Спакуса светлага мінулага

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Спакуса светлага мінулага. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-27

АВТОР: Дзмітры Затонскі

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №5 2001 ГОД


Дзмітры Затонскі — літаратура­знаўца, акадэмік НАН Украіны, загадчык аддзелу заходняй літаратуры і кампаратывістыкі Інстытуту літаратуры НАН Украіны. Апошняя кніга — “Авс­трійський літературний феномен” (1998).

І ў нас ва Ўкраіне, і на іншых постсавецкіх прасторах з пабудовай новай дзяржаўнасці не клеіцца не ў апошнюю чаргу таму, што ў галовах мільёнаў сядзіць прасцюткае меркаванне, якое часам хтосьці выказвае ўголас: “Раней я атрымліваў(ла) 120—130 рублёў у месяц і неяк круціўся…” Адсюль ужо само сабой выходзіць: трэба вярнуць былое жыццё, няхай нават з усімі яго заганамі, бо гэтыя 120—130 тады ўсё-такі плацілі штомесяц… Толькі на ім — гэтым няхітрым і, здавалася б, бясспрэчным меркаваннейку — трымаецца львіная доля сімпатыяў да камуністаў наагул і да сканалага Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік у прыватнасці: тады, маўляў, што й казаць, было кепска, але цяпер яшчэ горш. І часткова гэта, на жаль, амаль праўда…

А мне, аднак, карціць гэтую праўду аспрэчыць. Не, не ідэю, што тады ўсім нам быццам бы было “лепш” (гэта, у рэшце рэшт, справа густу), а тое, ці магчыма штосьці з гэтага мінулага вярнуць. Ды дзеля “чысціні эксперыменту” звярнуцца нават не да айчыннага прыкладу, а да расійскага. Дзякаваць Богу, ён яшчэ своечасова з’явіўся…

1.

У маскоўскай газеце “Известия” 14 траўня 1998 году (нумар 86) з’явіліся два водгукі на артыкулы Сяргея Кавалёва “Якія мы дэмакраты — такая ў нас і “дэмакратыя” ды “Правы чалавека як нацыянальная ідэя”, надрукаваныя тутсама трохі раней (нумары 68, 69). Гэта той самы Кавалёў, што адседзеў як праваабаронца доўгі тэрмін у савецкіх канцлагерах, потым быў прыбліжаны прэзыдэнтам Ельцыным і некаторы час нават выконваў пры ім функцыі ўпаўнаважанага па правах чалавека, потым — галоўным чынам праз сваё непрымірэнчае стаўленне да вайны ў Чачэніі — патрапіў у няласку і зноў нібыта “дысідэнцтвуе”. Водгукі ацэньваюць артыкулы Кавалёва дыяметральна су­працьлегла. Гэта, уласна кажучы, зусім не дзівіць: рэдакцыя, што клапоціцца пра падпісчыкаў, зацікаўленая сутыкаць розныя пазіцыі, а іх не бракуе, з-за таго, што шматпакутнае постсавецкае грамадства расколатае.

Пенсіянер Аляксандр Кавалёў, ва ўсім згодны са сваім славутым фаміліянтам, між іншага піша: “Мы моўчкі пагаджаемся з павышэннем квартплаты, кошту розных паслугаў, павышэннем цэнаў на ўсё… Калі нашых інтарэсаў не абараняе Канстытуцыя, то трэба ўнесці неабходныя змены (курсіў мой. — Аўт.), якія па-над усім ставілі б правы чалавека”. Вось як усё проста: “унесці змены” — дый годзе! Баюся, Аляксандр Кавалёў страшна здзівіцца, а можа й абразіцца (бо, напэўна, лічыць сябе дэмакратам), пачуўшы, што гэтая яго прапанова ў сутнасці сваёй наскрозь бальшавіцкая. Бо чым жа яна прынцыпова адрозніваецца ад “эпахальнага” рашэння бальшавікоў — вось так проста, ні з пушчы ні з поля, аддаць заводы й фабрыкі рабочым, а зямлю — сялянам, адабраўшы, ясная рэч, у былых законных гаспадароў?

Вось жа, чытач Кавалёў, як і бальшавікі ў 1917 годзе, зусім не пераймаецца эканамічным складнікам праблемы: г. зн., ці акупіцца яго патрабаванне знізіць цэны на ўсе камунальныя паслугі й наагул на ўсё? З чыста чалавечага погляду такое патрабаванне, што й казаць, справядлівае; але ці можна здзейсніць яго ў дадзеных канкрэтных абставінах, ці не будзе ад яго больш шкоды, чым карысці, ці не зруйнуе яно канчаткова й так разладжаны сацыяльны арганізм? І калі б Аляксандр Кавалёў раззлавана спытаў мяне, а хто й навошта цэны гэтыя, з прыбыткамі працоўных зламысна не лічачыся, так непрапарцыянальна падняў, — я адказаў бы (напэўна, у абсалютнай згодзе з ісцінаю): ды тыя ж самыя бальшавікі гэта й зрабілі — акурат тады, калі, не зважаючы не толькі на дэмакратыю й справядлівасць, але й на навуку й нават на просты здаровы розум, “раздалі” заводы, фабрыкі ды зямлю работнікам ды сялянам…

Затым шчодрым “падарункам” завалодала дзяржава-дыктатарка, пачаўшы выціскаць з ашуканага вернападданага больш сокаў, чым раней гэта атрымлівалася ў капіталіста ці пана. Але гэтая дзейнасць палітычна ўсёмагутнай дзяржавы з выключнай лагічнасцю вяла да кволасці (калі не да поў­най стагнацыі) і ў справах эканамічных. Бо ўсялякая дыктатура па самой сваёй сутнасці няўклюдная, дурнаватая, кансерватыўная, безыніцыятыўная й таму прынцыпова чужая прадпрымальніцтву й проста здароваму розуму. Таму цяперашняя нашая супольная постсавецкая нікчэмнасць — гэта непа­срэдны вынік залпаў крэйсера “Аўроры” і ўсяго, што пасля іх сталася. І за цяперашнія вар’яцкія цэны на электраэнергію пенсіянеру Кавалёву належала б спытаць з Леніна, Сталіна і ўсіх тагачасных камісараў не менш сурова, чым з прэзідэнта цяперашняй Расіі, парламентарыяў і міністраў, хаця й тыя шмат чаго нарабілі, наламалі дроваў дый накралі таксама. Значыцца, не трэба зацыклівацца на выніках, грэбуючы прычынамі.

Пра адказнасць за цяперашнія несусветныя цэны герояў рэвалюцыі ды грамадзянскай вайны я згадаў толькі таму, што пабудова антынатуральнага грамадства, якім, безумоўна, быў наш Савецкі Саюз, проста не магла не абумовіць і антынатуральнасці постсавецкіх умоваў існавання, у тым ліку й пэўнай “немагчымасці” больш ці менш нармальнага выйсця з зачараванага кола застарэлых абсурдаў. Мы — постсавецкія — пасаромілі Гегеля, які некалі казаў, быццам “усё разумнае — сапраўднае, і ўсё сапраўднае — разумнае”, таму што завялі сябе ў згубную багну Утопіі. Яна, як і любая утопія, не паддаецца рэалізацыі, але мы, насуперак усяму, яе ўсё-такі “рэалізавалі” — хай, можа, на чвэрць ці на асьміну, ды яшчэ цаною надзвычайных мук і злачынстваў. А цяпер, калі нашая Утопія ўсё ж такі развалілася (не магла не разваліцца, бо надта ненатуральная), ужо ніхто не ведае, як вярнуцца на “бальшак” Гісторыі. І тут нам нават і дасведчаны Захад не надта дапаможа: ён такога “не праходзіў”, у такі гістарычны тупік сябе не заганяў.

2.

Цяпер звернемся да другога водгуку на артыкулы ў газеце “Известия”. “Асабіста мне страшна ад “праваабароны” Сяргея Кавалёва”, — рэзюмуе сваю нязгоду з ім навуковы работнік Юлія Масіна. Не падумайце, што яна абра­зілася за савецкую ўладу, — не, спадарыні Масінай, што паходзіць з дарэвалюцыйнай прафесарскай сям’і, наадварот, больш падабаецца старая перадрэвалюцыйная Расія: “Я чытаю артыкул праваабаронцы Кавалёва й адчуваю жахлівую нянавісць не да савецкага рэжыму, не, да той самай Расіі, якую я заўсёды любіла й люблю… Пафас яго артыкулу накіраваны супраць “візантыйска-ардынскай” дзяржаўнай, праваслаўнай Расіі”.

Прыхільны да Сяргея Кавалёва ягоны фамільянт, разважаючы пра сённяшняе ўбоства, што паразіла ўсю постсавецкую прастору, палічыў за лепшае наагул не браць да ўвагі Кастрычніцкую рэвалюцыю; затое яго апанентка, відавочна, бачыць у ёй нейкі д’ябальскі, нічым, акрамя ліхой волі жменькі змоўнікаў, не справакаваны бунт. Можа, у той “дзяржаўнай, права­слаўнай Расіі” ўсё было як мае быць, пакуль на яе не панасядалі зламысныя Ленін і Троцкі? Не было прайгранай расійска-японскай вайны, ленскіх расстрэлаў, Крывавай нядзелі, хваляванняў у Пецярбургу, царскага адрачэння, часовых урадаў князя Львова й Керанскага? Я, прынамсі, не ў стане іншым чынам растлумачыць сабе зноў-такі напраўду “бальшавісцкую” ўпартасць, з якою Юлія Масіна абвінавачвае ў прыхільнасці да савецкага рэжыму праваабаронцу, што гадамі пакутаваў у савецкіх канцлагерах… Дальбог, яе нянавісць нічым іншым, як палкаю вераю ў Богам дадзеную абранасць старой ды вечнай “візантыйска-ардынскай” Расіі, не растлумачыш…

Тым часам, на мой погляд, перадрэвалюцыйная Расія ўжо стала на шлях вызвалення ад “візантыйска-ардынскай” багададзенасці, але далёка прайсці па ім не здолела: бальшавікі апярэдзілі Мамантавых, Траццяковых, Цярэ­шчанкаў. Аплакваць гэты факт сёння няма ніякага сэнсу. Што трэба, дык гэта вырашыць для сябе, ці варта да яго вяртацца (да чаго, на маю думку, вельмі схільная апанентка Сяргея Кавалёва), ці працягваць тое, што распачалі Траццяковы й Цярэшчанкі.

3.

Я прагледзеў водгукі на артыкулы Сяргея Кавалёва перш, чым самі артыкулы, бо аўтары водгукаў, адразу беручы быка за рогі, самім характарам сваіх памылак — ці то зневажаючы Кастрычніцкую рэвалюцыю, ці то пера­кручваючы яе прычыны, — больш кантрастна адцяняюць дыскутаваную праблематыку.

Назва першага артыкулу Кавалёва “Якія мы дэмакраты — такая ў нас і дэмакратыя” досыць дакладна акрэслівае яго змест. Гэта, уласна, абвінава­чанне, якое глыбока расчараваны чалавек кідае грамадству, дзеля дабра якога ён доўгія гады правёў у турмах, а ва ўзнагароду атрымаў толькі холад абыякавасці альбо, што горш, глухое неразуменне. Грамадства, лічыць Кавалёў, быццам кажа свайму рупліўцу: “Мэты вашыя былі ілюзорныя й завялі Расію ў тупік, горшы за той, што быў некалі”. У мэты гэтыя ён яшчэ верыць, а вось у людзей, якім належала б іх рэалізаваць, ужо не. “У чым рэч? — дакарае ён чытачоў. — Вам лянота была патраціць два-тры выхадныя, каб выцягнуць сваю краіну са сметніку?” (гэта пра яўку на мітынгі). Нібыта й пра­вільна ўсё, але, з іншага боку… Як і ягоны саюзнік-фаміліянт, Сяргей Кавалёў не жадае браць да ўвагі, што ў Расійскай імперыі з яе пракаветным “візантыйска-ардынскім” духам, які змяніла ленінска-сталінская рэвалюцыя, дэмакратычнай свядомасці не было адкуль узяцца.

У Еўропе яна так ці інакш пачыналася яшчэ з рымскага права. Рым з неабходнасці стварыў імперыю, ні да адной папярэдняй, дый да шматлікіх наступных, не падобную. Да яе свет ведаў толькі ўсходнія дэспатыі, дзе законам збольшага было нічым не рэгламентаванае царскае свавольства. Нават грэкі ў сваіх заваёвах кіраваліся пераважна ім. Але рымлянам — і праз іх практычную натуру, і праз характар спадарожных абставінаў — абысціся без правапарадку было ніяк немагчыма, калі яны хацелі даць рады ўсяму заходнееўрапейскаму ды міжземнаморска-блізкаўсходняму арэалам. Правы ў рымлянаў і варвараў не былі, зразумела, роўнымі, але правамі (і ў роўнай ступені абавязкамі) былі надзеленыя ўсе. Толькі гэта й надало рымскаму праву унікальную трываласць: яно й дагэтуль ёсць падмуркам правасвядомасці ледзь не ўсяго цывілізаванага свету.

Еўрапейскі феадалізм (не кажучы ўжо пра азіяцкі) спачатку больш рабіў стаўку на нерэгламентаваны гвалт; ды яго паволі, крок за крокам пачалі ўтаймоўваць гарады, зацікаўленыя ў развіцці вытворчасці й гандлю. Першымі сваіх няўрымслівых каралёў утаймавалі ангельцы — і зрабілі гэта так даўно, што брытанская правасвядомасць здольная трымацца на прэцэдэнце. Таму гэтая краіна й па сённяшні дзень абыходзіцца без канстытуцыі.

Ангельскія перасяленцы прывезлі з сабою сваю правасвядомасць у Амерыку, але там, у спецыфічных умовах гвалтоўнага цывілізавання кантыненту, спачатку пышна расквітнеў культ правоў адначасова з выразным ігнараваннем абавязкаў. Затое сёння, здаецца, няма на зямлі краіны (акрамя, мабыць, ужо згаданай Англіі), дзе правы чалавека былі б так высока шанаваныя асобнымі грамадзянамі й так няўхільна падтрыманыя ўладаю. Гэта здзяй­сняецца, мабыць, без цвёрдай унутранай патрэбы (бо грамадскі арганізм ЗША не чужы гвалту), але затое з вартым захаплення “аўтаматызмам”.

Гэтага “аўтаматызму” постсавецкім сістэмам перадусім і не стае. Я сказаў бы нават, што яны пазбаўленыя яго наагул. Нашыя адміністрацыйныя органы ці судовыя інстанцыі, каб выконваць свае прадуглежданыя законам функцыі, асабліва калі ідзе гаворка не пра штось штодзённа-руціннае, звычайна патрабуюць дадатковых стымулаў. Не, не абавязкова хабару, але хаця б асабістага знаёмства, чыйгось заступніцтва, ды хаця б настойлівых, пачцівых просьбаў зацікаўленых асобаў. Я ўжо не кажу пра тое, што справядліваму рашэнню цалкам можа стаць перашкодаю чыё-небудзь тэндэнцыйнае су­працьдзеянне. І абурыцца на гэта найчасцей той, каго абышлі гэтыя даброты (безадносна да таго, ці меў ён на іх законнае права); рэшта ўсім гэтым не прасякаецца: звыклі, прыцярпеліся, нават бачаць у гэтым такую сабе “норму”.

Так было “заўсёды”: у імператарскай Расіі, у Савецкім Саюзе, так гэта выглядае й цяпер ва ўсіх постсавецкіх дзяржавах. Таму мне важна зразумець рэзюмэ другога артыкулу Сяргея Кавалёва: “І калі б нашыя рэфарматары не былі засяроджаныя на эканамічных зменах, а заняліся перш за ўсё стварэннем у Расіі эфектыўнай ды гуманнай прававой сістэмы, дык і да сацыяльна-эканамічных праблемаў пераходнага перыяду склалася б іншае, больш талерантнае стаўленне”.

Аляксандр II ды яго міністры пачалі рэфармаваць прававую сістэму, калі ў краіне ўжо склаліся асновы расійскага капіталізму, і сістэма, у адрозненне ад цяперашняй, запрацавала досыць зладжана й эфектыўна. Цяпер жа й тое мізэрнае, што было зроблена ў інтарэсах новай прававой сістэмы, адчувальнага плёну не дае. Цешу сябе надзеяй, што здолеў растлумачыць, чаму. І калі б было зроблена больш, то і расчараванняў бы толькі пабольшала.

Спадзяванні Кавалёва на дабратворнасць акурат неадкладнай ды шырокай судовай рэформы здзіўляюць тым больш, што ён сам не схільны пераацэньваць якасць традыцыйных расійскіх падыходаў да правоў чалавека. “Мы, — піша ён, — звыклі ставіцца да дзяржавы як да нейкай вонкавай сілы, якую мы можам па-дзіцячаму абагаўляць ці па-дзіцячаму ненавідзець, але за ўчынкі якой мы не нясём аніякай адказнасці. Але вось яна, дзяржава, адказвае за ўсё, уключна з надвор’ем”.

Зрэшты, я трохі прыкідваўся, кажучы, што мне зразумець Кавалёва складана: бо ён быў і застаецца праваабаронцам, і такая “спецыялізацыя” для яго — не толькі справа густу. “У апошнія дзесяцігоддзі існавання савецкага рэжыму, — піша ён, — грамадская думка звярнулася не да падполля, не да гвалтоўнага супраціву, а да права”. Так яно сапраўды й было, толькі вось не адразу зразумееш чаму. Магчыма, пад якім-небудзь уплывам Захаду, а можа, праз несвядомае жаданне выкарыстаць найбольш “дэмакратычную” сталін­скую канстытуцыю супраць ужо заняпалага рэальнага сталінізму? Але толькі не праз дарослую правасвядомасць — вось яе якраз на постсавецкай прасторы не было й няма.

4.

Дык што ж усё-такі рабіць? Актыўна брацца за рэфармаванне прававой сістэмы ці фарсіраваць перабудову эканомікі? Думаю, тут не трэба шукаць альтэрнатываў: перабудаваць належыць усё й па магчымасці адначасова. Пры гэтым не забываючы, аднак, пра надзвычай істотнае, найдзвычай неабходнае “падстрахоўванне” ўсяго праекту, каб, пакуль мы рэфармуем нашую сістэму, не ўсе, хто яшчэ дагэтуль мае веру ды надзею, цалкам іх пазбыліся...

Але як сёння стаіць справа? “Аб’ектыўна” стала нібыта горш, чым было ў апошнія гады савецкай улады: бальшыня бядуе й не зводзіць канцы з канцамі. З’явілася, праўда, жменька багатыроў, але яны народ наш зусім не “стымулююць”, наадварот, выклікаюць у яго зайздрасць, нават нянавісць... Сталін памёр даўно, і ўсе гэтыя ГУЛАГі, “37-я гады”, дэпартацыі цэлых народаў пачынаюць здавацца ўжо нейкімі міфамі. Пагатоў вайну мы ўсё-такі вый­гралі, а цяпер зносім ад гэтых “іншаземцаў” бесперапынныя прыніжэнні. Што ж да брэжнеўскага застою, дык з цягам часу ён паціху пачынае здавацца нават чымсьці ледзь не “сімпатычным”. Дык, можа, хопіць нам ужо мучыцца? Вернемся лепш назад, сказаўшы сабе, што “не выйшла”.

Такія настроі не толькі існуюць, яны штодня павялічваюцца. А мы ж, відаць, і чвэрці шляху да жаданага дабрабыту яшчэ не прайшлі. Дык ці не лепш здацца на літасць якога-небудзь чарговага генерала, што пажадае ўехаць на белым кані?

Думаю, што магчыма толькі адно рашэнне, а менавіта: высветліць да канца ўсю сутнасць сканалай савецкай улады, і нават не столькі ў частцы яе колішніх злачынстваў, колькі ў частцы яе тагачасных патэнцыйных магчымасцяў, перадусім эканамічных і, адпаведна, палітычных. Трэ было б растлумачыць, што лад гэты ніхто не развальваў ні са злачынных, ні нават з высакародных прычынаў. Ён разваліўся сам, разваліўся пад цяжарам унутраных арганічных недахопаў, нявылечаных болек. Ці, што дакладней, калі найбольш адданыя яго прыхільнікі, канчаткова ўпэўненыя, што лад дыхае на ладан, прыняліся яго ратаваць, лекаваць, рэанімаваць. Тут ужо паўнябожчык не вытрымаў і сканаў.

Усё гэта трэба падаваць на аснове неаспрэчных фактаў, лічбаў, падлікаў: дзяржаўны доўг, мізэрнасць залатога запасу, непамернасць вайсковых выдаткаў, сабекошт вырабаў, вышэйшы за дапушчальную рынкавую цану, зношанасць абсталявання, безнадзейнае тэхналагічнае адставанне ва ўсім, акрамя, магчыма, ВПК і г.д. і да т.п.

І гаворка павінна ісці не пра нейкую разавую акцыю, а пра трывалую, мэтанакіраваную дзейнасць усіх сродкаў масавай інфармацыі, каб стварыць у насельніцтва абсалютна яснае ўражанне: шляху назад, у Камуністычную Утопію, проста няма. Такое яснае, каб кожнага пачала палохаць спакуса другі раз увайсці ў тую самую раку...

Пераклала з украінскай Марына Шода

паводле: Критика, №12 (14), снежань 1998.


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Спакуса светлага мінулага


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.