“Праект Украіна”: вынікі дзесяцігодзьдзя

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2022)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему “Праект Украіна”: вынікі дзесяцігодзьдзя. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь глазами птиц HIT.BY! Звёздная жизнь KAHANNE.COM Беларусь в Инстаграме


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-27

АВТОР: Тарас Возьняк

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №5 2001 ГОД


Тарас Возьняк (нар. 1957). Галоўны рэдактар часопісу “ІІ” (Львоў) (www.ji-magazine.lviv.ua). Загадчык аддзелу міжнародных сувязяў Львоўскае мэрыі. Філёзаф-гермэнэўтык. Пера­кладчык філязофіі і літаратуры. Лідэр львоўскага інтэлектуальнага кола.

1. Перадумовы ўзьнікненьня “дзяржавы Ўкраіна”

1.1. Крызыс і распад СССР

Несумненнай перадумовай узьнікненьня новай незалежнай дзяржавы з назвай “Украіна” стаў глыбокі крызыс савецкага грамадзтва, фактычная параза, якую нанесьлі СССР і ягонаму блёку ў “халоднай вайне”, альбо, як яе называюць, — “трэцяй сусьветнай вайне”, ЗША й іхныя саюзьнікі. Прычыны гэтага вельмі розныя — ад неэфэктыўнасьці грамадзкай арганізацыі да немінучага тэхналягічнага адставаньня. Іх сукупнасьць прывяла да глыбокай эрозіі нават рэшткаў камуністычнай ідэалёгіі, да татальнага цынізму, які ахапіў усё грамадзтва — ад вярхоў да нізоў.

Развал СССР быў немінучым. Аднак перад кіруючымі элітамі й самім народам паўстала праблема далейшае арганізацыі грамадзтва ці грамадзтваў. Апроч таго, партыйная намэнклятура змушаная была задумацца над тым, як утрымаць уладу і кантроль над эканомікай, як зьмяніць формы свайго праўленьня, каб захаваць status quo ante.

Для савецкай намэнклятуры паўстала некалькі пытаньняў:

ці выходзіць з крызысу

• праз радыкальную зьмену сацыяльнай арганізацыі грамадзтва (рэвалюцыйны праект);

• праз рэзкія грамадзкія зьмены накшталт “шокавай тэрапіі”;

• шляхам доўгіх паступовых зьменаў (эвалюцыйны праект);

• асобнымі рэгіёнамі адзінай краіны накшталт кітайскага шляху “дзьве сыстэмы, адна краіна” (інтэграцыйны праект);

• незалежнымі дзяржавамі і тэрыторыямі (дэзінтэграцыйны праект).

Апазыцыйныя антысавецкія сілы, якія не былі такімі ўжо й шматлікімі, складаліся з двух галоўных лягераў: тых, якія выступалі за максымальна шырокую дэмакратызацыю грамадзтва (умоўна назавем іх “дэмакратамі”), і тых, якія змагаліся перадусім за нацыянальнае вызваленьне народаў СССР альбо іхную самаідэнтыфікацыю, як гэта было ў выпадку, скажам, украінцаў ці расейцаў (умоўна назавем іх “нацыяналістамі”), хаця погляды гэтых лю­дзей што да будучага палітычнага ладу ўкладаліся ўва ўвесь палітычны спэктар ад дэмакратыі да таталітарызму.

Апазыцыянэрамі ў дачыненьні да плянаванай трансфармацыі грамадзтва на той момант былі, вядома ж, камуністычныя “артадоксы”, аднак тады яны былі фрустраваныя і не гатовыя ні да эфэктыўнай трансфармацыі, ні да эфэктыўнага супраціву пераменам.

Вось тыя галоўныя палітычныя сілы, якія неяк усьведамлялі патрэбу і неадкладнасьць зьменаў і шукалі магчымых шляхоў трансфармацыі або, прынамсі, свайго месца ў гэтым працэсе.

М. Гарбачоў прадстаўляў праект эвалюцыйнай грамадзкай і палітычнай трансфармацыі ў рамках адзінай дзяржавы (эвалюцыйна-інтэграцыйны праект).

У той жа час лідэры нацыянальных намэнклятураў, уключна з Б. Ельцыным, ірваліся да ўлады й незалежнасьці ад цэнтру й прадстаўлялі праект эвалюцыйнай (Краўчук) ці рэвалюцыйнай (раньні Ельцын) грамадзкай транс­фармацыі ў рамках параўнальна ці цалкам незалежных тэрыторыяў, дзе яны кантралявалі б увесь працэс (эвалюцыйна/рэвалюцыйна дэзінтэграцыйныя праекты).

“Дэмакраты” намагаліся абараніць утапічныя праекты рэфармаваньня СССР (А. Сахараў) у рамках дзяржавы адзінай ці неадзінай (эвалюцыйна/рэвалюцыйна інтэграцыйныя/дэзінтэграцыйныя праекты). Яны не рабілі націску на праблеме дэзінтэграцыі, больш дабіваючыся менавіта глыбокай дэмакратызацыі грамадзтва. Неяк больш увагі надавалася эканамічнай трансфармацыі. У той жа час практычна не вялася гаворка пра адміністрацыйную трансфармацыю. Такім чынам, галоўнай праблемай стала дэмакратызацыя і эканамічная рэформа, а шляхі авалоданьня і ўтрыманьня ўлады апынуліся па-за ўвагай.

Сёй-той з апазыцыянэраў процістаяў дзяржаве як такой — то бок, па сутнасьці, рыхтаваў грунт, каб апынуцца па-за працэсам палітычнай трансфармацыі. Пазьней высьветлілася, што адной толькі барацьбы за правы чалавека для зьдзяйсьненьня паўнавартаснай трансфармацыі замала. У працэсе зьменаў важна было сфармаваць сучасныя формы грамадзкіх стасункаў, мадэрновы грамадзкі мэханізм, які б канстытуяваўся ў новай украінскай дзяржаўнасьці. Ігнараваньне гэтых выклікаў часу прывяло ў будучым да практычнага адхіленьня з палітычнага працэсу тых, каго ў колах іншадумцаў можна было аднесьці да “дэмакратаў”.

У той жа час “нацыяналісты”, натуральна, адстойвалі праект дэзінтэграцыі СССР, ня надта цікавячыся іншымі аспэктамі трансфармацыі, а менаві­та пытаньнямі максымальнай дэмакратызацыі ці грамадзкай і гаспадарчай арганізацыі менавіта як базы для пабудовы новага эфэктыўнага грамадзтва (эвалюцыйна/рэвалюцыйна дэзінтэграцыйныя праекты). Для іх гэтыя праблемы былі не настолькі актуальнымі, бо разглядаліся толькі як сродак дзеля дасягненьня нацыянальнай незалежнасьці, або папросту ігнараваліся. Гэткая пагарда і прывяла да правалу менавіта гэтага напрамку ў будучыні. Ці не галоўная ўвага ў іхных праектах была зьвернутая да праблемы авалоданьня ўладай, а не трансфармацыі нацыянальнага грамадзтва ў сучаснае, палітычна й эканамічна эфэктыўнае. Па сутнасьці, яны згаджаліся на здабыцьцё ўлады ў фактычна існуючым соцыюме і будавалі выключна этатысцкі праект. Задаўшыся адно мэтай стварыць незалежную Ўкраінскую дзяржаву якімі заўгодна спосабамі, яны вельмі хутка паразумеліся з намэнклятурай, мяркуючы, што змогуць адолець яе, гуляючы паводле ейных правілаў на ейным жа полі.

Камуністычныя “артадоксы” не змаглі прапанаваць нічога лепшага за путч і гэтым толькі прысьпешылі працэс распаду СССР і крах прамежкавага гарбачоўскага праекту эвалюцыі ў рамках адзінай дзяржавы і эканомікі (кансэрватыўна-інтэграцыйны праект).

Якія ж праекты прапрацоўваліся ва Ўкраіне, і ці былі яны зьвязаныя зь іншымі існуючымі на той час праектамі?

Відавочна, што ва Ўкраіне існавалі ці нараджаліся два намэнклятурныя праекты — інтэграцыйны і вельмі памяркоўны дэзінтэграцыйны. Магчыма, што другі адразу не ўсьведамляўся як паўнавартасная дактрына, а паўставаў сытуацыйна. У той жа час інтэграцыйныя намэнклятурныя праекты існавалі і ў эвалюцыйнай (афіцыйнай) і ў камуністычнай “артадаксальнай” форме (як пэўная апазыцыя да афіцыйнага гарбачоўскага праекту). Стваральнікі гэтых праектаў адрозьніваліся тым, што рэальна валодалі хаця й паслабленай, але ўладай. Яны маглі рэальна, хаця й з пэўнымі агаворкамі, ажыцьцяўляць свае маштабныя, усёахопныя грамадзка-палітычныя праекты. У іх была магчымасьць і адміністрацыйны рэсурс падрыхтавацца да кардынальнага пераразьмеркаваньня ўлады і ўласнасьці, апрабаваць першыя палігоны вольнага прадпрымальніцтва на базе рознага роду каапэратываў, своечасова перакінуць туды фінансавыя і матэрыяльныя рэсурсы. Разам з тым, гэтыя формы намэнклятурнага гаспадараньня засталіся цесна прывязанымі да ўлады. Так рыхтавалася база для ажыцьцяўленьня праектаў постсавецкай намэнклятуры.

Кансэрватыўна-інтэграцыйны намэнклятурны праект быў перакрэсьлены путчам ГКЧП. Таму ўкраінскай намэнклятуры не засталося нічога іншага, як спрабаваць ажыцьцявіць эвалюцыйна-дэзінтэграцыйны праект. Рэвалюцыйнага праекту ў галіне эканомікі ўкраінская намэнклятура, нягледзячы на млявыя дэклярацыі пра нейкія эканамічныя рэформы, так ніколі і ня выпрацавала. Бо, відавочна, іх не патрабавала. Своечасовае і пасьлядоўнае ўвя­дзеньне вольнарынкавай эканомікі пазбавіла б яе магчымасьці пераразьмеркаваць уласнасьць на сваю карысьць так, як яна гэта зрабіла.

“Дэмакратаў” у чыстым выглядзе ва Ўкраіне было вельмі мала. На першым жа этапе трансфармацыі яны былі зацененыя больш шматлікімі “нацыяналістамі”.

“Нацыяналісты” на кароткі час авалодалі сытуацыяй пасьля путчу ГКЧП. Іхны дэзінтэграцыйны праект часова супаў з дэзінтэграцыйным праектам намэнклятуры, якая пасьпела пераарыентавацца. Але яны не валодалі аніякім адміністрацыйным рэсурсам, не надавалі сур’ёзнай увагі (нават у тых некалькіх абласьцях, дзе выйгралі выбары) праблеме стварэньня эканамічнай базы для ўлады празь пераразмеркаваньне ўласнасьці, рэсурсаў і фінансаў, максымальна актыўнага ўвядзеньня новых формаў гаспадараньня.

“Нацыяналісты” пасьпяшаліся заключыць таемнае пагадненьне з намэнклятурай дзеля стварэньня дзяржавы з назвай “Украіна”, не забясьпечыўшы і не стварыўшы сабе ў ёй ніякіх рэальных роляў, абапертых на рэальную эканамічную й палітычную базу. Тым самым яны быццам бы аддалі яшчэ нядаўна імпэрскай і адкрыта проціўкраінскай намэнклятуры “сакрамэнт незалежнасьці”. Неўзабаве гэта дало магчымасьць той самай намэнклятуры цалкам узурпаваць ідэю незалежнасьці, зьбіць палітычную напружанасьць у грамадзтве, сьпісаўшы няўдачы свайго пэрманэнтнага дзесяцігадовага праўленьня ў незалежнай Украіне на “дэмакратаў” і “нацыяналістаў”, і таму практычна цалкам выдаліць іх з палітычнай сцэны і адхіліць ад вялікага пераразьмеркаваньня ўласнасьці і ўлады.

1.2. База фармаваньня “дзяржавы Ўкраіна”

Адной з перадумоваў пасьпяховага дзяржавабудаўніцтва зьяўляецца самаўсьведамленьне пэўнай групы людзей як цэласнасьці. Пачуцьцё еднасьці можа фармавацца на рознай базе, але заўсёды патрабуе пэўнага часу. Не абавязкова кансалідуючым элемэнтам мае быць этнічная еднасьць, хаця канструкт еднасьці з часам можа прывесьці праз натуральныя доўгія асыміляцыйныя працэсы да фармаваньня новага ці абноўленага этнасу. Зрэшты, да гэтага можа прывесьці і прымітыўны захоп аднаго этнасу іншым і прымусовая ці добраахвотная асыміляцыя.

Якой з гэтага пункту гледжаньня была сытуацыя ўва Ўкраіне? Здабыцьцю незалежнасьці з-за жорсткіх ідэалягічных абмежаваньняў у СССР не папярэднічаў працэс працяглага фармаваньня абноўленага пачуцьця кансалідуючай еднасьці. Нават больш, савецкая прапаганда правакавала расколы нават ува ўкраінскім этнасе, ня кажучы ўжо пра рэшту насельніцтва УССР. У грамадзкай сьвядомасьці сфармаваліся іміджавыя канструкты “западэнцаў”, “бан­дэраўцаў”, “усходнікаў”, “хахлоў”, “маскалёў”. Адкрыта й таемна на дзяржаўным узроўні насаджалася нецярпімасьць да крымскіх татараў і жыдоў. Па сутнасьці, напярэдадні незалежнасьці ва Ўкраіне не было канчаткова сфармаванай супольнасьці, якую можна было б нават умоўна назваць укра­і­нскай палітычнай нацыяй. У значнай ступені ейнае насельніцтва было аб’яднанае толькі супольнасьцю тэрыторыі, зьберагаючы розную мэнтальнасьць, прыналежнасьць да розных палітычных канструктаў, культурных сьветаў.

Адзіным параўнальна кансалідуючым элемэнтам, апроч тэрытарыяльнага, была ілюзія магчымасьці хуткага выхаду са стагнацыі і крызысу шляхам адасабленьня ад непад’ёмнага СССР. Але будучыня гэтай новай супольнасьці бачылася ўсімі групамі насельніцтва па-рознаму, хаця мела аднолькавую знакавую назву “незалежная Ўкраіна”. У гэтым і палягала вялікая ілюзія, народжаная рэфэрэндумам аб незалежнасьці 1991 г. Усе нібыта галасавалі за адно і тое ж. Фармальна — так. Аднак па сутнасьці — не. Гэта ўсьведамляла посткамуністычная намэнклятура ўва Ўкраіне, якая ўжо тады, імгненна зарыентаваўшыся, належна правяла рэфэрэндум, узмацніўшы яго шырокай прапагандай, якая адрозьнівалася ў кожным з рэгіёнаў і абяцала ў кожным зь іх тое, да чаго ён імкнуўся. Вынік быў дасягнуты, але палітычная нацыя так і не паўстала.

Адначасова была ўпершыню закладзеная аснова для тых маніпуляцыяў з выбарамі, якія дасягнулі свайго апагею на рэфэрэндуме, што датычыў канстытуцыйных зьменаў 2000 г. Падобную тэналёгію падвойных і патройных стандартаў выкарысталі на ўсіх прэзыдэнцкіх выбарах, што й надалей замацоў­вала фактычную гетэрагеннасьць насельніцтва Ўкраіны, не вяло да сапраўднага кансэнсусу ці кампрамісу ў вырашэньні нацыятворчых заданьняў, а служыла толькі вырашэньню сытуацыйных задачаў.

Такім чынам, гетэрагеннасьць ня толькі замацавалася ў незалежнай Украіне як факт, але й пачала нарастаць. Розныя рэгіёны практычна не праяўляюць волі да збліжэньня альбо ўзаемнага зацікаўленьня. Прычым гэта датычыць і культурнага вымярэньня, і эканамічнага сэнсу. Адзіны эканамічны арганізм з-за крызыснасьці эканомікі і адсутнасьці хоць нейкага фармаваньня яе структуры праз рознага роду льготную палітыку практычна не ствараецца. Зрэшты, рэгіянальныя намэнклятуры на першым этапе нават супраціў­ляліся ўмяшаньню цэнтру ў пераразьмеркаваньне ўласнасьці ў іхных рэгіёнах.

Заходні рэгіён не адчуў практычна павальнай і ўжо нязьменнай русіфікаванасьці Поўдню і Ўсходу. Не была праведзеная грамадзкая дыскусія па гэтым пытаньні, грамадзтва не адрэфлектавала рэальны стан справаў. І ня толькі не ўсьвядоміла рэальнага стану справаў, але й ня выпрацавала супольнай, прымальнай для ўсіх (ці, прынамсі, большасьці) чальцоў грамадзтва стратэгіі, што ж рабіць далей з абвешчанай незалежнасьцю і імплікаванай тым самым палітычнай супольнасьцю і еднасьцю.

Невядома, на чым грунтаваць гэтую еднасьць. На супольнасьці лёсу? Эканамічным інтарэсе? Але ці існуе супольны агульнаўкраінскі эканамічны інтарэс? Нейкія формы кансэнсусу? Але ж няма мэханізмаў агульнанацыянальнай дыскусіі, якая павінна была б выпрацаваць яго. Украінскае грамадзтва застаецца разарваным. Мова? Але якая — тая, на якой размаўляе большасьць? У той жа час нават афіцыйны Кіеў так і ня змог усьвядоміць кансалідуючай ролі ўкраінскай мовы, ён і надалей успрымае яе крайне фармальна і халодна, ужо ня кажучы пра амаль спрэс расійскамоўнае ці хутчэй савецкамоўнае кіеўскае мяшчанства. Для яго не існуе фундамэнтальнай тэзы расій­скага палітоляга Сяргея Чарнышова, што Расія — гэта, перадусім, расійская мова, а не тэрыторыя, поліэтнічнае, полікультурнае насельніцтва, а тым больш ня тая ці іншая адміністрацыйная структура. У той жа час для адміні­страцыі “дзяржавы Ўкраіна” актуальнай зьяўляецца толькі тэза, што дзяржава — гэта адміністрацыя.

Адначасна ў такога дыфэрэнцыяванага насельніцтва, якое ня мае супольнае моўнае прасторы (практычная распалавіненасьць на расійска/суржыка- і ўкраінска/суржыкамоўнае насельніцтва), супольнае інфармацыйнае прасторы (яе практычна аддалі расійскім мэдыям, і большасьць грамадзянаў нашага грамадзтва насамрэч жывуць у расійскай мэдыя- і інфармацыйнай прасторы, пранікаючыся праблемамі дзяржавы Расіі, а таму зьяўляюцца больш “расіянамі”, чым украінцамі, у інфармацыйным сэнсе слова), не фармуецца ідэнтыфікацыя з гэтай дзяржавай. Доўгі час існуючае з украінскай незалежнасьцю становішча нават у фармальным сэнсе значнай часткай грамадзтва альбо не ўсьведамлялася (а гэта ўключае пэўныя абавязкі й абмежаваньні), альбо ўспрымалася як непрацяглы пераходны стан ці імітацыя незалежнасьці, альбо проста ўспрымалася скрайне варожа. Дзяржаўны праект ня стаўся істотным для значнай часткі насельніцтва. І нават больш — ні адміністрацыя, ні само грамадзтва так і ня выпрацавалі акцэптаванага бальшынёй “праекту Ўкраіна”, ён проста адсутны. Можна гаварыць пра пэўны брак “дзяржаўнага інстынкту”, калі такая тэрміналёгія прымальная для большасьці насельніцтва Ўкраіны.

Таму для фармаваньня нейкай супольнай базы вельмі важна ствараць ува Ўкраіне мэханізмы грамадзянскай супольнасьці. Ім павінна стаць грамадзтва, якое ўсьведамляе рэальнае становішча, выпрацоўвае сваё бачаньне будучыні, можа агучыць сваю дыскусію, мае рэальныя палітычныя і грамадзкія мэханізмы, каб правесьці выпрацаваны кансэнсус у жыцьцё. На жаль, тэмп пабудовы грамадзянскай супольнасьці ўва Ўкраіне падае, калі наагул не стагнуе. Адбыўся значны перакос у бок стварэньня алігархічнай мадэлі праўленьня з адназначным дамінаваньнем адной галіны ўлады, прадстаўленай інстытутам прэзыдэнцтва.

Адной з базаў, на якой можна было б пабудаваць дзяржаву, без усялякага сумневу зьяўляецца эканоміка. Ад СССР Украіна ўспадкавала ня цэльны самадастатковы арганізм, ці эканоміку, якая была б эфэктыўна каапэраваная зь нейкімі іншымі эканамічнымі сыстэмамі. Каляпс эканомікі ў постсавецкіх краінах, практычная ліквідацыя каапэрацыі з колішнімі краінамі Рады эканамічнай узаемадапамогі, абвешчаная, але так і ня зьдзейсьненая канвэрсія вайскова-прамысловага комплексу фрагмэнтавалі эканоміку Ўкраіны. Украінская эканоміка спынілася ня толькі з-за непатрэбнасьці ці неканкурэнта­здольнасьці сваёй прадукцыі, але і таму, што на тэрыторыі Ўкраіны засталі­ся толькі часткі некалі адзіных тэхналягічных цыклаў. Зацыкліць іх у межах Украіны таксама не атрымалася.

Разам з тым, у апошнія гады актыўна ідзе працэс фактычнай дэіндустрыялізацыі краіны. Ён супаў з працэсамі пераходу сусьветнай эканомікі ў постіндустрыяльную фазу і стварэньня новых інфармацыйных эканомікаў і грамадзтваў. Сыравінныя галіны і цяжкая прамысловасьць, якія былі разьвітыя ва Ўкраіне, ня маюць экспартнага патэнцыялу. У той жа час высокатэхналягічныя галіны, зарыентаваныя ў асноўным на вытворчасьць зброі, транспартнай авіяцыі, касьмічных апаратаў і г.д., натыкаюцца на рознага кшталту экспартныя/імпартныя абмежаваньні і палітычныя прыярытэты.

Складаецца ўражаньне, што насамрэч усе “стратэгічныя партнэры” Ўкраіны не зацікаўленыя ў аднаўленьні яе высокіх тэхналёгіяў як са стратэгічных (небясьпека аднаўленьня вайсковага патэнцыялу, які можа быць выкарыстаны праціўнікам), так і з канкурэнтных меркаваньняў (стварэньне сур’ёзнага канкурэнта на сусьветным рынку ня толькі тавараў, але й працы).

Нядрэннай базай для пабудовы эканомікі эфэктыўнай дзяржавы можа стаць яе “геапалітычна прамежкавы” характар. Калі ў вайсковым сэнсе Ўкраіна практычна апынулася паміж двух лягераў, што процістаяць адзін аднаму ў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропе, — НАТО і Ташкенцкай дамовай (што зьяўляецца крыніцай пагрозы), — дык у эканамічным сэнсе яна апынулася паміж ЭЗ і Расіяй зь ейнымі фактычнымі сатэлітамі (Расія+) як велізарнымі рынкамі і індустрыяльнымі ды сыравіннымі базамі. Праз Украіну праходзяць (ці маюць прайсьці) галоўныя транспартныя ці грузапатокі Ўсход-Захад (ЭЗ — Расія+ — Сярэдняя Азія — Далёкі Ўсход), Поўнач — Поўдзень (ЭЗ — Каўказ — Сярэдняя Азія). Магчымым рэсурсам зьяўляюцца праекты, зьвязаныя з транспартаваньнем нафты й газу як з Касьпійскага рэгіёну, так і з Паўночнай Эўропы ці Блізкага Ўсходу. Абодва надрэгіёны зацікаўленыя калі не ў кантролі, то прынамсі ўва ўдзеле ў гэтым транспартным вузьле Эўропы, які дзякуючы свайму геапалітычнаму транспартнаму значэньню мае найбольшыя ў Эўропе пэрспэктывы. Па ацэнках інстытуту Rendall, Украіна мае найвышэйшы ў Эўропе транзытны рэйтынг — 3,11 балу. Адцемім, што ў суседняй Польшчы гэты паказчык складае толькі 2,72 балу. Транзытны рэйтынг тэрыторыі той ці іншай краіны ўлічвае разьвітасьць разьмешчаных у ёй транспартных сыстэмаў і сетак, а таксама ўзровень і стан яе інфраструктуры [1].

1.3. Апазыцыйныя сілы

Адным з чыньнікаў, які ўплывае на стварэньне сучаснага ўкраінскага грамадзтва і “праекту Ўкраіна”, зьяўляецца структура апазыцыйных сілаў. Гэтая структура не зьяўляецца толькі сыстэмай апазыцыі, але й адлюстроўвае будучыя магчымыя пераразьмеркаваньні ўлады ці разломы ў грамадзтве й дзяржаве. Пераразьмеркаваньні ўлады ў цэнтры ці рэгіёнах адбываюцца тады, калі не задавальняюцца патрабаваньні нейкай часткі грамадзтва або палітычнай плыні. У той жа час, калі незадавальненьне лякалізуецца ў геа­графічных рэгіёнах, то гэта можа прывесьці і да рэгіянальных аўтанамісцкіх альбо нават сэпаратысцкіх тэндэнцыяў.

На сёньня ўва Ўкраіне адбываецца працэс скрайняе канцэнтрацыі ўлады. Дзяржаўная адміністрацыя на чале з прэзыдэнтам зрабіла высновы з папярэдняга пэрыяду практычнага двухуладзьдзя цягам усіх гадоў украінскай дзяржаўнасьці парлямэнцкай і прэзыдэнцкай галінаў улады. Судовая ўлада, на жаль, так і ня вызвалілася ад апекі дзяржаўнай улады і не разьвілася ў самастойную яе галіну. Пасьля стварэньня ўзімку 2000 г. у Вярхоўнай Радзе парлямэнцкай бальшыні была прыдушаная крыніца камуністычнай апазыцыі. Аднак, разам з тым, існуюць сымптомы таго, што і ўсякай апазыцыйнасьці наагул. Прэзыдэнцкая адміністрацыя зацьвердзілася, і ёсьць пагроза, што яна тым самым ня толькі псуе свой імідж у вачох заходніх партнэраў, але й стварае перадумовы для сваёй жа нестабільнасьці, яна не рэпрэзэнтуе ўвесь спэктар рэгіянальных элітаў.

Прэзыдэнцкая адміністрацыя ў асноўным прадстаўляе старую/новую кіеўскую бюракратыю, днепрапятроўскую групоўку і некаторых прадстаўнікоў ляяльных да яе іншых рэгіянальных элітаў. Нават больш, фармаваньне ўладных і бізнэсовых элітаў у рэгіёнах, што ня маюць свайго прадстаўніцтва ў адміністрацыі, адбываецца строга пад ейным кантролем. Сама сыстэма фармаваньня вялікіх капіталаў у рэгіёнах практычна выключае мажлівасьць іх незалежнасьці ад улады. З аднаго боку, “алігархі” намагаюцца апанаваць уладу як у рэгіёнах, так і ў цэнтры, але зь іншага — яны бяз санкцыі й змычкі з уладай немагчымыя.

Такая практычна поўная залежнасьць ад адміністрацыі і Кіева ў рэшце рэшт ня можа не сутыкнуцца з інтарэсамі рэгіянальных элітаў, якія выйшлі з рэгіянальных намэнклятураў. Перыядычна прэзыдэнт вымушаны ўтаймоў­ваць мясцовы намэнклятурны сэпаратызм і накіроўваць у рэгіёны сваіх стаўленікаў. Зараз гэты працэс практычна скончаны. Для гэтага ажыцьцяўлялася акрэсьленая заканадаўчая рэформа (пад інстытут кіраўнікоў дзярж­адміні­страцыяў была падведзеная канстытуцыйная база), праводзілася мэта­­накіраваная кадравая палітыка: была выбудаваная строгая прэзыдэнцкая выканаўчая вэртыкаль.

Такім чынам, ува Ўкраіне цалкам аформілася алігархічная форма праўленьня, якая тармозіць фармаваньне грамадзянскай супольнасьці і пазбаўляе пэрспэктывы эфэктыўнага рэфармаваньня ўкраінскую эканоміку. Алігархі рознага ўзроўню блякуюць цывілізаванае ўваходжаньне ўкраінскай эканомікі ў сусьветны рынак.

Несумненнай, хаця на дадзены момант практычна нікчэмнай з пункту гледжаньня сваіх магчымасьцяў, апазыцыяй існуючай структуры ўлады пасьля колькігадовага флірту зь ёй сталі дысыдэнты савецкага часу. Прычым і “нацыяналісты”, і “дэмакраты”. Зрэшты, у новай дзяржаве ім ужо няма месца. Сваю ролю, на думку постсавецкай намэнклятуры, яны ўжо адыгралі. Паддобрываньне эпохі Краўчука закончылася. Намэнклятура пасьпяхова прайшла працэс трансфармацыі і ўжо не патрабуе аніякага “прыкрыцьця”.

Відавочным апазыцыйным патэнцыялам валодае Заходняя Ўкраіна. Зараз расчараваньне й фрустрацыя насельніцтва не даюць магчымасьці гэтаму незадавальненьню ўвасобіцца ў нешта канкрэтнае. Аднак яно існуе й нара­стае. Для зьняцьця напругі адміністрацыі даволі доўга ўдавалася гуляць на гіпэрпатрыятычных настроях і ствараць ілюзыю, нібыта створаны новы палітычны арганізм зьяўляецца ажыцьцяўленьнем таго ідэалу, які Заходняя Ўкраіна песьціла цягам апошніх 100 гадоў. Цяпер робіцца ўсё больш відавочным, што гэта ня так, што роля гэтага гэтага рэгіёну ня толькі нязначная, але й штучна мінімізуецца ў дзяржаве наагул.

Падобныя працэсы адбываюцца і ў іншых рэгіёнах. Незадавальненьне, якое стрымліваецца фрустрацыяй і адміністрацыйнымі захадамі, дамінуе ў Крыме, у Адэсе.

Безумоўна апазыцыйным патэнцыялам валодаюць і пераважна расейска/суржыкамоўныя рэгіёны, этнічныя анклявы — татарскі, вугорскі, румынскі.

2. “Скрадзеная Ўкраіна”

Незалежнасьць дзяржавы Ўкраіна стала магчымай як супольнае тварэньне постсавецкай камуністычнай намэнклятуры, якая спачатку цішком, а пасьля ўсё гучней заявіла пра свае эксклюзіўныя прэтэнзіі на “рэгіён Украіна”, і кансэрватыўных, ці традыцыйных, украінскіх патрыётаў.

Адной з банальнасьцяў часоў незалежнасьці стала спасылка на рэфэрэндум аб незалежнасьці і ягоныя вынікі. Аднак, згадваючы мэтады падліку галасоў, якія не зьмяняліся на большай частцы выбарчых участкаў, задумаемся: за што ж тады галасавалі насамрэч? Бо галасавалі амаль усе. Але, як заўжды падчас рэвалюцыі, не за тое, чаго хацелі і што атрымалі.

Адны традыцыйна галасавалі за гіпэрпапулісцкія лёзунгі накшталт “Прэч намэнклятуру ад карыта”, ня маючы ніякага пазытыўнага праекту, апроч ідэалёгіі булгакаўскага Шарыкава, што зводзілася да простай максымы — “Всё поделить”. Зрэшты, гэта была яшчэ адна спроба ўвасобіць “рай на зямлі”, але ўжо ня ў рамках няўдалага праекту СССР, а ў больш сьціплых рамках “тэрыторыі Ўкраіна”.

Іншыя галасавалі за тое самае, але ў больш архаічнай ці кансэрватыўнай форме “раю на асобна ўзятай зямлі з назваю Ўкраіна”, дзе адразу, паводле прагнозаў Дойчэ Банку, павінен быў надысьці росквіт. У гэтым выпадку галасавалі за яшчэ адну ўтопію, лічачы, што ня працай ці крывёй, а простым галасаваньнем можна здабыць рай яшчэ пры сваім жыцьці тут, на зямлі.

Адначасова ўва Ўкраіне не сфармавалася сучасная “ўяўная супольнасьць” (паводле Бэнэдыкта Андэрсана). Розныя групы й рэгіёны так і не кансалідаваліся вакол нечага аднаго, прымальнага для ўсіх.

3. “Государство Украина”

Перахапіўшы нацыянальныя лёзунгі ў “патрыётаў” і “дэмакратаў”, намэнклятура захавала практычную ўладу ва Ўкраіне. Тым самым яна быццам бы атрымала пэўны тайм-аўт. Гэта дало ёй час на перагрупаваньне сілаў, перакідку капіталу, авалоданьне некалі агульнадзяржаўнай уласнасьцю, што было трапна названа “прыхватызацыяй”. Яна цалкам авалодала эканомікай. У дзяржкіраваньні засталася частка “старых кадраў”, але нямала іх перайшло ў бізнэс. Між іншым, хопіць намагацца іх адрозьніваць. Дагэтуль яны застаюцца практычна адзіным цэлым. Зьвязкай тут выступае менавіта адміністрацыя, якая кантралюе ўсё, што дзеецца ў нібыта прыватызаваным сэктары эканомікі.

Ненадоўга ў шэрагу пераважна заходніх абласьцей краіны ўсё-такі атрымалася ўсталяваць як пераходную форму пэўнае слабаразьвітое й інфантыльнае дэмакратычнае праўленьне, якое хутчэй нагадвала адсутнасьць улады. Тут яно ажыцьцяўлялася ўкраінскімі кансэрватыўнымі патрыётамі.

У першыя гады незалежнасьці Кіеў ня надта мяшаўся ў рэгіянальныя справы. У той час ішла асноўная барацьба за сталіцу, а тым самым — усю дзяржаву. У той жа час пасьля структураваньня ўлады, назапашваньня асноўных капіталаў, маргіналізацыі рэгіянальных элітаў дайшло і да страты ўлады ўкраінскімі кансэрватыўнымі патрыётамі нават у Заходняй Украіне. На сёньня практычна ўся ўлада кантралюецца дзяржаўнай адміністрацыяй з Кіева. Зрэшты, гэта можна ўважаць здабыткам, бо сытуацыя была б шмат горшай, калі б улада не кантралявала яе наагул, як, скажам, у Альбаніі, і тым самым прывяла да поўнай дэструкцыі грамадзтва і дзяржавы. У той жа час, пытаньне ў тым, якую частку ўладных паўнамоцтваў павінен мець цэнтар, а якую — рэгіёны, кожная з галінаў улады, і ці не прывядзе ўзурпацыя ўсёй паўнаты ўлады адной з галінаў, скажам прэзыдэнцкай, да аўтарытарызму і, нарэшце, ці не пашкодзіць гэта той галіне ўлады ды й дзяржаве наагул, альбо ці не прывядзе скрайняя цэнтралізацыя ўлады да ўзмацненьня рэгіяналісцкіх ці сэпаратысцкіх настрояў у рэгіёнах?

Праблема тут ня толькі ў Кіеве. Сталіца дзейнічае мэтадычна і прагматычна, хаця выключна на сваю карысьць. Уладу не змаглі ўтрымаць самі “нацыянал-патрыёты”. Ужо ад самага пачатку існаваньня дзяржавы пачалася ціхая вайна паміж дысыдэнцка-патрыятычным і дысыдэнцка-дэмакратычным крылом некалі адзінага апазыцыйнага руху. Дзеля нібыта тэрміновых патрэбаў захаваньня дзяржавы ў любых формах дайшло да адхіленьня з палітычнай арэны дысыдэнцка-дэмакратычнага крыла, якое рабіла націск на правах чалавека і агульных нормах дэмакратыі. “Нацыянал-патрыёты” гатовыя былі ня толькі ахвяраваць дэмакратыяй, але й пачалі калябаравацца з намэнклятурай. Гэта прывяло да іх поўнага выраджэньня і ўрэшце адхіленьня ад улады, пры якой яны пачалі выконваць хіба што дэкаратыўную функцыю.

Агульнай зьявай постсавецкае прасторы сталася крыміналізацыя ледзьве ня ўсіх сфэраў жыцьця, асабліва матэрыяльнай. Крыміналізацыя стала супольным творам намэнклятуры, якая занялася беспрэцэдэнтным некантраляваным распадзелам агульнанацыянальнай маёмасьці, і традыцыйнага крыміналітэту, які намэнклятура пачала выкарыстоўваць як інструмэнт і які сам заявіў пра ўласныя правы на пераразьмеркаваньне уласнасьці. Гэтаму спрыяла і паўпэрызацыя шырокіх масаў насельніцтва, якое не атрымала сваёй часткі ўласнасьці. Сэртыфікатная прыватызацыя сталася формай водкупу ад народу і пазбавіла яго фармальных падставаў на сваю частку пры пераразьмеркаваньні т.зв. усенароднай уласнасьці. Таму зьбяднелае насельніцтва ператварылася ў поле для рэкрутаваньня ўсё больш і больш шырокіх слаёў грамадзтва ў замкнутае крымінальнае кола.

Паслабленьне кантролю над дзяржаўнай уласнасьцю, асабліва ў традыцыйна прыбытковых сфэрах, прывяло на ўсёй постсавецкай прасторы да масавага прысвойваньня дзяржаўнай маёмасьці. У выніку ва Ўкраіне склалася сытуацыя, калі “прыкладна два дзясяткі сем’яў” (кланаў) захапілі 4/5 т.зв. агульнанароднай уласнасьці, пакінуўшы ўсім астатнім для барацьбы за пэрсанальнае фізычнае выжываньне 1/5 гэтай уласнасьці” [2]. І няма ані­якіх гарантыяў, што й гэтая ўласнасьць ня будзе перадзелена на карысьць тых самых двух дзясяткаў кланаў. Памылковым трэба лічыць сьцьвярджэньне, што сэртыфікатная прыватызацыя сябе не апраўдала і не прынесла належнага выніку. Зусім наадварот, яна, напэўна, назаўжды адбіла інтарэс да падобных працэсаў у большасьці грамадзянаў Украіны, якія быццам бы сталі “ўласьнікамі”. Насамрэч большая частка насельніцтва практычна за бясцэнак падарыла свае маёмасныя сэртыфікаты. Ад народу адкупіліся, так нічога яму і ня даўшы, і цяпер прыйшоў час разьдзяліць тое, што яшчэ не падзелена. А гэта самыя прывабныя галіны, такія, як энэргетыка.

Аднак у мітусьні гэтага намэнклятурнага раскраданьня практычна былі зьнішчаныя ці разбазараныя за бясцэнак цэлыя галіны ўкраінскай эканомікі. Чаго вартае расьцягваньне за эфэмэрныя даўгі, а фактычна зьнішчэньне Чарнаморскага параходзтва? Перасталі існаваць галіны, зьвязаныя з высокімі тэхналёгіямі, у тым ліку й вайсковымі. Практычна гэта прывяло да дэіндустрыялізацыі краіны.

Беспасярэдне зь ёй зьвязаная і дэінтэлектуалізацыя Ўкраіны. Паколькі большая частка прамысловасьці была спыненая і пасьля дзесяці гадоў раскраданьня ды фізычнага й маральнага зьнішчэньня яна ўжо не падлягае аніякаму аднаўленьню, інжынэрна-тэхнічныя супрацоўнікі альбо дыс­квалі­фікаваліся, альбо перакваліфікаваліся, асеўшы пераважна на ўсюдыісных кірмашах. Тое самае можна сказаць і пра пазбаўленую фінансаваньня й замоваў навуку. Маладыя й пэрспэктыўныя навукоўцы ўжо даўно знайшлі сваё месца за мяжой. Нават больш, некаторыя сяброўскія дзяржавы й стратэгічныя партнэры мэтанакіравана праз рознага роду эміграцыйныя праграмы (відавочна, у пляне дапамогі Ўкраіне) вымываюць з Украіны інтэлектуальны патэнцыял, які яшчэ ў ёй застаўся. Несумненна, ёсьць і пэўныя здабыткі, але ў асноўным у гуманітарнай сфэры. Побач з тым, у сфэры фундамэнтальных дасьледаваньняў, новых тэхналёгіяў Украіна не ўваходзіць ані ў лік краінаў, што іх распрацоўваюць і валодаюць імі, ані ў лік тых краінаў, што актыўна ўкараняюць перададзеныя ім тэхналёгіі. Украіна належыць да кола краінаў, што знаходзяцца па-за тэхнічным прагрэсам [3].

Сацыяльная нестабільнасьць прыводзіць і да нэгатыўных дэмаграфічных працэсаў. Слабасьць, а то й адсутнасьць сыстэмы сацыяльнага забесьпячэньня, хаця б на савецкім узроўні, прывяла да рэзкага памяншэньня працягласьці жыцьця людзей, рэзкага падзеньня нараджальнасьці, а таксама масавай міграцыі насельніцтва. Міграцыя была выкліканая пераважна эканамічнымі прычынамі, хаця часта й немагчымасьцю рэалізавацца ўва Ўкраіне. Пэўныя міграцыйныя плыні маюць этнічную афарбоўку (напрыклад, жыдоўская з Украіны і крымска-татарская ў Крым), хаця й ня выкліканыя нейкай ксэнафобіяй ува Ўкраіне. Трывожным вынікам дзесяцігодзьдзя стаў той факт, што Ўкраіну пакінулі блізу 400 тысяч кабет рэпрадукцыйнага веку, шукаючы сабе долю за мяжой. У выніку ўва Ўкраіне дайшло да рэальнай дэпапуляцыі. Па розных падліках, насельніцтва Ўкраіны скарацілася сама меней на два мільёны асобаў.

Мэтай стварэньня незалежнай Украінскай дзяржавы мела б стаць забесьпячэньне разьвіцьця ўкраінскага этнасу і падтрымка іншых этнічных мяншыняў альбо забесьпячэньне іх правоў. Аднак насамрэч ува Ўкраіне, нягле­дзячы на фармальныя запэўніваньні зацікаўленых і ня надта кампэтэнтных чыноўнікаў, і надалей шалёнымі тэмпамі з выкарыстаньнем новых тэхнічных і мэдыяльных сродкаў працягваецца практычная дэнацыяналізацыя як украінцаў, так і іншых народаў. Часта яе называюць русіфікацыяй. І гэта так, хаця й ня ўся праўда. Варта толькі прайсьціся вуліцай, не скажу Севастопалю ці Данецку, а сталіцы нашай — Кіеву. На дзясятым годзе ўкраінскай незалежнасьці мы маем практычна расійскамоўны бізнэс (з таго 1% насель­ніцтва, якое валодае 4/5 уласнасьці, украінскамоўнай зьяўляецца мізэрная частка), расійскамоўнае войска (большасьць афіцэрскага корпусу ўсюды карыстаецца расійскай мовай), расійскамоўныя мэдыі (па сутнасьці, большасьць тэлепраграмаў або трансьлююцца на расійскай мове, або наўпрост рэтрансьлююцца з Расіі, украінскі ўрад практычна не кантралюе стратэгічную інфармацыйную прастору Ўкраіны), расійскамоўную ўладу.

Такі стан справаў ня можа не разглядацца як пагрозьлівы нават з пункту гледжаньня дзяржаўнай бясьпекі. Я не назваў бы русіфікацыяй працэс засваеньня элемэнтаў якаснай расійскай мовы, высокай культуры ў яе праўдзівым сэнсе. Зусім іншая рэч — практычнае дамінаваньне расійскіх электронных і традыцыйных мас-мэдыя ва Ўкраіне. Расія робіць усё магчымае, каб ня толькі захоўваўся status quo ante, але й каб па магчымасьці працэс паглыбляўся. Сутнасьць канцэпцыі “праекту Расія” часта зводзіцца менавіта да максымальнага пашырэньня сфэры бытаваньня расійскай мовы й расійскіх мас-мэдыя, што зьяўляецца практычна палітыкай Расійскай Федэрацыі. Сяргей Чарнышоў, дакладваючы на нарадзе Рады абароны РФ, акрэсьліваючы стратэгію расійскага самавызначэньня, бачыў у будучай Расіі “транснацыянальную сусьветную карпарацыю Расію”, а не тэрыторыю, Расію-РФ, якая “ад­штурхоўваецца ад банальнай тэзы, што трэба ўваскрасіць расійскую мову”, і толькі пасьля гэтага можна дасягнуць канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі Расіі [4].

Паралельна з (амаль не заўважанай) інэрцыяй працягваецца працэс саветызацыі — бясконцай рэпрадукцыі homo sovietikus’аў. На вачах руйнуюцца і ўкраінская, і іншыя мовы, уключна з расійскай. Мы ня толькі не пасьпяваем засвоіць новыя сфэры чалавечага жыцьця (новыя тэхналёгіі, новыя фэномэны), але й страчваем дачыненьне да старога, засвоенага ўкраінскай моваю, сьвету. Такім чынам, ува ўкраінскім і расійскім сьвеце/мове ўтварыліся цэлыя “зоны сьлепа-глуха-нематы: ёсьць цэлы шэраг важных фэномэнаў у сучасным сьвеце, якіх мы альбо ня бачым, альбо ня маем словаў, каб пра іх гаварыць. Так што і родная мова — апошні прытулак самавызначэньня — размываецца” [4]. Паўзучай саветызацыяй закранутыя ўсе этнічныя групы. На гэтае ліха ўсё больш накладаецца прапагандаваная СМІ амэрыканізацыя самага нізкага гатунку.

Беспасярэдне пасьля здабыцьця незалежнасьці ўва Ўкраіне не існавала ўсталяванай стратыфікацыі рознага роду элітаў. Структура старой сацыялістычнай эканомікі не дазваляла стварацца элітным групам і сувязям ўнутры й паміж імі па тэрытарыяльнай адзнацы. Гаворка ішла хутчэй пра вытворчы прынцып фармаваньня элітаў і надтэрытарыяльныя сувязі паміж імі. Таму на першым этапе, пасьля падзеньня сацыялістычнай эканомікі й разрыву адпаведных наднацыянальных сувязяў, пачалася жорсткая барацьба на рэгіянальным узроўні. Кіеў быў яшчэ надта слабым і далёкім. Утварылася колькі тэрытарыяльных кланаў — днепрапятроўскі, данбаскі, харкаўскі, адэскі. Шэраг рэгіёнаў так і ня здолеў сфармаваць свае рэгіянальныя кланавыя групы. Аднак зараз гэты працэс у асноўным завяршыўся. Засталося колькі буйных груповак, але наагул сытуацыю кантралюе Кіеў, апанаваны днепрапятроўскім кланам і старой кіеўскай намэнклятурай. На сёньня можна казаць пра пэўную кансалідацыю кланаў і алігархаў пад адзіным прэзыдэнцкім амафорам. Што, зразумела, не выключае пастаянных канфліктаў паміж імі за большую ці меншую набліжанасьць да прэзыдэнта й адміністрацыі ў цэлым.

Вельмі істотным момантам фармаваньня элітаў зьяўляецца змычка паміж адміністрацыяй, бюракратыяй і быццам бы вольным бізнэсам. Насамрэч жа практычна кожны прадпрымальнік надзвычай моцна залежыць ад улады. Самыя магутныя алігархі могуць быць пазбаўленыя сваёй уласнасьці пры дапамозе адміністрацыйна-рэпрэсыўнага апарату. І гаворка тут ня толькі пра П. Лазарэнку як клясычны прыклад гэтай залежнасьці. Адміністрацыйнай рэпрэсіі падлягае ледзь ня кожнае прадпрыемства, якое робіцца прывабным і эфэктыўным і ня мае свайго апекуна ў дзяржаўных структурах. Такім чынам пераразьмяркоўваецца і ўсё больш манапалізуецца ўласнасьць і вытворчыя магутнасьці. У дзяржаве будуецца абсалютна беспэрспэктыўная мадэль дзяржаўнага капіталізму, абапертага на адміністрацыйны рэсурс і забясьпечаную ўладай манаполію.

Ацэньваючы ролю алігархіі ў такім надзвычай дыфэрэнцыяваным гра­мадзтве, як украінскае, можна сказаць, што яна на дадзеным этапе стала мэханізмам скрайне эфэктыўнага тармажэньня разьвіцьця як вольнарынкавых стасункаў, так і грамадзянскай супольнасьці ўва Ўкраіне і ўяўляе сабой па­грозу самому існаваньню Ўкраіны як дзяржавы. Таму яе трэба ацэньваць як экстрэмальна рэакцыйную групу, якая прыводзіць да бесьперапыннага, хаця й павольнага, спаўзаньня ўкраінскага грамадзтва да дзяржаўнага капіталізму ўва ўмовах скрайняй манапалізацыі эканомікі. Таму з поўным правам тых некалькіх алігархаў, што якія блізкія да ўлады ў вярхох, можна назваць стагнархамі, а форму іхнага праўленьня — стагнархіяй.

4. Нацыянальны праект далёкай пэрспэктывы

Неаднаразова і скрайне сымптаматычна і падчас першага, і падчас другога прэзыдэнцкага тэрмінаў Леанід Кучма паўтарае адну фразу: “Дык што ж мы будуем?” Відавочна, гэтае пытаньне скіраванае ня толькі да самога сябе, але і да грамадзтва. Пытаючыся, прэзыдэнт мае поўную рацыю, бо хто ўва Ўкраіне сёньня насамрэч ведае адказ? І сапраўды, а што ж мы будуем? Голага абвяшчэньня незалежнасьці абсалютна недастаткова. Кароткатэрміновыя кланавыя гульбішчы стагнархаў, да чаго зводзіцца актуальная палітыка ўва Ўкраіне, ня маюць аніякага дачыненьня да пэрспэктыўнага пляну, які мы павінны зьдзейсьніць, таксама як ня мелі аніякай рэальнай пэрспэктывы эфэмэрныя пляны нацыянал-дэмакратаў, якія не ішлі далей за самыя простыя лёзунгі.

Аднак для таго, каб стварыць нейкі плян ці праект, патрэбнае перадусім вызначэньне мэтаў, якіх ён павінен дасягнуць. Ці існуе нейкая адзіная мэта, прымальная для большасьці грамадзянаў Украіны? Нескансалідаванасьць гэтай групы людзей несумненна перашкаджае належным чынам усьвядоміць іхныя мэты, а праз тое — і сродкі, якімі можна дасягнуць гэтых мэтаў. Мажліва, мэтаю на першым этапе магло б стаць дасягненьне кансэнсусу, прынамсі што да самых агульных пытаньняў. Але гэтая згода павінна быць напрацаваная і прынятая ўсімі ўдзельнікамі “праекту Ўкраіна”. Калі агульнанацыянальнага кансэнсусу дасягнуць не атрымаецца, тады ў кожным рэгіёне паўстануць свае “падпраекты Ўкраіна”, якія будуць супярэчыць адзін аднаму. Зрэшты, на дадзены момант гэтак і ёсьць. Улада ўжо навучылася гэтым карыстацца, размаўляючы ў кожным з рэгіёнаў ягонай “знакавай” мовай і абяцаючы ўвасобіць менавіта ягоны “падпраект Украіна”. Гэта дае ёй магчымасьць не дапусьціць кансалідацыі насельніцтва розных рэгіёнаў у адзіны палітычны мэханізм, палітычную нацыю з адзінай мэтай і воляй да яе зьдзяйсьненьня. А пасьля ў сытуацыі агульнай нескансалідаванасьці вырашаць свае праблемы.

4.1. Расійскае бачаньне “праекту Ўкраіна”

Было б дзіўным, калі б Расія ня мела ўласнага “праекту Ўкраіна”. У першы пасьлябелавескі пэрыяд “смуты” ў Расіі практычна не было аніякага бачаньня таго, што ж рабіць з Украінай. Час для рэваншысцкіх праектаў яшчэ не надышоў, Расія ўсё яшчэ знаходзілася ў шокавым стане. Скажу больш — у Б. Ельцына была нават нейкая паблажлівасьць да Ўкраіны, бо менавіта ўнезалежненьне Ўкраіны стала адным з галоўных чыньнікаў, які прывёў яго да ўлады ў Расіі.

Аднак ўжо ў “позьняельцынаўскі” пэрыяд, пэрыяд выхаду з дэмакратызацыйнага туману (а не праўдзівай дэмакратызацыі), Расія вярнулася да рэваншысцкіх праектаў аднаўленьня імпэрыі ды новых экспансыянісцкіх замахаў на Ўкраіну. У Расіі пачалі распрацоўваць уласны “праект Украіна”, які натуральным чынам меў бы адпавядаць нацыянальным інтарэсам РФ. Расія пачала праводзіць больш агрэсіўную эканамічную і інфармацыйную палітыку, што неўзабаве прывяло да амаль поўнай страты Ўкраінай інфармацыйна-культурнай незалежнасьці, частковай страты эканамічнай незалежнасьці праз пастаянную прывязку да расійскіх энэрганосьбітаў, якая падтрымліваецца прарасійскім нафтагазавым лобі ўва Ўкраіне і ўсяляк апякуецца самой РФ.

Расійскі “праект Украіна” не абавязкова павінен быў бы прадугледжваць прымітыўнае паглынаньне Ўкраіны Расіяй, як гэта бачыцца расійскім імпэрскім рэваншыстам. Расія бачыць ува Ўкраіне сваю сфэру інтарэсаў і ўплываў. Яна намагаецца максымальна ўзалежніць яе ад РФ як у сфэры эканомікі, так і палітыкі, бясьпекі ці нават самаідэнтыфікацыі. Дзеля таго яна эфэктыўна будуе свае групы ўплыву на розных узроўнях і ў розных сфэрах — ад мас-мэдыяў да эканомікі. Калі патрэбна, дык яна блякуе захады, якія перашкаджаюць такой прывязцы. Прыклад Адэскага нафтавага тэрміналу больш чым красамоўны. Ня менш красамоўнай зьяўляецца й практычная расійская манаполія на пастаўкі энэрганосьбітаў.

4.2. Амэрыканскае бачаньне “праекту Ўкраіна”

Адначасова паступова акрэсьліваецца і амэрыканскі “праект Украіна”. ЗША адназначна зацікаўленыя ўва Ўкраіне і адводзяць ёй ролю буфэрнай дзяржавы паміж НАТО ды Расіяй+ і ейнымі сатэлітамі. ЗША цудоўна разумеюць, што ня варта ўзмацняць Расію шляхам анэксіі Ўкраіны. Нават больш, яны ўважаюць, што Расія можа стаць дэмакратычнай (а таму для ЗША зразумелай і бясьпечнай) дзяржавай, калі пазбудзецца імпэрскіх амбіцыяў.

Напэўна, ня варта гаварыць пра супольную пазыцыю Захаду. Адзінай пазыцыі з-за разыходжаньня паміж ЗША і ЭЗ, унутры ЭЗ і ўнутры НАТА няма. Магчымы шлях упарадкаваньня Ўкраіны ЗША бачаць у цесным супрацоўніцтве, а ў будучым — магчымым сяброўстве ў НАТА, збліжэньні (ня вы­ключана, што пры спрыяньні ЗША) з ЭЗ. Пра сяброўства ў ЭЗ, ясная справа, гаворка не ідзе, аднак рух павінен быў бы зьдзяйсьняцца ў гэтым накірунку. Такая пазыцыя ЗША вельмі карысная для Ўкраіны, яна магла б ёю скарыстацца, ўвасабляючы “эўрапейскі” ці “эўраатлянтычны” праект.

4.3. ЭЗ-аўскае бачаньне “праекту Ўкраіна”

Можна, напэўна, гаварыць таксама пра адсутнасьць ЭЗ-аўскага “праекту Ўкраіна”. ЭЗ таксама мае столькі ўнутраных праблемаў, столькі клопатаў, зьвязаных з пэрспэктывамі пашырэньня, што практычна ня бачыць “ўкра­інскага пытаньня”. Вядома, гэта не азначае, што калі заплюшчыць вочы, то й праблемы ня будзе.

Толькі апошнім часам пачынаюцца пошукі месца для Ўкраіны ў тым, што да нядаўняга часу называлася “супольным эўрапейскім домам”. Выявілася, што для нас недвухсэнсоўна адводзіцца месца не ў камфартабэльным ЭЗ, а “побач” ці, дакладней, “паміж”, паміж ЭЗ і РФ. Нягледзячы на ўсе ўкраінскія праэўрапейскія парывы, на сёньня ЭЗ цьвёрда трымаецца гэтай пазыцыі. І мае рацыю — такі дзяржаўна-манапалістычны “праект Украіна”, які стагнуе ў напрамку аўтарытарызму, убудаваць у “эўрапейскі дом” немагчыма. Аднак застаецца адкрытым пытаньне, ці можна пазбаўляць Украіну ўвогуле, а не “государство Украина/паралельная Расія/крыпта-Расія” эўрапейскай пэрспэктывы? Таму афіцыйная пазыцыя ЭЗ палягае ў тым, што Зьвяз не адмаўляе эўрапейскае будучыні Ўкраіны, але пасьля завяршэньня дзьвюх хваляў пашырэньня ЭЗ дый зьменаў у самой Украіне.

4.4. Алігархічна-намэнклятурнае бачаньне
“проекта государства Украина”

Вышэй ужо згадвалася пра тое, што адзінага “праекту Ўкраіна”, заснаванага на агульнанацыянальным кансэнсусе, няма, як няма й агульнанацыянальнага кансэнсусу. У той жа час, ёсьць некалькі досыць розных прапановаў па “праекце Ўкраіна”, ня толькі далёкіх адна ад адной, але й проста процілеглых. Аднак гэта не азначае, што насамрэч не зьдзяйсьняецца адзін зь іх.

Рэальны стан справаў ува Ўкраіне можна лічыць завяршэньнем алігархічна-намэнклятурнага “праекту Ўкраіна” ў форме “государства Украина”. Стагнархія ўжо практычна ўвасобіла гэты праект у жыцьцё і амаль цалкам ім задаволеная. Яна зьберагла ўладу, кансалідавалася наўкол дзяржаўнай манаполіі як адзінае палітычнае цэлае, пасьпяхова перажыла пераход ад плянавай да дзяржаўна-капіталістычнай эканомікі, зьдзейсьніла і завяршае пера­дзел уласнасьці. У прынцыпе, яна не зацікаўленая ані ў зьнішчэньні дзяржаўнай манаполіі, ані ва ўкараненьні “грамадзянскае супольнасьці”, што можа стварыць для яе пагрозу. Адначасова стагнархія зрабіла ўсё, каб пазбавіць Украіну ЭЗ-аўскай пэрспэктывы, якая паклала б канец праекту “государства Украина”. Стагнархія не зацікаўленая ў цывілізаваньні эканамічнай палітыкі ўва Ўкраіне, таму ўсур’ёз успрымаць абвешчаньне “эўрапейскага выбару” Ўкраінай ня варта.

Адзіным дыскамфортам для стагнархіі зьяўляецца непрыняцьце такога стану справаў Захадам, хаця здаровы палітычны цынізм стратэгічных партнэраў дазваляе ім да пэўнага часу заплюшчваць вочы на гэтыя нязначныя хібы “государства Украина”. Менавіта таму праект “государства Украина” часткова падтрымліваюць з палітычных, антырасійскіх і часта анты-ЭЗ-аўскіх меркаваньняў ЗША. Для ЭЗ гэты праект непрымальны і незразумелы. З найбліжэйшых суседзяў толькі Польшча ўсё яшчэ далікатна не адмяжоўваецца ад яго, як Чэхія ці Славаччына, бо мае ўласныя канкрэтныя геапалітычныя інтарэсы ўва Ўкраіне.

Таксама частковай падтрымкай праект “государства Украина” карыстаецца і з боку РФ, як такі, што фактычна пракладвае шлях да рэінтэграцыі Расіі+ і “государства Украина”. Ясная справа, нельга не заўважыць і іншых тэндэнцыяў. Частка ўкраінскіх стагнархаў не зацікаўленая ў перадзеле ўлады і ўласнасьці ўва Ўкраіне на карысьць больш магутных расійскіх алігархаў, таму яны могуць праводзіць сабатаж рэінтэграцыі з Расіяй+ гэтаксама эфэктыўна, як і збліжэньня з ЭЗ. Канчатковага рашэньня што да напрамку разьвіцьця — на Ўсход ці на Захад — у рамках праекту “государства Украина” ня можа быць. Сама сутнасьць праекту палягае ў тым, каб ня рухацца нікуды, бо тады зьменяцца правілы гульні для ўладных элітаў, неабходна будзе пераразьмяркоўваць уласнасьць, а таму і ўладу. Вялікі заходні ці расій­скі капітал імгненна раздушыць слабыя капіталы ўкраінскіх “новых русских”.

4.5. Прапановы да “праекту Ўкраіна”

Нягледзячы на ўсё, Украіна застаецца праблемай. Праблемай для самой сябе, бо для большасьці ейных грамадзянаў існы стан справаў непрымальны. Дружнае маўчаньне зусім не азначае згоды зь ім. Калі грамадзтва і надалей ня будзе зьмяняцца, а толькі выжываць, то яно рана ці позна асуджанае пайсьці на дно. Таму ўсё ж трэба хаця б канцэптуальна думаць над тым, што рабіць, бо далей так жыць насамрэч немагчыма.

4.5.1. Эўрапейскі праект

Адным з самых прывабных для такой сярэдняй у сусьветным маштабе дзяржавы, як Украіна, мог бы стаць эўрапейскі праект. Пры ўмове, што на сёньня аніякі ўступ Украіны ў ЭЗ немагчымы, гэты праект можа палягаць у тым, што Ўкраіна павінная максымальна гамагенізаваць усе сфэры свайго жыцьця са стандартамі, прынятымі ў ЭЗ. Зрэшты, нядаўна Ўкраіна прыняла разьлічаную на 7 гадоў праграму інтэграцыі з ЭЗ — практычнага ўзгадненьня заканадаўства, эканомікі і г.д. з стандартамі ЭЗ. Збліжацца з ЭЗ яна па­вінна, максымальна абапіраючыся на падтрымку ЗША, а ў далейшай пэрспэктыве — на ФРН і, магчыма, у тактычным аспэкце, на Польшчу. Часавыя рамкі праекту будуць вызначацца эфэктыўнасьцю ЭЗ пасьля завяршэньня дзьвюх хваляў яго пашырэньня, а таксама мажлівымі палітычнымі калізіямі, якія могуць прысьпешыць ці запаволіць гэты працэс.

4.5.2. Чарнаморска-Міжземнаморскі праект

Магчымым кірункам разьвіцьця “праекту Ўкраіна” (пры ўмове блякаваньня разьвіцьця праекту ў напрамку ЭЗ і складанасьцяў разьвіцьця яго ў напрамку РФ) можа быць разьвіцьцё стасункаў у напрамку Чарнаморска-Міжземнаморскага басэйну. ГУУАМ (палітычны саюз Грузыі, Узбэкістану, Украіны, Азэрбайджану, Малдовы) зьяўляецца пэўным пралегамэнам гэтага праекту. Гэты праект мае някепскія эканамічныя пэрспэктывы — транспартаваньне й магчымую пераапрацоўку нафта- й газапрадуктаў з Касьпійскага рэгіёну, Каўказу, ня выключана, што й Блізкага Ўсходу. Гаварыць пра дэма­кратызацыйны рэсурс гэтага праекту няма падставаў. Украіна ўжо практычна зьяўляецца лідэрам гэтага палітыка-эканамічнага аб’яднаньня і можа заняць неблагія пазыцыі ў Арганізацыі чарнаморскага супрацоўніцтва.

4.5.3. Расійскацэнтрычны праект

Мабыць, зусім ня варта ігнараваць і “расійскацэнтрычны праект”, але ня той, што фармуе РФ, а ўласна ўкраінскі. Украіна можа сама спрабаваць збудаваць свае стасункі з РФ у адпаведнасьці з уласным “расійскацэнтрычным праектам”. Пры пэўных, хаця амаль нерэальных акалічнасьцях, калі абодва бакі знойдуць сапраўднае паразуменьне, гэты праект можа быць вельмі эфэктыўным. Аднак для гэтага павінны зьмяніцца як Расія, так і Ўкраіна. Перш за ўсё, Расіі варта адмовіцца ад свайго імпэрскага сындрому і шукаць не тактычнай, а далекасяжнай выгады пры ўмове існаваньня не марыянэткавай, а сяброўскай Украінскай дзяржавы. У той жа час Украіне варта пазбыцца таго страху, які небеспадстаўна зьвязаны з расійскім імпэрыялізмам, а разам з тым выйсьці з таго стагнархічнага глухога кута, у які яна сама сябе загнала.

4.5.4. Буфэрны праект

Цяпер часткова ажыцьцяўляецца сумесь стагнархічнага і амэрыканскага “буфэрных праектаў”, якія нясьмела плянуюць у Кіеве, а ня толькі ў Вашынгтоне. Стратэгічнае партнэрства з ЗША і Расіяй дазваляе ўкраінскім стагнархам рэалізоўваць сваю “палітыку буфэру”, які нікуды ня рухаецца і не разьвіваецца як грамадзкі арганізм. Для ЗША ня гэтак, зрэшты, важная форма рэжыму, што пануе ў іхнага стратэгічнага партнэра, як палітычныя й вайсковыя абавязацельствы, вернасьць Украіны менавіта як палітычнага партнэра. Гэта ўмела выкарыстоўвае Кіеў. Ён паразытуе на сваім геапалітычным рэсурсе, тым самым кансэрвуючы існы стан спраў. Разам з тым, Кіеў не набліжаецца занадта блізка да Расіі, забясьпечваючы сабе поле для стагнацыі і ў гэтым напрамку.

4.5.5. Балтыйска-Чарнаморскі праект

Амаль нерэальным ці страчаным з-за аб’яднаньня Расіі й Беларусі дый адназначнай ЭЗ-аўскай скіраванасьці краінаў Балтыі зьяўляецца “балтыйска-чарнаморскі праект”. Тым самым Беларусь была нэўтралізаваная як натуральны стратэгічны партнэр Украіны. Чамусьці пра гэта практычна ўсе забыліся. Затое пра Польшчу, якая ўсё ж больш адрозьніваецца ад Украіны па ўсіх сваіх парамэтрах, гаворыцца больш. Аднак нягледзячы на тое, што зараз робіцца ў Беларусі, беларускі рэсурс усё ж такі можа некалі спрацаваць.

4.5.6. Тэмпаральны “праект Украіна”

Адным з магчымых праектаў можа стаць чаканьне прыходу новых пакаленьняў, калі з адыходам старой намэнклятуры адыдзе і ейны спосаб мысьленьня, а адпаведна — і спосаб прыняцьця рашэньняў. Моладзь павінна была б мець больш разьвіты “дзяржаўны” і “прадпрымальніцкі” досьвед. Зрэшты, яна немінуча мела б заявіць пра сваю прэтэнзію на ўладу. Аднак ці выхоўваецца такая моладзь? Большасьць валтузіцца ў праблемах стагнуючага грамадзтва. Адначасова намэнклятура й стагнархі наладзілі сыстэму аднаўленьня сваіх пасьлядоўнікаў. Савецкая намэнклятура спарадзіла алігархію і стагнархаў, а тыя, у сваю чаргу, “выхоўваюць” наступнікаў, не зацікаўленых у страце сваіх пазыцыяў і пабудове грамадзянскае супольнасьці. Гэта можа заблякаваць разьвіцьцё Ўкраіны ўвогуле.

4.5.7. Моўны “праект Украіна”/“праект Украіна-мова”

Нягледзячы на амаль поўную беспэрспэктыўнасьць ува ўмовах “государства Украина” гэтага праекту, яго ўсё ж варта заявіць. Украінская мова як кансалідуючы элемэнт патэнцыйнай украінскай палітычнай нацыі можа мець вялікую пэрспэктыву. Аднак і дагэтуль у посткаляніяльны, а фактычна нэакаляніяльны пэрыяд нашай гісторыі яна церпіць бязьлітасныя рэпрэсіі ўжо ў незалежнай Украіне. Таму перад грамадзтвам стаіць задача пашыранай самаідэнтыфікацыі менавіта з украінскай мовай, аднаўленьне ўласна ўкраінскага бачаньня сьвету. Пабудаваць эфэктыўную і самастойную ідэнтычнасьць на падставе фактычнага білінгвізму насельніцтва Ўкраіны (ува ўмовах жорсткага прэсінгу з боку расійскага нэаімпэрскага дыскурсу і нэарасійскай/ра­сійскамоўнай ідэнтычнасьці) немагчыма.

Такім чынам, застаецца толькі працаваць над гэтымі і, магчыма, іншымі напрамкамі разгортваньня “праекту Ўкраіна”.

За незалежнасьць новай дзяржавы Ўкраіна і ўвасабленьне “праекту Ўкраіна” не было праліта практычна ніводнай кроплі крыві. Таму ён у літаральным сэнсе слова бясцэнны. Яму няма цаны, за яго не заплачана, а таму яго як мае быць ня цэняць. Ніхто. Стагнархія жыве сёньняшнім “хапком”. Свае галоўныя капіталы практычна ўсе дзевяць гадоў існаваньня “государства Украина” яна прадбачліва трымала й трымае за мяжой. Гэта кампрадоры, якія гатовыя ў любую хвіліну пакінуць карабель, які тоне. Паўпэрызаваным масам, адсотак якіх у грамадзтве толькі расьце, праект “государства Украина” амаль нічога ня даў, таму досыць чакаць ад іх нейкага сантымэнту да яго. Так званая сярэдняя кляса ў намэнклятурна-алігархічным грамадзтве нара­дзіцца ня можа.

Львоў — Санкт-Пецярбург — Брусэль

2000

1.Бакаєв О.О., Пирожков С.І., Ревенко В.Л. Міжнародні транспортні коридори — особливий пріоритет України на шляху інтеґрації у світову економічну систему// Панорама. — Київ: № 1—2. 1999.

2. Полохало В. Україна 1991—2000: рух у часі, що зупинився// Дзеркало тижня. — № 33. 2000.

3. “Нова карта світу” за Джефрі Саксом // Дзеркало тижня. — № 28. 2000.

4. Чернышов С. Русское самоопределение // Незалежний культурологічний журнал “Ї”. — Львів: — № 13. — 1998. — С. 125.

Пераклаў з украінскай Сяргей Богдан

паводле ІІ, № 20/2001.


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: “Праект Украіна”: вынікі дзесяцігодзьдзя

()

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle

Скачать мультимедию?

подняться наверх ↑

ДАЛЕЕ выбор читателей

Загрузка...
подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY


Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY на Ютубе, в VK, в FB, Одноклассниках и Инстаграме чтобы быстро узнавать о лучших публикациях и важнейших событиях дня.