бо ўся ахова перайшла з „ты“ на „вы“. Тым самым рыкам нам афіцыйна паведамілі: „Вы прыбылі ў Жодзінскі цэнтрал „Чорны Бусел“. Тут вы — ня людзі, і мы зробім усё, каб вы адчулі гэтае. Без каманды — не паварочваць нават галавы, рухацца толькі бягом з закладзенымі за сьпіну рукамі, трымаць адлегласьць два мэтры адзін ад аднаго. Калі да вас зьвяртаюцца — адказваць цалкам ФІО (прозьвішча, імя, імя па бацьку — па-расійску), дату нараджэньня, бацькоў, жанок, артыкулы, па якіх утрымліваецеся пад вартай. Папярэджваю — за запінку будзем біць, за размовы міжсобку — будзем біць. Калі хто надумае спрачацца, жывым да камэры ня дойдзе! Пачалі!..“

І тут пачаўся прыём. Начальнік зьмены называў прозьвішча, а вязень, якога выклікалі, — выходзіў і казаў пра сябе. Ад хваляваньня амаль усе зьбіваліся, і іх жорстка білі. Калі дайшла чарга да Вадзіма Лабковіча, начальнік зьмены паведаміў:

— Увага! Сёньня на этапе — бэнээфаўцы, аматары ірваць сьцягі. Пастаўцеся да іх з усёй увагай, калі ласка!

Далей я пачуў, як Вадзіма колькі разоў ударылі (чуваць было, як ён упаў), за што яго адразу ж „перацягнулі“ яшчэ раз гумавым дручком.

Мяне выклікалі сярод апошніх. Перш як назваць свае даныя, я паведаміў, што на галадоўцы. Міліцыянт счырванеў і двойчы ўдарыў мяне ў грудзі. Я ўтрымаўся на нагах і паспрабаваў быў без запінкі назваць свае даныя, але на артыкулах крымінальнага кодэксу мяне замкнула. З усіх бакоў пасыпаліся ўдары кулакамі, так што я ўпаў і стукнуўся лобам аб падлогу.

— Дык што, сьцягі любіш? Ану, хлопцы, намалюйце яму на сьпіне сьцяг!

Міліцыянты выстраіліся ланцугом па абодва бакі калідору, па якім мне трэба было прабегчы, і дасталі дручкі. Я штосілы ірвануўся і прабег наперад, каб уцячы ад гумавых палак. Але мне загадалі вярнуцца і зноў прайсьці па тым самым маршруце — цяпер павольна, крокам. Пасьля гэтай „вандроўкі“ на сьпіне сапраўды ўтварыўся бел-чырвона-белы сьцяг, які назаўтра зьмяніў чырвоную паласу на сіне-чорную. Ледзь „даклыпаўшы“ да „адстойніка“ (дзе вязьняў трымаюць да сарціроўкі па камэрах), я ў зьнясіленьні зваліўся на рукі зэкаў, якія давай мяне пляскаць па шчоках, бо я быў на мяжы непрытомнасьці. Уваччу было чорна, і калі зараз мяне выклікалі на аналіз крыві, я ішоў рыхтык навобмацак, ня бачачы нічога перад сабою. Каля мэдкабінэту я абапёрся рукамі аб сьцяну, за што адразу атрымаў колькі ўдараў па нырках, і гэта было апошняе, што я памятаў. Будучыя сукамэрнікі казалі, што я мехам зваліўся на падлогу, і, нягледзячы на ўдары ботамі, ужо не падымаўся. Выбеглі дактары і пад рукі зацягнулі мяне ў кабінэт, паклалі на ложак, крычучы: “Пульс не прамацваецца! Ціск падае! Калеце хутчэй!“

Пасьля доктар мне сказаў, што ў мяне спынілася сэрца. Недзе толькі праз гадзіну я апрытомнеў. Чалавек у белым халаце сказаў мне: „Шыдлоўскі, я пра вас чытаў, выходзьце неадкладна з галадоўкі, іначай праз тыдзень вас тут пахаваюць“, — адвярнуўся і быў пайшоў, ды агледзеўшыся, што побач нікога няма, дадаў: „6 верасьня быў зьезд Маладога Фронту! Пра вас памятаюць! Трымайцеся!“

Больш я гэтага доктара ня бачыў, але дагэтуль удзячны яму за тыя колькі словаў падтрымкі — ветлыя словы пачуў ад яго ўпершыню ад пачатку сядзеньня.

Пасьля да 4-й гадзіны раніцы мне калолі нешта ў вену, давалі нюхаць нашатыр і білі па шчоках. Пасьля прыйшоў начальнік мэдчасткі і спытаўся, ці буду я працягваць галадоўку. Пачуўшы: „Не“, — загадаў: „Усё, у больніцу яго“.

У мяне шчэ зьнялі адбіткі пальцаў, сфатаграфавалі, а потым пад рукі павялі ў камэру шпіталю.

Жодзінскі ізалятар мае адметную гісторыю. Яго адчынілі ў 1993 годзе як паказальную рэжымную ўстанову. Прататыпам стаўся вядомы расейскі сьледчы ізалятар „Белы лебедзь“ у горадзе Салікамску, пра які дагэтуль ходзяць легенды. „Чорны Бусел“ знаходзіцца ў правінцыі, і большасьць праверак яго абмінае. Таму і дзеецца ў ім поўны міліцэйскі „беспрадзел“ — шмат вязьняў выходзяць адсюль зьнявечанымі. бывалі тут і „выпадковыя“ сьмерці. Пэўна ж, нас з Лабковічам зусім не выпадкова кінулі менавіта ў „Чорны Бусел“...

У „хату“ мяне завялі а 6-й раніцы. Адчыніўшы цяжкія жалезныя дзьверы, ахоўнік упіхнуў мяне ў памяшканьне і ляснуў за сьпінай засаўкаю. Адразу ж устаў з нараў адзін зь вязьняў і, убачыўшы, што я дрэнна пачуваюся, прапанаваў прысесьці. Потым распытаў, хто я, за што сяджу і чаму паклалі ў шпіталь. Пачуўшы мой аповед, вельмі зьдзівіўся, бо, аказваецца, днямі чытаў пра мяне ў „Советской Белоруссии“ (гэта адзіная газэта, якую дазволена чытаць у Жодзінскім СІЗА).

Зранку, калі ў камэры запалілі сьвятло, я агледзеўся. Пасьля стаўпецкага ізалятару гэтая „хата“ падалася мне нават вельмі ўтульнай. Каля шасьцёх мэтраў удаўжкі і чатыры ўшыркі, трое двух’ярусных нараў каля сьценаў, прыбіральня, стол і дзьве лавы пасярэдзіне, невялічкая шафа, прыбітая да сьцяны… А сёмай далі сьнедаць.

Усім у турэмным шпіталі выдаецца дыетычнае харчаваньне, якое ўключае ў сябе сьняданак — 200 грамаў малака, палова гатаванага яйка й падвоеная пайка рысавай кашы (прыблізна 6 поўных лыжак). У абед звычайна даюць бульбяны суп на першую і куцьцю на другую (усяго па 8—10 лыжак). І на вячэру часьцей за ўсё — падабенства юшкі, ад якой усе адмаўляюцца. Яшчэ на дзень выдаюць 250 грамаў чорнага і 400 грамаў белага хлеба, 40 грамаў цукру. Тройчы пасьля прыёму ежы наліваюць кіпень, які ахова называе „чаем“. Лыжкі ды міскі выдаюць адно на час харчаваньня і адразу ж забіраюць.

Расклад дня ў СІЗА такі: пад’ём а 6-й гадзіне, сьняданак а 7-й, праверка з 8-й да 8.20, абед а 13-й, вячэра а 18-й, праверка з 20.20 да 20.40. Астатні час — амаль вольны, але вязьняў гэта зусім ня цешыць. Заняцца тут няма чым. Спаць удзень нельга, чытаць можна адно кнігі з турэмнай бібліятэкі. Іх раздаюць па камэрах раз на месяц. Усе яны пяцідзясятых гадоў, і пераважная бальшыня — пра шахтароў-стаханаўцаў ці пра БАМ. Лісты адпраўляць і атрымліваць нельга, з газэтаў ёсьць адно „Советская Белоруссия“. Атрымаць тэлевізар ад родных — праўдзівая праблема. Да таго ж, пры першым парушэньні рэжыму яго забірае ахова.

Каб нечым заняць зэкаў, міліцыянты раз-пораз прымушаюць іх рабіць прыборкі ў „хаце“, заліваючы падлогу халоднай вадою. Робіцца гэта так. Усіх вязьняў выганяюць на калідор і ставяць на „расьцяжку“. „Расьцяжка“ — гэта калі твае рукі ўпіраюцца ў сьцяну ў паўмэтры ад падлогі, а шырока расстаўленыя ногі — у падлогу. Такая пазыцыя цела вельмі стамляе, і зэкі часта падаюць. Тады іх ударамі ног прымушаюць заняць „зыходную“. У гэты час адзін з ахоўнікаў адчыняе кран з халоднаю вадою і накіроўвае струмень на падлогу. Вада ліецца, пакуль не дасягне вышыні ганку. Тады зэкам загадваюць зьняць абутак і босымі нагамі на бэтоннай падлозе, на 7–8 сантымэтраў у ледзяной вадзе — стаяць у камэры. Натуральна, што ўсе ўласныя рэчы, якія захоўваюцца заўсёды пад нарамі, прамакаюць дазваньня. Пасьля ахоўнік загадвае ўзяць свае кубкі для гарбаты, чэрпаць імі ваду і бруд з падлогі і выліваць у прыбіральню. На гэтую „апэрацыю“ даецца 20–30 хвілін, калі ж не пасьпяваеш, „водная працэдура“ паўтараецца. Звычайна пасьля такіх „прыборак“ палова камэры хварэе.

Існуе яшчэ адзін спосаб выкарыстаньня аховаю вольнага часу зэкаў. У Жодзінскім СІЗА пры ўваходзе ў камэру міліцыянта, а гэта здараецца звычайна пад час праверак, трэба гучна, а галоўнае ўсім разам, сынхронна выкрыкнуць:

— Здрасьце, гражданін начальнік!

Бываюць выпадкі, што нехта выбіваецца з агульнага рытму, і тады ўсіх прымушаюць паўтарыць. Калі зноў „сынхрону“ не атрымліваецца, то ўсіх зэкаў выводзяць з „хаты“ на калідор і б’юць. Але здаралася і іншае. Аднойчы, ужо ўзімку, пасьля аднаго такога няўдалага „здрасьце“, ахоўнікі нічога не сказалі і моўчкі выйшлі. А праз паўгадзіны ў камэру зайшоў так званы „рэзэрв“, які складаецца з 3—4 ахоўнікаў у бронекамізэльках. З сабою яны ўзялі сабаку. Навошта, мы зразумелі толькі тады, калі адзін з ахоўнікаў апрануў сабаку на галаву сваю вайсковую шапку. Такім чынам, сабака выконваў ролю ахоўніка і, калі яго торгалі за повад, гучна брахаў, а мы павінны былі яму адказваць:

— Здрасьце, гражданін начальнік!

Так працягвалася хвілін трыццаць...

Але вернемся назад. 12 верасьня 1997 году я апынуўся ў камэры №120 Жодзінскага СІЗА. Назаўтра ў ёй зьявіўся малады хлопец, які сказаў, што хворы на страўнік. Ён адразу пачаў шукаць да мяне нейкія падыходы, сказаў, што чуў пра маю справу і, як „дасьведчаны зэк“, раіў мне па прыкладзе Анатоля Адамчука, які праходзіў па вядомай „справе Паўла Шарамета“, напісаць „пакаянную“ самому Аляксандру Рыгоравічу ці хоць бы ў „Советскую Белоруссию“. Нават абяцаў знайсьці мне асадку, паперу, капэрту й праз знаёмага ахоўніка адправіць „пакет“. Асноўнымі яго аргумэнтамі былі запалохваньні. Маўляў, цябе будуць зьбіваць, а ў „агульнай“ камэры, калі выпішашся з шпіталю, цябе „апусьцяць“. Праз тры дні ён зразумеў, што ягоныя жахі ня робяць на мяне патрэбнага ўражаньня і адчапіўся. На наступны дзень яго перавялі ў іншую камэру.

Падыходзіў да сканчэньня першы месяц нашага з Лабковічам зьняволеньня. 23 верасьня нам нечакана загадалі здаць бялізну, матрасы і рыхтавацца да этапу.

Выклік на этап маральна ўзбадзёрыў мяне. Як я зразумеў, штосьці павінна вырашыцца. І, набраўшыся мужнасьці, яшчэ да выезду зь СІЗА абвясьціў паўторную сухую галадоўку.

Аднак мэта выкліку была простая. Па нашай справе быў прызначаны новы сьледчы з пракуратуры раёну Васіль Сьцяпанавіч Папін. Сьледчы — „важняк“ ці, інакш кажучы, па асабліва цяжкіх (важных) злачынствах.

Паведаміўшы яму, што знаходжуся на галадоўцы, я адмовіўся даваць паказаньні, пакуль ня буду выпушчаны пад падпіску аб нявыезьдзе. І пытаньне гэтае, як мне падалося, было ўжо амаль вырашанае, але раптам пачуўся тэлефонны званок зь Менску — і сьледчы зноў адправіў нас з Вадзімам у Жодзіна. Перад адпраўкаю я здолеў яшчэ раз сустрэцца з адвакатам Скарулісам і расказаў яму пра тое, як мяне зьбівалі ў Жодзіне. Ён засьведчыў гэта і напісаў скаргу пракурору па наглядзе за турмамі і сьледчымі ізалятарамі. Ён жа даў інфармацыю пра зьбіцьцё ў прэсу. У далейшым мне гэта вельмі дапамагло. Адсюль вывеў я сабе яшчэ адно правіла: „Ня бойцеся скардзіцца! Горш вам ад таго ня стане!“

У Жодзіне я адразу абвясьціў начальніку зьмены пра тое, што не спыніў галадоўкі і перадаў пісьмовую заяву, якая гэта засьведчыла. Словы начальніка: „На этапе „бэнээфаўцы““, — гэтым разам адыгралі супрацьлеглую ролю. Ня білі нікога! Па сьведчаньні дазнанага зэка, такога не здаралася тут ужо больш за год. Гэта быў вынік таго, што ў прэсе зьявілася інфармацыя, як мяне зьбівалі.

Пасьля таго як усіх „раскідалі“ па камэрах, я зразумеў, што сапраўды нешта зноў ня так, бо пра мяне нават ня ўспомнілі. І толькі каля 10-й гадзіны раніцы 26-га верасьня ў камэру зайшоў міліцыянт і абвясьціў: „Галадоўка — найгрубейшае парушэньне рэжыму ўтрыманьня. Вы мусіце яе спыніць, інакш будзеце адпраўленыя ў карцар“.

Спыняць галадоўку, нягледзячы на дрэнны стан здароўя, я адмовіўся. Мяне адвялі ў карцар і сказалі: „У цябе ёсьць час падумаць...“.

Што такое карцар? Гэта зусім вузкая маленькая камэра-адзіночка з унітазам перад вочкам наглядчыка і маленькай тумбачкай для прыёму ежы. Таксама ёсьць адкідныя жалезныя нары, якімі можна карыстацца з 22-й да 6-й гадзіны. У астатні час яны прывязаныя да сьцяны. За ўвесь дзень зэк мае права прысесьці толькі тры разы: у часе сьняданьня, абеду і вячэры. Праз сваю галадоўку я гэтым правам карыстацца ня мог. З той самай прычыны не магу апавесьці, чым кормяць у карцары, бо, зразумела, ежы мне не прыносілі. Увесь вольны час вязень павінен хадзіць па „хаце“ з анучаю ў руцэ і церці сьцены.

Такога рэжыму мне хапіла на дзень і ноч. Пераначаваўшы ў карцары (дарэчы, акно ў ім увесь час было адчыненае — і тэмпэратура ў памяшканьні была амаль такой самай, што й на дварэ), пад час ранішняй праверкі я ня здолеў устаць „на зважай“ і страціў прытомнасьць. Далей — ізноў: рэанімацыя, уколы, шпітальная камэра.

Пасьля другой галадоўкі страўнік ужо адмаўляўся ўспрымаць ежу, і яшчэ два дні мяне вывяртала „дыетаю“ назад. І толькі дзякуючы ўколам глюкозы неяк падтрымліваўся агульны стан. Так, напалову лежачы, я пратрымаўся да 14 кастрычніка, калі мяне выпісалі з шпіталю ў агульную камэру. Але нават гэтая выпіска не абышлася без прыгодаў. Зранку мяне выклікаў начальнік мэдчасткі і засьведчыў на паперы, папярэдне агледзеўшы мяне, што пабояў няма. Але ж пасьля зьбіцьця прайшло больш за месяц! Потым мяне выклікаў пракурор па наглядзе, якому мой адвакат пісаў скаргу, у падрабязнасьцях распытаў пра зьбіваньне, і пад канец дадаў, што, маўляў, давесьці факт зьбіцьця наўрад ці атрымаецца, але нэрвы мы ім патрэплем. Скончылася ж усё „расьсьледаваньне“ да простага банальна. Начальніку зьмены, які аддаваў загад зьбіваць мяне, была вынесеная вымова, а мяне колькі разоў выклікаў апэратыўны работнік СІЗА і абяцаў зьмясьціць у добрую камэру, адно каб я больш не „падымаў шуму“.

Так я апынуўся ў камэры... для іншаземцаў. Двох расійцаў, украінец, віетнамец ды двох прыбалтаў — вось і ўвесь „кантынгент“. Асаблівасьць яго ў тым, што ніхто з маіх суседзяў, акрамя, натуральна, мяне, не атрымліваў перадачаў з волі, і тыя восем кіляграмаў, што дасылалі мне бацькі, зьнішчаліся за колькі гадзін. І хаця перад гэтым у агульнай суме я галадаваў амаль 10 дзён, цяпер, не на дыетнай пайцы, а на самай звычайнай, я насамсправе адчуў, што такое голад.

Голад — гэта калі глядзіш на карычневую вышчарбленую сьцяну і табе здаецца, што гэта скарынка хлеба. Калі адразу пасьля вячэры пачынаеш думаць пра сьняданак, а нязграбна рассыпаныя кімсьці па стале крошкі хлеба выклікаюць жаданьне набіць морду таму, хто так марнуе прадукт. Калі сьніш, што школьная настаўніца прапануе вучням ісьці ў сталоўку падмацавацца манкаю, і тутсама прачынаешся ад таго, што „баландзёры“ адчынілі „кармушку“, каб перадаць абед. Толькі паступова да голаду прызвычайваешся. Адбываецца гэта, мабыць, шляхам зьмяншэньня страўніка — пасьля выхаду на волю ты ня зможаш есьці столькі, колькі раней еў. на пачатку тэрміну я часта марыў пра тое, як прыйду дамоў, сяду за стол і пачну доўга-доўга есьці. А выйшаў на волю і адчуў, што зусім нічога не хачу есьці. Зусім!

З іншаземцамі сядзелася весела. Дапамагаў ім пісаць скаргі, гаварыў прынцыпова па-беларуску — яны ня ўсё разумелі. Цярпеў мянтоўскія высьпяткі на калідоры па вечарах і марыў, марыў, што вось-вось расчыніцца „кармушка“, і ахоўнік скажа: „Шыдлоўскі, зь вяшчамі!“ Але „кармушка“ не адчынялася. Пры канцы кастрычніка прыйшла новая адвакатка — Тацяна Станкевіч, таксама зь Менску. Калі размова наша доўжылася ўсяго пяць хвілін, дык на тое, каб абшукаць мяне перад пакоем абароньніцы (ці не перадам чаго!) і пасьля сустрэчы (ці чаго ня вынес!) міліцыянты трацілі па паўгадзіны. Для гэтага яны двойчы распраналі мяне дагала й абмацвалі кожны рубчык на маёй вопратцы.

28 кастрычніка, калі пайшоў трэці месяц зьняволеньня, сьледчы дазволіў маёй маці першае спатканьне са мною. і вось, пасьля доўгіх бэтонных калідораў, ахоўнік дазваляе выцягнуць з-за сьпіны рукі і падняць вочы. Мама! Мілая мая мама! Думкі імчаць, а сказаць нічога не магу: ад псыхічнай напругі да горла падкаціў камяк і застраг там, не даючы дарогі словам. Толькі б не заплакаць! Мама доўга апавядае пра хату, пра брата і бацьку, але гэта яшчэ больш наганяе на мяне тугу. Бачачы гэтае, яна пераходзіць да іншага і расказвае пра мітынг, пікеты і зборы подпісаў у маю падтрымку. Адразу зьяўляецца нейкі гонар за сябе і жаданьне змагацца далей.

Падтрымка на волі — гэта акурат тое, што трэба кожнаму, хто сядзіць „за палітыку“. Вельмі важна ведаць, што пра цябе памятаюць ня толькі родныя, але й сябры па змаганьні, што ладзяцца акцыі ў тваю падтрымку... Але гадзіна, адведзеная на сустрэчу, вельмі хутка скончылася. Тое, што насамрэч хацеў сказаць, прыйшло да галавы адно па дарозе ў камэру. Зрэшты, так заўсёды...

У сярэдзіне лістапада ў нашую камэру пасадзілі зэка, у якога „паехаў дах“. Папаўся ён на тым, што залез у кандытарскі цэх і еў там тарты, аж пакуль не прыехала міліцыя. Зь ягоным зьяўленьнем у нас пачалі зьнікаць рэчы, і калі гэтага вязьня (дарэчы, ён быў расіец, з Санкт-Пецярбургу) злавілі за руку пад час крадзяжу, я ўпершыню ўбачыў „суд“ над зэкам, які праштрафіўся. Ягоны матрас кінулі на бэтонную падлогу, і адгэтуль ён спаў пад „барам“, невялічкаю шафаю на сьцяне. Да таго ж, каб больш не сьвярбела красьці, ягоную правую руку паклалі на „абшчак“ (так на „фені“ завецца стол) і жалезным кубкам, які мне перадалі з дому, доўга штосілы білі па пальцах, пакуль яны не апухлі ад пабояў. Яшчэ адно правіла: „У турме нічога чужога браць нельга!“ Прычым ня тое каб красьці, а нават проста браць пакарыстацца, хай нават на пяць хвілін.

25 лістапада, калі скончыліся тры месяцы майго зьняволеньня, ізноў прыходзіць Станкевічыха й кажа, што хутка маюць выклікаць на этап, каб „закрыць справу“: гэта значыць, перададуць яе ў суд. Пасьля гэтага, магчыма, я буду вызвалены пад падпіску аб нявыезьдзе. Чакаць выкліку давялося доўга. Толькі 10 сьнежня нас з В.Лабковічам загрузілі ў „аўтазак“ і павезьлі ў накірунку Стоўпцаў.

Як я даведаўся пасьля, гэта выпадкова супала з прабегам „Жодзіна–Менск–Стоўпцы“, які ладзіў Малады Фронт. праз пару гадзін пасьля таго, як мяне прывезьлі ў Стоўпцы, там зьявіліся маладафронтаўцы. У Стаўпецкім РАУСе пра гэтую акцыю ня ведалі нічога, і таму па трыывозе была ўзьнятая вайсковая частка і ўсе міліцэйскія патрулі. Яны баяліся, што ІЧУ будуць браць штурмам, і на ўсялякі выпадак узялі яго пад узмоцненую ахову.

Прыкладна ў той самы час да маіх бацькоў прыяжджаў Шарамет, які жадаў сустрэць мяне вызваленага, і нават прывёз падарунак на маё дзевятнаццацігодзьдзе — файны каляровы тэлевізар. Але... Справа ў сьледчага ня клеілася, і ён вырашыў правесьці вочную стаўку.

Вось жа, я з вока на вока застаўся з чалавекам, які фактычна пасадзіў мяне, — пажарнікам Валер’ем Ільюшыным. Я адразу ж зрабіў сустрэчны напад: паведаміў сьледчаму пра тое, як Ільюшын вымагаў у мяне грошы за сваё „маўчаньне“ і папрасіў узбудзіць супраць яго крымінальную справу. Для сьведкі гэта было шокам. Ён пачаў блытацца ў паказаньнях і скардзіцца на дрэнную памяць. Акцыя сьледчага з вочнаю стаўкай правалілася. Зразумела, улады не дапусьцілі б, каб Ільюшына, які праявіў такую ласку да іх — здаў у міліцыю двух бээнэфаўцаў — судзілі. Ён даваў тыя паказаньні, якія былі патрэбныя сьледчаму…

Тут трэба абавязкова згадаць пра такую зьяву сьледчых ізалятараў, як „турэмная пошта“. Камэры ў СІЗА трымаюць між сабою сталую сувязь, нягледзячы на тое, што гэта катэгарычна забаронена турэмнай адміністрацыяй. Сувязь можа трымацца як праз „панараму“ (прыбіральню), так і праз „рэшку“ (акно камэры). Для гэтага вырабляецца „конь“ — доўгая, мэтраў на сем вяроўка з швэдру аднаго зь вязьняў. Гэткі ж „конь“ вырабляецца і ў суседняй камэры. Калі сувязь трымаецца праз „панараму“, дык да канцоў вяровак прывязваюцца „грузы“ з хлебнага мякішу, і гэты „конь“ звычайным спосабам змываецца ўва ўнітаз. Другі канец вяроўкі „сувязны“ трымае ў руках. У агульнай трубе ўнітазу „коні“ дзьвюх суседніх камэр зблытваюцца і ўтвараецца адзіная „дарога“. Тады да яе прывязваюцца запаяныя ў цэлафан запіскі (маляўкі) і робіцца сыгнал — тры ці два ўдары кулаком у сьцяну суседняй камэры. Пасьля сыгналу суседзі перацягваюць „каня“ да сябе і робяць зваротную працэдуру. Сувязь праз „рэшку“ — прыкладна тое самае, толькі „коні“ зблытваюцца ў паветры. Па турэмнай пошце перадаюцца ня толькі запіскі, але і запаяная ў цэлафан заварка гарбаты, цукеркі, нават сала і, вядома ж, цыгарэты. Гэта — турэмная салідарнасьць…

Так прайшоў Новы Год, надышло 15 студзеня, і нас з В.Лабковічам зноў павезьлі ў Стоўпцы. Сьледчы доўга глядзеў у падлогу, а пасьля сказаў, што закрывае справу й перадае яе ў суд. Яшчэ паскардзіўся, што вельмі хацеў адпусьціць нас хоць зараз пад падпіску, але, маўляў, гадзіну таму пачуўся тэлефонны званок зь Менску, і „адзін вялікі чалавек“ сказаў яму (цытую): „Я табе... (мат) адпушчу! Сам на іх месца сядзеш!“

Азнаямленьне з справай высьветліла пэўныя цікавыя рэчы. Па-першае, на нас з Вадзімам навесілі ўсе характарыстыкі злоснага хуліганства, якія толькі існавалі, каб ужо дакладна не праваліць абвінавачаньне. Па-другое, высунуты быў пазоў на шэсьць мільёнаў рублёў у цэнах лета 1997 году: дзяржава патрабавала вярнуць нанесеныя ёй нашымі „графіці“ страты. Відаць, акрамя таго, што за гэтыя грошы былі зафарбаваныя надпісы, яшчэ не адна сям’я начальнікаў пафарбавала й свае хаты. Па-трэцяе, па абвінаваўчым заключэньні на судзе нам з В. Лабковічам трэ было адказваць за злачынства ажно па трох артыкулах крымінальнага кодэксу: 2012 (злоснае хуліганства); 2252 (пашкоджаньне помнікаў) і 186 (зьнявага сымболікі). Да суду заставаўся месяц.

Нас зноў адвезьлі ў Жодзіна, але папярэдзілі, што праз два тыдні будзе „этап“ у Менск, на „Валадарку“. У апошнія дні ў „Чорным Бусьле“ давялося шчэ раз пакаштаваць гумавых палак і пасядзець у камэры зь мінусавой тэмпэратурай. Адзін зь вязьняў па неасьцярожнасьці выбіў шкло локцем, і міліцыянты 8 дзён адмаўляліся зашкліць акно. Па вечарох, калі на вуліцы бралася на добры мароз, у камэры з роту валіла пара — класьціся спаць было проста страшна. Усе баяліся замерзнуць.

Але мяне лёс выцягнуў з гэтага пекла. У ноч з 4 на 5 лютага мне загадалі сабраць рэчы і падрыхтавацца да этапу. Мяне чакаў „сталыпін“ на „Валадарку“.

Апошні раз праходзячы пад канвоем па Жодзінскім СІЗА, хацелася сьмяяцца. Я разумеў, што шмат дрэннага яшчэ наперадзе, але горш ужо ня будзе. Мой апошні „маналёг“, які я зафіксаваў алоўкам на драўлянай лаве камэры-адстойніка, быў такі: „Бывай, Жодзіна! Месца, у якім я правёў амаль 5 месяцаў. Месца, якое я ненавіджу і якое не забуду ніколі. Тут мяне білі і зьдзекаваліся як маглі, але толькі тут я змог зразумець, якая цудоўная рэч жыцьцё, калі яно ідзе на Волі“. Воля — зь вялікай літары. Навучыцца цаніць яе можна адно ў зьняволеньні, за кратамі.

Валадарка. Менск

Вось жа, пасадзілі мяне ў „сталыпін“. Што такое „сталыпін“? Гэта спэцыяльны вагон, які прычэпліваецца да ночных цягнікоў. Вагон цалкам мэталёвы, унутры падзелены на шэсьць камэр, зробленых замест купэ.

А 2-й ночы „аўтазак“ прывёз нас на жодзінскі вакзал і высадзіў на сьнег. Становішча, у якім я апынуўся, уразіла. Усе 50 вязьняў прыселі на кукішкі й паклалі рукі за галаву. Мароз быў ня меншы за 15 градусаў, і празь пяць хвілін такога сядзеньня стала невыносна халодна, здранцьвела цела. Празь дзесяць жаданьне ўстаць і разьмяць косьці стала невыносным. Стрымлівалі яго адно дзясятак аўтаматчыкаў па бакох і гучныя папярэджаньні: „Шаг влево, шаг вправо — попытка побега...“ Праз 30 хвілін пачало станавіцца млосна, цела хіліла ў сьнег, і толькі тады падышоў цягнік з прычэпленым да яго „сталыпіным“. Пяць хвілін — і ўсе загнаныя ў вагон. У суседнім адсеку камэры жанчыны гучна пяюць „таганку“ і просяць зэкаў-мужчын паказаць ім чэлес. Ахове гэта вельмі не падабаецца, і яна прымушае ўсіх суцішыцца, пагражаючы „дубіналам“.

Дарога да Менску пралятае хутка, і а палове чацвертай раніцы на станцыі Менск-Усходні мы зноў сядзім на сьнезе ў чаканьні „варанка“. Вязьняў састрыгаюць: каго ў Менскую зону, каго на „Валадарку“, каго ў „Навінкі“.

Нас з Лабковічам садзяць у адзін адсек. Праяжджаючы паўз цэнтральныя вуліцы, паўз праспэкт, мы разам уголас уздыхаем...

„Валадарка“ сустрэла абыякавасьцю, цішынёй. Па звычцы ўтаперыўшыся вачмі ў сьцяну й склаўшы рукі за сьпінай, я пачуў збоку паблажлівы сьмех і пытаньне:

— Наверное, из Жодино?

Абярнуўшыся, не паверыў вачом. Сусед справа, паклаўшы руку ў кішэню, спакойна размаўляў са мной — і на яго ня сыпаліся ўдары, як у Жодзіне.

— Ты отвыкай, тут режим другой...

І гэта адчувалася. За дзень, праведзены ў адстойніку да разьмеркаваньня па камэрах, шмат чаму давялося зьдзівіцца. На вечаровай праверцы, пры ўваходзе міліцыянта, я па звычцы ўскочыў і ўжо набраў паветра, каб паздароўкацца, калі заўважыў, што астатнія толькі пападымалі галовы, каб паказаць, што жывыя. Міліцыянт моўчкі падлічыў усіх і выйшаў.

Пасьля абеду мяне разьмеркавалі ў камэру №49. Тут я напоўніцу адчуў увесь кантраст Менскага СІЗА з Жодзінскім.

Па-першае, на „Валадарцы“ захаваны з савецкіх часоў інстытут „смотрящего“ камэры, корпусу, СІЗА. Звычайна гэта тыя зэкі, якія жывуць „па паняцьцях“ і лічаць сябе лепшымі за астатніх. Яны кіруюць у камэры ўсімі працэсамі і ўвогуле, маюць уладу, большую за ўладу міліцыянтаў.

Са страшнага: тутака я ўпершыню ўбачыў працэс „апусканьня“. Адзін малады 18-гадовы хлопец у прыватнай гутарцы з „сматрашчым“ прызнаўся, што на свабодзе займаўся з жанчынай аральным сэксам. Яго адразу ж жорстка зьбілі і адпіхалі нагамі да прыбіральні, дзе ён сядзеў увесь час да адпраўкі на зону. У яго абавязкі ўваходзіла мыцьцё прыбіральні. Лізу (такое было новае імя хлопца) штодзённа зьбівалі да страты прытомнасьці, а калі яму заходзіла перадача, дык палову ад яе забіралі „сматрашчыя“. Увогуле, сытуацыя ў камэры была невыноснай, увесь час некага зьбівалі, а „петухоў“ (апушчаных) праз тыдзень стала ўжо тры. Прычым адзін зь іх штовечар пад прымусам задавальняў сэксуальныя патрэбы „братвы“. У мяне з гэтаю „братвою“ адносіны ня склаліся з самага пачатку, бо па натуры сваёй я настроены супраць гвалту і крыміналу. Дык мяне ў 49-ай камэры не палюбілі за тое, што не хаваў свае гідасьці да ўсяго, што рабілася там, і хаця сам ні ў што ня ўлазіў, усё ж зрабіў вострую заточку, якую насіў у рукаве, каб, калі што, абараняцца. Але мяне ўсё ж крыху пабойваліся — і не чапалі. Дарэчы, хоць, можа, гэта не характарызуе агульны стан рэчаў, але двое з чатырох „наглядаючых“ былі расейцы, і тое, што я з БНФ, іх асабліва злавала. Хутка, відаць, тое, што робіцца ў камэры, усё ж дайшло да міліцыянтаў, і аднойчы ўвечары ўсіх (!!!) моцна зьбілі, і гэтых двух расейцаў перакінулі ў іншыя „хаты“, пасьля чаго ў нас усталявалася нармальная атмасфэра.

Назаўтра, зьбіты, я адпачываў у абед на сваіх нарах, калі мяне выклікалі да адваката, якая паведаміла, што пазаўтра суд. Пасьля прысуду асуджаны „зэк“ перакідваецца ў іншую камэру. Таму я, ведаючы, што праз пару дзён мяне ў 49-ай дакладна ня будзе, па шчырасьці пагаварыў з адным барысаўскім забойцам, дарослым мужыком, які меў неафіцыйны аўтарытэт у камэры. Я выказаў думку, што ўсе гэтыя законы, якія пануюць на Валадарцы і якіх няма ў „Чорным Бусьле“, толькі ўскладняюць жыцьцё вязьням. Да прыкладу, каля траціны плошчы камэры знаходзіцца за так званым „парапэтам“. Над гэтым месцам трэба вешаць вопратку сохці, гатаваць сабе ежу, мыцца, чысьціць зубы. Увадначас усё, што за гэтым парапэтам упадзе на падлогу, — лічыцца „запарафіненым“ і выкідваецца. Бывала, што вяроўка, на якой сушылася вопратка — абрывалася, і тады ўсё, што там вісела, даводзілася кідаць у сьметніцу! Тое самае адбывалася з мылам ці ручніком, якія выпадкова падалі на падлогу. Той, каму я выказаў свае думкі, са мною цалкам пагадзіўся, але сказаў, што цяпер нічога зьмяніць нельга, павінен прайсьці яшчэ вельмі доўгі час, пакуль усё гэтае сьцяміць бальшыня…

18 лютага нас з Лабковічам павезьлі на суд. Уразіла ахова, 12 чалавек з сабакам, і тое, што на „аўтазаку“ нас везьлі толькі двох, бо ўсё астатняе месца займалі міліцыянты. Прыкладна а дзясятай раніцы нас этапавалі ў будынак Менскага абласнога суду й пасадзілі ў „стакан“. Праз пэўны час я заўважыў, што міліцыянты пачалі хвалявацца і ўвесь час раіцца зь некім па тэлефоне. Калі ўрэшце нас наважыліся весьці ў залю паседжаньняў, ужо здалёк я пачуў нейкі гул, які нарастаў і ўзмацняўся з кожным крокам. Калі ж урэшце дзьверы ў залю былі адчыненыя — у нас заняло дух. Канечне, мы чакалі ўвагі да сябе, але такога мы сабе ўявіць не маглі! Фота- і тэлекамэры, дыктафоны, а галоўнае — з добрую сотню чалавек у залі і значна больш — за яе дзьвярыма. Ад скандаваньня „Жыве Беларусь!“ хацелася плакаць, так кранала душу, так надавала яно моцы для далейшага змаганьня. Апісваць увесь судовы працэс сэнсу няма. Дадам толькі, што за ўсё жыцьцё гэтыя чатыры дні зрабілі на мяне найбольшае ўражаньне й дагэтуль застаюцца найярчэйшым успамінам.

Адразу пасьля прысуду, паводле якога я атрымаў 18 месяцаў калёніі ўзмоцненага рэжыму, мяне зноў этапавалі на „Валадарку“. Я застаўся адзін (Вадзім Лабковіч, на шчасьце, атрымаў умоўны тэрмін). Мяне перакінулі ў камэру для асуджаных № 21 — у сутарэньні сьледчага ізалятару. Гэта была камэра на 30 чалавек, у якой заўсёды было ня менш ад 50-ці. Сюды ніколі не трапляла дзённае сьвятло і сьвежае паветра. Паўзмрок, чорныя сьцены і пах гнільля — усё гэта стварала ў камэры такую атмасфэру, што многія вязьні паціху вар’яцелі. Праз тыдзень з-за авітамінозу й недахопу кіслароду маё цела, як і ў іншых сукамэрнікаў, пачало гнісьці. Гнісьці ў простым сэнсе слова. На целе, асабліва на нагах, зьяўляліся маленькія ранкі, якія не загойваліся, а з часам станавіліся большымі ды глыбейшымі: сантымэтар і болей углыбкі й ўшыркі. Адзіным паратункам былі вітаміны, але іх давалі толькі самым хворым — на ўсіх бракавала. Калі ранкамі-ямкамі пакрылася ўся мая правая нага, адміністрацыя СІЗА перавяла мяне з падвалу на чацьверты паверх у камэру №94.

Тут было больш сьвятла, паветра і праз краты відзён быў дах Чырвонага Касьцёлу, але было й значна больш людзей — пад 70 чалавек на 24 месцы… Пасьля пераводу сюды мяне аж да самага заканчэньня тэрміну больш ня білі.

21 красавіка адбыўся перагляд маёй справы ў Вярхоўным судзе. Прысуд быў пакінуты бязь зьменаў, а гэта значыла, што трэба было рыхтавацца да зоны. 13 траўня зранку мне загадалі зьбірацца з рэчамі на этап і пасьля праведзенай у „адстойніку“ ночы 14-га на „аўтазаку“ перавезьлі ў УЖ 15/1 — зону ўзмоцненага рэжыму ў Менску на вуліцы Кальварыйскай.

За кратамі пачыналася вясна. Калісьці ў Стоўпцах я любіў яшчэ даволі халадкімі і ветранымі красавіцкімі дзянькамі сачкаваць з заняткаў і хадзіць па вясновым горадзе... Гэтыя ўспаміны катавалі душу. Вясна, хоць і ў турме, абудзіла й мужчынскую прыроду: кароткімі начамі (у камэры было па 3 чалавекі на адны нары, і таму спалі па чарзе і роўна па восем гадзін) я сьніў дзяўчат: знаёмых і незнаёмых, брунэтак і бляндынак…

Я заўважыў, што амаль усе мае сукамэрнікі файна падрыхтаваныя да будучых гадоў зоны. Поўныя „кешары“ гарбаты, цыгарэтаў, мыла, туалетнай паперы і г.д. Каб не адставаць ад народу, я арганізаваў сабе пару нелегальных перадачаў з такімі рэчамі і склаў іх у „паходную сумку“, пра што ў будучым не пашкадаваў. Поўны „кешар“ гарбаты і цыгарэтаў у зоне — прыкладна тое самае, што на волі кейс з далярамі. Найбольш цэняцца тут цыгарэты LM ды індыйская ліставая гарбата.

У Чырвонай зоне

УЖ 15/1 — зона „чырвоная“. Гэта азначае, што ў ёй усталяваныя зусім адрозныя законы, чым у іншых зонах. Тут, як і ў Жодзінскім СІЗА, уся ўлада ў руках адміністрацыі. У зоне няма блатных, затое процьма „стукачоў“. У „чырвоную“ зону прывозяць былых міліцыянтаў, якія зьдзейсьнілі злачынства, і яны адбываюць тут пакараньне. Увадначас гэтая зона — паказальная. Тут крыху лепшыя санітарныя ўмовы ды якасьць ежы, бо сюды накіроўваюць усе праверкі — ад раённай санстанцыі да назіральнай групы АБСЭ. Чаму ж мяне накіравалі ў гэтую зону? Адказ просты — тут я быў пад поўным кантролем адміністрацыі, бо адразу колькі зэкаў, што працавалі на апэратыўную частку, наглядалі за мною. З гэтай самай прычыны ў УЖ 15/1 знаходзіцца Ўладзімер Кудзінаў. І я быў амаль упэўнены, што менавіта сюды будзе накіраваны Андрэй Клімаў.

Вядома, адразу я ня ведаў усяго гэтага, і першы шок мяне напаткаў ужо ў „каранціне“ („каранцін“ — асобны барак, у якім зэкі тыдзень знаходзяцца да разьмеркаваньня па атрадах). Калі адзін зь вязьняў абвясьціў, што ён будзе „блатаваць“ (то бок хоча займаць другую па значнасьці ступень зэкаўскай гіерархіі: першая — „злодзей у законе“), яго адразу ж зьмясьцілі ў штрафны ізалятар на 15 дзён. Як я даведаўся пазьней, там такіх трымаюць з паўгоду і, калі зэк не адмаўляецца ад свайго намеру, яму накідваюць 2—3 гады й адсылаюць у зону строгага рэжыму.

20 траўня мяне перавялі ў атрад № 21, дзе я быў да канца свайго тэрміну. Перад адпраўкай, яшчэ з каранціну, я накіраваў ліст у газэту „Народная Воля“, дзе пацьвердзіў, што я не зламаўся й гатовы да далейшага змаганьня. На дзіва, праз цэнзараў ліст прайшоў, і 28 траўня 1998 году быў надрукаваны на першай старонцы газэты, пасьля чаго ў мяне пачаліся сапраўдныя праблемы. За наступны дзень з добры дзясятак разоў мяне выклікалі на „выхаваўчыя работы“ апэратыўнік Віктар Гарбацэвіч і намесьнік начальніка па выхаваўчай частцы Юры Жогаль. „Гутаркі“ працягваліся і ў наступныя дні. З-за іх мне ня раз давялося прапусьціць абед і вячэру.

На „гутарках“ мне ўбівалі ў галаву адно — прэзыдэнт не такі дрэнны, апазыцыя — маньякі, а мяне, маўляў, выкарыстоўваюць у сваіх мэтах. Падобна, што яны й самі верылі ў тое, што казалі. Пасьля размоваў мяне, стомленага, адпускалі з апэрчасткі ў барак, каб заўтра з раніцы пачаць ізноў.

Зона — гэта горад у горадзе. Тут ёсьць лазьня, шпіталь, сталоўка, бібліятэка, школа, ПТВ і опэрчастка. На супрацьлеглым баку знаходзяцца баракі на 28 атрадаў. Самі гэтыя атрады падзеленыя на сэктары, па 3 ці 6 атрадаў, у кожным зь якіх па 100—120 чалавек. У кожнага сэктару ёсьць свая асфальтаваная пляцоўка для прагулянак, агароджаная мэталёваю сеткай. Выходзіць за межы гэтай пляцоўкі можна адно пад час наведваньняў сталоўкі, шпіталю ці бібліятэкі.

У маім сэктары было 3 атрады агульнай колькасьцю 320 чалавек, а пляцоўка займала плошчу каля 900 кв.м (20х45). На пляцоўцы месьцяцца лаўкі, два дрэвы й сьметніца, вакол якой павінны зьбірацца аматары папаліць. Баракі — тыповыя памяшканьні казармавага тыпу, набітыя людзьмі „пад завязку“. Трох’ярусныя нары, якія стаяць нават у „ленпакоях“, разьмешчаныя настолькі шчыльна, што ступіць няма куды. У кожным бараку ёсьць тэлевізар, па якім зэкі звычайна глядзяць ці баевікі, ці канцэрты расейскай эстрады, адно зрэдку пераключаючы на навіны альбо футбол. Дзякуючы гэтаму за 9 месяцаў знаходжаньня ў зоне ад тэлевізару я проста адвык. Яшчэ ў бараках ёсьць прыбіральня на чатыры месцы (туды заўсёды стаяць чэргі) і мыйніца, якая ўвадначас і кухня, бо толькі там ёсьць разэткі, якімі можна карыстацца, гатуючы есьці. Вядома, там няма газплітаў, але да ўсяго звыклыя зэкі гатуюць з дапамогаю кіпяцільніка абсалютна ўсё: ад булёну да смажанага сала. Завяршае агульную карціну жылой зоны „пяты пост“, ці, кажучы па-зэкаўску — „петушатня“, месца, зь якога па рупары выклікаюць вязьняў на працу, на „выхаваўчыя работы“ ці на спатканьне з роднымі. Ёсьць у зоне і клюб, дзе па суботах і нядзелях паказваюць фільмы і раз на два-тры месяцы да нядаўняга часу выступалі беларускія эстрадныя артысты. апошнім часам яны перасталі наведваць зону, бо сапраўднай прычынай іх прыездаў была зусім не дабрачыннасьць, а тое, што да восені 98-га ў зоне сядзеў былы кіраўнік рэдакцыі музычных праграм Белдзяржтэлерадыё Бахціяр Бахціяраў, які і арганізоўваў гэтыя канцэрты.

Такая структура жылой зоны. Але існуе яшчэ і зона прамысловая, куды зэкаў выводзяць на працу. Там знаходзяцца разнастайныя цэхі: сталярны, цэх гарачых прэсаў, цэх па вырабе трунаў ды інш. І асобна, паміж жылой і працоўнай зонай, стаіць штрафны ізалятар — памяшканьне, у якое ня хоча трапляць ніхто.

Самому мне ў штрафным ізалятары пабыць, дзякуй богу, не давялося, але з аповедаў сядзельцаў можна зрабіць выснову, што гэта куды горш ад карцару ў СІЗА. Камэры там — пад зямлёю, і тэмпэратура ў іх ніколі не падымаецца вышэй за 10 градусаў цяпла ўлетку, а ўзімку — вышэй за вулічную. Адтуль ужо праз 15 содняў можна выйсьці невылечна хворым.

Першы месяц у зоне праляцеў вельмі хутка: усё ж пасьля СІЗА гэта — амаль як воля. Лісты з дому, ад сяброў, газэты дапамаглі крыху адключыцца ад рэчаіснасьці. Крыху супакоіліся й „выхавальнікі“. Але яны змаглі перахапіць мой ліст у „Нашу Ніву“ зь вершамі. Апэратыўнік, які перахапіў гэты ліст, напачатку нават забараніў мне пісаць лісты ўвогуле, акрамя як дадому. Ды дзе ж яму! Я напісаў скаргу ў пракуратуру, і дзеяньні апэратыўніка былі кваліфікаваныя як незаконныя. Адміністрацыя, якую я вельмі раздражніў гэтаю скаргаю, накіравала ў пракуратуру мой ліст зь вершам „Зомбі“ — з просьбаю ўзбудзіць супраць мяне крымінальную справу па артыкуле 67 КК РБ „заклік да захопу ўлады“. але пракуратура, на шчасьце, абмежавалася папярэджаньнем. Наступны мой крок — колькі лістоў у незалежныя выданьні й хадайніцтва аб умоўна-датэрміновым вызваленьні, якое мне ўжо надышло па тэрміне. Паколькі я ня меў ніводнага парушэньня рэжыму, прычыны адмовіць мне ў ім не было. 30 ліпеня зранку мяне запрасілі прайсьці камісію на вызваленьне, але… З падачы начальніка атраду Жанеўскага, які, дарэчы, адразу пасьля гэтага сышоў працаваць у КДБ, мне адмаўляюць у вызваленьні з прычыны „недастатковай вывучанасьці“. Мяне гэтая адмова ўзрушыла: замест блізкае Волі трэ было вяртацца ў сваю камэру.

Можна яшчэ доўга апавядаць, як зьнікалі дзясяткамі лісты, накіраваныя мне, і мае, адпраўленыя сябрам (усяго „не дайшло“ каля 100 дасланых мне лістоў — ня ведаю, ці гэта рэкорд, ці ў каго з нашых палітвязьняў зьнікла й больш). Каб я не пісаў у газэты, мяне накіравалі на вельмі шкодную працу ў цэх — фаніраваць мэблю. Аманціт, ляк, апіякт — усё гэта вынішчала й вынішчае цяпер лёгкія вязьняў, якія працуюць у цэхах часам і ў дзьве зьмены, а атрымліваюць за гэта капейкі. Я зарабляў 100.000 рублёў у месяц — менш ад даляра, які каштаваў 180.000. Набыць на іх можна было толькі адзін пачак маргарыну ці, на выбар, пару пачкаў цыгарэт. Працаваць за такія грошы й псаваць сабе здароўе сэнсу ня мела, таму я ўсяляк прагульваў працу. Дзякуй богу, быў чалавек, які пісаў даведкі аб маім дрэнным стане здароўя, і я мог легальна днямі знаходзіцца ў бараку й пісаць вершы, лісты знаёмым і ў газэты, чытаць…

Выратаваньнем для мяне было й чытаньне. Акрамя турэмнай, існуе яшчэ й „зэкаўская бібліятэка“. У кожнага вязьня ёсьць дзьве-тры добрыя кнігі. Людзі вызваляюцца й пакідаюць іх сябрам — так у атрадах назапашваецца даволі высакаякасная чытанка. Дастаеўскі й Велер, Ясенін і Купала...

Пасьля адмовы ў датэрміновым вызваленьні чакаць мне больш не было чаго. І я пачаў пісаць. Вершы, артыкулы, апавяданьні. Спачатку адміністрацыя спрабавала перашкодзіць мне, пагражала ізалятарам і перасылкай у іншую зону, але пасьля махнула рукой. Я іх пераўпарціў.

Пачалі заводзіцца знаёмыя. Людзі з розных атрадаў, розных куткоў зоны падтрымлівалі мяне. Мы зьбіраліся разам і апавядалі адзін аднаму апошнія зьвесткі. Хтосьці нешта чуў з вуснаў дасьведчаных асобаў, у кагосьці ў бараку прымалася радыё „Свабода“, я ж забясьпечваў усіх незалежнай прэсай. Гэтыя сустрэчы ў зэкаўскай школе пад покрывам ночы нагадвалі карціну аднаго вядомага савецкага мастака „Ваеннапалонныя слухаюць Маскву“, дзе каля дзясятку савецкіх салдат у фашыстоўскім канцлягеры, прыклаўшы вуха да самаробнага радыё, слухаюць левітанаўскія паведамленьні.

Дні цягнуліся… З наступленьнем восені настрой стаў часта псавацца, апаноўвала нязносная туга. Ці то гэта брала сваё халоднае дажджлівае надвор’е, ці тое, што ўжо нічога не чакаеш. Акрамя як дня вызваленьня…

Прайшла восень, надышоў Новы год. Напярэдадні я адсьвяткаваў 20-цігодзьдзе, атрымаўшы з тры дзясяткі віншавальных паштовак, і, як высьветлілася пазьней, яшчэ з два дзясяткі не атрымаўшы, бо яны „згубіліся“ на шляху ад цэнзарскай да бараку. На Новы год адміністрацыя дазволіла пасьвяткаваць да 2-й гадзіны ночы, чаму ўсе нечувана радаваліся, елі самаробныя тарты й палілі назапашаны LM. Да вызваленьня заставалася 57 дзён.

Новы начальнік атрада, лейтэнант Мамонаў, даў мне палёгку, пераклаўшы з 3-га на 2-гі ярус, і нават быў хацеў дазволіць мне дадатковую перадачу. Добры такі быў атраднік, увесь час прасіў у мяне газэт пачытаць, хаця па дарозе дадому мінаў зь дзясятак шапікаў „Белсаюздруку“. Мамонаў увесь час марыў аб тым, што раптам нехта яму патэлефануе й запросіць на працу з заробкам у 200 даляраў, але ў канцы кожнага месяца зноў і зноў пералічваў тыя сорак, што яму плацілі ў турме. Рэдкі чалавек у турэмнай адміністрацыі — такі, што відавочна не жадаў мне зла.

21 студзеня выйшоў закон аб амністыі пэўных катэгорыяў грамадзян. Дзякуючы яму я мог выйсьці на Волю раней на тыдзень ці некалькі дзён, але, ведаючы аб тым, якую сустрэчу мне рыхтуе Малады Фронт, я напісаў заяву аб адмове ад амністыі ў трох асобніках і перадаў іх кіраўніцтву калёніі.

Усё ішло, як і меркавалася. 17 лютага вывесілі сьпісы тых, каму трэ было зьявіцца на камісію па амніставаньні, і, зразумела, мяне там не было. Але 18-га, а 12-й дня ў барак прыйшоў міліцыянт, які паведаміў мне, што яму загадана канваяваць мяне на камісію па амніставаньні. Мае адмовы й папярэджаньні аб незаконнасьці дзеяньняў не падзейнічалі, і я быў заведзены ў актавую залю УЖ 15/1. Як я даведаўся, камісія ўжо скончылася, але ўсе засталіся спэцыяльна для таго, каб амніставаць мяне. Нягледзячы на пратэсты, мне зачыталі пункт дзявяты закону аб амністыі й сказалі, што яна ўжытая да мяне. Пасьля мяне ўгаворвалі расьпісацца за тое, што я згодзен з амініставаньнем, але я ў адказ напісаў скаргу ў пракуратуру Менску…

Апошнія дні ішлі вельмі марудна. Вызваліць маглі ў любы дзень, але, як мне апавёў начальнік атрада, ля брамы турмы мяне чакала група падтрымкі з Маладога Фронту, а адміністрацыі было загадана гэтую сустрэчу сарваць. Вось жа, я назіраў, хто ж пераможа ў гэтым супрацьстаяньні, МФ ці УЖ 15/1, сам пры гэтым ня маючы ніякай магчымасьці паўзьдзейнічаць ні на што. На жаль, больш дасьведчаныя турэмнікі перамаглі маладафронтаўцаў сваімі бруднымі мэтадамі. Прыкладна а 12-й гадзіне 23 лютага да тых, што мяне чакалі, выйшаў адзін з супрацоўнікаў адміністрацыі і паведаміў, што сёньня нікога вызваляць ня будуць. Пачуўшы ў адказ, што стаяць усё адно будуць, ён з хлусьлівым шкадаваньнем прамовіў: „Детки, вы хоть покушать сходите, стоите тут под дождём...“. І калі хлопцы зь дзяўчатамі й напраўду пайшлі пад’есьці, мне загадалі за пяць хвілін сабраць усе рэчы й вымятацца з турмы.

Я марудзіў як мог, але, нягледзечы на гэта, у хвіліну майго выхаду пляцоўка перад турмою была пустая. Тут трэба дадаць, што перад самым выхадам мяне добра абшукалі, забраўшы некаторыя турэмныя рэчы, мой турэмны фотаздымак і копію скаргі на намесьніка начальніка турмы. Усё тое, што я плянаваў перадаць журналістам. Але галоўнага яны не знайшлі. Тры мае турэмныя сшыткі чакалі мяне ўжо на Волі. А там — усё: вершы, успаміны, храналёгія…

Вось жа, я выйшаў за браму й нікога ня ўбачыў, але раптам недзе збоку я пачуў крык: „Лёша!“, азірнуўся і ўбачыў маму. Толькі яна стаяла і чакала мяне безадыходна. А 12.45 23 лютага я скінуў турэмную вопратку й стаўся вольным чалавекам. Так скончылася гісторыя майго „графіці“. Усё было не дарма. Я ні аб чым не шкадую, і зьявіся ў мяне такая магчымасьць — нічога ня стаў бы мяняць.

А пасьля быў фэст, наладжаны ўва Ўправе БНФ, інтэрвію, сустрэчы.

У РУУСе мне ўстанавілі нагляд на 1 год, які я мусіў паводзіць сябе ўзорна, інакш — Back to the Prison. Мяне адлічылі з БДУ й пагналі з БДУшнага інтэрнату. Аднак сьвет поўны добрымі людзьмі, і цяпер я маю, дзе жыць, маю працу і з восені зноў пачынаю вучыцца.

Праз год пасьля...

…Прайшоў год з дня, як я выйшаў на Свабоду. Навокал не зьмянілася абсалютна нічога. Ну, хіба што якая драбяза. Толькі больш шэрымі сталіся навакольныя фарбы, твары пэнсіянэраў ды батоны ў крамах і які ўжо год нефарбаваная падлога ў кватэры. Беларусь як быццам сьціраецца пакрысе: колеры, лепшыя людзі, краіна…

Я і цяпер, як 11 месяцаў таму, ня бачу іншага выйсьця з сытуацыі, акрамя як змаганьне да скону. Змаганьне якім заўгодна чынам і якімі заўгодна сродкамі: із зброяй ці без, на вулічных акцыях ці праз прэсу. Рана ці позна перамога прыйдзе.

„Ты вельмі зьмяніўся“, — зьлятала з вуснаў шмат каго пасьля сустрэчы ды размоваў са мною — ужо іншым, „пасьлятурэмным“. Сапраўды, турма значна мяняе людзей. І чым больш працяглы час ТАМ, за плотам, тым больш шанцаў зьмяніцца значна.

Але, што цікава, турма адно ўзмацняе тыя якасьці, якія ў чалавека былі. Калі ты быў моцны духам — будзеш як камень. Калі ж быў сьлімаком, дык і за кратамі прыйдзецца табе цяжка, а гэта прыгняце, прыб’е, закамплексуе цябе шчэ больш, і станешся ты горшым ад ранейшага.

Многія выходзяць, як ні дзіўна, значна дужэйшыя й фізычна. Вольнага часу дастаткова, і яны кампэнсуюць гэта заняткамі бодыбілдынгам, за доўгія гады нарошчваючы сабе вялізныя цягліцы.

Але найгалоўнейшае ўсё ж — выйсьці адтуль чалавекам незламаным. „Ты зьмяніўся“ — мне кажуць тыя, хто ведае, што я сядзеў. Але яны ніколі не казалі, што па мне бачна, што я — зэк. Я ня вынес з сабою ані гэтага жаргону (я яго, натуральна, ведаю, але ж ніколі не карыстаюся), ані нейкіх звычак. Адзінае, што як ні імкнуўся я выжыць турму з сваіх сноў — ня здолеў. Мая дзяўчына скардзіцца, што я сярод ночы ўскокваю ў халодным поце. Так, я зноў быў там. Перажыўшы й асэнсаваўшы ўсё, я тым больш паважаю людзей, што выйшлі на волю незламанымі й здолелі пачаць жыцьцё нанова.

Я выйшаў на Свабоду год таму. Усяго. А здаецца, прайшла цэлая вечнасьць. Тут ён, час, ляціць не спыняючыся, а за кратамі дзень раз-пораз здаваўся даўжэйшым за ўсё раней пражытае.

Год пасьля… Як я не хацеў бы зноў трапіць за краты ні на месяц, ні на дзень, ні на ноч! Але, ведучы перадтурэмны лад жыцьця, — не гарантую сабе гэтага. Ды й ніхто ня можа гарантаваць.

Памятаю, як увосені 1998-га, за 3 месяцы да вызваленьня, чакаў сьнегу. Я чакаў яго, паглядаючы ў акно, чакаў пры кожным выхадзе на прагулянку. Я, здаецца, не чакаў так лістоў з дому, як гэтага сьнегу. Я ведаў, што калі буду выходзіць, навокал будзе сьнег, і таму ён атаясамліваўся ў мяне з Свабодаю. Зрэшты, аднойчы я прачнуўся і ўбачыў, што сьнег усё ж выпаў. Была пятая раніцы, астатнія вязьні шчэ спалі. Я хуценька апрануўся й высьлізнуў у прагуляначны сэктар, баючыся спазьніцца, выйсьці ня першым. Там напраўду была зіма. Напружанае паветра й разьбітая крышталёвая цішыня… Я адчуваў сябе свабодным на хвілінку, на паўхвілінкі, але раптам прыйшло адчуваньне, што хутка будзе пад’ём і шэрая зэкаўская маса выпаўзе на двор і патопча гэты белы, чысты, свабодны сьнег. Па белым сьнезе — бруднымі ботамі… Я ведаў — трэба рабіць тое, што лічым патрэбным. Зіма — гэта толькі тры месяцы, а жыцьцё — проста гады, зьвязаныя ўспамінамі. Галоўнае — ведаць, дзеля чаго… Па сьнезе… Ботамі…

Пасьля я чакаў Свабоды. Сны блыталіся з рэчаіснасьцю. Рэчаіснасьць забівала адным позіркам. Але я ўжо прайшоў праз гэтае. Проста я ў Беларусі. І яна пакуль жыве. І я ня маю права здацца, ня маю права сысьці.

Стоўпцы—Менск.


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Васямнаццаць месяцаў у пекле


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.