Разьвітаньне з Будславам

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2022)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Разьвітаньне з Будславам . Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь глазами птиц HIT.BY! Звёздная жизнь KAHANNE.COM Беларусь в Инстаграме


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-27

АВТОР: Анеля Катковіч

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №3 2000 ГОД


Анеля Катковіч (1915, Браслаў — 1982, Уроцлаў) — адна з тысячаў „шараговых жаўнераў беларушчыны“. Паводле некаторых зьвестак, працавала сакратаром Беларускае Цэнтральнае Рады, пра што, аднак, ва ўспамінах згадкі няма. Пасьля савецкіх турмаў, як і тысячы заходніх беларусаў, ратуючыся ад бальшавікоў, у 1957 г. „рэпатрыявалася“ ў Польшчу; працавала ў Міністэрстве замежных справаў ПНР. Успаміны напісаныя ў 1977 г., у часе побыту ў Лёндане. Фрагмэнты твору друкавалiся ў часопiсах „Беларуская думка“ (Саўт-Рывэр, 1994. №38), „Полацак“ (Клiўленд, 1994. №№2—4). Рукапiс захоўваецца ў Беларускай Бiблiятэцы й Музэi iмя Ф.Скарыны ў Лёндане. Гэтая публікацыя сталася магчымай дзякуючы а.А.Надсону і Л.Юрэвічу.

[Будслаў
„Пайду ў беларускую гiмназiю“. — Мае бацькi. — Мы засталiся сiротамi]*

Часта задавала нам пытаньне настаўніца ў польскай пачатковай школе: што вы будзеце рабіць пасьля заканчэньня школы? Розныя былі адказы. Адна толькі я казала, што пайду вучыцца далей у беларускую гімназію. Чаму я так адказвала, сама ня ведаю. Бацькі былі незаможныя, і не па сіле было ім паслаць мяне ў гімназію. Ніколі на гэтую тэму не было дома гутаркі. Я толькі чула, што дзесь у Вільні ёсьць такая гімназія. У адказ на мае словы настаўніца ня раіла ісьці ў беларускую гімназію, казала, што пасьля заканчэньня такой гімназіі не дастану нідзе работы, што гэта будзе змарнаваны час. А я ўпарта паўтарала:

— Аднак, міма ўсяго, пайду я ў гэтую гімназію.

Мама (яна гадавалася разам з Паўлінай Мядзёлкаю — дачкой мамінага старэйшага брата1) часта расказвала нам пра Паўлінку як пра вялікую беларускую патрыётку. Жылі мы на Зосінскай (?) вуліцы ў мястэчку Будславе. Мястэчка гэтае выдала шмат сьведамых беларусоў. Пасьля першай сусьветнай вайны была ў нашым мястэчку нават беларуская гімназія, заложаная кс. Фр. Будзькам — нашым сваяком. Існавала яна толькі тры гады. У ёй вучыўся й сп. Вінцук Грышкевіч2. Я была тады малая й тае гімназіі амаль ня помню.

1 Стрыечная сястра аўтаркi (тут i далей заўвагi публiкатараў).

2 Пазьней — прэзыдэнт БНР Вінцэнт Жук-Грышкевіч.

Калі я мела 14 гадоў, бацькі мае, якія так многа перажылі ў жыцьці злога, яшчэ маладымі адышлі ад нас.

Тата маладым хлопцам ваяваў зь японцамі й трапiў да іх у палон. Сем гадоў прабыў на Сахаліне. Вярнуўшыся на бацькаўшчыну й ажаніўшыся, нядоўга затрымаўся дома, бо выбухла першая сусьветная вайна й зноў пайшоў ваяваць, пасьля перажыў рэвалюцыю. Палон і вайна зруйнавалі ягонае сэрца. У 1929 годзе, у страшных муках, адышоў ад нас назаўсёды, пакідаючы пяцёра малых дзяцей і 37-гадовую жонку. Тата памёр на першы дзень Вялікадня, калі званілі будслаўскія касьцельныя званы на рэзурэкцыю3. У жнiўнi, праз тры месяцы пасьля сьмерці таты, памёрла й наша любая, добрая, як ангел, мама, якая дагэтуль ніколі не хварэла. Цяпер, выйшаўшы босая ў гарод, зьбіла нагу й дастала заражэньня крыві. Цэлы месяц мучылася ў Вялейскім шпіталі... Ня буду апісваць, якім вялікім ударам для нас усіх была сьмерць таты й мамы.

3 Рэзурэкцыя (лац. ressurectio уваскрэшаньне) — велiкодная служба.

У часе хваробы мамы я была гаспадыняй дома: даіла карову, варыла стравы, усіх абмывала й наводзіла парадак у хаце.

Засталося нас пяцёра малых сіротаў. Я мела тады 14 гадоў, а наймалодшы брат Франак — 3. Заапекаваліся намі дзядзькі й крэўныя. Рассыпалася наша сямейка. Амаль што кожны з нас трапiў у іншае месца. У Будславе застаўся толькі Франак. Ім заапекаваўся татаў брат — дзядзька Адольф. Да яго перайшла нашая зямля й хата. Вэра <Вэраніка>** паехала да цёткі ў Глыбокае, а Гэльця да дзядзькі ў Шаркаўшчыну.

* Назвы разьдзелаў, апроч ня ўзятых у прастакутныя дужкi, уведзеныя публiкатарамi.

** У ламаных дужках падаецца значэньне „цяжкiх“ словаў.

[У Вiльнi
Гiмназiя. — Унiвэрсытэт. — Студэнцкi Саюз]

Наш далёкі крэўны сп. Эдвард Будзька4 забраў мяне з братам Пётрусем у Вільню й улякаваў <зьмясьцiў, уладкаваў> у беларускай гімназіі. Паступілі мы ў чацьвертую клясу. Пётрусь пасьля году [навучаньня] пакінуў гімназію й вярнуўся ў Будслаў. Я асталася і ў 1934 годзе закончыла гімназію. Паўстала пытаньне, што рабіць далей. Аб працы зь беларускай матурай <дыплёмам> ня можна было й марыць. Сп. Будзька раіў паступіць на ўнівэрсытэт. Будучы студэнткай, магла я зарабляць лекцыямі5, дастаць у акадэміцкай сталоўцы ільготныя абеды, а маючы посьпех у навуцы, атрымаць і стыпэндыю. І так я адважылася паступіць на ўнівэрсытэт.

4 Эдвард Будзька — знаны заходнебеларускi, а пазьней эмiграцыйны дзеяч.

5 Зарабляць лекцыямi — дарэктарстваваць, зарабляць рэпэтытарствам.

Прыехала ў Вільню пасьля летніх канікулаў з двума злотымі ў кішэні, дый тыя згубіла. Затрымалася на кватэры ў далёкага крэўнага нашага — Уладзі Катковіча. Запісалася на ўнівэрсытэт, на гуманістычны факультэт. Пачала хадзіць на выклады й разглядацца за лекцыямі. Абедала пераважна ў сваіх сябровак па гімназіі, якія, ведаючы пра маё цяжкое матэрыяльнае становішча, па чарзе запрашалі да сябе (найбольш дапамагала мне ў тым часе Рая Падабед). А тут у дэканаце вывесiлi сьпісок студэнтаў, якія не заплацілі за вучобу, i [калi] ў тэрміне не ўнясуць аплаты, іх зь ліку студэнтаў выкрасьляць. Як убачыла я гэты сьпісок, агарнула мяне роспач. Што рабіць з сабою, як жыць далей, куды дзецца?

І тады, як зь неба, прыйшлі да мяне грошы. Прыслаў іх сп. Язэп Гапановіч — прыяцель нашых бацькоў, які жыў і працаваў у Варшаве. Атрымала я 300 зл. — столькі, колькі трэба заплаціць за год вучобы на ўнівэрсытэце. Аджыла я. Хутка пасьля гэтага атрымала лекцыі й, хоць не ў дастатку, пачала весьці студэнцкае жыцьцё.

Запісалася адразу ў Беларускі Студэнцкі Саюз — кожны вечар хадзіла туды, на Завальную6. Найлепшымі маімі прыяцелькамі на ўнівэрсытэце сталіся Іра й Люня — дочкі сп.Будзькі. Тварылі мы неразлучную тройку. Амаль кожную нядзелю праводзілі разам, штодня бачылiся ў памешканьні Беларускага Студэнцкага Саюзу, дзе спатыкалiся зь Ленай Аніськай, Валяй і Раяй Жукоўскімі7 ды іншымі сябрамі — Пануцэвічам8, Тумашам9, Стаповічам10, Войтанкам11, Шчорсам12, Смаршчком13, Грышкевічам. Пачала сьпяваць у хары Шырмы й танцаваць у студэнцкім ансамблі. Памятныя былі нашыя канцэрты ўва ўнівэрсытэцкай залі, на іх ня раз выступаў і Забэйда-Суміцкі. У [Студэнцкiм] Саюзе не прапусьціла я аніводнага дакладу, безь мяне не адбылася аніводная імпрэза.

6 Цяпер вулiца Pylіmo.

7 Раiса Жук-Грышкевiч — будучая жонка Вiнцэнта Жук-Грышкевiча.

8 Вацлаў Пануцэвiч — на той час — навучэнец Вiленскае Духоўнае Сэмiнарыi, пазьней, на эмiграцыi, гiсторык, каталiцкi дзяяч, выдавец розных пэрыядычных выданьняў, у т.л. часопiса „Беларуская Царква“ (Чыкага).

9 Вiтаўт Тумаш — на той час — студэнт-мэдык, адзiн з заснавальнiкаў Беларускага Студэнцкага Саюзу, за нямецкай акупацыяй — кiраўнiк цывiльнай адмiнiстрацыi Менску, на эмiграцыi — адзiн зь лiдэраў БНРаўскай плынi, шматгадовы дырэктар Беларускага Iнстытуту Навукi й Мастацтва (Нью-Ёрк).

10 Верагодна, тут вядзецца пра аднаго з братоў кс. Кастуся Стаповiча (паэтычны псэўданiм — Казiмiр Сваяк) — Альбiна цi Бэрнарда.

11 Вiктар Войтанка — на той час — студэнт мэдыцыны, у часе II сусьветнай вайны — бурмiстр Баранавiчаў, адзiн з iнiцыятараў аднаўленьня Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ў 1942 i 1948 гг., на эмiграцыi высьвяцiўся на сьвятара.

12 Вiдаць, Мiкалай Шчорс — на той час — студэнт мэдыцыны, перад нямецка-савецкай вайной — старшыня Беларускага Нацыянальнага Камiтэту ў Варшаве, у часе вайны — адзiн з кiраўнiкоў Беларускай Цэнтральнай Рады, на эмiграцыi — „другая асоба“ пасьля Радаслава Астроўскага ў БЦРаўскай плынi; у „Мэмуарнай кнiзе“ (Нью-Ёрк, 1999) дэшыфруецца як В[асiль] Шчорс (с. 97), што выглядае сумнеўным, бо В.Шчорс — дзеяч старэйшага пакаленьня (с.18).

13 Магчыма, Мiтрафан Смаршчок — на той час — студэнт-мэдык, пазьней — ведамы беларускi актывiст, жыве ў штаце Мiнэсота (ЗША).

Пасьпявала я ўсюды: і ў [Студэнцкi] Саюз, і на ўнівэрсытэт, і на лекцыі-рэпэтыцыі. Будучы на другім годзе ўнівэрсытэту, дастала стыпэндыю й кватэру за лекцыі, а таксама абеды ў сымпатычных бацькоў маёй вучаніцы. Аджыла я зусім. У 1939 годзе мела зложаныя <здадзеныя> ўсе экзамэны й рыхтавалася да пісаньня магістарскай працы.

Выбухла вайна

[Беларуская школа ў Будславе. — Вывазы. — Прыход немцаў. — Польскiя iнтрыгi. — У Менску. — Савецкi й нямецкi тэрор]

Калі прыйшлі бальшавікі, унівэрсытэт закрылі. Я затрымалася ў родным Будславе й пачала працаваць настаўніцай беларускай і нямецкай моваў у беларускай няпоўнай сярэдняй школе.

Са мною разам працавала Люня Будзька. Тады я пазнала яе яшчэ бліжэй i даведалася, які зь яе вартасны й добры чалавек. Кожную вольную хвіліну былі мы разам. Жылі толькі школай і для школы, бо была яна беларуская. Работы было многа, i ўсе свае маладыя сілы мы прысьвячалі вучням і школе, стараліся даць iм як найбольш. Мяне прызначылі дырэктарам. Зарганізавала я танцавальны гурток, i мае вучні займалi першыя месцы на абласных алімпіядах.

Забрала я да сябе [брата] Франка й [сястру] Гэльцю. Зажылі мы ізноў у сваёй роднай бацькоўскай хаце.

Страцілі супакой, калі бальшавікі пачалі вывозіць на Сібір ды арыштоўваць, запаўняць турмы ні ў чым не павіннымi людзьмi: нашага дзядзьку Адольфа зь сям’ёй вывезьлі ў Казахстан, павезьлі Васілевічаў — нашых крэўных, усіх лесьнікоў, солтысаў ды іншых, якія дзе-небудзь пры Польшчы працавалі. Усе кругом пачалі баяцца, што й iх могуць таксама павезьцi на ўсход у нязнанае.

Трэ было пабачыць, як выглядаў кожны вываз! Дазвалялі забраць з сабою нямнога. Зямлю, хату, гаспадарку, жывёлу пакiдалі й, акружаныя энкавэдыстамі, адпраўляліся ў дарогу. Плакалі тыя, якіх вывозілі, і плакалі тыя, што заставаліся. Ніводнае пахаваньне не выглядала так сумна, як тыя вывазы. Мы зь [сястрой] Вэрай, ідучы за возам нашага дзядзькі [Адольфа], крычалі на ўсё мястэчка, а Вэра да крыві падзёрла свой твар. Пасадзілі іх у цяплушкі й павезьлі. А мы засталіся й дрыжэлі ад страху, узрываючыся ноччу на кожны шэлест за вакном.

У 1941 годзе пачалася нямецка-савецкая вайна. Адышлі ад нас бальшавікі, а прыйшлі немцы. Глядзелі мы на немцаў, як на вызваліцеляў ад бальшавізму, Сібіру й турмы. У нашым Будславе паднялі галаву палякі, i калі я восеньню прыйшла ў школу, каб у ёй, як і раней, працаваць, мне сказалі, што ў гэтай школе няма мне месца як савецкай актывістцы. На гвалт пачалі рабіць мяне савецкай актывісткай і даносіць на мяне немцам. А добра ведалі, якая я актывістка. Так палякі хацелі зьнішчыць усіх сьведамых беларусаў. Ня ведаю, што было бы са мною, каб я не ўцякла з Будслава ў Менск.

Тут яй сустрэлася з др. Тумашам, праф. Іваноўскім, кс. Гадлеўскім, сп. Казлоўшчыкам14 ды іншымі. Пачала працаваць перакладчыцай у Генэральным Камісарыяце. Сьцягнула ў Менск Вэру й Франка. Жылі мы нейкі час пры Самапомачы. Вера пачала вучыцца ў мэдыцынскай школе, а Франак стаў вартаўнiком на чыгунцы. Празь нейкі час паклікалі Вэру да працы ў Саюзе Беларускай Моладзі. Назначылі яе заступніцай др. Абрамавай15 — галоўнай кіраўнічкі моладзі.

14 Нiжэй ён згадваецца як Уладзiслаў Казлоўскi.

15 Надзея Абрамава-Тэадаровiч — стваральнiца СБМ.

Пачалося жыцьцё актыўнае й цікавае, але небясьпечнае. Толькі й чуваць было, што нехта ад бальшавіцкіх партызанаў загінуў. Усьцяж некага мы харанілі. Баяліся вечарам выйсьці з дому. Аднаго дня выйшлі мы з Вэрай з хаты й затрымаліся перад дзьвярыма. Акружылі нас дзеці з нашага падворку ды іншых. Сабралася іх грамадка даволі вялікая. Любілі дзеці Вэру. Яна пачала зь імі сьпяваць беларускія песьні. Не заўважылі мы, як падышоў да нас нейкі незнаёмы мужчына. Памаленьку пачаў выцягваць з кішані рэвальвэр, што заўважыў адзін з малых і крыкнуў да нас, каб уцякалі. Мы хутка адчынілі дзьверы нашай хаты й скрыліся за імі. Мужчына з рэвальвэрам у руках кінуўся да вакна, але нас ня ўбачыў, бо мы пасьпелі схавацца за печчу. Тым часам дзеці пабеглі ў паліцыю й расказалі пра тое, што бачылі. Калі прыбеглі паліцыянты, мужчыны ўжо не было. Так мы цудам ацалелі.

Загінулi ў тым часе рэдактар „Беларускай газэты“ Ўладзiслаў Казлоўскі, праф. Іваноўскі, Акінчыц, Саковіч, Маракоў, сын Арсеньневай ды шмат іншых. Гінулі ад партызанаў і немцы. Служанка генэральнага камісара Беларусі Кубэ падклала [яму] ў ложак міну, i яго разарвала на кусочкі. Шмат працаўнікоў Генэральнага Камісарыяту й рэдакцыі „Беларускай газэты“, а таксама прадстаўнікі Цэнтральнай Рады мелi сувязь з партызанамі, пра што я даведалася, будучы пасьля вайны ў турме й лягеры.

Немцаў мы яшчэ добра ня зналі. Даходзілі весткі, што яны паляць вёскі зь людзьмі разам, але ня бачачы гэтага на свае вочы, не хацелi верыць, што гэта можа быць праўда. Непрыемнае ўражаньне зрабілі павешаныя ў горадзе партызаны. Сумна было глядзець на пастраляных на вуліцы ваеннапалонных, якіх я бачыла, ідучы рана да працы. Уся вуліца была запоўнена забітымі, якія, пераходзячы ноччу праз горад, хацелі ўцякаць. І так гінулі людзі ад партызанаў і ад немцаў. Прапаў бязь весткі кс. Гадлеўскі. Загінуў у Вільні Францiшак Аляхновіч. А мы працавалі й дрыжэлі ад страху. Часта былі налёты на горад, пасьля якіх заставаліся руіны разьбітых дамоў і маса забітых людзей.

[Эвакуацыя
У цягнiку. — Альпы. — Чэхаславаччына. — Бэрлiн. — Школа ў Dessau]

У 1944 г. зьехалася шмат беларусоў з усяе Беларусі ў Менск на Кангрэс. Не пасьпелі дэлегаты выехаць з гораду, як пачулі мы, што савецкае войска прыбліжаецца да Менску. Немцы пачалі хутка пакавацца й выяжджаць з гораду. Выяжджалі зь імі й беларусы — працаўнікі Генэральнага Камісарыяту, Самапомачы, Цэнтральнай Рады й [Саюзу Беларускай] Моладзі. I мы з Вэрай, спакаваўшы частку сваіх рэчаў, адправіліся на станцыю. Селі ў доўгі цягнік, у якім памясьціліся працаўнікі вышэйназваных установаў. Цэлую ноч стаялі на месцы, а нас бальшавікі бамбардавалі, аднак нікому ніякай шкоды не зрабілі. Сыпаліся кругом бомбы, калі цягнік крануўся. Партызаны ўзарвалі мост, празь які мы мусілі пераяжджаць. Доўга стаялі ў полі, чакаючы, пакуль направяць мост. Праяжджаючы праз Баранавічы, бачылі, як гарэў горад. За Лідай наехалі мы на міну. Шмат вагонаў было ўзарваных, шмат людзей згінула й шмат было раненых. На адной станцыі ня змог ускочыць у цягнік юнак, які выйшаў на некалькі мiнут з вагону, i яму адрэзала ногі.

Ішоў цягнік уперад, а мы й самі ня ведалі, куды едзем. Нарэшце нас разьдзялілі. Частку перавялі ў Кёнігсбэрг (цяпер Калінінград), а частку праз Аўстрыю ў Альпы. Там апынулася моладзь і мiж ёй мы з Вэраю. Пасьля двух тыдняў разаслалі нас у розныя бакi Нямеччыны й Чэхаславаччыны. Мяне з Вэрай разлучылі: Вэра трапiла ў Dessau, дзе быў вялікі лягер Junkerswerke, у якім побач з рознымі чужаземцамі працавалі беларускія дзеці ў веку 10—14 гадоў, вывезеныя на прымусовыя работы. Вэры ды іншым кіраўнічкам і кіраўніком беларускай моладзі была даручаная апека над гэтымi дзецьмі. Апекавалася Вэра імі шчыра, у лістох да мяне толькі й пісала пра іх.

Тымчасам др. Абрамава, Міхася Татарыновіч, Зося Аляхновіч, Ганько16, Нарушэвіч і я трапілі ў Тroраu (цяпер Opava) у Чэхаславаччыне. У канцы 1944 году мы змушаныя былі пакiнуць Тroраu i зноў разысьцiся ў розныя бакi.

16 Вiдаць, Мiхась Ганько — адзiн з кiраўнiкоў СБМ.

Я трапiла ў Бэрлін, скуль накіравалі мяне да мора ў Mьritz, а адтуль у Dessau да Вэры. Тут пачала я працаваць у школе й чулася вельмі шчасьлівай, вучачы беларускія дзеткі. Аднак ня доўга цешылася школай. Аднаго дня мяне паклікаў да сябе начальнік лягера й загадаў зараз жа адсюль выехаць. Куды я магла ехаць, калі з усіх бакоў сьціскалі немцаў бальшавікі й аліянты <саюзьнiкi>. Пачала я жыць у лягеры скрываючыся. Даведаўся пра гэта начальнік і зноў загадаў пакінуць лягер. Ня ведала я, чаму ён так да мяне чапаецца, i толькі пасьля вайны зразумела, што гэта магло быць за перапіску з Аляксандрам Калодкам, які знаходзіўся ў нямецкім канцлягеры й да якога я ня толькі пісала, а таксама слала пасылкі. Можа, спрычыніўся да гэтага й Сыракваса, які з дочкай і сынам працаваў у той жа школе[, што i я]? Гэтую думку насунуў мне др. Малецкі сваймі ўспамінамі17.

17 Ян Малецкi. Пад знакам Пагонi. Таронта: Пагоня, 1976.

[Канец вайны
Пад перастрэлкай. — Пераправа цераз Эльбу. — Амэрыканцы. — У савецкiм палоне. — Уцёкi. — Польская мiсiя. — Крадзеж. — У Варшаву]

Так i не пасьпела я пакінуць лягер: аднаго дня ў нядзелю загадалі нам немцы з рэчамі сабрацца перад баракамі ды ўсіх нас разам зь дзяцьмі пагналі перад сабой на ўсход. Мы, прайшоўшы 15 км, знайшлiся ў лесе каля Zerbot’у, немцы недзе зьніклі, а мы засталіся самі. Перад намі гарэў Zerbot. Было гэта 15 красавіка 1945 году. Змучаныя, пачалі мы шукаць месца на адпачынак. Праспаўшы ноч на зямлі, сталі разглядацца, дзе знайсьці што-небудзь на заспакаеньне голаду. Хлопцы ўбачылі капцы з бульбай і пайшлі іх раскапаць. Напяклі мы бульбы й падмацаваліся.

Пачалася над намі перастрэлка паміж немцамі й бальшавікамі; скрываліся мы ў выкапаных намі акопах. У той час пазабівалі многа коней, — мы пачалі пячы каніну й есьці яе, i так прабылі ў лесе два тыдні. Калі супакоілася страляніна, мы адважыліся выйсьці зь лесу i — убачылі перад сабою амэрыканцаў. Пастанавілі ісьці ў Dessau, адкуль нас немцы выгналі. Па дарозе адзін з малых разьбіў нагу. Вэра й я пры ім засталiся, а Лена Воўк-Левановіч, зь якой мы ўвесь час трымаліся разам, гэтага не заўважыла й пайшла наперад. Мы былі пастанавілі зь Ленай, якую вельмі любілі, трымацца разам і ніколі не разлучацца. Вось бачачы, што яе няма каля нас, прасілі мы Янку Жамойціна дагнаць яе й сказаць, што сталася. Дагнаў яе Янка за мастом на Эльбе, які, як толькі яны перайшлі, немцы ўзарвалі. Мы апынуліся з аднаго боку ракі, а яны з другога. Зь Ленай мы больш не спаткаліся й да сёньняшняга дня ня ведаем, што зь ёй сталася.

Пачуўшы, што да Эльбы будуць бальшавікі, а з другога боку астануцца амэрыканцы, мы пастанавілі перабрацца на другі бок ракі па ўзарваным мосьце. Мы не маглі наражаць дзяцей на небясьпечную пераправу, таму пастанавілі зь імі расстацца. Пакідалі іх не адных, а з савецкімі грамадзянамі, якія разьмясьцiліся на правым беразе Эльбы. Дзеці з намі расставацца не хацелі й так плакалі, што зьбегліся людзі зь вёскі паглядзець, што сталася. Плакалі дзеці, мы плакалі. Усё ж пайшлі наперад і па вісячых над ракой бэльках пераправіліся на другi бераг.

З намі ішоў Юзік Косьцевіч і Сыракваса зь сям‘ёю. Цешыліся, думаючы, што найгоршае за плячыма. Нядоўгая была нашая радасьць. Дайшоўшы да ракі Мульдэ, прытоку Эльбы, мы мусілі затрымацца. На масьце стаяў амэрыканскі жаўнер і нікому не дазваляў ісьці далей. На беразе ракi сабралася маса людзей розных нацыяў — усе хацелі ўцячы на захад. Сядзелі мы там два тыдні, чакаючы, калі амэрыканцы дазволяць нам ісьці далей.

Аднаго дня, прачнуўшыся (спалі мы ў разваленых дамох, а елі тое, што далі немцы), убачылі мы кругом сябе савецкіх жаўнераў з чырвонымі звёздачкамі. Усіх нас яны пагналі перад сабою на ўсход. Савецкіх грамадзянаў аддзялілі ад іншых і памясьцілі ў лягеры Ludwigsfeld недалёка ад Бэрліну. Сабралася там людзей больш за 30 тысяч. Лягер знаходзіўся пры шашы, па якой дзень і ноч ехалі грузавікі, поўныя людзей з захаду. Гналі людзей i пехатою. Некаторыя гаварылі, што амэрыканцы й ангельцы выдаюць [бальшавiком] савецкіх грамадзянаў. Мы былі перакананыя, што ўсе нашыя блізкія таксама паехалі ўжо на ўсход.

З нашага лягеру цэлымi партыямі пачалі вывозіць людзей на ўсход. Мяне й Вэру з грамадою іншых пехатой пагналі ў Бэрлін. Па дарозе людзі млелі ад перамучаньня. Трапілі мы на тэкстыльную фабрыку ў Ліхтэнбэргу, якую пачалі дэмантаваць і вывозіць разам зь людзьмі ўглыб Савецкага Саюзу. Апошнюю партыю мелі вывезьці ў панядзелак. У нядзелю мы з Вэраю ўцяклі з прыфабрычнага лягеру. Паехалі ў Zelendorf, да знаёмых немцаў. Ад іх даведаліся, што ў амэрыканскім сэктары Бэрліна, недалёка ад іх, знаходзіцца польская рэпатрыяцыйная місія. [З тае прычыны, што] гэтая мiсiя знаходзіцца ў амэрыканскім сэктары Бэрліна, мы былі ўпэўненыя, што яна адпраўляе палякаў на захад. Вось падаліся мы за полек і прасілі, каб нас адправілі на захад. Трапілі на добрага чалавека, які нам сказаў:

— Мы не адпраўляем на захад, але на ўсход. Калі хочаце, можам адправіць вас у Польшчу, аднак мусіце пачакаць, покуль пачнуць ісьці транспарты.

Мы ня ведалі тады, якой будзе Польшча, і сказалі, што ня маем дзе затрымацца; прытым прызналіся, што ўцяклі з савецкага лягеру. Чуючы гэта, гэты чалавек запрапанаваў нам працу ў місіі на кухні да часу, покуль пойдуць транспарты. Абяцаў нам даць месца на жыльлё. Зразумела, мы ахвотна згадзіліся й засталiся пры місіі. З радасьцю пачалі працаваць на кухні, бо былі вельмі галодныя.

Большасьць працаўнікоў місіі ня зналі нямецкай мовы, таму калі трэба было паразумецца зь немцамі, клікалі мяне, каб ператлумачыла. Вось так аднойчы паклікаў мяне да сябе начальнік місіі ды запрапанаваў працу ў бюро. Я згадзілася. Празь месяц пайшла працаваць у бюро й Вэра. Далі нам загранічныя пашпарты, i ўсе да нас былі вельмі добрыя. Будучы там, навязалі мы лучнасьць са сваякамі ў Польшчы й зь сябрамі, якія знаходзіліся ў Нямеччыне. Увесь час думалі й імкнуліся да таго, каб перабрацца на захад. Аднак што мы нi рабілі, усё нам не ўдавалася. Памагчы перабрацца на захад абяцалі нам знаёмыя немцы. Аднэй нядзелі яны запрасілі нас да сябе на каву, і калі мы ў іх сядзелі, iхны сын — былы афіцэр нямецкай арміі — нiбыта паехаў да амэрыканцаў па дакумэнты для нас. Вярнуўшыся вельмі знэрваваны, ён сказаў, што яго затрымалі савецкія жаўнеры, адабралі паперы й ён ледзь выкупіўся ад іх, аддаючы свой гадзіньнік і пярсьцёнак.

Калі мы вярнулiся ад знаёмых дахаты, знайшлі сваё памешканьне адкрытае й пустое. Усе лепшыя рэчы былі вынесеныя. Як пазьней аказалася, сын знаёмых немцаў выкрадзеным з кішані нашага палiта ключом адамкнуў нашае памешканьне ды ўсё зь яго вынес. Засталіся мы так, як стаялі й страцілі ахвоту да выезду на захад. Каму верыць, калі знаёмыя з намі так учынiлi?

Бэрлін быў акружаны савецкім войскам. Здаліся мы на ласку Божую й чакалі. Аднаго дня Вэру звольнілі з працы й загадалі ёй ехаць у Польшчу. Паехала. Спаткала там свайго даўнейшага ўхажора й выйшла замуж. Я далей працавала, але душой і сэрцам была зь сябрамі, якія знаходзіліся на захадзе.

Неяк сьнiцца мне дзіўны сон. Бягу я дарогай, якая ў адным месцы разыходзіцца на захад і на ўсход. Затрымаўшыся, глянула я на захад і ўбачыла сваіх старых знаёмых і сваякоў, аднак не пабегла ў іх бок, а павярнула на ўсход. Убегла ў жыта. І тут, як з-пад зямлі, выскачылі савецкія чырвонаармейцы й, загарадзіўшы дарогу, крыкнулі: „Стой!“ Затрымалася я й падумала: „Арыштаваная“.

Абудзілася вельмі знэрваваная. Гэтага самага дня сказалі мне ў бюро, што мушу ехаць па службовых справах у Варшаву. Ведала я, што мяне там чакае, а паехала. Уцякаць куды-небудзь было позна, бо за мною сачылi. Не паехаць ці нават, калі б удалося, уцячы? Але як буду жыць шчасьліва на волі, калі арыштуюць Вэру! Ведала я тады, што мае браты церпяць у савецкіх лягерох. Заўсёды па іх плакала. Цярпела найбольш, калі мне было добра. На думку, што яны галадаюць, а я тут сытая, не магла пралыкнуць узятага ў рот куска яды. І гэтак цяпер, як стаяла, аставіўшы ўвесь свой дабытак у Бэрліне, паехала ў Варшаву. Тут тры дні за мной хадзілі ды ўрэшце арыштавалі.

[За кратамi
Арышт. — Падвал Мiнiстэрства Бясьпекi. — Савецкая турма на Празе. — Вартаўнiкi. — Легнiца. — Лубянка. — Галюцынацыi. — Амэрыканка. — Кутузаў. — Гарадзкая турма. — Вэра й Славiк. — Суд над Жамойцiным]

Арыштаваная — якое гэта страшнае слова. Аж мне здавалася, што пад зямлю западаюся. Затрымалася я была ў Варшаве ў дачкі аднэй працаўніцы місіі. На яе кватэры мяне арыштавалі. Гэтага дня падаў улеўны дождж, а я міма гэтага адзелася была й хацела пайсьці ў Лазенкі. Мяне нешта цягнула з хаты, не магла ў ёй уседзець. Дачка маёй знаёмай пачала зь мяне сьмяяцца, што ў такую нягоду іду прагуляцца. І я затрымалася, а яна выйшла. Празь некалькі мiнут мяне забралі й павезьлі ў турму, якая знаходзілася ў падвале будынку Міністэрства Бясьпекі — рог Алеяў Уяздоўскіх і Катыковай.

Сядзела я там тры месяцы. Спачатку было нас дзьве, а пасьля прывялi больш. Раз толькі паклікалі наверх напісаць біяграфію. Не выводзілі нас на прагулкі й не выклікалі на сьледзтва. А толькі выводзілі мыцца й апаражніць парашу. Спалі на нарах, лежачы цесна адна пры другой. Аконца, празь якое падала крыху сьвету, было высака. Сонца мы ня бачылі. Кніг не давалі.

Большасьць заключаных сядзела за АК18. Арыштоўвалі іх на вуліцы й прывозілі ў турму ў вопратцы, якую мелі на сабе. Адна жанчына вельмі плакала, бо забралі яе ад дзіцяці, зь якім выйшла прагуляцца, і ня ведала, што зь ім сталася. Дома ў яе нікога больш не было. Некалькі дзён перад тым, як мяне забралі, пачалі некаторых выклікаць на сьледзтва. Iх вельмі мучылі. Між намі была адна стукачка (гэта такая, якая даносіць уладам, аб чым гутараць арыштаваныя). Усе яе вельмі не любілі. Яна сама сябе прызначыла старшынёй камэры й распараджалася, як хацела: дзялiла хлеб, суп, выбірала сабе лепшае месца для спаньня, будзіла ноччу таго, хто каля яе спаў, каб павярнуўся на другі бок і ня дыхаў ёй у твар. Найбольш яна мяне разгневала, калі, перайшоўшы ў другую камэру, у якой былі ўсе сьцены сьпісаныя вязьнямі, не дала нам нічога прачытаць, а, схапіўшы анучу, усё замазала. Вязьні пісалі на сьценах, i можна было шмат чаго даведацца, а яна не дапусьціла да гэтага.

18 Armia Krajowa (польск. нацыянальная армiя) — польскi антынямецкi й антысавецкi супрацiў.

Аднойчы вывелі нас усіх з камэры й пасадзілі кожную асобна. Рабілі ў нас рэвізію. Мне выпала 15 мiнут сядзець у камэры без акна; на падлозе ляжаў сяньнік, а ў куце стаяла параша, у якую праз маленькае круглае ваконца ў дзьвярах падала сьвятло ад электрычнай лямпачкі ў калідоры. Сядзела я й думала: „Няўжо ў такой камэры можна людзей трымаць? Гэта немагчыма!“ Мне было цяжка выседзець там 15 мінут. І што я пазьней пачула! У такой камэры — ледзь не паўгоду — сядзела мая сястра Вэра, будучы цяжарнай. Забралі яе месяц пасьля шлюбу, у той самы дзень, як і мяне. Прывезьлі з Уроцлава ў Варшаву й пасадзілі ў такую ж, як я вышэй апісала, адзіночку. Сядзела яна ў ёй, як і мы, без прагулак, бязь сьледзтва, i да таго ж у цемры. Перавялі ў іншую тады, як яна, выйшаўшы з камэры, упала на калідоры й страціла прытомнасьць. Яна ведала пра тое, што я знаходжуся блізка, бо аднаго дня, калі нас вялі мыцца, пачула мой голас.

Пасьля трох месяцаў паклікалі мяне наверх і перадалі савецкім уладам. Павезьлі мяне цяпер у савецкую турму, якая знаходзілася на Празе19 на вул.Ягелёньскай. Тут пасадзілі ў падвал, у якім быў склад на каменны вугаль. Сьцены, падлога і ўсё кругом было пакрытае чорнай сажай. Са мною прывезьлі яшчэ адну жанчыну са Львова. Спалі мы на голых дошках. І тут таксама не выводзілі на прагулкі й ня клікалі на сьледзтва. Сядзелі два тыдні. Пасьля павезьлі нас у Легніцу таваровым цягніком. У гэтай самай турме Вэра сядзела пазьней, зімою, i вельмі мерзла, бо не палілі ў печы, таму што печ дыміла. Прабыла там Вэра 40 сутак.

19 Прага — правабярэжная частка Варшавы.

Нас, 3 асобы, везьлі ў Легніцу. Перад вагонам стаяў вартаўнік і пільнаваў нас. Якія розныя між імі спатыкаліся людзі! Адзін зь іх крычаў на нас, калі мы, выйшаўшы з кутка вагону, выставілі твары на сонца, прамяні якога прабіваліся праз шчыліны вагону. Ён загадаў ісьці назад у куток і не глядзець на сонца. Зноў жа iншы прамовіў да нас такімі словамі:

— Вы, напэўна, думаеце, што я хачу пільнаваць вас. А ў мяне, гледзячы на вас, так сэрца баліць, мне так шкада вас. Мой лёс мала лепшы ад вашага. Пяць гадоў я ў Польшчы. Даўно ня быў дома й сваіх ня бачыў. Нам тут не дазваляюць зь нікім з палякаў гутарыць.

Яшчэ іншы вартаўнік, убачыўшы, што, пераяжджаючы праз Уроцлаў, я пачала плакаць, запытаўся, чаму плачу. Я сказала, што так нядаўна была тут на вясельлі сваёй сястры. На гэта ён сказаў, каб я дала адрас сястры, а ён пойдзе й раскажа, што са мною сталася. Дала я яму адрас, і ён прыходзіў да сестрынога мужа, але той спалохаўся й не пусьціў яго ў хату.

У Легніцы былі мы два тыдні. Спалі на голай падлозе. Некалькі разоў завязвалі нам вочы й вазілі на аэрадром. Варочаліся назад, бо не было пагоды. Нарэшце самалёт падняўся й мы паляцелі — цэлы дзень з завязанымі вачыма й ня еўшы. Убачыла я тады з-пад завязкі, што побач мяне сядзіць мужчына з кайданкамі на руках.

Прывезьлі нас у Маскву. Пасадзілі мяне ў турме на Лубянцы. Прабыла там два тыдні. Тут давалі чытаць кнігі й выводзілі на прагулкі. Запамятаўся мне адзін вартаўнік, які, бачачы, што позьняя халодная восень, а вядуць мяне на прагулку ў летнім палiце, зьняў зь сябе целагрэйку й накрыў мяне. Ён часта адкрываў у дзьвярах маёй камеры ваконца й пытаўся, ці хачу чайкy. Не падабалася мне ў гэтай турме тое, што загадвалі спаць з рукамі, паложанымі паверх коца. Як толькі я забылася й рукі пад коц схавала, адразу мяне будзілі. Камэры былі без вакон.

З Лубянкі павязьлі мяне чорным воранам на станцыю. Калі адчынілі дзьверы ад ворана, каб я выйшла, то ўбачыла ня менш за пяць чырвонаармейцаў з настаўленымі ў мяне штыхамі. Акружылі прэступніцу й павялі на пэрон. Людзі адварочваліся й глядзелі на мяне. А мяне сьмех і плач браў. Успомніла сваіх сябровак і сяброў, якія жывуць у Вольным сьвеце, і падумала: от каб яны мяне цяпер пабачылі. Мела я на сабе белы плашч, а на ім брудную целагрэйку, якую мне ў Маскве далі. У руках несла элегантны чамадан. Села ў вагон у купэ, прыназначанае для вязьняў. У дзьвярах паставілі вартаўніка. Сядзела я й глядзела на яго, аж ён мяне запытаў, чаго так гляджу. А я яму кажу:

— Гляджу, бо вы мне вельмі прыпамінаеце майго брата. А можа вы мой брат, бо тут, у Савецкім Саюзе, маю дзядзьку, і ў яго ёсьць дзеці, якіх я ніколі ня бачыла. Яны жывуць дзесь у Магілёўшчыне.

Вартаўнік, чуючы гэта, запытаўся мяне, ці хачу я есьці, калі так, то прынясе мне што-небудзь. Едучы гэтым цягніком далей, мне выдалася, што за сьцяной нехта да мяне стукае. Пачала й я выбіваць альфабэт Морза. Мне здавалася, што гутару са сваім малодшым братам Франкам. Цэлую дарогу я зь ім гутарыла, хоць яго там не было. Была гэта галюцынацыя. Чула я тое, чаго не было. Блізка, відаць, была душэўнай хваробы.

У Менску пасадзілі мяне ў турму, т.зв. „Амэрыканку“. Тут падалі мне ордэр на арышт. Было гэта 3 сьнежня. Сядзела я ад 12 жніўня***.

*** Калі скласьці час сядзеньня ў чатырох турмах, выходзіць чатыры з паловай месяцы. Тутака храналягічная няяснасьць.

Той час не залічыўся, бо ўважалі, што дагэтуль была я затрыманая тымчасова. Цэлы месяц сядзела адна ў камэры. Мяне выводзілі на прагулкі й давалі чытаць кнігі. Адна правяла першыя Каляды ў заключэньні.

Верш, уложаны на Каляды 1949 году

Сёньня Каляды — Хрыстос нарадзіўся.
Цешацца людзі, што ім аб’явіўся.
Елкі ўбралі, песьні сьпяваюць,
Госьці прыходзяць — жаданьні складаюць.

Кожны імкнецца быць са сваімі.
Сьвята праводзіць не із чужымі,
А ў роднай хатцы, дзе хто радзіўся,
Да грудзей маткі дзе ён туліўся.

І я хацела б быць дома сяньня,
Дзяліць з другімі радасьць каханьня,
На спацыр выйсьці — суседаў адведаць,
Музыкі паслухаць і пабяседваць.

Мела і я калісь родную хатку,
Братоў, сясьцёр, бацьку і матку.
Куцьцю ўрачыстую і мы прыгатаўлялі,
Сьвечкі і цацкі на елку чаплялі.

Пачалося сьледзтва. Маім сьледчым быў Кутузаў, які паходзіў дзесь з-пад Карэліч. Ён быў як артысты. Адзін раз сьмяяўся й жартаваў са мною, а другі кіпеў без прычыны са злосьці й кідаўся да мяне. Мучыў мяне бяссоньніцай. Ноччу выклікаў некалькі разоў на сьледзтва, а днём не дазвалялі спаць нават седзячы. Як толькі я, седзячы пры стале, засынала, адразу вартаўнік загадваў разбудзіць мяне. Прыпісвалі мне тое, аб чым я й ня сьніла. Калі на пытаньне, што я рабіла ў Беларускім Студэнцкім Саюзе, я адказала, што сьпявала ў хоры Шырмы й належала да танцавальнага гуртка, ён далей пытаў, ці сьпявалі мы ў хоры савецкія песьні. Адказвала я яму, што мы сьпявалі беларускія народныя песьні. А ён напісаў у пратакол, што я сьпявала антысавецкія песьні ў хоры, сказаўшы:

— Калі вы не сьпявалі савецкіх песень, значыць, сьпявалі антысавецкія.

І так у пратаколе засталося: „Належала да хору, які сьпяваў антысавецкія песьні“.

Дапытвалі ў маёй справе больш за 100 чалавек. Ніхто нічога кепскага пра мяне не сказаў. Ад недасыпаньня разбалелася мне галава. Балела так моцна, што вытрымаць не магла й прасіла кожны дзень даць мне парашок на супакаеньне. Сядзела я зь людзьмі рознымі, але ні з кім з Заходняй Беларусі. Пасылак не атрымлівала й ніхто з блізкіх нічога пра нас[, мяне й Вэру,] ня ведаў. Паведаміць няможна было.

Вэру прывязьлі ў Менск таксама. Была яна і ў Варшаве і ў Легніцы, потым у Берасьці. У Берасьці пасадзілі яе ў восьмым месяцы цяжарнасьці**** ў падвал, у якім поўна было велізарных пацукоў. Яна цэлую ноч сядзела й туфлем іх ад сябе адганяла. Да таго з усёй сілы скакала. Яшчэ калі яе везьлі з Варшавы ў Легніцу, паплыла зь яе вада20. Прывезьлі яе ў Менск такую страшную, што аж сьледчы за галаву схапіўся. Меў ён ейныя здымкі з часоў працы з моладзьдзю. Была цяпер зусім да сябе непадобная. Адразу палажылі яе ў шпіталь, і там радзіла яна сына. Тры дні мучылася, рабілі цэсарскі разрэз, і лекары ня мелі надзеі на яе выздараўленьне. Хлопчык радзіўся паморшчаны, як старычок. Дзякуючы таму, што Вэра мела многа малака, адышоў, і калі я яго бачыла ў дарозе на этап, быў вясёлым спакойным хлопчыкам.

**** Таксама храналягічная няяснасьць.

20 Вiдаць, ад плода часткова адышлi воды.

Як і ў Польшчы, так і ў Менску сядзела з намі наседка-стукачка й пра ўсё даносіла начальству. Некаторыя атрымлівалі добрыя перадачы й са мной дзяліліся. Сядзела са мной балерына Марыя Сьцепанец, лекарка-фольксдойчка21 ды іншыя. Аднойчы прывялі ў маю камэру простую няграматную бабку. Яна так да мяне прывязался, а я яе палюбіла, што калі яе ад мяне забралі, я цэлы дзень плакала.

21 Фольксдойчы — этнiчныя немцы; людзi нямецкай нацыянальнасьцi, якiя паходзяць з-па-за Нямеччыны.

Дайшло да маіх вушэй, што Вэра ў Менску, што яна мае сына. У нашу камэру перавялi адну жанчыну, якая сядзела разам з Вэрай, яна й расказала мне [пра сястру]. Пасьля й сьледчы сказаў мне пра гэта. Расказваў, які прыгожы ейны сыночак.

Кнігі давалі чытаць на расейскай мове. Аднойчы, прыйшоўшы [з допыту], знайшла я ў сваёй камэры кнігу Якуба Коласа. Як жа я да яе кінулася. Нарэшце беларуская кніга. Якое было маё расчараваньне, калі, разгарнуўшы кнігу, убачыла, што яна таксама на расейскай мове! І чытаць мне яе не хацелася.

Пасьля большгодняга сьледзтва даў мне сьледчы прачытаць грубы сшытак маіх пратаколаў. Чытаючы іх, даведалася я, што й др. Усевалад Кароль22, др. Грынкевіч23, Езавітаў24 знаходзіліся ў заключэньні, бо да маёй справы былі падшытыя іх пратаколы. Вэра, падпісваючы свае пратаколы, была хворая й мела высокую тэмпэратуру, да таго ж i сына на руках. Так што падпісала на сябе прысуд, не чытаючы пратаколаў.

22 Усевалад Кароль — лекар, заходнебеларускi дзеяч, у часе другой сусьветнай вайны — сябра Беларускага Нацыянальнага Камiтэту ў Вiльнi.

23 Станiслаў Грынкевiч — доктар псыхiятрыi, ведамы заходнебеларускi й эмiграцыйны дзеяч; у 1941 г. быў у савецкiм арышце.

24 Канстанцiн Езавiтаў — генэрал-маёр, адзiн з найвыдатнейшых беларускiх палiтычных i вайсковых дзеячоў; па зьвестках КГБ, быў арыштаваны ў красавіку 1945 г., памёр у траўні 1946 г.

Справу нашую пераслалі ў Маскву ў Особое Совещание. Мяне тымчасам перавязьлі ў гарадзкую турму25 й пасадзілі ў збудаваны на дварэ барак для палітычных вязьняў. Пры ім была адна камэра бяз столі. Вось у ёй адбывалі мы свае 20-мінутовыя прагулкі: вартаўнiк уводзіў нас i пакідаў адных, пасьля забіраў, [потым] прыводзіў і замыкаў іншых. У гэтай турме сядзела я й чакала на прысуд. Часамі клікаў мяне сьледчы, каб запытацца ў нейкай няяснай для яго справе. Аднойчы, ідучы так да сьледчага, убачыла я на дварэ Вэру зь дзіцём на руках. Я крыкнула: „Вэра!“ — і кінулася да яе бегчы. Вартаўнік, які яе вёў на прагулку, адразу завярнуў яе назад у будынак і зачынiў дзьверы. Яна пасьпела толькі высака падняць сына й паказаць мне сваё шчасьце. Пазьней, падняўшыся да высока паложанага ваконца, пабачыла я Вэру ў вакне гарадзкой турмы, што знаходзілася насупраць нашага бараку. Асьцярожна, каб вартаўнік ня бачыў, падыходзілі да вакна. Кожны дзень маглі мы паглядаць на сябе здалёк. Перастукваліся тут з суседзямі. Даведалася я, што ў гэтым жа бараку сядзіць Янка Жамойцін. Мучыў мяне ўсьцяж галаўны боль. Паклікалі мяне да лекара й палажылі ў шпіталь. Адтуль магла я бачыць Вэру яшчэ часьцей. Выводзілі нас на доўгія прагулкі, i адтуль добра было відаць вокны турмы, у якой сядзела Вэра са Славікам.

25 Верагодна, Пiшчалаўскi замак, сёньня „Валадарка“.

Аднойчы вывелі мяне з камэры, пасадзілі ў чорны воран і павезьлі немаведама куды. Сядаючы, пабачыла я, што сядзiць у воране й Вэра са Славікам. Везьлі нас доўга-доўга. Вэра, як і я, думала, што вязуць нас на расстрэл: нас часта страшыў расстрэлам сьледчы. А я думала: „Па вас усяго можна спадзявацца“. І ўяўляла сабе, як вядуць мяне на расстрэл, як страляюць у мяне й як я мёртвая падаю. Вось і цяпер былі мы перакананыя, што выбівае апошняя гадзіна нашага жыцьця. Прывезьлі нас у другі канец гораду і ўвялі ў вялікі будынак суду. Тут адбываўся суд над Янкам Жамойціным. Мы былі сьведкамі. Засудзілі Янку на 25 гадоў лягеру. Тады я першы раз убачыла Славіка й нават трымала яго на руках. У справе Янкі запыталіся нас толькі, ці мы яго знаем і што можам аб ім сказаць. Ясна, што мы стараліся падаць яго як найлепшага на сьвеце чалавека. Ізноў адвезьлі нас на сваё месца ў гарадзкой турме.

[Этапы
Прысуд. — Бутыркi. — Горкi. — Тайшэт]

Нарэшце прыйшоў прысуд з Масквы. Далі нам па 10 гадоў исправительного лагеря. Зь якой радасьцю паказвала мне Вэра 10 пальцаў праз вакно, бо яна, як і я, спадзявалася горшага. Хоць у той час было фактычна ўсё роўна: атрымаў 5 гадоў, 10 ці 25 — ніхто зь лягеру дахаты не варочаўся.

Узялі нас на этап разам. Увялі ў цягнік і разьмясьцілі на нарах. Вэры са Славікам далі месца на верхніх нарах, дзе ня можна было нават сесьці. Усю дарогу трэ было ляжаць. У вагоне было задушна, і Славік увесь час плакаў. Для дзіцяці не далі чыстых полак ані адпаведнай яды. Мусіў есьці тое, што й дарослыя — салёную рыбу й чорны сухі хлеб. Шчасьце, што Вэра мела многа малака ў грудзях.

Прывезьлі нас у Маскву на Бутыркі. Гэта быў перасылачны пункт: людзей маса, бруд кругом такі, што апісваць непрыемна. Адразу тут з Вэрай разлучылі, аднак на яе гарачыя просьбы прывялі мяне да яе. І тут мы прабылі разам тыдзень. Магла я цешыцца Славікам і пабачыла, які зь яго слаўны й мудры <разумны> хлопчык. Было тут шмат матак зь дзецьмі, а кожны вартаўнік, праходзячы міма, затрымліваўся толькі каля Славіка й зь ім гуляў.

Ехалi мы разам з Вэрай да Горкага. Тут разам зь ёй і Славікам павялі мяне мыцца ў лазьню. На дварэ быў мароз і холад, а ў лазьні так жа холадна, як на дварэ. Страшна было разьдзецца, каб не прастудзіць дзіцяці й сябе. Вартаўнікі падганялі хутчэй ісьці мыцца, а ў лазьні людзей, як селядцоў у бочцы, да таго пара й дым рэзалі вочы. Славік плача, і мы плачам, гледзячы на яго. Няма дзе прытуліцца, дзе апёрціся. Вымыліся й выйшлі. Тут нас з Вэрай разьдзялілі. Павялі яе са Славікам у адную турму, а мяне ў другую. І больш мы ўжо ня бачыліся. Як я пасьля пачула з тэй другой турмы, у якую пасадзілі Вэру, мусіла яна у той самы дзень яшчэ раз ісьці мыцца ў лазьню са Славікам.

У лазьні я вельмі прастудзілася, мела гарачку, кашляла, балела мне горла. У такім стане павезьлі мяне ў далейшую дарогу ў кірунку Іркуцкай вобласьці. Ехалі вельмі доўга; сёньня сказаць дакладна не магу, колькі часу былі мы ў дарозе, — хіба цэлы месяц. У вагоне былі нары з дошак, а тыя, хто не дастаў месца на нарах, сядзелі на мокрай падлозе. Давалі нам па дарозе рыбу, хлеб і ваду. Раз у суткі адкрывалі дзьверы й выпускалі за сваёй патрэбай. Усё трэба было рабіць на загад. Многа ехала нас, жанчын розных нацыяў. Найбольш было ўкраінак і найбольш iх сядзела на мокрай падлозе. Я мела месца на нарах каля грузінак. Не магла, аднак, глядзець, як мучацца на падлозе ўкраінкі й кожную ноч уставала й саступала сваё месца якой-небудзь жанчыне з падлогі. Не падабалася гэта грузінкам, бо, устаючы, я іх будзіла, i таму яны былі на мяне злыя. Разам з намі ехала шмат і блатных (крыміналістых).

На перасылачным пункце [ў Тайшэце] спаткалі мы шмат немак. Былі між намі, апрача ўкраінак, літоўкі, латышкі, эстонкі, полькі, карэйкі й кітайкі, японкі, вэнгеркі, чэшкі, грузінкі й расейкi, пераважна масквічкі. Калі нас прывезьлі ў Тайшэт, быў такі вялікі мароз, што адразу некаторыя паадмаражалі сабе насы. На шчасьце, як выяжджалi з Варшавы, дазволілі былі мне заехаць на кватэру, дзе я была затрымалася, i ўзяць з шафы сп-нi Торбкі (?) некалькі цёплых рэчаў і цёплыя боты з тым, што яна возьме такую ж колькасьць маіх рэчаў, пакінутых у Бэрліне. Пакінула я для яе сьпісок узятых рэчаў. Прапала б зусім на Сібіры, калi б гэтага не зрабіла.

Веру зь дзіцем павезьлі ў Казахстан; быў мароз і сьцюжа, а нідзе яе зь дзіцем прыняць не хацелі: мусіла езьдзіць ад аднаго лягеру ў другі ў адкрытай машыне зь дзіцем на руках па 60 км завеяй і марозам. 7 кілямэтраў ішла пехатой, несучы валізку й Славіка на руках, ступаючы па сьнезе й падаючы ад перамучаньня.

[Калёнiя 09
Пачатак лягернага жыцьця. — 1-я катэгорыя. — Лесапавал. — Гiпэртанiя й ружа]

З Тайшэту павезьлі мяне зь iншымi жанчынамi ў лягер. Увялі ў барак вечарам. Уражаньне зрабіў ён страшнае. Пасярэдзіне яго стаяла печ. Пад сьценамі кругом зьнізу й зьверху былі нары. Цемру асьвячала маленькая лямпачка-капцілка. Днявальнай бараку была старэйшая жанчына, расейка, вельмі крыклівая. Далі нам месца спаць на сеньнiку, напханым саломаю, без падушкі. Прыкрыцца далі стары брудны коц. Не магла я заснуць ад холаду. На другі дзень далі нам вопратку — бялізну, сукенку, ватнік, брудныя палатаныя штаны й такі ж брудны бушлат, а яшчэ валёнкі — кожны іншы: адзін высокі й вялікі, другі кароткі й малы, адзін карычневы, а другі шэры. На галовы далі салдацкія шапкі. Апранулі мы гэта й сталі да сябе непадобныя. Ня можам пазнаць адна другой. Вывелі на работу. А тут чую — нехта кліча мяне па імені. Пытаюся: „Як вы мяне пазналі?“ А яна адказвае па-польску. Была я падпаясана поясам ад свайго хатняга халата, і таму [жанчына тая] мяне пазнала.

Загадалі нам сьнег адкідаць. На дварэ быў вялікі мароз і сьцюжа. А перад тым завялі нас у сталоўку на сьнеданьне. Было там парна й цёмна: асьвятлялі капцілкі. Далі нам па місцы аўсянага супу й па кусочку хлеба. Аўсянку такую мы елі тры разы дзённа — фактычна ня елі, а пілі зь місак, бо лыжак нам не далі. Часамі давалі дробную салёную рыбку.

Пры „камісоўцы“ далі мне 1-ю катэгорыю, г.зн. залічылі да самых сільных і здаровых, і паслалі на калёнію 09, дзе працавалі на лесапавале. На мой моцны галаўны боль ніхто не зварочваў увагі. Ды я й сама ня ведала, якая прычына майго болю. Як пасьля трох гадоў аказалася, была я хворая на гіпэртанію, а ніхто ніколі ня мераў мне цiску. Захварэла я на гэтую хваробу яшчэ ў турме ад недасыпаньня й вечнага напружаньня нэрваў. Пра такую хваробу я ніколі ня чула й не дамагалася зьмерыць цiску. Думала, што ў мяне мігрэнь i ўсьцяж прымала парашкі на супакаеньне болю, а яны не памагалі. У такім стане мусіла ісьці вялікім марозам валіць лес: сьпілоўваць грубыя сосны, расьсякаць іх сякераю, ладаваць гатовыя дровы на машыны. У лягеры нашым былі толькі жанчыны. Трэба было выканаць норму, хто яе ня выканаў, даставаў менш хлеба. Ясна, што я нормаў не выконвала і ўсьцяж была на „штрафным“ [пайку]. Была такая галодная, што аж плакаць хацелася. У нашым лягеры не было студні. Ваду прывозілі з ракі за 12 км ад лягеру. На гэтай рацэ спэцыяльныя брыгады дзень і ноч выразалi велізарныя кавалкі лёду, прывозiлi ў лягер i растоплівалі. З гэтай вады варылі страву, мылі бялізну й такой вадой мыліся ў лазьні. Можна ўявiць, якая яна была цэнная й як зь ёю лічыліся. Калі каторая з нас хацела піць, то ў якiм слоiку растоплівала сьнег. Так працуючы, я схудала й аслабела, захварэла на запаленьне вуха: мела нарыў у вуху, павышаную тэмпэратуру й невыносны галаўны боль. Калі пайшла ў санчасьць прасіць звальненьня ад працы, не атрымала яго. Пазьней напух у мяне нос і зноў павысілася тэмпэратура. Усе казалі, што гэта ружа26. Гэтым разам таксама пайшла ў санчасьць прасіць звальненьня ад працы. Прыходжу й кажу:

— І магу я з такім носам і ў такі вялікі мароз ісьці на работу?!

А мне на гэта працаўніца санчасьці, латышка Пэтэрсон, адказвае:

— Вы же носом работать не будете.

26 Ружа — рожа цi завушнiца (краснуха).

Завязала я нос хустачкай і пайшла працаваць. Пасьля гэтага сказала сама, што паміраць буду, а не пайду больш ніколі ў санчасьць прасіць звальненьня ад працы.

Выводзілі нас на працу пяцёркамі. Трэ было ісьці цесна адна пры аднэй, не ступіўшы кроку ўлева ці ўправа, iнакш лічылі за пабег і маглі расстраляць. Побач нас ішлі сабакі. На бушлатах былі панашываныя нумары, якія можна было прачытаць здалёку. Мой нумар быў АВ-4. У лесе расстаўлялі калкі, за якія ня можна было выйсьці. Хто б знайшоўся за вызначанай граніцай — расстралялі б. Аднойчы вартаўнік сказаў адной жанчыне прынесьці нешта, што ляжала на вызначанай граніцы. Калі яна пайшла па тую рэч і аказалася на граніцы, ён выстраліў і забіў яе. Пасьля сказаў начальству, што яна хацела ўцякаць. Быў чагось на яе злы й застрэліў.

Працавалі мы ад цямна да цямна, у буднія дні і ў нядзелі. Часта цэлы дзень бязь цёплай яды. Тады даставалі падвойную порцыю супу за абед і вячэру. Бывала, варочаліся зь лесу ў лягер такiя змучаныя, што ледзь ногі цягнулі ды чуць маглі на свае нары ўзьлезьці. Ноччу, калі толькі пасьпелі заснуць, будзілі нас на разгрузку вагонаў. Надышлі якраз вагоны з мукой ці чымсьцi іншым, і трэба было іх разгрузіць. Загадвалі браць на плечы мяшок і несьці яго. Ясна, што такога мяшка не магла я крануць зь месца, i зноў бяда была — крычалі на мяне й карцэрам страшылі. І так правёўшы цэлую ноч, рана мусілі ісьці на работу ў лес. Былі вялікія маразы, і мы мерзьлі. Завязвалі хустачкамі сабе насы, каб іх не адмарозіць. Ад дыху хустка рабілася мокрая, а пасьля замярзала й націрала нос. Раз на дзесяць дзён вадзілі нас мыцца ў лазьню. Таўкліся мы адна каля другой, як селядцы ў бочцы. У норах нашых былі клапы й ноччу не давалі спаць. Парылі іх, але хутка яны ізноў аджывалі. Нанач баракі замыкалі. За сваёй патрэбай хадзілі ў парашу — вялікую кадзь, якая стаяла каля дзьвярэй. А яшчэ горш было, калі ў лягеры захварэлі на дызэнтэрыю. І я хварэла на гэтую хваробу.

Брыгадзірамі нашымі былі блатныя, якія мелі аказiю пазьдзекавацца з палітычных, якіх яны не любілі й за нішто ўважалі. Палітычныя вязьнi былі перамешаныя з крыміналістымі — рознымі зладзеямі й забойцамі. Горш было, калі выпала каму спаць каля блатной (крыміналісткі).

Вельмі часта загадвалі нам пераходзіць з аднаго бараку ў другі. Тады мы хапалі свае рэчы й беглі ў іншы барак, каб заняць лепшае месца. Часта, калі каму з палітычных удалося дабегчы й заняць тое лепшае месца, то прыходзіла блатная й сілай выкідала. А так было важна, хто каля каго спаў.

[Па лягерох

Адпачынак. — Пад Божай апекаю. — Голад. — Сяброўствы. — Песьнi. — Лазьня. — Сяньнiк. — Машкара. — Манашка. — Калодкi. — Сны. — Стася. — „Камсамольская“ будоўля. — Хваробы. — 4-я катэгорыя]

На калёніі 09 была я нядоўга. Прыехала лекарская камісія й мяне залічыла да слабых. Паслалі на адпачынак. Як выглядаў наш адпачынак на новым месцы? Працы на норму мы там не выконвалі. Забясьпечыць лягер дровамі мусiлі самі. Не было тут ніякіх машынаў, і прыходзілася прыносіць дровы на сваіх плячах. Так два разы да абеду ішлі мы ў лес 3 км пехатой, пілавалі дровы, бралі чуркі на плечы й несьлі іх у лягер. Яшчэ два разы туды й назад ішлі й па абедзе: разам — 24 км у дзень зь цяжарам на плячах. Ад такога адпачынку ледзь на нагах я стаяла. Хадзілі таксама на станцыю (7 км ад лягеру) па муку, якую несьлi, паклаўшы на палку, удзьвёх на плячах. Была я слабая й ніяк не магла скрануць мяшка зь месца. Вартаўнік крычаў на мяне, штурхаў, біў кулаком па галаве, але нічога не памагала — мяшка ўзяць на плечы я не магла. Калі мы вярнуліся ў лягер, сказаў начальству, што я працаваць не хацела. Загадалі пасадзіць мяне ў карцэр. Аднак не пасадзілі, бо сказала я вартаўніку, які адмыкаў карцэр, што я вельмі хворая. Ён завёў у санчасьць — там праверылі й адпусьцілі.

У гэтым лягеры перажыла я нешта вельмі прыемнае й адчула над сабою апеку Божую. Хоць няраз я кепска чулася, ніколі ў санчасьць не хадзіла, i ніхто мяне там ня знаў. Аднак аднаго дня, вярнуўшыся з работы змучаная да апошняй сілы, паваліўшыся на свае нары, каб адпачыць, раптам зь іх сарвалася й пабегла ў санчасьць, кіраваная нейкай вышэйшай сілай. У санчасьці сядзела некалькі чалавек, адзін у афіцэрскай форме. Накіравалася я проста да гэтага афіцэра, кажучы:

— Господин доктор, я не больная, но очень устала и прошу дать мне один день отдыха.

Адкуль я ведала, што гэта доктар, сама ня ведаю. Ён загадаў мне разьдзецца й выслухаў мяне.

— Вы, — кажа, — просите дать вам один день отдыха, а я даю вам две недели. Идите в барак и завтра на работу не выходите.

Падумала я, што ён зь мяне сьмяецца, i ня кратаюся зь месца. Як гэта можа быць! На 09 калёніі была я так моцна хворая, мела тэмпэратуру, i ніхто мяне з працы ня звольніў, а тут даюць два тыдні адпачыць. Стаю, ня веру, што гэта праўда, i не кранаюся зь месца.

— Идите и отдыхайте.

Вярнулася я ў барак і ня ведаю, што рабіць. Зажартавалі зь мяне ў санчасьці ці сапраўды далі аж два тыдні адпачынку? Пра тое расказала адной сяброўцы. I што я пачула! У гэты дзень клікалі ў санчасьць усіх слабых і давалі кожнай два тыдні адпачынку. Значыць, і мне далі. А я пра нішто ня ведаючы, кіраваная якойсьцi сілаю, сама пайшла туды, хоць дала была сабе слова ніколі не хадзіць у санчасьць.

Была вясна, яшчэ машкара не паявілася й я адпачывала; яшчэ ў тым часе прыйшла пасылка ад цёці, i я вельмі ўзмоцнілася. Пасьля двух тыдняў прадоўжылі мой адпачынак яшчэ на два тыдні.

У адпачынкавым лягеры перажылі мы страшны голад. Не прывезьлі на час прадуктаў і ня стала чаго есьці. Гэта было нешта страшнае. Давалі нам толькі нейкую мутную полiўку. Не было ні хлеба, ні бульбы — нічога.

Хачу тут сказаць, што ў турме й лягеры я вельмі многа малілася. Старалася сябраваць зь людзьмі, якія моцна верылі ў Бога. Шкадавала вельмі, што, будучы на волі, так мала цікавілася справай свае веры, не чытала рэлігійных кніг, не імкнулася паглыбіць сваю веду. І вось, трапiўшы ў лягер, адразу ж, гэтага самага дня спаткалася зь вельмі пабожнай і цікавай жанчынай, якая сядзела за веру ў Бога. Была гэта масквічка-піяністка. Бацька яе быў паляк, а маці — французка. Называлася яна Зоф’я Эйсмант. Знала яна добра Эвангельле й прачытала многа рэлігійных кніг. Вось яна пачала рабіць мне рэлігійныя даклады й падтрымліваць мяне на духу. Як толькі станавiлася мне невыносна цяжка на сэрцы, я бегла да яе й супакойвалася. Такой, як яна, была й яе прыяцелька Кузьняцова зь Ленінграду, якая таксама сядзела за свае рэлігійныя перакананьні. Я запрыязьнілася й зь ёй, але ўжо на іншай калёніі, расстаўшыся з Эйсмант.

У лягеры я старалася ня траціць дарма часу й па меры магчымасьці паглыбляць сваю веду. Так я збліжылася з украінкай — старэйшай жанчынай, настаўніцай расейскай мовы й літаратуры. На работу ішла зь ёй у аднэй пары, а ідучы, задавала ёй розныя пытаньні, а яна мне адказвала. Дзякуючы ёй, бліжэй пазнаёмілася з расейскімі клясыкамі. Яна ўмела доўгія вершаваныя творы напамяць. Ішла й мне дэклямавала. I яна, i Эйсмант былі вельмі прыгожыя. Дружыла я зь літоўкамі й полькамі. Пазнаёмілася з дачкой прафэсара Віленскага ўнівэрсытэту Анеляй Дзявульскай. Яна вельмі мужна зносіла ўсе цяжкасьці лягернага жыцьця, хоць была слабая й сядзела доўга. Была там i вучаніца праф. Іваноўскага — інжынэр па прафэсіі, полька Гражына Ліпіньская, цікавая жанчына, вялікая прыяцелька беларусаў. Матка яе, Сакалоўская, была пісьменьніцай. Са сп-няй Гражынай мы былi вельмі блізка й часта гутарылi. (I Анеля Дзявульская, і Гражына Ліпіньская жывуць цяпер у Варшаве.) Між іншым мушу сказаць, што Ліпіньская сядзела ў турме разам з Ларысай Геніюш і нашай настаўніцай беларускай мовы з гімназіі сп-няй Аленай Сакаловай-Леканд.

Нейкі час побач мяне спала Марыя Гэрман зь Вільні. Яна мела фэнамэнальную памяць і вельмі прыгожа расказвала прачытаныя кнігі. Умела на памяць шмат доўгіх беларускіх твораў. Вярнуўшыся зь лягеру, жыла пад Варшавай у старэчым доме ў Хыліцах, там і памёрла.

Жыла я добра з савецкай беларускай Марыяй Івановай — географам, жонкай савецкага капітана.

Збліжылася я з Бухарына жонкай. Ад яе вучылася ангельскае мовы. Нам забаранялі вучыцца чужых моваў, таму рабілі мы гэта пакрыёму, хаваючыся. Другой маёй настаўніцай ангельскай мовы была праўдзівая ангелька з вышэйшай асьветай. Яна вельмі ахвотна мяне вучыла, але што ж, — калі пачыналі мы лекцыю, мне так моцна пачынала балець галава, што мусілі перапыняць вучобу.

Дружыла я таксама з Галінай Кобяк, полькай з Баранавіч. Яна, як і я, мела вельмі высокi цiск. Не дачакалася волі — памерла перад канцом свайго сроку. Сьмерць яе я вельмі перажывала. Дома ў яе быў муж і дзеці. Перад выхадам на волю рыхтавала яна для іх розныя падарункі: рабiла шыдэлкам <кручком> розныя каўнерыкі, ашлякоўвала хустачкі, шыла шапачкі.

Памірала ў нас раптоўнай сьмерцяй многа. Толькі й чуваць было аб нечыяй сьмерці. Адна нагнулася мыць падлогу і ўпала мёртвай. Другая павалілася, несучы дровы, трэцяя павалілася, адкідаючы сьнег і г.д.

Мне вельмі было шкада прыгожай маладой літоўкі, засуджанай толькі на 5 гадоў. Увесь час ня мела яна весткі ад бацькоў і калі нарэшце атрымала, памёрла, шчыпаючы сьлюду. Паміралі ўсе ад высокага ціску крыві, і я была на такую сьмерць прыгатоўленая.

Нас часта перавозілі з аднаго лягеру ў другі. Пасьля адпачынку трапiла я ў лягер, дзе працавалі на сьлюдзе.

Не было ў нашых лягерах сьведамых беларусак. Не лучыліся беларускі ў групы, як гэта рабілі іншыя нацыі. Не было чуваць беларускіх песень. Аж iншыя разьлягаліся на ўвесь лягер. Сумна было ў час гадавых сьвятаў, калі розныя нацыянальныя групы кожная сабе адзначалі сьвята. Можа, падзел беларусаў на каталікоў і праваслаўных быў віною гэтага. Ува ўсякім выпадку, не было з кім сустрэцца й адсьвяткаваць сваё сьвята, не было з кім пасьпяваць свае песьні. Інакш было ў Казахстане ў лягеры, дзе была Вэра. Там беларускi тварылі асобную групу, разам сьвяткавалі свае сьвяты й адна другой памагалі. Іх ня так часта перакідалі зь лягера ў лягер. А ў нас што пару месяцаў бралі на этап і разлучалі з тым, з кім чалавек пасьпеў запрыязьніцца.

Найбольш у лягеры было ўкраінак. Яны часта вельмі прыгожа сьпявалі. Як быў добры вартаўнік, то дазваляў сьпяваць. Песьні ўпрыгожвалі працу на сьлюдзе ўночы. Пад гукі песень лягчэй працавалася. Ах, як я любіла, калі яны сьпявалі. Некаторыя мелі такія прыгожыя галасы. Сьпявалі песьні старыя й новыя, уложаныя вязьнямі. Сумныя былі гэтыя песьні. У іх расказвалі пра сваю цяжкую долю, пра сум па бацькаўшчыне й роднай хаце.

Працавалі мы на дзьве зьмены. Адзін тыдзень выходзілі на работу наноч, а другі тыдзень працавалі днём. Працуючы ўсю ноч, часта ня клаліся спаць днём, бо мусілі ісьці на нейкую іншую работу. Трэба было сьнег адкінуць або дроў напілаваць ці вагоны разгружаць.

Часамі выпадалі вольныя нядзелi, але не для мяне: мела я няшчасьце кожную такую нядзелю ісьці тапіць лазьню. Гэта была для мяне вельмі цяжкая работа. Калі загадвалі брыгадзірцы даць некалькі чалавек да працы ў лазьні для гарнізону, яна першым называла маё прозьвішча. Чаму яна заўсёды пачынала ад мяне, ня ведаю. Можа таму, што я была слабая й ня ўмела бараніцца, а можа таму, што не атрымлівала пасылак і не было чым адкупіцца. Ішло нас туды паліць лазьню пяць ці шэсьць асоб. Трэ было напілаваць і насячы дроваў, напаліць печы й вымыць падлогі, а найгоршая работа — наліць вады ў тры ці чатыры аграмадныя кадзі. Ваду выцягвалі абледзянелым вядром з такой жа абледзянелай студні, зруб якой быў пры самай зямлі. Стаялася над студняй, як над якойсьцi пропасьцю. Шост таксама быў абледзянелы. Вось адна з нас, найчасьцей я, стаяла на лёдзе пры студні й выцягвала вядром ваду. Выцягнуўшы вядро, падымала яго ўверх, дзе стаяла іншая сяброўка па няшчасьці ды ўлівала ваду ў жолаб, па якiм вада цякла ў кадзі. Як падымалi ўверх вядро, вада разьлівалася, абліваючы рукі й грудзі. Хутка на мне ледзянелi рукавіцы й вопратка. Стоячы над студняй, я дрыжэла ад страху, каб не пасьлізнуцца й не паляцець у глыбокую яму.

Часам восеньню вазілі нас на работу на сельхозе. Пераважна выбіралі бульбу. Калі я ехала першы раз на сельхоз, сказалі нам усім забраць з сабою апарожненыя сеньнікі. Як мы прыехалi на месца, нам загадалі здаць сеньнікі, каб напхаць іх саломаю. Калi сеньнiкi напхалі, я кінулася шукаць свайго — бегала ад аднаго да другога й нідзе знайсьці не магла. Тым часам усе сеньнiкi пахапалі, і я засталася безь нічога, бо мой нехта забраў. Напэўна, той нехта не прывёз свайго пустога. Усе пасьпелі ўвайсьці ў будынак і заняць сабе месца для спаньня на зямлі. Калі я туды ўвайшла, на зямлі не было ўжо вольнага месца, нават каб прысесьці. І так засталася я, наіўная, бязь месца. Завялі мяне тады ў пражарку. Гэта была малая каморка, у якой сушыліся мокрыя бушлаты й валёнкі. І легла я на голай падлозе пад мокрай вопраткай у духаце й сырасьці.

Працавалі на полі ад цямна да цямна. Бульбу выбіралі з-пад сьнегу. Брыгадзірка iшла ззаду й падганяла ды правярала, ці чыста выбіраем. Былі мы такiя галодныя, што елі сырую бульбу. Вярнуўшыся з поля, мылі рукі сьнегам. Аднаго году спалі мы ў бараках, у якіх пад нарамі стаяла вада.

Было ў лягеры шмат манашак, якія адмаўляліся ад працы. „Ня будзем на сатану працаваць“, — казалі яны. Помню такі выпадак. Вывелі манашку з карцэра ў кайданках на руках і павялі з намі на работу. Ветру не было, i таму паветра стаяла густое ад машкары. Машкара заўсёды зьяўлялася 15 чэрвеня й мучыла нас да 15 кастрычніка. Яна была горшая ад марозу, бо залазіла ўсюды й так моцна й балюча кусала, што цяжка было вытрываць. На работу мы выходзілі ў накамарніках. Да таго плялі вянкі зь зялёных галінак і надзявалі на галаву. Ідучы на работу, я часта думала, чаму нас ніхто не сьфільмуе. Ад машкары былі ў нас апухшыя твары, рукі й ногі.

Аднаго разу прывялі нас разам з манашкай у лес і загадалі працаваць. Манашка ад работы адмаўлялася, а вартаўнік пастанавіў яе прымусіць: загадаў ёй зьняць кашулю, узяць у рукі калодку й хадзіць кругом палянкі. На яе голыя плечы насела машкары й так пакусала, што пачала цячы кроў. А яна ішла з калодкай у руках і не магла машкары адганяць. Наканец павалілася й зь зямлі не падымалася. Толькі было чуваць, як яна паўтарала: „Господи, прости ему“. Вартаўнік пастанавіў падняць яе зь месца, але гэта не ўдавалася. Тады паклікаў ён мяне й загадаў падняць манашку:

— Если вы ее не поднимете, будете сами так, как она, ходить раздетой.

Пачала я прасіць яе, каб пашкадавала мяне ды ўзьнялася, але яна мяне не паслухала. Вартаўнік сам падняў яе, загадаў стаць пад дрэвам, а нам разысьціся на бакі. Наступна ўзяў у рукі стрэльбу й выстраліў, але не ў манашку, а ўбок.

Часта, як мы несьлі дровы на плячах, вартаўнікі загадвалі зьняць накамарнікі й затрымацца на месцы з калодкамі на плячах. Кусала нас машкара, а яны любаваліся.

Калі мы хадзiлi ў лес па дровы, то бралі [ў лесе] падрыхтаваныя калодкі з кучы. Кожная старалася схапіць найлягчэйшую калодку. Ясна, што лягчэйшыя калодкі расхоплівалi наймацнейшыя, бо яны першыя дабягалі да кучы й сілаю адпіхалі слабейшых. Мне заўсёды даставалася найцяжэйшая калодка. І вось, падняўшы яе на плечы, адставала я ад іншых. Вартаўнікі на мяне крычалі, білі па галаве, страшылі расстрэлам, а я ніяк не магла прысьпяшыць кроку. Аднойчы за тое, што я адстала ад iншых, адзiн вартаўнiк, прывёўшы нас у лягер, калі ўсе скінулі свае калодкі з плячэй, загадаў мне са сваёй калодкай прайсьціся некалькі разоў кругом лягернага двара. Ад перамучаньня я павалілася на зямлю й самлела.

Часта ў лягеры былi эпідэміi. Як вышэй я ўспамінала, хварэла я разам зь іншымі на дызэнтэрыю. Хварэла часта й на грыпу. Помню, паявілася страшная грыпа. Тых, што захварэлi, забіралі ў шпіталь, аднак у шпіталі не хапіла месца для ўсіх. Калі я захварэла, загадалі мне ўзяць сяньнік ды коц і павялі ў гігiенічны пакой, дзе на падлозе, адна пры адной, ляжалі хворыя. Вартаўнік загадаў мне легчы на падлозе, але на падлозе не было месца й нагу паставіць. А ён крычыць: „Кладись!“ Але як — адна на другую? Не магла я легчы. Тады далі мне месца на стале. Мела я высокую тэмпэратуру й сільны галаўны боль. Лячэньне палягала на абніжэньні тэмпэратуры. Зьбіўшы парашкамі гарачку, хворага са шпіталя выпісвалі. Фактычна гэта быў не шпіталь, а толькі пакой для хворых пры санчасьці; калі ў ім [хворыя] не зьмяшчаліся, займалі гігiенічны пакой.

Ня ўсе ў лягеры працавалі цяжка. Лягчэйшую работу мелі брыгадзіры, працаўнікі санчасьці, бібліятэкі, капцёркі, гігiенічнага пакою. Яны былі лепш апранутыя, глядзелі на іншых звысока, пачуваліся лепшымi. Іх называлі прыдуркамі. Большасьць зь іх падслухоўвалi, пра што гутараць вязьні, даносілi начальству. Такіх даносчыкаў называлі стукачамі. Розныя пагалоскі пра амнiстыю ці пра новую вайну, якая вызваліла б нас ад лягера, называлі парашамі. Гэтыя парашы падтрымлівалі нас на духу. Былi частыя амнiстыi для блатных, але не для нас.

Мне часта сьніліся прарочыя сны, у якія я моцна верыла. Адзін сон растлумачыла я так, што ў 1955 годзе выйду на волю, таму й чакала гэтага году. Так і сталася. У 1955 годзе я выйшла на волю.

Неяк дзень за днём, ці лепш сказаць, ноч за ночай бачыла я ўва сьне сястру сваю Вэру, вельмі сумную й адну, бяз Славіка. Дзівілася я, чаму пры ёй няма сына. Урэшце ня вытрымала я й пытаю:

— Дзе Славік, чаму ты безь яго?

А яна на запытаньне не магла адказаць. Паўтарала толькі:

— Славік, Славік, Славiк....

I я зразумела па яе міне, што Славік памёр, а яна ня можа выгаварыць гэтага слова. І вось я атрымала ліст ад цёці Гэлькі з паведамленьнем аб сьмерці Славіка. Гэтая вестка зусім вывела мяне з раўнавагі: схаваўшыся за барак, я пачала плакаць і дзёрці да крыві твар і рукі. Калі прыйшла наглядчыца, я назвала яе забойцай. Крычала:

— Гэта вы яго забілі, замардавалі нявіннае дзіця.

Я да таго разышлася, што мяне хацелі пасадзіць у карцэр. Аднак да гэтага не дайшло. Начальнік, да якога мяне прывялі, прачытаўшы атрыманы мною ліст, адпусьціў мяне. І ад гэтага часу пачаў мяне заўважаць у лягеры, а прыйшоўшы ў барак, заўсёды пытаўся мяне, ці перастала ўжо плакаць.

Здарыўся быў у нашым лягеры такі выпадак. Адна літоўка-настаўніца, якая працавала кавалём (называлася яна Стася), выйшла зь лягера адна, каб навастрыць пілы брыгадзе, што працавала ў лесе. Ідучы лесам, яна зьбілася з дарогі й заблудзіла. Кідаючыся то ў адзiн, то ў другi бок, адышла ад лягера 30 км. А тут вечар настаў і надышла бура зь перунамі. Было лета, i яна выйшла ў аднэй сукенцы. У лягеры паднялі алярм. Думалі, што яна ўцякла. (За гэта каралі расстрэлам.) Пачалі шукаць. Выйшаў на пошукі цэлы гарнізон, і ня толькі нашага лягеру, але й суседніх. Шукалі цэлую ноч і цэлы наступны дзень. Знайшлі на другі дзень пад вечар — прамокшую й ледзь жывую. У лесе было поўна дзікіх зьвяроў, машкары ды камароў — бязь ліку. Ацалела яна дзякуючы таму, што натрапіла па дарозе на недапаленае вогнішча. Пры ім затрымалася й пачала падкідаць дровы да агня. Кругом вылі зьвяры. Да яе прыбліжаўся рысь (відаць было яго сьляды), але не пасьпеў накінуцца на ахвяру. Знайшоў яе адзін жаўнер, едучы на кані, i на кані ж прывёз яе ў лягер. Усім яна расказвала, якое пекла перажыла праз ноч у лесе, страціўшы надзею на тое, што яе нехта знойдзе.

Уцячы зь лягеру было немагчыма. Зімой кожны сьмялок замерз бы ад марозу, а летам заела б машкара й дзікія зьвяры. Усё ж знаходзіліся такія, хто спрабаваў уцячы. Нам часта чыталі аб спробах пабегу й аб расстрэле ўцекачоў.

У часе працы на сьлюдзе чыталі нам газэты, пераважна „Московскую правду“. Аднойчы пачалі нам чытаць, як камсамольцы паехалі дабравольна на Ангару й збудавалі на гэтай рацэ электрастанцыю. Чуючы гэтую ману, [людзi] ў цэху ўзьнялi крык. Шмат хто з прысутных тут працавалi на пабудове гэтай электрастанцыі й ведалі, колькі вязьняў загінула пры гэтай працы. Акрамя вязьняў, ніхто іншы гэтай электрастанцыі не будаваў. У цэху крычалі:

— І я там была...

— І я таксама...

— А ніякіх камсамольцаў ня бачылі.

Цярпелі мы зімой ад сільных маразоў, летам ад сьпякоты, машкары й камароў, а зімою й летам ад голаду. Не хапала нам нават хлеба. Лягчэй жылося тым, хто атрымліваў пасылкі. Ведаючы, што, акрамя мяне, знаходзяцца ў заключэньні мае браты й Вэра, напісала я цёці, каб мне нічога не прысылала, бо ўсяго мне хапае. Хацелася, каб лепш цёця дапамагла братом, якія даўжэй ад мяне былі ў лягеры. А была такая галодная, што калі, працуючы ў гарнізоне, убачыла лісточкі капусты, якiя плавалi ў вядры, то падышла да гэтага вядра, лісткі выцягнула й зьела. А вядро гэтае было з бруднымі памыямі, i я ня ведала, хто што ў яго рабіў ці кідаў. Пра гэта я й ня думала. Як я ўжо ўспамінала, часта мне прыходзiлася быць на штрафным за невыкананьне нормы. Помню, неяк вечарам стаю я галодная пры печцы ды ўздыхаю: „Божа мой, Божа, да чаго я дажыла! Ужо й хлеба мне не хапае“. У гэты момант падышла да мяне адна расейская жанчына зь Ленінграду, Надежда Ивановна Тимофеева, ды кажа:

— Я слышала, что вы на штрафном, так возьмите мою пайку хлеба.

І сілай упіхнула мне сваю пайку, хоць сама таксама пасылак не атрымлівала. Добрая была кабета. У часе блякады Ленінграду страціла адзінага сына.

Праца на сьлюдзе не была здаровай. Цэлы дзень цi ноч трэба было ўдыхаць сьлюдзяны пыл. Шмат хто хварэў на гіпэртанію, як і я. Галаўны боль узмацняўся, i часам я не магла вытрываць болю. Часамі не магла павярнуць галавы ў другі бок або ступіць кроку: кожны балючым уколам аддаваўся ў мозг. Кожны дзень хадзіла пасьля працы ў санчасьць і прасіла, каб мне далі парашок ад галаўнога болю. Аднойчы ў часе працы на сьлюдзе так разбалелася галава, што я перапынiла работу й выйшла з бараку на паветра. За мной выбегла брыгадзірка й пачала крычаць, гонячы назад у цэх. А ў мяне вочы мутныя й не магу падняцца зь месца. Загадала яна ісьці ў санчасьць. Далі мне парашок, але ён не памог. Праз гадзіну я зноў зьявілася ў санчасьць па парашок. Пачалі крычаць, што нядаўна мне ўжо давалі. На маё шчасьце, была ў санчасьці вольная лекарка. Запыталася яна, ці мералі мне калі-небудзь цiск крыві. На мой адмоўны адказ, узяла яна апарат і зьмерала. Рукі ў яе затрэсьліся, бо, напэўна, цiск быў вельмі высокi. Яна не магла знайсьці маёй карты — так у яе дрыжалі рукі; загадала ісьці ў барак, легчы ў пасьцель і не выходзіць заўтра на работу. Чуючы, што я сплю на верхніх нарах і не змагу ўзлезьці наверх, загадала паклікаць майго брыгадзіра, каб палажыць мяне на ніжніх нарах. Калі брыгадзірка сказала, што на ніжніх няма месца, бо там сьпяць самыя хворыя й інваліды, доктар адказала:

— Я знаю вашу брыгаду. У вас адзін хворы чалавек, і гэта Катковіч.

Хутка пасьля гэтага адправілі мяне ў шпіталь. Была я там два месяцы. Ад часу да часу й там хадзілі мы на працу. Аднойчы позьнім вечарам мы пайшлі ў кухню чысьціць бульбу. Далі нам там зьесьці па куску рыбы. Я так <атрулася> гэтай рыбай, што расхварэлася, і паднялася ў мяне вельмі высокая тэмпэратура. Пампавалі мне жывот і ноччу, што некалькі гадзін, давалі па тры парашкі. Падлячыўшы мяне крыху, выпісалі са шпіталя, даючы 4-ю катэгорыю — інвалідзкую. Так з катэгорыі 1-й пераскочыла я адразу на 4-ю, якую павінна была мець ад самага пачатку, г.зн. ад прыезду ў лягер. Ці хто паверыць, што з такім высокім ціскам я валіла й карчавала лес, разьбіваючы замерзлую зямлю кіркай, працавала на сельхозе й на сьлюдзе.

Як вярнулася са шпіталю, далі мне працу лягчэйшую. Трапіла ў хлебарэзку. Тут мела пад дастаткам хлеба. Так працавала я сем месяцаў, пакуль не перавялі мяне на іншую калёнію, на якой ізноў пайшла на сьлюду. Ізноў чулася вельмі кепска й цярпела ад сільнага галаўнога болю.

Пасьля сьмерцi Сталiна
[Вэра й Франак. — Джэзказганскае паўстаньне. — На волю]

У гэтым часе прыехалі да нас Вэрыны сяброўкі з Казахстану. Бачачы, у якім цяжкім стане я знаходжуся, напісалі яны ліст да Вэры й да майго малодшага брата Франка ў Варкуту. Аказалася, ім лепш паводзілася, чым мне. Так Вэра й Франак пачалі мне памагаць. Вэра прысылала пасылкі, а Франак грошы, хоць абое былі, як і я, вязьнямі. Дзякуючы іх помачы я стала на ногі й не памерла ў лягеры, як было зь іншымі.

Вэра знаходзілася ў Казахстане: Карагандзiнская вобласьць, Кінгірскі раён, с/с Джэзказган. У яе лягеры былі крыху лепшыя ўмовы, чым у нашым. Прынамся, не перакідалі іх з аднаго ў другое месца. Спачатку й яна цяжка працавала на каменяломах. Пазьней, беручы пад увагу яе слабое здароўе, далі ёй работу ў пашывачнай. Шылі яны сукенкі ды іншую вопратку для вольных жанчын. Нават з Масквы прыяжджалі да іх элеганткі, каб заказаць сабе сукенку. Супакоіўшыся крыху пасьля сьмерці Славіка, яна ня чулася так кепска.

Перажыла яна лягерны бунт, які скончыўся страшнай трагедыяй.

Побач зь іхным лягерам быў лягер для мужчын, мясьцілася ў ім, здаецца, 10 тысяч вязьняў. Мужчыны пачалі дамагацца, каб хоць раз на месяц дазволілі ім адведваць сваіх блізкіх у жаночым лягеры. У некаторых [у жаночым лягеры сядзелi] жонкі, сёстры ці маткі. Калі іх дамаганьні засталіся без адказу, пастанавілі мужчыны ўвайсьці ў жаночы лягер сілаю. Пачалося ўсё, калі прывязьлі да мужчын вялікую колькасьць блатных. Яны гэты бунт распачалі. Выйшлі грамадою разьбіваць мур, які акружаў жаночы лягер. У іх стралялі, яны падалі мёртвыя, а ўсё ж ішлі наперад і прарваліся ў жаночы лягер, выгналі вартаўнікоў і ўзялі ў свае рукі ўладу. Трымаліся 40 сутак, пакуль не сьцягнулі войска з танкамі. Ноччу, калі ўсе спалі, [вайскоўцы] пад‘ехаўшы на танках, пастралялі вартавых на вышках і ўварваліся ў лягер. Стралялі з кулямётаў у баракі, і калі сарваныя са сну людзі выбягалі з гаручых баракаў, ехалі па іх танкамі. Кроў лілася ручаямі. Перажылі вязьні дантэйскае пекла. Усіх правадыроў бунту расстралялі. Гінулі пад танкамі ні ў чым не вінаватыя вязьні. Патушыўшы бунт, разаслалі вязьняў ува ўсе бакi Сібіру. Частка трапіла і ў мой лягер. Вэра засталася на старым месцы й далей працавала ў пашывачнай. Яна цудам ацалела. Мала не хапiла таго, каб яе пераехаў танк.

Быў бунт вязьняў і ў Варкуце, дзе знаходзіўся мой брат Франак.

Колькі надзеі на вызваленьне прынесла вестка пра сьмерць Сталіна! У лягерох наступілі зьмены на лепшае. Пачалі мы атрымліваць грошы за работу, зарганізавалiся розныя гурткі: вывучэньня чужых моваў, вязаньня, шыцьця й крою й т. д. Паявіліся ларкі, дзе можна было купіць якія-небудзь прадукты. Далі больш хлеба, і перасталі мы галадаць. Пачалі пісаць просьбы аб перагледжаньні нанова справы. Напісала й я за сябе ды за Вэру.

Паступова выпушчалі на волю. Першыя пайшлі немцы. Дачакалася й я гэтага радаснага дня. Раней, чым мяне адпусьцілі, атрымала тэлеграму ад Вэры: „Еду дамоў, чакаю цябе“. Паехала я месяц пасьля яе. Сказалі мне ісьці афармляцца на другі дзень Калядаў 1955 году. Выхадзіла на волю „со снятием судимости и поражения в правах“, г.зн. апраўдалi. Я мела грошы й магла варочацца на бацькаўшчыну пасажырскiм цягніком з усімі выгадамі й месцам для спаньня. Ізноў ехала праз Маскву і ў ёй перасядала на другі цягнік. Праз тыдзень дабралася.

У родным Будславе

Прыехала ноччу. Не хацела чакаць на станцыі да раніцы й, пакінуўшы свае клумачкі ў нейкай хаце, пайшла ў мястэчка. Было цёмна, i я зьбілася з дарогі. Ішла полем у сьнязе па пояс. Выйшла дзесь каля двара Аскеркі. Убачыла касьцёл і накіравалася ў яго бок. Дайшоўшы да мястэчка, затрымалася каля касьцёла й, узышоўшы на высокі ганак, укленчыла насупраць аўтара й абраза Маці Божай, дзякуючы Богу за шчасьлівы паварот зь няволі27. Пасьля пайшла да цёткі Гэлькі. Пастукала ў вакно й адазвалася. Выбегла цёця зь дзядзькам мяне спаткаць. А я стаю абарваная й да сябе непадобная. Убачыўшы мяне такую, дзядзькі <дзядзька й цётка> заплакалі. Супакояцца крыху, а глянуць на мяне — i зноў заплачуць. Вэры не было дома. Яна гасьціла ў Крывічах у сваёй сьвякрухі. Паеўшы крыху, палажылася я спаць на пасьцель, якую хутка падрыхтавала мне цёця. Лягла я на падушку — першы раз пасьля шасьці гадоў, прыкрылася не бушлатам і брудным коцам, як дагэтуль, а пярынай. Папросту ня верылася, што так выгадна сьпяць людзі на сьвеце.

27 Абраз Будслаўскай Мацi Божай лiчыцца цудадзейным. Апошнiм часам аднавiлася традыцыя паломнiцтва да гэтага абраза.

Пачалі прыходзіць крэўныя й знаёмыя. Расказам не было канца. Хутка й Вэра вярнулася з Крывічоў. Нарэшце мы зь ёй спаткаліся ізноў. Яна ўмела шыць, і мы адразу заняліся шыцьцём. Вэра кроіла, дапасоўвала, а я абкідвала швы, падшывала, прышывала гузікі. Цёця наша распальвала жалезка <прас>, разьдзьмухвала яго й падавала нам. Прытым цешылася нашай работай і кліенткамі, якіх мы мелі вельмі многа. З усёй [Маладэчанскай] вобласьці ехалі да нас савецкія элеганткі заказаць сабе сукенкі. І тыя сукенкi нам надзіва ўдаваліся. Усе былі задаволеныя, i слава аб нашым шыцьці разыходзілася далей і далей. Як жа цёця з гэтага цешылася!

Дарагая наша цёця Гэлька, дзякуючы якой я выйшла на волю, бо, калi б яна не прыслала была мне пасьведчаньня зь сельсавету, што прыме мяне да сябе й дасьць утрыманьне, мяне б на волю ня выпусьцілі. Было многа такіх у лягеры, якіх ніхто не хацеў прыняць да сябе, нават родныя дзеці, i тыя, адседзеўшы кару, ня мелі куды ехаць. Трэ было бачыць роспач гэтых людзей. Гадамі чакалі на хвіліну спатканьня зь дзецьмі, а яны іх прыняць не хацелі, да бацькоў родных не прызнаваліся. Пакуль жыў Сталін, ніхто дамоў не варочаўся. Адбыўшы кару, [чалавек] выходзіў за вароты лягера й пачынаў жыць нанова, ня надта аддаляючыся [ад месца зьняволеньня]. Так, выпусьцілі на волю адну польку са Львова, Гросэк (?), якая была інвалідам і мела вельмі слабое здароўе, яна, выйшаўшы за агароджу лягера, села пад плотам, ад лягеру не адыходзячы. Нейкія вольныя полькі гэта ўбачылі й ёй заапекаваліся. Пастараліся адаслаць яе ў Польшчу. Там яна хутка памерла.

Будучы ў Будславе, сустрэліся мы зь Мецькам Чантарыцкім28, які, так як і мы, вярнуўся з савецкага лягеру. Ён адседзеў 10 гадоў на Калыме. Цяпер Мецька жыве ў Рыгораве каля Вільні.

Браты мае вярнуліся ў Будслаў раней за мяне. Аднак калі мы прыехалі, іх не было ў родным мястэчку. Пётрусь з жонкай знаходзіўся на працы ў Фінляндыі*****, а Франак — у жонкі за Даўгінавам. Празь нейкі час і яны прыехалі. Апавяданьням не было канца.

28 З Чантарыцкiх паходзiць мацi паэта Славамiра Адамовiча.

***** Верагодна, у Карэла-Фінскай ССР.

У той час у Будславе знаходзiлася й Паўліна Мядзёлка. Працавала яна настаўніцай у будслаўскай школе. Хаця ёй матэрыяльна паводзілася добра, нікому з нас яна ані разу не прыслала пасылкі, да нікога з нас не напісала ліста. Пры сустрэчах зь ёю мы заўсёды спрачаліся. Яна хваліла жыцьцё ў Савецкім Саюзе, а мы ёй пярэчылі. Дзiвілася з нашай моцнай веры ў Бога. Расставаліся мы зь ёй вельмі знэрваваныя й пастанаўлялі ніколі яе больш не адведваць. Празь нейкі час ізноў спатыкаліся й зноў спрачаліся. І сёньня не разумею, чаму яна была такая. Яе роднага брата бальшавікі расстралялі ў 1937 годзе за перапіску з бацькамі, якія жылі ў Польшчы. Паміма таго, што яна была цэлым сэрцам адданая савецкай уладзе, зьяўлялася яна вялікай патрыёткай беларускага народу. Гутарыла яна толькі па-беларуску, вельмі прыгожа прамаўляла, дырыгавала хорам, які сьпяваў толькі беларускія песьні. Хвалявалася, калі бачыла па-расейску напісаную аб’яву на дошцы, што стаяла на рынку. Тады брала анучу ў рукі, ішла да дошкі, як ніхто ня бачыў, і сьцірала расейскі надпіс. Гэту самую аб’яву пісала па-беларуску. Увайшоўшы ў кнігарню й бачачы, што на першым месцы ляжаць расейскія кнігі, загадвала палажыць на бачнае месца кнігі беларускія. Многа рабiла такіх учынкаў, якія сьведчылі пра вялікую яе любоў да беларускае мовы й народу.

Эпiлёг

У Будславе мы доўга не затрымаліся: прыйшлi нам выклiкi з Польшчы, i мы паехалі туды. Веру выклiкаў да сябе ейны муж, а мяне — стрыечны брат Юзік Таргоньскі. Выехалі мы з Будслава ў кастрычніку 1957 году. Вэра накіравалася ўва Ўроцлаў, а я — у Ольштын.

Будучы ў Будславе, мала каго спатыкала са старых знаёмых. Мястэчка ў міжчасе разраслося, але жыхарамі яго былі новыя людзі, пераважна тыя, што прыехалі з акалічных вёсак. Шмат хто выехаў быў у Польшчу на так званыя Ziemie odzyskane29. На гэтыя землі варочаліся й вывезеныя бальшавікамі ў далёкі Сібір ці Казахстан жыхары Будслава. Наш дзядзька Адольф вярнуўся зь сям’ёй, хоць ня цэлай, у Слупск. У Казахстане засталася Валіна першая дачка, якая там памёрла. Васілевічы прыехалі ў Цеханаў. Таксама ня ўсе, бо старая Васілевічыха памёрла ў Казахстане. Не вярнуўся назад зь Сібіру малодшы сын Краўчонкаў Юзік. Памёрла на Сібіры Анця Грышкевіч. Не было між жывымі Генюся Чантарыцкага, Франі Грышкевічыхі, Чэся Васілевіча. Апошняга забралі бальшавікі, як толькі прыйшлі ў Будслаў, і сьлед па ім загiнуў. Ян Краўчонак ад заканчэньня вайны да сёньняшняга дня знаходзіцца ў Польшчы ў шпіталі для псыхічна хворых. Жывуць у Польшчы Юзя Чантарыцкая й Тамаш Грышкевіч. Загінуў у Савецкім Саюзе Ўладзiслаў Альшэўскі. Памёр у дарозе на Сібір сакратар гміны Жалундкевіч.

29 Ziemie odzyskane (польск. вернутыя землi) — усходненямецкiя тэрыторыi, якiя пасьля другой сусьветнай вайны паводле рашэньня саюзьнiкаў адышлi Польшчы як кампэнсацыя за Заходнюю Беларусь i Заходнюю Ўкраiну. Дарэчы, гэтыя тэрыторыі засялялiся пераважна т.зв. рэпатрыянтамi, сярод якiх было шмат беларусаў i ўкраiнцаў, што ратавалiся ад бальшавiзму.

Адведваў нас у Будславе кс. Антон Дулінец, які таксама доўгія гады быў на Сібіры й вярнуўся з „раю“ амаль што разам з намі. Ён знаў амаль усіх ксяндзоў-беларусаў і сам быў беларусам. Казаньні ў касьцеле гаварыў па-польску, але ўводзячы цэлыя беларускія сказы. Ужо ён не жыве, памёр па дарозе з плябані ў касьцёл. Упаў і больш не падняўся. Гэта здарылася пасьля нашага выезду ў Польшчу.

Цяжка было нам пакідаць роднае мястэчка ды расставацца з братамі й дзядзькамі. Заставаліся ў Будславе магілы нашых дарагіх бацькоў.

Сьвятой памяці Эдвард Будзька, залаты чалавек, i ягоная сям’я праз усе гады маёй вучобы ў гімназіі ды на ўнівэрсытэце памагалі мне матэрыяльна ды ў цяжкіх хвілінах падтрымлівалі на духу. Цяпер дарогі нашыя разышліся, але працягваецца надалей прыязь, доказы якой маю на кожным кроку: i надалей апякуецца мною, як сваёю, сям’я Будзькавых. Адплачваю ім за ўсё гарачай малітвай, бо толькі так магу адудзячыцца за іх добрае сэрца, за памяць пра мяне. Адначасна застаюся такой, як была ў Вільні, — шчырай беларускай, якая нэрвуецца й церпіць, калі пачуе хаця б насьмешку зь беларускае мовы ці народу. А які боль задае сэрцу вестка пра мучаніцкую сьмерць якога-небудзь дзеяча беларускага, гэтага й апісаць немагчыма.

Публікацыя Iлоны Ўрбановіч-Саўкі й Зьмітра Саўкі


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Разьвітаньне з Будславам

()

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle

Скачать мультимедию?

подняться наверх ↑

ДАЛЕЕ выбор читателей

Загрузка...
подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY


Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY на Ютубе, в VK, в FB, Одноклассниках и Инстаграме чтобы быстро узнавать о лучших публикациях и важнейших событиях дня.