Карона зь пер’я

Белорусская проза. Классические и современные произведения белорусских авторов. Книги, рассказы, воспоминания и пр.

NEW БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА


БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Карона зь пер’я . Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2004-09-27

АВТОР: Ісак Башэвіс Зынгер

ИСТОЧНИК: ЖУРНАЛ "ARCHE" №3 2000 ГОД


Рэб Нафталі Халішыцэр, старшыня кагалу ў Краснабрудзе, дажыў да старасьці і застаўся безь дзяцей. Адна ягоная дачка памерла пры народзінах, другая — ад халеры пад час паморкі. Сын патануў, плывучы на кані цераз Сан. Засталася ў рэба Нафталі толькі ўнучка — сірата Ахса. Паводле кагальнага звычаю дзяўчынкі не наведваюць ешывы, бо „дачка царова ў сваім доме слаўная“, а ў гэбрайскіх сем’ях усе дочкі — прынцэсы. Ахса, аднак, вучылася — у хаце. І ўсіх, хто яе бачыў, яна ўражвала сваёй прыгажосьцю, розумам ды стараннасьцю. Скура ў яе была белая, валасы — чорныя, а вочы — сінія.

Рэб Нафталі працаваў аканомам у маёнтку пана Чартарыйскага. А паколькі пан завінаваціўся рэбу Нафталі дваццаць тысяч злотых, дык у заклад была аддадзеная зямля, на якой рэб Нафталі збудаваў млын, бровар і засадзіў некалькі соцень моргаў тае зямлі хмелем. Жонка рэба Нафталі, Неша, паходзіла з багатай сям’і, з чэскай Прагі. А таму яны маглі дазволіць сабе запрашаць для Ахсы самых спрактыкаваных хатніх настаўнікаў. Адзін вывучаў зь ёю Біблію, другі навучаў францускай мове, трэці займаўся на фартэпіяна, а чацьверты — танцамі. Ахса разумела ўсё на ляту. У восем год яна ўжо гуляла зь дзедам у шахматы. Рэбу Нафталі ня трэ было турбавацца пра пасаг для ўнучкі. Ахса засталася адзінай спадкаемцай усяе яго маёмасьці.

Добрую пару ёй пачалі шукаць загадзя, аднак ня так проста было дагадзіць Ахсінай бабулі. Яна магла толькі глянуць на чарговага хлопца, запрапанаванага сватамі, і сказаць „плячысты, як той ёлупень“ альбо „такі вузкі лоб, што адно прыдуркі й маюць“.

Памерла Ахсіна бабуля неяк зусім нечакана. Рэбу Нафталі было ўжо далёка за семдзесят, і цяжка было сабе ўявіць, каб ён ажаніўся другі раз. Першую палову дня ён прысьвячаў чытаньню сьвятых кніг, а другую — гаспадарчым справам. Уставаў ён на досьвітку, сядаў за Тальмуд і камэнтары, а таксама адпісваў лісты старшыням кагалу. Калі хто быў хворы, дык ішоў у адведкі. Два разы на тыдзень разам з Ахсай ён заходзіў у прытулак для старых і адносіў туды супу і кашы. Нярэдка бывала так, што сьпеставаная і прызвычаеная толькі да вучобы Ахса закасвала рукавы і пачынала перасьцілаць шпітальныя ложкі.

Улетку пасьля паўдзённага сну рэб Нафталі загадваў запрэгчы ў брычку каня і разам з Ахсай выпраўляўся аглядзець палі ды праехацца па мястэчку. Едучы, яны размаўлялі пра справы, і ўсе добра ведалі, што вельмішаноўны рэб Нафталі гэтак жа ўважліва прыслухоўваўся да парадаў унучкі, як некалі — да парадаў ейнай бабкі.

Бракавала толькі аднаго — у Ахсы не было сябровак. Спрабавала неяк знайсьці іх для Ахсы бабуля, і празь нейкі час нават пагадзілася запрашаць у дом простых дзяўчат з Краснабруду. Аднак Ахсе вельмі хутка надакучылі іхнія размовы пра ўборы ды хатнія справы. А паколькі настаўнікі ў яе былі ўсё мужчыны, дык Ахсу, калі толькі гаворка ня йшла пра заняткі, трымалі ад іх на адлегласьці. Цяпер жа адзіным кампаньёнам Ахсы быў дзед. У сваім жыцьці рэбу Нафталі давялося сустракацца са шмат якімі знакамітымі асобамі шляхетнага паходжаньня. Бываў ён на кірмашох у Варшаве, Кракаве, Гданьску і Каралеўцы, а таму гадзінамі мог распавядаць Ахсе пра рабінаў, фокусьнікаў і чарадзеяў, пра вучняў ілжэмэсіі Сабатая Цьві, пра сваркі ў сойме, пра выбрыкі Замойскіх, Радзівілаў і Чартарыйскіх, пра іхніх жонак, каханак і прыдворных. Часам Ахса магла ўсклікнуць: „Мой родненькі дзядулька, каб жа ты быў не маім дзедам, а маім жаніхом!“ — і пацалаваць яго ў вочы, у ягоную белую бараду.

Рэб Нафталі звычайна адказваў: „Ну, то ж я не адзін мужчына ў Польшчы. Ёсьць шмат такіх, як я, да таго ж яны шчэ й маладыя“.

„Дзе, дзеду? Ну, дзе?“

Што да выбару мужа, дык пасьля сьмерці бабкі Ахса вырашыла ня слухацца нічыіх парадаў — у тым ліку й дзедавых. Калі ейная бабка ў запрапанаваных жаніхах бачыла адно што дрэннае, дык рэб Нафталі, наадварот, толькі добрае і заўважаў. Ахса папрасіла, каб свацьця зладзіла ёй сустрэчы зь яе кавалерамі, на што рэб Нафталі й даў дазвол. Пару прыводзілі ў пакой, дзьверы мелі заставацца адчыненымі, а пры дзьвярах мусіла стаяць старая і глухая прыслужніца і сачыць за тым, каб сустрэча не зацягнулася і каб паміж маладымі не было аніякіх фрывольнасьцяў. Зазвычай Ахса заставалася з маладым чалавекам ня болей за пару хвілінаў. Большасьць кавалераў падаваліся ёй нецікавымі і дурнаватымі. Некаторыя спрабавалі выглядаць на разумных і не зусім прыстойна жартавалі. Ахса асаджвала іх імгненна. Як гэта ні дзіўна, але бабуля са сваімі меркаваньнямі як бы ўвесь час прысутнічала пры гэтых сустрэчах. Аднойчы Ахса нават вельмі ясна пачула яе голас: „Якое рыла!“ Другі раз яна сказала: „Гэты нібы па канцылярскай кнізе чытае“.

Ахса добра ведала, што гэта прамаўляе не яе бабка. Нябожчыкі не вяртаюцца з таго сьвету, каб абмяркоўваць жаніхоў. Праўда, гэта быў бабулін голас і ейныя словы. Ахса хацела паразмаўляць пра гэта зь дзедам, але баялася, каб дзед не падумаў, ці ня страціла яна розум. Да таго ж дзед сумаваў па сваёй жонцы, і Ахса не хацела вярэдзіць ягоную душу.

Калі рэб Нафталі Халішыцэр зразумеў, што ўнучка паказвае на дзьверы ўсім, ён моцна затурбаваўся. Ахсе на той час ужо споўнілася васямнаццаць год. Людзі ў мястэчку пачалі пляткарыць, што ёй патрэбны прынц на белым кані, што яна хоча дастаць месяц зь неба, а таму й застанецца ў дзеўках. І тады рэб Нафталі вырашыў узяць справу ў свае рукі і выдаць яе замуж. Ён пайшоў у ешыву і прывёў з сабой маладога чалавека, якога звалі Зэмах, сірату і пабожнага вучня. Зэмах быў чорны, як цыган, і каржакаваты. Пэйсы ў яго былі густыя. Ён быў блізарукі, але праседжваў над кнігамі па васямнаццаць гадзінаў у дзень. Як толькі ён зьявіўся ў краснабрудзкай ешыве, дык адразу ж скіраваўся ў чытальную залю, падышоў да Тальмуду і пачаў чытаць яго на разгорнутай старонцы, пагойдваючыся ўперад і назад усім сваім целам. У такт малітве матляліся і ягоныя пэйсы. Некаторыя вучні падыходзілі да яго, каб пазнаёміцца, але адказваў ён на іхнія пытаньні, не ўздымаючы вачэй ад кнігі. Выглядала на тое, што ён ведаў на памяць увесь Тальмуд, бо зьвяртаў увагу на кожнае няправільнае цытаваньне.

Ахса запатрабавала сустрэчы, аднак рэб Нафталі адказаў, што такія паводзіны вартыя толькі дачок краўцоў і шаўцоў, а не яе, дзяўчыны з добрым выхаваньнем. Ён нават папярэдзіў Ахсу, што калі яна выправіць і гэтага хлопца, дык ён перапіша тастамэнт зь яе на каго іншага. Да самага моманту падпісаньня шлюбнага кантракту Ахса нават і ня бачыла Зэмаха, бо пад час заручынаў мужчыны і жанчыны знаходзяцца ў розных пакоях. А калі ўпершыню ўбачыла яго, дык пачула бабулін голас: „Вось і падсунулі табе гнілы тавар“.

Словы гэтыя прагучалі так ясна, што прысутныя, як падалося Ахсе, мусілі абавязкова пачуць іх. Аднак ніхто, акрамя яе, гэтых словаў ня чуў. Дзяўчаты і жанчыны сталі вакол яе гуртом. Яны віншавалі яе, казалі, якая яна прыгожая, і хвалілі яе ўборы і кляйноты. Дзед перадаў ей шлюбную грамату і гусінае пяро, але ў гэты момант пачуўся бабулін голас: „Не падпісвай!“. І калі Ахса ўзяла ў рукі пяро, тая штурхнула Ахсу пад руку, і на паперы ўтварылася клякса.

Рэб Нафталі закрычаў: „Што ты нарабіла!?“

Ахса паспрабавала паставіць подпіс, аднак пяро ў яе высьлізнула з рук. Яна расплакалася: „Дзеду, я не магу“.

„Ахса, ты ганьбіш мяне“.

„Даруй мне, дзеду“. Асха закрыла далонямі твар. Госьці пачалі абурацца. Пачулася шыканьне, сьмех і плач. Усхліпвала і Ахса. Ня ведаючы як, яна дабрыла да свайго пакою і ўпала на ложак.

Зэмах прамовіў: „Я не хачу жаніцца з гэтай вядзьмаркай“.

Ён праціснуўся праз натоўп і пабег на вакзал вяртацца ў ешыву. Рэб Нафталі выбег за ім. Словамі і грашыма ён спрабаваў супакоіць хлапца, але Зэмах шпурнуў грошы рэба Нафталі на зямлю. Хтосьці вынес з гасьцініцы, дзе спыніўся Зэмах, ягоны пляцёны куфэрак. І перад тым як вагон крануўся, Зэмах пракрычаў: „Я ніколі не дарую ёй, і Бог — таксама“.

Колькі дзён пасьля гэтага Ахса ляжала хворая. Рэб Нафталі Халішыцэр, якому ўсё жыцьцё спадарожнічаў посьпех, ніяк ня быў падрыхтаваны да такой няўдачы. Ён захварэў, твар ягоны змарнеў і пажоўк. Жанчыны і дзяўчаты спрабавалі супакоіць Ахсу. Рабіны і старшыні кагалу хадзілі ў адведкі да рэба Нафталі, аднак ён слабеў з кожным днём. Празь нейкі час Ахса акрыяла і ўстала з ложку. Яна накіравалася ў пакой да свайго дзеда і зашчапіла за сабой дзьверы. Прыслужніца, якая падслухоўвала і назірала праз замочную шчыліну, сьцьвярджала, што яна нібыта чула, як рэб Нафталі сказаў сваёй унучцы: „Ты звар’яцела!“

Ахса ўвіхалася вакол дзеда, прыносіла яму лекі, мыла яго. У старога, аднак, пачалося запаленьне лёгкіх. З носу цякла кроў. Ён ужо ня мог памачыцца. І неўзабаве памёр. Тастамэнт рэб Нафталі склаў колькі год таму. Згодна зь ягонай воляй адна траціна маёмасьці перадавалася на справы дабрачыннасьці, а рэшта пераходзіла да Ахсы.

Калі памірае дзед, унукі, паводле закону, ня мусяць захоўваць жалобы. Ахса, аднак, не зьвярнула на тое ўвагі. Загадаўшы нікому не ўваходзіць у свой пакой, яна сядзела на ўслончыку і чытала кнігу Ёва. Яна зьняславіла сірату, вучня ешывы, і зьвяла дзеда ў труну. Стан яе зьмяніўся, яна ўся ператварылася ў сум. Паколькі Ахса ўжо некалі чытала гісторыю Ёва, яна пачала шукаць у дзедавай бібліятэцы якой іншай кнігі. На сваё дзіва яна знайшла Біблію ў перакладзе на польскую мову — Новы і Стары Запаветы пад адною вокладкаю. Ахса ведала, што кніга гэтая забароненая, аднак яна ўсё ж такі разгарнула яе. „Цікава, ці чытаў яе дзед?“ — падумала Ахса. „Не, пэўна, не“. Яна ўзгадала, як у фэсты, калі гоі хрэсным ходам ішлі з абразамі, ёй забаранялі нават падыходзіць да вакна. Дзед казаў ёй, што гэта ідуць ідалапаклоньнікі. „А ці чытала гэтую кнігу бабка?“ — сама сабе падумала Ахса. Паміж старонкамі яна знайшла колькі засушаных валошкаў — менавіта гэтыя кветкі любіла зьбіраць бабка. Ахсіна бабуля паходзіла з Багеміі, і казалі, што ёйны бацька належаў да сэкты Сабатая Цьві. Ахса ўзгадала й пра тое, што князь Чартарыйскі, наяжджаючы ў маёнтак, любіў паразмаўляць з бабкай і заўсёды хваліў яе польскую мову. А аднойчы, і гэта быў камплімэнт, ён сказаў, што, калі б ён быў раней сустрэў яе і каб яна не была гэбрайкаю, дык ажаніўся б зь ёю.

За тую ноч Ахса прачытала Новы Запавет ад першай да апошняй старонкі. Цяжка было ёй пагадзіцца, што Ісус ёсьць адзінародным сынам Божым і што Ён уваскрос зь мёртвых. Што да самой кнігі, дык Ахса падумала, што яна ўсё ж лепей адпавядае ейнаму бязрадаснаму стану, чымся суворыя словы Прарокаў, якія ніколі ня кажуць пра Валадарства Нябеснае і ўваскрасеньне. Усё, што яны абяцаюць, гэта ўзнагароду за добрыя ўчынкі і галодную сьмерць ды хваробу — за дрэнныя.

На сёмую ноч Шываху Ахса вырашыла ўсё ж паспаць. У пакоі было цёмна, і яе ўжо агарнула дрымота, калі яна раптам пачула крокі. Ахса адразу ж пазнала, што гэтыя крокі — дзедавы. У цемры зьявілася постаць рэба Нафталі. Ахса выразна бачыла ягоны асьветлены твар, белую бараду, мяккія рысы твару і нават ярмолку на высокім ілбе. Ціхенечка ён прамовіў: „Ахса, ты зрабіла страшэнную памылку“.

Ахса заплакала. „Дзядуленька, што ж мне рабіць?“

„Усё можна выправіць“.

„Як!?“

„Папрасі прабачэньня ў Зэмаха. Станься яго жонкай“.

„Дзядуню, ён мне агідны“.

„Ён твой нарачоны“.

Голас змоўк, і Ахса адчула пах нюхальнага тытуню, які дзед звычайна зьмешваў з гвазьдзікамі і морскай сольлю. А потым постаць зьнікла, і толькі пустка зазеўрала ў цемры. Зьдзіўленьне Ахсы было настолькі вялікае, што яна нават не пасьпела спужацца. Урэшце яна прыхінулася да парэнчы ложку і празь нейкі час заснула.

Прачнулася Ахса ад штуршка і пачула бабулін голас. Гэта быў ня той ціхі і слабы голас, якім зь ёю звычайна размаўляў дзед. Быў гэта моцны голас жывога чалавека.

„Ахса, унучка мая“.

Ахса расплакалася.

„Бабуля, ты дзе?“

„Я тут“.

„Што мне рабіць?“

„Тое, што падказвае табе тваё сэрца“.

„Але што?“

„Ідзі да сьвятара. Ён скажа“.

Ахса зьнямела. Ад жаху ёй заняло мову. Адно што й пасьпела яна сказаць: „Ты не мая бабка, ты сатана“.

„Не, я твая бабуля. Ці ж ня памятаеш, як улетку мы плюхаліся ў копанцы каля пагорку, і ты знайшла на дне злоты?“

„Памятаю, бабуля“.

„Магу падаць табе і іншы знак. Дык ведай жа, гоі не памыляюцца. Ісус з Назарэту — Сын Божы. Як і казалі прарокі, Ён нарадзіўся ад Духа Сьвятога. Мяцежныя гэбраі адкінулі ісьціну, а таму і доля іхняя ліхая. Мэсія ня прыйдзе да іх, бо Ён ужо прыйшоў“.

„Бабуля, мне страшна“.

„Ахса, ня слухай!“ — раптам пракрычэў ёй у правае вуха дзед. „Гэта не твая бабка, гэта злы дух, які ўводзіць цябе у зман. Не паддавайся на гэтыя блюзьнерствы. Ён хоча зацягнуць цябе ў пекла“.

„Ахса, гэта ня твой дзед, гэта проста прывід, які атабарыўся за нашай лазьняй“, — перабіла бабка. — „Зэмах — няўдалік, і да таго ж помсьлівы. Ён будзе мучыць цябе, і дзеці, што народзяцца ад яго, будуць злыя і шкадлівыя. Ратуйся, пакуль ёсьць калі. Бог не з гэбраямі“.

„Вядзьмарка! Вырадак!“ — роў дзед.

„Хлус!“

Дзед змоўк, аднак бабка, хоць ейны голас і гучаў ня так выразна, працягвала гаварыць: „Напраўдзе твой дзед на небе, ён спазнаў ісьціну і прыняў новую веру. Яго ахрысьцілі вадой нябеснай, і цяпер ён — у раі. Сьвятыя ўсе там біскупамі і кардыналамі. А той, хто ўпарціцца і адкідвае праўдзівую веру, будзе гарэць у гэгене вогненнай. Калі ты ня верыш мне, падам табе знак“.

„Які знак?“

„Расшпілі навалку, успары падушку, і ты знойдзеш там карону зь пер’я. Ніхто зь людзей ня змог бы зрабіць такую карону“.

Бабка зьнікла, і Ахса заснула цяжкім сном. На досьвітку яна прачнулася і запаліла сьвечку. Яна ўспомніла бабуліны словы і разьдзерла насыпку па шве. Уражаньне ад таго, што яна ўбачыла, было настолькі моцным, што Ахса не дала веры сваім вачам: пух і пер’е перапляліся, і з гэтага ўтварылася карона, упрыгожаная неверагоднымі ўзорамі і тонкім арнамэнтам. Ніводны зямны майстар ня здолеў бы зрабіць нечага падобнага. Вянчаў карону маленькі крыжык. Карона была такой лёгкай, што ажно трымцела ад Ахсінага дыханьня. Ад вялікага хваляваньня Ахса нават замерла. Хто б ні зрабіў гэта, анёл ці д’ябал, аднак дзіва дзіўнае, зроблена было тое ў поўнай цемры ды яшчэ ў падушцы. Зачаравана глядзела Ахса на гэты цуд. Яна загасіла сьвечку, лягла і выпрасталася. Спустошаная, яна яшчэ доўга ляжала, а потым зноў заснула.

На раніцу Ахса падумала, што яна ўсё гэта прысьніла. На ночным століку, аднак, стаяла карона зь пер’я. Пад промнямі сонца яна зіхацела і пералівалася ўсімі колерамі вясёлкі. Нават падавалася, што яна была абсыпаная маленькімі дыямэнтамі. Ахса села на ложку, падзівілася на гэты цуд, потым паднялася, выбрала чорную сукенку, такога ж колеру хустку і апранулася. Загадала, каб падалі ёй брычку, і накіравалася да хаты ксяндза Косьціка.

На ейны стук спачатку выйшла прыслужніца. Сьвятару было пад семдзесят, і ён ведаў Ахсу. Ксёндз часта бываў у маёнтку: то асьвяціць хлеб на Вялікдзень, то прычасьціць каго перад сьмерцю, то блаславіць маладых, то адпець нябожчыка. Адзін з Ахсіных настаўнікаў браў у яго лацінска-польскі слоўнік. А калі сьвятар наведваўся ў маёнтак, дык Ахсіна бабуля запрашала яго да сябе, і яны доўга размаўлялі за пірагом і вішнёўкай.

Сьвятар запрапанаваў Ахсе сесьці. Яна села і распавяла пра ўсё, што адбывалася зь ёю, ад пачатку і да канца. Ксёндз выслухаў і сказаў: „Не вяртайся да гэбраяў. Прыходзь да нас. Мы паклапоцімся пра тваю маёмасьць“.

„Я забыла забраць карону. Я хачу, каб яна была са мною“.

„Добра, сястра мая, едзь і забяры яе“.

Ахса паехала дахаты, але прыслужніца ўжо пасьпела прыбраць у пакоі, выцерці пыл з начнога століка, і кароны нідзе не было. Ахса шукала яе на сьметніку, выглядала ў яме памыйнай, аднак нідзе не было нават і пярынкі.

У хуткім часе жахлівая навіна скаланула ўвесь Краснабруд: Ахса выхрысьцілася.

Прайшло шэсьць год. Ахса выйшла замуж і сталася шляхцянкай Мар’яй Малкоўскай. Стары шляхціц Уладзіслаў Малкоўскі памёр. Ня маючы прамога спадкаемцы, ён адпісаў сваю маёмасьць пляменьніку Людвіку. Да сарака пяці год Людвік быў у дзецюках, і мала хто спадзяваўся, што ён калі ажэніцца. Разам са сваёй сястрой Глёрыяй, дзеўкай-векавухай, Людвік жыў у дзядзькавым замку. Вадзіў ён амуры з парабчанкамі і нарабіў цэлую кучу байструкоў. Гэта быў рухавы малога росту чалавек са сьветлай казьлінай бародкаю. Быў ён сам сабе наўме і бавіў час, чытаючы старыя кнігі па гісторыі, рэлігіі і генэалёгіі. Курыў ён парцалянавую люльку. Каб выпіць, яму ня трэ было кампаніі; на паляваньне ён хадзіў адзін і пазьбягаў шляхецкіх баляў з танцамі. Справы ў маёнтку Людвік вёў жалезнай рукой, а таму аканом, калі б і хацеў што скрасьці, дык ня здолеў бы. Суседзі лічылі Людвіка пэдантам, а некаторыя нават думалі, што ён не зусім здаровы на галаву. Калі Ахса выхрысьцілася, Людвік запрапанаваў ёй — цяпер яе ўжо звалі Мар’яй — стацца ягонай жонкай. Пляткарылі, што сквапны Людвік закахаўся ў спадчыну, што засталася Ахсе ад дзеда. Урэшце ксёндз ды іншыя пераканалі Ахсу прыняць прапанову. Людвік быў нашчадкам польскага караля Ляшчынскага. Глёрыя, на дзесяць год старэйшая за свайго брата, выказалася супраць шлюбу, аднак Людвік, як ужо ня раз бывала, яе не паслухаўся.

Краснабрудзкія гэбраі ўзьнялі вэрхал, баючыся, што Ахса цяпер паставіцца да іх варожа ды падаб’е супраць іх Людвіка (такое зь пярэхрыстаміі ўжо здаралася). Людвік, аднак, гандлю з гэбраямі не спыніў і па-ранейшаму прадаваў ім рыбу, збожжа і быдла. А Зэлік Фрамполер, як і раней, прывозіў на продаж у маёнтак розныя тавары. У лёсе Глёрыі таксама нічога не зьмянілася: яна засталася жыць у замку.

У першыя тыдні пасьля шлюбу Ахса і Людвік разам хадзілі гуляць, Людвік нават пачаў завітваць да сваіх суседзяў, казаў, што зладзіць баль. Ён шчыра прызнаўся Мар’і ўва ўсіх сваіх мужчынскіх прыгодах і паабяцаў надалей паводзіцца так, як належыць багабойнаму хрысьціяніну. Прайшло, аднак, няшмат часу, і Людвік узгадаў усе свае ранейшыя звычкі: спыніў візыты да суседзяў, зноў пачаў заляцацца да вясковых дзевак і запіў. Муж і жонка перасталі размаўляць адзін з адным, і ў сям’і ўсталявалася злавеснае маўчаньне. Людвік болей не заходзіў да Мар’і ў спальню, а яна так і не пасьпела зацяжарыць. Празь нейкі час яны ўжо ня елі за адным сталом, і, калі Людвіку трэ было нешта сказаць Мар’і, дык ён праз слугу пасылаў ёй цыдулку. Глёрыя, якая распараджалася грашыма, выдавала залвіцы адзін злоты на тыдзень. Уся маёмасьць Мар’і належала цяпер ейнаму мужу. Урэшце Ахса вырашыла для сябе, што ўсё гэта — кара Божая і што ёй застаецца адно што чакаць сьмерці. Але што будзе зь ёй пасьля сьмерці? Ці ня будуць яе смажыць на жалезным ложку зь цьвікамі і ці ня кінуць яе потым у сьмярдзючае пекла? І што будзе зь яе душой? Пераселіцца яна ў сабаку, мыш альбо ў прыдарожны камень?

А паколькі Ахсе не было куды падзець свой час, дык днямі, а напару і ўночы, сядзела яна ў мужавай бібліятэцы. Людвік ужо даўно не купляў для бібліятэкі новых кніг, і ўсе кнігі былі старыя, у скураных пераплётах, драўляных альбо паточаных мольлю аксамітных і шаўковых вокладках. Старонкі кніг пажоўклі і пакрыліся бурымі плямамі. Ахса чытала аповеды пра жыцьцё старажытных князёў, далёкія краіны, пра розныя бітвы і інтрыгі, што ладзілі князі, кардыналы і герцагі. Яна праглынала гісторыі пра крыжакоў і страшную эпідэмію чумы. Распуста і зло апанавалі людзкі сьвет, аднак поўніўся ён і дзівосамі. Зоркі ў небе вялі паміж сабой войны і паглыналі адна адну. Камэты прадказвалі катастрофы. Недзе нарадзілася хвастатае дзіцяня; у нейкай жанчыны скура пакрылася луской і вырасьлі плаўнікі. У Індыі факіры басанож хадзілі па гарачым вугольлі і не абпякалі сабе ног. Жыўцом іх закопвалі ў зямлю, а яны потым уставалі з магілаў.

Між тым здарылася неверагоднае. Аднойчы ўранку, хоць перад тым і не было аніякіх знакоў ад сілаў нябесных, Ахса знайшла ў сваёй падушцы карону зь пер’я. Не зьяўляліся да яе таксама ў гэты час ні яе дзед, ні бабка. Папраўдзе кажучы, Ахсе часам хацелася зьвярнуцца да дзеда, аднак яна не насьмельвалася сваімі нячыстымі вуснамі вымавіць ягонае імя. Яна выраклася юдэйскага Бога і ня верыла больш у Бога гояў, а таму й кінула маліцца. Часта праз вакно Ахса бачыла, як у маёнтак прыяжджаў Зэлік Фрамполер, і ёй карцела распытаць яго пра справы ў кагале, аднак яна баялася, што той палічыць за грэх размаўляць зь ёй і што Глёрыя раскажа ўсім, што яна зноў зблыталася з гэбраямі.

Міналі гады. Валасы Глёрыі пасівелі, а галава яе пачала нэрвова трэсьціся. Зьбялела і казьліная бародка Людвіка. Слугі пастарэлі, паглухлі дый на вочы ўжо сталі нізкія. Ахсе, ці Мар’і, было за трыццаць, але яна ўяўляла сябе старой жанчынай. З гадамі яна яшчэ больш упэўнілася, што гэта д’ябал пераканаў яе ахрысьціцца і што карона зь пер’я — справа ягоных рук. Дарогі назад, аднак, не было. Закон Расейскай імпэрыі забараняў пярэхрыстам вяртацца ў сваю веру. З кагалу даходзілі кепскія весткі: у Краснабрудзе згарэла сынагога, пагарэлі таксама й лаўкі на рынкавай плошчы. Некалі заможныя гаспадары і старшыні кагалу панадзявалі цяпер торбы і выправіліся жабраваць. Праз кожныя колькі месяцаў надаралася якая-небудзь пошасьць. Гэткім чынам, не было куды й вяртацца. Ахса часта думала пра самагубства. Але як зрабіць сабе сьмерць? Цяжка ёй было рашыцца павесіцца ці парэзаць сабе вены, а ніякай атруты ў доме не было.

Паступова Ахса прыйшла да думкі, што гэтым сьветам кіруюць злыя сілы. Ня Бог, а нячысьцік вядзе рэй. Знайшла яна й тоўстую кнігу, у якой распавядалася пра вядзьмарства і дзе падрабязна апісваліся розныя чары, талісманы. Падаваліся ў кнізе заклінаньні да дэманаў і дамавікоў, апісваліся чорная імша і ахвяраваньні Асмадэвусу, Люцыпару і Бэльзэбулу. Распавядалася й пра тое, як вядзьмаркі намашчалі свае целы, зьбіраліся ў лесе, прычашчаліся чалавечынай і лёталі на мётлах, жалезьніках і абручах, а за імі ганяліся зграі нячысьцікаў і іншых рагатых і хвастатых ночных пачвараў з крыламі кажаноў і сьвінячымі лычамі. Часта гэтыя пачвары кахаліся зь вядзьмаркамі, а тыя потым нараджалі яшчэ большых страшыдлаў.

Ахса ўзгадала гэбрайскую прыказку: „Калі ня можаш рушыць угору, ідзі ўніз“. Яна ўжо не спадзявалася на новы сьвет, які мусіў яшчэ паўстаць, а таму вырашыла скарыстаць з таго адзінага жыцьця, якое мела. Уночы яна пачала прыклікаць д’ябла і падрыхтавалася ўступіць зь ім у змову, як тое ўжо рабілі шмат якія адкінутыя і пагарджаныя жанчыны.

Аднойчы апоўначы, пакаштаваўшы мяшанкі зь мёду, сьліны, чалавечае крыві і вароніных яек, прысмачанай гальбанам і мандрагорай, адчула яна раптам халодны пацалунак на сваіх вуснах. У бляклым месяцовым сьвятле Ахса ўбачыла аголеную мужчынскую постаць, высокую і чорную. На галаве — скудлачаныя валасы і аленія рогі. З рота мужчыны вытыркаліся два вепручыныя іклы. Постаць нахілілася да Ахсы і прашаптала: „Які будзе загад, мая гаспадыня? Можаш прасіць у мяне палову майго валадарства“.

Цела аголенага мужчыны было лёгкім і празрыстым, як павуціньне, і тым ня менш неверагодная энэргія і моц сыходзілі ад яго. Ахса ўжо была амаль гатовая прамовіць: „Хачу цябе, мой раб. Вазьмі мяне“. Замест гэтага яна няўцямна прамармытала: „Дзеда й бабу“.

Д’ябал зарагатаў: „Яны — пыл!“

„Гэта ты зрабіў карону зь пер’я?“ — запыталася Ахса.

„А хто ж яшчэ?“

„І ты падмануў мяне?“

„Я ўводжу ў зман“, — гігікнуў д’ябал.

„А праўда, дзе ж праўда?“ — запыталася Ахса.

„Праўда ў тым, што праўды няма!“

Крыху павагаўшыся, д’ябал зьнік. Хоць да раніцы Ахса так і не заплюшчыла вачэй, але ўсё, што адбывалася, нагадвала ёй сон. Да яе зьвярталіся галасы, і яна размаўляла зь імі. Грудзі яе набрынялі, смочкі напяліся, а чэрава набракла і павялічылася да неверагодных памераў. Галаву разрываў нясьцерпны боль. Зубы дробна ляскаталі, язык так набрыняў, што Ахса нават спужалася, ці ня вытыркнецца ён праз паднябеньне. Вочы былі гатовыя выскачыць з вачніц. Увушшу стаяў страшэнны гром, нібы нехта гухаў молатам па кавадле. І тады яна адчула, як сутаргава сьціснулася яе чэрава. „Зараз я нараджу дэмана“, — закрычала Ахса. Яна пачала хапатліва маліцца Богу, таму самаму Богу, Якога яна раней адкінула. Паволі сон яе змарыў, і, калі пад раніцу яна прачнулася, боль у целе зусім зьлёг. У нагах ложку стаяў дзед у белым халаце з капюшонам, які ён звычайна насіў напярэдадні Ём Кіпур і ў якім ён заўсёды бласлаўляў Ахсу, перад тым як пайсьці на малітву Кол Нідрэ. Сьвятло дзедавых вачэй лілася на падшываную коўдру Ахсы, і яна ціха прамовіла: „Дзеду!“

„Так Ахса, я тут“.

„Што мне рабіць, дзеду?“

„Уцякай адсюль і пакайся“.

„Позна. Я ўжо запродала сваю душу“.

„Ніколі ня позна. Знайдзі таго мужчыну, што ты зганьбіла. І станься дачкой свайго народу“.

Пазьней Ахса ўжо ня памятала, ці то дзед сапраўды зь ёю гаварыў, ці то яна проста зразумела яго бяз словаў. Ноч скончылася. Першыя промні сонца чырваньню залілі пакой. За вакном шчабяталі птушкі. Ахса агледзела сваю кашулю. Крыві на ёй не было. Ніякага дэмана яна не нарадзіла. Упершыню за колькі год яна пачала чытаць падзячную гэбрайскую малітву.

Пасьля Ахса ўстала з ложку, памылася ў тазіку і пакрыла валасы хусьцінкай. Людвік і Глёрыя забралі ў яе ўсё, што яна мела ў пасаг. Перахавала Ахса толькі бабуліны кляйноты: загарнула іх у насоўку і паклала ў кошык з кашуляй і ніжняй бялізнай. Людвік зазвычай бавіў ночы са сваімі каханкамі альбо на досьвітку ад’яжджаў на паляваньне. Глёрыя, хворая, ляжала ў сябе ў спальні. Прыслужніца прынесла сьняданак, але Ахса ледзьве дакранулася да ежы. Пасьля сьняданку яна выйшла з дому. Быццам на чужаніцу, на яе забрахалі сабакі. Са зьдзіўленьнем старыя слугі глядзелі, як яна з кошычкам у руках, у хустцы, павязанай па-сялянску, выходзіць з брамы.

Хоць маёнтак Малкоўскіх знаходзіўся недалёка ад Краснабруду, аднак Ахса йшла амаль цэлы дзень. Стаміўшыся, яна села адпачыць над ручаём. Памыла ў ім рукі, прачытала малітву і зьела прыхоплены кавалак хлеба.

Па-за краснабрудзкіх могілак стаяла хата Эбэра, далакопа. Ягоная жонка мыла ў ночвах бялізну на двары. Ахса спынілася і запыталася ў яе: „Гэта дарога на Краснабруд?“

„Так, ідзі проста“.

„А што новага чуваць у мястэчку?“

„А ты хто?“ — запыталася ў Ахсы жанчына.

„Я сваячка рэба Нафталі Халішыцэра“.

Жанчына выцерла рукі аб падол. „Нікога ўжо не засталося з гэтай сям“і“.

„А дзе ж Ахса?“.

Жанчына здрыганулася. „О, Божа, яе ўжо, пэўна, пахавалі“. І жанчына распавяла пра Ахсіны пярэхрысьціны.

„Яна ўжо пры жыцьці была пакараная“.

„А што сталася з тым хлопцам зь ешывы, зь якім яна заручылася?“

„Хто ж яго ведае? Ён нетутэйшы“.

Ахса запыталася пра магілы свайго дзеда і бабы, і старая жанчына паказала на два камяні, якія схіліліся адзін да аднаго і парасьлі мохам і травой. Ахса падышла да камянёў, упала на зямлю перад імі і праляжала там да познага вечара.

Ужо тры месяцы вандравала Ахса зь ешывы да ешывы, аднак Зэмаха нідзе не было. Яна шукала зьвесткі пра яго ў кагальных кнігах, распытвала старшыняў і рабінаў: Зэмах нібы зьнік. Ня ў кожным горадзе было дзе спыніцца, а таму Ахса часта начавала ў начулішчах, дзе давядзецца. Яна клалася на сяньнік, накрывалася дзяружынай і пачынала ціха маліцца, просячы, каб дзед зьявіўся ёй і сказаў, дзе шукаць Зэмаха. Аніякага знаку ад дзеда, аднак, не было. Па начох хворыя і старыя кашлялі і мармыталі ў сьне. Плакалі й румзалі малыя дзеці. Іхнія маткі сварыліся. Хоць Ахса і вырашыла для сябе, што гэта частка ейнай пакуты, аднак яна так і не змагла пазбыцца пачуцьця прыніжэньня. Кагальныя старшыні на яе буркалі, змушалі па колькі дзён чакаць сустрэчы. Жанчыны падазрона зіркалі — навошта яна шукае нейкага мужчыну, які, пэўна ж, мае жонку і дзяцей, а мо й наагул памёр. „Дзядуленька, навошта ты сарваў мяне на гэты шлях?“ І ў сьлязох Ахса прасіла: „Альбо скажы, куды мне ісьці, альбо пашлі мне сьмерць“.

Аднойчы ўзімку ў Любліне Ахса, схаваўшыся ад холаду ў карчме, запыталася ў карчмара, ці ня чуў ён што пра невысочанькага тальмудыста і былога вучня ешывы, якога зваць Зэмах. „Ты маеш на ўвазе Зэмаха, настаўніка зь Ізьбіцы?“ — запытаўся адзін з наведнікаў.

Ён яшчэ нешта дадаў да партрэту Зэмаха, і Ахса зразумела, што знайшла таго, каго шукала. „Ці ня быў ён заручаны з адной дзяўчынай з Краснабруду?“ — запыталася Ахса.

„Так. Было такое. А хто ты?“

„Сваячка“.

„Што ты хочаш ад яго?“ — працягваў чалавек. „Ён бедны, да таго ж упарты, як баран. Ад яго ўсе вучні паразьбягаліся. Дзікаваты ён нейкі і незразумелы“.

„Ці жанаты ён?“

„Меў ужо дзьвюх жанок. Адну замучыў да сьмерці, а другая кінула яго“.

„Ці ёсьць у яго дзеці?“

„Не, ён няплодны“.

Наведнік хацеў сказаць яшчэ нешта, але ў гэты момант зайшоў слуга і паклікаў яго.

У вачах Ахсы зьявіліся сьлёзы. Ейны дзед не пакінуў яе. Ён вядзе яе туды, куды трэба. Яна выйшла, каб неяк дамовіцца пра сваё падарожжа ў Ізьбіцу. Перад карчмой стаяла фурманка, гатовая выправіцца ў дарогу. „Не, я не адна“, — падумала Ахса. — „Неба скіроўвае кожны мой крок“.

Напачатку ехалі брукаванкаю, але потым дарога ператварылася ў суцэльную гразь, нейкія яміны і канавы. Ноч надарылася цёмная і сырая. Раз-пораз падарожнікі мусілі злазіць і дапамагаць фурману выцягваць вазок з балота. Пасажыры раздражняліся і бурчалі на вазака, але Ахса з радасьцю і падзякай успрымала гэтыя нязручнасьці. Усю ноч ішоў мокры сьнег, дзьмуў халодны вецер, і кожны раз, калі Ахса вылазіла з павозкі, яе ногі па лыткі загразалі ў халодным брудзе. Толькі позна ўвечары яны прыехалі ў Ізьбіцу. Мястэчка ператварылася ў суцэльнае балота, на якім, як на купінах, масьціліся старыя хаткі. Нехта паказаў Ахсе дарогу да дому настаўніка Зэмаха, што туліўся на пагорку недалёка ад яткі. І хоць ужо была зіма, у паветры лунаў задушлівы гніласны смурод. Вакол яткі бадзяліся сабакі.

Ахса зазірнула ў вакно Зэмахавай хаты і ўбачыла абшарпаныя сьцены, брудную падлогу і зашмальцаваныя кнігі на паліцах. У місе з алеем мігцеў на кноце слабы агеньчык. За сталом сядзеў чарнабароды вастраносенькі чалавечак з густымі бровамі на жоўтым твары. Ён нізкавока ўглядаўся ў старонку тоўстай кнігі. На ім была ярмолка і падшываная камізэлька, зь якой вытыркаўся брудны вацін. Калі Ахса аглядала ўсю гэтую сцэну, зь дзюркі ў сьцяне вылезла мышка; мітусьліва ўскараскалася на ложак і пабегла па матрацы, набітым гнілой саломай, праз паедзеную яе сяброўкамі аўчыну, што ляжала замест коўдры, да падушкі бяз навалкі. Хоць Зэмах і пастарэў крыху, Ахса пазнала яго. Зэмах пачаў чухацца, потым сплюнуў сабе на пальцы і расьцёр лоб. Так, гэта быў Зэмах. Ахсу адначасова цягнула і на плач, і на сьмех. На хвіліну яна адарвала свой позірк ад вакна і паглядзела ў ночную цемру. Упершыню за колькі год яна пачула голас сваёй бабкі: „Ахса, уцякай адсюль“.

„Куды?“

„Назад, да Ісава“.

І тады яна пачула голас дзеда: „Ахса, Зэмах уратуе цябе ад пекла“. Прычым ніколі дзед не прамаўляў яшчэ да яе гэтак гарачліва. Ахсе стала млосна, і, каб ня ўпасьці, яна прыхілілася да дзьвярэй. Дзьверы адчыніліся, і яна ўвалілася ў хату.

Зэмах павярнуў галаву, і адно зь ягоных калматых броваў узьляцела ўгору. Ён злосна вылупіўся на Ахсу: „Што табе тут трэба?“

„Вы рэб Зэмах?“

„Так. А ты хто?“

„Ахса з Краснабруду. Некалі Вашая нарачоная...“

Зэмах разявіў рот, у якім быў відзён толькі адзін крывы і чорны зуб.

„Пярэхрыстка?“

„Я вярнулася ў юдаізм“.

Зэмах ускочыў зь месца і жудасна закрычэў: „Прэч з майго дому! Хай зьнікне імя тваё!“

„Рэб Зэмах, калі ласка, выслухайце мяне“.

Ён кінуўся на яе з кулакамі. Міса з алеем упала на падлогу, і цемра ахутала пакой.

„Поскудзь!“

Малітоўны дом у Халішыцы быў перапоўнены. Набліжаўся час поўні, і людзі сабраліся, каб узьнесьці Госпаду свае просьбы. У жаноцкай палове нехта голасна і пабожна чытаў адну малітву за другой. Раптам расчыніліся дзьверы, і, шырока пераступіўшы цераз парог, у дом уваліўся чарнабароды чалавек у падзертай вопратцы. Цераз плячо ў яго вісела торба. На вяроўцы, нібы быдла, ён вёў жанчыну. На жанчыне была чорная хустка, зрэбная сукенка, на нагах валачылася нейкае рызьзё, а на шыі боўталася нізка часныку. У малітоўным доме запанавала ціша. Незнаёмец падаў жанчыне знак, і яна распласталася на парозе. „Суродзічы, — закрычэла яна, — тапчыцеся па мне і плюйце на мяне!“

У малітоўным доме ўсчаўся гвалт. Незнаёмец падышоў да чытальнага стала, пастукаў па ім, каб стала цішыня, і прамовіў: „Сям’я гэтае жанчыны паходзіць з вашых месцаў. Рэб Нафталі Халішыцэр быў яе дзедам. Гэта тая самая Ахса, якая выхрысьцілася і выйшла замуж за шляхціца. Ёй адкрылася праўда, і цяпер яна хоча выкупіць сваю віну і адрабіць усе гнюснасьці“.

Хоць Халішыц і знаходзіўся ў той частцы Польшчы, што адышла да Аўстрыі, аднак гісторыю Ахсы чулі і тут. Некаторыя з людзей у малітоўным доме пачалі абурана казаць, што гэта не пакаяньне; нельга чалавека, як быдла, цягаць на вяроўцы. Іншыя гразілі незнаёмцу кулакамі. Паводле аўстрыйскага закону, пярэхрысты маглі бесьперашкодна вяртацца ў юдэйства. Але каб жа гоі ўведалі, што таго, хто перайшоў у іхнюю веру, так прыніжаюць, дык маглі б увесьці іншы, суворы закон, і на гэбраяў магла зваліцца кара. Стары рабін, рэб Бэзалел, хапатліва прытупацеў да Ахсы.

„Уставай, дачка мая. Ты ўжо пакаялася, і ты з намі“.

Ахса паднялася.

„Рабі, я зганьбіла свой народ“.

„Ты раскайваешся, і таму Гасподзь даруе табе“.

Калі жанчыны, якія маліліся на сваёй палове, пачулі, што адбываецца, яны прыбеглі на мужчынскую палову малітоўнага дому; сярод іх была і рабінава жонка. Рэб Бэзалел зьвярнуўся да яе: „Забяры яе да нас і пераапрані ў людзкую вопратку. Чалавек створаны на ўзор і падабенства Божае“.

„Рабі, — зьвярнулася да яго Ахса,— я хачу выкупіць усе свае злачынствы“.

„Я сам прызначу табе пакараньне за твае грахі. Ня муч сябе“.

Некаторыя жанчыны расплакаліся. Рабінава жонка накінула Ахсе на плечы сваю шаліноўку. Другая жанчына запрапанавала ёй накідку з капюшонам. Ахсу адвялі ў пакой, дзе ў старыя часы трымалі тых, хто зграшыў супроць кагалу — у ім па-ранейшаму ляжалі бервяно і ланцугі — там Ахсу й перапранулі. Нехта прынёс кашулю і боцікі. Пакуль яе пераапраналі, Ахса біла сябе кулаком у грудзі і пералічала свае грахі; яна ўгнявіла Госпада, яна служыла ідалам і клалася ў адзін ложак з гоем. Абліваючыся сьлязьмі, яна казала: „Я займалася вядзьмарствам, прыклікала д’ябла, і ён у аддзячыны змайстраваў для мяне карону зь пер’я“. Калі Ахсу пераапранулі, рабінава жонка павяла яе да сябе.

Пасьля малітвы мужчыны пачалі распытваць незнаёмца, хто ён такі і якое дачыненьне мае да ўнучкі рэба Нафталі.

„Мяне завуць Зэмах“, — адказаў ён. — „Я мусіў стаць яе мужам, аднак яна адкінула мяне. А вось цяпер прыйшла да мяне прасіць прабачэньня“.

„Гэбраі мусяць дараваць“.

„Я дараваў ёй, аднак Бог помсьлівы“.

„Ён таксама і міласэрны“.

Зэмах пачаў дыскутаваць са старшынямі і адразу ж сталася відавочная ягоная абазнанасьць у сьвятых кнігах. Ён цытаваў Тальмуд, Камэнтары і Адказы. Ён нават падправіў рабіна, які цытаваў адно зь месцаў.

Рэб Бэзалел запытаўся: „Ці маеш ты сям’ю?“

„Я разьведзены“.

„У такім разе ўсё можна палагодзіць“.

І рабін запрасіў Зэмаха да сябе. Жанчыны сядзелі з Ахсай на кухні і сілком кармілі яе хлебам з цукорай — яна перад тым была тры дні нічога ня ела. У пакоі рабіна мужчыны заняліся Зэмахам. Яны прынесьлі яму нагавіцы, боты, палітон і капялюш. А паколькі Зэмах завашывеў, дык яго павялі й мыцца.

Увечары сабраліся сем найбольш паважаных жыхароў мястэчка і ўсе старшыні кагалу. Жанчыны прывялі Ахсу. Рабін абвесьціў, што, паводле закону, Ахса ўжо па-за шлюбам і што ейны шлюб з шляхціцам — ня што іншае як распуста. Рабін зьвярнуўся да Зэмаха: „Зэмаху, ці хочаш ты ўзяць Ахсу за жонку?“.

„Так“, — адказаў Зэмах.

„Ахса, ці хочаш ты, каб Зэмах быў тваім мужам?“

„Так, рабі, але я ня вартая яго“.

Потым рабін паведаміў, якім мусіць быць пакараньне для Ахсы. Яна мусіць пасьціць кожны панядзелак і чацьвер, ня есьці мяса і рыбы на будні, чытаць псальмы і ўставаць на досьвітку дзеля малітваў. Рабін пры гэтым зазначыў: „Галоўнае ня кара, а каята. І, як казалі прарокі, „Ён вернецца і пазбавіць нямогласьці“.

„Рабі, даруйце мне, — перапыніў яго Зэмах, — але гэтае пакараньне для тых, хто проста зграшыў, а не для тых, хто здрадзіў сваёй веры“.

„Што ты хочаш, каб яна зрабіла яшчэ?“

„На гэты выпадак ёсьць больш суворае пакараньне“.

„Напрыклад?“

„У абутак грэшніку насыпаюць каменьчыкаў. Узімку ён мусіць голы качацца ў сьнезе, а ўлетку — у крапіве, пасьціць ад суботы да суботы“.

„Сёньня людзі ня здатныя на такія суворыя выпрабаваньні“, — крыху павагаўшыся, адказаў рабін.

„Калі яны здатныя грашыць, дык мусяць быць здатныя і на адпаведную пакуту“.

„Сьвяты рабі, — зьвярнулася да яго Ахса, — ня трэба мне палёгкі. Прызначце мне суворае пакараньне“.

„Я ўжо сказаў, і тое правільна“.

Усе сьцішыліся. „Зэмаху, — падала голас Ахса, — дай мне мой пакунак“.

Зэмах пайшоў па свой мех, які ён пакінуў у куце. Ён паставіў яго на стол і выцягнуў адтуль невялічкі пакунак. Вокліч зьдзіўленьня разьнёсься па хаце, калі Ахса пачала высыпаць зь яго ўсё, што там было: пэрліны, дыямэнты і рубіны.

„Рабі, гэта мае ўпрыгожваньні і каштоўнасьці“, — сказала Ахса. — „Я ня вартая таго, каб іх мець. Хай рабі распараджаецца імі, як захоча“.

„Яны твае альбо належаць шляхціцу?“

„Мае, рабі. Яны перайшлі на мяне ад майго сьвятога справядлівага дзеда“.

„Напісана, што нават самыя дабрадзейныя ня мусяць ахвяраваць больш за пятую частку“.

Зэмах хітануў галавой: „Зноў жа, не магу пагадзіцца. Яна зганьбіла свайго дзеда, што спачывае ў раі. Немагчыма, каб гэтыя каштоўнасьці належалі ёй“.

Рабін сьціснуў сваю бараду ў кулак.

„Калі ты ведаеш лепш, дык станься рабінам“. Рэб Бэзалел устаў, а потым зноў сеў.

„З чаго вы будзеце жыць?“

„Я буду насіць ваду“, — адказаў Зэмах.

„Рабі, а я магу рабіць цеста і мыць бялізну“, — сказала Ахса.

„Добра, рабіце, як лічыце. Я аднак веру не ў суворасьць закону, а ў ягоную літасьць“.

Пасярод ночы Ахса прачнулася. Муж і жонка жылі ў хаціне з бруднай падлогай непадалёк могілак. Зэмах днямі цягаў ваду, а Ахса мыла бялізну. Яны пасьцілі і елі толькі ўвечары ўсе дні, акрамя суботы і сьвятаў. Ахса насыпала сабе ў абутак пяску і дробных каменьчыкаў і насіла кашулю з грубай воўны на голае цела. Спалі яны паасобку, на падлозе. Зэмах — на дзяружыне каля вакна, а Ахса — на сяньніку каля печкі. На вяроўчыне, нацягненай ад сьцяны да сьцяны, віселі іхныя апранахі, якія пашыла Ахса.

Былі яны жанатыя ўжо тры гады, аднак Зэмах так і не наблізіўся да Ахсы. Ён прызнаўся ёй, што і ён вялікі грэшнік і, хоць меў жанок, аднак юрлівыя думкі былі толькі пра Ахсу. А таму ўвесь час, падобна Анану, праліваў сваё насеньне на зямлю. З гэтага наклікаў на сябе кару, аддаліў сябе ад Найвышшага. Гняўлівасьць сваю скіроўваў на жанок, і адна зь іх памёрла. Як можна было больш сябе апаганіць?

Хоць іхняя хата стаяла пад лесам, і яны маглі прынесьці колькі заўгодна дроваў, Зэмах аднак не дазваляў паліць печку на ноч. Спаць яны клаліся апранутыя і накрываліся мяхамі і рызьзём. Людзі з Халішыцу лічылі, што Зэмах не зусім здаровы на галаву. Рабін урэшце запрасіў да сябе мужа і жонку і патлумачыў ім, што мучыць і зьдзеквацца зь сябе, як і зь іншых, жорстка. Зэмах, аднак, прывёў месца з „Пачаткаў мудрасьці“ пра тое, што без утаймаваньня цела каята ні да чаго не вядзе.

Кожны раз, перад тым як пакласьціся ў ложак, Ахса спавядалася, і ўсё ж яе сны не былі чыстыя. Д’ябал зьяўляўся ёй у вобразе яе бабулі і красамоўна распавядаў пра залітыя агнямі гарады, пышныя балі, увішных шляхцюкоў і юрлівых жанчын. Дзед жа зноў чамусьці не прыходзіў.

Сваю бабулю Ахса сьніла маладой і прыгожай. Яна сьпявала гарэзьлівыя песьні, піла віно і танчыла з нейкімі прайдзісьветамі. Іншым разам бабуля вяла Ахсу ў касьцёл, дзе сьвятары сьпявалі, а вернікі, укленчыўшы, пакланяліся залатым ідалам. Голыя жанчыны лёгкіх паводзінаў пілі віно з рога і распусьнічалі.

Аднойчы Ахса сасьніла, як, голая, яна стаіць каля вялізнай круглай адтуліны. Вакол яе карлікі водзяць карагоды і сьпяваюць брыдкія пахавальныя песьні.

З усіх канцоў трубяць трубы, бубняць бубны. Ахса прачнулася, але мярзотны сьпеў усё стаяў увушшу. „Не, мяне ўжо нішто не ўратуе“, — падумала яна.

Зэмах таксама прачнуўся. Ён падняўся і падышоў да вакна. Нейкі час ён глядзеў праз адзіную не забітую дошкамі шыбіну. Потым запытаўся: „Ахса, ты ня сьпіш? Сьнегу нападала“.

Ахса вельмі добра ведала, што ён мае на ўвазе, а таму адказала: „Не, у мяне проста няма сілы“.

„А як распусьнічаць, дык сіла ёсьць“.

„Усе косткі мае ныюць“.

„Скажы гэта анёлу, якога ты абразіла“.

Зыркае месяцовае сьвятло, адбіваючыся ад чысьцюткага сьнегу, запоўніла ўвесь пакой. Зэмах, як той пячорнік-адлюднік, адпусьціў доўгія патлы. Барада ягоная скудлачылася. У начной цемры ягоныя вочы блішчэлі халодным месяцовым сьвятлом. Ахса ніколі не магла зразумець, як Зэмаху ставала сілаў увесь дзень цягаць ваду, а потым яшчэ па начах чытаць кнігі. Ён пасьціў увесь дзень і ўвечары амаль нічога ня еў. Каб ня мець аніякага задавальненьня ад ежы, ён проста глытаў хлеб, не жуючы. Суп, які варыла для яго Ахса, ён заўсёды моцна перасольваў і пераперчваў. Ахса таксама моцна схуднела. Углядаючыся ў сваё адлюстраваньне ў вадзе, яна бачыла тонкія рысы твару, запалыя шчокі і хваравітыя вочы. Яна часта кашляла і цыркала крывёю. На гэты раз Ахса сказала: „Даруй мне, Зэмаху. Я не магу падняцца“.

„Уставай, распусьніца. Гэта, можа, апошняя твая ноч“.

„Было б добра, калі так“.

„Спавядайся і кажы праўду!“

„Я сказала табе ўжо ўсё“.

„Ці ж не была распуста для цябе задавальненьнем?“

„Не, Зэмаху, не“.

„Мінулы раз ты казала, што гэта прыносіла табе задавальненьне“.

Ахса доўга не адгукалася.

„Вельмі і вельмі рэдка. Можа, на якую хвілю“.

„І ты забывалася на Бога?“

„Не зусім“.

„Ты ведала пра закон Божы і сьвядома адкідвала Госпада“.

„Я думала, што праўда ў гояў“.

„І ўсё таму, што д’ябал змайстраваў табе карону зь пер’я?“

„Я прыняла гэта за цуд“.

„Не апраўдвайся, распусьніца!“

„Я не апраўдваюся. Ён гаварыў голасам маёй бабулі“.

„Чаму ты слухалася бабы, а ня дзеда?“

„Проста дурная была“.

„Дурная? І столькі гадоў усё апаганьвала“.

Празь нейкі час муж і жонка выйшлі басанож з хаты. Зэмах першы кінуўся ў сьнег і пачаў хутка качацца ў ім. Ягонае цела, нібы футра, густа пакрывалі чорныя валасы. Ахса крыху счакала і таксама кінулася ў сьнег. Яна качалася ў сьнезе паволі і моўчкі, а Зэмах галасіў: „Мы зграшылі, мы прадаліся, скралі, сылгалі, кпілі і паўсталі супроць Цябе“. А потым дадаў: „Хай будзе воля Твая, каб мая сьмерць сталася выкупленьнем усіх маіх бясчынстваў“.

Ахса часта чула гэтыя словы, але кожны раз яны прымушалі яе скаланацца. Гэтаксама галасілі і сяляне, калі яе муж, шляхціц Малкоўскі, біў іх бізуном. І Ахса баялася гэтага Зэмахава галашэньня больш, чым зімовага холаду і крапівы. Часам, калі Зэмах быў у больш шляхетным настроі, ён абяцаўся прыйсьці да Ахсы ў ложак і нават казаў, што хацеў бы стаць бацькам ейных дзяцей. Аднак замест таго ён увесь час вышукваў нейкія новыя прыграшэньні, якія яны зрабілі. Ахса з кожным днём усё больш слабела. Ёй падавалася, што надмагільныя камяні і саваны, разьвешаныя на вяроўках над кладамі, клічуць яе. І яна нават прымусіла Зэмаха даць ёй зарок, што над яе магілай ён будзе чытаць Кадыш.

Аднойчы сьпякотным днём у месяцы Тамуз Ахса пайшла на луг нарваць шчаў’я. Яна пасьціла ўвесь дзень і хацела зварыць на вячэру баршчу сабе і Зэмаху. Рвучы, яна адчула, як сілы пакідаюць яе. Яна лягла на траву, каб крыху адпачыць. Аднак ногі яе здранцьвелі, і ўваччу ўсё зьнікла. Глыбокі сон агарнуў яе. Калі яна расплюшчыла вочы, ужо стаяла ноч. На небе не было ні зорачкі, і дужа парыла. Набліжалася навальніца. Ад зямлі ішоў моцны пах травы і зёлак, ад якога ў Ахсы круцілася галава. Вобмацкам яна знайшла кошык, аднак ён быў пусты. Карова ці каза высаўгала шчаў’е. Нечакана яна ўзгадала сваё дзяцінства, калі яе з усіх бакоў песьцілі, апраналі ў аксаміт і шоўк, а прыслуга выконвала кожную яе прыхамаць. Ахсу пачаў душыць кашаль, на ілбе выступіў пот, а па сьпіне прабег дрыготкі холад. Неба засьцялілі хмары, стаяла цемра, і Ахса ня ведала, у які бок ісьці дахаты. Босымі нагамі яна наступала на калючкі і каравякі. „У якую пастку я патрапіла?!“, — пачула яна голас унутры сябе. Яна выйшла да нейкага дрэва і спынілася, каб перавесьці дух. І ў гэты момант убачыла дзеда. Ягоная белая барада сьвяцілася ў цемры. Яна пазнала ягоны высокі лоб, зычлівую ўсьмешку і позірк, поўны любові і дабрыні. Ахса крыкнула: „Дзядуню!“. І з вачэй у яе пырснулі сьлёзы.

„Я ведаю ўсё“, — сказаў дзед. — „І твае пакуты і твой жаль“.

„Што мне рабіць, дзеду?“

„Дачка мая, твае пакуты скончыліся. Мы чакаем цябе — я, твая бабуля і ўсе, хто любіць цябе. Сустрэнуць цябе сьвятыя анёлы“.

„Калі, дзядуню?“

У гэты момант дзедава постаць зьнікла, і цемра агарнула ўсё. Ахса рушыла ў ноч, але цяпер яна інтуіцыяй сьляпога адчувала, што сапраўды ідзе дахаты. Нарэшце яна выйшла на свой двор, адчыніла дзьверы і адразу ж адчула, што Зэмах чакае яе. Ён сядзеў на падлозе, і ягоныя вочы сьвяціліся, як два вуглі. Ён аж крыкнуў: „Гэта ты?“.

„Так, Зэмаху“.

„Дзе ты швэндалася? З-за цябе я ня змог спакойна памаліцца. Ты зблытала ўсе мае думкі“.

„Даруй, Зэмаху. Я стамілася і заснула на лузе“.

„Брахуха! Вырадак! Нягодніца“, — заходзіўся Зэмах. — „Я шукаў цябе на лузе. Ты недзе спала з пастухом“.

„Госпадзе праведны, што ты кажаш!?“

„Кажы мне праўду!“

Зэмах ускочыў і пачаў яе трэсьці.

„Распусьніца! Ведзьма!“

Ніколі Зэмах ня быў такі разьятраны.

„Зэмаху, мужа мой, я верная табе. Я спала на траве. Вяртаючыся дахаты, я ўбачыла свайго дзеда. Час мой надышоў“. Ахсе стала млосна, і яна ўпала на падлогу.

Зэмахаў гнеў адразу растаў, ён заенчыў: „Сьвятая душа твая, дзе ж я буду безь цябе? Ты сьвятая. Даруй мне, што я быў несправядлівы да цябе. Гэта таму, што я люблю і кахаю цябе. Я хацеў, каб душа твая сталася чыстая і ты сядзела ў раі поруч са сьвятымі Дзевамі“.

„Буду сядзець там, дзе заслугоўваю“.

„Чаму? Няўжо няма на небе справядлівасьці?“ — выгукнуў Зэмах страшным голасам. Ахса моцна спужалася, а Зэмах пачаў біцца галавой аб сьценку.

На наступную раніцу Ахса ня ўстала з ложку. Зэмах прынёс ёй кашы, якую зварыў на вогнішчы. Ён паспрабаваў накарміць яе. Ахса выплёўвала кашу з роту. Зэмах пабег па местачковага лекара, але той, агледзеўшы Ахсу, нічога не сказаў. Прыйшлі жанчыны, што звычайна прыходзяць да тых, хто памірае. Ахса была ў вельмі кепскім стане. Жыцьцё паволі пакідала яе. Апоўдні Зэмах пешкі выправіўся ў Яраслаў па доктара. Зьвечарэла, але Зэмаха ўсё не было. Прачуўшы пра тое, што здарылася з Ахсай, жонка рабіна прыслала ёй падушку, і Ахса ўпершыню за колькі год ляжала на падушцы. Увечары жанчыны-сядзелкі пайшлі дахаты, і Ахса засталася адна. У місе з кнотам пахліпваў слабы агеньчык. Праз адчыненае вакно у пакой задзімаў цёплы ветрык. Хоць на небе і не было відно месяца, але высыпалі яркія зоры. Шалелі цвыркуны. Чалавечымі галасамі заходзіліся ў балоце жабы. Раптам перад ложкам Ахсы па сьцяне прамільгнуў цень. Ахса ведала, што канец яе блізкі, але страху сьмерці не было. Душа яе супакоілася. Яна нарадзілася прыгожай, у багатай сям’і. Бог быў шчодры да яе і надарыў яе талентамі, якіх не было ў іншых. Проста такая ў яе няшчасная доля, і ўсё павярнулася супроць яе. Што гэта? Пакараньне за яе ўласныя грахі альбо за грахі яе продкаў? Ахса ведала, што апошнія гадзіны яе жыцьця пройдуць у пакаяньні і што ў малітвах яна разьвітаецца са сваім жыцьцём. Аднак менавіта такі быў у яе лёс, што сумневы не пакідалі яе нават цяпер. Дзед казаў ёй адно, а бабка — зусім іншае. У адной старой кнізе Ахса чытала пра адшчапенцаў, якія лічаць, што гэты сьвет — усяго толькі выпадковае спалучэньне атамаў. А таму толькі адно жаданьне мела Ахса: каб падалі ёй знак і каб адкрылася ёй уся праўда. Яна ляжала і малілася, каб здарыўся гэты цуд. Лёгкі сон ахінуў Ахсу, і ёй прымроілася, што ляціць яна ў нейкую глыбокую і густую цемру. Кожны раз, калі ёй падавалася, што яна ўжо дасягнула дна, усё правальвалася пад ёй, і яна зноў, яшчэ больш імкліва, падала некуды ўніз. Цемра ўсё згушчалася вакол яе, і Ахса адчувала, што яна знаходзіцца па-над нейкім прадоньнем.

Яна расплюшчыла вочы, яна ведала, што ёй рабіць. Вялікімі намаганьнямі ёй удалося ўстаць з ложку і знайсьці нож. Яна зьняла з падушкі навалаку і, трымаючы зьнямелымі пальцамі нож, успарола падушку. Засунула ў яе руку і выцягнула адтуль карону зь пер’я. Нябачная рука прымацавала да вяршыні кароны чатыры літары, якія складалі імя Бога.

Ахса паставіла карону каля свайго ложку. У дрыготкім сьвятле яна ясна разрозьнівала кожную літару: „Я“, „ха“, „вэ“ і „э“. Зь зьдзіўленьнем Ахса, аднак, падумала: „А чаму менавіта карона мусіць быць знакам праўды? Ці няма на небе якой іншай праўдзівай веры?“ І яна пачала зноў маліцца, каб ёй зьявіўся якісь новы цуд. Раптам, разгубіўшыся, Ахса перапыніла малітву. У яе памяці ясна паўсталі словы д’ябла: „Праўда ў тым, што праўды няма“.

Позна ўначы адна з жанчын-сядзелак прыйшла зноў. Ахса хацела яе папярэдзіць, каб яна не наступіла на карону, але была такая слабая, што не змагла вымавіць і слова. Жанчына наступіла на карону, і тая рассыпалася. Ахса заплюшчыла вочы, каб больш ужо не расплюшчыць іх ніколі. На досьвітку яна глыбока ўздыхнула, і душа адышла ад яе.

Жанчына-сядзелка падняла з падлогі пушынку і паднесла да твару — аніякага знаку жыцьця.

Удзень жанчыны памылі Ахсу і апранулі яе ў саван, які яна сшыла для сябе сама. Зэмах так і не вярнуўся зь Яраславу, і ніхто пасьля нічога пра яго ня чуў. У Халішыцы казалі, што яго нібыта забілі па дарозе. Некаторыя нават казалі, што быў ён не чалавек, а дэман. Пахавалі Ахсу непадалёк ад капліцы нейкаму сьвятому чалавеку, а рабін памянуў яе добрым словам.

Засталася адна загадка. За колькі гадзінаў перад сьмерцю Ахса распарола падушку, якую пераказала ёй жонка рабіна. Сядзелкі, якія мылі Ахсу, знайшлі ў яе паміж пальцаў пярынкі. Як магла зрабіць гэта аслабелая жанчына? І што яна шукала ў падушцы? Як толькі местачкоўцы не імкнуліся зразумець гэта і якіх толькі тлумачэньняў не вынаходзілі, аднак праўды так і не дазналіся.

Бо калі і ёсьць такая рэч, як праўда, дык яна ўся блытаная дый не заўсёды ўсім бачная, як тая карона зь пер’я.

Пераклаў з ангельскай Алесь Анціпенка паводле
Isaak Bashevis Singer. A Crown of Feathers and Other Stories, 1970.


Новые статьи на library.by:
БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА:
Комментируем публикацию: Карона зь пер’я


Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛОРУССКАЯ ПРОЗА НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.