Вацлаў Іваноўскі і беларускае адраджэньне

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Вацлаў Іваноўскі і беларускае адраджэньне. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-27

АВТОР: Юры Туронак

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №2 1999 ГОД


Юры Туронак (нар. 1929) — адзіны беларус–каталік у Польшчы, паводле вызначэньня Алега Латышонка. Сын Браніслава Туронка, беларускага дзеяча 30–х гадоў, які ўдзельнічаў у выданьні “Крыніцы”, уваходзіў ва ўправу Беларускага Сялянскага Саюзу і прабыў 3 месяцы ў польскім астрозе за сваю дзейнасьць. Дарэчы, Юры Туронак прысьвяціў свайму бацьку кніжку “Памяці Браніслава Туронка” (выйшла нядаўна — Нью–Ёрк, 1990 — але ўжо стала рэдкасьцю). Сам сп. Туронак піша сябе ў ёй ня Юр’ем, а Юркам. Род Туронкаў паходзіць зь Дзісненшчыны. У гады вайны Юры Туронак вучыўся ў 1–й Віленскай гімназіі. Пасьля другой сусьветнай вайны — у Польшчы. Па адукацыі эканаміст. Ад 1956 году працаваў у газэце “Rynki zagraniczne”. Доктар гісторыі габілітаваны (1987). Ягоная кніга “Беларусь пад нямецкай акупацыяй” y перакладзе з польскай вельмі добра прадавалася (“Беларусь”, 1993). Другая найбольш значная ягоная праца “Вацлаў Іваноўскі і беларускае адраджэньне” па–беларуску пакуль не друкавалася. Мы падаем тут частку гэтай кнігі, прысьвечаную найбольш драматычнаму пэрыяду жыцьця яе героя — 1939—1943 гадам.

Разьдзел VI. Новы шанец

Вацлаў і Юры Іваноўскія выехалі з Варшавы не пазьней 11 верасьня 1939 году, бо на наступны дзень усе дарогі, што вялі з сталіцы на ўсход і на поўдзень, былі перарэзаныя войскамі Вэрмахту. Яны разьвіталіся ў Любліне, гэтым разам назаўсёды. Юры падаўся да Румыніі, а адтуль да Францыі і Вялікабрытаніі, падзяліўшы лёс новай польскай эміграцыі. Вацлаў жа, ачуняўшы пасьля кантузіі, якую ён атрымаў падчас бамбардаваньня Любліну, накіраваўся ў Вільню.

Мы ня ведаем, перад ці пасьля 17 верасьня рушыў ён зь Любліну да Вільні, і ці разумеў ён, што апынецца на тэрыторыі, захопленай Чырвонай Арміяй. Апошняе, безумоўна, высьветлілася падчас падарожжа, якое мусіла заняць некалькі дзён. Аднак уваход савецкіх войскаў не зьмяніў кірунку ягонага шляху: Вацлаў не завярнуў з дарогі назад і каля 20 верасьня дабраўся да Вільні. Не скарыстаў ён і пазьнейшыя легальныя магчымасьці, каб вярнуцца ў Варшаву. Ён хацеў быць у Вільні.

Гэтае рашэньне Вацлава потым зробіцца прадметам шматлікіх і разнастайных камэнтараў — бо накіраваўся ён усё ж такі “да бальшавікоў”. Спаміж ягоных сваякоў гаварылася, што да выезду з Варшавы Вацлава схілілі не палітычныя матывы, а заклік палкоўніка Ўмястоўскага1. Іван Касяк, у сваю чаргу, пісаў, што прычынай выезду было закрыцьцё варшаўскай Палітэхнікі, у выніку чаго Вацлаў мусіў шукаць працы. Але аўтар гэтай вэрсіі забываецца, што ў верасьні 1939–га лёс Палітэхнікі яшчэ ня быў вырашаны2. І ўжо зусім фантастычна гучалі “цьверджаньні” савецкіх аўтараў, паводле якіх Вацлаў застаўся пад нямецкай акупацыяй, заснаваў Беларускі камітэт у Варшаве і зрабіўся намесьнікам старшыні Галоўнай рады Беларускага камітэту самапомачы ў Бэрліне3.

Адзінае сэнсоўнае вытлумачэньне гэтага рашэньня Вацлава можна знайсьці ў сьведчаньні інжынэра Віктара Чарвіньскага, які вучыўся ў Іваноўскага ў Палітэхніцы. Перад самай вайной Чарвіньскі кіраваў будаўніцтвам фабрыкі штучнага валакна на Віленшчыне і ўвосень 1939 г. выпадкова сустрэў свайго былога прафэсара ў Вільні. “Што Вы тут робіце, пане прафэсар?” — зьдзіўлена запытаўся Чарвіньскі. На што Іваноўскі адказаў: “Чакаю выезду ў Менск, каб будаваць Беларусь, бо я ж беларус, як Вам вядома. Хачу быць у цэнтры падзеяў”4.

Верагоднасьць такога дыялёгу не выклікае сумневу, бо не магло існаваць важнейшых прычын, якія б змусілі 59–гадовага Вацлава пакінуць сваякоў ды працу па спэцыяльнасьці, каб туляцца па ваенных дарогах. Наіўным таксама было б меркаваць, што тут адыгрывалі нейкую ролю заклікі палкоўнікаў ці спадзяваньні на сытнейшае жыцьцё ў Вільні. Усё гэта ня мела аніякага значэньня ў параўнаньні з новым шанцам папрацаваць дзеля беларускай дзяржаўнасьці, які зьявіўся ў выніку распаду міжваенных палітычных структураў у Эўропе. Іваноўскі чакаў такога шанцу амаль дваццаць год, а досьвед гэтага пэрыяду, у прыватнасьці, зруйнаваньне Беларускага Дому на ўсходзе, узмацняў ягоную ідэю адбудаваць Беларусь, абапіраючыся на Польшчу. У думках ён ізноў вяртаўся да канцэпцыі фэдэрацыі.

Тымчасам і надалей не існавала аніякіх рэальных умоваў для ажыцьцяўленьня ягонае ідэі. Па–першае, яна супярэчыла інтарэсам Масквы і Бэрліну, па–другое — не знаходзіла разуменьня ў Парыжы, Лёндане і Вашынгтоне, і, урэшце, па–трэцяе — большасьць польскіх і беларускіх дзеячаў, грунтуючыся на міжваенным досьведзе, лічыла гэтую канцэпцыю амаль што нацыянальнай здрадай.Такія настроі падмацоўвала верасьнёвая параза Польшчы. У той час, калі ў польскім асяродзьдзі пераважала жаданьне змагацца, каб аднавіць перадваеннае status quo, абсалютная большасьць беларускіх дзеячаў ухваляла вынікі скасаваньня Рыскага трактату і вітала аб’яднаньне ўсіх беларускіх земляў у адной савецкай рэспубліцы. Тым больш, што першыя крокі новай улады сьведчылі, што яна нібыта рэалізоўвае найважнейшыя сацыяльна–эканамічныя, моўныя ды культурна–асьветніцкія патрабаваньні беларусаў, праігнараваныя ў міжваенным часе польскімі ўладамі.

Аднак неўзабаве надышлі першыя расчараваньні. Савецкая ўлада, што праўда, надзяляла сялян зямлёй, давала магчымасьць вылучыцца людзям з сацыяльных нізоў, абвясьціла беларускую мову афіцыйнай, уводзіла яе ў школьнае выкладаньне і выдавала на ёй газэты, але адначасова распачала фізычную ліквідацыю вядомых дзеячаў беларускага нацыянальнага руху. У кастрычніку 1939 г. у Вільні былі арыштаваныя Антон Луцкевіч, Аляксандар Уласаў, Ян Пазьняк, Вячаслаў Багдановіч і іншыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі. Дэпартацыі закранулі таксама чальцоў КПЗБ ды пракамуністычных арганізацыяў. Гэтыя рэпрэсіі спараджалі сярод беларускіх дзеячаў боязь за ўласны лёс, але ў прынцыпе не аслабілі сымпатыі да СССР.

Станоўча паставіліся да новай рэчаіснасьці нават беларускія хрысьціянскія дэмакраты, якія здаўна былі прадметам нападак з боку камуністаў, а таму — як магло б падацца — мелі найменш падставаў, каб ухваляць савецкую ўладу. У студзені 1940 г., гэта значыць, ужо пасьля далучэньня Вільні да Літвы, хадэцкая “Крыніца” пісала:

“Верасьнёвы разгром Польшчы даў магчымасьць Савецкаму Саюзу выступіць у ролі абаронцы Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны ад панскага прыгнёту і такім чынам выправіць несправядлівасьць дваццацігадовага падзелу Беларусі ды Ўкраіны (...) Беларусы, украінцы, расейцы ды казакі з сапраўдным захапленьнем сустрэлі гэты паход і ўзялі ў ім удзел, бо мэты яго былі добра зразумелыя, блізкія і вельмі папулярныя, бо аб’яднаньне беларускіх ды ўкраінскіх земляў успрымалася як гістарычная справядлівасьць і доўгачаканая неабходнасьць. Многія з тых, хто да нядаўняга часу — як у СССР, так і на эміграцыі — крытыкаваў савецкі лад, ня толькі даравалі ранейшыя крыўды, але зьмянілі ў лепшы бок стаўленьне да СССР, бо палічылі свае патрыятычныя памкненьні спраўджанымі”5.

Магло б падацца, што вядомы сваім рацыяналізмам Іваноўскі на гэты раз пачаў разьлічваць на цуд. Сапраўды, калі ўсе навокал адхілялі саму ідэю польска–беларускай фэдэрацыі, толькі ягонае цьвёрдае перакананьне дапамагала яму верыць у будучыню гэтай ідэі, а таксама спадзявацца, што разьвіцьцё ваенных падзеяў зьменіць погляды палітычных дзеячаў абедзьвюх краінаў. Ня выключана, што ён разьлічваў і на падтрымку Юрыя ў прапагандзе сваёй ідэі сярод эмігрантаў, а таксама на большае паразуменьне ў Менску, дзе зь вялікім скептыцызмам назіралі за заходнебеларускай эўфарыяй.

Кастрычніцкія арышты абмінулі Вацлава Іваноўскага, на што, відаць, паўплывала яго шматгадовая адсутнасьць на беларускай палітычнай сцэне. У канцы гэтага месяца ў Вільні прыйшла да ўлады літоўская адміністрацыя, а выезду ў Менск яму давялося чакаць яшчэ два гады. Вось жа, Іваноўскі мусіў неяк уладкавацца ў Вільні. Спачатку ён жыў у свайго старога сябра, інжынэра–архітэктара Лявона Дубяйкоўскага, на вуліцы Падгорнай і пачаў выкладаць у Індустрыяльным ліцэі на Антокалі, дзе да канца 1939 году навучаньне вялося па–польску. Дарэчы, тут у Іваноўскага вучыўся сын Антона Луцкевіча, Лявон. Адначасова Іваноўскі інтэнсіўна дасканаліў сваю літоўскую мову. Калі адзін зь літоўскіх прафэсараў пахваліў яго, заўважыўшы ў авалоданьні літоўскай мовай вялікі “прагрэс”, Вацлаў паправіў: “Ne progresas, o pazanga” (Не прагрэс, але посьпехі).

У лістападзе 1939 г. Вацлаў сустрэўся з сваім малодшым братам Тадэвушам, прафэсарам заалёгіі Ковенскага ўнівэрсытэту. Іх аб’ядноўвала агульнасьць поглядаў на важнейшыя палітычныя праблемы Беларусі і Літвы. У студзені 1940 г. Тадэвуш узначаліў катэдру заалёгіі Віленскага ўнівэрсытэту і паспрыяў таму, каб Вацлаву даручылі катэдру хімічнай тэхналёгіі ў гэтым жа ўнівэрсытэце. На той пасадзе Вацлаў Іваноўскі працаваў да чэрвеня 1941 г., г.зн., да нямецка–савецкай вайны, выкладаючы па–літоўску. Апроч таго, ён працаваў кансультантам у віленскім Торфавым трэсьце6.

На той час у Вільні сабралася амаль уся сям’я Іваноўскіх. Апроч Вацлава, Тадэвуша і Станіслава, што ўжо жылі тут, прыехала зь Лябёдкі Сабіна зь дзецьмі Стэфанам, Вацлавам і Ганнай, а таксама сястра Алена Скіндарова, мужа якой дэпартавалі на ўсход. Як “эксплюататары”, яны баяліся рэпрэсій з боку савецкіх уладаў і хаваліся ў Вільні, якая цяпер была на літоўскай тэрыторыі. Апусьцелы фамільны фальварак быў разбураны і вынішчаны. Быў раскіданы таксама дом Юрыя ў Галавічполі, збудаваны калісь Дубяйкоўскім. Мясцовыя шукальнікі скарбаў у сваім вандалізьме не пашкадавалі нават памёрлых: фамільную труньніцу разьбілі, а парэшткі павыкідалі з трунаў. Потым дзеці гулялі ў футбол чэрапамі Леанарда і Ядзьвігі. Ніхто ім не забараняў...7.

Увесну 1940 г. сытуацыя ў Эўропе яшчэ больш абвастрылася. Пад націскам пераможнага Вэрмахту здаліся Данія, Бэльгія, Галяндыя, Нарвэгія і Францыя, пачалася вайна за Вялікабрытанію. Вырасьлі таксама і тэрытарыяльныя апэтыты СССР, пра што сьведчыў напад на Фінляндыю, а таксама акупацыя румынскай Букавіны ды Бэсарабіі. У Літве пакуль панаваў адносны спакой, але мала хто верыў у ягоную трываласьць. Самую вялікую няпэўнасьць спараджалі савецка–нямецкія стасункі. Нічога ў гэты момант ня сьведчыла пра іх пагаршэньне, аднак з разьвіцьцём падзей расло агульнае перакананьне, што канфлікт паміж дзьвюма таталітарнымі дзяржавамі непазьбежны.

Палітычная сытуацыя ў Эўропе была няўстойлівая, незразумелая, шмат яе элемэнтаў магло яшчэ зьмяніцца, але ўвесну 1940 году прыйшла пара акрэсьліць стратэгічны сцэнар дзеяньня і распачаць адпаведныя прыгатаваньні. Гэтаю справаю Вацлаў Іваноўскі заняўся разам зь Янкам Станкевічам — вядомым з даваеннага часу палітыкам, мовазнаўцам і гісторыкам, прыхільнікам польска–беларускага збліжэньня, за што яго шматкроць крытыкавалі беларускія суполкі — ад камуністычных да хадэцкіх. У акадэмічным 1939–40 годзе Станкевіч таксама працаваў у Віленскім унівэрсытэце выкладчыкам беларускай мовы, што спрыяла кантактам паміж ім і Вацлавам Іваноўскім. Янка Станкевіч быў адным зь нешматлікіх дзеячаў, каму Іваноўскі сапраўды давяраў. Зрэшты, яны ведалі адзін аднаго з часоў першай сусьветнай вайны, калі разам працавалі ў Менску і Вільні, а потым — у Польскім інстытуце нацыянальных справаў у Варшаве.

Іваноўскі і Станкевіч зыходзілі з прыпушчэньня, што немцы наўрад ці адолеюць Савецкі Саюз — зь ягонымі бяскрайнімі прасьцягамі, зь вялікім людзкім ды матэрыяльным патэнцыялам. І, значыць, акупацыя Беларусі будзе толькі часовай. Як і дзеячы польскага падпольля, яны лічылі, што з гэтай вайны абедзьве вялікія дзяржавы выйдуць вельмі саслабелымі, а паваенным ладам у Эўропе будуць кіраваць краіны заходняга альянсу. Сумняваючыся, аднак, што гэтыя краіны будуць зацікаўленыя ў стварэньні беларускай дзяржавы, і ня маючы аніякіх магчымасьцяў для дзейнасьці на міжнароднай арэне, Іваноўскі і Станкевіч спадзяваліся, што беларускае пытаньне можа быць вырашана толькі ў лучнасьці з адбудовай польскай дзяржавы. Фармальнай праўнай падставай гэтага працэсу мелася быць фэдэрацыя Польшчы і Беларусі як дзьвюх незалежных дзяржаваў.

Каб ажыцьцявіць такую канцэпцыю, трэба было намовіць да яе польскі эмігранцкі ўрад, які б адстойваў яе перад заходнімі дзяржавамі. Іваноўскі і Станкевіч верылі ў плённасьць сваёй ініцыятывы, якая, на іх думку, прынесла б карысьць абедзьвюм краінам. У інтарэсах Польшчы было б стварыць беларускі буфэр, які б аддзяліў яе ад Расеі, а калі б сюды далучылася яшчэ і Ўкраіна, магла б паўстаць абсалютна новая палітычная сыстэма ва Ўсходняй Эўропе — сыстэма, здольная супрацьстаяць расейскай ды нямецкай экспансіі.

Гэтая далёкасяжная ідэя, якая ў галоўных рысах уяўляла сабой фэдэрацыйныя праекты 1919–20 гадоў, павінна была перш за ўсё знайсьці прыхільнікаў сярод кіраўніцтва польскага падпольля ў Варшаве — бо гэта ад яго залежаў зьмест высыланых да ўраду справаздачаў і прапановаў. Для Іваноўскага і Станкевіча паўстала неабходнасьць навязаць кантакты з кіраўніцтвам падпольля, хаця пакуль было незразумела, як гэта зрабіць.

Задача была нялёгкай зь некалькіх прычынаў: па–першае, трэба было пераадолець прынцыповыя тэрытарыяльныя разыходжаньні і, па–другое, абодва дзеячы не зьбіраліся выступаць у ролі вартых жалю просьбітаў. Яны разьлічвалі на рост беларускага нацыяналізму ўва ўмовах верагоднай нямецкай акупацыі, асабліва на тое, што атрымаецца заняць адміністрацыйныя пасады і стварыць уласныя ўзброеныя сілы. Але супрацоўніцтва зь немцамі аніяк не стасавалася б з пазыцыяй польскага падпольля і перакрэсьлівала б усе шанцы польска–беларускага дыялёгу. Тады і была вымысьлена адмысловая тактыка, якая прадугледжвала двайную гульню: Іваноўскі меўся заняцца афіцыйнай дзейнасьцю, а Станкевіч — ствараць кансьпірацыйнае задзіночаньне, якое польскія падпольшчыкі не змаглі б абвінаваціць у сувязях зь немцамі.

Згодна з гэтай дамоўленасьцю, за некалькі дзён да ўваходу Чырвонай Арміі ў Літву, Латвію і Эстонію, які адбыўся 15 чэрвеня 1940 г., Станкевіч выехаў у Варшаву. Іваноўскі жа застаўся ў Вільні і працягваў працаваць ва ўнівэрсытэце. Неўзабаве няўзброеным вокам стала бачна, што каля нямецкай мяжы канцэнтруюцца вялікія злучэньні савецкіх войскаў. Гэта пацьвярджала, што СССР рыхтуецца да вайны, а разам з тым сьведчыла і пра слушнасьць прадбачаньняў Іваноўскага. У чэрвені 1941 г. ён перажыў масавую дэпартацыю літоўцаў на ўсход, якая і гэтым разам шчасьліва яго абмінула. У той час Іваноўскі часта мяняў кватэры і не выяўляў палітычнай актыўнасьці. Чакаў выбуху вайны і вынікаў місіі свайго сябра ў Варшаве.

Прыехаўшы ў Варшаву, Янка Станкевіч пасяліўся на вуліцы Бэднарскай, у доме нумар 17 і далучыўся да дзейнасьці Беларускага камітэту, які тады разьмяшчаўся па адрасе: вуліца Ксёнжэнца, 4. Станкевіч вёў курсы беларускай мовы, чытаў лекцыі па гісторыі Беларусі. Адначасова ён распачаў стварэньне кансьпірацыйнай групоўкі пад назвай Партыя беларускіх нацыяналістаў (ПБН), ад імя якой плянаваў выступаць перад польскім падпольлем. Напрыканцы 1940 г. ён пазнаёміўся з Зосяй Дабрыньскай, якая адыграла ў гэтай гісторыі важную ролю. Зося Дабрыньская (у дзявоцтве Корсак), родам з Бардзіловічаў на Віцебшчыне, у 30–я гады настаўнічала ў Варшаве. І польская, і беларуская мовы і культуры з маленства былі для яе роднымі, яна вырасла ў атмасфэры, дзе шанаваліся абедзьве нацыі (у 1905 г. яе маці кіравала нелегальнай беларускай школай — гл. разьдзел III), і таму Дабрыньская лёгка паразумелася із Станкевічам.

Станкевіч намовіў Дабрыньскую ўступіць у ПБН, дзе яна атрымала псэўданім “Ціна Арген”, а разам з тым і ў ZWZ–AK. Увесну 1941 г. па рэкамэндацыі графіка Гайкоўскага яе ўзялі ў Бюро інфармацыі і прапаганды Галоўнага ўпраўленьня ZWZ–AK. У БІПе Дабрыньская працавала ва ўсходнім нацыянальным сэктары пад кіраўніцтвам дацэнта Ўладзіслава Тамкевіча (“Кшыштафа”), дзе ёй даручылі беларускія справы. Там яна мела псэўданім “Эва”. Адначасова яна ўдзельнічала ў кансьпірацыйных сходах на вуліцы Бэднарскай, на кватэры Станкевіча8.

На гэтых сходах Дабрыньская пазнаёмілася з Самуілам Кастравіцкім і Вітольдам Буткевічам, якія таксама круціліся па двайной арбіце. Абодва яны паходзілі зь Беларусі і былі стрыечнымі братамі: маці Вітольда, Марыя, была роднай сястрой бацькі Самуіла, Амброзія Кастравіцкага, якога з Вацлавам Іваноўскім яднала прыязнасьць, фэдэралістычныя перакананьні і дзейнасьць на беларускай ніве падчас першай сусьветнай вайны. У 1920 г. бацькі абодвух братоў выехалі зь Меншчыны і атрымалі невялікую гаспадарку ў Лідзкім павеце, аднак Амброзі шмат гадоў жыў у Варшаве, дзе працаваў лекарам. Іваноўскі ведаў Самуіла здаўна, што дазволіла ім лёгка знайсьці агульную мову ў поглядах на кансьпірацыйную дзейнасьць. Факты сьведчаць, што гэта адбылося ў канцы верасьня альбо ў кастрычніку 1939 г. у Вільні, дзе Самуіл хаваўся пасьля верасьнёвай паразы.

Увосень 1939 г. Самуіл выехаў у Варшаву і працаваў там у вайсковых кансьпірацыйных арганізацыях. У канцы 1940 г. зь ім увайшоў у кантакт Станкевіч — безумоўна, з падачы Іваноўскага. Самуіл стаў чальцом ПБН, куды прывёў таксама свайго стрыечнага брата Вітольда. Такім чынам уся тройца, г.зн. Дабрыньская, Кастравіцкі і Буткевіч, распачала дзейнасьць на два бакі, што, на іх думку, мелася служыць адной вялікай справе: адбудове з дапамогай Польшчы беларускай дзяржаўнасьці.

Яны мусілі быць вельмі асьцярожнымі і захоўваць таямніцу, каб пазьбегнуць магчымых абвінавачваньняў як з боку дзеячаў польскага падпольля, так і з боку беларускіх прыхільнікаў супрацоўніцтва з Райхам, што ў абодвух выпадках пагражала б трагічнымі вынікамі. Бо на ўлучаных у склад СССР заходнебеларускіх тэрыторыях ані на трохі не саслабелі міжнацыянальныя антаганізмы, якія гэтым разам востра адчулі на сабе палякі. Невыпадкова Юзаф Мацкевіч, уважлівы назіральнік тагачасных падзеяў, так ахарактарызаваў двайную гульню Кастравіцкага і Буткевіча ў акупаваным немцамі Менску:

“Так. Але вернемся да нашых справаў. Што, калі з нашымі навязаць кантакт? — спытаў Генрык.

— З нашымі? З кім? Зь Пекарчуком? Ці з Буткевічам, ці з тым новым Кастравіцкім? Я нічога пэўнага сказаць не магу. Я магу толькі сказаць, што ня ведаю, хто чыёй рукой грае...”9.

Увесну 1941 г., калі ўжо ў паветры вісела, што немцы нападуць на СССР, да дзеяньняў у Беларусі рыхтавалася таксама выведка Галоўнага ўпраўленьня ZWZ–AK (ZWZ — Zwiazek Walki Zbrojnej —кансьпірацыйная вайсковая арганізацыя, створаная польскім эміграцыйным урадам (фактычна створаная на пачатку 1940). Асноўны кірунак дзейнасьці — дывэрсійна–сабатажная работа; камэнданты — ген. К. Сасноўскі (з VI 1940); у 1942 годзе перайменавана ў Армію Краёвую. — Зацем рэдактара.). Палкоўнік Тамаш Зан апавядае, што ў тым часе ён быў прызначаны кіраўніком выведкі на паўночна–ўсходняй тэрыторыі, якая ахоплівала Беларусь, Літву, Латвію і Эстонію, і атрымаў загад рыхтаваць кадры для вывядоўчых групаў. Тады да яго зьвярнуліся Кастравіцкі і Буткевіч: яны прасілі залічыць іх у вывядоўчыя службы ў Беларусі, матывуючы гэта паходжаньнем зь Меншчыны і веданьнем беларускай ды расейскай моваў. Пасьля адпаведнага інструктаваньня Зан прызначыў Кастравіцкага кіраўніком філіі Другога аддзелу Галоўнага ўпраўленьня ў Менску, а Буткевічу даручыў мясцовае аддзяленьне.

Як пісаў Буткевіч, “каб аблегчыць сабе выезд і потым матываваць сваё знаходжаньне на ўсходніх тэрыторыях, мы яшчэ ў Варшаве — па дамоўленасьці з Занам — запісаліся ў Беларускі камітэт, які знаходзіўся на вуліцы Ксёнжэнцай. Гэты камітэт разглядаў сваіх чальцоў як будучых кандыдатаў на розныя пасады ў цывільнай адміністрацыі на Беларусі. Нас Камітэт накіраваў у Менск, паабяцаўшы, што па дамоўленасьці з обэрбурмістрам мы зоймем якіясьці пасады ў цывільнай беларускай адміністрацыі на тамтэйшых абшарах”10.

Тамаш Зан у прынцыпе пацьвердзіў цытаваную справаздачу Буткевіча, дапоўніўшы яе, зрэшты, істотнымі заўвагамі. Па–першае, візыт у Камітэт адбыўся ўлетку 1941 г., калі ўжо ішла нямецка–савецкая вайна, па–другое, размова вялася зь Янкам Станкевічам, які аформіў дакумэнты на выезд, і, урэшце, па–трэцяе — не было патрэбы загадваць Буткевічу і Кастравіцкаму, каб яны ўвайшлі ў Беларускі камітэт, бо яны ўжо да таго былі ягонымі чальцамі. Хутчэй наадварот — якраз Буткевіч прывёў Зана ў Камітэт і адрэкамэндаваў яго Станкевічу, а дакумэнты Зан атрымаў разам зь імі (на прозьвішча “Воўк”), бо ён таксама зьбіраўся паехаць на ўсход11.

Падаецца, што на момант пачатку нямецка–савецкай вайны Станкевіч быў ня надта задаволены вынікамі сваёй місіі. Так, ён уладкаваў Дабрыньскую ў БІП, што было нямала, але ж яе намаганьні дагэтуль былі безвыніковымі і не прывялі да размоў з кіраўніцтвам падпольля. На гэта паўплывалі як недавер да Станкевіча і несур’ёзнае стаўленьне да рэпрэзэнтаванага ім аб’яднаньня, так і нежаданьне ZWZ весьці дыскусіі на прадмет будучыні заходнебеларускіх земляў, якія дагэтуль лічыліся неад’емнай часткай Рэчы Паспалітай. Яшчэ Станкевічу ўдалося далучыць да супрацоўніцтва Кастравіцкага і Буткевіча, але ён недаацэньваў важнасьці іхнае дзейнасьці ў сфэры выйсковай выведкі. Гэта ён пакідаў Іваноўскаму.

Тым часам фронт шпарка пасоўваўся на ўсход. 24 чэрвеня нямецкія войскі ўвайшлі ў Вільню, 28 чэрвеня — у Менск, а 16 ліпеня занялі Смаленск. Ужо ў ліпені сьледам за нямецкімі войскамі на беларускія і літоўскія абшары накіраваліся дзеячы ZWZ–AK. Яны, згодна з інструкцыямі Зана, пачалі арганізоўваць сетку вывядоўчых групаў і падпольных вайсковых структураў. Аднак Кастравіцкі і Буткевіч марудзілі з ад’ездам у Менск і да канца лістапада заставаліся ў Варшаве. Толькі аднойчы — у жніўні — Кастравіцкі ненадоўга выехаў у Баранавічы і Вільню і, спаткаўшыся зь Іваноўскім, вярнуўся ў Варшаву. Чаго яны чакалі? Тут прасочвалася сувязь з паводзінамі Іваноўскага, які ўсё яшчэ знаходзіўся ў Вільні. Відаць, Кастравіцкі і Буткевіч ня бачылі магчымасьці абсталявацца ў Менску безь ягонай дапамогі. Ня выключана, што на затрымку з ад’ездам паўплывала жнівеньскае спатканьне Кастравіцкага зь Іваноўскім, падчас якога яны пра нешта дамовіліся.

Іваноўскі таксама не сьпяшаўся ў Менск. У ліпені, за нямецкімі войскамі, туды прыехалі Радаслаў Астроўскі, Мікола Шчорс, Вітаўт Тумаш, Адам Дземідзецкі–Дземідовіч, Усевалад Родзька, былі там студэнты Іваноўскага — Міхал Вітушка і Мечыслаў Контаўт, былі і іншыя дзеячы, якія спадзяваліся заняць пасады ў адміністрацыі і стварыць часовы беларускі ўрад, — а ён усё сядзеў у Вільні.

Цяжка з пэўнасьцю сказаць, якія былі на тое прычыны. Магчыма, Іваноўскі чакаў палітычнай дэклярацыі Гітлера наконт захопленых тэрыторыяў альбо хацеў стварыць сабе ў Вільні спрыяльную стартавую пляцоўку для далейшай дзейнасьці ў Менску — бо, у адрозьненьне ад іншых дзеячаў, ён дагэтуль ня меў кантактаў зь нямецкімі ўладамі і мог быць успрыняты як “чалавек з вуліцы”. Урэшце — што найбольш верагодна — Іваноўскі чакаў правалу маланкавай вайны, бо толькі ў гэтым выпадку ён мог разьлічваць на ажыцьцяўленьне сваіх плянаў.

Напачатку ліпеня 1941 г., дзякуючы намаганьням Уладзіслава Казлоўскага, дзеяча беларускага руху нацыянал–сацыялістаў, нямецкія вайсковыя ўлады дазволілі аднавіць працу Беларускага нацыянальнага камітэту, зачыненага ў 1938 годзе віленскім ваяводам. Паводле рапарту нямецкай службы бясьпекі, Камітэт павінен быў утварыць процівагу для “надта актыўнага літоўскага руху”12. Неўзабаве адбыўся ўстаноўчы сход з удзелам больш чым 60 мясцовых дзеячаў, на якім было абранае кіраўніцтва БНК. Старшынём быў абраны Вацлаў Іваноўскі, яго намесьнікамі — Язэп Малецкі і Баляслаў Грабінскі, сакратаром — Язэп Найдзюк, скарбнікам — Уладзіслаў Казлоўскі, рэфэрэнтам у справах культуры і асьветы — Усевалад Кароль13.

Камітэт рэпрэзэнтаваў перад нямецкімі ўладамі інтарэсы беларускага насельніцтва Літвы і меўся арганізоўваць беларускае школьніцтва, а таксама нават і вайсковыя адзінкі, кіруючыся інструкцыямі свайго старшыні, Іваноўскага: “(...) няма для нас як для абаронцаў народу іншага выйсьця, як толькі пераняць уладу, узяць зброю ў свае рукі і паралізаваць дзейнасьць нашых нацыянальных ворагаў”14. Неўзабаве, аднак, давер да Камітэту зь нямецкага боку пачаў памяншацца. Гэта было наступствам паліцэйскага сачэньня, якое паведамляла пра “цалкам незразумелыя і непрыдатныя выказваньні наконт нацыянальных задачаў”, прамоўленыя правадырамі Камітэту. У асноўным гэта датычыла Іваноўскага15. У выніку гарадзкія ўлады адмовіліся ад палітыкі “процівагі” літоўцам і перасталі падтрымліваць беларусаў.

У верасьні 1941 г. Іваноўскі наведаў Менск з кароткім азнаямляльным візытам. Дабіраліся туды на спадарожных грузавіках, ён і два ягоныя паплечнікі — Станіслаў Грынкевіч ды Язэп Найдзюк. Менск пасьля ваенных дзеяньняў выглядаў жахліва, адусюль зеўрала нэндза. Усю тройцу прыняў бурмістар, д–р Вітаўт Тумаш. Ён хацеў як найхутчэй зьехаць зь Менску і прапанаваў Іваноўскаму сваю пасаду, абяцаў нават узяць на сябе неабходныя фармальнасьці перад нямецкімі ўладамі16. Іваноўскі ў прынцыпе даў згоду, але хацеў яшчэ крыху счакаць з гэтым і вярнуўся ў Вільню.

Вестка пра тое, што Іваноўскаму прапануюць пасаду бурмістра Менску, хутка даляцела да Кастравіцкага ў Варшаве. Той паведаміў навіну Зану, і апошні, спадзеючыся на магчымае супрацоўніцтва, вырашыў асабіста паразмаўляць зь Іваноўскім. Але дамо цяпер слова самому Зану (ліст да аўтара ад 24 жніўня 1979 г.):

“Шаноўны пан Туронак!

У сувязі з Вашым пытаньнем паведамляю абставіны маёй сустрэчы з прафэсарам Вацлавам Іваноўскім.

Увесну 1941 г. я быў прызначаны кіраўніком выведкі ZWZ на паўночна–ўсходняй тэрыторыі, якая магла быць захоплена немцамі падчас плянаванай вайны. Калі вайна распачалася, улетку 1941 г. я пачаў арганізоўваць вывядоўчыя цэнтры Другога аддзелу на гэтых тэрыторыях. Кіраўніцтва менскім вывядоўчым цэнтрам я даручыў Самуілу Кастравіцкаму.

Перад маім выездам з Варшавы ў Вільню ў верасьні 1941 г. Кастравіцкі параіў мне скантактавацца з праф. Вацлавам Іваноўскім, які на той час жыў у Вільні. У мяне быў адрас праф. Януша Івашкевіча, і той зьвёў мяне з праф. В.Іваноўскім.

Нашая размова адбылася пасьля 25 верасьня 1941 г. у кватэры праф. Івашкевіча на вуліцы Зыгмунтоўскай. Мы ведалі, што праф. Іваноўскі неўзабаве павінен заняць нейкую высокую пасаду ў Менску, у сувязі з чым ён мог быць карысны для нашай працы. Тады ж я выклаў Іваноўскаму фэдэрацыйную канцэпцыю паваеннага дзяржаўнага ўладкаваньня Польшчы, Літвы ды Беларусі.

Падчас тае размовы праф. В.Іваноўскі не пагадзіўся на ніводную з маіх прапановаў аб супрацоўніцтве, адказаўшы мне так: “Я вам дапамагаць ня буду і перашкаджаць ня буду”. Навогул быў ён тады вельмі асьцярожны.

Мы разьвіталіся, ні да чаго не прыйшоўшы. У выведцы ZWZ я працаваў да лютага 1942 г. Ведаю, што да гэтага часу супрацоўніцтва з праф. В.Іваноўскім не было. Потым я перайшоў на дывэрсійную дзейнасьць і ніякіх кантактаў з праф. Іваноўскім ня меў.

Тамаш Зан,
пс. “Олесь”

Паўстае пытаньне, чаму Іваноўскі адхіліў прапанову Зана, калі сам жа разьлічваў на супрацоўніцтва з польскім падпольлем. Па–першае, Іваноўскі ведаў, што пададзеная канцэпцыя паваеннай фэдэрацыі адлюстроўвае асабісты погляд Зана, а не пазыцыю польскага ўраду ў Лёндане і ягоных падпольных мясцовых структураў. Па–другое, Іваноўскі хацеў не падпарадкоўвацца, а быць палітычным партнэрам Польшчы ў змаганьні за беларускую дзяржаўнасьць, і вырашаць такое было не ў кампэтэнцыі Зана. Аднак Зан атрымаў абяцаньне, што польскай выведцы ў Менску ня будуць перашкаджаць, а гэта ў тагачасных умовах было нямала.

Іваноўскі выехаў у Менск толькі ў сярэдзіне лістапада 1941 г., калі нямецкі наступ угруз у падмаскоўных сьнягах. Гэта стварала пэрспэктывы зацяжной вайны, а, значыць, паўставалі розныя варыянты яе працягу і заканчэньня. Іваноўскі, вядома, ня мог здагадвацца, што Сталін тады быў гатовы аддаць Германіі Беларусь, прыбалтыйскія рэспублікі і некаторыя іншыя тэрыторыі СССР, каб толькі заключыць з Гітлерам мір17. Перад ад’ездам Вацлаў даручыў сваёй дачцэ Ганьне вывезьці зь Вільні ў Лябёдку дзьвюх жанчын–гэбраек: Эму Альтбэрг і яе сястру Марыю Арнольдаву, зь якімі Іваноўскі пазнаёміўся ў 1904 г. у Плоцку. У 1979 г. Марыя з удзячнасьцю прыгадвала клопат Іваноўскага, які ўратаваў яе і сястру ад гета і ад сьмерці.

Засьцярогі віленскай паліцыі не ўзбуджалі даверу да Іваноўскага і ў Менску, таму ён атрымаў пасаду не бурмістра, а намесьніка бурмістра. Відавочна, акупацыйныя ўлады спадзяваліся знайсьці на пасаду бурмістра больш адпаведнага кандыдата. 17 лістапада Тумаш перадаў Іваноўскаму свае абавязкі і ад’ехаў у Бэрлін18. Такім чынам, да чэрвеня 1942 г. дзейнасьцю менскай гарадзкой управы кіравалі два намесьнікі бурмістра: Вацлаў Іваноўскі (пытаньні асьветы і культуры) і Адам Дземідзецкі–Дземідовіч (гаспадарчыя пытаньні).

Амаль цэлы год — зь лістапада 1941 г. да восені 1942 г. — Іваноўскі жыў на адной кватэры з сваім сакратаром зь віленскага БНК Язэпам Найдзюком, які выехаў у Менск крыху раней і працаваў у Выдавецтве школьных падручнікаў. Іхныя тагачасныя бытавыя ўмовы Найдзюк апісваў так:

“Я жыў разам з прафэсарам Іваноўскім у кватэры на вуліцы Ленінградзкай. У нас была агульная аканомка, цётка Алена, якая варыла нам есьці. Мы займалі тры пакоі і кухню. Кожны меў свой пакой, а адзін быў агульны, там спыняліся госьці, якія да нас наязджалі. У тыя часы я бліжэй пазнаёміўся з прафэсарам Іваноўскім і пераканаўся, які гэта добры, інтэлігентны і адукаваны чалавек. Ён не захапляўся ідэямі і праграмай Гітлера, ня быў германафілам. Імкнуўся з усіх сіл арганізаваць якое–колечы жыцьцё ў Менску, каб хоць людзі не галадалі, і марыў адчыніць у Менску беларускі ўнівэрсытэт. (...)

У Менску мы жылі вельмі сьціпла. Часта елі чэрствы, не найлепшай якасьці чорны хлеб, час ад часу траплялася каніна. Увесну найчасьцей елі мы зялёную салату з цыбуляй, а пазьней гатаваную і сьвежую капусту з сольлю ды моркву. Замест цукру ўжывалі патаку. Салату і капусту мы елі безь сьмятаны ці шкварак. Часам знаёмыя з правінцыі прывозілі трохі сыру, сала ды яек. Тады ў нас было вялікае сьвята”19.

А вось што ўспамінае Лявон Галяк, які таксама жыў у доме на вуліцы Ленінградзкай:

“Памятаю сустрэчу Новага 1942 году ў Іваноўскага (...) Калі аціхла страляніна, якой немцы віталі надыход Новага году, нас прыйшоў павіншаваць адміністратар будынку, немец. Іваноўскі вынес яму на калідор кілішак гарэлкі і канапку на талерцы, падзякаваў і разьвітаўся. Я назіраў за гэтай сцэнкай зь вялікай прыемнасьцю: часьцей, на жаль, даводзілася бачыць удыганьне перад немцамі, але Іваноўскі здолеў паводзіць сябе годна”20.

Тымчасам у Беларусі панавала палітычная блытаніна, нарасталі грамадзкія канфлікты. Гітлер, які перад нападам на СССР шмат разоў абяцаў утварыць пад пратэктаратам Германіі асобную беларускую дзяржаву, у часе вайны аніяк не выказваўся на гэты конт. 17 ліпеня 1941 г. ён выдаў дэкрэт, якім утвараў вялікі аддзел акупацыйнай цывільнай адміністрацыі — Райхкамісарыят Остлянд. Гэты аддзел ахопліваў Беларусь, Літву, Латвію і Эстонію21.

А пакуль дэкрэт рыхтаваўся, уладу ў Беларусі ажыцьцяўляў Вэрмахт. Паколькі не было дырэктыў Гітлера наконт палітычнага статусу Беларусі, вайсковыя ўлады, адказныя за арганізацыю мясцовай адміністрацыі, кіраваліся не нацыянальнымі крытэрамі, а прагматызмам. На заходнебеларускіх абшарах, якія ў міжваенным часе належалі да Польшчы, вайсковыя ўлады ахвотна даручалі кіраўнічыя пасады ў адміністрацыі і паліцыі палякам, якія сюды вярталіся. Рабілася гэта галоўным чынам таму, што палякі мелі прафэсійны досьвед і антыкамуністычныя перакананьні.

Апанаваньне мясцовага апарату ўлады абуджала надзеі польскіх дзеячаў на стварэньне ва ўмовах акупацыі такога стану, які б фактычна спрыяў адбудове польскай дзяржаўнасьці на заходнебеларускіх тэрыторыях. Таму палякі імкнуліся выключыць з палітычнай гульні беларусаў, якія безадносна да сваёй арыентацыі — незалежніцкай ці савецкай — разглядаліся як перашкода ў дасягненьні вышэйназванай мэты. Да таго ж, палякам карцела адпомсьціцца за вядомыя падзеі 1939–1941 гадоў, і яны пачалі зводзіць асабістыя рахункі. Пасыпаліся даносы на беларусаў як на камуністаў, што ў першыя тыдні акупацыі выклікала шмат ахвяраў, асабліва сярод беларускай інтэлігенцыі.

Эскаляцыя польска–беларускага канфлікту рабілася непазьбежнай, хаця пакуль што нешматлікая і разьяднаная беларуская інтэлігенцыя, над часткай якой вісела суровае абвінавачваньне ў падтрымцы савецкай улады, не магла супрацьстаяць актыўнасьці палякаў. Мала дапамагло і тое, што немцы прывезьлі з эміграцыі групу беларускіх адміністрацыйных работнікаў — іх было ўсяго некалькі дзясяткаў, і большасьць зь іх асела ў Менску. Тут іх чакала вялікае расчараваньне. Неўзабаве пасьля прыезду ў Менск іх пачалі “вучыць і пераконваць”, што весьці палітычную дзейнасьць, прынамсі пакуль, — бессэнсоўна. Адначасова ім даводзілася, што ня трэба рабіць пасьпешлівых унёскаў пра стаўленьне немцаў да беларускага пытаньня — бо наконт яго ўсе яшчэ чакалі рашэньня Гітлера.

Сытуацыя зьмянілася пасьля стварэньня ў верасьні 1941 г. акупацыйнай цывільнай управы, якую ўзначаліў генэральны камісар Беларусі Вільгельм Кубэ. Нягледзячы на шматгадовы досьвед палітычнай дзейнасьці, ён акрэсьліў як беспрэцэдэнтную задачу, якую атрымаў на гэты раз. Краіна, куды накіраваў яго Гітлер, ня мела традыцый дзяржаўнага самакіраваньня, вынікам чаго быў нізкі ўзровень нацыянальнай сьвядомасьці беларускага народу, затое моцныя расейскія ды польскія культурныя і палітычныя ўплывы. Найлепей сьведчыла пра гэта мясцовая адміністрацыя, нацыянальны склад якой у вельмі малой ступені супадаў з назвай краіны. Невыпадкова Кубэ занатаваў: “Перадусім Беларусь была ня больш чым цьмяным геаграфічным паняткам, у непасрэдным значэньні гэтага слова”22.

У адрозьненьне ад афіцыйнай бэрлінскай палітыкі, якая зводзілася да гаспадарчай эксплюатацыі акупаваных абшараў, Кубэ ад пачатку сваёй дзейнасьці ў Менску імкнуўся аднавіць нацыянальную тоеснасьць Беларусі. Такую магчымасьць давала яму моцная асабістая пазыцыя, бо яго падтрымліваў Гітлер. У артыкулах і інтэрвію Кубэ часта прапагандаваў прынцыпы сваёй палітыкі, даводзячы, што ва ўмовах нямецкай акупацыі, вольных ад расейскага ды польскага палітычнага дамінаваньня, беларускі народ атрымаў шанец за кароткі час нагнаць гістарычнае спазьненьне ў разьвіцьці сваёй нацыянальнай сьвядомасьці. Дзейнасьць акупацыйных уладаў у палітычным пляне мелася накіроўвацца на прысьпешваньне гэтага працэсу, на пераадоленьне чужых ідэалёгіяў і ўзмацненьне беларускіх нацыянальных элемэнтаў — перш за ўсё, праз разьвіцьцё школьніцтва, культуры і працы сярод моладзі. Гэтая новая дарога разьвіцьця павінна была прывесьці Беларусь да эўрапейскай супольнасьці народаў і дзяржаваў. Генэральная Акруга Беларусь, — сьцьвярджаў Кубэ, — такім чынам, павінна выконваць ня толькі адміністрацыйныя функцыі, прадыктаваныя ўмовамі вайны, яе прызначэньне — стварыць айчыну для беларускага народу23.

Гэтыя прынцыпы Кубэ пачаў ажыцьцяўляць адразу пасьля свайго ўступленьня на пасаду ў Менску. Пад лёзунгам “Беларусь для беларусаў” ён прапагандаваў ідэю нямецка–беларускай лучнасьці інтарэсаў і супрацоўніцтва, клапаціўся пра адбудову школьніцтва і культурных інстытуцыяў, абараняў менскія музэі і бібліятэкі ад разрабаваньня іх войскам, раздаў сялянам усю калгасную зямлю, супраціўляўся ў Галоўнай управе бясьпекі Райху вынішчэньню жыдоў. У рэшце рэшт ён прызнаў неабходнасьць паступовай беларусізацыі адміністрацыі, праваслаўнай і каталіцкай царквы ды іншых галінаў грамадзкага жыцьця.

Палітыка Кубэ аддавала перавагу беларусам, але не магла вокамгненна зьмяніць кадравую сытуацыю, асабліва ў адміністрацыі і паліцыі, створаных у свой час цывільнай управай. Нягледзячы на арганізаваныя падрыхтоўчыя курсы, надалей адчуваўся вялікі недахоп беларускіх спэцыялістаў, здольных альбо ахвочых працаваць. Беларускія дзеячы, прыгнечаныя тым, што ня могуць напоўніцу выкарыстаць перавагі, якія ім давала палітыка Кубэ, прычыну сваіх няўдач бачылі ў занадта лібэральным стаўленьні цывільнай управы да палякаў. Усё гэта прадукавала далейшыя канфлікты. У верасьні 1941 г. данясеньні паліцыі інфармавалі, што працягваюцца спробы выстаўляць беларускіх службоўцаў як камуністаў, але цяпер такія заявы правяраліся больш уважліва, і ў выпадку беспадстаўных абвінавачваньняў даносчыкі прыцягваліся да адказнасьці. Гэтыя меры дапамаглі зьменшыць колькасьць даносаў. Затое ўзрос лік антыпольскіх інсынуацыяў з боку беларускіх дзеячаў, якія хацелі такім чынам перамагчы польскую дамінацыю.

Вось жа, Кубэ мусіў лявіраваць паміж дэклярацыямі ды рэаліямі. Хаця ён і пагадзіўся з фактычным станам мясцовай адміністрацыі, але ж, з прычыны яе нацыянальнага складу, ня мог на ёй будаваць сваю беларускую палітыку. Тады ён пачаў ствараць беларускую надбудову ў выглядзе цэнтральнай адміністрацыйнай інстанцыі, якая павінна была дзейнічаць у кірунку паступовай беларусізацыі мясцовых зьвёнаў. Паколькі бэрлінскія ўлады гэтага выразна не забаранялі, стварэньне такой інстанцыі ў верасьні 1941 г. падавалася магчымым — вядома ж, не як ураду, але як дапаможнага органу генэральнага камісарыяту ў Менску.

Напачатку верасьня Кубэ вылучыў на гэтую кіраўнічую пасаду Радаслава Астроўскага — на той час адзінага вядомага беларускага дзеяча на менскай палітычнай сцэне. Кубэ прызначыў Астроўскага галавой управы менскай акругі, свайго роду Nebenbureau — мясцовага адпаведніка генэральнага камісарыяту. Такім чынам, Астроўскі заняў важны пост у надзеі стварыць зь цягам часу, на базе ўправы сталічнай акругі, цэнтральную беларускую адміністрацыйную інстанцыю.

Але ў канцы кастрычніка ўсе ягоныя пляны неспадзявана рухнулі ў сувязі з прыездам у Менск Івана Ермачэнкі, якога Альфрэд Розэнбэрг, міністар акупаваных усходніх тэрыторыяў, прызначыў кіраўніком Беларускай народнай самапомачы (БНС). У прынцыпе абедзьве гэтыя інстанцыі маглі функцыянаваць паралельна, хаця было відавочна, што пасьля спадзяванай легалізацыі цэнтральнай управы Астроўскага БНС будзе падпарадкаваная яму. З такой пэрспэктывай не хацеў пагадзіцца Ермачэнка, які таксама меціў на ролю беларускага правадыра. У канфлікце паміж імі Ермачэнка займаў мацнейшую пазыцыю — ня толькі таму, што быў прызначаны Розэнбэргам, але і таму, што меў доказы супрацоўніцтва Астроўскага з камуністамі і польскімі ўладамі, і гэтыя доказы ён выкарыстаў супраць свайго суперніка. У выніку Астроўскі страціў давер Кубэ і, каб уратавацца ад магчымых рэпрэсіяў, выехаў у Смаленск, губляючы тым самым магчымасьць непасрэдна ўплываць на сытуацыю ў Менску.

Інцыдэнт з Астроўскім не ўзмацніў даверу Кубэ да беларускіх дзеячаў. Аднак у яго не было выбару. Ён прызнаў Ермачэнку, які аказаўся спаважным супрацоўнікам і доўгі час адыгрываў галоўную ролю на менскай палітычнай сцэне як старшыня БНС — адзінай санкцыянаванай Бэрлінам беларускай грамадзкай арганізацыі. Пасьля гэтага інцыдэнту Кубэ быў больш асьцярожны і стрымана паставіўся да невядомага яму раней Іваноўскага, прызначыўшы яго намесьнікам бурмістра. Відавочна, ён не хацеў новага скандалу.

Іваноўскі, аднак, бясспрэчна выйграваў у вачах Кубэ і адказваў яму тым самым. Абодва цалкам сыходзіліся ў поглядах на адраджэньне беларускай культуры і нацыянальнай сьвядомасьці. Абодвух яднала любоў да мастацкай літаратуры і тэатру. Урэшце, Іваноўскі быў адным зь нешматлікіх беларускіх дзеячаў, хто дасканала валодаў нямецкай мовай. Гэта спрыяла іх бліжэйшаму знаёмству і ўзбагачала веды Кубэ пра Беларусь — паводле ягоных словаў, “найменш вядомую краіну Эўропы”, пра яе мінуўшчыну і надзённыя праблемы. Такое паразуменьне двух дзеячаў істотна паўплывала на рост прабеларускіх сымпатыяў Кубэ, а таксама — як мы неўзабаве пераканаемся — на лёс Іваноўскага.

Затое дзеячы некаторых беларускіх аб’яднаньняў сустрэлі Іваноўскага непрыязна. Што праўда, яны прызнавалі заслугі Іваноўскага перад беларускім рухам, ён быў апошнім з жывых пачынальнікаў таго руху, але разам з тым (якраз з прычыны памянёных абставінаў) у ім бачылі патэнцыйнага канкурэнта ў барацьбе за ўладу. Гэтых засьцярогаў не адмяняў факт, што Іваноўскі заставаўся ўбаку ад дзейнасьці мясцовых груповак. Зь недаверам ставіліся да яго Ермачэнка, а таксама ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі — ідэялягічны лідар радыкальнага нацыянальнага задзіночаньня, які выконваў у Менску функцыі галоўнага школьнага інспэктара.

Вельмі варожа выступілі супраць Іваноўскага некаторыя праваслаўныя дзеячы, прыхільнікі Астроўскага. Ужо ў сьнежні 1941 г. менская служба бясьпекі (SD) атрымала ад іх данос, дзе Іваноўскі называўся падпарадкаваным віленскай курыі католікам, які дзейнічае на карысьць пальшчызны ды каталіцызму і маскуе свае сапраўдныя памкненьні клопатам пра беларусізацыю каталіцкага касьцёлу. Аўтары даносу абвінавачвалі Іваноўскага ў тым, што ён намагаецца адцягнуць увагу нямецкага кіраўніцтва ад польска–каталіцкай экспансіі24. Непасрэднай зачэпкай для даносу было выданьне пры падтрымцы Іваноўскага напрыканцы 1941 г. у Менску беларускага катэхізысу ксяндза Юзафа Рэшаця, што, відаць, было ўспрынята як пагроза для праваслаўя. Гэта была апошняя беларуская кніга, выдадзеная намаганьнямі Іваноўскага25.

У канцы лістапада ў Менск прыехаў Самуіл Кастравіцкі — з мэтай арганізаваць мясцовую вывядоўчую групу ZWZ. Разам зь ім прыехаў Вітольд Буткевіч, які меўся ўзначаліць выведку ў правінцыі. Абодва яны зьявіліся да Іваноўскага, але пасьля размовы зь ім іх пляны рэзка памяняліся. Так, Буткевіч ня выехаў у правінцыю, а быў прызначаны Іваноўскім на працу ў менскую гарадзкую ўправу, затое Кастравіцкі не ўзначаліў менскае аддзяленьне выведкі, але празь некалькі дзён вярнуўся ў Варшаву26. Буткевіч пісаў у справаздачы, што Кастравіцкага адклікалі назад з Варшавы, але гэта не адпавядала сапраўднасьці. Апошняе пацьвердзіў і Зан у размове з аўтарам, дадаючы, што пры тагачасных умовах сувязі не магло быць і гаворкі, каб за такі кароткі адрэзак часу з Варшавы прыйшлі нейкія загады.

Падобна, што абодва афіцэры выведкі больш слухаліся Іваноўскага, чымся сваіх камандзіраў. Але Іваноўскі не перакрэсьліў плянаў Другога аддзелу, бо менская філія выведкі ўсё ж была ўтворана, толькі пакуль ёю кіраваў Буткевіч. Іваноўскі забясьпечыў яго кватэрай у доме, дзе жылі работнікі гарадзкой управы, на вуліцы Ленінградзкай, і даў яму пасаду кантралёра, а потым начальніка аддзела кантролю. Як пісаў Буткевіч, “пасада гэтая потым вельмі дапамагала мне ў маёй вывядоўчай дзейнасьці. Я меў магчымасьць часта выязджаць на пэрыфэрыю, уздоўж і ўпоперак зьмераў стратэгічныя шляхі Менск–Слуцак, Слуцак–Баранавічы і чыгуначныя каляіны Менск–Бабруйск і Менск–Берасьце. Дзякуючы сваёй пасадзе я меў вольны ўваход на ўсе гарадзкія прадпрыемствы і на многія заводы, якія пераважна працавалі на немцаў. На нарадах у бурмістра я часта сустракаўся з прадстаўнікамі акупацыйных нямецкіх уладаў і нярэдка браў удзел у паседжаньнях, на якіх абмяркоўваліся і плянаваліся розныя цікавыя для нашай выведкі распараджэньні”27.

У канцы студзеня 1942 г. у Менск прыехала Гражына Ліпіньская (псэўд. “Данута”, якая неўзабаве ўзначаліла аддзяленьне ZWZ–AK і кіравала ім да канца нямецкай акупацыі. Яна таксама разьлічвала на дапамогу Іваноўскага, якога ведала з часоў вучобы ў варшаўскай Палітэхніцы. Аднак у новых умовах старое знаёмства магло не спрацаваць, і таму “Данута” папярэдне скантактавалася з Буткевічам.

“Буткевіч быў расчараваны, — успамінае Ліпіньская, — што Галоўнае ўпраўленьне прыслала жанчыну. Ён гаварыў, што тут небясьпечна, што пагражаюць немцы і бальшавікі, што лепей адсюль зьязджаць. Але я засталася і папрасіла ягоных парадаў наконт арганізацыі прадстаўніцтва. Буткевіч відавочна не хацеў гэтым займацца і сказаў: “Няхай пані сама арганізуе прадстаўніцтва, бо я прыехаў з Варшавы зь іншымі заданьнямі”. Напачатку я зразумела яго так, што ён адмаўляецца ад працы, але Буткевіч растлумачыў, што ягоныя заданьні датычаць беларускіх справаў, аднак паабяцаў працаваць таксама і для вайсковай выведкі”. Толькі празь некалькі дзён я накіравалася да прафэсара Іваноўскага. Думаю, што Буткевіч ужо пасьпеў зь ім паразмаўляць і параіць маю кандыдатуру. Ва ўсякім выпадку, пры першай сустрэчы прафэсар Іваноўскі абяцаў мне сваю дапамогу, заўважыўшы, што яго не цікавіць, навошта я прыехала ў Менск. Ён даў мне працу ў гарадзкой управе — спачатку даручыў зьбіраць каляровыя мэталі, а потым прызначыў інструктаркай па прамысловасьці. Такая праца давала мне магчымасьць езьдзіць па раёнах, што было вельмі істотна для вывядоўчай дзейнасьці”28.

Вось такім парадкам пад адным крылом Іваноўскага пачала дзейнічаць ячэйка акоўскай вайсковай выведкі, а пад другім хаваўся Баляслаў Бэрут, у будучыні прэзыдэнт Польскай народнай рэспублікі. Як вынікае з справаздачы ўдзельнікаў польскага падпольля ў Менску, дапамога Іваноўскага была бясспрэчна вялікай29. У суме ён значна перавыканаў абяцаньне не перашкаджаць дзейнасьці ZWZ–AK, дадзенае Зану ў верасьні 1941 г.

Стаўленьне Іваноўскага да польскага падпольля заслугоўвае ўвагі зь некалькіх прычын. Па–першае, тут адлюстравалася ягоная нэўтральнасьць да ўзброенай барацьбы. Па–другое, Іваноўскі ўсьведамляў, што дзейнасьць аддзелу выведкі безвыніковая: назапашаная ім ваенная інфармацыя магла б цікавіць толькі кіраўніцтва Чырвонай Арміі, у той час як гэтая інфармацыя перадавалася, звычайна раз у месяц, з дапамогай кур’ераў у Варшаву, дзе яе апрацоўвалі і высылалі ў штаб Галоўнакамандуючага пры польскім урадзе ў Лёндане. Усё гэта займала, як правіла, некалькі месяцаў, у выніку чаго інфармацыя безнадзейна старэла і рабілася бескарыснай для апэратыўных рашэньняў, можна нават сумнявацца, ці перадавалі яе ў Маскву. Урэшце, па–трэцяе — акоўская філія ў Менску не была патрэбная Іваноўскаму і не пасярэднічала ў ягоных кантактах з кіраўніцтвам польскага падпольля. У гэтым рэчышчы дзейнічалі Кастравіцкі з Буткевічам, стварыўшы асобную і незалежную сыстэму сувязі.

Дзейнасьць менскай філіі станоўча ацэньвалася ў Варшаве, затое ў Менску спараджала падазрэньні і даносы ў SD — галоўным чынам на Іваноўскага, якога называлі польскім агентам, што дзейнічае на шкоду Беларусі30. Асаблівую актыўнасьць тут выяўляў Іван Касяк, які з даваеннага камуністычнага дзеяча ператварыўся ў супрацоўніка гестапа. Як піша Раіса Галяк, падобныя даносы пісаў і ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі. Гэта стварала вакол Іваноўскага пагрозьлівую атмасфэру, а ягоны сусед па кватэры Юзаф Найдзюк, які быў сьведкам прыезду незнаёмых людзей з Варшавы, гаварыў, што “ў Іваноўскага зямля гарыць пад нагамі”, і баяўся зь ім жыць31.

Іваноўскі тады пазьбегнуў арышту галоўным чынам дзякуючы генэральнаму камісару Кубэ. Іх дачыненьні ўсё паляпшаліся. Кубэ абараніў Іваноўскага ад беспадстаўных нападак, а ў чэрвені 1942 г. адмовіўся ад сваіх першапачатковых засьцярог і пагадзіўся прызначыць яго бурмістрам Менску. Гэтае рашэньне прынесла Іваноўскаму вялікую асабістую прыемнасьць — ён заняў урэшце пасаду, якую калісьці займалі ў гэтым горадзе ягоныя продкі.

Тагачасны Менск быў невялікім горадам — ён налічваў трохі больш як 100 тысяч жыхароў, напалову менш, чым перад вайной. Затое вельмі вялікімі былі разбурэньні, як выкліканыя налётамі нямецкай авіяцыі, так і зробленыя савецкімі войскамі пры адступленьні. Адносна менш пацярпелі прамысловыя прадпрыемствы, якія разьмяшчаліся на ўскраінах гораду, але нармальна працаваць яны не маглі ў тым ліку і празь вялікі недахоп рабочай сілы — гарадзкія кварталы ляжалі ў руінах, а людзі часьцяком пераязджалі на вёску ў пошуках даху над галавой. Цяжкасьці павялічвала нястача паліва, прадуктаў, адзеньня і іншых прадметаў першай неабходнасьці.

Таму асноўнай задачай гарадзкой управы быў клопат пра элемэнтарныя патрэбы людзей. Іваноўскі надаваў таксама шмат увагі духоўным патрэбам. Кіраваны ім аддзел асьветы і культуры ўтрымліваў у горадзе каля дваццаці пачатковых беларускіх школаў, этнаграфічны музэй, арганізоўваў выставы жывапісу і народнага мастацтва. Вось толькі не атрымалася адчыніць пэдагагічны інстытут. Затое Іваноўскі арганізаваў у прадмесьці Менску досьледную станцыю (так званая “Балотная станцыя”), дзе вывучаліся мэтады разьвядзеньня цукровых буракоў на беларускіх глебах32. Па гэтай тэме ён у свой час абараніў доктарскую дысэртацыю.

Важнай галіной культурніцкіх зацікаўленьняў Вацлава Іваноўскага была дзейнасьць гарадзкога тэатру. Дырэктарам яго спачатку быў Ян Краўчонак, потым Пятро Булгак. Паколькі опэрны тэатар заняло нямецкае войска, спэктаклі ішлі ў будынку цяперашняга тэатра імя Янкі Купалы. У адным тэатры працавалі тры акторскія ансамблі — драматычны, опэрны і балетны. Зь цяжкасьцю ўдалося сабраць актораў, знайсьці рэквізыт і абсталяваньне. Іваноўскі часта запрашаў актораў, рэжысэраў і драматургаў у гарадзкую ўправу на сустрэчы, падчас якіх абмяркоўваўся рэпэртуар і вырашаліся праблемы, зьвязаныя з матэрыяльнымі цяжкасьцямі. Іваноўскі ахвотна наведваў артыстаў, таварышыў зь імі. Артыстка тэатру Яўгенія Седліц была ягоным апошнім каханьнем.

Вось рэпэртуар менскага гарадзкога тэатру на сэзоны 1941/42 і 1942/43 гг.:

Беларуская клясыка: “На Антокалі”, “Пан Міністар”, “Шчасьлівы муж” Ф.Аляхновіча; “Міхалка” Далецкіх (В.Іваноўскага); “Пінская шляхта” В.Дуніна–Марцінкевіча.

Замежная клясыка: “Кармэн” Бізэ; “Вольны стралец” Вэбэра; “La Locandiera” Гальдоні; “Затонуты звон” Гаўптмана; “Разьбіты кубак” Кляйста; “Лялечны дом” Ібсэна, “Лекар міжволі” Мальера, “Зачараваная жалейка” Моцарта, “Яўгені Анегін” Чайкоўскага; “Інтрыга і каханьне” Шылера; “Цыганскі барон” Штраўса33.

Як трапна сказаў гісторык беларускага тэатру Ўладзімер Сядура, “у тыя змрочныя гады менскі гарадзкі тэатар нёс гараджанам сьвятло мастацтва”34. Сапраўды, калі ўзяць пад увагу цяжкасьці ваеннага часу ды беларускую спэцыфіку, колькасьць і якасьць названых рэпэртуарных пастановак уражваюць. Пасьля вайны дырэктар тэатру Булгак заплаціў за гэта многімі гадамі савецкіх лягераў.

Пад заўсёднай апекай Іваноўскага былі дзевяць менскіх Дамоў дзіцяці, для якіх ён перш за ўсё стараўся даставаць прадукты. Да гэтага спрычыніўся і ягоны супрацоўнік, начальнік аддзелу забесьпячэньня гарадзкой управы Баляслаў Бэрут.

Увесну 1942 году сытуацыя ў Беларусі працягвала абвастрацца. З аднаго боку, узмацнілася актыўнасьць савецкіх партызанаў, з другога — Галоўная ўправа бясьпекі Райху распачала ліквідацыю польскага падпольля. Гэтая акцыя спустошыла мясцовую адміністрацыю — многія службоўцы–палякі былі арыштаваныя і закатаваныя, іншыя ратаваліся ўцёкамі. У гэтай сытуацыі Кубэ, раздражнёны нігілістычнай палітыкай Бэрліну, вырашыў зрабіць стаўку на актывізацыю беларускага нацыяналізму. У прыватнасьці, ён палічыў неабходным сфармуляваць такую палітычную канцэпцыю, якая б заахвоціла беларусаў да супрацоўніцтва.

У канцы чэрвеня Кубэ ўтварыў інстытуцыю Мужоў Даверу, зрабіў Ермачэнку сваім дарадцам, дазволіў стварыць Галоўную раду Беларускай народнай самапомачы і значна пашырыць кампэтэнцыю гэтай арганізацыі, у рамках якой узьнік шэраг аддзелаў, як, напрыклад, палітыкі, вайсковых справаў, школьніцтва, культуры, прапаганды і аховы здароўя. Такім чынам ствараўся апарат, які ў адпаведны момант быў бы гатовы ўзяць уладу ў Беларусі. Асаблівае значэньне меў дазвол Кубэ на арганізацыю Корпусу беларускай самаабароны пад кіраўніцтвам Ермачэнкі.

Далей–болей. Былі ўтвораныя Беларускае навуковае таварыства, прафэсійныя саюзы, судовы апарат, Ліга жанчын, легалізавана беларуская нацыянальная сымболіка — сьцяг і герб “Пагоня”, арганізаваны Цэнтральны саюз каапэрацыі. Неўзабаве Кубэ выдаў распараджэньне, згодна зь якім ранейшыя “раёны” атрымалі назву “акругаў”, а бурмістры пачалі звацца “гарадзкі галава”, “акруговы галава” і “валасны галава”. Пачаліся размовы на прадмет адкрыцьця ўнівэрсытэту ў Менску.

У атмасфэры эўфарыі, выкліканай саступкамі з боку Кубэ, у канцы ліпеня 1942 г. у Менску адбыўся зьезд БНС. Зьезд адзначыў, што за кароткі час БНС зьмяніла свой характар і апроч дабрачыннай дзейнасьці кіруе цяпер у агульнадзяржаўным маштабе школьніцтвам, культурніцкай дзейнасьцю, палітыкай, прапагандай, прыступіла да арганізацыі войска, адбудовы гаспадарчага жыцьця і г.д. “З гэтага вынікае, — гаварылася ў справаздачы зьезду, — што БНС зрабілася цэнтрам пачынаньняў усяго беларускага жыцьця, ягоным кіраўнічым штабам”. Зьезд запатрабаваў зьменаў у статуце БНС і прызнаньня яе фармальных правоў на самакіраваньне35.

Ермачэнка быў у зэніце кар’еры, усё бліжэйшай падавалася яму пасада прэм’ера беларускага ўраду, на якую яго вёў Кубэ. Генэральны камісар глыбока верыў у жыцьцёвасьць сваіх плянаў — якраз у гэты час на Эльбрусе залунаў сьцяг Райху, а нямецкія войскі дайшлі да Волгі. Ермачэнка пачуваўся дастаткова моцным, хаця ўсё ж асьцерагаўся магчымай канкурэнцыі з боку Іваноўскага: ён не ўключыў апошняга ў склад Галоўнай рады БНС. Іваноўскаму гэта патлумачылі так: маўляў, культурна–асьветніцкая праца ў Менску была так добра арганізаваная гарадзкой управай, што Галоўная рада ўжо ня мусіла пра яе клапаціцца. Толькі пасьля таго, як умяшаўся Кубэ, Іваноўскі быў кааптаваны ў Раду і як яе сябра падпісаў у ліпені заклік уступаць у атрады самаабароны36.

Пэрспэктыва мець уласныя ўзброеныя сілы здавалася ў той час цалкам рэальнай — найярчэй пра гэта сьведчыла адкрыцьцё ў Менску і іншых мясьцінах Беларусі курсаў падрыхтоўкі афіцэраў і сяржантаў. Гэта натхняла ўсе беларускія аб’яднаньні да актывізацыі сваёй дзейнасьці. У ліпені 1942 г., падчас зьезду БНС, пад кіраўніцтвам Усевалада Родзькі была створана Беларуская незалежніцкая партыя (БНП). Яна выдавала свой бюлетэнь і заклікала бескампрамісна змагацца за незалежнасьць Беларусі зь немцамі, палякамі і савецкімі партызанамі.

Разгортвала сваю дзейнасьць таксама і Партыя беларускіх нацыяналістаў (ПБН), лідар якой, Янка Станкевіч, з восені 1941 г. знаходзіўся ў Менску, шчыльна супрацоўнічаючы зь Іваноўскім. У акоўскім рапарце за ліпень 1942 г. пісалася: “ПБН, якая робіць стаўку на Англію і Польшчу, налічвае каля 500 чалавек. Яе ўзначальвае Цэнтральны камітэт, старшынём якога зьяўляецца Станкевіч. ЦК у цяперашні момант месьціцца ў Менску, складаецца з 8 заходнікаў і 4 усходнікаў (нацдэмаў). Партыя пабудаваная сыстэмай пяцёрак. У большасьці раёнаў ёсьць свае партыйныя асяродкі. Камунікацыйныя цяжкасьці абмяжоўваюць прыём у партыю: спаміж прыдатных да працы і ідэалягічна роднасных асобаў прымаюць толькі тых, службовае становішча якіх робіць іх неабходнымі партыі. Абавязак кожнага чальца партыі — ствараць вакол сябе як мага шырэйшае “магнэтычнае поле” з мэтай фармаваньня сапраўдных беларусаў”37.

Тактыку ПБН рапарт апісваў наступным чынам: “Хаця беларусы хочуць дзейнічаць у паразуменьні з Польшчай, у гэты момант яны вымушаны манэўраваць так, каб не адштурхнуць ад сябе немцаў, прынамсі, пакуль ня будзе ўтворана беларускае войска (яно мае налічваць 150 000 чалавек), таму цяпер галоўная задача — укараняць сваіх людзей у вайсковыя аддзелы з тым, каб яны ўтваралі партыйныя ячэйкі, аж да поўнага апанаваньня войска і паліцыі. (...) Беларусы імкнуцца мірным шляхам атрымаць ад немцаў як мага больш, а рэшту забраць, калі немцы будуць цалкам разгромленыя”38.

Рэалізацыя палітычнай стратэгіі ПБН, г.зн. атрыманьне падтрымкі ў Англіі і Польшчы, залежала, аднак, у вялікай ступені не ад актыўнасьці на мясцовым узроўні, але ад вынікаў місіі Кастравіцкага, які пасьля візыту да Іваноўскага ў канцы лістапада 1941 г., ігнаруючы дырэктывы Зана, раптоўна вярнуўся ў Варшаву. Фармальна кажучы, гэта была несубардынацыя, невыкананьне загаду, што магло б кепска скончыцца для Кастравіцкага. Такім быў кошт двайной гульні, дзе Кастравіцкі мусіў таксама ўлічваць інтарэсы беларускага боку. Але ня здарылася нічога благога.

У студзені 1980 г. Бэрнард Закшэўскі, былы начальнік контравыведкі Галоўнага Ўпраўленьня ZWZ–AK (псэўданім “Оскар”) растлумачыў аўтару прычыну незразумелых паводзін Кастравіцкага. Калі Кастравіцкі вярнуўся ў Варшаву, то накіраваўся не да Зана, а да начальніка штабу Галоўнага ўпраўленьня, генэрала Тадэвуша Пялчыньскага (“Гжэгожа”), якому перадаў прывезеную ад Іваноўскага важную інфармацыю. Пасьля гэтага Пялчыньскі адрэкамэндаваў Кастравіцкага Закрэўскаму і загадаў уладкаваць яго у аддзел контрвыведкі на пасаду кіраўніка ячэйкі “996”, у кампэтэнцыі якой знаходзіліся ў тым ліку беларускія справы.

Працуючы на гэтай пасадзе, Кастравіцкі намагаўся стварыць у Галоўным упраўленьні спрыяльны клімат для перамоваў з прадстаўнікамі ПБН, пра што безвынікова спрабаваў дамовіцца Станкевіч увесну 1941 г. Нам не вядомыя падрабязнасьці, але вядома, што ў выніку Галоўнае ўпраўленьне зьмяніла сваё стаўленьне да кантактаў з ПБН. Так, калі раней ў рапартах падкрэсьлівалася ў асноўным беларускае супрацоўніцтва зь немцамі, з пачаткам 1942 г. у данясеньнях камэнданта ZWZ–AK Стэфана Равецкага зьяўляюцца новыя адценьні: ён піша, што сярод беларусаў у Менску расьце антынямецкая апазыцыя, якая шукае кантактаў з палякамі, і нават што беларусы гатовыя падтрымаць польскае паўстаньне, плянаванае пад канец вайны39.

Пазыцыю Галоўнага ўпраўленьня выразна акрэсьліў адмысловы рапарт наконт беларускага пытаньня, адасланы Сікорскаму ўвесну 1942 г. У рапарце адзначалася, што сярод беларускіх кіраўнікоў і народных масаў расьце вера ў паразу гітлераўскай Германіі, у сувязі з чым “некаторыя дзеячы, ня згодныя з палітыкай Шчорса, шукаюць кантактаў з польскімі групоўкамі, жадаючы паразумецца на грунце супольнай абароны ад Расеі. Гэтыя людзі прагнуць вызваліць усю Беларусь з дапамогай Польшчы і ўтварыць з намі шчыльную фэдэрацыю, аднак высоўваюць максымальныя тэрытарыяльныя прэтэнзіі і вызначаюць будучую мапу Беларусі ад Рослаўля да Бяла–Падляскі ўлучна. Праграма нацыяналістаў, якія дзейнічаюць на месцах, зводзіцца, у сувязі з эвэнтуальнай паразай Германіі, да як мага паўнейшага апанаваньня краінай у адміністрацыйным, гаспадарчым і культурным пляне, каб потым паставіць перад фактам усіх будучых прэтэндэнтаў на гэтую тэрыторыю”40.

У рапарце падкрэсьлівалася, што “калі мы пакінем бяз водгуку спробы беларусаў знайсьці кантакты з польскім бокам, гэтыя спробы могуць быць перакрэсьленыя новымі канцэсіямі (у тэксьце памылкова — канцэпцыямі. — Ю.Т.) немцаў”. Для аб’яднаньня беларускіх масаў прапаноўваліся наступныя крокі:

— выдаць адозву польскага ўраду да беларусаў пра супольнае жыцьцё абодвух народаў пасьля вайны, у якой асабліва падкрэсьліваліся б пытаньні эканамічныя (рэформа сельскай гаспадаркі) і культурныя;

— запрасіць прадстаўнікоў беларускага грамадзтва ў лёнданскую Раду Народаў;

— тэрмінова распачаць на месцах прапаганду, якая б нэўтралізавала антыпольскія аргумэнты;

— зьвярнуцца ад імя польскага ўраду да Ватыкану з прапановай прызначыць для этнічна беларускіх рэгіёнаў біскупа беларускай нацыянальнасьці.

Асаблівую ўвагу заслугоўвае пададзеная ў рапарце прапанова “тэрмінова скантактавацца з тымі беларускімі дзеячамі, якія шукаюць падтрымкі ў Польшчы”, а таксама скіраваная да Сікорскага просьба выдаць дырэктыву, “шчыльна зьвязаную з плянаванай акцыяй паўстаньня і авалоданьня нашымі ўсходнімі тэрыторыямі, дзе жыве беларускі народ”41. Гэта азначала, што Галоўнае ўпраўленьне прыняло прапанову Партыі беларускіх нацыяналістаў аб перамовах, але толькі пры захаваньні status quo ў тэрытарыяльным пытаньні.

Гэты рапарт патрапіў у Лёндан адносна хутка, а вынікам яго было перададзенае тэлеграфам 25 чэрвеня 1942 г. распараджэньне пашырыць дыяпазон інфармацыі зь Беларусі, атрыманай праз друк і непасрэдна на месцах, а таксама падаць падрабязныя зьвесткі аб беларускіх дзеячах. Эміграцыйны ўрад, аднак, устрымаўся ад якой–кольвечы ацэнкі рапарту і ад выданьня дырэктываў, пра якія прасіла Галоўнае ўпраўленьне42. У гэтай сытуацыі кіраўніцтва AK самастойна вырашыла ажыцьцявіць некаторыя з прапановаў, пра якія ішла гаворка ў вышэйзгаданым рапарце. Адным з такіх крокаў была распачатая ў сярэдзіне 1942 г. прапаганда сярод палякаў і беларусаў з мэтай стварыць настрой узаемнай зычлівасьці, гатоўнасьці да яднаньня і супольных абарончых дзеяньняў. Але гэтая акцыя, якой асабіста цікавіўся Равецкі, не дасягнула плянаваных вынікаў, а ўлёткі, выдаваныя ў тым ліку і на беларускай мове, траплялі на неспрыяльную глебу43. І тады было прынята рашэньне распачаць перамовы з ПБН.

Першая сустрэча адбылася ў канцы ліпеня 1942 г. у Менску, куды накіравалася прадстаўніца Галоўнага ўпраўленьня Дабрыньская (“Эва”). Як вынікае зь яе падрабязнай справаздачы, пасьля яе прыезду і ўсталяваньня кантактаў з Станкевічам ён склікаў паседжаньне Цэнтральнага камітэту Партыі беларускіх нацыяналістаў, які пацьвердзіў імкненьне да супрацоўніцтва з Польшчай, так акрэсьліваючы сваю пазыцыю і патрабаваньні:

— прызнаецца немэтазгодным распачынаць узброеную барацьбу зь немцамі; да часу стварэньня беларускага войска захоўваецца ўяўная ляяльнасьць;

— ствараецца беларуская дзяржава з заходняй мяжой уздоўж лініі Керзона;

— пасьля вайны ствараецца польска–беларуская дзяржаўная унія з агульным міністэрствам замежных справаў:

— польскі ўрад рэпрэзэнтуе беларускае пытаньне перад урадам Вялікабрытаніі;

— палякі адкідаюць намеры заняць адміністрацыйныя пасады ў Заходняй Беларусі, а беларусы адначасова спыняюць антыпольскую прапаганду44.

Вызначаючы сваё стаўленьне да часткі высунутых патрабаваньняў, Дабрыньская заявіла, што хаця польскія ўлады маюць жаданьне супрацоўнічаць з ПБН, з прынцыповых поглядаў яны ня могуць адмовіцца ад рыскай мяжы. Станкевіч, відаць, прадбачыў такі адказ польскага боку і прапанаваў лічыць спрэчныя тэрытарыяльныя праблемы адкрытым пытаньнем, што магло б паспрыяць прагрэсу ў абмеркаваньні астатніх праблемаў. Дамовы з палякамі Цэнтральны камітэт ПБН хацеў захаваць у таямніцы ня толькі ад немцаў, але і ад большасьці чальцоў сваёй партыі, матывуючы гэта тым, што ў беларускім грамадзтве існуе падазронасьць і нядобразычлівасьць да Польшчы. Канстатацыя цяжкасьцяў і разыходжаньняў па пэўных праблемах не скасавала, аднак, двухбаковых надзеяў на паразуменьне, вынікам чаго стала запрашэньне Станкевіча ў Варшаву для працягу перамоваў45.

Перамовы, распачатыя паміж Галоўным Упраўленьнем АК і Партыяй беларускіх нацыяналістаў, выклікалі незадавальненьне Прадстаўніцтва ўраду. Як сьведчаць заўвагі на палях справаздачы “Эвы”, пазыцыя БНП ацэньвалася Прадстаўніцтвам як двухаблічная кан’юнктурная палітыка, а прапанова аб супрацоўніцтве, абвешчаная ў Менску прадстаўніцай Галоўнага ўпраўленьня, прызнаная беззаконнай. Пры гэтым Прадстаўніцтва ўраду ніяк не акрэсьліла свайго стаўленьня да патрабаваньняў беларускага боку, заўважыўшы, што спачатку ПБН павінна падтрымаць супольную ўзброеную акцыю супраць Германіі, а ўжо потым весьці гаворку пра нейкае магчымае паразуменьне. Аднак у чарговай справаздачы Прадстаўніцтва перад урадам пра гэта не было ні слова, затое не пашкадавана фарбаў для крытыкі ПБН. Гаварылася, што праальянская арыентацыя ПБН — гэта “толькі тэорыя”, што хаця партыя сапраўды антынямецкая, але яе чальцы супрацоўнічаюць зь немцамі, а дзейнасьць самой партыі “абмяжоўваецца ў гэты момант вынішчэньнем польскасьці рукамі акупанта”46. Як бачым, Прадстаўніцтва было катэгарычна супраць стасункаў зь беларускім падпольлем і, відаць, намагалася такім чынам паўплываць на пазыцыю Сікорскага, які абяцаў у найбліжэйшым часе выслаць дырэктывы наконт беларускага пытаньня47.

Але неўзабаве ў Варшаве наступіла пэўнае пацяпленьне ў стаўленьні да ПБН. У значнай ступені гэта было выклікана зьменай на пасадзе Прадстаўніка ўраду, якую пасьля сьмерці Ратайскага ў верасьні 1942 г. заняў сябра Народнай партыі Пекалкевіч. Ён быў большым прыхільнікам паразуменьня зь беларусамі, чымся ягоны папярэднік. Таму старшыня ЦК ПБН Станкевіч (“Гжацкі”), які прыехаў у Варшаву ў канцы сьнежня, безь вялікіх цяжкасьцяў дамовіўся з Тамкевічам (“Кшыштафам”) правесьці 26–28 студзеня 1943 г. канфэрэнцыю па пытаньнях супрацоўніцтва. У канфэрэнцыі павінны былі ўзяць удзел у тым ліку і сябры Прадстаўніцтва ўраду. На пазасталы да канфэрэнцыі час Станкевіч выехаў у Прагу і Кракаў. Інфармуючы пра сваю сустрэчу з Станкевічам, Тамкевіч зьвяртаў увагу кіраўніцтва, што ПБН праз сваё віленскае аддзяленьне здолела паразумецца зь літоўцамі, мае шчыльныя кантакты з чэхамі і вельмі разьлічвае на іхную дыпляматычную дапамогу, а таксама намагаецца дамовіцца з украінцамі48.

Цяжка сказаць, у якой ступені гэтая інфармацыя адпавядала сапраўднасьці, а ў якой была прызначана ўзмацніць становішча ПБН перад надыходам канфэрэнцыі. Але фактам ёсьць тое, што інфармацыі быў нададзены афіцыйны характар. Паводле справаздачы Дабрыньскай — адной з арганізатараў і ўдзельнікаў канфэрэнцыі — у ёй бралі ўдзел Макавецкі і Тамкевіч з Галоўнага ўпраўленьня АК, а таксама сябры Прадстаўніцтва ўраду і палітычных партыяў — сацыялістаў і народнікаў49. Як можна бачыць з ужо згаданага рапарту Тамкевіча (“Кшыштафа”) ад 21 сьнежня, Станкевіч хацеў абмеркаваць пытаньне аб незалежнасьці беларускай дзяржавы, якая б “у той ці іншай ступені абапіралася на Польшчу”, а таксама аб выданьні польскім урадам дэклярацыі пра неабходнасьць стварэньня такой дзяржавы. Але старшыня ЦК ПБН і надалей ня бачыў патрэбы рыхтаваць антынямецкую збройную акцыю, затое пагаджаўся распачаць прапагандысцкую дзейнасьць на карысьць паразуменьня з Польшчай.

Згодна зь сьведчаньнем Дабрыньскай, у бурлівай дыскусіі дамінавала, аднак, тэрытарыяльная праблема, прычым ніводны з бакоў не хацеў саступаць са сваёй пазыцыі. Можна здагадвацца, што не прайшла і прапанова пакінуць праблему мяжы ў якасьці адкрытага пытаньня. У выніку дыскусія пра асноўныя патрабаваньні ПБН рабілася беспрадметнай. Адначасова польскі бок настойваў, каб беларусы абавязкова далучыліся да супольнай антынямецкай вайсковай акцыі, на што Станкевіч у рэшце рэшт пагадзіўся. Удзел ПБН у гэтай акцыі пакуль мусіў выражацца ў арганізацыі на Беларусі сеткі базаў для Арміі Краёвай. Такім чынам, адзіным пытаньнем, па якім на варшаўскай канфэрэнцыі ўдалося дасягнуць згоды, было абмежаванае ваеннае супрацоўніцтва. Аднак абодва бакі зьвязвалі з гэтым розныя разьлікі. Станкевіч бачыў тут магчымасьць падтрымліваць кантакт з польскім падпольлем — у надзеі, што польскі ўрад прызнае незалежніцкія памкненьні беларусаў. Польскі бок, у сваю чаргу, спадзяваўся, што ПБН падтрымае пазыцыі польскага ўраду па пытаньні ўсходняй мяжы. На думку палякаў, пасьля разгрому немцаў пад Сталінградам пазыцыя польскага боку была больш рэальнай, чым канцэпцыя беларускіх нацыяналістаў.

Пра гэта сьведчыць наступная дэпэша Пекалкевіча наконт канфэрэнцыі з Станкевічам, накіраваная да ўраду 12 лютага 1943 г.: “Адбылася размова з старшынём беларускай незалежніцкай арганізацыі, які вяртаўся з Прагі. Ён хоча супрацоўнічаць з намі, але жадае, каб былі фармальна замацаваныя правы, якія беларусы атрымаюць у Польшчы. Мы вылучылі прапанову аб роўных правах беларускай і польскай моваў у судах першай інстанцыі, у староствах і мясцовым самакіраваньні, а таксама аб пачатковых і сярэдніх беларускіх школах. (...) Прашу вашых інструкцыяў наконт беларускага пытаньня”50. Такім чынам, Паўнамоцны прадстаўнік ураду нават не назваў праблемы, якія цікавілі кіраўніцтва ПБН, а замест таго сфармуляваў пытаньні чыста ўнутрыдзяржаўнага характару.

Падобным чынам паводзіла сябе і Галоўнае ўпраўленьне AK. Для польскай палітыкі было б вельмі карысна аб’яднаць беларусаў і ўкраінцаў, пісаў Равецкі ў Лёндан. І працягваў: “Гэта магло б (...) забясьпечыць нам падтрымку англасаксаў наконт памянёнага пытаньня (аб усходніх тэрыторыях. — Ю.Т.) і абцяжарыць гульню расейцам. Каб дасягнуць такой мэты, неабходна мець выразную дэклярацыю пра раўнаньне ў правах гэтых меншасьцяў і пра забесьпячэньне ім магчымасьці культурнага разьвіцьця. Не дастаткова будзе адных абяцаньняў, трэба было б выдаць адпаведныя дэкрэты і распараджэньні. Калі мы ўтрымаем ўсходнія землі, гэтыя акты так ці йнакш прыдадуцца, а калі не — дык усё адно не зашкодзяць”51.

Акрэсьліць правы беларусаў і ўкраінцаў патрабавала ад ураду таксама рэзалюцыя Пагаджальнага палітычнага камітэту, ухваленая 14 лютага 1943 г. галасамі народнікаў, сацыялістаў і старшыні. Супраць рэзалюцыі галасавала Нацыянальная партыя і Партыя працы52. Аднак урад не зьмяняў сваёй ранейшай пазыцыі. Як сфармуляваў прэзыдэнт РП Рачкевіч у сваёй навагодняй прамове, “адзіным рэальным і найтрывалым апірышчам польскай дзяржавы на ўсходніх землях ёсьць перш за ўсё карэннае польскае насельніцтва. (...) Першая і галоўная задача нашай палітыкі на ўсходніх землях — узмацненьне польскага элемэнту, на які павінна абапірацца ўся палітыка ў дачыненьні да тамтэйшых нацыянальных меншасьцяў”53.

Тэндэнцыі да паразуменьня зь беларусамі зь цяжкасьцю трымаліся ў Прадстаўніцтве ўраду толькі ў пэрыяд пяцімесячнага знаходжаньня на пасадзе Пекалкевіча. Пасьля ягонага арышту 19 лютага 1943 г., чарговым Паўнамоцным прадстаўніком ураду быў прызначаны сябра Партыі працы Янкоўскі. Адбыўся паварот да папярэдняга курсу, і цяпер дамінавалі погляды Нацыянальнай партыі і Партыі працы. Істотна паўплывала на радыкалізацыю пазыцыі Прадстаўніцтва разарваньне ў красавіку 1943 г. дыпляматычных стасункаў СССР з польскім урадам, у выніку чаго перасталі дзейнічаць ранейшыя тактычныя погляды на ўсходнюю палітыку. Так, у дасланых у ліпені ў Лёндан “Нататках аб нашай міжнароднай палітыцы” Прадстаўніцтва прапаноўвала затрымаць Чырвоную Армію на мяжы паводле Рыскага трактату і нават адсунуць гэтую мяжу далей на ўсход, далучыўшы да Польшчы Менск і Камянец–Падольскі ў якасьці рэпарацыі54.

Пры такіх плянах беларускае пытаньне дачыста зьнікала з поля зроку Прадстаўніцтва. “Беларускі народ, — сьцьвярджала яно сьледам за Нацыянальнай партыяй, — не стварыў аж да цяперашняй вайны ані на нашай, ані на савецкай тэрыторыі нічога накшталт уласнае культуры, традыцый, літаратуры, ані эліты, здольнай кіраваць лёсамі нацыянальнага ці дзяржаўнага жыцьця”, у сувязі з чым Прадстаўніцтва ня бачыла падставаў для стварэньня буфэрнай дзяржавы і выказвалася за поўную палянізацыю беларускіх крэсаў зь Меншчынай улучна55.

На пачатку 1943 г. перад Іваноўскім замаячыла пустэча. Ён мог нарэшце ўсьвядоміць: разьлік на тое, што Польшча падтрымае пытаньне беларускай дзяржаўнасьці, быў абсалютна памылковы. Пра гэта сьведчыла інфармацыя, атрыманая ад Станкевіча і Кастравіцкага, у гэтым пераконвала навагодняя прамова прэзыдэнта Рачкевіча. Польшча не хацела Беларусі. Усе неверагодныя высілкі Іваноўскага, якія схілілі кіраўніцтва польскага падпольля да перамоваў, аказаліся марнымі, яны не прынесьлі нічога, хіба што засьведчылі намеры беларусаў. Непатрэбнай была і сыстэма сувязяў з Варшавай, функцыянаваньне якой спараджала толькі фантазіі руплівых даносчыкаў56.

Можна, аднак, думаць, што нягледзячы на непрыхільнае стаўленьне Варшавы і Лёндану, Іваноўскі і на гэты раз ня выракся канцэпцыі беларуска–польскай фэдэрацыі, да якой яго падштурхнула ў 1919 г. пазыцыя Леніна. І хаця ён сапраўды ня бачыў ніякай магчымасьці рэалізаваць сваю ідэю пад час гэтай вайны, але ж таксама ня бачыў аніякай альтэрнатывы ёй у будучыні. У гэтым перакананьні яго замацоўвалі вынікі савецкай нацыянальнай палітыкі, зь якімі ён штодня сутыкаўся ў Менску. Менавіта з гэтай прычыны Іваноўскі не лічыў магчымым вырашыць праблему беларускай дзяржаўнасьці ў межах СССР і адхіляў неаднаразовыя прапановы супрацоўнічаць з савецкім падпольлем57.

Верагодна, яго моцна ня ўзрушыла параза нямецкіх войскаў пад Сталінградам — Іваноўскі даўно ня верыў у зваяваньне Расеі і таму не разьлічваў адбудаваць беларускую дзяржаву з дапамогай Германіі. Тым больш ня мог ён разьлічваць на гэта на пачатку 1943 г., калі пачалося масавае адступленьне войскаў Вэрмахту на ўсходнім фронце. Такім чынам, сытуацыя была безнадзейная. У гэты момант Іваноўскі мог толькі ці адмовіцца ад палітычнага жыцьця і зьехаць зь Менску, ці ўступіць на хісткі шлях. Ён выбраў апошняе, спадзеючыся на ўзмацненьне нацыянальных сіл у выніку палітыкі Кубэ.

Разьвіцьцё падзей у Беларусі ставіла, аднак, гэтыя спадзяваньні пад вялікі пытальнік. Пашыралася дзейнасьць савецкіх партызанаў, якімі кіравалі і якіх падтрымлівалі з–за лініі фронту. Партызаншчына правакавала ўзмацненьне карных паліцыйных акцыяў, якія суправаджаліся паленьнем вёсак, вынішчэньнем альбо дэпартацыяй жыхароў, падазраваных у дапамозе партызанам, і іншымі злачынствамі. Падчас такіх акцыяў загінула каля 100 тысяч беларускіх сялянаў, у большасьці гэта былі старыя, жанчыны і дзеці.

Кубэ ўсьведамляў, што злачынствы супраць мірных жыхароў з боку SS і паліцыі перакрэсьліваюць усю ягоную палітыку, разьлічаную на заваёву сымпатый насельніцтва. З гэтай прычыны, а таксама з гуманістычных пабуджэньняў ён распачаў барацьбу з SS, абараняючы нявінных людзей. Кубэ ня мог аддаваць загады паліцыйным уладам, але ён выкрываў злачынствы карных аддзелаў, інфармаваў пра іх вышэйшае кіраўніцтва ў Бэрліне і разьлічваў, што ягонае заступніцтва прынясе плён. На гэтай глебе разгарэўся востры канфлікт, і кіраўніцтва SS паспрабавала выжыць Кубэ зь Менску.

У сьнежні 1942 г. паліцыйныя ўлады Бэрліну і Менску распачалі кампанію, накіраваную на палітычную дыскрэдытацыю Кубэ як ініцыятара “супярэчных” інтарэсам Германіі беларускіх нацыянальных рухаў. У першую чаргу ўзяліся за кіраўніцтва БНС, зьбіраючы доказы яго “злачыннай дзейнасьці”. Галоўны ўдар прыйшоўся па Ермачэнку, супраць якога высунулі найцяжэйшае абвінавачваньне ў дзяржаўнай здрадзе. Кубэ, аднак, абараняў Ермачэнку, а разам зь ім і прынцыпы сваёй палітыкі, якая ўсё ж такі мела прыкрыцьцё ў рашэньнях вышэйшых нямецкіх цывільных уладаў. Таму сьледзтва занялося аналізам гаспадарчай дзейнасьці БНС, дзе яно выкрыла злоўжываньні. Ермачэнка быў вымушаны сысьці з пасады і 27 красавіка 1943 г. пакінуў Менск.

Ратуючы Ермачэнку, Кубэ абараніў сваю асабістую пазыцыю, але заплаціў за гэта разбурэньнем усяго палітычнага мэханізму, які ён пасьлядоўна ствараў зь верасьня 1941 г. Пад націскам паліцыйных уладаў увесну 1943 г. былі зьліквідаваныя ўсе не прадугледжаныя статутам БНС структуры, у тым ліку і Галоўная рада. Дазволілі толькі дзейнасьць у галіне грамадзкай апекі і аховы здароўя. Спыніла сваё існаваньне таксама інстытуцыя Мужоў Даверу БНС, а ў красавіку 1943 г. была распушчана Беларуская самаабарона. Арыштавалі і закатавалі ксяндза Гадлеўскага. А Іваноўскага зноў абвінавацілі ў спрыяньні польскім элемэнтам і хацелі зьняць яго з пасады бурмістра Менску. Яго ўратавала толькі тое, што SD не знайшло доказаў яго сувязі зь Ермачэнкам58. Пэўна, і на гэты раз не абышлося без дапамогі Кубэ.

Атакі паліцыйнай апазыцыі (іх узначальваў прызначаны Гімлерам кіраўнік SS і паліцыі на Беларусі брыгадэнфюрэр Курт фон Готбэрг) ня змусілі Кубэ адмовіцца ад прабеларускай палітыкі, якую натхняў і падтрымліваў Іваноўскі. Але на гэты раз Кубэ дзейнічаў больш асьцярожна і ўсе важнейшыя ініцыятывы ўзгадняў з бэрлінскім міністэрствам па справах акупаваных усходніх тэрыторыяў.

Так, у сакавіку 1943 г. Кубэ выдаў распараджэньне аб узбуйненьні зямельных надзелаў, што мела на мэце стварыць рацыянальныя з эканамічнага гледзішча гаспадаркі. Рэформа пачала ажыцьцяўляцца. Посьпехам скончыліся ягоныя намаганьні адчыніць мэдыцынскі інстытут — першую вышэйшую навучальную ўстанову ў Беларусі, створаную пад нямецкай акупацыяй. У чэрвені быў арганізаваны Саюз беларускай моладзі, а таксама Беларускае навуковае таварыства зь Іваноўскім на чале. Разам з мэдыцынскім інстытутам яно стварала кадравыя падставы і фармальны прэцэдэнт для адкрыцьця ўнівэрсытэту і тэхналягічнага інстытуту ў Менску, пра што ўвесь час марыў Іваноўскі.

Адхіленьне Ермачэнкі і абмежаваньне кампэтэнцыі БНС перакрэсьлілі надзеі Кубэ стварыць на базе гэтай арганізацыі цэнтральны беларускі орган самакіраваньня. Ён не адмовіўся ад гэтай задумы, але нежаданьне Гітлера рабіла яе безнадзейнай. Таму, атрымаўшы згоду Розэнбэрга, 27 чэрвеня 1943 г. Кубэ ўтварыў Камітэт даверу ў якасьці інтэгральнай часткі генэральнага камісарыяту, што ахоўвала яго ад лёсу кіраўніцтва БНС. Камітэт Даверу разглядаўся як сымбалічнае пакуль беларускае нацыянальнае прадстаўніцтва, якое ў спрыяльных умовах магло б быць санкцыянавана Бэрлінам і пераўтворана ў орган самакіраваньня.

Камітэт даверу (больш вядомы пад назвай Рада даверу) складаўся з 16 асобаў, ніводная зь якіх не ўваходзіла ў каманду Ермачэнкі. Гэта, безумоўна, таксама было зроблена з мэтай абараніць яго ад нападак SS–аўскай апазыцыі. Старшынём Камітэту Кубэ прызначыў Вацлава Іваноўскага, але, памятаючы пра ранейшыя даносы на яго, функцыі старшыні даручыў яму часова: тэрмінам на адзін год. Такім парадкам Кубэ, відаць, падстрахоўваўся ад магчымых неспадзяванак.

У выступленьні з нагоды скліканьня Камітэту даверу Кубэ паўтарыў сваю тэзу, што “мы прыйшлі сюды як пераможцы, але пераможцы бальшавізму, а не беларусаў, для якіх мы ёсьць вызваляльнікамі”, і заклікаў Камітэт так арганізаваць беларускі народ, “каб ён быў на ўзроўні эўрапейскіх народаў”. Асаблівай увазе Камітэту Кубэ даручыў тры задачы: клопат пра разьвіцьцё школьніцтва і выхаваньне моладзі; адбудову эканомікі і клопат аб пражытку; і, урэшце, дапамогу ў барацьбе з партызанамі59. Па гэтых пытаньнях Камітэт абавязаны быў выпрацаваць прапановы да супольнага паседжаньня зь нямецкімі ўладамі.

Гэтае паседжаньне — першае і адзінае — адбылося 23 жніўня 1943 г., у ім удзельнічалі чальцы Камітэту, Кубэ і іншыя вышэйшыя функцыянэры генэральнага камісарыяту, а таксама афіцэры SS і паліцыі на чале з Готбэргам. Як пісаў Аўген Калубовіч, былы сябра Камітэту даверу і ўдзельнік паседжаньня, разглядаліся тры пытаньні: рэпрыватызацыя нерухомасьці, школьніцтва і мэтады барацьбы з партызанамі.

Дакладчыкам па першым пытаньні быў Іваноўскі. Ён запатрабаваў у інтарэсах адбудовы беларускай эканомікі вярнуць былым уладальнікам нерухомасьць, нацыяналізаваную савецкай уладай. Калубовіч рэфэраваў пытаньне аб школьніцтве, просячы дазволіць адкрыцьцё ўнівэрсытэту, не чыніць перашкодаў у стварэньні сярэдніх школ і прысьпешыць выданьне школьных падручнікаў. Абодва гэтыя пытаньні ня выклікалі вялікіх спрэчак і былі прынятыя да выкананьня.

Па трэцім пытаньні выступаў Аляксандар Русак. Ён падаў сабраныя Камітэтам даверу доказы злачынстваў паліцыйных аддзелаў у часе антыпартызанскіх карных акцыяў. Выражаючы пратэст Камітэту супраць такіх мэтадаў, выклаў наступныя прапановы: а) спыніць спальваньне вёсак і рэпрэсіі супраць нявіннага насельніцтва; б) стварыць умовы і рэальныя гарантыі бясьпекі для асобаў, якія б вярнуліся зь лясоў дадому; в) стварыць нямецка–беларускую камісію, якой даручыць выдачу адпаведных распараджэньняў і кантроль за іх выкананьнем.

Паводле Калубовіча, выкладзеная Русаком пазыцыя Рады даверу выклікала абурэньне прысутных афіцэраў SS і паліцыі. “Але мы былі зьдзіўленыя, — пісаў Калубовіч, — калі Кубэ (...) пачаў апраўдвацца перад Радай даверу, тлумачыць, што ягонай віны тут няма, што гэта робяць незалежныя ад яго органы і што ён нібыта скардзіўся ў Бэрлін наконт такіх дзеяньняў. Нашыя засьцярогі, што Раду даверу арыштуюць, ня спраўдзіліся. Іваноўскаму не давялося чытаць Дэклярацыю незалежнасьці, якая ляжала ў нутраной кішэні ягонага пінжака (яна была загадзя падрыхтаваная на выпадак магчымага арышту Камітэту. — Ю.Т.). Але потым мы яшчэ доўга баяліся, што немцы могуць расправіцца з намі (...). Не выключалі мы і мажлівасьці, што органы SD i SS не даруюць таксама і В.Кубэ”60.

Асьцярогі чальцоў Камітэту былі не беспадстаўныя. Пасьля безвыніковых спробаў выдаліць Кубэ зь Менску, у якіх прымалі ўдзел найвышэйшыя, аж да самога Гімлера, прадстаўнікі SS, 22 чэрвеня ў менскім тэатры на яго быў арганізаваны замах. Міна пад сцэнай павінна была выбухнуць, калі Кубэ выступаў з урачыстай прамовай з нагоды ўтварэньня Саюзу беларускай моладзі. Але выбух адбыўся пазьней, у часе спэктаклю, на якім Кубэ ўжо не прысутнічаў. Загінула 13 чалавек і некалькі дзясяткаў было паранена. Прамаўляючы над брацкай магілай, Іваноўскі не паўтараў сьледам за прэсай “адкрыцьцяў” наконт бальшавіцкіх агентаў, а пасьля пахаваньня ў вузейшым коле сказаў: “Дзякуем і за вызваленьне, і за гэтыя ахвяры”61.

Затое ўдаўся наступны замах на Кубэ, у ноч з 21 на 22 верасьня, і такім чынам пацьвердзіліся прадбачаньні чальцоў Камітэту. Для Іваноўскага гэта быў шок. Надыходзіў канец эпохі, якая, нягледзячы на цяжкасьці ваеннага часу, стварала сэнс дзеяньня ва ўмовах акупацыі. Кубэ быў адзіным уплывовым нямецкім палітыкам, які паважаў і падтрымліваў беларускае нацыянальнае пытаньне, бачачы ў пэрспэктыве ягонае вырашэньне ў выглядзе беларускай дзяржавы пад пратэктаратам нямецкага Райху. І хаця ваенная сытуацыя перакрэсьлівала гэтую пэрспэктыву, пазыцыя Кубэ ішла насустрач чаканьням беларускіх нацыянальных колаў і рабіла магчымым дасягненьне вынікаў, якія ў будучыні маглі б выступаць у якасьці гістарычных аргумэнтаў. Асаблівае значэньне мела вялікамаштабнае разьвіцьцё нацыянальнай сьвядомасьці, да нядаўняга часу блякаванай і нішчанай савецкімі ды польскімі ўладамі.

Такая ацэнка Іваноўскім дзейнасьці Кубэ ўтрымлівалася ў заяве Камітэту даверу, зробленай пасьля сьмерці генэральнага камісара. Заява заслугоўвае ўвагі яшчэ й таму, што чальцы Камітэту паўстрымаліся назваць выканаўцаў замаху “маскоўскімі агентамі”. Вось яе зьмест:

“22 верасьня загінуў ад рукі трусьлівага злачынцы генэральны камісар Беларусі, гаўляйтар Вільгельм Кубэ. Вестку пра гэтую трагічную сьмерць беларусы сустрэлі з глыбокім абурэньнем. У асобе памерлага беларускі народ страціў свайго найлепшага сябра і супрацоўніка ў барацьбе за інтарэсы Беларусі. Беларусы верылі і адчувалі, што іх жаданьні будуць спраўджаныя з дапамогай генэральнага камісара Кубэ. Жыцьцё і дзейнасьць гэтага дзяржаўнага дзеяча былі перашкодай для нашых ворагаў. Таму яны намагаліся зьнішчыць яго. У сувязі з трагічнай сьмерцю гэтага чалавека беларускі Камітэт даверу выказвае ад імя свайго народу глыбокае спачуваньне нямецкаму народу і ўраду нямецкага Райху”62.

Адразу пасьля забойства Кубэ, раніцай 22 верасьня чальцы Камітэту даверу Вацлаў Іваноўскі, Юры Сабалеўскі, Аўген Калубовіч і Міхал Ганько накіраваліся да начальніка палітычнага аддзелу генэральнага камісарыяту, д–ра Маркуса з просьбай не пачынаць рэпрэсій супраць жыхароў Менску за сьмерць Кубэ. Як пісаў Калубовіч, просьба была выканана, і нікога не рэпрэсавалі63.

У сувязі з пахаваньнем Кубэ 24 верасьня ў Бэрлін выехала дэлегацыя Камітэту (Іваноўскі, Сабалеўскі, Калубовіч). Назаўтра дэлегацыя нанесла візыт сталаму намесьніку міністра акупаваных усходніх тэрыторыяў, Альфрэду Маеру, і выклала яму свае патрабаваньні, што датычылі эканомікі, школьніцтва, самакіраваньня і аб’яднаньня ўсіх беларускіх земляў. Маер паставіўся да гэтага прыхільна, абяцаў разгледзець патрабаваньні Камітэту і прыслаць адказ у Менск. Неўзабаве, пасьля кароткага знаходжаньня ў Вене, дэлегацыя вярнулася ў Менск64.

У той дзень, калі Іваноўскі размаўляў з Маерам, Чырвоная Армія заняла Смаленск, а назаўтра — Хоцімск, першы павятовы горад на тэрыторыі Беларусі. Такім чынам, гэта была апошняя спроба Іваноўскага стварыць “гістарычныя аргумэнты”. На нішто болей ён ня мог разьлічваць і не разьлічваў. Пасьля сьмерці Кубэ Іваноўскі меў дачыненьне зь ягоным пераемнікам — начальнікам SS і паліцыі фон Готбэргам, які глядзеў на беларускае пытаньне як на выдумку салённых палітыкаў і не цікавіўся нічым, апроч бясьпекі ў тылавых рэгіёнах ды іхнай эканамічнай эксплюатацыі. Быў ён, зрэшты, рэалістам і, рыхтуючыся да хуткай эвакуацыі зь Менску, распачаў мініраваньне найважнейшых аб’ектаў.

У гэтай сытуацыі Камітэт даверу не выяўляў ужо ніякай актыўнасьці, і Готбэрг меў намер яго распусьціць. Нежаданьне Готбэрга ставіць на беларускую карту паглыблялася ягоным стаўленьнем да Іваноўскага: Готбэрг не забыў жнівеньскае паседжаньне і пратэст Камітэту супраць барбарскіх карных мэтадаў SS. Затое ніхто больш не абвінавачваў Іваноўскага ў спрыяньні польскім элемэнтам: бо ўвосень 1943 г. сам Готбэрг пачаў заігрываць з акоўскімі аддзеламі на Беларусі ў надзеі, што тыя дапамогуць яму справіцца з савецкімі партызанамі. Усё ж ён неяк цярпеў Іваноўскага — мог жа лёгка скінуць яго з пасады старшыні Камітэту даверу ці бурмістра Менску, ды нават і арыштаваць зь якой–небудзь нагоды.

Сьмерць Кубэ мела яшчэ адзін вынік: яна дазваляла Астроўскаму вярнуцца ў Менск. Пасьля канфлікту зь Ермачэнкам ён два гады правёў у Смаленску, працаваў там у мясцовай адміністрацыі, супрацоўнічаючы з штабам фэльдмаршала Клюге, камандзіра цэнтральнага ўчастку фронту і смаленскай службы бясьпекі (SD). Шукаючы магчымасьці адыграць галоўную ролю ў Беларусі, Астроўскі таксама зьвяртаўся па дапамогу да кіраўніцтва польскага падпольля. У кастрычніку 1942 г. ён прыехаў у Варшаву і скантактаваўся з Тамкевічам (“Кшыштафам”) зь БІПу, прапануючы яму арганізаваць перамовы аб польска–беларускім супрацоўніцтве. Аднак прапанову Астроўскага ў Варшаве праігнаравалі.

Пасьля эвакуацыі з Смаленску ён кароткі час знаходзіўся ў Магілёве і толькі пасьля замаху на Кубэ, у канцы верасьня ці на пачатку кастрычніка 1943 г., вярнуўся пакуль у Баранавічы, куды эвакуяваўся штаб Клюге. А ў Менску разьмясьцілася смаленская SD. Падтрымліваючы кантакты з вайсковымі і паліцыйнымі ўладамі, Астроўскі разьлічваў на іх рэкамэндацыі і падтрымку перад Готбэргам.

Намаганьні Астроўскага, якому пасярэднічала смаленская SD, пераканалі Готбэрга ў мэтазгоднасьці стварыць беларускі прадстаўнічы орган, які ў няспыннай партызанскай вайне можна было б выкарыстаць у якасьці эфэктыўнага сродку прапаганды. Камітэт даверу не надаваўся да гэтай мэты, як з прычыны ягонага фармальнага статусу (Камітэт дзейнічаў на прынцыпах камісіі генэральнага камісарыяту, г.зн. нямецкай інстытуцыі), так і дзеля нежаданьня Іваноўскага адыгрываць такую ролю. Аднак бяз згоды Гітлера склікаць фармальны прадстаўнічы орган было немагчыма. І каб абысьці гэтую перашкоду, Готбэрг пагадзіўся “актывізаваць” наяўны Камітэт даверу, што не вымагала адмысловых праўных актаў.

Справа, аднак, зацягвалася з увагі на пэрсаналіі. Даручыць Астроўскаму кіраўніцтва “зактывізаваным” Камітэтам не падавалася рэальным, пакуль яго старшынём быў Іваноўскі. І тады агенты Астроўскага пачалі рыхтаваць замах, магчыма, безь непасрэднага ўдзелу паліцыі, але зь яе ведама і згоды. Пра гэта сьведчыць выступленьне Готбэрга на канфэрэнцыі ў міністэрстве па справах акупаваных усходніх тэрыторыяў 22 лістапада 1943 г., падчас якога Готбэрг падкрэсьліў, што замах будзе выкананы рукамі саміх беларусаў65.

Спачатку арганізатары замаху падкідвалі ананімныя цыдулкі з пагрозамі ў дом Іваноўскага на вуліцы Ратамскай, дзе ён разам з дачкой Ганнай жыў з восені 1942 г. Такім чынам яны хацелі змусіць яго выехаць зь Менску. Пра магчымы замах папярэджвалі яго таксама супрацоўнікі беларускай паліцыі. Аднак Іваноўскі не пакінуў Менску, хаця небясьпекі ігнараваць ня мог: ён зрабіўся нэрвовы, падазроны, шукаў міны ў падмурку дому. Урэшце 6 сьнежня, калі ён вяртаўся дадому з гарадзкой управы, на яго напалі два чалавекі і некалькі разоў стрэлілі з пісталета. Іваноўскага адразу ж прывезьлі ў шпіталь, дзе ён і памёр на наступны дзень, 7 сьнежня 1943 г.

Факт, што Готбэрг ужо ў канцы лістапада ведаў пра падрыхтоўку замаху, яскрава сьведчыць пра падбухторваньне зь ягонага боку, і таму падаюцца ня вельмі ўжо істотнымі дэталі гэтай апэрацыі. Вось жа, падобным чынам, як і ў выпадку з Кубэ, у Менску без папярэдняга сьледзтва была абвешчаная афіцыйная вэрсія, згодна зь якой Іваноўскага забілі савецкія партызаны. Нават сьмерць гэтага нестара беларускага адраджэньня была выкарыстана ў прапагандысцкіх мэтах дзеля барацьбы з партызаншчынай.

Пасьля вайны нямецкую вэрсію падхапілі савецкія публіцысты. Галоўную ролю ў яе папулярызацыі адыграў раман Івана Новікава “Дарогі скрыжаваліся ў Мінску”, шмат разоў выдадзены вялікімі накладамі. Новікаў, аднак, пралічыўся: ня ведаў, што інфармацыя Готбэрга пра замах была ўнесена ў пратакол і захавалася.

* * *

Сьмерць Вацлава Іваноўскага, “бацькі горада”, як яго звычайна называлі, ахінула смуткам жыхароў Менску, а ягонае пахаваньне 11 сьнежня вылілася ў сапраўдную масавую дэманстрацыю жалю, шанаваньня і ўдзячнасьці. Са сваякоў за труной ішлі толькі ягоная дачка Ганна і былая жонка Сабіна66.

Не абышлося, аднак, без ускладненьняў нават пасьля сьмерці. Адзіны ў Менску каталіцкі сьвятар, літоўскі вайсковы капэлян, ксёндз Зянон Ігнатавічус, адмовіўся адпяваць Іваноўскага як разьведзенага. Затое не такім прынцыповым аказаўся намесьнік мітрапаліта Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы архіяпіскап Філафей, і такім чынам Іваноўскі пасьля рыма–каталіцкага хросту, эвангелісцкага (другога) шлюбу атрымаў яшчэ і праваслаўнае пахаваньне з удзелам шматлікіх прадстаўнікоў духавенства. Спачывае ён, аднак, на каталіцкіх могілках — менскай Кальварыі.

Перад пахаваньнем адбылася афіцыйная жалобная цырымонія ў гарадзкім тэатры. Як можна бачыць з справаздачаў у друку, цырымонія была лягічным працягам правакацыйнага замаху на жыцьцё Вацлава Іваноўскага і выкарыстоўвалася як “пераканаўчы” аргумэнт у антыбальшавіцкай прапагандзе. Ён атрымаў тое, чаго найбольш не хацеў.

1 Zycie i dzialalnosc polityczna prof. Waclawa Iwanowskiego. Dyskusja na posiedzeniu Senackiej Komisji Historii i Tradycji Uczelni RW w dniu 14 II 1984 r., s.42, Archiwum Pracowni II wojny swiatowej Instytutu Historii PAN, A 772/85.

2 І.Касяк. Заўвагі да артыкулу аб Іваноўскім, “Беларуская думка”, 1984, N 29, с.34.

3 Л.Цанава. Всенародная партизанская война в Белоруссии против фашистских захватчиков, т. II, Менск, 1951, с.645 і 682.

4 Сьведчаньне прафэсара Яна Карыткоўскага ад 27.09.1978 г.

5 Савецкі Саюз і Сялянства, “Крыніца”, 13.01.1940 г., N 5.

6 Сьведчаньне Еж’я Кеўліча, былога дырэктара Торфавага трэсту, ад 08.11.1978 г.

7 Вацлаў Іваноўскі. Да 110–годдзя. 1880–1943, Мінск, 1990, с.32; T.Ivanauskas, Memuarai, машынапісны рукапіс, захоўваецца ў сям’і.

8 Сьведчаньне З.Дабрыньскай ад 1979 г.

9 J.Mackiewicz, Nie trzeba glosno mowic, Londyn 1985, s.125.

10 Ліст В.Буткевіча да Бэрнарда Закрэўскага (“Оскара”) ад 29.05.1971 г.

11 Сьведчаньне Т.Зана ад 1979 г.

12 Ereignismeldung UdSSR, 9 VII 1941, AAN, mf. aleksandryjski, r.233/2721449.

13 Я.Малецкі, Пад знакам Пагоні, Таронта 1976, с.45; Я.Найдзюк–Александровіч, ліст да аўтара ад 13.11.1978 г.

14 Ю.Малецкі, op.cit., с.53.

15 Ereignismeldung UdSSR, 13 VII 1941, AAN, mf. aleks., r.233/2721486.

16 Ліст Ю.Найдзюка–Александровіча да аўтара ад 13.11.1978 г.

17 Н.С.Хрущев. Воспоминания, “Огонёк” 1989, август; Н.Павленко. Трагедия Красной Армии, “Московские новости”, 07.05.1989 г.

18 “Раніца”, 10.12.1941 г.

19 Ліст Ю.Найдзюка–Александровіча да аўтара ад 13.11.1978 г.

20 Л.Галяк. Успаміны, USA 1982, с.161.

21 Палітычную сытуацыю ў Беларусі ў 1941–1944 гг. я ахарактарызаваў у сваёй кнізе Bialorus pod okupacja niemiecka, Warszawa–Wroclaw 1989, да якой адсылаю чытачоў, зацікаўленых у дакумэнтах тагачасных падзеяў.

22 W.Kube, Ein Jahr Zivilverwaltung, “Deutsche Zeitung im Ostland”, 30 VIII 1942.

23 Тамсама; H.Bengtsson, Das unbekannteste Volk Europas, “Preussische Zeitung” 1942, nr.237.

24 Ereignismeldung UdSSR, 12 I 1942, AAN, mf. aleks., T–175, r.234/2723568.

25 Катэхізыс быў падрыхтаваны да друку кс. д–рам Станіславам Глякоўскім, а надрукаваны ў канцы 1941 г. у друкарні менскай гарадзкой управы. Папярэдні бурмістар др. Вітаўт Тумаш пацьвердзіў, што катэхізыс быў выдадзены пасьля ягонага выезду зь Менску (ліст да аўтара ад 28.06.1979 г.), г.зн. пасьля заняцьця пасады Іваноўскім. Кніга выйшла безь нямецкай цэнзуры.

26 Ліст Буткевіча да Закрэўскага ад 29.05.1971 г.

27 Тамсама.

28 Сьведчаньне Г.Ліпіньскай ад 12.08.1979 г.; гл.таксама яе Jesli zapomne o nich..., c.192 і далей.

29 Zycie i dzialalnosc profesora Waclawa Iwanowskiego..., (аповеды В.Буткевіча, Г.Ліпіньскай і М.Майжук).

30 І.Касяк. Заўвагі да артыкулу аб Іваноўскім..., Л.Галяк. Успаміны, ч.2, USA 1983, с.62.

31 Л.Галяк. Успаміны, ч.1, USA 1982, с.159.

32 “Раніца”, 13.06.1943 г.

33 V.Seduro, The Byelorussian Theater and Drama, New York 1955, s. 168–173.

34 Тамсама.

35 “Раніца”, 16.08.1942 г.

36 Тамсама, 26.07.1942 г.

37 Справаздача “Эвы” аб падарожжы ў Менск, CA KC PZPR 203/VII–45, k.19.

38 Тамсама.

39 Armia Krajowa w Dokumentach t.II, Londyn 1973, s. 193 i 331.

40 Матэрыялы ўсходняй сэкцыі Прадстаўніцтва “Спэцыяльны рапарт — Беларускае пытаньне”. Дакумэнт бяз даты. З тэксту вынікае, што ён быў напісаны ў сакавіку ці красавіку 1942 г., CA PZPR 202/III–201, k. 105–106 a.

41 Тамсама.

42 Тэлеграма ад ураду, CA PZPR 202/I–2, k. 23.

43 Polskie Sily Zbrojne w drugiej wojnie swiatowej, t. III, Londyn 1950, s. 287.

44 Справаздача “Эвы” аб падарожжы ў Менск, k. 17–23.

45 Тамсама, k. 21.

46 Пошта ва ўрад: Нацыянальныя пытаньні ў пэрыяд з 15.07.1942 г. па 15.09. 1942 г., CA PZPR 202/I–31, k. 94–95.

47 Тэлеграма Сікорскага ад 5–6 жніўня 1942 г. CA PZPR 202/I–9, k. 4.

48 Рапарт “Кшыштафа” аб размове з “Гжацкім” ад 21.12.1942 г., CA PZPR 203/VII–37, k. 94–95.

49 Паводле сьведчаньняў Дабрыньскай ад 1979–1980 гг., размовы адбываліся на кансьпірацыйнай кватэры БІПу на вул. Ракаўскай.

50 Тэлеграма ва ўрад, CA PZPR 202/I–7, k. 11.

51 Armia Krajowa w dokumentach, t. II, Londyn 1973, s.403, тэлеграма Равецкага Сікорскаму ад 12.01.1943 г.

52 Тэлеграма Прадстаўніка ва ўрад ад 18.02.1943 г., CA PZPR 202/I–7, k. 12.

53 Mowa prezydenta Rzeczypospolitej, “Wschod” 25 I 1943.

54 Uwagi o naszej polityce miedzynarodowej, CA PZPR 202/I–34, k. 57–60.

55 Тамсама.

56 У той час быў арыштаваны Буткевіч. У даносе пісалася, што ён не беларус, а паляк, і што ён вядзе ў Менску дывэрсійную работу. Іваноўскі выкарыстаў свае магчымасьці, каб вызваліць Буткевіча: прывёз зь Ліды дакумэнт, які сьведчыў, што Буткевіч — патомны беларус, і паручыўся за яго асабіста. Іваноўскі адчуваў маральную адказнасьць за бясьпеку Буткевіча, якога ўладкаваў на працу ў гарадзкую ўправу.

57 І.Новікаў, Выбраныя творы, т.3, Мінск, 1988, с.12.

58 Ліст д–ра Крафта ў Бэрлін ад 12.12.1942 г., AAN, mf. aleks., T–454, r.21/1283.

59 “Беларуская газэта”, 03.07.1943 г.

60 Апрацоўка Калубовіча для аўтара ад 14.03.1979, часткова надрукаваная ў “Беларускай думцы”, 1983, NN 27–28.

61 “Беларуская газэта” ад 30.06.1943 г. (прамова); інфармацыя Антона Адамовіча для аўтара ад 18.04.1985 г. “Вызваленьне” тут — гадавіна выбуху нямецка–савецкай вайны.

62 “Deutsche Zeitung im Ostland”, 23 IX 1943.

63 Апрацоўка Калубовіча для аўтара ад 14.03.1979 г.

64 Тамсама.

65 Справаздача з канфэрэнцыі з Готбэргам у днях 22–23 лістапада 1943 г., AAN, mf. aleks., T–454, r. 23/484.

66 Zycie i dzialalnosc prof. W.Iwanowskiego... (аповед Ганны Іваноўскай–Карнецкай).

Пераклала з польскай Віялета Кавалёва
паводле Turonek Jerzy, Waclaw Iwanowski i odrodzenie Bialorusi, Warszawa 1992.


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Вацлаў Іваноўскі і беларускае адраджэньне


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.