Чырвоныя зь зялёным i чырвоныя зь белым. Агляд літаратурных часопісаў 2001 году

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2022)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Чырвоныя зь зялёным i чырвоныя зь белым. Агляд літаратурных часопісаў 2001 году. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь глазами птиц HIT.BY! Звёздная жизнь KAHANNE.COM Беларусь в Инстаграме


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-27

АВТОР: Данiла Жукоўскi

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №6 2001 ГОД


Даніла Жукоўскі

інжынэр, публіцыст, жыве ў Горадні. Публікуецца ў газэтах “Наша Ніва” і “Наша Слова”. Аўтар артыкулу “Пасткі на хайвэі постмадэрнізму” ў “ARCHE-Скарына”, № 4-2001.

1.

Мне даводзiлася чытаць у “Полымi” агляды лiтаратурных часопiсаў, i я дагэтуль дзiўлюся з iхнiх аўтараў. Яны пя­шчотна парадкавалi пiсьменнiкаў, драматургаў i паэтаў у шэрагi i калоны адпаведна з векам i родам дзейнасцi. Яны з любасцю сачылi за жыццём i працаю сваiх паддоглядных, за развiццём кожнага таленту. Яны адсочвалi выхад новых кнiжак i цiкавiлiся творчымi планамi. Яны, нарэшце, шукалi паказчыкi, што характарызуюць лiтаратурнае жыццё ў цэлым — г.зв. лiтаратурны працэс.

Часамi гэта нагадвала справаздачу старшынi калгасу або дырэктара заводу: па вершах у гэтым годзе рост у якасцi i колькасцi, па прозе ў малых формах рост у колькасцi, па вялiкiх формах — у якасцi, па драматургii не дацягнулi, выправiм у наступным i г.д.

Але для чытання могуць быць i iншыя матывы. Чаму б у якасцi своеасаблiвае iнтэлектуальнае прыгоды не пагартаць беларускiя лiтаратурныя часопiсы — а раптам знойдзецца нешта вартае ўвагi. Тут i момант надаўся: пачатак стагоддзя (пра тысячагоддзе не згадваю, бо гэта ўжо манiя велiчы), дзесяцiгоддзе незалежнасцi краiны — усё схiляе азiрнуцца, каб зрабiць нейкiя высновы.

Нялёгка сёння аўтару стварыць рэч, якая прыцягне шырокую ўвагу. Няма грамадскага ўзрушэння, калi твор можа стацца фокусам новых iдэяў, няма сытага стабiльнага жыцця, якое схiляе да чытання дзеля забавы ды пашырэння кругагляду. Адно хiба ёсць — адчуванне, што агромнiстыя перамены, якiя адбылiся напрыканцы мiнулага стагоддзя, яшчэ не зразуметыя i не асэнсаваныя.

Ёсць два спосабы распавесцi пра такое “падарожжа”: сумленна несумленны (яго мы будзем збольшага прытрымлiвацца) — з гледзiшча звычайнага чытача, то бо’ несумленна, iгнаруючы ўсё, што з розных прычынаў не прыцягнула ўвагi, — і несумленна сумленны: з пазiцыi адмыслоўча-калекцыянерскай найважнейшай ёсць паўната, таму належыць старанна i сумленна вывучаць усё, не зважаючы на такiя рэчы, як даступнасць i прыцягальнасць.

А варта ўвагi, што першым уражаннем ад часопiсаў ёсць iхняя недасягальнасць. Такiя выданнi, як “Калосьсе” цi “Пра­вiнцыя”, напачатку толькi й пашанцавала, што хуценька перегарнуць, патрымаць у руках. Чацвёрку больш знаных лiтаратурных часопiсаў (“Полымя”, “Маладосць”, “Крынiца”, “Нёман”) можна атрымаць у чытальнай зале, а дадому ўжо за грошы. Там жа ёсць некалькi нумароў ARCHE, якi бiблiятэкарка на ангельскi манер называе АРЧ’ам. Трэба мець вялiкую цягу да беларускае лiтаратуры, каб “спажываць” яе на такiх умовах.

Упартыя пошукi выявiлi ў Гораднi чатыры шапiкi, дзе можна сустрэць асобныя нумары гэтых выданняў. Трэба зазiрнуць на найцямнейшыя палiцы ды разгледзець сярод пярэстых вокладак шэрыя кнiжачкi “Крынiцы”, або рудыя — “Полымя”, цi белыя — “Мала­досцi”. (“Нёман” выяўлены не быў.) На маё шчасце, сустракалiся не толькi апош­нiя нумары “Полымя” i “Крынiцы”, але й ранейшыя — па знiжаных цэнах. Дзякуй Богу, не спiсалi!

Усё гэта ставiць пытанне пра рэкламу. Лагiчна прапанаваць, каб лiтаратурныя перыёдыкi прадавалiся ў беларускiх аддзелах кнiгарняў не толькi ў Менску.

2.

Традыцыйна агляды часопiсаў пачынаюцца з паэзii. Вершаў шмат, паэзiя ў нас, беларусаў, неблагая — з тэхнiчнага боку. Iншая справа, што застаецца ў галаве i ў душы пасля прачытання вершаў. Найчасцей толькi тое, што адвечныя матывы i вобразы жывыя, як і сто, трыста цi дзве тысячы год таму. Каханне (пачуццё, што ў рух пускае зоры), хараство прыроды, Радзiмы, роднае мовы, аналiз эмацыйных станаў чалавечай душы — калi чытач прагне гэтага, ён, безумоўна, усё гэта знойдзе ў досыць вялiкай колькасцi i цалкам нармальнае якасцi, у выкананнi дасведчаных ветэранаў, сталых майстроў i пачаткоўцаў. Iншая справа, што падчас чытання такiх твораў мне анi разу не пашчасцiла забыцца, што пра гэта я ўжо чытаў раней.

Ёсць у вершах грамадзянскiя матывы, што выклiкае станоўчыя, хаця й стрыманыя, пачуццi. Паэтычныя старонкi “Полымя” i “Маладосцi” ўтвараюць нават своеасаблiвы дзённiк водгукаў на самыя розныя падзеi, якiя нейкiм чынам трапiлi ў поле ўвагi паэтаў. Трапiўся верш ­М. Дуксы “Стук падводнiкаў”, прысвечаны катастрофе расiйскай атамнай падлодкі “Курск” (Полымя, 3-2001):

Як вы не чуеце?

Цi вы спецыяльна аглухлi?

Цi ваша ўвага на iншы аб’ект перанесена?

Б’емся аб корпус,

сцюдзёны, нямы i патухлы,

мы галавой утрапёнай —

не проста жалезiнай.

Але гэта хутчэй кур’ёз (што праўда, афарбаваны трагiчна).

Ёсць вершы пра нашы беларускiя справы. Васiль Зуёнак (Полымя, 5-2001) пiша пра надыход новага тысячагоддзя:

Усё, што мелi, застаецца з намi:

I праваслаўе, з’едзенае моллю,

I нацзачыстак хiжае нутро,

I мовы iншамоўнае бязмоўе,

Як антыбеларускае таўро...

Прыемна, што творы з грамадскiм гучаннем з’яўляюцца ў друку, але яны не гучаць, схаваныя на старонках тоўстых часопiсаў з iхняй абмежаванай аўдыторыяй. Iм бы з трыбунаў гучаць, у жывым выкананнi аўтараў! Тады б не так заўважалася паўтарэнне матываў i заклiкаў, якое доўжыцца не адзiн год i будзе працягвацца яшчэ невядома колькi:

А мы яшчэ вагаемся,

Нiбыта

Не ведаем: на ростанях нягод

Наш гiмн

Не песня —

Вечная малiтва

За Беларусь

I за яе народ.

(В. Зуёнак “Гiмн”)

Дзiўна, што такiя розныя па ўзроўнi i тэматыцы вершы апынулiся на адной старонцы. Дзiўна, але вельмi характэрна для “Полымя” i “Маладосцi”.

Сёння ўплыў высокiх словаў на сiтуацыю ў краiне, мякка кажучы, абмежаваны. Гэта ставiць перад паэтамi па­трабаванне адысцi ад просталiнейных плакатных схемаў да больш аналiтычнага адлюстравання грамадскiх з’яў i настрояў. Паспяховае вырашэнне гэтае задачы яшчэ наперадзе. У вершах, прысвечаных канкрэтным падзеям, заўважная празмерная рэпартажнасць (выразна гэта адчуваецца ў вышэйзгаданага сп. Дуксы). Факты трапляюць у радок, не прайшоўшы паэтычнае апрацоўкi. Я не заклiкаю па­соўвацца аж так далёка, як Яраслаў Нерад з апавядання Чапека “Паэта”, але верш i фотаздымак — рэчы розныя, хай сабе абодва могуць быць творамi мастацтва. Станоўчы прыклад спалучэння iнтэ­лектуалiзму i пачуццёвасцi — верш Галi­ны Булыкi “Вяртаецца мода...” (Крынiца, 9-2001):

Вяртаецца мода,

бо трызняцца ў шафах

шкiлетам

мундзiрна пакроены час

i акопная золь.

Лампасяцца словы,

cусалiцца бляск эпалетаў,

і поўнi гербоў

атакуе

сусветная моль.

Старонкi “Крынiцы”, прысвечаныя паэзii, з iхнiм спалучэннем твораў паэтаў з водгукамi крытыкаў i калегаў — са­праўдная прапаганда паэзii i нават ейная рэабiлiтацыя. Дарэчы тут згадаць пра матэрыял Г. Дубянецкай (Крынiца, ­9-2001), прысвечаны перакладу слыннага верша П. Верлена “Arte poetique”:

Хай верш твой будзе светлай авантурай,

Што прывiдам на золку мкне да зор,

Трымцiць — i пахне, пахне ў iм чабор...

Ўсё iншае — з лiтаратуры.

Трэба вучыць не толькi пiсаць, але й чытаць паэзiю. У “Крынiцы”, мне здаецца, гэта зразумелi. Найпрыемнейшая з прык­метаў — наяўнасць у водгуках не толь­кi камплiментаў, але й заўвагаў. Гэтак, у падборцы (7-2001), прысвечанай ­Л. Дранько-Майсюку, змешчаны допiс Дз. Серабракова, якi дасцiпна i востра атакаваў паэтава какецтва, зусiм не адмаўляючы ягонага таленту. Але й без кры­тычных шчыпкоў i выспяткаў (хоць яны, як на мой густ, вельмi дарэчы) звычайная грунтоўная размова, падмацаваная канкрэтнымi творамi паэты, стварае выдатную магчымасць супаставiць тое, што знаходзяць адмыслоўцы i калегi, з непасрэднымi ўражаннямi ад прааналiза­ваных твораў. Гэта на карысць што чытачам, што аўтарам. Шкода, што iншыя часопiсы, у тым лiку тыя, што быццам свядома арыентуюцца на выкладчыкаў i навучэнцаў, аддаюць перавагу традыцыйным спосабам публiкацыi, калi творы i iхняе абмеркаванне сепараваныя адзiн ад аднаго, разнесеныя па розных рубрыках i нумарах.

Для паэтычнага раздзелу “Правiнцыi” характэрная менавiта правiнцыйнасць. Паэтычныя творы тут хутчэй прэзентуюць аўтара, а не разгортваюць нейкую мастацкую iдэю. На агульным фоне прыемна вылучаюцца тэхнiчнаю дасканаласцю вершы Ю. Гуменюка. Першы нумар “Правiнцыi” (пазначаны 2000-м годам, але да чытача дайшоў у 2001-м), увогуле, можна назваць удалым: ён iдэальна адпавядае назве, сапраўды прэзентуючы правiнцыйных аўтараў з тыповаю для правiнцыялаў увагаю да кожнага свайго чалавека, з большаю, у параўнаннi са сталiчнымi выданнямi, свабодаю для творцаў. Пра iншае, акрамя манiфестацыi “Мы ёсць, мы — такiя”, гаварыць пакуль рана.

Пра падкрэслена iнтэлектуальную паэзiю Андрэя Хадановiча (Крынiца, 1-2001) трэба сказаць асобна. Нiбыта гарэзлiвае дзiця размантавала творы вялiкiх папярэднiкаў i складае з iх, як з частак канструктара, новыя. Уражанне — незвычайнае. Вось як выглядае смерць у фiнальных радках санету “Першае спатканне”:

Джакондаю ў гагарынскiм аблiччы

ўсмiхаецца la belle dame sans sourcils:

паехалi, маўляў, — нiхто ня клiча!

Дарэчы, аўтар крыху перастараўся, паставiўшы эпiграф з Мiцкевiча ў мове арыгiналу: “Jedџmy, nikt nie woіa”. Аба­знаныя ў польскай культуры зразумеюць такую алюзiю i без эпiграфу.

Гэта сеанс адначасовай гульнi выкладчыка лiтаратуры сп. Хадановiча з сусветнаю лiтаратураю — гульні жвавейшай i весялейшай, чымся змрочныя вядзьмарствы Х. Борхеса, але гэткай жа амбiцый­най (нездарма паэт гэтак цiка­вiцца гарацыевым “Помнiкам”).

Пытанне, якое найчасцей насоўваецца пры першым поглядзе на новыя вершы гэтага аўтара, — як доўга ён яшчэ пратрымаецца, колькi здолее балансаваць памiж магутнай стыхiяй знанага ды непазбыўным жаданнем выказаць сваё? Наколькi хопiць творчых сiлаў шукаць новыя аблiччы спрадвечнага:

Ты б мог сягнуць вышэй за пiрамiды,

але ў кампутары Семiрамiды

твой сад завiс яшчэ ў палеалiт.

Гадуючы жыгучку i дзядоўнiк

чакаеш, пакуль з’явiцца садоўнiк,

якi нацiсне “ctrl”-”alt”-”delete”.

(“Паслямова”)

На сёння крыжовая выправа ў шырокi лiтаратурны свет паспяхова працягваецца, адкрываючы для чытача нечаканыя магчымасцi беларускага слова. Што праўда, уласцiвая паэту падлеткавая гарэзлiвасць часам падаецца празмернай. Iншы раз хочацца спынiць стракаценне запазычаных словаў, у якiх губляецца аўтарская думка. Але на ягоную карысць у моры паэтычнага “дэжа вю” гаворыць аргумент Кiма з аднайменнага рамана Кiплiнга: “He is new”.

Вершы Аркадзя Моркаўкi (гэта ягонае сапраўднае прозвiшча, а не “селянiзаваны” псеўданiм), паэта часоў юнацтва нашае лiтаратуры (Крынiца”, 2-2001), зусiм iншыя, але не менш уражваюць сваёю свежасцю:

Разгарнулася ўрачыста глыбiня

мiжзорнай далi,

Брыльянцiстымi дажджамi

разлi­ваецца абшар.

Хай яшчэ раз чысцiнёю

песнi лiрнае уславiць

Лiчбы зораў, пырскi сонца

ўсхваляваная душа.

У цэлым жа паэзiя застаецца абмежаванаю i тэматычна, i тэхнiчна, што не заўсёды выклiкана нейкiмi цэнзурнымi меркаваннямi, але звыклай iнерцыяй. А што гэта за вершы, калi яны напiсаныя па iнерцыi?

3.

Кароткае апавяданне, як самы дэма­кратычны жанр, вартае асаблiвай увагi.

Рэдкаю ўласцiвасцю iнтрыгаваць чытача вызначаюцца кароткiя апавяданнi Л. Маракова (Крынiца, 1-2001 — “Iва­ноў”, Полымя, 6-2001 — “Бацька i сын”, “Настаўнiк фiзiкi”, “Першага верасня”, “Мальбара-Лайтс”). Чытаюцца яны лёгка, пакiдаючы ў душы жаданне чытаць далей, i кожны можа адшукаць у іх нешта для сябе, без прыкрасцi пазнаёмiўшыся з усiмi. Галоўнае, што прыцягвае, — аўтар даводзiць мэтазгоднасць барацьбы з Лi­хам. Ягоныя героi змагаюцца за сваю годнасць — i хаця яны не заўсёды перамагаюць, iхнiя высiлкi не выглядаюць марнымi.

Iншыя апавяданнi неяк не затрыма­лiся ў памяцi, хаця аўтары — людзi вядомыя: Васiль Быкаў (Полымя, 1-2001 — “Ве­лiкоднае яйка”), Вячаслаў Адамчык (По­лымя, 2-2001 — “Броне­камiзэлька № 36”), Барыс Пятровiч (Крынiца, 5-2001 — “Кнiга”, “Веласiпед”, “Каханне”, ”Клiнi­ка”).

Для чытання мiнiяцюраў А. Кiрвеля (Полымя, 9-2001 — “Рэквiем”, “Калi-небудзь”, “Ключы на запас” i iнш.) патрабуецца адпаведны настрой. Некаторыя творы ўспрымаюцца як чарговая варыяцыя на даўно адпрацаваную тэму (“Не дажыць” I. Сiдарука ў “Правiнцыi”). У асобных адштурхоўвае аўтарская пазiцыя (Ю. Станкевiч, Крынiца, 9-2001 — “Усе дзецi любяць бананы”, “Коткi ў бiблiятэцы”). Найвялiкшая таямнiца нашай лiтаратуры: чаму ў нас так мала твораў, якiя проста прыемна i цiкава чытаць?

4.

Аповесць Андрэя Федарэнкi “Нiчые” (Полымя, 3-2001) прыемна вылучаецца на агульным фоне.

Найперш гэта ўдалы гiстарычны твор. Аўтар дамогся высокай ступенi матэрыяльнасцi ў адлюстраваннi мi­нулага. Знаўца знойдзе хiбы i памылкi, але немагчыма адмовiць пераканаўчасцi малюнку. Апрацаваўшы мемуары i гiстарычны матэрыял пра Слуцкае паўстанне, А. Федарэнка здолеў на гэтай аснове стварыць вобразы без iдэа­лагiчнага грыму. Сюжэт аповесцi, угрунтаваны ў сведчаннях су­часнiкаў, адыходзiць ад iхнiх крайніх iн­тэр­прэтацыяў, што надае яму, улiчваючы навуковую нераспрацаванасць пытання, амаль правакацыйны характар. Разам з тым, пiсьменнiк не манiпулюе фактамi, дазваляючы сабе толькi iнтэрпрэтацыю з пазiцыі, багацейшай гiстарычным досведам прамiнулых дзе­сяцiгоддзяў.

У аповесцi “Нiчые” найцiкавейшая менавiта сталая прысутнасць за кадрам праблематыкi дня сённяшняга. Вобразы ўдзельнiкаў слуцкiх падзеяў лёгка праектуюцца на сучаснасць. На камернай сцэне ў дэкарацыях Слуцкага павету 1920 году адбываецца тое, што праз семдзесят год паўтарылася на мiнскiх плошчах i ў Авальнай зале Дому ўраду. Што я не самотны ў такiм разуменнi “Нiчыiх”, па­цвярджае звышасцярожная рэцэнзiя да­сведчанага А. Марцiновiча ў “ЛiМе” (19.10.2001), напiсаная гэтак узважана, гэтак абачлiва, быццам гаворка ў аповесцi пра iнтымнае жыццё дзеючага кiраўнiка Адмiнiстрацыi прэзiдэнта, а не пра падзеi васьмiдзесяцiгадовае даўнiны, вядомыя нам (у тым лiку й рэцэнзенту) адно з кнiжак.

Жаўрыд, якi палымяным словам дамагаецца немагчымага, адольвае перашкоды, адмаўляючы iхняе iснаванне. Чайка, якому не пад сiлу гэткае духоўнае практыкаванне, якi бачыць безнадзейнасць справы, за якую ўзяўся, i зайздросцiць тым, хто, перакананы ў адваротным, аддаўся радаснаму ўзрушэнню. Гэтая п’еса ставiлася ў Беларусi не аднойчы. Часта драма пераходзiла ў трагедыю i анi разу ня мела шчаслiвага канца. Выявiць глыбiнныя прычыны гэтага — дапамагчы нацыi стацца нацыяй, але лячэнне не мо­жа не быць балючым.

А. Федарэнку, несумненна, будуць па­пракаць за недахоп патрыятызму, прынi­жэнне герояў Бацькаўшчыны, за сiмпа­тыю да апартунiстаў. Дагэтуль эпiзоды барацьбы за нацыянальнае вызваленне i дзяржаўную незалежнасць разглядалiся ў нас пераважна ў гераiчным ракурсе. Некаторыя аўтары спрабуюць карнавалi­заваць нават калабарацыю ў акупаваным фашыстамi Менску (С. Балахонаў, “Смерць лютнiсты” — ARCHE, 2-2001). Аўтар “Нiчыiх” адкiдае рамантычныя спрашчэннi.

Аповесць кранае фундаментальную праблему развiцця беларускага грамадст­ва — ягоную палiтычную нясталасць. Юнац­кi максiмалiзм, слабая арганi­за­ва­насць, дзiцячая падатнасць на пра­вака­цыi, практычная адсутнасць прадуманай загадзя стратэгii i несумненная чысцiня iдэалаў складаюць у аповесцi i падмурак канфлiкту, i падмурак палi­тычнай няўдачы. Твору, магчыма, не стае глыбiнi, але тут вiнаваты хутчэй часопiсны фармат. Шмат у чым гэтая аповесць нагадвае эцюд, у якiм позiрк толькi прадчувае магчымае хараство вялiкага твору. Яна можа легчы ў аснову раману, калi характары герояў атрымаюць большую глыбiню i дыялектычнасць. Я перакананы, што Чайку нельга адмаўляць у беларускiм нацыяналiзме. Проста яму сорамна пры­знацца ў гэтым перад сабою, бо ён не верыць у рэалiзацыю iдэяў БНР i яму страшна штурхаць людзей на пакуты i смерць у iмя таго, што бачыцца прывiдам.

Лучнасць мiнулага з сучасным пакiдае рыску ў памяцi чытача, але не яна першапачаткова змушае ўчытацца ў аповесць. Перш ідзе цiкавасць да гiсторыi. Аўтар вельмi старанна пазбягае асветнiц­кага тону. Гiстарычныя звесткi падаюцца ашчадна i выконваюць хутчэй функцыю эмацыйнага ўздзеяння, чымся iнфарма­вання, асцярожна рассоўваючы iмглу вакол некалькiх вёсак на “нiчыёй” зямлi памiж польскiм i бальшавiцкiм войскамi (для чытача — але не для герояў, якiя робяць свой цяжкi выбар ува ўмовах страшэннага дэфiцыту iнфармацыi).

Абраная А. Федарэнкам мадэль стварае нязручнасцi для тых, хто не трымае ў галаве асноўных гiстарычных фактаў пра слуцкiя падзеi, але дапамагае захоўваць неабходны для чытання тэмп развiцця дзеяння ды з’яўляецца сродкам выказвання аўтарскае пазiцыi. Аўтар заклiкае чытача спачуваць сваiм героям i вучыцца на iхнiм прыкладзе, што напаўняе невялiкую i нескладаную ў пабудове аповесць асаблiвым зместам.

Нельга зусiм не згадаць i пра раман ­В. Iпатавай “Альгердава дзiда” (Полымя, 9, 10-2001), пазнавальна “iпатаўскi”, які, аднак, на мой погляд, крыху саступае ранейшым творам пiсьменнiцы з прычыны спрошчанай iнтрыгi i празмернай “легендызацыi” гiстарычных падзеяў.

5.

Пра цiкавыя творы пiшацца лёгка, а пра нецiкавыя шмат гаварыць няма ахвоты. Праўда, тое, што не зацiкавiла мяне, можа захапiць iншага. Іншая справа — творы, што пiшуцца на цёмна-шэрым фо­не чорнаю фарбаю з барвовымi адцен­нямi, творы, ад якiх вее безнадзейнасцю, сметнiцкiм смуродам i п’яным перагарам. Лёгка зразумець, адкуль у аўтараў бяруцца такiя думкi, але цяжка апраўдаць iх, калi яны не толькi дазваляюць iм вылiцца на паперу, але й на меру свайго таленту iмкнуцца надаць вобразам адчаю i безнадзейнасцi як мага большую выразнасць i сугестыўнасць.

Найбольш вядомы з “чарнушнiкаў” Ю. Станкевiч. Новыя навелы (“Крынiца”, 9-2001) не патрабуюць нiякага карэктавання ацэнак, што давалiся раней (Arche-Скарына, 2-2001). Трохi iначай бярэцца за справу Франц Сiўко ў аповесцi “Ўдог” (По­лымя, 6-2001). Позiрк Станкевiча скi­раваны ў будучыню. Ён грунтуе свае змрочныя малюнкi ў сучасных праблемах распаду савецкага грамадства, а на даля­глядзе бачыць орды чужынцаў-прыхадняў, якiм наканавана канчаткова знi­шчыць тубыльцаў. Ф. Сiўко зазiрае ў мi­нулае i стварае канцэпцыю своеасаб­лiвага “шкоднiцтва” чужынскага элементу дзеля згубы беларускае нацыi, якое цягнецца стагоддзямi (першы эпiзод прывязаны да паўстання 1863 году).

Варта ўвагi, што ў абодвух аўтараў шкоднiкi маюць досыць выразную этнiч­ную характарыстыку, якая выступае як тлумачэнне, скуль родзяцца iхнiя пякельныя намеры. Таксама этнiчнаю рысаю выглядае бездапаможнасць ахвяраў. Та­кiм чынам, ёсць адказы адразу на ўсе пытаннi, акрамя аднаго: “А што ж ра­бiць?” Да гонару нашых песiмiстаў, яны не прапагандуюць той “паслядоўнай” пра­грамы, якая лагiчна вынiкае з iхнiх тлумачэнняў паходжання Лiха ў Беларусi — i не дзiва, бо яна выглядала б небяспечна. Горай, што яны, як здаецца, увогуле не бачаць патрэбы ў праграме барацьбы са злом, або дакладней — не вераць у яе магчымасць.

Аматары чорнае фарбы — эскейпiсты з мазахiсцкiм ухiлам — не хочуць шукаць выйсця з цяжкога становiшча. Iм менш балюча маляваць з’явы шчэ больш жудасныя, чым рэчаiснасць. “Чарнушнiкi” прын­цыпова адрознiваюцца ад аўтараў, якiя iдуць шляхам вострай сацыяльнай кры­тыкi i гратэску (прыкладам, Я. Палубятка ў “Прыгодах Мармулка” ў “Кры­нiцы”, № 4, 5-2001). Лiха ў iхнiх творах пазбаўляецца сацыяльнае прывязкi, набываючы характар метафiзiчнага гаспадара гэтага свету. Роля чалавечай iстоты чыста пасiўная, Ю. Станкевiч, здаецца, адмаўляе ёй нават у магчымасцi ўратаваць душу. Менш за ўсё на свеце клапоцiць “чарнушнiка” поспех змагання з Лiхам. Застаецца пытанне: а навошта гэта чытачу?

6.

У часопiсах 2001 году вiдаць добрая тэндэнцыя: пераклады на беларускую мову нарэшце зрабiлiся часткаю культурнага жыцця. Яны — неад’емны складнiк канцэпцыi такiх выданняў, як “Крынiца”, “Правiнцыя”, “ARCHE”, але з’яўляюцца i ў “Полымi” (“Нiхто не дасць нам вызвалення” С. Пясэцкага, 6-2001). Вядома, пра сапраўдны росквiт перакладнiцкае дзейнасцi сёння можна толькi марыць. Для гэтага патрэбныя карэнныя змены на лiтаратурным рынку. Iстотная, аднак, якасная змена ў стаўленнi да перакладаў, па-новаму асэнсаваная iхняя каштоўнасць для беларускае літаратуры. Доказам гэтаму не толькi перыёдыка, нагадаем самы яскравы ўзор: В. Сёмуха, дзякуючы сваёй нястомнай працы пе­раклад­чыка, бясспрэчна, стаiць нароўнi з най­буйнейшымi сучаснымi беларускiмi пiсь­меннiкамi.

Найiстотней, што перакладныя творы, прэзентаваныя часопiсамi, хочацца прачытаць, хаця ў большасцi выпадкаў якасць перакладаў не заслугоўвае, на жаль, адзнакi “выдатна” (на “добра з плю­сам” можна ацанiць пераклады ­В. Буйвала з Умберта Эка i Г.Г. Маркеса ды Л. Баршчэўскага — з Г. Бёля). Адчуваецца дэфiцыт перакладаў, або, як кажуць эканамiсты, “рынак вытворцы”. Засваенне спосабаў працы з iмi ў рэдакцыяў яшчэ наперадзе.

Але працэс пайшоў! Эсэ Умберта Эка (Крынiца, 5-2001), навелы амерыканскiх пiсьменнiкаў (Крынiца, 9-2001), чэх Б. Гра­бал (“Правiнцыя”) цi далёкi нова­зеландскi сатырык А.К. Грант (Крынiца, 10-2001) — пошукi ў скарбнiцы сусветнае культуры пакрысе робяцца (зноў робяцца, дакладней) спосабам асэнсавання ўласна­ беларускiх праблем. Часам захапленне аўтарытэтам нават пераходзiць межы таго, што лiчыцца нармальным у наш час (даўжэзнае эсэ А. Астраўцова “Не казка, а мiф” (Крынiца, 3,4,6-2001) цалкам пры­свечанае пераказу некаторых канцэпцый К.Г. Юнга, думкам жа самога аўтара месца амаль не засталося). Але, у прынцыпе, гэты факт трэба вiтаць. Пераклады разбiваюць сцяну нашага няўмення па­раўноўваць сябе з iншымi i вучыцца на прыкладзе iншых.

Пра беларускiя справы немагчыма забыцца, чытаючы Пясэцкага (дзеянне адбываецца ў Беларусi ў рэвалюцыю i першыя паслярэвалюцыйныя гады), цi артыкулы Х. Артэгi-й-Гасэта (Крынiца, 3-2001), цi апавяданнi Г. Бёля (“Мой сумны твар”, Крынiца, 01-2001). Дзякуючы перакладам сама беларуская мова нарэшце пачынае не фармальна, а насамрэч выконваць функцыю iнструменту сусветнае культуры ў Беларусi.

Узмацненне пазiцый перакладу ёсць выразнай прыкметай свабоды. Тое, што гэты працэс iдзе надзвычай павольна, характарызуе беларускую калялiтаратурную супольнасць не з лепшага боку, але працэс набiрае моц i робiцца сталым важкiм культурным чыннiкам.

Беручы ў рукi часопiс з перакладнымi творамi, маеш амаль 100 % упэўненасцi, што знойдзеш нешта цiкавае. Iншая справа, што гэткi стан ня можа трымацца доўга: праз нейкi час чытача ўжо нельга будзе задаволiць самым фактам перакладу — ён запатрабуе якаснага перакладу цiка­вага твору.

7.

Дык што прапануе нам сёння беларуская лiтаратура для асэнсавання жыцця ды тых зменаў, што адбылiся ў апошняе дзесяцiгоддзе? Што спрабуюць пiсьмен­нiкi дадаць да створанага раней?

Даследуецца перадусiм феномен свабоды, яе ўздзеянне на чалавека i грамадства. Можна адрознiць два метады. Першы: практычнае даследаванне магчымасцяў, створаных новай сiтуацыяй большай свабоды, найперш — у iнфарма­цыйнай сферы. Тут i сярэднявечнае захапленне назапашанай iншымi мудрасцю, i суперсучаснае абыходжанне з чужымi тэкстамi ў традыцыях постмадэр­нiзму, i грунтоўнае даследаванне гiсторыi, i непрыхарошаныя малюнкi сённяшняга дня. Аўтары карыстаюцца магчымасцю глы­бокага i бесстаронняга вывучэння пы­тання ды дазволенасцю шчырага, не па­збаўленага суб’ек­тыўнасцi выказвання. Гэта апты­мiстычны метад, бо ён адвольна i мiжвольна акцэнтуе менавiта станоўчыя бакi новае сiтуацыi.

Другi засяроджваецца на дэ­ман­стра­цыi праблемаў жыцця ва ўмовах свабоды. У цэнтры ўвагi асоба ў транс­фармацыi пад уплывам магутных грамадска-палiтычных чыннiкаў. Свабода не заўсёды добра ўплывае на чалавека, таму нельга адмовiць аўтарам у нейкай рацыi. Iншая справа, засяродзiўшыся на вынiку, яны недаравальна часта трактуюць пытанне пра прычыны павярхоўна. Страчваецца найважнейшая функцыя лiтара­турнага твору — тлумачыць.

Лёгка знайшлi ўваход у лiтаратуру вонкавыя прыкметы новага ладу жыцця (як квiнтэсенцыю можна тут прыгадаць “Прыгоды Мармулка” Я. Палубяткi (Кры­нiца, 4, 5-2001)), але надзвычай марудна i з неверагоднымi цяжкасцямi iдзе працэс пераасэнсавання вартасцяў. У жыццi ён зайшоў нашмат далей, лiтаратура ж адстае настолькi, што героi часам выглядаюць як акторы, якiя граюць малазразумелую iм п’есу (як у савецкiм тэатры пра замежнае жыццё).

Беларускiя пiсьменнiкi выявiлiся мала падрыхтаванай да надыходу свабоды групай грамадства. Мiж радкоў iхнiх твораў занадта часта чытаецца разгубленасць. Пе­ра­важаюць непераканаўчыя дэкларатыўныя спасылкi на неакрэсленыя агульначалавечыя каштоўнасцi — цi ўвогуле на Бо­га. Занадта агульныя гэта адказы, каб вы­клiкаць сапраўдную цiкавасць у чытачоў.

Праблемай стала “чарнушнiцтва”. Небяспека яго, на мой погляд, недаацэньваецца гэтак жа, як пераацэньваецца ягоная непазбежнасць. Пра памылковасць гэткага падыходу добра напiсаў Кастусь Травень (“Наша Нiва” за 12.11.01). Самая вялiкая бяда беларускай “чарнухi” ў тым, што яна заступае сабой сацыяльную крытыку, падмяняе асэнсаванне жыццёвых праблем абсурдам.

Зрухi ёсць. Яны выразна вiдаць на пры­кладзе “Крынiцы” цi “ARCHE” з іх больш сучаснай канцэпцыяй (у адрозненне ад закасцянелай акадэмiчнасцi “Полымя”), з іх сур’ёзнай, але чытэльнай крытыкай, ахайнай мовай i больш выразным шрыфтам.

“Крынiцу” можна чытаць як часопiс — “Полымя” i “Маладосць” гартаеш, каб пазнаёмiцца з творамi, што ў iх змяшчаюцца. У першым выпадку вiдаць праца рэдакцыi над кампаноўкай кожнага нумару, у другiх — хутчэй цiск шматгадовае традыцыi.

Мастацкiя творы ў “тоўстым” “ARCHE” вызначаюцца эксперыментальнасцю i наватарствам, на якiя неспрактыкаваны чытач-дылетант не заўсёды рэагуе станоўча. З iншага боку, нiдзе так не адчуваецца iмкненне рэдакцыi пераадолець апрыкрыя савецкiя стэрэатыпы нашага пры­гожага пiсьменства. Утрымацца ад перагiбаў цяжка, i ў нешырокiм коле аматараў беларускага чытання “тоўсты” “ARCHE” адрасаваны яшчэ больш вузкаму колу iнтэлектуалаў ды асобаў са сна­бiсцкiм ухiлам. У нейкiм сэнсе гэта “Полымя” наадварот. Супрацьлегласцi сыхо­дзяц­ца, i ў вынiку чытэльнасць спажыўцу, як i ў выпадку “Полымя”, даво­дзiцца вызначаць асобна для канкрэтнага нумару.

Пiсаць трэба для чытача — думка ня новая i нават у нейкiм сэнсе папулярная, але пакуль, як пiшуць у газетах, “незапа­трабаваная”. Аўтары (за нешматлiкiмi выняткамi) не адольваюць гэтай вышынi. Нягуста i твораў са смелай грамадзянскай пазiцыяй. У “абноўленай” уладнымi захадамi “Крынiцы” вы ўжо не сустрэнеце “Рабунькi” сп. Наварыча.

Чаго нагвалт не хапае ўсiм лiтаратурным часопiсам, дык гэта смеху — кепiкаў, жартаў, рогату, але найбольш — спакойнай мудрай усмешкi ды самаiронii. На агульным фоне “Камедыя памылак” Сянкевiча (Крынiца, 3-2001) цi “Стары новы год” C. Астраўцова ў “Правiнцыi” выглядаюць нейкiмi дыяментамi добрага настрою.

Трывалага аптымiзму знаёмства з лiтаратурнымi часопiсамi не выклiкае. На сёння перад iмi стаяць тры вялiкiя праблемы: даступнасць, надзённасць i чытэльнасць. Ёсць зрухi, якiя могуць абнадзейваць. Ёсць лiтаратурная грамада — людзi, якiя могуць гэтыя зрухi падтрымаць. Але што адбудзецца насамрэч, сказаць цяжка.

Справа тут у нейкай прынцыповай незаймальнасцi бальшынi твораў беларускiх пiсьменнiкаў. Гэта, як згадвалася раней, сапраўдная таямнiца нашае лiтаратуры (а не часопiсаў). Адна справа — дапамагаць настаўнiку беларускай лiтаратуры, памятаць пра патрабаваннi педагогiкi, пазбягаць непрыстойнасцяў, iншая — рабiць стаўку на школьны прымус як адзiны спосаб выжывання беларускай лiтаратуры. Неяк галоўны рэдактар “Полымя” прызнаўся, што часопiс свядома арыентуецца на настаўнiкаў i навучэнцаў. Гэта мо’ й добра, але мне згадваецца замежная показка: “Наша кампанiя дамаглася, каб школьныя ланчы выдавалiся дзецям у зялёных пакетах з чырвонаю аблямоўкай, якiя выкарыстоўваюць нашы канкурэнты для сваiх тавараў. Пакуль дзецi падрастуць, яны з нянавiсцю будуць глядзець на зялёныя пачкi i потым будуць купляць толькi нашы — чырвоныя з белым”.


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Чырвоныя зь зялёным i чырвоныя зь белым. Агляд літаратурных часопісаў 2001 году

()

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle

Скачать мультимедию?

подняться наверх ↑

ДАЛЕЕ выбор читателей

Загрузка...
подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY


Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY на Ютубе, в VK, в FB, Одноклассниках и Инстаграме чтобы быстро узнавать о лучших публикациях и важнейших событиях дня.