Параўнальныя асаблівасці ўкраінскага і беларускага аўтарытарызму, альбо Яшчэ раз пра славянскую традыцыю выбіраць з двух ліхаў меншаe

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Параўнальныя асаблівасці ўкраінскага і беларускага аўтарытарызму, альбо Яшчэ раз пра славянскую традыцыю выбіраць з двух ліхаў меншаe. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-27

АВТОР: Максім Стрыха

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №5 2001 ГОД


Максім Стрыха — эсэіст, паэт, перакладчык. Доктар фізыка-матэматычных навук, адзін з заснавальнікаў партыі “Сабор” і Фронту нацыянальнага паратунку. Знаўца беларускае лі­­таратуры і Беларусі, пера­кладчык твораў Адама Глёбуса і Славаміра Ада­­мовіча на ўкраінскую мову. Удзель­нічаў у шэрагу беларуска-ўкраінскіх канфэрэнцый. Артыкулы ­М. Стрыхі друкаваліся ў часопісе “Фрагмэнты” і газэце “Наша Ніва”.

Недзе пры канцы 1997 году я набыў унікальны вопыт, якога ў жыцці і блізка ніколі не меў. На нешматлюдным і цалкам легальным мітынгу беларускай апазіцыі ў Менску (траскучы мароз, тры-чатыры сотні людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі на плошчы Якуба Коласа, сярод якіх невядома як трапіў чырвоны штандар Саюзу ССР — як растлумачылі сябры, гэта быў камуніст-дысідэнт Шчукін) мяне ў твар, нахабна здымалі на відэа людзі з мясцовага КДБ.

Нешта падобнае на кіеўcкіх мітынгах, пачынаючы з восені 1988 году, уявіць было немагчыма. То бок, безумоўна, аператыўныя здымкі праводзіліся — я сам бачыў тыя кадры, калі быў дэпутатам першага дэмакратычнага склі­кання Кіеўскай гарадской рады. Аднак рабілі гэтыя здымкі “цывілізавана”, без спробаў ад­крыта палохаць людзей усеўладдзем і ўсёведаннем Сістэмы. І тады, на халоднай плошчы Якуба Коласа, пасярод зімовага Менску я ці не ўпершыню адчуў вялікі гонар (ён трывае і дагэтуль) за пашпарт вольнай дзяржавы Ўкраіны ў маёй кішэні.

З таго часу не прайшло і чатырох гадоў. І калі мінулаю вясной у Васількове пад Кіевам чыноўнік з абласное СБУ* спакойна здымаў на відэа мяне і іншых удзельнікаў збору подпісаў за рэферэндум аб недаверы Л. Кучму, адсутным выразам твару і магільным маўчаннем адказваючы на патрабаванні прысутных паказаць хаця б службовае пасведчанне, гэта ўжо ўспрымалася як неад’емная рыса новых украінскіх рэаліяў.

Вядома, сённяшняму беларусу і такое параўнанне можа здацца некарэктным. Усё ж у Васількове людзей, якія патрабавалі тое пасведчанне, не хапалі і не білі. Сённяшнія праблемы ўкраінскай апазіцыі з Менску могуць успрымацца прыкладна таксама, як украінскімі дысідэнтамі ўспрымаліся калісьці праблемы польскай “Салідарнасці” (затрыманні на некалькі месяцаў у часы “ваеннага становішча”, калі дазвалялася атрымліваць прэсу і перапісвацца амаль без абмежаванняў, не ішлі ні ў якія параўнанні з дзесяцігадовымі савецкімі тэрмінамі адседак і ссылак). А таму бясспрэчна, бадай, што ўкраінскі рэжым прэзідэнта Л. Кучмы на працягу некалькіх мінулых гадоў (мяжой, відавочна, стала 18 ліпеня 1995 году — разгром жалобнай працэсіі ў час пахавання патрыярха Ўладзіміра на Сафійскім пагосце) усё больш набліжаецца да мадэлі адносна мяккага (пакуль што) аўтарытарызму.

Вядома, паміж кучмаўскім аўтарытарызмам і лукашэнкаўскім паўтаталітарызмам — істотная розніца. Перадусім таму, што ўкраінскі рэжым дагэтуль яшчэ дастаткова ліберальны і плюралістычны ў сферы ідэалогіі. Цалкам дапускаю, што прадмет шалёнай зайздрасці “свядомых” беларусаў і сёння — дзяржаватворчая і праеўрапейская рыторыка, што стала прысутнічае ў прамовах вышэйшых украінскіх чыноўнікаў. Я не кажу ўжо пра статус украін­скай мовы — па-ўкраінску сёння вучацца ўжо больш за 70 % украінскіх вучняў (супраць няпоўных 50 % дзесяць год таму) і за размову на ёй вам ужо не дадуць па шыі ані ў Харкаве, ані нават у Данецку (хіба што вы самі гэтага моцна пажадаеце). Нарэшце, ва Ўкраіне, пры ўсёй афіцыйнай нявызначанасці што да ацэнак найбольш далікатных старонак нацыянальнай гісторыі (як, напрыклад, барацьбы АУН-УПА), нельга і ўявіць той агрэсіўны рэванш гісторыкаў-бальшавікоў, які адбываўся ў Беларусі. Дый да нацыянальнага сіне-жоўтага штандара і герба “трызуб” у нас ужо амаль што ўсе прызвычаіліся — хіба што апроч найбольш упартых камуністаў-артадоксаў.

Да таго ж і месца Ўкраіны ў сістэме сённяшніх міжнародных сувязяў выглядае значна больш прывабна, чым месца Беларусі. Украіна на ўзроўні найвышэйшых службовых асобаў усяляк падкрэслівае сваю незалежнасць у межах СНД, сваё імкненне да еўрапейскай інтэграцыі. Іншая рэч — сама Еўропа не вельмі прагне інтэграваць вялікую і бязладную Ўкраіну, пагражаючы ёй час ад часу выключэннем з Рады Еўропы. Але і тут Украіна безумоўна наперадзе — бо пра членства Беларусі ў Радзе Еўропы пакуль што гаворка не ідзе і невядома калі пойдзе.

Такім чынам, што такое сённяшняя Ўкраіна? Тыпалагічны двайнік лукашэнкаўскай Беларусі? Ці дзяржава, якая ўвогуле няблага пераадольвае цяжкасці трансфармацыйнага перыяду, але праз сваё празмернае міралюбства, даверлівасць і невялікі ваенны патэнцыял (бо ядзерную зброю аддала добраахвотна!) раз за разам становіцца ахвярай заходніх падвойных стандартаў?

Па ўзроўні жыцця паводле індэксу ПРААН Украіна знаходзіцца на 74-м месцы ў свеце (Беларусь — на 53-м). Абедзве краіны маюць практычна аднолькавую працягласць жыцця (адпаведна 68,5 і 68,1 году), узровень адукацыі і ахопленасці насельніцтва сістэмай навучання. Але па паказчыках ВУП на душу насельніцтва Беларусь апярэджвае Ўкраіну роўна ўдвая (6 876 долараў супраць 3 458).

Можна, як звычайна, гаварыць пра “хітрыкі” лукашэнкаўскай статыстыкі. Аднак цяжка адмаўляць відавочнае — сярэдні менскі вучоны-фізік па ўсіх паказчыках жыве прыблізна ўдвая больш забяспечана за ягонага кіеўскага калегу аналагічнага ўзроўню (пра гэта я магу меркаваць са свайго прафесійнага вопыту навукоўца). І гэты фізік, аднолькава далёкі ад палітыкі і ад праблемаў беларускага нацыянальнага адраджэння (то бок тэарэтычна ён зусім не супраць беларускай мовы, але практычна ўжываць яе пасля школы так і не давялося), мае ўсе падставы трымацца свайго стану адноснага дабрабыту і забяспечанасці.

Пытанне, зрэшты, не ў тлумачэнні шалёна высокага ўзроўню жыцця беларусаў (яны, згодна з той самай статыстыкай, жывуць недзе ў паўтара разу горш за палякаў і ўдвая горш за венграў, гаворка тут ідзе пра вельмі адносны дабрабыт, дабрабыт па мерках “іншай Еўропы”). Пытанне для мяне заключаецца перадусім у тым, як Украіна, маючы ў 1991 годзе бліскучыя шанцы хутка і адносна безбалесна зрабіцца развітой дэмакратычнай еўрапейскай дзяржавай, за дзесяць год ператварылася ў хранічна хворую краіну кантыненту, якую не вагаюцца паказваць у якасці пудзіла падчас узорна-паказальных міжнародных экзекуцыяў супраць тых, хто не прытрымліваецца еўрапейскіх стандартаў дэмакратыі і правоў чалавека.

І ўсё ж, здавалася, самім узроўнем свайго развіцця Ўкраіна 1991 году была застрахаваная ад праблемаў, якія паўсталі перад постсавецкай Беларуссю. Нават у найгоршыя гады савецкай русіфікацыі амаль палова украінскіх вучняў навучалася ўсё ж такі на роднай мове. І наш узровень нацыянальнай свядомасці, хаця і невысокі па літоўска-эстонскіх мерках, усё ж цалкам вы­ключаў поспех ва Ўкраіне інтэграцыйнага праекту накшталт беларускага (сёння амаль 60 % рэспандэнтаў ва Ўкраіне лічаць, што Ўкраіна і Расія па­вінны быць сяброўскімі незалежнымі дзяржавамі, больш за 10 % падтрымлі­ваюць праект усталявання закрытай мяжы з візавым рэжымам на ўсходзе і толькі няпоўныя 30 % выступаюць за інтэграцыйны сцэнар накшталт маскоўска-менскага, прычым колькасць апошніх з году ў год павольна, але няўхільна скарачаецца).

Яшчэ больш істотна тое, што Ўкраіна, дзе Кіеў — найбольшы, але далёка не адзіны цэнтр уплыву, была застрахаваная ад магчымасці ўсталявання дыктатуры адной асобы. У кожным выпадку Кіеў мусіў дамаўляцца з данецкімі, днепрапятроўскімі, харкаўскімі элітамі. І той, хто быў няздольны (альбо не хацеў) дамаўляцца, даволі хутка губляў сваё крэсла (наглядны прыклад — лёс В. Юшчанкі, які, акрамя ўсяго іншага, не змог аднавіць партнёрскіх стасункаў з магутнымі харкаўскім, днепрапятроўскім і данецкім кланамі). Прычым у аснове тых дамоўленасцяў заўсёды ляжалі не розныя мадэлі бачання далейшага развіцця дзяржавы і не пытанні ідэалагічнага кшталту (як мова ці сімволіка), а канкрэтныя камерцыйныя інтарэсы.

Што і казаць — ніякай канкурэнцыі з боку магутных гомельскіх ці віцебскіх груповак Лукашэнка ніколі не меў, што і паспрыяла працэсу абсалютызацыі ягонай улады.

І ўсё ж адна, на першы погляд слабая, рыса Беларусі насамрэч выявілася яе вялікай перавагай. Гаворка ідзе пра самі маштабы дзяржавы — сярэдняй па еўрапейскіх мерках, кампактнай і зручнай для кіравання. Менская ўлада атрымала вельмі аднароднае (няхай нават аднароднае ў сваёй “саўковасці”) насельніцтва, досыць добрую структуру эканомікі, нарэшце, зручнае геаграфічнае становішча на магістральным шляху з Масквы на Захад (зручнасць якога і выкарыстоўвае, па-мужыцку, але з карысцю для сябе, ужо на працягу апошніх шасці гадоў).

Затое вялікая па еўрапейскіх мерках Украіна апынулася паменшанай копіяй СССР — з усімі неаднароднасцямі і рэгіянальнымі праблемамі, са страшэнна занядбанымі вугальнымі рэгіёнамі, на якія Масква яшчэ гадоў трыццаць таму махнула рукой і дазволіла ім ціха паміраць, і з вялізнай колькасцю іншых хваравітых пытанняў, што абсалютна немагчыма вырашаць з адзінага кіеўскага цэнтру.

Вядома, што кожны народ мае тую ўладу, якой ён заслугоўвае. Расійскамоўны папуліст Лукашэнка з ягонай невылечна “тутэйшай” фанетыкай апынуўся ідэальным адпаведнікам таго самага архетыпу, які стварыўся ў шасці абласцях БССР на працягу сямідзесяці год савецкай улады. Расійскамоўны “тэхнар” Кучма ў 1994 годзе апынуўся больш блізкім да размытага архетыпу сярэдняга жыхара днепрапятроўска-харкаўска-данецкага цэнтру цяжару даўнейшай УССР, чым таксама расійскамоўны ў быце, але падкрэслена ўкраінскамоўны ў рытуальныя публічныя моманты “ідэолаг” Краўчук. Істотная розніца палягае хіба на тым, што Кучма таксама вельмі хутка перабудаваўся ў публічных прамовах на ўкраінскую (хаця і нізкай якасці), у той час як Лукашэнка выканаў абяцанне і зрабіў мовы “раўнапраўнымі” — з усімі бачнымі наступствамі для беларускай. Між тым і тут абодва палітыкі рэальна не адышлі ад імкненняў сваіх выбаршчыкаў. Я далёкі ад думкі, што лукашэнкаўскі рэферэндум 1995 году аб статусе моваў, нават калі б ён праводзіўся сумленна, даў бы істотна іншыя вынікі. Цікава адзначыць — усе сацыяла­гічныя апытанні апошніх гадоў на Ўкраіне таксама сведчаць, што большасць яе грамадзянаў таксама ўспрыняла б хутчэй нейкі варыянт “мяккага” дзвюхмоўя (напрыклад, украінская — дзяржаўная, расійская — афіцыйная, прынамсі ў асобных рэгіёнах дзяржавы). Аднак амаль трэцяя частка актыўных украінцаў нізавошта не адмовіцца ад дзяржаўнага статусу сваёй мовы, выпадкова атрыманага ў 1989 годзе яшчэ з ласкі КПУ-КПСС і пацверджанага Канстытуцыяй 1996 году, а таму ўлада абавязкова мусіць улічваць патэнцыйна вельмі вострыя пратэсты гэтай трэцяй часткі. Паказальная яшчэ і іншая лічба — у прагматычным і досыць палітычна актыўным Кіеве, дзе штодзённыя ўкраінафоны складаюць ня больш як 20% насельніцтва, 56% гараджанаў з’яўляюцца цвёрдымі прыхільнікамі захавання ўкраінскай мовы ў ролі адзінай дзяржаўнай. Відавочна, тыя лічбы суадносяцца з узроўнем развіцця грамадзянскай супольнасці (у сталіцы знаходзіцца непрапарцыйна вялікая частка ўкраінскіх няўрадавых арганізацыяў).

На жаль, у цэлым ані ўкраінская, ані беларуская супольнасці не зрабіліся дастаткова грамадзянскімі. Гэтаму працэсу (насуперак усім абвешчаным, перадусім у Кіеве, дэкларацыям) перашкодзіла толькі ўлада, якая ідэі грамадзянскай супольнасці не ўспрымае на генетычным узроўні, бо бачыць у іх магчымасць замахнуцца на яе сакральную функцыю быць апошняй інстанцыяй ва ўсім, што датычыць праблемаў сваіх падначаленых. Правінцыйная ўладная эліта колішняга СССР мысліць па-іншаму і не магла.

Атрыманы ў спадчыну 10 год таму Ўкраінай і Беларуссю ўзровень элітаў уражваў сваёй правінцыйнасцю. А ўсё таму, што на кіеўскім (менскім) узроўні затрымліваліся не столькі патрыёты (патрыятызм тады быў адзін — савецкі), колькі людзі, якія з прычыны сваёй асцярожнасці, неамбітнасці ці проста невысокага прафесіяналізму прайгралі барацьбу за найвышэйшыя (маскоўскія) кар’ерныя вяршыні. Паказальна, што літаральна за тыдзень перад абвяшчэннем Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Ўкраіны кіраўнік рэспублікі на той час, недурны і па-свойму прагрэсіўны В. Івашка (перад тым ён пайшоў на нечуваны дагэтуль крок — аддаў апазіцыі трэцюю частку ўсіх месцаў у Прэзідыуме Вярхоўнай Рады, хаця цалкам мог і не аддаць ніводнага, паколькі большасць месцаў у парламенце займалі камуністы) прыняў прапанову М. Гарбачова і з крэсла кіраўніка парламенту 52-мільённай на той час УССР перасеў на крэсла намесніка генеральнага сакратара ўжо відавочна асуджанай КПСС. І вялікай заслугай нічым увогуле не выбітнага партыйнага апаратчыка Л. Краўчука стала тое, што ён першым у доўгім шэрагу сваіх калегаў вырашыў рабіць палітычную кар’еру не ў Маскве, а ў Кіеве.

Такім чынам, у 1991 годзе ўладу ў Менску і Кіеве ўзялі правінцыялы. Краўчук і Кебіч (пра сімпатычную постаць С. Шушкевіча гаварыць не будзем з прычыны ягонай відавочнай дэкаратыўнасці) вызваліліся ад апекі маскоўскіх Саўміну і Дзяржплану і сталі ўладкоўваць на свой уласны капыл кожны сваю дзяржаву. Як высветлілася, уяўленні абодвух не ішлі далей за тое, чаму іх вучылі ў падручніках палітэканоміі сацыялізму. Заканамерным быў і крах абодвух у 1994 годзе — надта відавочнай была неадпаведнасць народных спадзяванняў таму, што рэальна адбывалася. Пры падтрымцы Масквы, якая толькі што разабралася з унутранымі праблемамі, расстраляўшы З’езд народных дэпутатаў з танкаў, у абедзвюх дзяржавах перамаглі праекты маладых палітыкаў, якіх абышлі падчас першага падзелу пірага ўлады, на чале з амаль выпадковымі (як тады здавалася), затое архетыпічнымі правадырамі Кучмам і Лукашэнкам.

Тыя правадыры, як і групоўкі, што стаялі за імі, таксама не належалі да прасунутых інтэлектуалаў. З усяго багажу заходніх рэфарматараў яны за­своілі хіба некалькі геніяльна простых па сваёй нахабнасці схемаў перапампоўвання бюджэтных сродкаў на асабістыя рахункі. А тыя людзі, якія прэтэндавалі на ролю “ўкраінскіх бальцаровічаў” (Ланавы і Пінзенік), з прычыны сваёй абсалютнай адарванасці ад рэальнага жыцця патрапілі яшчэ і нанесці эканоміцы колькі цяжкіх удараў, ад якіх яна дагэтуль не можа ачомацца (чаго толькі варты закон аб таварыствах з абмежаванай адказнасцю ці ўпартыя намаганні абмежаваць на працягу некалькіх год прыбыткі сярэдняга найманага работніка). Відавочна, шчасцем Беларусі можна палічыць тое, што ў яе такіх “бальцаровічаў” (прынамсі, з адпаведнымі ўладнымі паўнамоцтвамі) не з’явілася.

Але ў цэлым правінцыйны ўзровень беларускай эліты аказаўся лепш прыстасаваным да правінцыйных маштабаў невялікай і спакойнай дзяржавы. Ідэю эканамічных рэформаў паводле заходняга сцэнару пахавалі ўсур’ёз і надоўга. Затое на практыцы рэалізавалася мадэль жорстка цэнтралізаванага дзяржаўнага капіталізму, трываласць якому надавалі пастаянныя інтэграцыйныя рухі ў бок Масквы. Ад палітычнай дэмакратыі ў такіх умовах прыйшлося адмовіцца. СССР у адной асобна ўзятай рэспубліцы ўдалося захаваць толькі пасля правядзення бяскроўнага дзяржаўнага перавароту 1996 году, з маргіналізацыяй палітычнай апазіцыі і ператварэннем усіх органаў народнага прадстаўніцтва ў чыста фіктыўныя. Затое беларуская ўлада змагла зберагчы для людзей большасць “сціплых перавагаў” былога сацыялізму, перадусім параўнальна высокі ўзровень сацыяльных гарантыяў. Гэта дазволіла ёй адносна беспраблемна адбіваць атакі прыхільнікаў еўрапейскага выбару, дэма­кратыі і беларускай мовы.

Затое адразу высветлілася ўражвальная неадпаведнасць правінцыйнай па ўзроўні інтэлекту ўлады з маштабамі вялізнай Украіны. Эканамічная і палітычная сітуацыя тут практычна адразу выйшла з-пад кантролю. Узровень раскрадання насамрэч вельмі багатай дзяржавы апынуўся сапраўды беспрэцэдэнтным. Дагэтуль ніхто не назаве дакладную суму сродкаў, якія штогод выпампоўваюцца з Украіны. Відавочна адно — яны істотна перавышалі аб’­ём гадавога бюджэту дзяржавы.

Пры гэтым палітычную дэмакратыю ва Ўкраіне ніхто не адмяняў (прынамсі, у адзін момант, як у Беларусі ў 1996 годзе). Больш за тое, спроба Кучмы здзейсніць нешта падобнае, але ў значна больш мяккім варыянце ў 2000 годзе насуперак трыумфальнай “перамозе” наскрозь сфальшаванага рэферэндуму скончылася ганебнай паразай, калі парламент так і не прагаласаваў за прэзідэнцкія канстытуцыйныя папраўкі. Аслаблены “касетным скандалам” Кучма праглынуў горкую пілюлю амаль што моўчкі.

Само палітычнае жыццё ва Ўкраіне вельмі хутка зрабілася толькі афармленнем камерцыйнай барацьбы розных рэгіянальных кланаў. Усе ведаюць, што Народна-дэмакратычная партыя — гэта кіеўска-харкаўская наменклатура, “Трудавая Ўкраіна” — днепрапятроўскі клан, Партыя рэгіёнаў — данецкі, СДПУ (аб’яднаная) — палітычнае афармленне магутнага кіеўскага “холдынгу” В. Медведчука—Г. Суркіса. Усе гэтыя партыі могуць быць цалкам антаганістычнымі, калі справа ідзе пра стаўленне да канкрэтнага бізнесу. Але яны адзіныя ў лаяльным стаўленні да прэзідэнта, які з’яўляецца сімвалам сістэмы, што склалася ў дзяржаве, і ад якога, зрэшты, залежыць канчатковая санкцыя на доступ да ўсялякіх дабротаў (крыніца якіх — дзяржаўны бюджэт і прыбліжанасць да выканаўчай улады). На “левым” флангу, што праўда, знаходзяцца камуністы невыразнага і нецікавага П. Сіманенкі і прагрэсіўныя сацыялісты харызматычнай Наталлі Вітрэнкі. Але і яны толькі арганічная частка сістэмы. Вялікая і дысцыплінаваная камуністычная фракцыя з’яўляецца адным з найлепшых лабістаў, а жорсткую крытыку “буржуазна-нацыяналістычнага ладу” і заклікі “адрадзіць абноўлены Саюз” левыя дзіўным чынам спалучаюць з персанальнай лаяльнасцю да Кучмы, які ўвасабляе гэты лад.

У такіх умовах надзвычайна дэградавалі, паступіліся сваімі пазіцыямі нацыянал-дэмакраты — тыя самыя, хто 10 год таму быў натхняльнікам абвяшчэння незалежнасці. Тройчы расколаты Рух канчаткова дыскрэдытаваў сябе ўнутранымі сваркамі і “канструктыўнай апазіцыяй” (за якой насамрэч стаяла абслугоўванне той самай улады ў абмен на “рэжым найбольшага спрыяння”). А праект партыі “Рэформы і парадак” насамрэч надта ўжо нагадваў вышэй пералічаныя лабісцкія структуры (хіба што ў тым выпадку справа ішла пра камерцыйныя інтарэсы маладых львавянаў з пераважна камсамольскім мінулым).

Усе разам элементы ўкраінскай палітычнай сцэны ахвотна мірыліся з наступленнем паўзучага аўтарытарызму, з усё большым згортваннем дэма­кратычных свабодаў, а галоўнае — з калапсам эканомікі, паколькі за гэтым стаяла задавальненне іхніх асабістых эгаістычных інтарэсаў. І на гэтым вось тле Кучма і праявіў геніяльныя здольнасці “арбітра нацыі”. Не, не ў тым сэнсе, што ён здолеў нарэшце павярнуць справы ў бок уздыму і росквіту. На гэта былы партарг пастаўленага ў ільготныя варункі абароннага прадпрыемства аказаўся няздатны. Але ён цудоўна авалодаў навукай надаваць стабільнасць сістэме, узвышаючыся над усімі і пільнуючы, каб ніякая групоўка не набыла ў пэўны момант надта вялікай вагі.

Калі надта ўплывовымі стаюць сацыял-дэмакраты (аб’яднаныя) — адразу ж паступае сігнал з Кіева і з першых шэрагаў партыі дэманстратыўна выдаляецца губернатар Закарпацця — базавага рэгіёну партыі Медведчука—Сур­кіса. Альбо калі надта моцным становіцца кіеўскі мэр А. Амельчанка — у кантраляванага ім тэлеканалу адразу ж адбіраюць ліцэнзію на трансляцыю.

Асабліва ўзорна-паказальнай была гісторыя, звязаная з В. Юшчанкам. Пры ўсім жаданні мне цяжка назваць яго перакананым дэмакратам ці смелым рэфарматарам. Але з усіх на гэты час украінскіх прэм’ераў ён адрозніваецца дзвюма асаблівасцямі: ён не краў сам і сумленна выконваў бюджэт, не дазваляючы іншым маніпуляваць дзяржаўнымі грашыма. Да таго ж, намес­ніца прэм’ера Юлія Цімашэнка, добра абазнаная ў асаблівасцях нафтагазавага бізнесу, змагла разбурыць частку бартэрных схемаў на энергарынку, з дапамогай якіх набліжаныя да ўлады структуры рабілі асабліва вялікія грошы.

Наступствы былі ашаламляльныя. Украіна літаральна вырвалася ў рэкардсмены па тэмпах росту эканомікі. Бюджэт упершыню быў выкананы з прафіцытам. Гэта дазволіла выплаціць запазычанасці па пенсіях і зарплатах (нават без замежных пазыкаў). У выніку прэм’ер атрымаў беспрэцэдэнтны ўзровень народнага даверу. У разгар касетнага скандалу здавалася: варта Юшчанку зрабіць дзве-тры рашучыя заявы — і ён амаль аўтаматычна займае крэсла разгубленага і дыскрэдытаванага Кучмы (паводле ўкраінскай канстытуцыі, толькі прэм’ер выконвае абавязкі прэзідэнта ў выпадку ягонай адстаўкі). Але замест гэтага Юшчанка падпісаў разам з Кучмам і Плюшчам вядомую “Заяву трох”, дзе абазваў вядомых палітыкаў, навукоўцаў і дзеячаў мастацтва, якія аб’ядналіся ў апазіцыйным Форуме нацыянальнага паратунку, “фашыстамі” і “палітычнымі няўдачнікамі”.

Наступствы не прымусілі сябе доўга чакаць. Па ўказцы Кучмы, які акрыяў, адчуўшы такую неспадзяваную падтрымку, камуністы заадно з “алігар­хічнымі фракцыямі” (абражанымі абмежаваньнем іхняга “святога” права нажывацца на бюджэце) адправілі ў адстаўку надта папулярнага прэм’ера. У крэсла галавы ўраду быў пасаджаны А. Кінах, вядомы перадусім сваёй лаяльнасцю і палітычнай неакрэсленасцю. А для таго каб канчаткова звесці на нішто самстойную ролю ўраду, прэзідэнт увёў яшчэ і пасады дзяржсакратароў — чыноўнікаў, якіх ён сам прызначае, якія фактычна і павінны кіраваць міністэрствамі замест дэкаратыўных міністраў і якім не пагражала пры гэтым магчымасць абвяшчэння парламенцкага недаверу.

У сакавіку 2002 году Ўкраіну чакаюць чарговыя парламенцкія выбары. У адрозненне ад беларускіх яны не будуць фармальнасцю. Будзе весціся жорсткая барацьба з выкарыстаннем усіх дасягненняў “чорнага PR”. Але якая б канфігурацыя ні паўстала ў новым парламенце, гэта не пахісне пазіцыі рэжыму ўлады.

Дый рэальная апазіцыя — правацэнтрысцкі Форум нацыянальнага паратунку Ю. Цімашэнкі, А. Матвіенкі, Л. Лук’яненкі і левацэнтрысцкі блок А. Мароза — наўрад ці атрымаюць больш за 15 % дэпутацкіх мандатаў разам. Рэшту галасоў пераразмяркуюць паміж сабой праекты, якія не будуць дамагацца радыкальнай змены правілаў гульні ў дзяржаве, што ўсё больш становіцца еўрапейскай Калумбіяй.

На працягу мінулых месяцаў і Кучма, і Лукашэнка апынуліся ў цэнтры вялікіх скандалаў. Мала хто ва Ўкраіне і за ейнымі межамі сумняваецца ў сапраўднасці запісаў маёра Мельнічэнкі. Як мала хто ў Беларусі сумняваецца ў рэальным існаванні “эскадрону смерці”, створанага спецыяльна для знішчэння дзеячаў апазіцыі. Аднак вядомы кіеўска-маскоўскі журналіст ­В. Портнікаў на прыкладзе гэтых двух скандалаў надзвычай пераканаўча прадэманстраваў розніцу паміж рэжымамі, што існуюць у дзвюх суседніх дзяржавах. Беларусь усё яшчэ застаецца часткай даўно адышоўшага ў нябыт СССР. Таму які заўгодна загад, нават на знішчэнне афіцыйнага палітыка, патрабуе дакументальнага афармлення — і дакументальнай справаздачы пра выкананне (копіі тых дакументаў, зрэшты, і дэманстраваліся публіцы). Ва Ўкраіне на такія фармальнасці ўжо даўно ніхто не зважае. Загады — ці на знішчэнне ўпартага апазіцыйнага журналіста, ці на пераразмеркаванне чарговых скрадзеных з бюджэту мільярдаў — аддаюцца ў вуснай форме. Але ад гэтага тыя загады не робяцца менш дзейснымі... Сведчанне гэтаму — лёс В. Чарнавіла і Г. Гангадзе.

Канечне, “свядомы” ўкраінец і дагэтуль адчувае сваю перавагу над “свядомым” беларусам, бо для яго больш істотная не ўдвая меншая зарплата, а магчымасць свабодна гаварыць на вуліцы на роднай мове без рызыкі быць пабітым ці забраным у міліцыю (хаця пасля вядомых падзеяў 9 сакавіка гэтага году апазіцыйных студэнтаў хапалі на кіеўскіх вакзалах толькі па пры­кмеце іхняй украінскамоўнасці). А калі ўжо такое паскудства з ім і здарыцца, то родная міліцыя прыйдзе да яго не з нейкім там “пажарам на балоце”, а з сіне-жоўтымі нашыўкамі і трызубымі какардамі.

Натуральна, мы можам ганарыцца нашай інтэлектуальнай свабодай, на якую пакуль што ніхто асабліва не замахваецца. Натуральна ж, мы можам прывесці прыклад небывалага росквіту роднай культуры (хаця і тут ёсць цікавыя нюансы — антыбеларускі рэжым Лукашэнкі штогод дае на пад­трымку выдання беларускамоўных кніжак істотна больш, чым праўкраінскі рэжым Кучмы — на выданне кніжак украінскіх; нашы пісьменнікі даўно ўжо забылі, што такое друкавацца ў дзяржаўных выдавецтвах, а такія праекты, як поўнае акадэмічнае выданне твораў Т. Шаўчэнкі ці першай “Украінскай літаратурнай энцыклапедыі”, згарнулі на палове). Але па-за тым прыкметы рынку, нават у ягонай дзікай “калумбійскай“ версіі, ва Украіне ўжо прыжыліся і даюць свой першы пазітыўны плён — у тым ліку і ў галіне нацыянальнай культуры. З’явіліся цалкам паспяховыя прыватныя выдавецтвы, якія на высокім узроўні друкуюць і сучасную ўкраінскую літаратуру, і ўкраінскія пераклады твораў сусветнай класікі (у тым ліку і навуковай — чаго ў савецкія часы не было ўвогуле). Між тым, наўрад ці можна лічыць гэта заслугай Л. Кучмы (ці кагосьці з ягоных “культурных” дарадцаў).

Проста наша грамадства, напэўна, ужо стала істотна менш патэрналісцкім, чым беларускае. Людзі ў ім усё больш арыентуюцца выключна на ўласныя сілы. І на гэтым, відавочна, палягае наша адзінае істотнае дасягненне апошніх гадоў у параўнанні з нашым паўночным суседам. Сярэдняму беларусу ўрокі “шоку без тэрапіі”, якія ўжо прайшоў сярэдні ўкраінец, яшчэ толькі належыць прайсці. А шлях да будовы грамадзянскай супольнасці для абодвух суседніх народаў яшчэ амаль што аднолькава доўгі.

Кепскае суцяшэнне для ўкраінцаў — думаць, што беларусам усё ж жывецца значна горш. Бо тады і беларусы з поўным правам могуць суцяшацца, што жывуць у царстве амаль поўнай свабоды ў параўнанні з падданымі якога-небудзь Сапармурата Туркменбашы (нагадаю — там забаронена нават і думаць пра апазіцыю, а дзяржава цалкам афіцыйна кантралюе ўсю карэспандэнцыю ў Інтэрнэце). Але ж у гэтым — наша адвечная славянская звычка заўсёды намагацца з двух ліхаў выбіраць меншае. Мы ўсё яшчэ не можам прызвычаіцца да прынцыповай для ўсяго вольнага свету думкі, што з двух ліхаў не трэба выбіраць ніводнага.

Недзе на пачатку ліпеня я размаўляў у рэдакцыі “Газэты выборчай” з бліскучай і вельмі сумленнай журналісткай Дамінікай Велавейскай. Яна была вельмі стрыманай у ацэнцы сённяшняй рэальнай украінскай апазіцыі. А наконт Л. Кучмы абмежавалася кароткай фразай — “мы мусім шанаваць дэмакратычны выбар саміх украінцаў”. На маё пытанне, ці паўторыць яна тыя ж словы пасля 9 верасня і наконт А. Лукашэнкі, пані Дамініка не адказала.

І напэўна, яна мела рацыю. Бо на пытанні такога кшталту могуць даць адказ толькі самі ўкраінцы і беларусы.

Пераклаў з украінскай Зьміцер Серабракоў

паводле аўтарскага арыгіналу


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Параўнальныя асаблівасці ўкраінскага і беларускага аўтарытарызму, альбо Яшчэ раз пра славянскую традыцыю выбіраць з двух ліхаў меншаe


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.